355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Сергей Давидович » Замалёўкi (на белорусском языке) » Текст книги (страница 1)
Замалёўкi (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 12 октября 2016, 03:32

Текст книги "Замалёўкi (на белорусском языке)"


Автор книги: Сергей Давидович



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 10 страниц)

Давидович Сергей
Замалёўкi (на белорусском языке)

Сяргей Давiдовiч

Замалёўкi

Ад успамiнаў не абаронiць

Нi доўгi век, нi хуткi час...

Няхай былое душу бяссонiць,

Хай ачышчае i лечыць нас.

Хвалiць цi ганьбiць усё агулам

Лягчэй, чым "важыць" за крокам крок.

Шмат i памылак – там, у мiнулым,

Ёсць i выснова – жыцця выток.

КАЛОДКI

Колькi помню свайго тату, ён нiколi не сядзеў без справы, злажыўшы рукi. Калi выпадаў рэдкi вольны час – ён то пiлу вастрыў, то касу кляпаў, то дратву смалiў i валёнкi падшываў, то кошычак плёў, то ражачку майстраваў, то лучыну шчапаў – святла ж не было. Адным словам – майстар.

Чалавек, якi ўцягнуўся ў працу, без яе не можа, як п'янiца без гарэлкi. Вось чаму адразу пасля вайны, на зайздрасць усiм, у нас першых з'явiлiся драўляныя калодкi.

Лапцi – гэта адно. Калодкi – зусiм iншае. Яны замянялi нам абутак, якому не было зносу.

Вычэсваў тата сякеркай нешта падобнае на падэшву, зверху прымацоўваў, як у лыжах, раменьчык цi кусок гумы, каб было куды ўсунуць нагу, – i "абутак" гатовы. Праўда, хадзiць у калодках было няёмка – падымеш нагу, каб пераступiць, а пятка драўлянай падэшвы не хоча падымацца, адвiсае ўвесь час. Даводзiлася ногi цягнуць, перасоўваць.

Затое як гэтыя калодкi па-залiхвацку палясквалi на каменьчыках, цокалi, нiбы конь капытамi. Iдзеш i сам сабе зайздросцiш – цок! цок! цок! цок!

БАЗАР

Летам нам жылося лягчэй – арэхi, ягады, нейкая дзiчка, а то i яблык перападзе, потым – грыбы. А яшчэ было шчаўе!

Мне здаецца, што шчаўю, наогул, трэба паставiць помнiк – яно ўратавала многа людзей ад галоднай смерцi. Назбiраем яго ўсёй сям'ёй мех, i потым мама цi сястра нясуць гэты мех на сваiх плячах пешшу аж у Менск. А да Менска сорак вёрст. Там шчаўе прадавалася даволi хутка – патрэба на яго была заўсёды, а за выручаныя грошы купляўся хлеб i – зноў з мяшком за плячыма, адным днём, пешшу дамоў. Хлеб нiколi лёгка не даваўся бедным людзям.

Але якое ж было свята, калi мама цi сястра вярталiся дахаты. Праўда, хлеб выдаваўся мамай маленькiмi лустачкамi, каб як мага больш аддалiць голад. Чым менш заставалася хлеба, тым танейшымi былi лустачкi. Бывала, возьмеш яе ў руку, а лустачка перагiнаецца, як паперка. Я, памятаю, кiдаўся ў слёзы – чаму так мала хлеба. Тады тата браў мяне на рукi i казаў, трымаючы лустачку насупраць святла:

– Глядзi, сынок, а вось – базар!.. А колькi людзей на базары!..

Лустачка была танюсенькая i амаль уся прасвечвалася ад порыстасцi, была ўся на дзюрачках, як рэшата. Гэта мяне забаўляла, я пераставаў плакаць i з'ядаў свой "базар".

ВЕРАБ'ЮШКА

Адразу ж за вёскай пачынаўся луг з высокай травой, мноствам розных палявых кветак. Сталаму чалавеку трава была трошкi вышэй за калена, а ў нас тырчэлi толькi нашыя "макаўкi" з травы. Але бегалi мы на гэты луг не толькi дзеля забавы – на iм густа расло шчаўе, якое праз некаторы час выкiдвала ўгару далiкатныя сакаўныя дудкi, на якiх ужо пазней выспявала семя. Вось гэтымi дудкамi мы i сiлкавалiся, яны нас моцна ратавалi ад голаду. Чамусьцi гэтыя дудкi мы звалi – вераб'юшка i нават жартавалi:

– Вераб'юшка – балiць б'юшка.

I сапраўды, ад гэтай зелянiны-кiслаты нярэдка балелi нашыя жываты.

Сярод нас была Ларыса Мiцько, якой сваякi прывезлi з Менска прыгожую, у кветачкi, сукенку. Шчаслiвая Ларыса апранула абноўку i не адчувала зямлi пад нагамi – бегала, шчабятала, качалася па траве. I трэба ж было так здарыцца, што сукеначка за нешта зачапiлася i разадралася. А мацi ў Ларысы была вельмi строгая, з дзецьмi не цырымонiлася, бо i ў iхняй сям'i "галавасцiкаў" была цэлая куча – якiя тут могуць быць цырымонкi, ледзь выжывалi, тым больш без бацькi, якi загiнуў на вайне.

Пайшлi мы ўсе разам прасiць Ларысiну маму, каб не бiла дзяўчынку. Ларыса ж была вельмi ветлiвая, ласкавая, "лiслiвая", яна i запрычытала:

– Мамачка, мiленькая, родненькая, не бi мяне – я парвала сукеначку...

Толькi тады я звярнуў увагу на свае лахманы, якiм нiчога ўжо не было страшна, i з палёгкай уздыхнуў.

ГУЗАКI НА ЛБЕ

Бывала так – выскачыш на двор пагойсаць, сустрэнеш сябра, а ў яго – гузак на лбе. Заўтра ён цябе сустрэне, а ў цябе – таксама лоб з гузаком.

Нi ён у цябе, нi ты ў яго не пытаешся – што ды адкуль? Справа вядомая, звыклая. Што за шалянец без такога гузака?

Мяркуйце самi. Садзiмся есцi ўсёй сям'ёй вакол адной вялiкай мiсы,бо другога посуду пасля вайны не было.

А каб блiжэй быць да булёну цi зацiркi, трэба сядзець шчыльна – локаць да локця, калена да калена.

А хiба ж магчыма сядзець каля братавага бока i не парнуць спадцiшка ў гэты бок? I ледзь толькi парнеш у бок – як брат пырскае ад смеху. А за сталом Божа баранi – каб хто слова сказаў цi круцiўся. Яда – святая справа. Але гэта для дарослых, бо дзецям – толькi ж паштукаваць, павыскаляцца. А смяяцца заўсёды прыпiрае тады, калi гэта забаронена. Тады падскоквае дурны смех.

Вось i ў час яды – парнеш у бок брата – той у смех, а тата – трэсь лыжкай па лбе брату. Таму – ужо не да смеху.

Затое ты "пырскаеш" ад удалай "штуковiны", але адразу ж зарабляеш свой гузак за "парушэнне парадку".

Карацей, яда – справа сур'ёзная.

ВАЛАЧОБНIКI

Валачобнiкi – гэта нешта надзвычай прыгожае, урачыстае, прыстойнае. Збiралiся на Вялiкдзень самыя рухавыя, вясёлыя, няўрымслiвыя аднавяскоўцы i разам з гарманiстам хадзiлi ад хаты да хаты, прыгожа спяваючы. Святочна апранутыя, знешне шчаслiвыя, чыста вымытыя, яны зусiм не нагадвалi зрабаваных, абяздоленых, задушаных працай людзей. Сапраўды Бог спускаецца на зямлю ў гэты дзень.

У кожнай хаце ўжо чакалi святочных пасланцоў i нават пакрыўдзiлiся б, каб яны абмiнулi кагосьцi.

Падыходзiлi валачобнiкi да акна i спявалi:

– Проша паненцы адчынiць акенцы...

Спевы былi прыгожыя, мiлагучныя, узнёслыя, як i душы тых пакрыўджаных лёсам людзей. Калi не памыляюся, валачобнiцкiя спевы называлiся васоламi.

Калi спевы толькi пачыналiся, шчаслiвая гаспадыня адчыняла акенца i з пашанай слухала iх, а потым праз акно падавала валачобнiкам ад свайго стала ўсё, чым была багата гэтая хата. Падарункi складвалi ў вялiзны плецены кош, якi нехта з валачобнiкаў насiў на рэменi цераз плячо, – i гэтак ад хаты да хаты. Такое святкаванне аб'ядноўвала людзей, зблiжала iх.

Валачобнiкi нiколi не хадзiлi адны, за iмi заўсёды цягнуўся "хвост" – мы, дзецi. Я ганарыўся больш за ўсiх, бо гарманiстам быў мой тата.

Калi хаты былi "абпетыя", збiралiся ўсе аднавяскоўцы на сонейку i, паслаўшы посцiлкi на траву, працягвалi свята за агульным святочным "сталом".

Сёння нашыя дзверы i вокны шчыльна зачынены...

ПАЖАЧКI

На святы Вялiкдзень у дзяцей было столькi радасцi, што i сёння цяпло тых дзён не астыла, не згасла, не згiнула.

Дарослыя заўсёды цешацца па-свойму – стрымана, узважана, "посна" – iм да дзяцей расцi i расцi.

Перш-наперш мы да ўсходу сонца беглi на пагорак, каб пабачыць, як на Вялiкдзень танцуе сонейка пры ўсходзе. Дарослыя гэтага не рабiлi, бо ведалi, што гэтак жа сама яно "танцуе" i кожны дзень.

Дзецi ж у гэта верылi шчыра, i таму свята набывала ўжо зрання асаблiвую таямнiчую прыгажосць.

Гавелiся разам, усёй сям'ёй, нешта снедалi. Дарослыя пiлi чарку, другую, пятую, слабейшы мог i пад стол звалiцца – тады i канец святу. А ў дзяцей усё толькi пачыналася. Найгалоўнейшая для дзяцей справа святога дня – бiцца ў яйкi. Колькi пiску, колькi крыку, колькi рогату i спрэчак! Кожнаму ж хочацца перамагчы i забраць сабе пабiтае яйка. Азарт! Некаторым дужа не шанцавала яны куляй ляцелi дамоў i прасiлi ў мамы яшчэ фарбаваных яек, бо ўшчэнт прайгралiся. Сталейшыя хлопцы часцяком шальмавалi з намi, малымi, непрыкметна падстаўлялi сустаў пальца пад удар, i ўжо нiкому нiчога не дакажаш, хоць тут плач-расплачся – аддавай яйка, i ўсё. Аднаго года аб'явiўся ў нас i зусiм "непераможны" хлапец, пабiў усiх без разбору. Нагроб цэлыя кiшэнi нашых яек, стаiм мы з пустымi рукамi, ледзь не плачам. Калi потым высветлiлася – у яго было драўлянае яйка, якое па-майстэрску зрабiў яго тата, пафарбаваў i даў сыну. Больш з iм нiхто нiколi не гуляў у яйкi, хоць ён i прасiўся, малiўся, скуголiў.

Значна "iнтэлiгентней" гулялi ў яйкi дзяўчынкi. Яны рабiлi з пясочку пагорачкi i па чарзе скочвалi яйкi ўнiз. Яйка коцiцца няроўна – то нечакана ўлева зверне, то ўправа крутнецца – вось чыё яйка "знойдзе" iншае, тое i перамагае. Цiкава, ажно дух захапляе! Бывала, i мы, меншыя, далучалiся да дзяўчынак...

Быў i яшчэ адзiн абавязковы для дзяцей "рытуал" – пажачкi. Гэта значыцца кожнае дзiця на Вялiкдзень павiнна было зайсцi ў кожную хату па фарбаванае яйка. Нiхто, канешне, у карак не гнаў, можна i не iсцi, але каму ж не хочацца мець як мага болей прыгожых яек – гэта ж цэлае багацце! Сапраўды носiшся з iмi, як курыца з яйкам.

Дарослыя пра пажачкi ведалi, таму прыкiдвалi, колькi дзяцей у вёсцы, каб кожнаму хапiла.

Заскокваеш да каго-небудзь у хату, смарганеш носам i абавязкова, як i "дзяўблi" бацькi, кажаш:

– Хрыстос уваскрос!

А потым, каб атрымаць яйка, неабходна яшчэ сказаць:

– Не дасi яечка – здохне авечка, не дасi кока – вылезе вока!

Карацей, за яйка трэба i "папрацаваць".

Я быў вельмi цiхi, сцiплы, сарамлiвы, ды i гадкоў мне было, можа, з пяць усяго. Я заходзiў у хату i стаяў цiхенька ля парога, апусцiўшы галаву. Дарослыя разумелi, якi з мяне "аратар", i давалi яйка, не дамагаючыся ад мяне гэтых пацераў.

Заскочыў я гэтак да Кухаронкавых i стаю як слупок.

– А што трэба сказаць? – пытаюцца ў мяне.

Я сцiснуўся ў камячок i стаю, як пружына ўвесь...

– Не хочаш гаварыць, не атрымаеш яйка! Ну?

Я як даўся ў дзверы, ды на двор, ды ходу, а мне ўслед крычаць:

– Куды ты?! Пастой! На яйка!

А мой i след прастыў...

Дурненькi я, дарэмна пакрыўдзiўся, людзi ж хацелi пачуць ад дзiцяцi святочныя прыказкi.

ЭХ, ПРАКОЦIМСЯ!

Да Жукоўскiх з Менска прыехаў iх старэйшы сын Iван. Не проста прыехаў, а на грузавiку – уладкаваўся недзе ў Менску працаваць шафёрам. Форсу, гонару таго, як кажуць, без фiгi не да носа! Ды i было чым ганарыцца – пасля вайны шафёр – больш значная шышка, чым сёння мiнiстр. Машыну мы бачылi першы раз у жыццi, i таму, калi Iван, ад'язджаючы ў Менск, прапанаваў нашай хеўры пракацiцца ў кузаве, мы ажно зараўлi (прабачце, запiшчалi) ад захаплення. Калi машына набiрала хуткасць i вецер пачаў паласкаць нашыя твары, мы адчулi нешта незвычайнае, у нас быццам выраслi крылы, i, не згаворваючыся, мы запелi штосьцi без слоў: "Ля-ля-ля", – i ў такт нашым крыкам пачалi выстукваць па кабiне. Машына рэзка затармазiла i прыпынiлася. Вылез з кабiны Iван i запытаўся:

– Ну што, зайцы, так мала пракацiлiся? Вылазьце!

Нас быццам з вару апусцiлi ў ледзяную ваду, настолькi змянiўся наш настрой. Нiчога не разумеючы, мы пасаскоквалi на зямлю i з вялiкiм жалем глядзелi ўслед ад'язджаючай машыне. Праехалi мы ўсяго метраў з пяцьдзесят. Дамоў сунулiся як пабiтыя...

Нам тады ў галаву не магло прыйсцi, што стуканне па кабiне азначае просьбу супынiць машыну. Прыехалi!

ДУРНЫ ЖАРТ

Аднойчы вярталiся мы з арэхаў дамоў i раптам спынiлiся як укопаныя. На мяжы, на ўскраi вёскi, спала дзяўчына. Спала спакойным, казачным сном, прыгожа нахiлiўшы ўбок галаву, раскiдаўшы доўгiя валасы. Гэтую дзяўчынку мы ведалi, яна прыехала на лета да сваякоў у нашу вёску з Ленiнграда. Яе звалi Аня. Сонечны пяшчотны дзень, цiшыня i спакой, водар лясоў i траў паспрыялi гэтай прыгожай дзяўчынцы, якой было, можа, год з чатырнаццаць, заснуць глыбокiм сном. Яе твар упрыгожвала ледзь бачная, бесклапотная ўсмешка, якая адлюстроўвала чысцiню i светласць гэтай дзявочай душы...

Мы стаялi, зачараваныя, i любавалiся ёю.

Раптам Тонiк Сiнкевiч, таксама меўшы ўжо гадоў з чатырнаццаць за плячыма, выйшаў наперад, таямнiча прыклаў палец да сваiх вуснаў, паказваючы гэтым, што зараз адкрые нам страшэнную тайну, i прыцiшана сказаў, закацiўшы вочы ўгару:

– Мая!

Так мы яму i паверылi! I нават не таму, што Тонiк быў цыбаты, нязграбны, грубы, а перад намi ляжаў ледзь не анёл, а таму, што нiхто нi разу не бачыў iх разам, нават размаўляючы. А ў вёсцы – усё як на далонi.

Далей здарылася нечаканае i страшнае. Тонiк падышоў да дзяўчынкi, нахiлiўся над ёй i як зараве дзiкiм ровам. Нават мы ад нечаканасцi перапужалiся. А што казаць пра дзяўчынку? Бедная Аня. Яна ўсхапiлася, вочы дзiкiя, нiчога не разумее. А Тонiк стаiць над ёй i рагоча, аж хiстаецца. Нiхто з нас, значна меншых, не смяяўся з Тонiкавага "жарту".

Добра, калi гэты спалох не адбiўся на далейшым здароўi цi псiхiцы Анi. Лёс жа Тонiка быў сумны. Ён адслужыў у войску, чалавек увогуле быў добры, але спiўся i памёр ад гарэлкi ў маладым узросце.

ПЕРШЫ ЗАРОБАК

Сталейшая мая сястра Жэня была, як кажуць, на выданнi. Ды i прыгожая была i, нягледзячы на голад, даволi "круглая" – маладосць брала сваё. З гэтай нагоды ў наш закуток нярэдка зазiралi хлопцы – проста так, выпадкова: "Iшоў тут, дай, думаю, зайду"...

Заходзiў да нас i К. (не буду называць прозвiшча). Вось гэты К. аднойчы мне i кажа цiхенька на вуха:

– За кожнае мацюковае слова буду плацiць па дваццаць капеек...

У мяне загарэлiся вочы – ого, аж дваццаць капеек за слова! (Потым, пасля рэформы, дваццаць капеек ператварылiся ў дзве, а зараз сам чорт не разбярэцца з грашыма.) Я пачаў напружана ўспамiнаць тыя мацерныя словы, якiя, канешне ж, чуў ад сталейшых хлопцаў, ад дарослых. Успомню такое слова – шапчу К. на вуха. Ён, каб усе чулi, хвалiць мяне:

– Малайчына! Харошае слова! – спраўна плацiў грошы i рагатаў з задавальненнем, забаўляўся.

Але лексiкон мой быў небагаты ў гэтай галiне, i запас "харошых" слоў хутка вычарпаўся, а "зарабiць" хацелася, i я пачаў шаптаць розныя словы, але не мацюковыя. Тады К. глядзеў на мяне сурова i таксама, каб усе чулi, невыпадкова казаў:

– Ты што мацюкаешся! Як табе не сорамна? Ану ўспамiнай харошыя словы!

Цяжка было мне, пяцiгадоваму, разабрацца – што да чаго. На жаль, першыя заробленыя мае грошы былi бруднымi.

ФIГА

У Будах у Кухаронкаў было ўсё – i хата, i свiран, i жорны, i iншыя розныя будынкi i прыстасаваннi. Быў у iх i цудоўны сад, праўда, надзейна агароджаны, а шкада...

Вось прыехаў аднойчы да iх нейкi важны госць, якога спачатку частавалi ў хаце, а потым Барыс, малодшы сын Кухаронкавых, якому было гадоў каля дваццацi, павёў гэтага госця ў сад.

Мы, хлапчукi, заўсёды "пры справе", без нас нiдзе не абысцiся, i тут мы не падкачалi. Барыс з госцем у сад, а мы праз адчыненыя варотцы – следам, авось, думаем, што i перападзе, авось перад госцем не выгане. Цыкнуў на нас Барыс, а выганяць не стаў, бо надта ўжо быў заняты гэтай персонай.

– Калi ласка, вось гэты яблычак пакаштуйце!..

– А вось гэты, дык такi налiўны, ажно семкi бачны!..

– А цяпер вось гэты, ён як мёд... – i гэтак далей. Водзiць ад яблынькi да яблынькi, усё сцелецца дарожкай перад госцем.

Мы, як тыя сляпыя шчаняты, увесь час скуголiлi ззаду:

– Дай, Барыс, яблычак! Дай, Барыс, яблычак! Дай, Барыс, яблычак! Дай! Дай! Дай!

Здавалася, ён не звяртаў на нас увагi, трымаў марку, але мы, мусiць, яго так "дасталi", што ён рэзка павярнуўся i з шалёнай злосцю выставiў нам фiгу:

– Наце яблычак!

Паколькi я быў самы першы, фiга трапiла прама мне ў нос. Барысаў агромнiсты кулак, складзены ў такую фiгуру, быў, здавалася, большым за маю галаву, закрываў сабой i сад, i ўвесь свет. Не па-дзiцячы горкую крыўду адчуў я тады...

Крыўда тая даўно ператварылася ў вялiкi жаль, бо Барыс, пасля таго як ажанiўся, не ладзiў з жонкай i застрэлiўся з ружжа. Даруй яму, Божа!

ЗА ШТО?

Пасля вайны нас у мамы было толькi пяцёра, да вайны – аж дзевяць. Я – самы маленькi. Мама i тата ад цямна да цямна – у калгасе, а мы – самапасам. Мяне, чатырохгадовага, адвялi ў суседнюю вёску да сваякоў – усё ж маме спакайней i лягчэй будзе. У гэтай сям'i жыла i дзяўчынка Соня, якая ўжо хадзiла ў першы клас. I вось тут я ўбачыў першую ў сваiм жыццi кнiжку – гэта быў буквар, у якiм аж "кiшэла" малюнкаў. Праўда, малюнкi былi не каляровыя, але ўсё роўна бачыць першы раз у жыццi такi цуд – гэта вам не сёння, што кнiгарнi ломяцца ад розных кнiжак, яркiх, прыгожых. А тады – галеча, паперкi не знойдзеш, не тое што кнiжкi. Цi ж магло маё дзiцячае сэрца вытрымаць i прапусцiць проста так гэтую прыгажосць? Я адразу ж узяў нажнiцы i павыразаў самыя прыгожыя, на мой розум, малюнкi, асцярожненька, каб не парвалiся, склаў iх i схаваў у кiшэньку, а ў душы радаваўся магчымасцi бачыць у любы момант гэтую незвычайнасць дома.

Якое ж было маё здзiўленне, калi, вярнуўшыся ў хату знадворку, дзяўчынка Соня кiнулася ў слёзы, нарабiла такога ляманту – хоць вушы затыкай. Збеглiся дарослыя, забралi мой дарагi скарб i адвялi мяне назад да мамы. Праўда, не бiлi. А я доўга не мог зразумець, за што на мяне сварылiся.

МАКУХА

Надакучыў я вам са сваiм голадам? Прабачце! Але зноў вяду размову пра яго, праклятага...

Прывезлi неяк у Буды цэлую машыну нейкай макухi. Згрузiлi яе ў будынiну напалову склеп, бо частка ў зямлi была. Навесiлi на дзверы замок, i ўсё. Не, не ўсё! А як жа без нас?! Мы хуценька даведалiся пра тое, што прывезлi макуху, каб даваць яе жывёле. А чым мы горшыя за жывёлу? Нам таксама хочацца есцi. Круцiлiся мы вакол гэтага будынка, круцiлiся – нi дзюрачкi, нi шчылiнкi, толькi пах той макухi насы зварочвае, ахвоты паддае. Нарэшце залезлi мы на дах, нешта адсунулi, нешта ададралi – i вось яна, жаданая! Паспрабавалi смакацiшча! Ну i навалiлiся ж мы на яе, толькi хрумст стаяў у цемры. Елi, елi – колькi ўлезла, яшчэ i з сабой хапянулi – хто ў кiшэнi, хто ў запазуху. Вось гэта жыццё! Заўтра зноў наведаем "харчэўню"!

Але нi заўтра, нi пазней сюды мы не палезлi, бо праз некалькi гадзiн нас стала так ванiтаваць i тузгаць, што мы зелянелi, сiнелi, чарнелi. Цi мы задужа перагрузiлi свае вечна галодныя жываты, цi макуха была, сапраўды, толькi для жывёлы – нiхто не ведае. Вядома толькi адно – тую будынiну мы абыходзiлi далёка, бо не маглi чуць нават паху той макухi.

СМЯРОТНАЯ РАНА

Пасярод Будаў узвышаецца пагорак, яго называлi малаказаводам. Мусiць, тут быў некалi сапраўды завод, бо захаваўся вялiкi, высокi падмурак. На адным схiле гэтага пагорка рос арэшнiк, былi нейкiя ямы, таму мы, вясковае "войска", тут гулялi "ў вайну". Падзялялiся на два лагеры, i пачыналася "перастрэлка", поўзанне, перабежкi, перамогi i паражэннi. Камандзiрам нашага атрада быў Шурка Бурло – хлопец сталейшы за нас – на тое ён i камандзiр.

Паўзу я з нейкiм ражончыкам, замяняўшым стрэльбу, па гэтым арэшнiку i нечакана натыкаюся на Шурку, якi ляжаў на спiне, распластаўшы рукi i заплюшчыўшы вочы.

Я, як i належыць, пытаюся:

– Што з вамi, таварыш камандзiр?

У адказ – нi гуку... Зноў i зноў задаю тое ж пытанне – вынiк аднолькавы. Я не на жарт перапужаўся i давай крычаць на ўвесь арэшнiк, клiкаць на дапамогу.

Пазбягалiся i "нашы", i "не нашы" i давай валтузiць Шурку – не дай Бог памёр.

Нарэшце ён, не адкрываючы вачэй, працадзiў скрозь зубы:

– Мяне ранiлi проста ў сэрца...

Хух! Цяпер ужо i ў нас адлягло ад сэрца.

Аказваецца, Шурка гэтак увайшоў у ролю.

I СМЕХ, I СЛЁЗЫ

Сядзiм мы неяк са старэйшым братам Кастусём на печы i шчыкочымся – зубы скалiм. То ён мяне пакоцiць, то я на яго ўссяду. Весела! Валтузiмся, ажно печ трашчыць, ажно комiн хiстаецца.

Але праўду кажуць – надта не рагачы i не выскаляйся, бо хутка плакаць будзеш.

Так яно i атрымалася. Кастусь за мяне на чатыры гады сталейшы, у яго i сiл значна больш. Ён мяне прыцiснуў i казыча, а я... а я, сказаць вам па сакрэту, баюся гэтага казытання i сёння горш за ўсё на свеце. Я й сёння буду ўцякаць ад гэтага хоць па сценах, хоць па столi, хоць у ваду, хоць у агонь.

А тады куды я мог уцячы, калi ён мяне прыцiснуў, а я ўжо заходжуся ад смеху, ажно сiнею? Што я мог зрабiць? Як мог ратавацца? Правiльна! Толькi адным спосабам. Я яго i скарыстаў – што першае папалася пад руку, тым я i смалянуў брату ў зубы. А папалася, на жаль, нешта важкае, бо ў беднага Кастуся выскачыла адразу аж тры зубы. Ды якiя! Самыя што нi ёсць найпярэднiя! Як карова языком злiзала. Вось мы i нарагаталiся, i наказыталiся, i навыскалялiся. Сядзiм на печы, звесiўшы ногi, i плачам. Кастусь таму, што балiць, я – таму, што зрабiў брата шчарбатым. Сам сябе ён убачыць доўга не мог, бо не было люстэркаў.

Гэты сумны выпадак каб i хацеў выкiнуць з галавы, дык немагчыма, бо i праз паўвека, пры сустрэчы з братам, бачу яго ўстаўленыя зубы.

НАВУЧЫЎ

У дубе, як iсцi на Жукаўку, вадзiлiся шэршнi. Iх раней было на кожным кроку – i ў крушнях, i ў дуплах, i дзе iх толькi не было. Каб сказаць, што яны былi "задзiрыстымi", дык не. Не чапай iх, i яны не зачэпяць.

А якi ж гэта падшыванец пройдзе каля шэршняў, каб не кiнуць у iхнi бок камень цi палку? Вось i я ўнадзiўся хадзiць да гэтага дуба i кiдаць па дупле каменнямi. Камень стукнецца аб дуб i адскоквае, а шэршнi за iм. Цiкава! Канешне, ёсць рызыка, што шэршань можа не за каменем паляцець, а за тым, хто яго кiдае, але ў гэтым заключаецца ўся вастрыня гульнi, якая i прываблiвае.

Аднаго разу набраў я каменняў, стаў, як заўсёды, на "баявую" пазiцыю i давай шпурляць. Ды, мусiць, я ўжо ў тых шэршняў сядзеў у пячонках, бо адзiн з iх паляцеў не за каменем, а прамiком да мяне. Шэршань – гэта цэлы бамбавоз, i гудзе ён грозна, як бамбавоз. Я ад страху ледзь не абамлеў. Не паспеў я i пiкнуць, як ён грызануў мяне за руку ля локця. Было такое адчуванне, што мне нехта палкай па руцэ трэснуў. Добра, што пашкадаваў мяне i не ўкусiў за твар.

Я схапiўся за руку i з дзiкiм гвалтам панёсся дахаты.

Да таго дуба болей я не падыходзiў.

СПРЭЧКА

Далёка за Будамi, як iсцi на Сухую Гару, жанчыны, i сярод iх мая мама, жалi сярпамi калгаснае жыта. Спёка стаяла страшэнная, i мы, хлопчыкi i дзяўчынкi – дзецi гэтых жнеек, набралi ў бутэльку вады i панеслi яе сваiм змучаным матулям.

Хто з нас прапанаваў зрабiць такi высакародны ўчынак – не памятаю. Усё было б добра, але ў аднаго хлапчука знайшлася ў кiшэнi цукерачка-гарошына, якую ён нiяк не адважваўся з'есцi, бо яна была апошняя. Яго тата хварэў на сухоты, i, каб "падтрымаць" яго здароўе, прывозiлi з Менска пасля продажу шчаўя маленькi кулёчак цукерак – рознакаляровага гарошыку, можа, грамаў сто, бо на большае i лепшае не хапала грошай, хоць бы хлеба купiць ды з голаду не памерцi. (Неўзабаве яго тата i памёр.)

Вось гэтую прыгожую гарошынку наш сябар "аджалеў" i кiнуў у бутэльку "для смаку". Але адразу нас занепакоiла – чыя мама будзе пiць ваду апошняй? Усе разумелi – апошняй дастанецца цукерачка.

Падняўся шум, пiск, штурханiна, кожны крычаў:

– Мая!

Кожны спрабаваў завалодаць бутэлькай, каб потым i распараджацца ёю. I да таго мы завалтузiлiся, што бутэлька слiзганула з рук, бразнулася аб каменьчык i разбiлася. Мы акамянелi ад нечаканасцi.

Сонца пякло нясцерпна...

ПРОМАХ

Гулялi ў лапту. Мячыка ў нас не было, але гэта не бяда. Скруцiлi яго з ануч – чым не мячык? Адзiн яго падкiдвае, другi палкай стараецца папасцi па iм, каб ён ляцеў як мага далей. Гулялi хлопцы, якiм было ўжо год па дванаццаць, а такую, як мы, пяцi-шасцiгадовую мелюзгу не бралi. Але я так прасiўся, так скуголiў, каб дазволiлi хоць мячык падкiнуць, што Вiцька Жукавец (чамусьцi яго звалi Красянцом), якi стаяў з палкай, нарэшце злiтаваўся i дазволiў мне падкiнуць "мячык".

Не ведаю, што атрымалася – цi я стаў заблiзка да Вiцькi, цi ён не тым бокам да мяне, але Красянец з усяго размаху "змазаў" мне палкай па пераносiцы, ажно iскры (якiя там iскры?) – ажно вуголлi з вачэй пасыпалiся. Я залiўся крывёй i брыкнуўся, як падсечаны.

З тае пары мой нос крыху крываваты, мусiць, не так храшчык зросся. Затое гульнi ў лапту нiколi не забуду.

ШКАДА...

Да мяне, як вiхор, падляцеў Жэнька i, сцiскваючы "лодачкай" далонi, у якiх быў аловак, спытаўся з жарам:

– Не ты згубiў?

У мяне перахапiла дух. Сапраўдны аловак! Мне ж так хацелася маляваць, але не было чым i на чым, таму мы, дзецi вайны, малявалi на пяску. А тут сапраўдны аловак! А якi Жэнька чэсны! Знайшоў аловак i шукае гаспадара!

Я, доўга не думаючы, адказаў Жэньку: "Мой!" – хоць нiчога не губляў, бо губляць не было чаго.

Жэнька з такiм жа жарам "заiржаў" i паказаў "аловак" – гэта была драўляная прадольная палавiнка без стрыжня.

Ну, Жэнька! Ну, шэльма! А шкада, што аловак быў несапраўдны.

"БЫЧКОЎ ПАДАРУНАК"

У сорак пятым годзе мы жылi ў спаленай немцамi роднай Карпiлаўцы, у зямлянцы. Мне было тры гадкi...

Выкараскаўся я неяк з нашай зямлянкi, стаю перад ёй, думку думаю: "Куды падацца?" Бачу, пасецца побач Тодараў бык. (Як яны на яго разжылiся – не ведаю.) Я цiхенька, нага за нагу, бокам, бокам – ды да яго, гэтага быка. Ён перастаў скубцi траву i, не паднiмаючы сваёй рагатай галавы, глядзiць на мяне – што гэта за такая шмакадзяўка вырасла перад яго вачыма?

Ён мяне разглядае, я – яго...

Крыху расхрабрыўшыся, я пачаў пальчыкам дакранацца да ягонага iлба ды пацiху поркаць у той лоб.

Цi доўга гэта "порканне" працягвалася, цi не, а, вiдаць, я яму надакучыў, бо ён цiхенька пiхнуў сваiм iлбом мяне ў грудзi. Гэтага "цiхенька" хапiла для таго, каб я задраў ногi.

Я перапужаўся, ляжу, раву – на чым свет стаiць! Бык здзiўлена глядзiць на мяне, а я – раву!

Канешне, ён не бiў мяне, бо ў яго хапiла розуму "скумекаць", што перад iм – дзiця, таму ён не рогам, а iлбом "пагладзiў" мяне...

...Мiж iншым, бываюць у жыццi выпадкi, калi бык забiвае дарослага чалавека...

Але вернемся да нашага "добрага" быка. Ён здзiўлена стаiць нада мной, а я – раву... Як выбегла з сваёй зямлянкi, што насупраць нашай, Тодарыха ды як убачыла, што я ляжу каля iхняга быка, – перапужалася, бедная, падумала, што бык па-сапраўднаму "ўвалiў" мне. Адагнала яна ўбок жывёлiну, падняла мяне, бачыць – я цэлы i здаровы, толькi раву. Тады яна, каб уцiхамiрыць мой роў, збегала ў зямлянку i прынесла мне лусту хлеба, пасыпаную цукрам.

Якi ж быў смачны "бычкоў падарунак"!

БУДЗЕ ВАЙНА...

Праўду кажуць, што маленькая iстота, якую мацi носiць пад сэрцам у перыяд цяжарнасцi, усё чуе, усё разумее i ўсё ўбiрае ў сябе, каб потым адпаведным чынам "рэалiзавацца" ў жыццi.

Калi ўсё адчувае i ўспрымае зародак чалавека, дык не мог жа я нiяк не рэагаваць на тое, што ў першыя гады майго жыцця вакол мяне лютавала вайна. Мае вочы бачылi ўсё, што бачылi вочы дарослага чалавека: немцаў, якiя прыкладамi выштурхоўвалi нас з хаты, а потым спалiлi яе, суровае жыццё партызанаў, да якiх мы прыбiлiся i з якiмi адыходзiлi да Палiка, дзе потым немцы ўчынiлi крывавую бойню i адкуль вырывалiся хто як мог. Многа начэй правялi мы ў лесе без агню, без цяпла, без яды. Бачылi мае вочы i слёзы, i кроў, i смерць – не ўсё разумелi яны, але смяротны страх пасялiўся ў мяне, занадта маленькага ў параўнаннi з тым агромнiстым горам.

Я не памятаю вайну, але выбухi, крыкi, уцяканне, хаванне, пакуты таго часу атруцiлi маю кроў, мае дзiцячыя мазгi надоўга, бо слова "вайна" выклiкала ў маiм сэрцы неверагодны жах i я пачынаў дрыжаць усiм целам. Гэта я пачаў заўважаць у сорак пятым годзе, па сутнасцi, пасля вайны. I асаблiва праяўлялася гэта цёмнымi вечарамi, калi мама мяне ўкладвала спаць. А спаў я чамусьцi на спiне, але "калачыкам", падцiснуўшы ногi да жывата i ўшчамiўшы пад iх рукi.

У нас, малых, было тады павер'е – калi нейкiя словы доўга паўтараць будзе ўсё наадварот.

Вось я, не раскрываючы свой сакрэт маме, вечарам не засынаў, а тросся ад страху i, як пацеры, доўга i старанна паўтараў праз сябе: "Будзе вайна... будзе вайна... будзе вайна..."

Дзякуй Богу, маё заклiнанне "памагло" i ў Беларусi больш як пяцьдзесят гадоў няма вайны.

СТАЛIНСКАЯ КАРОЎКА

Ледзь толькi скончылася вайна, як аднекуль "зверху" распарадзiлiся дапамагчы самым што нi ёсць пацярпеўшым ад гэтай праклятай вайны.

Мы, як пагарэльцы, былi тады самымi беднымi, бо акрамя вошай у нас нiчога не было...

Той, хто памятае пасляваенны час, – памятае i iдэалагiчны чад, што запоўнiў усе куточкi знявечанага жыцця. Што б нi рабiлася, нi манiлася – усё прыпiсвалася Сталiну. Сталiн – перамог... Сталiн – пабудаваў... Сталiн клапоцiцца...

Вось тую "дапамогу" бедным – таксама аднеслi на рахунак Сталiна. I нам, нашай сям'i, якая не мела нi даху над галавой, нi крошачкi хлеба, нi бульбiнкi, – калгас, ад iмя Сталiна, даў карову.

У якой дзяржаве такое магчыма?! Хай паспрабуе камар нос падаткнуць пад сталiнскую "заклапочанасць" пра бедных!.. I наша сям'я трапiла недзе ў спiс "шчаслiвых" сем'яў, якiх было мiльёны пад сталiнскiм сонцам...

Дасталася нам карова страшнючая, худзенная, як кажуць, – скура i косцi. Здавалася, што i скуры не было – адныя косцi, але, нягледзячы на гэта, мы былi шчаслiвымi – якая нi ёсць, а карова – багацце!

Я бегаў па вёсцы i з ранiцы да вечара выкрыкваў тое, што чуў ад мамы, ад дарослых: "Сталiн даў кароўку! Сталiн даў кароўку!.."

Кароўка тая не даiлася, бо скура i косцi i не маглi даваць малако. Адкуль яно ў iх? Яна хiсталася ад слабасцi цi ад старасцi, а можа, ад хваробы, а хутчэй – ад усяго разам, бо хуценька яна, як кажуць, адкiнула капыты – здохла. Вось мы i набылiся "багатымi" – зноў засталiся толькi мы i вошы...

"Зарэзаў" тата тую бедную кароўку, i голад вымусiў нас есцi "шчодры" сталiнскi падарунак.

ЧУЖОЕ СЛОВА

Пераязджалi Мiцьковы на новае месца жыхарства – у Менск. Нагаравалiся ў Будах, "наелiся" працадзён калгасных, ажно горка зрабiлася.

Прыехаў грузавiк, i пачалi загружаць у яго прыдбаны скарб – чарапы нейкiя ды рызманы розныя. Беднаму чалавеку – i гэта багацце.

Мы, малыя, стаiм, з самотай i зайздрасцю назiраем за мiтуснёй дарослых. I шкада, што ад'язджаюць твае бясштаннiкi-сябры, i зайздросцiш iм – пра Менск мы толькi вухам чулi, а яны будуць жыць у iм – сярод булак i цукерак.

Раптам мужчына, што стаяў у кузаве машыны, звярнуўся да мяне:

– Мальчик, подай кувшин!

Я так разгубiўся, нiбы соннаму трэснулi палкай па лбе – зачырванеўся, нiчога не разумею. Першыя два словы разабраў, а вось пра "кувшин" я нiколi не чуў. Я збянтэжана забегаў вачыма па розных хатнiх дробязях, якiя стаялi каля машыны, а патрэбнай рэчы не знайшоў, хоць збан гэты быў на самым бачным месцы...

Аказваецца, не надта даўно гэта было, калi беларуская вёска ведала i шанавала сваю родную мову, – слова "кувшин" было для мяне незнаёмым, чужым.

Сёння ж для многiх беларусаў, нават для тых, чые каранi засталiся ў вёсцы, матулiна мова зрабiлася чужой.

ХТО ЁСЦЬ ХТО?

Аднаго часу прывозiлi ў нашу вёску зняволеных – "зэкаў". Яны збiралi па палях каменнi, сцягвалi iх у кучы – рабiлi пад канвоем. Абед iм прывозiлi ў вялiзных бачках-тэрмасах, кармiлi пераважна крупянымi кашамi. Голад гнаў нас да гэтых людзей, мы шчыльна iх акружалi i "блiшчэлi".

А ў дзяцiнстве я быў такi белагаловы – валасы як снег. Пэўна, у маiм арганiзме нечага не хапала, вось валасы i былi бялюткiмi. Але дзякуючы iм мне больш, чым каму з маiх сяброў, шанцавала. Як нас адрознiць адзiн ад другога? Усе абарваныя, худыя, галодныя, босыя. А вось я сярод iх быў як той дзьмухавец, як заяц-бяляк летам – нiдзе не схавацца яму. Таму я кожны дзень чуў ад якога-небудзь зняволенага адно i тое: "Ну, белая галава, падыходзь!" усаджваў мяне на каленi i дзялiўся сваёй небагатай "пайкай".


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю