Текст книги "Заўтра была адліга-4 (СИ)"
Автор книги: Віктар Шніп
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 10 страниц)
***
31.10.2015. Калі прыкласці да вуха марскую ракавінку, можна пачуць шум мора, якое жыве і будзе жыць. Але, калі разгарнуць кніжку і прыкласці да вуха, можна пачуць шум лесу, якога ўжо няма.
***
31.10.2015. У Нацыянальным мастацкім музеі ў межах выставы «Ад рэалізму да імпрэсіянізму. Жывапіс ХІХ—ХХ стст. з Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі» разам з сябрамі «Літаратурнага прадмесця» ўдзельнічаў у паэтычнай імпрэзе, якую вяла Людміла Рублеўская.
З дому выйшаў крыху раней, каб паглядзець на апошні дзень кастрычніка, які ў горадзе выдаўся нязвыкла сонечным.
Каля Кафедральнага сабора моладзь корміць галубоў. Увесь тратуар пад птушкамі амаль белы, як паштукатураны.
Зайшоў у царкву. Сонца заглянула ва ўсе аконцы. Светла і святочна ў Храме, як на небе.
Выйшаў з Храма. І тут жа сустрэў празаіка Маргарыту Прохар. Прыйшла паставіць свечкі дзядам.
Каля машыны, упрыгожанай стужкамі і штучнымі кветкамі, стаяць маладажоны. Яна яшчэ маладая і прыгожая, а ён ужо і не малады і да ўсяго лупаты. Падумалася: «І яшчэ адзін няроўны шлюб.»
Зазірнуў у шкляное ратушнае збудаванне, як у падзямелле. І вялікі стол, каля якога стаяць кошыкі з кветкамі, падаўся мне вялізарнай труной, у якой ляжыць волат, што загінуў, абараняючы Менск.
Зайшоў у касцёл. Якраз ішло вянчанне. Іграў арган. Стварылася ўражанне, што я трапіў у дзевятнаццатае стагоддзе. Маладыя і прыгожыя, з усмешкамі. Светлыя, нібы родныя.
У скверыку па дарозе да Нацыянальнага мастацкага музея ліхтары, як замерзлыя бурбалкі.
На жаль, не ўсе літпрадмесцеўцы змаглі прыйсці на імпрэзу. А тыя хто прыйшоў – Рагнед Малахоўскі, Мікола Кандратаў, Таццяна Пратасевіч – чыталі вершы паэтаў Сярэбранага веку ў перакладах і свае творы. Думаю, што найбольш запомніўся прысутным Віктар Лупасін, які агучыў верш, напісаны пасля прачытання кнігі Уладзіміра Маякоўскага. Перад выступленнем-перформенсам Віктар сказаў: «Калі хто адгадае, якую я кнігу прачытаў Маякоўскага, таму і падару рукапіс верша». Ніхто не адгадаў нават пасля трох падказак. Закончыўшы конкурс, Лупасін тут жа скамячыў аркуш з вершам і, засунуўшы яго ў рот, пачаў жаваць. Пакуль Віктар далей выступаў, жуючы верш, яму адна жанчына прынесла кубак вады, а другая пластыкавую пляшку мінералкі. Калі ўсе літпрадмесцеўцы выступілі, адна з жанчын, якія нас слухалі, звярнулася да Людмілы: «Скажыце свайму маладому паэту, каб, калі выступае, нічога не жаваў, бо гэта не прыгожа!»
Пакуль мы выступалі, да Рублеўскай час ад часу падыходзілі людзі і прасілі аўтограф. Адзін мужчына для Людмілы прынёс чырвоную ружу. Я не раўнаваў. Ружы ружамі, а мужык той вершаў не піша.
Супрацоўніца музея Надзея Вусава для Людмілы і мяне правяла экскурсію па выставе карцін Мая Данцыга. На другім паверсе карціны мастака я глядзеў адзін. Там вельмі шмат Данцыга! Можа, і занадта. Усе карціны ў аднолькавых па колеры рамках. З-за гэтага ў мяне з’явіўся паэтычны радок: «Рамкі белыя, як са снегу, праз які прабіваецца золата апалай лістоты.» На першым паверсе я ўбачыў зусім іншага Мая Данцыга. Манументаліста. Ад Надзеі даведаліся, што многія работы выстаўляюцца ўпершыню, і яны гадамі ляжалі скручанымі ў рулоны. Кажуць, што нядаўна ў Лондане выстава Данцыга мела вялікую аўдыторыю і там былі куплены карціны на мільён долараў. На пытанне «Ці праўда гэта?», мастак толькі ўсміхаецца. Гледзячы на карціны, я не мог не сказаць: «Вялікі мастак! Вельмі вялікі! Не ацэнены, як належыць». Доўга глядзелі на карціну з маржыхамі. Здавалася, што яна напісана даўно. Паглядзеў, а там пазначана – 2014 год. Словам, трэба, каб у Мінску была карцінная галерэя Мая Данцыга.
Зайшлі ў кавярню, што ў музеі, каб папіць кавы. А там драматург Андрэй Курэйчык адказвае на пытанні. Паслухалі. Папілі кавы. Парадаваліся, што музей не карцінныя могілкі, а жывы культурны цэнтр, дзе можна сустрэць разумных людзей.
Дамоў вярталіся доўга, вандруючы па вячэрнім горадзе, як па сваёй маладосці, дзе ў паветры, як срэбная павуціна, лётае паэзія.
Лістапад
***
1.11.2015. У нашым двары перад маім акном чорны кот па дрэве ходзіць і лістота ападае на зямлю, як парваны залаты ланцуг.
***
2.11.2015. Ранкам жоўтая поўня, як рамонак, на якім уначы гадаў закаханы анёлак, плыве па нябёсным акіяне.
***
3.11.2015. Чым даўжэйшыя восеньскія вечары, тым даўжэйшым здаецца жыццё.
***
4.11.2015. Удзельнічаў у літаратурна-музычным свяце «Каласавіны», якое на Стаўбцоўшчыне ўжо 30 гадоў праводзіць Музей Якуба Коласа.
З Мінска выехалі а палове дзясятай. За горадам нас чакаў густы туман і адразу падумалася: «Вось ён белы свет.»
Акінчыцы. Непадалёку хаты, дзе нарадзіўся Якуб Колас, на дрэве буслянка. Доўга глядзелі на яе, нібыта раней ніколі не бачылі буслянак.
Музыка. Песні. Вершы. І праглянула сонца на хвіліну, нібыта паэт у небе адгарнуў фіранку на сваім акне.
Альбуць. Ідзём па мастку, а пад ім вады амаль няма. Гэта бабры перагарадзілі плацінай ручаіну.
Сяліба Коласа. Навокал лес. Адчуванне, нібыта прыйшлі ў дваццатыя гады мінулага стагоддзя.
Вакол сялібы за плотам стаіць шмат вуллёў – пчаліны горад, а магчыма, і сталіца.
Збанкі на плоце. Паміж імі павуцінка. Падумалася, што гэта новы восеньскі музычны інструмент.
Дубы спакойныя. Класічныя, як творы Якуба Коласа.
Смольня. За плотам Коласавай сялібы за кустоўем Нёман. Калі суцішыцца і прыслухацца, можна пачуць цячэнне вады, як цячэнне часу.
Яблыкі яшчэ не апалі, нібы спецыяльна трымаюцца за галіны, каб было светла ў садзе ў дзень народзін Пясняра.
Туман адступіў, і светлы дзень пачаўся, як новы твор Паэта...
Разам з усімі пасадзіў дубок. Спадзяюся, што яму некалі будзе тысячу гадоў.
Мікалаеўшчына. Усклалі кветкі да помніка Якубу Коласу. Прысутнічалі мясцовыя школьнікі. Некалькі год таму іх было болей.
Па ўсім «Шляху Коласа» стаяць драўляныя скульптуры Сяргея Клешчука. Уявілася, калі нікога з людзей побач няма, яны ажываюць і жывуць сваім жыццём.
З’ездзілі на могілкі, дзе пахаваны Анатоль Грэкаў, які, будучы начальнікам аддзела культуры Стаўбцоўскага райвыканкама, шчыра клапаціўся, каб «Каласавіны» каласавалі.
Сёлятняе свята закончылася літаратурна-музычнай імпрэзай «То не музыка – натхненне» ў гарадскім Доме культуры горада Стоўбцы.
***
.і пройдуць сотні гадоў
і ў кожным годзе будзе лістапад
і ў кожным лістападзе
будзе лістапад Якуба Коласа
які пачаўся ў засценку Акінчыцы
у разліве залатой лістоты
як у пялёстках беларускага сонца
якое жыве ў творах Якуба Коласа
дзе родны кут заўсёды мілы
і дзе рыбакова хата
на беразе Нёмана
як на краі свету
слухае песні-жальбы
адзінокіх зорак
якія падаючы ў золата лістоты
абуджаюць сонца
што заглядваючы і ў наша аконца
і ў нашы сэрцы
асвятляе шлях у Беларусь
пра якую марыў Якуб Колас
***
5.11.2015. З дачкой Івана Навуменкі Валерыяй і Аксанай Спрынчан ездзіў у Рэчыцу на прэзентацыю пятага тома Збору твораў Івана Навуменкі.
Ідучы на вуліцу Карла Маркса, дзе жыў пісьменнік і чакаў кіроўца аўтамабіля Уладзімір, зайшоў у царкву. Зірнуў у кашалёк. Там драбяза і дзвесце тысяч адной купюрай. «Усе грошы выскраб з кашалька!» – сказала прадавачка, калі я папрасіў дзве свечкі, падаючы ёй драбязу.
Наша дарога да Рэчыцы была праз восеньскае золата.
Праз паўтары гадзіны спыніліся папіць гарбаты. Каля бензакалонкі хадзілі два сабакі. Адзін чорны, а другі руды. Чорнаму пашанцавала. Аксана аддала яму сваю канапку.
У Рэчыцы хвілін дваццаць шукалі бібліятэку, што на вуліцы Савецкай. Літаратуразнаўца Іван Штэйнер час ад часу тлумачыў нам па мабільніку, як да іх даехаць. Крыху паблукалі, але затое паглядзелі горад.
Прэзентацыю пачала загадчыца бібліятэкі Тамара Фёдараўна. Здаецца, і не шмат мы вуступалі, але незаўважна праляцелі амаль паўтары гадзіны. Прыемна было бачыць, як з любоўю землякі Івана Навуменкі адносяцца да свайго знакамітага земляка. Праўда, вуліцы Івана Навуменкі ў Рэчыцы няма.
Пасля прэзентацыі з’ездзілі на могілкі ў Гарошкаў, дзе пахаваны Анатоль Сыс. Разам з намі былі карэспандэнт раённай газеты і Іван Штэйнер. На могілках ціха і амаль усё ў залатым лісці. Могілкі, як Сысаў Храм.
Пакланіліся Анатолю і яго родным. Паглядзелі з краю могілак на лагчавіну, дзе цёк Днепр і ў якім купаўся паэт. Сумна. Але сум светлы, як лістота на бярозах, што выраслі на старым рэчышчы.
З’ездзілі да роднай хаты Анатоля Сыса. Якраз дома была ягоная сястра Тамара. Я ўжо даўно не быў у хаце, але Тамара мяне пазнала. На паліцах стаяць кніжкі, якія купляў і чытаў Анатоль. На сценах фотаздымкі і карціны. На століках выданні, дзе друкаваліся творы Сыса і ўспаміны пра яго. Хата ператварылася ў музей Паэта.
Ліпу, што ля хаты, збіраюцца зразаць, бо вялізарнае карэнне бурыць падмурак і можа разваліць будынак.
У двары ходзяць куры і каты. Адзін чорны, а другі шэры. На яблынях сямтам яблыкі, як восеньскія ліхтарыкі.
У вялікім сшытку наведвальнікі роднай хаты Анатоля Сыса пішуць пажаданні Сысу. Многія пішуць, звяртаючыся да Анатоля, як да жывога...
Вяртаючыся ў Рэчыцу, зазірнулі ў школу, дзе вучыўся Анатоль. Якраз быў дырэктар, які, пасля таго, як Аксану і мяне карэспандэнт раёнкі прадставіў, хуценька знайшоў ключы ад школьнага музея і павёў нас на другі паверх. Праўда, даведаўшыся, хто мы, сказаў напаўжартам: «Вы б нам новыя вокны прывезлі з Мінска!»
Школьны музей сціплы. Месца для Анатоля Сыса не ў закутку. Адчуваецца, што людзі тут разумеюць, хто такі Сыс. «Мы Анатоля цэнім! Ён жа наш вучань. Некаторыя ягоныя аднакласнікі ў нашай школе працуюць!» – развітваючыся, сказаў дырэктар школы.
Вяртаючыся ў Мінск, мы з Аксанай заснулі і праспалі разам кіламетраў пяцьдзясят.
***
7.11.2015. Удалечы чорнае дрэва, як трэшчына на небакраі...
***
8.11.2015. З ліста Ван Гога брату Тэо (7 верасня 1881): «Пакахаць па-сапраўднаму – гэта ўсё адно што адкрыць новую частку свету».
***
8.11.2015. У паўзмрочнай кухні, седзячы каля акна, слухаю восеньскі дождж, як у 80-я гады мінулага стагоддзя радыё «Свабода».
***
9.11.2015. Прыходзіла бабулька. Малая, нібыта старэйшая і больш рослая сястра сямі гномікаў. З вялікім на ўсю спіну сіняга колеру заплечнікам. Здаецца, пустым. Я думаў, што вершы прынесла. Ды не! Папрасіла, каб я пацікавіўся ў Леаніда Маракова, які напісаў двухтомнік пра Мінск, ці патрэбны яму фотаздымкі 27-га, 28-га і 29-га гадоў мінулага стагоддзя. На здымках дэпутаты Мінскай губерні. Кажу, што тады ўжо была Мінская вобласць. Бабулька распавяла далей: «Так на здымках напісана! Яны знаходзяцца ў майго знаёмага калекцыянера. Патэлефануйце Маракову!» Я патэлефанаваў. Леанід зацікавіўся здымкамі. Завяршаючы размову, прапанаваў яму даць творы ў зборнік пра каханне. Мая госця, пачуўшы гэта, узрадавалася: «Калі Маракоў нічога не дасць, я вам прынясу колькі захочаце вершаў і прозы з макулатуры! На беларускай, на літоўскай, на польскай мовах! Бамжы здаюць, а я захоўваю!»
***
10.11.2015. Стаю на мосце над Свіслаччу. Пада мною не вада цячэ, а наш час.
***
10.11.2015. Нейкі час хацеў бы пражыць у Амстэрдаме не таму, што там ёсць квартал чырвоных ліхтароў, а таму, што там жыў Ван Гог. Я хадзіў бы па вуліцах і па вулках старога горада. Глядзеў бы ў ваду каналаў і ўспамінаў свае Пугачы, дзе ў маім дзяцінстве летам у агародах раслі сланечнікі, і я не ведаў, што іх у свой час геніяльна маляваў Ван Гог.
***
11.11.2015. Сёння ў многа якіх краінах адзначаецца Дзень памяці ахвяр Першай сусветнай вайны. Больш за 800 тысяч беларусаў былі мабілізаваныя ў царскае войска, 70 тысяч з іх загінулі на франтах. Звыш 2 мільёнаў насельнікаў Беларусі сталі вымушанымі ўцекачамі, 400 тысяч так і не вярнуліся з эвакуацыі. Колькасць тых, хто загінуў і паўміраў ад хвароб, сярод мірнага насельніцтва перавысіла 60 тысяч. У 1916 годзе каля мястэчка Крэва загінуў мой прадзед Янка Шніп, улан царскай арміі. Яму было пяцьдзясят. Без гаспадара засталася сям’я – жонка (Крыстына Андрэеўна 1885 года нараджэння) і дзеці – Юзя (майго бацькі бацька, нарадзіўся ў 1911 годзе), Янка (1914 года нараджэння) і Зенька (нарадзілася ў 1915 годзе).
Краязнаўца Аляксандар Камінскі ў даследаванні «Крэўская пазіцыя. Хроніка супрацьстаяння» на падставе архіўных дакументаў апісвае, як выглядала мястэчка ўвосень 1915-га: «На ўсходніх яго пагорках раскінуліся абарончыя ўмацаванні рускіх, заходняя частка перайшла ў рукі германцаў. Нейтральная тэрыторыя абапал рэчкі Крыўлянкі была аблытана сеткай драцяной загароды. На нямецкім баку, упісаўшыся ў першую лінію абароны, апынуўся і Крэўскі замак...
Пахаванні, якія захаваліся, збольшага ўсе нямецкія, расейскіх дайшло зусім мала. У Крэве былі Васкрасенскія могілкі – зраўняныя з зямлёй, мала хто здагадваецца, што яны некалі існавалі. Каля Аляксандра-Неўскай царквы стаяла Мікалаеўская царква, таксама былі пахаванні, цяпер там толькі пару каменьчыкаў без надпісаў. Смаргонскі краязнаўца Уладзімір Прыхач займаўся ўзнаўленнем некаторых помнікаў, але надта мала захавалася звестак. Былі адзіночныя магілы, нават шмат, але з часам усё страцілася. Яшчэ ў 1960-я гэтай справай апекаваўся крэўскі краязнаўца Пётр Грынкевіч, многія ягоныя запісы забралі ў архівы Літвы. Быў Савецкі Саюз, прыехалі літоўцы з музеяў, папрасілі – ну і аддалі. Нашым, відаць, было не патрэбна. Ягоная жонка потым звярталася да мясцовых улад, там толькі адмахваліся: адчапіся ты, барацьба за ўраджай – вось што галоўнае, а ты тут з нейкімі запісамі».
***
12.11.2015. У рамках рэспубліканскай акцыі «Сямейнае чытанне» ў кнігарні «Светач» з 11 да 18 гадзін праходзіў «Кніжны марафон». Першымі выступалі я з Дзмітрыем Пятровічам. Напачатку людзей было няшмат (думаю, што з-за дажджу), а потым на сустрэчу з Аленай Церашковай і яе сямейна-эстрадным ансамблем «Без секунднай стрэлкі» найшло шмат дзяцей. Жанчына, з якой я сустрэўся ў дзвярах кнігарні, бо трэба было ехаць у бібліятэку імя Янкі Купалы на ХІХ Мінскія паэтычныя чытанні, сказала: «Правільна робіце, што прывучаеце дзяцей да беларускай мовы!»
У бібліятэцы сабралася шмат слухачоў. На жаль, не прыйшлі тры паэты, чые вершы ўпрыгожылі б імпрэзу і надалі б ёй большую значнасць. Спадабаліся студэнты, якія хораша пад музыку чыталі вершы. Напрыканцы ўзбадзёрыў мяне і надаў добрага настрою артыст Сяргей Кравец, які праспяваў пяць беларускамоўных песень. Вяртаючыся дамоў праз гарадскі самотны дождж, думаў пра калег па пяры, якія не прыйшлі на паэтычныя чытанні: «Не прыйшлі, бо сапраўды прыхварэлі, ці не захацелі выступаць у адной кампаніі з пачаткоўцамі і тымі, хто немалы час пісаўшы на беларускай мове, перайшоў на рускую, каб сваімі тварэннямі плённа ўзбагачаць вялікую рускую паэзію?»
***
13.11.2015. У бібліятэцы імя Цёткі ўдзельнічаў у вечарыне «Сакральная Беларусь. Колеры. Жоўты». Палова выступоўцаў не прыйшлі, але ад гэтага Паэтычны тэатр «Арт. С.» не сеў у калюгу, якіх на вуліцы пасля дажджлівага чацвярга хапала. Аксана Спрынчан, даючы мне слова, зачытала маю «Баладу пра Кітай», пра якую я даўно забыўся:
Мы сабе прыдумалі Кітай,
Жоўты, як наш жоўты папугай,
Для якога белая Еўропа,
Як для Адысея Пенелопа,
Недзе там далёка за гарой.
Нам не трапіць у Кітай з табой,
Бо і так народу там хапае
Ды і тут ніхто нас не чапае.
Рыбу ў Хуанхэ нам не лавіць,
Па Шаўковым шляху не хадзіць,
Бо мы тут прыдумалі Кітай
І на кухні п’ём кітайскі чай,
І, будуючы з цытат сцяну,
Мы вядзём сусветную вайну,
У якой не выжыве й Кітай,
Толькі застанецца папугай,
Жоўты, як кітайскі мандарын,
І паўрускі, быццам бы Харбін...
Мы сабе прыдумалі Кітай...
Хочаш – будзь тут з намі,
Хочаш – уцякай!
Цікава было паслухаць Рэгіну Багамолаву, Максіма і Ірыну Клімковічаў. Як заўсёды, Альжбета Спрынчан-Малішэўская хораша паспявала народныя песні. Мікола Пруднікаў да пачатку вечарыны і пасля іграў на фартэпіяна. Словам, спектакль пра жоўты колер жоўтая прэса не збэсціць...
***
14.11.2015. Дождж. І я радуюся, што дождж. Няхай ён ідзе да гадзін трох. Чаму? Таму, што ўчора з сястрой планавалі паехаць у вёску, калі не будзе дажджу. Сёння прачнуўся а сёмай. На вуліцы дождж. Патэлефанаваў сястры. Вырашылі, калі ён перастане, то паедзем. Дождж часам пераставаў, але зноў пачынаўся. Можна было і ехаць, але на вуліцы ў такое надвор’е ў вёсцы цяпер нічога не зробіш, што трэба. І калі б дождж у гадзін дзесяць перастаў і больш не ішоў, то цэлы б дзень, а магчыма, і тыдзень, я шкадаваў бы што не паехалі ў вёску. У наступныя выхадныя паедзем абавязкова! Нават, калі будзе дождж.
***
14.11.2015. Нягледзячы на дождж, з Людмілай ездзілі ў майстэрню скульптара Івана Міско.
Пераходзячы вуліцу каля касцёла, размінуліся на пераходзе з графам Прушынскім. Мы паспелі перайсці, а граф патрапіў пад хвалю моцнага ветру, які сярод вуліцы зламаў яму вялізарны парасон, сарваў з галавы шапку і кінуў пад колы машын.
У майстэрні Іван Якімавіч з Міхасём Кенькам чакаў нас. У расчыненай печцы весела гарэў агонь і цяпло распаўзалася сярод скульптур, як вясновае разводдзе.
Праз хвілін дваццаць да нашай кампаніі далучыўся архітэктар Сяргей Асташонак, а яшчэ праз нейкі час прыйшоў чалавек, які займаецца вырошчваннем бульбы і яе продажам.
Іван Якімавіч узгадаў, што ўчора быў на святкаванні юбілею Акадэміі мастацтваў: «Усе выступалі па-беларуску. Далі слова намесніку міністра адукацыі і ён пачаў гаварыць па-руску. Быў бы гэта нейкі дырэктар завода, дык гавары ты па-руску, але ж гэта намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь! На фоне ўсіх выступоўцаў ён глядзеўся не як намеснік міністра адукацыі...»
Не маглі мы не пагаварыць пра Парыж і тэракты, якія ўчора там адбыліся. Іван Якімавіч у Францыі ні разу не быў і з цікавасцю слухаў аповед Людмілы пра Парыж і Невер, у якіх яна тыдні два таму была.
Гаворачы пра Парыж і творчых людзей, Іван Якімавіч узгадаў: «Пры Саветах жонка пісьменніка Анатоля Шаўні Зоя ездзіла ў Парыж з нейкай дэлегацыяй. Перад ад’ездам дамоў усім далі магчымасць пахадзіць па горадзе і набыць, што захочацца. Час вольны прайшоў, і ўсе сабраліся ў аўтобус. Тут жа жанчыны пачалі адна перад адной хваліцца, хто якія станікі, хто якія майткі набыў. Зоя Шаўня таксама пахвалілася. Паказала ўсім свой партрэт, які ёй толькі што намаляваў парыжскі мастак і за які яна аддала ўсе грошы. Пасля гэтага ніхто больш не стаў хваліцца пакупкамі.»
На вуліцы ішоў дождж, у печцы гарэлі дровы. Мы гаварылі з Іванам Якімавічам, а ягоныя скульптуры глядзелі на нас і слухалі. Так праляцелі дзве гадзіны. Ідучы на аўтобусны прыпынак, мы спыніліся каля Французскага пасольства і пастаялі разам з людзямі, якія клалі кветкі і ставілі свечкі ў памяць загінулым у Парыжы. Многія плакалі.
***
15.11.2015. У скверы, прадзьмутым восеньскім ветрам, стары сядзеў на лаўцы, разаслаўшы пад сябе газету. Пад ягонымі выпацканымі ў пясок чаравікамі ляжала апалая лістота, а высока ў небе кружляў воран, як чорны анёл.
***
16.11.2015. З выдавецкага дзявятага паверха з Уладзімірам Сцяпанам глядзім на шматпавярховік, які ўжо амаль пабудаваны на месцы філфакаўскага інтэрната. Дом абліцаваны чорным шклом, як чорным лёдам. Валодзя кажа: «Ён падобны на крэматорый». Я не пярэчу. А мне гэты чорны будынак даўно здаецца атамнай электастанцыяй. Некалькі месяцаў таму мастак Уладзімір Васюк назваў гэты дом Чорным квадратам Малевіча.
***
16.11.2015. Першы раз у жыцці выгульваў сабаку. Нашай Міёне заўтра ўжо тры месяцы. За гадзіну шпацыру мы пазнаёміліся з шасцю сабакамі. Яны ўсе былі меншыя за нашу. Падыходзілі і ўцякалі. Ідучы дахаты, да Міёны прыстаў Балу. Дзяўчына, якая яго выгульвала, была сімпатычная.
***
17.11.2015. Быў на радыё. Яна Хадоска са мной запісала ажно тры перадачы. Расказваў пра выдавецкія справы і пра сваю кніжку «Заўтра была адліга». Пасля студыі выйшаў на калідор і ўбачыў прыгожа апранутую дзяўчынку, якая гучна спявала беларускую песню пра каханне. Побач з ёй стаялі жанчыны і яшчэ некалькі дзяўчынак гадоў дзесяці. Я спыніўся паслухаць. Хутка дзяўчынка закончыла спяваць і адна з жанчын ёй параіла, каб тая пасля песні сказала «спасіба». Пачуўшы гэта, я ўткнуў свае тры грошы: «Лагічна было б пасля беларускамоўнай песні сказаць “дзякую”». «Ой! Правільна! Скажы дзякую!» – заўсміхалася жанчына і прытуліла да сябе малую.
***
17.11.2015. У выдавецтве Віктара Хурсіка выйшла кніга «Жыццё ў імя Бацькаўшчыны» – вянок успамінаў і разваг пра Анатоля Белага (10.12.1939 – 14.11.2011), які некалькі дзясяцігоддзяў, стварыўшы клуб «Спадчына» і ўзначаліўшы яго, быў адным з самых актыўных працаўнікоў на ніве беларушчыны. Стораны ім у Старых Дарогах унікальны музей – гэта чалавечы подзвіг. Можна было б і далей казаць гучныя словы ў адрас спадара Анатоля, які ўжо чатыры гады, як сышоў у лепшы свет, але гэта будзе дэмагогія, якая паўторыць сказанае тымі, хто яго ведаў лепей за мяне. Дабаўлю адно – быў Анатоль Белы і была «Спадчына», якая рабіла справу. Не стала Анатоля Белага і «Спадчына» амаль сышла з нашай яснай явы, і гэта сведчыць пра тое, што Анатоль Белы – асоба, лідар, дзякуючы якому мы не самотныя, бо маем Музей у Старых Дарогах.
***
18.11.2015. У Музеі Максіма Багдановіча быў на вечарыне «Час робіць усё, што яму прыспявае», прысвечанай 110-годдзю з дня нараджэння Яна Скрыгана, якую арганізавалі і правялі супрацоўнікі Музея гісторыі беларускай літаратуры пры актыўным удзеле дачкі пісьменніка Галіны Іванаўны. Зала была паўнюткая. Прыемна было сустрэцца з Васілём Зуёнкам і Кастусём Цвіркам. Прысутнічалі дочкі класікаў – Наталля Семашкевіч (Брыль) і Валерыя Навуменка. Выступоўцы гаварылі коратка і па справе, але было пару і такіх, якіх хацелася прагнаць ад мікрафона, бо яны ўсё гаварылі і гаварылі і далёка не пра юбіляра.
З Янам Скрыганам я пазнаёміўся недзе ў годзе 1980-м у Музеі Янкі Купалы ў кабінеце Хрысціны Лялько. Потым былі яшчэ выпадковыя сустрэчы ў рэдакцыях. Здавалася б, хто я такі для Скрыгана? Малады пачатковец. Ну друкуюся. Хаджу на літаб’яднанні. Такіх, як я, дзясяткі. А тут Скрыган, сустрэўшы мяне, распытваецца пра маё жыццё, гаворыць пра мае вершы, якія ён чытаў у перыёдыцы. Цытуе мае добрыя і дрэнныя радкі. Раіць, як і што рабіць далей. Такіх сустрэч было нямала і яны вельмі дарагія. Асабліва запомнілася паездка ў Вязынку на святкаванне 100-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы. Ехалі электрычкай. Кампанія сабралася немалая. Ян Аляксеевіч, Хрысціна Лялько, Роза Станкевіч, Мікола Мятліцкі, Леанід Галубовіч і я. Калі не памыляюся, білеты нам купіў у Вязынку і назад Ян Скрыган. Пасля ўрачыстасцяў і свята паэзіі Ян Аляксеевіч нас частаваў. Сядзелі на траве пад дрэвамі, пілі фінскі вішнёвы лікёр. Гаварылі пра літаратуру. Па чарзе чыталі вершы для Яна Аляксеевіча. Вярталіся ў Мінск позна вечарам. На душы было хораша-хораша. І цяпер, успамінаючы той далёкі святочны дзень, праведзены ў кампаніі з Янам Скрыганам, не магу больш нічога падобнага ўспомніць. Праўда, нішто не паўтараецца. Аднак я магу пахваліцца: «Я чытаў свае вершы для Яна Скрыгана!» Можа, для некага гэта пустое, але тады той зусім не ведае, хто такі Ян Скрыган.
***
20.11.2015. У двары пад дажджом стаяць машыны, як у нечым вінаватыя перад сваімі гаспадарамі.
***
21.11.2015. Спаў, як з Парыжа ўцёкшы.
***
22.11.2015. Першая ільдзінка ў вадзе, як рыбка.
***
22.11.2015. Праходзячы паўз Кальварыйскія могілкі, заўважыў, што на іх шмат старых крыжоў і агароджаў пафарбавана ў сіні колер, які мне напомніў, што за восеньскімі дажджлівымі аблокамі ёсць чыстае неба.
***
23.11.2015. Ноччу выпаў першы снег. На Свіслачы чайкі, як снежкі, якімі з аднаго берага на другі перакідваліся закаханыя, што гулялі аж да ранку каля Траецкага прадмесця.
***
24.11.2015. У час любавання першым снегам у мяне з’явіўся пачатак верша:
У першым снезе чорнае каменне,
Як чарнасліў на торце ў дзень народзін,
Дзе свечкамі слупы стаяць.
***
25.11.2015. Наша газавая калонка для нагрэву вады больш не рамантуецца. Цяпер, каб старую памяняць на купленую новую, трэба дачакацца пяці візітаў розных спецыялістаў-газавікоў, мантажнікаў, пажарнікаў, наладчыкаў, пускавікоў. Сёння няспраўную калонку адключылі. Потым другі спецыяліст пачапіў новую. Так мінуў дзень. Заўтра павінны прыйсці пажарнікі. Сказалі, каб чакаў іх тэлефанавання. Гледзячы на спецыялістаў, якія прыходзяць і як яны выконваюць свае абавязкі, думаю, што я сам бы ўсё гэта зрабіў за некалькі гадзін. Праўда, мая праца была б незаконнай. А так усё законна. І ўсё платна. Ведаю, што некаторыя пенсіянеры ў нашым раёне, не могучы адрамантаваць калонак, грэюць ваду ў каструлях на газавых плітах.
***
26.11.2015. Сёння святкуецца 70-годдзе часопіса «Нёман». Схадзіў бы і я на ўрачыстасці, калі б не хатнія праблемы з газавай калонкай для нагрэву вады, якія, чым больш імі займаюся, тым яны ўсё толькі пакуль што павялічваюцца. Хацелася ж, каб усё было па законе. Цяпер па законе няпэўны час мы будзем без гарачай вады. І ўсё ж сёння свята і ў мяне. Як-ніяк, а з 1980 па 1985 год я працаваў літкансультантам у «Нёмане». Трапіў я туды дзякуючы загадчыку літаратурнага аддзела часопіса Браніславу Спрынчану. Тады я нідзе не працаваў і не вучыўся. Быў тунеядцам. Хадзіў па рэдакцыях з вершамі. Надрукаваўшыся ў «Полымі», «Маладосці», «Беларусі» і ў «ЛіМе», пайшоў у «Нёман» прапанаваць свае творы для перакладу. Браніслаў Пятровіч сёе-тое ўзяў. Праз тыдзень я зноў прыйшоў. Разгаварыліся. Чыталі адзін аднаму вершы. І, відаць, Браніслаў Пятровіч, размаўляючы са мной, здагадаўся, што я вольны паэт, а рэдакцыі якраз быў патрэбен няштатны літкансультант, таму ён і прапанаваў мне працу. Я з радасцю пагадзіўся. Праўда, аплата была невялікая – за адзін адказ адзін рубель. У месяц атрымоўвалася ад дваццаці да сарака рублёў. Недзе праз год у рэдакцыі газеты «Вячэрні Мінск», ведаючы, што я працую літкансультантам у «Нёмане», прапанавалі быць і ў іх літкансультантам. Пасля гэтага я стаў зарабляць ад сарака да шасцідзясяці рублёў у месяц. Грошы невялікія, але ж грошы. І я не прапаў. І не прапаў, дзякуючы «Нёману», у якім працаваў незабыўны Браніслаў Пятровіч Спрынчан.
***
27.11.2015. Займаючыся заменай газавай калонкі, за гэты тыдзень тры старонкі сшытка, куды пішу вершы, спісаў тэлефоннымі нумарамі, а гарачай вады так і няма. Да газавых разборак падключылася Людміла. Наша сабачка Міёна чакае сваёй чаргі, як у казцы пра рэпку.
***
28.11.2015. З сястрой Валяй і яе мужам Віцем ездзіў у Пугачы.
На вуліцы на прыпынку станцыі метро «Магілёўская» чакаў амаль паўгадзіны, пакуль швагра падбярэ мяне на машыне. Змерз і засумаваў. За хвілін пяць да прыезду Віці патэлефанавала дачка і паведаміла, што да нас прыйшоў чалавек з Мінскага водаканала і памяняў лічыльнік на ваду, і ён пытаецца, чаму ў нас нулявыя паказчыкі на старым прыборы. «Нулявыя, таму што пазаўчора, калі быў дома наш Максім, прыходзіў чалавек з водаканала і памяняў лічыльнік!» – адказаў я і засмяяўся, уявіўшы, што яшчэ праз дзень прыйдзе нехта з водаканала і пры Людміле памяняе лічыльнік, а потым яшчэ ў чацвёрты раз памяняюць і пры мне.
Заехаліся да бацькоў на Ракаўскія могілкі. Усё прысыпана снегам. Светла. А тут і сонца засвяціла. На помніку пачала раставаць шэрань. Сястра, убачыўшы, як з помніка капае вада, сказала: «Плачуць нашы бацькі.»
На палях праз снег тырчаць зялёныя стрэлкі азімых. Ад іх цёпла вачам і душы.
На буслянцы лапік снегу, як ліст пакінуты бусламі.
У вёсцы ціха. Нідзе не бачна ні варон, ні галубоў, ні вераб’ёў. Пару вяскоўцаў прайшло міма нашай хаты. Жыццё не спынілася.
У хаце яшчэ не холадна. Завёў гадзіннік. Яшчэ больш пацяплела. Уключыў радыё. Хата наогул ажыла. Падалося, што бацькі на працы і праз нейкі час, убачыўшы, што каля хаты стаіць машына, вернуцца дадому.
На кухні ўцяплілі ваду. Схадзілі да дзядзькі Шуры і цёткі Дзіны. Падзяліліся навінамі. Хораша, што ў вёсцы яшчэ жывуць родныя.
На чарнаплоднай рабіне прыхопленыя марозам ягадныя гронкі, як патухлыя сузор’і нашага саду.
Адзінокі яблык прымерз да травы. Бяру і здаецца, што трава не хоча яго мне аддаваць.
Непадалёку ад нашай хаты сажалка, зацягнутая лёдам. Нясмела ступаю на лёд. Ён патрэсквае, але трымае. І мы з Віцем пакаталіся, як у дзяцінстве.
Вярнуўся з роднай вёскі. Адчуванне, што нібыта пабыў у цэнтры белага свету.
***
30.11.2015. Размаўляў з паэткай Валянцінай Паліканінай. Ёй сняцца каляровыя сны, як і мне. Шмат у іх сімволікі і таго, што з цягам часу здзяйсняецца. Словам, сняцца прарочыя сны. Сняцца і вершы. Нядаўна Валянціне прыснілася вялікая ў чырвоным атласе кніга, у якой яна прачытала: «Паэзія – дзень саракавы. гісторыі».
***
30.11.2015. Працягваем замену старой газавай калонкі на новую. У пятніцу ў ЖЭСе абяцалі на сёння прыслаць майстра, які зробіць вентыляцыю. Едучы з працы, яшчэ ў аўтобусе, патэлефанаваў жэсаўцу, што буду яго чакаць праз пяць хвілін. Не паспеў дома распрануцца, як з’явіўся майстра. на мыліцах. Параіў патэлефанаваць у Белвентыляцыю. Нумар тэлефона не даў, бо не ведае, а, пакідаючы кватэру, сказаў: «Магчыма, ужо Белвентыляцыі не існуе...»
Снежань
***
1.12.2015. У снезе затаілася смецце, каб дабыць на сваім месцы хаця б да вясны...
***
2.12.2015. У Нацыянальным мастацкім музеі ўдзельнічаў у прэзентацыі кнігі «Алексей Кузьмич. Творец возвышенных Мадонн», якая выйшла ў «Мастацкай літаратуры» да 70-годдзя мастака Аляксея Кузьміча (1945—2013). Перад імпрэзай баяўся, што ніхто не прыйдзе. Аднак сабралася чалавек пяцьдзясят. З іх толькі пяць мастакоў. Пра гэта прысутныя даведаліся, калі кінарэжысёр фільма пра Сафію Слуцкаю папрасіў падняць рукі мастакам, якія прыйшлі на прэзентацыю. Прадавалася кніга. Купілі трынаццаць экзэмпляраў. Да мяне падыходзіла народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч і падзякавала за вершы, якія яна чула па радыё. Прысутныя мелі магчымасць не толькі паслухаць выступоўцаў, але і паглядзець карціны з пастаяннай музейнай экспазіцыі, а таксама выставу «Ад рэалізму да імпрэсіянізму. Жывапіс ХІХ—ХХ стст. з Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі», дзе прадстаўлены творы І. Рэпіна, І. Шышкіна, В. Пярова, А. Саўрасава, В. Верашчагіна, В. Паленава, А. Куінджы, К. Каровіна, І. Левітана і параўнаць іх з карцінамі Аляксея Кузьміча...
***
3.12.2015. Супрацоўніца выдавецтва, якой што ні даручы, усё выканае добрасумленна, прынесла рэдакцыйную пошту. Кладучы мне лісты на стол, сказала: «Нам нейкае пісьмо з суда прыйшло...» Глянуўшы на канверт, я вырашыў пажартаваць: «Нам тут год турмы прысудзілі. Можа, вы паўгода паседзіце, а потым мы знойдзем каго-небудзь вам на замену. Добра?» Жанчына на міг разгубілася, а потым гучна рассмяялася.
***
4.12.2015. У бібліятэцы імя Цёткі тэатр «Арт.С» працягнуў рэалізацыю паэтычна-міфалагічнага праекта «Сакральная Беларусь». На гэты раз тэмай імпрэзы быў белы колер. Нягледзячы на неспрыяльнае надвор’е, прыйшлі ўсе выступоўцы: Рэгіна Багамолава, Мікола Кандратаў, Ірына і Максім Клімковічы, Людміла Хейдарава, Юрась Пацюпа, Таццяна Пратасевіч. Народныя песні спявала Альжбета Малішэўская-Спрынчан. Па просьбе гаспадароў сцэны Аксаны Спрынчан і Яраша Малішэўскага, а таксама слухачоў, свой верш «Белы і белае» я чытаў двойчы – на самым пачатку і ў завяршэнні. Потым мы за гарбатай па чарзе распавядалі гісторыі, звязаныя з белым колерам. Гаворачы пра белую гарачку, я ўзгадаў інтэрнат Літінстытута, дзе аднойчы з сябрамі (двума палякамі, літоўцам і ўкраінцам) некалькі сутак адзначаў атрыманне стыпендыі. На трэція суткі я пакінуў кампанію. Сплю. Сярод ночы стук у дзверы. Адчыняю. Стаіць літовец Леанідас Яцынявічус. Пытаюся: «Што здарылася?», і чую: «Вітаўт, выйдзі на калідор. Паглядзі, якая прыгожая дзяўчына ўся ў чорным стаіць каля ліфта!» Я нікога не бачу, а Леанідас бачыць. «У цябе ж сяброўкі няма. Давай мы дзяўчыну табе зловім, пакуль палякі не злавілі!» – прапануе сябра і пачынае лавіць нябачную прыгажуню. Даслухаўшы да канца мой аповед, «артэсаўцы» сказалі, што ў літоўца не было белай гарачкі, бо пры белай гарачцы ўсё белае. А я і не сцвярджаў, што ў Леанідаса была белая гарачка. Мне той вечар запомніўся клопатам літоўца пра мяне, самотнага беларуса, і асабліва сказанае ім: «Давай мы дзяўчыну табе зловім, пакуль палякі не злавілі!»