444 000 произведений, 109 000 авторов.

Электронная библиотека книг » Марк Твен » Прынц i жабрак » Текст книги (страница 3)
Прынц i жабрак
  • Текст добавлен: 30 сентября 2026, 22:31

Текст книги "Прынц i жабрак"


Автор книги: Марк Твен



сообщить о нарушении

Текущая страница: 3 (всего у книги 13 страниц)

– Годзі, мілёрд. Таму што ты дакляруеш ніколі больш не зьневажэць нічыйго вуха падобнымі падазрэньнямі, дык я запомню твае словы. Паўтараю, няма грунту мець няпэўнасьць. Ён сын мае сястры. Ці-ж яго голас, твар, фігура не знаёмы мне з самага маленства? Вар'яцтва магло выклікаць у ім тыя дзівоты і недарэчнасьці, якія ты зэўважыў, і навет большыя. Памятаеш, як стары барон Морлей, страціўшы розум, запомніў уласныя рысы твары, знаёмыя яму ў працягу шэсьцьдзесят гадоў, і не пазнаваў сябе, – мала

таго, цьвярдзіў, што ён сын Марыі Магдалены, што галава яго зроблена з гішпанскага шкла, і напраўду нікому не пазваляў дакрануцца да яе, баючыся, каб хто-нібудзь неспадзявана не разьбіў яе? Пражані сваю няпэўнасьць, добры мілёрд. Ён сапраўдны прынц, – я яго добра знаю, – і хутка будзе тваім каралём; ня шкодзіць табе памятаць гэта ды цьвярдзей трымаць у памяці.

Пасьля далейшае гутаркі, падчас якое лёрд Сэнт-Джон стараўся загладзіць сваю абмылку, як мог, не адзін раз заяўляючы, што цяпер яго вера аканчальна ўмацавалася, што ён ня можа нанова паддацца няпэўнасьці, лёрд Гэртфорд адпусьціў таварыша і застаўся адзін даглядаць прынца. Хутка ён пачаў задумвацца, і чым больш думаў, тым мацнейшаю рабілася яго неспакойнасьць. Пасьля пачаў хадзіць ды нешта няясна гаварыць.

– Не, ён найсапраўднейшы прынц. Ці-ж знойдзецца ўва ўсім краі чалавек, які даводзіў-бы, што два хпопчыкі неаднолькавага пахаджэньня могуць гэтак нязвычайна быць падобнымі адзін да аднаго, як быццам блізьнюкі. А калі-б і было так, дык яшчэ болей дзіўна і немагчыма, каб здарэньне кінула аднаго ў палажэньне другога. Не, гэта недарэчнасьць, глупства!

Пасьля ён казаў далей:

– Дапусьцім, што ён быў-бы самазванец і ўдаваў бы з сябе прынца, – тады справа натуральная і зразумелая. Алэ-ж ці жыў калі-нібудзь на сьвеце гэткі самазванец, які, будучы прызнаным прынцам і каралём, і дваром, і ўсімі, тым ня менш адкідаў-бы сваю дастойнасьць ды працівіўся пашане? Не. Прысягаю ўсімі сьвятымі, не! Гэта сапраўдны прынц, але толькі зьехаўшы з розуму.

Разьдзел VII. Першы царскі абед Тома.

А другой гадзіне пасьля паўдня Том пакорна трапіў у пытку апрананьня да абеду. Ён убачыў, што застаўся так жа сама хораша апраненым, як і раней, хаця ўсё на ім зьмянілі, пачынаючы з порткаў і канчаючы панчохамі. Сьледам за гэтым яго ўвялі з вялікай цэрэмоніяй у вялізную й раскошна ўбраную залю, дзе быў накрыты стол на адну пэрсону. Усе дамовыя прылады былі з масыўнага золата, з малюнкамі, якія рабілі яе ня меўшаю цаны, таму што належалі пэндзалю Бэнвэнуто. Пакой напалову быў поўны саноўных слугаў. Капэлян прачытаў малітву перад абедам. Том гатоў быў прыняцца за яду, – таму што прывык да заўсёднзга адчуваньня голаду, – але яго спыніў граф Бэрклей, які падвязаў яму ручнічок каля шыі, – высокая пасада падвязвньня ручнічка прынцу Уэльскаму была насьледнаю ў родзе гэтага вяльможы. Тут-жа стаяў краўчы, папярэджваўшы ўсе спробы Тома наліць сабе віна, і „каштавальнік", абавязаны, на трэбаваньне яго высокасьці прынца Уэльскага, каштаваць кожную падазронную патраву і, гэткім чынам, падпадаўшы пад небясьпеку атруціцца. У той час ён прысутнічаў толькі дзеля этыкету, і рэдка калі заклікаўся да спаўненьня свайго абавязку; але яшчэ некалькі пакаленьняў назад званьне „каштавальніка" зьвязана было з небясьпекаю для жыцьця і з пашанаю, якое ніхто ня шукаў. Дзіўна, чаму дзеля гэтае мэты ня ўжывалі сабакі, альбо хіміка; але ўсе прыдворныя звычаі дзіўныя з даўных давён. Мілёрд д'Арсі, першы камэрдынэр, таксама быў тут. Лёрд-мундшэнк стаяў за Томам ззаду, сочачы за ўрачыстаю цэрэмоніяй, якою распараджаліся лёрд-сэнэшаль і лёрд шэф-кухар. Япрача гэтых асобаў, у Тома было трыста восемдзесят чатыры лёкаі; ведама, што навет чацьвёртая часьць іх нё знаходзілася ў сталоўні, – ды Том і ня ведаў аб іхнім істнаваньні.

Усе прысутныя загадзя атрымалі загад памятаць, што прынц толькі часова не пры сваім розуме, і высьцерагацца выказваць зьдзіўленьне пры яго штуках. Гэтыя „штукі" не замарудзілі выявіцца; але яны выклікалі ў іх пачуцьцё гора і спачуваньня, а ня сьмех. Моцна балючай была для іх хвароба любага прынца,

Бедны Том еў пераважна пальцамі; але ніхто, здавалася, не ўсьмяхнуўся і нічым ня выказваў зьдзіўленьня. З цікавасьцю паглядзеў ён на свой ручнічок раскошнай, тонкай работы і прамовіў прастадушна:

– Калі ласка, забярэце яго, а то запэцкаю...

Насьледны стольнік забраў ручнічок з пашанлівым паклонам, не запярэчыўшы ні словам.

Том з цікавасьцю разглядаў бручку й салату, і спытаўся, ці можна іх есьць, – толькі з нядаўняга часу гэту агародніну пачалі разводзіць у Англіі, замест таго, каб прывозіць яе, як роскаш, з Голяндыі. На яго пытаньне адказалі сур'ёзна, не паказваючы зьдзіўленьня. Скончыўшы дэсэрт, ён набраў у кішані гарэхаў; ніхто, здавалася, не заўважыў гэтага і ня дзівіўся. Але ён сам адразу-ж зьбянтэжыўся й выказаў неспакойнасьць; у працягу ўсяго працэсу яды яму пазволілі самому ўласнымі рукамі браць толькі гарэхі, а ён пэўны быў, што дапусьціў самую няпрыстойную, праціўную каралеўскай дастойнасьці, штуку. У гэту мінуту ён пачуў, што сьвярбіць яму нос, і кончык гэтага органу скурчыла і крыху падняло. Сьвярбеньне гэтае не праходзіла, і Том пачаў выказваць моцны неспакой. Ён жаласна паглядзеў то на аднаго, то на другога лёрда; з вачэй у яго выступілі сьлёзы. Яны кінуліся да яго з жахам на твары, пытаючыся, што з ім. Том адказаў са шчырай бядою:

– Перапрашаю, нос у мяне сьвярбіць. Які звычай і парадак у выпадку гэткае крайнасьці? Калі ласка, кажэце хутчэй, не магу далей вытрываць.

Ніхто і брывом ня міргнуў: усе былі ў задуме і з глыбокай тугою пераглядаліся, як-бы пытаючыся вачыма рады адзін у аднаго. Але тут выйшла труднасьць – ува ўсёй ангельскай гісторыі ня было сказана, як ухіліць яе. Цэрэмонімайстра ня было; ніхто ня лічыў басьпечным пусьціцца ў цёмную краіну этыкету й рызыкнуць разрашыць важную проблему. Нажаль, насьледнага „часальніка носа" не істнавала. Сьлёзы выступілі ў Тома й пацяклі па твары. Нос, які сьвярбеў, вымагаў незабаўнае помачы. Нарэшце такі, прырода зламала ўсе перашкоды: Том у думках узьнёс малітву аб дараваньні, калі ён робіць нядобра, і зрабіў палягчэньне сэрцам прыдворных, пачасаўшы сабе нос.

У канцы абеду, адзін з лёрдаў паднёс яму шырокую, плоскую залатую чашу з пахнючаю рожавай вадою, каб спаласнуць рот ды памыць рукі, а насьледны стольнік трымаў для яго ручнічок. Мінуту, ці дзьве Том з зьдзіўленьнем пазіраў на чашу, – паднёс яе да губаў і важна глынуў крыху. Пасьля вярнуў лёрду.

– Не, не падабаецца мне, мілёрд, – сказаў ён, – пах добры, але моцы ніякай.

Гэта новая штука звар'яцелага прынца падліла горкасьці ў сэрцы прысутных.

Затым Том зрабіў яшчэ абмылку, падняўшыся з-за стала якраз тады, калі капэлян стаў ззаду яго і, падняўшы рукі й вырачыўшы ўгару вочы, рыхтаваўся да малітвы. Усё такі ніхто, здаецца, не заўважыў, што прынц выкінуў нешта нязвычайнае.

З прычыны просьбы нашага маленькага друга, яго правялі ўва ўласны кабінэт і пакінулі аднаго. Там на сьцяне з дубовых дошчак, на кручкох, вісела блішчастая сталёвая зброя, з харошымі упрыгажэньнямі з золата. Зброя гэтая належала да прынца – нядаўні падарунак каралевы. Том апрануў нажныя латы, латныя рукавіцы, шолам з пярынкаю, ды іншыя прылады, з якімі мог справіцца, і хацеў быў паклікаць каго-нібудзь памагчы яму дакончыць апрананьне, але спомніў пра гарэхі, якія прынёс з абеду, і падумаў, што ня шкодзіла-б іх зьесьці, ў адсутнасьці разявачнага натаўпу і насьледных чыноў, неадвязна прыставаўшых да яго з прапанаваньнем служыць яму. Дзеля гэтага ён павесіў прыгожую зброю на месца, і ўзяўся лушчыць гарэхі, чуючы сябе як-бы й шчасьлівым першы раз пасьля таго, як Бог, мусі быць, за грахі, зрабіў яго прынцам. Калі гарэхі скончыліся, ён выпадкова заўважыў у шафе некалькі цікавых кніжак, і паміж імі адну – аб этыкеце пры ангельскім двары. Гэта быў для яго сюрпрыз. Ён лёг на раскошную канапу і пачаў чытаць з вялікай заўзятасьцю. Але пакінем яго, пакуль што.

Разьдзел VIII. Пытаньне аб пячатцы.

Каля пятае гадзіны Гэнры VIII прачхнуўся ад цяжкага сну і прагурчаў: „Страшныя, трывожныя сны! Блізкі канец мой: гэтак гавораць гэтыя зьвястуны, і аслабеўшы пульс мой пацьвярджае прадчуцьцё". Раптам злосны агоньчык заблішчаў у яго вачох, і ён прамармытаў: „Усё такі, я не памру, пакуль ён ня будзе адпраўлены!"

Прыдворныя заўважылі, што ён прачхнуўся, і адзін з іх папрасіў загаду датычна лёрда-канцлера, чакаўшага за дзьвярыма.

– Прыняць яго, прыняць! – горача сказаў кароль.

Лёрд-канцлер увайшоў і, прыкленчыўшы на калена перад каралеўскім ложкам, сказаў:

– Я перадаў загад, згодна з воляй караля; пэры дзяржавы, сабраўшыся ў палаце і зацьвярдзіўшы прыгавар гэрцогу Норфольку, пакорна чакаюць далейшых загадаў яго вялікасьці па гэтай справе.

Твар караля зазьзяў злоснарадоснаю усьмешкаю.

– Крыху паднімеце мяне! – сказаў ён. – Я асабіста стану перад сваім парлямэнтам і ўласнаю рукою прылажу пячатку да прыгавару, што ратуе мяне ад...

Голас здрадзіў яго; мярцьвяцкая бель сагнала чырвань са шчокаў. Прыдворныя паклалі яго на падушкі і пасьпешна далі яму ўзмацняўшае лякарства.

Апрытомнеўшы, ён прамовіў з сумам:

– Як чакаў я гэтае радаснае гадзіны! Нажаль, вельмі позна выбіла яна, і я пазбаўлены гэтак жаданага шчасьця. Але пасьпяшайцеся, пасьпяшайцеся! Няхай іншыя споўняць гэты жаданы абавязак, калі мне ў гэтым адмоўлена. Я перадам дзяржаўную пячатку камісіі. Выбяры лёрдаў, якія маглі-б увайсоці ў яе і прыступі адразу да спаўненьня даўгу. Пасьпяшы-ж! Раней, чымся сонца ўзайдзе і зайдзе яшчэ раз, прышлі мне галаву гэрцога – я асабіста хачу бачыць яе!

– Усё будзе зроблена, згодна загаду караля. Ласка будзе вашае вялікасьці прыказаць вярнуць мне пячатку, каб я мог прыступіць да справы.

– Пячатку? У каго-ж пячатка, як не ў цябе?

– Вашая вялікасьць мелі ласку ўзяць яе ў мяне два дні таму, кажучы, што яна будзе бязьдзейнаю да тае пары, пакуль вы ўласнаю царскаю рукою не змацуеце прыгавару гэрцогу Норфольку?

– Дзіўна, я й сапраўды казаў гэта... прыпамінаю. Дзіўна, ага...

Кароль мармытаў нешта незразумелае, нявыразнае, ад часу да часу слаба ківаючы сіваю галавою і яўна стараючыся прыпомніць, дзе ён падзеў пячатку.

Нарэшце, лёрд Гэртфорд, прыкленчыўшы, рашыўся сказаць:

– Гаспадар, адважуся далажыць, што шмат ,хто памятае, як вы мелі ласку перадаць пячатку ў рукі яго высокасьці прынца Уэльскага, каб хаваць яе да таго дня, калі...

– Праўда, але праўда! – перабіў кароль. – Вазьмі яе. Ідзі – час ляціць!...

Лёрд Гэртфорд пасьпяшыў да Тома, але хутка вярнуўся да караля, засмучаны і з парожнімі рукамі.

Цяжка мне, вашая валікасьць, перадаваць гэтак сумную й няпрыемную вестку; але, як відаць, на тое воля Божая, што хвароба прынца не праходзіць, – ён ня можа прыпомніць, што браў пячатку. Я хутчэй вярнуўся, з тым, каб заявіць, што было-б дарэмнаю тратаю дарагога часу шукаць яе ў амфілядзе пакояў і салёнаў палацу яго каралеўскае вы...

Стагната караля раптам перабіла яго. Крыху пачакаўшы, яго вялікасьць прамовіў з ценем глыбокага гора:

– Ня турбуйце болей беднага дзіцяці. Цяжкая рука Божая спусьцілася на яго; а маё сэрца ные ад любасьці да яго, і спачуваньня, і гора мне, што не магу зваліць яго ярма на свае старыя, абцяжаныя клопатамі, плечы і зрабіць яму палягчэньне.

Ён заплюшчыў вочы, нешта прашаптаў і сьціх. Пасьля нейкага часу ён расплюшчыў вочы, бессэнсоўна пачаў аглядацца навакола, пакуль пагляд яго ня спыніўся на ўкленчыўшым лёрдзе-канцлеры. Раптам твар яго пасінеў ад гневу.

– Як ты яшчэ тут! – закрычаў ён. – Прысягаю Богам, калі ты ня ўчыніш расправы з гэтым здраднікам, дык заплаціш галавою.

– Вашая вялікасьць, малю аб літасьці. Я чакаў пячаткі.

Ты звар'яцеў ці што? Малая пячатка, якую я раней меў звычай брзць з сабою ў дарогу, знаходзіцца ў маёй скарбонцы. Калі вялікая дзяржаўная пячатка, зьнікла, дык хіба-ж не даволі малое? З глузду ты зьехаў? Ідзі! I слухай: не зьяўляйся мне без яго галавы.

Бедны канцлер пасьпяшыў пакінуць гэтак небясьпечнае суседзтва; камісія таксама не замарудзіла выказаць каралеўскую згоду на рашэньне лісьлівага парлямэнту, і на чародны дзень назначана была казьнь першага пэра Англіі, няшчаснага гэрцога Норфольскага.

Разьдзел IX. Парад на рацэ.

А дзесятай гадзіне ўвечары вялізны надрэчны бок палацу зіхацеў агнямі. Уся рака ў бок Сіці, наколькі магло хапіць вока, была гэтак густа ўсеяна чайкамі й баркамі дзеля катаньня, паўквечванымі рознымі лятарнямі і ціха калыханымі хвалямі, што падобна была да яснае, бесканечнае квяцярні, крыху хістанае летнім ветрыкам. Вялікая тэраса каменных сходкаў, што спушчаліся да ракі, даволі прасторная на тое, каб зьмясьціць цэлую армію нямецкага князьства, прадстаўляла маляўнічы выгляд, дзякуючы радом каралеўскіх алебардаўцаў у блішчастай зброі й натаўпу хораша апраненых слугаў, снаваўшых узад і ўперад у завірусе рыхтаваньня да ўрачыстасьці.

Але вось пачулася каманда і на ступенях не засталося ніводнае жывое істоты. Цяпер у паветры навісла ціша чаканьня. На вялізарным прасторы можна было бачыць, як масы народу паднімаліся ў чайках, засланялі вочы ад сьляпіўшага сьвятла лятарняў і факелаў і глядзелі ў бок палацу.

Цэлы шых з сараку ці з пяцьдзесят харошых барак пад'ехаў да сходкаў. Яны былі багата пазалочаны, і іхнія высокія насавыя й бакавыя часьці былі ўквечаны мудраю разьбою. Некаторыя былі паўквечваны сьцягамі й вымпэлямі, некаторыя парчою й тканінамі з вышытымі гэрбамі; іншыя рабелі шаўковымі сьцягамі з масаю прышытых да іх сярэбраных звончыкаў, якія пры кожным павеве ветру заліваліся ціхім, радасным гукам; іншыя розьніліся яшчэ большымі выдумкамі, таму што належалі да вяльможаў з прынцавай сьвіты, і ўмацавалі на бакох шчыты, раскошна размалёваныя фамільнымі гэрбамі. Кожная каралеўская барка цягнулася веславою шлюпкаю; апрача весьляроў у ёй былі ваякі з зіхацеўшымі шаломамі й панцырамі ды хор музыкаў.

Авангард чаканае працэсіі, складзены з аддзелу алебардаўцаў, зьявіўся каля галоўнае заставы. На іх былі порткі з палоскамі чорнага й чырвона-бурага колеру, машастовыя шапачкі, ўквечаныя з бакоў сярэбранымі рожамі, чырвоныя й сінія курткі, з вышытымі золатам на грудзёх і на плячох трома пярынкамі – гэрбам насьледнага прынца. Дрэўкі алебардаў былі абшыты малінавым машастам, прымацованыя залатымі штыфцікамі, і ўвешаны кутасамі. Прадэфіляваўшы направа й налева, яны ўтварылі дзьве доўгія шарэнгі, што цягнуліся ад брамы палацу да берагу ракі. Паміж імі быў разасланы слугамі ў парчовай адзежы таўсты пярэсты дыван. Пасьля гэтага з палацу пачуліся гукі трубаў. Музыкі ў чайках зайгралі вясёлую прэлюдыю; два гофмайстры з белымі булавамі выступілі з галоўнага ўваходу мернаю й вялічаваю хадою. За імі йшоў вурэднік з гарадзкім жэзлам і пасьля другі з мечам; пасьля некалькі сержантаў гарадзкое варты ў параднай форме, з значкамі на рукавох; прэзэс капітулу ордэну Падвязкі ў мантыі; далей рыцары ордэну Бані, з белымі стужкамі на рукавох, і зброяносы; судзьдзі ў ясна-чырвоных мантыях і шапачках; пасьля лёрд вялікі канцлер Англіі ў пурпурнай адзежы, з выразам наперадзе, аблямованым вавёрчынай скуркаю; дэпутацыя гарадзкое управы ў адзежы чырвонага колеру; нарэшце, старшыні розных гарадзкіх арганізацыяў у ўстаноўленай форме. Вось зьявіліся на сходках дванаццаць французаў-джэнтльмэнаў у блішчастых камзолах з белае камчатнае матэрыі, затканае золатам, у кароткіх накідках з малінавага машасту, падбітых чырвонаю подбіўкай, і ў панчохах колеру цела. Яны складалі сьвіту францускага амбасадара. За імі йшлі дванаццаць кавалераў сьвіты гішпанскага амбасадара, апраненых у чорны машаст бяз ніякіх упрыгажэньняў. Працэсію замыкалі некалькі ангельскіх вяльможаў са сваімі слугамі.

Ізноў пачуліся гукі трубаў, і прынцаў дзядзька, будучы вялікі гэрцог Сомэрсэцкі, паказўся каля ўваходу, апранены ў чорны камзол, затканы золатам, з атласнаю мантыяй малінавага колеру, з вышытымі залатымі краскамі і сярэбранай сеткаю. Ён адвярнуўся, зьняў капялюш з пярынкаю, нізка пакланіўся і пачаў сходзіць задам, кланяючыся на кожнай ступеньцы. Пачуўся доўгі гук трубаў і воклік: „Дарогу вялікаму, магутнаму лёрду Адварду, прынцу Уэльскаму!". Высока, на сьценах палацу, з пяруністым громам, выскачыў доўгі рад агнявых языкоў. Масы народу, што быў на рацэ, адгукнуліся магутным крыкам прывітаньня, і Том Канці, віноўнік і гэрой урачыстасьці, паказаўся перад народам, горда ківаючы галавою ў адказ на воклікі.

Ён быў раскошна апранены ў камзол з белага атласу з грудною ўстаўкаю з пурпурнае парчы, ўсеянай брылянтамі і аблямованай гарнастаем. Зьверху на ім была накідка з белае парчы, на блакітнай атласнай подбіўцы, з узорам накшталт шоламу з пёрамі, упрыгожаная жомчугам і дарагімі каменьнямі і прышпіленая брылянтаваю спражкаю. На шыі ў яго вісеў ордэн Падвязкі й некалькі харошых загранічных ордэнаў, і калі сьвятло падала на яго, дык самацьветныя каменьні зіхацелі сьляпіўшым блескам. О, Том Канці, народжаны ў хацінцы, вырасшы ў лёнданскіх канавах, прывыкшы да рызьзя, гразі і жабрацтва, якое гэта было цудоўнае зьявішча!

Разьдзел X. Прынц у цянётах.

Мы пакінулі Джона Канці, калі ён пацягнуў законнага прынца ў Офаль-Корт, праводжаны неспакойным разбэшчаным натаўпам. Толькі адзін чалавек прыкінуў слоўца на карысьць хлопчыка, але на яго не зьвярнулі ўвагі, – наўрад ці чулі яго – гэткі гвалт падняўся. Прынц далей вырываўся й шалеў з прычыны благога абходжаньня з ім. Джон Канці выйшаў з цярплівасьці і замахнуўся быў дубінкаю над яго галавою. Адзіны абаронца хлопчыка кінуўся, каб стрымаць нягодніка, і ўдар дастаўся яму ў кісьць рукі.

– Ты будзеш мяшацца, – зароў Канці, – будзеш? Дык вось табе!

Дубінка яго з трэскам трахнула заступніка па галаве. Разьляглося стагнаньне, цёмная фігура звалілася на зямлю, да ног натаўпу, і праз мінуту

ўжо адна ляжала ў цемнаце. Чэрнь пасьпяшыла разыйсьціся, але апошняе здарэньне, відочна, ані не засмуціла яе настрою.

Прынц апынуўся там, дзе жыў Джон Канці, і дзьверы зачыніліся за ім. Пры цьмяным сьвятле лаявое сьвечкі, ўваткнутай у бутэльку, ён у агульнах рысах разглядзеў гадкі катух, а таксама жыхароў яго. Дзьве замурзаныя, нячэсаныя дзеўчыны й жанчына сярэдняга веку сядзелі на карачках у адным куце, з выглядам жывёлін, прывыкшых да благога абходжаньня і кожную мінуту боязна чакаўшых штурханцоў.

З другога кута вылезла сухарлявая, скурчаная ведзьма, з лахмацістымі сівымі валасамі і злымі вачыма. Джон Канці зьвярнуўся да яе:

– Пачакай-жа! Вось, дык камэдыя! Не чапай яго, пакуль не наглядзішся колькі трэба, а ўжо пасьля прыкладзі руку ды як найлепей... Хадзі сюды, галубок. А ну, паўтары свае байкі, калі не запомніў. А як там завуць цябе? А хто ты?

Ад крыўды прынцаў твар зарумянеў; кінуўшы сьмелы, злосны пагляд на свайго ліхадзея, ён прамовіў:

– Ня прыстала гэткім, як ты, прыказваць мне. I цяпер скажу табе, як казаў раней: я Адварды, прынц Уэльскі, і ня хто іншы.

Гэты адказ аглушыў ведзьму, як-бы прыбіў яе да падлогі, – у яе проста аж дух захапіла. Яна ўважліва глядзела на прынца з тупым зьдзіўленьнем, якое гэтак цешыла яе нягодніка-сына, што ён аж зайшоўся ад сьмеху.

Ня гэтак адбіліся словы прынца на матцы й сёстрах. У іх страх перад пабоямі ўступіў месца небясьпецы іншага гатунку. Яны кінуліся да хлопчыка з выразам гора й жаху на тварах, з воклікамі:

– О, бедны Том, бедненькі хлопчык!

Маці ўпала на калены перад прынцам, паклала яму рукі на плечы і ўтаропілася ў тварык сумнымі, поўнымі сьлёз, вачыма.

О, маё беднае дзіця! Твае дурныя кніжкі зрабілі, нарэшце, сваё ліха – пазбавілі цябе розуму. Ах, нашто так цягнула цябе да іх, а я-ж гэтак асьцерагала цябе! Разьбіў ты сэрца маці свае.

Прынц паглядзеў ёй у твар і спакойна сказаў:

– Сын твой здароў і не пазбавіўся розуму, добрая жанчына. Уцешся, пусьці мяне ў палац, дзе ён цяпер знаходзіцца, і кароль, бацька мой, незабаўна верне яго табе.

– Кароль – бацька твой! О, маё дзіцятка! Не кажы гэткіх словаў. Сьмерцяй пагражаюць яны табе й пагібельлю ўсім тваім блізкім. Пражані гэтыя страшныя мары. Прыкліч сваю бедную, зблудзіўшую памяць. Паглядзі на мяне. Хіба-ж ня я маці твая, што спарадзіла цябе і любіць цябе?

Прынц памахаў галавою й неахвотна адказаў:

– Аднаму Богу вядома, што я не хачу крыўды табе, а кажу праўду: ніколі яшчэ дасюль ня бачыў я твайго твару.

Жанчына ізноў апусьцілася на падлогу і, затуліўшы твар рукамі, дала волю душу разьдзіраўшым прычытваньням.

– Цягні далей камэдыю! – крыкнуў Канці. – Ну, Нан і Бэт, непашанлівыя дзеўкі, як сьмееце вы стаяць у прысутнасьці прынца! На калены, жабрачкі, чэрві грамадзянства, і пакланецеся яму ў ногі.

Затым ён ізноў гучна зарагатаў. Дзеўчыны баязьліва пачалі прасіць за брата:

– Бацька, пусьці яго спаць; адпачынак і сон узмоцніць яго розум, – калі ласка, пусьці.

– Пусьці, – сказала Бэтты, – ён сягоньня болей, як калі, змучаны. Заўтра ён апамятаецца, заўзята возьмецца прасіць міласьціны, і ўжо ня вернецца дамоў з парожнімі рукамі.

Гэтая ўвага працьвярозіла бацьку, быўшага пад чаркаю, і прыпомніла яму аб няпрыемнай акалічнасьці. Ён злосна зьвярнуўся да прынца:

– Заўтра мы павінны заплаціць два пэньні гаспадару гэтае буды, два пэньні – заўваж сабе, за паўгода, а то нам прыдзецца выляцець адсюль. Пакажы-ж, што ты сабраў, гультаю!

– Не зьневажай мяне сваімі нізкімі інтарэсамі, – сказаў прынц. – Паўтараю табе, я каралеўскі сын.

Разьлёгся звонкі ўдар шырокае далоні Канці. трапіўшы ў плячо прынцу; апошні хістануўся і ўпаў на рукі жонкі п'яніцы, прытуліўшай яго да грудзей і абараніўшай сваім целам ад граду штурханцоў і аплявухаў. Спалоханыя дзеўчынкі скуліліся ў куточку; а бабка старанліва выступіла на падмогу сыну. Прынц вырваўся з рук місіс Канці і гучна сказаў:

– Ты не павінна пакутаваць за мяне, добрая жанчына! Хай гэтыя сьвіньні робяць са мною, што хочуць.

Гэтыя словы да таго разьюшылі „сьвіней", што яны, не марнуючы часу, узяліся за справу. I праўда, яны, як мае быць, адластажылі хлопчыка, а дзеўчынкам і маці таксама ўляцела за выраз спачуваньня ахвяры.

– Цяпер, – сказаў Канці, – пайшлі ўсе спаць. Змарыўся я ад гэтай пацехі.

Агонь пагас, і ўсе разыйшліся па сваіх месцах. Калі храпеньне галавы дому й яго маці пацьвярдзіла, што яны сьпяць, дзеўчынкі крыючыся падпаўзьлі да прынца і далікатна прыкрылі яго ад холаду саломай і лахманамі. Маці іхняя таксама падпаўзла да яго, пагладзіла яго па галаве

й залілася над ім сьлязьмі, перарывіста шэпчучы яму паціху словы ўцехі і спачуваньня. Яна прыхавала для яго скарыначку хлеба; але боль пазбавіў хлопчыка ўсялякага апэтыту, – па крайняй меры, да бяссмачных скарынак. Прынц быў крануты яе адважнаю, самаахвярнаю абаронаю і яе спачуваньнем; ён падзякаваў ёй поўнымі дастойнасьці царственымі словамі і папрасіў, каб яна ішла спаць і запомніла аб сваім горы. Хлопчык дадаў, што кароль, бацька яго, не пакіне без падзякі яе шчырае дабраты і адданасьці. Гэтая азнака „ненармальнасьці" ізноў засмуціла яе; яна ўсё прытуляла прынца да грудзей, і, нарэшце, пакінула яго, заліваючыся сьлязьмі.

У той час, як яна ляжала, патануўшая ў цяжкім думах, у душу яе пачало залазіць падазрэньне, што, як ні як, у хлопчыку відно тое, чаго ня было ў Тома. Яна не магла азначыць гэтай асаблівасьці, ня ўмела выказаць у чым яна крылася, але яе чулае матчынае пачуцьцё, як відаць, выкрыла, заўважыла розьніцу. А што, калі хлопчык і сапраўды не яе сын? О, якая недарэчнасьць! Яна блізу што ўсьмяхнулася пры гэтай думцы, ня гледзячы на сваё гора й пакуту. Ўсё-ж такі, падазрэньне не давала ёй спакою, неадступна прасьледавала, мучыла, і яна ня мела сілы прагнаць яго. Яна нарэшце пераканалася, што не супакоіцца датуль, пакуль ня прыдумае пробы, якая напэўна й ясна паказала-б, яе сын гэты хлопчык, ці не, і прагнала-б яе прыкрую дакучлівую няпэўнасьць. О, так, гэта, відочна, быў адзіны выхад з труднага палажэньня; заставалася прыдумаць пробу. Але прыдумаць было лягчэй, як выканаць. Яна перабірала ў галаве адзін спосаб за другім, але павінна была адмовіцца ад усіх, – ніводзін з іх, як мае быць, ня пэўны, ня зусім верны, а няспрытная проба не магла здаволіць яе. Відочна, яна дарэмна ламала галаву – трэба было адмовіцца

ад гэткае штукі. Тымчасам, як у галаве ў яе раілася гэта давіўшая думка, да слыху яе даляцела правільнае дыханьне хлопчыка, і яна пераканалася, што ён заснуў. Калі яна пачала прыслухвацца, дык роўнае дыханьне раптам было перарвана крыкам перапуду, як часта бывае ў трывожным сьне. Гэта выпадковая акалічнасьць неспадзявана нагнала ёй плян, стоіўшы ўсіх ранейшых, разам узятых. Яна адразу пачала пасьпешна, але паціху запальваць сьвечку, мармычучы напамяць:

– Толькі каб паглядзець мне на яго тады – дык зараз-жа пазнаю! З таго самага часу, як ён быў яшчэ маленечкім хлопчыкам, і порах бухнуў яму ў твар, толькі, бывала, што нібудзь раптам спалохае яго, ян ён сьпіць або задумаецца, як ён адразу заслоніць вочы рукою, так, як у той нешчасьлівы дзень, – ды ня так, як усе людзі – далоняю да твару, а заўсёды далоняй ад сябе. Сто разоў заўважвала я гэта, і ніколі не абходзілася бяз гэткага руху, і ніколі ён не зьмяняўся... А, ўжо-ж цяпер я пазнаю!"

Тымчасам яна падпаўзла да драмаўшага хлопчыка, са сьвечкаю, затуленай рукою. Яна пытліва й асьцярожна схілілася над ім, ледзь дыхаючы, падаўляючы неспакойнасьць, і раптоўна падняла сьвечку да яго твару і стукнула аб падлогу суставамі пальцаў, каля самага вуха у хлопчыка. Вочы спаўшага шырока расплюшчыліся, ён палахліва азірнуўся наўкола, але не зрабіў вядомага, характарнага руху рукою.

Бедная жанчына слаба апусьцілася, ахопленая зьдзіўленьнем і горам; але яна змагла ўтаіць сваю неспакойнасьць ды зноў улюляць хлопчыка. Пасьля яна адпаўзла на сваё месца, і аддалася горкім думкам, з прычыны няўдачнага рэзультату пробы. Яна хацела верыць, што вар'яцтва Тома прагнала прывычны жэст, але не магла:

– Не, – сказала яна, – то-ж рукі яго не звар'яцелыя; яны не маглі адвыкнуць ад старога налогу за гэткі кароткі час. Ой, цяжкі дзень выпаў сягоньня на маю долю!

Усё такі, надзея цяпер запала ў яе душу гэтак сама глыбока, як раней няпэўнасьць; яна не магла згадзіцца з прыгаварам, які вынесены быў ёй пробаю. Яна яшчэ раз павінна зрабіць досьлед – няўдача магла быць справаю выпадку. Гэткім чынам, яна будзіла хлопчыка другі і трэці раз, а рэзультат быў той самы, што і першы раз. Тады яна дапаўзла да пасьцелі і, ахопленая горам, заснула.

– Не, я не магу пакінуць яго, – мармытала яна перад тым, – не, не магу... Ён павінен быць маім сынам.

Пасьля таго, як бедная маці пакінула трывожыць прынца і боль ня так непакоіў яго, крайняя змога стуліла яму вочы, і ён папаў у глыбокі, асьвяжальны сон. Праходзіла гадзіна за гадзінай, а ён ўсё спаў, як забіты. Прайшло чатыры ці пяць гадзін, соннасьць пачала слабець. Раптам праз сон хлопчык прамармытаў:

– Сэр Уільям!

Мінуту пачакаўшы:

– Сюды, сэр Уільям Гэрбэрт! Хутчэй сюды, паслухай, які дзіўны сон прысьніўся мне. Сэр Уільям, чуеш? Я бачыў цябе праз сон жабраком і... Сюды варта! Сэр Уільям! Што гэта? Нікога з камэр-лекаёў няма? Ой, дастанеце вы!...

– Што з табою? – пачуўся каля яго шэпт. – Каго ты клічаш?

– Сэра Уільяма Гэрбэрта? А ты хто?

– Я? Хто-ж, як не сястра твая, Наньні? Ах, Том, я й запомніла! Небарака, то-ж ты ўсё яшчэ не пры сваім розуме. Лепей, каб я памёрла й ня ведала гэтага. Ну, калі ласка, сьціхні, а то ўсіх нас заб'юць да сымерці.

Спалоханы прынц падскочыў быў, устаўшы на ногі, але востры боль ад нялюдзкіх пабояў, што дасталіся яму напярэдадні, прывёў яго да памяці; ён ізноў кінуўся, стогнучы, на гнілую салому, сказаўшы:

– Так, так! Дык гэта ня быў сон!

У момэнт цяжкае гора й пакута, прагнаныя сном, ізноў вярнуліся да яго; яму лёгка было пераканацца, што ён ужо болей ня прынц, лашчаны ў каралеўскім палацы, ня прынц, на якім пакояцца поўныя абажаньня вочы ўсяго народу, а жабрак, аб'едак грамадзянства, апранены ў рызьзё, што знаходзіцца сярод жабракоў і зладзеяў у гэткай нарэ, што толькі скаціне хіба жыць у ёй.

Сярод свайго цяжкага настрою, ён раптам пачуў вясёлы гоман і крыкі, што былі, як відаць, за некалькі шагоў. Мінюту пачакаўшы, пачуўся моцны стукат у дзьверы. Джон Канці пакінуў храпсьці і спытаўся:

– Хто стукае? Чаго табе трэба?

Невядомы голас адказваў:

– Ведаеш, каго ты ўчора палажыў дубінкаю?

– Не. Ня ведаю, і ведаць не хачу.

– Пэўна, што ня тое ты запяеш зараз. Калі хочаш выратаваць сваю галаву, дык уцякай; толькі гэта й паможа табе. Чалавек гэты аддае цяпер Богу душу. Гэта сьвяшчэньнік, айцец Андр'ю!

– Госпадзі памілуй! – гукнуў Канці.

Ён збудзіў усіх сваіх і сіплівым голасам прыказаў:

– Уставайце ўсе і ўцякайце – або заставайцеся тут і прападайце!

Цераз пяць мінут сям'я Канці была ўжо на вуліцы, ратуючыся ўцяканьнем. Джон Канці трымаў прынца за руку і цягнуў яго цёмным завулкам, перасьцерагаючы паўголасна:

– Трымай язык за зубамі, вар'яце, і не выдавай нашага імя. Я зараз-жа выбяру сабе іншае прозьвішча, каб зьбіць з толку шпікоў. Прытрымай язык, кажу табе!

Зьвяртаючыся да рэшты сяброў сям'і, ён злосна прагурчаў:

– Калі здарыцца, што хто-нібудзь застанецца, дык хай ідзе да Лёнданскага мосту; як толькі апыніцца там каля апошняе плацянковае крамкі, хай пачакае ўсіх. Затым мы махнём у Саузсуорк.

У гэтую мінуту ўцекачы раптоўна трапілі з цемры ў ясна асьветленае месца ды яшчэ ў натаўп народу, які, сабраўшыся на беразе ракі, пяяў, скакаў і выгукваў радасныя крыкі. За вадою і проці вады па Тэмзе, наколькі хапала вока, цягнулася стуж а пацешных агнёў; Лёнданскі мост быў ілюмінованы, Саузсуорскі мост таксама. Уся рака зіхацела яснымі каляровымі агнямі, а бесьперастанныя букеты фэйервэркаў асьвятлялі неба сеткай агнявых палосак і густым дажджом іскраў, блізу што робячы з ночы дзень. Усюды відаць было натаўпы гуляўшых – здавалася, што ўвесь Лёндан сабраўся тутака.

Джон Канці загрымеў страшэннай лайбаю і скамандаваў адступленьне; але было вельмі позна. Ён і сям'я яго падхоплены былі густым натаўпам і ў міг адарваны адзін ад аднаго, за выняткам прынца, якога Канці моцна трымаў у сваіх лапах. Цяпер прынцава сэрца моцна застукацела надзеяй на ратунак. Нейкі здаравенны рыбак, быўшы, як трэба, пад чаркаю, прычапіўся да Канці за тое, што той, прабуючы пралезьць праз натаўп, груба штурхануў яго; паклаўшы сваю руку на плячо Канці, ён сказаў:

– Слухай, куды ты гэтак сьпяшаешся, дружа? Чаго губіш душу сваімі справамі, калі ўвесь добры народ спраўляе сьвята,

– Мае справы мне і ведаць, цябе не датычаць, – адкаэаў Канці. – Вазьмі руку і дай прайсьці,

– А, калі ты так, дык не прапушчу цябе, кажу, пакуль ня вып'еш за здароўе прынца Уэльскага, – сказаў рыбак, рашуча заступаючы дарогу.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю