355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Джонатан Свифт » Падарожжы Гулівера » Текст книги (страница 6)
Падарожжы Гулівера
  • Текст добавлен: 6 мая 2017, 03:30

Текст книги "Падарожжы Гулівера"


Автор книги: Джонатан Свифт



сообщить о нарушении

Текущая страница: 6 (всего у книги 8 страниц)

8

Дні, тыдні і месяцы ў краіне веліканаў былі не даўжэйшыя і не карацейшыя, чым ва ўсіх іншых частках свету. І беглі яны адзін за другім з такой жа хуткасцю, як і ўсюды.

Пакрысе Гулівер прывык бачыць вакол сябе людзей, вышэйшых за дрэвы, і дрэвы, вышэйшыя за горы.

Неяк каралева паставіла яго сабе на далонь і падышла з ім да вялікага люстэрка, у якім абое яны былі відаць з галавы да пят.

Гулівер мімаволі засмяяўся. Яму раптам здалося, што каралева самага звычайнага росту, зусім такая, як усе людзі на свеце, а вось ён, Гулівер, зрабіўся меншы, чым быў, разоў у дванаццаць.

Патрохі ён перастаў здзіўляцца, калі бачыў, што людзі жмураць вочы, каб лепш разгледзець яго, і падносяць далонь да вуха, каб пачуць, што ён гаворыць.

Ён ведаў, што амаль кожнае яго слова здаецца веліканам смешным і дзіўным і чым больш сур'ёзна ён разважае, тым болей з яго смяюцца. Ён ужо не крыўдзіўся на іх за гэта, а толькі думаў з горыччу: «Можа, і я смяяўся б, калі б канарэйка, якая жыве ў мяне дома ў прыгожай пазалочанай клетцы, раптам надумалася гаварыць пра навуку і палітыку».

Зрэшты, Гулівер не скардзіўся на свой лёс. З таго часу як ён трапіў у сталіцу, яму жылося нядрэнна. Кароль і каралева вельмі любілі свайго Грыльдрыга, а прыдворныя былі з ім вельмі пачцівыя.

Прыдворныя заўсёды пачцівыя з тымі, каго любяць кароль і каралева.

Адзін толькі вораг быў у Гулівера. І як ні ахоўвала свайго выхаванца клапатлівая Глюмдалькліч, яна ўсё-такі не змагла засцерагчы яго ад многіх непрыемнасцяў.

Гэты вораг быў карлік каралевы.

Да таго як з'явіўся Гулівер, ён лічыўся самым маленькім чалавекам ва ўсёй краіне. Яго прыгожа апраналі, гулялі з ім, яму дараваліся дзёрзкія жарты і надакучлівыя свавольствы. Але як толькі Гулівер пасяліўся ў пакоях каралелевы, і яна сама і ўсе прыдворныя перасталі нават заўважаць карліка.

Карлік хадзіў па палацы хмуры, сярдзіты, злаваўся на ўсіх, а больш за ўсё, зразумела, на самога Гулівера.

Ён не мог спакойна глядзець на тое, як цацачны чалавечак стаіць на стале і, чакаючы выхаду каралевы, свабодна размаўляе з прыдворнымі.

Злосна ўхмыляючыся і крыўляючыся, карлік пачынаў падсмейвацца з новага каралеўскага любімчыка. Але Гулівер не звяртаў на гэта ўвагі і на кожны жарт адказваў двума, яшчэ больш дасціпнымі.

Тады карлік пачаў думаць пра тое, як бы інакш насаліць Гуліверу. І вось аднойчы ў час абеду, падлавіўшы момант, калі Глюмдалькліч пайшла па нешта ў другі канец пакоя, ён узлез на падлакотнік крэсла каралевы, схапіў Гулівера, які спакойна сядзеў за сваім столікам, размахнуўся і кінуў яго ў срэбны кубак са смятанкай, а сам кулём выкаціўся з пакоя і зашыўся ў нейкі цёмны куток.

Каралева так перапалохалася, што ёй нават і ў галаву не прыйшло падаць Гуліверу кончык мезенца ці маленькую лыжку. Бедны Гулівер плюхаўся ў белых густых хвалях і, мусіць, праглынуў не менш гладыша халоднай, як лёд, смятанкі, пакуль нарэшце не падбегла Глюмдалькліч. Яна выхапіла яго з кубка і загарнула ў сурвэтку.

