444 000 произведений, 109 000 авторов.

Электронная библиотека книг » Марк Твен » Прынц i жабрак » Текст книги (страница 8)
Прынц i жабрак
  • Текст добавлен: 30 сентября 2026, 22:31

Текст книги "Прынц i жабрак"


Автор книги: Марк Твен



сообщить о нарушении

Текущая страница: 8 (всего у книги 13 страниц)

Разьдзел XIX. Кароль у сялян.

Калі кароль устаў назаўтра раненька, ён пачуў нешта мокрае і намацаў у сябе за пазухай пацука. Патрывожаны, ён заразжа ўцёк. „Дурненькі, чаго баішся?" – сказаў з усьмешкаю кароль. Хіба-ж я не такі самы бяспрытульны, як і ты? Сорамна было-б мне, бяспрытульнаму, скрыўдзіць бяспомачную істоту. Я яшчэ павінен быць удзячным табе за добры знак: калі кароль упаў гэтак нізка, што навет пацукі забіраюцца спаць да яго на грудзі, дык трэба чакаць хуткае перамены да лепшага, таму што горшага ўжо нічога ня можа быць.

Хлопчык устаў і выйшаў з стойла; якраз у гэту мінуту ён пачуў дзіцячыя галасы. Дзьверы хлява адчыніліся, і ўвайшлі дзьве маленечкія дзеўчынкі. Убачыўшы яго, яны пакінулі гутарыць і сьмяяцца і спыніліся, аглядаючы яго з вялікай цікавасьцю; пасьля яны пачалі перашэптавацца, падыйшлі бліжэй, ізноў спыніліся ды гаварылі далей, шэпчучы. Пакрысе яны набраліся адвагі і пачалі выказваць свае думкі голасна.

– Які ў яго харошанькі тварык! – заўважыла адна.

– І прыгожыя валасы, – дадала другая.

– Але як блага апранены!

– Які змучаны, – мусі быць, галодны.

Яны яшчэ бліжэй падыйшлі, памахліва й асыдярожна аглядаючы яго з усіх бакоў, як быццам нейкага дзівоснага зьвера, які, чаго добрага, яшчэ вазьме ды ўкусіць. Нарэшце, яны, ўзяўшыся за рукі, дзеля большае бясьпечнасьці, уталопіліся ў яго сваімі нявіннымі, цікавымі вочкамі. Адна з іх сабралася з духам ды спыталася проста:

– Хто ты, хлопчык?

– Я кароль, – пачуўся сур'ёзны адказ.

Дзеўчынкі блізу што здрыгануліся, шырока расплюшчыўшы вочы, не гаворачы ні слова. Цікавасьць перарвала маўчаньне.

– Кароль? Які кароль?

– Кароль Англіі.

Дзеці глянулі адно на адно са зьдзіўленьнем, пасьля паглядзелі на яго.

– Чуеш, Марджэры? – спыталася адна з дзяўчынак, – ён кажа, што ён кароль. Гэта праўда?

– А як-жа йначай, Прысьсі? Хіба-ж ён будзе маніць? Слухай, Прысьсі, то-ж гэта, калі няпраўда, дык, значыцца, мана. Ці-ж ня так? Бо ўсё, што няпраўда, дык мана й нічога болей.

Гэта быў грунтоўны аргумэнт, і няпэўнасьць Прысьсі павінна была разьвеяцца. Яна яшчэ з мінуту пабыла ў задуме, пасьля зьвярнулася да хлопчыка з гэткаю ўвагаю.

– Калі ты напраўду кароль, дык я веру табе.

– Я кароль, сапраўды.

На гэтым справа і ўладзілася. Каралеўская дастойнасьць хлопчыка была прызнана без далейшых разважаньняў; дзеўчынкі толькі пачалі распытвацца, як ён трапіў сюды, чаму так не пацарску апранены, куды йдзе, адным словам, пра усё. Вялікай палёгкаю было для хлопчыка выліць сваё гора перад істотамі, якія не пачнуць зьдзекавацца з яго або быць няпэўнымі ў праўдзівасьці яго словаў. І ён з чуцьцём расказаў ім сваю повесьць, запомніўшы часова, навет, аб голадзе; яго расказ выклікаў самае шчырае спачуваньне. А калі ён дайшоў да сваіх апошніх прыгодаў, і дзеўчынкі даведаліся, што ў яго даўно ў роце нічога ня было, дык яны перарвалі яго расказ і пацягнулі яго на фэрму, каб накарміць.

Кароль быў вясёлы й шчасьлівы. „Як узыйду на пасад, – падумаў ён, – дык я заўсёды буду клапаціцца аб дзецях, памятаючы, як яны з даверчывасьцю і спачуцьцём аднясьліся да мяне ў бядзе; тымчасам, як дарослыя, лічыўшыя сябе разумнейшымі, высьмейвалі мяне, лічачы за зводніка".

Маці дзяўчынак прыняла караля ласкава; шкада было ёй хлопчыка – яго змораны выгляд і яўнае памяшаньне розуму кранулі добрае жаноцкае сэрца. Яна была ўдава, і пры гэтым даволі бедная; нямала гора вытрывала яна на сваім вяку, і дзеля гэтага здольна была спачуваць усім няшчасным. Яна падумала, што з глузду зьехаўшы хлопчык уцёк ад сваякоў ці ад гаспадароў; дзеля гэтага старалася дабіцца, адкуль ён, каб мець магчымасьць выправіць яго дамоў; але ўсе яе распытваньні й назовы суседніх местаў і вёсак ні да чаго не давялі – па твары хлопчыка і па адказах яго відаць было, што месцы, якія яна называла, былі саўсім незнаёмы яму. Ён сур'ёзна і проста гаварыў аб прыдворных справах; бедаваў, калі гутарка заходзіла аб памёршым каралі, „бацьку яго"; калі-ж гутарка датычыла ня так высокай матэрыі, дык ён рабіўся бязучасным і сьціхаў. Жанчына была саўсім абзадачана, але яна не пакідала спробаў дабіцца праўды. Рыхтуючы яду, яна ўсё прабавала як-нібудзь змусіць хлопчыка выдаць сваю тайну: загаварвала аб каровах – ён спакойны, аб авечках – тое самае; так што яе дапушчэньне, што перад ёю хлопчык-пастух, было бязгрунтоўным. Перабрала яна розныя прафэсіі – мельнікаў, ткачоў, меднікаў, кавалёў, гандляроў рознага гатунку, нарэшце, загаварыла аб вар'яцкім доме, аб вастрозе, аб прытулку – ніякага толку, усе яе натугі былі бясплоднымі. Але яна яшчэ ня ўнывала; яна навет як быццам трапіла на сьлед – але, хлопчык напэўна быў на службе. Яна ўхапілася за гэту думку, але рэзультат выйшаў самы няўцешны. Ні падмятаньне падлогаў, ні паленьне ў печах, ні чышчэньне а ні мыцьцё судзя не займала яго. Тады гаспадыня, згубіўшы ўсялякую надзею, як-бы дзеля ачысткі суменьня, зачапіла кухню й кухарства. На зьдзіўленьне яе й на вялікую ўцеху, твар караля адразу ажыў. „Ага, нарэшце вось, падцяла яго!"– падумала яна, гордая сваею пранікнёнасьцю і кемкасьцю.

Цяпер можна было сьціхнуць гаварыць – даць языку адпачыць, таму што кароль, натхнёны голадам ды смачным пахам, ішоўшым з курэўшых гаршкоў ды патэльняў, пусьціўся ў гэткае красамоўнае апісаньне некаторых смачных патраваў, што праз некалькі мінут жанчына мела поўнае аснаваньне заключыць: „Ну, пэўна-ж, я не памылілася – ён служыў за кухціка!" Тымчасам ён гаварыў аб розных патравах з гэткай рухлівасьцю й ведаю, што гаспадыня падумала: „Божанька, адкуль ён ведае гэтулькі патраваў ды яшчэ гэткіх нязвычайных? Гэткая страва падаецца да стала толькі ў багатыроў ды вяльможаў. Ага, цяпер разумею, у чым рэч! Абадранец гэты раней, пакуль яшчэ не звар'яцеў, ня йначай мусі, служыў у палацы; але, ён напэўна быў кухцікам у каралеўскай кухні! Вось я зараз даведаюся!

Палячыся нецярплівасьцю пераканацца ў сваёй пранікнёнасьці, яна папрасіла караля пасачыць за патравамі, даўшы зразумець, што ён можа распарадзіцца, як умее, і навет дадаць лішнюю патраву; пасьля выйшла з кухні, зрабіўшы дзеўчынкам знак ісьці за ёю.

„Калісьці гэткае самае даручэньне дасталася іншаму ангельскаму каралю, – мне здаецца, ані не паніжальна для мае каралеўскае дастойнасьці споўніць тое, што некалі павінен быў споўніць Альфрэд Вялікі. Але я пастараюся лепей справіцца, як ён, бо ў яго піражкі прыгарэлі".

Замер быў добры, але спаўненьне далёка ня гэткае: кароль, падобна да свайго папярэдніка, хутка патануў у думках аб важных справах, і сталася тая самая бяда – страва пачала прыгараць. Гаспадыня, нашчасьце, вярнулася ўпару й не дала сьнеданьню аканчальна сапсавацца; яны жыва вывела хлопчыка з задумы, даўшы яму добрую нагонку. Аднак, бачачы, як ён зьбеднены, што не апраўдаў веры, яна зараз-жа зьмягчэла й пачала ізноў лагодна й ласкава абходзіцца з ім.

Хлопчык добра і смачна пад'еў і зрабіўся рэзвым і здаволеным. Сьнеданьне розьнілася, паміж іншым, тэю цікаваю рысаю, што абедзьве староны былі пераконаны, што робяць чэсьць адна аднэй, хоць ніводная гэтага ня выказвала. Жанчына хацела спачатку даць маленечкаму валацузе астаткі ад стала, ды дзе-нібудзь у кутку, як сабацы, але ёй нязручна было, што жорстка разлаяла небараку, і жадаючы загладзіць сваю грубасьць, яна пазволіла яму сесьць за сямейны стол і есьці нароўні з іншымі дзяцьмі. А кароль са свайго боку, каючыся ў памылцы, якую дапусьціў, зрабіў над сабою натугу і быў ласкавы пасьнедаць разам з гаспадыняю і яе дзяцьмі, не вымагаючы ад іх стаяць перад ім і прыслужваць яму падчас яды, як належыць яго званьню і дастойнасьці. Добрая жанчына цэлы дзень адчувала шчырае задаволеньне, з прычыны свае велікадушнасьці й ласкавасьці да няшчаснага бадзякі, а кароль таксама быў здаволены, што зыйшоў да простае сялянкі, удастоіў яе сваею міласьцю.

Калі скончылася сьнеданьне, гаспадыня загадала хлопчыку перамыць пасуду. Гэтае даручэньне пакаробіла караля, ён гатоў быў зазлаваць, але падумаў: „Альфрэд Вялікі пёк-жа піражкі і пэўна што й пасуду перамыў-бы; папрабую й я".

Справа здавалася пустою, чышчэньне дзеравяных ложак ды місак не асабліва цяжкая рэч; але ў сапраўднасьці праца была клапатлівая і няпрыемная. Нарэшце, ён так-сяк з ёю справіўся. Яму хацелася якнайхутчэй пайсьці ў дарогу; аднак, ня вельмі лёгка было адкараскацца ад клапатлівае гаспадыні. Яна давала яму адну работу за другою, – ён спаўняў усё з толкам і старанліва. Пасьля яна пасадзіла яго разам з дзеўчынкамі чысьціць яблыкі; але ён гэткі быў няспрытны, што яго звольнілі і далі яму вастрыць кухонны нож. Нарэшце змусілі яго скубсьці воўну; тады хлопчык падумаў, што далёка выперадзіў добрага караля Альфрэда ў рабоце па гаспадарчай часьці, якая цікавей у гістарычных расказах ды анэкдотах, як у рэальнасьці і рашыў, што пакуль з яго ўжо годзі. Калі, пасьля палудня, далі яму кошык з кацянятамі, каб патапіць іх, дык ён рашыў разьвітацца са сваею службаю. Яму трэба йсьці ў далейшую дарогу, а здарэньне падходзіць, – толькі зьявілася перашкода ў асобе Джона Канці, з кашэлкай разносчыка на плячох, і Гьюго.

Кароль заўважыў гэтых нягоднікаў, калі яны падходзілі да варот, але яшчэ не пасьпелі бачыць яго: ні слова ня кажучы, ён забраў кошык з кацянятамі і выйшаў чорным ходам. Ён пакінуў сваю ношу ў хляве і шмыгануў у вузкі завулак ззаду хаты. ___ ___

Разьдзел XX. Кароль і пустыньнік.

Высокі плот хаваў хлопчыка з боку хаты; пад уплывам страху, ён сабраў усе свае сілы й пусьціўся бягом у кірунку суседняга лесу; бег не аглядаючыся, пакуль не дасягнуў краю лесу; тады толькі ён адвярнуўся і разглядзеў нейкія дзьве фігуры. Гэтага было даволі; ён ня стаў траціць часу, пакуль не апынуўся ў цёмным гушчары. Тут ён спыніўся, саўсім пэўны, што знаходзіцца вонках небясьпекі. Ён пачаў чутка прыслухвацца, але навокал панавала глыбокая, ўрачыстая, ціша – страшная, жудасная ціша. Час-ад-часу напружаны слых лавіў нейкія гукі, але яны здаваліся гэткімі далёкімі, глухімі і таямнічымі, быццам замагільная стагната і крык, і былі яшчэ страшней, чымся дамавіннае маўчаньне, якое яны трывожылі.

Сьпярша хлопчык думаў застацца тут на ўвесь дзень; але хутка холад ахапіў яго распаленае ад борздае хады цела, і ён павінен быў пусьціцца ў дарогу, каб сагрэцца. Ён прабіраўся лесам з надзеяй выйсьці на дарогу, але рахунак яго не апраўдаўся. Ён усё йшоў ды йшоў; чым далей, тым гушчар здаваўся большым. Надходзіў вечар; кароль заўважыў, як пакрысе надходзіць ноч. Жудасна зрабілася яму, калі падумаў, што давядзецца начаваць у гэткім страшным месцы. Ён яшчэ паддаў шагу, але гэта было дарэмна, таму што ён ня бачыў, што пад нагамі, і бесьперастанку чапляўся за карані дрэваў, за павітыя расьліны.

А затое як усьцешыўся хлопчык, калі, нарэшце, пабачыў мігценьне агоньчыку. Ён падыйшоў да яго асьцярожна, спыняючыся штомінуты, азіраючыся навокал ды прыслухваючыся. Агоньчык блішчаў у вакеньніцы маленькае ўбогае хацінкі. Ён пачуў нечы голас і хацеў быў уцякаць ды схавацца; але раздумаў, таму што яму здалося, быццам невядомы чалавек гаварыў малітву. Ён, хаваючыся, падыйшоў да вакна, стаў на пальчыкі і глянуў у сярэдзіну. Ён разглядзеў маленечкую каморку з земляною, моцна ўтоптанаю, падлогаю; ў адным кутку была ўстроена пасьцель з чарату з падранаю старою коўдраю; каля яе стаяла вядро, кубак, міска, некалькі гаршкоў і патэльняў; была тут і маленечкая лаўка з кульгавым крэслам, ў ачагу датлявалі кавалачкі гальля. Перад крыжам, асьветленым лаявою сьвечкаю, схіліўся старык, каля яго на дзеравянай скрынцы ляжала раскрытая кніга і чалавечы чэрап. Старык быў высокага росту, сухарлявы, з даўгімі беласьнежнымі валасамі й барадою; на ім быў кажух з авечай скуры, даходзіўшы да самых пятаў.

– Сьвяты пустыньнік, – падумаў хлопчык, – цяпер я збаўлены!

Старык устаў; тады кароль пастукаўся.

– Увайдзі, – пачуўся глухі голас, – але раней адрачыся ад граху, бо зямля, на якой ты стаіш, сьвятарна.

Кароль увайшоў і спыніўся на парозе. Пустыньнік акінуў яго бліскучым, неспакойным паглядам.

– Хто ты? – спытаўся ён.

– Я кароль, – быў просты, спакойны адказ.

– Заходзь, калі ласка, кароль! – з жарам выгукнуў пустыньнік. – Заходзь! – паўтараў ён не адзін раз, замітусіўшыся з нязвычайным пасьпехам; пасадзіў хлопчыка на лаўку, падкінуў гальля ў агонь, і пасьля нэрвова захадзіў то ўзад, то ўперад.

– Заходзь, калі ласка! Шмат хто шукаў тутака прытулішча, быў адкінены, як недастойны. Але кароль, які адрокся ад кароны, зганіўшы пусты бляск свайго палажэньня, апрануўшы цела сваё ў рызьзё, каб ахвяраваць сябе малітве і ўмяртвеньню цела, – ага, гэткі сьмяротны – дастойны жаданы госьць, – тут правядзе ён усе свае дні да самае сьмерці.

Кароль прабаваў перабіць яго і аб'ясьніцца, але пустыньнік і ўвагі не зьвярнуў, як відаць, навет ня чуў яго словаў, гаворачы далей усё мацней, з нарастаўшаю энэргіяй.

– I ты знайдзеш тутака мір і спакой. Ніхто ня выкрые твайго прытулішча, ніхто ня будзе трывожыць цябе мальбою вярнуцца да пустога й неразумнага жыцьця, пакінуць якое Бог загадаў табе. Тутака ты будзеш маліцца й вучыцца сьвятому пісьму, будзеш разважаць аб тленнасьці і дарэмнасьці сьвецкай і аб шчасьці йдучага быцьця; будзеш карміцца карэньнямі і травамі і мяртвіць цела штодзенным бічаваньнем, дзеля збаўленьня душы. Абцягнеш цела сваё валасяніцаю, піць будзеш адну ваду, і мір і спакойнасьць запануе ў душы тваёй. А хто прыдзе шукаць цябе, вернецца, як нясоленае сёрбаўшы – ніхто не знайдзе, ня стрывожыць цябе.

Старык, ня сьціхаючы хадзіць то ўзад, то ўперад, раптам панізіў голас і пачаў нешта мармытаць сабе пад нос. Кароль скарыстаўся гэтай акалічнасьцю, каб расказаць пра сваё гора, і, пад уплывам неспакойства і страху, гаварыў з натхненьнем і красамоўствам, але пустыньнік усё мармытаў далей, ня слухаючы яго. Пасьля ён падыйшоў да хлопчыка і шапнуў яму з многазначным выглядам:

– Ц-ц!.. Я адкрыю табе тайну.

Ён нахіліўся да самага яго вуха, але раптам спыніўся і пачаў прыслухвацца, пасьля на пальчыках падыйшоў да вакна, высунуў галаву, паглядзеў у цемру, ізноў вярнуўся тоячыся і, схіліўшыся над каралём, прагаварыў шэпчучы:

– Я – архангел.

Кароль увесь задрыжаў:

– Божа, лепей ужо мне было-б з бадзякамі застацца, – падумаў ён, – чымся трапіць у рукі вар'ята,

На твары хлопчыка адбіўся жах. Пустыньнік, тымчасам, гаварыў далей ціха і з гарачкаю:

– Бачу, ты адчуваеш, дзе знаходзішся. На чале тваім малітвенны страх. Няма чалавека, які-б пранікаўся ў гэтай атмосфэры такім пачуцьцём, бо тут ён бачыць Неба. У мігненьне вока я падлятаў угару і спушчаўся на зямлю. Я быў названы архангелам пяць гадоў назад, на гэтым самым месцы, – Бог паслаў ангелаў сваіх, каб абвясьціць мне вялікую міласьць. Іхняя прысутнасьць напоўніла гэту хацінку зорным сьвятлом... I яны сталі перада мною на калены, о, кароль! – але, яны ўпалі ніцьма, бо я быў магутнейшы за іх. Я паднімаўся ў неба й гутарыў з патрыярхамі. Вось, на крані маю руку... ня бойся – крані... Так... Дык ведай-жа, што чапаў руку, якую паціскалі Аўраам, Ісаак і Якуб. Я быў у залатых пакоях. я бачыў Бога тварам да твару.

Ён зрабіў паузу, каб прыдаць эфэкт сваёй прамове. Раптам твар яго зьмяніўся, ён падняўся і гнеўна з гарачкаю сказаў:

– Але, я архангел, усяго толькі архангел... тады як мог-бы быць папаю. Гэта чыстая праўда. Дваццаць гадоў назад мяне соннага акрыла вышэйшая праўда; так, мне рыхтаваўся папскі пасад – гэтак падабалася небу, але кароль зруйнаваў мой сьвяты манастыр і я, бедны, цёмны, слабы манах быў пушчаны з торбаю, пазбаўлены страхі і быўшага перада мною вялікага назначэньня.

Старык ізноў незразумела замармытаў і са злосьцю пачаў біць сябе кулакамі па лобе, з жахоўнымі пракляцьцямі, бесьперастанку паўтараючы:

– Вось чаму я толькі архангел, а мог быць папаю!

Бітую гадзіну цягнуўся яго прыпадак шаленства, а маленькі кароль сядзеў пры гэтым сам ня свой. Раптоўна шалёная няпрытомнасьць старыка скончылася, ён сьцішыўся, сьпусьціўся з вобалакаў, у якіх лятаў, і пачаў плясьці аб розных рознасьцях гэтак проста і чалавечна, што хутка заўладаў сымпатыяю хлопчыка. Пустыньнік пасадзіў яго бліжэй да агню, устроіў выгадней, асыцярожна памазаў масьцю сінякі і абдзёртыя месцы на яго целе. Пасьля ён заняўся рыхтаваньнем вячэры, увесь час ласкава гаворачы, час-ад-часу гладзячы хлопчыка то па шчацэ, то па галоўцы, з гэткай далікатнасьцю й ласкаю, што страх і ныткасьць, уроеныя яму архангелам, адразу-ж разьляцеліся, даўшы месца пашане й сымпатыі да добрага чалавека.

Гэткі шчасьлівы настрой цягнуўся падчас усяе вячэры. Пасьля малітвы перад крыжыкам, старык паклаў караля спаць у суседняй каморцы, ахінуў яго якнайцяплей і лепей, быццам далікатная маці, прылашчыў і, пажадаўшы яму добрага сну, вярнуўся ў свой пакойчык і пачаў мяшаць вуглі ў ямцы. Але вось ён задумаўся, некалькі разоў павёў рукою па лобе, як-бы прабуючы прыпомніць нешта, што высьлізнулася з памяці. Відочна гэта яму не ўдавалася. Ён устаў і кінуўся да свайго гасьця.

– Ты кароль? – спытаўся ён.

– Але, – сонна адказаў той.

– Які кароль?

– Ангельскі.

– Ангельскі? Значыцца Гэнры сканаў?

– Нажаль, так! Я яго сын.

Твар старога грозна пахмурнеў, ён са злоснай радасьцю пляснуў рукамі, пастаяў з мінуту, цяжка пераводзячы дух; пасьля спытаўся глухім голасам:

– А ці ведаеш ты, што гэта той самы, што пазбавіў нас страхі і пусьціў з торбаю?

Адказу ня было. Старык схіліўся над хлопчыкам, углядаючыся ў спакойны твар і прыслухваючыся да ціхага дыханьня.

– Ён сьпіць, сьпіць у глыбокім сьне.

Твар яго паясьнеў, але злосна-радаснае пачуцьцё адбівалася на ім. У гэту мінуту усьмешка асьвяціла рысы спаўшага хлопчыка.

– Ён у шчасьлівым няведаньні, – прашаптаў пустыньнік, і выйшаў. Ён на пальчыках пачаў хадзіць з кутка ў куток, нечага шукаючы; часам спыняўся і прыслухваўся, адварочваўся, кідаў быстры пагляд па пасьцель хлопчыка, і ўсё мармытаў, усё гурчаў нешта сабе пад нос. Нарэшце, ён знайшоў, што яму было патрэбна – стары, заіржавеўшы кухонны нож і брусок. Прадзёршыся на сваё ранейшае месца, каля агню, ён сеў і пачаў паціху вастрыць нож, перанейшаму мармычучы, чамкаючы, гаворачы сам з сабою. Вецер завываў вакол адзінотнае хаткі, таямнічыя начныя галасы даляталі з цёмнае далі. Са шчылінаў і норак на старога манаха пазіралі бліскучыя вочкі адважных пацукоў і мышэй, а ён рабіў сваю работу далей, нічога ня бачачы, цалком праглынуты аднэю думкаю.

Ад часу да часу ён працягваў вялікім пальцам па лязе нажа і, хістаючы галавою, задаволенна казаў:

– Цяпер востры, робіцца ўсё вастрэйшым.

Ён не заўважыў, як ляціць час, і спакойна рабіў сваю справу далей, заняты сваімі думамі, якія раскрываў асобнымі, нязьвязнымі фразамі.

– Бацька яго зрабіў нам шмат ліха, рашыў нас – і зыйшоў цяпер у агністае пекла... Але, проста ў цёмнае пекла. Ён уцёк ад нашай помсты – гэткая, значыцца, воля Божая, але, на тое воля Божая, мы не павінны маракаваць. Але не ўратаваўся ён ад пекла... Не, не ўратаваўся ад полымя – пажыральнага, бязьлітаснага, вечнага полымя.

І гэтак ён усё вастрыў свой нож, мармычучы й перарывіста, сіпла пасьмейваючыся.

– Бацька яго ўсё гэта нарабіў. Цяпер я толькі архангел, калі-б ня ён – быў-бы папаю!

Кароль варухнўўся. Пустыньнік паціху падскочыў да пасьцелі і, стаўшы на калены, схіліўся над распластованым целам з паднятым нажом у руцэ. Спаўшы ізноў варухнуўся; на міг вочы яго расплюшчыліся, але яны нічога ня выказвалі, нічога ня бачылі; у тую-ж мінуту яго спакойнае, мернае дыханьне пераканала старыка, што ён ізноў моцна заснуў. Пустыньнік яшчэ нейкі час прыглядаўся і прыслухваўся, застаючыся ўсё ў той-жа самай позе і ледзь дыхаючы; затым паволі спусьціў занесеную над каралём руку і, паўзучы, аддаліўся.

– Ужо даўно за поўнач, – сказаў ён, – блага, калі ён пачне крычаць ды здарыцца падарожны.

Ён ціханька соўваўся з кутка ў куток, падбіраючы дзе ганучку, дзе вяроўку, дзе рамушок; пасьля, тоячыся, падыйшоў да караля і ўхітрыўся гэтак асьцярожна зьвязаць яму ногі, што навет ня збудзіў яго. Ён прабаваў зьвязаць і рукі, скрыжаваўшы іх, але кожны раз, як рыхтаваўся пусьціць у ход вяроўку, хлопчык адрываў то адну, то другую руку; нарэшце, калі архангел ужо згубіў веру ўва ўдачу задуманае справы, кароль сам злажыў на грудзёх рукі, і ў тую-ж мінуту яны былі зьвязаны. Пасьля гэтага ён падвёў павязку пад падбародак спаўшага і моцна завязаў яе на цемі ды так ціха і асьцярожна, што той ніразу не варухнуўся і спакойна спаў сабе далей.

Разьдзел XXI. Гэндон сьпяшаецца на выручку.

Старык адыйшоў, скурчыўшыся і тоячыся, як котка, прынёс нізкі зэдлік і сеў; яго фігура напалову была асьветлена цьмяным, мігацеўшым сьвятлом, напалову зьнікала ў цені. Ня спушчаючы жываедных вачэй са спаўшага хлопчыка, ён цярпліва бадрыўся, не заўважаючы, як ідзе час, усё паранейшаму пагостраваючы нож, мармычучы і пасьмехваючыся. Сваею павярхоўнасьцю і позаю ён быў падобны да вялікага шэрага павука, зжыраўшага вачыма няшчасную бясьсільную мушку, папаўшую да яго ў цянёты.

Пасьля таго, як прайшоў нейкі час, старык, усё яшчэ тупа глядзеўшы на сваю ахвяру, – нічога ня бачачы, адляцеўшы ўсваіх марах, – раптам заўважыў, што вочы хлопчыкавы расплюшчаны, шырока расплюшчаны і ўталоплены... ўталоплены, ў нямым жаху, на нож. Шатанская усьмешка сьлізганула па твары пустыньніка; не зьмяняючы свае позы і не пакідаючы свайго занятку, ён холадна спытаўся:

– Сын Гэнры Восьмага, ці маліўся ты?

Хлопчык бяз рады бічкаваўся ў сваіх путах; здушаны, глухі гук вырваўся са сьцісьненых пашчэнкаў. Пустыньнік сталкаваў гэты гук у сэнсе пацьвярджальнага адказу.

– Маліся йзноў. Чытай адходную!

Дрыготка прабегла па хлопчыкавым целе, твар памярцьвеў. Ізноў забічкаваўся ён, прабуючы вызваліцца, качаючыся і круцячыся; ён бічкаваўся як-мага, злосна, адчайна, але дарэмна. А дзівачны старык тымчасам усьмяхаўся, хістаў галавою ды саўсім спакойна вастрыў нож.

– Час дарагі, – цьвярдзіў ён, – мінуты твае палічаны. Чытай адходную!

Хлопчык адчайна застагнаў, пакінуў бічкавацца, замёр. Сьлёзы выступілі ў яго на вачох і пацяклі па шчоках; але гэта не кранула бясчулага старыка.

Пачынала сьвітаць. Заўважыўшы, што днее, пустыньнік прамовіў рашуча, з адценкам нэрвовае трывогі;

– Годзі мне, нацешыўся я даволі. Ноч праляцела гэтак хутка, як міг, але, ўсяго толькі міг. О, калі-б яна цягнулася цэлы год! Адродзьдзе сьвятаты, лепей заплюшч вочы, калі баішся...

Рэшты нельга было разабраць, таму што старык ізноў пачаў няясна мармытаць, стаўшы на калены перад стагнаўшым хлопчыкам, з нажом у руцэ.

Што гэта? Недалёка ад хацінкі пачуліся галасы – нож вываліўся з рук пустыньніка; ён пасьпешна накінуў аўчынку на хлопчыка і ўстаў, увесь дрыжучы ад страху. Гукі рабіліся болей яўнымі; пачуўся рэзкі, злосны гоман, удары, крыкі аб падмозе, нарэшце, шагі, што аддаляліся. У тую-ж мінуту нехта моцна пастукаў у дзьверы:

– Гэй, адчыні! Ды хутчэй, чорт пабяры:

Голас гэты празьвінеў у вушох караля прыямней за ўсялякую музыку, – гэта быў голас Гэндона.

Пустыньнік, скрыгічучы зубамі ў бясьсільнай злосьці, борзда выйшаў з каморкі і прычыніў за сабою дзьверы. Сьледам затым кароль пачуў гэткую гутарку, якая адбывалася ў „малельні":

– Пашана і прывітаньне, сьвяты айцец! Дзе хлопчык, мой хлопчык?

– Які хлопчык, дружа?

– Які хлопчык! Не мані, манах, ня дуры мяне. Мне не да жартаў. Каля твае хаціны я нагнаў бадзякаў, якія ўкралі яго ў мяне, і змусіў іх прызнацца; яны паказалі, што ён уцёк, але што яны высачылі яго да самых тваіх дзьвярэй. Навет сьляды яго відаць. Годзі хітраваць! Глядзі, старац, калі ты не аддасі яго мне... Кажы, дзе хлопчык?

– Ах, дабрадзею, ты, можа быць, пытаешся пра таго абарванца, які начаваў у мяне? Калі табе цікава ведаць, дзе ён, дык калі ласка: я паслаў яго з даручэньнем. Ён хутка вернецца.

– Як хутка? А ну, няма што марнаваць часу... Ці не даганю я яго?

– Ня турбуйся, хлопчык зараз вярнецца.

– Хай сабе так, пачакаю. Але пастой: ты кажаш, што паслаў яго з даручэньнем. Дык гэта-ж мана – ён не пайшоў-бы. Ён узяў-бы цябе за бараду за гэткую адвагу. Маніш, браце, маніш. Ён не пайшоў-бы ні для цябе, ні для іншага чалавека на цэлым сьвеце.

– Для чалавека, дык можа й не, а я-ж не чалавек.

– Як! А хто-ж ты, ў імя самога Бога?

– Гэта тайна – глядзі не выдавай. Я – архангел.

У Гэндона вырваўся воклік, крыху насьмешлівага характару.

– Вось чым тлумачыцца яго паслухнянасьць! Я пэўны, што ён і пальцам не варухнуў-бы, каб паслухаць каго-б там ні было з сьмяротных; а калі загадвае архангел, дык і кароль павінен пакарацца. Пачакай-жа, што там за шум?

Увесь гэты час кароль то дрыжаў ад страху, то ад'жываў нацзеяй; ён напружваў усе сілы, каб быць пачутым, ня сьціхаючы жаласна стагнаць, але з крыўдаю пераконваўся, што яго стагната не даходзіць да вушэй Гэндона альбо ня робіць на яго ніякага ўражаньня. Апошняя ўвага яго вернага слугі падзеяла на яго, як жыватворчае дыханьне палёў на таго, што памірае, і ён яшчэ раз зрабіў адчайную спробу, але быў заглушаны голасам старца:

– Шум? Дык гэта вецер.

– Можа быць, і вецер. Але, мусі што так. Аднак-жа, я ўжо каторы раз чую гэта – вось ізноў. Не, гэта ня вецер! Дзіўны гук. Пойдзем-жа, паглядзім, што такое.

Радаснае пачуцьцё заўладала хлопчыкам. Яго стомленыя лёгкія зрабілі апошнюю натугу, але зьвязаныя пашчэнкі і ахінаўшая яго аўчынка спараліжавалі гэтую спробу. Сэрца ў яго апала, калі ён пачуў, што старац казаў:

– Ах, дык гэта знадворку – мусі, з зарасьніку. Пойдзем, я правяду цябе.

Кароль чуў, як абодва яны вышлі, гутарачы, як шагі іхнія аддаляліся... Ён застаўся адзін, сярод злавешча гнёўшае, жахоўнае цішыні.

Хлопчыку здавалася, што цэлая вечнасьць прайшла, пакуль ён пачуў ізноў падходзіўшыя шагі і галасы; на гэты раз да іх прылучыўся яшчэ нейкі стук, як відаць, конскі тупат. Затым пачуўся голас Гэндона.

– Далей я ня буду чакаць, не магу. Ён заблудзіць у гэтым густым лесе. У які бок ён пайшоў? Хутчэй пакажы мне.

– Ён пайшоў... Дык пачакай, я цябе правяду.

– Добра! Сапраўды, ты дабрэйшы, як здаешся. Хіба што ня знойдзеш другога архангела з гэткім сэрцам, як у цябе. Можа паедзеш конна? Хочаш – сядай на осьліка, якога я прывёў дзеля свайго хлопчыка, а не, дык лезь нз майго наравістага мула. І тут накрылі мяне, збылі нягодную жывёліну, што няварта і граша мядзянага.

– Не, ты сам сядай на свайго мула, бяры за вобруць асла, а я пайду пехатою, – мае ногі пэўней.

– Дык патрымай, калі ласка, осьліка, а я рызыкну сесьць на свайго доўганогага.

Тут пачалося дзыганьне, тупат, пачуліся ўдары дубца, лайба і пракляцьце, што скончылася горкаю мальбою да мула; апошняе, мусі, зрабіла ўплыў на наравісты характар жывёлы, таму што яна ў той-жа мамэнт скончыла няпрыязныя дзеяньні.

З нявыражальным горам чуў зьвязаны маленечкі кароль, як тупат усё аддаляўся і, нарэшце, саўсім замёр. Усякая надзея пакінула яго цяпер, тупая адчайнасьць заўладала ім. „Мой адзіны прыяцель, – думаў ён, – ашуканы, зьбіты з толку; пустыньнік вернецца і тады..." Яму цяжка было дыхаць; ён пачаў гэтак моцна бічкавацца ў сваіх путах, што скінуў душыўшую яго аўчынку.

Раптам дзьверы адчыніліся. Скрыпеньне іх кінула хлопчыка ў холад, ён увесь задрыжаў – яму здавалася, што вось нож падступае да горла. Ад жаху ён заплюшчыў вочы і зараз-жа ізноў расплюшчыў іх – перад ім стаяў Джон Канці і Гьюго.

Ён хацеў гукнуць: „Дзякуй Богу!" але ня мог.

Мігам яго органы былі вызвалены, і бадзякі, схапіўшы яго за рукі, пусьціліся, як мага, бегчы лесам.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю