355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Віктар Шніп » Заўтра была адліга-4 (СИ) » Текст книги (страница 1)
Заўтра была адліга-4 (СИ)
  • Текст добавлен: 1 декабря 2017, 07:30

Текст книги "Заўтра была адліга-4 (СИ)"


Автор книги: Віктар Шніп



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 10 страниц)

Віктар ШНІП

ЗАЎТРА БЫЛА АДЛІГА-4

Верасень

***

1.09.2015. Вечарам перад сном, гледзячы на партрэты бацькоў, прыдумаў радкі:

Тата і мама глядзяць на мяне

З рамак партрэтных на шэрай сцяне.

Тата і мама – іконы мае.

Вас мне жывых, як святла, не стае

Тут на зямлі, дзе заўсёды святло

Нават у тым, што ў нябыт адышло...

***

2.09.2015. Загрымеў гром, узняўся вецер і ўміг з дрэў пасыпалася лістота, нібыта верасень узарваў сцены лета, за якімі хаваемся мы ад восені...

***

2.09.2015. Дзень карацее, як дарога да Млечнага Шляху.

***

2.09.2015. Прайшоў доўгачаканы дождж. І ў калюгах апалая лістота адчула сябе на сёмым небе.

***

3.09.2015. На кухні ўсе талеркі ўмеюць лётаць. Толькі пра гэта яны не ведаюць...

***

3.09.2015. Перад сном занатаваў: «Папера – гэта зімовае поле, на якім словы ўмярзаюць у вечнасць. Адны на час зімы, а іншыя да вогненнага патопу...» Раніцай прачытаў. І пайшоў на працу, дзе на сталах і на шафах ляжаць рукапісы, як на гарах снег, які не растае.

***

4.09.2015. Некаторыя перад люстэркам, як перад іконай...

***

5.09.2015. Поўня, як цыгарэтны попел, які прымёрз да чорнай цыраты неба.

***

5.09.2015. Больш як месяц таму ў Пугачах на свяце вёскі мы з Людмілай даведаліся, што нас запросяць на святкаванне 550-годдзя Ракава. Апошнія два тыдні я кожны дзень, дастаючы з паштовай скрынкі газеты, спадзяваўся, што атрымаю запрашэнні. І яны прыйшлі сёння ў дзве гадзіны дня, і нам стала вядома, што свята ў Ракаве ўжо ў самым разгары. Гэта наша пошта!!! Сумна. Нават ні кроплі не суцяшаюць радкі з майго верша, што змешчаны на запрашэнні:

Што нам Парыж далёкі, што нам Кракаў

І Амстэрдам, і Лондан той сівы! —

Мы маем гонар свой, мы маем Ракаў,

Дзе ўсе святлом касцёла і царквы

Асветлены і вечнасці слугуюць,

Ствараюць слову роднаму прасцяг

І словы тут з анёламі сябруюць

І не губляюцца ў сівых вяках.

6.09.2015. Ад выдавецтва ездзіў у Шчучын на святкаванне Дня беларускага пісьменства. Дамоў прывёз два падарункі – Рычард Бялячыц падпісаў новую кнігу «Споведзь накцюрна» і святочны нумар газеты «Слонімскі веснік», якую падарыла паэтка Алена Руж.

З усяго, што чуў са сцэны, найбольш запомнілася выступленне рускага пісьменніка з Масквы Георгія Прахіна, які сказаў: «Беражыце сваю мову! Без мовы ў вас не будзе краіны! Без мовы не будзе нацыі, не будзе народа. Беражыце сваю мову!»

З усіх лаўрэатаў Нацыянальнай прэміі атрымаў найбольш гучных і шчырых апладысментаў Дзяніс Марціновіч, калі яго выклікалі на сцэну, каб уручыць дыплом у намінацыі «Найлепшы крытычны твор» за кнігу «Жанчыны ў жыцці Уладзіміра Караткевіча».

***

7.09.2015. Белая, як з леташняга снегу, ванна няспешна плыве па рэчцы. У ёй жоўтая лістота, як вуголле. Далёка да акіяна.

***

7.09.2015. Белая поўня, як пакецік з гарбатай...

***

9.09.2015. Пасля працы зайшоў у «Цэнтральны» ўніверсам, каб папіць гарбаты і з’есці пару канапак. Ужо не помню, калі тут быў апошні раз. Здаецца, што нічога ў інтэр’еры не змянілася. Каля акон гэтак жа як дзесяць, дваццаць, трыццаць гадоў таму стаяць людзі і падсілкоўваюцца. Чарга – пару чалавек. Стаў каля акна на вольнае месца. Побач маладыя кітайцы. Пра нешта гавораць, смяюцца. Гляджу на вуліцу, дзе на тратуары стаяць столікі. Насупраць мяне пад акном сядзяць тры мужыкі майго ўзросту, няспешна п’юць піва і кураць. За маёй спінай сюды-туды ходзяць людзі. У большасці маладыя. З кавенькай прайшоў стары, спыняючыся каля сметніц. Нічога там няма. П’ю гарбату. Вельмі гарачая. Трэба было б пачакаць, каб астыла хаця б крыху, але я, апякаючыся, п’ю. П’ю гэтак жа, як у свае маладыя гады, калі, будучы беспрацоўным, прыходзіў сюды, каб пагрэцца і падсілкавацца на тыя капейкі, што ў мяне яшчэ былі. Выходжу на вуліцу. На ганку сядзіць стары з кавенькай. Побач стаіць купка моладзі з цыгарэтамі. Па праспекце шнуруюць машыны. У небе вечаровае сонца. У мяне ў роце ўсё апалена гарбатай, у якой быў смак восеньскай самоты...

