355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Віктар Шніп » Заўтра была адліга-4 (СИ) » Текст книги (страница 6)
Заўтра была адліга-4 (СИ)
  • Текст добавлен: 1 декабря 2017, 07:30

Текст книги "Заўтра была адліга-4 (СИ)"


Автор книги: Віктар Шніп



сообщить о нарушении

Текущая страница: 6 (всего у книги 10 страниц)

***

3.02.2016. У панядзелак у выдавецтва па справах заходзіў Адам Глобус. Сядзелі ў кабінеце Алеся Бадака. Размаўлялі пра літаратарскае жыццё-быццё, узгадвалі свае маладыя гады і сяброў, якіх ужо няма. Валодзя падарыў нам па кніжцы. Мне – свой «Дом». Ва ўвесь час нашай размовы мне хацелася паклікаць сакратарку і папрасіць, каб яна сфатаграфавала нас на мой смартфон. Не паклікаў. Неяк было няёмка гэта рабіць. Яшчэ сфатаграфуемся. Сёння прыходзіў Васіль Зуёнак: «Я тут на Нямігу ў краму прыехаў. Убачыўшы, што да вас недалёка, вырашыў наведацца». У нашай размове некалькі разоў Васіль Васільевіч паўтарыў, што яму ўжо 80 гадоў і цяпер у яго кожны дзень жыцця на ўліку. І я паклікаў сакратарку, каб яна сфатаграфавала нас. Зуёнак тут жа скінуў куртку, і мы сфатаграфаваліся.

***

3.02.2016. Вечар. Зімовы дождж. Іду па скверы. Раней тут былі могілкі. Пад дрэвам на лаўцы ў змроку сядзяць мужчыны. П’юць з чорнай пляшкі віно, як смалу...

***

4.02.2016. У сённяшнім «ЛіМе» змешчаныя мае вольныя вершы «Зямля Фердынанда Рушчыца», «Жоўты, жоўтае і залатое», «Белы і белае» і «Сосны Івана Навуменкі». Нечакана далі на цэлую старонку. Даўно такім аб’ёмам не друкаваўся. Некага гэты мой захоп «ЛіМа» раззлуе, некаму не спадабаецца, што творы нерыфмаваныя. А я, разгарнуўшы газету на старонцы з вершамі, усміхнуўся, убачыўшы свой вельмі даўні фотаздымак, на якім я нейкі руды і ў акулярах, і падобны на Гары Потара...

***

4.02.2016. У белым снезе спіць белы мядзведзь. Ты яго не баішся, бо ты яго не бачыш.

***

5.02.2016. Выгульваючы на Мухлі сабаку Міёну, часта згадваю радкі Івана Буніна з верша «Одиночество»:

Что ж! Камин затоплю, буду пить...

Хорошо бы собаку купить...

Праўда, у мяне ўсё не як у вершы: сабака ёсць, каміна няма, дзявяты год не п’ю. Нейкі я няправільны, хоць і сумны...

***

6.02.2016. Сабакі радасна гуляюць на пляцоўцы для выгулу сабак, а мы, іх гаспадары, стаім каля дрэва, як прывязаныя...

***

6.02.2016. Упершыню і не ад добрага настрою Максім пастрыгся пад нуль. Выгляд у яго цяпер салдацка-бандыцкі. Я ж у свой час, будучы школьнікам, быў стрыжаным пад нуль некалькі разоў на год. Асабліва было слёзна, калі за тыдзень перад навучальным годам бацька браў тупыя нажніцы, доўга іх вастрыў, а потым стрыг мяне, як барана. Паехаўшы вучыцца ў Мінск, я ўжо не даваўся бацьку ў рукі і хадзіў па некалькі гадоў нястрыжаным, што нават часам чуў у свой адрас у транспарце: «Дзевушка, вы выходзіце на наступным прыпынку?» Праўда, у час маёй маладосці сярод хлопцаў была мода на доўгія валасы. Памятаецца, неяк мама папрасіла мяне, каб я пастрыг бацьку. Я пастрыг, і з таго разу я быў асабістым бацькавым цырульнікам да апошніх дзён яго жыцця. Неяк, стрыгучы бацьку, я запытаўся: «Ці помніш, як ты мяне стрыг, а я плакаў?» – «Не! Не помню...» – адказаў бацька, і мы разам засмяяліся...

***

7.02.2016. Памрэш і атрымаеш узнагароду – на ланцугу пражытых гадоў драўляны крыж.

***

7.02.2016. Сонечна. Ты ідзеш па скверы па леташнім лісці. Яно шэрае, як твой настрой. Месцамі з-пад лісця вызіраюць зялёныя промні травы. Гледзячы на іх, ты ўсміхнуўся. Побач ішла жанчына. Згледзеўшы тваю ўсмешку, яна таксама ўсміхнулася. Што яна падумала? Шчаслівы? Ідыёт? Відаць, падумала, што шчаслівы, бо ўсміхнулася, як шчаслівая.

***

7.02.2016. Гадоў дзесяць таму знаёмы паэт, які жыве на раёне, клікаў прыехаць да яго на вясновае паляванне на пералётных гусей. Я адмовіўся. З таго разу цяпер кожную вясну баюся, што ён зноў патэлефануе і пачне клікаць на паляванне. Я люблю гусей, якія лятуць...

***

8.02.2016. Сёння з самага ранку адзін з аўтараў кнігі пра Уладзіміра Мулявіна даведаўся, што выданне выйшла і яго можна набыць у кошт ганарару. Праз гадзіну пісьменнік прыехаў у выдавецтва з вялікай сумкай для фаліянта. Я павёў яго ў аддзел рэалізацыі, дзе высветлілася, што грошай не хапае на кнігу. Ганарар малы, бо і напісанае пра Мулявіна малога аб’ёму. «А ў мяне з сабой ні капейкі няма!» – усклікнуў пісьменнік. Выслухаўшы шэраг прэтэнзій па ганарарах, я сказаў: «У наш час нельга выходзіць без грошай з дому і хадзіць па горадзе, як без пісталета ў рэвалюцыю!»

***

9.02.2016. Снілася родная хата. Адзінокая. Навокал снег, як мора, і далёка на гарызонце стог саломы, як узыходзячае сонца. Я гляджу ўдалечыню, і мне спакойна, бо я ведаю, што недзе там бацькі, якім добра.

***

10.02.2016. На кніжнай выставе прэзентавалі кнігу «Владимир Мулявин. “Сэрцам і думамі”», якая з’явілася ў свет дзякуючы яе аўтару і складальніку Людміле Крушынскай.

На прэзентацыю я прыехаў за паўтары гадзіны да пачатку. На ўваходзе ў выставачны павільён Людміла Крушынская з Барысам Крэпакам сустракалі выступоўцаў, а я іх адводзіў у гардэроб. Першым прыйшоў Анатоль Кашапараў, якога адразу (многія пазналі) абступілі людзі і пачалі браць аўтографы і разам з ім фоткацца. Потым прыйшоў Леанід Барткевіч. Яго мала хто пазнаў, але многія глядзелі яму ўслед, бо ён быў апрануты вельмі нетыпова. Трэцім з’явіўся Пётр Ялфімаў. Гардэробшчыцы, убачыўшы спевака, адразу завохкалі-заахкалі: «Ялфімаў! Ялфімаў!» Астатнія выступоўцы (фотамайстра Юрый Іваноў, кампазітар Алег Молчан, артыст Вадзім Касэнка, кінарэжысёр Уладзімір Арлоў, кампазітар Аляксей Скрыпнік, народны артыст Беларусі Міхаіл Казінец, музычны пастаноўшчык спектакля «Пясняр» Аляксей Еранькоў, жонка Уладзіміра Мулявіна Святлана Пенкіна і дзеці Песняра Валерый і Марына) не мелі такой увагі, як Кашапараў, Барткевіч і Ялфімаў, на шляху да месца прэзентацыі, але калі пачалася дзея, то і яны атрымалі ад удзячных слухачоў (было недзе каля 150 чалавек) мора воплескаў. Вёў імпрэзу артыст Алег Вінярскі. Закончылася яна «Малітвай» у выкананні Уладзіміра Мулявіна. Усе слухалі стоячы. Адчувалася, што нябачны Мулявін стаіць на сцэне каля мікрафона і спявае...

Мулявін і «Малітва»

11.02.2016. Пасля прэзентацыі кнігі пра Уладзіміра Мулявіна прыехаў дамоў позна вечарам з добрым настроем, бо ўсё прайшло цудоўна. Многія казалі, што падобных па прадстаўнічасці і душэўнай цеплыні прэзентацый на кніжных выставах даўно не было і ці хутка будуць. Лёг спаць, як звычайна, а 12 гадзіне і... прыснілася наша прэзентацыя і Мулявін, які спяваў і спяваў «Малітву». І сёння са словамі купалаўскай малітвы ў душы я і паехаў на кніжную выставу. Прыехаў а 10-й. Хутка падышлі нашы выдавецкія супрацоўніцы, і адна з іх прызналася, што ёй усю ноч снілася наша прэзентацыя і песня «Малітва», таму яна не выспалася, але з гэтага не бядуе, бо слухала Мулявіна.

***

11.02.2016. Учора, калі праводзіў у гардэроб ганаровых гасцей прэзентацыі кнігі «Владимир Мулявин. “Сэрцам і думамі”», меў магчымасць паразмаўляць з Леанідам Барткевічам. І пачаў я размову са згадкі пра тое, што ён і я ў свой час скончылі адну і тую ж навучальную ўстанову – Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум. «Потым я вучыўся ў Маскве ў ГІТІСе!» – выслухаўшы мяне, сказаў спадар Леанід. «А я ў Літінстытуце!» – усміхнуўся я і запытаўся: «Ці памятаеце, як, ужо будучы ў «Песнярах», вы прыходзілі ў інтэрнат тэхнікума, і вам хлапчук дапамагаў пару радкоў да песні дапісаць, а вы злаваліся, што ён нотнай граматы не ведае?» – «Гэта ж было амаль сорак гадоў таму! Нешта памятаю, а нешта і не памятаю. Я ж тады пасля тэхнікумаўскіх «Залатых яблыкаў» часам заглядаў у тэхнікум і, магчыма, было і такое, пра што вы кажаце...» – «Той хлапчук перад вамі». – «Вельмі прыемна», – сказаў Леанід Барткевіч і паціснуў мне руку.

***

11.02.2016. Раніцай з Дзмітрыем Пятровічам прэзентавалі кнігу прозы і паэзіі маладых «Мой дзень пачынаецца...» Усе запрошаныя паэткі прыйшлі: Валерыя Саротнік, Яна Явіч, Ганна Чумакова, Ірына Чарняўская, Кацярына Масэ, Вераніка Мандзік, Людміла Клачко. Паэтаў не было. Іх у зборніку дванаццаць чалавек з сарака пяці. Было шмат маладых слухачак (дзяўчат семдзесят, а мо і болей), і таксама аніводнага хлопца. Праўда, сярод іх стаяў Леанід Дранько-Майсюк. На жаль, у мяне не было фотаапарата, а то можна было б зрабіць паэтычны здымак з назовам кшталту «Паэт і ягоныя музы».

***

11.02.2016. Учора, ідучы да сцэны на выступленне, Леанід Барткевіч запытаўся ў мяне: «Як лепей сказаць, Расія ці Расея?» – «Расія», – адказаў я, і ў сваім выступленні спадар Леанід Расію назваў Расіяй.

***

11.02.2016. На кніжнай выставе вечарам вёў паўтарагадзінную імпрэзу «Сямейнае чытанне: чытаем класікаў беларускай літаратуры». На жаль, слухачоў было малавата. Праўда, нашы выступленні, дзякуючы мікрафону, чуліся амаль на ўвесь выставачны павільён. Я чытаў класікаў (Купалу, Багдановіча, Танка, Куляшова, Броўку, Караткевіча, Янішчыц), а прысутныя паэты чыталі сябе, як класікі. Завяршылася наша імпрэза выступленнем студэнцкага тэатра «Жывое слова» пад кіраўніцтвам Алесі Сівохінай. Пакуль мы чыталі вершы, на вуліцы выпаў снег. Белы, як чыстая папера для новых твораў.

***

12.02.2016. Кніжная выстава стамляе. Кнігі не стамляюць...

***

13.02.2016. На кніжную выставу прыехаў за паўгадзіны да пачатку паэтычнай імпрэзы, у якой быў вядучым. Сабраліся выступоўцы. Дзесяць гадзін. Трэба пачынаць, а пачаць не можам, бо няма мікрафона. Дзе ён? А ён у гукааператара, які забраў яго дахаты і ўжо едзе на працу. Чакаем. Хвалюемся. Час ідзе. Гукааператара ўсё няма і няма. Слухачы запытальна глядзяць на нас: «Чаму не выступаем? Каго ці чаго чакаем?» Хлопец з мікрафонам з’явіўся а палове адзінаццатай. Давялося падкараціць нашы выступленні. Спадзяюся, што ўсім запомніцца Касандра – цудоўная спявачка, гімназістка, прыгажуня. Яна праспявала песню «Жураўлі» на трох мовах – рускай, кітайскай і беларускай.

Хлопец Андрэй купіў маю кнігу «Заўтра была адліга» і запытаўся: «Калі будзе працяг?» – «Ён пішацца кожны дзень!» – адказаў я.

У дванаццаць гадзін быў каля ратушы, дзе ўдзельнічаў у рэспубліканскай акцыі «Беларусь, я цябе люблю». Напачатку ўвесь пляц быў запоўнены людзьмі. Потым з-за холаду слухачы паціху пачалі разыходзіцца, але і пачалі прыходзіць новыя. Прачытаў два вершы, прысвечаныя Мулявіну і Караткевічу.

Вечарам на кніжнай выставе вёў імпрэзу «Сямейнае чытанне: чытаем класікаў беларускай літаратуры». Усё было хораша. Мне найбольш спадабалася паэтычна-музычнае выступленне паэта Змітра Арцюха і скрыпачкі Юліі Лебядзенкі, якая прыехала на канікулы з Вены, дзе вучыцца. Вялікі дзякуй ім, што не адмовіліся выступіць, бо пасля выступлення на іншай прэзентацыі яны ўжо ішлі дахаты, а я іх перахапіў на самым выхадзе з выставачнага павільёна.

Каля стэнда выдавецтва гістарычнай кнігі «Янушкевіч» Людміла Рублеўская раздавала аўтографы на «Авантюры Прантиша Вырвича, школяра и шпика» ў перакладзе Паўла Ляхновіча. Час ад часу ад стэнда «Мастацкай літаратуры» мне даводзілася вадзіць да Людмілы чытачоў з кнігамі, што выйшлі ў нас і ў «Звяздзе»...

Шкадую, што не прысутнічаў на прэзентацыі кнігі Ксеніі Шталянковай «Адваротны бок люстра».

***

13.02.2016. Мінулай ноччу снілася вёска. Я прыехаў ранкам з Мінска. Іду да роднай хаты, а мне насустрач сунецца Сяргей Вераціла. Павіталіся. Сяргей кажа: «Я там жыў у цябе цэлы тыдзень! Дзякую! Толькі нешта там у хляве ў цябе смярдзіць». – «Відаць, свіння здохла!» – кажу я. Сяргей пагаджаецца і раіць яе закапаць, каб не смярдзела.

***

13.02.2016. Некаторыя наведвальнікі кніжнай выставы, а таксама сёй-той з пісьменнікаў фатаграфуюцца з кардонным Баракам Абамам. Я кардонных, як і гумовых, не люблю.

***

14.02.2016. Апошні дзень кніжнай выставы, але не кніжнага свету.

Сёння не спяшаўся да выдавецкага стэнда, але ўсё роўна прыехаў а палове

адзінаццатай. Людзей мала. Ходзяць сярод кніг, як сярод цэглы, з якой будуюцца душы.

Урэшце змог цалкам абысці ўсе сцежкі-дарожкі выставы. Нічога незвычайнага няма, акрамя кардоннага Абамы.

Удзельнікі выставы стомленыя ад шуму-тлуму, але ўсміхаюцца, як і належыць культурным людзям. Многія наведвальнікі, як шукальнікі скарбаў, апантаныя да слепаты ў сваіх пошуках.

Сёння на галоўнай сцэне была прэзентацыя толькі кніжак Тамары Лісіцкай. Нехта праходзіў міма, нехта спыняўся. Пыталіся: «Што за актрыса?» Тлумачыў. Нехта спыняўся, нехта ішоў далей.

Першай кнігай нашага выдавецтва, якую набылі на выставе, быў фаліянт «Владимир Мулявин. “Сэрцам і думамі”». Хто купіў – не ведаю, бо быў заняты сустрэчай ганаровых гасцей прэзентацыі гэтага выдання. Апошняй кнігай, набытай у нас, стаў том з серыі «ЖЗЛБ» пра Кузьму Чорнага. Яго займеў Міхась Скобла. Якраз была ўкладальніца кнігі Галіна Шаблінская, якая і дала пакупніку свой першы аўтограф на гэтым выданні. Тут жа каля выдавецкага стэнда пры сведках дамовіліся з Галінай Васільеўнай на новую працу. Думаю, што яна яе асіліць, і ўсе мы займеем цікавую і патрэбную кнігу. Якую? Сакрэт! Няхай зробіць!

За пяць дзён выставы заўважыў, што маю кнігу «Заўтра была адліга» купляюць ахвотней за «Пугачоўскага цырульніка», нягледзячы на тое, што яна даражэйшая ў два разы.

Крыху сумна, што кніжная выстава закончылася. І добра, што закончылася, бо чытачы не паспелі абрыдзець выдаўцам і пісьменнікам.

Сёння дзень закаханых. Сёй-той купляў сваім каханым кнігі, таму верыцца, што і далей кніга застанецца лепшым падарункам.

***

14.02.2016. Вярнуўшыся дахаты пасля закрыцця кніжнай выставы і адпачыўшы крыху, з Людмілай пайшлі на V Міжнародны паэтычны фестываль «Вершы на асфальце» памяці Міхася Стральцова, каб паслухаць выступленне Антона Рудака з гуртом Рамана Абрамчука і падтрымаць Георгія Барташа. Прыйшлі раней, таму трапілі яшчэ і на выступленні Віктара Лупасіна і Віктара Жыбуля. Тое, што яны робяць, моладзі падабаецца. Старым не вельмі. Я не моладзь, але мне яшчэ далёка да старых.

Паэтычна-музычна-песенная кампазіцыя Рудака і Абрамчука сабрала поўную залу людзей. Стала душна і горача. Давялося зняць пінжак. Праўда, праз некалькі хвілін я змог забыцца на тое, што пяць дзён адпрацаваў на кніжнай выставе і што на вуліцы незразумелае надвор’е, ад якога няма настрою радавацца жыццю.

Паэтычны слэм пачаўся на паўгадзіны пазней запланаванага. Паглядзеўшы на гадзіннік, я вырашыў, што з Людмілай падтрымаем воплескамі Георгія Барташа і пойдзем, бо заўтра ж на працу. І тут са сцэны сышоў Андрэй Хадановіч з прапановай да прысутных пабыць суддзямі слэмераў. Ніхто сам не захацеў папрацаваць, і Андрэй, раздаўшы некалькім дзяўчатам таблічкі з адзнакамі, сказаў: «У нашай зале прысутнічае культавы паэт, наш класік Віктар Шніп. Я думаю, што ён будзе справядлівым суддзёй. Толькі астатнія не арыентуйцеся на яго адзнакі!» Ад пачэснай працы я не адмовіўся. У мяне ўжо быў судзейскі досвед з самых першых слэмаў, якія праходзілі ў Музеі Янкі Купалы, дзе мы разам з Андрэем Хадановічам, Пятром Васючэнкам, Людмілай Рублеўскай, Адамам Глобусам і Алесем Камоцкім сядзелі ў журы.

Некалькім паэтам я адзнакі занізіў з-за непрыстойных слоў у творах, а так, здаецца, быў справядлівым. Міхась Булавацкі з Магілёва быў вельмі строгім і паставіў выступоўцам пару двоек. І ўсё ж, калі Кастусь Жыбуль (яму гадоў дзесяць) па-за конкурсам чытаў вершы, якія былі напісаныя ў час слэму, Міхась Пятровіч найбольш эмацыйна і адабральна рэагаваў на ягоныя творы. Думаю, калі б Кастусь быў удзельнікам слэму, ён не толькі б трапіў у фінал, а мог бы і перамагчы.

Ганаровае чацвёртае месца занялі прадстаўнікі каманды «Рухавіка» Алесь Снег, Аліса Мініна, Рыгор Шыбека. Трэцяе месца падзялілі Наста Кудасава і Сяргей Прылуцкі, на другім – Дайва Чапаўскайтэ з Літвы. Пераможцай стала Алена Сцепаненка з Украіны.

Пасля заканчэння паэтычнага слэму з прыемнасцю пазнаёміўся з паэткай Анхелай Эспіноса, якая хораша выступіла ў ліку самых першых. А першымі выступаць найцяжэй, бо сябрам журы яшчэ няма з кім іх параўноўваць. Запомніўся верш Анхелы пра Хрыста.

Дамоў з Людмілай вярнуліся амаль а дванаццатай гадзіне. Задаволеныя, нібыта мы перамаглі ў паэтычным слэме.

***

15.02.2016. Сёння чатыры гады, як мая мама пайшла ў лепшы свет. Перад працай я наведаў Кафедральны сабор. Заказаў памінальную малітву. Купіў грамнічных свечак. Зайшоў у царкоўны бабінец і паставіў памінальную свечку. Якраз там быў святар, які даваў усім пацалаваць крыж. Даў і мне. Я пацалаваў і пачуў: «Бласлаўляю!» Адразу ж ува мне нешта (відаць, душа) страпянулася, мне стала светла і лёгка, а на вачах ад радаснага пачуцця з’явіліся слёзы.

***

16.02.2016. З гімназіі № 8 прыходзілі да мяне на працу гімназісткі (11 клас з філалагічным ухілам) Паліна, Юля і Дзіяна. Бралі інтэрв’ю для гімназічнага блога. На пытанне «Чаму выбралі мяне?» пачуў: «Нам падабаецца тое, што вы пішаце». Мяркуючы па пытаннях, дзяўчаты, збіраючыся да мяне, добра падрыхтаваліся (пачыталі мае кнігі, паглядзелі матэрыялы пра мяне ў інтэрнэце). Я ім распавёў, як у пяць гадоў бамбіў амерыканцаў, а потым прыдумаў на суседку верш, за які мне цётка выдала ганарар крапівой. Распавёў і пра тое, як у дванаццаць гадоў са сваімі вершамі хадзіў да Янкі Купалы ў Вязынку, а зімой у гэтым жа ўзросце закахаўся ў Снягурку, якую пабачыў па тэлевізары. Былі і пытанні пра сучасную літаратуру. Падмацоўваючы адказ на пытанне, што варта пачытаць, я назваў шэраг імён і падарыў дзяўчатам кніжку Людмілы Рублеўскай «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега». З гімназісткамі размаўляў амаль гадзіну. На развітанне падпісаў кніжку «Страла кахання, любові крыж», якую дзяўчаты захапілі з сабой з гімназічнай бібліятэкі, і падарыў кожнай «Пугачоўскага цырульніка». І ўжо, калі мае госці былі на парозе, пацікавіўся: «Можа, самі пішаце вершы?» – «Не!» – пачуў дружны адказ. «Я болей люблю чытаць вершы!» – сказала Юля і працытавала некалькі маіх радкоў. Я расчуліўся і падарыў дзяўчыне кнігу «Першы папяровы снег».

***

17.02.2016. Пасля пяці дзён кніжнай выставы месяц у небе, як кніжка ў форме месяца.

***

17.02.2016. У калюзе мінулагодні руды бярозавы ліст, як маленькая Атлантыда...

***

18.02.2016. Прыснілася, што з Уладзімірам Сцяпанам прыйшлі да ракі купацца. Здымаем пляцакі, кладзём на пясчаны бераг. Рака шырокая. Раптам успомніўшы Алеся Пісьмянкова, я прапаную: «Давай паклічам Алеся Пісьмянкова! Ён любіць купацца. У яго хутка дзень народзін». Сцяпан пагаджаецца, і мы вяртаемся да нейкага велізарнага будынка, каля якога стаяць пісьменнікі. Шмат незнаёмых. Знаходзім сярод іх Пісьмянкова і кажам, што непадалёку цячэ Днепр, у якім можна пакупацца. Алесь, усміхаючыся, і яшчэ некалькі пісьменнікаў ідуць з намі. Прыходзім да вады, а нашых са Сцяпанам пляцакоў няма на месцы, яны ляжаць на супрацьлеглым беразе. Пісьмянкоў закурвае і пачынае нешта распавядаць, а я кідаюся ў раку і плыву. Даплыўшы да берага, на якім пляцакі, чую звон – гэта звініць будзільнік, і я прачынаюся. Запісваючы прыснёнае, паглядзеў у даведнік. 25 лютага Алесю Пісьмянкову было б 59 гадоў.

***

19.02.2016. Удзельнічаў у спектаклі Паэтычнага тэатра «Арт.С», які прадстаўляў паэтычна-міфалагічны праект «Сакральная Беларусь». На гэты раз тэмай дзеі быў чырвоны колер. Усе выступілі хораша, але найбольш уразілі прысутных гімназісты Альжбета Малішэўская-Спрынчан (спявала народныя песні) і Вячка Скобла, які дэбютаваў як чытальнік вершаў. Вяртаючыся дахаты, я думаў пра сіні колер, які будзе тэмай наступнага спектакля. На вуліцы сыпаў дробны зімовы дождж, а дома мяне чакалі – аўчарка Міёна, Людміла з Настай Грышчук, якая прыехала, каб зрабіць для «Сямейнай газеты» інтэрв’ю з намі. З Настай размаўлялі амаль да адзінаццаці гадзін. Яна, падводзячы вынікі інтэрв’ю, сказала, што мы ідэальная сям’я. Можа, яно так і ёсць. Дай бог, каб у кожнага творчага чалавека было ўзаемаразуменне з блізкімі!

***

20.02.2016. Кожны раз, дастаючы з паштовай скрынкі газеты, спадзяюся, што сярод іх будзе квіток на атрыманне ганарару. Квіткі, на жаль, бываюць вельмі рэдка, ды і ганарары прыходзяць драбнюткія. Сёння сярод газет ляжала позва ў ваенкамат на імя Шніпа Максіма.

Выгульваючы Міёну, да сённяшняга дня думаў, што я адзін са сваім сабакам размаўляю па-беларуску. Не! Не адзін! Сёння ў загоне для выгулу сабак была пажылая жанчына, і яна са сваёй Чарнічкай кантактуе па-беларуску. Жанчына нарадзілася на Палессі. Размаўляючы з ёй, я згадаў паэтку Яўгенію Янішчыц, якой цяпер было б столькі гадоў, колькі маёй суразмоўцы...

***

21.02.2016. Снег растае. Ты па ім ідзеш, пакідаючы ланцужок слядоў, які праз нейкую хвілю напаўняецца вадой, як небам, з якога снег упаў, не думаючы, што ён растане.

Нават калі ўсіх нас не стане, то мова будзе ўсё роўна жыць. Жыць у кнігах, як у спелых жытніх зярнятах жытнёвае мора.

***

23.02.2016. З таго часу, як у нас дома жыве аўчарка Міёна, з якой у вольную хвіліну выходжу на вуліцу, я амаль перастаў уключаць тэлевізар. Раней, калі не было сабакі, мог гадзінамі гартаць каналы, шукаючы цікавае, і часам глядзеў абы-што. Цяпер у зале тэлевізар як чорны квадрат. Не! Не квадрат. Тэлевізар прамавугольны. Вялікі. Ён як чорная дошка, на якой, узяўшы крэйду, можна пісаць і маляваць, як у дзяцінстве.

***

24.02.2016. Вяртаючыся з працы, на дзвярах нашага пад’езда прачытаў абвестку, што з 26 лютага ў доме будуць адключаныя ўсе газавыя калонкі для нагрэву вады і падключацца толькі тады, калі вентыляцыйныя шахты будуць прыведзеныя ў парадак. Дзесяць гадоў таму ў нашым раёне рабілі капітальны рамонт. Вентыляцыю тады зрабілі з парушэннем нормаў і, калі б не смяротныя выпадкі з газавымі калонкамі, пра якія пісалася ў друку, нічога б у нас ніхто не рабіў. Словам, смажаны певень у адно месца дзеўбануў, і начальнікі заварушыліся. Цяпер будзем невядома колькі часу без гарачай вады. На душы паскудна-паскудна, бо месяцы тры таму мы мянялі калонку і ўжо ведаем, якія нас вясёлыя дзянькі чакаюць, пакуль вентыляцыя будзе даводзіцца да належнага ладу.

***

24.02.2016. Неяк было падарыў кнігу «Заўтра была адліга» кінарэжысёру Уладзіміру Арлову, а потым праз нейкі час атрымаў ад яго ліст, які, сёння яшчэ раз прачытаўшы, вырашыў занатаваць:

«Што Віцьку «барселёны» і «кракавы».

Што «мадрыды», «саррэнты» ўначы,

Калі думкі пра могілкі ў Ракаве

І пра вёску бацькоў – Пугачы.

Удар – з першага ж радка Вашай кнігі: “Упершыню за апошнія чатыры гады.” Што і як успрымалася далей – гл. эпіграф.

Я, можа, шчаслівейшы за Вас, бо адплывае ў туманную далеч боль страт, зацягваецца смалой-жывіцай часу: любімай бабулі не стала ў 71-м, бацькі – у 77-м, маці – у 92-м. Адно малюся за іх светлую памяць штораніцы. А наконт бацькоўскага дома. Вось урывак з маёй 9-й кнігі “Магия многоцветного экрана”, якую паказваў Вам (515 старонак, 150 фотак. “Харвест”, 2015 г.).

“Везде жили на съёмных квартирах: мой светлый папа-идеалист – совестливый солдат советской системы – считал неприличным коммунисту заботиться о своём жилье, чем рьяно и успешно занимались товарищи по партии. Понятно, почему у меня нет так называемого “отчего дома”. Может, поэтому фильмы мои назывались: “Твой дом на земле”, “Добренево – отчий дом”, “Дорога в оба конца” – о сельском и городском домах хлопцев-близнецов; “126 слов” и “Дорога на Евино” – о деревенских домах моих друзейсценаристов, – 33 серии “Проклятый уютный дом”; и песни: “Дом”, “Дом мой, столица”, “Вы домой, журавли”.

Местечко Сопоцкин. там папа и бабушка упокоились: лежат рядом, как и прожили вместе свой век, – какое счастье!.. ”

Вершы чытаю і перачытваю: як заўсёды, з захапленнем і асалодай. Цісну руку Майстра. З павагай – Уладзімір Арлоў, кінарэжысёр».

Зрабілі Міёне прышчэпку ад шаленства. Цяпер праз год – другую. Не забыцца б! Вечарам зважылі малую. Ужо 24 кілаграмы! Вялікая дзеўка!

***

25.02.2016. Атрымаў ліст на сваё імя ад пісьменніка, твораў якога ў нашых выдавецкіх планах няма: «Прашу рэдактара маёй кнігі ў апавяданні “Юр’еў дзень” апошні сказ “Сонца яшчэ не зайшло” замяніць на сказ “Яшчэ не зайшло сонца” – так, як было ў арыгінале пры перадачы рукапісу ў часопіс “Полымя”».

Тэлефанаваў сваяк Анатоль Блашчыцын. Ад яго даведаўся, што ў гэтым месяцы ў Пугачах памерлі нашы землякі: 19 лютага Ганна Сікорская (у канцы сакавіка было б 87 гадоў), 22 лютага пахавалі Стася Рабца (пражыў 58 гадоў), а сёння памёр Казік Вярбіцкі (1951 года нараджэння). Тры чалавекі памерлі, і ніхто не нарадзіўся.

***

26.02.2016. Быў у мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» на адкрыцці фотавыставы Юрыя Іванова «Невядомыя фотаздымкі Уладзіміра Мулявіна». Прыйшоў амаль на паўгадзіны раней. Баяўся, што яшчэ нікога не будзе. Ды не! Ужо былі Юрый Іваноў, Ігар Лучанок, Людміла Крушынская, Барыс Крэпак і яшчэ з дзясятак чалавек, а таксама тэлебачанне і фотакарэспандэнты. Хутка зала галерэі, на сценах якой віселі вялікія фотаработы, як мастацкія карціны, запоўнілася людзьмі. Тут жа ў цэнтры стаяў стол з зялёнымі пластыкоўкамі, напоўненымі шампанскім. Амаль ніхто іх не чапаў, бо не прынята да адкрыцця выставы святкаваць. А сямнаццатай гадзіне ўсіх прысутных запрасілі ў залу, дзе стаяў мікрафон, а на століку ляжала кніга «Владимир Мулявин. “Сэрцам і думамі”», у якой шмат фотаздымкаў Юрыя Іванова. Так атрымалася, што я спыніўся на ўваходзе з адной залы ў другую і мне былі бачныя выступоўцы і тое, што робіцца ў зале, у якой стол з шампанскім. Недзе праз хвілін пятнаццаць паўз мяне ў залу з адзінокім гасцінным сталом прайшоў дзіўнаваты хлапчук з доўгімі светлымі валасамі. Ён пахадзіў каля стала, панюхаў пластыкоўкі і хуценька выйшаў з залы. Праз пару хвілін ён зноў прайшоў каля мяне, але ўжо не адзін. Другія такія ж дзіўнаватыя хлопцы, відаць, са спецінтэрната для дзяцей з асаблівасцямі развіцця, абнюхаўшы ўсё, што было на стале, вярнуліся назад да сваёй кампаніі, якая стаяла непадалёку ад гардэроба. І яшчэ праз пару хвілін паўз мяне да стала з шампанскім прайшлі, як мурашкі, чалавек дваццаць хлопцаў і дзяўчат з таго спецінтэрната. Атрымалася вельмі прыгожая кінематаграфічная карціна – у адной зале пажылыя паважаныя дзядзькі выступаюць і гавораць пра Іванова і Мулявіна, а ў другой у гэты ж час дзеці са спецінтэрната з зялёных пластыковак п’юць шампанскае. Яшчэ праз хвілін дзесяць я выйшаў з мастацкай галерэі. На ганку стаяла аўтар кнігі пра Уладзіміра Мулявіна Людміла Крушынская і глядзела на бялюткі густы снег, які нечакана пасыпаўся з неба, як пялёсткі белых кветак ад Песняра.

З Алесем Разанавым і мастачкай Кацярынай Дасько даводзілі да ладу афармленне кнігі выбраных пункціраў «Такая і гэтакі: талакуе з маланкай дождж». Кожны раз пры размове з Алесем Сцяпанавічам у мяне з’яўляюцца паэтычныя радкі, чуючы якія, Разанаў кажа, каб я іх занатоўваў. На гэта раз я паслухаўся паэта:

На небе вырасла трава,

А на зямлі аблокі.

І ў іх схавалася царква,

Каб не прыйшлі прарокі,

Што косяць шаблямі траву.

***

27.02.2016. Сонечна, як пры жывой маме.

З Людмілай дамовіліся сустрэцца каля ГУМа а шаснаццатай гадзіне. Прыйшоў раней. Каля ўвахода ў краму на парапеце сядзеў, трымаючы паміж ног велізарную чорную сумку, у чырвонай куртцы і ў грувасткай чырвонай вязанай шапцы бяззубы паэт. Яго ведаю амаль сорак гадоў. Мы з ім пазнаёміліся на літаб’яднанні ў «Чырвонай змене». Я тады вучыўся ў тэхнікуме, а ён працаваў на водаканале. Як яго завуць – не памятаю. Ці піша ён цяпер вершы? Хутчэй што – не. Ён нярэдка бывае там, куды я прыходжу, і мне часам здаецца, што ён шпіёніць за мной. Хвілін пятнаццаць я таптаўся каля ўвахода ў ГУМ, і ўвесь гэты час бяззубы паэт сядзеў на парапеце і нешта сам сабе шаптаў, нібы маліўся. Каб пагрэцца, я на некалькі хвілін зайшоў у краму і, калі выйшаў, майго знаёмага на месцы не было. Ля ўвахода з’явіўся сабака. Нехта яго прывязаў, і ён спакойна і з любоўю глядзеў на мінакоў, грэючыся на сонцы. Хутка прыехала Людміла. Купіўшы ў ГУМе новых відэльцаў і лыжак, мы пайшлі на выставу дызайнераў «Млын». Уваход платны – 30 тысяч. Нягледзячы на гэта, у павільёне паўнютка людзей. Сустрэлі паэтку Наталку Кучмель. На самым пачатку нашай вандроўкі сярод рукатворнай прыгажосці мне прапанавалі набыць голас дажджу, а за хвілін дзесяць перад выхадам з гандлёвага павільёна мог займець таблетку шчасця. Нічога не набыў, а Людміла сёе-тое купіла. Дамоў вярталіся стомленыя, але задаволеныя. У маёй памяці застаўся голас дажджу.

***

28.02.2016. З белага неба сыплецца і сыплецца снег, як белая труха. І ты ідзеш па заснежаным полі, як па небе.

На лаўцы, на якой учора вечарам ляжаў бомж, сёння ранкам ляжаў снег.

***

29.02.2016. З выдавецтва N прыходзіла рэдактарка кнігі паэта, які піша на рускай мове і які ў свой томік твораў змясціў пераклады беларускіх паэтаў. Пыталася, што рабіць з Максімам Багдановічам, каму плаціць. У бухгалтэрыі іх выдавецтва катэгарычна сказалі: «У такога паэта не магло не быць дзяцей! Яны цяпер недзе ў Амерыцы жывуць! Трэба знайсці і заключыць дамову на публікацыю, а іначай яны нас па судах зацягаюць!»

Сакавік

1.03.2016. Ранкам зямля была чорная. Цяпер белая ад снегу, які ўсё ляціць і ляціць на зямлю. Ідучы праз гэтую першасакавіцкую завею, згадаў родную хату і тыя далёкія гады, калі бацьку было каля сарака. Ён працаваў на ферме падвозчыкам і палуднаваць прыязджаў на кані дахаты. Бывала, прыедзе па вясновай чорнай зямлі, паставіць воз у двары, а праз нейкую часіну пойдзе, як сёння, снег, і сляды ад колаў прападуць, нібыта іх і не было. Папалуднаваўшы, бацька вяртаецца на ферму, і следам за ім ад нашай хаты на снезе застаюцца дзве паралельныя каляіны, паміж якімі сляды каня. Я, дзесяцігадовы хлапчук, выходзіў з хаты і няспешна ішоў па бацькавай дарозе, уяўляючы, што тут нядаўна ехала карэта, у якой сядзеў князь. Князем быў мой бацька, і ён паехаў на вайну, а мяне пакінуў дома. З кім вайна? Я пра гэта не думаў. Г алоўнае для мяне было, што мой бацька – князь і ён вернецца з перамогай.

Выпаў снег, нібыта з чыстай старонкі пачаўся сакавік.

***

2.03.2016. Над Свіслаччу чайка, як папяровы самалёцік, што прыляцеў з майго дзяцінства.

***

3.03.2016. Раніца а палове дзясятай. Пад нагамі растае першасакавіцкі снег. Я іду на радыё запісвацца для перадачы «Дыярыуш». Па ходніках вуліцы Чырвонай у парк, дзе стаіць Марат Казей з гранатай, Ён і Яна прабеглі перада мной у сціплых спартовых касцюмах. Прыгожа. Яны не заўважылі мяне. А я цэлую хвіліну глядзеў ім услед. Прыгожа! Нават дзеля таго, каб убачыць іх разам у спартовых касцюмах, сёння і варта было а палове дзясятай ісці па калюгах на радыё.

У старых кніжках старонкі жоўтыя, як з пяску.

***

4.03.2016. У Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы ўдзельнічаў у адкрыцці фотавыставы «Балады Віктара Шніпа на фатаграфіях Міколы Лінніка», якая распачалася з выступу гурта Кацярыны Ваданосавай «Alta mente». У зале было шмат пастаянных наведвальнікаў бібліятэкі, якія ўважліва ўсіх слухалі і гучна апладзіравалі. Адкрыццё выставы, якое стала працягам святкавання ўчарашняга дня народзін Міколы Міхайлавіча, заняло амаль паўтары гадзіны. Калі я пісаў водгук пра фотаработы, да мяне падышоў пажылы мужчына і падзякаваў за «Баладу Язэпа Драздовіча». Праз хвілін пяць я пакінуў апусцелую залу. Думаў, што ў калідоры ўжо нікога не будзе, а там амаль усе слухачы разглядалі фотаздымкі. Адна жанчына перапісвала ў блакнот маю баладу. Не падышоў, каб паглядзець якую. Потым фатаграфаваліся каля скульптуры Янкі Купалы. Ідучы з бібліятэкі на тралейбусны прыпынак, дагнаў двух здаровых хлапцоў з велізарнымі чорнымі цяжкімі сумкамі. Падумалася: «А можа, кніжкі нясуць?..»


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю