355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Уладзімер Дудзіцкі » Напярэймы жаданьням » Текст книги (страница 2)
Напярэймы жаданьням
  • Текст добавлен: 8 апреля 2017, 23:30

Текст книги "Напярэймы жаданьням"


Автор книги: Уладзімер Дудзіцкі


Соавторы: Уладзімер Дудзіцкі

Жанр:

   

Разное


сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 12 страниц)

     «Матуля любая...»


Таму ня дзіўна, што часам паэты жывуць пераважна мінулым і ў вершах ажыўляюць яго. Бо сум па Беларусі – канкрэтны, як канкрэтныя для кожнага чалавека выявы Бацькаўшчыны, да якіх ён прыпадае у думках, быццам да крыніцы чароўнае вады: «туманы вільгаці балотнай», «рунь мурожная аселіц», «дзіўны россып песьняў салаўіных», «сьвяжуткі зары сьвітанак», «месяц ліпень і места Глыбокае». Так успаміналася паэту і Мекка беларусаў – Вільня:

Ў душы ня стлее ўцеха, не згарыць —

     абудзіцца мацней і сьлед пакіне.

     З драбніцай кажнаю ўраньні, уначы

     маліўся срэбру зорнаму і небу.

     І гэта быў душы мае спачын,

     спачын душы, пітво і солад хлеба.

     І ціш сівое Вільні і вятры,

     густыя, кволыя заўжды такія,

     усьцешаць прышласьць іншае пары

     і сьлед у сэрцы, у душы пакінуць.

          «Вільні»


Дудзіцкі востра адчувае важкасьць каранёў, першасных сямейных і чалавечых сувязяў, якія так балюча парываць. Вершы-лісты да маці, сястры, звароты да сваякоў – жывое дакументальнае сьведчаньне трывалай повязі паэта з родным гняздом, зьнітаванасьці з Бацькаўшчынай. У вершах-лістах найбольш выразна выяўляецца адна з адметных рыс паэзіі Дудзіцкага – яе дыялагічнасьць, адкрытасьць, акрэсьленасьць адрасата. Таму так частыя ў яго звароты да Краю, Жывога Роднага Слова, Нёмана, Пцічы, Неба, Годнасьці Чалавечай, Чалавека...

Матывы выпрабаваньня, цаны гісторыі, збавеньня натуральна аказаліся блізкімі большасьці паэтаў паваеннага часу. Разам з тым, прыйшло і асабістае асэнсаваньне трагічных падзеяў веку. Шалёны вецер сацыяльных зрухаў, вынішчэньне асноў чалавечага існаваньня пакінулі паэтаў сам-насам з рэальнасьцямі новага быцьця. У творах Дудзіцкага падзел між зямным і касьмічным, сапраўдным і ўяўным сьціраецца. Сучаснасьць нясе на сабе знак катаклізму.

Пачатак паэтычнай творчасьці У. Дудзіцкага супаў у часе з рэпрэсіямі Сталіна і нападам Гітлера, што выклікала ў сучасьнікаў шматлікія асацыяцыі з Апакаліпсісам. У шэрагу вершаў Дудзіцкага і ў паэме «Зьвер двухногі», адной з найбольш глыбокіх паэм у беларускай літаратуры, адлюстравана трагічнае ўспрыняцьце рэчаіснасьці, глыбокі душэўны разлом: «Зямлі і неба ня відно было ні сьледу, і дзесьці захлынаўся жвірам дзікі рогат... Уваччу снавалі здані гідкія»; «Белы сьвет зьмярцьвеў і стаўся пусткай нябывалай.. Чую плач, вар’яцкі, дзікі рогат... І пакутная, як пекла, ноч»; «Здань Дракона патушыла жыцьця прамень».

Адчуваньне паэтам часу, рэальнасьці, мастацкае адлюстраваньне іх супадае з карцінамі «Аб’яўленьня сьв. Яна»: «І гвёзды нябёсныя палі на зямлю, як фіга, трэсеная вялікім ветрам, страсае нясьпелыя фігі свае; і неба зьвілося, бы сувой зьвіваецца; і кажная гара й абток скрануліся зь месцаў сваіх».(6:13,14) «І чыне вялікія знакі, ажно агонь зводзе зь неба на зямлю перад людзьмі». (13:13) Карціна Апакаліпсісу ўзмацняецца прысутнасьцю вятроў – нябесных духаў, анёлаў чатырох бакоў сьвету, ідэнтычных коньнікам «Аб’яўленьня сьв. Яна». Яны апісаны ў кнізе Захары (1:8 і 6:1-7).

Вятры з заходняй стараны

сьпіраліся з наплывам чэрні.

А мы ад раньня да вячэрні

ўсе чыста – дочкі і сыны —

маліліся, каб тыя церні —

вянкі разбойнай сатаны —

рукамі прышлыя напасьці

на цемя сатане пакласьці.


Так пакрысе пачынае выяўляцца вобраз Сатаны, што стаўся абагульненым партрэтам Леніна, Сталіна і Гітлера (радкі зь вершаў, што ніжэй цытуюцца, належаць да розных гадоў – ад трыццатых да пяцідзесятых). Прыгадаем паэму «Зьвер двухногі». Яна адносіцца да тэкстаў такога тыпу, дзе, як гэта здараецца ў міфах, «кароль ніколі ня бывае толькі каралём, а пастушка пастушкай» – па трапным выслоўі К. Леві-Строса. Асацыятыўнасьць і сугэстыўнасьць паэмы зьбліжае яе з эсхаталагічнымі творамі сусьветнай літаратуры, што выступаюць у якасьці матывуючых падтэкстаў і выяўляюцца ўжо ў назве твора. Яна адсылае нас да Зьвера Апакаліпсісу. Пачынаецца паэма так: «Шмат разоў чалавек аплакаў спадзяваньняў сваіх зару». Натуральна, пад «зарой» маецца на ўвазе «пачатак». Але, акрамя таго, гэта тыповае параўнаньне з Люцыферам – само імя яго значыць ’ранішняя зорка’. Сваімі каранямі параўнаньне ўзыходзіць да Бібліі (цытуецца па выданьню: «Сьвята Бібля. Кнігі Сьвятога Пісьма Старога і Новага Закону». Нью-Ёрк, 1973»): «Як зваліўся ты зь неба, дзяньніца, сыну раньня, разьбіўся вобземлю ты, што кволіў народы». (Ісая 14:12) Ня трэба зьдзіўляцца, што такое азначэньне нададзена Князю Цемры (бо і Хрыстос параўноўваецца з зоркай у «Аб’яўленьні сьв. Яна»), што менавіта так пачынае паэму Дудзіцкі. Трэба помніць, што Дэман некалі быў сам напаўбогам, блізкім да Яго. Ці не такімі ўяўляліся напачатку тыя «маляваныя ідалы», пра каго казаў паэт?! Тое, што выглядала перамогай веры, на справе сталася гібельлю. Дудзіцкі яскрава ўсьведамляе, чаму-ж так адбылося, у чым віна, за што кара і кажа: «Мы пазналі цану маляванага ідала і чаго абяцанкі ягоныя вартыя... Край наш цудоўны расьпялі й павесілі на крыжы апляваным» («Маем сілу і край свой»), «Грэшнік цяпер калыша шчасьце і наша імя» («Веру я ў сілу сілаў»). Тут прамая алюзія на Стары Запавет, прытчу пра Залатога Цяльца, дзеля якога народ здрадзіў сваім багам і быў за што жорстка пакараны.

Аднак вернемся да вобраза Зьвера. Што ў апісаньні Дудзіцкага дае нам падставу ўважаць яго за Люцыфера?

Мо’ гэта здань? А можа сон

на вочы скінуў вэлюм шэры?

Чаму-ж ён чорнае крысо

падняў на вузкі лысы чэрап?


Адзін з характэрных атрыбутаў Д’ябла – яго пляшывасьць. Гэты знак можа быць успрыняты як адмеціна распуснага жыцьця й празьмернай пажадлівасьці: «Гасподзь зробіць пляшывымі цемя дачок Сыёну, і Гасподзь аголе сорам іхні». (Ісая 3:17) З матывам ’пляшывасьці’ цесна зьвязана і такая рыса вобліка Д’ябла як бязносасьць. Гэта можа быць і вынікам вэнэрычнае хваробы: «Страшэнны чалавек сьвідруе цемру носам крота», «Хавай-жа твар свой, сьцеражы...» Гэта яшчэ адзін знак распусты (Першы ліст сьв. Паўла апостала да Карынцян). І як лагічнае разьвіцьцё вобраза Зьвера-Д’ябла – апісаньне яго рэакцыі на крыж – атрыбут хрысьціянства:

І нема стаўшы ля дарогі,

     глядзіць зьняважліва на тры

сьвятыя сымбалі двухногі...


Як гэта сугучна наступнаму: «І разявіў ён ляпу для блявузганьня на Бога, блявузгаць на імя Ягонае, і на вітальню Ягоную, і на жыхарачых на небе» (Аб’яўленьне сьв. Яна).

Уладу Зьвер атрымаў вялікую: упіваецца ў душу «чорным кіпцем», «імкнецца.. ўкрасьці душу з грудзей людскіх». І пасьля таго зьбірае сваё войска, няволіць людзей:

Як вецер сьлед мой заграбе,

магу табе ужо прызнацца:

смалой на кволым тваім лбе

з уцехай выпеку «13».


Вядома, у «Аб’яўленьні сьв. Яна» (13:16) гаворка ідзе пра іншую лічбу – 666, але сутнасьць Зьвера ў паэме Дудзіцкага і ў Апакаліпсісе аднолькавая – паляваньне за людскімі душамі, а страта душы вядзе да крушэньня чалавечнасьці і перамогі зла.

Успрыняцьце сацыяльных, нацыянальных, чалавечых трагедыяў ХХ стагодзьдзя праз вобразы Апакаліпсіса не залежыць ад рэлігійнасьці паэта. Для Дудзіцкага сьвятая кніга Біблія, пастулаты хрысьціянства выступаюць мерай агульначалавечых каштоўнасьцяў. Выкарыстоўваючы матывы Апакаліпсісу, Дудзіцкі працягвае распрацоўваць традыцыі сусьветнай літаратуры ў адлюстраваньні барацьбы дабра і зла, сьвятла і цемры, жыцьця і сьмерці, знаходзячы свае непаўторныя характарыстыкі: «Сьцякаюць крывёю зямныя пласты у лёхах няўмольных усходу», «Зрываюцца буры з надломаных скал, каб яркнулі зоры над пусткай», «З расколін чэрвеньскага землятрусу выходзілі і захлыналіся нябожчыкі ад дзіва», «І сьвет жывых пякельным здаўся варам»...

Сьвет паэзіі Дудзіцкага не гарманічны. Гэта сьвет моцных перажываньняў, драматычных сутыкненьняў, гэта сьвет, дзе напору чужых, разбуральных сіл супрацьстаіць мінулае, якое паэт схільны нават ідэалізаваць, і будучыня, у якую паэт верыць, але якая з кожным крокам усё аддаляецца. Побач з трагічным, што ўвабрала і лёс паэта «на пераломе спадаў і няўдач», і яго адчуваньне сябе як «вечнага выгнаньніка», – замілаванае, паэтычнае, што ішло ад успамінаў, духоўнай сувязі з роднай зямлёй. Услухаемся ў гэты боль душы:

Сухатвары белы сьвет, няблізкі,

навашчыўшы поўсьці жоўтай хіб,

сустракаў нас жованым агрызкам

невідзі за нашыя грахі.

     «Грахі»

Грымяць і грымяць цягнікі

у бляску крывавых усхліпаў.

У спрыце вар’яцкім такім

трывога да шыбаў прыліпла.

     «Клятва духу»

Глянем на сьвет вачыма паэта:

Акалелы месяц

спорна косіць

трапяткую

палахлівых зор ікру.

     «Шлях зусім вузкі»

Сырадоем сівой начы

умываецца спуджаны ранак.

     «Не прадам я ніколі вясны»

Лета выскубла жмук асакі

і ў палёх на спачын прысела.

     «Не шкадую яго і ня плачу»


Толькі такой і магла быць паэзія сацыяльных і духоўных разломаў, у якой адлюстравалася адна з самых трагічных старонак «клятага веку», і, зразумела, такая паэзія патрабавала адпаведнай сістэмы вобразных сродкаў. І прыведзеныя вышэй метафары, і параўнаньні, і эпітэты Дудзіцкага перадаюць сьвежае, нечаканае бачаньне і асэнсаваньне сьвету: рэчыўнае зьбліжаецца з духоўным, набывае яго якасьці і раскрывае складанасьць і супярэчлівасьць быцьця. Словы з канкрэтным, бытавым значэньнем, узмоцненыя, як правіла, нетрадыцыйнымі азначэньнямі, у сутыкненьні з абстрактнымі найменьнямі ўтвараюць новыя, нязвыклыя кантэкстуальныя значэньні з выразнай экспрэсіўнай прыметай – станоўчай або адмоўнай.

Прыгадаем некалькі эпітэтаў: крывёй палуджаныя зоры, няўцешныя перамогі, скрыўджаны пагост, расьцяты маланкаю час, абвуглелыя далі, глейкі сум, чубатая доля, кужэльная пакоша, неўлагоджаны скрып панараду, апаленая краса кветак, кашміровая засень аселіц, смуглатвары глыбоцкі вечар, наваскованыя сонцам дарогі, хараство абняслаўленай сіні.

Слова паэта абнаўляе сваю семантыку ў шматлікіх параўнаньнях, дзе адбываецца вобразная трансфармацыя аб’екта параўнаньня і ўзбагачэньне яго дадатковымі (пераважна негатыўнымі) эмацыянальна-экспрэсіўнымі адценьнямі, сугучнымі жыцьцёваму вопыту аўтара. У Дудзіцкага сьвет нязнаны, як доля; зманлівасьць былых уцех выгінаецца халодным вужам; ноч пакутная, як пекла; сьцены камяніц, бы скамянелы жоўты прывід; месяц смутны, як і лёс мой; рубцуе, бы вогненны выліў вулькану, зьнішчэньне свой поступ на твары стагодзьдзя; апаленай медзьдзю сплываюць з галінаў лісты; лёгкі крыж здаецца гарою, маладосьць упала сівым тлом пад енк вятроў на дзікай высьпе.

Паэзія Дудзіцкага патрабуе ад чытача поўнай самааддачы, пільнай увагі і ўслухоўваньня ў вершы, бо вобразны строй іх складаны й шматслойны, што падкрэсьліваецца і складанасьцю сінтаксічных канструкцый. Дудзіцкі часта зьвяртаецца да інвэрсіі, якая дапамагае яму расставіць сэнсавыя акцэнты ў адпаведнасьці з творчай задумай: Адзінокія, блудзяць сьцежкамі спадзяваньні пад млосным небам; каб мае расьцьвілі ўсе найлепшыя сны; Навошта сэрцу, скажы, раны, каханьнем жыць якое хоча; Усе, валок што край мой і народ, на горб ваш пакладу цяжкія мукі. Гэтай мэце адпавядае і ўласьцівая Дудзіцкаму кальцавая кампазыцыя вершаў («Дваццаць пяты», «І думы, і словы, і сны», «Да зброі, да чыну» і іншыя).

Паэтычнае майстэрства Дудзіцкага грунтуецца на выдатнай беларускай мове. Нягледзячы на гады, пражытыя на чужыне, і дзесяцігодзьдзі творчай працы ў адрыве ад роднай моўнай стыхіі, ён захаваў жывое беларускае слова. Яго мова ня сьцёрлася, не засьмецілася, зьберагла выразнасьць і мілагучнасьць, граматычную правільнасьць – прыгажосьць і фарбы матчынай мовы і тую «літаратурнасьць», якую ён пераняў ад сваіх настаўнікаў: Ігната Зянько, Язэпа Лёсіка, Усевалада Ігнатоўскага, якую вынес са сьцен «беларускага ліцэя».

Лексіка Дудзіцкага багатая на спрадвечнабеларускія яркія самабытныя словы, што былі забытыя за гады савецкай улады, адсунутыя на пэрыфэрыю літаратурнай мовы, лічыліся ўстарэлымі або дыялектнымі і засталіся па-за ўвагай складальнікаў нарматыўных слоўнікаў: асельцы вязьніц, на абтоку сьцьвярдзеласьці голай, бітніцы літыя, войнікі-сыны, раса́ валогі, вуглянее слава, прыкунежылі сэрца краты, пускалі налпам, напасьнік ня стукаўся ў дзьверы, а жыць нець як хочацца, навотлег адшпурне чужую вушчунь, і ніякае вам наўды, усьміхаўся рабінавы почат, палыскуе гэтак муць, ноч вятрамі ашукала сьцігачоў, сьцігашалы абліліся чэрняй змроку, сьцігуе чалавека вачэй няласкавых пагляд тупы, суворая камяніца, вечару суценак руды, ля брам ліхіх суцьмежжа, вузкі стрыб дугі, і рэчы ўсе спрытоніць напашэве, хвалі ўлевы стан зямлі абдалі, сады ўсупор сышліся з постыняй азімай, утаямнічаная змова і іншыя. Многія з гэтых слоў сёньня вяртаюцца, мы сустракаем іх на старонках перыядычнага друку, у сур’ёзных навуковых даследаваньнях, мастацкіх творах. "

Жывыя інтанацыі народнай мовы гучаць у паэзіі і прозе Дудзіцкага. Гэтаму асабліва спрыяе багацьце выкарыстаных ім беларускіх устойлівых выслоўяў – традыцыйных, агульнанародных і больш рэдкіх, вядомых толькі на роднай Меншчыне. Вось некалькі характэрных для яго прозы радкоў, насычаных фразеалагічнымі выразамі. Як надзіва дакладна і вобразна паказаны постаці вясковых жанчын: «... у Тэклі... і адна часіна на глум не пайшла, не змарнавалася бяз працы. Яна ня ведала пакуль такога выпадку ў сваім жыцьці, а асабліва ад таго часу, калі пабралася з Палікарам, каб разьмінуцца калі, як кажуць, улегцы з днём, насалоды ягонае не адчуўшы. Ніхто, бывала, першым расы не абаб’е за ёю. Што не, то не. За траіх вырабіць. Гэта ня Прузына Нюхаўка – бібікаў біць ня будзе, бяз хлеба седзячы». («Перад бурай») Усе гэтыя прыказкі, прымаўкі, ідыёмы натуральна ўваходзяць у слоўную тканіну твораў Дудзіцкага і арганічна зьліваюцца з мовай аўтара і яго персанажаў. Чытачу патрэбны пэўныя намаганьні, каб убачыць і выдзеліць народны выраз, адрозьніць ад аўтарскага. Прычына ў вельмі густой вобразнасьці мовы Дудзіцкага. Паспрабуйце аддзяліць народнае ад аўтарскага хоць-бы ў такім урыўку: «У турме – ня тое: пайкаю суткі біркаваліся. Дзень руханінаю к вечару падпіхаўся, а ноч сном найбольш укарачалася, каб учарашнімі наедзінамі жывот да заўтрашняга сколанага й, пэўне-ж, недаважанага прыносу як-небудзь час той пераскрыгаў. Калі-ж сну й ня было на сяго-таго, дык вочы ўсяроўна заплюшчанымі ўсю ноч трымаліся, каб уставаць ня было ніякае патрэбы. Гэтак, маўляў, і ў двух зайцоў адразу цэлілася й сіла ашчаджалася: нешта сьнілася, нешта, калі ня думалася, дык хоць вярзлося й пад ложачкай меней смактала...» («Успаміны»)

Такое тонкае адчуваньне Дудзіцкім жывога вобразнага слова, уменьне зьліць традыцыйнае са сваім, у лаканічным выразе перадаць глыбокую думку прывяло лагічна да таго, што многія выразы паэта ўспрымаюцца як афарызмы. І можна думаць, што зь цягам часу некаторыя зь іх стануць крылатымі: «Ці варта караць за нямудрае, Ойча мой? Не карай за нямудрае, Ойча мой!», «Вёрстаў кіямі ня зьлічыш», «Ні пры якім надвор’і спакою не знаходзіць штодзённы клопат», «Пачаткам заўтрашняга плачу здаецца сяньняшні твой сьмех», «Шчасьця – ні на частку, а гора – на пяцігодкі» і іншыя.

Дудзіцкі вельмі патрабавальна падыходзіў да выбару слова. Пра гэта сьведчаць і старонкі яго рукапісаў. Учытваючыся ў не заўсёды разборлівыя радкі, словы, строфы, разьбіраючы шматлікія накіды і варыянты, параўноўваючы тое, што было накрэсьлена рукою аўтара на крохкіх пажоўклых лістках, з машынапіснымі старонкамі й публікацыямі, бачна, як адказна ставіўся паэт да слова, шукаў і знаходзіў яго, бачна, як тварыўся і ўдасканальваўся твор.

Вось так, да прыкладу, удакладняў і канкрэтызаваў паэт вобразны строй верша «Балючым накіпам свае крыві», дзе ён перадае трагічную супярэчлівасьць свайго ўспрыняцьця прыходу вясны. Параўнаем некалькі радкоў першага й канчатковага варыянтаў тэксту:

у неведзь вечную

сівых вазёр;

у глыб бяздонную

сівых вазёр;

а зь ветрам

восені спадзе рызьзё;

увесну

восені спадзе рызьзё;

скажу:

жыцьцё

нас не зраклося;

скажу:

цяпло

нас не зраклося;

жыцьцё,

жыві!

вясна,

жыві!

Дудзіцкі зноў і зноў вяртаўся да напісанага, як-бы ўзважваў слова, услухоўваўся ў яго, рабіў шматлікія лексічныя замены нават пасьля публікацыі твора. Пакажам гэта на прыкладзе з паэмы «Зьвер двухногі»:

1.

Зьмярканьне

дня

прыблудны

шум

крывёй

азначыў на

бяросьце.

2.

Зьмярканьне

дня

трывожны

шум

крывёй

азначыў на

бяросьце

.

3.

Прыблудных хваль няясны

шум

крывёй

азначыў на

бяросьце

.

Канчатковы варыянт:

Жалобу

дня

прыблудны

шум

кляймом

азначыў на

пагосьце.

Такая скрупулёзная праца ўласьціва Дудзіцкаму на ўсім працягу творчага жыцьця і сьведчыць пра яго выдатнае валоданьне словам, пра яго паэтычнае майстэрства.

Не патрабуе новых доказаў выснова, што дзесяцігодзьдзі савецкай улады для беларускай мовы – гады малога набытку й вялікіх страт. Настойлівае імкненьне ўлад уніфікаваць нацыянальныя мовы на тэрыторыі былога СССР, падпарадкаваць рускай, прывяло да зьбядненьня і парушэньня выпрацаванай вякамі беларускай моўнай сістэмы, да зьнішчэньня найбольш выразных лексічных і граматычных асаблівасьцей беларускай літаратурнай мовы. Працэс гвалтоўнай нівэліроўкі, распачаты ў канцы 20-х гадоў, працягваўся да самых апошніх дзён існаваньня БССР.

Пісьменьнікі замежжа воляй лёсу атрымалі шчасьлівую (у сваім няшчасьці) магчымасьць пацьвердзіць стойкасьць і жыцьцяздольнасьць беларускай мовы. У чужаземным асяродзьдзі, маючы параўнальна вузкае кола чытачоў і парваныя сувязі з народнай мовай – бясцэннай жывільнай крыніцай мовы літаратурнай, – яны змаглі захаваць роднае слова ва ўсім яго багацьці і прыгажосьці.

Мова твораў Уладзімера Дудзіцкага і іншых беларускіх пісьменьнікаў-эмігрантаў павінна разглядацца як зьберажоны скарб самабытнасьці беларускай мовы і адна з цаглінак у справе нацыянальнага Адраджэньня.

Да беларускага чытача вярнуўся выдатны пісьменьнік. З чужыны. З выгнаньня. На сваю Бацькаўшчыну.

І няхай ніколі не паўторыцца мінулае, няхай ніколі ня будуць выгнаньнікамі сыны Беларусі.

Лявон Юрэвіч

Коратка аб сабе

Нарадзіўся я 8 студзеня 1911 г. (27 сьнежня 1910 г. ст. ст.) у сялянскай сям’і ў вёсцы Дудзічы б. Ігуменскага, цяпер Рудзенскага, павету, на Меншчыне. Сярэднюю школу скончыў у сваёй вёсцы, а потым, пасьля двухгадовага перапынку, пераехаў у горад Менск і вучыўся ў 22-ой сямігодцы. Скончыўшы яе, паступіў на двухгадовыя настаўніцкія курсы, а пазьней быў пераведзены ў Менскі Пэдагагічны Тэхнікум імя Ўсевалада Ігнатоўскага. Скончыць не давялося: разам са сваімі сябрамі малодшых і старэйшых курсаў быў выключаны, атрымаўшы небясьпечную для далейшага шляху ў тым часе мянушку «нацдэм».

Пасьля доўгага і паўгалоднага бадзяньня пры дапамозе беларускага пісьменьніка Лукаша Калюгі, паэты Ўладзімера Хадыкі і іншых стаў на працу за стыльрэдактара газэты «Савецкая Беларусь». Пазьней працаваў стыльрэдактарам у Навукова-Тэхнічным Выдавецтве Беларусі. Адначасова вучыўся на падрыхтоўчых курсах (пры Беларускім Унівэрсытэце) для паступленьня ў вышэйшыя навучальныя установы. Скончыў датэрмінова і быў пераведзены на літаратурна-лінгвістычны факультэт Вышэйшага Пэдагагічнага Інстытуту. Але ня скончыў... Зноў выключылі, як таго самага «нацдэма»...

23-га лютага 1933 г. быў арыштаваны й пасаджаны ў Менскую турму, потым – у «амэрыканку» НКВД. Гэта быў так званы другі зачынены працэс «нацыянал-дэмакратызму». Пад гэтай шыльдай ува ўсёй Беларусі было арыштавана тады больш трохсот чалавек. Сярод іх было шмат беларускіх паэтаў, пісьменьнікаў і літаратараў: Зьмітро Астапенка, Лукаш Калюга, Сяргей Астрэйка, Мікола Нікановіч, Уладзімер Сядура, Сяргей Русаковіч і шмат іншых.

Пасьля 3-х месяцаў допытаў, паводле пастановы калегіі НКВД СССР, быў высланы тэрмінам на тры гады ў канцэнтрацыйныя лягеры Сібіру. Кару адбываў у Новасібірску, а пазьней у г. Марыінску.

Па адбыцьці кары ў канцлягеры скіравалі ў Сярэднюю Азію, у г. Ташкент. Прытулкам былі сады й узьбекская чайхана. Часова працаваў у якасьці літаратурнага работніка ў газэце «Фізкультурнік Узьбекістана». Дапамагла малярыя: захварэў і дамогся праз год звароту на Бацькаўшчыну.

Ведамыя мае каты зь Менскага НКВД загадалі асесьці ў г. Віцебску. У гэты час экстэрнам здаў экзамены за ВПІ і атрымаў годнасьць выкладчыка беларускае мовы й літаратуры ў сярэдніх школах. Напачатку працаваў стылістым у рэдакцыі газэты «Віцебскі пралетары», а далей выкладаў беларускую мову й літаратуру ў сярэдніх школах, Мэдычным рабфаку і Пэдагагічным інстытуце.

У 1939 г. па загаду Віцебскага абкому партыі быў адхілены ад настаўніцкай дзейнасьці за тое, што не патрапіў забясьпечыць партыйнасьць пры выкладаньні беларускае мовы й літаратуры. Пад пагрозай арышту вымушаны быў пакінуць горад. Паўгода мусіў хавацца ў розных мясьцінах Беларусі й Расіі.

У 1940-41 годзе працаваў выкладчыкам беларускае мовы й літаратуры ў Курасоўшчынскім Вэтэрынарным Тэхнікуме каля Менску.

Цікавасьць да мастацкае літаратуры прачнулася яшчэ ў народнай школе. Глыбокую любасьць да літаратуры выхаваў выкладчык беларускае мовы й літаратуры ў сямігодцы паважаны сп. Ігнат Зянько.

Першыя вучнёўскія пробы пяра адношу да дванаццацігадовага веку, аднак, у меру шмат якіх прычынаў, друкавацца пачаў даволі позна – у 1937 годзе. Гэты час і ўважаю за пачатак свае сталае паэтычнае працы.

Уладзімер Дудзіцкі

ВЕРШЫ. ПАЭМЫ

Стынуць хвалі і цяжэюць быццам,

па-над імі —

ў полымі пажару —

гнецца моўчкі,

прагнучы напіцца,

стан калін чырванатварых.


1929



Дарэмна прамяняў я сон начы

на пошукі нязнанай, сьвежай тэмы:

знаёмая прыйшла —

«Маўчы, маўчы!..»

І верш такі: кароткі ён і немы.


1930



І мала слоў...


І мала слоў, каб выказаць настрой:

мая туга – бяз краю і бязь меры.

А кажуць мне: «Душу вазьмі, настрой

і песьняй бі ў няходжаныя дзьверы»...


А дзе-ж яны, такія дзьверы, дзе,

скажэце мне, дасьціпныя дарадцы?

Нялёгка, знаю, сэрцу без надзей

чырвоным цьветам маку загарацца,


а песьні-вольніцы зьвінець у сьне,

адольваць сум душы, галодны лямант...

Як мор, упарта, моўчкі па вясьне

паўзуць здальля густыя часу плямы.


І мала слоў, каб выказаць настрой:

і шлях сьвятла, і праўды сьвет зачынен.

Ня плацяць ані гроша за пастой,

а йсьці наперад сяньня – немагчыма.


Сьляпянка, травень 1931



А я – наадварот...


Вы кажаце, што не?..

А я – наадварот:

і вас люблю, і вашыя парады...

Як любіць вас і край мой, і народ,

якому не дасьцё ніяк вы рады...


Гаворыце – мана?

Зірнеце на мяне:

які упэўнены юнак і шчыры!

Хіба-ж такога хто калі сагне,

і змоўкне дзе душы такая ліра?


Ды дзе вы бачылі?

Ніколі і нідзе...

Ад тапара прыйшоў – хлапец вясковы.

У дзень, як край, здалося, маладзеў,

мой дух юнацкі сонцам быў раскован.


І ліра – вольніца:

зьвініць яна; крані —

гудзе, бы звон, сьцірае зрады сьцені.

І слухаюць яе сівыя камяні

і людзі, ранячы жарствой калені...


Ня верыце пакуль?

І сьмеяцеся ’шчэ!?

О, сьмешныя і дзіўныя няверцы...

І вас яна, я ведаю, пячэ

і вашае крыху кранае сэрца.


Няпраўда, скажаце,

найноўшыя майстры?

Ага, вы – людзі адмысловай маркі...

І нож, відаць, прабуеце гастрыць,

каб шнур жыцьця майго расьцяла Парка?


Нялюба вам, ці што?

Мо’ праўдаю мару?

І сам нялёгкую нясу я вязку..

Яна у петлях спрытных вашых рук

прымусіць дзесьці кайданамі ляскаць.


Усьцешаны цяпер?

Вы – прагнеце крыві,

ад караля прастуеце да туза...

А лёс наважыў, бачу я, скрывіць

ваш хісткі, коўзкі шлях на Сіракузы...


Вы кажаце, што не?

А я – наадварот:

і крыльле вам, багі зямлі, у рукі...

Усе, валок што край мой і народ,

на горб ваш пакладу цяжкія мукі.


Менск, чырвень 1931



І так яно ад веку і да веку,

спакон вякоў да нашых дзён скупых:

стракае і сьцігуе чалавека

вачэй няласкавых пагляд тупы.


А дні імчаць на скрут цьвет думак сьпелых,

нікім ня звабленых дасюль, – на змор.

Чужынец – кат мой анямелы —

ўціскае скрытна карак у ярмо.


Ўжо так яно ад веку і да веку,

не абысьці, не абмінуць і мне...

Спачну, як моцна, шчыльна, векам

прычыняць вочы у труне.


1932



Я пазнаў і Эўропу, і Азію...

І Аўстралію вызнаць ’шчэ мусіў;

думка сэрца маё уразіла:

не пазнаў што як сьлед Беларусі...


1932




ПЕСЬНІ НЯВОЛІ

Горкія ўспаміны

Цяжка ўспамінаецца зіма 1933 году... Ноч 26-га лютага абарвала крылатае юнацтва, скавала думкі, рукі. НКВД... Кожнае часіны ўсё новыя й новыя, гэта – мае сябры: студэнты, журналістыя, пісьменьнікі – беларусы.

Калі мінула халодная абыякавасьць, паўстала пытаньне: за што?! Далей думкі ня йшлі: яны прыціскаліся нейчым плачам і крыкам аб ратунку. Чорна-зямлістыя, акамянелыя твары зьняволеных, здавалася, гаварылі: «Не хвалюйся, пашкадуй здароўя, безь цябе яго выматаюць... чалавек жывучы...».

Ішлі тыдні, за імі – месяцы. Твары гаварылі праўду: катнія рукі былі няўмольнымі, голад прыкоўваў да каменнае падлогі. У сэрцы катаў, як у тыя прадоньні, губляліся людскія сьлёзы й пакуты. Чаму? – зноў пытаньне. «Помста за давер і шчырасьць», – адказаў сябра, паэта-юнак.

Далей – цяжкі, далёкі шлях... Сібір. Канцэнтрацыйны лягер. Вузел гора пачаў заціскацца мацней і мацней. Зноў ішлі месяцы, за імі – гады, доўгія, чорныя... Чалавек жывучы...

Перажыўшы і перацярпеўшы нялюдскую пакуту на чужыне, хочацца ад шчырае душы гаварыць сваім людзям праўду пра ліхія бальшавіцкія часы, што згубілі мільёнам самае дарагое – маладосьць і жыцьцё.

Вершы, што друкуюцца ніжэй, напісаныя ў 1934-35 гадах у горадзе Марыінску. Яны – вынік перажытага.

1. Крокі і вёрсты


Сотні вёрстаў прайшоў,

а на месцы стаю,

падлічаю і крокі, і вёрсты...

Клічу з даляў чубатую долю сваю —

далі шлюць плач радзімы і лёскат.


О, навошта!..

Нялюбы мне голас такі:

сам я маю ці мала такога...

Няма долі —

прышлеце мне песьняў ракіт

і зямлі пах у сьцены вастрогу!


Мілы сэрцу майму балацяны павеў,

шум палёў,

песьні ветру,

туманы —

ўсё,

чым цешыўся, жыў

і цяпер чым жыве

край мой родны, ў няволю забраны.


Песьняў, долі – няма.

Гора бачу, бяду,

нібы жыў у няволі і рос так.

Сьцеражэ цішыня.

І я далей вяду

тыя самыя крокі і вёрсты.



2.На парозе турмы


Ня украў, не зьнявечыў нікога,

толькі тое у думках было,

каб народу закутага скогат

уняць лекамі дум і слоў.


Ня уняў, ня суняў і ня сьцішыў...

Скогат іншага сэрца кране.

Заўтра, пэўна, вятры закалышуць

на чужыне нялюбай мяне.



3. А ратунку ня было й няма


Колер неба хмары ўслалі густа.

Цемень цісьне долу.

Цішыня.

Белы сьвет зьмярцьвеў

і стаўся пусткай

нябывалай...

Рук ня ў стане ўзьняць.


Чую плач, вар’яцкі, дзікі рогат,

а ратунку ня было й няма.

За плячмі —

этапная дарога,

прад вачмі —

ня першая турма...


І бязьлістая, сівая восень,

і пакутная, як пекла, ноч...

Мне ў часіну гэтую здалося:

пазычаюць зраду праз вакно...


Скамянела, сьцішылася сэрца.

Кроплі сьлёз...

Разгойданая муць...

Няўжо тут цярпеньня боль парвецца?

Няўжо тут я сьмерць сваю прыйму?



4. Пакуль песьня яшчэ ня сьпета


Ня пытайся, мой любы дружа,

як жывецца у краі гэтым...

Спадзяюся як-небудзь здужаць

у няволі ’шчэ гэтае лета.


Смутак кволай душы,

часіну,

што зьвязала мне крыльле-рукі,

не заломіш на пень асіны,

хоць згінайся ад болю крукам.


Цела ные маё ад болю,

і ўжо месяц яно каторы;

а штодня ўсё мацней і болей

заціскаецца вузел гора.


Па-над пусткай паўночны вецер

ня сьціхае —

шалее люта;

і здаецца:

на цэлым сьвеце

сьмех і радасьць змагла пакута.


Кожнай ночы ў снох бачу лета,

чую шумы палёў аўсяных.

Імі гора й туга апеты,

імі-ж сэрца жыве і сяньня.


Ня пытайся, мой любы дружа,

як жывецца у краі гэтым.

Буду несьці у сэрцы мужнасьць,

пакуль песьня яшчэ ня сьпета.




ЖЫВОЕ ПРАЎДЗІВАЕ СЛОВА

Скупыя заўвагі

Масква сьпявала, што яна ня ведае іншае краіны, апроч Савецкага Саюзу, дзе-б так вольна дыхаў чалавек, а на справе – абрабаваным і выгнаным з Бацькаўшчыны людзям голад займаў духі ў канцэнтрацыйных лягерах. «Жыць стала лепш, жыць стала весялей», – сьпявала Масква, а народ гаварыў: «Жыць ня хочам так далей мы!» Усе бачылі, што кажнага дня вузел гора завязваўся мацней і мацней, што радасьць і сьмех захлынуліся сьлязамі і крывёю. Краіна «сацыялізму» ў разуменьні народу была нічым іншым, як канцэнтрацыйным лягерам, а будаўнікі «сацыялізму» – белымі нэграмі бальшавізму.

І калі боль цярплівасьці пачынаў разрываць грудзі, лопала пакута маўчаньня й з душы вырываліся жывыя праўдзівыя словы. «Што-ж маўчыш, скажы, годнасьць мая чалавечая, калі вецер усходні шалее над пушчамі!?»

Дык ці не найвялікшая слава лёсу, што падняў утаптаную ў гразь нашую годнасьць, спапяліўшы назаўсёды чорныя дні былога?

Перажыўшы й перацярпеўшы гэтае былое, я з поўнай сьведамасьцяй пушчаю ў сьвет «Жывое праўдзівае слова». Усе вершы гэтага цыклю напісаныя мною на выгнаньні ў канцэнтрацыйным лягеры Сібіру ў 1934 годзе. Няхай яны пакуль што будуць хоць невялікім помнікам апляванае, расьпятае бальшавікамі Бацькаўшчыны-Беларусі і загубленае маладосьці мільёнаў лепшых беларусаў.

1. Жывое праўдзівае слова


Песьціў доўга цябе, шанаваў і сьцярог,

жывіў сумам і песьняй лясною

у часіны крутыя ля чорных дарог,

о, жывое праўдзівае слова!


Прачынайся, малю я, расьці і жыві,

ня згінайся на ворыве новым,

ні на друзе рудым, ні на сьцежках крыві,

о, жывое праўдзівае слова!


Кажным гукам зьвіні над прасторамі ніў,

мчыся ў край мой на хвалях вясновых,

сэрцы братнія стрэламі крыўды пратні,

о, жывое праўдзівае слова!


Пабудзі, падымі і да зораў вядзі

супраць плыні праз пушчы, дубровы.

Волі цемра начы не здалее радзіць,

о, жывое праўдзівае слова!


Песьціў доўга цябе, шанаваў і сьцярог,

жывіў сумам і песьняй лясною

у часіны крутыя ля чорных дарог,

о, жывое праўдзівае слова!



2. Навальніца


На сьцежках крыжавых сустрэлі навальніцу

пасьля гарачыні...

Няўмольная такая,

ішла яна насустрач ветру.

Прыхіліцца

хацелася да дрэва першага.

Над краем

маланка кроіла, сьцінала хмары,

сівыя й чорныя...

Грымелі, чуў я, далі,

і далей —

нечакана,

быццам варам,

хвалі ўлевай стан зямлі абдалі.


Зямлі і неба ня відно было ні сьледу,

і дзесьці захлынаўся жвірам дзікі рогат...

О Божа любы мой!

Каб ведаць гэта ведаў,

ня выйшаў-бы у гэткую нялёгкую дарогу...


І шлях гразкім стаў непрыкметна пад нагамі,

гразкім і коўзкім —

прост’ ні ўзад, ні ўперад...

Ўваччу бел-жоўтымі і чорнымі кругамі

снавалі здані гідкія...

Зірнуў – паглядам зьмерыў

і крыкнуў нехаця, неспадзявана:

– Досыць!

Годзе!

Стаю й дрыжу.

А зблізку голас дзікі:

– Маланка цемру расьсячэ й народзіць

цудоўны дзень,

дзівосны дзень,

вялікі...


І навальніца йшла,

йшла зь пярунамі ў далі,

вятры зьбіваліся, здалося, з тропу.

– Хто спыніць іх?

О, хто?

Хто цемру разгайдае

і спыніць буру весьнюю?

Адчуй мой, Неба, клопат!..



3. Маем сілу і край свой


Праўду кажуць: «Жывем...»

Жыць ня хочам так далей мы.

Хіба-ж лёгка

да сьмерці

быць ліху падлеглымі?

Маем сілу

і Край свой

з блакітнымі далямі,

дык ці варта,

скажэце,

быць белымі нэграмі?

Не...

Зямля – у ярме,

самі – скуты і змораны.

У вязьніцах —

з маленства.

Ні слова ні права нам.

Ўсюды,

вокам ні кінь дзе, —

на сьцежках,

на ворыве

пазяхаюць

у сутаргах

раны крывавыя...

Гэта-ж цела братоў


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю