Текст книги "Жыццё i дзiўныя прыгоды марахода Рабiнзона Круза (на белорусском языке)"
Автор книги: Даниэль Дефо
Жанр:
История
сообщить о нарушении
Текущая страница: 7 (всего у книги 12 страниц)
Таму, з гарачкi, я спачатку вырашыў зламаць загарадкi ўсiх маiх загонаў i выпусцiць усю маю скацiну, затым, перакапаўшы палi, знiшчыць усходы рысу i ячменю i зруйнаваць свой будан, каб вораг не мог знайсцi нiякiх прыкмет чалавека.
Такое рашэнне ўзнiкла ў мяне адразу ж пасля таго, як я ўбачыў гэты жахлiвы адбiтак нагi. Чаканне небяспекi заўсёды страшней за самую небяспеку, i чаканне бяды ў дзесяць тысяч разоў горш за самую бяду. Усю ноч я не мог заснуць. Затое пад ранiцу, калi я аслабеў ад бяссоннiцы, я заснуў як забiты i прачнуўся такiм бадзёрым i свежым, якiм даўно ўжо не адчуваў сябе.
Цяпер я пачаў разважаць спакайней i вось да якога прыйшоў рашэння. Мая выспа – адна з цудоўнейшых мясцiн на зямлi. Тут вельмi добры клiмат, многа дзiчыны, многа раскошных раслiн. I паколькi яна знаходзiцца паблiзу мацярыка, няма нiчога дзiўнага, што дзiкуны, якiя там жывуць, прыплываюць да яе берагоў у сваiх пiрогах. Зрэшты, магчыма, што iх прыганяе сюды цячэннем або ветрам. Вядома, карэнных жыхароў тут няма, але заезджыя дзiкуны тут, безумоўна, бываюць. Аднак за тыя пятнаццаць гадоў, што я пражыў на выспе, да гэтага часу я не бачыў чалавечых слядоў, значыць, калi дзiкуны i з'яўляюцца тут, яны нiколi не застаюцца тут надоўга. I калi яны да гэтага часу не знаходзiлi для сябе зручнасцей i выгады, каб заставацца тут на даволi працяглы час, то, трэба меркаваць, так яно будзе i далей.
Значыць, мне магла пагражаць адзiная небяспека – наткнуцца на iх у тыя часы, калi яны будуць гасцяваць на маёй выспе. Але, калi яны i прыедуць, наўрад цi мы сустрэнемся з iмi, таму што, па-першае, дзiкунам тут няма чаго рабiць, i, прыязджаючы сюды, яны, вiдаць, кожны раз спяшаюцца вярнуцца дадому; па-другое, можна з упэўненасцю сказаць, што яны заўсёды прыстаюць да таго боку выспы, якi найболей аддалены ад майго жытла.
А таму, што я вельмi рэдка хаджу туды, у мяне няма прычыны асаблiва баяцца дзiкуноў, хоць, вядома, варта ўсё-такi падумаць пра бяспечны прытулак, дзе б я здолеў схавацца, калi яны зноў пакажуцца на выспе.
Цяпер мне давялося горка раскайвацца ў тым, што, пашыраючы сваю пячору, я вывеў з яе знадворны ход. Трэба было так цi iнакш папраўляць гэту памылку. Пасля доўгiх разваг я вырашыў пабудаваць вакол свайго жытла яшчэ адну агароджу на такой адлегласцi ад першай сцяны, каб выхад з пячоры застаўся ўнутры ўмацавання.
Зрэшты, мне нават не спатрэбiлася будаваць новую сцяну: падвойны рад дрэў, якiя я гадоў дванаццаць назад пасадзiў паўкругам уздоўж старое агароджы, быў ужо сам па сабе надзейнай абаронай – так густа былi пасаджаны гэтыя дрэвы i так моцна яны разраслiся. Заставалася толькi забiць калы ў прамежках мiж дрэвамi, каб ператварыць увесь гэты паўкруг у суцэльную моцную сцяну. Я так i зрабiў.
Цяпер маю крэпасць акружалi дзве сцяны. Але на гэтым мая праца не спынiлася. Усю плошчу за знадворнай сцяной я засадзiў тымi ж дрэвамi, што былi падобны на вярбу. Яны так добра прымалiся i раслi з незвычайнай хуткасцю. Мне здаецца, што я пасадзiў iх не меней за дваццаць тысяч дрэўцаў. Аднак памiж гэтым гаем i сцяною я пакiнуў даволi вялiкую прастору, каб можна было здалёку заўважыць ворагаў, iнакш яны б здолелi, прыкрытыя дрэвамi, падкрасцiся да мае сцяны.
Праз два гады вакол майго дома зазелянеў малады гай, а яшчэ гадоў праз пяць-шэсць мяне абступiў з усiх бакоў дрымучы лес, зусiм непралазны – з такой неверагоднай хуткасцю разрасталiся гэтыя дрэвы. Нiводзiн чалавек, цi то дзiкун, цi то белы, не здолеў бы цяпер здагадацца, што за гэтым лесам хаваецца дом. Каб зайсцi ў сваю крэпасць цi выйсцi з яе (таму што я не зрабiў прасекi ў лесе), я карыстаўся лескамi, якiя прыстаўляў да гары. Калi ж лескi прымалiся, нiводзiн чалавек не здолеў бы прабрацца да мяне, не зламаўшы шыi.
Вось колькi непасiльнай працы ўзвалiў я на свае плечы толькi таму, што мне памроiлася, нiбыта мне пагражае небяспека! Жывучы столькi гадоў пустэльнiкам, удалечынi ад людзей, я паступова адвык ад iх, i людзi пачалi мне здавацца страшнейшымi за звяроў.
РАЗДЗЕЛ ВАСЕМНАЦЦАТЫ
Рабiнзон упэўнiваецца, што на яго выспе бываюць людаеды
Мiнула два гады з таго дня, калi я ўбачыў на пяску след чалавечай нагi, але ранейшы душэўны спакой так i не вярнуўся болей да мяне. Скончылася маё цiхамiрнае жыццё. Кожны, каму даводзiлася на працягу доўгiх год адчуваць пакутлiвы страх, зразумее, якiм сумным i змрочным зрабiлася з таго часу маё жыццё.
Аднойчы ў час маiх блуканняў па выспе я дайшоў да яе заходняга краю, дзе яшчэ нiколi не быў. Не даходзячы да берага, я падняўся на пагорак. I раптам мне здалося, што ўдалечынi, у адкрытым моры, бачна лодка.
"Напэўна, мяне падманвае зрок, – падумаў я. – За ўсе ж гэтыя доўгiя гады, з дня ў дзень углядаючыся ў марскiя прасторы, я нi разу не бачыў тут лодкi".
Шкада, што я не ўзяў з сабою падзорнай трубы. У мяне было некалькi труб; я знайшоў iх у адным з куфэркаў, якiя я перавёз з нашага карабля. Але, на жаль, яны засталiся дома. Я не мог разгледзець, сапраўды гэта была лодка цi не, хоць углядаўся ў мора так доўга, што ў мяне забалелi вочы. Спускаючыся з пагорка да берага, я ўжо нiчога не бачыў; так i да гэтага часу не ведаю, што гэта было такое. Давялося адмовiцца ад усякiх далейшых назiранняў. Але з таго часу я даў сабе слова нiколi не выходзiць з дому без падзорнай трубы.
Дабраўшыся да берага – а на гэтым беразе, як ужо гаварылася, я нiколi не быў, я ўпэўнiўся, што сляды чалавечых ног зусiм не такая ўжо рэдкасць на маёй выспе, як здавалася мне ўсе гэтыя гады. Так, я ўпэўнiўся, што, калi б я жыў не на ўсходнiм узбярэжжы, куды не прыставалi пiрогi дзiкуноў, я б даўно ўжо ведаў, што на маёй выспе яны бываюць нярэдка i што заходнi яе бераг служыць iм не толькi сталай гаванню, але i тым месцам, дзе ў час сваiх жорсткiх разгулаў яны забiваюць i ядуць людзей!
Тое, што я ўбачыў, калi спусцiўся з прыгорка i выйшаў на бераг, скаланула мяне i ашаламiла. Увесь бераг быў усеяны чалавечымi шкiлетамi, чарапамi, касцямi рук i ног.
Не магу выказаць, якi жах мяне ахапiў! Я ведаў, што дзiкiя плямёны заўсёды ваююць памiж сабою. У iх часта бываюць марскiя бiтвы: адна лодка нападае на другую.
"Напэўна, – думаў я, – пасля кожнага бою пераможцы прывозяць сваiх ваеннапалонных i тут, па свайму бесчалавечнаму звычаю, забiваюць i з'ядаюць iх, таму што ўсе яны людаеды".
Тут жа непадалёку я заўважыў круглую пляцоўку, пасярод якой вiдны былi рэшткi вогнiшча: тут, вiдаць, i сядзелi гэтыя дзiкiя людзi, калi паядалi целы сваiх палонных.
Жахлiвае вiдовiшча да таго ўразiла мяне, што ў першы момант я забыў пра небяспеку, якая пагражала мне на гэтым беразе. Абурэнне зверствам выцiснула з мае душы ўсякi страх.
Я часта чуў пра тое, што ёсць плямёны дзiкуноў-людаедаў, але нiколi да таго часу мне не здаралася самому бачыць iх. З агiдай адвярнуўся я ад рэштак гэтага жудаснага балявання. Мяне званiтавала. Я ледзь не страцiў прытомнасць. Мне здалося, што я ўпаду. А калi апамятаўся, то адчуў, што нi адной хвiлiны я не здолею тут застацца. Я ўзбег на пагорак i памчаўся назад да свайго жытла.
Заходнi бераг застаўся далёка ззаду, а я ўсё яшчэ не мог канчаткова прыйсцi да памяцi. Нарэшце я спынiўся i пачаў збiрацца з думкамi. Дзiкуны, як я ўпэўнiўся, нiколi не прыязджалi на выспу па здабычу. Напэўна, яны нi ў чым не мелi патрэбы, а магчыма, былi ўпэўнены, што нiчога каштоўнага тут немагчыма адшукаць.
Не магло быць нiякага сумнення ў тым, што яны не адзiн раз пабылi ў лясной частцы маёй выспы, але, вiдаць, не знайшлi там нiчога такога, што магло б iм спатрэбiцца.
Значыць, трэба быць толькi вельмi асцярожным. Калi, пражыўшы на выспе амаль васемнаццаць год, я да самага апошняга часу нi разу не знайшоў чалавечых слядоў, то, магчыма, я пражыву тут яшчэ васемнаццаць гадоў i не траплю на вочы дзiкунам, хiба толькi наткнуся на iх выпадкова. Але такой выпадковасцi няма чаго баяцца, таму што з гэтага дня маiм адзiным клопатам будзе клопат пра тое, як найлепш схаваць прыкметы майго iснавання на выспе.
Я мог бы ўбачыць дзiкуноў адкуль-небудзь з засады, але я не хацеў i глядзець на iх – такiя агiдныя былi мне гэтыя крыважэрныя драпежнiкi, якiя паядалi адзiн аднаго, як звяры. Адна думка пра тое, што людзi могуць быць такiя бесчалавечныя, гняла мяне i наводзiла на мяне страшэнны сум.
Каля двух гадоў пражыў я бязвыхадна ў той частцы выспы, дзе знаходзiлiся ўсе мае ўладаннi – крэпасць пад гарой, будан у лесе i тая лясная палянка, дзе я збудаваў загарадзь для коз. За гэтыя два гады я нi разу не схадзiў зiрнуць на сваю лодку.
"Лепей я, – думалася мне, – пабудую сабе новае судна, а ранейшая лодка няхай застаецца там, дзе зараз. Выехаць на ёй у мора было б небяспечна. Там на мяне могуць напасцi дзiкуны-людаеды, i няма сумнення, што мяне яны разарвуць, як i iншых сваiх палонных".
Але мiнула яшчэ з год, i я, нарэшце, усё ж адважыўся вывесцi адтуль сваю лодку: вельмi ж ужо цяжка было рабiць новую! Ды i гатова б яна была, гэтая новая лодка, толькi гады праз два-тры, а да таго часу я па-ранейшаму не меў бы магчымасцi плаваць па моры.
Мне ўдалося шчаслiва перавесцi сваю лодку на ўсходнi бок выспы, дзе для яе знайшлася вельмi зручная бухта, атуленая з усiх бакоў стромкiмi скаламi. Уздоўж усходнiх берагоў выспы праходзiла марское цячэнне, i я ведаў, што дзiкуны нiзашто не адважацца высадзiцца там.
Чытачу наўрад цi здасца дзiўным, што пад уплывам усiх гэтых жахаў i хваляванняў я зусiм перастаў клапацiцца пра свой дастатак i дабрабыт. Мой розум страцiў усю сваю вынаходлiвасць. Не да таго мне цяпер было, каб клапацiцца пра паляпшэнне харчавання, калi я толькi i думаў, як бы ўратаваць сваё жыццё. Я не адважваўся нi ўбiць цвiка, нi раскалоць палена, таму што мне ўвесь час здавалася, што дзiкуны могуць пачуць гэты гук. Страляць я тым болей не асмельваўся.
Але галоўнае – мяне кожны раз ахоплiваў пакутлiвы страх, як толькi мне даводзiлася распальваць агонь, таму што дым, якi днём вiдаць на вялiкай адлегласцi, заўсёды мог мяне выдаць. З гэтай прычыны ўсе работы, для якiх патрабаваўся агонь (напрыклад, абпальванне гаршкоў), я перанёс у лес, у сваю новую сядзiбу. А для таго, каб у сябе дома рыхтаваць ежу i пячы хлеб, я вырашыў запасцiся драўляным вуголлем. Гэтае вуголле, згараючы, амаль не дае дыму. Яшчэ хлапчуком, у сябе на радзiме, я не раз бачыў, як здабываюць яго. Трэба насекчы тоўстых дроў, скласцi iх у адну кучу, прыкрыць слоем дзёрну i спалiць. Калi вугаль быў гатовы, я пераносiў яго дадому i карыстаўся iм замест дроў.
I вось аднойчы, калi я, пачынаючы нарыхтоўку вугалю, ссек ля падножжа высокай гары некалькi вялiкiх кустоў, я заўважыў пад iмi нару. Мяне зацiкавiла, куды яна можа весцi. З вялiкай цяжкасцю я працiснуўся ў яе i апынуўся ў пячоры. Пячора была вельмi прасторная i такая высокая, што я тут жа, адразу каля ўвахода здолеў стаць на ўвесь рост. Але прызнаюся, што вылез я куды хутчэй, чым залез.
Углядаючыся ў цемру, я ўбачыў, як проста на мяне глядзелi два вялiзныя палаючыя вокi; яны гарэлi, як зоркi, адбiваючы слабае дзённае святло, якое пранiкала ў пячору знадворку i падала проста на iх. Я не ведаў, каму належаць гэтыя вочы – нячысцiку цi чалавеку, але, перш чым паспеў што-небудзь сцямiць, кiнуўся прэч з пячоры.
Праз некаторы час я, аднак, апамятаўся i тысячу разоў аблаяў сябе дурнем.
"Хто пражыў дваццаць гадоў у адзiноце на бязлюднай выспе, таму смешна баяцца чарцей, – сказаў я сам сабе. – Напраўду ж у гэтай пячоры не можа быць нiкога страшнейшага за мяне".
I, набраўшыся адвагi, я ўзяў галавешку, якая гарэла, i зноў палез у пячору. Не паспеў я ступiць i трох крокаў, асвятляючы дарогу сваёй паходняй, як зноў напалохаўся, яшчэ больш, чым адразу: я пачуў цяжкi ўздых. Я адхiнуўся назад i скамянеў ад жаху; усё цела маё пакрылася халодным потам, а валасы сталi дыбам. Калi б у мяне на галаве быў капялюш, ён напэўна звалiўся б на зямлю. Але, сабраўшы ўсю сваю мужнасць, я зноў рушыў наперад i пры святле галавешкi, якую трымаў над галавой, убачыў на зямлi страшэнную пачвару вялiзнага старога казла!
Казёл ляжаў нерухома i цяжка дыхаў у перадсмяротнай агонii, ён памiраў, вiдаць, ад старасцi. Я злёгку штурхнуў яго нагою, каб даведацца, цi здолее ён устаць. Ён паспрабаваў падняцца, але не змог.
"Няхай сабе ляжыць, – падумаў я. – Калi ён напалохаў мяне, то як павiнен напалохацца якi-небудзь дзiкун, якi надумаецца падацца сюды!"
Аднак я ўпэўнены, што нiводзiн дзiкун i нiхто iншы не адважыўся б пранiкнуць у пячору. Ды i наогул толькi чалавеку, якi, накшталт мяне, меў патрэбу ў бяспечным сховiшчы, магло прыйсцi ў галаву лезцi ў гэту пячору.
На другi дзень я ўзяў з сабою шэсць вялiкiх свечак уласнаручнай работы (да гэтага часу я вывучыўся рабiць выдатныя свечкi з казiнага тлушчу) i вярнуўся ў пячору.
Ля ўвахода пячора была шырокая, але паступова яна рабiлася ўсё вузейшай, так што недзе ў глыбiнi яе мне давялося стаць на карачкi i каля дзесяцi ярдаў паўзцi наперад, што было, сказаць праўду, даволi смелым учынкам, таму што я зусiм не ведаў, куды вядзе гэты ход i што мяне чакае наперадзе. Але вось я адчуў, што з кожным крокам праход робiцца ўсё шырэйшы i шырэйшы. Крыху пазней я паспрабаваў устаць на ногi, i выявiлася, што я магу стаяць на ўвесь рост. Скляпенне пячоры ўзнiмалася футаў на дваццаць. Я запалiў дзве свечкi i ўбачыў такую цудоўную карцiну, якой у жыццi нiколi не бачыў. Я знаходзiўся ў прасторным гроце. Полымя маiх дзвюх свечак адбiлася ў яго ззяючых сценах. Яны адсвечвалi сотнямi тысяч рознакаляровых агнёў. Цi то былi ўкрапаныя ў камень пячоры дыяменты цi iншыя каштоўныя камянi? Гэтага я не ведаў. Вiдаць, гэта было золата.
Я нiколi не спадзяваўся, што зямля можа хаваць у сваiх нетрах такiя дзiвосы. Гэта быў чароўны грот. Дно ў яго было сухое i роўнае, пакрытае дробным пяском. Нiдзе не заўважалася нi агiдных макрыц, нi чарвякоў, нiдзе нi на сценах, нi на скляпеннях – не было i знаку вiльгацi. Адзiная нязручнасць – вузкi ўваход, але для мяне гэта нязручнасць была надзвычай каштоўная: я столькi часу шукаў бяспечнага сховiшча, а бяспечней за гэта цяжка было знайсцi.
Я так узрадаваўся сваёй знаходцы, што вырашыў адразу ж перанесцi ў грот большую частку тых рэчаў, якiя былi мне асаблiва дарагiя, – перш за ўсё порах i ўсю запасную зброю, гэта значыць дзве паляўнiчыя стрэльбы i тры мушкеты.
Перацягваючы рэчы ў маю новую кладоўку, я ўпершыню адкаркаваў бочачку з падмочаным порахам. Я быў упэўнены, што ўвесь гэты порах нiкуды не варты, але выявiлася, што вада пранiкла ў бочачку толькi на тры-чатыры дзюймы кругом; порах, якi падмок, зацвярдзеў, i ўтварылася трывалая скарынка; пад гэтай скарынкай увесь астатнi порах захаваўся зусiм несапсаваны, як ядро арэха ў шкарлупiне. Такiм чынам, зусiм нечакана я зрабiўся ўладальнiкам новых запасаў выдатнага пораху.
Як я ўзрадаваўся такой нечаканасцi! Увесь гэты порах – а яго было не менш шасцiдзесяцi фунтаў – я перанёс у свой грот для больш надзейнага схову, пакiнуўшы ў сябе пад рукамi тры цi чатыры фунты на выпадак нападу дзiкуноў. У грот я перацягнуў i ўвесь запас свiнцу, з якога я рабiў кулi.
Цяпер мне ўяўлялася, што я падобны на аднаго з тых старадаўнiх волатаў, якiя, паводле паданняў, жылi сярод скал i ў пячорах, куды немагчыма было пранiкнуць нiводнаму чалавеку.
"Няхай сабе, – казаў я сам сабе, – няхай хоць пяцьсот дзiкуноў шныраць па ўсёй выспе, шукаючы мяне; яны нiколi не знойдуць майго тайнiка, а калi i знойдуць, нiзашто не адважацца зрабiць на яго напад!"
Стары казёл, якога я знайшоў тады ў сваёй новай пячоры, здох на другi дзень, i я закапаў яго ў зямлю на тым месцы, дзе ён ляжаў: гэта было куды лягчэй, чым выцягнуць яго з пячоры.
Iшоў ужо дваццаць трэцi год майго жыцця на выспе. Я паспеў да таго звыкнуцца i прызвычаiцца да яе прыроды i клiмату, што, калi б не баяўся дзiкуноў, якiя маглi кожную хвiлiну тут з'явiцца, я ахвотна згадзiўся б дажыць тут, у гэтым зняволеннi, усю рэшту сваiх дзён да апошняй гадзiны, калi я лягу i памру, як гэты стары казёл.
У апошнiя гады, пакуль я яшчэ не ведаў, што мне пагражае напад дзiкуноў, я прыдумаў сабе сякiя-такiя забаўкi, якiя пры маёй адзiноце вельмi ўсцешвалi мяне. Дзякуючы iм я праводзiў свой час куды весялей, чым раней.
Па-першае, як ужо гаварылася, я навучыў свайго Попку размаўляць, i ён так прыязна балбатаў са мною, вымаўляючы словы так падзельна i выразна, што я слухаў яго з вялiкiм задавальненнем.
Сумняваюся, каб яшчэ якi-небудзь iншы папугай умеў гаварыць лепш за яго. Ён пражыў у мяне не меней за дваццаць шэсць год. Цi доўга яшчэ яму заставалася жыць, я не ведаю; жыхары Бразiлii запэўнiваюць, што папугаi жывуць да ста гадоў.
Было ў мяне яшчэ два папугаi, яны таксама ўмелi гаварыць i абодва выкрыквалi "Робiн Круза!", але далёка не так добра, як Попка. Праўда, яго я вучыў i патрацiў часу i намаганняў куды больш.
Мой сабака быў маiм шчырым таварышам i добрым спадарожнiкам на працягу шаснаццацi год. Потым ён спакойна сканаў ад старасцi, але я нiколi не забуду, як аддана любiў ён мяне.
Тыя каты, якiх я пакiнуў у сваiм доме, таксама даўно ўжо зрабiлiся паўнапраўнымi членамi мае немалой сям'i.
Апрача таго, я заўсёды трымаў пры сабе двух цi трох казлянят, якiх прывучаў есцi з маiх рук. I заўсёды ў мяне вадзiлася вялiкая колькасць птушак; я лавiў iх на беразе, падразаў iм крылле, каб яны не маглi паляцець, i хутка яны рабiлiся ручнымi i з вясёлым крыкам збягалiся да мяне, як толькi я паказваўся на парозе.
Маладыя дрэўцы, якiя я пасадзiў вакол крэпасцi, даўно разраслiся ў густы гай, i ў гэтым гаi таксама пасялiлася мноства птушак. Яны рабiлi свае гнёзды на невысокiх дрэвах i выводзiлi птушанят, i ўсё гэта жыццё, што кiпела вакол мяне, суцяшала i радавала мяне ў маёй адзiноце.
Такiм чынам, паўтараю, мне жылося б вельмi добра i ўтульна i я быў бы зусiм задаволены сваiм лёсам, калi б не баяўся, што на мяне ў любы момант могуць напасцi дзiкуны.
РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТНАЦЦАТЫ
Дзiкуны зноў наведваюць выспу Рабiнзона. – Крушэнне карабля.
Надышоў снежань, i час было збiраць ураджай. Я працаваў у полi з ранку да вечара. I вось аднойчы, выйшаўшы з дому, калi яшчэ не зусiм развiднела, я, на вялiкi свой жах, убачыў на беразе, мiлi за дзве ад мае пячоры, полымя вялiкага вогнiшча.
Я спынiўся як укопаны. Значыць, на маёй выспе зноў з'явiлiся дзiкуны!
I з'явiлiся яны не ў тым баку, дзе я амаль нiколi не бываў, а тут, непадалёку ад мяне.
Я стаiўся ў гаi, што акружаў мой дом, не адважваючыся ступiць кроку, каб не наткнуцца на дзiкуноў.
Аднак i застаючыся ў гаi, я ўсё роўна быў вельмi занепакоены: я баяўся, што, калi дзiкуны пачнуць шнырыць па выспе i ўбачаць мае ўробленыя палеткi, мой статак, маё жытло, яны адразу ж здагадаюцца, што на выспе жывуць людзi, i не супакояцца, пакуль не адшукаюць мяне. Марудзiць было немагчыма. Я хутка вярнуўся да сябе за агароджу, падняў за сабою лескi, каб не пакiдаць слядоў, i пачаў рыхтавацца да абароны.
Я падрыхтаваў усю сваю артылерыю (так я зваў мушкеты, якiя стаялi на лафетах уздоўж знадворнай сцяны), агледзеў i зарадзiў абодва пiсталеты i вырашыў абараняцца да канца.
Я праседзеў у сваёй крэпасцi каля дзвюх гадзiн, ламаючы галаву, што б мне яшчэ такое прыдумаць для абароны майго ўмацавання.
"Як шкада, што ўсё маё войска складаецца з аднаго толькi чалавека! падумаў я. – У мяне няма нават лазутчыкаў, якiх я здолеў бы паслаць у разведку".
Што робiцца ў лагеры ворага, я не ведаў. Гэта няпэўнасць прыгнятала мяне. Я схапiў падзорную трубу, прыставiў лескi да крутога схiлу гары i дабраўся да вяршынi. Там я лёг нiцма i направiў трубу на тое месца, дзе бачыў агонь. Дзiкуны, iх было дзевяць чалавек, сядзелi вакол невялiкага вогнiшча зусiм голыя.
Вядома, вогнiшча яны расклалi не для таго, каб пагрэцца, – у гэтым не было патрэбы, таму што стаяла страшэнная гарачыня. Не, я быў упэўнены, што на гэтым вогнiшчы яны смажылi свой жахлiвы абед з чалавечага мяса! "Дзiчына", вядома, была ўжо нарыхтаваная, толькi жывая цi забiтая – гэтага я не ведаў.
Людаеды прысталi да выспы на дзвюх пiрогах, якiя цяпер стаялi на пяску: быў час адлiву, i мае жудасныя госцi, вiдаць, чакалi прылiву, каб плыць назад.
Так i здарылася: як толькi пачаўся прылiў, дзiкуны кiнулiся да лодак i адчалiлi. Я забыў сказаць, што за гадзiну цi паўтары да ад'езду яны скакалi па беразе: з дапамогай падзорнай трубы я добра бачыў iх дзiкiя скокi.
Як толькi я ўпэўнiўся, што дзiкуны пакiнулi выспу i знiклi, я злез з гары, ускiнуў на плечы абедзве стрэльбы, заткнуў за пояс два пiсталеты, а таксама сваю вялiзную шаблю без ножнаў i, не трацячы часу, накiраваўся да таго пагорка, адкуль рабiў свае першыя назiраннi пасля таго, як заўважыў на беразе чалавечы след.
Дабраўшыся да гэтага месца (што заняло часу не меней дзвюх гадзiн, бо я быў нагружаны цяжкою зброяй), я зiрнуў у бок мора i ўбачыў яшчэ тры пiрогi з дзiкунамi, якiя плылi ад выспы да мацерыка.
Гэта прывяло мяне ў жах. Я пабег да берага i ледзь не закрычаў ад гневу, калi ўбачыў рэшткi таго жудаснага балявання, якое там адбывалася: кроў, косцi i кавалкi чалавечага мяса, якое гэтыя лiхадзеi толькi што паядалi ў скоках i весялосцi.
Мяне ахапiла такое абурэнне, я адчуў такую нянавiсць да гэтых забойцаў, што мне захацелася жорстка адпомсцiць iм за iх крыважэрнасць. Я пакляўся, што, калi наступны раз зноў убачу на беразе iх агiднае баляванне, я нападу на iх i знiшчу ўсiх, колькi б iх нi было.
"Няхай я загiну ў няроўным баi, няхай сабе яны разарвуць мяне, – казаў я сабе, – але не магу ж я дапусцiць, каб у мяне на вачах людзi беспакарана елi людзей!"
Аднак прайшло адзiнаццаць месяцаў, а дзiкуны не з'яўлялiся. За ўвесь гэты час мой ваяўнiчы запал нiколькi не астыў: я толькi i думаў пра тое, як бы мне знiшчыць людаедаў.
Я вырашыў напасцi на iх знянацку, асаблiва калi яны зноў падзеляцца на дзве групы, як гэта было ў апошнi iх прыезд.
Я не падумаў тады, што калi нават i пераб'ю ўсiх дзiкуноў, што прыедуць да мяне (дапусцiм, iх будзе дзесяць цi дванаццаць чалавек), то на другi дзень цi праз тыдзень, а можа, праз месяц мне давядзецца мець справу з новымi дзiкунамi. А там зноў, зноў... I так бясконца, пакуль я сам не ператваруся ў такога ж жахлiвага забойцу, як i гэтыя няшчасныя, што паядаюць уласных братоў.
Пятнаццаць цi шаснаццаць месяцаў я правёў у няспыннай трывозе. Я кепска спаў, кожную ноч снiў жахлiвыя сны i часта ўсхоплiваўся з пасцелi, дрыжучы ад страху.
Часам мне снiлася, што я сам забiваю дзiкуноў, i мне падрабязна малявалiся ў сне моманты нашых боек.
Днём я таксама не меў нi хвiлiны спакою. Зусiм магчыма, што такое напружанне i трывога ў рэшце рэшт давялi б мяне да вар'яцтва, калi б раптам не здарылася падзея, якая адразу ж адцягнула ўсе мае думкi ў другi бок.
Гэта адбылося на дваццаць чацвёртым годзе майго жыцця на выспе, у сярэдзiне траўня, калi верыць майму несамавiтаму драўлянаму календару.
Увесь гэты дзень, шаснаццатага траўня, грымеў гром, блiскала маланка i навальнiца не сцiхала нi на хвiлiну. Позна вечарам я чытаў кнiгу, стараючыся забыць свае хваляваннi. Раптам я пачуў гарматны стрэл. Мне здалося, што ён данёсся да мяне з мора.
Я сарваўся з месца, у момант прыставiў лескi да схiлу гары i хутка-хутка, дарэмна баючыся патрацiць нават адно iмгненне, стаў караскацца па лесках уверх. Якраз у тую хвiлiну, калi я апынуўся на вяршынi, перада мною далёка ў моры блiснуў агеньчык, а праз паўхвiлiны пачуўся другi гарматны стрэл.
"У моры гiне карабель, – сказаў я сам сабе. – Ён падае сiгналы, ён спадзяецца, што будзе выратаваны. Напэўна, непадалёку знаходзiцца другi якi-небудзь карабель, у якога ён просiць дапамогi".
Я быў вельмi ўсхваляваны, але нiколькi не разгубiўся i паспеў сцямiць, што хоць я i не маю сiлы памагчы гэтым людзям, затое, можа, яны дапамогуць мне.
У адзiн момант я сабраў усё ламачча, якое ляжала паблiзу, склаў яго ў кучу i падпалiў. Дрэва было сухое, i, нягледзячы на моцны вецер, полымя вогнiшча ўзнялося так высока, што з карабля, калi гэта сапраўды быў карабель, не маглi не заўважыць майго сiгналу. I агонь быў несумненна заўважаны, таму што, як толькi ўспыхнула полымя вогнiшча, пачуўся новы гарматны стрэл, потым яшчэ i яшчэ, усё з таго ж боку.
Я падтрымлiваў агонь усю ноч – да ранiцы, а калi зусiм развiднела i перадранiшнi туман крыху развеяўся, я ўбачыў у моры, прама на ўсходзе, нейкi цёмны сiлуэт. Але што гэта было: корпус карабля цi ветразь, я не мог разгледзець нават у падзорную трубу, таму што было вельмi далёка, а мора ўсё яшчэ засцiлаў туман.
Усю ранiцу я назiраў за морам i тым прадметам i пераканаўся, што ён нерухомы. Можна было меркаваць, што гэта карабель, якi стаiць на якары.
Я не вытрымаў: схапiў стрэльбу, падзорную трубу i пабег на паўднёва-ўсходнi бераг, да таго месца, дзе пачыналася каменная града, што выходзiла ў мора.
Туман ужо развеяўся, i, забраўшыся на блiжэйшы ўцёс, я мог выразна распазнаць корпус карабля. Сэрца маё сцiснулася ад гора. Вiдаць, няшчасны карабель наскочыў на нябачныя падводныя скалы i разбiўся на тым месцы, дзе яны заступалi шлях шалёнаму марскому цячэнню. Гэта былi тыя ж самыя скалы, што некалi пагражалi i мне.
Калi б тыя, што пацярпелi крушэнне, заўважылi выспу, яны напэўна спусцiлi б шлюпкi i паспрабавалi б дабрацца да берага.
Але чаму яны стралялi з гармат адразу пасля таго, як я запалiў сваё вогнiшча?
Магчыма, убачыўшы касцёр, яны спусцiлi на ваду выратавальную шлюпку i пачалi кiравацца да берага, але не мелi сiлы адолець шалёную буру, iх знесла ўбок i яны ўсе патанулi? А магчыма, яшчэ да крушэння яны засталiся без лодак? У час жа буры здараецца i так: калi судна пачынае тануць, людзям часта даводзiцца, каб аблегчыць груз, выкiдаць свае шлюпкi за борт. Магчыма, гэты карабель быў не адзiн? Можа, разам з iм у моры было яшчэ два цi тры караблi i яны, пачуўшы сiгналы, падплылi да няшчаснага сабрата i падабралi яго экiпаж? Праўда, гэтак наўрад цi магло здарыцца: другога карабля я не бачыў.
Але якi б лёс нi напаткаў тых няшчасных, я не мог iм дапамагчы, i мне заставалася толькi аплакваць iх пагiбель.
Мне было шкада i iх i сябе.
Яшчэ больш пакутлiва, чым раней, я адчуў у гэты дзень увесь жах свае адзiноты. Ледзь толькi я ўбачыў карабель, я зразумеў, як страшэнна змаркоцiўся я без людзей, як страшэнна мне хочацца бачыць iх твары, чуць iх галасы, пацiскаць iм рукi, размаўляць з iмi! Мае вусны мiжвольна i бясконца паўтаралi словы: "Ах, калi б хоць два цi тры чалавекi... не, няхай сабе нават хоць адзiн толькi выратаваўся i прыплыў да мяне! Ён быў бы мне таварышам, сябрам, i я здолеў бы дзялiць з iм гора i радасць".
Нi разу за ўсе гады мае адзiноты не адчуваў я такога палкага жадання сустрэчы з людзьмi.
"Няхай бы хоць толькi адзiн! Ах, хоць бы адзiн!" – паўтараў я тысячу разоў.
I гэтыя словы распальвалi ва мне такi сум, што, вымаўляючы iх, я сутаргава сцiскаў кулакi i так моцна сашчэплiваў зубы, што потым доўга не мог iх расцяць.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАТЫ
Рабiнзон робiць намер пакiнуць сваю выспу
Да апошняга года майго жыцця на выспе я так i не даведаўся, цi выратаваўся хто-небудзь з таго карабля, якi загiнуў.
Праз некалькi дзён пасля караблекрушэння я знайшоў на беразе, насупраць таго месца, дзе разбiўся карабель, цела юнгi. Я глядзеў на яго, шчыра сумуючы. У яго быў такi мiлы, такi дабрадушны малады твар! Магчыма, калi б ён застаўся жывы, я палюбiў бы яго, i жыццё маё зрабiлася б куды шчаслiвейшым.
Але не варта плакаць па тым, чаго ўсё роўна не вернеш. Я доўга блукаў па ўзбярэжжы, а потым зноў падышоў да тапельца. На iм былi кароткiя палатняныя штаны i матроская куртка. Не было нiякiх прыкмет, па якiх можна было б вызначыць, якой ён нацыянальнасцi: у кiшэнях у яго я не знайшоў нiчога, апрача дзвюх залатых манет i люлькi.
Бура сцiхла, i мне страшэнна захацелася ўзяць лодку i дабрацца на ёй да карабля. Я не сумняваўся, што знайду там нямала карысных рэчаў, якiя могуць мне спатрэбiцца. Але не толькi гэта спакушала мяне: больш за ўсё мяне хвалявала надзея, што, магчыма, на караблi засталася якая-небудзь жывая iстота, якую я здолею выратаваць ад смерцi.
"I калi я выратую яе, – казаў я сабе, – маё жыццё будзе куды больш светлым i радасным".
Гэта думка завалодала ўсiм маiм сэрцам: я адчуваў, што нi днём нi ноччу не буду ведаць спакою, пакуль не наведаю разбiтае судна. I я сказаў сабе: "Няхай будзе што будзе, а я паспрабую дабрацца туды. Чаго б гэта мне нi каштавала, я павiнен адправiцца ў мора, калi не хачу, каб мяне замучыла сумленне".
З гэтым рашэннем я паспяшаўся вярнуцца да сябе ў крэпасць i пачаў рыхтавацца да цяжкай i небяспечнай паездкi.
Я ўзяў хлеба, вялiкi збан прэснай вады, бутэльку рому, карзiну з разынкамi i компас. Узвалiўшы сабе на плечы ўсю гэту каштоўную паклажу, я накiраваўся да таго берага, дзе стаяла мая лодка. Вычарпаўшы з яе ваду, я склаў у яе рэчы i вярнуўся па новы груз. На гэты раз я прыхапiў з сабою вялiкi мяшок рысу, другi збан прэснай вады, дзесяткi два ячменных праснакоў, бутэльку казiнага малака, кавалак сыру i парасон.
Усё гэта я з вялiкай цяжкасцю перанёс у лодку i адчалiў. Спачатку я пайшоў на вёслах i трымаўся, па магчымасцi, блiжэй да берага.
Калi я дасягнуў паўночна-ўсходняга канца выспы i трэба было ўзняць ветразь, каб пусцiцца ў адкрытае мора, я спынiўся ў нерашучасцi.
"Iсцi цi не iсцi? Рызыкаваць цi не?" – пытаўся я сам у сябе.
Я зiрнуў на хуткi струмень марскога цячэння, што абгiнала выспу, i ўспомнiў, якая страшэнная небяспека пагражала мне ў час мае першай паездкi. I памалу мая рашучасць пачала слабець. Тут абодва цячэннi сутыкалiся, i я добра бачыў, што ў якое б цячэнне я нi трапiў, любое з iх знясе мяне далёка ў адкрытае мора.
"Мая ж лодка такая малая, – казаў я сабе, – што варта ўзняцца свежаму ветру, i яе зараз жа захлiсне хваляй, i тады мая пагiбель немiнучая".
Пад уражаннем гэтых думак я зусiм аслабеў i ўжо гатовы быў адмовiцца ад свае задумы. Я зайшоў у невялiчкую бухтачку, прычалiў да берага, сеў на пагорак i глыбока задумаўся, не ведаючы, што мне рабiць.
Але неўзабаве пачаўся прылiў, i я ўбачыў, што справа выглядае ўжо зусiм не так кепска: выявiлася, што адлiў iдзе з паўднёвага боку выспы, а цячэнне прылiву – з паўночнага, так што калi я, вяртаючыся з разбiтага судна, буду трымаць курс да паўночнага берага выспы, то застануся жывы i здаровы.
Значыць, баяцца няма чаго. Я зноў падбадзёрыўся i вырашыў заўтра ж, на свiтаннi, выйсцi ў мора.
Надышла ноч. Я пераначаваў у лодцы, накрыўшыся матроскiм бушлатам, а ранiцай рушыў у дарогу.
Спачатку я ўзяў курс у адкрытае мора, прама на поўнач, пакуль не трапiў у струмень цячэння, якое накiроўвалася на ўсход. Мяне панесла вельмi хутка, i менш чым за дзве гадзiны я даплыў ужо да карабля.