355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Віктар Шніп » Заўтра была адліга-4 (СИ) » Текст книги (страница 2)
Заўтра была адліга-4 (СИ)
  • Текст добавлен: 1 декабря 2017, 07:30

Текст книги "Заўтра была адліга-4 (СИ)"


Автор книги: Віктар Шніп



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 10 страниц)

***

4.10.2015. На лаўцы каля пад’езда каштан, як няўдалы перапечаны калабок, які ўцёк з казкі.

***

4.10.2015. Ён быў спакойны, як кулямёт.

***

4.10.2015. Патэлефанаваў Георгій Барташ і выказаў жаданне паглядзець нашую сабачку Міёну. Праз хвілін дваццаць прыйшоў са сваёй кнігай вершаў і перакладаў «Ботиночки», якая некалькі дзён таму выйшла з друку. П’ючы гарбату, гаварылі пра будучую прэзентацыю і наогул пра паэзію. Я разгарнуў выданне і натрапіў на верш, які запомніўся з дня, калі Людміла пісала да кнігі прадмову:

Ноябрьским утром, рано на рассвете

Уйду в страну, где тишь и благодать.

Но птахи малые, как будто дети,

Бессовестно продолжат щебетать

Возок, стуча, проедет по брустчатке,

Неспешно туча в вышине пройдёт,

И Бог – а он ведь женщина – рукой в перчатке

Мне по лицу, прощая, проведёт.

Прачытаў і ў думках сказаў: «Вельмі хораша.», а ўслух не паспеў, бо да нас забегла Міёна. На жаль, Георгій цяпер мала піша. Па некалькі вершаў у год. Новую кнігу з такімі тэмпамі давядзецца чакаць доўга. А «Ботиночек» магло і сёння не быць, калі б у лімаўскім артыкуле, расказваючы пра выступленне паэта на вечарыне ў Музеі Максіма Багдановіча, не прадставілі яго, як аўтара праекта «Фестываль аднаго верша», і больш да гэтага нічога не дадалі. Прачытаўшы гэта, Георгій вырашыў выдаць сваю кнігу.

***

6.10.2015. Мінулай ноччу на 91-м годзе жыцця памёр пісьменнік Алесь Савіцкі. Ганаровы грамадзянін горада Полацка. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. Нарадзіўся Алесь Ануфрыевіч 8 студзеня 1924 года. Гэта па пашпарце. А па-сапраўднаму – 8 студзеня 1925. У час вайны ён паправіў сабе дакумент, каб узялі ў партызаны. З 1942 года – партызан атрада «Смерць фашызму», з 1943 г. – камандзір падрыўной групы атрада «Бальшавік» брыгады імя Варашылава на Віцебшчыне. У 1944—45 гг. удзельнічаў у вызваленні Літвы, Польшчы, у баях за ўзяцце Берліна. Быў тройчы паранены. Пачаў пісаць вершы яшчэ ў партызанскім атрадзе ў 1943 годзе. Першае апавяданне «Рыбацкае шчасце» надрукаваў у 1948 годзе ў полацкай абласной газеце. Алесем Савіцкім напісана шмат цікавых твораў. Асаблівай папулярнасцю ў юных чытачоў карыстаецца аповесць-казка «Радасці і нягоды залацістага карасіка Бубліка». Разоў дзесяць мне давялося выступаць разам з Алесем Ануфрыевічам. Памятаецца, як гадоў дваццаць таму мы з ім удзельнічалі ў вялікім пасяджэнні ў АН Беларусі, дзе ішла размова пра сучасную літаратуру. Выступаючы, Алесь Савіцкі не толькі называў імёны тагачасных маладых творцаў, а натхнёна па памяці цытаваў вершы. Тады ён прысутных добра ўразіў, калі прачытаў верш Анатоля Сыса, бо раней усе думалі, што Савіцкі ведае творы толькі тых пісьменнікаў, якія займаюць пасады і працуюць у рэдакцыях.

З Алесем Ануфрыевічам было добра пагаварыць пра цяперашняе жыццё, паўспамінаць пісьменнікаў, якія адышлі ў лепшы свет. З ім не адчувалася розніца ў гадах. Ён быў маладым сэрцам і душой.

***

6.10.2015. У бібліятэцы імя Цёткі ўдзельнічаў у адкрыцці фотавыставы Міколы Лінніка, дзе прадстаўлена 28 фотаздымкаў з маімі творамі з цыкла «Балады беларускага шляху». Гэта толькі дзясятая частка з балад, якія ў мяне напісаны. Мікола зрабіў мастацкія здымкі магіл, дзе пахаваны героі маіх твораў. Адкрыццё выставы пачалося з цудоўных песень у выкананні гурта Кацярыны Ваданосавай. Потым выступалі ўсе, хто жадаў. Асабліва прыемна было пачуць добрыя словы ад мастака Міколы Купавы. Дамоў вяртаўся з думкай, што напісанае мной усё-ткі некаму патрэбна.

***

7.10.2015. З Людмілай вечарам былі ў Баранавічах. Удзельнічалі ў працы курсаў «Мова нанова», якімі апякуюцца Юля Траццяк і Алесь Гізун.

Ехалі на цягніку «Мінск—Гродна». У плацкарце было поўна людзей. Большасць сядзела, уткнуўшыся вачыма ў камп’ютары і смартфоны. Не вагон, а камп’ютарны клуб на рэйках.

У цягніку даўно не ездзіў, нібыта не ўцякаў ад сябе самотнага.

Станцыя «Асіна». Лес. На ўзлессі ляжаць бярозавыя паленні.

Праехалі Стоўбцы. На прыпынку на лаўцы ў чорным капелюшы і скураным плашчы сядзеў пажылы мужчына, падобны на Якуба Коласа. Чытаў «Нашу Ніву».

Каля чыгункі выкарчаваныя вялізарныя пні, як тутэйшыя мёртвыя васьміногі.

Узгадаўся Мікола Купрэеў, які любіў ездзіць на цягніках. Разумею ягоную любоў. Едзеш, глядзіш праз акно на наваколле і адчуваеш сябе вольным ад тлуму жыццёвага. Цягнік імчыць. Нас ніхто не дагоніць!

Выпіў дзве шклянкі вагоннай гарбаты. У думках памаладзеў на гадоў трыццаць. Узгадаў даўнія паездкі ў Маскву на вучобу ў Літінстытут. Тады я начамі ніколі не спаў. Мэнчыўся ўсю дарогу без занятку. Цяпер бы сядзеў у інтэрнэце.

У пустых шклянках танцуюць лыжачкі. Ім таксама добра.

На палях ужо зжата кукуруза. Кукурузныя пянькі стаяць, як патухлыя свечкі.

У Баранавічах на вакзале нас сустрэла Юля Траццяк. У «PEOPLE BAR» дабіраліся пешшу. Паглядзелі на горад. Месцамі прыгожа, а месцамі сумнавата. Назвы вуліц савецкія і людзей на гэтых вуліцах хапае савецкіх.

На курсы сабралася больш як дваццаць чалавек. У асноўным – дзяўчаты і жанчыны. Мы з Людмілай разам з усімі ўдзельнічалі ў навучанні. Алесь і Юля хораша выкладаюць. Сяму-таму і мы падвучыліся.

Пасля гадзіны заняткаў нам з Людмілай далі слова. Мы расказалі пра сябе, пачыталі вершы, адказалі на пытанні, падпісалі кнігі. У 21.41 выехалі з Баранавіч. Едучы дадому, гаварылі пра шчырых, светлых, таленавітых навучэнцаў баранавіцкіх курсаў «Мова нанова». Дарожны час за размовай праляцеў хутка. Гарбата ў цягніку «Брэст—Масква» была нягоршай, чым у «Мінск—Гродна», але ў плацкарце было цяплей, чым у купэ.

***

8.10.2015. Сёння ў 14.20 мне быў першы тэлефонны званок з віншаваннем. Потым яшчэ некалькі. Мяне віншавалі з Нобелеўскай прэміяй, якую атрымала Святлана Алексіевіч. Віншавалі так, нібыта я стаў лаўрэатам. Было два званкі, у якіх пачуў: «Гэта не маё свята! Вот каб Быкаву далі! А так...»

***

9.10.2015. Жоўтая кляновая лістота, як восеньскія дранікі.

***

9.10.2015. Тое, што мастацкі твор чытаецца на адным дыханні – не галоўны доказ таго, што твор геніяльны. На адным дыханні чытаецца і тэлефонны даведнік.

***

9.10.2015. З Людмілай быў у прасторы Галерэі TUT.BY, дзе адбылася прэзентацыя кнігі вершаў і перакладаў Георгія Барташа «Ботиночки».

Людзей сабралася шмат. Амаль усе заяўленыя выступоўцы прыйшлі. Не было выдаўца Зміцера Вішнёва. Казалі, што ён недзе ў замежжы.

Побач са сцэнай быў столік, на якім прыгожыліся чаравікі Барташа. Чорныя. Адзін стаяў, а другі ляжаў.

На вуліцы халадэча, а ў памяшканні цёпла. Думаю, гэтак жа і ў чаравіках Барташа было б, калі б іх абуць.

Непадалёку ад сцэны і прысутных стаялі бакалы для шампанскага на вялікіх ножках, як дзяўчаты на цыпках, каб разгледзець усіх, хто прыйшоў. Стаялі ціха, нібыта загадаўшы жаданне, каб іх узялі паэты, што выступалі, а не халяўшчыкі.

Прэзентацыя пачалася з віншавання Святланы Алексіевіч з Нобелеўскай прэміяй. Сёй-той, пачуўшы імя лаўрэаткі, пачаў позіркам шукаць Святлану Аляксандраўну ў зале.

Георгій Барташ хораша глядзеўся на сцэне. Слухаючы песні ў аўтарскім выкананні, узгадаўся Маскоўскі ЦДЛ і вечарына Булата Акуджавы, куды я з Людмілай хадзіў падчас вучобы ў Літінстытуце.

За вялізарным акном, што было за спінай Георгія, віднелася ў вечаровай цямнечы вуліца. Яна была пазначана пункцірамі ліхтароў і нагадвала аэрадромную паласу, на якой стаяў нябачны самалёт, што чакаў заканчэння прэзентацыі, каб забраць з сабой аўтара кнігі і выступоўцаў і паляцець у Парыж.

Дамоў вярталіся на тралейбусе.

***

10.10.2015. Быў у майстэрні Алеся Квяткоўскага. Рыхтуецца да адкрыцця выставы, прысвечанай Касту сю Тарасаву. Алесь мне падарыў фотаздымак карціны «Партрэт Святланы Алексіевіч», напісаны ў 1987 годзе. Рэпрадукцыя партрэта змешчана ў «Энцыклапедычным даведніку Беларускага саюза мастакоў. 1938—1998», што выйшаў у свет у 1998 годзе. «А дзе карціна?» – пацікавіўся я. Высветлілася, што яна засталася ў старой майстэрні, з якой Алесь у свой час з’ехаў, а туды перабраўся скульптар Уладзімір Церабун. Партрэт будучай Нобелеўскай лаўрэаткі Алесь Квяткоўскі маляваў з натуры. Тады ён у Палацы чыгуначнікаў кіраваў мастацкай студыяй «Квецень». Святлана Аляксандраўна прыходзіла пазіраваць і, калі карціна была скончана, сказала: «Гэта класічны твор!» Думаю, што сёння некаторыя мастакі кінуцца маляваць Нобелеўскую лаўрэатку, але першым, хто яе намаляваў (амаль трыццаць гадоў таму), з’яўляецца Алесь Квяткоўскі...

***

10.10.2015. Патэлефанавала незнаёмая жанчына. Назвалася Алай Філіпаўнай Шыпіцынай (у дзявоцтве – Мірочнік). Нарадзілася яна ў 1948 годзе ў Кудзяўцах, што ў кіламетрах чатырох ад маіх Пугачоў, але ў дакументах запісалі, што нарадзілася ў Русаках. Гэтая вёска ў некалькіх кіламетрах ад Лягез, дзе я гадаваўся да школы. Нумар майго тэлефона Але Філіпаўне даў мой дзядзькі Віця з Лягез. Жанчына нядаўна прачытала маю кніжку «Пугачоўскі цырульнік». Хоча яшчэ пачытаць мае ранейшыя творы. Ёй землякі сказалі, што я ў нейкай кніжцы напісаў пра яе бацьку. Я не ўзгадаў. Можа, і напісана. Пазнаёміўшыся па тэлефоне, мы крыху пагаварылі пра родныя мясціны. Я расказаў, як у 60-я гады, калі жыў у Лягезах, з дзядзькам Ванем хадзіў у Русакі глядзець па тэлевізары пахаванне касманаўта. Ала Філіпаўна адразу сказала, што тады ў Русаках быў тэлевізар толькі ў сям’і Грамовічаў. Яна ў іх глядзела «Паўлінку». Раней, чым у Русаках, тэлевізар з’явіўся ў Бакачах у сям’і Аляксандра Мацкевіча. Цяпер Ала Філіпаўна кожныя выхадныя ездзіць у Русакі ў родную хату. Дамовіліся, што, калі пачнуцца маразы і ляжа снег, сазвонімся і, як землякі, сустрэнемся...

***

10.10.2015. Даведаліся ад былых гаспадароў нашай сабачкі Міёны, што яна нарадзілася 17 жніўня. Словам, яна ў нас з’явілася, калі ёй было толькі месяц.

***

11.10.2015. З Людмілай ездзілі ў цэнтр горада. Былі ў Палацы прафсаюзаў, дзе прадаваліся кнігі «Мастацкай літаратуры». Прагаласаваўшы, людзі падыходзілі да кніжных паліц і сёе-тое куплялі. Я нават аўтографы раздаваў на зборніку «Зярнятка», у якім ёсць і мае вершы. Ідучы да царквы, сустрэлі Кастуся Вашчанку. Пагаварылі пра выдавецкія справы. Людміла пасядзела на лаўцы Агінскага, паслухалі паланэз. У царкве было ціха і светла. Падумаў пра маму і бацьку. На вуліцы каля Храма лёталі галубы, як анёлы.

***

12.10.2015. Пасля прачытання першай сотні старонак кнігі «Ван Гог. Письма», мае ўражанні знітаваліся ў радкі:

Чытаючы ў начы лісты Ван Гога,

Нібыта праз сланечнікі іду

У Амстэрдам, дзе ўжо няма нікога

Хто б у каналах замуціў ваду,

Як неба, у якім далёка зоры,

Сланечнікі, што маляваў Ван Гог,

Якога аніхто больш не паўторыць,

Як непаўторны ў гэтым свеце Бог.

***

13.10.2015. Тры дні запар пісьменнік, якому пад восемдзесят, тэлефанаваў і настойліва паўтараў: «Калі не выдадзіце кніжку ў бліжэйшы час, я памру!» Сёння прыйшоў сам і зноў жа з той песняй: «Тэрмінова выдайце, а то памру!» Такіх жывых-паміраючых чалавек дзесяць набярэцца. Такога выдасі, а ён праз дзень прыйдзе з новым рукапісам і скажа: «Выдайце, а то я памру!» Гэтага ж пісьменніка, які сёння прыходзіў, мы выдадзім недзе напачатку года. Выдадзім не таму, што ён нас дастаў, а таму, што ў яго сапраўды ёсць чытачы, якія чакаюць ягоных твораў. У размове ён кожны раз апавядае, што за ім у дамах адпачынку бегаюць жанчыны і просяць, каб ён даў ім сваю новую кнігу пачытаць. «А як я ім магу даць новую кнігу, калі вы яе затрымалі з выхадам! Друкуйце хутчэй, а то я памру!» У гэтага аўтара творы пра каханне з апісаннем любоўных інтрыг і сексу. На маю заўвагу, што, пачытаўшы ягоныя сексуальныя сцэны, сексам нікому не захочацца займацца, пісьменнік сказаў: «Я ўжо болей пісаць пра жанчын не буду. Буду пісаць пра мужыкоў!»

***

14.10.2015. «Усе ведаюць аптэку ў Траецкім. Тую самую, што па літасцівым прывілеі яснавяльможнага пана Аўгуста ІІІ адчыніў у 1748 годзе менскі радца пан Ян Давід Шэйба.» – так пачынаецца адзін з раздзелаў аповесці Людмілы Рублеўскай «Ночы на Плябанскіх млынах». На сённяшні дзень у Траецкім прадмесці працуе аптэка №88. Праўда, ёй каля трыццаці гадоў, але іншай у Траецкім няма. Некалькі тыдняў таму Людміле патэлефанавалі з аптэкі і запрасілі прыйсці і расказаць гісторыю пра тую даўнюю аптэку і аптэкара Ёсафа, што апісаны ў творы. Сабралася чалавек дзесяць. Адна з супрацоўніц распавяла пра аптэку. Потым дала слова мастачцы Аляксандры Дзятлавай, якая 25 гадоў таму зрабіла дызайн памяшкання. Слухаючы аповед, думалася: «Гэта я ўсё тут бачыў сто разоў!» Праз хвілін дваццаць наша экскурсаводка Валянціна Сасонкіна прапанавала прайсці з ёй на другі паверх у кабінет гісторыі фармацыі, пра які мы ніколі не чулі. Пайшлі і. трапілі ў аптэку мінулых часоў. На самым відным месцы я адразу ўгледзеў карціну Лідзіі Лазоўскай, якую яна намалявала па творы Людмілы. Ёсаф на ёй, як жывы. Верыш, што ён быў сапраўды і ўсё, што Людміла пра яго напісала, праўда. Побач з карцінай дакумент, у якім гаворыцца, што 28 лістапада 1748 года Аўгустам ІІІ быў дадзены дазвол на стварэнне аптэкі. Кабінету гісторыі фармацыі пяць гадоў. Сюды часта прыходзяць экскурсіі. І вось падчас адной да Валянціны Сасонкінай звярнулася жанчына: «А вы пра сваю аптэку не ўсё ведаеце!» І жанчына, паказаўшы кнігу Людмілы Рублеўскай «Жаніх пані Данусі», распавяла пра Ёсафа і ягоную аптэку ў Траецкім. Цяпер у апэцы №88 працуе гасцёўня «У гасцях у Ёсафа».

***

15.10.2015. У Музеі Максіма Багдановіча ўдзельнічаў у адкрыцці выставы Алеся Квяткоўскага «Пагоня на Грунвальд», якая прысвечана 75-годдзю з дня нараджэння Кастуся Тарасава.

З працы выйшаў амаль за гадзіну да пачатку імпрэзы. Выйшаў крыху раней, каб паглядзець на качак на Свіслачы. Нешта іх мала.

Сустрэў Андрэя Ключнікава, якога не бачыў гадоў пяць. Ён у свой час удзельнічаў у пасяджэннях суполкі «Літаратурнае прадмесце». На маё пытанне «Дзе ты прапаў?», Андрэй адказаў: «Жаніўся! У мяне трое дзяцей. Двое маіх, Ніна і Ілья, якім чатыры і адзін год. І дачка жонкі. Яна ў гэтым годзе паступіла вучыцца ў інстытут». «Вершы пішаш?» – пацікавіўся я. «Пішу!» – усміхаючыся адказаў Ключнікаў і абяцаў заходзіцца да мяне на працу і пачаць зноў удзельнічаць у пасяджэннях суполкі.

На беразе Свіслачы, па якім я ішоў, цалаваліся маладзёны. Хлопец быў у акулярах і яны яму перашкаджалі цалавацца.

На другім беразе ракі каля Траецкага прадмесця маладажоны пазіравалі фатографу. Ён у чорным касцюмчыку, а яна ў белай вясельнай сукенцы. Абдымаліся і цалаваліся. Гледзячы на закаханую студэнцкую пару, я падумаў, што ім, каб быць на беразе каля Траецкага, дзе другая пара ў вясельных строях, трэба абавязкова прайсці праз раку. Праўда, у іх ёсць выбар – ісці па вадзе ці па мосце.

У Музей Багдановіча я прыйшоў першым. Алесь Квяткоўскі глядзеў у акно. Павітаўшыся, мы сталі ўдвух глядзець. На жаль, не ўсе прыйшлі, хто абяцаў, але адкрыццё адбылося і без іх. Цікава было паслухаць Сяргея Ваганава, які ў дзяцінстве жыў у адным доме з Кастусём Тарасавым.

Дамоў паехаў адразу пасля выступлення – на вуліцы каля пад’езда мяне чакаў брат Валодзя, а ў кватэры галодная сабачка Міёна.

***

16.10.2015. У Бібліятэцы імя Цёткі ў рэжысуры Аксаны Спрынчан і Яраша Малішэўскага (гаспадароў паэтычнага тэатра «Арт.С») прайшла «Вечарына інтэлектуальных зданяў», у час якой прэзентавалася кніга Людмілы Рублеўскай «З’яўленне Інфанты».

Ідучы на вечарыну, у «Цэнтральным» універсаме папіў гарбаты і з’еў пару канапак. Стараўся не апячы язык, не атрымалася. Глядзеў праз акно на тратуар праспекта, як на подыум, на якім паказвалі моду «Восень-2015».

Прайшоўся ад «Цэнтральнага» да Плошчы Перамогі. Час ад часу міма мяне праляталі роварысты, як гарадскія дэманы.

Ападае лістота, і Музей Янкі Купалы пачынае віднецца праз восеньскае самотнае золата. У скверы некалькі адзінокіх людзей. Няспешна ходзяць, як грыбнікі.

Пад мостам у Свіслачы плавае некалькі качак. Лістота праплывае каля іх, як парэшткі разбітага сонца.

Па дарозе да плошчы Перамогі прыдумаліся радкі: «Зоркі ў небе, як агні бакенаў на рацэ вечнасці.»

Ад плошчы Перамогі да станцыі метро «Парк Чалюскінцаў» ехаў на экскурсійным аўтобусе. Выйшаў з яго пасля праслухоўвання інфармацыі пра тое, каля чаго праязджаў, з адной думкай, што Мінск – савецкі горад. Не рускі і не беларускі. Савецкі. Лепей на такім аўтобусе не ездзіць.

На прэзентацыю кнігі Людмілы Рублеўскай сабралася поўная зала. Сярод усіх было каля дзесяці курсантаў вайсковай вучэльні, якія наведваюць амаль усе спектаклі тэатра «Арт.С». Пасля пачатку дзеі праз хвілін пятнаццаць, пакідаючы бібліятэку, каля Людмілы спыніўся дзіўны хлопец гадоў дваццаці пяці ў шэрай спартовай шапцы і, учапіўшыся за яе руку, папрасіў: «Благаславіце маладога паэта!» Людміла разгубілася, а я сказаў: «Давай благаслаўляй! Не бойся!» Патрымаўшы за руку Людмілу, хлопец выгукнуў: «Максім, пайшлі!» Тут жа ўстаў стрыжаны пад нуль хлопец і хуценька следам за «маладым паэтам» пакінуў залу. Праўда, вечарына ад дзівакоў цалкам не пазбавілася. Мужчына гадоў пяцідзесяці, назваўшыся Русланам Зголічам і членам Расійскага ПЭН-цэнтра, усю прэзентацыю здымаў на смартфон. Спачатку на чорны, а потым на жоўты. Казаў, што ён кінарэжысёр і задумаў зняць фільм пра Рублеўскую, якая будзе Нобелеўскім лаўрэатам.

Спецыяльна на вечарыну з Полацка прыехала Людміліна чытачка, наша сяброўка па фэйсбуку – супрацоўніца Музея беларускага кнігадрукавання

Вера Ашуева. Гэта такі не першы выпадак. Нядаўна, калі ў «Цэнтральнай кнігарні» выступала Людміла, з Маладзечна прыязджала маладая жанчына, якой вельмі даспадобы Пранціш Вырвіч і ягоныя авантуры.

Віншавалі Людмілу і чыталі яе і свае творы: Барыс Пятровіч, Віка Трэнас, Юля Новік, Наталка Кучмель, Таццяна Пратасевіч, Алесь Емяльянаў. Спявалі: Альжбета Спрынчан-Малішэўская, Міхась Бараноўскі, Георгій Барташ, Андрусь Якушаў. Вядоўцы вечарыны – Аксана Спрынчан і Яраш Малішэўскі – самі не сумавалі і нікому не давалі сумаваць. Фотамайстра Васіль Кузьмічкін усіх фатаграфаваў. Гаспадыня бібліятэкі Рэгіна Багамолава, як сапраўдная гаспадыня, глядзела за тым, каб усім было добра. І ўсім было добра.

Інфанта, якая цяпер жыве ў кнізе Людмілы Рублеўскай, прысутнічала ў зале. Яе не ўсе бачылі, але яна была.

Зямля вяртаецца ўладарам...

16.10.2015. На прэзентацыі кнігі «З’яўленне Інфанты» Аксана Спрынчан падарыла Людміле жменьку зямлі з Вільні. Цяпер мы ўладальнікі віленскай зямлі. Праўда, гэта ўжо не першае дарэнне віленскай зямлі Шніпам. Ёсць у Вільні былое прадмесце, а цяпер староства Шніпішкі (Сніпішкі, Зпірізгкі, Зпірізкез). У Вікіпедыі напісана, што гэтыя землі Вітаўт падарыў купцу Шніпу амаль 600 гадоў таму.

***

17.10.2015. У скверы маладая маці стаіць на сцежцы і назірае, як малая дачка збірае апалае кляновае лісце. Пад дрэвам пустая пляшка, як руды лядзяк.

***

18.10.2015. У краме ў чарзе, як у чарзе па працяг жыцця.

***

18.10.2015. Патэлефанаваў аўтар «Буквара» Анатоль Клышка і выказаў сваё захапленне маімі вершамі, што былі ў «ЛіМе» за 9 кастрычніка. Сказаў, што прачытаў і рэцэнзію Насты Грышчук на маю кнігу «Заўтра была адліга», пасля якой захацелася займець выданне. Прыемна чуць добрыя словы ад аўтарытэтнага пісьменніка, а тым больш, што з майго пакалення (а мо і маладзейшыя), калі што з’явіцца маё на якім-небудзе сайце, дзе можна каментаваць пад псеўданімам, абавязкова напішуць якое-небудзь паскудства. Ствараецца ўражанне, што большасць беларускіх пісьменнікаў шчыра лічаць, што акрамя іх у літаратуры не павінна быць нікога, і калі што вартае з’явіцца на «іхнім полі», яго неадкладна трэба ці патаптаць, ці зрабіць выгляд, што яго няма.

***

19.10.2015. У шыкоўных катэджах не заўсёды існуе разумнае жыццё.

***

20.10.2015. З Людмілай Крушынскай рыхтуем да друку новую кнігу пра Уладзіміра Мулявіна пад яшчэ ўмоўным назовам «І сэрцам, і думамі.» Сёння Людміла Аляксееўна дадала да рукапісу пяць старонак інтэрв’ю з Песняром, якое было запісана ў 1999 годзе і нідзе не друкавалася.

Кінарэжысёр Уладзімір Арлоў прынёс фотаздымкі з Мулявіным, якія таксама не былі ў друку. Разабраўшыся з матэрыяламі да кнігі, Арлоў паскардзіўся: «Сёлета ездзіў на мора ў Італію з тваёй «Баладай камянёў», якая там ужо была! Падары новую, каб было што налета чытаць!». Падпісаў кнігу «Заўтра была адліга». Развітваючыся, кінарэжысёр сказаў: «Будзеш ладзіць свае выступленні, запрашай мяне!»

Савіцкі і мыш

21.10.2015. Прыходзіў пісьменнік, якому хутка 80. Паразмаўляўшы пра выдавецкія справы, ён распавёў гісторыю пра мастака Міхаіла Савіцкага. Гэта было пасля вайны. Савіцкаму ў вызваленым ад немцаў Мінску далі памяшканне для майстэрні, у якім нічога не было – голыя сцены, у адной з якіх чарнела дзірка. Мастак гэтую дзірку адразу не заладзіў, а потым ужо і не стаў, бо з яе выбягала мышка. Шэрая. Маленькая. Цікаўная. Хутка мышка прывыкла да Савіцкага і стала браць з яго рук хлеб і тут жа есці. Прамінуў нейкі час і мастаку далі новую майстэрню, куды ён пераехаў, забраўшы ўсё, што меў. Адразу ж на наступны дзень Савіцкі адчуў, што яму на новым месцы нечага нестае. І ўзгадалася мышка, якая, паеўшы з рук мастака, падоўгу назірала, як ён малюе. І паехаў Савіцкі на старое месца, каб забраць мышку. Прыехаўшы, доўга клікаў малую, але яна так і не выйшла.

***

23.10.2015. Вяртаючыся дахаты па абляцелым лісці праз нудотны дождж, пачуў радкі:

Ізноўку дождж, як напамін пра тое,

Што быў патоп і можа зноў вада,

Што з дрэў зрывае лісце залатое,

І нас са свету змыць, каб зноў жуда

Адна пад небам дажджавым стаяла,

Трымаючы аблокі над сабой,

Як дрэва крону, што сівою стала,

Дазнаўшыся, што змыта ўсё вадой.

***

23.10.2015. Заўтра субота. Чакаеш выхадных, чакаеш, а яны такія кароткія, як шлях ад камп’ютара да лядоўні.

***

24.10.2015. Заходзіў да Алеся Квяткоўскага ў майстэрню. Пасумавалі, што юбілей Кастуся Тарасава амаль усе, хто яго павінен быў успомніць, праігнаравалі. Але як бы тут цяпер ні было, кніжка Тарасава «Памяць пра легенды» ў 80-я гады для многіх беларусаў стала праўдзівым падручнікам па нашай гісторыі. Узгадалі Анатоля Сыса і тых, хто сёння паехаў у Гарошкаў на свята паэзіі, прысвечанае ягонай памяці. У мяне ёсць нізка хоку, напісаная пяць гадоў таму і прысвечаная Анатолю:

жолуд без шляпкі

у першай сівой траве

Толіка Сыса

***

у келіху ліст

манетай залатою

на дне сусвету

***

карэнняў вужы

у пяску як у вагні

труну трымаюць

***

тут чужых няма

і ўсё-ткі воран сівы

крыжы вартуе

***

гронкі рабіны

як кароўкі божыя

чакаюць сонца

***

п’е чорны мураш

на агарачку свечкі

расу як неба

***

на крыжы паэта

павуцінка трапеча

як апошні верш

Амаль гадзіну з Алесем Квяткоўскім гаварылі пра нашых сяброў, успаміналі тыя часы, калі мы былі маладыя. І ўвесь гэты час з новай Алесевай карціны на нас глядзеў Уладзімір Караткевіч, які з ваўком на балоце п’е піва, зваранае старым зайцам. Узгадаліся заключныя радкі з майго верша, па якім Алесь малюе карціну:

.хай хоць часам

Будзе ў паэта святочны настрой.

Хай жа з ваўком яны вып’юць там разам

За Беларусь прад халоднай зімой...

***

24.10.2015. Іду праз пачарнелы сквер па мокрай патаптанай лістоце. Бязлюдна. Настрой такі, нібыта іду праз могілкі.

***

25.10.2015. Дзесяць гадоў таму ў нашым раёне па вуліцы Волаха рабілі капітальны рамонт дамоў. Акрамя ўсяго ліквідоўвалі ў кватэрах воданагравальныя калонкі. У нашым доме і яшчэ ў некалькіх пенсіянеры і любіцелі выпіць выступілі супраць цэнтралізаванага водазабеспячэння: «Мы прывыклі да калонак! Мы хочам, каб і так далей было, як ёсць!» І нам паставілі бясплатна новыя газавыя калонкі. Пенсіянеры хваліліся: «У нас гарачая вада будзе штодзённа!» Праз некалькі гадоў наша калонка пачала працякаць. З кожным месяцам усё мацней. За суткі накапвала літраў пяць вады. Я сам рамантаваў – навучыўся. У пачатку гэтага года наш сын Максім уздумаў зрабіць еўрарамонт кухні. Зрабіў. Паставілі новую сучасную газавую калонку «Арыстон», якая з электрычным распальваннем. Мінула паўгода. Учора вечарам калонка перастала працаваць. Не ўключаецца. Патэлефанаваў у сервіснае абслугоўванне. Сказалі, што мы такія калонкі не рамантуем. Далі нумар тэлефона іншай фірмы. Там ніхто не адказвае. Цяпер, калі няма гарачай вады, вельмі хочацца прыняць душ. Гляджу ў акно, а там каля пад’езда на лавачцы сядзяць пенсіянеры, дзякуючы якім мы маем тое, што маем.

***

25.10.2015. Учора, калі перастала працаваць газавая калонка, я па старой звычцы палез яе рамантаваць. Толькі адвінціў нейкую чорную гайку, як адтуль, куды яна была ўвінчана, даў такі моцны струмень вады, што я напалохаўся і пачаў гайку вяртаць на месца. Праз хвіліну ўсё было навокал мокрае. Праўда, праз гэтую хвіліну я пачаў клікаць сына, каб дапамог, і самае галоўнае – я здагадаўся перакрыць ваду. На мой крык на кухню прыбеглі Максім, Вераніка і сабачка Міёна. Вада была ўсюды. Нават трапіла ў электраразеткі. Як мяне токам не забіла – не ведаю. Пасля ўсяго гэтага я пачаў чытаць інструкцыю па эксплуатацыі газавых калонак. Не спаў да паловы другой ночы. Прачнуўшыся а восьмай, праз гадзіну стаў тэлефанаваць у фірму па рамонце калонак. Там такія не рамантуюць. У час абеду Максім прыйшоў на кухню са сваім інструментам. Усё адключылі. Разабралі калонку хоць і нельга яе па інструкцыі чапаць, бо пасля ніхто не будзе рамантаваць. Максім параскручваў, паразвінчаваў усё, што можна было, а потым усё сабраў. Уключылі. І адбылося цуда! Калонка запрацавала. Цяпер чакаем Людмілу з далёкай вандроўкі, каб пахваліцца, якія мы майстры па рамонце газавых калонак.

***

25.10.2015. Чалавеку для таго, каб адчуваць сябе шчаслівым не так шмат і трэба. Вось адрамантавалі разам з сынам газавую калонку для нагрэву вады і цяпер на душы радасна. Хоць перамога была над калонкай, але ж перамога.

***

25.10.2015. Я па скверы праз туман прайшоў, як вожык.

***

25.10.2015. Па скверы прайшла старая. Прыгожая, як восеньская лістота ў яе пад нагамі.

***

25.10.2015. На павуцінцы бярозавы лісток гайдаецца, як маятнік восеньскага гадзінніка.

***

26.10.2015. Побач прайшла дзяўчына на высокіх абцасах. Гледзячы ўслед прыгажуні, узгадаліся 80-я гады, калі і ў мужчынскім абутку былі абцасы немалыя. Праўда, не па пятнаццаць сантыметраў, але па сантыметраў пяць дакладна былі. Вось з такімі абцасамі я прыехаў у вёску. На іх хадзіць па горадзе было добра, а ў вёсцы па каўдобінах не вельмі зручна. І вось летам у вёсцы ў майго мадняцкага бацінка адарваўся абцас. Паказаў бацьку са спадзяваннем, што той адрамантуе мой абутак. Бацька паглядзеў, павярцеў бацінак і сказаў: «Дрэнь нейкая, а не бацінак! Можаш выкінуць!» Словам, бацька адмовіўся мне дапамагчы. І я пачаў сам думаць, як і што тут можна зрабіць. Хутка прыдумаў. Узяў шыферны цвік і прыбіў абцас. Вечарам паехаў у Мінск. На абцасе, прыбітым шыферным цвіком, я хадзіў яшчэ некалькі дзён, бо не адразу змог купіць новы абутак.

***

28.10.2015. Поўня – срэбная манета, кінутая Богам пад ногі вандроўніка.

***

28.10.2015. Ніхто з аўтараў не прыходзіў. Толькі ліст бярозавы праляцеў за акном, як пачатак верша.

***

29.10.2015. Прыходзіў гісторык, геральдык Анатоль Цітоў. Пытаўся, ці можна выдаць томік прозы Мар’яна Віжа (23.02.1949—1.04.1999), складзены з твораў, якія пры жыцці пісьменніка не выходзілі асобнай кніжкай. Праўда, спадар Анатоль рукапіс не прынёс. З Мар’янам я быў добра знаёмы. Ён, калі я ў пачатку 90-х працаваў у газеце «Наша слова», спецыяльна завітаў у рэдакцыю і запрасіў мяне выступіць перад ягонымі студэнтамі. Тады ён, калі не памыляюся, выкладаў у медінстытуце. Пасля той вечарыны мы часта сустракаліся ў рэдакцыі. Неяк «Наша слова» абвясціла конкурс на стварэнне Гімна Рэспублікі Беларусь. Нашаму рэдактару Эрнэсту Ялугіну вельмі хацелася, каб новы гімн Беларусі быў упершыню надрукаваны ў газеце ТБМ. Шмат хто ўдзельнічаў у гэтым конкурсе. Мар’ян Віж напісаў словы на «Паланэз Агінскага». Някепскі быў тэкст. Дзе ён цяпер? Не ведаю. Потым Мар’яна мы ўзялі на працу ў «Наша слова». Праз яго я пазнаёміўся з Міколам Ермаловічам, Георгіем Штыхавым, Генадзем Кісялёвым, Язэпам Юхо. Памятаецца, як мы з Людмілай і дзецьмі адпачывалі ў Доме творчасці «Іслач» і Мар’ян спецыяльна прыйшоў да нас. Ён прыязджаў да маці, якая працавала каля Ракава ў адным з піянерскіх лагераў. Прабыў з намі паўдня. Потым у Мінску нечакана, бо без папярэджання, заглянуў да нас у госці і падарыў нам гаршчок, які ён у свой час знайшоў на раскопках у Мінску. Сказаў, што гэтаму гаршку больш як тысяча гадоў. У нашым «Альбоме сустрэч» Мар’ян пакінуў запіс: «Аднойчы ў свеце наведаў хату, дзе жывуць адразу два Паэты. Дзіўна, што ў іх тут усё ладзіцца. З найлепшымі пажаданнямі. Мар’ян Віж. 14.08.92».

У Мар’яна пры жыцці выйшлі дзве кнігі – «Чары даўніны» (1989) і «Лабірынт» (1991). Прыход Анатоля Цітова ў выдавецтва быў адным з найрэдкіх выпадкаў, калі пісьменнік прасіў выдаць кнігу сябра па пяры, а не сваю.

***

30.10.2015. Здарыўся цуд! Нам у выдавецтва пошта прынесла газеты «Рэспубліку» і «СБ» за 8 чэрвеня 2013 года і каля дваццаці канвертаў з дакументамі, якія былі высланы нам з бібліятэк, што закуплялі нашы выданні. Апошнія два гады мы тэлефанавалі ў гэтыя бібліятэкі і прасілі даслаць накладныя за атрыманыя кнігі, і заўсёды чулі: «Мы ўсё вам адправілі!» Сярод лістоў прыйшло запрашэнне на свята, што два гады таму адбылося ў Александрыі. Словам, нам прыйшлі лісты з мінулага...

***

30.10.2015. З мэблевай фірмы прыязджаў майстра. Не мінула і паўгода, як мы на кухні амаль закончылі абнаўленне інтэр’еру. Збіраючы інструменты ў сумку і гледзячы на сцены, завешаныя карцінамі і рознымі літаратурнымі ўзнагародамі, хлопец пахваліўся: «А я вучыўся разам з Андрэем Курэйчыкам! Здымаўся ў ягоным фільме «Вышэй за неба». Ведаеце такога?» – «Ведаем!» – адказаў я. «Калі пачаліся там нейкія праблемы з фільмам, мне давалі падпісаць паперу супраць Андрэя. Я не падпісаў. Дык пасля гэтага мяне з фільма павыразалі...» – прызнаўся аднакласнік Курэйчыка...

***

31.10.2015. Раніцай лістота на прыступках у шматпавярховік, як залатыя сляды бяздомных сабак і катоў.

***

31.10.2015. Ветэрынар для нашай сабачкі Міёны выпісаў патрэбны корм, ад якога не будзе алергіі. Я пайшаў у сабачую краму. Стаю ў чарзе, трымаючы паперчыну, дзе напісана, што мне трэба. Падыходзіць мая чарга. Крамніца бярэ паперчыну, і я падаю свой голас: «Нашай сабачцы трэці месяц.» Жанчына тут жа ўскліквае: «А я думала, што вы не ўмееце гаварыць! Я ўжо хацела крычаць вам на вуха...» Словам, я ў чарзе па сабачы корм у вачах крамніцы быў глуханямым...

***

31.10.2015. Сонечна. Іду па прыхопленай шэранню лістоце. Яна самотна шалясціць пад нагамі і мне чуецца адвечнае: «Вось і ўсё што было.»

***

31.10.2015. У двары сярод яшчэ зялёна-залатых дрэў стаіць бязлістая бяроза. Стаіць, як мёртвая. У двор прыляцела варона і села на бярозу.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю