444 000 произведений, 109 000 авторов.

Электронная библиотека книг » Марк Твен » Прынц i жабрак » Текст книги (страница 11)
Прынц i жабрак
  • Текст добавлен: 30 сентября 2026, 22:31

Текст книги "Прынц i жабрак"


Автор книги: Марк Твен



сообщить о нарушении

Текущая страница: 11 (всего у книги 13 страниц)

Разьдзел XXVIII. Ахвяра.

Тымчасам Майльс даволі такі нудзіўся вастрогам і бязьдзейнасьцю. Але, вось, на яго вялікую радасьць, назначаны быў разгляд справы; які-б ні быў наперадзе прыгавар, а ўсё-ж такі ён будзе рад ад яго, абы толькі яго ізноў не пазбавілі свабоды. Аднак, ён страшэнна памыляўся. Ён страшэнна ўзлаваўся, калі яго прызналі „небясьпечным бадзякаю" ды прысудзілі прастаяць дзьве гадзіны каля стоўпа сораму за бадзяцтва і за напад на ўласьніка Гэндон-Голю. Яго заявы, што ён брат вінаваціўшага яго і законны насьледнік тытулу і двара, былі пакінены без пасьледзтва, як не заслужваўшыя разгляду.

Ён бушаваў і пагражаў, калі яго вялі дзеля спаўненьня прыгавару; салдаты бесцэрамонна цягнулі яго ды яшчэ й білі за ўпартасьць.

Кароль ня мог прабіцца праз натаўп чэрні, валіўшы за засуджаным, так што павінен быў ісьці ззаду, далёка ад свайго вернага прыяцеля і слугі. Яго самога ледзь былі не засудзілі на гэткую самую кару, за супалку з цёмнымі асобамі але, з увагі на яго век, звольнілі, прачытаўшы нотацыю і зрабіўшы асьцярогу. Калі, нарэшце, зборня спынілася, хлопчык як у трасцы пачаў бегаць па бакох, шукаючы шчылінкі, каб як-нібудзь пралезьці ўперад, – і яму такі ўдалося гэта пасьля не аднае спробы. Перад ім у пагардлівых калодках сядзеў верны слуга караля Англіі, а гразны натаўп зьдзекваўся і пацяшаўся над ім! Адварды чуў чытаньне прыгавару, але й напалову не зразумеў яго. Гнеў яго разгараўся пры разуменьні гэтае новае зьнявагі, зробленае яго дастойнасьці, і перайшоў у шалёную злосьць, калі ён раптам убачыў, што хтосьці кінуў яйцом проста ў твар Гэндону, пры гэтым натаўп заліўся радасным вясёлым сьмехам. Хлопчык кінуўся на адкрыты пляц і крыкнуў да стражніка:

– Стыдайцеся! Гэта мой слуга – пусьцеце яго! Я...

– Сьціхні! – з жахам крыкнуў Гэндон, ты губіш сябе! Не зьвяртай, браце на яго ўвагі – ён вар'ят.

– Ня турбуйся, прыяцель, я ня думаю зьвяртаць увагі, але правучыць яго трэба. Зьвярнуўшыся да аднаго з сваіх падуладных, стражнік сказаў: Дай, вось, гэтаму дурню пакаштаваць бізуна раз ці два, каб адвучыўся ад сваіх штукаў!

– Паўтузіна лепей прыдзецца яму да смаку, – ўставіў сэр Гью, толькі што пад'ехаўшы, каб паглядзець на экзэкуцыю.

Кароль быў схоплены. Ён навет не працівіўся, – да таго аглушыла яго зьнявага, якую рыхтаваліся зрабіць яго сьвятарнай асобе. Гісторыя ўжо мае плямы апавяданьня пра тое, як ангельскага караля лупілі бізунамі, – і думка, што цяпер прыбудзе яшчэ адна ганебная страніца, здавалася хлопчыку жахоўнаю. Ён трапіў у бяду, падмогі чакаць няма адкуль; заставалася альбо адбыць кару, альбо прасіць літасьці. Цяжкае палажэньне! Але, як кароль, ён лепш перанясе ўдары, чымся пачне прасіць літасьці.

Тут Майльс вывяў яго з труднага палажэньня.

– Пусьцеце хлопчыка, злыя сабакі! – крыкнуў ён. – Хіба ня бачыце, што ён малы і худзенькі? Пусьцеце – хай мне ўляціць за яго.

– Сапраўды-ж прыгожая думка – дзякую! – заўважыў сэр Гью, і твар яго загарэўся злосна-радасным выглядам. – Пусьцеце маленькага жабрачка і ўсыпце малайцу тузін гарачых – добры тузін, як належыць.

Кароль зьбіраўся моцна протэставаць, але сэр Гью спыніў яго, прыгразіўшы:

– Гавары, гавары яшчэ, – толькі, заўваж сабе, за кожнае слова яму дастанецца па паўтузіна ўдараў. Гэндона звольнілі з калодак і прывязалі да стаўпа, зьняўшы з плечаў сарочку; пакуль яго парылі бізунамі, бедны маленькі кароль стаяў адвярнуўшыся і горкія сьлёзы саўсім не пацарску цяклі па яго шчоках.

„О, чэсная, добрая душа!" думаў ён, „твая вернасьць ніколі ня выйдзе з мае памяці. Не ніколі гэтага не запомню дый яны не запомняць!" дадаў ён злосна. Па меры таго, як гэройства Гэндона ўсё падрастала ў вачох хлопчыка, расла і яго ўдзячнасьць. „Хто выратуе свайго караля ад небясьпекі альбо сьмерці, – сказаў ён сабе, – той робіць вялікую справу; але й гэта – глупства, нішто ў параўнаньні з тым, цераз што кароль выратаваны ад пагарды!"

Гэндон і ня пікнуў пад ударамі бізуна, са шчыра салдацкаю стойкасьцю ён вытрываў жорсткую кару. Гэтая акалічнасьць разам з самаахвярным вызваленьнем хлопчыка ад рукі ката, выклікала пашану да яго навет з боку адчайнага, рассупоненага натаўпу, які сабраўся на пляцы; насьмешкі і гіканьне сьціхлі, ня чуваць было нічога, апрача ўдараў бізуна. Ціша, запанаваўшая пасьля таго, як Гэндона ізноў узялі ў калодкі, прадстаўляла рэзкі контраст з шумам і гоманам, яшчэ нядаўна стаяўшым на пляцы. Кароль паціхеньку падыйшоў да Гэндона і шапнуў яму ў вуха:

– Каралі ня могуць, як належыць, узьвялічыць цябе, добры, велікадушны чалавек, дзеля таго, што ты ад'значаны Тым, Хто – Вышэйшы; але кароль можа вонкавым чынам падмацаваць тваю добрароднасьць перад людзьмі. Ён падняў з зямлі бізун і, лёганька дакрануўшыся ім да скрываўленых плечаў Гэндона, прамовіў шэптам: „Адварды VI дарыць табе графоўства". Гэндон быў глыбока ўсьцешаны. Сьлёзы засьцілалі яму вочы, але ў тон самы час жорсткі камізм, праяўлены ў яго палажэньні, настолькі кінуўся ў вочы, што ён ледзь устрымаўся ад усьмешкі. Стаяць галышом і ў крыві каля ганебнага стаўпа і раптам узьляцець на вышыню бліскучае графоўскае дастойнасьці здавалася яму ў найвышэйшай ступені камічнаю справаю. „Ну, цяпер годзі мне займацца мішурою!" падумаў ён. „З рыцара царства прыяваў і ценяў абярнуўся ў нерэальнага графа – крутагалоўны палёт для неаперанага птушаняці. Калі гэтэк пайдзе далей, дык я хутка пачну быць падобным да прызавога стоўпа, абвешанага ўсялякімі фантастычнымі цацкамі ды яшчэ буду абсыпаны рознымі ўяўляльнымі гонарамі. Але я павінен цаніць іх, якімі-б нікчэмнымі яны ні былі, з любасьці да таго, хто іх дарыць. Гэтыя пацешныя, істнуючыя ў уяўленьні тытулы, што дасталіся мне бяз ніякіх дамаганьняў, ад чыстага сэрца і шляхетнае рукі, куды вышэй, чымся сапраўдныя, дабытыя нізкапаклоннасьцю ад зайздроснае і сваекарыснае ўлады".

Грозны сэр Гью пакіраваў каня і даў яму шпоры; жывая сьцяна маўкліва расступілася, каб прапусьціць яго і гэтак-жа сама ізноў зьлілася. Ніхто не адважыўся выгаварыць хаця слова на карысьць арыштованага або выказаць яму сваё спачуваньне; аднак адсутнтсьць зьдзекаў сама сабою служыла належным выказам пашаны. Нейкі спозьнены глядзяч, нябыўшы ўпачатку, запусьціў вострае слова па адрэсе „самазванца" і хацеў ужо пусьціць у яго дохлаю коткаю, але яго грымнулі аб зямлю і вытаўклі без далейшае размовы. Пасьля гэтага на пляцы ізноў запанавала няжывая ціша.

Разьдзел XXIX. У Лёндан.

Па скончаньні кары, Гэндона звольнілі з калодак, абавязаўшы яго пакінуць край і ніколі не вяртацца. Яму аддалі меч, мула і асла. Ён сеў конна і паехаў, праводжаны каралём. Натаўп пашанліва і маўкліва ачысьціў ім дарогу і хутка парасходзіўся.

Гэндон ехаў конна ў глыбокай задуме. Наперадзе было вырашэньне важных пытаньняў. Што рабіць? Куды скіравацца? Трэба знайсьці ўплывовае падтрыманьне, альбо раз назаўсёды адмовіцца ад правоў на спадчыну і набыць рэпутацыю машэньніка. Але дзе знайсьці гэтае ўплывовае падтрыманьне? Дзе? Цяжкая задача. Раптам яго акрыла думка, паказваўшая магчымасыіь выхаду з труднаватага палажэньня, праўда, слабую магчымасьць, але ўсё-такі заслужваўшую ўвагі, дзеля таго, што ня было нічога болей пэўнага. Ён спомніў, што расказваў стары Андрыюс пра маладога караля, пра яго дабрату і апеку над усімі прыгнечанымі і няшчаснымі. Чаму-ж бы яму не спрабаваць дабрацца да яго ды шукаць справядлівасьці. Ах, гэта добра – але ці дапушчаны будзе гэткі невядомы галыш да сьветлых вачэй монарха? Усё роўна чаму быць, таго не абмінуць. Гэндон быў загартованым ваякаю, ня раз пускаўшымся на хітрыкі ды штукі; нічога, ён што-нібудзь выдумае, знайдзе шчыліну. Але, трэба ехаць у сталіцу. Быць можа, яму паможаць стары бацькаў прыяцель – сэр Гёмфры Марлё, „добры стары сэр Гёмфры, старшы даглядчык каралеўскае кухні ці стайні, ці чагосьці там". Майльс ня мог прыпомніць, чаго якраз. Цяпер, калі яму было на што скіраваць сваю энэргію, калі наперадзе стаяла выразная мэта, уніжанае і прыгнечанае становішча духа, у якім ён знаходзіўся, разьвеялася, ён бадзёра задраў галаву і азірнуўся навакола. Ён зьдзівіўся, калі заўважыў, як далёка ад'ехаў; сяло ледзь віднелася ў далечыні. Кароль сядзеў на сваім осьліку, спусьціўшы голаў; і ён праглынуты быў рознымі плянамі і думкамі. Толькі адно няпрыемнае прыпушчэньне зацьміла веселасьць Гэндона; ці захоча хлопчык вярнуцца ў горад, дзе ў працягу ўсяго свайго кароткага жыцьця, ён нічога ня знаў, апрача благога абходжаньня і цяжкае беднасьці? Але пытаньня гэтага не абмінеш – трэба зараз-жа вырашыць яго. Ён падабраў повад, затрымаў мула і сказаў:

– А я й запомніў спытацца, куды мы едзем. Прыказвай, гаспадару, куды скіравацца.

– У Лёндан!

Майльс рушыў наперад, вельмі здаволены і, разам з тым, зьдзіўлены рашэньнем хлопчыка Падарож была даволі манатоннаю і толькі пад канец ад'значылася небясьцікаўнаю прыгодаю. Каля дзесятае гадзіны ўвечары 19-га лютага яны ўзьехалі на Лёнданскі мост, і апынуліся сярод бушаваўшага, валам напіраўшага натаўпу, роўшага і крычаўшага; п'яныя, азызлыя твары рэзка выдзяляліся на фоне рознаколернага асьвятленьня. Раптам аднекуль паляцела поўразваленая галава, мусі быць нейкага гэрцога ці іншага вяльможы, і, ударыўшыся аб Гэндонаў локаць, упала пад ногі многалюднае аравы. Гэтак мімалётны, гэтак нямоцны справы рук чалавечых! Не прайшло і трох тыдняў з часу сьмерці караля Гэнры VIII, як пачалі нішчыць упрыгажэньні, якія ён з гэткім трудом і ўпартасьцю дабываў дзеля свайго вялічавага, старога мосту, цаною жыцьця выдатных людзей. Хтосьці з грамадзян стукнуўся аб мёртвую галаву, ударыў цемем ішоўшага ўперадзе; той адвярнуўся і перакуліў першага, хто трапіўся пад руку, але яму, у сваю чаргу, уляцела ад таварыша пацярпеўшага. Адным словам, пайшла пацеха, а час быў самы падходзіўшы для таго, каб біцца, дзеля таго, што ўжо пачаліся трыумфальныя падрыхтаваньні да заўтрашняга дня – дня каранацыі. Усе былі пад уплывам сьпіртавое пары і птрыятычнага пачуцьця, так што мінут цераз пяць бойка ўжо ахапіла значны прастор, паступова разрастаючыся да разьмераў сапраўднага пагрому. Сярод суматохі кароль з Гэндонам былі безнадзейна адрэзаны адзін ад аднаго напорам бушаваўшых і роўшых масаў. Расстанемся і мы з імі на нейкі час.

Разьдзел XXX. Том спраўляецца.

У той час, як сапраўдны кароль туляўся па краі ў беднай вопратцы, кормячыся напалову, зносячы пабоі і насьмешкі то з боку бадзякаў, то з боку зладзеяў і забойцаў, у той час, як усе называлі яго вар'ятам і ашуканцам, – думанны кароль Том Канці карыстаўся саўсім іншымі варункамі жыцьця.

У апошні раз мы пакінулі яго, калі ён толькі што пазнаў сьветлы бок каралеўскага пэлажэньня. З кожным днём гэты сьвет разрастаўся ўсё ў большы і большы бліск і хутка зрабіўся блізу што яркім сонцавым зіхаценьнем, напаўняўшым яго душу радасьцю. Куды дзеліся яго страхі, баязьлівасьць ды нерашучасьць – усё быццам рукою зьняло: іхняе месца заняло непрымушанае, самапэўнае абходжаньне. Ён шырока карыстаўся ведамасьцямі з невычарпальнае крыніцы маленечкага Гёмфры. Ён бесцэрамонна загадваў клікаць лэді Ажбету і лэді Джэньні Грэй, калі хацеў пагуляць ці пагаманіць, і адпушчаў іх з гэткім выглядам, быццам гэта было для яго ня новым; ані ня смуціла яго і тая акалічнасьнь, што гэткія важныя асобы цалавалі яго ў руку на разьвітаньне.

Навет урачыстыя цэрамоніі ўкладаньня ў пасьцель і апрананьні раніцаю пачыналі яму падабацца. Вялікаю ўцехаю было для яго таксама ісьці на палудзень у акружэньні сьвіты вяльможаў і целахраніцеляў і ён навет удвоіў сваю ганаровую варту, давёўшы яе да сту чалавек. Яму прыемна было чуць гукі горну, што разьлягаліся ў даўгіх калідорах, і аддалены гук галасоў, пераходзіўшы ў воклікі: „Дарогу каралю!"

Ён навет любіў сядзець на пасадзе сярод дзяржаўнае рады і думаць, што лёрд-протэктар ня можа распараджацца ім, як пешкаю. Ахвотна прымаў ён і над'звычайных пасланцоў з іхняю пышнаю сьвітаю, выслухваў прыяцельскія граматы, якія яны прывозілі ад сваіх каралёў, падвышаўшых яго „братам". О, шчасьлівы Том Канці, нядаўны жыхар Офаль-Корту! Яму падабалася раскошная вопратка яго, і ён заказваў сабе ўсё навейшыя ўборы; чатырохсот чалавек слугаў цяпер мала было для яго каралеўскае велічы – ён патроіў лік іх. Лісьлівасьць і лашчаньне рабалепных царадворцаў зьвінела ў яго вушох прыемнаю музыкаю. Паранейшаму застаючыся добрым і ня злым, ён зрабіўся ўладарным і рашучым заступнікам пакрыўджаных і вёў бесьперастанную барацьбу проці несправядлівых законаў; аднак-жа, пры здарэньні, калі бывала ўзлуецца, ён меў сілу абарваць якога-нібудзь графа, альбо навет і гэрцога і падарыць яго гэткім паглядам, што таго кідала ў трасцу. Аднаго разу, калі яго аўгусьцейшая „сястра", строгая й набожная лэді Мэры, пачала пярэчыць мэтазгоднасьці яго рэзалюцыяў аб памілаваньні гэткае масы людзей, якія павінны былі трапіць у вастрог, на шыбеніцу ці на стос, і напомніла яму, што пры нябожчыку бацьку тамілася ў арышце да пяцьдзесяцёх тысяч праступнікаў, што ў працягу яго слаўнага панаваньня кат адправіў на той сьвет больш, як семдзесят дзьве тысячы зладзеяў і разбойнікаў, – хлопчык загарэўся шляхетным гневам, прыказаў ёй пайсьці ў свае пакоі і маліць Бога, каб ён вырваў з грудзей яе камень і ўлажыў замест яго чалавечае сэрца.

Няўжо-ж гэта Тома ніколі ня трывожыла думка пра беднага законнага, маленечкага прынца, які гэтак ласкава абыйшоўся з ім, які з гэткаю гарачкаю кінуўся, каб расправіцца з грубым вартаўніком, стаяўшым каля брамы палацу. Так, першыя дні і ночы, праведзеныя ім у палацы, былі атручаны цяжкімі думамі аб згінуўшым прынцу; ён шчыра жадаў яго павароту і шчасьлівага аднаўленьня яго ў правох. Але з бегам часу, згубіўшы надзею ўбачыць свайго дабрадзея, Том усё больш ды больш уцягваўся ў новую, цудоўную абстаноўку, і абраз маленькага монарха блізу што саўсім сьцёрся з яго памяці; а часам, калі гэтая прыява неадступна прасьледавала яго, дык ён гарэў ад сораму і гатоў быў узваліць на сябе віну.

Бедная маці й сёстры таксама былі запомнены Томам. Спачатку ён сумаваў па іх і гараваў, хацеў бачыць іх, але пасьля думка аб тым, што ў адзін прыгожы дзень яны могуць зьявіцца ў палац абадраныя і гразныя, выдаць яго сваімі абняцьцямі ды пацалункамі, скінуць з вышыні велічы і ўцягнуць за сабою ў бяздоньне галіты ды паніжэньня, – адна думка аб гэтым кідала яго ў трасцу. Урэшце ўсяго і яны пакінулі турбаваць яго. I ён быў задаволены, навет рад, бо кожны раз, як перад ім паўставалі гэтыя сумныя, поўныя дакору твары, ён пачуваў сябе пагардлівей за ўсякую паўзучую гадзіну.

19-га лютага, а поўначы, Том Канці заснуў у сваёй багатай пасьцелі, сярод пышнае царскае абстаноўкі, ахоўваны вернымі васаламі. Шчасьлівы хлопчык! Заўтра павінна адбыцца ўрачыстая каранацыя яго. А ў той час Адварды, сапраўдны кароль, галодны, змораны, выпацканы ў гразі, у параднай адзежы – пасьледзтва бойкі, у якую ён трапіў – быў аднесены ў бок хваляю народу, з глыбокай цікавасьцю глядзеўшаю, як рабочыя клапатліва, быццам мурашкі, снавалі каля Вэстмінстэрскага абацтва, канчаючы падрыхтаваньні да каранацыі.

Разьдзел XXXI. Каранацыйны паход.

Чароўнаю раніцай, калі Том Канці прачхнуўся, ў паветры стаяў няясны гук, – ён далятаў зусюль. Для яго гэты шум быў прыямней за музыку, таму што нагадаваў сабою, што ўвесь ангельскі народ высыпаў на вуліцы, каб, як верны падданы, вітаць вялікі дзень.

Том ізноў прадстаўляў галоўную дзейную асобу ў чароўнай працэсіі на вёсельных чайках па Тэмзе, таму што, згодна са старадаўным звычаем, паход праз Лёндан павінен быў вырушыць ад Тоўэру, куды і скіраваўся цяпер кароль.

Калі ён пад'ехаў да грознае старадаўнае крэпасьці, дык сьцены яе раптам як быццам далі шчыліны ў тысячы месцаў – гэтулькі агністых языкоў павыскаквала сярод клубкоў белага дыму; пачуўся аглушальны салют, пакрыўшы крыкі нялічанага натаўпу – навет зямля задрыжала. Агністыя фонтаны, залпы, стаўпы дыму чаргаваліся з гэткаю зьдзіўляўшаю шпаркасьцю, што ў некалькі мінут старадаўны Тоўэр увесь схаваўся ў дымавым тумане, апрача вяршынкі, што звалася Белаю вежаю; апошняя, ўпрыгожаная сьцягамі, горда ўзвышалася над густым дымам, быццам горная вяршына над вобалачамі.

Том Канці, ў параднай адзежы, сеў на шустрага, баявога каня, ўбор якога даходзіў блізу што да зямлі; яго „дзядзька" лёрд-протэктар Сомэрсэт, таксама конна, заняў месца ззаду, а па бакох шнурком выцягнулася ў дзьве шэрэнгі каралеўская гвардыя ў стальных латах; за протэктарам цягнулася бесканечная працэсія прыгожа апраненых вяльможаў з іхнімі васаламі; затым ішоў лёрд-мэр з сябрамі гарадзкое ўлады ў поўным складзе, ў пунцовых машастовых мантыях, з залатымі ланцугамі на грудзёх; далей старшыні і сябры ўсіх лёнданскіх цэхаў, у багатых вопратках, з яснымі штандарамі розных корпорацыяў. У працэсіі таксама была, ў ролі ганаровае варты, старадаўная артылерыйская кампанія, ў той час налічваўшая ўжо трыста гадоў свайго істнаваньня – адзіная ваенная інстытуцыя, што дасюль карыстаецца прывілеяю незалежнасьці ад пастановаў парлямэнту. Цудоўны абраз прадстаўляла пышная цэрамонія, па ўсім шляху вітаная радаснымі воклікамі густых народных масаў. „Пасьля ўезду ў горад, – расказвае летапісец, – кароль быў спатканы малітвамі, прывітаньнямі, радаснымі воклікамі, і выяўленьнямі шчырае любасьці падданых. Кідаючы ў натаўп радасныя пагляды і ўдастойваючы самых міласьцівых словаў тых, хто быў бліжэй, аўгусьцейшы ўладар з прызнаньнем прымаў выказваньне вернападданых пачуцьцяў. Ён дзякаваў усім за пажаданьні; „хай крые Бог, вашую вялікасьць!" чуліся воклікі, а ён адказваў: „Хай крые Бог усіх вас!" „дзякую ад шчырага сэрца". З прычыны гэткіх ласкавых словаў, гэткага міласьцівага абходжаньня, радасьці публікі ня было канца.

У Фэнчэрн-стрыце „харошанькі хлопчык ў прыгожай вопратцы", стоячы на эстрадзе, вершамі вітаў яго вялікасьць ад імя гораду.

Народ загрымеў радаснымі крыкамі і ў адзін голас паўтараў апошнія словы дзіцяці. Том Канці глядзеў на хваляваўшае мора радасных твараў, і сэрца яго радасна трапясталася; калі каму варта жыць на гэтым сьвеце, думалася яму, дык толькі каралю, куміру ўсяе нацыі. Раптам ён заўважыў у натаўпе, ў некаторым аддаленьні двух офаль-корцкіх абадраных таварышоў сваіх – быўшага лёрда-адмірала пры яго фантастычным дварэ, а таксама першага лёрда адпачывальні. Сэрца яго напоўніла гордасьць. О, калі-б яны цяпер маглі пазнаць яго! Якая нясказаная радасьць ахапіла-б іх, калі-б яны маглі пазнаць яго і перакананца, што пацешны кароль нораў і задворкаў, з якога ўсе сьмяяліся, зрабіўся сапраўдным каралём, што яму прыслужваюць бліскучыя гэрцогі ды князі, што ўвесь ангельскі народ каля ног яго. Але гэткае прызнаньне каштавала-б яму дорага; дзеля гэтага ён стрымаўся і, адвярнуўшыся ў бок, даў волю цешыцца й радавацца абодвум абарванцам і не падазраваўшым, у чэсьць каго яны гэтак стараюцца.

Час-ад-часу Том кідаў прыгаршчы новенькіх монэт у натаўп.

Летапісец, паміж іншым, расказвае вось што: „У канцы Грэйсчэрч-стрыт горад пабудаваў грандыёзную трыумфальную арку, пад якою на ўсю шырыню вуліцы, збудованы былі падмосткі, а на іх пастаўлены быў вялікі гістарычны абраз, паказваўшы найбліжэйшых прэдкаў Адварда VІ. Унізе сярод лісьцейкаў вялізнае рожы, відаць было бюст Альжбеты Іоркскае, а з боку Гэнры VII выступаў з чырвонае рожы; рукі каралеўскае пары спатыкаліся і на іх кідаліся ў вочы шлюбныя пярсьцёнкі. Ад гэтых рожаў паднімалася сьцябло да другога ярусу дзеравянных падробак, дзе, ў другой рожы, напалову белай, а напалову чырвонай, знаходзіліся патрэты Гэнры VIII, і побач – маці цяперашняга карэля, Ганны Сэймур. Яшчэ адно сьцябло ішло ад апошняе рожы да трэцяга ярусу і тут якраз зьмяшчаўся патрэт самога Адварда VI, на пасадзе, ў царскай велічы. Увесь абраз быў абцягнены гірляндамі з белых і чырвоных рожаў.

Гэты нязвычайны, эфэктоўны від зрабіў гэткае моцнае ўражаньне на грамадзян, што ўзрыў энтузыязму заглушыў голас хлопчыка, які павінен быў растлумачыць сэнс алегорыі ў хвалебных вершах. Але Том Канці не шкадаваў аб гэтым, таму што вернападданчая ўцеха была саладзей за музыку, прыямней за ўсялякую поэзію. Куды ён ні павяртаў свайго маладзенькага тварыку, усе дзівіліся падобнасьці патрэту дый зноў праляцеў віхар адабрэньняў і воклікаў.

Вялічавая працэсія ўсё больш пасоўвалася ўперад, спатыкаючы на шляху сваім грамаду трыумфальных аркаў, урачыстых і сымболічных абразоў, адбіваўшых розныя дабрадзействы, таленты альбо заслугі малалетняга караля. Па ўсім Чыпзайдзе з кожнае паветкі разьвяваліся сьцягі і значкі, дамы былі ўквечаны дарагімі дыванамі, матэрыямі і парчою, паказваўшымі багацьце мясцовых жыхароў; ня меншаю, калі ня большаю роскашшу адзначвалася дэкорацыя іншых вуліц.

„І ўсе гэтыя цуды, ўсе ўпрыгожаньні ў чэсьць мяне... ага мяне", думаў Том Канці.

Шчокі думаннага караля гарэлі ад узварушаньня, вочы зіхацелі; ён тануў у роскашы.

Раптам, у тую мінуту, як ён падняў руку, каб кінуць жменю монэт, яму кінуўся ў вочы белы перакрыўлены твар жанчыны, пралезшае наперад з астаўпелымі, неадрываўшыміся ад яго вачыма. Хваравітае засмучэньне заўладала ім – ён пазнаў сваю маці! Руку яго тузанула да вачэй, далоняй ад сябе – стары мімавольны жэст, пасьледзтва даўно запомненага няшчаснага здарэньня ў дзіцячыя гады. У той-жа міг жанчына рванулася ўперад цераз рады варты й кінулася да яго. Яна ахапіла яго нагу, пачала цалаваць яе і, галасіць'. "Маё дзіця, маё дарагое дзіця!" I ўпілася ў яго вачыма, поўнымі каханьня ды любасьці. Адзін з целаабаронцаў з лаянкай адцягнуў яе і даў ёй гэткага штурханца, што яна, хістаючыся, адскочыла назад. У Тома ўжо гатова было сарвацца: „Я ня знаю цябе, жанчына!" – як раптам гэта сумная акалічнасьць вывяла яго з труднаватага палажэньня. Аднак-жа яго кранула за жывое гэткае грубае абходжаньне з ёю. Перад тым, ак натаўп пасьпеў праглынуць няшчасную, яна адвярнулася і апошні раз на яго глянула; яна мела гэткі абражаны, забіты выгляд, што яго гордасьць павінна была згарэць ад сораму, ўкрадзеная веліч рассыпацца ў порах, а пышныя шаты і шык паказаліся яму гнілым рызьзём ды тандэтнымі штучкамі.

А працэсія ўсё йшла ўперад ды ўперад, сярод узрастаўшае пыхі і разгараўшайся буры прывітаньняў, але для Тома Канці ўсё гэта як бы й не істнавала. Ён нічога ня бачыў, нічога ня чуў. Прайшла ўся радасьць і асалода, урачыстасьць зрабілася як-бы дакорам. „Ах, Божанька, калі-б я мог вызваліцца з няволі!" праляцела ў яго ў галаве.

Ён ізноў прыпомніў словы, якія неаднакроць паўтараў у першыя дні свае нявольнае вялікасьці.

Бліскучая цэрамонія цягнулася доўгаю, зіхацеўшаю вужакаю па крывых завулках арыгінальнага старога сіты, сярод радасных масаў; але кароль ужо ехаў, схіліўшы голаў, тупа пазіраючы ўперад, бачачы перад сабою толькі абраз маці, яе абражаны, забіты выгляд.

– Няхай жыве Адварды, кароль Англіі! – грымела зусюль, і зямля, здавалася, што дрыжала. Але кароль не адказваў. Шум і гоман далятаў да вушэй яго быццам далёкі-далёкі прыбой марскіх хваляў; іншы голас, быўшы бліжэй, крычаўшы з глыбіні яго сэрца, голас загаварыўшага суменьня, пакрываў усё, бесьперастанку паўтараючы нядобрыя словы: „Я ня знаю цябе, жанчына!"

Гэтыя словы зьвінелі ў душы караля, як хаўтурны звон у вушах чалавека, спусьціўшага ў магілу прыяцеля, з якім ён вераломна абходзіўся пры яго жыцьці.

Усё новыя цуды, новае хараство адчынялася перад вачыма на кожным павароце; далятаў грымот батарэяў і гоман насяленьня; але кароль і выгляду не падаваў, што чуе што-нібудзь; толькі стагнальны, дакорлівы голас маці зьвінеў у яго стрывожанай душы.

Пакрысе радасны выгляд твараў засланіўся вабалачкам клопату й трывогі; радасьць і ўцеха відочна паменшылася. Лёрд-протэктар не замарудзіў падлавіць гэтую акаалічнасьць і гэтак-жа шпарка сьцяміў, у чым справа. Ён прышпорыў каня і, скінуўшы шапку ды нахіліўшыся, шапнуў каралю:

– Гаспадару, цяпер не пара для думак. Народ бачыць, што ты схіліў галаву, што вочы твае затуманіліся, і прымае гэта за благі знак. Паслухай мяне: усьмяхніся ясным сонейкам і дай разьвеяцца цёмным хмарам. Паднімі галаву і глянь весела на сваіх падданых.

З гэтымі словамі гэрцог рассыпаў прыгаршчы монэт налева і направа і ад'ехаў на сваё месца. Думанны кароль споўніў трэбаваньне. Усьмешка была бяз жыцьця, але няшмат каму ўдалося заўважыць гэты недахват. Ён паранейшаму міласьціва і грацыёзна ківаў галавою ў адказ грамадзянам, паранейшаму не пакідаў раздаваць грошы са шчыра-царскаю шчодрасьцяй, так што трывога народу зьнікла, і прывітальныя крыкі ізноў пачалі паўтарацца з ранейшым запалам.

Аднак-жа, перад самым канцом працэсіі, гэрцог прымушаны ізноў пад'ехаць і паўтэрыць настаўленьне:

– Вялікі гаспадар, – шапнуў ён, – страсі сваю страшную тугу; на цябе скірованы вочы ўсяго сьвету. Пасьля дадаў з нездаволеньнем: „Прападзі гэта дурная баба! Яна расстроіла вашую вялікасьць!"

Тупы, патухшы пагляд спаткаў гэрцог, а над вухам яго празьвінела няжывым, дамавінным голасам:

– Гэта мая маці!

– Божа! – застагнаў протэктар, павяртаючы на сваё месца, – перад'значаньне збылося. Ён ізноў звар'яцеў!


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю