444 000 произведений, 109 000 авторов.

Электронная библиотека книг » Марк Твен » Прынц i жабрак » Текст книги (страница 4)
Прынц i жабрак
  • Текст добавлен: 30 сентября 2026, 22:31

Текст книги "Прынц i жабрак"


Автор книги: Марк Твен



сообщить о нарушении

Текущая страница: 4 (всего у книги 13 страниц)

– Ну, давай сюды браціну, ды жывей, жывей!

Тымчасам іншыя баляваўшыя зацікавіліся гэтаю сцэнкаю.

– Браціну, браціну сюды, хай п'е галцяй, а не, дык мы кінем яго на страву рыбе.

Падалі вялікую браціну. Рыбак, схапіўшы яе за адно вушка і робячы выгляд, што другою рукою трымае ручнік, паднёс судзіну, па форме, згодна з даўнейшым звычаем, Канці, які павінен быў узяць за другое вушка і ў той-жа самы час падняць накрыўку – таксама паводлуг даўнейшага звычаю. Цераз гэта прынц на момэнт звольніўся. Не марнуючы часу, ён даў нурца ў натаўп і зьнік. Мінуту пачакаўшы, яго гэтак-жа цяжка было знайсьці ў гэтым хваляваўшым моры галоваў, як монэту ў вадзе Атлянтычнага акіяну.

Хлопчык борзда скеміў гэта і адразу заняўся сваім палажэньнем, саўсім запомніўшы аб Джоне Канці. Хутка ён даведаўся аб цікавай навіне: што сьвяты зроблены ў чэсьць нейкага самазваннага прынца Уэльскага. Ён падумаў, што бедны хлопчык Том Канці сумысьля скарыстаў з надта мілага здарэньня і выдае сябе за прынца.

Дзеля гэтага, заставалася толькі адно – знайсьці дарогу ў Гільдголь, аб'явіцца і выдаць ашуканца. Разам з тым, ён рашыў, што Тома трэ' будзе пакінуць жывым на нейкі час, дзеля духоўнага настаўленьня, а затым ён будзе павешаны і чацьвяртованы, згодна з законам і ўстаноўленым звычаем пры замаху на захапленьне дзяржаўнае ўлады.

Разьдзел XI. У Гільдголі.

Каралеўская барка, праводжаная раскошнаю флётыліяй, вялічава плыла за вадою па Тэмзе паміж масы ілюмінованых чаек. У паветры разьлягалася музыка; берагі ракі зіхацелі агнямі; далёка места было ахоплена мягкім займішчам ад масы пацешных агнёў; шмат мачтаў, унізаных зіхацеўшымі лямпіёнамі, высока паднімаліся ў неба, здалёку паходзячы на вялізарныя пікі з інкрустацыяй з дарагіх каменьняў. Калі флётылія адплыла, дык яе вітаў нясьціхаўшы глухі гук натаўпу, што быў на берагох ракі, і бесьперастанны гром гарматаў.

Тому Канці, патануўшаму ў шаўковых падушках, гэтае гучнае зьявішча здавэлася рэдкім, неапісальным цудам. А дзеля маленькіх дружак, сядзеўшых побач з ім, – для прынцэсы Ажбеты і лэді Джэні Грэй, – усё гэта было звычайным зьявішчам.

Даехаўшы да Даўгэйту, флёт падцягнуўся да сьветлых водаў Уольбурку (канал якога вось ужо два сталецьці як зьнік пад масаю будынкаў), скіраваўся да Бёкльсбёры, праяждаючы каля дамоў і пад мастамі, укрытымі многалюднымі зборышчамі вясёлага народу й раскошна ілюмінованымі, і, нарэшце, спыніўся ў вадазборніку, дзе цяпер Бардж-ярд, у цэнтры старога лёнданскага Сіці. Вылезшы тутака, раскошная працэсія прайшла Чыпзайд, Ольд-Джуры, Бэсінголь-стрыт да Гільдголю.

Том і маленькія лэді, з устаноўленаю цэрэмоніяй, прыняты былі лёрд-мэрам і заправіламі сіці, у залатых ланцугох і пурпуровых формах; іх правялі да раскошнага балдахіну, зробленага ў вялікай залі, з гэрольдамі, гарадзкім жэзлам і мечам наперадзе. Лёрды і лэді, на абавязку якіх было прыслужваць Тому і яго маленькім дружкам, занялі месца ззаду за іхнімі крэсламі.

За другім сталом, крыху далей, сядзелі прыдворныя саноўнікі і важныя госьці разам з мясцовымі вяльможамі; розначынцы памясьціліся за масаю сталоў, запоўніўшых большую часьць залі. З высаты свае, волаты Гог і Магог, старадаўнія апякуны сіці, пазіралі на тое, што адбывалася ўнізе, вачыма, прывыкшымі да гэтага ў працягу масы пакаленьняў. Пачуўся трубны гук, і паважны дварэцкі зьявіўся на высокім пляцы левых дзьвярэй, праводжаны слугамі, нёсшымі, з важнаю ўрачыстасьцю вялізны, абняты параю, ростбіф.

Пасьля малітвы Том (згодна з настаўленьнем) устаў, і ўсе прысутныя зрабілі тое самае; ён надпіў з вялікае залатое браціны, перадаў яе прынцэсе Ажбеце, лэді Джэні, і затым яна абыйшла ўсё сабраньне. Гэтак пачаўся банкет.

Апоўначы баль быў у поўным разгары. Пачалося адно з тых маляўнічых прадстаўленьняў, якія гэтак любілі калісьці. Апісаньне яго дасюль засталося ў жывой перадачы сьведкі-летапісца:

„Пасьля таго, як ачысьцілі месца, увайшлі спачатку барон і граф, апраненыя ў турэцкія халаты з залатымі блішчасткамі; на галаве ў іх былі шапачкі з малінавага машасту з утканымі золатам башлыкамі; з боку, на доўгіх залатых перавязях, віселі шаблі. Пасьля ўвайшлі яшчэ барон і граф у доўгай вопратцы з жоўтага атласу, з малінавымі і белымі вышыўкамі ў расейскім духу, з шапкамі з барсуковых скурак; абутыя яны былі ў боты з задранымі ўгару доўгімі насамі; кожны з іх трымаў у руцэ сякеру. Пасьля іх зьявіўся рыцар, лёрд-адмірал і з ім пяцёх вяльможаў у камзолах з малінавага машасту, з глыбокімі выразамі сьпераду і ззаду, сьцягненымі на грудзёх сярэбранымі ланцугамі; зьверху на гэтым кароткія накідкі з малінавага атласу, а на галовах былі шапачкі, як у танцораў, з фазановымі пёрамі, – былі яны апранены паводлуг прускае моды. Сьвячуры, якіх было каля сту чалавек, насілі во-пратку з малінавага атласу з зялёным, як у маўраў, і начарнілі сабе твары. Пасьля ішлі мімы, за імі замаскованыя мэнэстрэлі, – усе скакалі. Лёрды і лэді таксама скакалі з гэткім жарам, што люба было паглядзець".

У той час, як Том, са свайго высокага крэсла, глядзеў на гэтыя „шалёныя" скокі, не перастаючы дзівіцца з нявымоўнае рознаколернасьці багата апраненых фігураў, што віхрам круціліся перад ім, – абадраны, але сапраўдны прынц Уэльскі трэбаваў узнаўленьня сваіх правоў, ганіў самазванца і дамагаўся, каб яго дапусьцілі ў пакоі Гільдголю. Натаўп нямала пацяшаў гэты выпадак, – некаторыя стараліся праціснуцца наперад, выцягвалі шыі, каб паглядзець на маленькага мяцежніка. Іншыя пачалі жартаваць і сьмяяцца з яго, з мэтаю раздразьніць яго і выклікаць яшчэ большае шаленства, якое здавалася ім забаўным. Горкія сьлезы выступілі ў хлопчыка на вачох, але ён бараніў свае правы і зусім пацарску адбіваў напады натаўпу. Пайшлі новыя зьдзекі й насьмешкі, зачапіўшыя яго, і ён гукнуў:

– Кажу вам ізноў, стада паскудных сабак, што я прынц Уэльскі! Хай пакінены й адзінокі я цяпер і няма ад каго чакаць мне добрага слова або падмогі ў бядзе, усё-ж такі не адступлюся я ад свае заявы, а наадварот, буду ўпарта падтрымліваць яе.

– Прынц ты, ці не, ўсё роўна, але ты слаўны хлопчык, і не адзінокі ўжо, – я з табою. Я дакажу, што лепшага прыяцеля, як Майльс Гэндон, не знайсьці табе. Сьціхні, дзіця; я пасвойму пагавару з гэтымі подлымі пацукамі.

Гаварыўшы гэта па вопратцы й выгляду напамінаў дона Сэзара дэ-Базана. Гэта быў высокі, хораша зложаны, мускулісты мужчына. Яго куртка й шаравары былі з дарагога матар'ялу, але паліняўшыя й паношаныя, а залацістыя кружавы на іх моцна пацьмянелі, брыжы былі памятымі й папсованымі; пяро на капялюшы, зломанае і запэцканае, мела даволі няпрынадны выгляд; на поясе вісела доўгая шпага ў заіржавелай жалезнай похве. Жывая постаць адразу выказвала ў ім забіяку.

Адказам на словы таямнічага незнаёмца быў дружны рогат. Хтосьці крыкнуў: „Вось яшчэ пераапранены прынц!". „Прытрымай, браце, язык, ён, чаго добрага, злы!" „Далібог, ён падобны на тое – паглядзеце, вочы-ж якія!" „Адбірай у яго хлапчыну – ў ваду цягні шчанюка!"

Неспадзявана, падагнаны гэтаю думкаю, хтосьці схапіў хлопчыка; гэтак-жа неспадзявана выцягнуў шпагу незнаёмец, і, ўдараны ёю плоскім бокам, нягоднік упаў на зямлю. Сьледам за гэтым пачуліся галасы: „Бі сабаку! Бі яго, бі!" – і натаўп пачаў напіраць на ваяку; той упёрся плячыма ў сьцену і, як шалёны, пачаў касіць сваёю зброяю. Яго ахвяры падалі ў розныя бакі, але натаўп лез на паваленых і кідаўся на ваяку з неаслабнаю злосьцю. Здавалася, што мінуты яго падлічаны, ня мінуць яму пагібелі, як раптам пачуўся гук трубы і воклік: „Дарогу каралеўскаму пасланцу!" Аддзел коньнікаў наляцеў на натаўп, які разьбегся ад небясьпекі, і з усей сілы пусьціўся хто куды. Адважны ваяка падхапіў прынца і хутка быў далёка ад натаўпу, вонках усялякае небясьпекі.

Але вернемся ў Гільдголь. Сярод гучнае ўрачыстасьці і балю, раптам моцна затрубіў рог. Запанавала няжывая ціша. Тады пачуўся голас прыдворнага пасланца, голасна чытаўшага праклямацыю, якую ўсе слухалі стоячы.

Канчальныя словы яе, урачыста сказаныя, былі гэткімі:

– Кароль сканаў!

Усе, хто быў на сабраньні, як адзін чалавек, адразу схілілі галовы і, сярод глыбокае цішыні, заставаліся ў гэткім палажэньні некалькі мінут; затым усе сталі на калены, выцягваючы рукі да Тома, і разьлёгся магутны крык, здавалася, страсянуўшы будынак:

– Няхай жыве кароль!

Бедны Том зьдзіўленна паглядаў на гэта нязвычайнае зьявішча і, нарэшце, на мінуту задумаўшыся, спыніўся на гэтых стаяўшых на каленах прынцэсах і на гэрцогу Гэртфордзе. Тады ў яго неспадзявана бліснула думка. Ён шэпчучы зьвярнуўся да лёрда Гэртфорда:

– Адказвай мне праўдзіва, сумленна й чэсна! Калі-б я тут выдаў загад, права на які належыць толькі каралю, ці быў-бы споўнены гэткі загад і ніхто не пачаў бы працівіцца?

– Ніхто, уладару мой, ува ўсёй дзяржаве. У тваіх руках спачывае ўлада. Ты кароль Англіі – тваё слова – закон.

Том адказваў з вялікім ажыўленьнем, гучным і строгім голасам:

– Хай будзе адсюль каралеўскі закон – законам літасьцівым, а ня крывавым. Устань, пасьпяшы ў Тоўэр і аб'яві, што кароль адмяняе прыгавар сьмерці гэрцогу Норфольскаму.

Гэтыя словы хутка разыйшліся па ўсёй залі, і калі Гэртфорд выйшаў, пачуліся ізноў грамавыя крыкі;

– Канец крываваму царству. Хай жыве Адварды, кароль Англіі!

Разьдзел XII. Прынц і яго збавіцель.

Як толькі Майлс Гэндон і маленькі прынц вазваліліся з натаўпу, дык яны рознымі завулачкамі пусьціліся ў кірунку да ракі. Па дарозе ім не траплялася ніякіх перашкодаў да самага Лёнданскага мосту. Тут яны ізноў напаўзьлі на гурбу народу. Гэндон моцна трымаў за руку прынца – ўласна кажучы, караля. Жахоўная навіна ўжо разьляцелася ўсюды, і хлопчык чуў цяпер з тысячы вуснаў: „Кароль сканаў!" Пры гэтай вестцы кроў застыла ў жылах беднага сіроткі і па целе прабеглі дрыжыкі. Ён разумеў, якую панёс утрату, і вялікае было гора яго; строгі тыран, страшылішча ўсіх сваіх падданых, быў заўсёды гэтак ласкавы да яго. Сьлёзы выступілі ў яго на вачох і затуманілі ўсё перзд ім. Некалькі мінут ён лічыў сябе самым пакіненым, няшчасным і бяспрытульным з божых стварэньняў. Ды вось новыя крыкі далёкім пяруністым громам разьлягліся ўночы: „Няхай жыве кароль Адварды VI" – і вочы яго заблішчалі і ўвесь ён горда і радасна здрыгануўся. А! – падумаў ён, – як гэта вялізарна і дзіўна – я кароль!

Нашыя прыяцялі марудна праціскаліся праз натаўп, быўшы на мосьце. Гэта будова, прастаяўшая ўжо шэсьць сталецьцяў і ўвесь час быўшая гучнаю, многалюднаю вуліцаю, прадстаўляла цікавы абраз: па абодвых бакох, ад аднаго берагу да другога, цягнуліся густыя рады крамаў і крамак, з памяшканьнямі для гандлярскіх сем'яў угары. Мост сам па сабе быў нечым накшталт гораду; тут быў готэль, піўныя, пякарні, драбязговыя крамкі, харчавыя рынкі, мануфактурны вытвар і навет цэрква. Суседнія Лёндан і Саузсуорк, якія злучаў гэты мост, былі як-бы прадмесьцямі яго, і даволі благімі. Гэта была, так гаворачы, цесная корпорацыя – гарадок, меўшы толькі адну вуліцу даўжынёю ў адну пятую часьць мілі; насяленьне насіла вясковы характар, усе блізка зналі адзін аднаго, зналі бацькоў і ў дадатак усе абыватальскія справы і клопаты. Тут была свая арыстократыя – вядомыя старыя фаміліі мясьнікоў, булачнікаў і інш., займаўшыя старадаўнія кватэры ў працягу пяцёх ці шасьцёх сталецьцяў, знаўшыя гісторыю мосту ад пачатку да канца, а таксама ўсе дзіўныя легэнды аб ім; усе іхнія гутаркі, думкі, інтарэсы ня выходзілі за межы мосту, доўгага, роўнага, простага і вялізарнага мосту. Народ быў абмяжованы, цёмны і самаздаволены. Дзеці, прыходзіўшыя на сьвет на Лёнданскім мосьце, на ім-жа старэлі і паміралі, ніколі ня ступіўшы нагою за свэю ваколіцу. Гэткі народ, натуральна, мог думаць, што моцны й бесьперастанны натаўп, стаяўшы на іхняй вуліцы як дзень, так ноч, з глухім чалавечым гоманам, іржаньнем, мычаньнем, бляяньнем, грукатам і тупатам – што ўсё гэта адзіная на сьвеце вартая ўвагі рэч, а яны самі як-бы ўласьнікі яе. і гэтак было ў сапраўднасьці прынамсі, з вокнаў сваіх яны часта, цешыліся з працэсіяў, у якіх бываў кароль, ці які-нібудзь гэрой, і якія прыдавалі мосту часовы ўрачысты выгляд, – бо ня было іншага месца, дзе можна было-б з гэткаю выгадаю сачыць за дэфілядаю доўгіх і простых колённаў.

Людзі, што радзіліся й вырасьлі на мосьце, лічылі жыцьцё ў кожным іншым месцы несьцярпіма сумным і нямеўшым зьместу. Паміж іншым, расказваюць пра аднаго старыка, які пакінуў свой куток на семдзесят другім годзе жыцьця, з тым, каб адыйсьці на спакой у вёску. Але тут ён пазбавіўся сну, а толькі варочаўся й кідаўся па пасьцелі – гэткай цяжкаю, жахоўнаю і гнёўшаю здавалася яму ціша. Здорава змучыўшыся, ён уцёк у сваё ранейшае памешканьне, худы і страшны, як шкелет, ды йзноў пачаў мірна пацяшацца спакоем і прыемным сном, пад санлівую музыку булькатаўшае вады, сярод грукату, троскату й гоману Лёнданскага мосту.

У тыя часы, якія мы апісваем, мост даваў „наглядныя лекцыі" з ангёльскае гісторыі для дзетак – над яго брамаю часта тырчэлі на жалезных дзідах пасінеўшыя і загніўшыя галовы вядомых людзей. Але мы адхіляемся ад прадмету нашага апавяданьня.

Кватэра Гэндона была ў благенькім готэлі на мосьце. Калі ён са сваім маленькім прыяцелем падходзіў да дзьвярэй, пачуўся нечы адважны голас:

– Ну, нарэшце-ж, ты прыйшоў! Цяпер ужо не ўцячэш, будзь пэўным. Вось я табе ўсе косьці пераламаю, каб ты другім разам не прымушаў нас чакаць, – і Джон Канці выцягнуў быў руку, каб схапіць хлопчыка.

Майльс Гэндон выступіў наперад і сказаў:

– Ня вельмі так, дружа. Памойму дарэмна ты гэтак злуеш. Што табе гэты хлопчык?

– Ён сын мой – калі табе трэба лазіць у чужыя справы.

– Няпраўда! – горача крыкнуў маленькі кароль.

– Сьмела, маладзец, я табе веру, ўсё роўна ці здаровая твая галава, ці звар'яцелая. Бацька табе, ці не гэты нягоднік, а я не аддам цябе, каб пачаў біць ды крыўдзіць, як толькі што гразіў. Дык хочаш застацца са мною?

– Так, так, – я яго ня знаю, ён мне праціўны. Хутчэй памру, як пайду з ім.

– Значыцца, скончана і няма чаго больш талкаваць.

– Калі так, дык пабачым! – выгукнуў Джон Канці, кінуўшыся да хлопчыка, стаяўшага ззаду за Гэндонам, – я цябе сілаю...

– Калі ты, дрэнь, толькі зачэпіш яго, я насаджу цябе на клінок, як гусака на ражон, – прамовіў Гэндон, заступаючы дарогу і ўхапіўшыся за ручку шпагі. Канці адступіў. – Цяпер глядзі, – казаў далей Гэндон, – я ўзяў гэтага хлопчыка пад сваю апеку, калі натаўп гэткіх самых, як ты, нягоднікаў зьбіраўся пакрыўдзіць яго, а можа й забіць. Дык ці ня думаеш ужо, што я аддам яго куды-нібудзь у горшае месца. Ці бацька ты яму,

– праўды кажучы, думаецца мне, што гэта мана,

– ці не, але хуткая й пачэсная сьмерць куды лепей дзеля гэткага хлопчыка, як жыцьцё ў гэткае скаціны, як ты. Дык ідзі сваею дарогаю, ды найбарджэй, я ня люблю пустое гутаркі, дый ня вельмі-то й цярплівы ад прыроды.

Джон Канці адступіў, мармычучы пагрозы й лаянкі, і схаваўся недзе ў натаўпе. Гэндон падняўся ў свой пакой, на трэці паверх, і загадаў даць яму есьці. Гэта было ўбогае памешканьне, з мізэрным ложкам і абломкамі рэшты старых мэбляў, бедна асьветленае дзьвюма рудымі сьвечкамі. Маленькі кароль дацягнуўся да пасьцелі і зваліўся на яе, стомлены ад голаду і змогі. Добрую часьць дня й ночы ён прабыў на нагах, – было ўжо каля трэцяе гадзіны пасьля поўначы, – і нічога ў рот ня браў за ўвесь гэты час.

– Калі ласка, пакліч мяне, калі стол будзе накрыты, – і зараз-жа ўпаў у глыбокі сон.

Усьмешка сьлізганула па твары Гэндона, і ён прамовіў у думках:

– Бажуся; гэты маленькі жабрачок залез у чужую кватэру і заўладаў чужой пасьцеляй з гэткай бесцэрамоннасьцю, як калі-б яны былі яго ўласныя – ня пытаючыся, бяз ніякага пазваленьня.

У сваім вар'яцтве ён уявіў сябе прынцам Уэльскім, і стойка вытрымлівае сваю ролю. Бедная безабаронная істота, ён, напэўна звар'яцеў ад благога абхаджэньня з ім. Дык добра, я буду яго прыяцелем. Я выратаваў яго і гэта прыцягвае мяне да яго; дык сапраўды, я й палюбіў бойкага хлопца. Як паважна ён паглядаў на подлы натаўп, як быццам выклікаў яго! А цяпер, калі ён прагнаў пакуту й гора, які-ж у яго мілы, добры й ласкавы тварык. Я буду вучыць яго, вылечу; але, я буду яму старшым братам, пачну сьцерагчы й апекавацца ім, а хто адважыцца лаяць або пакрыўдзіць яго, таму не знасіць галавы, хоць там будзь, што будзе.

Ён схіліўся над спаўшым, і дабрадушна і ласкава гледзячы на яго, далікатненька паляскаў яго па шчацэ і пагладзіў па скудлачаных валасох сваею вялікаю, загарэлаю рукою. Лёгкія дрыготкі прабеглі па целе хлопчыка. Гэндон прамармытаў:

– Аднак-жа, да чаго гэта падобна – нельга пакідаць яго спаць ненакрытага; ён можа моцна прастудзіцца. Але як тут быць? Я збуджу яго, калі вазьму ды пакладу пад коўдру, а яму-ж трэба адпачыць.

Ён пачаў шукаць чаго-нібудзь замест коўдры, але, незнайшоўшы нічога, скінуў свой камзол і ахінуў ім хлопчыка, кажучы: – Я прывык да холаду і магу застацца менш апраненым, ня зьмерзну, – і ён пачаў хадзіць то ўзад, то ўперад па пакоі, каб крыху сагрэцца, і, як раней, гутарыў сам з сабою:

– У сваім хворым уяўленьні ён лічыць сябе прынцам Уэльскім... Дзіўна было-б, каб заставаўся прынц Уэльскі, калі той, што ім быў, цяпер зрабіўся каралём; але хворы розум стаіць на адным: не размысьліць, што цяпер ужо ён павінен быў-бы пакінуць званьне прынца і ўзлажыць на сябе каралеўскае... Калі бацька мой яшчэ жывы, – ў працягу сямёх гадоў, перажытых мною на чужыне, я ня меў ніякае весткі, – дык ён ахвотна прыме небараку й велікадушна прытуліць яго дзеля мяне; мой старэйшы брат, Артур, таксама не адмовіць мне ў гэтым; другі брат Гью... ды я яму галаву рассаджу, калі гэта хітрая і злая жывёліна захоча ўмяшацца... Але, туды мы скіруемся – і не марудзячы...

Увайшоў слуга з гарачай патраваю, паставіў яе на яловым століку, прыставіў крэслы й выйшаў, пакінуўшы гэткіх танных кватэрантаў самых прыслужваць сабе. Дзьверы стукнулі за ім і гэта збудзіла спаўшага хлопчыка; ён падняўся, сеў і радасна аглянуўся навокал; але зараз-жа гора адбілася на яго твары, і ён прамармытаў, глыбока ўздыхнуўшы: „Ах так, гэта быў толькі сон. Гора мне!" Пасьля ён заўважыў камзол, паглядзеў на Майльса Гэндона, і, зразумеўшы, якую ахвяру ён прынёс яму, ласкава сказаў:

– Ты добры да мяне, але, ты надта добры да мяне. Вазьмі, апрані яго – мне непатрэбны болей.

Пасьля таго ён устаў, падыйшоў да ўмывальніка, стаяўшага ў куце, і спыніўся, нечага чакаючы.

Цяпер мы слаўна пасёрбаем закусім – ўсё смачнае й гарачае. Напэўна, яда й сон ізноў зробяць з цябе чалазека.

Хлопчык не адказваў, а ўталопіў на нашага рыцара нярухомыя вочы, у якіх выказвалася сурёзнае зьдзіўленьне з дамешкай нецярплівасьці. Азадачны Гэндон спытаўся:

– Чаго табе яшчэ?

– Добры сэр, я хачу памыцца.

– О, усяго толькі? Ня пытайся пазваленьня ў Майльса Гэндона; рабі, што хочаш, ня стыдайся, як у сябе ў хаце.

Аднак-жа хлопчык і далей стаяў, ня рухаючыся; мала таго, ён раз ці два тупнуў ножкаю аб падлогу. Гэндон зусім зумеўся.

– Скажы, у чым справа? – спытаўся ён.

– Калі ласка, палі мне вады, ды не разважай.

Гэндон, стрымваючы сьмех і падумаўшы: – прысягаю ўсімі сьвятымі, гэта вельмі дзіўна! – борзда падыйшоў і споўніў загад шустрага хлапчука; ён спыніўся, як акамянелы, але яго апрытомніў загад: „Давай ручнік!" Узяўшы ручнік, вісеўшы блізу што пад носам у хлопчыка, ён падаў яго бяз ніякай гутаркі. Пасьля ён сам пачаў мыцца і, пакуль заняты быў гэтым, яго прыёмыш сеў за стол і нарыхтаваўся есьці. Гэндон пасьпяшыў скончыць мыцьцё, адсунуў другое крэсла і хацеў таксама сесьць, як раптам хлопчык крыкнуў са злосьцю:

– Ня сьмей! Ты хочаш сядзець у прысутнасьці караля!

Гэтае здарэньне аканчальна аглушыла Гэндона.

– Вот табе на! Вар'яцтва небаракі з ходам часу ўсё мацнее. Яно зьмянілася згодна з вялікім пераваротам, што адбыўся ў дзяржаве, і цяпер ён лічыць сябе каралём! Нічога не парадзіш, трэба прыладзіцца да яго дзівосаў, – сапраўды-ж, а то ён яшчэ прыкажа пасадзіць мяне ў Тоўэр.

I, здаволены сваім жартам, ён адсунуў крэсла ад стала, стаў за плячыма ў „караля" і пачаў прыслужваць яму самым акуратным спосабам, як толькі мог.

Калі кароль пад'еў, дык строгасьць яго каралеўскае дастойнасьці крыху памягчэла; пасьля задаваленьня апэтыту, у яго зьявілася жаданьне пагутарыць.

– Здаецца, цябе завуць Майльс Гэндон, калі толькі я добра чуў, – сказаў ён.

– Так, гаспадар! – адказаў Майльс. – Калі ўжо падрабляцца пад вар'яцтва хлопчыка, дык прыходзіцца называць яго „гаспадарам" і „вялікасьцяй", ня прыходзіцца спыняцца на поўдарозе, ні перад чым не павінен я адступаць дзеля пра вядзеньня свае ролі, а то згуляю яе блага ды сапсую добрую справу.

Пасьля другое шклянкі віна, кароль прамовіў:

– Я хачу ведаць, хто ты, – раскажы мне тваю гісторыю. Ты стройны і шляхетны ў абхаджэньні. Належыш ты да шляхты?

– Мы належым да нямудрае шляхты. Бацька мой баронэт – адзін з нядаўна залічаных у рыцары – сэр Рычард Гэндон з Гэндон-Голю, каля Монксгольму, у Кэнце.

– Гэтага імя не памятаю. Ну, расказвай далей.

– Няшмат тут расказваці, вашая вялікасьць, але можа быць, што гэта павесяліць вас з поўгадзіны, ня маючы іншае забавы. Бацька мой, сэр Рычард, вельмі багаты й па характары сваім вельмі шляхетны чалавек. Маці мая памёрла, калі я быў яшчэ маленечкім хлопчыкам. У мяне два браты: старэйшы, Артур, характарам увесь па бацьку, а малодшы Гью – з подлаю душачкай, лакомы, вераломны, злы, утойлівы – адным словам, гадзіна. Гэткі быў ён з дзіцячых гадоў, гэткі быў дзесяць гадоў назад, калі я апошні раз бачыў яго; у дзевятнаццаць гадоў ён выяўляў сабою поўнага нягодніка, – мне было тады дваццаць гадоў, а Артуру дваццаць два гады. Толькі нас і было ды яшчэ лэді Эдыф, мая кузына – шаснаццацьгадовая дзеўчына, харошая, мілая, добрая, дачка графа, апошняя ў родзе, насьледніца вялікае маемасьці і падходзіўшага да канца тытулу. Бацька мой быў яе апякуном. Я любіў яе, а яна мяне, але яшчэ з калыскі была яна заручана з Артурам, а сэр Рычард не пацярпеў бы, каб урачыстае абяцаньне ня было споўнена. Артур кахаў іншую дзеўчыну; ён угаварваў нас ня траціць адвагі і мець надзею, што з часам лёс паспрыяе нам. Гью цікаваў на багацьце лэді

Эдыф, хаця й цьвярдзіў, што кахае яе – але гэткі ўжо ён быў, што казаў адно, а думаў іншае. Аднак-жа хітрасьць яго разьбілася аб дзеўчыну; ён змог ашукаць толькі бацьку й нікога болей. Бацька любіў яго больш, як усіх нас, верыў яму, таму што ён быў малодшым, а таксама й таму, што іншыя ненавідзелі яго – аднаго гэтага адвеку даволі, каб здабыць гарачую любасьць у бацькоў; ён меў салодкаслоўны, лісьлівы язык, дзіўную здольнасьць маніць – якасьці, з якімі асабліва лёгка абдурыць сьляпое пачуцьцё. Я быў тады шалапутным юнакам, – магу сказаць яшчэ болей – вельмі шалапутным, хоць гэта ўсё й было нявіннага характару, таму што шкодзіла яно толькі мне, й нікому іншаму не рабіла а ні сораму, ні страты, у ім ня было нічога праступнага або нізкага, ці чаго-нібудзь гэткага, што не падходзіла-б да майго шляхетнага стану.

Аднак-жа, брат мой Гью патрапіў пахіліць на сваю карысьць гэтыя абмылкі; бачачы, што здароўе нашага брата Артура нямоцнае і спадзяючыся, што благі канец будзе выгадным для яго, калі ён ухіліць мяне з дарогі... але гэта доўгая гісторыя, мой добры гаспадару, дый няварта расказваць яе. Коратка, з таго часу брат мой пачаў раздуваць мае праступкі ў праступленьні і скончыў свае подлыя захады тым, што выкрыў у маіх пакоях шаўковую драбінку, ім-жа самым падкіненую, – і з гэтым доказам, а таксама фальшывым паказаньнем падкупленых слугаў ды іншых нягоднікаў, пераканаў бацьку, што я замерваўся ўкрасьці маю Эдыф і ажаніцца з ёю, проці яго волі.

„Тры гады выгнаньня з бацькаўскага дому і з Англіі, пэўна што, зробяць з яго салдата й чалавека, – сказаў бацька, – і навучаць яго розуму". У працягу свае доўгае кары я быў у шмат якіх бітвах на контынэнце, нямала вытрываў цяжкіх удараў, бяды і прыгодаў; але, падчас апошняга бою, я трапіў у палон і ўжо сем гадоў прайшло з тае пары, як мяне прытуліла чужаземная цямніца. Нарэшце, дзякуючы лоўкасьці й адвазе, я ізноў апынуўся на волі, і паляцеў проста сюды; я толькі што прыбыў з худым партаманэтам і ў старой вопратцы, ня маючы ніякіх ведамасьцяў аб тым, што сталася за гэтыя цяжкія сем гадоў з Гэндон-Голем і з яго жыхарамі. З пазваленьня вашага, сэр, вось уся мая сумная повесьць!

– Цябе бесцэрамонна скрыўдзілі, – сказаў маленечкі кароль, кінуўшы бліскучы пагляд. – Але я аднаўлю цябе ў правох – прысягаю крыжам. Кароль кажа гэта.

Затым, пад уплывам расказу Майльса, у яго таксама разьвязаўся язык і ён вылажыў перад сваім зьдзіўленым слухачом гісторыю сваіх нядаўніх няшчасьцяў. Калі ён скончыў, дык Майльс падумаў:

– Вось дык фантазія! Сапраўды, гэта не абы які розум, бо йначай, – якім-бы ён сабе ні быў – зьвіхненым, ці здаровым, – ён не патрапіў-бы з нічога злажыць гэткі складны й эфэктны расказ, як быццам раман. Бедная звар'яцелая галоўка, ты не застанешся бяз друга й без страхі, пакуль я буду з табою. Гэты хлопчык заўсёды будзе са мною; ён зробіцца маім маленькім таварышом, пястуном. I ён вылячыцца, – але, будзе саўсім здаровым... Пасьля ён зробіць сабе імя... І я змагу з гордасьцяй сказаць: „Але ён мой – я падабраў гэтага бяспрытульнага, маленькага абарванца, але ад мяне ня ўсьлізнулася, што ў ім крыецца, і я сказаў, што калі-нібудзь яго імя прагрыміць – паглядзіцё, падзівіцёся на яго – ці ня праўду я думаў?"

Кароль задумліва прамовіў мерным голасам:

– Ты выратаваў мяне ад крыўды й пагарды, быць можа выратаваў маё жыцьцё, а таксама й маю карону. Гэта вымагае шчодрага дару. Заяві сваё жаданьне і калі яно ў межах мае каралеўскае ўлады, дык будзе споўнена.

Гэта фантастычная прапазыцыя вывяла Гэндона з задумы. Ён сабраўся быў падзякаваць каралю і адхіліць дар, па тэй прычыне, што ён толькі спаўняў доўг і ня трэбуе награды, але яго акрыла болей разумная думка і ён папрасіў пазваленьня падумаць некалькі мінут аб велікадушнай прапазыцыі. Кароль з павагаю згадзіўся з гэтым, заўважыўшы, што найлепей не сьпяшацца са справаю гэтак вялікае вагі.

Майльс некалькі мінут заставаўся ў задуме, – Ага, вось чаго трэба дабіцца, – падумаў ён, – ніякім іншым спосабам не падайдзеш да яго, – а гадзінная практыка навучыла мяне, што далей гэтак было-б надта цяжка й нявыгадна. Але-ж, запрапаную вось яму, нашчасьце, я ня ўпусьціў гэткага добрага здарэньня.

Пасьля таго ён стаў на адно калена і сказаў:

– Мая нязначная заслуга ня выходзіць за межы простага даўгу вернага падданага, ня выдаецца нічым; але ласка будзе вашае вялікасьці лічыць яе вартаю ўвагі, дык я адважуся зьвярнуцца з гэткаю просьбаю. Каля чатырохсот гадоў, як вядома вашай вялікасьці, ішлі нялады паміж Джонам, каралём ангельскім, і францускім каралём. Па ўгаворы два байцы павінны былі выступіць на барацьбу ды вырашыць спрэчку гэтак званым судом Божым. Абодва каралі, а таксама й гішпанскі кароль зьехаліся, каб быць сьведкамі паядынку. Тады выступіў францускі баец, – і быў ён настолькі грозны, што ангельскія рыцары збаяліся памерацца з ім зброяю. Гэткім чынам вельмі важная справа здавалася што абяцала скончыцца на шкоду ангёльскаму каралю, за адсутнасьцю байца. Тымчасам у Тоўэры быў у адседцы лёрд дэ-Курсі, самы магутны ваяка каралеўства, пазбаўлены чэсьці і ўладаньняў, і ўжо даўно сядзеўшы ў няволі. Яму быў запрапанованы выклік; ён даў сваю згоду і, азброены, зьявіўся на бой. Ды як толькі француз звочыў яго вялізную фігуру і пачуў яго слаўнае імя, дык пусьціўся ўцякаць і справа францускага караля была праграна. Кароль Джон вярнуў дэ-Курсі правы і ўладаньні і сказаў: „Назаві сваё жаданьне і яно будзе споўнена, хаця-б гэта каштавала мне поўцарства". Але дэ-Курсі, прыкленчыўшы, – як я ў гэту мінуту, – адказаў: „Вось аб чым прашу я, гаспадару: каб мне й маім патомкам быў даны прывілей заставацца з пакрытаю галавою ў прысутнасьці каралёў Англіі, пакуль непарушным будзе пасад". Гэтая міласьць, як вашай вялікасьці вядома, была падарана ўсяму роду дэ-Курсі, які ў працягу чатырох вякоў заўсёды меў сваіх прадстаўнікоў; і па сягоньняшні дзень галава гэтае старадаўнае фаміліі бясспрэчна носіць капялюш або шолам у прысутнасьці каралеўскае вялікасьці, і ніхто іншы ня мае гэткага пяршынства (Лёрды Кінгсэй, патомкі дэ-Курсі, і дасюль карыстаюцца гэтым дзівачным прывілеем). Прыводзячы гэты выпадак у падмацаваньне мае просьбы, я малю караля толькі аб аднэй міласьці і адным пяршынстве – і яно будзе для мяне больш, як поўным дарам – а ўласна, каб я й мае патомкі назаўсёды адтрымалі права сядзець у прысутнасьці каралеўскае вялікасьці Англіі"

– Устань, рыцар сэр Майльс Гэндон, – урачыста прамовіў кароль, крануўшы Гэндона яго мечам, згодна з абрадам пасьвячэньня ў рыцарскую дастойнасьць, – устань і сядай. Твая просьба ўважана. Пакуль стаіць Англія і непарушан пасад, ты не пазбавішся гэтага прывілею.

Яго вялікасьць адыйшоў у бок, раздумваючы аб нечым, а Гэндон сеў застол, паціху думаючы: „Гэта была прыгожая думка, яна выратавала мяне ад вялікае нявыгады; ногі мне страшэнна баляць. Не дагадайся я, дык мне прышлося-б стаяць цэлыя тыдні, пакуль розум не вярнуўся-б да беднага хлопчыка". Крыху пачакаўшы, ён думаў далей: „I вось я стаў рыцарам царства мараў і прыявау! Сапраўды самае нязвычайнае і дзіўнае палажэньне для гэткага простага чалавека, як я. Тут не да сьмеху – не, крый Божа, – бо гэта-ж усё тое, што мне здаецца нерэальным, для яго сапраўднасьць. А для мяне таксама, у некаторым сэнсе, гэта не зьяўляецца недарэчнасьцяй: бо ў гэтых марах адбіваецца яго добрая, шляхетная душа". Пасьля некаторага маўчаньня, ён заўважыў: „А што, калі ён пры людзях здумае называць мяне новым гучным імем! Забаўны контраст будзе паміж маім палажэньнем і маею вопраткаю. Хаця-ж, усё роўна, хай заве мяне, як хоча. Я ня выкажу нездаваленьня".


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю