355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Джонатан Свифт » Падарожжы Гулівера » Текст книги (страница 5)
Падарожжы Гулівера
  • Текст добавлен: 6 мая 2017, 03:30

Текст книги "Падарожжы Гулівера"


Автор книги: Джонатан Свифт



сообщить о нарушении

Текущая страница: 5 (всего у книги 8 страниц)

4

У гаспадароў Гулівера была дачка – прыгожанькая, ласкавая і вельмі разумная дзяўчынка.

Ёй было ўжо дзевяць гадоў, але для свайго ўзросту яна была вельмі маленькая – усяго з які-небудзь трохпавярховы домік, ды і то без усялякіх там флюгераў і вежаў.

У дзяўчынкі была лялька, якой яна шыла прыгожыя кашулькі, сукеначкі і фартушкі.

Але з таго часу як у доме з'явілася дзівосная жывая лялька, яна і глядзець не хацела на старыя цацкі.

Сваю былую любімую ляльку яна засунула ў нейкую скрынку, а яе ложачак аддала Гуліверу.

Удзень ложачак трымалі ў адным з прыскрынкаў камода, а вечарам ставілі на паліцу, прыбітую пад столлю, каб пацукі не маглі дабрацца да Гулівера.

Дзяўчынка пашыла свайму «грыльдрыгу» (на мове веліканаў «грыльдрыг» азначае «чалавечак») падушку, коўдру і просціны. Яна пашыла яму сем кашуль з самага тонкага палатнянага абрэзка, які толькі магла знайсці, і заўсёды сама мыла яму бялізну і шкарпэткі.

У гэтай дзяўчынкі Гулівер пачаў вучыцца мове веліканаў.

Ён паказваў пальцам на які-небудзь прадмет, і дзяўчынка некалькі разоў запар паўтарала, як ён называецца.

Яна так клапатліва даглядала Гулівера, так цярпліва вучыла яго сваёй мове, што ён назваў яе сваёй «глюмдалькліч» – гэта значыць нянечкай.

Праз некалькі тыдняў Гулівер пачаў патроху разумець, пра што гавораць вакол яго, і сам з горам папалам мог размаўляць з веліканамі.

А між тым чутка пра тое, што яго гаспадар знайшоў на сваім полі дзіўнага звярка, разышлася далёка.

Гаварылі, быццам звярок маленькі, меншы нават за вавёрку, але з выгляду вельмі падобны на чалавека: ходзіць на дзвюх нагах, стракоча на нейкай сваёй мове, але ўжо крыху навучыўся гаварыць і на чалавечай мове. Ён разумны, паслухмяны, ахвотна ідзе, калі яго клічуць, і робіць усё, што яму загадваюць. Мордачка ў яго беленькая – далікатнейшая і бялейшая, чым твар у трохгадовай дзяўчынкі, а поўсць на галаве шаўкавістаяі мяккая, як пух.

І вось аднойчы ў госці да гаспадароў прыехаў іх стары прыяцель.

Ён адразу ж спытаў у іх, ці праўда, што яны знайшлі нейкага дзівоснага звярка, і гаспадары загадалі сваёй дачцэ прынесці Грыльдрыга.

Дзяўчынка пабегла, прынесла Гулівера і паставіла яго на крэсла.

Гуліверу давялося паказаць усё, чаму яго навучыла Глюмдалькліч.

Ён маршыраваў удоўж і ўпоперак стала, па камандзе даставаў з ножан сваю шпагу і засоўваў яе назад, кланяўся госцю, пытаўся ў яго, як ён пажывае, і прасіў прыходзіць часцей.

Старому спадабаўся дзівосны чалавечак. Каб лепш разгледзець Грыльдрыга, ён надзеў акуляры, і Гулівер, зірнуўшы на яго, не мог стрымацца ад смеху: вельмі ўжо яго вочы былі падобныя на месяц-поўнік, калі ён зазірае ў каюту праз круглае карабельнае акенца.

Глюмдалькліч таксама зразумела, штб так рассмяшыла Гулівера, і таксама чмыхнула.

Госць пакрыўдзіўся і падабраў губы.

– Вельмі вясёлы звярок! – сказаў ён. – Але мне здаецца, для вас будзе лепш, калі людзі будуць смяяцца з яго, а не ён з людзей.

І стары параіў гаспадару завезці Гулівера ў бліжэйшы горад, да якога было ўсяго нейкія паўгадзіны язды, гэта значыць, каля дваццаці дзвюх міляў, і паказваць яго там на кірмашы за грошы.

З усёй гэтай гаворкі Гулівер зразумеў толькі некалькі слоў, але ён адразу адчуў, што супраць яго задумалі нешта нядобрае.

Глюмдалькліч пацвердзіла яго прадчуванні.

Заліваючыся слязамі, яна сказала, што, відаць, тата і мама зноў хочуць зрабіць гэтак жа, як летась, калі падарылі ёй баранчыка: не паспела яна адкарміць яго, як яны прадалі яго мясніку. І зараз тое ж самае: яны спачатку аддалі ёй Грыльдрыга назусім, а цяпер збіраюцца вазіць яго па кірмашах.

Спачатку гэта вельмі засмуціла Гулівера: было крыўдна, што яго хочуць паказваць на кірмашы, як нейкую вучоную малпу ці марскую свінку.

Але пасля яму стукнула ў галаву, што калі ён будзе ўвесь час сядзець у доме свайго гаспадара, ён так і састарэе ў лялечным ложачку ці ў скрынцы камоды.

А ў час вандраванняў па кірмашах – хто ведае? – можа, лёс яго і зменіцца.

І ён з надзеяй пачаў чакаць першай паездкі.

5

І вось гэты дзень настаў.

Не паспела яшчэ добра развіднець, як гаспадар са сваёй дачкой і Гуліверам рушылі ў дарогу. Яны ехалі верхам на адным кані: гаспадар уперадзе, дачка ззаду, а Гулівер – у скрынцы, якую трымала ў руках дзяўчынка.

Конь бег такой спорнай рыссю, што Гуліверу здавалася, быццам ён зноў на караблі і карабель то ўзлятае на грэбень хвалі, то правальваецца ў бездань.

Па якой дарозе яго вязуць, Гулівёр не бачыў: ён сядзеў, правільней сказаць – ляжаў у цёмнай скрынцы, якую яго гаспадар збіў напярэдадні, каб везці маленькага чалавечка з вёскі ў горад.

Акенца ў скрынцы не было. У ёй былі толькі невялічкія дзверцы, праз якія Гулівер мог заходзіць і выходзіць, ды некалькі адтулін у вечку, каб праходзіла паветра.

Клапатлівая Глюмдалькліч паклала ў скрынку коўдру з ложачка сваёй лялькі. Але ці можа ўберагчы ад удараў нават самая тоўстая коўдра, калі пры кожным штуршку цябе падкідвае на метр ад падлогі і шпурляе з кутка ў куток?

Глюмдалькліч з неспакоем слухала, як яе бедны Грыльдрыг перакочваецца з месца на месца і стукаецца аб сценкі.

Як толькі конь спыніўся, дзяўчынка саскочыла з сядла і, прачыніўшы дзверцы, зазірнула ў скрынку. Змучаны Гулівер ледзьве ўстаў на ногі і хістаючыся выйшаў на паветра.

Усё цела яго балела, перад вачыма плылі зялёныя кругі – так растрэсла яго за паўгадзіны гэтай цяжкой дарогі. Калі б не прывычка да акіянскіх штормаў, у яго б, напэўна, пачалася марская хвароба.

Але доўга адпачываць Гуліверу не давялося. Гаспадар не збіраўся траціць ні хвіліны дарагога часу.

Ён наняў у гатэлі «Зялёны арол» самы вялікі пакой, распарадзіўся паставіць пасярод яго шырокі стол і наняць грультруда, па-нашаму сказаць – вестуна.

Грультруд абышоўувесь горад і абвясціў жыхарам, што ў гатэлі «Зялёны арол» за невялікую плату можна паглядзець на дзівоснага звярка.

Гэты звярок трошкі большы за чалавечы палец, але выглядае, як сапраўдны чалавек. Ён разумее ўсё, што яму гавораць, сам умее тое-сёе гаварыць і вырабляе розныя пацешныя штукі.

Народ валам паваліў у гатэль.

Гулівера паставілі на стол, а Глюмдалькліч узлезла на табурэтку, каб падстрахоўваць яго і падказваць, што ён павінен рабіць.

Па камандзе дзяўчынкі Гулівер маршыраваў узад і ўперад, даставаў з ножан сваю шпагу і размахваў ёю. Глюмдалькліч дала яму саломінку, і ён выконваў з ёю, быццам з кап'ём, розныя практыкаванні. У самым канцы ён узяў напарстак, напоўнены віном, выпіў за здароўе публікі і запрасіў усіх прыйсці да яго зноў у наступны базарны дзень.

У пакоі, дзе ішло прадстаўленне, змяшчалася не больш трыццаці чалавек, а паглядзець на дзівоснага Грыльдрыга хацеў амаль увесь горад. Гуліверу давялося дванаццаць разоў запар паўтараць адно і тое ж прадстаўленне для новых і новых гледачоў. Да вечара ён так змучыўся, што ледзь варочаў языком і ледзь перастаўляў ногі.

Гаспадар нікому не дазваляў дакранацца да Гулівера – ён баяўся, каб хто-небудзь па неасцярозе не раздушыў яго ці не паламаў рукі і ногі.

На ўсякі выпадак ён загадаў адсунуць лаўкі для гледачоў далей ад стала, дзе ішло прадстаўленне. Але гэта не ўратавала Гулівера ад бяды.

Нейкі школьнік, што сядзеў у задніх радах, раптам устаў, прыцэліўся і кінуў проста ў галаву Гулівера вялікі пражаны арэх.

Гэты арэх быў велічынёй з добры гарбуз, і калі б Гулівер не адскочыў убок, ён бы абавязкова застаўся без галавы.

Хлапчуку накруцілі вушы і вывелі з залы. Але Гулівер з гэтай хвіліны стаў сам не свой. Саломінка здавалася цяжкай; а віно ў напарстку занадта моцным і кіслым. Ён быў страшэнна рады, калі Глюмдалькліч нарэшце схавала яго ў скрынку і зачыніла за ім дзверцы.

Пасля першага прадстаўлення ў Гулівера пачалося цяжкае жыццё.

Кожны кірмашны дзень яго прывозілі ў горад, і ён з ранку да вечара бегаў па стале, пацяшаючы публіку. Ды і дома, у вёсцы, ён не меў ні хвіліны спакою. Навакольныя памешчыкі, наслухаўшыся расказаў пра дзівоснага чалавечка, разам са сваімі дзецьмі прыязджалі да гаспадара і патрабавалі, каб ім паказвалі вучонага Грыльдрыга.

Трохі патаргаваўшыся, гаспадар наладжваў у сябе дома прадстаўленне. Госці заставаліся вельмі задаволеныя і, вярнуўшыся дамоў, пасылалі паглядзець на Гулівера ўсіх сваіх суседзяў, знаёмых і сваякоў. Гаспадар зразумеў, што паказваць Гулівера вельмі выгадна. І ён вырашыў аб'ехаць з ім усе вялікія гарады краіны веліканаў.

Збіраліся нядоўга. 17 жніўня 1703 года, роўна праз два месяцы пасля таго, як Гулівер сышоў з карабля, гаспадар, Глюмдалькліч і Гулівер выправіліся ў далёкую дарогу.

6

Краіна веліканаў называлася Брабдынгнег, а галоўны горад яе – Ларбрулыруд, што па нашаму азначае «гонар Сусвету».

Сталіца знаходзілася якраз пасярэдзіне краіны, і, каб трапіць у яе, Гуліверу і яго вялізным спадарожнікам давялося пераправіцца цераз шэсць шырокіх рэк. У параўнанні з імі рэкі, якія ён бачыў у сябе на радзіме і ў іншых краінах, здаваліся вузенькімі, мелкімі ручайкамі.

Падарожнікі праехалі васемнаццаць гарадоў і мноства вёсак, але Гулівер амаль і не бачыў іх. Яго вазілі па кірмашах не для таго, каб паказваць яму ўсялякія дзівосы, а для таго, каб яго самога паказваць, быццам дзіва.

Гаспадар заўсёды ехаў конна, Глюмдалькліч сядзела ззаду і трымала на каленях скрынку з Гуліверам.

Але перад гэтым падарожжам дзяўчынка абабіла сценкі скрынкі тоўстай, мяккай тканінай, падлогу заслала сеннікамі, а ў куток паставіла ложачак сваёй лялькі.

І ўсё роўна Гулівер стамляўся ад бясконцага гайдання і штуршкоў.

Дзяўчынка заўважыла гэта і ўгаварыла бацьку ехаць цішэй і часцей спыняцца.

Калі Гуліверу надакучвала сядзець у цёмнай скрынцы, яна даставала яго адтуль і ставіла на вечка, каб ён мог дыхаць свежым паветрам і любавацца на замкі, палі і гаі, паўз якія яны праязджалі. Пры гэтым яна заўсёды моцна трымала яго за падцяжкі.

Калі б Гулівер упаў з такой вышыні, ён бы, мусіць, памёр ад страху, не даляцеўшы яшчэ да зямлі. Але ў руках сваёй нянечкі ён адчуваў сябе спакойна і з цікаўнасцю пазіраў па баках.

Па даўняй звычцы вопытнага падарожніка Гулівер нават у час самых цяжкіх пераездаў не траціў часу марна. Ён старанна вучыўся ў сваёй Глюмдалькліч, запамінаў новыя словы і з кожным днём усё лепш і лепш гаварыў па-брабдынгнежску.

Глюмдалькліч заўсёды вазіла з сабой маленькую кішэнную кніжачку, крышку большую за геаграфічны атлас. Гэта былі правілы паводзін выхаваных дзяўчынак. Яна паказвала Гуліверу літары, і ён па гэтай кнізе хутка навучыўся бегла чытаць.

Даведаўшыся аб яго поспехах, гаспадар пачаў прымушаць Гулівера чытаць уголас розныя кніжкі ў час прадстаўлення. Гэта вельмі пацяшала гледачоў, і яны цэлымі натоўпамі збягаліся паглядзець на пісьменнага звярка.

Гаспадар паказваў Гулівера ў кожным горадзе і ў кожнай вёсцы. Часам ён збочваў з дарогі і заязджаў у замак якога-небудзь знатнага вяльможы. Чым больш прадстаўленняў давалі яны ў дарозе, тым больш таўсцеў кашалёк гаспадара і тым худзейшы рабіўся бедны Гулівер.

Калі нарэшце іхняе падарожжа скончылася і яны прыехалі ў сталіцу, Гулівер ледзь трымаўся на нагах.

Але гаспадар і думаць не хацеў пра нейкую там перадышку. Ён наняў у гатэлі вялікую залу, загадаў паставіць у ёй стол, агароджаны парэнчамі, каб Гулівер як-небудзь выпадкова не зваліўся на падлогу, і па ўсім горадзе расклеіў афішы, дзе чорным па белым было напісана: «Хто не бачыў вучонага Грыльдрыга, той не бачыў нічога!»

Прадстаўленні пачаліся. Іншы раз Гуліверу даводзілася паказвацца публіцы па дзесяць разоў на дзень.

Ён адчуваў, што доўга гэтага не вытрымае. І вельмі часта, маршыруючы па стале са сваёй саломінкай у руках, ён думаў пра тое, як гэта сумна скончыць свой век вось тут, на гэтым стале з парэнчамі, пад рогат вясёлай публікі.

Але якраз тады, калі Гуліверу здавалася, што няма на свеце больш няшчаснага чалавека, чым ён, лёс яго раптам павярнуўся да лепшага.

Аднойчы раніцой у гатэль з'явіўся адзін з ад'ютантаў караля і запатрабаваў, каб Гулівера неадкладна прывезлі ў палац.

Атрымалася так, што напярэдадні дзве прыдворныя дамы бачылі вучонага Грыльдрыга і столькі нарасказвалі пра яго каралеве, што тая захацела абавязкова паглядзець на яго сама і паказаць сваім дочкам.

Глюмдалькліч надзела сваю самую лепшую святочную сукенку, сама памыла і прычасала Гулівера і панесла яго ў палац. Прадстаўленне ў гэты дзень удалося Гуліверу як ніколі. Ніколі яшчэ ён не валодаў шпагай і саломінкай так спрытна, ніколі не маршыраваў так добра і весела. Каралева была ў захапленні. Яна міласціва працягнула Гуліверу свой мезены палец, і Гулівер, далікатна абхапіўшы яго абедзвюма рукамі, пацалаваў у пазногаць. Пазногаць у каралевы быў гладкі, адпаліраваны, і, цалуючы яго, Гулівер убачыў у ім свой твар, быццам у авальным люстэрку. Толькі цяпер ён заўважыў, што за апошні час вельмі змяніўся – пабляднеў, схуднеў, на скронях у яго з'явіліся першыя сівыя валасы.

Каралева задала Гуліверу некалькі пытанняў. Яна хацела ведаць, дзе ён нарадзіўся, дзе жыў, як і калі трапіў у Брабдынгнег. Гулівер адказваў на ўсе пытанні дакладна, коратка, ветліва і так моцна, як толькі мог.

Тады каралева спытала ў Гулівера, ці не хоча ён застацца ў яе, у палацы. Гулівер адказаў, што для яго будзе вялікім шчасцем служыць такой прыгожай, міласцівай і мудрай каралеве, калі толькі яго гаспадар згодзіцца адпусціць яго на волю.

– Ён згодзіцца! – сказала каралева і зрабіла нейкі знак прыдворнай даме.

Праз некалькі хвілін гаспадар Гулівера стаяў перад каралевай.

– Я бяру сабе гэтага чалавечка, – сказала каралева. – Колькі ты хочаш атрымаць за яго?

Гаспадар задумаўся. Паказваць Гулівера было вельмі выгадна. Але ці доўга яшчэ можна будзе паказваць яго? З кожным днём ён усё больш худнее, растае, як ільдзінка на сонцы, і, здаецца, скора яго зусім не стане.

– Тысячу залатых! – сказаў ён.

Каралева загадала даць яму тысячу залатых, а потым зноў павярнулася да Гулівера.

– Ну вось, – сказала яна, – цяпер ты наш, Грыльдрыг.

Гулівер прыціснуў рукі да сэрца.

– Нізкі паклон вам, ваша вялікасць, – сказаў ён, – але, калі міласць ваша роўная вашай прыгажосці, я асмелюся прасіць маю ўладарку не разлучаць мяне з маёй дарагой Глюмдалькліч, маёй нянечкай і настаўніцай.

– Вельмі добра, – сказала каралева. – Яна застанецца пры двары. Тут яе будуць вучыць і добра даглядаць, а яна будзе вучыць і даглядаць цябе.

Глюмдалькліч як не падскочыла ад радасці. Гаспадар таксама быў вельмі задаволены. Ён ніколі і не марыў уладкаваць дачку пры каралеўскім двары.

Схаваўшы грошы ў дарожны мяшок, ён нізка пакланіўся каралеве, а Гуліверу пажадаў удачы на новай службе.

Гулівер нічога не адказаў яму, толькі злёгку кіўнуў галавой.

– Ты, здаецца, злуешся на свайго былога гаспадара, Грыльдрыг? – спытала каралева.

– О не, – адказаў Гулівер. – Але я лічу, што мне няма пра што гаварыць з ім. Да гэтага часу ён сам ніколі не размаўляў са мной і ніколі не пытаўся ў мяне, ці магу я выступаць перад публікай па дзесяць разоў на дзень. Я абавязаны яму толькі тым, што мяне не раздушылі і не растапталі, калі выпадкова знайшлі ў яго на полі. За гэта я з ліхвой разлічыўся з ім тымі грашыма, якія ён нажыў, паказваючы мяне па ўсіх гарадах і вёсках краіны. Я ўжо не кажу пра тую тысячу залатых, якую ён атрымаў за маю нікчэмную асобу ад вашай вялікасці. Гэты прагны чалавек ледзь не замучыў мяне да смерці і нізавошта не аддаў бы нават за такую цану, калі б не лічыў, што я ўжо не варты і граша. Але я ўпэўнены, што на гэты раз ён памыліўся. Я адчуваю прыліў новай сілы і гатоў старанна служыць маёй цудоўнай каралеве і ўладарцы.

Каралева вельмі здзівілася.

– Я ніколі не бачыла і не чула нічога падобнага! – усклікнула яна. – Гэта самае разважлівае і красамоўнае насякомае з усіх насякомых на свеце!

І, узяўшы Гулівера двума пальцамі, яна панесла паказаць яго каралю.

7

Кароль сядзеў у сваім кабінеце і быў заняты нейкімі важнымі дзяржаўнымі справамі.

Калі каралева падышла да яго стала, ён мяльком зірнуў на Гулівера і цераз плячо спытаў, ці даўно гэта каралева захапілася дрэсіраванымі мышамі.

Каралева моўчкі ўсміхнулася ў адказ і паставіла Гулівера на стол. Гулівер нізка і пачціва пакланіўся каралю.

– Хто зрабіў нам такую пацешную завадную цацку? – спытаў кароль.

Тут каралева зрабіла знак Гуліверу, і ён сказаў самае доўгае і прыгожае прывітанне, якое толькі мог прыдумаць.

Гэта здзівіла караля. Ён адкінуўся на спінку крэсла і пачаў задаваць дзівоснаму чалавечку пытанне за пытаннем.

Гулівер адказваў каралю падрабязна і дакладна. Гаварыў ён чыстую праўду, але кароль глядзеў на яго, прыжмурыўшы вочы, і недаверліва круціў галавой.

Ён загадаў паклікаць трох самых славутых вучоных краіны і прапанаваў ім добра агледзець гэта маленькае дзіўнае двухногае і вызначыць, да якога разраду яно належыць.

Вучоныя доўга разглядалі Гулівера ў павелічальнае шкло і нарэшце вырашылі, што ён не звер, бо ходзіць на дзвюх нагах і валодае членараздзельнай мовай. Ён і не птушка, бо ў яго няма крылаў і, відаць, ён не ўмее лётаць. Ён і не рыба, бо ў яго няма ні хваста, ні плаўнікоў. Напэўна, ён і не насякомае, бо ні ў адной вучонай кнізе няма нават упамінання аб насякомых, якія б былі так падобны на чалавека. Аднак ён і не чалавек – калі меркаваць па яго малюсенькім росце і ледзь чутным голасе. Хутчэй за ўсё гэта жарт маці-прыроды – «рэльплюм сколькатс» па-брабдынгнежску.

Пачуўшы гэта, Гулівер вельмі пакрыўдзіўся.

– Думайце, што хочаце, – сказаў ён, – але я зусім ніякі не жарт маці-прыроды, а самы сапраўдны чалавек.

І, папрасіўшы ў караля дазволу, ён падрабязна расказаў пра тое, хто ён такі, адкуль прыехаў, дзе і як жыў да гэтага часу.

– У нашых краях жывуць мільёны мужчын і жанчын такога ж росту, як я, – даказваў ён каралю і вучоным. – Нашы горы, рэкі і дрэвы, нашы дамы і вежы, коні, на якіх мы ездзім, звяры, на якіх мы палюем, – словам, усё, што нас акружае, у столькі ж разоў меншыя за вашы горы, рэкі, дрэвы і жывёлу, наколькі я меншы за вас.

Вучоныя засмяяліся і сказалі, што яны для таго так доўга і вучыліся, каб не верыць бязглуздым выдумкам, але кароль зразумеў, што Гулівер гаворыць праўду.

Ён адпусціў вучоных, паклікаў да сябе ў кабінет Глюмдалькліч і загадаў, каб яна знайшла бацьку, які, на шчасце, яшчэ не паспеў выехаць з горада.

Ён доўга распытваў іх абаіх, як і дзе быў знойдзены Гулівер, і адказы іх цалкам пераканалі яго ў тым, што Гулівер гаворыць праўду.

– Калі гэта і не чалавек, – сказаў кароль, – то, безумоўна, чалавечак.

І ён папрасіў каралеву, каб яна берагла Гулівера і клапацілася аб ім як найлепш. Каралева з ахвотай узяла Гулівера пад сваю апеку. Разумны і ветлівы Грыльдрыг спадабаўся ёй куды больш, чым яе ранейшы любімец – карлік. Гэты карлік дасюль лічыўся самым маленькім чалавекам у краіне. Ростам ён быў усяго чатыры сажні, па плячо дзевяцігадовай Глюмдалькліч. Але хіба можна было яго параўнаць з Грыльдрыгам, які змяшчаўся ў каралевы на далоні!

Каралева адвяла Гуліверу пакоі побач са сваімі ўласнымі пакоямі. У гэтых пакоях пасялілася Глюмдалькліч з настаўніцай і служанкамі, а сам Гулівер уладкаваўся на маленькім століку пад акенцам, у прыгожай арэхавай скрынцы, якая была яму спальняй.

Гэту скрынку па спецыяльным заказе каралевы зрабіў прыдворны сталяр. Даўжынёй яна была шаснаццаць крокаў, шырынёй – дванаццаць. Знешне яна нагадвала невялічкі домік – светлыя акенцы з аканіцамі, прыгожыя дзверы з вісячым замком, – толькі дах у доміка быў плоскі. Дах падымаўся і апускаўся на завесах. Кожную раніцу Глюмдалькліч падымала яго і прыбірала спальню Гулівера.

У спальні стаялі дзве шафы для адзення, шырокі ложак, камода для бялізны, два сталы і два крэслы з падлакотнікамі. Усё гэта зрабіў для Гулівера цацачны майстар, праслаўлены ўмелец выразаць з косці і дрэва розныя цацкі.

Крэслы, камода і столікі былі зроблены з нейкага матэрыялу, падобнага да слановай касці, а ложак і шафы, як і ўвесь домік, – з арэхавага дрэва.

А каб Гулівер незнарок не выцяўся, калі яго домік будуць пераносіць з месца на месца, сцены, столь і падлогу спальні абабілі мяккім і тоўстым лямцам.

Замок на дзверы быў зроблены па настойлівай просьбе Гулівера: ён вельмі баяўся, каб да яго ў дом не залезла якая-небудзь цікаўная мыш ці прагны пацук.

Пасля некалькіх няўдач слесар нарэшце змайстраваў самы малюсенькі замочак з усіх, якія яму калі-небудзь даводзілася рабіць.

А між тым у сябе на радзіме Гулівер толькі адзін раз у жыцці бачыў замок такіх памераў. Ён вісеў на варотах адной панскай сядзібы, гаспадар якой славіўся выключнай скупасцю.

Ключ ад замка Гулівер насіў у кішэні, таму што Глюмдалькліч баялася згубіць такую малюсенькую рэч. Ды і навошта ёй патрэбен быў гэты ключ? Праз дзверы яна ўсё роўна прайсці не магла, а каб паглядзець, што робіцца ў доміку, ці дастаць адтуль Гулівера, даволі было прыўзняць дах.

Каралева паклапацілася не толькі аб жыллі свайго Грыльдрыга, але і аб новым адзенні для яго.

Строй яму пашылі з самай тонкай шаўковай тканіны, якая толькі знайшлася ў дзяржаве. І ўсё-такі гэтая тканіна была таўсцейшая за самыя тоўстыя ангельскія коўдры, і ў ёй было вельмі нязручна, пакуль Гулівер не прывык да яе. Пашыты быў строй па мясцовай модзе: шаравары накшталт персідскіх, а кафтан накшталт кітайскага. Гуліверу вельмі спадабаўся гэты крой. На яго думку, ён быў вельмі зручны і прыстойны.

Каралева і абедзве яе дачкі так палюбілі Гулівера, што ніколі не садзіліся абедаць без яго.

На каралеўскі стол каля левага локця каралевы ставілі столік і крэсла для Гулівера. Даглядала яго ў час абеду яго нянечка – Глюмдалькліч. Яна налівала яму віно, клала на талеркі стравы і сачыла, каб хто-небудзь не перакуліў і не скінуў яго разам са столікам і крэслам.

У Гулівера быў свой асобны срэбны сервіз – вялікія і малыя талеркі, супнік, соўснік і салатніцы.

Канечне, у параўнанні з пасудай каралевы гэты сервіз здаваўся цацачным, але ён быў вельмі добра зроблены.

Пасля абеду Глюмдалькліч сама мыла і чысціла талеркі і міскі, а потым хавала ўсё гэта ў срэбную шкатулачку. Шкатулачку гэту яна заўсёды насіла ў кішэні.

Каралева вельмі любіла глядзець, як есць Гулівер. Яна нават сама часта падкладвала яму на талерку кавалачак ялавічыны ці птушкі і з усмешкай сачыла за тым, як павольна з'ядае ён сваю порцыю, якую любое трохгадовае дзіця праглынула б зараз.

Затое Гулівер з міжвольным страхам глядзеў на тое, як уплятаюць свой абед каралева і абедзве прынцэсы.

Каралева часта скардзілася на дрэнны апетыт, але тым не меней яна клала ў рот такі кавалак, якога хапіла б на абед цэламу тузіну ангельскіх фермераў пасля жніва. Пакуль не прывык, Гулівер заплюшчваў вочы, каб не бачыць, як каралева абгрызае крыльца рабчыка, у дзевяць разоў большае за крыло звычайнага індыка, і адкусвае кавалачкі хлеба памерам з дзве вясковыя буханкі. Яна не адрываючыся выпівала залаты кубак, а гэты кубак змяшчаў цэлую бочку віна. Яе сталовыя нажы і відэльцы былі ў два разы большыя за палявую касу. Аднойчы Глюмдалькліч, узяўшы на рукі Гулівера, паказала яму разам тузін добра начышчаных нажоў і відэльцаў. Гулівер не мог глядзець на іх спакойна. Ззяючае вострае лязо і велізарныя зубы, доўгія, як коп'і, напалохалі яго.

Калі каралеве расказалі пра гэта, яна засмяялася і спытала ў свайго Грыльдрыга, ці ўсе яго землякі такія баязліўцы, што без страху не могуць бачыць сталовы нож і ўцякаюць ад звычайнай мухі.

Яе заўсёды пацяшала, што Гулівер з жахам ускакваў з месца, калі некалькі мух з гудзеннем падляталі да яго стала. Для яе гэтыя велізарныя лупатыя насякомыя велічынёй з добрага дразда і на самай справе былі мухамі, а Гулівер не мог і думаць пра іх без агіды і злосці.

Гэтыя надакучлівыя, прагныя стварэнні ніколі не давалі яму спакойна паабедаць. Яны запускалі свае брудныя лапы ў яго талерку. Яны садзіліся яму на галаву і кусялі да крыві. Спачатку Гулівер не ведаў, як ад іх адбіцца, і сапраўды гатовы быў бегчы куды вочы глядзяць. Але потым ён усё ж знайшоў спосаб абароны.

Ідучы абедаць, ён браў з сабой свой марскі корцік і, як толькі мухі падляталі да яго, хуценька ўскакваў з месца і – раз! раз! – на ляту рассякаў іх на часткі.

Каралева і прынцэсы, калі ўбачылі гэтую бітву першы раз, былі ў такім захапленні, што расказалі аб ёй каралю. Назаўтра кароль абедаў разам з імі, каб толькі паглядзець, як Грыльдрыг ваюе з мухамі.

У гэты дзень Гулівер рассек сваім корцікам некалькі вялікіх мух, і кароль пахваліў яго за храбрасць і спрыт.

Але бой з мухамі – яшчэ не самая цяжкая справа. Неяк Гуліверу давялося вытрымаць бой з больш страшным праціўнікам.

Здарылася гэта ў адну звычайную летнюю раніцу. Глюмдалькліч паставіла скрынку з Гуліверам на падаконнік, каб ён мог падыхаць свежым паветрам. Ён ніколі не дазваляў вешаць свой дом за акном на цвік, як часам вешаюць клеткі з птушкамі.

Расчыніўшы ўсе вокны і дзверы ў сваім доміку, Гулівер сеў у крэсла і пачаў есці. У руках яго быў вялікі кавалак салодкага пірага з варэннем. І раптам штук дваццаць восаў уляцела ў пакой з такім гудзеннем, быццам разам зайгралі дзесяткі два баявых шатландскіх валынак. Восы вельмі любяць салодкае і, відаць, здалёк пачулі пах варэння. Штурхаючы адна другую, яны рынуліся на Гулівера, адабралі ў яго пірог і мігам разарвалі на кавалачкі.

Тыя, каму нічога не дасталося, насіліся над галавой Гулівера, аглушаючы яго сваім гудзеннем і пагражаючы страшэннымі джаламі.

Але Гулівер быў не з баязлівых. Ён схапіў сваю шпагу і кінуўся на разбойніц, чатырох забіў, а астатнія паўцякалі.

Пасля гэтага Гулівер зачыніў вокны і дзверы і, трохі перадыхнуўшы, пачаў разглядаць трупы сваіх ворагаў. Восы былі велічынёй з вялікага цецерука. Вострыя, як іголкі, джалы іх былі даўжэйшыя, чым сцізорык Гулівера. Добра, што яму пашчаслівіла пазбегнуць уколу гэтых атручаных нажоў!

Асцярожна загарнуўшы ўсіх чатырох вос у ручнік, Гулівер схаваў іх у ніжнюю скрынку сваёй камоды.

– Калі мне яшчэ суджана калі-небудзь вярнуцца на радзіму, – сказаў ён сабе, – я падарую іх школе, дзе я вучыўся.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю