Текст книги "Заўтра была адліга-4 (СИ)"
Автор книги: Віктар Шніп
сообщить о нарушении
Текущая страница: 10 (всего у книги 10 страниц)
***
30.04.2016. У 2002 годзе ў «Куфэрку Віленшчыны» быў надрукаваны мой матэрыял «І засталася між людзей душа» пра Пятра Бітэля:
«“Паступіўшы пасля заканчэння польскай сямігодкі ў Барунскую настаўніцкую семінарыю, я захапіўся польскай класікай. А калі аднойчы пахваліла мяне за ўдалае сачыненне наша настаўніца польскай мовы і літаратуры Марыя Багушэвіч (нявестка Францішка Багушэвіча – жонка ягонага сына Тамаша), я пачаў цішком, выключна для сябе, прабаваць свае сілы ў творчасці. Усе тыя наіўныя юнацкія творы, як і пазнейшыя – напісаныя ў час настаўніцкай працы, – амаль поўнасцю загінулі ў ваеннай завірусе”, – так успамінаў Пятро Бітэль пра пачатак сваёй творчасці ў 1981 годзе на паседжанні літаратурнага аб’яднання «Рунь» пры Валожынскай раённай газеце «Працоўная слава». На той час Пятру Іванавічу было 69 гадоў. Ён меў адну выдадзеную кніжку «Замкі і людзі» (1968). Але ён быў не адзін – побач з ім былі родныя і блізкія, і ён штодзённа працаваў над перакладамі і не губляў веры, што напісанае ім рана ці позна дойдзе да чытача. І яно паступова даходзіць і становіцца часткай нашай культуры. Творы Пятра Бітэля яшчэ не ў поўнай меры прачытаныя і ацэненыя, але я і так ведаю, што Пятро Іванавіч – гэта гонар Вішнева, Валожыншчыны і Віленскага краю. I я ўдзячны лёсу, што меў магчымасць асабіста ведаць Пятра Бітэля, сябраваць з ім і вучыцца ў яго мужнасці і любові да роднай зямлі. Пятру Бітэлю цяпер было б 90 гадоў, і ён бы мог яшчэ жыць, але... Але засталіся яго творы, памяць пра яго, засталіся мы, хто яго ведаў і любіў як чалавека і творцу.
Чытачам «Куфэрка Віленшчыны» прапаную свае дзённікавыя запісы, па якіх можна прасачыць жыццёвы і творчы шлях Пятра Бітэля на валожынскай зямлі, убачыць, як зараджалася літаб’яднанне «Рунь», дзякуючы якому Пятро Іванавіч адчуў, што ён і яго творчасць патрэбныя людзям. Прапаную пісьмы Пятра Бітэля да мяне.
15.10.1979. Быў у Валожыне 11.10.79 на ўрачыстым сходзе, прысвечаным 40-годдзю «Працоўнай славы». Пазнаёміўся з Аняй Арцюкевіч, Валянцінай Русакевіч, Петрусём Капчыкам, Пятром Бітэлем і Алесем Хазяніным... З Капчыкам размаўляў пра тое, як бы з’ездзіць да П. Бітэля (цікавы чалавек, добра перакладае). Думаю, з’ездзім.
17.05.1981. Сёння атрымаў ліст з «Працоўнай славы». Літаб’яднанне трэба абавязкова стварыць!
19.05.1981. Рана ўстаў і паехаў у Валожын. Зайшоў у рэдакцыю ў аддзел пісем. Пазнаёміўся з Галінай Шаблінскай. Пагаварылі пра стварэнне літаб’яднання. Збіраемся 6 чэрвеня а 12 гадзіне. Яна расказала пра сучасную паэзію, а я пра літаб’яднанні і пра іх дзейнасць. Казала, што зробіць пасведчанні члена літаб’яднання. Дала мне прагледзець вершы з літаратурнай пошты. Схадзіў з ёй і да рэдактара С. Ломаця – пагаварылі пра літаб’яднанне. Рэдактар мяне падтрымаў.
21.05.1981. Званіў у «Працоўную славу». Прапанаваў даць назву літаб’яднанню «Рунь». Эпіграф з П. Панчанкі: «Песню сваю, мову сваю // Я да грудзей прытульваю...» Галіна Шаблінская сказала, што гаварыла з мастакамі наконт пасведчання члена літаб’яднання.
29.06.1981. Пазваніў Г. Шаблінскай. Збірацца будзем у жніўні. Літстаронка выйдзе ў гэты чацвер.
10.08.1981. У суботу раніцай аб 11 гадзіне прыехаў у Валожын. Паеўшы ў сталоўцы, пайшоў у рэдакцыю. На лаўцы ўжо сядзеў Л. Шчарбінскі са сваім пляменнікам. Неўзабаве прыйшла Г. Шаблінская. Пасля з’явіліся М. Карыцкая і фотакарэспандэнт А. Пятровіч. Гаварылі пра паэзію і пра паэтаў. Прыкінулі невялічкі план на будучае.
31.08.1981. 29-га, раненька ўстаўшы, паехаў у Валожын. У пачатку 12 гадзіны прыйшла Галіна Шаблінская. Мы з ёй думалі, што нікога больш не будзе. Селі, перадрукавалі вершы Л. Шчарбінскага, але ён чамусьці не прыехаў. Галіна паведаміла, што мной цікавіцца валожынскі кампазітар Валерый Хахлоў. Ён казаў, калі буду ў Валожыне, каб нас пазнаёмілі. Першай прыйшла М. Карыцкая. Пасля дабавіліся Аня Косік і Пятро Бітэль. А яшчэ пачакаўшы, нясмела зайшоў Вікенцій Чаховіч. Усе мы пачыталі свае вершы. Крыху абмеркавалі. Ледзь не забыўся – перад усім гэтым званіў Міхаіл Курыла. Я з ім добра пагаварыў. Ён абяцаў адразу напісаць мне. Цяпер у бальніцы. Я з Галінай склаў літстаронку – выбралі вершы аўтараў, што прысутнічалі. Прайшло літаб’яднанне добра. Я ўзяў вершы для літстаронкі ў «Чырвонку». Недзе ў гадзіны тры разышліся. Пятро Бітэль запрашаў мяне да сябе.
1.09.1981. Завёз вершы П. Бітэля, А. Косік, М. Карыцкай, Л. Шчарбінскага і свае ў «Чырвонку». Якраз у сакратарыяце быў М. Федзюковіч. Ён сказаў, што будуць рыхтаваць старонку нашага літаб’яднання «Рунь».
15.11.1981. У Валожын прыехаў аб 11 гадзіне. Пасля сталоўкі пайшоў у раёнку. Прыехаў М. Курыла. Пасля з’явіліся П. Бітэль, Г. Равінскі, М. Карыцкая, Я. Макарэвіч, А. Косік, Г. Шаблінская і Н. Штэйнер. Я чытаў новыя вершы. П. Бітэль сказаў: «Вершы ўсе пранізаныя адной тэмай, паспрабуй з іх зрабіць паэму». Сам П. Бітэль пачытаў пераклады.
9.05.1982. 5 мая па запрашэнні раёнкі паехаў у Валожын на сход. У гэты дзень мне ўручылі «Г анаровую грамату» і трохтомнік Д. Пісарава. Я выступіў перад прысутнымі. Пасля паехаў на 13.15 у Вішнева да Пятра Бітэля. Хату знайшоў без цяжкасці. Якраз былі дома Пятро Іванавіч і Ніна Пятроўна. Прынялі мяне добра. Я крыху ўскапаў агарод. Шмат пачытаў, шмат цікавага ўбачыў. Убачыў, на якой паперы (на паперы ад мяшкоў з-пад цэменту) пісаліся зялёнкай пераклады А. Міцкевіча. Пагаварыць было цікава. Я начаваў. На другі дзень аб 11 гадзіне выехаў у Валожын.
4.06.1982. 3 чэрвеня быў у Валожыне. На гэты раз на літаб’яднанні было 12 чалавек: П. Бітэль, Г. Равінскі, Л. Шчарбінскі, Г. Косік, I. Шакун, С. Садоўскі, Б. Бібік і інш. Паседжанне было юбілейным. Нашаму літаб’яднанню —
1 год.
24.06.1982. Вечарам быў у Рыгора Барадуліна. Ён добрым словам успомніў П. Бітэля...
23.08.1982. Бачыўся з Валерам Янушкевічам. Ён казаў, што Фелік малюе П. Бітэля.
10.02.1983. На гэты раз прыйшлі П. Бітэль, М. Карыцкая, Л. Скадорва, В. Бібаеў, I. Шакун і новы хлопец з Вішнева. Зноў давялося добра папрацаваць. Фотакор нас фатаграфаваў. Пятро Іванавіч расказаў пра пераклады, і я папрасіў, каб ён напісаў пра гэта артыкул. Калі мы раз’язджаліся, я праводзіў Пятра Іванавіча і хлопца з Вішнева. Бітэль быў, відаць, заклапочаны, каб як хутчэй заехаць дамоў, і, дайшоўшы да аўтобуса разам са мной, не развітаўшыся, пайшоў у салон. Я разгублена паглядзеў яму ўслед і пасунуўся ў буфет. Ем, забягае П. Бітэль: «Неяк атрымалася па-свінацкаму! Не развітаўся». Мы развіталіся, і мне стала весялей.
10.03.1983. На гэты раз было мала чалавек, бо не выслалі запрашэнняў. Першым прыехаў П. Бітэль. Потым Валодзя з Вішнева і В. Бібаеў. А. Хазянін крыху пакрытыкаваў, што апошнія літаб’яднанні сталі слабейшымі.
7.04.1983. Паехаў у Валожын у раёнку праводзіць літаб’яднанне. Зноў запрашэнняў не высылалі, не далі аб’явы. Падвялі мяне. А можа, не хочуць, каб мы больш збіраліся?
21.05.1983. А палове сёмай быў на вакзале. Прыйшла Таццяна Мушынская. Галіна Шаблінская не змагла, бо ў іх праверка з Масквы. Усю дарогу размаўлялі. Язэп Янушкевіч заседзеўся дома і не паспеў на наш аўтобус «Мінск—Ліда». Паехалі без яго ў Валожын. Ужо думалі, што Язэпа не будзе, як раптам ён з’явіўся – прыехаў услед. Паехалі на 9.50 у Вішнева. Прыйшлі да Пятра Бітэля. Нас даўно чакалі. Ніна Пятроўна рыхтавала пачастункі, а мы слухалі творы Пятра Іванавіча. Цалкам ён прачытаў «Баруны», «Папарацькветку» і апавяданняў некалькі. Быў яго сябар і калега Мікалай Раманавіч з Ваўкавыска. Уразіў сваім веданнем гісторыі. Язэп перапісаў даты царствавання дынастыі Раманавых. Хораша пасядзелі. Ехалі дамоў стомленыя, але задаволеныя паездкай. Цудоўна!
10.06.1983. На гэты раз быў толькі Лёня Шчарбінскі. Званіў П. Бітэлю. Пятро Іванавіч атрымаў адказ з «Мінскай праўды». Казаў, што дрэнны адказ. Здароўе не вельмі. Ды і ў выдавецтве ўсё робіцца няспешна. Ёсць, казаў, задума на вялікую рэч.
19.07.1983. Зайшоўся ў выдавецтва да Дранько-Майсюка. Лёня ўзрадаваўся майму прыходу і запытаўся: «Калі думаеш ехаць у Валожын?» – «21 ліпеня...» I Лёня папрасіў перадаць ліст Пятру Бітэлю. Зайшоўся Мікола Арочка. Спачатку ён не хацеў браць рукапіс Пятра Іванавіча, каб напісаць на яго рэцэнзію, але мы яго ўгаварылі, і ён узяў.
21.07.1983. На гэты раз у раёнку прыехаў П. Бітэль. Я яму перадаў ліст ад Дранько-Майсюка. А ён праз мяне адказ. Генадзь Равінскі чытаў свае апавяданні. Казаў, што на мяне пакрыўдзіўся !ван Асіпацкі, якога я пакрытыкаваў у адным артыкуле разам з яго вучаніцай.
11.08.1983. Доўга стаяў па білет. Зайшоўся ў Валожыне ў кнігарню, дзе купіў I. Драча «Подсолнух». Добрая кніжка. Пагаварыў з прадаўшчыцай Светай. Пасля сталоўкі забег у карэктарскую. Там нікога. Каля рэдакцыі пачытаў кніжку. Першым прыйшоў П. Бітэль. Падпісаў выдавецкую дамову на выданне яго кнігі (я прывёз) і даў фотаздымкі. Здароўе не вельмі ў яго і жонкі... Пятро Іванавіч прачытаў сваю паэму-казку «Нястача». Цікавая рэч...
12.04.1984. У Валожын прыехаў рана. Пазваніў Бітэлю. Пятро Іванавіч крыху прыхварэў, ды і зубы ставіць. На гэты раз прыехаў Валодзя Малашэнкаў, васьмікласнік з Вішнева...
14.06.1984. У Валожын прыехаў і адразу патрапіў пад дождж, які ўжо ідзе амаль месяц. А ў Расіі быў смерч, які разбурыў шмат дамоў, ёсць загінулыя.
Пабыў у карэктарскай. Прыехаў Лёня Шчарбінскі. Пасля – П. Бітэль і Г. Равінскі...
6.09.1984. На гэты раз прыехалі Л. Шчарбінскі, Г. Равінскі, Л. Скотнікава, Т. Гасціловіч, Л. Скадорва і інш. Пазваніў Бітэлю. Выбірае бульбу, баліць спіна, а так усё нармальна.
4.10.1984. У Валожын прыехаў а 9 гадзіне. Зазірнуўшы ў кнігарню, пайшоў у рэдакцыю. На гэты раз прыехалі Пятро Бітэль і Алена Жылінская. Малавата. З намі была Н. Штэйнер. П. Бітэль чытаў урыўкі з паэмы «Тупікі». Цікава. Я ўзяў вершы для агляду. Зноў не давалі абвесткі і не рассылалі запрашэнняў.
3.01.1985. З Пугачоў паехаў у Валожын. У аўтобусе сустрэў Феліка Янушкевіча. Ён ехаў здаваць аналізы – едзе ў Японію на 20 дзён. Усю дарогу гаварылі. У раёнку на гэты раз прыехалі П. Бітэль, Г. Равінскі і А. Жылінская. Пятро Іванавіч падпісаў мне сваю кнігу. Казаў, што ніхто ў Вішневе не чакаў ад яго такой кніжкі, усе думалі: будзе маленькая кніжачка. Мы ўсе павіншавалі Бітэля з кнігай. Літаб’яднанне прайшло хораша.
12.03.1985. Са «Звязды» пайшоў на секцыю паэзіі ў Саюз пісьменнікаў, дзе (я не ведаў) разглядалі творчасць Пятра Бітэля. Прыйшоў Я. Янушкевіч з жонкай, на якую ўсе глядзелі і пасля пыталіся ў мяне, хто такая. На секцыі былі Р. Барадулін, В. Зуёнак, Р. Тармола, Я. Янішчыц, Т. Бондар, Р. Баравікова, У. Някляеў ды інш. Агляд паэзіі за мінулы год рабіла А. Сямёнава, добрым словам успомніла і мяне. Выступіла Т. Чабан. А 16 гадзіне быў жалобны мітынг памяці Чарненкі. Пасля зноў працягнулася секцыя. Па Бітэлю выступіла В. Коўтун, а пад канец – Янушкевіч, які не вельмі ўдала сказаў: «Калі Галубовіч, Шніп, Пісьмянкоў пачынаюць свой шлях, то Пятро Бітэль ужо закончыў свой жыццёвы шлях...» I стаў дзякаваць, што прынялі Бітэля ў Саюз. Аднак ён памыліўся, бо секцыя – гэта толькі пачатак да ўступлення ў СП...
16.03.1985. Пазваніў П. Бітэлю. Пятро Іванавіч сказаў, што хварэе сам і жонка. Закончыў сваю паэму і хоча пачытаць. Трэба будзе з’ездзіць. Казаў, што ніхто апошнім часам не прыязджае. Скардзіўся, што на яго кніжку нідзе не даюць рэцэнзій. Аднак Пятро Іванавіч не вельмі перажывае. Не будзе, кажа, перажываць, калі і ў СП не прымуць. М. Курыла яму часта звоніць, просіць парад, чытае вершы...
12.04.1985. У Вішневе быў у пачатку адзінаццатай гадзіны. П. Бітэль і яго жонка былі дома, чакалі мяне. Перакусіўшы добра, заселі з Пятром Іванавічам чытаць яго новую паэму «Тупікі», якую ён нядаўна закончыў. Назву будзе мяняць. Чыталі недзе гадзіны чатыры. Чыталі па чарзе. Затым Пятро Іванавіч павёў мяне па Вішневе. Паказаў царкву, якая была пабудаваная ў 1865 годзе, і касцёл XV стагоддзя. Узышлі на гару насупраць царквы. На гары былі калісьці могілкі. Кажуць, тут недзе і пахаваны Сымон Будны. Цяпер растуць маладзенькія сосны і шмат шыпшыны, якая якраз заквітнела. Прыгожа. З гары бачна ўсё Вішнева і наваколле. Пятро Іванавіч паказаў рэшткі крыжа – жалезная рэйка. Было іх тры – стаялі па адной лініі. Насупраць касцёла на гары сярод ліп – магіла невядомага польскага салдата, а раней ён быў пахаваны ля касцёла. Паглядзелі касцёл. На гары ёсць нейкая яма, ці то ад выбуху, ці то так ад чаго. У ёй расце шыпшына. Пайшлі да рэчкі Ашмянкі. Бачыў рэшткі млына. Пятро Іванавіч паказаў падмуркі былых яўрэйскіх дамоў. Наогул, у Вішневе было вельмі шмат яўрэяў, якія трымалі крамы і г.д. У вайну 1941—1945 гадоў Вішнева амаль усё згарэла, але яшчэ шмат яўрэйскіх дамоў. Старых, чорных, з дзвярыма адразу на вуліцу. Рэчка раней была большай, было шмат рыбы. Па драўляным і хісткім мосціку перайшлі на другі бераг. Схадзілі ў школу, дзе 11 гадоў Пятро Іванавіч працаваў. Там, дзе цяпер цір, раней было сховішча для сыроў, якія рабілі пры Польшчы. Была вялікая ферма. Хораша пахадзілі. Ад сонца мне крыху забалела галава. Ніна Пятроўна прапанавала паспаць. Паспаў, і стала весялей. Я чытаў Пятру Іванавічу вершы пра каханне. Гаварылі пра жыццё.
Ліст ад 28.02.1986 г.
Добры дзень, Віктар Анатольевіч!
Пісьмо Ваша я атрымаў, дзякую. Мы ўжо думалі, а нават часта гаварылі між сабой, што Вы за нешта загневаліся на нас, хоць, здаецца нам, віны за сабой не адчуваем. Падумайце ж Вы самі: быць дома 42 дні на канікулах і не знайсці хвілінкі, каб пазваніць нам ці напісаць пару слоў! Я ўжо, прызнаюся, і не чакаў ад Вас пісьма. Няўжо Масква зрабіла з Вас такога зазнайку? Дзівіліся Вашымі паводзінамі не толькі я, але і Наташа, і Курыла, і ўсе «рунеўцы». Ну цяпер, я думаю, Вы паправіцеся і не будзеце забываць старых сяброў. Не ведаю, чаму Вы кажаце, што сяброў у Вас няма. Гэта няпраўда. Не ўсе знаёмыя – сябры, але і не ўсе «плеткары і зайздроснікі». Не будзьце песімістам. Мне здаецца, што прычынай Вашага песімізму з’яўляецца адна з мінскіх прыгажунь. Нічога, гэта здараецца з маладымі людзьмі, але з часам мінае. (Если к другу уходит невеста, то неизвестно, кому повезло).
Адносна Вашых «выдавецкіх» спраў скажу, што не толькі Вас «рэжуць». Чамусьці сябры з аддзела паэзіі і да мяне пастаўлены варожа. Тую вершаваную маю аповесць, якую мы з Вамі ў нас чыталі, як Дранько, так і рэцэнзент Лойка моцна зганілі і пакрэслілі з яўнымі прыдзіркамі, відаць, з мэтай не прапусціць. Лойку я нават напісаў пісьмо з абвяржэннем яго неабаснаваных закідаў, няхай не глядзіць на пісьменніка з вышыняў свайго доктарскага аўтарытэту. А з Драньком намерваюся сустрэцца й пагаварыць, каб выясніць, у чым прычына перамены клімату.
Я вельмі рад за Вас, што Вы вучыцеся, што перад Вамі прыгожае будучае. Будзьце спакойнымі ў дасягненні мэты. Я і Ніна Пятроўна жадаем Вам моцнага здароўя, сіл перамагчы ўсе цяжкасці і творчых поспехаў.
З пашанай, П. Бітэль.
Ліст ад 14.10.86 г.
Добры дзень, юны дружа!
Пісьмо Ваша атрымаў. Шчыра дзякую за памяць і за добрыя пажаданні. У мяне покуль што, як кажуць, без перамен, жывём са сваёй гаспадынькай і хвалімся адно аднаму сваімі немачамі. Сёлета яна ў мяне асабліва дрэнна сябе адчувае. Я, як быццам, трохі мацней трымаюся, але таксама невядома, ці надоўга мяне хопіць. Цяпер перадрукоўваю на машынцы перакладзеную мной з польскай мовы кнігу Крашэўскага «Хата за вёскай». Па маёй вершаванай аповесці «Тры ўлады» варожа «праехаўся» з алоўкам Хведар Жычка і забракаваў. Бачу ў гэтым чарговую на мяне нагонку, бо прыдзіркі беспадстаўныя, а месцамі наіўныя, а нават глупыя. Адносна таго, каб Вам завесці сям’ю, прывяду адказ аднаго ўсходняга мудраца юнаку на пытанне, жаніцца яму ці не. Мудрэц адказаў: «Як ні зробіш, усё роўна пасля будзеш шкадаваць». А англійскі паэт Бёрнс у адным са сваіх вершаў напісаў:
Кавалерам, нежанатым
Не жыццё, а проста рай!
А сямейным хлапчанятам
Тройчы ў дзень аўсянкі дай!..
I г. д. Так што, відаць, трэба над гэтым падумаць. Але жарты набок! Калі ёсць на прыкмеце чалавек па душы, дык доўга цягнуць не варта. Я сам ажаніўся, калі мне не было яшчэ і 20-і.
Жадаю Вам поспехаў у вучобе і ў творчасці.
З сардэчным прывітаннем – П. Бітэль. Найлепшыя пажаданні ад Ніны Пятроўны.
Ліст ад 15.12.1987 г.
Добры дзень, Віктар Анатольевіч!
Пісьмо Ваша атрымаў, дзякую за памяць. Вельмі рад за Вас, што Вы нарэшце ўладкаваліся, супакоіліся і атрымалі працу. Жадаю Вам самых вялікіх поспехаў на новым становішчы.
Што датычыцца прапановы з Вашага боку што-небудзь напісаць у Ваш часопіс, дык, па-першае, не вельмі ведаю, што пісаць, а па-другое, вельмі заняты асноўнай работай – пераклаў кнігу з лацінскай мовы і цяпер цэлымі днямі «клюю» яе на машынцы. Не ведаю, ці да Новага года закончу, бо нездаровіцца і работа ідзе марудна, а таксама вельмі хворая мая Ніна Пятроўна, дык прыходзіцца адрывацца да хатніх спраў. Але Вашу прапанову буду мець на ўвазе.
Часта звоніць мне М. Курыла, ён цяпер жыве ў Валожыне, прасіў перадаць Вам ад яго прывітанне.
Віншую Вас і вашу «лепшую палавіну» з наступаючым Новым годам і жадаю Вам абаім моцнага здароўя і выдатных творчых поспехаў.
З павагай – П. Бітэль.
Ліст ад 31.1.1989 г.
Добры дзень, дружа Віктар Анатольевіч!
Выбачайце, што я не адказаў упару і не падзякаваў Вам за навагоднія пажаданні, віншаванні і за добрую вестку.
Справа ў тым, што пасля паездкі ў Навагрудак (18.12.) я цяжка захварэў і ад 22.12. па 26.1. праваляўся ў бальніцах у Вішневе і ў Маладзечне. Цяпер я дома, але вельмі слабы, бо абсалютна нічога не магу есці. Гэта пісьмо піша за мяне мая дачка. Жадаю Вам добрага здароўя, шчасця і ўсяго найлепшага.
З павагай – П. Бітэль.
Ліст ад 11.6.1989 г.
Дарагі Віктар Анатольевіч!
Курыла пазваніў мне, што Вам патрэбна мая фотакартка, як ён сказаў, жанравая, г.зн. не партрэтная.
Няма ў мяне добрых картак, а шукаць цяпер фатографа ў маіх умовах досыць складана. Высылаю тое, што знайшоў у сваім архіве; калі што падыдзе, буду задаволены.
У мяне навін няма, са здароўем ніяк яшчэ не магу вярнуцца да папярэдняга стану. I невядома, ці наогул вярнуся.
Сардэчныя прывітанні і пажаданні Вам асабіста і Вашай Сям’і.
З павагай – П. Бітэль.
Ліст ад 23.7.1989 г.
Паважаны дружа Віктар Анатольевіч!
Як мы дагаварыліся, высылаю Вам некалькі вершаў і ўрывак з паэмы «Баруны» (поўнасцю паэма выйдзе ў наступным годзе ў кнізе «Дзве вайны»). Выкарыстайце з гэтага матэрыялу тое, што палічыце мэтазгодным.
З пашанай – П. Бітэль.
14.10.1989. Субота. Паехаў у Валожын на святкаванне 50-годдзя «Працоўнай славы». Убачыў многіх знаёмых. Асабліва быў рады сустрэчы з Пятром Бітэлем. Ён мне падпісаў кніжку «Хата за вёскай». Сядзелі побач. Нас зазняў фотакор. Было халаднавата. Свята працягвалася больш за тры гадзіны. Амаль апошнімі выклікалі на сцэну нас, паэтаў. Пачыталі крыху. Запрасілі нас пасля ў рэстаран на абед. Сядзелі з райкамаўскімі кіраўнікамі. Яжэвіч наліваў. Я здзівіўся, калі Пятро Іванавіч піў столькі, як і мы. Малайца! Жартаваў: «Многа не ліце, а то буду шумець!» Пасля ўсяго забегліся да М. Курылы, дзе зноў Бітэль мяне здзівіў – зноў добра пацягнуў з чаркі.
20.1.1990. Быў у Валожыне ў М. Курылы. Нагаварыліся. Званілі П. Бітэлю. Ён пераязджае ў Маладзечна. Сумна. У яго ўзросце пераезд – як смерць. Хату прадаюць.
18 кастрычніка 1991 года з Маладзечна прыйшла жалобная вестка: на 80-м годзе жыцця Пятро Бітэль памёр. За дванаццаць дзён да смерці паэта я атрымаў ліст, напісаны ягонай дачкой:
«Паважаны спадар Шніп! Вельмі дзякуем за Ваш ліст. Выбачайце, што доўга не адпісвалі Вам. Справа ў тым, што мой тата цяжка захварэў і з 16.ГХ. ляжыць у шпіталі ў кардыялогіі. Ужо ў чацвёрты раз – інфаркт! Пайшоў было на папраўку, а тут атруціўся бальнічнай ежай і двое сутак мучыўся. Тата просіць прабачэння, што не можа Вам напісаць, а як вернецца з бальніцы, то адкажа на ўсе Вашы пытанні. Мы жывём надзеяй на лепшае, а як будзе – невядома. Урач сказаў, што ўсё сэрца – у рубцах...»
***
Памяці Пятра Бітэля
У шэрым, сумным, як няволя, свеце,
Калі не быць рабом, то нельга жыць.
Лісцё з бяроз кідае ў неба вецер
На крылы адлятаючай душы.
Там воля, толькі там няма Айчыны,
I там спакой, ды там жыцця няма.
I ля начы спынілася Сцяжына,
I што прайшло, прайшло ўсё ж недарма.
I больш няма зямных пакут для цела,
А толькі вечнасць сумная крыжа.
Душа у Храм да Бога адляцела,
I засталася між людзей душа.
19—20.1991.
***
30.04.2016. Праз двор прайшла маладая сямейная пара. У абаіх у руках кошыкі, накрытыя вышыванымі ручнікамі. Пайшлі ў бок царквы. Заўтра Вялікдзень. Гледзечы на маладых, згадаў бацькоў. Мама перад Вялікаднем пякла булкі, якіх нам потым хапала на цэлы тыдзень. Мы такіх пячы не ўмеем. Думаю: «Пайсці ў краму і купіць пару святочных булак ці пачакаць дачку, якая прыйдзе і паспрабуе сатварыць дзіва. Людміле сёння няма часу. Пайшла вучыць маладых літаратараў...» I сяджу я каля вакна і чакаю Вераніку. I ведаю, што вось так бацькі ў вёсцы, гледзячы ў акно, чакалі нас, дзяцей, з горада. А мы не заўсёды прыязджалі на ўсё гатовае нават на Вялікдзень...