444 000 произведений, 109 000 авторов.

Электронная библиотека книг » Марк Твен » Прынц i жабрак » Текст книги (страница 10)
Прынц i жабрак
  • Текст добавлен: 30 сентября 2026, 22:31

Текст книги "Прынц i жабрак"


Автор книги: Марк Твен



сообщить о нарушении

Текущая страница: 10 (всего у книги 13 страниц)

Гью, пасінеўшы і задыхаючыся, абапёрся аб найбліжэйшае крэсла і крыкнуў слугам схапіць і зьвязаць брата; але яны хісталіся.

– Ён азброены, сэр Гью, – сказаў адзін з іх, а мы неазброеныя.

– Азброены! Дык што-ж такое – то-ж вас шмат. Бярэце яго, кажуць вам!

Але Майльс паперадзіў іх быць асьцярожнейшымі, дадаўшы:

– Вы знаеце мяне змалку – я гэткі самы застаўся, як быў. Спрабуйце толькі падыйсьці – пабачыце.

Гэтыя словы не асабліва падбухторылі слугаў – яны яшчэ падаліся назад.

– Пайшлі вон, подлыя трусы, вазьмеце зброю і ахоўвайце дзьверы, а я пашлю па варту, – крыкнуў Гью. На парозе ён адвярнуўся і сказаў Майльсу:

– Лепей не прабуйце ўцякаць – гэта дарэмная рэч.

– Уцякаць? Ня турбуйся. Майльс Гэндон – гаспадар Гэндон-Голю і ўсіх яго палёў, і праз гэта застанецца тут – у гэтым будзь саўсім пэўны.

Разьдзел XXVI. Ня прызнаны.

Кароль некалькі мінут сядзеў у глыбокай задуме; пасьля падняў галаву і заўважыў:

– Дзіўна, надта дзіўна! Ніяк не магу сабе вытлумачыць.

– Не, ані ня дзіўна, гаспадару. Я яго знаю, і павядзеньне яго лічу саўсім натуральным. Ён змалку быў нягоднікам.

– Ах, ды я не аб ім кажу.

– Не аб ім? Аб кім-жа? Што-ж, уласна кажучы, дзіўна?

– Ды тое, што да гэтага часу не хапіліся караля.

– Як? Якога караля? Не разумею.

– Сапраўды? Ці ня зьдзівіла цябе падчас падарожы, што край саўсім не напоўнены кур'ерамі, якія павінны былі быць парассыланымі, шукаць мяне, што нідзе ня відаць абвяшчэньняў з апісаньнем мае асобы. Хіба-ж тое, што згінуў галава дзяржавы, не павінна было выклікаць агульнага перапуду і адчайнасьці? Няўжо не заўважылі што я прапаў невядома куды.

– Саўсім так, гаспадару, я й запомніў аб гэтым. Затым Гэндон уздыхнуўшы падумаў: „Бедная, хворая галоўка – ўсё яшчэ ахоплена тою самаю хваробаю".

– Але ў мяне ёсьць плян, які вызваліць з бяды нас абодвух; я напішу пісьмо на трох мовах – лацінскай, грэцкай і ангельскай, а ты раненька павязеш яго ў Лёндан. Нікому не паказвай, апрача майго дзядзькі Гэртфорда; як ён прачытае яго, дык адразу пазнае, хто пісаў, і зараз-жа прышле па мяне.

– Ці ня лепей, гаспадару, перачакаць тутака, пакуль я ня буду прызнаны і не забясьпечу сваіх правоў на ўладаньне. Тады мне выгадней будзе...

Кароль перабіў яго тонам загаду:

– Маўчы! Што значаць твае мізэрныя ўладаньні, твае дробныя інтарэсы ў парэаўнаньні са справамі, якія датычаць дабра нацыі і незачэпнасьці пасаду! Пасьля, як-бы пакаяўшыся ў сваёй рэзкасьці, дадаў мягкім тонам:

– Слухай і ня бойся. Я аднаўлю твае правы, забясьпечу цябе, мала гэтага, я не запомню тваіх заслугаў і шчодра абдару цябе за іх.

З гэтымі словамі ён узяў пяро і пачаў пісаць. Гэндон зірнуў на яго з жалем і падумаў: „А і сапраўды можна падумаць, што кароль. Калі ён злуе, дык сыпле грымоты—ні даць, ні ўзяць – сапраўды монарх. І як гэта ён сабе ў галаву ўбіў гэтую штуку? Вун, цяпер драпае свае недарэчныя каракулькі, думаючы, што гэта лацінскія і грэцкія словы. Калі мне ня ўдасца выдумаць што-нібудзь, каб адхіліць яго ад яго замеру, дык прыдзецца зрабіць выгляд, што я адпраўляюся выпаўніць яго дзікае даручэньне.

Але зараз-жа думкі Майльса перанясьліся да апошняга здарэньня. Ён да таго пагружаны быў у задуму, што калі кароль даў яму напісаную паперу, дык ён машынальна ўзяў яе і палажыў у кішэнь. „Як дзіўна яна трымала сябе," прамармытаў ён. „Я думаю, што яна пазнала мяне і, ў той-жа самы час, мне здаецца, што не, не пазнала. Саўсім добра разумею, што адно з двох павінна быць, але ніяк не магу адкараскацца ад гэткага разладу. Яна, напэўна, пазнала мой твар, маю фігуру, мой голас, – іначай быць ня можа. Аднак-жа заявіла, што ня знае мяне, і гэтага даволі, як дакажу, таму што яна ніколі не маніла. Але, пачакай-жа, здаецца, што пачынаю цяміць у чым справа. Быць можа, ён зрабіў на яе ўплыў, прыказаў, прымусіў зманіць. Вось дзе разгадка. Яна глядзела насьмерць спалоханаю – але, яна была пад яго націскам. Але я знайду яе; цяпер, калі яго няма, яна скажа праўду. Яна прыпомніць добры стары час, калі мы яшчэ дзяцьмі гулялі разам, і сэрца яе зьмягчэе; яна не адпіхне мяне і ўва ўсім прызнаецца. У ёй няма ні кроплі вераломства – не, яна кахала мяне – ў гэтым уся мая надзея, – хто раз кахаў чалавека, той ня здрадзіць яго".

Ён пасьпешна скіраваўся да дзьвярэй; але ў гэту мінуту яны адчыніліся і ўвайшла лэді Эдыта. Яна была страшэнна зьбялеўшы, але на гэты раз ішла, цьвёрда ступаючы, выгляд яе быў поўны грацыі і дабраты; а твар быў паранейшаму сумны.

Майльс, саўсім пэўны, кінуўся ёй насустрэчу, але яна спыніла яго ледзь заметным жэстам. Яна села і запрапанавала яму сесьці. Так-жа сама проста яна абарвала яго прыяцельскую гутарку, паставіўшы яго ў палажэньне пастароньняга чалавека, гасьця. Гэтая неспадзяванасьць настолькі аглушыла яго, што ён на момэнт страціў пэўнасьць, ці ўжо сапраўды ён тая самая асоба, за якую ўдае сябе.

– Сэр, я прышла асьцерагчы вас, – сказала лэді Эдыта. – Вар'яту цяжка даказаць, што ён памьляецца, але, напэўна можна пераканаць яго, каб ён ухіляўся ад небясьпекі. Я думаю, што вашыя пратэнсіі, ў вашых вачох, саўсім чэсныя і грунтоўныя, і праз гэта ў іх няма нічога праступнага... Але не заставайцеся тутака болей – вам пагражае небясьпека... Яна пільна паглядзела ў твар Майльсу і дадала паважным тонам: – Тым большая небясьпека, што вы вельмі падобны да нашага, згінуўшага, невядома дзе, брата.

– Божачка, дык я-ж – Майльс.

– Ведаю, што вы ў гэтым пераконаны, і саўсім пэўна ў вашай шчырасьці, але-ж толькі перасьцерагаю вас – вось і ўсё. Мой муж поўны гаспадар ува ўсёй ваколіцы; улада яго бязьмежна; людзі тут жывуць добра, або паміраюць ад голаду – як яму да галавы прыдзе. Калі-б вы ня былі падобны да чалавека, за якога ўдаецё сябе, дык муж, быць можа, пазволіў-бы вам цешыцца з вашага лятуценьня. Але, паверце мне, я яго вельмі добра знаю, ведаю, як ён зробіць: ён пачне ўсім казаць, што вы вар'ят, самазванец, і ўсе будуць патураць яму.

Яна ізноў утаропіла моцна свой пагляд у Майльса і дадала: „Калі-б вы сапраўды аказаліся Майльсам Гэндонам і ён і ўсе навакола ведалі аб гэтым – заўважце сабе, зважце, што я кажу – дык і тады вы падпадалі-б пад няменшую небясьпеку, няменшая бяда пагражала-б вам. Ён адрокся-б ад вас, выдаў-бы вас, і ў нікога не хапіла-б адвагі зрабіць вам падтрыманьне.

– Саўсім веру вам, – горка сказаў Майльс. – Сіла, якая можа змусіць нас адрачыся ад прыяцеля дзіцячых гадоў, натуральна, непераможна ў тых выпадках, дзе пытаньне йдзе аб кавалку хлеба і дзе ня істнуе путаў вернасьці і чэсьці.

Лёгка зарумяніліся шчокі маладое жанчыны, яна спусьціла вочы. Але голас яе выдаваў неспакой, калі яна гаварыла далей:

– Я папярэдзіла вас і яшчэ раз паўтараю: уцякайце адсюль, а не – дык ён загубіць вас. Гэта тыран, які ня ведае ніякае літасьці. Мне гэта вядома, – то-ж я ні больш ні менш, як яго рабыня. Бедны Майльс, Арзсэр і мой дарагі апякун, сэр Рычард, збавіліся ад яго, спачыўшы навекі: і для вас лепей было-б пайсьці сьледам за імі, чымся зьявіцца сюды і трапіць у капцюры гэтаму злодзею. Вашыя пратэнсіі пагражаюць яго тытулу і ўладаньням, вы напалі на яго ў яго ўласным доме – вы загінулі, калі застанецеся. Уцякайце, не марудзячы. Калі ў вас няма грошай, дык вазьмеце гэты портмонэт, падкупеце слугаў, каб прапусьцілі вас. О, няшчасны, паслухайце мяне, ратуйцеся, пакуль ёсьць магчымасьць.

Майльс жэстам адмовіўся ад грошай, устаў і сказаў:

– Аднаго толькі прашу ў вас: гляньце мне проста ў вочы. Так... цяпер адказвайце мне: Майльс Гэндон я, ці не?

– Не. Ня знаю вас.

– Прысягнеце!

– Прысягаю! – пачуўся ціхі, але чутны адказ.

– О, ды гэта проста няма ведама што!

– Уцякайце! Не марнуйце дарагога часу... Уцякайце, ратуйцеся!

У гэтую мінуту ў пакой увайшлі салдаты, і пачалася адчайная барацьба; Гэндона хутка ахо далі і пацягнулі; караля таксама забралі. Абодвух зьвязалі і павялі ў вастрог.

Разьдзел XXVII. У вастрозе.

У вастрозе ўсе камэры былі паўнюткія; з гэтае прычыны нашых прыяцялёў прыкавалі ў вялікім агульным пакоі, дзе звычайна трымалі людзей, абвінавачаных у невялікіх праступленьнях. Яны апынуліся ў многалюднай кампаніі – тут было каля дваццацёх чалавек, абодвых палоў, рознага веку, у ручных і нажных кайданох, – няпрыстойная, шумная арава. Кароль быў моцна раздразьнены, з прычыны гэткае нячуванае зьнявагі яго каралеўскае дастойнасьці. А Гэндон быў сумны і маўчаў. Цяжка ў яго было на душы: ён вяртаўся дадому з радасным пачуцьцём, чакаў, што ўсе пашалеюць з радасьці, пабачыўшы яго – і раптам, гэткая халодная сустрэча ды вастрог. Паміж яго чаканьнямі і сапраўднасьцю адчынілася цэлая прорва і было ад чаго прыйсьці ў роспач; ён ня мог акрэсьліць, што пераважала ў яго нядаўнай гісторыі – трагізм ці самы грубы камізм. Ён пачуваў тое самае, што мог пачуваць чалавек, які з радасьцю выскачыў паглядзець на радугу і раптам быў падстрэлены пяруном.

Але пакрысе яго беспарадачныя, цяжкія думкі прыйшлі ў парадак, скупіўшыся на Эдыце. Ён разьбіраў яе павядзеньне і так і гэтак, разглядаў яго з усіх бакоў, але ня мог вывясьці нічога задавальняўшага. Пазнала яна яго, ці не? Гэта была галаваломная задача, займаўшая яго доўгі час; нарэшце, ён злажыў сабе перакананьне, што яна пазнала яго, але адраклася дзеля карысных пабуджэньняў. Ён гатоў быў асыпаць яе пракляцьцямі, але імя яе гэтак доўга было для яго сьвятыняю, што язык не варушыўся апаскудзіць яго.

Ахінуўшыся гразнымі, падранымі арыштанскімі коўдрамі, Гэндон і кароль правялі трывожную ноч. Некалькі арыштантаў далі тое-сёе вастрожніку і ён прынёс ім віна; натуральным рэзультатам гэтага былі няпрыстойныя песьні, лаянка і бойка. Нарэшце, ужо пасьля поўначы, адзін злодзей накінуўся на жанчыну і чуць не забіў яе, б'ючы кайданамі па галаве. Але наляцеў вастрожнік і навёў парадак, заляпіўшы арыштанту некалькі важкіх аплявухаў. Пасьля гэтага шум скончыўся і надыйшла магчымасьць крыху заснуць, – па крайняй меры тым, каго ня трывожылі стагнаньні і ойканьне раненае жанчыны і пабітага зладзея.

Увесь чародны тыдзень дні і ночы былі да ўтомы аднолькавыя; удзень у камэру прыходзілі людзі, твары якіх былі больш-менш знаёмыя Гэндону, пазіралі на „самазванца", не прызнавалі яго асобы і зьдзекаваліся над ім; уночы, з нязвычайнай рэгулярнасьцю, ішло п'янства і разгул. Хаця-ж, хутка здарылася нешта над'звычайнае; вастрожнік прывёў нейкага старыка і сказаў яму:

– Праступнік тутака, паглядзі сваімі старымі вачыма, ці не пазнаеш яго?

Гэндон паглядзеў і першы раз на ўвесь час прабываньня ў вастрозе перажыў радаснае пачуцьцё.

„Ды гэта-ж Блэк Андрыюс, стары слуга наш – добрая чэсная душа, мілае сэрца, гэта значыць гэткім ён калісьці быў. Цяпер няма чэсных людзей, усе змахляваліся. Гэты чалавек таксама пазнае мяне – і так-жа сама адрачэцца, як і іншыя.

Старык абвёў вачыма па пакоі, пачарзе разглядзеў усе фізіяноміі і, нарэшце, сказаў:

– Нікога ня бачу, апрача машэньнікаў ды бадзякаў. А дзе-ж ён?

Вастрожнік засьмяяўся.

– Вось ён; прыгледзься-ж да гэтага біндуса і скажы, што думаеш.

Старык падыйшоў да Гэндона, доўга і ўважна глядзеў на яго; пасьля, памахаўшы галавою сказаў:

– Дзе там, гэта ня Гэндон, ды ён ніколі ім і ня быў!

– Так! Твае старыя вочы яшчэ могуць служыць. Калі-б я быў на месцы сэра Гью, дык узяў-бы я гэтага нягодніка дый...

Вастрожнік замест канца фразы, падняўся на пальчыкі, робячы паказ, што накладае пятлю, і пусьціў сіплы гук, быццам вісельнік. А старык злосна заўважыў:

– Хай дзякуе Богу, калі гэтак яшчэ скончыцца. Калі-б нягоднік папаўся мне ў лапы, дык я яго жыўцом засмажыў-бы, як чэсны чалавек!...

Вастрожнік зайшоўся ад злосна-радаснага рогату, быццам гіена, і сказаў:

– А заляпі яму, як належыць, пагамані, як рэшта тваіх таварышоў. Пацеха, сапраўды, не благая...

Ён пасунуўся ў пярэдні пакой і зьнік. А старык стаў на калены і прашаптаў:

– Дзякуй Богу, вы вярнуліся, паночку! А я вось думаў, што наш пан гэта ўжо гадкоў сем будзе, як памёр, а ён, бач, жывюсенькі! Але-ж адразу пазнаў вас, як толькі ўбачыў. Цяжка мне было і брывом ня міргнуць, прыкідацца, што перада мною адны машэньнікі ды галіта толькі. Стары я й бедны, сэр Майльс, але варта табе сказаць слоўца, і я ўсім праўду ў вочы скажу, хоць-бы мяне за гэта й павесілі.

– Не, – загаварыў Гэндон, – ня трэба. Толькі сабе бяды нажывеш, а мне ані не паможаш. Усё-ж такі, дзякую табе, ты хоць крыху вярнуў мне веры ў людзей.

Стары слуга аказаўся вельмі карысным для Гэндона і для караля. Некалькі раз на дзень ён заходзіў „дапякаць самазванцу" і заўсёды, тоячыся, прыносіў такую-сякую закрасу, ў падмацаваньне да поснае арыштанскае стравы; апрача таго перадаваў бягучыя навіны.

Гэндон прыхоўваў дэсэрт для караля; без яго яго вялікасьць ня выжыў-бы, таму што ня мог есьці грубае, дрэннае стравы, якую прыносіў вастрожнік. Андрыюс змушаны быў абмежавацца кароткімі адведваньнямі, каб не наклікаць на сябе падазрэньня; але кожны раз ён ухітраўся шэптам перадаць ня мала ведамасьцяў – перамешваючы іх лаянікаю, казанаю голасна, з мэтаю адвясьці вочы пабочным.

Гэткім спосабам пакрысе выясьнілася ўся гісторыя сям'і Гэндона. Шэсьць гадоў ужо, як памёр Арзсэр. Гэтая страта, а таксама бязьведная адсутнасьць Майльса падарвала здароўе бацькі. Прачуваючы канец, ён пажадаў пры жыцьці вырашыць лёс Гью і Эдыты. Дзяўчына сьлёзна прасіла адсрочыць рашэньне, спадзяючыся на паварот Майльса, але вось прыйшло пісьмо з паведамленьнем аб сьмерці яго. Гэты ўдар дабіў сэра Рычарда. Саўсім пэўны, што хутка памрэ, ён, разам з Гью, настойваў на тым, каб яны пажаніліся. Эдыта выпрасіла месяц сроку, пасьля другі, нарэшце трэці, і шлюб усё такі адбыўся – каля сьмяротнай пасьцелі сэра Рычарда. Шлюб аказаўся нешчасьлівым. Хадзілі чуткі, што хутка пасьля вясельля маладая знайшла ў паперах мужа некалькі чарнавікоў страшэннага пісьма і кінула яму ў твар абвінавачаньне, што ён цераз падлог прысьпяшыў свой шлюб – і, разам з тым, сьмерць старога бацькі. Усюды гаманілі аб нялюдзкім абхаджэньні з лэді Эдытаю і са слугамі – адным словам, па сьмерці бацькі сэр Гью скінуў маску і паказаў сябе бязьлітасным дэспотам датычна ўсіх хто так ці йначай быў ад яго ў залежнасьці.

Часамі расказ Андрыюса вельмі пачынаў цікавіць караля, і ён вастрыў вушы.

– Ходзяць чуткі, – расказваў аднаго разу слуга, – што кароль звар'яцеў. Але, калі ласка, ані слова аб гэтым, што ад мяне гэта чулі, таму што за гэткія рэчы, як кажуць, – карачун.

Яго вялікасьць глянуў на старыка і сказаў:

– Кароль ані не звар'яцеў, дарагі мой – а табе лепш было б глядзець свае справы, чымся займацца небясьпечнымі расказамі.

– Што ён там гамоніць? – спытаўся Андрыюс, зьдзіўлены нечаканаю заяваю з боку хлопчыка.

Гэндон даў яму знак не чапаць гэткага пытаньня, і старык казаў далей:

– Праз дзень ці два караля будуць хаваць у Віндзоры, – 16-га чысла гэтага месяца, а новы кароль 20-га будзе каранавацца ў Вэстмінстэры.

– Здаецца, што раней не пашкодзіла-б знайсьці яго, – прамармытаў яго вялікасьць, і дадаў са спакойнаю пэўнасьцю: – Але аб гэтым, ведама што, патурбуюцца, а я таксама прыму меры.

– У імя Бога... аб чым гэта ён?... ізноў спытаўся старык, але Гэндон, кіўнуўшы, перабіў яго. Ён трашчаў далей:

– Сэр Гью паедзе на каранацыю – вялікія надзеі мае. Разьлічае вярнуцца пэрам, – то-ж ён у вялікай ласцы ў лёрда-пратэктара.

– У якога лёрда-пратэктара?– перабіў хлопчык.

– У яго сьветласьці гэрцога Сомэрсэта.

– Якога гэрцога Сомэрсэцкага?

– Божачка, дык ён-жа ж адзін – Сэймур граф Гэртфорд.

– З якога гэта часу ён зрабіўся гэрцогам і лёрдам-пратэктарам?

– З мінулага студня месяца.

– А хто даў яму гэты сан?

– Сам, мусі, ды вярхоўная рада, са згоды караля.

Яго вялікасьць здрыгануўся. – Караля? – крыкнуў ён. – Якога караля, чалавеча?

– Як якога? Божа-ж мой, што гэта з хлопчыкам? Дык-жа ж кароль у нас адзін – ведама які: яго вялікасьць Адварды Шосты, хай яго крые Бог! Дый мілы ён, добры хлопчык. Звар'яцелы ён ці не – кажуць, штодзень папраўляецца, – але ўсе яго хваляць, старыя й малыя пасылаюць малітвы да неба, каб надарыла яго даўгім векам, дзеля дабра Англіі; панаваньне сваё ён пачаў літасьцю – памілаваў старога гэрцога Норфолька, а цяпер хоча адмяніць нялюдзкія законы, прыгнятаўшыя народ.

Гэтая навіна страшэнна зьдзівіла караля; ён патануў у глыбокіх панурых думках і ўжо ня чуў старыка. Няўжо-ж гэта „самазванец" і быў той жабрак-хлопчык, якога ён пакінуў у палацы, пераапрануўшы ў сваю вопратку? Гэта здавалася немагчымым, таму што яго манеры і мова, напэўна, выдалі-б яго, калі-б ён здумаў цьвярдзіць, што ён прынц Уэльскі – тады яго выгналі-б і пачалі-б шукаць сапраўднага прынца. Ці, можа быць, двор пасадзіў на пасад заместа яго, якога-нібудзь малайца знатнага роду? Не, яго дзядзька не дапусьціў-бы да гэтага, – ён усемагутны і, разумеецца, здушыў-бы гэткі рух. Дагадкі хлопчыка ні да чаго не давялі; чым болей ён стараўся дабрацца да тайны, тым больш станавіўся ў тупік, тым мацней балела ў яго галава, тым горшы быў сон. Яго нецярплівасьць якнайхутчэй трапіць у Лёндан мацнела кожную гадзіну, а сядзеньне ў вастрозе зрабілася для яго блізу што нязносным.

Усе стараньні ўцешыць караля былі дарэмны; але дзьве жанчыны, прыкованыя разам, здолелі зрабіць на яго ўплыў. Іхнія ласкавыя ўгаворы супакоілі яго і навучылі такое-сякое цярплівасьці. Хлопчык быў удзячны ім за гэта; пакрысе ён палюбіў іх і знаходзіў уцеху ў іхнім добрым, супакойвальна дзеяўшым на яго, таварыстве. Ён спытаўся, за што яны трапілі ў вастрог, і калі пачуў адказ, што належаць да сэкты баптыстых, дык з усьмешкаю спытаўся:

– Хіба-ж гэта такое праступленьне, каб саджаць у вастрог? Шкада, хутка нам прыдзецца расстацца – за гэткае глупства ня будуць вас доўга трымаць.

Яны не адказвалі; але штосьці ў выразе іхніх твараў стрывожыла яго.

– Вы маўчыцё, – сказаў ён жыва, – калі ласка, скажэце, ці не чакае вас яшчэ якая-нібудзь кара? У імя Бога, скажэце шчыра – вам няма чаго баяцца.

Жанчыны спрабавалі зьмяніць гутарку, але няпэўнасьць хлопчыка ўсё мацнела.

– Няўжо-ж вас яшчэ пачнуць біць бізунамі? Не, яны ня будуць гэткімі жорсткімі. Ці-ж ня праўда? То-ж ня будуць, не? Дык кажэце-ж...

Жанчыны выказалі замяшаньне і крыўду, але нельга было ўхіліцца ад адказу.

– О, не гаруй, добрая душа! Бог паможа нам вытрываць наша...

– Прызналася, нарэшце! – перабіў кароль. Значыцца, гэтыя нягодныя людзі, якія ня маюць сэрца, будуць біць вас! Ах ня плачце, калі ласка, я не магу гэтага бачыць. Будзьце адважнымі – я ізноў дайду да ўлады і выратую вас ад горкае долі, верце мне.

Раніцай, калі ўстаў кароль, жанчын ужо ня было.

– Іх звольнілі! – радасна сказаў ён; пасьля з роспаччу дадаў: – Але, гора мне – яны цешылі мяне.

Кожная з іх прышпіліла да яго вопраткі па кавалку стужачкі, на памятку. Хлопчык пастанавіў хаваць іх праз усё жыцьцё, затым у хуткім часе знайсьці няшчасных і ўзяць іх пад сваю апеку.

У гэту мінуту ўвайшоў вастрожнік з некалькімі памоцнікамі і загадаў вывясьці ўсіх арыштантаў на двор. Кароль ня помніў сябе з радасьці... Якое шчасьце! Ён ізноў убачыць блакітнае неба, ізноў будзе дыхаць сьвежым паветрам! Ён нэрваваўся і злаваў, бачачы, як марудзяць вастрожныя слугі, але прыйшла і яго чарга – яго раскавалі і выпусьцілі разам з Гэндонам.

Квадратны вастрожны падворак быў выбрукаваны каменьнямі. Арыштованых вялі цераз масыўны скляпісты ход і выстраілі шарэнгу плячыма да сьцяны. Перад імі працягнулі вяроўку і паставілі варту. Было халоднае, хмурнае раньне, лёгкі сьняжок, выпаўшы ўночы, пакрыў белаю посьцілкаю вялізны пляц падворку, надаўшы яму яшчэ больш пануры выгляд. Час-ад-часу ўрываўся халодны віхар і, круцячы, разьмятаў сьнег.

На сярэдзіне падворку стаялі дзьве жанчыны, прыкованыя да ганебных стаўпоў. З першага пагляду кароль пазнаў сваіх добрых знаёмых. Ён здрыгануўся. „Ага, іх ня звольнілі, як я думаў", праляцела ў яго ў галаве. „І падумаць толькі, што ім прыдзецца вытрываць удары бізуноў, і дзе? – у Англіі. Ой, які сорам! То-ж гэта робіцца не ў якой-нібудзь дзікай старане, а ў хрысьціянскай Англіі! Іх будуць біць, а я, якога яны ўцяшалі ў вастрозе, з якім былі гэткімі далікатнымі, я прымушаны быць маўклівым сьведкаю жахоўнага ліхадзейства! Я, крыніца ўлады ў гэтай вялізнай дзяржаве, ня маю сілы абараніць іх! Але сьцеражэцеся, зладзеі, – хутка надойдзе дзень, калі я патрэбую ад вас справаздачы, і кожны ўдар, які вы дасьцё ім, будзе вам каштаваць сто ўдараў!" Шырокая брама адчынілася і ў падворак паваліла маса гарадзкіх жыхароў. Яны абступілі абедзьвюх жанчын, так што кароль ня бачыў іх болей. Паказаўся сьвяшчэньнік; ён праціснуўся праз натаўп і схаваўся. Да караля даляталі адрывістыя пытаньні і адказы, але ён ня мог разабраць іх. Затым паднялася мітусьня, штосьці рыхтавалі, стражнікі цягаліся ў пярэдніх радох. Паступова шум і гоман заціх і запанавала глыбокая ціша.

Па камандзе, натаўп расступіўся, і перад каралём паказаўся гэткі абраз, што кроў застыла ў жылах. Вакол абедзьвюх жанчынзў навалены былі гурбы гальля, і нейкі чалавек, стоячы на каленках, падпальваў яго.

Засуджаныя спусьцілі галаву і затулілі твар рукамі. Жоўтыя агнявыя язычкі паказаліся ў гальлі, якое заскрыпела і затрашчала, а вецер падхапіў стаўпы сіняга дыму. Сьвяшчэньнік падняў рукі ўгару і пачаў чытаць малітву. Раптам у браме пачуўся жахлівы, душу разьдзіраўшы крык дзьвюх дзяўчатак, якія стрымгалоў кінуліся да прыкованых ахвяраў. Іх у тую-ж мінуту адцягнулі стражнікі; адну моцна трымалі, а другая вырвалася, крычучы, што хоча памёрці разам з маткаю, і перш, чымся яе схапілі, яна кінулася да засуджанае і апляла рукамі яе шыю. Яе ледзь адцягнулі; двом-тром чалавекам ледзь удалося ўтрымаць яе і адарваць ніз вопрткі, якая ўжо загарэлася. Яна ня сьціхала бічкавацца, спадзяючыся вызваліцца; крычала, што застаецца поўнаю сіратою, што лепей ёй памёрці разам з маткаю. Плач і крык раптам быў заглушаны душу разьдзіраўшымі перадсьмяротнымі крыкамі... Кароль глянуў на звар'яцеўшых дзяўчат, пасьля на агні – і адвярнуўся да сьцяны, са зьбялеўшым, як у мраца, тварам; больш ён не глядзеў. „Тое, што я сягоньня бачыў, – сказаў ён сабе, – ніколі ня зьнікне з мае памяці; гэты абразок будзе ў маіх вачох удзень, будзе прасьледаваць мяне ў сьне ўночы, пакуль я жывы. Божачка, лепей мне было-б сьляпым быці, чымся быць сьведкаю гэткага жаху!"

Гэндон увесь час сачыў за каралём. „Яго расстройства, як быццам, праходзіць; ён зьмяніўся, зрабіўся мягчэйшым. Калі-б ён паўтараў свае нядаўныя замашкі, дык раскрычаўся-б проці гэтых зьвяроў, заявіў-бы, што ён кароль, і загадаў-бы пусьціць жанчын цэлымі і непашкоджанымі. Хутка яго штучкі прайдуць, і сьледу не застанецца, і ён будзе здаравюсенькі. Дай-жа Божа, каб якнайхутчэй!"

У той самы дзень у вастрог прывялі на начлег яшчэ некалькі арыштантаў, якія скіроўваліся пад канвоем у розныя месцы каралеўства, дзе павінны былі падпасьці пад кару за зробленыя праступленьні. Кароль завёў з імі гутарку, – наагул, ён з самага пачатку паставіў мэту – распытвацца пры першым лепшым выпадку пра ўсё ў арыштантаў, каб выцягнуць такія-сякія лекцыі дзеля свае будучае высокае місіі, – і расказы аб іхняй пакуце разьдзіралі яму сэрца. Паміж сьвежапрыбыўшымі была бедная поўзвар'яцелая жанчына, украўшая адзін ці два аршыны сукна ў ткача, за гэта ёй пагражала шыбеніца. Быў тут і мужчына, вінавачаны ў канакрадзтве; дзеля таго, што важкіх доказаў проці яго ня было, дык ён ухіліўся-б ад вяроўкі, але хутка яго злавілі на паляваньні ў каралеўскім лесе, і цяпер перад ім быў адзін канец – казьнь. Асабліва знэрвавала яго справа маладога падмайстра; хлапец гэты аднаго разу на вуліцы злавіў увечары сакала, ўцёкшага ад гаспадара, і панёс яго да хаты, нічога не падазраваючы, але суд абвінаваціў яго ў кражы і засудзіў на сьмерць.

Кароль дайшоў да шаленства ад гэтых жорткасьцяў; ён упрашваў Гэндона зламаць кайданы і ўцячы з ім у Вэстмінстэр, каб ён мог заняць пасад і выратаваць жыцьцё няшчасных людзей. „Беднае дзіця, – ўздыхнуў Гэндон, – гэтыя жахлівыя расказы ізноў расстроілі яго. Бяда! каб ня гэты выпадак, дык ён хутчэй паправіўся-б.

У ліку арыштованых быў і стары кухар – чалавек з энэргічнаю фізіяноміяй, з адвагаю ў вачох. Тры гады назад ён напісаў памфлет на лёрда-канцлера, вінавацячы яго ў незаконных дзеяньнях, і за гэта яму публічна адсеклі вушы, выключылі з стану са штрафам у 3000 фунтаў штэрлінгаў, ды ў дадатак быў засуджаны на вечны вастрог. Нядаўна ён ізноў выступіў з артыкулам, за якое праступленьне яму быў вынесены гэткі прыгавар: адсячы „рэшту вушэй", аштрафаваць на 5000 фунт. штэрлінгаў, налажыць кляймо на абедзьве шчакі і пакінуць у вастрозе.

– Гэта ганаровыя шнары! – закончыў старык і, адкінуўшы свае сівыя валасы, паказаў канчар таго, што калісьці было вухам.

Вочы караля загарэліся гневам.

– Ніхто мне ня верыць – і ты не паверыш. Але нічога – не прайдзе й месяца часу, як ты будзеш вольным. Мала таго: законы, якія цябе гэтак абяшчэсьцілі і апаганілі самае імя Англіі, будуць выкрэсьлены з агульнага кодэксу. Сьвет пабудованы навыварат; каралём варта было-б час-ад-часу на сваёй скуры прабаваць законы і гэткім чынам навучыцца літасьці.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю