355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Уладзімер Дудзіцкі » Напярэймы жаданьням » Текст книги (страница 10)
Напярэймы жаданьням
  • Текст добавлен: 8 апреля 2017, 23:30

Текст книги "Напярэймы жаданьням"


Автор книги: Уладзімер Дудзіцкі


Соавторы: Уладзімер Дудзіцкі

Жанр:

   

Разное


сообщить о нарушении

Текущая страница: 10 (всего у книги 12 страниц)

– То-ж бы то. Я-ж яно й кажу, абы жыў Раманка, прыдабудзецца неяк. Век жыві й век ажывайся...

Неўзабаве бабка Рымарыха пайшла дадому, сказаўшы, што заўтра, калі Бог дасьць ёй здароўя, неяк прыйдзе пабачыцца зноў. Цётка Агапа падкінула на ачахлае вугальле нейкіх ашчапкаў, уставіла тры гаршкі, потым узялася спрытоньваць паколанае чарап’ё. Цётка ня йшла ў большую хату: падумала сама сабе, што Марылі ўжо палепшала й тая заснула. Пры гэтакай цішыні Агапа адразочку пачула нейкую хаду на ганку. Яна страпянулася і, устаўшы, трымаючы ў хвартуху чарап’ё, падышла да вакна й зірнула празь яго на ганак. На ім нікога ўжо ня было. «Усё цяпер чалавеку здаецца», – падумала сабе Агапа й адышлася. У той мамэнт, калі яна мелася брацца за клямку, каб выйсьці палажыць у сенцах пабіты посуд, адчыніліся дзьверы, і Агапа сустрэлася вочы на вочы з высокім, аброслым і бяз шапкі чалавекам. Яшчэ мацней здрыганулася і, выпусьціўшы з боязьні з рук хвартух, аступілася назад. Чарап’ё выпала й зазьвінела.

– Гэта будзе хата Рамана Скрылевіча? – папытаўся.

Агапа маўчала. Трымаючы ў зубах вялікі палец левае рукі, пазірала, ня міргаючы, на невядомага чалавека.

– Заходзьце, калі ўжо прыйшлі, – сказала.

Чалавек пераступіў парог, ступіў два крокі й спыніўся. Абвёў вачыма хату, зірнуў на Агапу й потым, нешта думаючы:

– Значыцца, Раманава...

– Раманава, чалавеча. Самога от толькі нямашака ў хаце, – сказала, як і прышлы, думаючы, а пасля папыталася: – А вы хіба зналі Рамана?

– Знаць яго знаў... Бачыўся... – сказаўшы гэтак, чалавек ступіў яшчэ два крокі й папрасіў напіцца.

Агапа зачэрпала меднаю конаўкаю вады зь дзеравянага вядра з посілкаю, падала чалавеку й папрасіла сесьці, паказаўшы рукою на лаву каля стала.

Той, сеўшы, сказаў Агапе, што зайшоўся ня надаўга, бо ягоная дарога далёкая, і папытаўся, ці можна перабыць у хаце да зьмярканьня, каб ісьці далей пры цямне, як немцы ня бачаць.

– Чаму-ж не, хоць і цэлы тыдзень, хоць і яшчэ больш, і нам весялей і сьмялей будзе жыцца... – адказала й пайшла да печы адсунуць ад полымя гаршчок з капустай, якая, кіпячы, вылівалася на раскочанае вугальле, сыкала й вельмі смачна пахла.

Невядомы моцна ўдыхнуў пахучае паветра ды зачмякаў губамі, і Агапа здаўмелася, што гэты спакойны ветлівы чалавек вельмі галодны й што яму трэба даць есьці. Ставячы на стол вынятую з-пад прыпека вышчарбленую гліняную міску, кінула вокам на чалавека:

– От гэта і ўсё, што засталася на Раманавым грунце, рэшта, самі, уваходзячы, бачылі, дзе й што зь ім... Зьелі шэльмы, каб іх саміх шолудзі поедам елі.

– Набудзецца, цётачка, калі будзе суджана, кладучы на кавалак жоўтай газэціны махорку зь вялікага скуранога капшука, заўважыў незнаёмы і, помнячы сказанае добрай цёткай «і нам сьмялей і весялей будзе жыцца», пацікавіўся:

– Хіба-ж ня вы адны, ня самі жывяце ў Раманавай хаце?

– З пляменьніцай Марыляй, Раманавай жонкай. Сёньня Бог даў ёй дзіцятка на досьвітку, сынка, а бацька й ня ведае... Ваюе недзе... – Агапа прыняла з абруса падкоўку, патрымала ў руках, а потым начапіла яе на той самы цьвічок, дзе віселі «ходзікі», і ўздыхнула: – Кажуць, што падкоўка шчасьце людзям прыносіць... Можа, і вернецца, нядобра, што от «ходзікі» разьбіліся.

Незнаёмы слухаў Агапіну гаворку і ўсё нешта думаў. Калі-ж у большай хаце заплакала народжанае, чалавек усхапіўся, зірнуў на падкоўку, на пабітыя «ходзікі» на падаконьніку, нэрвова смакануў скрутку махоркі й гэтак-жа нэрвова выняў з кішані выкуцанай у гразь гімнасьцёркі велікаваты гадзіньнік.

– Другая папаўдні... – сказаў, гледзячы Агапе ў вочы.

– Можа, яно й праўда... – перастаўляючы на стале міску, быццам-бы не на сваім месцы стаяла, нахіліла да гадзіньніка галаву, зірнула, потым – на скураны капшук... – Дык яно-ж і ня позна яшчэ, – дадала, – я вам капусты пастаўлю. Пакурыце, а я тым часам...

Цётка Агапа ўзяла сухія полачкі й пайшла ў большую хату да Марылі з дзіцем.

_________

Хату Рамана Скрылевіча паказала Астапу Крыжаку бабка Прузына. Рымарава хата дажывала свой век пасярэдзіне сяла, каля Карчмішча, трэцяй ад месца, дзе стаяла некалі карчма. Дык от, каб людзі ня пыталіся, дзе яна была й што там рабіла, ды каб ня мець праз гэта лішніх нагавораў, Рымарыха не пайшла вуліцаю, выйшла гумном на загародзьдзе й адтуль кустамі нацянькі да Карчмішча. Бачыць, стаіць чалавек, грызучы рэпу, і пытаецца, ці ня ведае бабка, дзе будзе хата Рамана Скрылевіча. Яна паказала рукою на тры высокія ліпы і, каб яшчэ лягчэй пазнаць, сказала, што Раманава хата на высокім муры, а перад ёю, на другім баку вуліцы, – заваленая хлудам студня. Бабка сказала й тое, што самога Рамана дома нямашака, то ён недзе ваюе або ўжо й дадому йдзе, бо Марыля, ягоная жонка, значыцца, радзіла сына, і ёй, далікатнай і вучонай, было-б цяжка без чалавека сына выкачваць...

Цяпер, пагаварыўшы зь цёткаю Агапаю й спраўдзіўшы, што гаварыла яму бабка, Астап убачыў, што ён не памыліўся, трапіў якраз у хату свайго нядаўняга, але вельмі-ж добрага таварыша Рамана Скрылевіча. Блага толькі, што ў такую нязручную часіну немаведама, што яму рабіць: раскажа – гора вялікае чалавеку прычыніць, лёгка разьятрыць жывую рану, а загаіць яе вельмі трудна; ня скажа й пойдзе – ня выканае апошняе просьбы таварыша й граху нець якога набярэцца: будуць чакаць і ніколі не дачакаюцца, і ніхто ніколі ня скажа, бо толькі адзін-аднюткі Астап ведае, дзе, як і што... Напісаць, пакінуць, і бывайце здаровы – слабізна натуры, нястача адвагі, а ён-жа чалавек сьмелы й адважны; пакінуць на потым, каб тады, як скончыцца вайна, напісаць ці самому адведаць, няма пэўнасьці: а што, калі й сам ня дойдзе туды, дзе саўсім малым дзіцянём пакінулі яго бацькі ў першую вайну на чужыя рукі?..

Важачы ўсё гэта на сваёй душы, Астап бачыць, што яму ня трэба ўцякаць, калі людзі з хаты не праганяюць, пачакаць і, выбраўшы добрую часіну, як толькі палепшае Раманавай жонцы, сказаць і тым самым укараціць гора... Зрэшты, некуды й сьпяшацца. У яго-ж ні кала, ні двара, ні бацькоў, ні блізкіх крэўных, ні жонкі, якая-б думала й чакала на яго з дарогі. Дзяўчыны й тае дасюль ня мае на воку. А тая, да якое сэрца ягонае ляжала яшчэ ў тэхнікуме, як у ваду канула, ні слыху ні дыху. Хто ведае, можа й яна дзе-небудзь чакае на свайго ось так, як і Агапіна пляменьніца, мілуючы сваё першае, толькі што народжанае дзіцятка?.. Калі-б гэтакае самае сталася з Астапам і Раман, прыйшоўшы ў хату, утаіў і не памог жаночаму гору ў гэтакі трывожны час, дык сам ён не дараваў-бы ніколі таварышу й на тым сьвеце. Ці мала благога пакінулі па сабе хлопцы ў Астапавым дваццаціпяцігадовым веку, а ён, паспытаўшы свайго ўласнага гора, падаючы й цяжка падымаючыся на крутых ухабах дарогаў, мужны й чэсны, зь нікога ані накпіў, ані пакрыўдзіў нікога: вялікую меў ён абачлівасьць і бядзе чужой упору памагчы заўсёды ўмеў. Вось чаму й важыць ён асьцярожна на розуме й сэрцы ў маленькай хаце свайго таварыша маленькую часьцінку неасягнёнага людскога няшчасьця на тле крыві й пажараў, жыцьця й сьмерці.

Чуе Астап гамонку жанок у большай хаце, але не прыслухоўваецца. І толькі тады, калі ўшчаўся дзіцячы плач, яму здалося, што ў хаце не стае паветра. Адчыніў вакно й апёрся рукамі на падаконьнік.

– Колькі-ж табе давядзецца плакаць, дзіцятка, – сказаў, выразна пачуўшы сказанае.

– Ня дзіця гэта плача, Астап, а радасьць нараджэньня. Радасьць бязь сьлёз не нараджаецца. Яны йдуць упоруч, нітуюцца, жыць ня можа адно бяз другога, аж пакуль расхістанае імі цела ў труну не паложыцца. От што яно такое... – нехта, здавалася, сьціскаючы далонямі ягоную нячэсаную галаву, адказаў на самае вуха.

Пасьля чутага Астапу зрабілася яшчэ цяжэй. Ён закурыў трэцюю самакрутку махоркі й пачаў углядацца ў неба. Перад ягонымі вачыма, засланяючы сонца, стаялі густыя ліпы. Яны нагадвалі Астапу пазаўчарашнія хвоі і ўсё, што каля іх сталася. Цяпер ён ня думаў, ён гаварыў з сваімі ўласнымі думкамі й так, калі-б хто-небудзь стаяў паблізу, дык выразна пачуў-бы такое: «...Вырваліся з-пад шыбеніцы, прабіліся праз кулямётную аблогу, ішлі, не хаваючыся, пад нізкімі клінамі бамбавозаў і зьнішчальнікаў... Прайшлі. І каб ня тыя жанчыны зь дзецьмі, дык і ўсё-б яно было добра... А можа, і нядобра? Хіба-ж ня варта паміраць, ратуючы жыцьцё брата!? Варта й трэба! Найбольш, відаць, разумеў гэтую простую мудрасьць Раман Скрылевіч. Пажджы, як гэта яно было папарадку? Ага... Хаваючыся ад нямецкіх аўтаматчыкаў, мы занялі нашую абарону ў густой кроне трыкутніку асінаў, у дузе наступу аўтаматчыкаў знайшліся жанчыны з маленькімі дзецьмі. Пасьля другое чаргі яны паваліліся на гузастыя карані. І калі аўтаматчыкі былі ў нейкіх сарака кроках ад нас, Раман, як той разгневаны леў, рынуўся ўніз, каб ратаваць няшчаснае ў лесе дзіцётка. Вось ён засланяе яго сваімі плячыма«...»

Ранены Раман пахіснуўся, але падняўся, даў дзьве чаргі, і яны, перакрыжоўваючыся з маімі, перанялі апошніх аўтаматчыкаў. Ня маючы патронаў, Раман выхапіў апошнюю гранату й швыргануў яе ў залогу ворага. Празь нейкую часіну тыя зрэзалі Рамана. У дваццаці прыблізна кроках два ўжо раненыя аўтаматчыкі знайшлі сабе супачынак ад маіх апошніх куляў. І потым... Калі сьцішылася і відаць было – вораг пераможаны, кінуўся ратаваць Рамана... Цяжка раненага сябра й ледзьве жывое дзіцянё перанёс я да трох хвояў. Ратунку ня было. Перад скананьнем Раман Скрылевіч вельмі прасіў адведаць у Карэлічах ягоную, яшчэ бацькаўскую, хату й перадаць жонцы апошні яго паклон. От, здаецца, і ўсё збольшага...»

На падаконьніку ляжалі разьбітыя «ходзікі». Зірнуў на іх Астап, памацаў, перавярнуў на другі бок, зірнуў на пагнутыя колцы, потым – на падкоўку шчасьця... Павярнуўся паволі сьпіною да вакна й сеў на тым самым месцы, дзе сядзеў перад гэтым, гаворачы зь цёткаю Агапаю. Выняў скураны капшук, расшнураваў, расхінуў, аціснуў яго праваю даланёю, набраў трыма пальцамі махоркі, насыпаў на пакамечанае лапікла газэціны, скруціў, насьлініў, узяў у губы, каб запаліць запалку. Рабіў усё гэта быццам на нейкай рэпэтыцыі, думаючы й не адводзячы вачэй ад капшука. У пачку ня было ніводнае запалкі, і Астап, выняўшы з зубоў скрутку, палажыў яе на расхінены капшук. Робячы гэта, ён упёрся вачыма ў вугалькі на чарэні печы. Яны ачахлі, і толькі саўсім маленькі сінюткі ваганёк, шавелячыся, як прыцёрты матылёк, пакалыхваўся, асядаючы між імі.

– Дагараюць, як Раманава сэрца... – падумаў і скалануўся. Устаў і падышоў да печы прыкурыць.

– Дзе-ж ён пазнаў Рамана? – пачуў Астап, як пыталася Раманава жонка ў цёткі Агапы.

– Ведае, казаў, бачыўся. А от дзе й як – не сказаў, і я ў яго не перапытала.

– А не казаў, адкуль сам будзе?

– Нічагусенькі. Негаваркі, найбольш маўчыць і ўсё нештачка думае...

– Думае... Хай думае йдучы дадому... Што яму там надта думаць у чужой хаце... Пра тое, мусіць, што ўцёк, каб не ваяваць...

Апошняе гаварыла Марыля ня цётцы, а сама сабе, але Агапа ўчула:

– Ніхто ня хоча накладаць галавою чорт ведама за што. Можа-ж, і на яго, во гэтакага ўнурыстага, чакае свая кабеціна. Зьесьць капусты дый няхай сабе йдзе з Богам, калі так... На маю-ж дурную галаву... – цётка не дагаварыла, убачыўшы, што пляменьніца прытуліла да вачэй дзіцячую полачку й пачала плакаць. Даўшы дзіцяці ўвязаны ў палатняную анучынку драбок патоўчанага цукру, пайшла да дзьвярэй, каб зірнуць на варыва ў печы, а Марыля тым часам аклікнула:

– Распытайцеся-ж, цётачка, – выціраючы сьлёзы, папрасіла Марыля і, моцна ікнуўшы, дадала: – і гадзіньнік, кажаце, як у Рамана? Калі-б мела змогу падняцца пагаварыць з чалавекам...

– Марылька... – Агапа прыняла з клямкі руку, вярнулася да ложка, села і, камечачы ў руках зрэбны стары хвартух, пачала ўгаворы: – Ня еш ты сябе, кажу табе, Марылька, уважай пакуль што на самую сябе, на гэтую во сваю кроў у калысцы. Можа, і Раман недалёка дзе ад хаты...

Пачуўшы слова «гадзіньнік», Астап ня мог прыслухоўвацца далей да гаворкі жанок у большай хаце. Ня відны яму былі ані ачахлыя на чарэні вугалькі, ані сінюткі між імі аганёк... Падышоў да вядра са старою пянчанаю посілкаю, зачэрпнуў, сьпяшаючыся, вады меднаю конаўкаю, напіўся, начапіў конаўку на вушка вядра й амаль бегма кінуўся да стала. Ухапіў скураны капшук, палажыў у кішаню і, не разьвітваючыся, выйшаў ціхутка ў сенцы, а зь іх на ганак і супыніўся.

– А гадзіньнік? – папытаўся Астап у самога сябе. – Не, гадзіньнік мушу пакінуць, няхай самі дагадваюцца...

Выхапіў гадзіньнік, прылажыў яго да вуха, паслухаў, палажыў на далоню левае рукі й пачаў на яго ўзірацца: дзьве сорак пяць...

– Раманава сэрца сьціхла... памерла..., а сэрца Павала Бурэ б’ецца не заводзячыся... – ціхутка гаварыў Астап, пазіраючы на вяршыні трох ускудлачаных ветрам ліпаў на Раманавым двары. І Астапу захацелася зірнуць на жывучае сэрца гэтага маленькага, кругленькага, прычарнелага ад часу, але пакуль яшчэ крыху бліскучага, сярэбранага Павала Бурэ. Падчапіў ногцем вечка, паціснуў, і яно адскочыла. Пад ім, на другім вельмі бліскучым вечку ляжаў маленькі кругленькі фотаздымак. Пацямнела ў вачох. Астап адным махам працёр правым рукавом замурзанае гімнасьцёркі вочы і, калоцячыся, пачаў узірацца ў яго так, як узіраецца чалавек, ратуючы сваё жыцьцё, на галаву скручанага перад ім зьмея. З фотакарткі ўсьміхалася Астапу ягоная любая студэнтка з пэдагагічнага тэхнікуму Марылька Іскрыцкая...

– Не!.. Няпраўда гэта!.. – крыкнуў, трасучыся, Астап. – Марылька?.. Як-жа... Як-жа яно...

– Праўда... Праўда... – адказвала яму маленькае зялезнае сэрца Павала Бурэ. Гэта-ж яна, твая колішняя Марылька Іскрыцкая... Памятаеш?..

– Яна... Марылька... Які-ж ты вялікі недавярак, Астап! – скрыгануўшы да болю зубамі, ад чаго, здаецца, магла заняцца полымем самая тоўстая скрутка махоркі ў жоўтым кавалку «Правды», выштурхнула з гарачых грудзей Астапава горла здушанае вялікім дзівам густое паветра. – Чаму-ж ты, нягоднік, не ўратаваў Рамана Скрылевіча!?

– Не ўратаваў Рамана, дык уратуй Раманава дзіцётка... – адказвала Астапу маленькае зялезнае сэрца Павала Бурэ.

Паволі, быццам трымаючы на руках найдарожшы скарб сьвету, унёс Астап у хату гадзіньнік Рамана й павесіў яго на той убіты Раманам вухналь, на якім віселі ягоныя «ходзікі», а цяпер – адна-адзіная падкоўка. Пакінуў, зірнуў і выйшаў, сам ня ведаючы, куды...

Цётка Агапа не заўважыла на падкоўцы гадзіньніка. Дагледзела ў печы, згатавала чабору, занесла Марылі і, нічога ёй ня кажучы, пайшла ў камору перабіраць у куфры старыя лахманы, каб мець што падараваць заўтра бабцы Прузыне. І толькі на зьмярканьні, паказваючы Марылі ношаную сукню, сказала:

– Нямашака ні ў хаце, ні ў сенцах. І ня ведаю, дзе...

– Як-жа няма? Гэта-ж тая самая маміна сукня, пра якую мы з вамі гаварылі.

– Ня гэта, Марылька, я пра гэтага самага чалавека кажу табе. Нямашака. Пайшоў і ні славечка. І капусты не дачакаўся.

– І на яго хата чакае. Не векаваць-жа яму ў нас... – гаварыла Марыля цётцы.

– То-ж бы то... – згадзілася Агапа.

Ноч была спакойнай: ні стрэлаў, ні бамбавікоў. Ураньні Марыля сказала цётцы, што ёй ужо добра й яна можа падняцца, сама даглядаць дзіцётка. Неўзабаве мелася прыйсьці бабка Прузына.

Марыля апранула халат з чорна-жоўтымі палоскамі, пацалавала дзіцятка, зірнула на вуліцу і, трымаючыся за рукаў цёткі Агапы, выйшла ў меншую хату. На стале стаяла ў вышчарбленай глінянай місцы ўчарашняя капуста, і каля яе ляжала луста хлеба. На рагу стала, пры якім сядзеў невядомы чалавек, – пацяруха махоркі. Гледзячы на пабітае каля вядра чарап’ё судзьдзя, Марыля пачула дзіцячы сьмех і голас цёткі Агапы. Увайшоўшы ў хату, дзяўчаты й хлапчукі, весела сьмяючыся, давалі ў рукі свае добрай настаўніцы букеты розных кветак і абяцалі прыходзіць штодня. Бабка Прузына, у сваю чаргу, расказала пра ўчарашнюю сустрэчу з абдзёртым вайскоўцам і папыталася, ці быў ён. Устаўляючы ў прырыхтаваны Агапаю гладыш прынесеныя дзецьмі кветкі, Марыля зірнула на «ходзікі», каб ведаць, а якой гадзіне прыйшлі ў хату госьці... На падкоўцы вісеў «Павал Бурэ». Асьцярожна, як нешта сьвятое, зьняла Марыля з вухналя гадзіньнік, зірнула і закусіла губы:

– Раманаў!? – не сваім голасам крыкнула Марыля.

Яна пазнала на вечку гадзіньніка выскрабены іголкаю крыжык і маланкавым рухам адкрыла вечка.

– Божачка-ж ты мой!.. – яна ўбачыла свой фотаздымак.

Сьціскаючы гадзіньнік, як няжывая, павалілася на выбітую глінаю зямлю хаты й моцна застагнала.

Адлітую вадою Марылю пасадзілі на лаву каля стала. Цётка Агапа давала ёй з лыжкі нейкія кроплі й вельмі хвалявалася, наракаючы на прышлага ў хату чалавека...

Дзяўчынка, скубучы сплецены ёю з васількоў вяночак, падняла з лавы вайсковы білет і прачытала, як вучыла яе Марыля ў школе:

– Ас-тап Кры-жак...

У гэтую часіну ўвайшоў у хату Астап, ягоныя вочы скрыжаваліся зь вялікімі чорнымі вачыма Марылі Іскрыцкай... Падышоў, пацалаваў рукі, галаву і, быццам важачы на вагу золата кожны гук, гледзячы ў даўно ня бачаныя вочы, сказаў:

– Не вінавацьце мяне, Марыля!..


Абразок

На апошнім тыдні ліпеня, із сыботы на нядзелю, ізноў дакацілася да Асінаўкі далёкая гарматная калатня. Гэтым разам – з паўночна-ўсходняга боку, адтуль, дзе стыкаліся найбольшыя сілы двух бакоў. Спачатку людзі ня вельмі й бралі да галавы гэтую калатню, бо гэта-ж не першыня, што яна то набліжалася, то аддалялася і, часам, даволі надаўга. Прывыклі й абыліся. А найбольш супакойвала ўсіх тое, што Асінаўка мясьцілася ў крутой балацянай дузе на левым беразе Нёману. Ня было тут ні гасьцінца, ні людскіх язджалых дарогаў. Адны каляіністыя сьценкі, глыбака выбуксаваныя дзеравянымі восямі. А прадзедаўская грэбля, што лучыла Асінаўку з суседнім Забалацьцем, разьмясілася савецкімі танкамі яшчэ на пачатку вайны. Тыя танкі так і не дайшлі да Забалацьця: адны ўвязьлі ў балоце, уцякаючы ад нямецкіх бамбавікоў, і паабрасталі асакою, а іншыя й цяпер яшчэ чарнеюць, як тыя страшыдлы, паблізу Асінаўскіх могілак. І старая кладка-ківулька ўтапілася ў Нёмане. Толькі чорт лазаты, думалася людзям, адважыцца несьцьмі галаву ў балота. Неяк узбоч усё яно пачыналася, ішло, узбоч і пярэйдзе, і скончыцца – гэтак думалася й хацелася асінаўцам.

Але ўсё ішло й рабілася ня так, як хацелася таго людзям. Калатня набліжалася й мацнела. І людзям было не да сну із сыботы на нядзелю. Адны выходзілі з хатаў, прыслухоўваліся, падавалі, кашляючы, голас суседзям, перакідаліся поціху думкамі, сыходзіліся, садзіліся на прызбы, закурвалі люлькі й думалі, ківаючы галовамі... Іншыя адчынялі вокны, высоўвалі баязьліва галовы, прыкладалі да вушэй далоні, каб лепш пачуць, як стагнала зямля й гуло паветра, гаварылі нешта жанкам, потым ізноў зачынялі вокны, тупалі, адчынялі й зачынялі дзьверы, углядаліся на абразы, хрысьціліся і, нікому нічога ня кажучы, чакалі раніцы...

Чакаў раніцы ля сваёй варыўні й Лявон Гужэвіч. Чакаў так, як чакалі яе і ўсе асінаўцы: прыйдзе яна з-за Нёману, цёплая й расістая, узыдзе сонца, перасьціхне калатня, і павесялее на душы чалавека. Але-ж раніца магла быць і ня гэткай, таксама думалася Лявону. Як было там і ня было, а ён ад свайго не адступіць. Навет калі й зямля пад нагамі загарыцца, дык і тады Лявон ня вырачэцца свайго, сказанага самому сабе гужэвіцкага «не». Гэтак, гаворачы сам-насам з упірыстымі, неадчэпнымі думкамі, Гужэвіч і сам не заўважыў, як, устаючы з лавы, гэтыя думкі выказаў уголас:

– Тут нарадзіліся, тутака й памрэм...

Неспакойным было й Мар’яніна сэрца. Яна таксама некалькі разоў падыходзіла бяз дай прычыны да печы, перастаўляла гарнушкі, налівала й пералівала ваду зь вядра ў цёрла, тужэй завязвала пад барадою старую хустку ды ізноў бралася за лахманы на ложку. Але й ім не давала рады Мар’яна. Чула яна й на свае вочы бачыла, што людзі ідуць і едуць, уцякаючы ад таго, што насоўваецца з усходу на балацяную дугу Асінаўкі. Ейныя суседзі таксама збольшага ўсе напашэве, усе зьбіраюцца некуды, і от, калі давядзецца валачыся ў сьвет, дык на каго-ж яна пакіне сваю варыўню й ... Лукерку, Парасачку й сярэдняга сына Нічыпара... Хто-ж тады прыложыць, як родная маці, свае рукі да іхных магілак?.. І вось цяпер, пачуўшы Лявонава «памрэм», баязьліва страпянулася.

– Што ты там чаўпеш? Мала табе яшчэ гэтага?

– То-ж бы й то... – буркнуў Лявон ня думаючы.

– То-ж бы й то...– сказала за ім Мар’яна. – Гаварыў-бы, от, нешта добрае, а ня гэтакія сабе брэдні вярзьці.

– Дык я-ж і кажу, каб нікуды не валачыся, – суцяшаў жонку Лявон Гужэвіч.

Бабка Агапа прахапілася й моцна завойкала.

– Зірні во, як маці спацела, – ківаючы галавою, клікала Мар’яна свайго Лявона. – Можа, яно й на лепшае, калі гэтак усё пацее...

– Дай-жа Божа, – адказаў Гужэвіч і падышоў да ложка, дзе ляжала ўкрытая ягоным выкуцаным кажухом маці. Выцер кужэльным ручніком матчын лоб, пацалаваў, і позіркі іхныя сустрэліся. Агапа доўга ўзіралася ў сынавы вочы, потым раз-пораз заміргала, і сын убачыў, як з-пад ейных сухіх жоўтых павекаў выкаціліся буйныя сьлёзы і разышліся ў глыбокіх зморшчках шчокаў бліскучымі танюсенькімі нітачкамі.

– Піць... Лявонка... піць... – прасіла Агапа, выпростваючы худыя сіняватыя рукі з прыкурчанымі даланямі. – Піць...

– Мар’яна! Мар’яна! – двойчы аклікнуў, спалохаўшыся, Лявон Гужэвіч.

– Нясу... Нясу... Божачкі, дзе ж гэта тая конаўка?.. Ага, вось яна... нясу... на во...

– Не, Мар’яна... Сьвянцонай, што ў пляшцы! – тупаючы, крыкнуў яшчэ мацней Лявон, прыціскаючы да грудзей выпрастаныя мацерыныя рукі, якія, здавалася, прасілі ў сына найдаражэйшага ратунку. – Сьвянцонай, Мар’яна!..

Глынуўшы сьвятое вадзіцы, Агапа сьцішылася. Лявон яшчэ цяплей яе ўкрыў, пацалаваў у правую шчаку й адышоўся, цяжка дышучы.

За Нёманам яшчэ мацней загрукацела, і так, што аж дрэвы закалыхаліся ад моцнага подыху вільготнага паветра. Неўзабаве ўзьняліся там упярэмяшку з полымем слупы чорнага густога дыму. Два слупы расьлі, расплываліся й паўзьлі, пазалочаныя полымем, празь лес на самую Асінаўку. Над Нёманам яны скрыжоўваліся, і іхныя тупыя канцы паволі загіналіся, абдымаючы ўсю балацяную нёманскую дугу – Асінаўку й Забалацьце. Празь некалькі часінаў паветра йзноў скаланулася. Цяжка стагнала пад нагамі расістая зямля й пахла, ападаючы, пярхотнае, уедлівае, прынесенае ветрам гарыва пажару. Гарэлі Стаўбуновічы.

– Цяпер ужо й Бог вялеў... Трэба ратавацца! – сказаў, махнуўшы рукою самому сабе Лявон Гужэвіч, пазіраючы на чорны, выгінасты ў небе крыж дыму.

Людзі йшлі і ехалі. Адны – на захад, другія – на ўсход. Ішлі й ехалі ўмісуські, куды вочы глядзелі. Несьлі й везьлі вялікае гора.

Скрыпеў і Лявонаў панарад. Каціў яго нехаця, вязучы краем дарогі ледзьве жывых асінаўцаў і мяшкі старызны, аднавокі, кульгавы гужэвічаў дэраш. І Лявон не паганяў каня: ат, няхай ідзе, як ідзе, думалася яму: ступою можна часьцей азірацца на Асінаўку, каб спакайней на душы было й каб мацеры ня так моцна трэсьціся на саламяным сяніку.

На ўзгорку, выязджаючы на вялікую дарогу, Гужэвіч суняў дэраша й павярнуўся тварам да балацянай нёманскай дугі – да Асінаўкі. Яе, такой блізкай і роднай, якая гэтулькі вякоў карміла й паіла Гужэвічаў, ня ўбачылі Лявонавы вочы. Не таму, што асталася далёка, не: чорны крыж дыму расплыўся, асунуўся, усмактаўся баляцянай вільгацьцю паветра і, ператварыўшыся ў цьмяное воблака куродыму, ахутаў ня толькі Асінаўку, але і ўсё ейнае навакольле, і тупаваты ягоны клін плыў, як здавалася Лявону, сьледам за ім – на вялікую дарогу. Віднелася адно, палыскаючы чырвоным бляскам сьценаў у касых промнях сонца, высокая цагельня. Стаяла яна наводшыбе вёскі і ўцалела нейкім дзівам, калі нямецкія бомбы мясілі аднаго разу растрэсеную ўцёкамі калёну савецкіх танкаў паабапал грэблі й каля могілак. Але не цагельні шукалі Лявонавы вочы й нават не Асінаўкі, а двух высокіх бацькаўскіх бярозаў на ягоным двары, каб гэтак пазнаць, дзе туліцца ягоная варыўня. І як ён ні ўглядаўся, прыкладаючы да ілба выгарбленыя далоні, так і ня ўбачыў.

– Мар’яна, разьвітвайся зь сялом, – глуха папрасіў Лявон, круцячы зь вялікага жалю каструбаватымі пальцамі левае вуха. – Разьвітайся... Няхай-бы й маці зірнула... За гэтым гарбом ужо ня ўбачым. Бачыш, як яго завалакло?

Мар’яна маўчала, сядзела яна як укопаная, ціснучы хвартухом выплаканыя вочы. Не варушылася й Агапа, толькі часьцей войкала яна й час ад часу ўсё стагнала, відаць, тады, калі ёй вельмі займала духі. Не гаварыў болей і Лявон Гужэвіч. Зьлез з воза, памацаў, абыходзячы панарад, усе колы, патузаў іх за сьпіцы, потым выбраў з-пад хамута дэрашаву грыву, тужэй сьцягнуў супоню і, зьехаўшы з дарогі, каб людзі на яго ня гукалі, суняўся на невялікім травяністым прагалку. Хворая Агапа, усё больш і больш войкаючы, папрасіла вады. Мар’яна вынурыла з хвартуха вочы, выняла з кашаля акручаную кужэльнаю ланцінаю пляшку з вадою і асьцярожна нахінула яе да сухіх, зморшчаных вуснаў Агапы.

– Забыліся-такі... – сказаў, не дагаварыўшы, Гужэвіч самому сабе. – Гэта-ж трэба было забыцца...

– Чаго гэта ты там длубаешся? – азвалася Гужэвічыха, ставячы ў кашэль пляшку з вадой.

– Мяшэчак у варыўні астаўся, – ня кажучы нічога на тое, пра што пыталася Мар’яна, сказаў Лявон. – На паліцы каля дзежкі з жытам.

– Які такі мяшэчак? – перапыталася жонка, неспакойна пазіраючы на згорбленага каля панараду Лявона.

– Мяшэчак зямлі, што каля смуродзін быў набраў. Тутака, от, трэба пашукаць чорнай, гэтая-ж дык нейкая чвыраватая, – атрасаючы, падняўшыся, рукі, адказаў Лявон.

– А варыўню-ж ты хоць замкнуў, каб мяшэчка таго часам ня ўкралі?

– І гэтага не зрабіў. Забыўся. Хто-ж там палезе ў тую варыўню, калі толькі адзін Ахрэм зь дзецьмі астаўся, мусіць, дома. На, от, палажы ў кашэль, зьнізу, каб ня згубілася, – загадаў Гужэвіч жонцы, падаючы ёй у рукі тры жмені чарназёму, насыпанага ў вырваную із штаніны кішаню. Памаўчаўшы, дадаў: – Бачыш, як над Асінаўкай пачарнела?

Зірнулі, перахрысьціліся і ўзьехалі на дарогу. Цяпер Гужэвічы ня былі ўжо ні першымі ні апошнімі. За імі й перад імі йшлі, нясучы клункі, і ехалі, вязучы пасьпехам выхапленае з хатаў, людзі спаленых і патрушчаных вёсак, мястэчак і гарадоў. А над імі – над грымучай дарогай – падымаўся густы жоўты пыл і доўга трымаўся ў паветры.


Перад бурай

Урывак з аповесьці «Голас крыві»

Выехаўшы з двара, Палікар заўважыў, што ня відаць на калёсах торбачкі з полуднем. Можа-б, ён і не заўважыў, можа, і безь яго абышлося-б, каб ня сусед Лукаш са сваёю засьцярогаю:

– На ўвесь дзень хіба? У полудзень-жа, чуў я, будуць гэтыя самыя... каб іх ногі не насілі...

– Буду бачыць, надвор’е ўжо надта добрае, а канюшына адцьвітаць пачынае, – адказаў Палікар. А пазьней, зірнуўшы на калёсы, дадаў: – Не пашанцуе, відаць, забыўся от... Кажуць-жа, што за дурною галавою нагам небалазе...

– Палікар, – гукнула, даганяючы, Тэкля, – што ты сабе думаеш, ня еўшы будзеш, ці што? І няма таго дня, каб не забыўся чаго...

– Э, балазе маеш зачэпку. Гады ў рады трапіцца, а ты – «няма таго дня»... Сама ведаеш, чым галовы нашыя цяпер заняты, – узяў з жончыных рук торбачку і паклаў яе на ахапак сьвежае канюшыны. – А ў хату ўсё-ж зайсьціся трэба: табака на вакне засталася, – глыбока ўздыхнуўшы паветра, неяк глуха, напэўна, згадваючы нешта далёкае, прагаварыў Палікар.

– Я-ж кажу...

– Чуў ужо, чуў, – перабіў жончыну гаворку, – клопат вялікі: у Бога днёў многа, управімся, калі жывы будзем, і памерці не памру, калі адзін раз і бяз хлеба да вечара пабуду, – лагодна пераконваў Тэклю. – А табе кажу: ячмень не перастояў, не сьпяшайся; пабудзь сягоньня каля хаты й ад Віктара не адлучайся на́даўга, бачыш, што яму, беднаму, нездаровіцца, гарачка якая. Заўтра жаць пачнеш, і Алеся тым часам зь места вернецца – будзе на каго й хлапца пакінуць, і хату... – Часіну памаўчаўшы, Палікар сказаў: – Можа часам трапіцца што-якое, наказаць, глядзі, не забудзься...

– З Богам, даражэнькі, спору табе ў працы! Накажу, калі што-якое.

Каб ня гэты полудзень, Тэкля, напэўна, была-б ужо каля ячменю й ці мала-б выжала. Зборы ў яе невялікія: яна яшчэ зь вечара, перад тым, як спаць лажыцца, думае пра заўтрашні дзень і рэчы ўсе спрытоніць напашэве, а гэтым разам, як на тое, Палікар зблытаў сваёю памяцьцю дзённы разрахунак – ізноў думай, каб дзень не прапаў дарэмна, і ня то што дзень (ого, у Тэклі не прападзе ён), а каб і адна часіна на глум не пайшла, не змарнавалася бяз працы. Яна ня ведала пакуль такога выпадку ў сваім жыцьці, а асабліва ад таго часу, калі пабралася з Палікарам, каб разьмінуцца калі, як кажуць, улегцы з днём, насалоды ягонае не адчуўшы. Ніхто, бывала, першым расы не абаб’е за ёю. Што не, то не. За траіх вырабіць. Гэта ня Прузына Нюхаўка: бібікаў біць ня будзе, бяз хлеба седзячы.

– Мамка, – азваўся, войкаючы, Віктар, – перастала балець галоўка, я пайду з вамі.

– Ня можна, сынок, ты яшчэ хворанькі. А я-ж нікуды ня йду, ля хаты буду. Хутка й Алеська прыйдзе, лекаў прынясе табе. Вып’еш, паправішся, вазьму тады й цябе, і Алеську, будзеце снапкі насіць, васількоў нарвіцё. Заўтра будзе цёпленька-цёпленька, і птушачкі засьпяваюць. Засьні, Віцік, засьні, я не забаўлюся...

«Што-ж гэта я сабе думаю? Ужо нець якая пара́, а я таройкаюся, тупаючы ў хаце, – спалохана падумала Тэкля. – Не забаўлюся, Віцік»...

Узяла серп і хуценька выйшла з хаты. У гэтую часіну ўзьле́цела на плот чорная курыца (тая, што мелася быць куранятніцай, але Тэкля перадумала й пасадзіла іншую, белую кашлатку) і, як пявун, засьпявала:

– Кука-рэку!

– Акыш! Ліхенька на тваю галаву, яшчэ чаго не ставала...

Курыца зьляцела з плоту, схавалася пад шырокім густым лісьцем лопуху, і Тэкля адчула, што нешта моцна кальнула ў сэрца. Цяпер яна й сама ня ведала, з чаго пачаць і за што ўзяцца. Думала-такі зажаць ячмень, а тут на табе – і рукі пацяжэлі, цела адолела нязнаная дагэтуль мляўкасьць. Палікарыха абаперлася на вароты, прыжмурыла вочы, і зь ейных вуснаў зьляцеў лёгкі скрыгат зубоў: хацелася прыдушыць тупы боль сэрца й забыцца на раптоўную слабасьць цела, хацелася ўхапіцца за адну якую-небудзь думку, забыцца пра свой гаспадарскі клопат і пра ўсё чутае. Раптам згадала вобраз нябожчыцы-маці і ейныя словы: «Свайго не абыдзеш і не аб’едзеш», але й гэтая згадка мільганула стралою й зьнікла ў мешаніне густога наплыву думак. А думкі ня спыняліся: ішлі ды йшлі, нібы даючы месца новым і больш вартым увагі.

Тэкля чула адно, як падалі на росную мураву гумна першыя ігрушы-скарасьпелкі, чула вясёлы шчэбет птушак у сакавітым зяленіве гумна й другім наваратам прыкры голас чорнае курыцы:

– Кука-рэку!

_________

Буланы ішоў цяжкай ступою, і Палікар не падганяў яго. Нават ніякае ўвагі не зварачаў на язду й пра касьбу, здавалася, забыўся. Нельга сказаць, каб напамінак Лукаша пра «гэтых самых», пра «гасьцей» занепакоіў чалавека. Усе Гарбы чулі й ведалі пра гэта, і яно ўжо ня было навіною. Хто-ж, як не Палікар, прынёс першую вестку людзям? На свае вочы перад гэтым бачыў, як у Вішнёўцы кароў за рогі выводзілі нейкія людзі ў скуранках, а бабы покатам качаліся й валасы на сабе ірвалі. Цяжка сказаць, што спрычынілася да абыякавасьці дагэтуль вельмі руплівага й самага гаспадарлівага ў Гарбах чалавека: ці адчуваньне страху, ці сьведамае разуменьне нямінучае сьмерці бацькаўскага гнязда? А можа, гэта быў той цяжкі стан раўнавагі, страшэнны стан душы, калі чалавек аднолькава прыймае й страх, і радасную надзею, і шчасьце й няшчасьце, і, стаўшы перад воблікам сьмерці, усьміхаецца й разважліва гаворыць: а ты не такая ўжо й страшная, як табе думаецца, і ня радуйся вельмі...Можа, само жыцьцё ёсьць самай страшнай зьявай у сьвеце? Чалавек-жа й раджаецца, і жыве дзеля таго толькі, каб памерці...


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю