Текст книги "Заўтра была адліга-4 (СИ)"
Автор книги: Віктар Шніп
сообщить о нарушении
Текущая страница: 4 (всего у книги 10 страниц)
***
6.12.2015. У майстэрні Алеся Квяткоўскага цячэ з трубы вада. Выклікаў майстроў з ЖЭСа. Нічога не зрабілі. Сказалі: «Не затаплівае? Не! Лічыльнік не круціцца? Не! Ну дык няхай і цячэ!» Цячэ другі месяц. А я ўзгадаў, што ў мяне ў вёсцы з калонкі, што ў дзесяці метрах ад хаты, ужо гадоў пятнаццаць такая ж бяда. Час ад часу нешта рамантуюць, але балота не знікае. Алесь, паказваючы, дзе прарвала трубу, кажа: «Вада цурчыць і, калі малюю, часам здаецца, што я не ў майстэрні, а на прыродзе каля ручаіны...»
***
6.12.2015. Раніцай заўважыў, што ў нашым двары на бэзе пупышкі зазелянелі. Яшчэ пару дзён і лісце з’явіцца. Падумалася, магчыма я ўсю зіму праспаў і цяпер на вуліцы сакавік?
***
8.12.2015. У Доме кнігі, дзе месцяцца выдавецтвы, на восьмым паверсе ў калідоры і ў прыбіральні пахне, як у Ракаўскай бальніцы, дзе памёр (хутка будзе тры гады таму) мой бацька. Узгадваючы бальніцу, падумаў: «У выдавецтвах таксама не ўсе рукапісы выжываюць...»
***
8.12.2015. Да свят, да дзён нараджэння на працы часам даводзіцца ў дадатак да празаічных радкоў пісаць вершы. Потым віншаванні раздрукоўваем на прыгожых, зробленых выдавецкімі мастакамі, паштоўках. За апошніх дзесяць гадоў такога дабра мной напісана каля пяці дзясяткаў. У мяне амаль нічога не захавалася. Напісаў і забыўся. Нашы супрацоўніцы, якія займаюцца наборам і вёрсткай тэкстаў, увесь час мне кажуць, каб гэтыя экспромты выдаў асобнай кніжкай. Я ў адказ толькі ўсміхаюся і амаль нічога не захоўваю. Некаторыя ўжо трапілі ў сметніцу, а некаторыя пыляцца па шуфлядах майго стала. Сярод старых папер знайшоў некалькі рукапісных віншавальных твораў, напісаных Леанідам Дранько-Майсюком. Хутчэй за ўсё іх у самога аўтара няма. Захаваю. Нядаўна я напісаў верш для віншавання і па просьбе выдавецкіх жанчын з камп’ютарнай занатаваў:
Апошнія дні лістапада,
Нібыта вуголле кастра,
Якім асвятляецца Свята
Любові, Кахання, Дабра,
Якое бацькамі пачата,
Якое не мае мяжы,
Бо гэта вялікае Свята
Святое, як продкаў крыжы,
Як неба, як сонца, як зоры,
Якія заўсёды з табой,
Якія цябе не паўтораць,
Як музыку ў кветцы вясной,
Бо ўсё непаўторна, што свеціць
З тых дзён непаўторных тварэння,
Калі мы з’явіліся ў свеце,
І дзень той стаў Днём Нараджэння!
***
9.12.2015. Сёння дзень народзін Максіма Багдановіча. Удзельнічаў ва ўрачыстым ускладанні кветак да помніка паэту. Нягледзячы на холад, людзей сабралася даволі шмат. Праўда, у асноўным школьнікі і студэнты. Змерз. І няслаба. І, відаць, змерзлі ўсе. Прадстаўляючы мяне, дырэктар Музея Максіма Багдановіча Марына Запартыка сказала: «Зараз выступіць галоўны рэдактар выдавецтва «Роднае слова».» І я пачаў з выпраўлення агаворкі: «Мы тут усе ўжо змерзлі, таму і не дзіўна, што выдавецтва «Мастацкае слова» назвалі «Родным словам». Сказаў і зразумеў, што і я памыліўся, таму давялося тут жа выпраўляцца на «Мастацкую літаратуру». Аксана Спрынчан, якая выступала пасля мяне, потым распавяла, што мая агаворка ўспрынялася як дасціпны жарт. Словам, было холадна. Але самае галоўнае – каля Максіма Багдановіча былі людзі і, спадзяюся, што нехта з іх прыйдзе вечарам дадому ў цяпло, возьме томік з вершамі паэта і разам з ім у тыдзень Нобелеўскіх лаўрэатаў задасца пытаннем: «Хто мы такія? Толькі падарожнікі, – папутнікі сярод нябёс. Нашто ж на зямлі сваркі і звадкі, боль і горыч, калі ўсе мы разам ляцім да зор?»
***
10.12.2015. Сёння споўнілася 145 гадоў з дня нараджэння мастака Фердынанда Рушчыца, які нарадзіўся ў маёнтку Багданава на Ашмяншчыне (цяпер Валожынскі раён). На мінулым тыдні мне патэлефанавала валожынскае начальства і папрасіла, каб я выступіў на свяце. Да свайго сораму я ні разу не быў на радзіме свайго знакамітага земляка, таму з радасцю даў згоду.
Ідучы да мікрааўтобуса, які чакаў вандроўнікаў у Багданава на Цэнтральным пляцы, зайшоў у царкву. Было пару чалавек. Зусім маладыя. Са светлымі тварамі. Заказаў малітву па бацьках і сваяках, у памяць Фердынанда Рушчыца паставіў свечку.
З Мінска выехалі а восьмай гадзіне. Чалавек пятнаццаць. Мастакі, супрацоўнікі Нацыянальнага мастацкага музея, карэспандэнты. Амаль усіх ведаю. Сядзеў з Уладзімірам Васюком. Усю дарогу гаварылі пра жыццё-быццё і пра тых, каго ўжо няма з намі. За вокнамі мікрааўтобуса туман. Часам здавалася, што мы не едзем, а ляцім на самалёце.
У Валожыне да нас далучыліся госці з Літвы і Польшчы. Паперадзе нас ехала міліцэйская машына з мігалкай...
У Багданаўскім касцёле ўжо былі людзі. Ксёндз чытаў малітвы па-беларуску і па-польску.
Фердынанд Рушчыц пахаваны на мясцовых могілках на ўзгорку, як на вяршыне зялёнай беларускай гары, якая ў гэтай мясціне самая бліжэйшая да неба. А неба было бясхмарным. Свяціла сонца. Туман растаў і перад намі з’явіліся краявіды, нібыта ажылі карціны Рушчыца...
У Вішнеўскай мастацкай школе адбыліся ўрачыстасці, якія пачаліся з мяне – прачытаў «Баладу Фердынанда Рушчыца». Потым выступалі валожынскае начальства, паслы Літвы і Польшчы, дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў і яшчэ шмат хто...
Алесь Квяткоўскі падарыў для будучага музея Фердынанда Рушчыца карціну. Ён у Багданава прыехаў на цягніку яшчэ ўчора. Начаваў у сяброў.
У мастацкай школе працуе невялікая фотавыстава Міколы Лінніка. На сценах вісяць карціны мастакоў, якія былі намаляваны падчас пленэра. На іх краявіды, якімі ў свой час натхняўся Рушчыц...
Абедалі ў Валожыне. Калі госці пачалі збірацца ў дарогу, да мяне падышлі дзве жанчыны, якія працуюць у Вільні ў гімназіі імя Фердынанда Рушчыца і папрасілі падарыць з аўтографам кнігу «Проза і паэзія агню», дзе змешчана балада пра мастака.
На вуліцы, калі ўжо садзіліся ў мікрааўтобус, да мяне падышоў мастак Алесь Суша і гучна сказаў: «Нарэшце я пазнаёмлюся са Шніпам!» Я тут жа яму напомніў, што нас яшчэ ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя знаёміў Анатоль Сыс і мы потым яшчэ некалькі разоў сустракаліся на розных імпрэзах. Алесь прызнаўся, што не памятае. Сапраўды, можна было і забыцца, бо пасля тых сустрэч мы больш ні разу і не кантактавалі.
У Мінск вярталіся вясёлыя. Знайшлося ў мікрааўтобусе месца і для Алеся Квяткоўскага. Я выходзіў на Гусоўскага. Развітваючыся, мне моцна сціснуў руку Алесь Суша і сказаў: «Не пушчу!» – «Пусці!» – усміхаючыся, некалькі разоў паўтарыў я, на што мастак сказаў: «Гэта не я трымаю! Гэта нас трымае Анатоль Сыс!»
***
11.12.2015. Да 75-годдзя з дня народзін Уладзіміра Мулявіна рыхтуем да друку кнігу, створаную Людмілай Крушынскай. Сёння павінны былі здаць у друк. Не здалі, хоць і працавалі амаль да васьмі гадзін вечара. І наогул гэты тыдзень працавалі дапазна. Праўда, толькі тыя, ад каго канкрэтна залежыць выхад кнігі. Яна атрымалася аб’ёмам 616 старонак. У ёй каля паўтысячы здымкаў, многія з якіх друкуюцца ўпершыню. Сёння, магчыма, працавалі б і да гадзін дзесяці (Людміла Крушынская, Дзмітрый Пятровіч, Вольга Максімовіч і я), калі б я напачатку не згубіў акуляры, а потым і не наступіў на іх. Дамоў вяртаўся напаўсляпым. Дома былі запасныя акуляры. У іх глядзеў хакей. Не дагледзеў. Упусціў, і разбілася правае шкельца. На працы было раструшчана левае. Словам, у мяне сёння быў акулярапад.
***
12.12.2015. Газавая калонка для нагрэву вады ў нашай кватэры сапсавалася 19 лістапада, і толькі сёння Мінгаз падключыў новую. Амаль за месяц з сынам навучыліся рабіць на кухні вентыляцыю ў сцяне, дымаход, мяняць прачысныя кішэні ў дымаходзе. Нашу працу тры разы прымалі пажарныя і пазаўчора выдалі акт, у якім гаворыцца, што ўсё зроблена, як патрэбна. Словам, мы з Максімам прайшлі добрае саманавучанне па ўстаноўцы газавых калонак і катлоў. Цяпер у нас у кватэры ёсць гарачая вада і я, як Граждан, час ад часу яе ўключаю, каб пераканацца, што яна гарачая.
***
12.12.2015. На сённяшні дзень у маім камп’ютары сабралася шмат фотаздымкаў, якія не спарадкаваны ні па гадах, ні па імёнах, ні па падзеях, а проста захоўваюцца ў розных папках, і не зразумела мне самому, што ў мяне тут ёсць, а чаго і няма. Усё мару знайсці вольны час, каб сесці і разабрацца ў сваім фотабагацці. Толькі што адкрыў першую, якая патрапіла на вочы, папку і натрапіў на фотаздымак, зроблены ў снежні 1981 года фотаапаратам Анатоля Сыса ў Каралішчавічах у час Рэспубліканскай нарады маладых літаратараў Беларусі. Гляджу на здымак і чую галасы маладых Сыса, Барэйшы, Сахарчука, Канапелькі. Навокал Каралішчавіцкі заснежаны лес, мароз. Мы неапранутыя выбеглі на вуліцу, фатаграфуемся. У нас яшчэ няма кніжак. У нас ёсць толькі першыя публікацыі ў «ЛіМе» і ў часопісах. У нас усё яшчэ наперадзе. У Барэйшы часу ў гэтым свеце дзевяць гадоў, у Сахарчука дваццаць адзін, у Сыса дваццаць чатыры, у Канапелькі трыццаць чатыры. Час праляцеў, як той снег, што падаў з неба на нашы маладыя гарачыя галовы.
***
14.12.2015. Ездзіў у Дом быту, што каля станцыі метро «Інстытут культуры». Замовіў новыя акуляры. Каштуюць няслаба. Узгадалася, як гадоў пятнаццаць таму з Алесем Пісьмянковым, які тады быў галоўным рэдактарам «ЛіМа», а я ягоным першым намеснікам, прыязджалі сюды, каб здаць у хімчыстку Алесеў касцюм. Даведаўшыся, колькі паслуга будзе каштаваць, сябра сказаў: «Я дабаўлю да гэтай сумы грошай і новы касцюм куплю, а пакуль што мы з Вікторам пойдзем піва пап’ём!» І мы пайшлі, і папілі піва, а праз месяц Алесь набыў новы касцюм.
***
15.12.2015. Дзякуючы Алене Ляшковіч і ўсім яе купалаўцам ездзіў у Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі» на ўрачыстае адкрыццё новай літаратурна-дакументальнай экспазіцыі. Ехалі з Мінска тры з паловай гадзіны. Сядзеў з Навумам Гальпяровічам. Усю дарогу гаманілі пра цяперашнія жыццёвыя варункі, узгадвалі сяброў, якія адышлі ў лепшы свет. Некалькі тыдняў таму пасля цяжкай хваробы памерла былая дырэктарка бібліятэкі імя Пушкіна Наталля Чуева. Шмат гадоў яна арганізоўвала і праводзіла творчыя семінары «Слова Купалы да творчасці кліча», якія праходзілі на Лагойшчыне. Я меў шчасце разоў пяць удзельнічаць у іх літнастаўнікам. Шмат паэтаў Мінскай вобласці, якія былі на гэтых семінарах, цяпер маюць свае кнігі, прыняты ў Саюзы пісьменнікаў.
На паўдарозе да Ляўкоў мы выйшлі з аўтобуса на адпачынак якраз на тым месцы, дзе ў 2002 годзе спыняліся з Алесем Пісьмянковым, Эдуардам Акуліным, Анатолем Зэкавым і Лідзіяй Макарэвіч, едучы з Ляўкоў, дзе разам з віцебскімі паэтамі Анатолем Канапелькам, Давідам Сімановічам, Алегам Салтуком, Алесем Жыгуновым удзельнічалі ў свяце паэзіі. На сённяшні дзень з віцябчан жывы толькі Жыгуноў. З Пісьмянковым тады ў прыдарожнай альтанцы мы сфатаграфаваліся. Недзе ў мяне захоўваецца здымак. Было лета. Цёпла. Светла. Пісьмянкоў у Ляўках пакупаўся ў Дняпры. Я сачыў, каб ніхто не прыйшоў, бо Алесь быў зусім голы. У яго была звычка купацца ва ўсіх вадаёмах, каля якіх можна было прыпыніцца. Ён любіў ваду.
У Ляўках нас сустрэлі хлебам-соллю і песнямі. У час урачыстасцяў з пісьменнікаў выступілі Навум Гальпяровіч і я. Упершыню прагучаў гімн Купалаўскага музея, створаны Камоцкім і Гальпяровічам. Экспазіцыя вельмі багатая і зроблена па-сучаснаму. Усім, думаю, запомніцца пакой, дзе за акном у садзе ходзіць Янка Купала і аглядае дрэвы.
Андрэй Скарынкін, гледзячы са мной на копію верша «Спадчына» (19.11.1918), сказаў: «Валерый Дайнека з «Песняроў» нарадзіўся ў адзін дзень з гэтым вершам...» «Нарадзіўся праз узрост Хрыста.» – дадаў я. «Так. Праз 33 гады, але Дайнеку вельмі далёка да Хрыста.» – усміхнуўся Андрэй. Прыехаўшы дамоў, я заглянуў у энцыклапедыю, і даведаўся, што Валерый Дайнека нарадзіўся 29.11.1951 года.
Я прапанаваў схадзіць да Дняпра. Бераг круты. Да вады далёка. Са мной пайшлі Аксана Аракчэева, Міхась Шавыркін, Навум Гальпяровіч і Анатоль Бутэвіч. Вада ў рацэ цяплейшая за вецер. Празрыстая, як неба. Вярнуўшыся на высокі купалаўскі бераг, Анатоль Іванавіч запытаўся: «Колькі прыступак у лесвіцы?» Ніхто правільна не адказаў. Я сказаў: «365!» «Не! 210!» – задаволена назваў лічбу Анатоль Іванавіч.
Сонца не было. Але пасля таго, як мы схадзілі да Дняпра і пачалі ўздымацца па лесвіцы да Купалы, каля ракі на заснежанай траве з’явілася сонечная паляна, якая, чым мы бліжэй былі да Купалы, павялічвалася, а потым і разраслася на ўсё нааколле Купалаўскай зямлі.
***
16.12.2015. Па запрашэнні Таццяны Гаранскай быў у мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага на адкрыцці выставы Віктара Маркаўца «Заслаўе. Жывапісныя імпрэсіі старога горада». Большасць карцін мне даўно знаёмыя. Некаторыя ў канцы 80-х і пачатку 90-х друкаваліся ў часопісе «Беларусь», дзе я працаваў у аддзеле культуры і рыхтаваў да друку каляровую ўклейку з рэпрадукцыямі работ мастакоў. У тыя часы шмат было створана карцін, у якіх адлюстроўваецца наша гісторыя. Праз іх для многіх беларусаў адкрывалася незнаёмая Беларусь – краіна замкаў, храмаў, рыцараў, князёў, асветнікаў, змагароў і герояў. І сёння, ходзячы па выставе Віктара Маркаўца, я адчуваў сябе вучнем, які паўтарае даўнія ўрокі па гісторыі нашай краіны.
Сустрэў на выставе земляка з Ракава Фэліка Янушкевіча. Ягоныя партрэты Льва Сапегі і Васіля Цяпінскага вісяць у мяне ў кабінеце. З Фэлікам мы даўно ўжо бачыліся. Раней, у маладосці, праязджаючы на аўтобусе праз Ракаў, я амаль кожны тыдзень бываў у яго дома. Тады яшчэ жылі бацькі Фэліка. Ягоная маці мяне заўсёды пасля дарогі карміла, а я сілкаваўся і глядзеў, як Фэлік малюе. Многія карціны тварыліся на маіх вачах. Гэта ўсё было даўно. Цяпер Фэлік малюе мала, а ўсё больш займаецца сваім музеем. Я расказаў пра сваіх дзяцей, а Фэлік пра сваіх. Мае – мастакі, Фэліка – музыканты.
Мастак Віктар Барабанцаў зноў напомніў пра партрэт Людмілы Рублеўскай, які ён намаляваў гадоў пятнаццаць таму, а гадоў пяць таму падарыў нам. Ніяк не можам забраць. Я абяцаў праз пару тыдняў з Людмілай заглянуць у майстэрню да Віктара.
З Алесем Разанавым узгадалі пра маладую мастачку Кацярыну Дасько, якая яшчэ ўсё афармляе ягоную кнігу для «МЛ». Трэба будзе падшавяліць дзяўчыну, а то час ляціць і ў Алеся Сцяпанавіча ўжо губляецца надзея, што нешта атрымаецца з выданнем выбраных пункціраў.
Стоячы каля карціны Віктара Маркаўца, дзе сяўня і груган, Алесь Разанаў расказаў мне гісторыю яе стварэння: «Напачатку былі і сяўня, і груган, але нечага не хапала. Я прапанаваў Віктару, каб ён намаляваў зерне. Залатое зерне. І ён намаляваў зерне, і карціна набыла філасофскі сэнс».
Алесь Разанаў у «Лятучым універсітэце» чытае лекцыі. У яго было пытанне да мяне: «Ці ведаеш, калі быў напісаны верш Алеся Пісьмянкова «Мой сад у снезе па калена.»? Я студэнтам сказаў, што «незадоўга да смерці паэта...» Вярнуўшыся з выставы, я знайшоў верш Пісьмянкова і паведаміў Алесю Сцяпанавічу, што твор напісаны ў 1986 годзе. «Трэба будзе выправіцца на наступнай лекцыі!» – дзякуючы за дапамогу, сказаў Разанаў...
Аляксей Марачкін пры сустрэчы некалькі разоў ужо цікавіўся: «Чаму мой артыкул пра Драздовіча не трапіў у кнігу пра Драздовіча?», і сёння ён яшчэ раз задаў мне гэтае пытанне. Я адказаў, як і ў мінулыя разы (...), і мы разам пасмяяліся...
На адкрыцці выставы было шматлюдна, а не так, як часам, бывае, што карцін на сценах болей, чым іх гледачоў...
На аўтобусны прыпынак ад Віктара Маркаўца ішоў з Уладзімірам Васюком, які папрасіў мяне ганяць на падобныя выставы маладых мастакоў, якія ў нас працуюць у выдавецтве.
***
18.12.2015. У час абедзеннага перапынку купіў у канфіскаце кілаграм «Каралеўскага» сыру. Еду ў ліфце, трымаючы набытак у руках, бо торбы з сабой не захапіў. І раптам ліфт спыняецца напаўдарозе. Зайшлі прыгожыя дзяўчаты. Ліфт тут жа зачыніўся, як вялізарная мышалоўка...
***
19.12.2015. Снілася вёска. Лета. Іду па вуліцы на Юстынаву гару. Праходжу каля двухпавярховага Белага дома. Яго так назвалі гадоў сорак таму. Доўгі час ён быў у вёсцы адзіным домам, які збудаваны з белай цэглы і двухпавярховы. Там жылі прыезджыя. Словам, сніцца, што іду каля Белага дома. Раптам расчыняюцца дзверы пад’езда і на вуліцу выходзіць Альгерд Бахарэвіч з дзецьмі (хлопчыкам і дзяўчынкай). Вітаемся. Я пытаюся: «Ты да некага ў госці прыехаў?» – «Не! Я тут цяпер жыву. Я напісаў кнігу пра Шабаны, а цяпер пішу пра твае Пугачы!» – адказаў Альгерд і прапанаваў пайсці з ім у сад.
***
19.12.2015. У СМІ вычытаў, што ў нас было ўжо шэсць міністраў замежных спраў Беларусі. Адны з іх запомніліся больш, іншыя менш. З Пятром Краўчанкам (1990—1994) і цяпер даводзіцца сустракацца. Ён зрэдку прыходзіць у выдавецтва, каб у аддзеле рэалізацыі набыць кнігі. Часам заглядае да мяне ў кабінет. З Іванам Антановічам (1997—1998) знаёмы яшчэ з 1981 года, калі ён ад ЦК Кампартыі прыязджаў у Каралішчавічы і выступаў перад удзельнікамі Рэспубліканскай нарады маладых літаратараў Беларусі. Уладзімір Сянько (1994—1997) некалькі разоў прыходзіў у рэдакцыю «ЛіМа» і мы з Міколам Гілём і Барысам Пятровічам давалі яму свежыя нумары штотыднёвіка і распавядалі пра творы, якія варта пачытаць. Словам, былі часы.
***
20.12.2015. Тысячагоддзямі людзі спрачаюцца, ваююць за землі. А зямля ўся, дзе мы ўсе жывём, належыць Адаму і Еве.
***
20.12.2015. Снілася родная хата. Вечар. Марозіць. Я прыехаў дадому, збіраюся пераначаваць. На кухні падлога зусім сапсавалася. Змрочна. Сцюдзёна. Заходжу ў залу, а там цяплей і святлей. Здаецца, што тут нядаўна былі бацькі. І ў мяне з’яўляецца надзея, што пераначую, не змерзну. Прачынаюся. Успамінаю бацькоў. 25 снежня будзе тры гады, як бацька адышоў да мамы ў лепшы свет...
***
21.12.2015. З фотамайстрам Яўгенам Коктышам мы знаёмыя гадоў дваццаць пяць. Увесь гэты час ён мяне фатаграфуе пры сустрэчы. Напачатку года паказваў вялікі альбом, дзе ў яго сабраны фотаздымкі многіх вядомых людзей Беларусі, зробленыя ў розныя гады. Большасць фотаработ нідзе не друкаваліся. Убачыўшы свае здымкі, я папрасіў падарыць пару. Спадар Яўген абяцаў прынесці. Сёння прынёс пяць, зробленых не так даўно. Гартаючы старонкі новай кнігі пра Уладзіміра Мулявіна, дзе змешчаны і здымкі Яўгена Коктыша (каля дваццаці), што нам прадставіла аўтарка кнігі Людміла Крушынская, спадар Яўген сказаў: «Трэба было звярнуцца да мяне! У мяне яшчэ ёсць каля пяцідзесяці здымкаў з Мулявіным, якія нідзе не друкаваліся.» У адказ я толькі і прамовіў: «Значыць, ужо ёсць новыя матэрыялы для новай кнігі пра Песняра...»
***
22.12.2015. Быў у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь на адкрыцці выставы палітычных карыкатур Алега Карповіча. Зроблена ўсё па-майстэрску, прафесійна. Алега я ведаю яшчэ са студэнцкіх гадоў. Пазнаёміліся мы з ім у рэдакцыі часопіса «Маладосць» і потым пасябравалі. У мяне захоўваецца сёе-тое з дыпломнай работы Алега, на абароне якой я прысутнічаў. Калі я жаніўся, Алег у мяне быў адным са сватоў. Незаўважна з дня нашага знаёмства праляцела больш як трыццаць гадоў. Гледзячы на карыкатуры, я ўспамінаў юначыя работы сябра. Яны былі іншыя, але ўжо тады ў іх быў і гумар, і сатыра. У мяне ёсць падарунак ад Алега, які ён мне прэзентаваў гадоў пятнаццаць таму – гіпсавы, пакрыты бронзай, невялікага памеру мой бюст. Напачатку Алег мяне ляпіў з пластыліну. Г алаву ляпіў на двухсотграмовай гранёнай шклянцы, з якой мы толькі што пілі віно. Ён ляпіў, а я смяяўся. Словам, ёсць што ўспомніць.
***
24.12.2015. Тры гады таму ў гэты дзень было вельмі марозна (больш за дваццаць градусаў) і завірушна. У гадзіну дня з Людмілай прыехалі ў скверык да помніка Адаму Міцкевічу. Сабралася людзей. Прыехалі амапаўцы. Чакаем, пакуль з Чырвонага касцёла пасля імшы прыйдуць вернікі, каб адзначыць дзень народзінаў Адама Міцкевіча. Амапаўцы прапануюць дзяўчатам пайсці разам з імі ў зялёны аўтобус пагрэцца. Дзяўчаты смяюцца і адмаўляюцца. Мы з Людмілай стаім у пустым намёце, дзе на стале гара пластыкавых кубачкаў, якія паціху напаўняюцца снегам, як цукрам. Праз паўгадзіны з Чырвонага касцёла пасля імшы прыйшлі вернікі на чале з ксяндзом Уладыславам. Мы канчаткова змерзлі, таму, выступіўшы, пабеглі ў гандлёвы дом «На Нямізе» грэцца. Дамоў вярнуліся, як з партызанскага атрада. А сёння дванаццаць градусаў цяпла і ў скверыку каля помніка Паэту зноў гараць знічкі, ад якіх светла ў перадкалядны вечар...
***
25.12.2015. З Людмілай ездзілі ў цэнтр горада. Напачатку наведалі кнігарню «Ў», дзе забралі пакінутую для нас Францам Сіўко кнігу «Плебейскія гульні». Пагарталі некаторыя новыя выданні, паглядзелі на чытачоў. Дзяўчына гадоў дваццаці хацела набыць Людміліну кнігу. Аднак, відаць, палічыўшы ў думках бацькоўскія грошы і зразумеўшы, што іх не хопіць на ўсё, па што яна прыйшла, не звярнулася да аўтаркі па аўтограф, хоць і кнігу не выпускала з рук да часу, пакуль мы былі сярод пакупнікоў.
У Нацыянальны мастацкі музей зайшлі паглядзець гравюры Гоя і Пікаса. На першым паверсе – пачатак выставы Рамана Заслонава. Карціны знаёмыя, раннія. На другім паверсе працяг выставы. Напісаны ў Францыі. Паглядзелі ўсё. Найбольш спадабаліся карціны, што былі напісаны больш як дваццаць гадоў таму – «На радзіме Я. Наркевіча-Ёдкі. Дыптых. Лета-зіма» і «Маладыя мастачкі». Пазнаў маладую мастачку Аксану Аракчэеву. Карціны ў канцы 80-х і пачатку 90-х друкаваліся ў часопісе «Беларусь», дзе я працаваў у аддзеле культуры. Заглянулі ў альбом водгукаў. У асноўным запісы кароткія – «Дзякую! Спадабалася! У захапленні!» Ёсць і непрыемныя для мастака. «Талант у художника есть. А вот тематика картин не совсем понятна. Ещё Пушкин говорил: «Пиши, не мудрствуя лукаво». А художник так намудрил, что и понять трудно, что к чему. Наши белорусские женщины в жизни покрасивее будут и лучше сложены, чем на картинах художника. 24.12.2015», «Кризис нравственности или бл.й парад. Жалко смотреть, как художник, владеющий бесспорным мастерством, растрачивает его на столь пошлое содержание. А Музей экспонирует. Женщина Юлия». «Новый Исачёв! Где вкус у устроителей?» Гэтыя запісы нагадваюць каментары, напісаныя пад псеўданімамі да некаторых мастацкіх твораў у «Нашай ніве».
У зале, дзе прадстаўлены гравюры Франсіска Гоі (1746—1828) і Пабла Пікаса (1881—1937), шмат людзей. Многія падоўгу стаяць каля асобных работ, разглядаюць, выказваюць адзін аднаму свае ўражанні. Назвы гравюр у Гоі, як вершы ў адзін радок – «Яна моліцца за яе», «Ніхто нікога не ведае», «Збан разбіўся», «Сон розуму нараджае пачвар», «Вазы на могілках», «Уцякаюць праз агонь», «Ужо няма часу». Як вершы, і гравюры ў Пікаса – «Фаўн, які раскрывае спячую», «Сляпы Мінатаўр, якога вядзе маленькая дзяўчынка ўночы», «Мінатаўр, які атакуе амазонкаў».
Не абмінулі выставы карцін Мікалая Залознага і Мацвея Басава, а таксама кераміку Валерыя Калтыгіна. Тут найбольш мяне ўразіў цыкл «У кожнага свой крыж». Я палічыў крыжы. Усіх 26. З савецкай памяці ўсплылі Дваццаць шэсць бакінскіх камісараў.
Пасля Нацыянальнага мастацкага музея зайшлі ў «Штолле», дзе напаткалі дачку Івана Чыгрынава Таццяну. Будучы ў Парыжы мінулым летам, мы з ёй сустрэліся на Елісейскім полі ў кавярні. Тады і сёння мы падсілкоўваліся за столікам, дзе да нас сядзела дачка Чыгрынава. Паеўшы пірагоў, папіўшы гарбаты з руж, Людміла пацікавілася: «Ну як?» – «Як у Парыжы!» – адказаў я.
Наведалі «Цэнтральную» кнігарню. У беларускім аддзеле жанчына з дачкой пазнала Людмілу і пашкадавала, што ўжо набылі і прачыталі ўсе «Авантуры Пранціша Вырвіча».
Зайшлі ў Свята-Пятрапаўлаўскі сабор. Заказалі малітву аб памерлых, паставілі свечкі. Сёння тры гады, як памёр мой бацька.
***
26.12.2015. Жорны, як і крыж, святыя.
***
27.12.2015. Заходзіў у майстэрню Алеся Квяткоўскага. Ён некалькі дзён таму закончыў «Партрэт Святланы Алексіевіч». Карціна новая, але яна амаль цалкам паўтарае тую, напісаную яшчэ ў 1987 годзе, калі Святлана Аляксандраўна прыходзіла да мастака і пазіравала яму. На жаль, той партрэт захоўваецца ў некага са знаёмых Алеся, а рэпрадукцыя надрукавана ў «Энцыклапедычным даведніку Беларускага саюза мастакоў. 1938 – 1998». Гледзячы на Глобуса і на мяне, Алесь таксама падвёў вынікі працы за 2015 год. Ім напісана 17 карцін і зроблена шмат эскізаў для будучых палотнаў.
Сярод алоўкаў і пэндзлікаў я сфатаграфаваў яблык. Калі да Алеся прыходзяць вучні-мастакі, яблык для іх працуе натуршчыкам. Ён састарэў, скукожыўся, але не згніў.
***
27.12.2015. У другой палове дня яшчэ завідна з Людмілай ездзілі ў «Цэх», што на Кастрычніцкай, 16. Месца мне знаёмае. Побач лікёра-гарэлачны завод «Крышталь», дзе я ў маладосці грузчыкам праходзіў адзін з курсаў жыццёвага ўніверсітэта. Вуліца крыху змянілася. Папрыгажэла. Трамваі не ходзяць. Цішыня. Навокал пахне дражджамі, як і трыццаць пяць гадоў таму. Зайшлі ў «Цэх». Поўна моладзі. Напачатку я адчуў сябе шкодным бацькам, які шукае дачку і сына, каб паглядзець, чым яны тут займаюцца. Аднак убачыўшы, што ніхто ў памяшканні не курыць і не п’янствуе, зняў шапку і прытварыўся маладзёнам, які рана пасівеў ад багемнага жыцця. Людміла ў гэты час разглядала ўпрыгожванні і адзенне, якое прадавалася ў «Цэху». Можна было б папіць гарбаты, але не захацелася перашкаджаць моладзі быць вельмі дарослымі і самастойнымі. Праз дарогу, побач з «Цэхам» – кавярня «Дэпо». Праз вокны бачна, што і там поўна маладых наведвальнікаў. На адным з акон намаляваны Уладзімір Караткевіч з кацянятамі. Мы сфатаграфаваліся на памяць. Потым некалькі хвілін пастаялі каля прахадной лікёра-гарэлачнага завода «Крышталь». На яго тэрыторыі, калі я працаваў, быў помнік Леніну. Ці ёсць цяпер? Не ведаю. Узгадалася маё апавяданне, напісанае напачатку 90-х, пра гэтага Леніна. Твор заканчваецца тым, што Ленін стаяў-стаяў сярод пляшак з моцнымі напоямі і аднойчы сышоў з п’едэстала і ноччу, палохаючы мінакоў, пайшоў да Свіслачы, дзе ўтапіўся каля студэнцкага інтэрната.
***
27.12.2015. Першая гадзіна ночы. Глядзім фінал расійскага тэлешоу «Голас». Перамагае іераманах Фоцій. Наша сабачка Міёна ў другім пакоі ціскае гумовую цацку, якая гучна пішчыць. Чуючы піск, кажу: «Як у «Сабачым сэрцы» Булгакава!» Людміла дадае: «Добра, што на балалайцы не іграе!»
***
28.12.2015. Ноччу наш горад захапіла Белая арда – выпаў снег.
***
28.12.2015. Працягваю паціху чытаць Ван Гога «Письма» (Искусство, Ленинград—Москва, 1966 г.), якія даў мне Алесь Квяткоўскі. Спыніўся на лісце Вінсента брату Тэа, дзе ёсць радкі: «Знаешь, нам в искусстве очень и очень необходимы честные люди. Сейчас имеет место то, что Золя именуют «триумфом посредственности». Место труженников, мыслителей, художников занимают снобы и бездари, причём этого никто не замечает.» Напісана, як сёння. Праўда, цяпер снобаў і бездараў заўважаюць, падтрымоўваюць і ўзнагароджваюць. Іх цяпер большасць, і гэтая большасць агрэсіўная.
***
29.12.2015. Упершыню ўзяў працоўны адпачынак зімой. Праўда, усяго чатыры пераднавагоднія дні, але яны разам з днямі святочнымі ператварыліся ў дзесяць. Нядаўна меў сякія-такія планы нешта зрабіць, што раней не мог, а ў выніку – сяджу з сабачкай Міёнай. Людміла на працы, дзеці ў вандроўцы. Гляджу праз акно ў двор. Там заснежаныя машыны, галубы, галкі, каты і дворнік, які мяце снег, пад якім лёд, як неба.
***
29.12.2015. Сяджу дома з аўчаркай Міёнай. Звініць тэлефон. Патурбавалі з нейкай сэрвіснай фірмы па вокнах: «У нас акцыя праверак па вокнах. У вас усё ў парадку з вокнамі?» Хвіліны тры адказваю на пытанні. «Майстар да вас прыйдзе праз гадзіну. Вы будзеце дома?» – цікавяцца з фірмы. «Буду! Толькі мне нічога не трэба. Я адзін дома і ў мяне не прыбрана!» – кажу я. «А вы прыбярыце і майстар да вас прыйдзе і паглядзіць вокны!» – настойвае дзяўчына. «А ён умее рамантаваць вокны?» – пытаюся. «Гледзячы што.» – «Ручку памяняць зможа?» – «Думаю, што зможа. Толькі гэта будзе платна!» – «Заплачу!» – «А вы поўнагадовы?» – «Мне хутка сто гадоў!» – «А як вас завуць?» – «Віктар!» – «Чакайце майстра. Ён ужо ідзе!» Цяпер сяджу і чакаю. Я не адзін. Я з аўчаркай Міёнай.
Не прайшло і пятнаццаці хвілін пасля тэлефанавання з сэрвіснай фірмы па абслугоўванні акон, як у дзверы пазванілі – прыйшоў майстра. Малады хлопец. Назваўся Раманам. Пачуўшы, што я гавару па-беларуску, хлопец загаварыў па-беларуску. Падчас праверкі акон, я даведаўся, што Раман удзельнічае ў праекце «Мова нанова» і добра ведае Глеба Лабадзенку, Андрэя Хадановіча, Алену Церашкову і іншых маладых літаратараў. «А хто вы па прафесіі?» – пацікавіўся мой суразмоўца. «Адгадай з трох разоў?» – прапанаваў я. «Мастак!» – «Чаму так думаеце?» – «У вас шмат карцін на сценах!» – «Не!» – «Выкладчык беларускай мовы!» – «Не!» – «Гісторык!» – «Не!» – «Ну тады не ведаю». – «Пісьменнік. Віктар Шніп». – «Ведаю такога. Чытаў нешта». На маё пытанне: «Дзе мову вывучыў?», хлопец адказаў: «Сам! Я ж беларус!». З дамовы на рамонт акна я даведаўся прозвішча Рамана – Кушнер.
***
31.12.2015. На Мухлі гуляю з Міёнай. На заснежаных соснах вароны, як вялікія чорныя шышкі.
***
31.12.2015. У адпачынку. Выгульваю шчанючку Міёну, бо дзеці ў вандроўцы. Натузаўся з ёй, што аж сэрца стала пабольваць. Восьмы дзень не галюся. Выгляд маю бандыцкі. З самага ранку наведаў краму, куды не хадзіў чатыры дні. Там у мяне з носа кроў пайшла. Выпацкаўся. Крамніцы мяне ведаюць. Звычайна вітаюцца, а сёння толькі паглядзелі, як на мужыка, які пачаў выходзіць з запою. Ішоў дамоў і, думаючы пра крамніц, сам сабе ўсміхаўся, плюючыся крывёй на ранішні снег.
Студзень-2016
***
1.01.2016. З Людмілай са старым годам развіталіся ў бабулі, а Новы год сустрэлі на Цэнтральным пляцы каля святочнай ялінкі. Людзей было чалавек 150 – 200, а калі б лічылі міліцыянеры, то каля 100. Саміх жа міліцыянераў было чалавек дзесяць. Піць шампанскае і паліць бенгальскія агні яны не перашкаджалі. Калі было хвілін пятнаццаць Новага года, Дзед Мароз, які невядома адкуль з’явіўся, прапанаваў павадзіць карагод вакол ялінкі. Многія з радаснымі крыкамі кінуліся ўслед за ім. Я не пабег, бо за дзень з нашай шчанючкай Міёнай на Мухлі накарагодзіўся вакол сасонак. Яшчэ праз хвілін дзесяць народ паціху пачаў разыходзіцца з пляца. Пайшлі і мы. Каля Ратушы пафатаграфаваліся на вазку з коньмі. Спадзяёмся на новыя вандроўкі і ў новым годзе. Ідучы каля кавярні, я сказаў: «Бедныя людзі на свята спыняюцца каля кавярань і заглядаюць у вокны, каб пабачыць, як багатыя ядуць ананасы і рабчыкаў жуюць.» Людміла сумна ўсміхнулася: «Ты гэта ў сваім дзённіку запішы». Дахаты вярталіся ў тралейбусе. П’яных не бачылі. Відаць, яшчэ было рана. Дома яшчэ раз сустрэлі Новы год. Тэлевізар не глядзелі, музыкі не слухалі. Успаміналі светлае і сумнае, што перажылі ў 2015 годзе. За некалькі гадзін да Новага года абтэлефанаваў усіх сваіх сваякоў, павіншаваў. Стрыечная сястра Аня прапанавала нарэшце ў 2016 годзе сабрацца нам, стрыечным сёстрам і братам, у Ракаве ў Ігара з Раісай (яны даўно чакаюць) і пасядзець разам за святочным сталом, а то мы апошнім часам толькі на пахаваннях і сустракаемся. Аднак жыццё працягваецца. І ўсё будзе добра. З Новым годам!