444 000 произведений, 109 000 авторов.

Электронная библиотека книг » Марк Твен » Прынц i жабрак » Текст книги (страница 9)
Прынц i жабрак
  • Текст добавлен: 30 сентября 2026, 22:31

Текст книги "Прынц i жабрак"


Автор книги: Марк Твен



сообщить о нарушении

Текущая страница: 9 (всего у книги 13 страниц)

Разьдзел XXII. Ахвяра вераломства.

Ізноў кароль Фу-Фу Першы змушаны быў валачыцца ў таварыстве бадзякаў і праступнікаў, служачы мішэньню дзеля іхніх грубых і тупых насьмешкаў; часамі, за плячыма ў атамана, даставалася яму ад злапамятных Канці і Гьюго. Апрача іх, усе палюбілі яго, усім падабалася яго дзіцячая адвага і стойкасьць. У працягу двох дзён, Гьюго, пад даглядам якога быў хлопчык, зьнянацку ўсяляк стараўся дапякаць яму; уночы, калі пачалося звычайнае п'янства, ён пацяшаў кампанію рознымі няпрыязнымі штукамі: двойчы, быццам зьнянацку наступіў каралю на нагу, але той, як і варта было яго дастойнасьці, пагардліва аднёсься да гэткага шальмоўства; а калі Гьюго паўтарыў гэта трэці раз, дык хлопчык гэтак ударыў яго палкаю, што ён паваліўся на зямлю, на вялікую радасьць усіх прысутных. Дзяцюк, палячыся ад злосьці й сораму, ўстаў, схапіў дубінку і заўзята накінуўся на свайго маленькага праціўніка. Хутка, каля байцоў злажыўся гурток, пачалі вышчараць зубы, біцца аб заклад. Але беднаму Гьюго проста такі не шанцавала. Яго сільныя і няспрытныя ўдары зводзіліся на нішто ўмелаю рукою караля, вышкаленага лепшымі фэхтавальнікамі ў Эўропе, ведаўшага ўсе прыемы і спрытнасьці. Ён стаяў напагатове ў грацыёзнай позе, адбіваючы ўдары, што сыпаліся на яго, як град, з гэткай лёгкасьцю і ўпэўненасьцю, што пярэсты натаўп гледзячоў ня мог надзівіцца; кожны раз, як яго прывычнае вока заўважала незахованае месца і Гьюго даставаўся спрытны ўдар па галаве, наступаў нястрымны гром рогату і вострых словаў. Цераз чэцьверць гадзіны, Гьюго ўвесь зьбіты, ў сінякох, пагардна ўцёк з поля бою, прасьледаваны самымі бязьлітаснымі насьмешкамі, а пераможца, цэлы і непашкоджаны, быў падхоплены на рукі вясёлаю араваю й пасаджаны на ганаровае месца, побач з атаманам; тут яго з урачыстай цэрэмоніяй, абвясьцілі „каралём баявых пятухоў." Яго ранейшы тытул быў скасованы, і выйшаў загад, гразіўшы выгнаньнем з шайкі кожнага, хто адважыцца вымавіць гэтае паніжальнае прозьвішча.

Усе спробы зрабіць караля карысным сябром шайкі засталіся няўдачнымі. Ён упарта адмаўляўся пакарацца трэбаваньням; мала таго, заўсёды прабаваў уцякаць. У першы дзень пасьля павароту, яго скіравалі па здабычу ў нечую кухню; ён ня толькі вярнуўся з пустымі рукамі, але яшчэ падняў на ногі гаспадароў. Паслалі былі яго з меднікам – памагаць яму красьці; ён адмовіўся „працаваць", ды яшчэ замахваўся на медніка яго-ж нітавальнікам, – так што яму і Гьюго толькі і клопату было, што глядзець на ўсе вочы, каб ён ня ўцёк. Ён пушчаў пяруны на галовы ўсіх, хто сьціскаў яго волю, альбо начапляў на яго работу. Выправілі яго пад наглядам Гьюго, з абадранаю, гразнаю жанчынаю і хворым дзіцянём, жабраваць – ён ні за што не хацеў пабірацца ці наагул дзеяць разам з імі.

Гэтак прайшло некалькі дзён. Беды й цяжары бадзяцкага жыцьця, галіта, гадасьць і грубасьць паступова рабіліся несьцярпімымі дзеля нявольніка, яму прыходзіла да галавы, што ратунак ад нажа пустыньніка, ў лепшым выпадку, зьяўляецца для яго толькі адсрочкаю пагібелі. Уночы ён запамінаў пра ўсе беды і сьніў, што ён ізноў кароль, на пасадзе. Гэта, ведама што, ўмацоўвала яго пакуту, калі ён абуджаўся; з кожны днём, які ён быў у няволі, мукі яго рабіліся ўсё жахоўней і несьцярпімей.

На другое раньне пасьля спатычкі з каралём, Гьюго ўстаў поўны думак аб помсьце. Два пляны былі, галоўным чынам, выбраны ім. Адзін быў у тым, каб панізіць горды розум хлопчыка і яго ўяляную каралеўскую вартасьць; а ў выпадку няўдачы гэтага, пусьціць у ход другі спосаб: зваліць на яго якое-нібудзь праступленьне і выдаць яго ў рукі неўмалімага суда.

Дзеля прывядзеньня ў выкананьне першага пляну, ён задумаў накласьці навязку на нагу хлопчыку, саўсім правільна разважаючы, што гэткім чынам давядзе яго да адчайнасьці; а калі навязка пачне дзеяць, ён пры падмозе Канці, прымусіць яго скіравацца на вялікую дарогу жабраваць, выстаўляючы на показку хворую нагу. Раны рабіліся масьцяй альбо прыпаркаю з нягашанае вапны, мыла і жалезнае іржы; гэтая мешаніна нашмароўвалася на кавалак раменю і шчыльна прывязвалася да нагі. Спачатку павінна была зьлезьці скура і адкрыцца мяса; пасьля рана зьверху пакрывалася крывёю, якая, засохшы, прымала чорны, адпіхальны выгляд; зьверху з разьлічанаю неахайнасьцю накладалася навязка, так каб праціўную балячку было відно і каб яна выклікала спачуцьцё ў падарожных.

Гьюго заручыўся падмогаю медніка, якому кароль нядаўна прыгразіў нітавальнікам. Яны павялі хлопчыка, і як толькі згубілі з віду свой табор, пакацілі яго, пры гэтым меднік трымаў яго, Гьюго накладаў яму на нагу тугую павязку.

Кароль рваўся і мітусіўся, пагражаў навесіць абодвух, як толькі верне карону; але яны моцна трымалі яго, пацяшаючыся над яго бясплоднымі натугамі і недарэчнымі пагрозамі. Тымчасам, плястыр пачаў ужо пячы і паказаў-бы сваё дзеяньне ў самым нядоўгім часе, каб ня здарылася перашкоды. Неспадзявана зьявіўся на сцэне „раб", – той самы, што лаяў ангельскія законы, – і палажыў канец штуцы, садраўшы навязку з масьцяю.

Вызваліўшыся, кароль хацеў ужо ўзяць палку ў свайго збавіцеля і агрэць нягоднікаў, але той ня даў яму, радзячы адлажыць расправу да вечара, калі ўся шайка будзе ў зборы і ніхто з боку ня зможа ўмяшацца альбо заступіцца. Ён павёў усіх трох у стаянку і далажыў аб здарэньні атаману. Выслухаўшы яго, атаман падумаў з мінуту і рашыў, што ня трэба прымушаць хлопчыка жабраваць, таму што ён, відочна, заслужвае лепшага назначэньня – і тут-жа даў яму падвышэньне, удастоіўшы пераводу з пабірачоў у зладзеі.

Гьюго трыумфаваў. Ён ужо прабаваў падбіць праціўніка на зладзейства, але няўдачна. А цяпер ня было ніякіх труднасьцяў: ён-жа не адважыцца не паслухаць загаду, які паходзіць ад самога начальніка. I вось у той самы дзень Гьюго злажыў плян, як падвясьці караля і выдаць яго ў рукі суда, але абставіць гэта хітра і тонка, каб усё здавалася выпадковым і незадуманым загадзя, – бо „кароль баявых пятухоў", з нядаўнага часу, карыстаўся популярнасьцю, і шайка не пацэрамонілася-б з тым, хто выкінуў-бы гэткую подлую штуку, як правакатарская выдача чалавека агульнаму ворагу – закону.

Дык вось, выбраўшы момэнт, Гьюго павёў сваю ахвяру ў найбліжэйшую вёску; доўга поўзалі яны па вуліцах – адзін усё выглядаў выгаднае здарэньне дзеля зьдзейсьненьня свайго праступнага замеру, а другі чакаў мамэнту, каб смаргануць і ўцячы назаўсёды з цяжкае няволі.

Абодва сумысьля ўпусьцілі некалькі прынадных выпадкаў, таму што таямніча кожны пастанавіў дзеяць напэўна, ня ставячы на карту найзахованьнейшых сваіх жаданьняў.

Гьюго першаму выпала чарга. Ён заўважыў жанчыну, нёсшую вялікі скрутак у кошыку, вочы яго бліснулі ліхою радасьцю:

„Чорт пабяры, каб мне толькі зваліць гэтую штуку на цябе, тады трымайся, пятушыны кароль!" – падумаў ён. З выгляду саўсім спакойна, але з моцнаю трывогаю душы чакаў ён, пакуль жанчына прайшла.

– Пачакай тутака, я зараз вярнуся! – шапянуў ён і пусьціўся, хаваючыся, за сваёю здабычаю.

Сэрца караля застукацела з радасьці; цяпер яму ўдасца ўцячы, – абы толькі Гьюго адыйшоў крыху далей. Але ня суджана было зьдзейсьніцца яго чаканьням. Гьюго хаваючыся падыйшоў да жанчыны, выцягнуў скрутак і, завінуўшы яго ў кавалак старое коўдры, які насіў з сабою, пачаў уцякаць. У тую-ж мінуту жанчына падняла крык і гвалт; яна і не заўважыла, як выкралі яе ношу, але хутка схамянулася, пачуўшы, што кошык зрабіўся лягчэйшым. Гьюго ўсунуў скрутак у рукі каралю, ня спыняючыся.

– Хутчэй бяжы за мною, – сказаў ён, – і крычы: „Лаві злодзея!" ды пастарайся зьбіць іх з толку.

Зараз-жа пасьля гэтага Гьюго скіраваўся за вугол, шмыгануў у крывы завулак; цераз мінуту ён ізноў паказаўся, з самым роўнадушным і невінаватым выглядам спыніўся каля стаўпа, з цікавасьцю чакаючы, што будзе далей.

Кароль са злосьцю кінуў скрутак на зямлю; пры гэтым коўдра расхінулася. Якраз у гэту мінуту прыбегла жанчына, з натаўпам народу за ёю. Схапіўшы аднэю рукою хлопчыка, другою трымаючы скрутак, яна пачала адчытваць няшчаснага, дарэмна прабаваўшага вырвацца.

Гьюго ўбачыўшы, што яго вораг схоплены і, дзеля гэтага, не ўцячэ ад суда, скіраваўся трыумфуючы й задаволены, у табар, па дарозе прыдумваючы падобную да праўды гісторыю, дзеля данясеньня атаману.

Кароль далей трапястаўся ў чэпкіх руках жанчыны, сярдзіта крычучы:

– Пусьці мяне, дурная баба! Ня я ўкраў твой гадкі скрутак!

Натаўп абступіў іх, пагражаючы каралю, абсыпаючы яго лаянкамі. Нейкі каваль, увесь у сажы, з раменным хвартухом, закасаўшы рукавы, праціснуўся наперад, дзеля таго, каб як мае быць правучыць яго; але раптам у паветры бліснуў меч і адбыўся ўдар плоскім бокам па выцягненай руцэ.

– Ціха, добрыя людзі, няма чаго злаваць і лаяцца. Закон разьбярэ справу, а вам няварта соўвацца. Каваль абвёў вокам паважную фігуру ваякі і адступіў на пятках назад, мармычучы і пачэсваючы сабе руку. Жанчына неахвотна выпусьціла каралёву руку. Натаўп няпрыязна пазіраў на незнаёмца, але разумна маўчаў. Кароль кінуўся да свайго збавіцеля, пачырванеўшы, са зьзяўшым выглядам:

– Доўга-ж ты прападаў, сэр Майльс, але зьявіўся якраз упару. Паразганяй-жа гэты натаўп.

Разьдзел XXIII. Кароль арыштованы.

Гэндон ледзь устрымаўсч ад усьмешкі і, нагнуўшыся да хлопчыка, шапнуў яму:

– Цішэй, цішэй, гаспадару, стрымлівайся з языком. Дай волю мне, я сам усё зраблю.

А сам сабе Майльс падумаў: „Сапраўды-ж я ўжо саўсім неяк запомніў, што мне дана рыцарскае званьне, што я сэр. Ах, Божа, дзіўна вельмі, што ён гэтак добра памятае ўсё, ня гледзячы на свае недарэчныя, бязглуздыя дзівацтвы!.. Ведама, што мой тытул пусты гук, а ўсё-ж такі трэ' было заслужыць яго; сапраўды, памойму больш гонару ўдастоіцца званьня рыцара ў царстве мараў і прыяваў, чымся поўзаць дзеля адтрыманьня графоўскага тытулу ў якім-бы ні было з царстваў сьвету гэтага".

Натаўп расступіўся, каб прапусьціць констэбля, які падыйшоў да караля і хацеў узяць яго за каўнер; але Гэндон заступіўся:

– Лягчэй, дружа, бяз рук... ён сам пайдзе; ручаюся табе. Ідзі, а мы за табою.

Паліцэйскі з жанчынаю, нёсшаю скрутак, пайшоў наперадзе; за ім кароль і Майльс, праводжаныя натаўпам. Хлопчык зьбіраўся протэставаць, але Гэндон сказаў яму паўголасна:

– Падумай, гаспадару, – то-ж на законе толькі й будуецца каралеўская ўлада, дык ці-ж можаш ты адмаўляцца ад спаўненьня яго і вымагаць паслухнянасьці ад іншых? Відочна, закон толькі-што быў нарушаны; калі, гаспадару, ты ізноў займеш пасад, хіба-ж табе ня прыемна будзе спомніць, як калісьці, трапіўшы ў палажэньне простага грамадзяніна, ты пакарыўся ўладзе закону.

– Ты кажаш праўду. Годзі, пабачыш, што кароль вымагае толькі гэтак-жа пакарацца законам, як сам ён пакараецца ім.

Калі судзьдзя запрапанаваў жанчыне даць паказаньні, яна прысягальна цьвярдзіла, што маленькі абвінавачаны той самы, які ўкраў. Ніхто ня мог паказаць адваротнага – так што справа хілілася не на карысьць хлопчыка. Разьвінулі скрутак; у ім аказалася клустае парасё. Судзьдзя пасмутнеў, а Гэндон пабялеў, па целе яго прабеглі дрыготкі жаху. Толькі кароль, у няведаньні сваім, заставаўся спакойны. Прадстаўнік закону моцна задумаўся; надыйшла пауза, праракаваўшая ліха. Затым судзьдзя зьвярнуўся да жанчыны з запытаньнем:

– На колькі ты ацэньваеш сваю ўласнасьць?

– На тры шылінгі і восем пэнсаў, вашая міласьць, нічога не магу спусьціць; цана назначана па суменьню.

Судзьдзя абвёў натаўп засмучаным паглядам, паклікаў констэбля і сказаў:

– Выдаліць публіку з залі і зачыніць дзьверы.

Загад быў споўнены. Нікога не засталося, апрача вураднікаў, абвінавачанага, вінаваціўшага і Майльса Гэндона. Апошні стаяў пануры і зьбялеўшы; на лобе ў яго выступілі буйныя кроплі халоднага поту і пацяклі па твары. Судзьдзя йзноў зьвярнуўся да пацярпеўшае і прамовіў з выразам спачуцьця:

– Перад табою бедны, цёмны хлопчык, быць можа голад піхнуў яго на праступленьне, бо часы-ж цяпер цяжкія для няшчасных. Зьвярні ўвагу, ў яго саўсім ня злы твар, але голад ня свой брат... Добрая жанчына, ці ведама табе, што за крадзеж рэчы вартасьцю вышэй трынаццацёх з паловаю пэнсаў закон пагражае павешаньнем?

Маленькі кароль здрыгануўся, яго спалоханыя вочы шырока вырачыліся, але ён аўладаў сабою.

Ня тое было з жанчынаю; яна падскочыла на ногі, дрыжачы ад страху, і пачала маліць:

– Ах, Божачка, што я нарабіла! Крый Божа, ды я ні за што на сьвеце не хачу губіць яго. Збаўце мяне ад гэтай бяды, вашая міласьць... Што мне рабіць, як мне быць?...

Судзьдзя спакойна і проста адказаў:

– Пэўна-ж, закон дапушчае зьмену цыфры вартасьці, таму што паказаньне яшчэ не запісана ў пратакол.

– Тады, ў імя Бога, пішэце, што парасё каштуе толькі восем пэнсаў, і я падзякую Небу за тое, што на суменьні маім ня будзе гэткага цяжкага граха.

Майльс Гэндон з радасьці запомніў усе цэрарамоніі: абняў караля і моцна прытуліў яго да сябе, чым вельмі зьдзівіў яго і закрануў яго дастойнасьць. Жанчына горача падзякавала судзьдзі і выйшла са сваім парасём. Паліцэйскі адчыніў ёй дзьверы і выйшаў у калідор. Судзьдзя быў заняты пісаньнем пратаколу. А Гэндон, уважна сачыўшы за тым, што адбывалася, захацеў даведацца, чаго паліцэйскі пайшоў сьледам за жанчынаю; ён паціхеньку смаргануў у цёмны калідор і пачуў там гэткую размову:

– Парасё клустае, добрая патрава выйдзе з яго. Я купляю яго ў цябе. Вось восем пэнсаў.

– Восем пэнсаў! Як-бы ня гэтак! Папрабуй купіць за гэтыя грошы. Яно мне самой каштуе тры шылінгі і восем пэнсаў, як лёду – поўнаважкаю монэтаю, да якой нябожчык кароль Гарры не дакрануўся. А ты захацеў за восем пэнсаў.

– Што-ж гэта ты, цётачка, круціш? То-ж ты давала паказаньне пад прысягаю і, значыцца, фальшыва прысягнула, што парасё каштуе толькі восем пэнсаў. Пойдзем-жа зараз да яго міласьці; за гэткую штуку будзеш адказаваць... а хлопчыка павесяць...

– Пачакай, родненькі, ціха – хай сабе патвойму. Давай грошы ды толькі маўчы болей.

Жанчына пайшла са сьлязьмі на вачох, Гэндон, нікім не заўважаны, вярнуўся ў судовую залю, за ім увайшоў паліцэйскі, перад гэтым захаваўшы сваю здабычу ў добранькім месцы. Судзьдзя пісаў яшчэ нейкі час: затым прачытаў каралю настаўніцкі, але мягкі адказ і засудзіў яго на нядоўгае сядзеньне ў вастрозе ды публічную кару бізунамі. Страшэнна зьдзіўлены кароль разявіў быў рот, быць можа, зьбіраючыся прыказаць, каб судзьдзя быў незабаўна абезгалоўлены; але заўважыў перасьцерагаўшыя жэсты Гэндона, і прамаўчаў. Гэндон узяў яго за руку, пакланіўся судзьдзі і скіраваўся, ў праводжаньні паліцэйскага, да вастрогу. Толькі што яны выйшлі на вуліцу, як разгневаны монарх упёрся, вырваў руку ў Майльса і крыкнуў:

– Дурань, няўжо-ж ты думаеш, што мяне жыўцом вазьмуць у вастрог?

Гэндон нахіліўся да яго і цьвёрда заўважыў:

– Даверся мне. Маўчы і ня псуй справы занадта адважнымі словамі. Пакладзі надзею на волю Божую – ад лёсу не ўцячэш; будзь цярплівым і чакай – час пакажа, як быць.

Разьдзел XXIV. Уцёк.

Кароткі зімовы дзень канчаўся. Вуліцы апусьцелі; толькі дзе-ня-дзе трапляліся праходзіўшыя, дый тыя, як відаць, сьпяшаліся хутчэй скончыць свае справы і схавацца ад мацнеўшага ветру і надходзіўшага змроку ў прытульных хатах. Яны праходзілі, не аглядаючыся па бакох; ніхто не зьвярнуў увагі на нашу кампанію, ніхто, як быццам, і не заўважаў яе. Адварды Шосты нявольна падумаў, што яшчэ ніколі ніводнаму каралю не даводзілася ісьці ў вастрог і спатыкаць на сумным шляху сваім гэткую незразумелую роўнадушнасьць падданых. Хутка паліцэйскі прывёў іх на бязьлюдны рыначны пляц. Калі яны апынуліся пасярэдзіне яго, дык Гэндон палажыў руку яму на плячо і шапнуў:

– Пачакай толькі мінутачку, дружа; тут нікога няма – мне трэба сказаць табе пару словаў.

– Не пазваляецца, мой дарагі; калі ласка, не затрымлівайце мяне, таму што хутка ўжо ноч на двары.

– Усё такі, пачакай – справа блізка датычыць цябе. Адвярніся лепш плячыма і прыкінься, што нічога ня бачыш: няхай хлопчык уцячэ.

– Як вы сьмееце прапанаваць мне гэта, мой дарагі! Арыштую вас імем...

– Пазволь, не сьпяшайся. Будзь асьцярожнейшы, каб ня даць маху.

Ён панізіў голас і зашаптаў у вуха паліцэйскаму:

– За парасё, якое дасталася табе за восем пэнсаў, ты можаш заплаціць галавою.

Бедны паліцэйскі, зьбянтэжаны, спачатку быццам языка пазбавіўся, пасьля, апамятаўшыся, пачаў крычаць і пагражаць: але Гэндон быў непарушны і чакаў, пакуль той не супакоіцца.

– Ці ведаеш, што ты мне спадабаўся, – сказаў ён, нарэшце, – не хацелася б, каб ты пацярпеў. Заўваж сабе, я ўсё чуў, кожнае слова, – зараз дакажу табе гэта.

І ён паўтарыў, ад слова да слова, размову паміж паліцэйскім і жанчынаю ў калідоры суда.

– Вось бачыш, ці-ж ня праўду я кажу? Што-ж, патвойму, не змагу я ўсё расказаць судзьдзі, калі спатрэбіцца?

Паліцэйскі так і застыў ад страху і бяды; крыху супакоіўшыся, ён загаварыў з папушчанаю праставатасьцю:

– Ды вы з мухі робіце сланя; нашто раздуваць справу? Я проста пажартаваў з жанчынаю.

– А парасё таксама жартам узяў ад яе?

Паліцэйскі злосна адказаў:

– Не як-нібудзь іначай, пане, – кажу вам, што толькі жартам.

– Я гатоў табе паверыць, – сказаў Гэндон, ня то насьмешлівым, ня то сур'ёзным тонам, – толькі ты крыху пачакай тутака, а я зьбегаю да судзьдзі і спытаюся ў яго, – то-ж ён, як чалавек, што разумее ў законах, бязумоўна ведае, што такое жарт, што такое...

I ён ужо рушыў назад, усё цьвердзячы сваё; паліцэйскі замяўся, вылаяўся, пасьля крыкнуў:

– Гэй, пане, пачакайце крыху. Ды што судзьдзя – ён, ці ведаеце, таксама здольны разумець жарт, як якое-нібудзь пудзела. Хадзеце лепш сюды, пагаворым. Чорт пабяры, я, як відаць, трапіў на памылку, і ўсё цераз нявінны, неабдуманы жарт. Пашкадуйце, вашая міласьць, я чалавек сямейны – ў мяне жонка, дзеці. Скажэце, чаго вам ад мяне трэба?

– Толькі аднаго: каб ты зрабіўся сьляпы, нямы і нярухомы, пакуль не налічыш сто тысячаў не сьпяшаючы, – сказаў Гэндон з выглядам чалавека, які просіць аб самай нязначнай рэчы.

– Дык я-ж загіну за гэта, – адчайна вымавіў паліцэйскі. – Ой, пане, разважце самі; з якого боку ні глянь, ясна, але-ж ясна відаць, што гэта быў жарт. А калі й ня жарт, дык гэткі малюсенькі праступак, што судзьдзя самае большае, зробіць мне выгавар і перасьцярогу.

Гэндон адказаў з халоднай урачыстасьцю:

– Аднак-жа для твайго жарту ёсьць асобны артыкул у законах... Ведаеш – які?

– Я гэтага ня ведаў! Можа быць праз няведаньне, зрабіў я крыху нядобра. Я й ня думаў, каб быў гэткі артыкул. Ах, Божа мой, а мне здавалася, што гэта глупства.

– Ага, артыкул ёсьць. Вось што ён кажа: Non compos mentis lex tationis sic transit gloria mundi.

– Ай, Божачка!

– А паложана за гэта кара сьмерці!

– Божа, зьлітуйся нада мною, грэшным.

– Скарыстаўшыся небясьпекаю, гразіўшай абвінавачанаму, ты дзеля ліха ўжыў сваю ўладу, забраўшы рэч вартасьцю вышэй трынаццацёх з паловаю пэнсаў, а гэта ў вачох закону нядобрасуменнае спаўненьне абавязкаў і злаўжыцьцё па службе, ad hominem expurgatis in statu quo – за якое праступленьне паложана кара сьмерці праз павешаньне, бяз споведзі і літасьці ці адданьня пад духоўны суд.

– Падтрымайце, падтрымайце мяне, пане, ногі млеюць. Зьлітуйцеся, ня губеце – я адвярнуся плячыма і нічога ня буду бачыць.

– Вельмі добра, цяпер ты зрабіўся болей разумным. А парасё аддасі?

– Аддам, аддам, і ўжо ніколі не дакрануся ні да якога парасятка. Ідзеце – я сьляпы, я нічога ня бачу. Скажу, што вы ўварваліся і сілаю адбілі арыштованага. Дзьверы ў нас пры гэтым старыя, а я іх уночы выб'ю.

– Гэтак і зрабі, дружа, нічога табе ня будзе. Судзьдзя літасьціва аднёсься да беднага хлопчыка; павер, што ён не пашкадуе, што гэты малы ўцёк дый вастрожніка не пакарае...

Разьдзел XXV. Гэндон-Голь.

Як толькі Гэндон з каралём адыйшлі настолькі ад паліцэйскага, што яго ўжо ня відаць было, яго вялікасьць павінен быў скіравацца ў назначанае месца за горад і там чакаць свайго збавіцеля, які зайшоў у готэль разрахавацца. Праз поўгадзіны абодва прыяцелі, весела гутарачы, на сваіх скакунох ехалі ў кірунку на ўсход. Каралю было цяпер цяпло і добра, таму што ён скінуў свае лахманы і апрануў патрыманы касьцюм, куплены для яго Гэндонам на Лёнданскім мосьце.

Гэндон стараўся не ўтамляць хлопчыка; цяжкія пераезды, думаў ён, ды благая яда і няпоўны сон могуць блага адгукнуцца на яго здароўі; тымчасам, як умяркованы рух, адпачынак і правільны характар жыцьця, напэўна, прысьпяшыць выздараўленьне. Ён шчыра жадаў бачыць хлопчыка ў здаровым розуме, вольным ад хваравітых прыяваў, напаўняўшых яго бедную галоўку. Дзеля гэтага, ён пастанавіў не сьпяшаючыся вяртацца ў бацькаўскі дом, адкуль быў выгнаны гэтулькі гадоў назад, – замест таго, каб, пакараючыся ахапіўшай яго нецярплівасьці, без перадышкі ляцець як дзень, так ноч.

Ад'ехаўшы каля дзесяцёх міляў, нашыя ездакі дасягнулі вялікага сяла і спыніліся там на начлег у даволі добрым шынку. Ранейшыя адносіны ізноў аднавіліся між імі; Гэндон стаяў ззаду за каралём і прыслужваў яму падчас абеду; пасьля распрануў яго і палажыў у пасьцель, а сам лёг на падлозе каля дзьвярэй і ахінуўся коўдраю.

У чародныя два дні яны пакрысе пасоўваліся ўперад, расказваючы адзін аднаму пра свае прыгоды з часу разлукі; расказы гэтыя вельмі займалі кожнага з іх. Гэндон вылажыў усе свае перажываньні пры шуканьні караля; перадаў, як, архангел дурыў яго, водзячы дарэмна па лесе, як, нарэшце, бачачы, што ня можа лёгка адчапіцца, павёў яго назад да хаціны. Старык зайшоў у спальню і выйшаў адтуль з выразам зьдзіўленьня і гора на твары, – ён чакаў, як быццам, што хлопчык вярнуўся і лёг адпачыць, але яго няма. Гэндон прачакаў караля цэлы дзень; згубіўшы надзею на паварот яго, ён ізноў вырушыў у пашуканьні.

– А сьвяты айцец сапраўды бедаваў, што вашая вялікасьць не вярнуліся, – сказаў Гэндон, – па твары яго відаць. было.

– Ані не сумняваюся ў гэтым, – адказаў кароль, і расказаў сваю страшэнную гісторыю. Гэндон пашкадаваў, што ня прыкончыў архангела.

У апошні дзень падарожы настрой Гэндона быў крыху падняты. Ён ня сьціхаў гаварыць, – то расказваў пра свайго старога бацьку, пра брата Артура, прыводзіў выпадкі, рысаваўшыя іхнюю чэснасьць; то з уцехаю й любасьцю спамінаў пра сваю Эдыту, і наагул быў гэтак радасна настроены, што навет аб Гью выказаўся дабрадушна, пабратэрску. Доўга яшчэ расказваў ён аб сустрэчы ў Гэндон-Голі, якая была наперадзе. Якая гэта будзе неспадзяванасьць для ўсіх, якая радасьць!

Дарога цягнулася па прыгожай мясцовасьці, усеянай котэджамі і садамі сярод шырокіх сенажацяў, якія, дзякуючы чяроўнаму грунту, напаміналі бурнае мора. Пасьля паўдня, блудны сын, які вяртаўся пад бацькаўскую страху, няраз схіляў з дарогі, прабуючы з якога-нібудзь прыгорку хаця здалёк разглядзець свой дом. Нарэшце, гэта яму ўдалося, і ён неспакойна выгукнуў.

– Вун, гаспадару, вёска, а тамака далей і наш замак. Глянь, і вежы відаць адсюль. А вось лясочак здалёк – гэта бацькаўскі парк. Пабачыш, якая там роскаш, якое багацьце! Семдзесят пакояў – падумай толькі! Адных слугаў дваццаць сем чалавек. Добрая кватэра для гэткіх малайцоў, як мы з табою. ну, цяпер пасьпяшаймася, я смажуся ад нецярплівасьці.

Ня гледзячы на хуткую язду, падарожныя нашы даехалі да вёскі толькі пасьля трэцяе гадзіны ўдзень. Ня спыняючыся, яны паехалі далей. Гэндон ані на момэнт ня сьціхаў:

– Вось цэрква, абросшая плюшчам, – ніякае зьмены. Вун стары шынок „Чырвоны Леў", за ім рыначны пляц. Бачыш, прызавая мачта і вадацяг усё паранейшаму, нічога не зьмянілася, апрача людзей. Дзесяць гадоў вялікі кавалак у жыцьці чалавека; некаторыя твары мне як быццам знаёмы, а мяне дык ніхто не пазнае.

Гэтак ён усё гаманіў. Мінуўшы вёску, прыяцялі схілілі на вузкую крывую дарогу, абгароджаную высокай агароджаю; шпарка праехалі яшчэ з паўмілі і ўехалі ў вялізную каменную браму з вылепленымі гэрбамі на колённах, вёўшую ў сад. Перад імі ўзвышаўся вялічавы будынак.

– Калі ласка – ў Гэндон-Голь, кароль! – гукнуў Майльс. – О, які вялікі, шчасьлівы дзень! Бацька мой, брат і лэді Эдыта звар'яцеюць з радасьці; пры першай радасьці спатканьня яны толькі й будуць гаварыць і думаць пра мяне – так што цябе, хіба, холадна сустрэнуць; але ты не зьвяртай увагі – хутка ўсё пойдзе йначай. Як я ім раскажу, што ты мой гадунец, што я пакахаў цябе, дык яны, дзеля Майльса Гэндона, прымуць цябе радасна і прытуляць, як роднага.

Цераз некалькі мінут Гэндон саскокнуў з мула перад высокім ганкам, памог зьлезьці каралю і, ўзяўшы яго за руку, борзда скіраваўся ў замак. Падняўшыся на некалькі ступенькаў, ён апынуўся ў вялікім пакоі; ён увайшоў, пасьпешна й бесцэрамонна пасадзіў хлопчыка і кінуўся да маладога чалавека, сядзеўшага за пісьменным сталом каля ясна гарэўшата каміну.

– Абнімі мяне, Гьюго! – сказаў ён. – Скажы, то-ж ты рад, што я вярнуўся? Кліч хутчэй бацьку, таму што родны дом мне ня радасьць, пакуль я ня прыпаду да яго рукі, пакуль ня ўбачу йзноў яго твару, не пачую яго голасу!

Але Гью толькі адхіснуўся з выразам зьдзіўленьня; затым утаропіў у яго строгі пагляд – пагляд, выказваўшы як-бы зьняважаную дастойнасьць, і зараз-жа перайшоўшы, пад уплывам нейкае думкі ці пабуджэньня ў зьдзіўленьне і цікавасьць з дамешкаю спачуцьця – ня то шчырага, ня то прыкіднога.

– Небарака, – сказаў ён мягка, – ты, здаецца, не пры сваім розуме. Ты, напэўна, выцярпеў ня мала бяды і ўдараў лёсу; гэта відаць па твары тваім і па вопратцы. Скажы, за каго ты мяне прымаеш?

– За каго прымаю? За каго-ж, як не за Гью Гэндона, – злосна адказаваў Майльс.

Той дапытваў далей тым самым мягкім тонам:

– А кім ты сябе ўяўляеш?

– Уяўленьне тут ні пры чым. Ці не пачнеш ты цьвярдзіць, што не пазнаеш мяне, свайго брата, Майльса Гэндона?

Выраз радаснага зьдзіўленьня сьлізгануў па твары Гью.

– Як, ты не жартуеш? – гукнуў ён. – Хіба-ж мерцьвякі ўстаюць? Дзякуй Богу, калі так. Наш бедны, прапаўшы брат вярнуўся пасьля гэтулькіх гадоў цяжкае нядолі. Ах, гэта занадта вялікае шчасьце – надта непадобна да праўды... Малю цябе, пашкадуй, не жартуй гэтак са мною! Хутчэй, падайдзі да сьвятла... дай мне разглядзець цябе!

Ён схапіў Майльса за руку, пацягнуў яго да вакна і пачаў моцна разглядаць з галавы да ног, і так і гэтак круцячы яго, і абходзячы навокал, каб бачыць са ўсіх бакоў. А вярнуўшыся блудны сын увесь зіхацеў з радасьці, ўсьмяхаўся і, памахваючы галавою, прыгаварваў:

– Глядзі, братка, глядзі, ня бойся; кожная рыса скажа табе, што гэта я. Разглядай, любуйся колькі хочаш, мой добры Гью – але, перад табою твой Майльс, сапраўдны Майльс, твой загінуўшы брат... Ці-ж ня так? Ах, сягоньня шчасьлівы дзень – я казаў гэта раней! Дай мне руку, абнімемся... Божа, я, здаецца, памру з радасьці!...

Ён гатоў быў кінуцца ў абняцьці брата, але той адхіліў яго рукою і, сумна спусьціўшы галаву, прамовіў неспакойна:

– Ох, Божа, дай мне сілу вытрываць гэта цяжкае расчараваньне!

Майльс з мінуту ня мог вымавіць слова; затым голасна гукнуў:

– Якое расчараваньне? Хіба-ж я ня твой брат?

Гью сумна памахаў галавою і сказаў:

– Дай Божа, каб гэта было так, каб іншыя адкрылі сходнасьць, якую адмаўляюцца бачыць мае вачы. Ой, як баюся, што ў пісьме была чыстая праўда.

– У якім пісьме?

– У пісьме, якое прыйшло да нас з-за мора, гадоў сем ці восем назад. У ім пісалася, што брат мой забіты ў баі.

– Гэта няпраўда! Пакліч бацьку – ён пазнае мяне.

– Нябожчыка не паклічаш.

– Ён памер? – перапытаўся Майльс забітым голасам і губы яго задрыжалі. – Бацька памер! О, гэта горкая вестка! Уся мая радасьць атручана цяпер. Калі ласка, пакліч Арзсэра – ён пазнае мяне, пазнае і ўцешыць.

– Ён таксама памёр.

– Божа, зьлітуйся нада мною. няшчасным... Памёрлі... абодва памёрлі – дастойных няма ў жыцьці, толькі недастойныя, як я, засталіся... А лэді Эдыта?... Пашкадуй...

– Не, яна жывая.

– Дзякуй Богу, хоць адна ўцеха! Хутчэй, братка, пакліч яе сюды! Калі й яна ня прызнае мяне... не, гэтага ня можа быць... Не, не, яна пазнае – дурасьць з майго боку навет ня мець пэўнасьці ў гэтым. Прывядзі яе, пакліч і старых слугаў – яны таксама павінны памятаць мяне.

– Усе яны памёрлі – засталося толькі пяцёх: Піцер, Гальсэй, Дэвід, Бэрнарды і Маргарэт.

Сказаўшы гэта, Гью выйшаў з пакою. Майльс пастаяў з мінуту, затым задумаўшыся захадзіў па пакоі, разважаючы сам з сабою:

– Пяцёх нягоднікаў перажылі дваццацёх чэсных і верных – дзіўная рэч.

Ён то ўзад, то ўперад хадзіў далей, нешта мармычучы, саўсім запомніўшы пра караля. Раптам яго вялікасьць сказаў сур'ёзна з выразам шчырага спачуваньня, хаця словы яго і маглі быць вытлумачаны ў іронічным сэнсе:

– Ня сумуй, добры чалавек; ёсьць і апрача цябе людзі, тая самая асабістасьць якіх ня прызнаецца, а пратэнсіі выклікаюць сьмех. Ты не адзін.

– Ах, гаспадару! – крыкнуў Гэндон, чырванеючы, – ты хаця не асудзі мяне – пачакай і пабачыш. Я не ашуканец – яна сама пацьвердзіць; ты пачуеш гэта з яе найпрыгажэйшых вуснаў. Я не самазванец, не, я знаю гэты стары замак і ўдоўж і ўпоперак, усе абразы продкаў, усе акалічныя рэчы мне гэтак сама добра знаёмы, як дзіцяці яго дзіцячы пакой. Тут я радзіўся і вырас, гаспадару; кажу праўду – я не ашукваў-бы цябе. Хай ніхто ня верыць мне, але цябе я малю быць пэўным – гэтага я ня вытрываю.

– Я ні кроплі ня маю няпэўнасьці, – сказаў кароль з дзіцячаю прастатою і вераю.

– Дзякую табе са ўсяго сэрца, – з гарачкаю сказаў праняты Гэндон.

– А ты верыш мне?

Гэндон задумаўся, але нашчасьце, у гэтую мінуту дзьверы адчыніліся, і зьяўленьне Гью збавіла яго ад неабходнасьці адказаць на вострае пытаньне.

Прыгожая лэді, багата апраненая, увайшла разам з яго братам, а за імі некалькі блішчастых слугаў. Лэді ішла марудна, схіліўшы галаву і спусьціўшы вочы; твар яе дыхаў нявымоўным сумам. Майльс Гэндон кінуўся да яе са словамі:

– О, Эдыта, дарагая!

Але Гью строга спыніў яго і зьвярнуўся да лэді:

– Глянь на гэтага чалавека. Знаеш ты яго?

Пры гуку голасу Майльса маладая жанчына крыху здрыганулася, шчокі яе загарэліся; яна ўся дрыжала. З мінуту яна стаяла моўчкі; пасьля марудна падняла вочы і паглядзела на Гэндона спруцянейшым, спалоханым паглядам; кроў адлілася ад яе твару і ён зьбялеў, як у нябожчыцы. Яна прамовіла няжывым голасам: „Я ня знаю яго!" і, адвярнуўшыся са стагнаньнем і прыдушаным плачам, хістаючыся, выйшла з пакою.

Майльс Гэндон бясьсільна ўпаў у крэсла і затуліў твар рукамі. Пасьля кароткага маўчаньня брат зьвярнуўся да слугаў:

– Вы бачыце гэтага пана. Знаеце вы яго?

Яны адмоўна памахалі галовамі. Тады гаспадар сказаў:

– Мае слугі ня знаюць вас, сэр. Нажаль, тут нейкае непаразуменьне. Вы пераканаліся, што й жонка мая таксама ня прызнае вас.

– Твая жонка!.. У міг Гью быў прыцісьнены за горла да сьцяны, як быццам жэлезнымі абцугамі.

– О, хітрая душачка, цяпер мне ўсё ясна! Ты сам напісаў фальшывае пісьмо, ашуканскім чынам заўладаў маёю нявестаю і маёю маемасьцю. Ідзі з вачэй маіх, каб я не запэцкаў свае салдацкае чэсьці крывёю гэткага мізэрнага нягодніка!


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю