355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Уладзімер Дудзіцкі » Напярэймы жаданьням » Текст книги (страница 1)
Напярэймы жаданьням
  • Текст добавлен: 8 апреля 2017, 23:30

Текст книги "Напярэймы жаданьням"


Автор книги: Уладзімер Дудзіцкі


Соавторы: Уладзімер Дудзіцкі

Жанр:

   

Разное


сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 12 страниц)

Annotation

„Збор твораў” Уладзімера Дудзіцкага выходзіць у сьвет упяршыню. Падрыхтаваныя пры жыцьці аўтара два зборнікі „Песьні і думы” і „Напярэймы жаданьням” загінулі. Нават невядома, якія вершы ўключыў паэт у кожны з названых зборнікаў. Прапанаваная чытачу кніга аб’ядноўвае ўсе мастацкія друкаваныя і ненадрукаваныя творы Уладзімера Дудзіцкага, якія на сёньняшні дзень вядомыя рэдактару. Творы Ул. Дудзіцкага падаюцца храналягічна, датуюцца паводле аўтарскай вэрсіі. Час напісаньня некаторых вершаў удакладняўся з улікам публікацыяў і кантэксту. Недатаваныя творы акрэсьліваліся ў часе толькі ў адпаведнасьці з кантэкстам. Калі твор мае некалькі рукапісных варыянтаў, друкуецца той, у якім ёсьць зробленыя аўтарам зьмены і выпраўленьні, або, на думку рэдактара, больш дасканалыя. Калі твор мае рукапісны і друкаваны варыянт, перавага аддаецца публікацыі. (Ад рэдактара, фрагмант)

Уладзімер Дудзіцкі

АД РЭДАКТАРА

Memory

«НЕ КАРАЙ ЗА НЯМУДРАЕ, ОЙЧА МОЙ!»

Коратка аб сабе

ВЕРШЫ. ПАЭМЫ

ПРОЗА

«Даруй, што я плачу...»

Тайніцы Сьляпянскага лесу

УСПАМІНЫ

БІБЛІЯГРАФІЯ І КАМЭНТАРЫЙ

Уладзімер Дудзіцкі

НАПЯРЭЙМЫ ЖАДАНЬНЯМ

Збор твораў

Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва, Нью-Ёрк – 1994

Укладальнік і рэдактар: Лявон Юрэвіч

Бібліяграфія й камэнтарый: Алена Юрэвіч

Вокладку апрацавала: Ірэна Рагалевіч-Дутко

«Прайшлі, прамінулі гады... Зарубцаваліся раны, але ня сплямілася перажытае. Душа беларуса жывучая, ня ўмее маўчаць ні ў часіны радасьці, ні смутку. Яна сьпявае й вядзе напярэймы жаданьням, а жаданьнямі гэтымі ёсьць шчырасьць і праўда жыцьця, ці гэта на Бацькаўшчыне, ці, як суджана ізноў злым лёсам, – на чужыне»

Уладзімер Дудзіцкі

АД РЭДАКТАРА

«Збор твораў» Уладзімера Дудзіцкага выходзіць у сьвет упяршыню. Падрыхтаваныя пры жыцьці аўтара два зборнікі – «Песьні і думы» і «Напярэймы жаданьням» – загінулі. Нават невядома, якія вершы ўключыў паэт у кожны з названых зборнікаў.

Прапанаваная чытачу кніга аб’ядноўвае ўсе мастацкія друкаваныя і ненадрукаваныя творы Уладзімера Дудзіцкага, якія на сёньняшні дзень вядомыя рэдактару.

Творы Ул. Дудзіцкага падаюцца храналягічна, датуюцца паводле аўтарскай вэрсіі. Час напісаньня некаторых вершаў удакладняўся з улікам публікацыяў і кантэксту. Недатаваныя творы акрэсьліваліся ў часе толькі ў адпаведнасьці з кантэкстам.

Калі твор мае некалькі рукапісных варыянтаў, друкуецца той, у якім ёсьць зробленыя аўтарам зьмены і выпраўленьні, або, на думку рэдактара, больш дасканалыя. Калі твор мае рукапісны і друкаваны варыянт, перавага аддаецца публікацыі.

Усе рукапісныя творы Ўладзімера Дудзіцкага захоўваюцца ў архіве Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва (БІНіМ, Нью-Ёрк) і выкарыстаныя пры падрыхтоўцы выданьня вычарпальна.

Рэдактар шчыра дзякуе спадарам Зоры і Вітаўту Кіпелям, якім належыць ідэя стварэньня «Збору твораў» Уладзімера Дудзіцкага, за неацэнную дапамогу на ўсіх этапах падрыхтоўкі, рэдагаваньня і друкаваньня гэтай кнігі.

Слова глыбокай удзячнасьці спадару Яну Запрудніку за ўважлівае рэцэнзаваньне рукапісу і каштоўныя парады пры падрыхтоўцы кнігі да выданьня.

      Рэдактар удзячны спадару Эдварду Касінцу за добразычлівыя адносіны і садзеяньне ў выяўленьні публікацыяў Дудзіцкага, зьмешчаных у рэдкіх і маладаступных пэрыядычных выданьнях, захаваных у зборах беларускай калекцыі Славянскага аддзелу Нью-Ёркскай Публічнай Бібліятэкі.

Вялікі дзякуй тым, хто адгукнуўся на заклік дырэктара Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва спадара Вітаўта Кіпеля і падтрымаў выданьне кнігі матэрыяльна, а таксама ўсім, хто спрычыніўся да вяртаньня ў беларускую літаратуру Ўладзімера Дудзіцкага.

Нью-Ёрк, 1994 г.

Memory

My last memory of Papa is painful to recall as all earlier ones prior to age 16, when, last I saw him. He was on his way to Caracas, Venezuela from Syracuse, New York and I was returning back to high school studies after Easter break, from Syracuse to Bloomington, Indiana. The year was 1968. It all seems another life and such a long time ago.

Life with Papa was never dull, sometimes filled with laughter as his humor was excellent; but mostly difficult because of ghosts which seemed to haunt him. The earliest memories of him include walks along country lanes near our home in Munich, Germany. I would have been aged five to six then. He would recite poetry. Often times his recitation of poetry surely had to do with private anguish or longing, which, as a child, I could not possibly have understood. Nevertheless, I sensed that it was important to him to walk and talk aloud. Perhaps it was a small comfort to him to have had one of his children by his side. I hope it was.

There were christenings and birthday parties attended by the priest, elegantly dressed parents and cleanly scrubbed children – lively gatherings splendidly decorated with exotic foods and lots of drinks. Always the conversations amongst the adults returned to the horrors of World War 2, no matter how jovial our gatherings at home might have been. Adults chasing ghosts while children chased one another, oblivious to all the sorrow in our parents' world.

      Early on, all the children under Papa's roof, Sergei, Lidia, Olga, Vova, Masha and I understood that his disposition was a troubled one. We did not understand why or know what to do to assist. We were children who were growing up with a man who had forgotten how to be a child. Perhaps there was a reason why he chose to forget those very early years of his own life.

It was not until we all grew older that we learned of Papa's professional accomplishments, his love of homeland and private anguish to do with all that happened to him prior to and during World War 2. I do not believe that even today we know the full account of his earlier life.

How could we have known then that he was a man besotted by a complex personal history, which, was intertwined with political events of his homeland? Our mother knew and spared us his torment in hopes that we could simply be children, enjoying the magic of childhood.

He lived his life in exile, which, meant that no matter where else he lived after leaving Belarus, whether Europe, South America or United States, he was a man without his country and never truly at home elsewhere. A man divided between love of family and love of homeland. In the end he chose homeland and so in 1968 began his journey home. I hope he found what he was looking for when he returned. I fear that he did not.

Speaking on behalf of his children, I can say that we are happy for him that his poetry is now to be shared with his countrymen and that the ideals he sought of freedom and nationalism have finally been realized in Belarus. He played a part in that struggle for independence and for that he deserves a moment of recognition. We only wish he could have been part of the later years of his children and now grandchildren. I am certain that his poetry today would include the joy of family – because in the end it is our relationship to one another and to God that truly matters.

Sonoma, California

January 1994 Anya Crain

«НЕ КАРАЙ ЗА НЯМУДРАЕ, ОЙЧА МОЙ!»

Што для Паэта вяртаньне? Прызнаньне? Разуменьне сучасьнікаў і нашчадкаў? Калі Паэт сапраўды вяртаецца? Зь першымі згадкамі і ўспамінамі пра яго, зь першым вершам, які прыйшоў да чытача, пераадолеўшы час і прастору? А можа, вяртаньне пачынаецца пазьней – з захапленьня і радаснага зьдзіўленьня першага крытыка?

Паэт піша для сучасьнікаў, сувязь яго з чытачом – двухбаковая: ня толькі Паэт узьдзейнічае на чытача, але і чытач уплывае на Паэта. Такая ўстойлівая ўзаемасувязь фармуе творчасьць. Калі-ж творы Паэта прыходзяць праз гады да ўнукаў, а дзеці нават ня чулі пра іх, чытачу неабходна вялікая работа пачуцьцяў і думак, каб адкрыць для сябе Паэта, убачыць і адчуць глыбіню і прыгажосьць яго слова.

Паэты вяртаюцца зь нябыцьця, са сховаў і архіваў безаба-роннымі, як немаўляткі, і чакаюць прысуду...

Уладзімер Дудзіцкі...

Нават сёньня, калі, здаецца, ведаем усё пра Тыя часы, лёс паэта кранае па-асабліваму. Нарэшце мы чытаем творы яго сяброў і настаўнікаў, тых, хто разам зь ім быў рэпрэсіраваны, і тых, з кім ён жыў на эміграцыі. І толькі вершы самога Ўладзімера Дудзіцкага, за рэдкім выключэньнем, не знайшлі месца ў беларускай літаратуры на Бацькаўшчыне. Двойчы Дудзіцкі меў падрыхтаваныя да выданьня кнігі, і двойчы яны не пабачылі сьвет. Жыцьцёвы лёс паэта, як вершы яго – трагічны і цэльны ў сваіх імкненьнях служыць Беларусі. І хто скажа, ці адшукаем калі апошнія строфы яго паэзіі і ці спазнаем калі апошнія крокі жыцьця паэта?

Нарадзіўся Ўладзімер Дудзіцкі (сапраўднае прозьвішча Гуцька) 8 студзеня 1911 г. (23 сьнежня 1910 г. ст. стылю) на Меншчыне, у вёсцы Дудзічы былога Ігуменскага павету. У гэтай-жа вёсцы нарадзіўся і паэт Уладзімер Хадыка, а за шэсьць кілямэтраў ад Дудзічаў, на хутары Рудкова, – Сымон Баранавых. З маленства яны былі разам – у навучаньні, у захапленьні роднай літаратурай і мовай, у думках пра будучыню Бацькаўшчыны, у пакручастасьці лёсу.

Сям’я была вялікая: чатыры сыны й чатыры дачкі, змалку ўсе прывучаныя да працы. Бацька памёр, калі Ўладзімеру было два месяцы, гадаваўся ён пры айчыме. Вялікі ўплыў мела на будучага паэта маці, вядомая на ўсю ваколіцу сьпявачка. Духоўная сувязь Дудзіцкага (ад дзяцінства) з маці – наймацнейшая. Менавіта да яе імкнуўся ён думкамі і сэрцам, калі апынуўся за парогам хаты.. Так было і за кратамі Марыінскай турмы і на эміграцыіі.

Ня крыўдуй, дарагая Мама,

наяву і у сьне жывеш ты.

Цяплынёю да сьмерці самай

зьнітавала гадоў маіх рэшту...

................................

Ня журыся. На целе, кажуць,

ня сьціраецца знак радзімы...

Хоць і ўпокат дзе-небудзь ляжам,

але зьблізімся...

Сын Уладзімер


Дудзіцкі вучыўся ў вясковай народнай чатырохгадовай школе, пасьля – у менскай сямігодцы. Тут ён і пачаў свае першыя літаратурныя спробы. Настаўнік беларускае мовы й літаратуры Ігнат Зянько прабудзіў у ім цікавасьць да паэтычнага слова, даваў чытаць кніжкі й ацэньваў вершы Дудзіцкага, што зьмяшчаліся ў школьнай насьценнай газэце. Першы верш называўся «Сьветач», у ім гаварылася пра значэньне навукі, пра імкненьне паэта пазнаць навакольны сьвет.

Яшчэ ў сямігодцы Дудзіцкі друкаваў зацемкі й артыкулы з вучнёўскага жыцьця, народныя песьні, прыказкі, прымаўкі ў розных беларускіх газэтах, актыўна працаваў у літаратурным гуртку пры клюбе чыгуначнікаў у Менску, якім кіраваў настаўнік Васілёнак. Тут праводзіліся тэарэтычныя й практычныя заняткі і выдаваўся на шклографе часапіс «Першыя крокі». Да гурткоўцаў прыходзілі Міхась Зарэцкі, Міхась Чарот, Валеры Маракоў, Тодар Кляшторны. Тут, у клюбе чыгуначнікаў, ладзіліся літаратурныя вечарыны, чыталі свае вершы вядомыя пісьменьнікі і пачаткоўцы.

Пасьля сямігодкі, у 1927 годзе, Дудзіцкі паступіў у Менскі Беларускі Пэдагагічны Тэхнікум імя Ўсевалада Ігнатоўскага. Тут вучыліся амаль усе беларускія пісьменьнікі першых парэвалюцыйных дзесяцігодзьдзяў. Нездарма Белпэдтэхнікум называлі «Беларускім Ліцэем», у ім бурліла й крынічыла творчая праца, панаваў дух беларускага нацыянальнага адраджэньня, ішла плённая асьветніцкая дзейнасьць. Студэнты мелі добрых настаўнікаў: гісторыю выкладаў пэўны час сам Усевалад Ігнатоўскі, беларускую мову – аўтар падручнікаў беларускага правапісу і граматыкі, выдатны мовавед Язэп Лёсік, мэтодыку беларускай мовы – аўтар першага падручніка па мэтодыцы беларускай мовы Якуб Колас. Апрача насьценнай газэты, у Тэхнікуме выдаваўся літаратурны часапіс «Крыніца», які стаўся сапраўднай крыніцай беларускае паэзіі. Часапіс гуртаваў усе маладыя літаратурныя сілы і ўзгадоўваў будучых вядомых беларускіх пісьменьнікаў. На літаратурных вечарынах, якія былі ў Тэхнікуме звычайнай зьявай, выступалі старэйшыя паэты, сярод іх – Янка Купала, Якуб Колас, перад імі чытаў свае першыя вершы Ўладзімер Дудзіцкі.

Пад канец 1920-х гадоў усякае праяўленьне нацыянальнай самасьвядомасьці бязьлітасна каралася і выкаранялася бальшавікамі. У выніку жорсткай барацьбы савецкай улады з нацыяналізмам усе народы СССР страцілі свае самыя лепшыя інтэлектуальныя і творчыя сілы. Шырокая хваля нацыянальнага адраджэньня спалохала ўлады Беларусі. Першы ўдар быў нанесены па беларускай інтэлігенцыі, дзеячах беларускай культуры й навукі. Ахвярамі рэпрэсій сталі таксама выкладчыкі (Усевалад Ігнатоўскі, Язэп Лёсік і многія іншыя) і студэнты Белпэдтэхнікуму. Разам зь іншымі маладымі беларускімі пісьменьнікамі, сярод якіх былі Сяргей Астрэйка, Лукаш Калюга, Сяргей Русаковіч, Уладзімер Дудзіцкі быў выключаны з Тэхнікуму з «воўчым білетам» як «нацдэм».

Бацькі арыштаванага раней Антона Адамовіча прытулілі Дудзіцкага і яго сяброў. Пра гэты трывожны час, пра гэты гасьцінны дом на вуліцы Гарбарнай успамінаў пазьней паэт у вершы «На папялішчы руж», прысьвечаным Сяргею Астрэйку, аўтару паэмы «Бэнгалія», якая, па сьведчаньню Дудзіцкага, у першай рэдакцыі мела назву «Смарагды кроз».

Зіхцяць «Смарагды кроз»

на сьцежках долі карнай.

І сум бэнгальскіх рос

над вуліцай Гарбарнай

п’е чару горкіх сьлёз

із поўсьці ночы хмарнай...


Тут, у доме Адамовічаў, хлопцы мелі магчымасьць пазнаёміцца з рукапіснымі творамі Ўладзімера Дубоўкі, Язэпа Пушчы, Адама Бабарэкі, Уладзімера Жылкі і іншых, а таксама з багатай бібліятэкай, у якой былі ўсе забароненыя бальшавікамі беларускія выданьні. На іх грунтавалася далейшае сталеньне «выгнанцаў» з Тэхнікуму. Празь лісты, якія даходзілі з высылак і турмаў да маці А. Адамовіча, паэты яшчэ больш зацясьнялі духоўную лучнасьць са сваімі папярэднікамі, яшчэ больш крытычна ставіліся да палітыкі ўлады. У гэтым зацішным кутку, пад чулай і клапатлівай апекай, разгортваў свае творчыя крылы Дудзіцкі. А куток сапраўды быў абвеяны духам паэзіі й літаратурных традыцыяў...

«Пасьля доўгага й паўгалоднага бадзяньня», як пазьней узгадваў Дудзіцкі, у 1929 годзе яму ўдалося пры дапамозе Лукаша Калюгі і Уладзімера Хадыкі ўладкавацца на працу – стыльрэдактарам газэты «Савецкая Беларусь» і перакладчыкам у Навукова-Тэхнічным Выдавецтве Беларусі. Адначасова ён вучыўся на літаратурна-лінгвістычным факультэце Вышэйшага Пэдагагічнага Інстытуту. Здавалася, жыцьцё пачынала наладжвацца. Але... «пласьмя на мур упала, засталося юнацтва, выпітае ў турме...»

Прадчуваньне арышту набывала ўсё больш і больш рэальныя абрысы. «Старога, згорбленага вайною пад самаварнаю Тулаю гаспадара мае кватэры арыштавалі; Хведара, суседа маіх бацькоў, і бацьку сябра Пятруся выгналі з хаты й завезьлі ў шматнацыянальны Котлас; маці-ж мая наказала людзьмі, што "забралі з млыну старэйшага брата Рыгора" і што ён – "як у воду кануў"...» («Успаміны»)

Турмы й высылкі запоўніліся «простымі» людзьмі, такімі, якіх сустрэў Дудзіцкі сярод турэмных асельцаў і партрэты якіх намаляваў, мабыць, у адным зь першых беларускіх раманаў (нажаль, ненадрукаваным і незакончаным) пра савецкія канцэнтрацыйныя лягеры: Мікіта Бурболік – стары ганчар з-пад Таўкачэвіч, аднавокі дрывасек Сялівон, гарбар Калоша, лекар Юдовін, настаўнікі Якуб Церабелец і Цімох Баравец, шацкі рыбалоў Гарбун, садавод Міхал Сырадой зь Вільшчыны.

«Жарты-жартамі, а праўда – чамярыца зь перцам: далёка даўнейшаму да нашага цяперашняга. Даўней (да слова прыйшлося) балацяная Ігуменшчына на пальцах сваіх рыштантаў лічыла, і ўсе брытыя ілбы нешта каля паўгода Кацярынінскім трактам у Сібір пхнуліся, а цяпер і хаты нямашака бяз рыштанта, і дарогі да пядзі ўкараціліся: на месцы людзі ў турэмны сацыялізм паволі ўрастаюць...» («Успаміны»)

Уначы з 22 на 23 лютага 1933 году Дудзіцкі быў арыштаваны НКВД і атрымаў тры гады канцэнтрацыйнага лягеру. Тады-ж быў зьнішчаны і першы яго зборнік – «Песьні і думы».

«Дарэмна цягнула да сяброў. Мы сустрэліся ў сівых скляпеньнях муроў: нас зьвёў суровы лёс жыцьця, жыцьця, якое ішло "от Москвы до самых до окраин"...

Дажджлівым вечарам, у жаўталістую, рудую восень 1934 году, "сацыялістычная індустрыя" імчала нас у далёкія пусткі Сібіру.

Пад грукат калёс, нібы ў вадказ на іронію лёсу, склаліся ў радкі вершу словы:

Я пазнаў і Эўропу, і Азію,

і Аўстралію вызнаць ’шчэ мусіў...

Пустка сэрца маё ўразіла,

не пазнаў што як сьлед Беларусі».


Так менавіта «ў няволі й на выгнаньні», як акрэсьліў гэты пэрыяд свайго жыцьця Дудзіцкі, пачалі складвацца вершы, у якіх ён спрабаваў асэнсаваць, што адбылося зь ім, завошта так пакараны:

Ня украў, не зьнявечыў нікога,

толькі тое у думках было,

каб народу закутага скогат

уняць лекамі дум і слоў...


А самае істотнае – турбавалі думкі, што будзе далей:

Заўтра, пэўна, вятры закалышуць

на чужыне нялюбай мяне.


Якое нязвычайнае паэтычнае прадбачаньне свайго будучага, праз гады, трагічнага лёсу!

Кару Дудзіцкі адбываў у Новасібірску і Марыінску. Пасьля трох гадоў канцэнтрацыйнага лягеру быў сасланы на два гады ў Сярэднюю Азію. Там ён жыў да канца 1937 году ў Ташкенце, адкуль быў вызвалены датэрмінова з прычыны цяжкай хваробы – малярыі.

Па дарозе на радзіму Дудзіцкага абакралі, згінуў пашпарт. На станцыі ў Менску ён быў зноў арыштаваны. У НКВД яму загадалі на працягу 24 гадзін выехаць у Барысаў або Віцебск. Дудзіцкі выбраў Віцебск. Пэўны час працаваў у газэце «Віцебскі Пралетары», а потым да канца 1940 году выкладаў беларускую мову й літаратуру ў розных навучальных установах Віцебска, але хутка быў звольнены з пасады настаўніка, «як не патрапіўшы забясьпечыць партыйнасьць у выкладаньні мовы і літаратуры».

Нарэшце Дудзіцкаму ўдаецца вярнуцца ў Менск. Тут пры дапамозе А. Калубовіча ён знайшоў працу ў часапісе «Савецкая Школа», але празь месяц па загадзе наркома асьветы яго звольнілі як «ворага народу». Зноў беспрацоўе. Пасьля доўгіх пошукаў Дудзіцкі трапляе на працу ў Вэтэрынарны Тэхнікум у вёсцы Курасоўшчына каля Менску, дзе яго і засьпела вайна.

Пачынаўся новы віток жыцьця – надзей, пошукаў, выбару...

Уладзімер Дудзіцкі неаднаразова і падрабязна аналізаваў у сваіх артыкулах выкліканыя гаспадараньнем савецкай улады разбурэньні ў эканоміцы і культуры Беларусі. Цьвяроза ацэньваючы ўрон, нанесены ў мінулым беларускай зямлі як польскім, так і расійскім панаваньнем, шкоду палянізатарскай палітыкі адных і русыфікатарскай другіх, Дудзіцкі, разам з тым, з болем гаварыў пра катастрафічнасьць і непапраўнасьць таго, што зроблена на Беларусі Саветамі – уладай «чужынцаў», «катаў», якая «ўціскае скрытна карак у ярмо». «Рэч у тым, што беларуская зямля, якая ў сваёй мінуўшчыне ніколі ня бачыла прасьветнае часіны, будучы пад пятою розных прыгнятальнікаў, гэтым разам трапіла ў рукі самых вялікіх прыгнятальнікаў у сьвеце, самых зацятых ворагаў беларускага народу – бальшавікоў, якія, крычучы пра аднаўленьне разбуранага войнамі краю, а на самай рэчы ністожачы ягоныя векавыя набыткі, упрэглі беларускі народ у ярмо непасільнае працы й празьмерных вызыскаў...» («Бацькі й дзеці»)

Зьнішчэньне векавых набыткаў для Дудзіцкага – гэта закабаленьне селяніна, адлучэньне земляроба-гаспадара ад зямлі, улада «пустадомкаў», руйнаваньне традыцыйных асноў сямейнай і грамадскай маралі, пераемнасьці пакаленьняў, выхаваньне людзей-манкуртаў – без каранёў, без гістарычнай памяці, прыніжэньне нацыянальнай годнасьці, глумленьне над роднай мовай, выкараненьне нацыянальна-сьведамай і ведамай народу інтэлігенцыі, вынішчэньне здабыткаў матэрыяльнай і духоўнай беларускай культуры. («Гістарычная дата», «Сьлядамі гадоў»)

Пра зьнішчэньне спраўнага селяніна-гаспадара, разбурэньне родных селішчаў неаднаразова гаварыў Дудзіцкі ў сваіх творах. Адчуваньнем нямінучай трагедыі, непазьбежнасьці пагібелі наладжанай вякамі і пакаленьнямі гаспадаркі вее са старонак незакончанага раману «Перад бурай». Нямнога знойдзецца мастацкіх твораў, дзе-б з такой сілай, скупымі выяўленчымі сродкамі быў намалявяны апошні звычайны дзень, на які ўжо насунуўся цень катастрофы.

І як спадзяваўся, верыў Дудзіцкі, што знойдуцца, згуртуюцца маладыя сілы, якія вызваляць Беларусь ад улады чужынцаў!

Сягоньня разгон хай няпоўны яшчэ,

ён заўтра патроіцца, потым...

ушчэнт чужаніцы ярмо расьпячэ,

муры, зьнітаваныя потам.

І песьні нялюбае голас чужы

мінуўшчынай стане заклятай,

адно застануцца нам сьведкай крыжы —

ліхая за шчырасьць адплата.

«Па-над кручай»


У «Сьне Зьнябыціча» – своеасаблівай містэрыі, уключанай ва «Ўспаміны», пэўным парафразе паэмы С. Астрэйкі «Смарагды кроз», Дудзіцкі адкрыта гаварыў пра адказнасьць сучасьнікаў, заклікаў ратаваць Радзіму:

«...Прадзед Лукаш узяў мяне за руку й падвёў да вакна:

– Бойся Бога, праўнук, і не гняві мае крыві, – глуха сказаў ён, паказваючы на вялікі квяцісты сад. – Хто дазволіў гэтым людзям глуміцца над сьвятымі дарамі? Хіба-ж не абліваецца крывёю сэрца тваё, гледзячы, як валяцца пад сякерай на грэшную зямлю поўныя жыцьця й соку моцныя маладыя дрэвы? Кайся, мой праўнук!»

Свае спадзяваньні на адраджэньне дзяржаўнасьці Беларусі Ўладзімер Дудзіцкі зьвязаў з тымі пераменамі, што прыйшлі на яго зямлю ў 1941 годзе, хаця добра разумеў, што «рана струны душы лашчыць музыкай часу, песьняй дзікаю зброі сталёвай і пад радасьць чужую далонямі пляскаць». Але другога выйсьця ён ня бачыў: надзеі на самавызваленьне Беларусі ўжо ня было. Ня было й выбару – «шлях зусім вузкі». Пазьней, зьвяртаючыся да Нямеччыны, ён жорстка гаварыў пра тых, «хто учора за сьпінай нашаю нашай сьмерці каваў нажы», «лашчыў сэрца сьмяротным прысакам на ўзьвівах свае вясны, каб ня сьмелі узьняцца высака залатыя у песьнях сны», хто «пакалечыў так зманнай веліччу сьвежы полыск людской зары» і «надзеі у грудзях матчыных хто зьняважыў – на глум атрос?..» Няспраўджаныя надзеі не адзін раз адгукаліся потым у вершах Дудзіцкага горкімі радкамі.

А пакуль што ён кінуўся ў культурна-асьветніцкую і выдавецкую дзейнасьць, дазволеную на акупаванай тэрыторыі. Быў адным зь першых арганізатараў «Беларускай Газэты», працаваў загадчыкам Аддзелу Культуры і Асьветы ў Менску і Менскай акрузе, акруговым школьным інспэктарам у Барысаве, рэдагаваў ваенны часапіс «Беларус на варце». У гэты-ж час закончыў паэму «Клятва духу», падрыхтаваў да друку новы зборнік паэзіі «Напярэймы жаданьням» і зборнік апавяданьняў. Некаторыя творы тых часоў Ул. Дудзіцкі падпісваў як Мікола Дварэцкі.

Шмат сіл і часу аддаў Дудзіцкі Беларускаму Культурнаму Згуртаваньню – легалізаванай арганізацыі, якая павінна была ўзначаліць справу Вялікага Нацыянальнага Адраджэньня. У сваёй культурна-асьветніцкай дзейнасьці ваеннага пэрыяду Дудзіцкі кіраваўся наступным пастулятам: «Нацыянальная культура народу ёсьць крыніцай ягонае духовае моцы. Гэта той Праметэеў агонь, які дало нам само неба. Калі гэтая крыніца высыхае, калі гэты агонь гасьне, тады параліжуецца розум народу і перастае біцца ягонае сэрца. Згуба свае роднае культуры, замена яе чужой, азначае сьмерць народу. Ён ужо тады ня ёсьць раўнапраўным сябрам у вагульнай сям’і народаў і робіцца нявольнікам чужое культуры. А за культурнай няволяй, як няўхільны вынік яе, наступае і няволя палітычная. Гісторыя ўсіх народаў сьвету павучае нас, што яны за найвышэйшы свой скарб уважалі родную культуру і таму ня толькі рупіліся аб яе захаваньні і разьвіцьці, але і аб пашырэньні між іншых народаў. А з культураў асобных народаў складаецца культура чалавецтва. Народ, які ў гэтую агульную скарбніцу нічога свайго ня ўносіць, спатыкае толькі пагарду».(«Беларускае Культурнае Згуртаваньне»)

Узначальваў Беларускае Культурнае Згуртаваньне літаратар Аўген Калубовіч, у склад Цэнтральнага Ўраду Згуртаваньня ўвайшлі ведамая паэтка Натальля Арсеньнева, рэжысэр і актор Вечаслаў Сялях, кампазытар Мікола Шчаглоў, паэт Уладзімер Дудзіцкі, этнограф Антон Шукелайць. Рэдактарам узноўленага літаратурна-мастацкага часапісу «Ўзвышша» быў абраны ведамы беларускі публіцыст і пісьменьнік, былы «ўзвышэнец» Юрка Віцьбіч. Вакол БКЗ гуртаваліся дзясяткі беларускіх дзеячаў культуры: пісьменьнік Янка Ліманоўскі, кіраўнік народных хораў Аляксандр Ягораў, кампазытар Рыгор Самохін і іншыя. («На тле зруйнованых сьвятынь»)

Дудзіцкі спадзяваўся, што БКЗ зьбярэ ўсіх беларускіх творцаў як старэйшага, так і маладзейшага пакаленьня. Узначаліўшы аддзел прапаганды беларускае культуры, ён скіраваў усю сваю ўвагу на тое, каб узнавіць у памяці і сьведамасьці нашага народу вялікую культуру мінуўшчыны і вялікія гістарычныя традыцыі. Імёны слаўных сыноў Крывіччыны-Беларусі, якія стварылі няўміручыя помнікі нацыянальнае культуры – Францішка Скарыны, Льва Сапегі, Кастуся Каліноўскага, Францішка Багушэвіча, Ядвігіна Ш., Алеся Гаруна, Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Цішкі Гартнага, – нязьменна паўтараюцца ў яго артыкулах. («За культуру і асьвету», «Гістарычная дата», «Янка Купала»)

Галоўны клопат Дудзіцкага – нацыяняльная школа, навучаньне дзяцей на роднай мове. Сваё разуменьне сыстэмы народнай адукацыі ён грунтуе на гуманістычных высновах пэдагогаў-рэфарматараў і нашых вялікіх продкаў – Францішка Скарыны, Лаўрэнція Зізанія, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, Мілеція Сматрыцкага, Сымона Полацкага, – імкнецца ажыцьцявіць іх пэдагагічныя ідэі ў школьнай практыцы. Значна пазьней у радыёперадачы, прысьвечанай Яну Амосу Каменскаму, Дудзіцкі абагульніў свае ўяўленьні пра навучаньне і выхаваньне моладзі ў нацыянальнай школе. («Пэдагагічныя ідэі Яна Амоса Каменскага. Да 370-й гадавіны з дня нараджэньня»)

І зноў новы жыцьця віток... Перад Уладзімерам Дудзіцкім паўстае пытанне:

Ісьці ці застацца? Пайду...

Іду.

Супыняюся і...

застаюся.

Што-ж цяпер мне,скажы, рабіць,

аставацца ці зь імі разам?..

Заставацца – небясьпечна,

а пайсьці – бліжэй да згіну.

Сьмерць жыўцом хутае плечы,

уціскае ў дамавіну...


Стаўленьне Дудзіцкага да неадваротнасьці эміграцыі, да адлучэньня ад Бацькаўшчыны – не ўспамін пра ранейшыя крыўды й шкадаваньне сябе, ня спроба неяк (і ў чым ?!) апраўдацца: «Гавару ўсім ім: "Не баюся пазіраць у вочы Беларусі"...»

Але што нясе заўтрашні дзень:

Яшчэ адзін паставіў крок ты...

Куды? – наперад ці назад?

Скрыпяць пад дахам новым кроквы

твайго прытулку, азіят.

Мінецца хмель п’янкі удачы,

бы хваль халодных пругкі бег.

Пачаткам заўтрашняга плачу

здаецца сяньняшні твой сьмех...


Пацягнуліся нялёгкія эмігранцкія шляхі – праз Эўропу, Паўднёвую і Паўночную Амэрыку... Лёс кідаў яго зь Беларусі ў Нямеччыну, Аўстрыю, Гішпанію, Вэнэцуэлю, Злучаныя Штаты Амэрыкі. Мала ведама пра жыцьцё Дудзіцкага на эміграцыі. Вядома, што ён быў кіраўніком ініцыятыўнай беларускай нацыянальнай групы ў Вэнэцуэлі, потым – старшынём Часовае Ўправы Аб’яднаньня Беларусаў Вэнэцуэлі. Пэўны час працаваў у Беларускай Рэдакцыі Радыя «Вызваленьне». Пісаў вершы, мастацкую прозу, успаміны. Друкаваўся нячаста і нерэгулярна. І – вельмі сумаваў па Беларусі. Настолькі, што недзе ў 70-х паехаў на радзіму. І згінуў. А мо – загінуў?

Ва ўсякім выпадку, для чытачоў на Беларусі ён загінуў у 40-я. Бо савецкія ўлады рашуча, зь вялікім майстэрствам выкрэсьлівалі зь літаратуры і з памяці тых, хто адмаўляўся супрацоўнічаць зь імі, і ў першую чаргу пісьменьнікаў-эмігрантаў. Заслона сапраўды была жалезная.

Наша стагодзьдзе – стагодзьдзе выгнаньнікаў. Колькі таленавітых, выдатных пісьменьнікаў, вучоных, артыстаў, мастакоў вымушана было падацца на эміграцыю! Эміграцыя – заўсёды трагедыя, для пісьменьніка – трагедыя ўдвая. Яго страты самыя вялікія, бо ён губляе чытача. Аднак з часам адным удаецца прыняць чужую культуру, увайсьці ў яе, другія знаходзяць свайго чытача ў эміграцыйным асяродзьдзі, але большасьць пісьменьнікаў і ў думках, і сэрцам застаецца там, на Радзіме.

Аднак ня трэба паглыбляцца ў сугэстыўнасьць, каб, вымавіўшы «эміграцыя», адчуць – «настальгія». Сум па Бацькаўшчыне – цэнтральная тэма паэзіі замежжа. Натуральна, яна не выяўляецца – скрозь і толькі – у суме, успамінах, асабістым пачуцці страты. Яе голас мяняецца ад шчымліва-журботнага ў лірычных вершах, апісаньнях прыроды да зьдзеклівага – у сатырычнах і поўнага ўсьведамлення ўласнай годнасьці – у гістарычных. Настальгія – гэта і боль празь немагчымасьць вярнуцца, і няпрыняцьце ўлады, і самотнасьць у сьвеце, такім дзіўным і чужым, і – знойдзеныя ў маленстве суніцы, і парэпаныя ногі вясковай дзяўчыны.

Уладзімер Дудзіцкі пражыў на чужыне чвэрць века. Разам зь іншымі ён прайшоў усе этапы эмігранцкага быцьця. Але пачуцьцё выгнаньніка апанавала ім значна раней. Пачалося зь дзяцінства – раньняе сіроцтва, раньні арышт, турма і высылка: Марыінск, Новасібірск, Ташкент... Так рана, што паэту часам здавалася, быццам ён заўсёды ў выгнаньні:

Ня першы раз і не апошні, мусіць,

баліць душа, і рады не дасі.

Сьніцёся мне вы, рэкі Беларусі,

і ты, журботная вазёраў сінь...


Так гаварыў паэт у 1933 годзе, і так – у 1945:

Са мною ты на яву і ў сьне,

мой родны край, блізкі і блізка...

Табой жыву. Малюся, як вясьне.

Ты – песьняў-дум найлепшая калыска.

Нідзе, я ведаю, сябры, нідзе

ня знойдуць лепшага у сьвеце вочы...


Самотнасьць, маркота для Дудзіцкага – ня «модная» літаратурная тэма, не даніна літаратурнай традыцыі, а звычайны штодзённы духоўны стан чалавека. Ды і як можа быць інакш, калі вакол «каля сьценаў... цені – адзіноты і суму пакутнага звыклыя, блізкія госьці». Нездарма так часта бачым на старонках рукапісаў паэта накрэсьленае: «Адзін»...«Адзін»...«Адзін»...

Комплекс выгнаньніка акрэп на дарогах Эўропы, а потым Амэрыкі, што прынялі пад ахову, але не далі супакою. У якіх толькі метафарычных увасабленьнях не ўяўляецца У. Дудзіцкаму выгнанец: «Бяздомны сын», «як той колас, вятрамі падбіты», «зерне на таку», «як той колас у полі», «прывід у начы». Ды й як можа быць інакш, калі здаецца, што «у глыбокім моры нейкім ты жывеш адзін». Ці не таму так ня любіць У. Дудзіцкі вецер, звыклы персанаж сваёй паэзіі, што той лёгка гоніць «чалавека без каранёў».

Час як катэгорыя для шмат якіх эмігрантаў – разарваны. Яны ня проста жывуць у двух часавых прамежках – мінулым і сапраўдным (для большасьці паваенных эмігрантаў ня было ўсьведамленьня будучага). Мінулае ня сыходзіць у нябыт, а існуе ў сёньняшнім, прарастае ў ім. Павялічваецца часавая дыстанцыя, і жыцьцёвы пачатак усё больш абвострана ўяўляецца як адзінае сьветлае – вечнае і прыгожае. Сёньняшняе ня ўспрымаецца з-за яго чужасьці, а наступнае – безнадзейнае. Уладзімер Дудзіцкі неаднаразова зьвяртаецца ў вершах да гэтае тэмы – разарванасьці чалавечага лесу.

Перада мной – прастор нябёс,

чужы, халодны і нялюбы.

Які-ж вар’ят сюды прынёс

мяне на зьдзек людскі, на згубу?

     «Перада мной..»

Кірунак захадні – зусім чужы,

усходні гэтакі-ж. Усе чужыя.

Над першым навальніца ўсё дрыжыць,

па-над другім – зьвяр’ё начамі вые.

«О родны край»

     Мінуў усходнюю чуму —

на сьцежках захадняя стала

і сушыць косьці рук і ног.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю