Текст книги "Падарожжы Гулівера"
Автор книги: Джонатан Свифт
сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 8 страниц)
7
Абшукаць Гулівера было даручана двум чыноўнікам. Знакамі яны растлумачылі Гуліверу, што патрабуе ад іх імператар.
Гулівер не захацеў з імі спрачацца. Ён узяў абодвух чыноўнікаў у рукі і апусціў спачатку ў адну кішэню кафтана, затым у другую, а потым перанёс іх у кішэні штаноў і камізэлькі.
Толькі ў адну патайную кішэню Гулівер не пусціў чыноўнікаў. Там у яго былі схаваны акуляры, падзорная труба і компас.
Чыноўнікі прынеслі з сабой ліхтар, паперу, пёры і чарніла. Цэлыя тры гадзіны корпаліся яны ў кішэнях Гулівера, разглядаючы рэчы і складаючы вопіс.
Скончыўшы сваю работу, яны папрасілі Чалавека-Гару дастаць іх з апошняй кішэні і спусціць на зямлю.
Пасля гэтага яны пакланіліся Гуліверу і панеслі складзены вопіс у палац.
Вось ён – слова ў слова:
«Вопіс прадметаў, знойдзеных у кішэнях Чалавека-Гары:
1. У правай кішэні кафтана мы знайшлі вялікі кавалак грубага палатна, які па сваёй велічыні мог бы быць дываном для параднай залы палаца Бельфабарак.
2. У левай кішэні знайшлі велізарны срэбны куфэрак з вечкам. Вечка такое цяжкае, што мы самі не маглі падняць яго. Калі па нашаму патрабаванню Куінбус Флестрын прыўзняў вечка свайго куфэрка, адзін з нас залез усярэдзіну і тут жа праваліўся вышэй каленяў у нейкі жоўты пыл. Цэлае воблака гэтага пылу ўзнялося ўгору і прымусіла нас чхаць да слёз.
3. У правай кішэні штаноў знаходзіцца велізарны нож. Калі паставіць яго старчма, ён будзе вышэй чалавечага росту.
4. У левай кішэні штаноў знойдзена нябачаная ў нашых краях машына з жалеза і дрэва. Яна такая вялікая і цяжкая, што, нягледзячы на ўсе нашы намаганні, нам не ўдалося скрануць яе з месца. Гэта перашкодзіла нам агледзець машыну з усіх бакоў.
5. У правай верхняй кішэні камізэлькі ляжыць цэлы стос прамавугольных, зусім аднолькавых лістоў, зробленых з нейкага невядомага нам белага і гладкага матэрыялу. Увесь гэты стос – вышынёй з палову чалавечага росту і таўшчынёй у тры абхваты – прашыты тоўстымі вяроўкамі. Мы ўважліва агледзелі некалькі верхніх лістоў і заўважылі на іх рады чорных таямнічых знакаў. Мы мяркуем, што гэта літары невядомай нам азбукі. Кожная літара велічынёй з нашу далонь.
6. У левай верхняй кішэні камізэлькі мы знайшлі сетку памерам з рыбалоўную, але зробленую так, што яна можа зачыняцца і адчыняцца накшталт кашалька. У ёй ляжыць некалькі цяжкіх прадметаў з чырвонага, белага і жоўтага металу. Яны рознай велічыні, але аднолькавай формы – круглыя і плоскія. Чырвоныя – відаць, з медзі. Яны такія цяжкія, што мы ўдвух ледзь маглі падняць такі дыск. Белыя – відаць, срэбныя – меншыя. Яны падобныя на шчыты нашых воінаў. Жоўтыя – відаць, залатыя. Яны крыху большыя за нашы талеркі, але вельмі цяжкія. Калі толькі гэта сапраўднае золата, то яны павінны каштаваць вельмі дорага.
7. З правай ніжняй кішэні камізэлькі звешваецца тоўсты металічны ланцуг, відаць, срэбны. Гэты ланцуг прымацаваны да вялікага круглага прадмета, які знаходзіцца ў кішэні і зроблены з таго ж металу. Што гэта за прадмет, невядома. Адна яго сценка празрыстая, як лёд, і праз яе добра відаць дванаццаць чорных знакаў, размешчаных па крузе, і дзве доўгія стралы.
Унутры гэтага круглага прадмета, відаць, сядзіць нейкая таямнічая істота, якая не перастаючы стукае не то зубамі, не то хвастом. Чалавек-Гара растлумачваў нам – часткова словамі, а часткова жэстамі – што без гэтай круглай металічнай скрынкі ён бы не ведаў, калі яму ўставаць раніцой і калі класціся вечарам, калі пачынаць працу і калі яе канчаць.
8. У левай ніжняй кішэні камізэлькі мы бачылі рэч, падобную на рашотку дварцовага саду. Вострымі прутамі гэтай рашоткі Чалавек-Гара расчэсвае сабе валасы.
9. Закончыўшы абследаванне кафтана і камізэлькі, мы агледзелі рэмень Чалавека-Гары. Ён зроблены са скуры нейкай велізарнай жывёліны. З левага боку на ім вісіць меч даўжынёй больш чым у пяць разоў за сярэдні чалавечы рост, а з правага – мяшок, падзелены на два аддзяленні. У кожным з іх могуць лёгка змясціцца тры дарослыя ліліпуты.
У адным з аддзяленняў мы знайшлі мноства цяжкіх і гладкіх металічных шароў велічынёй з чалавечую галаву; другое да краёў запоўнена нейкімі чорнымі зярнятамі, даволі лёгкімі і не надта буйнымі. Мы, змаглі змясціць у сябе на далоні некалькі дзесяткаў гэтых зярнят.
Такі падрабязны вопіс рэчаў, знойдзеных пры вобыску ў Чалавека-Гары.
У час вобыску вышэйназваны Чалавек-Гара паводзіў сябе ветліва і спакойна».
Пад вопісам чыноўнікі паставілі пячатку і падпісаліся:
Клефрын Фрэлок, Марсі Фрэлок.
8
На другую раніцу перад домам Гулівера выстраіліся войскі, сабраліся прыдворныя. Прыехаў і сам імператар са світай і міністрамі.
У гэты дзень Гулівер павінен быў аддаць імператару Ліліпуціі сваю зброю.
Адзін чыноўнік гучна чытаў вопіс, а другі бегаў па Гуліверу з кішэні ў кішэню і паказваў яму, якія рэчы патрэбна даставаць.
– Кавалак грубага палатна! – пракрычаў чыноўнік, які чытаў вопіс.
Гулівер паклаў на зямлю сваю насоўку.
– Срэбны куфэрак!
Гулівер дастаў з кішэні табакерку.
– Стос гладкіх белых лістоў, прашытых вяроўкамі!
Гулівер паклаў побач з табакеркай сваю запісную кніжку.
– Доўгі прадмет, падобны на садовую рашотку.
Гулівер дастаў грабеньчык.
– Скураны пояс, меч, падвойны мяшок з металічнымі шарамі ў адным аддзяленні і чорнымі зярнятамі – у другім!
Гулівер адшпіліў пояс і паклаў яго на зямлю разам са сваім корцікам і мяшочкам, у якім ляжалі кулі і порах.
– Машына з жалеза і дрэва! Рыбалоўная сетка з круглымі прадметамі з медзі, серабра і золата! Велізарны нож! Круглая металічная скрынка.
Гулівер дастаў пісталет, кашалёк з манетамі, кішэнны ножык і гадзіннік. Імператар перш за ўсё агледзеў нож і корцік, а затым загадаў Гуліверу паказаць, як страляюць з пісталета.
Гулівер паслухаўся. Ён зарадзіў пісталет адным толькі порахам – порах у парахаўніцы застаўся зусім сухі, таму што вечка завінчвалася наглуха, – узняў пісталет і стрэліў у паветра.
Пачуўся аглушальны грукат. Многія людзі страцілі прытомнасць, а імператар пабялеў, закрыў твар рукамі і доўга не адважваўся расплюшчыць вочы.
Калі дым разышоўся і ўсе супакоіліся, уладар Ліліпуціі загадаў адвезці ў арсенал нож, корцік і пісталет.
Астатнія рэчы Гуліверу аддалі назад.
9
Цэлага паўгода пражыў Гулівер у палоне. Шэсць самых славутых вучоных кожны дзень прыходзілі ў замак вучыць яго ліліпуцкай мове.
Праз тры тыдні ён ужо добра разумеў, што гавораць навокал, а месяцы праз два і сам навучыўся размаўляць з жыхарамі Ліліпуціі.
На першых жа ўроках Гулівер запомніў адну фразу, якая патрэбна была яму больш за ўсё: «Ваша вялікасць, я прашу вас адпусціць мяне на волю».
Кожны дзень на каленях паўтараў ён гэтыя словы імператару, але імператар адказваў заўсёды адно і тое ж:
– Люмоз кельмін песо дэсмар лон эмпазо!
Гэта значыць: «Я не магу вызваліць цябе, пакуль ты не паклянешся мне жыць у міры са мной і з усёй маёй імперыяй».
Гулівер гатоў быў у любую хвіліну даць клятву, якую ад яго патрабавалі. Ён зусім і не хацеў ваяваць з маленькімі чалавечкамі. Але імператар адкладваў цырымонію ўрачыстай клятвы з дня на дзень.
Пакрысе ліліпуты прывыклі да Гулівера і перасталі яго баяцца.
Часта вечарамі ён клаўся на зямлю перад сваім замкам і дазваляў пяці ці шасці чалавечкам танцаваць у сябе на далоні.
Дзеці з Мільдэнда прыходзілі гуляць у хованкі ў яго валасах.
І нават ліліпуцкія коні больш не храплі і не станавіліся дыбка, калі бачылі Гулівера.
Імператар наўмысна загадаў як мага часцей наладжваць конныя вучэнні перад старым замкам, каб прывучыць коней сваёй гвардыі да жывой гары.
Раніцой усіх коней з палкавых і ўласных імператарскіх канюшань праводзілі ля ног Гулівера.
Кавалерысты прымушалі сваіх коней пераскокваць цераз яго руку, пакладзеную на зямлю, а адзін славуты коннік пераскочыў нават неяк цераз яго нагу, закутую ў ланцуг.
Гулівер усё яшчэ сядзеў на ланцугу. Ад нуды ён узяўся за работу і сам зрабіў сабе стол, крэслы і ложак.
Для гэтага яму прывезлі каля тысячы самых вялікіх і тоўстых дрэў з імператарскіх лясоў.
А пасцель для Гулівера зрабілі лепшыя мясцовыя майстры. Яны прынеслі ў замак шэсцьсот сеннікаў звычайнай ліліпуцкай велічыні. Па сто пяцьдзесят штук сшылі яны разам і зрабілі чатыры вялікія сеннікі на Гулівераў рост. Іх паклалі адзін на адзін, але ўсё-такі спаць Гуліверу было мулка.
Такім жа чынам зрабілі для яго коўдру і прасціны.
Коўдра выйшла тонкая і не вельмі цёплая. Але Гулівер быў марак і не баяўся прастуды.
Абед, вячэру і снеданне для Гулівера варылі трыста павароў. Для гэтага каля замка ім пабудавалі цэлую кухонную вуліцу – з правага боку стаялі кухні, а з левага жылі павары са сваімі сем'ямі.
За сталом звычайна прыслугоўвала не больш ста дваццаці ліліпутаў.
Дваццаць чалавечкаў Гулівер браў у рукі і ставіў проста да сябе на стол. Астатнія сто працавалі ўнізе. Адны падвозілі ежу ў тачках або падносілі на насілках, другія падкочвалі да ножкі стала бочкі з віном.
Са стала ўніз былі спушчаны моцныя вяроўкі, і чалавечкі, што стаялі на стале, з дапамогай спецыяльных блокаў усцягвалі ежу наверх.
Кожны дзень на світанні да старога замка прыганялі цэлы статак жывёлы – шэсць быкоў, сорак бараноў і мноства ўсялякай дробнай жыўнасці.
Смажаных быкоў і бараноў Гулівер звычайна разразаў на дзве ці нават на тры часткі, індыкоў і гусей адпраўляў у рот цалкам, не разразаючы, а дробную птушку – курапатак, бакасаў, рабчыкаў – глытаў па дзесяць, а то і па пятнаццаць штук зараз.
Калі Гулівер еў, натоўп ліліпутаў стаяў вакол і дзівіўся на яго. Аднойчы нават сам імператар у суправаджэнні імператрыцы, прынцаў, прынцэс і ўсёй світы прыехаў паглядзець на такое рэдкае відовішча.
Гулівер паставіў крэслы знатных гасцей на стол насупраць свайго прыбора і выпіў за здароўе імператара, імператрыцы і ўсіх прынцаў і прынцэс па чарзе. Ён у гэты дзень еў нават больш, чым звычайна, каб здзівіць і пацешыць сваіх гасцей, але абед здаўся яму не такі смачны, як заўсёды. Ён заўважыў, як спалохана і злосна глядзеў у яго бок дзяржаўны казначэй Флімнап.
І сапраўды, на другі дзень казначэй Флімнап зрабіў даклад імператару. Ён сказаў:
– Горы, ваша вялікасць, добрыя тым, што яны не жывыя, а мёртвыя, і таму іх не трэба карміць. Калі ж якая-небудзь гара раптам ажыве і запатрабуе, каб яе кармілі, больш разумна будзе зрабіць яе зноў мёртвай, чым падаваць ёй кожны дзень снеданне, абед і вячэру.
Імператар уважліва выслухаў Флімнапа, але не згадзіўся з ім.
– Не спяшайцеся, дарагі Флімнап, – сказаў ён. – Усё ў свой час.
Гулівер нічога не ведаў пра гэту размову. Ён сядзеў каля замка, гутарыў са знаёмымі ліліпутамі і сумна разглядаў вялікую дзірку на рукаве свайго кафтана.
Ужо шмат месяцаў ён, не мяняючы, насіў адну і тую ж кашулю, адны і тыя ж кафтан і камізэльку і з трывогай думаў пра тое, што вельмі хутка яны ператворацца ў лахманы.
Ён папрасіў выдаць яму якой-небудзь тоўстай тканіны на латкі, але замест гэтага да яго з'явілася трыста краўцоў. Яны загадалі Гуліверу стаць на калені і прыставілі да яго спіны доўгую лесвіцу.
Па гэтай лесвіцы старшы кравец дабраўся да яго шыі і спусціў адтуль, ад патыліцы да падлогі, вяроўку з грузам на канцы. Такой даўжыні патрэбна было пашыць кафтан.
Рукавы і паясніцу Гулівер змераў сам.
Праз два тыдні новы строй быў гатовы. Ён атрымаўся цудоўны, але быў падобны на коўдру з абрэзкаў, бо яго давялося сшыць з некалькіх тысяч кавалкаў тканіны.
Кашулю Гуліверу шылі дзвесце швачак. Для гэтага яны ўзялі самае моцнае і грубае палатно, якое толькі маглі знайсці, але нават яго давялося складаць у некалькі столак, а потым сшываць, бо самае тоўстае паруснае палатно ў Ліліпуціі не таўсцейшае за нашу кісяю. Кавалкі гэтага ліліпуцкага палатна бываюць звычайна даўжынёй са старонку школьнага сшытка, а шырынёй – на паўстаронкі.
Швачкі знялі з Гулівера мерку, калі ён ляжаў у пасцелі. Адна з іх стала яму на шыю, другая на калена. Яны ўзялі за канцы доўгую вяроўку і туга нацягнулі яе, а трэцяя швачка маленькай лінеечкай змерала даўжыню гэтай вяроўкі.
Гулівер разаслаў на падлозе сваю старую кашулю і паказаў яе швачкам. Яны некалькі дзён аглядалі рукавы, каўнер і складкі на грудзях, а потым за адзін тыдзень вельмі акуратна пашылі кашулю якраз такога ж фасону.
Гулівер быў вельмі рады. Нарэшце ён мог з ног да галавы адзецца ва ўсё чыстае і цэлае.
Цяпер яму не хапала толькі капелюша. Але тут яго выручыў шчаслівы выпадак.
Аднойчы да імператарскага двара прыбыў ганец з весткай, што непадалёк ад таго месца, дзе быў знойдзены Чалавек-Гара, пастухі заўважылі велізарны чорны прадмет з круглым гарбом пасярэдзіне і з шырокімі плоскімі краямі.
Спачатку мясцовыя жыхары падумалі, што гэта марская жывёліна, выкінутая хвалямі. Але паколькі гарбун ляжаў зусім нерухома і не дыхаў, то яны здагадаліся, што гэта нейкая рэч, якая належала Чалавеку-Гары. Калі яго імператарская вялікасць загадае, гэтую рэч можна прывезці ў Мільдэнда ўсяго на пяці конях.
Імператар згадзіўся, і праз некалькі дзён пастухі прывезлі Гуліверу яго стары чорны капялюш, які ён згубіў на водмелі.
Праўда, капялюш быў крыху папсаваны, таму што возчыкі прабілі ў яго палях дзве дзіркі і ўсю дарогу валаклі на доўгіх вяроўках. Але ўсё-такі гэта быў капялюш, і Гулівер надзеў яго на галаву.
10
Жадаючы дагадзіць імператару і хутчэй выйсці на волю, Гулівер прыдумаў незвычайную забаву. Ён папрасіў прывезці яму з лесу некалькі тоўстых і вялікіх дрэў.
На другі дзень сем возчыкаў на сямі калёсах прывезлі яму бярвенні. Кожныя калёсы цягнулі восем коней, хоць бярвенні былі таўшчынёй са звычайны кіёк.
Гулівер выбраў дзевяць аднолькавых кійкоў і ўбіў іх у зямлю, размясціўшы правільным чатырохвугольнікам. На гэтыя кійкі ён туга, быццам на барабан, нацягнуў сваю насоўку. Атрымалася роўная, гладкая пляцоўка.
Вакол яе Гулівер паставіў поручні і прапанаваў імператару наладзіць на гэтай пляцоўцы ваеннае спаборніцтва.
Імператару вельмі спадабалася гэта забава.
Ён загадаў, каб дваццаць чатыры лепшыя кавалерысты ў поўным узбраенні рушылі да старога замка, і сам прыехаў глядзець на іх спаборніцтвы.
Гулівер па чарзе падняў усіх кавалерыстаў разам з коньмі і паставіў на пляцоўку.
Затрубілі трубы. Коннікі падзяліліся на два атрады і пачалі ваенныя дзеянні. Яны пускалі адзін у аднаго тупыя стрэлы, калолі сваіх праціўнікаў тупымі коп'ямі, адступалі і нападалі.
Імператар быў так задаволены ваеннай пацехай, што пачаў наладжваць яе кожны дзень.
Адзін раз ён нават сам камандаваў атакай на Гуліверавай насоўцы.
Гулівер у гэты час трымаў на далоні крэсла, у якім сядзела імператрыца. Адсюль ёй было лепш відаць, што робіцца на насоўцы.
Усё ішло добра. Толькі аднойчы, у час пятнаццатых манеўраў, разгарачаны конь аднаго афіцэра прабіў капытом насоўку, спатыкнуўся і скінуў свайго ездака.
Гулівер падставіў левую руку пад дзірку ў насоўцы, а правай асцярожна спусціў на зямлю ўсіх кавалерыстаў аднаго за другім.
Пасля гэтага ён акуратна зацыраваў насоўку, але ўжо баяўся за яе трываласць і не асмельваўся больш наладжваць на ёй ваенныя гульні.
11
Імператар не хацеў заставацца ў даўгу перад Гуліверам. Ён у сваю чаргу вырашыў пацешыць Куінбуса Флестрына цікавым відовішчам.
Аднойчы пад вечар Гулівер, як звычайна, сядзеў на парозе свайго замка.
Раптам вароты Мільдэнда адчыніліся, і адтуль выехаў цэлы поезд: уперадзе на кані імператар, за ім – міністры, прыдворныя і гвардзейцы. Усе яны накіроўваліся па дарозе, што вяла да замка.
У Ліліпуціі існуе такі звычай. Калі які-небудзь міністр памірае ці атрымлівае адстаўку, пяць або шэсць ліліпутаў звяртаюцца да імператара з просьбай, каб ён дазволіў ім павесяліць яго танцамі на канаце.
У палацы, у галоўнай зале, нацягваюць як мага тужэй і вышэй канат, не таўсцейшы за звычайную нітку.
Пасля гэтага пачынаюцца танцы і скачкі.
Той, хто падскочыць на канаце вышэй за ўсіх і ні разу не зваліцца, займае міністэрскае месца, што выслабанілася.
Часам імператар прымушае ўсіх сваіх міністраў і прыдворных танцаваць на канаце разам з навічкамі, каб праверыць лоўкасць людзей, якія кіруюць краінай.
Кажуць, што ў час гэтых забаў часта бываюць няшчасныя выпадкі. Міністры і навічкі падаюць з каната і скручваюць сабе галовы.
Але на гэты раз імператар вырашыў танцы на канаце наладзіць не ў палацы, а пад адкрытым небам, перад замкам, у якім жыў Гулівер. Яму хацелася здзівіць Чалавека-Гару майстэрствам сваіх міністраў.
Сама лепш умеў скакаць на канаце дзяржаўны казначэй Флімнап. Ён падскочыў вышэй за ўсіх астатніх прыдворных не менш як на паўгалавы.
Нават дзяржаўны сакратар Рэльдрэсель, вядомы ў Ліліпуціі як майстар круціцца і скакаць, не мог пераўзысці яго.
Потым імператару падалі доўгую палку. Ён узяў яе за адзін канец і пачаў хутка падымаць і апускаць.
Міністры падрыхтаваліся да спаборніцтва, якое было куды цяжэйшае, чым танцы на канаце. Як толькі палка апусціцца, трэба было паспець пераскочыць цераз яе, а як толькі яна падымецца, пралезці пад ёй на карачках.
Лепшыя скакуны і пралазы атрымлівалі ад імператара як узнагароду сінюю, чырвоную ці зялёную нітку, каб насіць яе вакол пояса.
Першы пралаза – Флімнап – атрымаў сінюю нітку, другі – Рэльдрэсель – чырвоную, а трэці – Скайрэш Балгалам – зялёную.
Гулівер глядзеў на ўсё гэта і дзіву даваўся: вось якія яны – прыдворныя звычаі ліліпуцкай імперыі.
12
Прыдворныя гульні і святы наладжваліся амаль кожны дзень, і ўсё роўна Гуліверу было вельмі сумна сядзець на ланцугу. Ён раз за разам падаваў прашэнні імператару, каб яго раскавалі і дазволілі вольна хадзіць па краіне.
Нарэшце імператар вырашыў задаволіць яго просьбу. Дарэмна адмірал Скайрэш Балгалам, самы злосны вораг Гулівера, настойваў, каб Куінбуса Флестрына пакаралі смерцю, а не вызвалялі.
Ліліпуція ў гэты час рыхтавалася да вайны, і ніхто не згадзіўся з Балгаламам. Усе спадзяваліся, што Чалавек-Гара абароніць Мільдэнда, калі на горад нападуць ворагі.
На тайнай нарадзе прачыталі прашэнні Гулівера і вырашылі адпусціць яго на волю, калі ён паклянецца выконваць усе правілы, якія будуць яму аб'яўлены.
Правілы гэтыя былі запісаны самымі вялікімі літарамі на доўгім скрутку пергаменту. Угары яго быў імператарскі герб, а ўнізе вялікая дзяржаўная пячатка Ліліпуціі.
Вось што было напісана паміж гербам і пячаткай:
«Мы, Гальбаста Мамарэн Эўлем, Гердайла Шэфін Молі Олі Гой, наймагутнейшы імператар вялікай Ліліпуціі, надзея і страх Сусвету,
самы мудры, самы дужы і самы высокі з усіх цароў свету, чые ногі ўпіраюцца ў сэрца зямлі, а галава дастае да сонца,
чый позірк прымушае дрыжаць усіх зямных цароў,
прыгожы, як вясна, добры, як лета, шчодры, як восень, і грозны, як зіма,
сваёй высокасцю загадваем вызваліць Чалавека-Гару з ланцугоў, калі ён дасць нам клятву выконваць усё, што мы ад яго патрабуем, – а іменна:
па-першае, Чалавек-Гара не мае права выязджаць за межы Ліліпуціі, пакуль не атрымае ад нас дазвол з нашым уласнаручным подпісам і вялікай пячаткай;
па-другое, ён не павінен заходзіць у нашу сталіцу, не папярэдзіўшы аб тым гарадскія ўлады, а папярэдзіўшы, павінен дзве гадзіны чакаць ля галоўных варот, каб усе жыхары паспелі схавацца ў дамы;
па-трэцяе, яму дазваляецца гуляць толькі па вялікіх дарогах і забараняецца таптаць лясы, лугі і палі;
па-чацвёртае, у час прагулак ён павінен уважліва глядзець сабе пад ногі, каб не раздушыць каго-небудзь з нашых шаноўных падданых, а таксама іх коней з карэтамі і калёсамі, іх кароў, авечак, і сабак;
па-пятае, яму строга забараняецца браць у рукі і саджаць да сябе ў кішэні жыхароў нашай вялікай Ліліпуціі без іх на тое згоды і дазволу;
па-шостае, калі нашай імператарскай вялікасці патрэбна будзе паслаць куды-небудзь тэрміновую вестку ці загад, Чалавек-Гара абавязваецца даставіць нашага ганца разам з яго канём і пакетам да ўказанага месца і прынесці назад цэлым і здаровым;
па-сёмае, ён абяцае быць нашым саюзнікам у выпадку вайны з варожай нам выспай Блефуску і павінен зрабіць усё для таго, каб знішчыць непрыяцельскі флот, які пагражае нашым берагам;
па-восьмае, Чалавек-Гара павінен у вольны час дапамагаць нашым падданым на ўсіх будаўнічых і іншых работах: падымаць самыя цяжкія камяні пры збудаванні сцяны. галоўнага парку, капаць глыбокія калодзежы і равы, карчаваць лес і пратоптваць дарогі;
па-дзевятае, мы даручаем Чалавеку-Гары змераць крокамі ўсю нашу імперыю ўдоўж і ўпоперак, і, падлічыўшы колькасць крокаў, далажыць аб гэтым нам ці нашаму дзяржаўнаму сакратару. Даручэнне наша павінна быць выканана на працягу двух месяцаў.
Калі Чалавек-Гара клянецца свята і няўхільна выконваць усё, што мы патрабуем ад яго, мы абяцаем дараваць яму волю, апранаць і карміць за кошт дзяржаўнай казны, а таксама даць яму права бачыць нашу высокую асобу ў дні святаў і ўрачыстасцяў.
Дадзена ў горадзе Мільдэнда, у палацы Бельфабараку, у дванаццаты дзень дзевяноста першага месяца нашага слаўнага царствавання.
Гальбаста Мамарэн Эўлем Гердайла Шэфін Молі Олі Гой, імператар Ліліпуціі».
Гэты скрутак папірусу прывёз у замак Гулівера сам адмірал Скайрэш Балгалам.
Ён загадаў Гуліверу сесці на зямлю і ўзяцца левай рукой за правую нагу, а два пальцы правай рукі прыставіць да лба і верхняй часткі правага вуха.
Так у Ліліпуціі клянуцца ў вернасці імператару.
Адмірал гучна і паволі прачытаў Гуліверу ўсе дзевяць патрабаванняў па парадку, а потым прымусіў паўтарыць слова ў слова такую клятву:
«Я, Чалавек-Гара, клянуся яго вялікасці імператару Гальбаста Мамарэн Эўлем Гердайла Шэфін Молі Олі Гой, наймагутнейшаму ўладару Ліліпуціі, свята і няўхільна выконваць усё, што будзе пажадана яго ліліпуцкай вялікасці, і, не шкадуючы жыцця, абараняць ад ворагаў яго слаўную краіну на сушы і на моры».
Пасля гэтага кавалі знялі з Гулівера ланцугі. Скайрэш Балгалам павіншаваў яго і паехаў у Мільдэнда.