Гулівер хутка сагрэўся, і незвычайная ванна не прынесла яму вялікай шкоды. Усё скончылася лёгкім насмаркам, але з таго часу ён не мог без агіды нават глядзець на смятанку.

Каралева вельмі раззлавалася і загадала сурова пакараць свайго ранейшага любімца.

Карліка балюча адлупцавалі і прымусілі выпіць кубак смятанкі, у якой выкупаўся Гулівер.

Пасля гэтага тыдні два карлік паводзіў сябе добра – не чапаў Гулівера і нават ветліва ўсміхаўся яму, праходзячы міма.

Усе – нават насцярожаная Глюмдалькліч і сам Гулівер – перасталі асцерагацца яго.

Але карлік затаіўся, ён толькі чакаў зручнага выпадку, каб расквітацца разам за ўсё са сваім шчаслівым сапернікам. І гэты выпадак, як і першы раз, трапіўся яму ў час абеду.

Каралева паклала сабе на талерку костку з мазгамі, мазгі дастала, а талерку адсунула ўбок.

Глюмдалькліч якраз пайшла да буфета, каб наліць Гуліверу віна. Карлік падкраўся да стала, і не паспеў Гулівер апамятацца, як карлік засунуў яго па самыя плечы ў пустую костку.

Добра яшчэ, што костка паспела астыць. Гулівер не апёкся, але ад крыўды ледзь не заплакаў.

Болей за ўсё крыўдна было тое, што каралева і прынцэсы нават не заўважылі, што ён знік, і спакойна гаманілі са сваімі прыдворнымі дамамі.

Клікнуць іх на дапамогу і прасіць, каб яго выцягнулі з каровінай косткі, Гулівер не хацеў. Ён вырашыў маўчаць, што б ні было далей.

«Толькі б костку не кінулі сабакам!» – думаў ён.

Але, на шчасце, вярнулася Глюмдалькліч са збанам віна. Яна адразу ж убачыла, што Гулівера няма на месцы, і пачала шукаць яго.

Які перапалох узняўся ў каралеўскай сталовай! Каралева, прынцэсы і прыдворныя дамы пачалі падымаць і трэсці сурвэткі, заглядваць у міскі, шклянкі, соўснікі.

Але ўсё было дарэмна: Грыльдрыг прапаў бясследна. Каралева была ў роспачы. Яна не ведала, на каго злавацца, і таму злавалася яшчэ больш.

Невядома, чым бы скончылася гэтая гісторыя, калі б меншая прынцэса не заўважыла Гулівераву галаву, якая тырчала з косткі, быццам з дупла вялізнага дрэва.

– Вунь ён! Вунь ён! – закрычала яна.

Праз хвіліну Гулівера выцягнулі з косткі.

Каралева адразу ж здагадалася, хто ўсё гэта натварыў.

Карліка зноў адлупцавалі, а нянечка панесла Гулівера адмываць і пераапранаць.

Пасля гэтага выпадку карліку забаранілі паказвацца ў каралеўскай сталовай, і Гулівер доўга не бачыў свайго ворага – пакуль не сустрэўся з ім у садзе.

Здарылася гэта так. Аднойчы гарачым летнім днём Глюмдалькліч вынесла Гулівера ў сад і пусціла яго пагуляць у цяньку.

Ён пайшоў па дарожцы, уздоўж якой раслі яго любімыя карлікавыя яблыні.

Дрэўцы гэтыя былі такія маленькія, што, задзёршы галаву, Гулівер лёгка мог убачыць верхавіны іх. Праўда, яблыкі на іх раслі, як гэта часта бывае, яшчэ большыя, чым на вялікіх дрэвах.

І тут з-за павароту насустрач Гуліверу выйшаў карлік. Гулівер не стрымаўся і сказаў, насмешліва зірнуўшы на яго:

– Вось гэта дык цуд! Карлік – сярод карлікавых дрэў. Не кожны дзень такое ўбачыш.

Карлік нічога не адказаў, толькі злосна паглядзеў на Гулівера. І Гулівер пайшоў далей. Але не паспеў ён ступіць і трох крокаў, як адна з яблынь затрэслася і град яблыкаў, з піўную бочачку кожны, з гулкім стукатам пасыпаліся на Гулівера.

Адзін з іх стукнуў яго па спіне, збіў з ног, і ён расцягнуўся на траве, закрываючы галаву рукамі. А карлік зарагатаў і пабег у глыбіню саду.

Жаласны крык Гулівера і злосны рогат карліка пачула Глюмдалькліч. Яна спалохана кінулася да Гулівера, падняла яго і занесла дамоў.

На гэты раз Гулівер некалькі дзён праляжаў у пасцелі – так моцна ён быў пабіты цяжкімі яблыкамі, што раслі на карлікавых яблынях у краіне веліканаў. Калі ён нарэшце падняўся на ногі, выявілася, што карліка ў палацы больш няма.

Глюмдалькліч расказала аб ўсім каралеве, і каралева так раззлавалася на яго, што не захацела яго больш бачыць і падарыла адной знатнай даме.

9

Кароль і каралева часта падарожнічалі па сваёй краіне, і Гулівер звычайна суправаджаў іх.

За час гэтых падарожжаў ён зразумеў, чаму ніхто ніколі не чуў пра дзяржаву Брабдынгнег.

Краіна веліканаў размяшчалася на вялізнай паўвыспе, якую ад вялікай зямлі аддзяляў ланцуг гор. Горы гэтыя такія высокія, што перабрацца цераз іх зусім немагчыма. Яны стромыя, абрывістыя, і сярод іх шмат дзеючых вулканаў. Патокі вогненнай лавы і гарачы попел адсякалі шлях да гэтага вялізнага горнага хрыбта. З астатніх трох бакоў паўвыспы быў акіян. Але берагі паўвыспы былі так густа ўсыпаны вострымі скаламі, а мора ў гэтых мясцінах такое бурнае, што прыстаць да берагоў Брабдынгнега не змог бы нават самы вопытны марак.

Толькі, нейкі шчаслівы выпадак дазволіў караблю, на якім плыў Гулівер, падысці да гэтых непрыступных скалаў.

Звычайна нават трэскі ад разбітых караблёў не даплываюць да гэтых непрыветных, пустынных берагоў.

Рыбакі не будуюць тут сваіх хацін, не развешваюць сетак. Марскую рыбу, нават самую вялікую, яны лічаць дробнай і касцістай. І не дзіва! Марская рыба заходзіць сюды здалёк – з тых мясцін, дзе ўсе жывыя істоты куды меншыя, чым у Брабдынгнегу. Затое ў мясцовых рэках трапляюцца фарэлі і акуні велічынёй з добрую акулу.

Хаця, калі марскія буры прыбіваюць да прыбярэжных скалаў кітоў, рыбакі часам ловяць іх у свае сеткі.

Гуліверу аднойчы надарылася ўбачыць даволі вялікага кіта на плячы ў аднаго маладога рыбака.

Гэтага кіта купілі потым для каралеўскага стала і падалі на вялікім блюдзе з падлівай з розных прыпраў.

Кітовае мяса ў Брабдынгнегу лічыцца рэдкасцю, але яно не спадабалася ні каралю, ні каралеве. Яны лічылі, што рачная рыба смачнейшая і тлусцейшая.

За лета Гулівер аб'ездзіў краіну веліканаў удоўж і ўпоперак. Каб яму было зручней падарожнічаць і каб Глюмдалькліч не стамлялася ад вялікай цяжкай скрынкі, каралева заказала для свайго Грыльдрыга спецыяльны дарожны домік.

Гэта была квадратная скрыначка ўсяго на дванаццаць крокаў у даўжыню і ў шырыню. Кожная з трох сценак мела па акенцу, зацягнутым лёгкімі кратамі з жалезнага дроту. Да чацвёртай глухой сцяны былі прыладжаны дзве моцныя спражкі.

Калі Гулівер хацеў ехаць на кані, а не ў карэце, коннік ставіў скрынку на падушку сабе на калені, прасоўваў у гэтыя спражкі шырокую скураную папругу і прышпільваў яе да свайго пояса. Гулівер мог пераходзіць ад аднаго акенца да другога і з трох бакоў аглядаць наваколле.

У скрынцы былі паходная пасцель – гамак, падвешаны да столі, – два крэслы і камода. Усе гэтыя рэчы былі моцна прышрубаваны да падлогі, каб не куляліся і не падалі ад дарожнай трасяніны.

Калі Гулівер і Глюмдалькліч выпраўляліся ў горад што-небудзь купляць ці проста так, пагуляць, Гулівер заходзіў у свой дарожны кабінет, а Глюмдалькліч садзілася ў адкрытыя насілкі і Ставіла скрынку з Гуліверам сабе на калені.

Чатыры насільшчыкі паціху неслі іх па вуліцах Ларбрульгруда, а ўслед за насілкамі ішоў цэлы натоўп людзей. Усім хацелася бясплатна паглядзець на каралеўскага Грыльдрыга.

Час ад часу Глюмдалькліч загадвала насільшчыкам спыніцца, даставала Гулівера са скрынкі і ставіла сабе на далонь, каб цікаўныя маглі добра яго разгледзець.

У дождж Глюмдалькліч і Гулівер выязджалі па справах ці на прагулку ў карэце. Карэта была велічынёй з шасціпавярховы дом, пастаўлены на колы. А на самай справе гэта была самая маленькая з усіх карэт яе вялікасці. Астатнія былі куды большыя.

Гулівера заўсёды ўсё цікавіла, і ён уважліва разглядаў розныя выдатныя мясціны Ларбрульгруда.

Дзе ён толькі ні пабываў! І ў галоўным храме, якім так ганарацца брабдынгнежцы, і на вялікай плошчы, дзе наладжваюцца ваенныя парады, і нават у будынку каралеўскай кухні…

Вярнуўшыся дамоў, ён адразу ж разгортваў свой дарожны журнал і коратка запісваў уражанні.

Вось што напісаў ён, вярнуўшыся з храма:

«Будынак сапраўды цудоўны, хоць званіца яго не такая ўжо і высокая, як гавораць тутэйшыя жыхары. Яна не мае поўнай вярсты. Сцены складзены з абчасаных камянёў нейкай мясцовай пароды. Яны вельмі тоўстыя і трывалыя. Калі меркаваць па глыбіні бакавога ўвахода, таўшчыня іх мае сорак восем крокаў. У глыбокіх нішах стаяць цудоўныя мармуровыя статуі. Яны вышэй за жывых брабдынгнежцаў у паўтара раза. Мне ўдалося ў кучы смецця знайсці адломаны мезены палец адной статуі. Па маёй просьбе Глюмдалькліч паставіла яго побач са мной, і выявілася, што ён мне да вуха. Глюмдалькліч загарнула гэты абломак у хусцінку і прынесла дамоў. Я хачу далучыць яго да іншых рэчаў маёй калекцыі».

Пасля агляду брабдынгнежскіх войск Гулівер напісаў:

«Кажуць, што на полі было не больш за дваццаць тысяч пехацінцаў і тысяч шэсць кавалерыстаў, але я ніколі не мог бы пералічыць іх – такую вялізную прастору займала гэтая армія. Я глядзеў на парад здалёк, бо інакш я нічога не ўбачыў бы, акрамя ног.

Гэта было вельмі велічнае відовішча. Мне здавалася, што каскі коннікаў дастаюць да хмараў. Зямля гула пад капытамі коней. Усе кавалерысты па камандзе агалілі шаблі і махнулі імі ў паветры. Хто не бываў у Брабдынгнегу, хай нават і не спрабуе ўявіць сабе гэты малюнак. Шэсць тысяч маланак адначасова ўспыхнулі з усіх бакоў небасхілу. Куды б мяне ні закінуў лёс, я ніколі не забуду гэтага».

Пра каралеўскую кухню Гулівер у сваім журнале напісаў усяго некалькі радкоў:

«Я не ведаю, як перадаць словамі гэтую кухню. Калі я праўдзіва і шчыра буду апісваць усе гэтыя катлы, гаршкі, скавародкі, калі я паспрабую расказаць, як кухары падсмажваюць на ражне парасят велічынёй з індыйскага слана і аленяў, рогі якіх нагадваюць раскідзістыя кроны вялізных дрэў, мае суайчыннікі, бадай што, не павераць мне і скажуць, што я перабольшваў, як гэта робяць усе падарожнікі. А калі я дзеля перасцярогі што-небудзь зменшу, усе брабдынгнежцы ад караля і да апошняга вучня кухара пакрыўдзяцца на мяне. Таму я лічу за лепшае памаўчаць».

10

Часам Гуліверу хацелася пабыць аднаму. Тады Глюмдалькліч выносіла яго ў сад і пускала пахадзіць сярод званочкаў і цюльпанаў.

Гулівер любіў такія адзінокія прагулкі, але часта яны заканчваліся вялікімі непрыемнасцямі.

Аднойчы Глюмдалькліч пакінула яго аднаго на зялёным лужку, а сама са сваёй настаўніцай пайшла ў глыбіню саду.

Непрыкметна насунулася хмара, і буйны часты град пасыпаўся на зямлю.

Першы ж парыў ветру збіў Гулівера з ног. Градзіны, вялізныя, як тэнісныя мячы, лупілі яго па ўсім целе. Так-сяк, на карачках, яму ўдалося дабрацца да градак з кменам. Там ён уткнуўся тварам у зямлю і, схаваўшыся пад нейкім лістом, перачакаў непагадзь.

Калі бура сціхла, Гулівер памераў і ўзважыў некалькі градзін. Ён пераканаўся, што яны ў тысячу восемсот разоў большыя і цяжэйшыя за тыя, якія яму даводзілася бачыць дома.

Гэтыя градзіны так збілі Гулівера, што ён быў увесь у сіняках і дзесяць дзён адлежваўся ў сваёй скрынцы.

Другая прыгода была яшчэ больш небяспечная.

Ён ляжаў на траве пад кустом маргарытак, заняты сваімі думкамі, і не заўважыў, што да яго падбег сабака аднаго з садоўнікаў – малады, шустры сетэр.

Гулівер не паспеў і крыкнуць, як сабака схапіў яго ў зубы, стрымгалоў ірвануў у другі канец саду і паклаў там ля ног свайго гаспадара, радасна віляючы хвастом. Добра яшчэ, што сабака быў вучоны. Ён умудрыўся прынесці Гулівера так асцярожна, што нават не пракусіў на ім адзенне.

Бедны садоўнік, убачыўшы каралеўскага Грыльдрыга ў зубах свайго сабакі, перапалохаўся да смерці. Ён асцярожна падняў Гулівера абедзвюма рукамі і пачаў распытваць, як ён сябе адчувае. Гулівер ад перапалоху не мог вымавіць ні слова.

Толькі праз некалькі мінут ён трохі апамятаўся, і тады садоўнік занёс яго назад на лужок.

Глюмдалькліч была ўжо там.

Бедная, заліваючыся слязамі, яна кідалася сюды-туды і клікала Гулівера.

Садоўнік з паклонам уручыў ёй пана Грыльдрыга.

Дзяўчынка ўважліва агледзела свайго выхаванца, убачыла, што ён цэлы і здаровы, і з палёгкай уздыхнула.

Выціраючы слёзы, яна пачала дакараць садоўніка за тое, што ён пусціў сабаку ў прыдворны сад. Садоўнік і сам быў не рады гэтаму. Ён бажыўся і кляўся, што больш ніколі не падпусціць ніводнага сабакі – ні свайго, ні чужога – нават і блізка да агароджы саду, хай толькі пані Глюмдалькліч і пан Грыльдрыг не расказваюць пра гэты выпадак яе вялікасці.

На тым і пагадзіліся.

Глюмдалькліч маўчала, бо і сама баялася, каб каралева не раззлавалася на яе, а Гуліверу таксама не хацелася, каб прыдворныя смяяліся з яго і расказвалі адзін другому пра тое, як ён пабываў у зубах нейкага шчанюка.

Пасля гэтага выпадку Глюмдалькліч цвёрда вырашыла не адпускаць ад сябе Гулівера ні на хвіліну.

Гулівер даўно ўжо баяўся такога рашэння і таму ўтойваў ад сваёй нянечкі розныя дробныя прыгоды, якія раз-пораз здараліся з ім, калі яе не было паблізу.

Аднойчы каршун, які лётаў над садам, раптам каменем рынуўся на яго. Але Гулівер не разгубіўся, выхапіў з ножан сваю шпагу і, размахваючы ёю, кінуўся ў кусты.

Калі б не гэты спрытны манеўр, каршун, напэўна, панёс бы яго ў сваіх кіпцюрах.

Другі раз у час прагулкі Гулівер залез на вяршыню нейкага пагорка і раптам праваліўся ў нару, выкапаную кротам.

Цяжка нават расказаць, як нялёгка было яму выбрацца адтуль, але ён усё-такі вылез сам, без чужой дапамогі, і ні словам ніводнай жывой душы не расказаў пра гэтае здарэнне.

Трэці раз ён вярнуўся да Глюмдалькліч накульгваючы і сказаў, што вывіхнуў нагу. На самай жа справе, гуляючы і ўспамінаючы сваю мілую Ангельшчыну, ён напароўся на ракавіну смаўжа і ледзь не зламаў сабе нагу.

Дзіўнае пачуццё валодала Гуліверам у час такіх адзінокіх прагулак: яму было і добра, і жудасна, і сумна.

Нават самыя маленькія птушачкі зусім не баяліся яго: яны спакойна рабілі сваю справу – скакалі, мітусіліся, шукалі чарвякоў і казявак, як быццам Гулівера і не было каля іх.

А то неяк адзін смелы дрозд, весела цырыкнуўшы, падскочыў да беднага Грыльдрыга і выхапіў у яго з рук кавалак пірага, які Глюмдалькліч дала яму на снеданне.

Калі Гулівер спрабаваў злавіць якую-небудзь птушку, яна спакойна паварочвалася да яго і старалася дзеўбануць у галаву ці ў працягнутыя рукі. Гулівер мімаволі адскокваў.

Але неяк ён усё-такі злаўчыўся, запусціў тоўстую дубіну ў адну непаваротлівую канаплянку, і тая ўпала як нежывая. Гулівер схапіў яе аберуч за шыю і ўрачыста пацягнуў да нянечкі, каб хутчэй паказаць ёй сваю здабычу.

І раптам птушка ажыла.

Аказалася, яна не была забіта, а толькі аглушана моцным ударам палкі.

Канаплянка пачала крычаць і вырывацца. Яна біла Гулівера крыламі па галаве, па плячах, па руках. Ударыць яго дзюбай яна не магла, бо Гулівер трымаў яе на выцягнутых руках.

Ён ужо адчуваў, як рукі яго слабеюць і канаплянка вось-вось вырвецца і паляціць.

Але тут падаспеў адзін з каралеўскіх слуг. Ён адкруціў раз'юшанай канаплянцы галаву і занёс паляўнічага разам са здабычай да пані Глюмдалькліч.

На другі дзень па загаду каралевы канаплянку засмажылі і падалі Гуліверу на абед.

Птушка была крыху большая, чым лебедзі, якіх ён бачыў у сябе на радзіме, і мяса яе было цвердаватае.

11

Гулівер часта расказваў каралеве пра свае ранейшыя марскія падарожжы.

Каралева слухала яго вельмі ўважліва і аднойчы спытала, ці ўмее ён абыходзіцца з ветразямі і вёсламі.

– Я карабельны доктар, – адказаў Гулівер, – і ўсё сваё жыццё правёў на моры. З ветразем я спраўляюся не горш за сапраўднага матроса.

– А ці не хочаш ты, мой мілы Грыльдрыг, пакатацца на лодцы? Я думаю, гэта было б вельмі карысна для твайго здароўя, – сказала каралева.

Гулівер толькі ўсміхнуўся. Самыя маленькія лодачкі ў Брабдынгнегу былі куды большыя і цяжэйшыя за першакласныя ваенныя караблі яго роднай Ангельшчыны. Не было чаго і думаць справіцца з такой лодкай.

– А калі я закажу для цябе цацачны караблік? – спытала каралева.

– Баюся, ваша вялікасць, што яго чакае лёс усіх цацачных караблікаў: марскія хвалі перавернуць і панясуць яго, як арэхавую шкарлупіну.

– Я закажу для цябе і караблік і мора, – сказала каралева.

Праз дзесяць дзён цацачны майстар зрабіў па малюнку і ўказаннях Гулівера прыгожую і трывалую лодачку з усімі снасцямі.

У гэтай лодачцы маглі б размясціцца сем весляроў звычайнай чалавечай пароды.

Каб праверыць гэту цацку, яе спачатку пусцілі ў балею з вадой, але ў балеі было цесна, Гулівер не мог нават паварушыць вяслом.

– Не бядуй, Грыльдрыг, – сказала каралева, – хутка будзе гатова тваё мора.

І сапраўды, праз некалькі дзён мора было гатова.

Па загаду каралевы цясляр зрабіў вялікія драўляныя ночвы даўжынёю трыста крокаў, шырынёю пяцьдзесят і глыбінёю больш сажня.

Ночвы добра прасмалілі і паставілі ў адным з пакояў палаца. Кожныя два-тры дні ваду з іх вылівалі, і двое слуг за паўгадзіны напаўнялі іх свежай вадой.

Па гэтым цацачным моры Гулівер часта катаўся на сваёй лодцы.

Каралева і прынцэсы вельмі любілі глядзець, як спрытна працуе ён вёсламі.

Часам Гулівер ставіў ветразь, а прыдворныя дамы, размахваючы сваімі веерамі, то наганялі спадарожны вецер, то ўздымалі цэлую буру.

Калі яны стамляліся, на ветразь пачыналі дзьмуць пажы, і Гуліверу не так проста было справіцца з такім моцным ветрам.

Пасля катання Глюмдалькліч несла лодку да сябе ў пакой і вешала на цвік, каб яна прасохла.

А аднойчы Гулівер ледзь не ўтапіўся ў сваіх ночвах. Вось як гэта здарылася.

Старая прыдворная дама, настаўніца Глюмдалькліч, узяла Гулівера двума пальцамі і хацела пасадзіць у лодку.

Але ў гэту хвіліну нехта паклікаў яе. Яна азірнулася, адпусціла пальцы, і Гулівер выслізнуў з рукі.

Ён бы абавязкова ўтапіўся або разбіўся, упаўшы з шасцісажневай вышыні на край ночваў ці на драўляны памост, але, на шчасце, зачапіўся за шпільку, якая тырчала з касынкі старой дамы. Галоўка шпількі прайшла ў яго пад поясам і пад кашуляй, і небарака павіс у паветры, замёршы ад страху, баючыся паварушыцца, каб не сарвацца.

А старая дама разгублена лыпала вачыма і ніяк не магла зразумець, куды ж падзеўся Гулівер.

Але тут падбегла Глюмдалькліч і асцярожна, стараючыся не зрабіць яму балюча, зняла Гулівера са шпількі.

У гэты дзень прагулка на лодцы была адменена. Гулівер адчуваў сябе нядобра, яму было не да катання.

Другі раз яму давялося правесці ў час прагулкі сапраўдны марскі бой.

Слуга, якому было даручана мяняць у ночвах ваду, недаглядзеў і прынёс у вядры вялізную зялёную жабу. Ён выліў ваду разам з жабай і пайшоў.

Жаба прытаілася на дне і, пакуль Гулівера садзілі ў лодку, сядзела спакойна. Але як толькі Гулівер адплыў ад берага, яна рэзкім скачком сіганула ў лодку. Лодка так моцна нахілілася на адзін бок, што Гулівер павінен быў усім целам наваліцца на другі борт, інакш бы яна абавязкова перакулілася.

Ён налёг на вёслы, каб хутчэй прычаліць да прыстані, але жаба быццам наўмысна перашкаджала яму. Напалоханая мітуснёй, што ўзнялася наўкол, яна пачала скакаць узад і ўперад: з носа на карму, з правага борта на левы. Пры кожным яе скачку Гулівера залівалі цэлыя патокі вады.

Ён моршчыўся і сціскаў зубы, усяляк стараўся, каб не дакрануцца да яе слізкай бугрыстай скуры. А ростам жаба была з добрую пародзістую карову.

Глюмдалькліч, як заўсёды, кінулася на дапамогу свайму выхаванцу. Але Гулівер папрасіў яе не хвалявацца. Ён смела зрабіў крок насустрач жабе і ўдарыў яе вяслом.

Пасля некалькіх добрых удараў жаба адступіла на карму, а потым і зусім выскачыла з лодкі.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю