Текст книги "Прынц i жабрак"
Автор книги: Марк Твен
Жанр:
Детские приключения
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 13 страниц)
Марк Твэн
Прынц i жабрак
Ад аўтора
Я вылажу вам у сваёй кнізе повесьць у гэткім выглядзе, у якім яна расказана была мне чалавекам, чуўшым яе ад свайго бацькі, які, ізноў-жа ў сваю чаргу, чуў яе ад свайго бацькі, і гэтак далей. Больш як трыста гадоў расказ пераходзіў ад бацькоў да сыноў, з пакаленьня ў пакаленьне, і гэткім спосабам захаваўся да нашых дзён. Зьмест яго, быць можа, й гістарычны факт, а мо' – толькі легэнда, паданьне. Ці сапраўды здарылася тое, што апісана, ці не – цяжка сказаць; але яно магло здарыцца. Вельмі магчыма, што навет мудрацы й кніжнікі даўней верылі ў гэту гісторыю, а можа толькі цёмны, просты народ любіў яе і даваў ёй веру.
У ласцы ёсьць багаслаўленьне
Падвойнае: яна багаслаўляе
Тых, што даюць і што бяруць яе.
Дужэй за ўсё яна ў руках у дужых;
Яна – царом прыстойней за карону.
Шэксьпір. «Вэнэцыянскі купец»
Разьдзел I. Нараджэньне прынца й нараджэньне жабрака.
У другой чэцьверці шаснаццатага сталецьця, ў васеньні дзень, у старой часьці Лёндану, нарадзіўся хлопчык у беднай дружыне Канці, – і быў ён для яе далёка не пажаданым гасьцём. У той-жа самы дзень другі хлопчык нарадзіўся ў багатай ангельскай дружыне Цюдораў, для якое ён зьяўляўся даўно жаданым. Уся Англія чакала яго зьяўленьня на сьвет Божы, ўсе надзеі й жаданьні народу спачывалі на ім, усе малілі Бога аб дараваньні яго, так што цяпер, калі ён радзіўся, народ не памятаў сябе з радасьці. Простыя знаёмыя, пры спатканьні, са сьлязьмі абнімаліся й цалаваліся. Усіх ахапіў урачысты настрой; знатныя й простыя, багатыя й бедныя сьвяткавалі здарэньне з пяяньнем і скокамі і былі падвесяліўшыся, – і цягнулася гэта некалькі дзён і ночаў. Удзень Лёндан выяўляў цікавы абраз – з бальконаў і стрэхаў весела павявалі сьцягі, па вуліцах ішлі цэрэмоніяльныя працэсіі. Уночы абраз быў таксама ня меней цікавым, пры сьвятле вялікіх агнёў, каля якіх зьбіраліся падгуляўшыя натаўпы народу. Толькі й гутарка была ўва ўсёй Англіі аб высоканароджаным, Адвардзе Цюдоры, прынцу Уэльскім, які адпачываў, далікатненька спавіты ў шоўк і машаст, у шчасьлівым няведаньні ўсяго гармідару й таго, што знатныя вяльможы дбалі аб ім. Але ніхто не сказаў а ні слова пра іншага хлопчыка, пра завінутага ў рызьзё Тома Канці, апрача хіба яго бацькоў, якія вельмі сумавалі, што ён нарадзіўся.
Разьдзел II. Дзіцячыя гады Тома.
Прайшло некалькі гадоў. Лёндан налічваў з лішкаю пятнаццаць сталецьцяў істнаваньня і быў вядомы паводлуг таго часу, як вялікае места; насяленьне яго даходзіла да сту тысячаў чалавек, – а шмат хто прыпушчае, што было ў два разы большым. Вуліцы былі надта-ж вузкія, крывыя і гразкія, асабліва ў той часьці, дзе жыў Том Канці, недалёка ад Лёнданскага мосту. Хаты будаваліся дзеравяныя, другі паверх шырока выперачаўся над першым, а трэці гэтак сама абвісаў над другім, – адным словам, плошча вышэйшых паверхаў усё шырэла. Зрубы з моцных, накрыж зложаных, бярвеньняў выкладваліся моцным матар'ялам, які абтынкоўваўся. Бэлькі фарбаваліся ў чырвоны, сіні, або чорны колер, гледзячы па смаку домаўласьніка, што прыдавала будынкам маляўнічы выгляд. Вокны былі невялікія з масаю шыбак, з рамамі на петлях, і адчыняліся надвор, як і дзьверы.
Дом, у якім жыў Томаў бацька, знаходзіўся ў гразным квартале, насіўшым назоў – Офаль-Корт, за Пудынг-Лэнам. Дом гэты быў невялікі, поўразвалены й расхістаны, поўна набічкованы няшчаснымі галадранцамі. Сям'я Канці займала пакой на трэцім паверсе. У куце стаяла нешта накшталт ложка для бацькі й маці; а Том, бабка й яго дзьве сястры, Бэт і Нан, ня мелі азначанага кута – ў іхнім распараджэньні была ўся падлога, і кожны з іх мог легчы спаць, дзе сабе хацеў. У іх, праўда, была рэшта аднае ці дзьвюх коўдраў ды некалькі бярэмяў старое і гразнае саломы, але-ж нельга было назваць гэтага пасьцельлю, – пасьля раніцаў уся гэтая трасянка зграбалася ў адну гурбу, а ўвечары йзноў разьбіралася, дзеля таго, каб зрабіць ложка.
Бэт і Нан, блізьняткам, ішоў шаснаццаты год. Гэта былі дабрадушныя дзеўчынкі, хоць і вельмі цёмныя, неахайныя, апраненыя ў рызьзё. Маці падобна была да іх. А бацька з бабкаю былі сапраўднымі дзяцьмі пекла. Яны напіваліся п'янымі пры першай магчымасьці, і тады пачыналі біцца паміж сабою, альбо з першым спатканым; п'яныя ці цьвярозыя, яны вечна лаяліся. Джон Канці займаўся зладзействам, а жонка яго жабрацтвам. Дзяцей яны пасьпелі зрабіць жабракамі, але не зладзеямі. Рэч у тым, што сярод жахоўнага насяленьня кварталу жыў добры стары сьвяшчэньнік, звольнены каралём, з пэнсіяю ў некалькі фарсінгаў; ён вось, у баку й тоячыся, настаўляў дзяцей на шлях праўды. Айцец Андр'ю вучыў Тома чытаць і пісаць, а таксама крыху й лаціны, дый дзяўчатак хацеў быў навучыць, але яны пабаяліся насьмяханьняў з боку прыяцеляк, якім не па сэрцы прыйшлася-б гэткая вучонасьць.
Увесь Офаль-Корт быў падобны да дому Канці. П'янства, разгул, шум і гоман былі там у парадку рэчаў кожны дзень і цягнуліся блізу ўсю ноч. Разьбітая галава складала гэткае самае заўсёднае зьявішча, як і галодны жывот. Усё-ж такі маленькі Том ня быў нешчасьлівым. Цяжкі для яго быў часок, але не разумеў ён гэтага. Усім дзецям Офаль-Корту выпадала тая самая доля і дзеля гэтага ён думаў, што так і павінна быць. Калі яму прыходзілася ўвечары вяртацца дамоў з пустымі рукамі, ён наперад ведаў, што бацька злае яго і наб'е, што затым бязьлітасная бабка накладзе яму ў дадатак і што ўночы маці ціхенька падойдзе да яго са скарынкай хлеба, якую ёй, галоднай, удалося схаваць пад страхам быці злоўленаю мужам пры гэтым, у сваім родзе здрадніцкім, паступку і жорстка зьбітаю.
Урэшце, Тому жылося няблага, асабліва ўлетку. Жабруючы ён бывала прасіў усяго гэтулькі, колькі трэ' было дзеля падтрыманьня жыцьця, – баючыся прасьледаваньня з боку паліцыі, таму што законы таго часу проці жабрацтва былі строгія, а кары цяжкія. У яго, гэткім чынам, заставаўся час пабываць у айца Андр'ю ды паслухаць яго дзіўныя казкі аб волатах і фэях, аб карліках і духах, аб зачарованых замках ды аб вялічавых каралёх і прынцах. Галава яго заўсёды была поўна гэтых дзіўных сюжэтаў, і часта ў цемнаце ночы, лежачы на сваёй цьвёрдай і нявыгоднай пасьцелі, змораны, галодны, з несьцярпімым болем ад клякотак, ён даваў волю свайму ўяўленьню і хутка запамінаў злыбеды, рысуючы сабе радасныя абразы жыцьця якога-нібудзь спанелага прынца ў каралеўскім палацы. Адно жаданьне неадступна прасьледавала яго як дзень так ноч – бачыць уласнымі вачыма сапраўднага прынца. Аднаго разу ён выказаў гэта некаторым сваім таварышом; але-ж яны гэтак бязьлітасна паднялі яго на сьмех, што ён пастанавіў у будучыне нікога ня ўводзіць у свае лятуценьні.
Часта Том чытаў старыя сьвяшчэньнікавы кнігі і пытаўся ў яго тлумачэньняў. Чытаньне й задумлівы настрой паступова выклікала ў ім перамену. Людзі, якія паказваліся яму ўваччу, былі гэткімі прыгожымі, што яшчэ большае гора ахапіла яго пры паглядзе на сваю падраную і гразную вопратку, і яму захацелася быць апраненым лепей і чысьцей. Ён паранейшаму з задаваленьнем гуляў у гразі; але замест таго, каб плюхацца ў Тэмзе дзеля пацехі, ён пачаў цаніць купаньне дзеля чыстаты цела.
Тому заўсёды было на што паглядзець у Мэйполі, ў Чыпзайдзе або на рынках; час ад часу ўвесь Лёндан зьбягаўся паглядзець на ваенную каманду, калі які-нібудзь вядомы небарака адсылаўся, па сухаземі або па вадзе, ў вастрог Тоўэр. У адзін летні дзень ён бачыў, як Ганна Аскью ды яшчэ тры чалавекі спалены былі на агні ў Сьмізсфільдзе, і чуў, як нейкі экс-біскуп чытаў ім адходную, якая ані ня цікавіла яго. Але агулам жыцьцё Тома было даволі рознавобразнае й цікавае.
Пакрысе чытаньне Тома й лятуценькі аб жыцьці прынцаў зрабілі на яго гэткі моцны ўплыў, што ён несьвядома пачаў выказваці з сябе прынца. Яго мова й манеры зрабіліся дзіўна ўрачыстымі і далікатнымі на вялізьнейшае зьдзіўленьне й пацеху равесьнікаў. Аднак-жа ўплыў Тома сярод іх рос кожны дзень; з часам таварышы пачалі глядзець на яго з зьдзіўленьнем, зьмяшаным з жахам, як на вышэйшую істоту. Ім здавалася, што ён гэтак шмат ведае, што можа ня толькі расказваць, але й вычаўпляць выдатныя рэчы, што ён, апрача таго, гэткі здольны й разумны. Увагі Тома, яго паступкі перадаваліся хлопчыкамі старшым і тыя таксама загаварылі аб Томе Канці, як аб надта ўжо здольным, нязвычайным хлопчыку. Дарослыя часта зьвярталіся да яго ў труднаватых акалічнасьцях, і няраз дзівіліся з кемкасьці й мудрасьці яго рашэньняў. Ён, сапраўды, здаваўся выдатнаю асобаю ўваччу ўсіх знаўшых яго, за выняткам уласнае сям'і, якая ня бачыла ў ім нічога добрага.
Праз нейкі час Том тайным чынам устроіў нешта накшталт каралеўскага палацу. Сам ён быў прынцам; яго лепшыя таварышы – целаабаронцамі, камэргэрамі, штальмайстрамі, флігэль-ад'ютантамі, статс-дамамі і сябрамі каралеўскае сям'і. Кожны дзень маленькага прынца сустрачалі з загадзя выпрацаваным цэрэмоніялам, пазычаным Томам са сваіх романтычных кніжак; кожны дзень у каралеўскай радзе разважаліся важнейшыя справы ўяўленага гаспадарства, і яго думаная вялікасьць меў ласку аддаваць загады арміі, флёту і намесьніцтвам.
Пасьля гэтага, апранены ў лахманы, ён звычайна адходзіў з мэтаю выпрасіць некалькі фарсінгаў, зьядаў убогую скарынку хлеба, даставаў заўсёдныя штурханцы і выслухаў заўсёдную лаянку, пакуль ня выцягваўся на бярэмі паскуднае саломы й не вяртаўся, ў сваіх снох, да неістнаваўшага блеску й велічы.
Аднак-жа яго жаданьне хоць раз убачыць сапраўднага, жывога прынца кожны дзень усё падрастала і, нарэшце, праглынула ўсе іншыя лятуценьні і зрабілася адзінаю прынадаю ў яго жыцьці.
У адзін студнёвы дзень, падчас звычайнае жабраніны ён некалькі гадзін панура хадзіў то ўзад, то ўперад. босы і здубеўшы, па Мінсынг-Лэне і Літль-Іст-Чыпе, заглядаючыся на вокны корчмаў і роячы аб смачных піражкох з сьвінінаю ды іншай спакусьлівай страве, выстаўленай у вітрыне; гэтыя ласункі, здавалася яму, прызначаны былі не для простых грэшнікаў, і ніколі яшчэ яму не выпадала шчасьця мець гэткую роскаш ці хоць-бы пакаштаваць яе. Было холадна, імгліла; дзень выдаўся хмарны, цемнаваты. Том вярнуўся да хаты ўвечары, змокшы, змучаны, галодны, так што навет бацька з бабкаю не маглі не зьвярнуць увагі на яго страшэнны выгляд і ня быць разжаленымі – пасвойму пэўна-ж; дзеля гэтага, даўшы яму пасьпешна па адным толькі штурханцу, яны загадалі легчы спаць. Доўга ня мог ён заснуць з прычыны болю й голаду, а таксама лаянкі і сваркі, што разьлягалася па хаце; нарэшце думкі яго пераляцелі ў далёкія, баечныя краі, і ён заснуў у таварыстве маленькіх прынцаў, апраненых у парчу з дарагімі каменьнямі, жыўшых у вялізных палацах, дзе слугі нізка кланяліся ім і растаропна спаўнялі іхнія загады. I тады, як звычайна, яму сьнілася, што ён сам быў маленькім прынцам.
Цалюткую ноч быў ён абкружаны яснатой і пыхаю каралеўскага палажэньня, прабываючы сярод лёрдаў і лэді, аблітых струёю сьвятла, ўдыхаючы пахі, поячыся цудоўнаю музыкаю й адказваючы на пашанлівыя паклоны натаўпу гасьцей, даваўшых яму дарогу, то усьмешкаю, то царственым рухам галавы.
Калі-ж раніцай ён прачхнуўся і ўбачыў сябе ў жабрацкіх варунках, дык сон зрабіў на яго звычайны ўплыў – яго бядацкае палажэньне здалося яму ў тысячу разоў горшым і выклікала ў ім горкасьць, роспач і сьлёзы.
Разьдзел III. Спатканьне Тома з прынцам.
Том збудзіўся галодны, і галодны пасунуўся з хаты; думкі яго былі заняты чароўнай веліччу таго, што ён сьніў мінулай ночкаю. Ён бадзяўся па месьце, блізу не разумеючы, дзе ён і што робіцца вакол яго. Праходзіўшыя штурхалі яго; хтосьці аблаяў; але ўсё гэта было нівошта патануўшаму ў лятуценьнях хлопчыку. Пакрысе ён як-бы прачхнуўся і ўбачыў, што знаходзіўся ў Тэмпль-Бары; ніколі яшчэ ён не заходзіў гэтак далёка ў гэты бок. На мінюту ён спыніўся, раздумваючы, пасьля йзноў аддаўся сваім лятуценьням і, далей сабе йдучы, апынуўся за гарадзкімі сьценамі Лёндану.
У гэту эпоху Странд ужо не выяўляў сабою праезнае дарогі, а лічыўся, хоць і не без некаторае натугі, вуліцаю, дзякуючы характару будынкаў, – таму што ў той час, як з аднаго боку цягнуўся блізу што шчыльны рад дамоў, з другога – было ўсяго некалькі разрозьненых вялікіх будынкаў, служыўшых палацамі багатым вяльможам, з абшырнымі, прыгожымі паркамі, якія спушчаліся да ракі; цяпер усе гэтыя паркі забудованы цьвёрдымі цаглянымі й каменнымі дамамі.
Том быў цяпер у Чарынг-Вілэджы; тут ён сеў адпачыць пад раскошнай работы крыжам, пастаўленым скінутым калісьці каралём; пасьля пайшоў сабе ўніз роўнаю, маляўнічаю дарогаю, каля шыкоўнага палацу вялікага кардынала ў кірунку да яшчэ лепшага пэлацу – Вэстмінстэрскага. Хлопчык з уцехаю й зьдзіўленьнем глядзеў на вялізарны будынак, на абшырныя флігэлі, на грозныя бастыёны й вежачкі, на вялікую каменную браму з пазалачанымі кратамі і шыкам вялізарных каменных львоў ды іншымі знакамі й сымболямі каралеўскае дастойнасьці. Няўжо-ж такі суджана, нарэшце, збыцца яго сардэчнаму жаданьню? Перад ім сапраўды быў каралеўскі палац. Хіба-ж ня мог ён цяпер мець надзеі ўбачыць прынца – сапраўднага прынца ў целе й крыві, калі толькі гэта міла небу?
З абодвых бакоў пазалачанае брамы ста,ялі жывыя постаці – стройныя, здаровыя й нярухомыя вартавыя, з галавы да ног закутыя ў блішчастыя сталёвыя латы. На прыстойным адлозе ад палацу сабраўся натаўп сялян і мяшчан, у надзеі хоць адным вокам убачыць караля. Блішчастыя карэты з бліскуча апраненымі вяльможамі і фарсістымі слугамі на казлох пад'яжджалі да шмат якіх брамаў у агароджы палацу.
Бедны Том, у сваіх лахманох, падыйшоў бліжэй і пачаў паволі й баязьліва хадзіць каля вартаўніка, з калаціўшымся сэрцам і падрастаўшаю надзеяю, як раптам убачыў цераз краты гэткі абраз, што ледзь не закрычаў з радасьці. За кратамі стаяў прыгожы хлопчык, загарэлы ад гульняў і гімнастычных практыкаваньняў на вольным паветры; вопратка на ім была з тонкага шоўку й машасту і блішчэла самаколернымі камушкамі; пры боку вісела маленечкая шпага й кінджал, усыпаны брылянтамі; ногі былі абуты ў далікатныя паўбоцікі, на галаве была харошанькая малінавая шапачка, аблямованая спадаўшым удол пер'ем, прымацованым вялікім, зіхацеўшым дарагім камушком. Каля яго стаяла некалькі важных джэнтльмэнаў – напэўна, яго слугі. О, гэта быў прынц, сапраўдны, жывы прынц; і ценю няпэўнасьці не магло быць у даным выпадку... Гэткім чынам, малітвы хлопчыка-жабрака былі нарэшце пачуты.
Ад неспакойнасьці Тому захапіла дух, і вочы вырачыліся ад зьдзіўленьня і радасьці. У душы яго ўсе жаданьні адразу адступалі месца аднаму – гэта падыйсьці да прынца і накарміць свае вочы аглядам яго. Ня цямячы зусім, ён упёрся тварам у краты. У той-жа самы час адзін з салдатаў груба адпіхнуў хлопчыка, і ён паляцеў кумельганам у натаўп разявякаў – вясковых мужыкоў і лёнданскіх гультаёў.
– Ведай сваю справу! – заўважыў салдат.
У натаўпе разьлёгся рогат; але малады прынц, з раззлаваным тварам і бліскучым паглядам, кінуўся да брамы.
– Як ты сьмееш гэтак абходзіцца з бедным хлопчыкам! – гукнуў ён. – Якое маеш ты права гэтак рабіць хоць-бы з апошнім з падданых майго бацькі! Адчыніць браму і ўпусьціць яго!
Варта было паглядзець, як неспакойны натаўп скінуў шапкі, варта было пачуць радасныя выклікі:
„Няхай жыве прынц Уэльскі!"
Салдаты аддалі чэсьць алебардамі, адчынілі браму, пасьля йзноў узялі на-гонар, калі прынц крайняга жабрацтва падходзіў, у сваім рызьзі, да прынца бязьмежнае сытасьці.
Адварды Цюдор прамовіў:
– Ты глядзіш змучаным і галодным – табе блага жывецца... Хадзі за мною.
Некалькі слугаў кінуліся наперад – мусі дзеля таго, кабы адхіліць прынца ад яго замеру. Але, па адным шчыра каралеўскім руху рукі, яны шарахнуліся назад і спыніліся нярухома, як статуі. Адварды прывёў Тома ў багаты апартамэнт у палацы – у свой кабінэт. Па яго загаду было падана сьнеданьне, гэткае сьнеданьне, якое Тому прыходзілася смакаваць хіба толькі ў кнігах. Прынц, з прыстойным яму добрым выхаваньнем і далікатнасьцю, выдаліў слугаў, каб яны не перашкаджалі яго гасьцю; затым ён сеў бліжэй каля Тома і, ў той самы час, як той еў, пачаў распытвацца ў яго:
– Як завуць цябе, хлопчык?
– Том Канці, сьмею далажыць.
– Дзіўнае імя. А дзе ты жывеш?
– У старой часьці места, сэр, у Офаль-Корце, за Пудынг-Лэнам.
– Офаль-Корт! Вось ізноў дзіўны назоў. Ёсьць у цябе бацькі?
Бацькі ёсьць у мяне, сэр, ёсьць і бабка, але праўду кажучы, ня вельмі ўжо й люблю я яе – даруй мне, Божа, калі грэх гэтак казаць – ёсьць і сёстры, блізьняткі – Нан і Бэт.
– Значыцца, твая бабка не асабліва добрая да цябе?
– I да нікога наагул, вашая сьветласьць. У яе сэрца ліхое, яна праз усё жьцьцё толькі няпрыемнасьці рабіла ўсім.
– Крыўдзіць яна цябе?
– Толькі калі-не-калі – як яна сьпіць ці зусім п'яная, дык рука яе не паднімаецца на мяне; а як прачыхаецца, дык ізноў пачынаюцца пабоі.
Прынц гнеўна глянуў і сказаў.
– Як! Пабоі?
– Але, сэр!
– Б'юць гэткага маленькага і слабенькага!... Слухай-жа, пакуль надайдзе вечар яна будзе зачынена ў Тоўэр. Кароль, бацька мой...
– Так, але ты запамінаеш пра яе нізкае званьне. А Тоўэр для знатных.
– Але-ж праўда. Я й не падумаў аб гэтым. Я ўжо прыдумаю ёй кару. Ну, а бацька твой, як абходзіцца з табою?
– Ня лепей, сэр, за бабку.
– Мусі ўжо, ўсе бацькі на адзін лад. Мой тата таксама ня ангел. Рука ў яго цяжкая, але ён мяне шкадуе; затое языком, праўду кажучы, не заўсёды жалее. А маці добрая да цябе?
– Яна добрая, сэр, ніколі ня крыўдзіць мяне і ня б'е. Нан і Бэт гэткія самыя добрыя, як яна.
– Колькі гадоў ім?
– Пятнаццаць, вашая сьветласьць.
– Лэді Ажбеце, сястры маёй, чатырнаццаць гадоў, яна харошанькая й мілая; а мая сястронка Мар'я з сваім панурым выглядам... Слухай, твае сёстры таксама забараняюць слугам усьмяхацца, каб грэх не загубіў іхняе душы?
– Яны... О, няўжо-ж ты думаеш, што ў іх ёсьць слугі?
З мінуту прынц уважліва глядзеў на маленькага жабрака.
– А чаму-ж няма? Хто памагае ім распранацца нанач? Хто апранае іх, калі яны ўстаюць?
Ніхто, сэр. Ня скідаць-жа ім з сябе вопраткі ды спаць бяз нічога... як быдлё?
– Хіба-ж у іх толькі па аднэй вопратцы?
Ах, вашая сьветласьць, што-ж ім рабіць з гурбаю вопратак? То-ж болей, як адну адзежу, не апранеш на чалавека.
– Дзіўная, надта дзіўная думка! Даруй, калі ласка, я й ня думаю сьмяяцца з цябе. Хутка добрыя Нан і Бэт будуць мець даволі вопратак і слугаў; але, вельмі хутка: мой скарбнік паклапаціцца аб гэтым... Не, ня дзякуй мне... гэта драбяза... Ты добра гаворыш, лёгка і плаўна. Адукованы ты?
– Ня ведаю, сэр. Добры сьвяшчэньнік, айцец Андр'ю, з літасьці, вучыў мяне.
– Палаціне ўмееш?
– Крышачку, сэр.
– Вучыся лаціны: толькі спачатку цяжка. Грэцкая мова цяжэйшая; але для лэді Ажбеты й мае кузыны, здаецца, што ні гэтыя мовы, ні іншыя ня цяжкія. Паслухаў-бы ты іх. Аднак-жа, раскажы мне што-нібудзь пра твой Офаль-Корт. Як табе там жывецца?
– Праўду кажучы, няблага, сэр, апрача тых выпадкаў, калі бываеш галодным. Там паказваюцца выпускныя лялькі, малпы... і розныя цацачкі, і ўсе яны гэтак хораша апранены !... Ладзяцца прадстаўленьні, ў якіх дзейныя марыянэткі з крыкам кідаюцца адна на адну і бьюцца датуль, пакуль адна старана ня будзе пераможана, – гэткая прыгожая сцэна, і каштуе ўсяго толькі фарсінг... Праўда, вашая сьветласьць, вельмі цяжка дастаецца гэты фарсінг.
– Расказвай далей.
Іншы раз хлопчыкі Офаль-Корту ладзяць палачныя бітвы, падобна да падмайстроў.
– Вось-жа і я не адмовіўся-б. Пасьля?
– Мы бегаем навыперадкі, каб ведаць, хто з нас хіжэйшы.
– I я хацеў-бы. Ну, далей!
– Улетку мы перабрыдаем каналы, плаваем у іх або ў рацэ; кожны стараецца страмянуць у ваду свайго суседа, альбо абпырскаць яго... даем нурца, гамонім, куляемся і...
– Я, дык пэўна ўсё царства аддаў-бы, каб толькі раз гэтак пашурмаваць. Расказвай-жа далей, калі ласка.
– У Мэйполі, ў Чыпзайдзе, мы скачам і пяём, гуляем у пяску, абсыпаючы адзін аднаго; часам робім пірагі з гразі, – о, цудоўная гразь, няма нічога прыямнейшага ў сьвеце! Мы слаўна валяемся ў гразі, – хай даруе мне сэр.
– О, калі ласка, гэта цудоўна! Калі-б я мог апрануць гэткую вопратку, як твая, разуцца ды пагуляць па гразі хоць раз, так, каб не дастаць нагонкі, дык мне здаецца, я гатоў быў-бы адмовіцца ад кароны.
– А калі-б я мог хоць раз апрануцца, як ты, ўсяго толькі раз...
– Ого, ты гэтага хацеў-бы? Хай будзе так. Скідай свае лахманы і апранай гэту адзежу. Шчасьце тваё будзе кароткае; але затое тым мацней ты адчуеш яго. Мы застанёмся нейкі час у новых касьцюмах і пасьля ізноў памяняемся імі, перш чым хто-нібудзь увайдзе да нас.
Праз некалькі мінут прынц Уэльскі быў у рызьзі Тома, а маленькі прынц жабрацтва апрануў пышныя каралеўскія шаты. Абодва падыйшлі да вялікага люстра, сталі ўпоруч – і, ой цуды! Здавалася, што ніякага пераапрананьня й не адбылося. Яны з зацікаўленьнем паглядзелі адзін на аднаго, пасьля на люстра, пасьля йзноў адзін на аднаго. Нарэшце, зьдзіўлены прынц сказаў:
– Што скажаш ты на гэта?
– Ах, вашая сьветласьць, ня сьмею... Нельга, пры маім палажэньні, выказваць падобныя рэчы.
– Тады я скажу. У цябе якраз гэткія самыя валасы, як і ў мяне, гэткія самыя вочы, голас, манеры, фігура, твар, постаць. Калі нас распрануць, дык нікто ня зможа адрозьніць цябе ад прынца Уэльскага. Цяпер-жа, апранены ў тваю адзежу, я, як мне здаецца, магу лепей пачуваць тое, што пачуваў ты, калі грубы салдат... Слухай, ці ня сіняк гэта ў цябе на руцэ?
– Так, але гэта нічога, а вашая сьветласьць ведае, што бедны вартаўнік..
– Маўчы! Гэта быў сорамны й жорсткі паступак, – сказаў маленькі прынц, тупнуўшы босаю нагою. – Калі-б кароль... Ні шагу адсюль, пакуль я не вярнуся... Прыказваю табе!
У мігненьне вока ён схапіў і схаваў нейкую рэч дзяржаўнае важнасьці, ляжаўшую на стале, і, выскачыўшы з дзьвярэй, пусьціўся бегчы цераз парк; яго лахманы лапацелі, твар разгарэўся і вочы блішчалі. Дабегшы да брамы, ён схапіўся за краты і, прабуючы патрасьці іх, закрычаў:
– Адчыняй! Адамкні браму!
Салдат, скрыўдзіўшы Тома, бесьпярэчна слухаў, і калі прынц, заходзячыся ад гневу, ступіў у браму, салдат заляпіў яму па патыліцы, ад чаго ён кумельганам пакаціўся па дарозе.
– Вось табе, жабрацкі зносак, – сказаў ён, – за тое, што мне праз цябе ўляцела ад яго высокасьці!
Натаўп зарагатаў. Прынц падняўся з лужы і зносна крыкнуў на вартаўніка :
– Я прынц Уэльскі, мая асоба сьвятарна; ты будзеш павешаны за тое, што падняў руку на мяне!
Салдат аддаў чэсьць алебардаю і насьмешліва адказаў:
– Добрага здароўя, ваша высокасьць!
Пасьля дадаў злосна:
– Выбірайся, звар'яцелы абарванец!
Тут рагатаўшы натаўп абступіў беднага маленькага прынца і пагнаў яго далёка па дарозе з піскам і крыкам:
– Дарогу яго каралеўскай высокасьці. Ачысьціць дарогу прынцу Уэльскаму!




























