412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Даниэль Дефо » Жыццё i дзiўныя прыгоды марахода Рабiнзона Круза (на белорусском языке) » Текст книги (страница 3)
Жыццё i дзiўныя прыгоды марахода Рабiнзона Круза (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 12 октября 2016, 00:49

Текст книги "Жыццё i дзiўныя прыгоды марахода Рабiнзона Круза (на белорусском языке)"


Автор книги: Даниэль Дефо


Жанр:

   

История


сообщить о нарушении

Текущая страница: 3 (всего у книги 12 страниц)

* Галон – ангельская мера вадкiх цел; роўны 3,78 лiтра.

Гэтыя скрынi я таксама паставiў на плыт поруч з куфрамi.

Мiж тым, пакуль я быў заняты пагрузкаю, пачаўся прылiў, i я з жалем убачыў, што мой каптан, рубашку i камiзэльку, якiя я пакiнуў на беразе, знесла ў мора. Цяпер у мяне засталiся толькi панчохi ды штаны (палатняныя, кароткiя, да каленяў), якiя я не скiдаў, калi плыў да карабля. Гэта прымусiла мяне падумаць пра тое, каб назапасiць не толькi ежы, але i адзежы. На караблi было дастаткова i куртак i штаноў, але я ўзяў адну толькi пару, бо мяне пакуль што куды больш цiкавiла многае iншае, i перш за ўсё рабочы iнструмент.

Пасля доўгiх пошукаў я знайшоў скрынку нашага цесляра, i гэта была для мяне найкаштоўнейшая знаходка, якую я не прамяняў бы ў той час на цэлы карабель золата. Я паставiў гэту скрынку на плыт, нават не глянуўшы ў яе, таму што мне было добра вядома, якi iнструмент там захоўваўся.

Цяпер мне заставалася запасцiся зброяй i зарадамi. У каюце я знайшоў дзве добрыя паляўнiчыя стрэльбы i два пiсталеты, якiя я паклаў на плыт разам з парахаўнiцай, мяшэчкам шроту i дзвюма заржавелымi шашкамi. Я ведаў, што ў нас на караблi было тры бочачкi пораху, але я не ведаў, дзе яны захоўвалiся. Аднак у вынiку пiльных пошукаў усе тры бочачкi знайшлiся. Адна, як выявiлася, падмокла, а дзве былi сухiя, i я перацягнуў iх на плыт разам са стрэльбамi i шашкамi. Цяпер мой плыт быў дастаткова нагружаны, i трэба было кiравацца ў дарогу. Дабрацца да берага на плыце без ветразя, без руля – нялёгкая задача: дастаткова было самага слабага стрэчнага ветру, каб усё маё збудаванне перакулiлася.

На шчасце, мора было спакойнае. Пачынаўся прылiў, якi павiнен быў прыгнаць мяне да берага. Апрача таго, узняўся таксама невялiкi спадарожны ветрык. Таму, захапiўшы з сабою паламаныя вёслы ад карабельнай шлюпкi, я заспяшаўся назад, да берага. Хутка я заўважыў невялiкую бухту, да якой i накiраваў свой плыт. З вялiкай цяжкасцю я правёў яго насуперак цячэнню i, нарэшце, зайшоў у гэту бухту, упёршыся ў дно вяслом, таму што там было мелка; i як толькi пачаўся адлiў, мой плыт з усiм грузам аказаўся на сухiм беразе.

Цяпер мне неабходна было разгледзецца вакол i выбраць сабе зручнае месца для жытла – такое, дзе б я здолеў скласцi ўсю сваю маёмасць, не баючыся, што яна загiне. Я ўсё яшчэ не ведаў, куды я трапiў: на мацярык цi на выспу. Цi жывуць тут людзi? Цi водзяцца тут драпежныя звяры? За паўмiлi ад мяне цi крыху далей вiдзён быў пагорак, стромкi i высокi. Я вырашыў падняцца на яго, каб агледзець наваколле.

Узяўшы стрэльбу, пiсталет i парахаўнiцу, я накiраваўся ў разведку.

Караскацца на вяршыню пагорка было цяжка. Калi ж, нарэшце, я ўскараскаўся, я ўбачыў, якi горкi лёс чакаў мяне: я быў на выспе! Кругом, з усiх бакоў, было толькi мора, за якiм нiдзе не бачылася зямлi, калi не лiчыць усяго некалькi рыфаў, якiя тырчалi ўдалечынi, ды двух выспачак, што ляжалi мiляў за дзевяць на захад.

Гэтыя выспачкi былi маленькiя, куды меншыя за маю.

Я зрабiў i яшчэ адно адкрыццё: раслiннасць на выспе была дзiкая, нiдзе не вiдаць было нi шматка ўробленай зямлi. Значыць, людзей тут i сапраўды не было!

Драпежныя звяры тут як быццам таксама не вадзiлiся, ва ўсякiм выпадку я не прыкмецiў нiводнага. Затое птушак вадзiлася мноства, усё нейкай не вядомай мне пароды, так што потым, калi мне даводзiлася падстрэлiць птушку, я нiколi не мог вызначыць па выгляду, цi прыдатнае яе мяса для ежы.

Калi я спускаўся з пагорка, я падстрэлiў адну птушку, вельмi вялiкую: яна сядзела на дрэве на ўзлессi.

Мне здаецца, што гэта быў першы стрэл, якi прагучаў у гэтых дзiкiх мясцiнах. Не паспеў я стрэлiць, як над лесам узнялася хмара птушак. Кожная крычала на свой лад, але нiводзiн з гэтых крыкаў не падобны быў на крык знаёмых мне птушак.

Птушка, якую я забiў, нагадвала мне нашага эўрапейскага коршака i афарбоўкай пер'я i формаю дзюбы. Толькi кiпцюры ў яе былi карацейшыя. Мяса яе аддавала падлай, i я, вядома, не мог яго есцi.

Такiя былi адкрыццi, якiя я зрабiў у першы дзень. Потым я вярнуўся да плыта i пачаў перацягваць рэчы на бераг. На гэта пайшла ў мяне ўся рэшта дня.

Пад вечар я зноў пачаў думаць, як i дзе мне ўладкавацца на ноч.

Легчы проста на зямлю я баяўся: а што, калi на мяне накiнецца якi-небудзь драпежны звер? Таму, выбраўшы на беразе зручнае месцейка для начлегу, я абгарадзiў яго з усiх бакоў куфрамi i скрынкамi, а ў сярэдзiне гэтай загарожы зладзiў сабе з дошчак нешта накшталт будана.

Непакоiла мяне таксама пытанне, як буду я здабываць сабе ежу тады, калi скончацца мае прыпасы: апрача птушак ды двух нейкiх звяркоў, накшталт нашага зайца, што выскачылi з лесу, пачуўшы мой стрэл, нiякiх iншых жывых iстот я тут не бачыў.

Зрэшты, у гэты момант мяне куды больш цiкавiла i непакоiла iншае. Я перавёз з карабля вельмi мала з таго, што можна было забраць, i там засталося многа рэчаў, якiя маглi мне спатрэбiцца, i перш за ўсё ветразi i канаты. Таму я вырашыў, калi мне нiшто не перашкодзiць, зноў пабыць на караблi. Я быў упэўнены, што першая ж бура разаб'е яго на трэскi. Трэба было адкласцi ўсе iншыя справы i тэрмiнова ўзяцца за разгрузку судна. Нельга супакойвацца, пакуль я не перавязу на бераг усе рэчы, да апошняга цвiчка.

Прыняўшы такое рашэнне, я пачаў думаць, як мне лепей зрабiць: ехаць на плыту цi плысцi самому, як першы раз. Я вырашыў, што зручней будзе плысцi. Толькi на гэты раз я ўжо распрануўся ў шалашы, застаўшыся ў адной сподняй у клеткi сарочцы, у палатняных штанах i скураных пантофлях на босыя ногi. Як i першы раз, я ўзлез на карабель па канату, затым збiў новы плыт i перавёз на iм многа карысных рэчаў. Па-першае, я забраў усё, што адшукаў у кладоўцы нашага цесляра, менавiта: два цi тры мяхi цвiкоў (вялiкiх i дробных), адвёртку, тузiны два сякер, а галоўнае – такую карысную рэч, як тачыла.

Потым я прыхапiў некалькi рэчаў, якiя я знайшоў у нашага кананiра*: тры жалезныя ламы, дзве бочкi з ружэйнымi кулямi i крыху пораху.

* Кананiр – той, хто страляе з гарматы, артылерыст.

Потым я адшукаў на караблi яшчэ кучу ўсякага адзення ды яшчэ прыхапiў запасны ветразь, гамак, некалькi матрацаў i падушак. Усё гэта я склаў на плыце i, на вялiкае маё здавальненне, даставiў на бераг як мае быць.

Адпраўляючыся на карабель, я баяўся, каб за маю адсутнасць на мае харчы не напалi якiя-небудзь драпежнiкi. На шчасце, гэтага не здарылася.

Толькi нейкi звярок прыбег з лесу i рассеўся на адным з маiх куфраў. Убачыўшы мяне, ён адбег крыху ўбок, але зараз жа спынiўся, стаў на заднiя лапы i з непарушным спакоем, без нiякага страху, глядзеў мне проста ў вочы, нiбыта жадаў пазнаёмiцца са мною.

Звярок быў прыгожы, падобны на дзiкага ката. Я прыцэлiўся ў яго са стрэльбы, але ён не здагадваўся, якая небяспека яму пагражае, i нават не крануўся з месца. Тады я кiнуў яму кавалак сухара, хоць з майго боку гэта было i неразумна, таму што сухароў у мяне было мала i мне трэба было быць ашчадным. Аднак звярок мне так спадабаўся, што я не пашкадаваў яму гэты кавалак сухара. Ён падбег, абнюхаў сухар, з'еў яго са смакам i аблiзнуўся.

Вiдаць было, што ён чакае яшчэ. Але я не даў яму больш нiчога. I ён пасядзеў трошкi i пайшоў.

Пасля гэтага я ўзяўся будаваць сабе палатку. Я зрабiў яе з ветразяў i жэрдак, якiя нарэзаў у лесе. У палатку я перанёс усё, што магло сапсавацца ад дажджу i на сонцы, а вакол нагрувасцiў пустых куфраў i скрынак на выпадак раптоўнага нападу людзей цi дзiкiх звяроў.

Знадворку ўваход у палатку я загарадзiў вялiзнай скрыняй, паставiўшы яе бокам, а з сярэдзiны загарадзiўся дошкамi. Затым я паслаў на зямлi пасцель, паклаў ля ўзгалоўя два пiсталеты, а з боку ад пасцелi – стрэльбу i лёг.

Пасля караблекрушэння гэта была першая ноч, калi я спаў у пасцелi. Я без просыпу праспаў да ранiцы, таму што ў папярэднюю ноч спаў вельмi мала, а ўвесь дзень працаваў не прысядаючы: спачатку грузiў рэчы з карабля на плыт, а потым перапраўляў iх на бераг.

Нiхто, я думаю, не валодаў такiм велiзарным складам рэчаў, як я цяпер. Але мне ўсё здавалася мала. Карабель быў цэлы, i пакуль яго не знесла ўбок, пакуль на iм заставалася хоць адна рэч, якую я мог выкарыстаць, я лiчыў неабходным вывезцi адтуль на бераг усё, што магчыма. Таму кожны дзень я накiроўваўся туды ў час адлiву i прывозiў усё новыя i новыя рэчы.

Асаблiва паспяховым было маё трэцяе падарожжа. Я разабраў усе снасцi i забраў з сабою ўсе вяроўкi. Гэты раз я прывёз вялiкi кавалак запаснога брызенту, якiм у нас карысталiся, калi трэба было рамантаваць ветразi; i бочачку пораху, якая падмокла i якую спачатку я пакiнуў на караблi. Нарэшце, я пераправiў на бераг усе ветразi; толькi давялося парэзаць iх на кавалкi i перавезцi часткамi. Зрэшты, мне не было чаго шкадаваць: ветразi мне патрэбны былi зусiм не для мараплавання. Уся каштоўнасць iх заключалася ў тым, што яны былi пашыты з брызенту.

Цяпер на караблi не засталося нiчога, што б здолеў забраць адзiн чалавек. Засталiся толькi грувасткiя рэчы, за якiя я i ўзяўся ў наступны рэйс. Я пачаў з канатаў. Кожны канат я разразаў на кавалкi такой велiчынi, каб мне не вельмi цяжка было з iмi спраўляцца, i кавалкамi перавёз тры канаты. Апрача таго, я забраў на караблi ўсе жалезныя часткi, якiя толькi здолеў ададраць з дапамогай сякеры. Затым я ссек усе рэi, якiя яшчэ заставалiся на караблi, пабудаваў плыт большы за ранейшыя i, склаўшы на яго ўвесь гэты цяжар, паплыў да берага.

На гэты раз мне не пашанцавала: мой плыт быў такi цяжкi, што кiраваць iм было амаль немагчыма. Калi я, нарэшце, зайшоў у бухтачку i накiраваўся да берага, дзе была складзена ўся мая маёмасць, плыт раптам перакулiўся, i я апынуўся ў вадзе з усiм маiм грузам. Я не патануў таму, што гэта адбылося непадалёк ад берага, аднак амаль увесь мой груз быў пад вадою; галоўнае, што патанула жалеза, якiм я так даражыў.

Праўда, калi пачаўся адлiў, я выцягнуў на бераг амаль усе кавалкi каната i некалькi кавалкаў жалеза. Гэта мяне вельмi стамiла, бо за кожным кавалкам мне даводзiлася ныраць у ваду.

Мае паездкi на карабель працягвалiся з дня ў дзень, i кожны раз я прывозiў што-небудзь iншае.

Ужо трынаццаць дзён жыў я на выспе i за гэты час адзiнаццаць разоў пабыў на караблi i перавёз на бераг усё, што толькi здолелi зрушыць дзве чалавечыя рукi. Не сумняваюся, што, калi б цiхае надвор'е пратрымалася яшчэ, я перавёз бы па частках i ўвесь карабель.

Рыхтуючыся да дванаццатага рэйса, я заўважыў, што ўзнiмаецца вецер. Тым не менш, дачакаўшыся адлiву, я накiраваўся да карабля. Мне здавалася, што я так аблазiў нашу каюту, што знайсцi там што-небудзь ужо было немагчыма. Аднак раптам на вочы мне трапiла маленькая шафа з дзвюма скрынкамi; у адной я знайшоў тры брытвы, нажнiцы i з тузiн цудоўных вiдэльцаў i нажоў; у другой скрынцы ляжалi грошы, часткова эўрапейскай, часткова бразiльскай срэбнай i залатой манетай, – усяго каля трыццацi шасцi фунтаў стэрлiнгаў.

Я пагардлiва ўсмiхнуўся, гледзячы на гэтыя грошы.

– Непатрэбнае смецце, – прамовiў я. – Навошта ты мне цяпер патрэбна? Усю кучу золата я з ахвотай зараз аддаў бы за любы з гэтых капеечных нажоў. Нават калi б ты ляжала цяпер на падлозе, я i тады не сагнуўся б, каб падняць цябе. Мне няма чаго з табою рабiць. Дык iдзi ж на дно марское.

Але, падумаўшы крыху, я ўсё-такi загарнуў грошы ў кавалак брызенту i забраў iх з сабою.

Мора бушавала ўсю ноч, i калi ранiцой я выглянуў са свае палаткi, ад карабля не засталося i следу. Цяпер я мог цалкам займацца пытаннем, якое непакоiла мяне з першага дня: што мне рабiць, каб на мяне не напалi драпежныя звяры цi дзiкiя людзi? Якое жытло сабе збудаваць? Выкапаць пячору цi паставiць палатку?

Нарэшце я вырашыў зрабiць i тое i другое.

Да гэтага часу я ўжо ўпэўнiўся, што месца, якое я аблюбаваў на беразе, не прыгоднае для пабудовы жытла: гэта была нiзкая балоцiстая мясцiна каля самага мора. Жыць у такiх мясцiнах вельмi шкодна. Да таго ж там не было паблiзу прэснай вады. Я вырашыў адшукаць iншае месца, больш прыгоднае для жытла. Мне патрэбна было, каб жытло маё мела засцярогу ад сонечнай спёкi i ад драпежнiкаў; каб яно стаяла ў такiм месцы, дзе няма вiльгацi; каб непадалёку была прэсная вада. Апрача таго, я абавязкова хацеў, каб з майго дома было бачна мора.

"Можа здарыцца, што непадалёк ад выспы з'явiцца карабель, – казаў я сабе, – а калi я не буду бачыць мора, я здолею прапусцiць гэты выпадак".

Як бачыце, мяне ўсё яшчэ не пакiдала надзея.

Пасля доўгiх пошукаў я нарэшце знайшоў прыдатную мясцiну для пабудовы жытла. Гэта была невялiкая гладкая пляцоўка на схiле высокага пагорка. Ад вяршынi да самай палянкi пагорак спускаўся крутой сцяной, так што я мог не баяцца нападу зверху. У гэтай сцяне каля самай палянкi было невялiкае паглыбленне, як быццам уваход у пячору, аднак нiякай пячоры там не было. Вось тут, якраз супроць гэтага паглыблення, на зялёнай палянцы я i вырашыў паставiць палатку.

Мясцiна гэта знаходзiлася на паўночна-заходнiм схiле пагорка, i таму яна амаль да самага вечара заставалася ў цянi. А пад вечар яе асвятляла сонца.

Перш чым ставiць палатку, я ўзяў завостраны кiй i выпiсаў iм перад самым паглыбленнем паўкруг, ярдаў* каля дзесяцi ў дыяметры.

* Ярд – ангельская мера даўжынi; роўны 0,9144 метра.

Затым па ўсяму паўкругу я набiў у зямлю ў два рады высокiх моцных калоў, завостраных зверху. Памiж двух радоў калоў я пакiнуў невялiкi прамежак i забiў яго да верху абрэзкамi канатаў, прывезеных з карабля. Я склаў iх у рады, адзiн на другi, а з сярэдзiны ўмацаваў агароджу падпоркамi. Агароджа ў мяне атрымалася выдатная: нi пралезцi праз яе, нi пералезцi цераз яе не здолеў бы нi звер, нi чалавек. Гэта праца патрабавала многа часу i сiлы. Асаблiва цяжка было насекчы ў лесе жэрдак, перанесцi iх на месца пабудовы, абчасаць i ўбiць у зямлю.

Плот быў суцэльны, дзвярэй не было. Заходзiў я ў сваё жытло i выходзiў з яго, карыстаючыся лескамi. Калi мне патрабавалася зайсцi цi выйсцi, я прыстаўляў iх кожны раз да частаколу.

РАЗДЗЕЛ СЁМЫ

Рабiнзон на наваселлi. – Каза i казлянё.

Цяжка было мне перацягваць у крэпасць усё маё багацце – правiзiю, зброю i iншыя рэчы. Ледзь справiўся я з гэтай работай, як тут жа давялося брацца за новую: ставiць вялiкую трывалую палатку.

У трапiчных краiнах дажджы, як вядома, вельмi моцныя i ў пэўную пару года льюць без перапынку многа дзён. Каб захаваць сябе ад вiльгацi, я зрабiў двайную палатку, гэта значыць спачатку паставiў адну палатку, меншую, а зверху яе – другую, большую. Знадворную палатку я пакрыў брызентам, якi я прыхапiў на караблi разам з ветразямi.

Цяпер я спаў ужо не на посцiлцы, якая ляжала проста на зямлi, а ў вельмi зручным гамаку, якi належаў памочнiку нашага капiтана.

Я перанёс у палатку ўсе харчовыя прыпасы i iншыя рэчы, якiя маглi сапсавацца ад дажджу. Калi ўсё гэта было занесена ў сярэдзiну агароджы, я шчыльна забiў ход, якi часова служыў мне замест дзвярэй, i пачаў хадзiць па прыстаўных лесках, пра якiя казаў раней. Такiм чынам я жыў усё роўна як у крэпасцi, ахаваны ад усякай небяспекi, i мог спаць зусiм спакойна.

Умацаваўшы агароджу, я ўзяўся капаць пячору, паглыбляючы тую выемку, якую мела гара. Пячора знаходзiлася якраз за палаткай i служыла мне склепам. Выкапанае каменне я зносiў у дворык i складаў уздоўж агароджы. Туды ж ссыпаў я i зямлю, i таму глеба ў дворыку ўзнялася футы на паўтара.

Нямала часу адабрала ў мяне гэта работа. Да таго ж было ў мяне тады i многа iншых спраў i здарылася некалькi прыгод.

Аднойчы, у той час, калi я яшчэ толькi рыхтаваўся ставiць палатку i капаць пячору, набегла раптам чорная хмара i лiнуў пралiўны дождж. Потым блiснула маланка i ўдарыў страшэнны гром.

У гэтым, вядома, не было нiчога незвычайнага, i мяне напалохала, вядома, не сама маланка, а адна думка, якая прамiльгнула ў маёй галаве хутчэй маланкi: "Порах!.."

У мяне спынiлася сэрца. Я з жахам падумаў: "Адзiн удар маланкi можа знiшчыць увесь мой порах! А без пораху я не здолею нi абаранiцца ад драпежных звяроў, нi здабыць сабе ежы". Дзiўная справа, але ў той час я нават не падумаў пра тое, што калi порах узарвецца, то перш за ўсё загiну я сам.

Гэты выпадак зрабiў на мяне такое моцнае ўражанне, што я, як толькi прайшла навальнiца, адклаў на час усе свае будаўнiчыя работы i адразу ж узяўся за сталярнае рамяство i шытво: я шыў мяшэчкi i рабiў скрыначкi на порах. Неабходна было падзялiць порах на некалькi частак i кожную хаваць асобна, каб яны не маглi ўспыхнуць усе адразу.

На гэту работу ў мяне пайшло амаль два тыднi. Усяго пораху ў мяне было каля двухсот сарака фунтаў. Я высыпаў яго ў мяшэчкi i скрыначкi, падзялiўшы ўвесь запас прыкладна на сто частак.

Мяшэчкi i скрыначкi я пахаваў у расколiны гары, у такiх мясцiнах, куды не магла пранiкнуць вiльтаць, дакладна прыкмецiў кожную схованку. За бочачку з адсырэлым порахам я не баяўся – гэты порах усё роўна быў кепскi – i таму паставiў яе, як яна была, у пячору, цi ў сваю "кухню", як я называў яе ў думках.

Увесь гэты час раз на дзень, а то i болей я выходзiў з дому, узяўшы стрэльбу – на праходку, а таксама, каб пазнаёмiцца з мясцовай прыродай i, калi будзе выпадак, падстрэлiць якую-небудзь дзiчыну.

Першага разу, калi накiраваўся ў такую экскурсiю, я зрабiў адкрыццё, што на выспе водзяцца козы. Я вельмi ўзрадаваўся, але хутка выявiлася, што козы незвычайна чуйныя i спрытныя i падкрасцiся да iх няма нiякай магчымасцi. Аднак гэта мяне не збянтэжыла: я не сумняваўся, што некалi ўсё роўна навучуся паляваць на iх.

Хутка я заўважыў адну дзiўную з'яву: калi козы знаходзiлiся на вяршынi гары, а я ў гэты час паказваўся ў далiне, увесь статак зараз жа ўцякаў ад мяне далей; калi ж, наадварот, козы хадзiлi ў далiне, а я быў на гары, тады яны як быццам нават не заўважалi мяне. З гэтага назiрання я зрабiў заключэнне, што вочы iх маюць тую асаблiвасць, што яны не бачаць таго, што знаходзiцца ўгары. З таго часу я i пачаў так паляваць: я падымаўся на якую-небудзь гару i страляў з вяршынi па козах.

Першым жа стрэлам я забiў маладую казу, якая хадзiла з сысунком. Мне страшэнна шкада было казляняцi. Калi мацi ўпала, яно ўсё гэтак жа рахмана стаяла каля яе i глядзела на мяне з даверам. Мала таго, дык яно пабегла за мною следам, калi я ўзвалiў забiтую казу на плечы i панёс яе дадому. Так мы дайшлi да самага дома. Я паклаў казу на зямлю, узяў казляня i перакiнуў яго цераз агароджу ў двор. Я спадзяваўся, што выгадую яго i прыручу, але казляня яшчэ не ўмела есцi травы, i я вымушаны быў зарэзаць яго. Таго мяса мне хапiла надоўга. Еў я ўвогуле мала, iмкнучыся, па магчымасцi, ашчаджаць свае прыпасы, асаблiва сухары.

Пасля таго калi я канчаткова ўладкаваўся ў сваiм новым жытле, мне прыйшло на думку скласцi сабе печ цi ўвогуле якi-небудзь ачаг. Неабходна было таксама назапасiць дроў.

Як я рабiў усё гэта, як пабольшыў свой склеп, як паступова жыццё маё набывала нават некаторыя выгоды, я падрабязна раскажу на наступных старонках.

РАЗДЗЕЛ ВОСЬМЫ

Каляндар Рабiнзона. – Рабiнзон уладкоўвае сваё жытло.

Неўзабаве пасля таго як я пасялiўся на выспе, мне раптам прыйшло ў галаву, што калi я не завяду сабе каляндар, то я вельмi хутка згублю лiк дням i нават не буду адрознiваць нядзелi ад будзённага дня.

Каляндар я прыдумаў такi: абчасаў сякераю тоўстае бервяно i ўкапаў яго на беразе ў пясок, на тым самым месцы, куды мяне выкiнула бура. Да гэтага слупа я прыбiў перакладзiну, на якой выразаў вялiкiмi лiтарамi такiя словы:

ТУТ Я ЎПЕРШЫНЮ СТУПIЎ НА ГЭТУ ВЫСПУ

30 ВЕРАСНЯ 1659 ГОДА.

З таго часу кожны дзень на сваiм слупе я рабiў зарубку ў выглядзе кароткай рысачкi. Праз шэсць рысачак я рабiў адну даўжэйшую, якая азначала нядзелю; зарубкi ж, якiя значылi першае чысло кожнага месяца, я рабiў яшчэ даўжэйшыя.

Такiм чынам я вёў свой каляндар, адзначаючы днi, тыднi, месяцы i гады.

Пералiчваючы рэчы, якiя я перавёз з карабля, як я казаў ужо, за адзiнаццаць разоў, я не ўпамянуў пра розную драбязу, якая хоць i не мела асаблiвай каштоўнасцi, але ўсё роўна зрабiла мне вялiкую паслугу. Так, напрыклад, у каютах капiтана i яго памочнiка я знайшоў чарнiла, пер'i i паперу, тры цi чатыры компасы, некаторыя астранамiчныя прыборы, падзорныя трубы, геаграфiчныя карты i карабельны журнал. Усё гэта я склаў на ўсякi выпадак у адзiн з куфраў, не ведаючы нават, цi спатрэбiцца мне што-небудзь з гэтых рэчаў. Затым мне трапiлася некалькi кнiг на партугальскай мове. Я забраў iх таксама.

Былi ў нас на караблi два каты i сабака. Катоў я перавёз на бераг на плыту; сабака ж яшчэ ў час самае першае мае паездкi сам скочыў у ваду i паплыў услед за мною. Многа гадоў ён быў маiм надзейным памочнiкам i служыў мне шчыра i аддана. Ён амаль замяняў мне адносiны з людзьмi, толькi не ўмеў гаварыць. О як бы дорага я заплацiў, каб ён загаварыў толькi!

Чарнiла, пер'i i паперу я стараўся як мага берагчы. Пакуль у мяне было чарнiла, я старанна запiсваў усё, што са мною здаралася, i калi ж чарнiла скончылася, запiсы давялося спынiць, таму што я не ўмеў рабiць чарнiла i не мог дадумацца, чым яго замянiць.

Наогул, хоць у мяне i быў такi вялiкi склад разнастайных рэчаў, мне, апрача чарнiла, яшчэ многа чаго не хапала: у мяне не было нi кiркi, нi рыдлёўкi – нiякага iнструмента для земляных работ. Не было нi iголак, нi нiтак. Мая бялiзна знасiлася, але хутка я прывык абыходзiцца зусiм без бялiзны i не адчуваў у ёй вялiкай патрэбы.

У мяне не хапала патрэбных прылад, i таму ўсякая работа ў мяне рабiлася вельмi марудна i з вялiкiмi цяжкасцямi. Той частакол, якiм я абгарадзiў сваё жытло, я гарадзiў амаль цэлы год. Насекчы ў лесе тоўстых жэрдак, начасаць з iх калоў, перацягаць гэтыя калы да палаткi – на ўсё гэта патрабавалася шмат часу. Калы былi вельмi цяжкiя, i таму я мог падняць i прынесцi за адзiн раз не больш аднаго кала. Часам я трацiў i два днi толькi на тое, каб вычасаць кол i прынесцi яго дадому, а трэцi дзень – на тое, каб убiць яго ў зямлю.

Заганяючы калы ў зямлю, я спачатку карыстаўся цяжкой дубiнай, а потым успомнiў, што ў мяне ёсць жалезныя ламы, якiя я прывёз з карабля. Я пачаў працаваць ломам, аднак не скажу, што гэта прынесла мне вельмi вялiкую палёгку. Наогул самая цяжкая i стамляючая для мяне работа была ўбiваць у зямлю калы. Але што мне тут было выдумляць? Усё роўна ж у мяне не было на што трацiць часу, i другой справы ў мяне не было, апрача блукання па выспе ў пошуках ежы; гэтым я займаўся акуратна штодня.

Часам на мяне нападаў адчай, у такiя моманты я адчуваў смяротны сум. Каб перамагчы гэтыя горкiя пачуццi, я ўзяў пяро i паспрабаваў даказаць сам сабе, што ў маiм адчайным становiшчы ёсць усё ж нямала i добрага. Я падзялiў старонку папалам i напiсаў злева "кепска", а справа "добра", i вось што ў мяне атрымалася:

Кепска

1. Я закiнуты на панылую бязлюдную выспу, i ў мяне няма нiякай надзеi на выратаванне.

2. Я адарваны ад усяго чалавецтва; я пустэльнiк, назаўсёды пазбаўлены свету i людзей.

3. У мяне мала адзежы, i хутка мне не будзе чым прыкрыцца.

4. Я не здолею абаранiцца, калi на мяне нападуць злыя людзi цi дзiкiя звяры.

5. Мне няма каму сказаць слова, i нiхто мяне не падбадзёрыць i не суцешыць.

Добра

1. Але я застаўся жывы, хоць мог бы патануць, як усе мае спадарожнiкi.

2. Але я не памёр з голаду i не загiнуў у гэтай пустынi.

3. Але клiмат тут гарачы, i можна абысцiся без адзежы.

4. Але тут няма нi людзей, нi звяроў. I я магу лiчыць сябе шчаслiвым, што мяне не выкiнула на бераг Афрыкi, дзе столькi драпежнiкаў.

5. Але я паспеў назапасiць усяго неабходнага для жыцця i забяспечыць сабе пражытак да канца сваiх дзён.

Гэтыя разважаннi былi для мяне вялiкай падтрымкай. Я ўбачыў, што мне не варта сумаваць i адчайвацца, таму што нават пры самых цяжкiх выпрабаваннях можна i неабходна знайсцi суцяшэнне.

Я супакоiўся i стаў куды больш бадзёры. Да гэтага часу я толькi i думаў, як мне пакiнуць выспу; гадзiнамi ўглядаўся я ў марскую далячынь – цi не пакажацца дзе-небудзь карабель. Цяпер жа, скончыўшы з дарэмнымi надзеямi, я пачаў думаць пра тое, як мне лепей наладзiць сваё жыццё на выспе.

Я ўжо апiсваў сваё жытло. Гэта была палатка, пастаўленая на схiле гары i абнесеная моцным двайным частаколам. Але цяпер маю агароджу можна было назваць сцяной цi валам, таму што з надворнага боку ўшчыльную да яе я зрабiў земляны насып, таўшчынёй у два футы.

Праз нейкi час (гады праз паўтара) я паклаў на свой насып жэрдкi, прыхiлiўшы iх да адхону гары, а зверху зрабiў насцiл з галiн i доўгага шырокага лiсця. Такiм чынам, мой дворык аказаўся пад страхой, i цяпер я мог не баяцца дажджу, якi, як я казаў ужо, у пэўную пару года бязлiтасна палiваў маю выспу.

Чытач ужо ведае, што ўсю маёмасць я перанёс у сваю крэпасць, спачатку толькi за агароджу, а затым i ў пячору, якую я выкапаў у гары за палаткай. Але я павiнен сказаць, што на першым часе ўсе мае рэчы былi бязладна звалены ў кучу i загрувашчвалi ўвесь двор. Я бясконца спатыкаўся на iх, i мне зусiм не было дзе павярнуцца. Каб скласцi ўсё як мае быць, мне давялося пашырыць пячору.

На шчасце, гара складалася з рыхлага пясчанiку. Пракапаўшы зямлю ўправа, колькi па майму разлiку было патрэбна, я ўзяў яшчэ правей i вывеў ход за агароджу.

Гэты скразны падземны ход – чорны ход майго жытла – даў мне магчымасць не толькi смела пакiдаць двор i вяртацца дадому, але i значна павялiчыў плошчу мае кладоўкi.

Скончыўшы гэты занятак, я ўзяўся майстраваць сабе мэблю. Больш за ўсё мне патрэбен быў стол i крэсла: без стала i крэсла я не меў асалоды нават ад таго, чым я валодаў у маёй адзiноце, – я не мог нi есцi па-людску, нi пiсаць, нi чытаць.

I вось я зрабiўся сталяром.

Нiколi ў жыццi да таго часу не трымаў я ў руках сталярнага iнструмента, i тым не менш, дзякуючы прыроджанай кемлiвасцi i настойлiвасцi ў працы, я памалу так налаўчыўся, што, калi б у мяне былi ўсе патрэбныя прылады, я мог бы змайстраваць любую мэблю.

Аднак i без iнструмента, цi амаль без iнструмента, з адной толькi сякераю i рубанкам, я зрабiў мноства рэчаў, хоць, напэўна, нiхто яшчэ не рабiў iх такiм першабытным спосабам i не трацiў на гэта столькi працы. Толькi для таго, каб зрабiць дошку, я павiнен быў спiлаваць дрэва, ачысцiць ствол ад галiн i часаць яго з абодвух бакоў да таго часу, пакуль з яго не атрымаецца нешта накшталт дошкi. Спосаб гэты быў i нязручны i мала карысны, таму што з цэлага дрэва атрымлiвалася ўсяго адна дошка. Але што было рабiць, даводзiлася мiрыцца. Да таго ж i мой час i мая праца каштавалi вельмi танна, дык цi не ўсё роўна было, што я буду рабiць.

Такiм чынам, перш за ўсё я зрабiў сабе стол i крэсла. На гэта мне прыдалiся кароткiя дошкi, якiя я прывёз з карабля. Затым сваiм першабытным спосабам я начасаў даўгiх дошчак i прыладзiў у маiм склепе некалькi палiц, футаў на паўтара шырынёю. Я склаў на iх iнструменты, цвiкi, кавалкi жалеза i iншую дробязь – словам, зрабiў парадак, каб, як спатрэбiцца, я мог знайсцi любую рэч.

Апрача таго, у сцяну свайго склепа я ўбiў калкi, на якiх павесiў стрэльбы, пiсталеты i iншыя рэчы.

Калi б хто ўбачыў тады маю пячору, напэўна, падумаў бы, што гэта склад разнастайных гаспадарчых прылад. I я меў сапраўдную радасць, калi заглядваў на гэты склад – так многа было там рознага дабра, у такiм парадку былi раскладзены i развешаны ўсе рэчы, i кожная дробязь была ў мяне пад рукою.

З таго часу i пачаў я весцi свой дзённiк, запiсваючы ўсё, што я рабiў на працягу дня. На першым часе мне было не да запiсаў: я быў завалены работай; да таго ж у мяне тады быў такi змрочны настрой, што я баяўся, каб ён не адбiўся i на маiм дзённiку.

Але цяпер, калi мне, нарэшце, удалося адолець сваю самоту, калi я пакiнуў цешыць сябе бескарыснымi марамi i надзеяй, я ўзяўся цяпер абсталёўваць сваё жытло. Прывёў да ладу сваю хатнюю гаспадарку, змайстраваў сабе стол i крэсла, наогул уладкаваўся па магчымасцi зручна i ўтульна i ўзяўся за дзённiк. Прыводжу яго тут поўнасцю, хоць значная частка падзей, якiя тут апiсаны, чытачу вядома ўжо з папярэднiх раздзелаў. Паўтараю, я вёў свой дзённiк акуратна, пакуль у мяне было чарнiла. Калi ж чарнiла скончылася, дзённiк мiжволi давялося спынiць.

РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТЫ

Дзённiк Рабiнзона. – Землятрус.

30 верасня 1659 года. Наш карабель, захоплены страшэнным штормам у адкрытым моры, пацярпеў крушэнне. Увесь экiпаж, апрача мяне, патануў; мяне ж, няшчаснага Рабiнзона Круза, выкiнула ледзь жывога на бераг гэтай праклятай выспы, якую я назваў выспай Адчаю.

Да самай ночы мяне прыгняталi змрочныя пачуццi: я ж застаўся без ежы, без жытла; у мяне не было нi адзежы, нi зброi; я не меў дзе схавацца, калi б на мяне напалi ворагi. Чакаць выратавання было дарэмна. Наперадзе мне бачылася толькi смерць: або мяне разарвуць драпежныя звяры, або заб'юць дзiкуны, або я памру з голаду.

Калi надышла ноч, я ўзлез на дрэва, таму што баяўся звяроў. Усю ноч я праспаў як забiты, нягледзячы на тое, што iшоў дождж.

1 кастрычнiка. Прачнуўшыся ранiцой, я ўбачыў, што наш карабель прылiвам знесла з мелi i прыгнала блiжэй да берага. Гэта надало мне надзеi, што, калi вецер сцiхне, я здолею дабрацца да карабля i зраблю сабе запас харчоў i iншых неабходных рэчаў. Я крыху падбадзёрыўся, хоць мяне i не пакiдаў сум па маiх таварышах, якiя загiнулi. Мне ўсё думалася, што калi б мы засталiся на караблi, то мы абавязкова выратавалiся б. Цяпер з яго абломкаў мы здолелi б збудаваць баркас, на якiм i выбралiся б з гэтага прапашчага месца.

Як толькi пачаўся адлiў, я накiраваўся на карабель. Спачатку я iшоў па аголеным дне мора, а потым паплыў. Увесь гэты дзень не спыняўся дождж, але ветру зусiм не было.

З 1 па 24 кастрычнiка я перавозiў рэчы: я адплываў на карабель, як толькi пачынаўся адлiў, i плыў назад разам з прылiвам. Рэчы перавозiў на плытах. Увесь час iшлi дажджы, i часам выяснiвалася, але ненадоўга: вiдаць, на гэтай шырынi зараз час дажджоў.

25 кастрычнiка. Усю ноч i ўвесь дзень iшоў дождж i дзьмуў моцны парывiсты вецер. Карабель за ноч разбiла на трэскi; на тым месцы, дзе ён стаяў, тырчаць нейкiя панурыя абломкi, ды i яны бачны толькi ў час адлiву. Увесь гэты дзень я клапацiўся пра рэчы: закрываў i ўкручваў iх, каб не папсаваў дождж.

26 кастрычнiка. Знайшоў, як мне здаецца, зручнае месца для жытла. Трэба будзе абгарадзiць яго частаколам.

З 27 па 30 кастрычнiка. Настойлiва працаваў: перацягваў сваю маёмасць у новае жытло, хоць амаль увесь час iшоў дождж.

31 кастрычнiка. Ранiцой блукаў па выспе са стрэльбай, спадзеючыся падстрэлiць якую-небудзь дзiчыну i адначасова агледзець наваколле. Забiў казу. Яе казляня пабегла за мною i правяло мяне да самага дома, але неўзабаве давялося зарэзаць i яго – яно было яшчэ такое малое, што не ўмела скубцi траву.

1 лiстапада. Паставiў на новым месцы, каля самае гары, вялiкую палатку i павесiў у ёй на калах гамак.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю