Текст книги "Заўтра была адліга-4 (СИ)"
Автор книги: Віктар Шніп
сообщить о нарушении
Текущая страница: 5 (всего у книги 10 страниц)
***
1.01.2016. Кожны год 1 студзеня пасля абеду ездзім у госці да сяброў. Гэтай традыцыі ўжо больш як дзесяць гадоў. Ідучы на аўтобусны прыпынак, прайшлі міма тэлевізара «Гарызонт», які нехта ў навагоднюю ноч скінуў з балкона. Ён ляжаў на снезе, як забіты чорны дыназаўр. Людміла сказала: «Італьянская традыцыя – выкідаць на Новы год старыя рэчы на вуліцу!» Магчыма, але, можа, нехта не тое, што хацеў, пачуў ці ўбачыў па тэлевізары. У сяброў былі госці.
Сябра мне зрабіў нечаканы падарунак – з Беластока прывёз кнігу з дыскамі гурта К..Р. ВгаЬа, дзе ёсць песня на мае словы «Сляпы». У сеціве знайшоў інфармацыю: «На «Басовішчы» была прэзэнтаваная кніга пра гурт К..Р. ВгаЬа. Гэты калектыў з’явіўся напачатку 90-х у Падляшшы і сьпяваў на беларускай мове. Але вернемся да К..Р. ВгаЪа. Гурт паўстаў у 1993 годзе і адразу трапіў на «Басовішча». Музыкаў пад крыло ўзяў вядомы мастак Лёнік Тарасэвіч, які ў памежным Г арадку стаў рухавіком культурных зьменаў. Усё рабілася грунтоўна і канцэптуальна. Нават у назьве гурта – «Рок-фармацыя Брага» – была закладзеная адмыслова інсьпірацыя: «брага павінна фэрмэнтаваць, бушаваць і ўражваць новай якасьцю».
Гісторыя гурту R.F. Braha– гэта ня толькі гісторыя кампаніі хлапчукоў зь Беласточчыны, якім хацелася граць і сьпяваць. Гэта, у першую чаргу, аповед пра спробу нацыянальнага акрэсьленьня маладога пакаленьня беларусаў у Польшчы, а заадно запіс унікальнага пэрыяду – паскоранага пераходу гэтага пакаленьня ад посткамуністычнага мэнталітэту беларускай правінцыі да эўрапейскай сучаснасьці.
«Брага» гучна выбухнула: гурт граў канцэрты ў Польшчы і Беларусі, выпускаў фірмовы мэрч, меў сваіх фанатаў, запісаў два альбомы – «Њlapy» (1995) і «Szyzafrenija» (1997).
На пэўны час гурт перастаў быць проста голасам свайго асяродзьдзя, а стаў істотная часткай праекту пабудовы сучаснай беларускай ідэнтычнасьці. Але краіна хутка мянялася, зьявіліся новыя гарызонты і магчымасьці, што прывяло да распаду раней закрытай супольнасьці. Разам зь ёй зьнік і гурт R.F. Braha, апошні выступ якога адбыўся ў 2000-ым у Менску.
Гэтыя зьявы апісаныя ў кароткім нарысе ў кнізе па-беларуску і па-польску. Дапаўняюць яго тэксты ўсіх выдадзеных песень R.F. Braha, а таксама рэдкія здымкі і два дыскі зь перавыдадзенымі альбомамі. Кніга зроблена вельмі якасна і аздоблена ў фірмовых колерах «брагі» – чорным і памаранчовым.
Нягледзячы на нядоўгае існаваньне, лёс амаль невядомага беларусам гурта R.F. Braha стаў адной з найважнейшых старонак у гісторыі беларускай музыкі. Іх прыкладам яшчэ не адзін год карыстаюцца беларусы Беласточчыны, якія стваралі і ствараюць новыя гурты, такія як Kardon, The Dzviery, Rima, Zero-85, 5set5, Beton, Ilo&friends. Спадзяюся, культурныя стасункі паміж Падляшшам і, калі так можна сказаць, вялікай зямлёй будуць разьвівацца і надалей».
Верш «Сляпы», які стаў песняй і агульнай назвай аднаго з дыскаў гурта R.F. Braha, мной напісаны ў пачатку 90-х і быў тады ж надрукаваны ў часопісе «Крыніца». Пра гурт і песню я даведаўся толькі сёння.
Сляпы
Хадзіў па горадзе Сляпы.
Куды ішоў – ён добра ведаў.
Што не патрэбна – ён забыў,
Хваліў расстрэленых паэтаў.
І кожны дзень адно крычаў:
«Ды вы ж не бачыце нічога!»
Пагрозы чуў: «Ты б замаўчаў
І пільнаваўся б лепш дарогі».
Царкву бульдозер разбураў.
Быў лозунг: «Збавімся старога!»
Хадзіў Сляпы і ўсё крычаў:
«Ды вы ж не бачыце нічога!..»
Прастыў і ў ноч памёр Сляпы.
Яго суседзі пахавалі.
На рэштках збуранай царквы
Шкляны будынак збудавалі.
***
2.01.2016. Вераніка і Максім вярнуліся з навагодняй шасцідзённай вандроўкі. Былі ў Дрэздэне, дзе наведалі Карцінную галерэю Старых майстроў і бачылі Сіксцінскую Мадонну Рафаэля. Новы год сустрэлі ў Празе на плошчы сярод людзей. У Чэхіі было амаль цёпла. Прыехалі дамоў, а тут мароз 17 градусаў. Сорак хвілін я з Міёнай чакаў Вераніку і Максіма на вуліцы. Змерзлі. Пабеглі дамоў. Толькі пачалі сагравацца, як прыехалі дзеці. У Міёны было радасці поўныя зубы. Цяпер у хаце зноў пацішэла. Нягледзячы на мароз, мне хочацца ўзяць Міёну і зноў пайсці на вуліцу, дзе снег і сонца (белае і залатое), а неба над горадам чыстае і толькі рэдкая хмарка даплывае да яго цэнтра, які заўсёды над кожным з нас, дзе б мы не былі.
***
3.01.2016. Раніца. Мароз. Сустрэўся з Алесем Квяткоўскім. Пытаюся: «Колькі градусаў?» – «Сорак!» – адказаў мастак. «Не можа быць! У нас сорак градусаў бывае толькі ў пляшках!» – адказаў я, і мы засмяяліся, і нам пацяплела.
***
4.01.2016. У рамках акцыі «Сямейнае чытанне» ў «Цэнтральнай» кнігарні адбыўся кніжны марафон, які пачаўся ў 11 гадзін. Людзей было няшмат. Мароз. Многія, па-мойму заходзілі, каб толькі пагрэцца. За столікам з шыльдачкай «Аўтограф на памяць» я гаварыў з наведвальнікамі і чытаў вершы з 16 да 17 гадзін. Пасля мяне была Людміла Рублеўская да 18. За свае гадзіны мы прадалі па чатыры кнігі. Больш нічога ў аддзеле беларускай літаратуры пры нас ніхто не купіў, хоць на паліцах стаяць творы Святланы Алексіевіч, Рыгора Барадуліна, Васіля Быкава, Уладзіміра Арлова, Уладзіміра Някляева. Людзі ў большасці корпаліся ў святочных паштоўках. Словам, прысутнасць пісьменніка ў кнігарні, які расказвае ў мікрафон пра свае творы і чытае вершы, абуджае ў пакупнікоў цікавасць да сучаснай беларускай літаратуры. Праўда, людзі, якія займелі нашы кніжкі, ужо чыталі нашы творы. Маці са школьніцай, якая купіла «Авантуры Пранціша», гадавала дачку, чытаючы ёй Людміліны «Прыгоды мышкі Пік-Пік».
***
5.01.2016. Хадзіў на журфак БДУ, дзе на сёмым паверсе знаходзіцца студыя СТБ. Запрасілі мяне, як галоўнага рэдактара выдавецтва, якое выпусціла кнігу пра Уладзіміра Мулявіна, паўдзельнічаць у перадачы, прысвечанай 75-годдзю з дня нараджэння Песняра. Чакалі на запіс і Леаніда Барткевіча, але ён чамусьці не прыйшоў. Пытанняў было няшмат. Акрамя расповяду пра кнігу, я ўзгадаў, як у 1976 годзе (я тады вучыўся ў Мінскім архітэктурна-будаўнічым тэхнікуме і жыў у інтэрнаце на вуліцы Змітрака Бядулі) да мяне прыходзілі патлатыя хлопцы. Убачыўшы нечаканых гасцей, я адразу падумаў, што гэта прыйшлі браць дань. У інтэрнаце быў такі звычай, калі старшакурснікі і ўжо некаторыя выпускнікі збіралі ў першага і другога курса грошы на выпіўку. Грошай у мяне амаль не было і я падрыхтаваўся да пабояў. Сярод гасцей быў Прынц. Ён даўно закончыў тэхнікум, але не пакідаў у спакоі наш інтэрнат са сваёй кампаніяй. Сеўшы на мой ложак, Прынц звярнуўся да мяне: «Нам паведамілі, што ты, пацан, вершы пішаш!» – «А што нельга?» – спалохана запытаўся я. «Можна! Але гледзячы якія! Добрыя можна! Кепскія нельга!» – адказаў Прынц. Пачуўшы гэта, я крыху пасмялеў: «А што вы хочаце?» – «Трэба тэрмінова Лёню дапамагчы пару радкоў у песні дапісаць!» – сказаў Прынц і даў мне паперыну з вершам. Недзе каля гадзіны я рыфмаваў і зрабіў тое, што ад мяне хацелі. Лёня ўсе мае варыянты спяваў і злаваўся з таго, што я не ведаю нотнай граматы. Пазней я даведаўся, што мой госць Лёня – выпускнік архітэктурна-будаўнічага тэхнікума Леанід Барткевіч, які падчас навучання быў салістам тэхнікумаўскага аркестра, а ў далейшым стаў вакалістам створанага ім вакальна-інструментальнага ансамбля «Залатыя яблыкі». На той час, калі я рыфмаваў для «Песняроў», Леанід Барткевіч ужо спяваў у «Песнярах» Уладзіміра Мулявіна. Развітваючыся, мае госці сказалі, каб я і далей пісаў вершы, а калі што атрымаецца песеннае, прапаноўваў для «Песняроў», і, каб, калі хто будзе крыўдзіць, казаў, што я сябрую з Прынцам і ён залічыў мяне ў сваю кампанію.
***
6.01.2016. Сніліся Дубраўскія могілкі, дзе пахаваны мае дзед і бабуля, прадзед і прабабуля, а таксама іншыя сваякі і аднавяскоўцы. Лета. Вечарэе. Я з сябрам іду па могілках. Глядзім, дзе хто пахаваны. Раптам сябра кліча мяне і паказвае, што на месцы нейчай магілы чарнее прорва. Побач труна. Мы хуценька бяром труну і закрываем ёю прорву. Ад жаху я прачынаюся. Навокал цёмна. На вуліцы бялее снег, як мерзлае малако.
***
6.01.2016. Мы любім фільмы, у якіх людзі перажываюць розныя выпрабаванні, а самі ў жыцці з падобным баімся сутыкацца...
***
7.01.2016. Марозная раніца. З Міёнай гуляю па Мухлі. Навокал кусты і дрэвы, як з чорнага лёду. На сасонках сядзяць вароны, як прымерзлыя. Які ўжо раз, праходзячы каля плота з варотцамі, гляджу на завесы і ў сабе чую галасы сяброў з дзяцінства: «Хочаш Маскву ўбачыць? Прыкладзі язык да замка!» Колькі тады мяне не прасілі, я ні прыклаў, а цяпер хочацца паспрабаваць. Праўда, Маскву я і так бачыў. Нейкую хвіліну гляджу на варотцы і, усміхнуўшыся, іду далей па заснежанай Мухлі, як па краіне дзяцінства...
***
8.01.2016. Да нас з Людмілай дадому прыходзілі літпрадмесцеўцы, каб па нашай ужо старой традыцыі разам святкаваць Каляды. Былі Таццяна Будовіч, Таццяна Барысюк, Таццяна Пратасевіч, Наталля Кучмель, Усевалад Гарачка, Рагнед Малахоўскі, Георгій Барташ, Мікола Кандратаў, Аксана Спрынчан з Альжбетай, Маргарыта Прыка, Павел Дарохін, Вадзім Крук, Юрась Нераток, Дар’я Лёсава, Вераніка Ляўчук, Кірыл Бандэрс, Віктар Лупасін, Алесь Емяльянаў. Спявалі песні, чыталі вершы, жартавалі, успаміналі пасяджэнні «Літпрадмесця», вечарыны, прэзентацыі кніг, вандроўкі. Я фатаграфаваў. Сёетое атрымалася прыгожа, але здымкаў не выстаўляю, бо абяцаў не хваліцца, як нам было хораша. Наша сабачка Міёна адзін раз прарвалася да застолля. Пахадзіла пад сталамі і, нікога там не знайшоўшы, вярнулася да сябе ў пакой. У гэтым годзе «Літпрадмесцю» будзе 14 гадоў...
***
9.01.2016. Заснежаны далягляд. Са снегу, як з марской пены, узышло сонца.
***
9.01.2016. На хвілю праглянула сонца. Пад маім акном заснежаны куст бэзу, нібыта ў квецені.
***
9.01.2016. Патэлефанаваў зямляк і мой даўні сябра Лёня Шчарбінскі. Ужо ідзе трэці год, як непадалёку ад Валожына ён займеў хату. Лёня распавядаў пра новую гаспадарку, а я слухаў і ўяўляў, як яму там хораша. Сябра з цягам часу збіраецца са сваёй Людмілай жыць у вёсцы круглы год, а цяпер, яшчэ працуючы, бывае частымі наездамі, бо мае машыну. Новы год Лёня сустракаў у вясковай хаце, напаліўшы ў печы. Г аварылі мы амаль гадзіну, аж мне захацелася ўсё кінуць і паехаць у Пугачы ў бацькоўскую хату і жыць там, як Андрусь Горват, і весці дзённік, і кантактавацца з аднавяскоўцамі, і быць самым шчаслівым на свеце...
***
9.01.2016. Учора ў час каляднага гасцявання Таццяна Будовіч папрасіла знайсці для яе «Крыніцу» за 1995 год, дзе змешчаны матэрыялы пра Юрыя
Гуменюка. Яна піша пра трагічныя лёсы паэтаў. У нас ёсць усе нумары гэтага выдання, калі не лічыць некалькіх самых апошніх, на якіх хоць і было напісана, што гэта «Крыніца», але яны ўжо тым часопісам, які і сёння актуальны, не былі. Амаль гадзіну перабіраў наша з Людмілай часопіснае багацце. Не знайшоў. Але ж «Крыніца» гэтая з Гуменюком павінна ў нас быць. Нават падумалася, што Юрый не хоча, каб пра яго пісалі як пра трагічнага паэта. Шукаючы патрэбную «Крыніцу», натрапіў аж на тры асобнікі часопіса «Беларусь» №6 за 1997 год. Чаму так шмат? Стаў гартаць. Акрамя таго, што тут змешчаны матэрыял Людмілы пра школу-ліцэй мастацтваў, дзе вучыліся нашы дзеці, ёсць вершы Рыгора Барадуліна, да якіх я пісаў прадмову. На той час, працуючы ў «ЛіМе», я дапамагаў на паўстаўкі Янку Сіпакову ў «Беларусі» ў аддзеле культуры. Узгадалася, як браў вершы для друку ў Рыгора Іванавіча, а потым, напісаўшы да іх прадмову, зачытаў паэту па тэлефоне. Рыгор Барадулін адобрыў. Здаецца, някепска было: «Трава, прабіваючыся праз асфальт, імкнецца да святла. А святло ў паэзіі – сімвал жыцця, свабоды. Але што такое свабода? У кожнага на гэтае пытанне ёсць свой адказ. Аднак свабоды без адказнасці перад Айчынай, перад маці, перад памяццю продкаў – не бывае. Менавіта разуменне адказнасці за свае ўчынкі з чалавека робіць Чалавека.
.У французскага паэта Беранжэ ёсць такая прыпавесць. У пекла, у суседнія катлы, трапляюць душы двух сучаснікаў – паэта і тырана. Агонь пад паэтавым катлом невялікі, з чаго небарака цешыцца, а пад былым уладаром – шугае полымя. Паэт чакае, што вось-вось адмучаецца за свае невялікія грахі. Але з гадамі агонь пад ім павялічваецца і ператвараецца ў вялізарнае вогнішча. А агонь пад суседам-уладаром амаль затухае. Абураны несправядлівасцю паэт патрабуе тлумачэнняў. І вось ён чуе: уладар пры жыцці нарабіў шмат ліхога і адразу пасля смерці людзі клялі яго, але праз гады і на яго самога і на ліха, ім зробленае, забыліся. А тыя зярняткі ліха, што пакінуў паэт у сваіх творах, з гадамі далі ўсё болей і болей усходаў. Усё болей чытачоў падпадала пад уплыў таго ліха, і канца яму не відно.
Вялікая адказнасць пісьменніка перад сваім народам. Тым больш у таго, каго ўжо назвалі «народным». Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін, думаецца, годна нясе крыж правідэнцыйнай паэтавай службы. Як ніхто, ён ведае цану слова – умее ўкласці ў адну лексічную адзінку столькі інфармацыі, колькі часам не змесціць і паэма; адорвае другім жыццём забытыя беларускія слоўцы і нараджае новыя словы.
Свабода і адказнасць для паэта – два непарыўна звязаныя паняцці, аднолькава важныя для ўзлёту, як два крылы».
***
9.01.2016. Дзякуючы нашай аўчарцы Міёне ведаю ў сваім двары амаль усіх Гражданоў. Радуе, што ёсць і адэкватныя людзі, для якіх Сабака, гэта Сабака, а не вораг. Сусед Дзіма цяпер вітаецца здалёку. Сёння цікавіўся: «Кусаецца?» – «Не!» – адказаў я, і пачуў: «Ну тады пазыч тысяч пяцьдзясят, а то я каго-небудзь пакусаю!»
***
10.01.2016. Пісьменнік Віктар Марціновіч у гутарцы з карэспандэнтам «НН» сказаў: «Пад шэрым небам Мінска я нікому непатрэбны». Тут жа пад матэрыялам з’явіліся каментары. Зразумела, ананімныя. Адны пішуць, што Віктар Марціновіч нам патрэбны, іншыя, што няхай ён едзе ў сваю Эўропу і там балдзее ад таго, што ён такі вялікі пісьменнік. Нехта Ігар І. Іваноў згадаў і мяне: «І як Вы, Віктар, можаце пра гэта ведаць, калі я не прачытаў яшчэ аніводнай Вашай кнігі?
Я і Шніпа яшчэ не прачытаў. Але ўжо ведаю – патрэбен. Патрэбен мне Віктар Шніп. Патрэбны яго «Пугачоўскі цырульнік». Патрэбны Граждан і Сабака. Патрэбна яго колішняя размова ў ваенкамаце. Шпацыр з мамаю. Шмат чаго.
Чалавек не горшы за сабаку. Мае права паскуголіць. На людзях навошта?
Сабе схлусіць можна. Людзей абражаць навошта? Здраджваць навошта? Хто асудзіць чалавека, які з’ехаў з Беларусі, толькі за факт – перасёк мяжу, жыў у другой краіне? А вось таго, хто пакрыўдзіў свой этнас, сваіх чытачоў, сваіх грамадзян, асудзяць?»
***
12.01.2016. Цэлы дзень з неба сыплецца і сыплецца снег. Жывём, як у снежным гадзінніку.
***
13.01.2016. У нябесным белым моры птушка, як чорны ветразь...
***
13.01.2016. Вясковы зімовы вечар. На вуліцы другія суткі мяцеліца. У роднай хаце цёпла. Я вярнуўся ўвесь аблеплены снегам з Гаіка, дзе катаўся на лыжах. Бацькі адпачываюць. Мама ляжыць на печы, бацька на ложку каля печкі, у якой поўна гарачага вуголля, як золата. Брат і сястра глядзяць «Калыханку». Пачуўшы, што я вярнуўся дамоў, мама кажа: «Ідзі павячэрай!» На кухні на стале ў каструлі вараная, яшчэ цёплая, бульба, на патэльні смажаная вясковая каўбаса, у місцы квашаная капуста, а ў другой грыбы. Вячэраю...
Гарадскі зімовы вечар. На вуліцы другія суткі сыплецца снег. У кватэры не холадна. Вярнуўшыся з працы, вячэраў. Мінула некалькі гадзін. Дакладна не памятаю, што еў.
***
14.01.2016. Удзельнічаў у калядным кірмашы мусаў, якую традыцыйна ў час святкавання старога Новага года праводзіць у Музеі Максіма Багдановіча суполка «Літаратурнае прадмесце». На жаль, не ўсе, хто збіраўся на аўкцыён, прыйшлі. Дзедам Марозам быў Усевалад Г арачка. Ён называў сябе Маразцом і час ад часу пытаўся ў прысутных, ці задаволеныя маразамі і снегападамі. Мы маўчалі і ўсміхаліся. Маразец, калі пачалася імпрэза, захацеў, каб мы яму выбралі Снягурку. Выбралі Юлю – супрацоўніцу музея. На аўкцыёне прысутныя набылі за сімулякрыкі (грошы «Літпрадмесця») кнігі Адама Глобуса «Толькі не гавары маёй маме», Людмілы Рублеўскай «Сутарэнні Ромула», Георгія Барташа «Ботиночки», маю «Заўтра была адліга» і яшчэ шмат цікавых рэчаў, якія спатрэбяцца ў жыцці творчых людзей. Увесь час, пакуль адбываўся аўкцыён мусаў, над намі пад столлю лёталі вялізарныя Камарык-Насаты тварык і Мушка-Зелянушка. Праўда, не ўсе гэта бачылі...
***
15.01.2016. Георгій Барташ з сябрамі, пачынаючы з 2007 года, у час навагодніх свят праводзіць фестываль аднаго каляднага верша, у якім звычайна ўдзельнічаюць каля ста паэтаў, што жывуць у нашай краіне і ў блізкім замежжы. Я з Людмілай Рублеўскай, Андрэем Хадановічам і Наталляй Капай ва ўсіх гэтых фестывалях быў у журы. Сёлета давялося прачытаць 98 аўтараў, чые творы былі дасланы пад псеўданімамі, і выбраць з іх дзесяць фіналістаў і аднаго пераможцу.
Фінальная вечарына прайшла ў Галерэі ТУТ.ВУ. Народу было поўная зала. За дзесяць хвілін да пачатку імпрэзы Георгій Барташ раздаў сябрам журы сцэнар, з якога мы даведаліся прозвішчы сваіх фіналістаў і пераможцаў. На гэты раз са сцэны гучалі вершы на беларускай, рускай і ўкраінскай мовах. Сярод незнаёмых фіналістаў былі і даўно знаёмыя прозвішчы – Міхал Бараноўскі, Сяргей Балахонаў (не прыехаў, але мы яго змаглі пабачыць і паслухаць па камп’ютары), Алесь Ліпай, Ігар Клепікаў, Таццяна Нядбай, Аляксей Арцёмаў (прыслаў сваё відэапрывітанне з Тулы), Алесь Плотка, Таццяна Барадуля, Эдуард Дубянецкі, Ірына Ляшкевіч, Дзяніс Кандрацьеў.
На ўсё жыццё гэтая вечарына павінна запомніцца фіналістцы фестывалю Ганне Авоце, якая, прачытаўшы свой верш, са сцэны сказала: «Каваль! Калі ты яшчэ не супраць таго, каб я выйшла за цябе замуж, то я цяпер табе кажу, што я згодная!» Каваль устаў з крэсла, абняў паэтку і пацалаваў!
Кожны з сяброў журы назваў свайго пераможцу. Першай атрымала прыз ад Юрыя Завадскага (Украіна) Таццяна Скарынкіна. Уручаў Андрэй Хадановіч. Потым ад Дзмітрыя Строцава Андрэй Бастунец. Вольга Базылёва прызнала найлепшым верш Аксаны Спрынчан, якая не змагла прысутнічаць на вечарыне, бо ў гэты ж час у бібліятэцы імя Цёткі вяла спектакль тэатра «Арт. С». Сяргей Сыс назваў пераможцай Кацю Аліхвер. Людміла Рублеўская – Рамана Абрамчука, Вольга Гронская і Андрэй Хадановіч – Антона Рудака, Наталля Капа і Вольга Базылёва – Раксалану Жаркову (Украіна), Андрэй Хадановіч – Уладзя Лянкевіча. Я свайго пераможцу выклікаў да мікрафона апошнім, калі з пачатку вечарыны мінула амаль тры гадзіны. Не ведаю, што думаў Стась Карпаў, калі імпрэза падыходзіла да завяршэння, а я хваляваўся: «Хаця б ён не сышоў дамоў раней часу!» Не сышоў. І так атрымалася, што Стась Карпаў стаў асноўным пераможцам. Яго выбраў яшчэ і Віктар Жыбуль, і амаль усе сябры журы яго верш прапанавалі для ўдзелу ў фінале. Дарэчы, на леташнім фестывалі асноўнай пераможцай была Марыйка Мартысевіч, чый верш я прызнаў найлепшым.
Амаль тры гадзіны праляцелі, як тры хвіліны. За гэты час прысутныя паслухалі каля пяці дзясяткаў вершаў і песень. Усе песні былі выкананы прафесійна, а вось вершы некаторыя фіналісты і пераможцы чыталі са сцэны кепска і магчыма ў некаторых слухачоў узнікала пытанне: «Чаму ён лепшы? Нічога асаблівага ў гэтым творы няма!»
Вялі вечарыну Георгій Барташ і Міхал Бараноўскі. Георгій на завяршэнне выканаў цудоўную песню на словы Вольгі Базылёвай у сваім перакладзе на рускую мову, сказаўшы з усмешкай: «Увесь гэты фестываль і вечарына былі задуманы толькі для таго, каб я цяпер вам паспяваў, а вы паслухалі!»
***
17.01.2016. «Запарожац» у снезе, як муха ў павуціне...
***
17.01.2016. У белай вопратцы па заснежаным прасторы ідзе Паэзія...
Слуп і пудзіла
18.01.2016. Некаторыя рэдактары так рэдагуюць твор, што ад яго застаецца, як ад жывога дрэва (калі твор параўнаць з дрэвам), гладкі слуп. Ёсць і аўтары, якія напісаўшы, добры твор, потым усё упісваюць у яго і ўпісваюць, як ім здаецца, патрэбныя дадатковыя абзацы. І дасканалае дрэва (твор) ператвараецца ў пудзіла, на якім вісяць паношаныя штаны, дзіравыя шкарпэткі, закарэлыя хусткі, пажаўцелыя газеты і яшчэ шмат якая непатрэбшчына.
***
18.01.2016. Вяртаючыся з працы, зайшоў у краму. Стаю ў чарзе. Нехта мне тэлефануе. Бяру мабільны. З тэлебачання. «Віктар Анатольевіч, мы вас хочам запрасіць у перадачу пра духоўнасць!» – чую прыемны жаночы голас. «Добра. Прыйду калі трэба і пра што будзем размаўляць?» – цікаўлюся. «Пра іконы. Вы ж вядомы рэстаўратар. Вамі адрэстаўрыравана шмат ікон...» – «Якіх?» – «Старажытных!» – «Не можа быць! Я ж паэт, а не мастак!» – «Ой, прабачце!» – ускліквае мая суразмоўца і развітваецца. Ідучы дадому і думаючы пра іконы, я ўзгадаў свае «Балады беларускага шляху». У іх я сапраўды рэстаўратар.
Р. 8. Надзея Вусава з Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, прачытаўшы мой запіс у фэйсбуку, паведаміла, што мяне пераблыталі з іх музейным рэстаўратарам Аркадзем Шпунтам.
***
19.01.2016. Гуляю па Мухлі з сабачкай Міёнай. Убачыўшы мяне, падышоў Граждан: «Я тут на выхадныя ў вёску павязу сваю сабаку вешаць. Магу і тваю павесіць за кампанію...»
***
20.01.2016. Над зімнім вячэрнім горадам вышчарбленая поўня, як чэрап беднага Ёрыка.
***
23.01.2016. Удзельнічаў ва ўшанаванні памяці свайго земляка ксяндза Уладзіслава Чарняўскага (14.01.1916—22.12.2001). У Вішнева выехалі ад Чырвонага касцёла ў дзевяць гадзін раніцы. Даехалі хутка. У вялікім аўтобусе было амаль поўна людзей. З іх знаёмыя – Ірына Багдановіч і Алесь Пушкін. Я сядзеў з Алесем Квяткоўскім, які ў падарунак Музею Уладзіслава Чарняўскага падрыхтаваў карціну з выявай святара.
У касцёл прыйшло і прыехала шмат народу. Пакуль чакалі пачатку малітвы, мне здавалася, што яе будзе весці сам ксёндз Чарняўскі...
Мароз градусаў пад дваццаць. З каплічкі цячэ крыніца. Папіў вады. Цёплая...
Да канца малітвы з Алесем Квяткоўскім не былі. Пайшлі ў Вішнеўскі дом культуры. Ішлі доўга. Чамусьці ўявілася, што мы з Алесем партызаны, якія прыйшлі ў мястэчка, каб паглядзець, ці ёсць тут немцы. Немцаў няма. Усе свае людзі...
Пастаялі каля хаты, дзе нарадзіўся Шымон Перас. Узгадалася Алесева карціна, на якой наш славуты зямляк сядзіць каля студні. Студня, дарэчы, стаіць у двары сядзібы.
У Доме культуры мяне з Алесем сустрэлі наша валожынская паэтка Валянціна Гіруць-Русакевіч і дзяўчаты-зямлячкі, якія працуюць у бібліятэцы. Нас тут жа напаілі гарбатай, пачаставалі печывам. Мы, ачуняўшы ад марозу, пайшлі паглядзелі Музеі Уладзіслава Чарняўскага і Шымона Пераса. У музеі ксяндза ёсць здымак, на якім я з Уладзіславам Чарняўскім і пляменніцай Янкі Купалы Ядвігай Раманоўскай. Пра існаванне гэтага здымка я не ведаў. Яму гадоў пад трыццаць.
У зале, дзе праходзіла ўрачыстае мерапрыемства да 100-годдзя Уладзіслава Чарняўскага, поўна народу. Многія стаялі, бо не было вольных месцаў, каб сесці. З Маладзечна прыехаў Міхась Казлоўскі з сябрамі. На жаль, не змаглі пагаварыць...
Хораша выступіў пробашч касцёла святых Сымона і Алены Уладзіслаў Завальнюк. Я занатаваў з яго выступлення некалькі радкоў. Сярод іх: «Біблія – гэта кветка ўсіх народаў...»
У сваім выступленні Уладзімір Гілеп узгадаў пра сакратара ЦК КПБ Аляксандра Кузьміна, да якога ён неяк прыйшоў, каб пагаварыць па справах. Прыйшоў, а Кузьміна няма. Ад сакратаркі Уладзімір Аляксандравіч даведаўся, што Кузьмін паехаў у Вішнева да ксяндза Чарняўскага. Пра што яны маглі гаварыць? Гілеп выказаў меркаванне, што ксёндз і сакратар ЦК гаварылі пра веру і культуру.
Фэлік Янушкевіч узгадаў пачатак 90-х, калі ўпершыню ў Мінску на вуліцы каля касцёла Святога Роха была беларускамоўная імша. Яе правёў ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі.
Па дарозе з Мінска ў Вільню ўсе касцёлы былі апаганены камуністамі і толькі касцёл у Вішневе заставаўся святым месцам для ўсіх...
Фэлік Янушкевіч прапанаваў збіраць сведчанні і подпісы, каб ксяндза Уладзіслава Чарняўскага залічылі да ліку святых. Першымі ў вялікім тоўстым сшытку паставілі свае подпісы святары. Спіс подпісаў ад прысутных у зале распачалі Фэлік Янушкевіч, Алесь Пушкін, Алесь Квяткоўскі і я...
Дамоў вярталіся не як з простага мястэчка Вішнева, а як са святога Вішнева.
***
24.01.2016. Марозна. Градусаў пад дваццаць. Сонца прасвечваецца праз шэрань, што на галінах дрэў, як праз радкі белай паэзіі. З Людмілай на Мухлі выгульваем сабачку Міёну. «Да вясны яшчэ далёка.» – кажу я і Міёна кідаецца разграбаць снег, нібыта пачынае шукаць вясну. Каркнула варона, і мы ўсе ўтраіх паглядзелі на яе. Яна сядзела ў шэрані дрэва, як у сваім белым свеце. Сядзела, як чорная прынцэса, якая толькі ноччу з птушкі ператвараецца ў дзяўчыну. Да ночы яшчэ далёка.
***
25.01.2016. Напрыканцы мінулага года ў «ЛіМе» быў змешачны мой расповед пра тое, якія выданні пабачылі свет у «Мастацкай літаратуры» ў 2015 годзе. Гаворачы пра кнігу «Недаспяваныя песні», у якой змешачны вершы паэтаў, што загінулі ў час вайны, я ўзгадаў верш Міколы Сурначова «У стоптаным жыце» і выказаў меркаванне: «Калі б Сурначоў не загінуў на Заходнім фронце ў 1941-м, мы, можа, мелі б яшчэ аднаго народнага паэта». На жаль, я назваў недакладную дату смерці паэта і мне пра маю памылку сёння сказаў, патэлефанаваўшы, Мікола Чарняўскі: «Сурначоў загінуў 20 красавіка 1945 года пад Берлінам. Гэта прыкрая памылка, але ж не абразлівая, як у адным з нумароў «ЛіМа» пісьменнік Даір Слаўковіч быў названы Даірам Сляповічам.»
***
26.01.2016. Каля дарогі кусты ў шэрані, нібы скруткі калючага дроту...
***
26.01.2016. Раніцою да мяне на працу прыходзіла Наталля Адамовіч, каб узяць пару экзэмпляраў «Блокадной книги». Сёння дзень памяці яе бацькі. Была ў царкве. Я распавёў, як недзе ў гэтым месяцы дваццаць дзевяць гадоў таму мы з Людмілай Рублеўскай, будучы студэнтамі Літінстытута, адведвалі Алеся Міхайлавіча, які падлечваўся ў адной з маскоўскіх бальніц. Амаль гадзіну ехалі на аўтобусе некуды на ўскраіну Масквы. Выйшлі, а навокал усё замецена. Вецер. Мароз. Змрочна. Адно што надавала добрага настрою – апельсіны, якія ў нашай торбе свяціліся, як сонейкі. У Адамовіча ў палаце вельмі доўга не сядзелі, бо дактары не дазвалялі. Даведаўшыся, што мы ў хуткім часе збіраемся пабрацца шлюбам, Алесь Міхайлавіч нас па-бацькоўску блаславіў. Слухаючы мяне, Наталля Аляксандраўна светла ўсміхалася. На развітанне нагадала, што 31 студзеня спаўняецца 90 гадоў сыну Якуба Коласа Міхасю Канстанцінавічу: «Абавязкова павіншуйце! Ён вас цэніць!»
***
26.01.2016. У фэйсбуку Jan Karczewski 22 студзеня ў каментары да майго новага верша напісаў: «Балада закаханага наркамана». Мае вучаніцы гэтым вершам выйгравалі дэкламатарскія конкурсы. У нас гэта магчыма. Давайце далей, Віктар!»
***
27.01.2016. Пацяплела. І ў снегу з’явілася свая забава. Снег з’язджае са стрэх...
***
28.01.2016. Прыемныя весткі раствараюцца ў табе, як драбок цукру ў вядры з вадой, а непрыемнасці, нават велічынёй з муху, трапіўшы ў тваю душу, вырастаюць да памераў слана.
***
29.01.2016. Пасля абеду мяне на працы наведаў Вячаслаў Рагойша і падарыў краязнаўчы альманах «Наш гонар – Ракаў», які ён з землякамі і роднымі падрыхтаваў і выдаў да 550-годдзя Ракава. Шкада, што гэтае выданне не пабачыла свет да святкавання юбілею нашага слаўнага мястэчка. Шмат у ім цікавых матэрыялаў і здымкаў. З Ракаўскіх хронік можна даведацца і такое: «04.08.1919 года Ракаў быў захоплены польскімі войскамі. На канец 1919 года ў Ракаве жыло 3332 чалавекі. З іх 53,7 % палякі, астатнія – яўрэі, беларусамі ніхто не назваўся». На 1 студзеня 2015 года ў Ракаве жыло 2530 жыхароў. Падпісваючы альманах, Вячаслаў Пятровіч напісаў: «Таленавіта-высакароднай сям’і Віктара Шніпа і Людмілы Рублеўскай, якая мае самае цеснае дачыненне да Ракава і Ракаўшчыны, з нязменнай сімпатыяй і найлепшымі пажаданнямі. Вячаслаў Рагойша. Ракаў—Мінск, студзень, 2016».
***
29.01.2016. Удзельнічаў у вечарыне, прысвечанай 95-годдзю Івана Шамякіна, якая прайшла ў Музеі Максіма Багдановіча. Выступоўцаў было шмат. Г аварылі цікава, але падоўгу. Дочкі Івана Пятровіча сядзелі ў першым радзе, таму не бачылі, што ў іх за спінамі робіцца. Пад канец вечарыны, якая цягнулася больш як дзве гадзіны, палова людзей (студэнты) паўцякала. Ішоў дамоў са злым пытаннем: «Калі ўжо нашы старыя паважаныя пісьменнікі і літаратуразнаўцы зразумеюць, што, чым даўжэй яны гавораць, тым меней іх слухаюць?»
***
29.01.2016. Амаль цёпла. На Свіслачы, дзе растаў лёд, з’явіліся качкі, як коцікі на вярбе...
***
30.01.2016. Знакамітаму фізіку Стывену Хокінгу, які ў дваццаць адзін год быў паралізаваны, цяпер 74 гады. У гонар свайго дня народзін у Каралеўскім інстытуце Лондана ён прачытаў лекцыю, у якой сказаў: «Трэба заўсёды помніць, што, у якія б цёмныя часіны вы ні трапілі, выхад з іх заўсёды ёсць. Выхад ужо ў іншы сусвет». Узгадаўшы ў сваім жыцці цёмныя часіны, згаджаюся з фізікам. І яшчэ трэба помніць, што выхаду няма толькі з магілы...
Ты падумай...
31.01.2016. Цёплая раніца. Крама. Малочны аддзел. У метрах двух ад мяне крамніца гадоў сарака пяці выкладвае для продажу пакеты з малаком. Каля яе стаіць невысокі, па ўзросце амаль пенсіянер, грузчык. Яна прывабная. Ён не пудзіла ў сваёй ватоўцы, але і не прыгажун. Чую, як грузчык пытаецца: «Што ты сёння вечарам робіш?» – «Нічога», – адказвае жанчына і працягвае выкладваць малако. «Паехалі да мяне пасля працы», – прапануе мужчына. «Чаго?» – «Чаю пап’ём, тэлевізар паглядзім». – «Я і дома пап’ю і тэлевізар пагляджу». – «Дык на канапе паляжым». – «Я і дома паляжу». – «Дык, можа, чым вясёлым на канапе зоймемся». – «Не ведаю.» – «Ты падумай. Будзе ўсё добра.» – кажа грузчык і адыходзіць ад крамніцы.
***
31.01.2016. Наваколле стала шэрым і толькі снег, як белы асфальт, ляжыць на палявой дарозе.
Люты
***
1.02.2016. Гумовыя Гражданы амаль нічым не адрозніваюцца ад жывых Гражданаў.
***
2.02.2016. Пазнаёміўся з аўтарам помніка Уладзіміру Мулявіну Алесем Каструновым. Ён дапамагаў Людміле Крушынскай забраць дзясятак асобнікаў кнігі пра Песняра, якая нядаўна выйшла ў свет. Шмат не гаварылі. Сустрэнемся 10 лютага на кніжнай выставе, дзе будзе прэзентавацца выданне, там і пагаворым, і паслухаем мулявінскіх «Песняроў». Развітаўшыся з Каструновым і вяртаючыся з вуліцы на працу, сустрэў народнага артыста Рэспублікі Беларусь маэстра Міхаіла Фінберга. Сказаў яму пра прэзентацыю. Міхаіл Якаўлевіч адразу ж адказаў: «Не пайду! Мяне не запрасілі ў філармонію на юбілей Мулявіна. Усе былі, а мяне не было. Учора святкавалася 60-годдзе Беларускага тэлебачання, а я там працаваў яшчэ ў 1966 годзе. Зноў не запрасілі. Там былі ўсялякія голыя дзеўкі, а мяне не запрасілі.»
***
2.02.2016. Артыст Ігар Сідорчык, які часам па тэлебачанні коратка прадстаўляе кніжныя навінкі, папрасіў мяне параўнаць два выданні пра Уладзіміра Мулявіна. Першы фаліянт выйшаў у 2004 годзе, а другі месяц таму. Каб доўга не распавядаць, я сказаў: «Першае выданне – гэта прыстойны драўляны дом, дзе прадстаўлена жыццё і творчасць Мулявіна, а цяперашняе – гэта Палац Рэспублікі.»