***

9.09.2015. Наведаў галерэю сучаснага мастацтва «Ў», дзе прэзентаваліся адразу тры новыя кнігі – Людмілы Рублеўскай «З’яўленне Інфанты», Леаніда Галубовіча «Поўня» і Юрыя Несцярэнкі «Звычайны шоу-бізнес». Напачатку зайшоў у кнігарню «ЛогвінаЎ». Сярод выданняў у бязлюднай зале, як кніжны Бог, стаяў Алесь Разанаў. Убачыў мяне, заўсміхаўся і адразу набыў выгляд паэта. Абмеркаваўшы працу над кнігай «Такая і гэтакі: талакуе з маланкай дождж», якую яшчэ ўсё афармляе мастачка, Алесь Сцяпанавіч звярнуўся да маладзенькай кнігакрамніцы: «Вы ведаеце, хто гэта?» Дзяўчына, зірнуўшы мне ў вочы, адказала: «Ведаю. Віктар Шніп». – «А вы ведаеце, хто ён Рублеўскай?» – «Муж!» Задаўшы яшчэ некалькі пытанняў і атрымаўшы правільныя адказы, мы з Алесем Сцяпанавічам пайшлі на прэзентацыю. Людміла выступала першай. Потым Леанід, які пачаў з паказу магніціка на лядоўню з надпісам: «Писал с утра до вечера, а читать нечего!» Настрой знаёмы. Аднак было што паслухаць у кожнага з выступоўцаў. Несцярэнка выканаў шэсць песень. Сярод якіх прагучалі на словы Рублеўскай і Галубовіча. Спецыяльным госцем вечарыны стаў паэт і бард Ігар Канановіч, у якога нядаўна ў серыі СБП выйшаў вершаваны зборнік «Астэроід». Пасля прэзентацыі можна было набыць кнігі. Я пайшоў у кнігарню і купіў «Поўню». Вярнуўся, каб атрымаць ад Галубовіча аўтограф, а яго і след прастыў. Дамоў з Людмілай вярталіся пешшу па праспекце. Нас праводзілі сябры аж да Чырвонага касцёла. Каля кнігарні «Цэнтральная» бачылі Сяргея Харэўскага, які вёў экскурсію. Людзі ішлі за Сяргеем, як за апосталам ягоныя вучні. Перабегшы праспект, не спыняючыся, удзельнікі экскурсіі прайшлі каля бюста Дзяржынскага і зніклі ў змроку скверыка. Дамоў з Людмілай вярнуліся амаль у дзесяць гадзін. Перад сном чытаў вершы Г алубовіча, узгадваючы тыя гады, калі мы пасля вечарын не разбягаліся, як мышы ў свае норы, а працягвалі гавэнду, пакуль не канчаліся грошы.

***

10.09.2015. Іду праз сквер. Пад нагамі апалая лістота. На лаўцы сядзіць стары, як на лаве падсудных.

***

10.09.2015. Шаткую капусту. З далёку, з дваццатага стагоддзя чуецца голас мамы: «Асцярожна з нажом!»

***

10.09.2015. Зайшло сонца. Цёмна і сцюдзёна, нібыта сонца і не было. Гляджу з акна, як з «Чорнага квадрата» Малевіча...

***

10.09.2015. Сярод поля зялёнае дрэва, як прывід з прамінулага лета. Няспешна ідзеш басанож да яго, нібыта баішся спалохаць. Пад нагамі сухая трава. Калючая, як іголкі. Балюча, але маўчыш. Наперадзе дрэва, як твая душа, што развітваецца з полем, якое чакае зімы...

***

11.09.2015. Поўня – гэта кропля вечаровага мёду, які дапамагае ад цёмнага настрою.

***

11.09.2015. Каля крамы стары прадае лісічкі. Грыбы, як залатыя...

***

11.09.2015. У апошнія дні жніўня і першыя вераснёўскія, калі вучыўся ў школе, амаль заўсёды пад вечар хадзіў у лясок, што паблізу нашай хаты. Раскладаў вогнішча і пёк цэлае вядро маладой бульбы. Сам еў і прыносіў бацькам і сястры з братам. Бацькі, відаць, думалі, што мне вельмі моцна есці хочацца, а я, кожны дзень, капаючы лапатай бульбу, думаў пра тое, што як давядзецца яе выбіраць па-сапраўднаму, то яе ўжо меней будзе на полі...

***

11.09.2015. Каля сметніцы старыя пажаўцелыя газеты, як лістота апалая з дрэў, якія ўжо не існуюць.

***

11.09.2015. Каля лаўкі апалае лісце, як разліты каньяк...

***

12.09.2015. У палац пасля рэканструкцыі першымі запусцілі начальнікаў. Як катоў.

***

12.09.2015. Ездзіў на свята горада. У раёне Палаца спорту каля вялікага «белкніжнага» шапіка з адзінаццаці гадзін нейкі час сядзеў за столікам з шыльдай «Кнігі з аўтографам аўтара».

Падышла бабулька. Павіншавала «белкнігаўцаў» са святам. Яны тут жа ёй далі ў падарунак сцяжок. Бабулька, прачытаўшы пад малюнкам надпіс «Лета з добрай кнігай», сказала: «Добрыя кнігі крадуць!»

Спыніліся каля мяне жанчыны. Пачалі гартаць кнігі. Пацікавіліся, колькі каштуюць. Даведаўшыся кошт, старэйшая сумна ўздыхнула: «Каб былі па 50—60 тысяч, то набылі б.»

Пажылая жанчына разгарнула майго «Пугачоўскага цырульніка», пачала чытаць. Засмяялася. Відаць, на нешта смешнае натрапіла. «Падпішыце!» – усміхаючыся, падала кніжку.

Падышоў сівавалосы барадаты хударлявы мужчына майго ўзросту. У яго на пінжаку была прымацаваная зялёна-чырвоная стужка. Не пытаючыся пра кошт кніжак, мужчына сказаў: «Бяру дзве! Падпішыце!» – «Як вас завуць?» – пацікавіўся я і пачуў у адказ: «Раман Давыдавіч!»

Сівабароды невысокага росту мужчына, усміхаючыся, запытаўся: «Пазнаеш?» – «Не!» – адказаў я, і мужчына, не назваўшыся, сказаў: «Памятаеш, гадоў пятнаццаць таму мы разам ездзілі з выступленнямі па дзіцячых аздараўляльных лагерах?» – «Памятаю! Тады з намі былі кампазітар Уладзімір Буднік і паэт Алесь Пісьмянкоў. Даўно ўжо іх няма...» – уздыхнуў я, і мы яшчэ некалькі хвілін пастаялі, паўспаміналі памерлых сяброў.

Стары, беручы маю «Заўтра была адліга», сказаў: «Мяне кошт не цікавіць! Мне трэба аўтограф!»

Жанчына ў гадах, прачытаўшы ў «Пугачоўскім цырульніку» зацемку пра гумарыста Уладзіміра Ермалаева, сказала: «Я добра ведала Уладзіміра Фаміча. Святлейшай душы быў чалавек!»

Праз гадзіну да мяне далучылася Людміла Рублеўская. Уся чытацкая ўвага пераключылася на яе, і я пачаў рэкламаваць Людміліны кнігі.

Нам на замену прыйшлі Міхась Пазнякоў і Анатоль Зэкаў. Людзей каля Палаца спорту ўсё болела і болела. Сказаўшы: «Я змерз на працы!» – я прапанаваў Людміле пайсці ў кавярню пагрэцца. І мы пайшлі.

***

12.09.2015. У зладзеяў беспрацоўя няма...

***

13.09.2015. Узгадаўся дурны жарт. Дакладней, я сам не памятаю, што і як было, а мне ўсё расказаў малодшы брат Валодзя. Бацька, вярнуўшыся з працы, лёг паляжаць і заснуў. Убачыўшы гэта, мы з братам да бацькі на ложак паклалі пад коўдру фуфайку і гумовыя боты – нібыта, накрыўшыся з галавой, з бацькам ляжыць жанчына. На стол паставілі талеркі з ядой, бутэльку і паналівалі вады ў чаркі. Самі селі за стол і прытварыліся п’янымі. Хутка з працы вярнулася мама. Далей няма чаго расказваць. З таго часу я ведаю, што з бацькоў жартаваць нельга.

***

13.09.2015. Сёння дзень танкіста. Узгадаліся 70-я гады мінулага стагоддзя. Мне было гадоў адзінаццаць. Якраз у час зімовых вакацый у нашым раёне праходзілі вайсковыя манеўры. На ўездзе ў вёску сапсаваўся танк. Даведаўшыся ў бацькоў, што гэты танк савецкі, а не нямецкі, я з сябрамі пайшоў паглядзець на баявую тэхніку. Танкістамі былі вузкавокія хлопцы, якія кепска размаўлялі па-руску. Аднак праз нейкі час мы дамовіліся, што мы ім прынясём самагонку, а яны нам дадуць патронаў і па шлемафону. Толькі адзін з нас, не памятаю хто, прынёс пляшку. Ён і атрымаў патроны і шлемафон. Астатнім дазволілі пасядзець у танку і панаціскаць на кнопкі.

***

13.09.2015. Сяджу дома каля акна. У двары ў метрах дзесяці, насупраць мяне, хлапчук гадоў дванаццаці залез на дрэва. Сядзіць у кроне і назірае, хто пад ім ходзіць. Ён, відаць, думае, што яго ніхто не бачыць, бо ён не бачыць мяне, а я назіраю за ім, як ён назірае за тымі, хто ў двары. Магчыма, гэта я, яшчэ дванаццацігадовы, сяджу на дрэве, бо быў жа час, калі вось так я лазіў на дуб каля нашых сотак і глядзеў на зямлю і неба, каб потым пісаць вершы. Гляджу на хлапчука з думкай: «Хаця б не зваліўся!» Праз хвілін дзесяць да дрэва падышла маці і з крыкам «Злазь, а то паб’ю!» сагнала малога на зямлю.

***

14.09.2015. Амаль ува ўсіх кнігарнях крамнікі не прапаноўваюць купіць новыя выданні, а толькі сочаць, каб ніхто нічога не ўкраў.

***

15.09.2015. Удзельнічаў у святкаванні 95-годдзя Валожынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі. Яе дырэктар Ірына Зянько ў сваім выступленні апавяла, як у 1920 годзе жыхар Валожына стварыў бібліятэку, у якой было ўсяго некалькі соцень кніг і пяцьдзясят чытачоў. Кнігі ў асноўным былі на польскай мове, але сёе-тое мелася і з рускай класікі. Беларускамоўных не было і блізка. Цяпер у бібліятэцы некалькі соцень тысяч выданняў. Кожны дзень да кніжных паліц прыходзяць, каб пачытаць штосьці новае, больш як сто чалавек. Прысутнічалі на свяце і дзяліліся ўспамінамі не толькі былыя супрацоўнікі бібліятэкі, але і самыя актыўныя чытачы, якім былі ўручаны падарункі – кнігі. Пасля ўрачыстасцей разам з гасцямі з бібліятэк Валожыншчыны паўдзельнічаў у пасяджэнні народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання «Рунь», якім кіруе паэтка Валянціна Гіруць-Русакевіч. Чытаў вершы, адказваў на пытанні. Прыемна было паслухаць творы маіх старэйшых зямлячак Марыі Шакун і Соф’і Русецкай. Сабраўшыся ехаць дадому, на вуліцы каля бібліятэкі нечакана сустрэў сябра з Маладзечна Міхася Казлоўскага. Ён прыехаў у Валожын з хлопцам па справах. Міхась падзяліўся навіной – мае кнігу «Выбраныя творы Вольгі і Сяргея Сахаравых», якую ён падрыхтаваў і выдаў у «Кнігазборы». Томік ёмісты. 580 старонак. У выданні добры ілюстрацыйны матэрыял. Міхась хацеў мне зрабіць падарунак, але машына была замкнёная, а ў мяне праз пяць хвілін прыйшла маршрутка. І ўсё ж без новай кнігі я дамоў не вярнуўся – Валянціна Францаўна падарыла зборнік твораў удзельнікаў «Руні» «Помнім і жывём», у якім прадстаўлена больш як трыццаць маіх землякоў.

***

16.09.2015. Сыплюцца зоркі, як пясок у пясочным гадзінніку, у якім жывём мы.

***

16.09.2015. Вяртаюся з працы. Следам вецер гоніць рудое лісце каштанаў, як попел недагарэлых рукапісаў, якія паліць верасень.

***

17.09.2015. Ноччу снілася бульба. Вялікая. Ляжыць на полі і ніхто яе не збірае. Я іду з кошыкам, а ў ім клубкі нітак. Усе розных колераў. Я бяру белы. Падкідваю ўгору і з неба пачынае сыпацца снег. Робіцца холадна. Я прачынаюся. Цёмна. За акном белая поўня, як клубок нітак.

***

18.09.2015. У Валожыне бываю некалькі разоў на год. Праўда, апошнім часам дабіраюся да землякоў з сябрамі на машыне ці з начальствам, таму горада амаль не бачу. Прыехалі, выступілі, павячэралі – і дамоў. Нядаўна ездзіў сам па сабе на маршрутцы. Гадзіна – і я ўжо ў Валожыне. Сышоў на аўтавакзале прама ў дождж. Вецер. Забег у памяшканне. У змроку каля акна на лаўцы сядзіць жанчына і чытае газету. На дзвярах, дзе раней была кавярня, вялікімі літарамі абвестка, што тут можна папіць гарачую гарбату і з’есці смачныя канапкі. Хачу зайсці. Дзверы не адчыняюцца. Пад абвесткай драбнюсенька: «Временно не работает». Пайшоў у прыбіральню, у якую гадоў пяць таму можна было зайсці толькі заткнуўшы нос. Цяпер усё чысценька і без смуроду. Прагрэс! Вярнуўся ў памяшканне аўтавакзала. Узгадалася, як тут на пачатку 80-х бываў раз на месяц амаль пяць гадоў запар, калі ездзіў праводзіць літаб’яднанне «Рунь» пры раёнцы. Перапісаў расклад аўтобусаў і пайшоў у горад. На вуліцы дождж. Ад аўтавакзала да цэнтральнай плошчы ісці пад доўгую гару. Пакуль дайшоў – вымак, хоць і быў з парасонам. Спыніўся каля помніка Папу рымскаму Яну Паўлу ІІ, што каля касцёла Святога Язэпа. Падумалася з усмешкай: «Я ўзышоў на гару. Пайшлі далей разам!»

***

18.09.2015. Ужо некалькі гадоў выбіранне бульбы мне толькі сніцца. На жаль.

***

18.09.2015. Прыходзіў Юрась Пацюпа. У час адпачынку ён быў у маці ў сваіх Азёрах. Чысціў студню. У ёй скончылі жыццё самагубствам два мясцовыя каты. Вада верхаводка, таму неглыбока, метраў пяць. Сусед адпампаваў ваду, а потым Юрась па драбіне залез у студню і падаставаў усё, што туды патрапіла. Пазнаходзіў грузілы да вядра, якія гадоў пад сорак таму абарваліся і ляжалі на дне. У маіх Пугачах і ў наваколлі студні вельмі глыбокія. Гэтым летам амаль усе СМІ пісалі: «У Валожынскім раёне ў вёсцы Гярвелі раніцай

16 ліпеня загінуў 26-гадовы мужчына, які капаў пітную студню. Глыбіня складала 25 метраў, калі раптоўна абрынуўся грунт.» Памятаю, як у Лягезах, калі я там гадаваўся да школы ў бабулі Ганны, мае дзядзькі Віця і Ваня з аднавяскоўцамі капалі студню. Капалі некалькі дзён. Потым доўга даставалі ваду белую, як малако, і мне, малому, думалася, што гэта сапраўднае малако. А ў гады тры, пасучы гусянят на поплаве каля ляска, я ўваліўся ў студню, якой ужо ніхто не карыстаўся і якая была схаваная ад людскога вока ў крапіве і лопусе. Добра, што ў студню было накідана ламачча, і яно на метры два сядзела ў ёй, як у горле смерці косткі. Я ўпаў на ламачча. Быў лёгкі і таму далей не праваліўся. Бабуля адшукала, і мяне дасталі. З таго часу я заўсёды зазіраю ў студні, каб убачыць іх халодную і галодную глыбіню.

***

18.09.2015. Стары сядзіць на лаўцы. Побач па апалай лістоце скачуць вераб’і, як цацачныя.

***

19.09.2015. Зайздрасць з’ядае чалавека, як чарвяк яблык, які на руцэ ў Евы.

***

19.09.2015. Больш як сем гадоў (1978—1985), калі быў тунеядцам, я кватараваў у старых мінчан Марыі (1902—1985) і Мацвея Цяслёнкаў (1908—1991).

Для іхніх суседзяў я быў студэнтам філфака, які добра вучыцца і піша вершы. Я ж тады нідзе не вучыўся і нідзе не працаваў. Баба Марыя Цяслёнак (у дзявоцтве Куніцкая) была стрыечнай сястрой крытыка Сымона Куніцкага (28.2.1902, в. Гарані Мінскага пав., цяпер Мінскі р-н – 14.10.1940, Калыма). У 1925—28 гг. вучыўся на рабфаку БДУ. Першае апавяданне надрукаваў у 1928 г. (газ. «Чырвоная змена»). У 1929 г. выйшаў яго першы крытычны артыкул. У 1931 г. скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага ф-та БДУ. У 1931 г. залічаны як крытык у БелАПП ад Мінскай філіі. У 1932– 36 гг. працаваў вучоным сакратаром Інстытута мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР. Арыштаваны 27.11.1936 г. 1.10.1937 г. асуджаны на 10 гадоў лагераў. Памёр у зняволенні. Рэабілітаваны 18.12.1954 г. Пра свайго сваяка Марыя Сцяпанаўна часта распавядала. Я быў малады і асабліва не ўслухоўваўся ў аповеды старых. Цяпер шкадую. Дзед Мацвей Сцяпанавіч у трыццатыя гады доўгі час працаваў у Купалаўскім тэатры рознарабочым. Добра ведаў усіх артыстаў. Распавядаў пра іх. Сёе-тое ў маіх дзённіках тых гадоў запісана. Праўда, вельмі мала. Шмат дзед Мацвей расказваў пра Мінск часоў нямецкай акупацыі. Пасля вайны ў 1945 годзе Мацвею Сцяпанавічу за палітыку далі дзесяць гадоў. Працаваў у Бадайбінскім раёне Іркуцкай вобласці на залатых прыісках. Пра гэта ён мне распавядаў не горш, чым пісьменнік Варлам Шаламаў у сваіх калымскіх апавяданнях. Дамоў з ГУЛАГа дзед Мацвей вярнуўся пасля смерці Сталіна ў 1953 годзе. Потым да пенсіі працаваў дворнікам. Кожны дзень чытаў кніжкі. Чытаў услых, таму дзед для мяне быў як радыё, па якім штовечар перадаюцца літаратурныя творы. Сёння, узгадваючы Марыю і Мацвея Цяслёнкаў, для якіх я быў як сын (на пытанні суседзяў, хто такі ў іх жыве, яны адказвалі: «Наш сын!»), я кажу вялікі дзякуй ім, што яны былі ў маім жыцці...

***

20.09.2015. З Людмілай выйшлі з дому а дванаццатай. Адведалі Ніла Гілевіча. Ён пра ўсё, што хацеў ведаць, па парадку, як на ўніверсітэцкім іспыце, распытаўся. Мы, здаецца, адказалі на ўсе пытанні на дзявятку. Людміле падарыў кніжку «Эпіграмы», а мне 18-ы том свайго Збору твораў у 23-х тамах. У кніжцы напісаў: «Дарагому Віктару Шніпу на ўспамін пра нашы сустрэчы і гутаркі. З радасцю, што ў гэтым томе ёсць мая Вам падтрымка. Сардэчна – Ніл Гілевіч. 20.9.15.» Перад тым, як рабіць подпіс, зачытаў радкі пра мяне і ўрыўкі з вершаў. Незаўважна ў размове праляцелі дзве гадзіны. На вуліцы пачаўся дождж. Паабяцаўшы, што не будзем абмінаць кватэру Ніла Сымонавіча, мы развіталіся. Праз дождж пабеглі ў Нацыянальны мастацкі музей, каб паглядзець выставу карцін Адама Глобуса. Хацелі пакінуць запіс аб уражаннях, але не знайшлі дзённіка для водгукаў. Ці яго няма, ці яго ўжо скралі? Паглядзеўшы старыя іконы з Веткі, пайшлі на выставу «Ад рэалізму да імпрэсіянізму. Жывапіс ХІХ—ХХ стст. з Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі». Карцін няшмат. Сярод іх творы І. Рэпіна, І. Шышкіна, В. Пярова, А. Саўрасава, В. Верашчагіна, В. Паленава, А. Куінджы, К. Каровіна, І. Левітана. Як эпіграф да выставы, словы Паўла Траццякова: «Мне не трэба ні багатай прыроды, ні эфектнага асвятлення, ніякіх цудаў – дайце мне хаця б лужыну брудную, ды каб у ёй праўда была, паэзія, а паэзія ва ўсім можа быць, – гэта справа мастака...» Паэзія ў выставе ёсць. Зазірнулі ў дзённік водгукаў. Ужо шмат напісана ўдзячных слоў музею, але ёсць і такія: «У Вас божий дар!», «Каровин рулит!», «У меня внучка шестилетняя лучше рисует. Валерий. Минск.». І тут жа адказ Валерыю: «Жлоб!» Вярталіся дамоў праз дождж з кнігамі ад Гілевіча і са святлом ад убачаных карцін.

***

20.09.2015. Гаворачы пра жыццё-быццё, Ніл Сымонавіч паскардзіўся: «Пражыў 80 гадоў, дзіцячыя не лічу, а ні разу не быў на шашлыках. Усё працаваў і працаваў, як на катарзе. Іншыя на выхадныя за горад, а я дома ў кабінеце – то нешта пішу, то нешта рыхтую да друку. Словам, я не ведаю, што такое шашлыкі. Праўда, пра гэта асабліва не шкадую».

***

21.09.2015. Нярэдка даводзіцца чуць і чытаць пра беларускую мову: «З вялікім задавальненнем размаўляў бы, калі б усе вакол яе выкарыстоўвалі...» І мы чуем, і мы паўтараем: «Усе пачалі на роварах па горадзе ездзіць, і я пачаў!», «Усе пачалі татушкі рабіць на целе, і я зрабіў!», «Усе пачалі апранаць вышымайкі, і я апрануў!» І зусім не чуем: «Усе пачалі труціцца, і я атручуся!», «Усе пайшлі тапіцца, і я іду!», «Усе пайшлі вешацца, і я павешуся!» І ва ўсіх выпадках «усе» – гэта не ўсе, а толькі тыя, якія ствараюць міф, што яны прадстаўляюць усіх. Таму хачу паведаміць, што ўсе пачалі з задавальненнем размаўляць пабеларуску. Давайце далучайцеся да усіх, а то будзеце не ў трэндзе.

***

21.09.2015. Гаршкі, як званы з вырванымі языкамі...

***

22.09.2015. «У драматурга Дзялендзіка нядаўна чатыры кніжкі выйшла. Адна ў вашым выдавецтве. Тоўстыя, як цэгла! Выдайце мяне хаця б таўшчынёй з трунную дошку!» – кладучы мне на стол рукапіс, сказаў (ён так сябе называе) «літаратар сярэдняй рукі»...

***

22.09.2015. Вецер. У двары за першай апалай лістотай, як за мышамі залатымі, бегае малады чорны кот.

***

24.09.2015. Працоўны дзень пачаўся з сустрэчы з Міхасём Казлоўскім. Ён з Маладзечна прывёз у падарунак сябрам вялікую валізу новых выданняў – сваю кнігу «Цяпло айчынных камянёў» і том «Выбраных твораў» Вольгі і Сяргея Сахаравых. Наклады невялікія – па сто асобнікаў. За свае грошы шмат не выдасі. Мяне асабліва парадавала кніга самога Міхася. У анатацыі напісана: «Вуліцы і дамы Маладзечна і Радашковіч, што памятаюць крокі вядомых пісьменнікаў і мастакоў роднага краю, гісторыя і жыццё насельнікаў невялічкай заходнебеларускай вёскі, літаратурныя партрэты знакамітых землякоў сталі галоўнымі героямі новай кнігі аўтара». Для мяне гэтая кніга будзе настольнай, бо яна пра мае родныя мясціны, пра маіх землякоў. Г артаючы выданне, падумалася: «Дзякуючы вось такім рупліўцам, як Міхась Казлоўскі, жыла, жыве і будзе жыць Беларусь!» Узгадаліся ягоныя словы, звернутыя да некаторых «добразычліўцаў»: «Калі не можаце нічым дапамагчы мне ў выданні кніг нашых славутых землякоў, дык хоць не перашкаджайце і, трымаючы ў руках зробленае мной, не кажыце: «Мы б лепей зрабілі!» Зрабіце! Буду толькі рады!»

***

24.09.2015. Еду ў тралейбусе з працы. Тэлефануе Леанід Маракоў. Цікавіцца, як набыць у выдавецтве сваю кніжку. Тлумачу і пытаюся: «Ты ж беларускі пісьменнік, а чаму ў фэйсбуку стаў пісаць па-руску?» – «Так мяне болей людзей чытаюць!» – адказаў Леанід. «Пачні пісаць па-кітайску і тады цябе паўтара мільярда змогуць прачытаць!» – сказаў я. Леанід прапанаваў пра ўсё гэта пагаварыць пры сустрэчы.

***

25.09.2015. Некалькі тыдняў таму з Людмілай быў запрошаны на тэлебачанне для ўдзелу ў перадачы «Дыяблог», якую сёння запісвалі ў студыі. Па нас дахаты прыехала машына. У «Дыяблогу» ўдзельнічаю другі раз, таму ведаю дарогу да тэлебачання. Шафёр жа не павёз нас простым шляхам па праспекце,

а, нібыта спецыяльна, паехаў па тых мясцінах, дзе мы рэдка бываем. Напачатку праехалі каля дома, дзе жыў Максім Лужанін. Узгадаліся гасцяванні ў яго. Потым каля Мінскага архітэктурна-будаўнічага тэхнікума, які мы з Людмілай у свой час закончылі. Мінаючы траўматалагічную бальніцу, узгадалася, як мы туды цэлы месяц ездзілі да сына, які ў школе на ўроку фізкультуры зламаў руку. Успаміны, на жаль, сумныя. Сустрэўшыся на тэлебачанні з Таццянай Сівец і Стэлай Чырковай, адразу ад іх ветлых усмешак, хоць на вуліцы і захмурэла, пасвятлела на душы. Пакуль я здымаўся, Людмілу ў грымёрцы рыхтавалі да запісу, а на вуліцы пачаўся дождж.

***

25.09.2015. «Дыяблог» пра літаратуру. У слове «дыяблог» ёсць д’ябал і Бог. У сапраўдных пісьменніках жыве і д’ябал, і Бог. Чаго болей? Каб ведаць, трэба чытаць...

***

26.09.2015. Амаль дваццаць гадоў, як пішу «Сабачыя гісторыі». Дапісаўся! Учора вечарам Максім прынёс маленькую аўчарку. Ноч прайшла спакойна...

***

27.09.2015. Праходзіў паўз Кальварыйскія могілкі. З дрэў злятае лістота, пакрываючы магілы залатым саванам. Адно старое дрэва, якое цалкам агалілася, стаіць, як вялізарны чорны помнік усім, хто пахаваны на Кальварыі...

***

27.09.2015. Вечарам Максім пайшоў да сяброў і пакінуў на Люду і мяне сабачку Міёну. Напачатку яна была спакойная, а потым, калі заўважыла, што яе кармільца няма, пачала шукаць яго і скуголіць. На канапе, дзе спіць Максім, Міёна ўнюхала гаспадарскае адзенне. Доўга спрабавала ўзлезці туды, але так і не ўзлезла. Высака. Люда ёй дапамагла, і сабачка, лёгшы на Максімавы нагавіцы і рубашку, пачала іх вартаваць.

***

28.09.2015. Поўня – нанебны гадзіннік, на якім не кожны бачыць стрэлкі.

***

28.09.2015. Паглядзеў серыял «Есенин». Някепскі. Галоўнае – гучаць вершы паэта. Нам хаця б двухгадзінныя мастацкія фільмы пра Уладзіміра Жылку, Уладзіміра Дубоўку, Уладзіміра Караткевіча. Я ўжо не кажу, што трэба фільмы пра Купалу, Коласа, Багдановіча, Танка. Спадзяюся, што некалі будуць кінафільмы пра ўсіх лепшых беларускіх пісьменнікаў, але, на жаль, мы іх ужо не зможам паглядзець.

***

29.09.2015. У мінулую дажджлівую суботу патэлефанаваў кампазітар Эміль Наско і запрасіў на творчую вечарыну, якая сёння прайшла ў філармоніі ў Малой зале імя Рыгора Шырмы.

Пасля працы да вечарыны ў мяне было вольных паўтары гадзіны. Зайшоў у «Цэнтральны» ўніверсам, каб папіць гарбаты і з’есці пару канапак. Чарга была нядоўгай. Няспешна падсілкоўваючыся, узгадаў, што гадоў дваццаць таму мы з Людмілай мелі магчымасць пасяліцца ў гэтым доме ў чатырохпакаёвай камуналцы на пятым паверсе. Там жылі нашы сябры і яшчэ адна сям’я. Надумаўшы раз’ехацца, яны нам прапанавалі аб’яднацца з Людмілінай маці і жыць у адной кватэры. На той час у гэтым аб’яднанні было некалькі мінусаў. Першы – пяты паверх і няма ліфта. Другі – адчыніш фортку і свежага паветра не дачакаешся. Да ўсяго на праспекце стаіць бясконцы гул машын. Трэці мінус – пад кватэрай станцыя метро. Ну і самы маленькі мінус – жыццё з цешчай, якая, хоць і цудоўная жанчына, але яна даўно ўжо прывыкла жыць адна. Таму па суме гэтых прычын мы і адмовіліся ад пераезду на праспект...

У касе філармоніі, адстаяўшы пяць хвілін у чарзе, купіў білет на творчую вечарыну Эміля Наско. Канцэртная зала амаль была запоўнена. Так атрымалася, што побач сядзеў з мужам літаратуразнаўцы Лідзіі Савік і жонкай паэта-перакладчыка Рыгора Рымскага. Гучалі песні на словы Пушкіна, Лермантава, Твардоўскага. Найбольшую колькасць кветак атрымала спявачка Вольга Шаўчэнка. Цудоўная спявачка. Прыгажуня. Калі б быў у зале Сяргей Ясенін, думаю, ён бы адразу закахаўся ў яе, як у Айседору Дункан, і пасля вечарыны прызнаўся б у каханні. У выкананні харавой капэлы імя Рыгора Шырмы прагучала мая «Балада Рыгора Шырмы». Здаецца, някепскі твор атрымаўся. Потым кампазітар запрасіў на фуршэт. Я напачатку пайшоў, але праз пяць хвілін, пакуль збіраліся госці, не развітваючыся, уцёк, бо я не Ясенін...

***

30.09.2015. Маладзік, як восеньскі лісток, які не захацеў падаць на сырую зямлю...

***

30.09.2015. Ізноў будуць танцы. Танцы на граблях.

***

30.09.2015. Завечарэла. У скверы зажаўцеліся ліхтары, як закрасавалі. Адзін не запаліўся. Стаіць белы, як дзьмухавец.

Кастрычнік

***

1.10.2015. Удзельнічаў у чарговым пасяджэнні суполкі «Літаратурнае прадмесце». Збіраліся ў майстэрні народнага мастака Беларусі Івана Міско. Прысутнічала каля дваццаці жывых творцаў і паўтысячы мемарыялізаваных знакамітасцяў. Гаварылі пра прафесіяналізм у творчасці. Чыталі вершы, слухалі песні. У печцы гарэў агонь, які чакаў свайго часу, каб ператварыць у попел напісанае, але не дачакаўся. Патух, як памёр з голаду.

***

2.10.2015. З сястрой Валяй і яе мужам Віцем ездзілі ў Пугачы.

Адведалі бацькоў на Ракаўскіх могілках. Восеньская лістота, як пясок...

Вянкі на свежых магілах, як незапаленыя кастры інквізіцыі...

Непадалёку ад помнікаў – падасінавік, як злеплены з пластыліну.

У Ракаве зайшлі ў краму, каб купіць атруты для вясковых пацукоў і мышэй. Няма. Нядаўна ўсю разабралі...

У Бузунах пустая буслянка на пазалацелым дрэве. Чорная, як згарэлая...

На палях стаіць кукуруза, як войскі, якім няма куды адступаць...

У Пугачах восень. Светла і сумна. Пахне бульбоўнікам і познімі кветкамі, назвы якіх я не памятаю.

Ад суседкі даведаўся: «Некалькі дзён таму на нашым перакрыжаванні загінуў Андрэйка! МАЗ з пяском урэзаўся ў ягоную машыну. Андрэйка быў харошым чалавекам.»

У хаце на стале ляжыць мая кніга «Заўтра была адліга». Ляжыць, нібыта яе тут нехта чытае.

Яблыкаў няма ні на яблынях, ні на зямлі. Сёлета наш сад адпачываў.

Прыляцела сарока. Села на плоце. Нібы пераканаўшыся, што тут свае, паляцела некуды.

Узаралі агарод. Дзядзька Толя вадзіў каня, а я хадзіў за плугам і, думаючы пра бацькоў, час ад часу чуў маміну просьбу: «Адпачні!»

Віця адрамантаваў варотцы. Бацькі былі б задаволеныя.

На лаўцы каля хаты сядзела сястра і парадкавала буракі і моркву. Хустка на ёй была завязана, як некалі ў мамы.

Вяртаючыся ў горад, я доўгі час у думках яшчэ быў у вёсцы. Там усё роднае.

***

3.10.2015. Зацьменне сланечніка.

***

3.10.2015. Патэлефанаваў Алесь Квяткоўскі. Папрасіў зайсці ў майстэрню пагаварыць. Алесь рыхтуецца да адкрыцця выставы «Пагоня на Грунвальд», прысвечанай 75-годдзю з дня нараджэння Кастуся Тарасава. Ідучы ў краму па корм для нашай сабачкі Міёны, заглянуў да сябра ў майстэрню. Алесь паказаў новую карціну «Чорны квадратасланечнік», якую стварыў па маім аднайменным вершы. Гледзячы на карціну, я пажартаваў: «Цяпер засталося толькі вуха адрэзаць!» «Не! Не буду рэзаць!» – усміхаючыся, адказаў Алесь і даў мне пачытаць кнігу «Ван Гог. Письма», што выйшла ў 1966 годзе ў выдавецтве «Искусство». Каб не забыцца, каму даў кнігу, Алесь напісаў маё прозвішча на сцяне майстэрні і адчыніў акно, праз якое я і пайшоў далей па справах.

***

3.10.2015. Слухаючы верш Іосіфа Бродскага «Не выходи из комнаты.», натхніўся на чатыры радкі:

Не прызнайся ў каханні, бо зробіш памылку,

І зашый сабе рот, і схавайся на небе,

Або ў вёску пустую ўцячы, нібы ў ссылку,

І жыві там сто год на вадзе і на хлебе.

***

3.10.2015. Вецер па полі гоніць апалае лісце, як Залатую Арду.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю