Текст книги "Замалёўкi (на белорусском языке)"
Автор книги: Сергей Давидович
Жанр:
Научная фантастика
сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 10 страниц)
Потым ужо iншыя зняволеныя частавалi i маiх сяброў, але я заўсёды быў першым.
Не ведаю, за якое злачынства яны адбывалi пакаранне, але людзьмi засталiся.
А вось другi прыклад – амаль самы балючы мой успамiн.
Iшлi мы з мамай аднекуль, а ля дарогi, у цяньку, сядзiць наш брыгадзiр з нейкiмi двума незнаёмцамi. Сядзяць i сiлкуюцца. Перад iмi – бутэлька самагонкi, хлеб i свежыя агуркi.
Брыгадзiр зачапiў маму, пра нешта запытаўся, i мы прыселi.
Свежых агуркоў я яшчэ нiколi не еў, а яны так смачна пахлi, так апетытна хрумсцелi, што я забыўся пра ўсё на свеце – бачыў толькi агуркi, чуў толькi iх пах.
Мама цягнула мяне за руку, бо гаворка яе з брыгадзiрам скончылася, а я прасiўся:
– Мамачка, я яшчэ пасяджу трошачкi!
Я спадзяваўся, што дадуць мне кавалачак агурка, хай сабе без хлеба, бо хлеб хоць зрэдку, хоць патрошку наведваў нас. Я заглядваў у вочы брыгадзiру i незнаёмцам.
– Пайшлi, сыночак, пайшлi!
– Мамачка, я хоць трошачкi яшчэ пабуду! – зазiрнуў я i маме ў вочы...
I толькi многа пазней, пасталеўшы, я прачытаў усё, што было тады напiсана ў мамiных вачах – нясцерпны, пякучы боль за сваiх дзяцей, бездапаможнасць i бязвыхаднасць гаротнага пасляваеннага жыцця...
А я ўсё прасiўся i прасiўся ў мамы, пакуль апошнi кавалачак агурка не захрусцеў жалобным хрустам у чужым роце...
Прабач мяне, мама, за той боль, якi я наклiкаў у тваё сэрца...
НОГI ТРЭБА МЫЦЬ!
Прыязджаў разы з два ў Буды летам на адпачынак да сваёй мацi Кухаронкаў Косця – лётчык, пры пагонах з зорачкамi (у званнях мы тады не разбiралiся). Што ён прывозiў сваёй мацi i сваякам – невядома. А вось нас, абарванцаў, частаваў цукеркамi. Уявiце – цукеркi пасля вайны! Такое з памяцi не вывалiцца нiколi. Але самае галоўнае было не ў цукерках. Самае цiкавае ў тым, што гэты надзвычай сур'ёзны чалавек цэлыя днi праводзiў з намi, дзецьмi. Пра што iшла гаворка – не памятаю. Запомнiлася яго ваенная форма i ён сам у нашым шчыльным акружэннi. Яшчэ адно запомнiлася вельмi жыва, можа, таму, што датычылася мяне i мяне моцна здзiвiла.
Сядзiм мы, пра нешта гутарым, i нечакана наш сябар глянуў на мае босыя ногi i, як бы мiж iншым, кажа:
– А ногi, хлопчыкi, трэба кожны раз мыць перад сном...
Тут аўтарытэт Косцi ў маiх вачах пахiснуўся, бо я не зразумеў, пра што гаворка. Усю вайну мы басцялiся па лясах, па балотах, пасля вайны жылi ў зямлянцы, абутку ў мяне зроду не было, мыла ў вочы не бачыў, пра пасцель вухам не чуў – пра якiя ногi размова? Я i рукi нiколi не мыў – а тут ногi!
Я зiрнуў на свае чорныя, закарэлыя, хоць рэпу сей, ногi i першы раз не змог зразумець нашага любiмца.
БУЛЁН
Расклалi Мiцьковы агонь каля хаты i вараць булён на вячэру.
Калi ўжо казаць пра вячэру, дык яе ў вёсках спрадвеку гатавалi летам на кастры, бо газы не было, а печ палiць не будзеш дзеля гаршка бульбы. Таму збiралi трэскi i разводзiлi агонь. I рабiлася ўсё гэта на прыцемку, пасля таго як пароблена ўся работа i дагледжана жывёла.
А так як у Мiцьковых адразу пасля вайны нi жывёлы, нi гаспадаркi не было, а галодных дзяцей – цэлая процьма, то вячэру гатавалi яны яшчэ завiдна, прыйшоўшы з калгаснай прынудзiлаўкi. Чаму варылi булён, а, напрыклад, не бульбу? Таму што бульба была вялiкай роскашшу, яе не хапала. Добра, што яшчэ наскрабалi некалькi бульбiнак, крышылi iх у вялiзны гаршчок для "навару", каб жываты налiць i голад падмануць.
Дык вось – вараць Мiцьковы булён, дакладней, варыць-то яго мацi, а дзецi шчыльна акружылi агонь i з лыжкамi напагатове напружана чакаюць – як тыя лiхiя ваякi, якiя ад першага слова кiнуцца ў атаку. Трошкi воддаль сядзiм мы, "вольныя" ад вячэры – такiя ж галодныя i напружаныя. Ведаем, што не паядзiм, але хоць на чужы "стол" нагледзiмся.
Заўтра i да нашага "стала" падыдуць гэткiя ж гаротнiкi.
Сабралася мацi Мiцьковых нечага ў хату i кажа дзецям:
– Глядзiце, каб агонь не звёўся, я хуценька прыйду...
Тут i пачалося! Справа ў тым, што ў кожнага, акрамя лыжкi ў адной руцэ, быў i кiёчак – у другой. Каму ж не хочацца папароць у агонь, падправiць яго? А калi надта дужа прыспiчвае есцi, тады здаецца, што агонь гарыць марудна, вада ледзь кратаецца, бульба не хоча разварвацца – усё супраць цябе.
Таму, застаўшыся без дагляду, кiёчкi ў Мiцьковых руках так жвава пачалi "падпраўляць" агонь, што нейчы кiёк даў гаршку такога кухталя, ад якога ён, небарака, кульнуўся настолькi спрытна, што ўвесь "навар" разам з бульбай бултыхнуўся на вуголлi, узняўшы клубы пару i хмары попелу.
"Кухары" акамянелi, але раптам, як па камандзе, пачалi тымi ж кiёчкамi хуценька падграбаць, кожны да сябе, разам з попелам i вуголлямi, пачарнелыя, забруджаныя кавалачкi бульбы, якiя спачатку спрабавалi абцiраць ад прылiпшага смецця. Потым глыталi iх, не звяртаючы ўвагi на попел i пясок, гледзячы галоднымi вачыма на вогнiшча, у якiм, магчыма, засталiся яшчэ кавалачкi бульбы.
ПЕРШЫ ЛЁД
Што можа вабiць дзяцей больш, чым першы лёд? Звечара кладзешся спаць – у сажалцы вада як вада, ранiцай прачнешся, а на сажалцы – лёд! Шчыра кажучы, не лёд, а адна назва – тонкi, кволы, непрадказальны.
Але цi ж гэта перашкода? Пакоўзацца! Вось адзiнае жаданне... Пачынае самы адчайны. Разгонiцца – i пабег па лёдзе! Лёд трашчыць, прагiнаецца пад iм, зноў выпростваецца. Тут галоўнае – не прыпыняцца, не "лiчыць варон". За першым падшыванцам бяжыць другi, трэцi, а потым i самыя малыя, сярод якiх i я.
Праз трэшчынкi ў лёдзе пачынае прасочвацца вада, а мы – гойсаем, коўзаемся, радуемся пачатку зiмы.
Аднаго разу я, замест таго каб бегчы i не супыняцца, – разявiў рот, загледзеўся на некага i – шусь у ваду! Паколькi мы, малыя, бегалi ўздоўж берага, то правалiўся я па пояс, але пакуль выкарабкаўся на бераг, стаў макруткi да апошняй нiтачкi.
Вылез – i, падскокваючы ад холаду, пабег дамоў. Бягу i думаю: улупiць мне мама дык улупiць! Мала не будзе! Не пайду дамоў! Стаў каля сцяны хлеўчука i стаю, калачуся – дрыжыкi прадаю. Рызманы мае ператварылiся ў ледзяную скарынку, зубы ляскаюць, як у галоднага ваўка. Замярзаю!
Не ведаю, чым бы закончылася гэтая спроба на выжыванне, але, на маё шчасце, iшла Таццяна Бурло – суседка праз дзве хаты.
– А мой ты Сяргейка! А мой ты дурненькi! – залямантавала яна, схапiла мяне за руку i пацягнула дамоў, да мамы.
Тут я закалацiўся яшчэ мацней, а чаму – зразумела.
Але мама мяне не бiла, супакоiла маю "мужнасць", якая прымусiла мяне стаяць пад сцяной хлява ў ледзяной шкарлупiне.
КАШУЛЬКА
Прыехала да нас у вёску з Менска сваячка, прывезла мне шыкоўны падарунак пашытую са старой сукенкi цi кафтана кашульку. Тканiна была "аднабаковая" – з аднаго боку – кветкi, а другi – чысты, без набiтага малюнку.
Вось гэтую маю кашульку i пашылi кветкамi ўсярэдзiну, а чыстым наверх.
– Якую ж яны зрабiлi памылку! Як жа яны "няправiльна" пашылi мой падарунак! – абураўся я.
Мне ж было тады годзiкi чатыры, i за сваё кароткае гаротнае жыццё я не бачыў i нiколi не меў такой прыгажосцi, якая была схована ў сярэдзiну кашулькi.
Я нiяк не мог зразумець, чаму гэтую прыгажосць трэба хаваць – яе ж нiхто не ўбачыць. I я знайшоў выйсце!
Апрануць мне гэтую кашульку, а я яе спераду задзяру да самай барады i гэтак хаджу па вёсцы – фаршу, паказваю ўсiм, якая прыгожая мая кашулька ўсярэдзiне.
Трэба ж было неяк выпраўляць "памылку" дарослых!
ЛУЧЫННIК
Як змянiлася наша жыццё! Ды i мы змянiлiся ў гэтым жыццi, зрабiлiся iншымi, "цывiлiзаванымi".
Адзiн толькi прыклад. Паехаў я нядаўна на выхадныя днi ў сваю Карпiлаўку, а там па нейкай прычыне пагасла электра-святло.
Справа была восенню, цямнее рана, вечары доўгiя – што рабiць без святла? Нi пачытаць, нi папiсаць. Але ў вёсцы на такi выпадак у кожнай хаце ёсць яшчэ газавая лямпа. Ёсць такая лямпа i ў мяне. Далiў я ў яе газы, падкруцiў кнот i – цемра разбеглася па вуглах. Паставiў лямпу ля ложка – ляжу сабе, чытаю. Начытаўшыся, пайшоў на двор дыхнуць перад сном свежага паветра, зiрнуць на зоркi. Заходжу ў хату i... Бог ты мой! Дыхаць няма чым! Смурод ад перагарэлай газы вочы выядае...
Як змянiлiся мы ў гэтым жыццi!
Раней, у гэтай жа Карпiлаўцы, газавая лямпа была адзiным, шыкоўным святлом. Жыў я i рос пры iм, перачытаў доўгiмi зiмовымi начамi мноства розных кнiг i нi разу не заўважыў, што газавая лямпа дае нейкi там пах. Пераборлiвымi зрабiлiся мы, далiкатнымi...
Але ж папярэднiцай газоўкi i газавай лямпы была лучына. Пры яе асвятленнi праходзiлi пасля вайны доўгiя вечары, рабiлася ўся хатняя работа, збiралiся аднавяскоўцы пацешыць адзiн аднаго жартамi ды прымаўкамi. Пры святле лучыны мама залатвала нашу латаную-пералатаную вопратку.
Звычайна ведалi, у каго сёння вечарам будуць збiрацца "на сяло", таму гаспадары рыхтавалiся да такой сустрэчы, прыбiралi ў хаце, шчапалi дадаткова лучыну.
Калi надышла чарга збiрацца ў нашым трысценi, мы таксама "заварушылiся" i сустрэлi суседзяў як падабае. Асаблiва вялiкае шчасце выпала на маю долю, бо мама мяне папярэдзiла:
– Ты, сынок, сёння вечарам будзеш мяняць лучыну! Глядзi ж, каб не згасалi яны!
Даверыць пяцiгадоваму хлопчыку такую адказную справу – гэта не жартачкi. У мяне ў грудзях усё пякло i гарэла ад усхваляванасцi i нецярпення.
I вось пачалi збiрацца аднавяскоўцы. Я – на сваiм адказным пасту – на печы. Побач са мной – цэлая куча тонка пашчапанай, высахлай лучыны. Адна лучынка ўжо гарыць, пускаючы да столi тонкi i вiхлявы струменьчык чорнага дыму. Звычайна лучыну ўторквалi ў рог печы памiж дзвюх цаглiн, адкуль папярэдне выкалупвалi глiну...
Якiя гэта былi цудоўныя гадзiны майго жыцця! Дарослыя вядуць сваю шумную размову, смяюцца, жартуюць, а ты сочыш за агеньчыкам на лучыне, запальваеш новую, ушчэмлiваеш яе памiж цаглiн, а "агрызак" асцярожна кладзеш на печ ля сябе i затушваеш. Твае сябры стаяць "кучкай" ля дзвярэй, слухаюць байкi дарослых i з зайздрасцю назiраюць за тым, як ты "забяспечваеш" святлом гэтую цiкавую вечарыну.
Цi ж заўважалi мы тады куродым i смурод ад лучыны! Мы былi ўдзячны ёй, яе цьмянаму святлу, яе вясёламу патрэскванню...
Не ведаю, што адчувае спартсмен, якi "на вачах" усёй планеты запальвае на стадыёне алiмпiйскi агонь. Думаю, што нешта падобнае перажываў тады я, запальваючы адну лучыну ад другой.
КРЫЎДА
У сорак дзевятым годзе я пайшоў у першы клас. Жылi мы ў Будах, а школка была ў Лысай Гары. Далекавата было хадзiць, але ж, як кажуць, можна мiрыцца, бо iдзеш не адзiн, а з сябрамi.
Рухаемся, торбачкамi б'ёмся – жартуем. Праўда, зiмой было цяжкавата дабiрацца. Бывала, выйдзем, а перад намi – нi слядочка, акрамя, канечне, заячых ды iншых слядоў. А зiмы ж раней былi сярдзiтыя, снежныя, з завеямi ды гурбамi. Дарослым той снег даходзiў ледзь не да пояса, а пра нас i казаць няма чаго... З сiл выбiваемся, а да школкi неяк дакарастаемся. Цягнулiся дзецi пасля вайны да ведаў, як парасткi да сонца...
Спяшаюся я аднойчы ў Лысую Гару, iду подбегам, бо прыпазнiўся – сяброў хачу дагнаць. Выбег за вёску, зiрнуў направа, дзе былi агароды, – бачу, на iх, далёка за кустамi, мiльганула нейчая чырвоная хусцiна. Мiльганула i ў маёй галаве думка: "Мусiць, Амiля бульбу выбiрае, – дзень жа быў сонечны, хоць i восеньскi". Падумаў гэтак ды i забыўся адразу.
Вяртаемся пасля школы дамоў, а вёска – гудзе! Адбылася небывалая падзея адразу за вёскай, на агародах знайшлi чырвоны паветраны шар, якi запускаюць для нейкiх навуковых даследаванняў. Гэты невялiкага памеру шар быў выпушчаны ў Менску, бо на шнурочках вiсела нейкае прыстасаванне з бляшанкай, на якой быў выбiты адрас. Гэтымi шнурочкамi шар заблытаўся за куст i хiстаўся на ветры, быццам падклiкаў мяне да сябе, а я палiчыў яго за чырвоную хусцiну.
Колькi ж у маёй душы было прыкрасцi i крыўды на сябе за тое, што я самы першы ўбачыў гэтую цудоўную знаходку, але быў не зусiм уважлiвы. Разява!
А прыстасаванне з бляшанкай праз нейкi час адвезлi ў Менск па ўказаным адрасе.
КАСТУСЁВЫ СЛЁЗЫ
Надзвычай арганiзавана мы адносiлiся да яды. Чаму? Таму, што яе амаль не было, таму, што елi з адной пасудзiны – вялiзнай мiсы, якая ставiлася пасярод стала. Тут – "варон не лiчылi", завiхалiся, наколькi дазваляла спрытнасць. Наварыць мама шчаўя цi булёну якога i – толькi лыжкi мiльгаюць. Думаю, што сучасныя шпажысты зайздросцiлi б нашай спрытнасцi. Але шпажысты сёння ад голаду не пухнуць – адкуль у iх можа быць тая спрытнасць ды завiханне, якое было тады ў нас?
У кожнага ў руцэ – драўляная лыжка-самаробка, таму ляскацення па мiсе не было – адно сёрбанне чулася.
Аднойчы мама зварыла зацiрку на абед. Мiса пустая – на стале, мы – вакол стала. Аставалася толькi кульнуць зацiрку з гаршка ў мiсу, але Косцiк, мой брат, прыпазнiўся са школы. Мы не зводзiлi вачэй з мiсы, а Кастуся – няма. Чакалi, чакалi, мама i кажа:
– Пакiну я яму ў гаршку. Колькi можна чакаць? Работа ж таксама чакае, а час наогул чакаць не будзе.
Так i зрабiлi. Калi наша сёрбанне было ў разгары – адчынiлiся дзверы i ўляцеў Кастусь...
Божа мiлы! Што было! Кiнуў торбачку на земляную падлогу, сам з ровам i слязьмi забiўся ў куток:
– Вы ўсё з'елi! Вы мяне не пачакалi! Я – галодны!
Мама – да яго:
– Косцiчак, сынок! Я ж табе ў гаршку пакiнула! I клёцак многа!
Мы абступiлi беднага Кастуся – i голад прапаў. Ледзь угаварылi яго сесцi за стол, а калi, нарэшце, сеў – не завiхалiся, а далi яму магчымасць "дагнаць" нас...
Сёння я разумею, што плакаў не Кастусёк. Плакала – гора, плакала – нястача i голад.
Не дай Бог нiкому такiх слёз!
ТАРКАНЫ
Кожную ранiцу мама пачынала рабiць адну i тую ж работу – тапiла ў сажалцы тарканы. Тарканамi мама называла тое, што ноччу залазiла ў наш адзiны гаршчок, якi важна стаяў на прыпеку i чакаў ранiцу, каб прыцягнуць да сябе ўвагу i "напоўнiцца" нейкiм пойлам ды пабулькаць ля агню ў печы.
Тое пойла – яда, якая хуценька з гаршка "перабiралася" ў нашыя вечна галодныя жываты, пасля чаго гаршчок зноў важна адпачываў на прыпеку да наступнага булькання.
Але галодныя былi не толькi мы, дзецi i дарослыя, а i гэтыя чорныя, даволi вялiкiя жукi, якiх прываблiваў гаршчок сваiм пахам.
Iх набiвалася так многа, што ад iх варушэння ў гаршку па хаце iшло даволi звонкае шапаценне, быццам здалёк наблiжалася закованае ў жалеза войска.
Я з цiкавасцю назiраў, як мама падыходзiла да печы, накрывала нейкай анучай гаршчок i з iм накiроўвалася праз дарогу да сажалкi, дзе выкульвала iх у ваду.
Ноччу новае "войска" шчыльна займала "пазiцыi" i па хаце зноў разляталася шапаценне i паляскванне "даспехаў".
Адкуль яны бралiся i куды яны знiклi, тыя чорныя тарканы, цi прусакi?
Тады, пасля вайны, ад iх не было спасу, сёння – пра iх, дзякуй Богу, нi слыху нi дыху.
ВЯСЕЛЛЕ
Аднаго разу Алёшкавы гналi самагонку. Спачатку капае моцная, як агонь, пяршак, потым ужо – сярэдняй моцнасцi, i чым далей – тым слабейшая, а ўжо ў самым канцы – амаль вадзiчка, так званы адгон. Самагонку потым размешваюць у адной пасудзiне i дабiваюцца "сярэдняй моцнасцi". Канешне, хочацца мацнейшай, а з другога боку – каб было болей. Вось i спрабуе гаспадар забiць двух зайцоў – боўтае – спрабуе, боўтае – спрабуе. Бывае, так наспрабуецца, што не пазнае сваю хату...
Дык вось пасля такой "аперацыi" застаўся ў Алёшкавых збаночак такога адгону – вадзiчкi. Вылiваць вон шкада, можа, калi i вып'ецца – пах жа ёсць. Але не доўга стаяў той збаночак. Аднойчы я i дачка Алёшкавых Таня забаўлялiся нечым у iхняй хаце i знайшлi гэтае зелле.
– Давай будзем гуляць у вяселле! – прапанаваў нехта з нас, i "вяселле" пачалося. Гэты адгон, якi амаль не меў градусаў – вадзiчка для дарослых, а для пяцiгадовых дзяцей – не давядзi Гасподзь!
Мы з Таняй выпiлi па аднаму разу – нам, як кажуць, "захарашэла", пасля чаго, паддаючы адно аднаму iмпэту, выпiлi ўсё...
Танiна мацi знайшла нас на падлозе беспрытомнымi.
Вёска ёсць вёска, i калi мяне мая мама прынесла на руках дамоў, "гледачоў" было – хоць адбаўляй. Мама нада мной б'ецца, ратуе (цi ж гэта жарт?), а ўсе астатнiя – рагочуць.
Трошачкi апрытомнеўшы, я пачаў кiдацца бiцца да дарослых, але ногi мяне не трымалi, i я ляцеў стоць носам. Зноў спрабую кiнуцца бiцца, зноў – тырчком. Вось тут ужо можна i парагатаць – п'яны верабей кiдаецца бiцца да цвярозых людзей...
Пасля гэтага "вяселля" мяне доўга звалi збаночкам адгону.
ВАРГОЛЫ
Столькi ўжо рознага пiсана-перапiсана пра гарбату, столькi ўжо чытана-перачытана пра яе смак, сарты i якасцi ды пра спосабы заварвання i ўжывання, што неяк боязна пiсаць пра сваю "гарбату", якую мы пiлi доўгi час пасля вайны...
А сёння да вядомых сартоў краснадарскай, iндыйскай, цэйлонскай ды кiтайскай далучылася вялiкае мноства разавых пакецiкаў бананавай, ананасавай, цытрынавай, клубнiчнай i... не хопiць гэтай старонкi пералiчваць усе тыя назвы гарбаты, якiя невядома з чаго зроблены ды адкуль з'явiлiся.
Сёння раяць: трэба пiць гарбату без цукру, каб яе "букет" адчуць кожнай клеткай свайго арганiзма. Хто яго ведае – можа, яно i гэтак!
Не чуўшы гэтай мудрагелiстасцi, мы пасля вайны i пiлi сваю гарбату "па-эўрапейску" – без цукру, бо яго, на жаль, у нас нiколi не было...
Тут можна i нагадаць шчымлiвы тэлевiзiйны матэрыял, калi, пасля вызвалення ад немцаў нейкага населенага пункта, дзiцяцi далi кавалачак цукру, а яно, беднае, не бачыўшы нiколi гэтай смакаты ў сваiм гаротным маленькiм жыццi, гуляла з цукрам, як з прыгожым белым каменьчыкам...
Мы пасля вайны былi больш дасведчаныя, чулi пра цукар, ды мець яго пакуль не даводзiлася.
Але ёсць цукар цi няма яго, а гарбату пiць трэба – гарачага ж хочацца, кiшкi ж пагрэць трэба.
Летам было лягчэй "заварыць" гарбату – то ягадзiну якую мама кiне ў гаршчок, то травiну нейкую, а зiмой – цяжэй.
Бывала, калi тата iшоў у лес, каб прынесцi дроў у печ, заадно выламваў i дудкi малiннiку, тады гарбата была сапраўдная. Але часцей за ўсё ўжывалi мы самы надзейны сорт гарбаты – "варголы". Гэта значыцца – чыстая вадзiчка, голы вар.
Вы спытаецеся, а чаму не збiралi летам i не сушылi розныя травы, каб зiмой сядзець "пры гарбатцы"? I сапраўды, гэта ж так проста – пайшоў, гуляючы ды адпачываючы, прыпяваючы ды прысвiстваючы – збiрай сабе пахучыя кветкi i духмяныя травы...
Аказваецца, гэта было зусiм не проста, амаль немагчыма. На ўсё гэта не заставалася нi сiл, нi часу пасля штодзённай, ад цямна да цямна, ледзь не катаржнай працы ў калгасе. А калi ўрывалi якую гадзiну-дзве – усёй сям'ёй, старыя i малыя, навальвалiся на шчаўе, ды пёр нехта адзiн на гарбе гэты мех у Менск, каб прадаць яго ды прыдбаць хлябец...
Вось i пiлi мы з задавальненнем варголы – наш "сорт" гарбаты, пра якi за мяжой i вухам не чулi. Куды iм? Цемра!
Аднаго разу ў наш спарахнелы трысцень "увалiлася" вялiкае свята – прывёз тата з Менска кавалачак цукру. Ён i сапраўды быў падобны на камень, ды i крэпкi, як крэмень. Тата закруцiў яго ў нейкую тканiну, каб не згубiлася нi крошачкi, i пачаў малатком разбiваць той кавалачак цукру на зусiм маленькiя кавалачкi. Мы ўсёй сям'ёй, не дыхаючы, сачылi за вузельчыкам, якi ад удараў малатка смачна пахрустваў i сплюшчваўся. Тата асцярожна раскруцiў тканiну, расклаў на стале маленькiя, з вострымi краямi, кавалачкi белага цуду, старанна вытрас на стол i згроб у кучку тое, што ператварылася ў цукровую муку i... мы не "па-эўрапейску", а па-сапраўднаму, па-людску пачалi пiць свой "варголы". Што гэта быў за цукар!
...Сёння сучасны рафiнад, толькi памачы яго цi вазьмi ў рот, ён як рассыплецца, цукрынка ад цукрынкi "адпiхваецца", як i мы, сучасныя людзi, адзiн ад аднаго...
А той кавалачак цукру ляжыць сабе ў роце, дае салодкасць i амаль не растае. Можаш выпiць хоць тры кварты голага вару, а кавалачак цукру "не паддаецца", ляжыць на языку роўненька. Асалода!
А як смачна пiў тата гарбату з тым цукрам! Кубак алюмiнiевы, награецца, як i сам вар, – у руцэ-то яго тата трымае, бо рукi загрубелыя, да ўсяго звыклыя а вось да рота кубак не даткнуць. Таму тата вар "усёрбваў" з паветрам, не дакранаючыся вуснамi да пасудзiны. Сербане, цмокне языком, на якiм ляжыць той "жывучы" кавалачак цукру, потым глыне вадзiчку i з задавальненнем выдыхае працяглае, прыглушанае "а-а-а"...
I гэтак раз за разам: сёрб – цмок – а-а-а... сёрб – цмок – а-а-а...
ЗЛАДЗЮГА
Прыехалi ў нашу вёску з Менска да суседзяў нейкiя сваякi цi знаёмыя. Прыехалi, пагасцiлi i ад'ехалi дамоў.
У той сям'i, да якой яны прыязджалi, была дзяўчынка Аня, мая аднагодка, з якой мы штодня сустракалiся, гулялi, сябравалi.
Заскокваю я пасля тых гасцей у хату да Анi i – слупянею. Аня трымае ў руках... нават не ведаю што! З чым тады я мог параўнаць тую прыгажосць?! Сярод пасляваеннай шэрасцi, беднасцi, нястачы – нiчога падобнага мне нi разу не сустракалася. Нават каляровыя сны пасавалi перад цудам, якi зiхацеў у Анiных руках ярчэй за вясёлку.
Гэта была перламутравая бляшанка, уся ў рознакаляровых гарошынках, у якой некалi былi цукерачкi-ледзянцы. Якiмi толькi фарбамi не пералiвалася яна! Мне падалося, што знiк увесь свет, знiк i сам я – засталася толькi гэтая кругленькая яскравая бляшаначка, якая вабiла i палонiла сэрца.
"Адслупянеўшы" сваё, я папрасiў у Анi патрымаць гэты цуд, трапятлiва ўзяў у рукi i не мог нагледзецца. Пакручваў то адным, то другiм бокам да святла, то адкрываў, то закрываў вечачка, не забываючыся кожны раз панюхаць усярэдзiне.
Час праляцеў iмгненна, трэба было вяртацца дамоў, трэба было знайсцi сiлы выпусцiць з рук гэтую прыгажосць.
Але атрымалася ўсё само сабой так, што з хаты я пайшоў непрыкметна для ўсiх, а цудоўная бляшаначка засталася ў маiх руках.
Прыбег дамоў, паставiў бляшаначку на стол – далюбоўваюся! Цешуся – не магу нацешыцца! Мне вельмi добра i прыемна...
А там? У Анi?.. Там ужо зараўлi ў адзiн голас усе так, што ледзь шыбы ў вокнах не палопалiся:
– Прапала бляшаначка! Дзе бляшаначка? А-а! Гэта апошнiм быў Сяргей! Ён i ўкраў яе!..
Прыпёрлiся ўсёй табалой – i старыя, i малыя – у нашы "харомы", а я сяджу сабе спакойненька ды пакручваю бляшаначку ў руках.
– Дзякуй Богу! Вось яна! – крыкнулi зноў жа ў адзiн голас. – А мы баялiся, што ты яе ўжо збяёдваў!..
Схапiлi з рук "маю" бляшаначку i – гуртам дамоў. Ужо на парозе нехта кiнуў мне, замест бляшаначкi:
– У-у! Зладзюга!
Не ведаў я тады, што гэта за слова такое, бо "зладзюгу" было ўсяго чатыры гадкi...
Дзякуй усiм святым за тое, што за доўгае маё жыццё, акрамя той бляшаначкi, нiчога нi ў кога болей не ўкраў.
ГРУПАВЫ ЗАПЛЫЎ
У Будах, ля самай дарогi, была пасля вайны (ёсць яна i сёння) сажалка. Тады, у маленстве, яна здавалася агромнiстай i глыбокай. Сёння – сажалачка выклiкае спачувальную ўсмешку. Што ж, сталасць глядзiць на свет другiмi вачыма.
З аднаго боку над ёй нахiлiлiся зморшчаныя, пакручаныя часам вербы, якiя глядзелiся ў ваду i, здавалася, не верылi, што гэтак хутка ляцiць час i яны састарэлi. На тыя вербы любiлi ўскарабквацца вясковыя хлопцы, каб на самаробны кручок, прывязаны да нiткi, злавiць якую-небудзь рыбiну. А рыбы хацелася, як дурню стрэлiць, бо ад пасляваеннага голаду не было спасу – грыз на хаду.
Сярод нас, макраносых хлапчукоў, былi i падлеткi, якiя зразумелi, што самаробны кручок не накормiць. Кiнулi яны гэтую пацеху нам, меншым, а самi, з дапамогай дарослых, сплялi вялiкi кош, палезлi з iм у ваду i давай цягаць яго па дне, зачэрпваючы гразь. А ў гразi на дне, як вядома, любяць адпачываць гультаi-карасi. Закапаюцца з галавой у цiну i спяць сабе з асалодай, ледзь не пахрапваюць. Вось гэтую гразь i боўталi ў кашы, вымывалi яе, а зазяваўшаяся рыбiна бiлася ў дно, у сцены каша, ды было позна – праспала сваё жыццё. Чэрпалi гразь i мылi, чэрпалi i вымывалi, як тыя золатаздабытчыкi. Але што золата! Яго не ўгрызеш, не з'ясi! Рыбiна была тады для нас даражэй за золата.
Падзiвiцца на першы ўлоў сабралася амаль уся вёска. А справа iшла даволi спрыяльна – амаль з кожным зачэрпваннем трапляла рыбiна, а то i дзве. Але раптоўна нячыстая сiла падкруцiла ў кош вялiзнага карася. Во – даўжыня! Во шырыня! Як рыдлёўка! Папярэднiя былi з даланю, а гэты – на ўвесь кош. Парсюк не карась!
Выцягнулi яго на бераг да ўсёй рыбы, пазахаплялiся, пагаманiлi i пачалi дзялiць улоў. Дзялiлi-дзялiлi, цешылiся ды пагаджалiся, а як дайшло да "рыдлёўкi" – загулi, заспрачалiся. Спрэчка ператварылася ў свару. Кожны з удзельнiкаў таго лову i тыя, што плялi кош, хацелi прыпёрцi карася-волата дамоў. I да таго распалiлiся "мiтынгуючыя", што следам за мацюкамi гатовы былi пайсцi ў ход кулакi. Але адзiн з рыбакоў, самы гарачы i рашучы хлапец, схапiў карася i з дарогi, дзе ўсе стаялi, з усёй сiлы кiдануў у ваду. Ды так моцна, што той, апiсаўшы ў паветры дугу, гулка плюхнуўся на сярэдзiне сажалкi. Гэтае падзенне з вышынi аглушыла карася, i ён белай нерухомай плямай пагойдваўся на вадзе, шырока разганяючы кругi. Усе аслупянелi, але толькi на iмгненне. Убачыўшы, што карась роўненька ляжыць на вадзе, нiбы дражнiцца, усе – хто ў вопратцы, хто галяком – шуганулi ў ваду, i яна закiпела ад дзесяткаў сквапных i спрытных рук i ног. У нас, мелюзгi, што стаялi на беразе, перахапiла дыханне – такое гэта было вiдовiшча.
Тым часам адлегласць памiж аглушаным карасём i азартнымi рыбаловамi хутка скарачалася. Усе разумелi, што карась пакуль што нiчый i першы, хто дакранецца да яго, будзе ўладальнiкам рыбiны. З берага мы не бачылi нi лiдэраў, нi аўтсайдэраў, бо сцяна пырскаў закрывала iх ад нашых вачэй.
Калi ж да карася заставалiся лiчаныя метры, ён, не будучы дурнем, прыйшоў у сябе, крануў з лянотай раз-другi хвастом, глянуў пасалавелымi вачыма на звар'яцелых сваiх крыўдзiцеляў i – даў нырца на глыбiню, каб у сваёй любiмай цiне працягнуць перарваны сон.
ЖАЛЕЗНАЯ ХМАРА
Быў звычайны летнi дзень сорак пятага года. Дарослыя – працавалi, дзецi ладзiлi свае няхiтрыя гульнi: хто капаўся ў пяску, а больш спрытныя ушчэмлiвалi памiж ног палку i гойсалi, "скакалi на канi". I працавалася, i гулялася ў ахвоту, бо толькi-толькi скончылася вайна – нi табе стрэлу, нi выбуху – жывi колькi ўлезе!
Рамптам спынiлася праца, прыпынiлiся гульнi, нават птушкi сцiхлi. Нiхто выразна не мог растлумачыць – што ж здарылася? Першымi гэта адчулi i пачулi не вушы, а сэрцы. Адчулi, як той барометр "чуе" буру за сотнi вёрстаў. Знявечаныя вайной сэрцы дарослых i дзяцей не памылiлiся, бо хутка i вушы ўчулi цяжкi i трывожны гул, якi наблiжаўся i накрываў сабой усiх i ўсё. Цяжка было разабрацца, адкуль i што раўло, але роў рабiўся мацнейшым i з кожнай хвiлiнай больш страшным. Ён халадзiў кроў, прыцiскаў нас да зямлi, якая пачала нервова падрыгваць, аддаючыся ў нашы акамянелыя ногi.
I вось на гарызонце паказалiся першыя самалёты, якiя ляцелi не вельмi высока i, як нам падалося, вельмi шчыльна. Iх наплыло так многа, што не было бачна нi неба, нi сонца. I хоць гэта ляцелi нашы, родныя, свае, але жах дабiраўся да касцей, бо вайна яшчэ лютавала ў кожнай душы.
А самалёты раўлi i раўлi, плылi хваля за хваляй – здавалася, што яны вiселi над намi i канца гэтаму не будзе. Адкуль яны ляцелi i куды – невядома.
Нарэшце жалезная хмара праплыла, гул паступова аддалiўся. А мы ўсё стаялi акамянелыя, не ў сiлах варухнуцца i не ведалi, што больш страшныя хмары павiснуць над нашымi лёсамi, ператвараючы ўсё жывое ў паслухмяную акамянеласць.
МЕЗIН
У кожнай вёсцы, у кожнай мясцовасцi ёсць нешта сваё, адметнае, самабытнае, толькi тут народжанае.
Ад сваёй гаваркой мамы я "набраўся" столькi цiкавых, неўжываемых афiцыйнай мовай слоў, што хапiла б iх на слоўнiк. Я iмкнуўся цiхенька "ўткнуць" iх у якi-небудзь твор, каб рэдактары цi карэктары не заўважылi i не выкiнулi бывае, i праслiзне мамiна слоўка. Напрыклад, у гумарэсцы "Галёшы" замест насавой хустачкi прыжылося мамiна "насацёрка". Жыве i ў паэме "Люстэрка лёсу" мамiна "стоць носам". Тоўсценькае дзiця мама называла – "камлюк", а хлапчука, на якiм скура гарыць, – "вырвус". Прыехалi мы з ёй аднойчы ў Менск, а мама мне i кажа:
– Глянь, сынок! Вулiца ад людзей ломiцца!..
Можна многа пiсаць пра мудрасць i самабытнасць нашых продкаў, галоўнае, не трэба пужацца тых слоў, якiя не пагаршаюць нашу мову.
Сёння прыйшло на памяць слова, якое чуў адразу пасля вайны ў Будах, а пазней, за ўсё жыццё – нi разу. Адкуль яно ўзялося, чаму не прыжылося i знiкла – не ведаю.
Звычайна вясковая малеча-галеча ладзiла свае гульнi гуртам – так больш пiску i крыку, а значыцца, i весялей. Носiцца такая шумная завiруха па вёсцы з канца ў канец, ажно шыбiны падзынкiваюць у вокнах. Вакол дзяцей, не адстаючы, выпiсваюць кiлбасы iх надзейныя сябры – схуднелыя вясковыя сабакi.
Вось гэтыя сабакi i падаюць першымi сiгнал, што да вёскi наблiжаецца той, каго i дзецi, i сабакi з гiканнем i гаўканнем праводзяць аж за апошнюю хату.
– Мезiн! – крыкне хтосьцi першы, i ўжо дзесяць цi дваццаць галасоў, узмоцненых сабачым брэхам, падхопяць яго i iмчацца з гвалтам насустрач таму, хто выклiкаў гэткую буру хлапеча-сабачых эмоцый.
– Мезiн! Мезiн! Мезiн!.. Гаў! Гаў! Гаў!..
Сумнае i страшнае гэта было вiдовiшча. У вёску заходзiў бяздомны, беспрытульны, да апошняй нiткi абарваны, да апошняй костачкi схуднелы чалавек. Са шматлiкiх дзiрак выглядвае чорнае ад бруду цела, гэткi ж чорны твар абляпiла доўгая зблытаная барада, у руках – кiёк, на плячы – пустая торбачка. Вось далёка не ўсё, што ўвасабляла ў сабе слова "мезiн". Гэта быў звычайны для таго часу жабрак, да глыбiнi свайго гаротнага лёсу знявечаны падзеямi апошнiх гадоў. Гэта быў звычайны чалавек, толькi перамолаты аднаму яму вядомымi жорнамi нястачы i пакутаў.
– Мезiн! Мезiн! – гарлапанiла, абшарпаная да пят, хлапечая хеўра, якая па сваёй "заможнасцi" недалёка адкацiлася ад бяздомнага бедака.
– Гаў! Гаў! – свiрапелi не менш галодныя i худыя сабакi.
Лiтасцiвыя жанчыны адрывалi ад свайго стала адну-дзве бульбiны i працягвалi знявечанай жывой iстоце. Хлеба пакуль не было нi ў кога.
Мы, трох-чатырохгадовыя дзецi, сцiснуўшыся ў камочкi, з цiкавасцю i жахам пазiралi на гэтае страшнае падабенства чалавека, i незнаёмае слова "мезiн" пужала нас больш, чым ён сам сваiм жудасным выглядам.
– Мезiн! Мезiн! Гаў! Гаў!..
– Беражы цябе Бог! – шапталi мiласэрныя жанчыны.
Праз тыдзень-другi такое "шэсце" паўтаралася зноў, бо вайна напладзiла столькi гора, што яно доўгi час пасля яе заканчэння тулялася ад вёскi да вёскi, ад лёсу да лёсу, ад пакалення да пакалення.
Сёння ў Менску за кожным вуглом дома, у кожным падземным пераходзе сядзяць i стаяць з працягнутымi рукамi-нашы сучасныя "мезiны", на якiх не звяртаюць увагу нi "вярхi", нi "нiзы", i да iх не датычыцца вядомае: "Вайна ўсё спiша".
ПОСIК
Нарэшце i наша сям'я разжылася на парсючка. Збiрала мама крапiву, секла секачом, заварвала разам з лушпаямi ад бульбы, дадавала конскiх "круглячкоў", усё гэта размешвала i – прыемнага апетыту! Куды было дзявацца таму парсючку еў, ажно за вушамi патрэсквала. А як наесца – брыкнецца на бок i парохквае значыцца, у жываце музыка загучала.