Текст книги "Прынц i жабрак"
Автор книги: Марк Твен
Жанр:
Детские приключения
сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 13 страниц)
Разьдзел IV. Пачатак прынцавых няшчасьцяў.
Пасьля некалькіх гадзін упартага прасьледаваньня, натаўп, нарэшце, пакінуў маленькага прынца. Пакуль ён яшчэ ў сіле быў выказваць свой гнеў чэрні, гразіць ёй сваею каралеўскаю расправаю ды прыказваць, – што вельмі сьмяшыла яе, – ён здаваўся ўсім гэтым гультаём вельмі забаўным; але калі змога прымусіла яго сьціхнуць, дык ён страціў усякую цікавасьць для сваіх катаў, і яны пайшлі шукаць веселасьці ў іншым месцы. Прынц аглянуўся навокал, але ня мог пазнаць мясцовасьці. Ён быў за мяжою Лёндану – вось і ўсё, што яму было вядома. Ён бязмэтна ішоў наперад; у хуткім часе дамы пачалі радзець і падарожныя трапляліся рэдка. Ён ступіў акрываўленымі нагамі ў ручай, бруіўшы там, дзе цяпер Фарынгдон-Стрыт; застаўся ў вадзе некалькі мінут, пасьля ізноў пусьціўся ў дарогу і, нарэшце, апынуўся на шырокім пляцы з крыхаю раскіданых дамоў і вялікай цэркваю. Ён пазнаў цэркву. З усіх бакоў яе стаяла рыштаваньне і па ім поўзала грамада работнікаў – ішоў рэмонт сьвятыні. Прынц сабраўся з духам, у надзеі, што няшчасьцям яго надыйшоў канец. „Гэта старая францішканская цэрква", загаварыў ён, „яе, бацька мой, кароль, адабраў ад манахаў і перавярнуў у прытулак для бедных і пакіненых дзяцей, назваўшы яго Хрыстовым домам. Бязумоўна, ахвотна яны прыслужацца сыну таго, хто гэтак велікадушна абышоўся з імі, тым болей, што сын гэты ў цяперашні мамэнт гэтак бедны й пакінены ўсімі, як хаця хто з сіротаў, якія знайшлі ці знайдуць тутака страху".
Хутка ён апынуўся ў натаўпе хлопчыкаў, бегаўшых, дзыгаўшых, гуляўшых у мячык і чыхарду, – проста кажучы рабіўшых забаўкі на розныя лады, й даволі гучна. Усе яны былі апранены аднолькава, паводлуг моды, якая ў той час пераважала сярод слугаў ды падмайстроў: у кожнага на галоўцы была шапачка велічыні са сподачак, якая не выдзялялася ні далікатнасьцю, ні практычнасьцю, з прычыны недахвату ў разьмеры сваім; з-пад яе валасы йшлі нерасчэсанымі, да паловы лоба, дзе роўна падстрыгаліся паўколам; шыю абнімаў гэткі самы каўнер, як у асобаў духоўнага стану; пасьля сіні каптанік, шчыльна аблягаўшы фігуру й даходзіўшы да кален і ніжэй, шырокія рукавы, шырокі чырвоны пояс, ясна-жоўтыя панчошкі, перацягненыя падвязкамі вышэй калена, і, нарэшце, мелкія башмачкі з вялікімі мэталічнымі спражкамі. Агулам касьцюм гэты быў досіць нехарозным.
Хлопчыкі пакінулі гульні і стоўпіліся вакола прынца.
– Дзеці, – загаварыў ён з прыроджанай дастойнасьцю, – скажэце вашаму начальніку, што прынц Адварды Уэльскі хоча з ім гаварыць.
– Слухай, жабрачок, ужо-ж ці не пасланец ты яго высокасьці?
Твар прынца загарэўся гневам, рука яго машынальна спусьцілася да боку, – але меча ня было. Разьлёгся рогат.
– Заўважыў ты? – сказаў адзін хлопчык. – Ён падумаў, што ў яго шпага... Як відаць, дык сам ён і ёсьць прынц.
Гэта выклікала яшчэ большы сьмех. Бедны Адварды горда выстраіўся і загаварыў:
Я прынц; нягожа вам, што корміцеся праз міласьць бацькі майго, гэтак абходзіцца са мною.
Заява гэтая, як сьведчыў гучны сьмех, паказалася вельмі забаўнаю.
Хлопец, загаварыўшы першым, закрычаў сваім таварышом:
– Гэй, вы, сьвіньні, рабы, нахлебнікі царственнага таты яго міласьці, што гэта за абхаджэньне. Зараз усе на калены, схілеце галовы перад яго каралеўскім выглядам ды царскімі лахманамі!
З гучнай веселасьцю яны ўсе ўкленчылі, рассыпаючыся ў насьмешлівых знакох пашаны перад сваею ахвяраю. Прынц штурхануў нагою бліжэйшага хлопчыка і злосна сказаў:
– Вось табе, пакуль што, а заўтра ты будзеш павешаны.
Гэта ўжо пераходзіла за межы жарту. Сьмех адразу сьціх, зьмяніўшыся на шаленства. Тузін галасоў закрычаў:
– Цягні яго ў ваду, да конскага вадапою! Гэй, дзе сабакі? Сюды, Леў! Сюды, Фангс!
Тут адбылася гэткая сцэна, якой Англія яшчэ ніколі ня бачыла: сьвятарная асоба насьледніка пасаду дастала пабоі з боку чэрні, напаўшай на яго й нацкаваўшай сабакамі.
Калі ноч палажыла канец нешчасьліваму дню, прынц апынуўся далёка, ў густа забудованай часьці места. Цела яго было ў сінякох, рукі ў крыві, а рызьзё ў гразі. Ён бадзяўся то ўзад, то ўперад, злосьць душыла яго, ён адчуваў гэткую змогу і слабасьць, што ледзь валачыў ногі. Ён пакінуў ужо зьвяртацца з пытаньнямі да праходзіўшых, таму што, замест парады, з іхняга боку йшлі толькі крыўды. Ён мармытаў паціху: „Офаль-Корт – гэтакі назоў вуліцы; калі знайду яе, раней, чымся прападуць мае сілы і ўпаду ў зьнямозе, тады я выратаваны; Томавы бацькі адвядуць мяне ў палац і пакажуць, што я ня іхні сын, а сапраўдны прынц, і тады я ізноў займу сваё палажэньне". Часамі думка яго вярталася да грубых прытулковых хлопчыкаў, да іх благога абходжаньня і ён сказаў сабе: „Як я буду каралём, дык ня толькі дам ім хлеб і прытулішча, але й прымушу іх вучыцца; бо не даволі яшчэ набіць жывот, а галаву й сэрца пакідаць бяз стравы. Я пастараюся захаваць гэта ў памяці, каб сягоньняшняя лекцыя не прайшла для мяне дарма і каб ад гэтага не пацярпеў мой народ, бо навука мягчыць характары і параджае рахманасьць і міласэрдзе".
Дзе-ня-дзе пачалі зьяўляцца агні, пачаў пакапаваць дождж, падняўся вецер і хутка ўсё ахінула вільготная, бурная ноч. Бяздомны прынц, насьледнік ангельскага пасаду, пазбаўлены прыпынку, ішоў далей, куды вочы глядзяць, паступова ўлазячы ў лябірынт гразных завулкаў, дзе тулілася раём скучаная галота і жабрацтва.
Раптам здаравенны п'яны чалавек схапіў яго за каўнер, кажучы:
– Да познай ночы бадзяешся, і, напэўна, ня прынёс і фарсінга дамоў. Калі не, дык я табе косьці пераламаю, ня будзь я Джон Канці!
Прынц вырваўся, нявольна кіўнуў плячом і жыва прамовіў:
– О, значыцца ты яго бацька! Дай Божа, каб гэта было так... тады ты адвядзеш мяне дамоў і забярэш яго!
– Яго бацька?... Ня ведаю, што гэта ты мелеш; але ведаю гэтак-жа добра, што я твой бацька, як і ты хутка аб гэтым даведаешся...
– Ой, не жартуй, не прыкідайся, не марудзь!... Я змучаны, зьбіты, болей ня вытрываю. Адвядзі мяне да караля, бацькі майго, – ён абдарыць цябе гэтакім багацтвам, якога ты й ня сьніў. Павер мне, павер! Не маню, а праўду кажу табе. Далоў руку – ратуй мяне... Я прынц Уэльскі.
Нягоднік зьдзіўленна паглядзеў на хлопчыка, пасьля памахаў галавою і прамармытаў:
– Зусім з глузду зьехаў, быццам бэдламскі жыхар. Сьледам за гэтым ён ізноў схапіў яго за каўнер і, сіпла сьмяючыся й лаючыся, загаварыў:
„Ну, там, зьехаў ці не, а мы з бабкаю адлупцуем цябе, чэснае слова!"
I ён пацягнуў ашалелага і ўпартага прынца і зьнік з ім у адным з падворкаў, праводжаны вясёлым і гучным натаўпам вырадкаў грамадзянства.
Разьдзел V. Том робіцца знатнаю асобаю.
Том Канці, пасьля таго, як застаўся адзін, пастараўся скарыстаць выгадны выпадак. I так і сяк ён глядзеў у люстра, цешачыся сваею вопраткаю, пасьля праспацыраваў, патураючы шляхетнай постаці прынца, і ўсё не пакідаючы сачыць за сабою. Затым агаліў раскошную шпагу і, пацалаваўшы яе й прытуліўшы да грудзей, пакланіўся, – ён бачыў пяць ці шэсьць тыдняў назад, як дабрародны рыцар аддаваў чэсьць начальніку Тоўэра, вядучы ў вастрог уладарных гэрцогаў Норфолька і Сорэя. Том гуляў з усеяным брылянтамі мечам, вісеўшым у яго на поясе; ён разглядаў дарагое й далікатнае упрыгожаньне пакою, сядаў на кожнае з пышных крэслаў і думаў, як было-б добра, каб галота Офаль-Корту зайшла сюды і ўбачыла яго ў гэткай вялічавай роскашы. Цікава, ці павераць яго таварышы, калі вернецца дамоў, у поўны цудаў расказ, ці пачнуць махаць галовамі й казаць, што распаленае ўяўленьне пазбавіла яго розуму?
Нарэшце, праз паўгадзіны часу, Тому здалося, што прынц надоўга выйшаў; яму зрабілася сумна, ён пачаў прыслухвацца, пакінуўшы гуляць прыгожымі цацкамі, што былі вакол яго; неспакойнасьць абярнулася ў трывогу й страх. Дапусьцім, што хто-нібудзь увайдзе й застане яго ў прынцавай адзежы, а самога прынца няма, каб вытлумачыць абярненьне. Ці-ж не павесяць яго бяз ніякіх разважаньняў, а ўжо пасьля разьбяруць справу. Ён няраз чуў, што вялікія гэтага сьвету скорыя на малыя справы. Страх яго ўсё павялічваўся ; трасучыся, ён крыху прачыніў дзьверы ў пярэдні пакой, з мэтаю бегчы па прынца ды прасіць яго заступніцтва. Шасьцёх пышна апраненых камэрдынэраў і два маладыя пажы вышэйшага стану, апраненыя як матылькі, падскочылі й пакланіліся яму. Ён борзда адступіў і зачыніў дзьверы.
– Ага, яны сьмяюцца з мяне, – прамовіў ён. – Яны пайдуць і данясуць. Ах, нашто зьявіўся я сюды, нашто загубіў сваё „жыцьцё"?
Ён хадзіў то ўзад, то ўперад па пакоі, поўны неапісальнага страху, прыслухваючыся і ўздрыгваючы пры найменшым шорхаце. Але вось, адчыніліся дзьверы, і паж у шаўковай вопратцы далажыў:
– Лэді Джэні Грэй.
Дзьверы зачыніліся і да Тома падбегла маладая прыгожая дзяўчына, багата апраненая. Але раптам яна спынілася і пакрыўджаным голасам спыталася:
– Ах, што з табою, мілёрд?
Тому захапіла дух у грудзёх; але, зрабіўшы некаторую натугу, ён прамовіў:
– О, зьлітуйся нада мною! Ня лёрд я, а жабрак Том Канці з Офаль-Корту, ў Сіці. Прашу цябе, пазволь мне бачыць прынца і ён, праз літасьць сваю, верне мне мае лахманы і адпусьціць мяне цэлым і непашкоджаным. О, зьлітуйся і выратуй мяне!
У той-жа самы час хлопчык упаў на калены, і ня толькі яго словы, але й вочы і паднятыя ўгару рукі выказвалі мальбу.
– О, мілёрд, укленчыўшы... і перада мною! – гукнула яна.
З жахам яна ўцякла; а Том, поўны роспачы, бясьсільна паваліўся на падлогу, шэпчучы:
– Няма ратунку, няма надзеі! Зараз-жа прыйдуць і забяруць мяне!
У той час, як ён ляжаў, спруцянеўшы з жаху,
ў палацы распаўсюджылася страшэнная вестка.
Шэпт, – тут заўсёды перашэптаваліся, – пралятаў ад слугі да слугі, ад лёрда да лэді, з салёну ў салён, з калідору ў калідор, з паверху ў паверх:
„Прынц звар'яцеў! Прынц звар'яцеў!" Хутка ўва ўсіх пачакальнях, і ў мармуровай залі пачалі зьбірацца бліскучыя лёрды й лэді і групы менш бліскучых прыдворных; ўсе клапатліва перашэптаваліся, і на ўсіх тварах быў жах. Але вось з натаўпу выдзяліўся нехта старшы і ўрачыста сказаў гэтак:
„Імем караля!
Забараняецца, пад страхам кары сьмерці, слухаць фальшывую й недарэчную чутку, абгаварваць ці пашыраць яе. Імем караля!"
Шэпт спыніўся настолькі раптоўна, як калі-б тыя, што шапталі, раптам анямелі.
Хутка ў калідоры прашапталі: „Прынц! Гляньце, прынц ідзе!"
Бедны Том паволі й баязьліва праходзіў каля нізка кланяўшыхся групаў, стараючыся адкланьвацца і пазіраючы зьдзіўленымі й радаснымі вачыма на дзіўную для яго абстаноўку. Два вяльможы, паабапал, падтрымлівалі яго й памагалі яму йсьці. За ім ішлі лейб-доктар і некалькі слугаў.
Пасьля Том апынуўся ў адным з пышных пакояў і пачуў, як дзьверы зачыніліся за ім. Яго паранейшаму абступала сьвіта. Перад ім зусім недалёка ляжаў рослы й вельмі таўсты мужчына, з шырокім, абвіслым тварам і строгім выглядам Яго вялікая галава была ўкрыта сівізнаю, сівыя бакі абнімалі твар. Вопратка яго была з дарагога матар'ялу, але ня новая й дзе-ня-дзе пацёртая.
Адна з апухшых ног, спавітая павязкамі, ляжала на падушцы. Надыйшло маўчаньне; ўсе галовы пашанліва схіліліся перад гэтым чалавекам. Гэты інвалід, са строгім выглядам твару, быў грозны Гэнры VIII. Ён загаварыў – і твар яго прыняў мягкі выгляд:
– Ну, што-ж, мілёрд Адварды, мой прынц? Як гэта табе стрэліла ў галаву выкінуць гэткі благі жарт са мною, добрым каралём, бацькаю тваім, што любіць цябе і добры з табою?
Няшчасны Том слухаў пачатак прамовы, наколькі пазваляла яму прыгнечанае становішча духу, але калі да вушэй яго даляцелі словы: „са мною, добрым каралём", дык яго твар зьбялеў, і ён мігам укленчыў, як скошаны. Выцягваючы з мальбою рукі, ён крыкнуў:
– Ты кароль! Цяпер я прапаў!
Гэтыя словы здавалася што зьдзівілі караля. Пагляд яго бязмэтна перабягаў з аднае асобы на другую і пасьля, засмучаны, спыніўся на хлопчыку. З выразам вялікага гора ён сказаў:
– Бяда! я думаў, што павялічвалі факт, але бачу, што не. Цяжка ўздыхнуўшы, ён гаварыў далей ласкавым голасам: – Падайдзі да твайго бацькі, дзіця, – табе нездаровіцца.
Тому памаглі падняцца й падвялі яго, паслухнянага й дрыжаўшага, да яго вялікасьці. Кароль пагладзіў рукою па спалоханым тварыку і нейкі час уважна й любоўна прыглядаўся да яго, як-бы з надзеяй убачыць спагадную азнаку праясьненьня розуму, пасьля прытуліў курчавую галоўку да грудзей і далікатна пагладзіў па ёй.
– Дзіця, – сказаў ён, – не пазнаеш ты свайго бацькі? Ня рві майго старога сэрца; скажы, што пазнаёш мяне. То-ж пазнаёш, праўда?
– Але, ты мой аўгусьцейшы ўладар, кароль, хай ратуе цябе Бог.
– Так, ты правільна сказаў. Супакойся-ж, пакінь дрыжаць; тут ніхто цябе ня скрыўдзіць, тут усе любяць цябе. Цяпер ты лепей сябе чуеш? Ты апамятаўся і ня будзеш больш выдаваць сябе за іншага.
– Прашу, вашая вялікасьць, верыць мне, што я казаў шчырую праўду; бо я самы апошні паміж тваіх падданых, я нарадзіўся жабраком і, толькі дзякуючы няшчаснаму здарэньню, трапіў сюды, – але гэта не па маёй віне. Я малады й хачу жыць; а ты-ж адным словам можаш выратаваць мне жыцьцё, Малю цябе, скажы яго!
– Памерці? Не кажы гэтага, дарагі прынц... Годзі, супакойся... Ты не памрэш!
Том з радасным крыкам ізноў стаў на калены.
– Хай надарыць цябе бог за тваё міласэрдзе, уладару мой, хай дасьць табе многія леты, на дабро краю!
Пасьля, падняўшыся й весела глянуўшы на абодвух флігэль-ад'ютантаў, ён моцна крыкнуў:
– Вы чулі гэта! Я не памру, – гэтак сказаў кароль!
Запанавала ціша; усе з глыбокай пашанаю скланіліся. Хлопчык, крыху засмучаны, запнуўся, пасьля баязьліва зьвярнуўся да караля.
– Цяпер мне можна выйсьці?
– Выйсьці? Ведама, што можна, калі хочаш. Я чаму табе не застацца яшчэ крыху? Куды хочаш ты йсьці?
Том спусьціў вочы і пакорна прамовіў:
– Можа я й памыліўся; але я думаў, што я вольны, і хацеў знайсьці хацінку, дзе я радзіўся і быў выхаваны ў жабрацтве, дзе туляцца мае сёстры й маці; там мой дом, а да тутэйшага блеску й роскашы я ня прывык... О, прашу цябе, сэр, пусьці мяне !
Кароль нейкі час маўчаў у задуме; на твары яго відаць было гора і неспакой. Нарэшце, ён загаварыў і ў голасе яго пачулася нотка надзеі:
– Можа ён толькі на гэтым пункце й вар'яцее, і захаваў здаровае разуменьне ўва ўсёй рэшце. Дай Божа, каб гэта было так! Дык зробім-жа пробу.
Ён задаў Тому пытаньне палаціне. Хлопчык, не без натугі, адказаў яму тэю самаю моваю. Кароль ня мог утаіць свае радасьці. Лёрды й доктар таксама выказалі задаваленьне.
– Адказ, праўда, не саўсім адпавядае яго ведзе і здольнасьцям, а ўсё-ж ён паказвае, што яго розум толькі крыху аслабеў, але не расстроены. А як вы думаеце, сэр?
Доктар, да якога было зроблена пытаньне, нізка пакланіўся і адказаў:
– Гэта зусім згодна з маім перакананьнем: вашая вялікасьць кажаце праўду.
Кароль, відочна, быў задаволены падтрыманьнем з боку гэтак аўторытэтнае асобы, і сьмела казаў далей:
– Цяпер, глядзеце ўсе – мы яго яшчэ спрабуем.
Кароль адкінуўся на падушкі. Слугі кінуліся памагаць яму, але ён адхіліў іх:
– Ня трывожце мяне, – сказаў ён, – гэта нічога, маленькая слабасьць. Крыху паднімеце мяне. Так, годзі... Хадзі сюды, дзіця маё; вось гэтак, пакладзі сваю бедную галоўку на бацькаўскія грудзі і супакойся. Ты хутка выздаравееш: гэта часовая хвароба. Ня бойся, хутка паправішся.
Пасьля гэтага ён зьвярнуўся да прысутных, – ласкавасьць мовы зьнікла і вочы заблішчалі.
– Слухайце ўсе! Гэты сын мой зьвіхнены, але не безнадзейна. Прычына – змораньне ад заняткаў, а таксама вельмі замкнёны парадак жыцьця.
Прэч усе кнігі, выдаліць вучыцялёў. Сачэце за ім, весялеце яго гульнямі на сьвежым паветры, дастаўляйце яму разумныя пацехі, каб здароўе яго аднавілася.
Ён падустаў на сваёй пасьцелі і казаў далей энэргічна:
– Ён звар'яцеў, але ён мой сын і насьледнік ангельскага пасаду; здаровы, ці хворы, ён усё роўна будзе царстваваць. А цяпер слухайце далей і абвясьцеце гэта ўсюды: той, хто здумае гаварыць аб яго хваробе, будзе лічыцца ліхадзеем і трапіць на шыбеніцу!.. Дайце мне піць... Я ўвесь у гарачцы; гэтае няшчасьце зўсім падкасіла мяне... Так, добра... Звар'яцелы? Будзь ён тысячу разоў звар'яцелы, а ўсё-ж такі ён прынц Уэльскі; я, кароль, пацьвярджаю гэта. Заўтра-ж ён павінен быць узьведзены ў каралеўскую дастойнасьць, паводлуг здаўна устаноўленага цэрэманіялу. Лёрд Гэртфорд, патурбуйся аб незабаўным спаўненьні майго загаду.
Адзін з вяльможаў прыкленчыў перад каралеўскім ложкам і прамовіў:
– Вашай вялікасьці вядома, што насьледны вялікі маршалак Англіі засуджаны, па абвінавачаньню ў дзяржаўнай здрадзе, на заключэньне ў Тоўэр... Не да твару засуджанаму...
– Маўчаць! Не зьневажаць маіх вушэй ненавісным мне імем. Няўжо гэты чалавек будзе жыць вечна! Хто сьмее пярэчыць маёй волі? Няўжо-ж цэрэмонія ўзьвядзеньня прынца ў дастойнасьць павінна зацягнуцца толькі таму, што гаспадарства ня мае маршалка, які ня быў-бы замешаны ў згаворы? Не, прысягаю Божай веліччу! Паведамі мой парлямэнт, каб да ўсходу сонца быў дастаўлены мне сьмяротны прыгавар Норфолька, ў праціўным выпадку ўсім будзе горача.
– Воля караля – закон, – адказваў лёрд Гэртфорд і, падняўшыся, заняў сваё ранейшае месца.
Гнеўны выгляд зьнік з твару старога караля, і ён зьвярнуўся да Тома:
– Пацалуй мяне, прынц. Вось гэтак... Чаго-ж ты баішся? То-ж, я бацька твой, што любіць цябе...
– Ты добры да мяне, недастойнага, о магутны і літасьцівы уладар! Але... але... мяне смуціць думка, што ён загіне і...
– Ах, як гэта падобна да цябе! Ведаю, сэрца тваё засталося такім самым, як і раней, ня гледзячы на тое, што розум пацярпеў; то-ж, у цябе заўсёды быў гэтакі мягкі характар. Праўда, паміж табою і тваім санам стаў той гэрцог; але я на яго месца ўзьвяду іншага, які ані нічым не запляміць свайго высокага палажэньня. Супакойся, прынц, хай гэта акалічнасьць ня турбуе твае беднае галоўкі.
– Але-ж я прысьпяшаю яго сьмерць, уладар мой? Колькі-б ён яшчэ пражыў, каб ня я!
– Ня думай аб ім, дарагое дзіця; ён няварт гэтага. Пацалуй мяне яшчэ раз ды йдзі гуляць і забаўляцца, – я вельмі хворы, змучаны... хачу адпачыць. Ідзі з дзядзькаю тваім Гэртфордам і сьвітаю і прыходзь, калі крыху папраўлюся.
З цяжкім сэрцам пакінуў Том караля; апошняе трэбаваньне яго дарэшты забіла надзею, дасюль ім пешчаную, – што ён будзе адпушчаны на волю. Праходзячы па калідорах, ён ізноў пачуў шэпты: „Прынц, прынц ідзе!"
Том усё болей ды болей траціў адвагу, калі праходзіў паміж зіхацеўшых радоў прыдворных, якія яму кланяліся; ён разумеў, што з гэтага часу ён палоньнік, што назаўсёды можа застацца замкнёным у гэтай пазалочанай клетцы, пакіненым, адзінотным прынцам, калі Бог, у міласэрдзі сваім, ня зьлітуецца над ім і ня вызваліць яго.
I, куды-б ён ні скіраваўся, яму здавалася, што перад ім носіцца ў паветры адсечаная галава вялікага гэрцога Норфольскага, што ён бачыць пе рад сабою гэты памятны яму твар, з наракальна вытрашчанымі на яго вачыма.
Яго ранейшыя лятуценьні былі гэтак яснымі, а сапраўднасьць аказалася гэткаю шэраю й панураю.
Разьдзел VI. Надзяленьне Тома інструкцыямі.
Тома прывялі, праводжанага добрароднаю сьвітаю, ў галоўную залю і запрасілі сесьць, – што ён працівіўся быў зрабіць, ня лічачы за добрае сядзець у прысутнасьці людзей пад'жылых ды людзей з высокім палажэньнем. Ён прасіў іх сядаць, але яны толькі кланяліся, мармыталі нешта на знак падзякі ды стаялі далей. Ён хацеў паставіць на сваім, але „дзядзька", граф Гэртфорд шапнуў яму ў вуха:
– Мілёрд, прашу цябе, не вымагай; нягожа ім сядзець у тваёй прысутнасьці.
У гэты час далажылі аб лёрдзе Сэнт-Джоне Ён увайшоў і, пакланіўшыся Тому, сказаў:
– Я зьявіўся па даручэньню караля; па справе, аб якой можна гаварыць толькі на чатыры вочы. Ласкавы будзеце, ваша каралеўская высокасьць, выслаць усіх прысутных, апрача графа Гэртфорда?
Заўважыўшы, што Том ня ведаў, як быць, Гэртфорд шапнуў яму, каб ён зрабіў сьвіце знак рукою й ня турбаваўся гаварыць, калі ня мае на гэта ласкі. Пасьля таго, як прыдворныя выйшлі лёрд Сэнт-Джон сказаў:
– Яго вялікасьць загадвае, каб, з прычыны акалічнасьцяў дзяржаўнае вагі, яго сьветласьць, па магчымасьці, усяляк утойваў сваю хваробу, пакуль здароўе яго не адновіцца паранейшаму. Затым загадваецца, каб ні перад кім не пярэчыў, што ён сапраўдны прынц і насьледнік ангельскага пасаду й вёлічы; каб ён падтрымліваў сваю каралеўскую дастойнасьць і прымаў, не протэстуючы ні словам, ні рухам, знакі пашаны й паслухнянасьці, якімі павінен карыстацца паводлуг права і здаўна ўстаноўленага звычаю; каб ён нікому не гаварыў аб сваім, нібыто, нізкім пахаджэньні і жабрацкім жыцьці, створаным яго зможаным, расстроеным уяўленьнем; каб ён моцна стараўся ўваскрасіць у сваёй памяці асобы, якія ён прывык бачыць вакол сябе... і калі ня зможа, дык хай маўчыць і не выдае свае слабое памяці ні выразам зьдзіўленьня, ні якім-нібудзь іншым знакам; нарэшце, ў дзяржаўных справах, калі якая-нібудзь акалічнасьць паставіць яго ў цяжкаватае палажэньне і ён ня будзе ведаць, як зрабіць і што сказаць, ён не павінен выдаваць неспакойнасьці перад зацікаўленымі паглядамі, і абавязаны пытацца рады ў лёрда Гэртфорда ці ў мяне, пакорнага слугі, – абодва мы назначаны дзеля спаўненьня гэтых абавязкаў і павінны знаходзіцца пры асобе прынца, аж пакуль ня будзем адкліканы. Гэтак меў ласку загадаць яго вялікасьць, пасылаючы прывітаньне вашай высокасьці й молячы Найвышэйшага, каб Ён даў вам хуткае выздараўленьне і надарыў вас на многія леты.
Лёрд Сэнт-Джон, пакланіўся і стаў з боку. А Том пакорна адказваў:
– Кароль гэтак загадаў. Ніхто ня сьмее не спаўняць загадаў караля, ператалкоўваць ці абходзіць іх. Пакараюся волі караля.
– Затым, з прычыны загаду караля, каб пакінуць кнігі і сур'ёзныя заняткі, – заўважыў лёрд Гэртфорд, – ці ня будзе ласкі вашае высокасьці праводзіць час у вясёлых гульнях, каб здароўе ваша не цярпела і каб вы ня былі змучаны падчас банкету.
На твары ў Тома адбілася зьдзіўленьне, і ён пачырванеў, заўважыўшы гаротлівы пагляд лёрда Сэнт-Джона.
– Твая памяць ня служыць табе, – сказаў апошні, – ты выказаў зьдзіўленьне, але хай гэта ня трывожыць цябе, таму што памяць вернецца з выздараўленьнем. Мілёрд Гэртфсрд гаворыць аб банкеце ў Сіці, быць на якім, яшчэ два месяцы назад, яго вялікасьць дакляраваў пазволіць вашай высокасьці. Прыпамінаеш цяпер?
– Нажаль, павінен прызнацца, што гэта сапраўды выляцела з мае памяці, – сказаў Том нерашуча ды ізноў пачырванеў.
У гэтую мінуту даложана было аб лэді Ажбеце і лэді Джэні Грэй. Абодва лёрды абмяняліся многазначнымі паглядамі, і Гэртфорд пасьпяшыў да дзьвярэй. Калі маладыя прынцэсы праходзілі каля яго, ён сказаў паўголасна:
– Прашу вас, лэді, ня выказваць нічым, што заўважаеце яго дзівачнасьці і ня зьдзіўляцца ў выпадку, калі памяць пакіне служыць яму, вам, пэўна-ж, цяжка будзе бачыць, як трудна яму прыпомніць што-нібудзь.
Тымчасам лёрд Сэнт-Джон казаў Тому паціху:
– Калі ласка, сэр, не запамінай аб волі караля. Прыпамінай усё, што можаш, а аб рэшце рабі выгляд, што памятаеш. Ня дай ім заўважыць, што ты моцна зьмяніўся проці ранейшага; ты-ж ведаеш, як любяць цябе твае кампанкі на гульнях і як глыбока смуціць іх тваё нездароўе. Ці маеш ласку, сэр, каб мы засталіся тут, я і дзядзька твой?
Том зрабіў пацьвярджальны знак і нешта прамармытаў, ён ужо пачаў уваходзіць у ролю і, па сардэчнай прастаце, пастанавіў, па меры сілы й магчымасьці, спаўняць волю караля.
Ня гледзячы, на ўсю прадбачлівасьць, гутарка маладых людзей часамі прымала небясьпечны зварот. Няраз, праўду кажучы, Том быў блізка да ўпадку і да зразуменьня непасільнасьці складзенае на яго страшэннае ролі; але яго ратавала тактоўнасьць прынцэсы Ажбеты або слова, як быццам незнарок устаўленае адным з гатовых на гэта лёрдаў.
Раз маленькая лэді Джэні зьвярнулася да яго і зусім зьбіла яго з панталыку пытаньнем:
– Мілёрд, ці хадзіў ты сягоньня на паклон да яе вялікасьці?
Том засмуціўся, замітусіўся і хацеў ужо прамармытаць што-нібудзь першае-лепшае, як раптам яго перабіў лёрд Сэнт-Джон, адказаўшы за яго з разьбітнай лоўкасьцю царадворца, прывыкшага спатыкаць і ходаць немалыя труднасьці.
– Але, ён быў, і каралева ўцешыла яго, даўшы вясёлыя ведамасьці датычна палажэньня яго вялікасьці. Ці-ж ня так, вашая высокасьць?
Том прамармытаў нешта на знак пацьвярджэньня, але чуў пры гэтым, што траціць грунт пад нагамі. Пасьля, калі гутарка зайшла аб спыненьні заняткаў Тома, маленькая прынцэса сказала:
– Як шкада! Вось дык шкада! Ты рабіў гэткія пасьпехі. Але пацярпі крыху – гэта ненадоўга! Дарагі прынц, ты яшчэ пасьпееш набрацца вучонасьці, ня меней за свайго бацьку, і будзеш гаварыць шмат якімі мовамі, як ён.
– Мой бацька! – закрычаў Том, забыўшыся на міг. – Ды ён, мне здаецца, роднаю моваю гэтак гаворыць, што хіба толькі сьвіньня зразумее яго; а што да вучонасьці... Ён азірнуўся і прачытаў строгую асьцярогу ў вачох лёрда Сэнт-Джона.
Том змоўк, зачырванеўся, і пасьля гаварыў далей ціха і маркотна;
– Ах, мая хвароба забірае мяне і думкі мае ізноў блутаюцца. Я ня меў на ўвазе з непашанаю адазвацца аб каралю.
– Ведаем, сэр, – сказала прынцэса Ажбета, пашанліва й ласкава ўзяўшы „брата" за руку, – ня трывожся. Ты тут ня пры чым; ува ўсім вінавата твая хворасьць.
– Ты мая добрая пацяшыцелька, дарагая лэді, – з удзячнасьцю адказаў Том, – я адважваюся выказаць табе шчырую падзяку.
Паміж іншым, шустрая лэді Джэні неяк выпаліла ў Тома сказам пагрэцку. Ад вострага вока прынцэсы Ажбеты не ўцякло тое, што стрэл не патрапіў у мэту і яна спакойна адказала ёй некалькімі гучнымі сказамі пагрэцку, ў абарону Тома, і затым крута перавяла гутарку на іншую тэму.
Агулам час праходзіў прыемна і гутарка йшла даволі гладка. Шорсткасьць адносін усе гладзела, і Том пакрысе пачуў сябе лягчэй, бачачы, што ўсе з гэткай любасьцю турбуюцца аб ім і глядзяць праз шпары на яго абмылкі. Кал'і выясьнілася, што маладыя лэді будуць з ім увечары на банкеце ў лёрд-мэра, сэрца яго радасна застукацела, – ён разумеў, што ня ідзе адзінокім у натаўпе незнаёмых людзей; тымчасам яшчэ гадзіну назад думка, што яны будуць праводзіць яго, была-б для яго страшэннаю, несьцярпімаю.
Ангелы-вартаўнікі Тома, абодва лёрды, пачувалі сябе пры гэтым спатканьні далёка ня так вольна, як маладыя людзі. Яны знаходзіліся ў палажэньні штырніка, які павінен правясьці карабель цераз небясьпечную пратоку; увесь час яны былі напагатове, і рашылі, што наложаныя на іх абавязкі – ня дзіцячая гульня. А таму, калі прынцэсы сабраліся выходзіць і было даложана аб лёрдзе Гільдфордзе Додлеі, дык лёрды зразумелі, што ня толькі прайшлі цяжкую пробу, але што
ня менш небясьпечна для іх пусьціцца і назад. Яны пашанліва параілі Тому папрасіць прабачэньня, ад чаго ён вельмі быў рады, хоць лёгка было заўважыць цень нездаволеньня на твары лэді Джэні, калі яна пачула, што шыкоўнаму юнаку адмоўлена ў прынятку.
Надыйшла пауза, нешта накшталт маўклівага чаканьня, якога Том ня мог зразумець. Ён глянуў на лёрда Гэртфорда, зрабіўшага яму знак, але ня мог дагадацца. Спрытная лэді Ажбета, з звычайнай няпрымушанасьцю, падасьпела на ратунак. Яна зрабіла рэвэранс і сказала:
– Пазволена нам будзе пакінуць нашага дарагога брата, прынца?
– Ах, мілэді, – адказэў Том, – я заўсёды гатоў вас слухаць; але, ўсё такі, я ахватней згадзіўся-б на ўсё, што ў маёй уладзе, чымся пазбавіць сябе шчасьця бачыць вас тутака. Хай вас хавае Бог і крые вас сваею дабратою.
Ён у душы сваёй застаўся здаволены сабою й падумаў: „Не дарма чытаў я ўсё аб прынцах, – вось адкуль гэтыя нязвычайныя, тонкія сказы".
Калі прынцэсы выйшлі, змучаны Том спытаўся ў сваіх даглячдыкаў:
– Цяпер, ці ня будуць ласкавы лёрды пазволіць мне легчы адпачыць дзе-нібудзь у куточку.
– Калі ласка, вашая высокасьць, ваша справа загадваць, а наша – слухаць. Табе сапраўды, трэба адпачыць, таму што ў хуткім часе ты павінен скіравацца ў Сіці.
Ён пазваніў і ўвайшоў паж; яму прыказана было паклікаць сэра Уільяма Гэрбэрта. Зараз-жа зьявіўся гэты джэнтльмэн і адвёў Тома ў адзін з унутраных пакояў. Першым рухам хлопчыка было напіцца вады; але, апранены ў шоўк і машаст, слуга схапіў чашу і стаўшы на адно калена, гадаў яе Тому на залатой падстаўцы.
Сьледам за гэтым змучаны палоньнік прысеў і зьбіраўся зьняць з сябе паўбоцікі, баязьлівымі вачыма як-бы пытаючыся пазваленьня, але другі мучыцель таксама ў шоўку й машасьце, стаў на калены і выратаваў яго ад трудоў. Ён зрабіў яшчэ дзьве-тры спробы ўстроіцца самастойна, але кожны раз яго папераджалі, так што ён, нарэшце, павінен быў, уздыхнуўшы, памірыцца з начэпнаю паслужнасьцю, і толькі прамармытаў: „Чорт пабяры, як гэта яны яшчэ не бяруцца дыхаць за мяне!"
Апранены ў атопкі й раскошны халат, ён, нарэшце, лёг адпачыць, але ня мог заснуць, таму што галава яго была занадта поўнаю думак, і пакой вельмі поўны людзей. Ён ня мог пазбавіцца першых, яны не пакідалі яго; ён ня ведаў, як адпусьціць апошніх – яны таксама заставаліся на агульны жаль.
З выхадам Тома яго добрародныя наглядчыкі засталіся адны. Нейкі час яны, задумаўшыся, хадзілі то ўзад, то ўперад, ківаючы галовамі; нарэшце, лёрд Сэнт-Джон прамовіў:
– Шчыра кажучы, што ты думаеш:
– Шчыра, вось што... Жыцьцё караля падходзіць да канца і мой пляменьнік звар'яцеўшы, – вар'ятам ён сядзе на пасад і ў гэткім самым палажэньні застанецца на ім. Хай Бог крые Англію, яна будзе мець патрэбу ў абароне.
– Але, сапраўды, так і будзе. Ну, а ці няма ў цябе няпэўнасьці датычна...
Гаварыўшы замяўся і сьціх. Ён, відочна, разумеў, што закрануў нязвычайнае пытаньне. Лёрд Гэртфорд спыніўся перад ім, паглядзеў яму ў твар адкрыта і проста і сказаў:
– Гавары... Тут ніхто не пачуе, апрача мяне... Небясьпечнасьць датычна чаго?..
– Мне не хацелася-б казаць таго, што я думаю, тым болей, што ты, мілёрд, гэтак цесна зьвязаны з імі путамі сваяцтва. Але прашу выбачыць, калі гэта закране цябе. Ці ня дзіўна, што вар'яцтва ў гэткай меры зьмяніла яго абхаджэньне й манеры?.. Ня тое, каб яны пакінулі быць царственнымі, але яны розьняцца той, ці іншай драбязою ад ранейшых. Ці ня дзіўна, што вар'яцтва згладзіла з яго памяці навет рысы бацькавага твару, а таксама звычаі й цэрэмоніі, якіх павінны трымацца тыя, хто яго акружае. Ці ня дзіўна, што ён памятае лацінскую мову, а грэцкая і француская саўсім выляцелі з яго галавы? Не асудзі, мілёрд, але разрашы маю душу ад няпэўнасьці, і я буду табе ўдзячны. Мяне прасьледуе думка, што яго запэўненьне, быццам ён ня прынц, і іншае...
– Сьціхні, мілёрд, твае словы – дзяржаўнэя здрада. Ці ты запомніў каралеўскі загад? Ведай, што, толькі слухаючы твае словы, я раблюся сябрам праступленьня.
Сэнт-Джон зьбялеў і пасьпешна сказаў:
– Значыцца я ўпаў у грэх, прызнаюся. Ня выдай мяне, зрабі мне гэту ласку з літасьці твае, і я ніколі ня буду больш ні думэць, ні гаварыць аб гэтай рэчы. Ня будзь да мяне жорсткім, бо йначай – я загінуў.




























