355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Віктар Шніп » Заўтра была адліга-4 (СИ) » Текст книги (страница 8)
Заўтра была адліга-4 (СИ)
  • Текст добавлен: 1 декабря 2017, 07:30

Текст книги "Заўтра была адліга-4 (СИ)"


Автор книги: Віктар Шніп



сообщить о нарушении

Текущая страница: 8 (всего у книги 10 страниц)

Бацька: «Пані ў Радашкавічы забралі. Многа каго туды забралі. Юркоўскі такі быў. Забралі. Іх расстралялі. Хто з голаду памёр».

Пытанне: «Немцы расстралялі?»

Бацька: «Дзе там немцы! Нашы! У белых кажухох прыехалі і вечарам забралі».

Пытанне: «Гэта было ў 1939 годзе?»

Бацька: «Так! Ястрабкі мы іх называлі!»

Пытанне: «Граніца блізка была?»

Бацька: «Блізка. Там, за Дубровамі...»

Пытанне: «Раней тут Польшча была?»

Бацька: «Я быў у Польшчы».

Пытанне: «Па-польску гаварылі?»

Бацька: «Да касцёла трэба было ісці...»

Пытанне: «Тут гміны былі?»

Бацька: «Ракаўская гміна была. Солтыс быў. У яго было двое коней. А ён у Ракаў пяшком хадзіў».

Пытанне: «Кантрабандысты былі?»

Бацька: «Былі. У нас быў капітан. Харошы чалавек. Прыйшоў з Беластоку. У нас ашывоўся. Адзежа была чорная на ім. Харошая. У часох на сцяне ў нас схаваў равольвер. Пробаваў страляць. Харошы равольвер быў».

Бацька: «Быў час, калі нас палілі. Спалілі ўсю вёску. Была цэркаў. На гары там. Спалілі».

Пытанне: «Хто?»

Бацька: «Татары. У цэркаў загналі людзей і спалілі. Прадзед мой быў. Ён, малы, уцёк ад іх і ў Яніцкім лесе сядзеў і глядзеў, як яны над людзямі распраўляліся. Вёска была аж да Сасноўцаў. Могільнікі былі. Студню мы капалі Івану Фларыянавічу. Ён вучыцялем быў. Косці знайшлі...»

Бацька: «Была вучыцелька Гарбачоўская. Шустрая была баба. Дай, кажа, лапку. Дам. А яна па лапе як упяра лінейкай, аж халера бярэ. Яе потым у Вільню забралі. Яна была прыслана з Варшавы. Зачынская была. Гарбаценькая. Яны ўсе хацелі, каб мы ўсе па-польску гаварылі».

Пытанне: «Ці памятаеш Рагойшу? З Ракава. Вучыцялем быў?»

Бацька: «На адной назе круціўся».

Пытанне: «Як гэта?»

Бацька: «Не помню. Васілеўская была. Прысланая з Віцебска. Другой вучыцельніцы бацьку немцы павесілі, а матку застрэлілі. За сувязь з партызанамі. Я б многа расказаў, але многа пазабывоўся».

Пытаннне: «А дзе мой дзед служыў?»

Бацька: «Дзед у Варшаве служыў. Харунжы. А я ў войску быў старшым сяржантам. Забралі мяне ў Сталінград, а там трапіў у Омск. На Волгу».

Пытанне: «Помніш вайну?»

Бацька: «Помню. У нас нямецкія салдаты стаялі. Да нас прыходзілі салдаты нямецкія. Па-польску гаварылі. «Як вы папалі ў армію?» – пыталіся мы. А яны адказвалі: «Мы жылі на граніцы з Германіяй, і нас узялі ваяваць».

Пытанне: «Хто ў нас у паліцыі быў?»

Бацька: «Коля Міхалчышын. Насцін Валодзя. Рыдораў Віця. Колю . забілі ў Лялькаўшчыне. Нос, вушы паабразалі, язык вырвалі. Валодзя ўцёк. Не хочацца ўспамінаць...»

Бацька: «Быў Антон храмы. Прыдзе, усіх нас пастрыжэ. Добрыя людзі жылі ў Пугачах. Цяпер мала хто жывы застаўся...»

Бацька: «Я хадзіў да Мані, а яна выйшла замуж у Радашкавічы...»

Бацька: «Кальчэўскі быў. Любіў спяваць. Мы, бывае, косім, а ён спявае».

Бацька: «Бародзіча хацелі вучэцялем зрабіць, а ён не пайшоў. Граматны быў чалавек.»

Бацька: «Пад ложкам у нас была яма. Бульбу ссыпалі. Калі мы былі малыя, то неяк на ложку скакалі. Ложак зламаўся, і мы ў яму ўваліліся...»

Бацька: «У Баравікоўшчыне партызаны стаялі. Усяго там было. Як толькі ноч настане, ды ўжо і пачынаецца: «Бух! Бух! Бух!» Едуць. Хавайся хто можа...»

Бацька: «Прадалі карову. Купілі каня ў Маладэчыне...»

Бацька: «Я не хацеў ехаць у Лягезы ў сваты. У мяне тут дзевак хапала. Угаварылі. Цяпер вось маю цябе.»

Запіс размовы з бацькам – сорак хвілін. Слухаю, і слёз няма, каб плакаць...

***

7.04.2016. Прыснілася родная хата. У ёй жыве белы кот і ягоныя ўжо вялікія кацяняты. Я прыехаў з сям’ёй і прывёз ката. Думаў, што пачнецца каціная вайна, але белы кот, як гаспадар, налавіў птушак і пад ложак пасадзіў нашаму кату. Птушкі жывыя. Шэсць штук. Стаяць на тонкіх ножках і нікуды не ўцякаюць. Я ўзяў адну ў рукі. Птушка як цацка. На галаве валаскі белыя. Як дзьмухавец. Хацеў выпусціць птушку, але прачнуўся. Праз хвілін дзесяць зноў заснуў. Прыснілася гасцініца. Я з Людай прыйшоў начаваць. У пакоі два вялікія ложкі. Рассцеленыя. На адным нехта спіць. Мы леглі. Незнаёмец падаў голас, і я пазнаў Сашку Балотніка (суседа і аднакласніка). Слухаю яго і думаю: «Як ён можа тут быць, калі ён памёр даўно?» А Сашка кажа: «Я цяпер падарожнічаю па свеце. Вось толькі што быў у Берліне. Назбіраў там рознай драбязы. Магу падарыць!» – «Не! Не трэба! Мы самі ўсё купім!» – адказаў я і прачнуўся.

***

8.04.2016. Патрэбныя Міёне таблеткі ад кляшчоў. Ездзіў у ветэрынарную аптэку. Для яе вагі ўжо разабраныя. Купіў кроплі за 160 тысяч. Трэба было накапаць на хрыбеціну. Міёна вырывалася, нібыта мы яе сабраліся рэзаць. Дзеяння кропель хопіць на месяц.

***

8.04.2016. Ужо дзён дванаццаць як я ў адпачынку. Яшчэ тры – і на працу. За амаль два тыдні нічога, што мяне б самога радавала, не зрабіў. Праўда, дзякуючы Міхасю Казлоўскаму тры разы выступіў перад школьнікамі ў Маладзечне і ў Аляхновічах, а таксама з Міколам Ліннікам і Васілём Кузьмінічкіным быў у Валожыне ў краязнаўчым музеі на адкрыцці фотавыставы да маіх «Балад беларускага шляху». Адзін дзень быў на працы, адзін – на пахаванні Ніла Гілевіча. У асноўным выгульваў Міёну і гатаваў есці. Нават толкам не высыпаўся. Тэлевізар амаль не глядзеў, напісаў пару вершаў. Словам, біў лынды, калі не лічыць, што за дванаццаць дзён напісаў дванаццаць старонак дзённіка.

***

8.04.2016. Гледзячы праз акно на захмаранае неба, машынальна дакрануўся да ацяпляльнай батарэі. Халодная. Адключылі. Сёння? Учора? Жыццё працягваецца без ацяпляльных батарэй. Мы самі гарачыя...

***

8.04.2016. Ты стаў лянотным. Цябе ніхто не кліча ў тэатр. І ты не ходзіш у тэатр, нібыта яго няма ў горадзе. А тэатр думае, што цябе ўжо няма на свеце.

***

8.04.2016. У пошуках кветак побач праляцеў чмель. Наша аўчарка Міёна радасна кінулася за ім. Не дагнала. Адвярнулася да мяне, паглядзела запытальна: «Хто гэта такі?» Я растлумачыў. Для Міёны, якая нарадзілася 17 жніўня, усё цяпер у навізну. Яшчэ нядаўна, калі навокал ляжаў снег і дзень быў кароткі, гуляючы з малой, уяўляў, што яна думае пра свет, у якім жыве: «Тут на вуліцы ўсё белае і халоднае! Гаў! І сонца рэдка свеціць...»

***

9.04.2016. Пасля таго, як памерлі бацькі, жыццё пайшло, калі можна так сказаць, не па плане, па якім я жыў з імі. Бацькі былі як мыліцы, з дапамогай якіх хадзіў па жыцці. Цяпер здаецца, што ўсюды не паспяваю і не бачу тое, што хацеў бы бачыць. Усё не тое, усё не так. Дзеці выраслі, і ў іх сваё жыццё. Яны не хочуць слухаць парад. Яны вучацца на сваіх памылках. І ты адчуваеш сябе бездапаможным і непатрэбным, як мыліцы для чалавека, у якога ногі не зламаныя. І гэта нармальна. І ўсё будзе добра. Ужо зелянее трава, і птушкі сядзяць у гнёздах, чакаючы птушанят...

***

9.04.2016. Што за жыццё!!! Не паспяваеш з добрым чалавекам, якога ты ведаеш па друку, пазнаёміцца асабіста, як ён памірае. Зміцер Саўка. Пражыў 50 гадоў.

***

9.04.2016. Я ў дзяцінстве быў непаслухмяным. «Расце бандыт нейкі!» – роспачна казала мама, калі я паліў вогнішча на ганку хаты, уяўляючы сябе на каменным востраве сярод зялёнага мора травы, як зялёнай вады. Мне хацелася, каб мяне заўважылі караблі, якія плывуць недзе далёка-далёка каля небакраю. Мама не ведала, што за фантазіі ў маёй галаве, і бачыла тое, што ўсе суседзі, – агонь на ганку. І мама казала страшную, бо незразумелую для мяне, фразу: «Здам у іспалніцельную калонію!» Што гэта за «іспалніцельная калонія», я не ведаў і баяўся пра яе пытацца нават у сваіх аднавяскоўцаў-сяброў. І сёння не ведаю, і ведаць ужо не хачу. Мамы няма. І мне па-ранейшаму хочацца распаліць вогнішча на ганку роднай хаты, каб мяне заўважылі караблі, што плывуць у моры маіх фантазій, і пачуць маму: «Расце бандыт нейкі! Здам у іспалніцельную калонію!»

***

9.04.2016. На вуліцы сонца няма. Але ж не зіма!

***

9.04.2016. Якія пісьменнікі паўплывалі на мой светапогляд? Адразу захацелася адказаць катэгарычна: «Ніхто!» Падумаўшы, паразважаўшы, кажу: «Усе, каго чытаў, цяпер чытаю і буду чытаць!» Магчыма, гэта і кепска, што лёгка трапляю пад уплыў розных людзей, але ж яўных няздараў я не чытаю.

***

9.04.2016. Поўня як чарнільніца з залатым чарнілам на чорным стале вечнасці...

***

10.04.2016. Ноччу ішоў дождж. Па мокрым тратуары паўзуць дажджавыя чэрві. Доўгія. Адначасова гідкія і прыгожыя. Бацька казаў: «Не бойся чарвяка, якога ты з’ясі. Бойся таго, што цябе будзе есці».

***

10.04.2016. Калі выступаў у Аляхновіцкай бібліятэцы, да мяне падыходзіла старшакласніца Маргарыта Гайдаржы. Яна піша матэрыял у часопіс «Бярозка» з парадамі вядомых пісьменнікаў пачаткоўцам і папрасіла мяне скласці спіс такіх парад менавіта ад сябе. Я крыху зацягнуў з адказам, але сёння напісаў Маргарыце.

1. Самая галоўная парада – адразу пачаць пісаць па-беларуску, як бы цяжка гэта ні было.

2. Кожны дзень чытаць хаця б па тры старонкі прозы або вершаў дзесяць. Чытаць і спрабаваць разабрацца, чаму так напісана, а не іначай.

3. Спрабаваць перакладаць вершы рускіх паэтаў на беларускую мову. Будзе нялёгка – але ж нічога ўпершыню лёгкім не бывае.

4. Не баяцца паказваць свае творы людзям, якія ў іх разбіраюцца ці самі пішуць.

5. Наведваць літаб’яднанні.

6. Пасылаць свае творы ў рэдакцыі і не баяцца, што атрымаеце крытычны водгук.

7. Не баяцца крытыкі. Не крыўдаваць на крытыку. Слухаць усіх, але мець сваю думку.

8. Выпісваць літаратурна-мастацкія выданні. Калі не можаце выпісаць, чытайце ў бібліятэцы.

9. Пісаць амаль кожны дзень, калі гэта магчыма і ёсць натхненне. Калі параўнаць літаратуру з вадой, якая з крана цячэ напачатку іржавая, а потым чыстая, то гэтак і ў творчасці – напачатку будзе слабавата, а потым з’явіцца майстэрства і чысціня ў думках і іх выказванні.

10. Не думаць пра прэміі, але ўдзельнічаць у конкурсах.

11. Радавацца чужым поспехам, як сваім.

***

10.04.2016. Ён сядзеў каля кніг, як каля скрыначак з попелам...

***

10.04.2016. У краме, куды амаль кожны дзень хаджу, на некаторых таварах з’явіліся кошты ў цяперашніх грашах і ў новых, з якімі будзем мець справу з другога паўгоддзя. Праходзячы паліцу з сокамі, ля якой стаялі школьнікі, пачуў: «Цяпер мне на абед мама будзе даваць 10 капеек...»

***

10.04.2016. Нядзеля. Вечарэе. Чым меней часу да панядзелка, тым больш самоты...

***

10.04.2016. Апельсін у гразі свінню чакае...

***

10.04.2016. Хутка трэба будзе грады садзіць. У які дзень? Без мамы не ведаю.

***

10.04.2016. У сеціве з’явілася інфармацыя, што сёння ў касцёле святых Сымона і Алены (Чырвоным касцёле) распачаўся працэс беатыфікацыі альбо прызнання святым фундатара Чырвонага касцёла Эдварда Вайніловіча – выбітнага грамадскага і культурнага дзеяча, палітыка і патрыёта Беларусі. Дзесяць гадоў таму намаганнямі настаяцеля касцёла, ксяндза Уладзіслава Завальнюка парэшткі Эдварда Вайніловіча былі перапахаваныя ў скляпеннях збудаванай фундатарам святыні. Уладзіслаў Завальнюк таксама быў адным з ініцыятараў працэсу беатыфікацыі Эдварда Вайніловіча. З нагоды значнай падзеі ксёндз Уладзіслаў сказаў: «Падчас урачыстай святой імшы ў нядзелю, 10 красавіка, ксёндз-арцыбіскуп мітрапаліт менска-магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч урачыста абвесціць, што Эдвард Вайніловіч – слуга Божы. Гэтым завяршаецца першая, інфармацыйная, частка беатыфікацыйнага працэсу. Далей распачынаецца другая частка працэсу, якая мае мець знак: цуд. Гэта значыць, што ласка з неба праз заступніцтва Эдварда Вайніловіча павінная быць бачнай на пэўным чалавеку – павінны быць зафіксаваны цуд аздараўлення, выратаванне ці штосьці іншае. Гэта знакавая падзея ўжо таму, што гэты працэс упершыню праходзіць у Беларусі. У нашай краіне такога не было ніколі за ўсю яе гісторыю. Калі такія выпадкі і былі, пра якія мы не маем звестак, – ці тое ў Вялікім Княстве Літоўскім, ці Рэчы Паспалітай, ці Ватыкане – то гэта былі духоўныя асобы альбо манахі. Таму гэтая падзея мае падвойную асаблівасць, бо ўвесь працэс, ягонае дакументальнае суправаджэнне адбываюцца тут, у Беларусі, і адбываецца гэта адносна свецкай асобы. І Эдвард Вайніловіч не проста свецкая асоба і вернік, але таксама вялікі гаспадарнік, палітык, дыпламат, дэпутат, сем’янін – узор для многіх беларускіх мужчын і бацькоў. Як вядома, Чырвоны Касцёл ён таксама збудаваў у памяць пра сваіх дзяцей Сымона і Алену. Ён як вялікі прыклад магутнасці духу, і нават у Еўропе ці знойдзем такую значную асобу, як Эдвард Вайніловіч – яшчэ адна адметнасць таго, што адбываецца ў нашай краіне. І што вельмі важна, 10 красавіка ў Ватыкане папа Францішак абвясціў на ўвесь свет пра ўшанаванне Беларусі і беларускага народа ў асобе Эдварда Вайніловіча. І не на адзін дзень, а назаўсёды, на кожны год». Прачытаўшы гэтую інфармацыю, я згадаў 23 студзеня гэтага года. У той дзень я вяртаўся з Вішнева, дзе ўдзельнічаў ва ўшанаванні памяці свайго земляка ксяндза Уладзіслава Чарняўскага (14.01.1916—22.12.2001). У мікрааўтобусе з ксяндзом Уладзіславам Завальнюком былі Уладзімір Гілеп, Анатоль Бутэвіч, Алесь Квяткоўскі, я і яшчэ адзін святар. Усю дарогу гаварылі пра Уладзіслава Чарняўскага. Яшчэ ў Вішневе Фелікс Янушкевіч прапанаваў збіраць сведчанні, каб Чарняўскага прызналі святым. Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк абяцаў у нашай прысутнасці ініцыіраваць працэс беатыфікацыі ксяндза Уладзіслава Чарняўскага. Бог яму і нам усім у дапамогу!

***

11.04.2016. З 17 сакавіка па 10 красавіка жыхары Валожынскага раёна з дапамогай грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» выбіралі птушку раёна. Сярод асноўных прэтэндэнтаў былі: глушэц, малы арлец, чорны бусел, пугач і звычайны зімародак. Большасць галасоў набраў звычайны зімародак. Я галасаваў за пугача. Я ж з вёскі Пугачы!

«Полымя» і «Партызан»

11.04.2016. Упершыню рэдакцыю часопіса «Полымя» я наведаў, калі мне было дваццаць гадоў. Аддзелам паэзіі загадваў Анатоль Вялюгін. Ён быў вельмі патрабавальным. І я недзе паўтара года хадзіў да яго, пакуль не давёў да ладу першую невялічкую падборку. Аднак, набыўшы «Полымя» № 5 за 1982 год, я не пазнаў свой верш пра партызана. Анатоль Сцяпанавіч зрабіў з яго «паравозік» да астатніх твораў – даў яму назву «Партызан» і надаў вершу баладнае гучанне. У творы з’явіліся радкі: «Яму зламалі рукі, ногі. На целе ран не палічыць. Шалеюць каты ад знямогі, а ён – маўчыць». Пасля публікацыі мінула гадоў дзесяць. І неяк у сяброўскім застоллі Анатоль Сыс звярнуўся да мяне: «Віцька, адгадай загадку! Без рук, без ног, а стаіць. Ні за што не адгадаеш!» Не паспеў я і падумаць, што б гэта было, як Анатоль, задаволена смеючыся, сказаў: «Гэта твой партызан! Ты пра яго ў «Полымі» надрукаваў!»

«Полымя» і каханне

11.04.2016. Напачатку васьмідзясятых гадоў я напісаў амаль пяцьдзясят вершаў пра каханне. Напісаць напісаў, а дзе такую вялікую падборку надрукаваць цалкам? Мікола Мятліцкі параіў гэтыя творы пачытаць Веры Палтаран і, калі яны ёй спадабаюцца, то яна закіне за мяне слова перад галоўным рэдактарам «Полымя» Кастусём Кірэенкам. Вера Сямёнаўна не паленавалася і паслухала ўсе мае вершы пра каханне. Яны ёй спадабаліся, і я праз некалькі дзён ужо ў кабінеце Кастуся Ціханавіча чытаў свае творы. Праз паўгадзіны пачуў: «Малайчына! Пакідай! Усё надрукуем!» Аднак праз паўгода ў «Полымі» з маёй падборкі было надрукавана ўсяго толькі некалькі вершаў пра каханне ў агульнай падборцы паэтаў-пачаткоўцаў. І наогул тады часопіс вельмі рэдка друкаваў моладзь.

***

11.04.2016. Перабіраў у камп’ютары старыя файлы. Сярод усяго знайшоў пра Леаніда Галубовіча. Было напісана і надрукавана ў «ЛіМе» да ягонага юбілею. Якога? Здаецца, да 60-годдзя.

«Снежань 1981 года. Дом творчасці “Каралішчавічы”. За вокнамі цёмна, марозна, завейна. У светлай ад паэзіі зале гучыць: «Шукаю чытача, // Хаўрусніка душы, // Які б з майго пляча // Цяжар пералажыў // І на сваё плячо... // Лягчэй дайшлі б да мэты. // Так мала чытачоў, // І тыя ўсе – паэты. // І ўсё ж жыве, аднак, // Надзея, і здаецца, // На слова хоць адна // Душа ды адзавецца...» – гэта Леанід Галубовіч чытае свае вершы. І яго слухаем мы, маладыя, Анатоль Сыс, Алег Мінкін, Уладзімір Арлоў, Васіль Сахарчук, Анатоль Шушко, Сяргей Вераціла, Алесь Наварыч, Уладзімір Мазго, Уладзімір Ягоўдзік, Людміла Паўлікава, Ала Канапелька, Алесь Жыгуноў, Уладзімір Саламаха, Мікола Мятліцкі, Вадзім Спрынчан... У Лёні ад хвалявання дрыжаць рукі, і здаецца, што ён не трымае аркушы з вершамі, а сам трымаецца за іх. І мы чуем: «Хмурая восень злізала пагоркі... // Познія яблыкі ў садзе пагорклі... // Ціха ў душы, нібы ў доме начлежным. // Толькі душа мая мне не належыць. // Хмураму небу. Рыжаму долу. // Голаму саду. Мірнаму дому. // Сумнай жанчыне ў роднай Айчыне... // Дзе прыналежна – там і спачыне». Перапыніўшыся на нейкую хвілінку і, выцершы даланёй пот з ілба, Леанід Галубовіч чытае далей: «Прычакаўшы глыбокага снегу, // Аб’язджаюць каня мужыкі: // Маладому, шалёнаму бегу // Дзве аглоблі сцінаюць бакі. // Ні на міг не правісне ляйчына. // Не папусціць свабоды рука, // І – тады, дзе глыбее лагчына, // Да апошняга правіць рыўка. // Вось ён – потны, загнаны, знямоглы – // Ад тугі і адчаю захроп. // Заўтра стане пакорна ў аглоблі // І без пугі не пойдзе ў галоп». Дачытаўшы нізку вершаў, Лёня глядзіць на нас, сваіх слухачоў, так, нібыта ён пастаўлены да сценкі, і яго зараз мы павінныя расстраляць. «Усё? Калі ўсё, то сядай», – кажа кіраўнік семінара паэзіі Рыгор Барадулін. Лёня, уздыхнуўшы з палёгкай, сядае, нібыта пачуў, што загад «расстраляць!» заменены на пажыццёвую высылку ў краіну Паэзія, з якой яшчэ ніхто жывым не вярнуўся дамоў. Праз хвіліну пачынаецца абмеркаванне вершаў. Усе хваляць Г алубовіча, і ўсім хочацца даведацца, адкуль ён такі ўзяўся. І Лёня расказвае, што ён нарадзіўся ў вёсцы Вароніна Клецкага раёна. Пасля заканчэння Грыцэвіцкай сярэдняй школы і Слуцкага ПТВ працаваў электрыкам на прадпрыемствах Жабінкі, Слуцка і Клецка, а цяпер – у родным калгасе. Пісаць пачынаў на рускай мове і свае першыя творы паслаў у «Сельскую газету», з якой атрымаў ліст ад Яўгеніі Янішчыц, якая параіла маладому паэту пісаць на роднай мове. І Лёня пачаў пісаць па-беларуску. Падводзячы вынікі абмеркавання паэзіі Г алубовіча, Рыгор Барадулін сказаў, што ён асабіста чакае рукапіс кніжкі паэта, каб яе без чаргі выдаць у «Мастацкай літаратуры» ў калектыўным зборніку ў наступным годзе. Пасля гэтых Барадулінскіх слоў усе астатнія дні і ночы семінара маладых літаратараў у Каралішчавічах усе толькі і гаварылі пра вершы Леаніда Г алубовіча. Развітваючыся з Каралішчавічамі, мы, семінарысты, абмяняліся адрасамі, каб перапісвацца. Абмяняўся і я з Галубовічам. Першы ліст ад Лёні прыйшоў 22 снежня 1981 года. Ён пісаў: «Сябра мой, Віцюня – прывітанне! Здаецца, яшчэ колькі дзён таму назад мы маглі пра многае гаварыць, аб многім спрачацца... А сёння ўсё гэта – памяць. Я як нанова нарадзіўся. Такі быў дзіўны, цікавы народ! Не падумай толькі, што пішу табе па неабходнасці ўведаць наконт выдавецтва калектыўнага зборніка, хоць і гэта прычына для нашай размовы немалаважная. У мяне з сённяшняга дня пачаліся вясковыя працоўныя будні. А душа яшчэ там – у Каралішчавічах! Усё ніяк не хапае смеласці схіліцца над белым аркушам паперы. Не магу пісаць нешта горш таго, што адзначана Рыгорам Іванавічам як станоўчае. (...) Як ты там жывеш? Чым? Пішы, я буду шчыра рад тваім лістам. А цяпер пра справы выдавецкія. Ці быў ты ў Рыгора Іванавіча? Аб чым гаварылі і аб чым дамовіліся? Пішы праўду, я не пакрыўдую. Гэта намнога лепш, чым ліць ялей на неразумную галаву. Віншую цябе з Новым Годам! Жыві, працуй, пацей, заставайся чалавекам! Твой сябра, Лёня. в. Вароніна». Потым неўзабаве, 26 снежня, прыйшоў другі ліст: «Віця, прывітанне! Сягоння атрымаў твой ліст, – дзякуй. Дзякуй за ўсё тое, што ты зрабіў і, магчыма, яшчэ зробіш для мяне. Спадзяюся, што і я не застануся тваім «вечным крэдыторам»; жыццё, дай-та бог, выдасца ў нас доўгім, і мы яшчэ не раз сустрэнемся на гладкіх і коўзкіх сваіх дарогах. Я пастараюся стаць сапраўдным сябрам. Што з майго ты аднёс у «Знамёнку»? Крыху раней Валодзя Някляеў адабраў каля чатырох (4) маіх вершаў для «Радуги» ці асобнай падборкі, але добра, што ты аддаў яшчэ чатыры; з цягам часу, можа, што-небудзь і адбяруць для друку. Але гэта ўсё так... Сённяшні мой боль аб сваім рукапісе. Як ты пішаш, крыху адышоўшы ад семінара, прыйшло нейкае паразуменне, вострае адчуванне адказнасці за друкаванае слова. Сёння ж атрымаў чарговы нумар «ЛіМа». Даведаўся, што Рыгор Іванавіч «прападаў» у Літве на вечарах паэзіі з А. Балтакісам. Прыедзе – часу ў абрэз, калі яму будзе разбірацца з маім рукапісам? І ўсё-ткі я яму веру, і дай-та яму бог... Віця, ты з ім лічы што на «ты», дапамажы, калі штонебудзь спатрэбіцца пры рабоце над маім рукапісам. Я табе давяраю ва ўсім. І пішы, пішы, калі што трэба ад мяне. Дарэчы, ці чытаў ты лімаўскія згадкі Толі Сідарэвіча пра наш семінар у Каралішчавічах. Нас з табой у першай жа «абойме» амаль разам расстралялі. Аднак жыць пасля гэтага можна. Ці не так? Праўда, мне не спадабалася, што нас за «бездыпломнасць» папракаюць.

Дык калі мы ўжо за тымі дыпломамі пойдзем, га? Ты не дастаў фотаздымкаў? Калі ёсць, то вышлі, калі ласка. Я працую цяпер вельмі цяжка. Калі што «выдатнае» будзе – падзялюся. Пішы аб усім, што лічыш неабходным ведаць. Віншую з Новым Годам! Жадаю ўсяго самага-самага добрага! Са шчырасцю і павагай, Лёня. в. Вароніна». Наступны ліст быў 13 студзеня 1982 года. Галубовіч пісаў: «Добры дзень, сябра мой Віктар! Прабач, – так ужо выйшла, што даўно не пісаў. Жыву я па-ранейшаму, тымі ж сумненнямі, тымі ж надзеямі... Як – ты? Што новага? Акром шостага нумара «Маладосці», дзе яшчэ змагу пачытаць тваё шніпаўскае? Сам жа я – у няведанні: калі, хто і дзе мяне надрукуе. Цяжкавата наконт гэтага жыць у правінцыі, але я прывык і, мне здаецца, лепш і не трэба. Ты часцей бываеш у рэдакцыях – будзь сябрам – прапытвай час ад часу і пра маё. Буду ўдзячны і абавязаны. Можа, бачыў Рыгора Іванавіча? Што там новага? Ці не дастаў часам фотаздымкаў «каралішчавіцкіх»? Яшчэ раз прабач, што я задаю табе столькі пытанняў. Мне ўсё гэта вельмі цікава, а я, сказаць папраўдзе, зноў прыхварэў... Не жыццё – а мучэнне. Аднак над чымсьці думаю, тое-сёе пішу. Але асаблівых удач не маю, і сам сабою незадаволены. Ды і работы цяпер на вытворчасці шмат. Сёння шчадрэц. Заўтра Стары Новы год. У вёсцы, зразумела, – свята. І ўсё ж – сумнавата. Надвор’е, праўда, спрыяльнае стаіць, і на душы святлей, чым у дні завірух. Атрымаў лісты ад Алеся Жыгунова і Васі Сахарчука. Цікавыя хлопцы! Праўда, асаблівых навін і яны не пішуць. Усе жаляцца, што не пішацца пакуль яшчэ. Нічога, выбаліць – напішацца; «не трэба гнаць шпарчэй замыленага каня, чым ён бяжыць сам». Вось, здаецца, і ўсё. Пішы, над чым працуеш, што новага напісаў? Убачыш Колю Мятліцкага – шчырае яму і яго сямейству прывітанне. Крыху пазней напішу падрабязней. Новых табе надзей і здзяйсненняў. Твой Лёня. Р8. Віця, добра што не паспеў адаслаць табе пісьмо. Прабач дзівака! Заўтра ж, з раніцы, адашлю Рыгору Іванавічу фотаздымкі (хоць і благія) і аўтабіяграфію. Не верылася мне, што ён усё-ткі адобрыць мой рукапіс. Вялікі дзякуй табе, дружа. Заўтра буду ў горадзе Клецку і пастараюся дазваніцца да Барадуліна. І табе не пішацца... Ёш тваю галёш! Калі ж нам ужо пісацца будзе?! Працаваць і – годзе! Яшчэ раз дзякую за ліст і за турботы. Пішы. Твой вечны сябра, Лёня. в. Вароніна». І такіх жывых і светлых лістоў у мяне ад маладога Леаніда Галубовіча больш за паўсотні. Я іх з любоўю захоўваю і часам, калі захочацца пабыць у нашай маладосці, перачытваю. І вельмі шкадую, што Лёня даўно не піша вершаў. Усе ягоныя зацемкі і «легалізацыі» – цудоўныя і непаўторныя, але, але. Хаця кожны з нас сам вырашаў і вырашае: што пісаць ці не пісаць зусім, дзе і што друкаваць ці зусім не друкавацца. Леанід Галубовіч даўно зрабіў свой выбар. І сёння ён паважаны і знаны пісьменнік, слова якога цэніцца і не губляецца на прасторах беларускай літаратуры, дзе ўжо свой рэй вядуць новыя маладыя творцы, якім, віншуючы Леаніда Галубовіча з юбілеем, кажу з намёкам: «І мы былі нядаўна маладымі...»

***

12.04.2016. Сёння міжнародны Дзень касманаўтыкі. Ніколі не марыў быць касманаўтам. І калі па тэлевізары аб’яўлялі пра новы запуск касмічнага карабля, бацька, пачуўшы гэта, казаў: «Зноў нейкі косман паляцеў! Няма чаго ім там рабіць! Толькі Бога злуюць!»

***

12.04.2016. Учора да пенсіі мне было чатыры гады, а з сённяшняга дня – сем. Аднак я не памаладзеў на тры гады.

***

12.04.2016. Быў два тыдні ў адпачынку. Сёе-тое рабіў дома і выгульваў аўчарку Міёну. З раніцы да вечара на Мухлі бачыў адных сабак і іх гаспадароў у спартовых касцюмах. Пайшоў на працу. На кожным кроку на вуліцы жанчыны ў кароткіх спадніцах і ніводнага сабакі...

***

12.04.2016. На працы. Звоніць тэлефон. Падымаю слухаўку. Чую: «Может, вам моя рукопись попала? Не помню, куда отдал.» – «Як называецца?» – пытаюся. – «В объятиях удава», – адказвае пісьменнік. – «Не! Такой у нас няма!» – гавару я і чую кароткія гудкі.

***

12.04.2016. Мы робім памылкі. У напісанні тэкстаў. У жыцці. Нават перапісчыкам Бібліі Бог не гарантаваў адсутнасці памылак. Мы робім памылкі. У напісанні тэкстаў. У жыцці. Мы яшчэ жывыя...

***

13.04.2016. У сеціве з’явілася інфармацыя: «У Мінску пасля цяжкай хваробы на 69-м годзе жыцця памёр вядомы беларускі журналіст і пісьменнік Міхаіл Кацюшэнка».

***

13.04.2016. Выступаў у СШ №2, што ў раёне Каменнай горкі. Едучы ў школу, думаў, што сустрэча з вучнямі адбудзецца ў душным класе або цеснай бібліятэцы, як часцей за ўсё гэта бывае. Прыехаў і трапіў у вялікую, амаль паўнюткую школьную актавую залу. Быў мікрафон, таму гаварыў, не рвучы горла, з натхненнем, якое з’явілася на ўваходзе ў школу, дзе мяне сустрэла цудоўная настаўніца Жанна з ветлай, шчырай усмешкай. Дзеці спакойна сядзелі, слухалі, а потым задавалі пытанні. Па-беларуску. Адзін толькі хлопец гаварыў паруску, але, атрымаўшы ад мяне адказ, ён праз хвілін пяць яшчэ задаў пытанне, і на гэты раз па-беларуску. Дамоў вяртаўся, як з роднай школы.

***

15.04.2016. Маладзік як адзінокі залаты ветразь у акіяне вечнасці.

***

15.04.2016. У свой час Ірына Марачкіна збірала кнігу ўспамінаў пра Ірыну Крэнь, з якой я працаваў у газеце «Наша слова». На жаль, кніга не выйшла, і Ірына Марачкіна пакінула гэты свет. Аднак успамін захаваўся. Ён, праўда, мае гучную назву «Мы разам ішлі да Беларусі», але не звяртайце на яе ўвагу, а чытайце.

Мы разам ішлі да Беларусі

Ірына Платонаўна Крэнь. Успамінаючы Ірыну Платонаўну, прыходжу да высновы, што гады яе працы ў газеце «Наша слова» былі самымі яркімі і плённымі ў яе працоўнай і жыццёвай біяграфіі. І не толькі самымі яркімі і плённымі ад таго, што яна актыўна ўдзельнічала ў выпуску газеты «Наша слова», а больш ад таго, што яна, як і ўсе супрацоўнікі штотыднёвіка Таварыства беларускай мовы, вяртала ў сэрцы і душы беларусаў гонар звацца беларусамі, беларусамі, якія маюць сваю мову і шматвекавую гісторыю і ганарацца гэтым.

Успамінаючы Ірыну Платонаўну, я не магу не згадаць тыя ўмовы, у якіх мы ўсе тады жылі і працавалі. А час быў вельмі складаны, але ўсё-ткі светлы. І няхай гэта гучыць пафасна, але мы ўдзельнічалі ў нацыянальным Адраджэнні і разам з усімі ішлі да Беларусі. І, каб не быць галаслоўным, я прывяду некаторыя запісы са свайго дзённіка, якія тычацца непасрэдна «Нашага слова» і Ірыны Крэнь.

«5.05.1991. 29 красавіка – мой першы дзень працы ў «Нашым слове». Рэдактар Эрнест Ялугін растлумачыў мне ўсе мае абавязкі. Самае галоўнае – буду займацца літаратурай. У гэты ж дзень падрыхтаваў да друку верш Уладзіміра Пецюкевіча і подпісы да здымкаў. Здымкі прынёс з часопіса «Беларусь», бо ў нас сваіх няма.»

Сапраўды, на той час у нас не было свайго фотакора, і мы карысталіся тымі здымкамі, якія толькі маглі раздабыць у іншых рэдакцыях або купіць у БелТА. І, зразумела, мае першыя і ўсе наступныя матэрыялы для «Нашага слова» перад тым, як ісці ў друк, былі прачытаны стыльрэдактарам Ірынай Крэнь. Ірына Платонаўна чытала ўсё, і нават у некаторых выпадках яе меркаванне, друкаваць ці не той ці іншы матэрыял, было больш важкім за слова рэдактара. Чаму? А таму, што Ірына Платонаўна была не толькі высокаадукаванай і інтэлігентнай жанчынай, але яна мела аўтарытэт прафесійнага мовазнаўцы і стыльрэдактара. І наш рэдактар з думкамі Ірыны Крэнь заўсёды лічыўся. Некаторыя матэрыялы яна сама перапісвала за аўтараў, хоць гэта і не ўваходзіла ў яе абавязкі. А чаму яна так рабіла? Бо яна ведала і разумела, што чытачы «Нашага слова» – патрыёты Беларусі, ды, на жаль, не ўсе з іх добра валодаюць прафесіяй журналіста. І даведзеныя Ірынай Платонаўнай да ладу матэрыялы ішлі ў друк. І мелі чытацкі рэзананс. І Ірына Платонаўна радавалася, калі з цягам часу яе падшэфныя аўтары самі пачыналі пісаць на тым узроўні, калі ўжо не трэба было іх перапісваць. Да ўсяго, Ірына Платонаўна сама пісала надзённыя артыкулы, і ў яе яны добра атрымліваліся.

«8.09.1991. 16 жніўня разам з Людай і Веранічкай, а таксама з сям’ёй Галубовічаў паехаў у Дом творчасці «Іслач». Надвор’е было добрае. Усе радаваліся, што выбраліся на прыроду. Веранічцы спадабалася ў Доме творчасці, і яна адразу забылася і пра Мінск, і пра бабулю Галю.

19 жніўня, устаўшы недзе а шостай гадзіне, я паехаў у Мінск у рэдакцыю на вёрстку нумара. Напачатку заглянуў дахаты, а затым да цешчы ў газетны кіёск, дзе яна працавала. Цешча, між іншым, паведаміла, што Г арбачова знялі, на што я сказаў: «Такога не можа быць.» – і паехаў у рэдакцыю «Нашага слова». Памяшканне ТБМ было замкнутае, і мне давялося даўгавата пастаяць пад дзвярыма. Першай прыйшла Люба Баршчэўская і, убачыўшы мяне зусім спакойным, сыталася: «Ты, відаць, нічога не ведаеш?» – «А што?» – «У краіне ваенны пераварот. Я ўжо мужу засушыла булку на сухары.» І толькі пасля гэтага я зразумеў, што цешча мая не жартавала. У галаве закруціліся розныя і страшныя думкі. Калі прыйшоў Ялугін і ўсе астатнія, мы пачалі абмяркоўваць палітычную сітуацыю. А па радыё і тэлебачанні ўсё перадаюць і перадаюць пастановы ДКНС. Пагаварыўшы, мы ўсе прыйшлі да высновы, што нашу газету забароняць, але нумар чарговы, нічога не мяняючы, як было запланавана раней, пачалі рабіць. Баршчэўская, праўда, бедавала – мужа арыштуюць. Ялугін суцяшаў, што арыштоўваць яго адразу не будуць, а тым больш нас, і гэты путч, камуністычна-ваенны, яшчэ невядома, ці пераможа, бо калі перамагаюць, то перамагаюць адразу. Зрабіўшы нумар, я адпрасіўся назад у «Іслач».

Ірына Платонаўна, у якой быў рэпрэсаваны бацька, як ніхто разумела тое, што адбылося ў краіне. Але яна была спакойная, і, відаць, у многім дзякуючы ёй, мы не разгубіліся, а працягвалі рабіць газету. І зрабілі, і газета выйшла. І нам не сорамна.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю