Текст книги "Замалёўкi (на белорусском языке)"
Автор книги: Сергей Давидович
Жанр:
Научная фантастика
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 10 страниц)
Рос ён па такой ядзе слаба, таўсцеў – яшчэ слабей, мог праз плот працiснуцца i не ўшчамiцца.
Восенню крапiва пайшла "на адпачынак", лушпаяў было мала, ды i не цярпелася хутчэй скабку абсмактаць – таму абкацiў тата парсючка i закалоў яго. Шкада было, ды такая ўжо свiнячая доля.
Але не сала i не скабкi мне запомнiлiся, хоць у маiм жыццi гэта быў самы першы, а таму – самы смачны парсючок. Запомнiлася другое. Аказваецца, з парсючка можна зрабiць не толькi прысмакi, але i цiкавую, мала каму вядомую цацку.
Разрэзаўшы парсючку падбрушша i выцягнуўшы ўнутранасцi, тата нам кажа:
– Зараз, дзеткi, я вам шарык надзьму, нясiце хутчэй нiтку!
Знайшоў сярод кiшак нейкую пляву, асцярожна дастаў яе.
– Гэта посiк! – i пачаў яго надзьмуваць...
Гэта быў мачавы пузыр, але яго чамусьцi ў нашай вёсцы называлi адным словам "посiк". Калi ён яшчэ свежы, цёплы, то вельмi мяккi, эластычны i пры надзьмуваннi расцягваецца, як сапраўдны паветраны шарык, толькi шараватага колеру.
Тата яго надзьмуў, моцна завязаў нiткай i павесiў над печчу, папярэдзiўшы нас, што чапаць яго, пакуль не высахне, нельга.
I сапраўды, назаўтра, калi высахла слiзь, ён зрабiўся лёганькi i амаль зусiм белы, з ледзь бачнымi пражылачкамi. Калi па iм цiхенька стукнуць пальцам, ён гулка адзываўся, як барабан.
Той, першы ў маiм жыццi, паветраны шарык быў недаўгавечны – хутка патрэскаўся i развалiўся на кавалачкi.
ПАМЁР СЯРОЖКА...
Памёр Сярожка... Памёр мой родны брацiк, калi я яшчэ не з'явiўся на гэтым цудоўным i пакутлiвым свеце...
Ён быў восьмы, магчыма – апошнi ў нашай сям'i.
Няўжо ён, маленькi – да годзiка, "саступiў" мне дарогу, падараваў жыццё, сышоўшы ў магiлку?..
Калi нарадзiўся я, мама перадала мне iмя той папярэдняй крывiначкi, якая скацiлася ў родную зямлю, i ад гэтай зямлi жывым мяне не адарваць.
А цi ж лёгка мне несцi крыж свой i таго Сяргейкi, якому не суджана было цешыцца i сумаваць, смяяцца i плакаць, любiць i яшчэ тысячы разоў любiць тое, што завецца жыццём...
Калi нарадзiўся я, суседкi абуралiся:
– Зося! Што ты робiш? Цi ж можна даваць народжанаму iмя таго, хто перад iм сышоў у зямельку? Дрэнная прыкмета!..
Малайчына мама! Не пабаялася i не памылiлася!
Жыву ж я, дзякуй Богу, больш за паўвека, i ў маiм сэрцы жыве той маленькi Сярожка, чыё светлае iмя я нашу.
ПАГАРЭЛЬЦЫ
Пасля вайны ўсiм жылося нялёгка. А чаму ж нам, нашай сям'i, спытаецеся вы, было найгорш за ўсiх? Можа, я трошкi перабольшваю, каб выклiкаць у вас спачуванне? Не! Наадварот, я пазбягаю закранаць тыя зусiм жахлiвыя, неверагодныя цяжкасцi, якiя сапраўды амаль немагчыма ўявiць. На мой погляд, я апiсваю звычайнае пасляваеннае дзяцiнства, тыя маленькiя кавалачкi жыцця, якiя, дзякуй Богу, высветлiлi промнi памяцi.
Дык чаму нам жылося ў тых жа Будах горай за ўсiх? Таму, што пасля сканчэння вайны ў Беларусi былi тры катэгорыi гаротных людзей, якiя адрознiвалiся адзiн ад аднаго даволi значна. Першая катэгорыя – гарадскiя жыхары, другая – вясковыя. А ўжо з вясковых жыхароў вылучалiся самыя найгаротнейшыя людзi i пагарэльцы.
Уявiце чалавека, якi пасля вызвалення родных мясцiн вярнуўся на сваю сядзiбу, у сваю ацалелую хату. Запусценне, бедната, голад. Але, з другога боку – дах над галавой, нейкiя чарапы, нейкае адзенне, тапор, рыдлёўка, лыжка, мiска. Зноў ты хоць i бедны, а гаспадар, табе ёсць з чаго пачынаць, ёсць ад чаго адштурхнуцца.
А цяпер уявiце пагарэльцаў – нас, напрыклад. Немцы наляцелi ў вёску, калi мы яшчэ спалi, пазганялi ўсiх у свiран у чым былi. Як мы засталiся жывымi адзiн Бог ведае. Вёску з усiм нашым небагатым скарбам спалiлi. I сёння яшчэ выворваецца i аплаўленая цэгла, i аплаўленае шкло...
Частку вайны мы прагаравалi з партызанамi, было страшна, але ж i нейкi булён перападаў. Потым на Палiку трапiлi з партызанамi ў акружэнне ратавалiся хто як мог. Ляцелi па лясах па каленi ў крывi. Што мы мелi, вярнуўшыся ў родную Карпiлаўку пасля яе вызвалення? Акрамя вошай, якiя вiселi на нас шышкамi, – нiчога! Вугельчыкi ад нашага дома i тыя параслi крапiвой i палыном. З вялiкай цяжкасцю мама, без рыдлёўкi, ледзь не зубамi, выкапала зямлянку, у якой, акрамя яловых лапак, нiчога не было.
Вярталiся суседзi, хто выжыў, i таксама, як краты, зарывалiся ў зямлю.
А чым кармiць дзяцей? Мама хадзiла па навакольных няспаленых вёсках прасiла ў людзей лушпаi ад бульбы, – людзi давалi гэтыя лушпаi, бо мама казала, што дзецi памiраюць з голаду. Гэтым i ратавалiся ад смерцi.
З такiм багаццем мы перабралiся ў Буды, дзе пасялiлiся ў гнiлы, дзiравы калгасны трысценак. Але гэта ўжо была не зямлянка, можна рызыкнуць i зiмаваць. Разжыцца было вельмi цяжка. Калгас нiчога не плацiў за працу, лесу, каб пабудавацца, не даваў, насення не было. А няма насення – няма i ўраджаю, няма ўраджаю – зноў голад...
Выручалi сваякi, якiя жылi ў Менску, – аддавалi рознае непатрэбнае адзенне. Iм яно было непатрэбнае, нам – шык.
Вярнуўся з вайны тата, прывёз адзiны трафей – нямецкi гармонiк. Гэты гармонiк нас калi-нiкалi выручаў. Жыццё не супынiлася, людзi жанiлiся, моладзь хацела танцаў, а без гармонiка – што за вяселле, што за вечарынка? Тата быў надзвычай здольным гарманiстам, ён быў нарасхоп. З вяселля ж ён вяртаўся дамоў – з кавалкам хлеба i са шматком сала.
Вось так памаленьку мы, пагарэльцы, карабкалiся з нястачы, намнога адстаючы ад астатнiх.
ПЫТАННЕ
Вайна не шкадавала нiкога. У яе пражорлiвым полымi загiнулi мiльёны людзей i старых, маладых, дзяцей...
За пасляваенныя дзесяцiгоддзi да тых загiнуўшых мiльёнаў далучылiся i працягваюць далучацца новыя мiльёны ненароджаных людзей, якiя застаюцца ўмоўнымi неадушаўлёнымi лiчбамi, няздольнымi прадоўжыць род чалавечы. Лiк ненароджаных, а значыцца, забiтых, павялiчваецца ў геаметрычнай прагрэсii, канца гэтаму не будзе. Вось што такое вайна...
Усе гады свайго жыцця я шукаў адказ на адно пякучае пытанне: чаму нас, карпiлаўцаў, немцы сагналi ў калгасны свiран, каб спалiць, як спалiлi Лясiны з iх ста дваццаццю сем'ямi, але ў апошнi момант прапусцiлi скрозь рады кулямётаў i далi магчымасць пайсцi ў лясы? Вёску спалiлi, а людзей выпусцiлi... Чаму пашкадавалi?
Вёска знаходзiлася ў зоне актыўных партызанскiх дзеянняў, партызаны былi частымi "госцямi" ў Карпiлаўцы, мама нават выконвала iх заказ – пякла хлеб. Можа, немцы пра гэта прама i не ведалi, але, пэўна, здагадвалiся, бо вёску проста так не спалiлi б. Не ведалi немцы i таго, што старэйшы мой брат Коля партызанiў у гэтых мясцiнах. Немцы палiлi ў нашай мясцовасцi вёскi з людзьмi "гуляючы". Толькi пачуюць, што партызаны наведалi якую-небудзь вёску, – палiлi яе з людзьмi без разбору. Што ўжо казаць пра нашу, з якой, як я ўжо казаў, партызаны "не вылазiлi"!
Доўгi час нашай выратавальнiцай я лiчыў настаўнiцу Марыю Аляксандраўну Васiлевiч, аднавяскоўку. Многа разоў гутарыў з ёй пасля вайны, гутарыў з многiмi людзьмi – сведкамi тых падзей, але не ўсё, як кажуць, стыкавалася, нечага цi некага ў той дзеi не хапала – не хапала галоўнай дзеючай асобы.
I вось зусiм нядаўна даведаўся пра наступнае: аднекуль у немцаў-карнiкаў, што "прасейвалi" нашу акругу, з'явiўся новы перакладчык. Хударлявы, валасы прамыя, светла-русыя, амаль белыя, зачэсаныя назад. Хто ён быў i адкуль невядома. Як яго прозвiшча – невядома. Нiчога пра яго невядома. Прасачыўся памiж людзей слых, быццам ён недзе некаму шапнуў: "Пакуль я ў немцаў перакладчыкам – людзi гарэць не будуць".
Гаварыў ён так цi не – таксама невядома. Але людзi сапраўды перасталi гарэць. Тое, што гэты знешне непрыкметны чалавек быў з немцамi ў Карпiлаўцы, калi вырашаўся наш лёс, – гэта так.
Вось i ўсе звесткi пра гэтага таямнiчага незнаёмца. Ёсць яшчэ адна несуцяшальная i сумная: неўзабаве немцы павесiлi яго ў Заслаўi. Потым лёталi па вёсках на конях прадстаўнiкi партызанскай брыгады – усё пыталiся, можа, хоць хто, хоць што ведае пра таго чалавека... Так ён i пайшоў з жыцця невядомым i, магчыма, гераiчным. Не выключана, што яму i хутчэй усяго яму я абавязаны сваiм выратаваным жыццём.
Нiзка схiляюся перад iм за тое, што разам з узняўшымся попелам ад спаленых карпiлаўскiх хатаў не было майго попелу...
СУСТРЭЧА
Нарэшце вызвалiлi Менск ад немцаў. Хутчэй не Менск, а тое, што ад яго засталося – горы бясформеннага бетону, бiтай цэглы, закураныя астаткi дамоў.
Птахам разляцелася па Беларусi вестка, што рыхтуецца партызанскi парад. Удзельнiкi вызвалення беларускай сталiцы пройдуць урачыстым маршам па вулiцах горада i ля ацалелага Дома ўрада.
Вестка гэта даляцела i да нашай вёскi. Мама захвалявалася, зазбiралася ў Менск – недзе ж партызанiў яе сын Коля – мой старэйшы брат. Пра яго лёс даўно не было нiчога чуваць, а на вайне да бяды недалёка.
Пайшла мама ў Менск – авось дзе сярод партызан пашчасцiць убачыць яго. Пайшла пешшу, спяшалася, каб паспець да прызначанага часу.
Людзей, падобных маме, было так многа, а жывая партызанская рака цякла так магутна i шумна, што мама, як нi старалася, сына свайго не ўбачыла. Ад хвалявання, напругi i страху прапусцiць, не заўважыць самага для яе роднага, самага галоўнага чалавека ў шматтысячнай калоне партызан – перад вачыма ўсё паплыло, змяшалася са слязьмi...
Назад iшла зноў жа пешшу. Ды i пасля вайны, доўгiя гады, схадзiць пешшу ў Менск i аб адзiн дзень вярнуцца назад – лiчылася звычайнай справай.
Сёння чалавек будзе душыцца, палiць нервы, лаяцца, цiснуцца ў перапоўнены аўтобус цi тралейбус, а пешшу не пройдзе нават аднаго прыпынку. Распанелi...
Iдзе мама дамоў, нясе ў сэрцы страшны груз невядомасцi. А што, калi забiлi? А што, калi трапiў у палон?..
Iдзе мама, выцiрае гарачыя слёзы, гонiць ад сябе чорныя думкi. Прытамiлася i села ў вёсцы Дубаўляны пад плот адпачыць, сiл набрацца.
Адпачыўшы, устала, каб iсцi далей, – паглядзела ў бок Менска i вачам не верыць. Хацела кiнуцца з месца, дзе стаяла, i не змагла – ногi падкасiлiся, самлелi, з вачэй пацяклi слёзы радасцi i шчасця. З-за пагорка, на дарозе паказаўся Коля, якi шпарка джгаў у напрамку сваёй вёскi. Яго хаду i потым, пасля вайны, немагчыма было зблытаць з нечай, настолькi спрытна i лёгка ён перастаўляў ногi.
Коля, пасля партызанскага параду, адпрасiўся ў камандзiра на дзень, каб даць вестачку родным, што жывы, яшчэ здольны моцна трымаць у руках зброю...
Даўно няма ў жывых Колi, пайшла з жыцця i мама, а я, з году ў год, кожны раз, едучы ў Карпiлаўку, адчуваю шчымлiвасць у сэрцы ля таго святога для мяне месца.
ПАГОНЯ
Калi мяне на досвiтку расштурхаў i падняў з пасцелi мой брат Коля, я, прадзёршы вочы, i не думаў, што праз якую гадзiну-дзве стану ўдзельнiкам надзвычай хвалюючага, небывала захапляючага здарэння, якое смела можна назваць пагоняй.
Як вы думаеце, для чаго старэйшы брат падняў з пасцелi такую мелюзгу, як я, у час, калi нават сонца яшчэ не думала ўставаць? Няўжо я такi важны работнiк, што без мяне – i сонца не ўстане? Ды не! Мой брат ведаў, што рабiў! Ёсць справы, у якiх такiя смаркатыя, як я, – незаменныя асобы. Вось гэтым раннiм ранкам якраз i гатавалася такая справа...
Я апрануўся i, пазяхаючы пасля сну ды паляскваючы зубамi ад холаду, пасунуўся ўслед за братам туды, дзе ўжо гарэў агонь пад бочкай, у якой пачынала пабулькваць i барматаць брага. Убачыўшы агонь, я павесялеў i прыбадзёрыўся. Тут мне брат i кажа:
– Глядзi, каб увесь час агонь не зводзiўся, але каб занадта i не "накiдваўся" на брагу, бо яна падгарыць, – тады самагонку ў рот не возьмеш, i сам "растаў" у цемры – пайшоў даглядацца...
Што тут можна сказаць – справа дасталася мне адказная, для майго ўзросту ледзь не пасада дырэктара спiртзавода. Мала таго што я падкiдваў паленцы пад бочку з брагай – дык яшчэ i мяняў бутэлькi пасля таго, як накапвала з трубачкi, з якой звiсала ўкладзеная кудзеля – гэта дзеля таго, каб каштоўная вадкасць трапляла ў рыльца бутэлькi...
Мушу вам зараз шчыра прызнацца, што хоць i быў я малы, але наслухаўся ад дарослых пра пяршак, пра ягоны смак, моцнасць i вартасць.
Я i сёння кiлiшачак першачку не прамяняю нi на якiя французскiя каньякi...
Вось тады, ледзь толькi напоўнiлася першая бутэлька, я i "памачыў" язык не ўтрымаўся. Не скажу, што малы хлапец адчуў нейкi там смак, але, згадзiцеся, быць "гаспадаром" такога абсталявання i не зняць пробы – гэтага я не мог дапусцiць...
Сонейка ўжо ўсплыло над лесам, галава мая таксама паплыла невядома куды, сам я сядзеў i пароў кiёчкам у агонь, забыўшыся нават, як мяне зваць... Цiш! Спакой! Любата!..
Раптам у гэтую iдылiю ўварваўся востры, пранiзлiвы парасячы пiск. Мяне падкiнула з таго месца, дзе я спакойна сядзеў i займаў адказную пасаду. Мяне не проста падкiнула, а нейкая сiла панесла на той адчайны пiск. Усё здарылася так хутка, што я i мiргнуць не паспеў...
Вылятаю з-за куста на луг i бачу, як за маленькiм нейчым парсючком iмчыць велiзарны воўк. Яшчэ iмгненне – i воўк схопiць парсючка! Я, не спыняючы свайго алюру, як кiнуўся да ваўка, як свiснуў, як раўнуў, той – зiрк у мой бок ды ад нечаканасцi i майго "пасляпершаковага" нахабства – скок у кусты i знiк.
Толькi тады я супынiўся i апамятаўся. З жахам прыкiнуў, што воўк быў большы за мяне i, каб не "фактар нечаканасцi", – уцякаў бы я ад ваўка, як той парсючок.
РЭКОРД ДЛЯ КНIГI ГIНЭСА
У Будах мы жылi да пяцiдзесятага года. Можа, жылi б i болей, але калгасны трысцень дапарахнеў, стаў развальвацца, i тата пачаў шукаць новае прыстанiшча, хоць якi дах над галавой.
Дапамаглi сваякi, што жылi каля Менска, яны параiлi пераехаць у калгас "Мядзвежына". (Сёння – гэта вулiцы К.Лiбкнехта, Р.Люксембург, Купрыянава, Харкаўская i iншыя.) Тады горадам тут i не пахла. З гэтага боку горад пачынаўся ад вулiцы Мяснiкова, па якой хадзiў трамвай.
Пераехалi мы ў гэты калгас i пачалi жыць у будынку Мядзвежынскага сельскага Савета. Займалi мы маленькую яго частачку, бо ў адной палове размяшчалiся супрацоўнiкi сельсавета, у другой – сельскi клуб. Будынак быў цагельны, вялiзны, няўтульны i нязграбны, стаяў пасярод поля, як тычка – нi дрэўца, нi кусцiка.
Тата прыбудаваў да ўвахода нешта з дошак – цi то ганак, цi то хлеў, бо злева, як iдзеш у хату – стаяла карова, а справа – кладовачка была.
Па даху гэтай прыбудовачкi добра было лазiць на гарышча – на столь, дзе я любiў гуляць у розныя гульнi, адкуль было вiдаць усё наваколле.
Лазiў сюды i мой, крыху старэйшы, брат Косцiк... Залез ён аднаго разу, а я ўнiзе ў пяску корпаюся...
Раптам з дзвярэй, дзе размяшчаўся сельсавет, вылецеў, як бура, старшыня гэтага Савета, трасе кулакамi i "гне" такiх мацюкоў, што – жах!
Падскочыў да мяне i задраў галаву туды, адкуль Косцiк ужо звесiў адну нагу i збiраўся саскочыць на дах прыбудовачкi.
– Каб табе зарвала! Каб ён у цябе апух! Злезеш – я табе галаву адкручу, басяк! – аж зелянее ад злосцi старшыня.
Косцiк, не будзь дурнем, хуценька падняў тую нагу, што звесiў, i знiк туды, адкуль збiраўся вылезцi.
Гаспадар гэтага будынка пакрычаў, пакiпяцiўся ды i пайшоў у свой кабiнет...
Аказваецца, Косцiк, будучы на гарышчы, не стрымаўся i памачыўся там, а тая яго "вадзiчка" працякла праз столь i... – старшынi сельсавета на стол, на дзяржаўныя паперы...
Ну, Косцiк! Ну, вырвус! Гэта ж трэба так патрапiць, хоць i ненаўмысна!
Цi знойдзецца ва ўсiм свеце яшчэ адзiн чалавек, якому давялося памачыцца на стол самому старшынi сельскага Савета?
I ЗМЯЯ МЯНЯЕ СКУРУ
Паўзём мы неяк з сябрамi па калгасным полi, на якiм расце морква. Паўзём, ад вартаўнiка хаваемся, морквай ласуемся. Выцягнеш з зямлi морквiну, абскрабеш яе кавалачкам шкла i хрумсцiш, як той заяц...
Толькi пачалi выпаўзаць назад, як чую, што са мной нешта здарылася. Паўзцi-то паўзу, але нешта мне не падабаецца... I раптам – якi жах! – адчуваю, што згубiў штаны. А пад штанамi, акрамя цела – нiчога! Як яны маглi з мяне звалiцца? Як я гэтага ў азарце не заўважыў?.. Раблю разварот – i паўзу назад, на пошукi прапажы. Нарэшце бачу – ляжаць, родненькiя! Падпаўзаю i прыкiдваю, як я iх буду лежачы апранаць. Бяру iх у рукi... i нiчога не разумею. Гэта мае штаны? Так, мае!.. Цi гэта не мае штаны? Не, не мае!.. I пазнаю, i не...
Бедныя мае штаны!.. Я i сёння больш усяго на свеце шкадую, што не захаваў iх, як сведку тых пакутаў, той галечы...
Сёння словы – нiшто ў параўнаннi з тым, што маглi б убачыць вашы вочы бясконцая колькасць лацiн, аджыўшых свой век, многаслаёва налепленых адна на другую, даўно сапрэлых, якiя з апошнiх сiл учапiлiся гнiлымi нiткамi за спарахнелую тканiну...
Але цi маглi яны быць iншымi, тыя штаны? Яны ж "вандравалi" ад старэйшага брата – да крыху малодшага, ад малодшага – да яшчэ меншага, пакуль не дайшла чарга да мяне – самага маленькага ў сям'i... Цаны тым штанам не было!..
Я падняў ТОЕ, што непрыкметна саслiзнула з майго цела, што называлася маiмi штанамi, i гэта ТОЕ – на маiх вачах разлазiлася i распаўзалася на шматочачкi...
Сябры жартаўлiва суцяшалi мяне:
– Падумаеш, штаны! Змяя нават скуру скiдвае i то не плача...
ТАТАВА ВАТОЎКА
Я адвучыўся адзiн год у Лысагорскай пачатковай школе, а восенню пяцiдзесятага года мы пераехалi з Будаў пад Менск, дзе пачалi жыць у будынку сельсавета. Тут я пайшоў у другi клас трыццаць другой Менскай сярэдняй школы, якая знаходзiлася насупраць Нямецкiх могiлкаў.
Мяне вельмi ўразiла цагельнае двухпавярховае памяшканне школы з мноствам прасторных класаў, сур'ёзных настаўнiкаў, чыста апранутых вучняў, росквiтам чырвоных гальштукаў. Пасля нашай вясковай школы-хаткi з "сляпымi" вокнамi i скрыпучай падлогай гэты палац аглушыў мяне многагалоснасцю, шыкоўнасцю, велiчнасцю – я трапiў у новы, невядомы мне раней, фантастычны свет.
Але гэтыя ўсе мае ўражаннi пацьмянелi перад яшчэ больш моцнымi ўражаннямi, якiя я выклiкаў ва ўсiх, хто ўбачыў мяне ў гэтай школе. На мяне глядзелi, быццам я быў снежным чалавекам цi iншапланецянiнам...
Уявiце стаўшую сёння моднай нейкую прэзентацыю, якую спраўляе "круты" бiзнесмен. Шыкоўная зала! Мора святла! Смокiнгi ды раскошныя вячэрнiя сукенкi! Шампанскае i свецкiя крыўляннi!.. I раптам сярод гэтых расфуфыраных сытых дзялкоў з'явiўся, можа, не горшы за прысутных, чалавек, але – у рызманах i лахманах, у драным абутку, галодны i гаротны... У гэтай адкормленай "круцiзны", упэўнены, – шампанскае ўпоперак горла стане...
Вось прыкладна ў такiм выглядзе з'явiўся я тады перад вачыма вучняў i настаўнiкаў, якiя i ў сне не бачылi гэткай галечы.
Мяне на кожным кроку абзывалi рознымi крыўднымi словамi, са мной нiхто не хацеў сядзець за адной партай, мяне знянацку штурхалi ў спiну, i я ляцеў стоць носам. Але самым складаным было для мяне – распрануцца ў гардэробе перад заняткамi. Чарга ў гардэроб – страшэнная – вучняў жа было больш за трыста. А на мне – татава старая-перастарая, латаная-пералатаная, ношаная-заношаная, зачухмоленая ўшчэнт ватоўка...
Надзеньце сёння васьмiгадоваму хлапчуку нават новую ватоўку дарослага мужчыны – якi будзе выгляд? Рукавы да зямлi дастануць, не кажучы пра астатняе.
Так было i са мной. З той, татавай, ватоўкi тырчэла толькi мая белая галава – мусiць, пудзiла на агародзе выглядала б больш зграбна... Але я гэтага, дзякуй Богу, не разумеў, не саромеўся – гэта ж была мая вопратка i другой у мяне не было.
Займу я чаргу, каб распрануцца, а мяне з яе як штурхануць – я зноў пайду ў "хвост", зноў займу чаргу, а мяне зноў як пiхнуць! Нiхто не хацеў за мной стаяць. Я спраўна займаў чаргу, а мяне гэтак жа спраўна з яе выпiхвалi пакуль усе не распраналiся i я не заставаўся адзiн. Тады ўжо гардэробшчыца гiдлiва брала двума пальцамi маю ватоўку i прымацоўвала яе збоку ад куртачак i палiто больш заможных вучняў...
Як жа тады ўсе памылялiся! Адкуль iм было ведаць, што татава ватоўка ў цяжкiя пасляваенныя гады ратавала тату ад снегу i дажджу, ад вятроў i халадоў, памагала перажыць голад, пакуты, нястачу i, нарэшце, – сагрэла мае худыя дзiцячыя плечы, стала маёй вопраткай...
Дзякуй табе за гэта, татава ватоўка!
* * *
Гэтаму ўспамiну неабходны невялiчкi працяг, каб нейкiм чынам паставiць сёе-тое на свае месцы, бо зусiм нядрэнныя былi вучнi i настаўнiкi той школы.
Сам я як вучань першы час быў надзвычай старанны, дысцыплiнаваны, слухаўся старэйшых, выконваў усе класныя заданнi, на занятках не круцiўся, не штурхаўся – настаўнiкi не маглi нацешыцца такiм вучнем. Але гэта працягвалася нядоўга. Паступова я асвойваўся i пачынаў, як кажуць, спрабаваць "хадзiць на галаве", што не дрэнна ў мяне атрымлiвалася...
Вакол будынка сельсавета, дзе мы жылi, ляжалi калгасныя палi, на якiх раслi морква, капуста, памiдоры...
З ядой дома было цяжкавата, таму летам i восенню я пераходзiў на "падножныя" калгасныя харчы – еў "ад пуза" моркву, памiдоры i з задавальненнем грыз качаны капусты – вядома ж, па гэтыя "вiтамiны" прыходзiлася лазiць паўзком.
Магчыма, ад такога штодзённага "сталавання" мяне "пагнала" ў рост. I ўжо ў трэцiм класе я быў на галаву вышэйшы за сваiх колiшнiх крыўдзiцеляў. Цяпер мяне ўжо не абзывалi рознымi словамi, не выпiхвалi з чаргi ў гардэроб (няхай бы толькi паспрабавалi!), а пiшчом лезлi да мяне ў сяброўства – i мы па-сапраўднаму пасябравалi...
Увогуле, вучоба ў гэтай школе пакiнула цёплыя i светлыя ўспамiны.
ПЕРШЫ ПАДАРУНАК
Першы падарунак сваёй маме я зрабiў, калi мне было восем год. I гэта нягледзячы на тое, што я поўнасцю адпавядаў вядомай прымаўцы – быў гол як сакол.
I ўсё ж чалавек прыстасоўваецца да ўсяго, нават да самай што нi на ёсць найгалейшай галечы.
Вось i мы, малыя, прыстасоўвалiся да любых абставiнаў, у якiя закiдвала нас пасляваеннае жыццё.
Да пяцiдзесятага года, пакуль я жыў у вёсцы, – усё было "добра", спакойна. Я не бачыў нi тых булак, нi цукерак, нi сiтра, нi кнiг – нiчога. Але калi мы пераехалi жыць пад самы Менск – у мяне вочы палезлi на лоб. Аказваецца, у жыццi вялiкае мноства таго, пра што я i не чуў. А ўсё гэта хацелася паспрабаваць, пасмакаваць, а ў дзiравай кiшэнi – нi капейкi.
У тыя гады на кожным вуглу прадавалi яшчэ газiраваную ваду на разлiў, хочаш, пi простую, хочаш – з сiропам, толькi, праўда, плацi. А яшчэ ж гандлявалi "марай" усiх дзяцей – ружовенькай салодкай вадзiчкай – морсам. Вып'еш i пальчыкi аблiжаш!
Вось i прыходзiлася пасля школы "падрабляць" – збiраць розны металалом, анучы, паперу i цягнуць усё гэта барахло да старызнiка-жыда, якi мог плацiць сшыткамi, нейкiмi рэчамi, iншай дробяззю цi грашыма. Мы бралi толькi грошы, хоць прыёмшчык нас увесь час ашукваў – даваў пару медзякоў i выпiхваў нас за дзверы сваёй будкi. А каб прыйсцi зноў да таго жыда, прыходзiлася аблазiць усе звалкi ды куткi, бо i ўтыль не надта валяўся пад нагамi.
Але за дзень мы "збiвалi" на шклянку морсу цi лiманаду – i за гэта дзякуй Богу.
Аднойчы я ўбачыў у жыда на прылаўку брошку, якая мне чамусьцi спадабалася, i я загарэўся купiць яе маме.
Чаму мне захацелася гэта зрабiць, не ведаю, але я перастаў пiць сваю любiмую вадзiчку, а пачаў збiраць грошы на падарунак, бо брошка каштавала для маiх "капiталаў" дорага – пэўна, месяц пiў бы морс.
Нарэшце, сабраўшы неабходныя грошы, я купiў падарунак i – бягом да мамы.
Вiдаць, мама вельмi многа год не атрымлiвала падарункаў (цi ж да iх было?), бо залiлася слязьмi i, шчаслiвая, адразу прышпiлiла мой падарунак да сукенкi...
Доўгiя гады мама насiла яе, шанавала, але вечнага нiчога няма, i брошка зламалася i згубiлася. Не згубiлася толькi памяць – да апошнiх дзён свайго жыцця мама ўспамiнала пра дарагi яе сэрцу падарунак...
Памятаю яго i я.
ГАЛОЎНАЯ ПАДЗЕЯ
Сёння многае з таго, што некалi адбылося, цяжка ўявiць. За пяцьдзесят тры гады жыцця мела месца столькi падзей, столькi душэўных перажыванняў, што дзiву даешся – як уся гэта жыццёвая мешанiна ўмяшчаецца ў галаве, у душы, у сэрцы.
Але ўвесь гэты здабытак не проста накоплiваецца, па-мнажаецца, захоўваецца. Ён не ляжыць сабе цiхенька – кожнае на сваёй "палiцы", ён непакоiць, хвалюе, трымае ў напружаннi кожную клетку арганiзма, кожную крывiнку. Быццам ты – адзiны адказны перад Богам i мiнулым хавальнiк найсвяцейшага сховiшча, у якiм усё тое, што ты ўвасабляеш – увесь многападзейны, шматкаляровы, непрадказальны свет, дзе знаходзiцца, шукае сваё месца i твой уласны свет, уласнае "я".
Дык якая ж падзея ў маiм жыццi самая-самая? Якая яна – адзiная, галоўная, яскравая?
Канешне, у кожнага чалавека ёсць дзве галоўныя падзеi, але ў момант iх здзяйснення чалавеку яны абыякавыя, ён iх не памятае, не бачыць, яны яго не радуюць, не засмучаюць. Першая – з'яўленне на гэты свет, калi чалавеку яшчэ ўсё роўна, другая – адыход у iншы свет, калi чалавеку ўжо ўсё роўна...
Мая ГАЛОЎНАЯ падзея ў асэнсаваным жыццi – даволi "празаiчная" для чытача. Яна можа выклiкаць усмешку, непаразуменне, здзiўленне. Тым не менш мая памяць, маё сэрца аддае ёй пачэснае галоўнае месца сярод бясконцай гамы адчуванняў, успрыманняў, успамiнаў.
...Першыя восем гадоў жыцця я ўсёй сваёй дзiцячай iстотай адчуваў бязлiтасныя, страшэнныя кiпцюры голаду. Яны не адпускалi нi на хвiлiну – нi днём, нi ноччу. За гэтыя восем гадоў нi разачку не давялося наесцiся хлеба столькi, колькi хочаш. Хлеб быў недасягальнай раскошай.
I вось у адзiн цудоўны дзень, у адно цудоўнае iмгненне адна тысяча дзевяцьсот пяцiдзесятага года, калi мы жылi ўжо ў будынку сельсавета каля Менска, я заскокваю ў нашыя "палацы" i вачам сваiм не веру – на стале ляжыць бохан хлеба, а побач – нож. Няўжо?!.
Мама ўбачыла мой шок i ласкава кажа:
– Бяры, сынок, хлеб! З сённяшняга дня можаш есцi яго колькi ўлезе...
У мяне захапiла дух ад такой "заможнасцi"...
Вось i стаiць перад вачыма самаробны драўляны стол, а на iм – хлеб.
МАРЫК
Марык застаўся маладым назаўсёды, навечна. Нарадзiўся ён гады на тры-чатыры раней за мяне, быў адзiны сын у мацi, i ў яго акрамя матулi таксама нiкога не было, бо бацька "касiў сабакам сена". Праўда, побач з Марыкам i яго мацi была яшчэ тая непатрэбная, тысячы разоў праклятая людзьмi, няпрошаная "жыхарка", iмя якой – беднасць. Яна праглядвала адусюль – з абутку, з вопраткi, з iх худых, шэрых твараў, з iх стомленых, згаслых вачэй. Усё можна схаваць: i ўкрадзенае, i ўшальмаванае, i сорам, i сумленне, – не схаваеш нiкуды адной бядноты, калi трапiў у яе абдымкi.
Можна толькi здзiўляцца, як гэта агiдная "жыхарка" дасцiпна спраўляецца адначасова жыць у многiх лёсах, сярод вялiкага мноства людзей. Тут здзiўляйся не здзiўляйся, але што ёсць – тое ёсць, вандруе гэтая бяднота з году ў год, з пакалення ў пакаленне, з глыбокай даўнiны – у далёкую будучыню, не прамiнаючы сучаснасцi...
Мы, хлапчукi, зайздросцiлi Марыку. Зайздросцiлi не яго беднасцi – сваёй хапала, а таму, што ён, як дарослы, адкрыта палiў. Смак дыму мы ўжо зведалi самi, кашляючы ды перхаючы, дакурвалi пазавуголлях знойдзеныя "бычкi", а вось Марык не проста палiў, а ў прысутнасцi сваёй мацi!
У будынку сельсавета, дзе мы жылi, знаходзiўся i клуб. Яго, па праўдзе кажучы, клубам можна назваць у рамках нашага знакамiтага сацрэалiзму – палова будынiны, застаўленая драўлянымi зацухмоленымi лавамi, абдзёртыя цагельныя сцены, выбiтыя шыбы ў вокнах i вялiкае мноства смецця на падлозе, бо прыбiральшчыцы не было. Сорамна сказаць, але можна было бачыць то ў адным, то ў другiм вугле, як нехта "насвiнячыў". Кiно прывозiлi раз у тыдзень, навешвалi на сцяну экран, усталёўвалi ля другой сцяны апаратуру i – еш "культуру" хоць апалонiкам.
Вось у гэты клуб прыйдзе, бывала, Марык з мацi, сядуць яны на лаву, i тут Марык дастае з кiшэнi "Беламор" i важна зацягваецца. У мяне слiнкi цяклi ад зайздрасцi, бо мая мама так бы мне курнула, што дым пайшоў бы ажно з вачэй ды вушэй, як у таго Змея Гарынавiча.
Марык чамусьцi не хадзiў у школу нiводнага дня. Можа, ад беднасцi, а можа, па iншай, невядомай нам прычыне.
Жыццё яго абарвалася нечакана...
Побач з сельсаветам стаялi канюшнi, а крыху воддаль – даўжэзная пуня, у якую складвалася на зiму сена. Калi сена было толькi паўпунi, мы ўскарабквалiся па кроквах да перакладзiны, якая звязвала дзве кроквiны, i з той перакладзiны давалi "нырца" ў сена. Ляцiш, аж дух захоплiвае, i – бултых у пахучае, яшчэ не злежанае сена. Трэба адзначыць, што дзяцей збiралася даволi многа i сена мы дратавалi "па-чорнаму". Дарослыя нам забаранялi гэта рабiць, часцяком праганялi, але забаронены плод робiцца яшчэ смачней.
I вось аднойчы, калi пуня была напоўненая напалову, а астатняе запоўнiлася нашым крыкам, пiскам, рагатаннем – у пуню ўскочыў з палкай у руцэ брыгадзiр Зыгмусь, улёг за намi i раўнуў:
– Пазабiваю, гады!..
Мы, як стая верабейчыкаў, кiнулiся ад Зыгмуся ў адным напрамку – да выратавальнага "акна" ў франтоне. Гэты своеасаблiвы лаз быў даволi вялiкi, i хоць ён знаходзiўся высакавата – метры два з паловай ад зямлi, – мы з ходу, "салдацiкам" сiгалi ўнiз, набiваючы сабе сiнякi i шышкi, бо ведалi, што з Зыгмусем дурныя жарты.
Марык быў большы за нас, i тое акно не дазволiла яму гэтак жа спрытна выпрыгнуць з цьмянай пунi ў сонечны летнi дзень.
Наадварот, акно ператварылася ў дзверы, якiя зачынiлi за iм гэты свет назаўсёды...
Знайшоўся нябачны для нашага вока цвiк, за якi Марык зачапiўся калашыной, крутнуўся ўнiз галавой i...
Не ведаю, цi дазволiла Марыку кароткае жабрацкае жыццё iншую "роскаш" акрамя той пачкi "Беламору".
РАССАКРЭЧАНЫ ТАЙНIК
Вучыцца, як вядома, у дзяцiнстве не надта хочацца. Нiкому! У тым залатым узросце, здаецца, толькi б лётаў, галаву задраўшы, адпальваў бы ўсялякiя штуковiны, стаяў бы "на вушах", карацей – бiў бы лынды.
Я не быў выключэннем – выкарыстоўваў "спецыфiку" таго ўзросту, як кажуць, на ўсе сто!
Сёння мы, пасталелыя i пасiвелыя, зрабiлiся "разумнымi", абураемся, гледзячы на сучасных дзяцей i моладзь: "Мы ж такiмi не былi!.." Былi! Толькi забылiся цi баiмся сабе прызнацца ў гэтым...
Сябраваў я з Лявонам Лiтвiновiчам, якi выхоўваўся без бацькi, быў адзiны сын у мацi, нi ў чым ад яе не ведаў адказу, рос без матчынага вока – сам па сабе. Пазней для Лявона турма зрабiлася родным домам.
Вось з гэтым Лявонам, якi быў тады хлопец як хлопец, мы сябравалi i часцяком падбухторвалi адзiн аднаго на розныя "подзвiгi".
Аднойчы Лявон мне кажа:
– Давай сёння не пойдзем у школу, а матанём у кiно!
– Ты што, Лёнька?! А як даведаюцца бацькi? А куды дзець партфелi? А як жа iсцi ў кiно без грошай? – закiдаў я сябра пытаннямi, на якiя Лявон даў вычарпальныя адказы, i пачаўся наш культурны адпачынак.
Ля дарогi, што вяла ў школу, раслi густыя кусты бэзу, да якiх "прыляпiлiся" гурбы снегу. Вось у гэты снег, памiж кустоў, мы схавалi свае "веды" i пашпарылi ў кiно. Грошы ў Лёнькi вадзiлiся, таму з бiлетамi не было праблемы, i час праляцеў, як у казцы.
Кажуць жа – варта зрабiць першы крок, а потым толькi паспявай перастаўляць ногi. Вось i мы прамянялi адзiн раз школу на кiно, адчулi смак вольнага жыцця, i нашы партфелi сталi часцяком "адпачываць" пад снегам ля бэзу.