355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Джонатан Свифт » Падарожжы Гулівера » Текст книги (страница 1)
Падарожжы Гулівера
  • Текст добавлен: 6 мая 2017, 03:30

Текст книги "Падарожжы Гулівера"


Автор книги: Джонатан Свифт



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 8 страниц)

Джонатан Свіфт
Падарожжы Гулівера

Падарожжа ў Ліліпуцію

1

Трохмачтавы брыг «Антылопа» адплываў у Паўднёвы акіян.

На карме брыга стаяў карабельны доктар Гулівер і глядзеў у падзорную трубу на прыстань. Там засталіся яго жонка і двое дзяцей: сын Джоні і дачка Бэці.

Не першы раз адплываў Гулівер у мора. Ён любіў падарожжы. Яшчэ ў школе ён траціў амаль усе грошы, што прысылаў яму бацька, на марскія карты і кнігі аб чужых краінах. Ён старанна вывучаў геаграфію і матэматыку, бо гэтыя навукі болей за ўсё патрэбны былі мараку.

Бацька аддаў Гулівера вучыцца да славутага ў той час лонданскага доктара. Гулівер правучыўся ў яго некалькі гадоў, але ўвесь час не пакідаў думаць пра мора.

Доктарская навука прыгадзілася: скончыўшы вучобу, ён паступіў карабельным доктарам на судна «Ластаўка» і плаваў на ім тры з паловай гады. А пасля, пражыўшы два гады ў Лондане, зрабіў некалькі падарожжаў ва Ўсходнюю і Заходнюю Індыю.

У час плавання Гулівер ніколі не сумаваў: чытаў кнігі, якія браў з дому, а сышоўшы на бераг, прыглядаўся, як жывуць іншыя народы, вывучаў іх мову і звычаі і падрабязна запісваў свае дарожныя ўражанні.

І гэтым разам, выпраўляючыся ў мора, Гулівер узяў з сабой тоўстую запісную кніжку.

На першай старонцы гэтай кніжкі было напісана:

«4 траўня 1699 года мы зняліся з якара ў Брыстолі».

2

Шмат тыдняў і месяцаў плыла «Антылопа» па Паўднёвым моры.

Дзьмулі добрыя вятры.

Падарожжа праходзіла ўдала.

Але аднойчы, калі пераходзілі ва Ўсходнюю Індыю, карабель трапіў у страшэнную буру. Вецер і хвалі пагналі яго немаведама куды.

Дванаццаць матросаў памерла ад ператамлення і голаду. Астатнія ледзь перастаўлялі ногі. Карабель шпурляла з боку ў бок, як арэхавую шкарлупіну.

Адной цёмнай бурнай ноччу вецер панёс «Антылопу» на вострую скалу. Матросы заўважылі гэта вельмі позна. Карабель наляцеў на яе і разбіўся ўшчэнт.

Толькі Гуліверу і пяці матросам пашчаслівіла выратавацца ў шлюпцы.

Доўга насіліся яны па моры, зусім выбіліся з сілы. А хвалі ўздымаліся ўсё большыя і большыя, і адна з іх падкінула і перакуліла шлюпку.

Гулівер апынуўся ў вадзе з галавой.

Калі ён вынырнуў, навокал нікога не было. Усе яго спадарожнікі загінулі.

Гулівер паплыў куды вочы глядзяць – туды, куды гнаў вецер і прыліў. Раз-пораз спрабаваў ён намацаць дно, але дна ўсё не было. А плысці далей ён ужо не мог: мокрае адзенне і цяжкія, разбухлыя чаравікі цягнулі ўніз. Ён захлёбваўся і задыхаўся.

І раптам яго ногі дакрануліся да зямлі.

Гэта была водмель. Гулівер асцярожна ступіў па пясчаным дне крок-другі – і паволі пайшоў наперад.

Ісці станавілася ўсё лягчэй і лягчэй. Спачатку вада даставала яму да плячэй, потым да пояса, потым толькі да каленяў. Ён ужо думаў, што бераг зусім блізка, але дно ў гэтым месцы было вельмі пакатае, і Гуліверу яшчэ доўга давялося брысці па калена ў вадзе.

Нарэшце вада і пясок засталіся ззаду.

Гулівер выйшаў на лужок, парослы мяккай і вельмі маленькай травой, прылёг на зямлю, падклаў пад шчаку далонь і моцна заснуў.

3

Калі Гулівер прачнуўся, было ўжо зусім відна. Ён ляжаў на спіне, і сонца свяціла яму проста ў твар.

Ён хацеў працерці вочы, але не змог узняць руку; хацеў сесці, але не змог паварушыцца.

Тонкія вяровачкі аблытвалі ўсяго яго ад галавы да каленяў; рукі і ногі былі моцна спавіты вяровачнай сеткай; вяровачкі абкручвалі кожны палец. Нават доўгія густыя валасы Гулівера былі туга накручаны на маленькія колікі, убітыя ў зямлю, і пераплецены вяровачкамі.

Гулівер быў падобны на вялікую рыбіну, якая трапіла ў сетку.

«Напэўна, я яшчэ сплю», – падумаў ён.

Але тут нешта жывое хуценька ўзлезла яму на нагу, прапаўзло па грудзях і спынілася ля падбародка.

Гулівер паспрабаваў зірнуць туды.

Што за дзіва! Амаль ля самага носа ў яго стаіць чалавечак – малюсенькі, алё самы сапраўдны чалавечак! У руках у яго – лук і страла, за спіною – калчан. А сам – вяршкі са тры росту.

Услед за гэтым на Гулівера ўзлезлі яшчэ дзесяткі чатыры такіх жа маленькіх стралкоў. Ад здзіўлення Гулівер крыкнуў. Чалавечкі замітусіліся і кінуліся хто куды. Яны беглі, спатыкаліся, падалі, падхопліваліся і адзін за другім саскоквалі на зямлю.

Некалькі хвілін да Гулівера ніхто не падыходзіў. Толькі ля вуха ў яго ўвесь час чуўся нейкі шум, быццам там сакаталі конікі.

Але неўзабаве чалавечкі зноў расхрабрыліся і зноў пачалі караскацца ўгору па яго нагах, руках і плячах, а самы смелы з іх падкраўся нават да Гуліверавага твару, пакратаў кап'ём яго падбародак і тоненькім чыстым галаском пракрычаў:

– Гэкіна дэгуль!

– Гэкіна дэгуль! Гэкіна дэгуль! – падхапілі тоненькія галасы з усіх бакоў.

Што азначалі гэтыя словы, Гулівер не зразумеў, хоць і ведаў шмат замежных моў.

Доўга ляжаў Гулівер на спіне. Рукі і ногі ў яго зусім анямелі.

Ён сабраў усю сілу і паспрабаваў адарваць ад зямлі левую руку.

Гэта яму ўдалося. Ён вырваў колікі, на якія былі накручаны сотні тонкіх моцных вяровачак, і ўзняў руку.

У тую ж мінуту хтосьці ўнізе гучна прапішчаў:

– Тольга фанак!

У руку, у твар, у шыю Гулівера ўпіліся сотні стрэл. Стрэлы ў чалавечкаў былі тоненькія і вострыя, як іголкі.

Гулівер заплюшчыў вочы і вырашыў ляжаць нерухома, пакуль не надыдзе ноч.

«У цемры будзе лягчэй вызваліцца», – думаў ён.

Але дачакацца ночы на лужку яму не давялося.

Непадалёк ад яго правага вуха пачуўся часты, дробны стук, быццам нехта побач забіваў у дошку цвікі.

Малаточкі стукалі цэлўю гадзіну.

Гулівер крыху павярнуў галаву – павярнуць яе болей не давалі вяровачкі і колікі – і каля самай сваёй галавы ўбачыў толькі што пабудаваны драўляны памост. Некалькі чалавечкаў прыладжвалі да яго лесвіцу.

Потым яны зніклі, і па прыступках на памост паволі падняўся чалавечак у доўгім плашчы.

За ім ішоў другі, амаль у два разы меншы ростам, і нёс край яго плашча. Напэўна, гэты быў хлопчык-паж. Ён быў не большы за Гулівераў мезены палец.

Апошнімі на памост узышлі два стралкі з нацягнутымі лукамі ў руках.

– Лангра дэгюль сан! – тры разы пракрычаў чалавечак у плашчы і разгарнуў скрутак велічынёй з бярозавы лісток.

Зараз жа да Гулівера падбеглі пяцьдзесят чалавечкаў і абрэзалі вяроўкі, прывязаныя да яго валасоў.

Гулівер павярнуў галаву і пачаў слухаць, што чытае чалавечак у плашчы. Чалавечак чытаў і гаварыў доўга-доўга. Гулівер нічога не зразумеў, але на ўсякі выпадак кіўнуў галавой і прыклаў да сэрца свабодную руку.

Ён здагадаўся, што перад ім нейкая важная асоба, відаць, каралеўскі пасол.

Перш за ўсё Гулівер вырашыў папрасіць, каб яго накармілі.

З таго часу, як ён пакінуў карабель, у роце ў яго не было ні крошкі. Ён узняў палец і некалькі разоў паднёс яго да губ.

Напэўна, чалавечак у плашчы зразумеў гэты знак. Ён сышоў з памосту, і зараз жа да бакоў Гулівера прыставілі некалькі доўгіх лесвіц.

Не прайшло і чвэрці гадзіны, як сотні згорбленых насільшчыкаў пацягнулі па гэтых лесвіцах кашы з ежай.

У кашах былі тысячы буханак хлеба велічынёй з гарошыну, цэлыя кумпякі – з грэцкі арэх, смажаныя кураняты – меншыя за нашу муху.

Гулівер зараз праглынуў два кумпякі з трыма буханкамі хлеба. Ён з'еў пяць смажаных быкоў, восем вяленых бараноў, дзевятнаццаць вэнджаных парасят і сотні дзве куранят і гусей.

Кашы хутка апусцелі.

Тады чалавечкі падкацілі да рукі Гулівера дзве бочкі з віном. Бочкі былі велізарныя – кожная са шклянку.

Гулівер выбіў дно з адной бочкі, выбіў з другой і некалькімі глыткамі асушыў абедзве.

Чалавечкі пляснулі рукамі ад здзіўлення. Потым яны знакамі папрасілі яго скінуць на зямлю пустыя бочкі.

Гулівер падкінуў абедзве разам. Бочкі перакуліліся ў паветры і з трэскам пакаціліся ў розныя бакі.

Натоўп на лужку расступіўся, гучна закрычаўшы:

– Бора мевола! Бора мевола!

Пасля віна Гуліверу адразу захацелася спаць. Скрозь сон ён чуў, як чалавечкі бегаюць па ўсім яго целе ўдоўж і ўпоперак, скочваюцца з бакоў, быццам з гары, казычуць яго палкамі і коп'ямі, скачуць з пальца на палец.

Яму вельмі хацелася скінуць з сябе дзесятак-другі гэтых маленькіх чалавечкаў, якія не давалі яму спаць, але ён пашкадаваў іх. Як-ніяк, а чалавечкі толькі што гасцінна накармілі яго смачным, сытным абедам, і было б няўдзячнасцю папераламваць ім за гэта рукі і ногі. І зноў жа, Гулівер не мог не дзівіцца з незвычайнай храбрасці гэтых малюсенькіх людзей, што бегалі ўзад і ўперад па грудзях велікана, які мог знішчыць іх усіх адной пстрычкай.

Ён вырашыў не звяртаць на іх увагі і, ап'янелы ад выпітага віна, хутка заснуў.

Чалавечкі толькі гэтага і чакалі. Яны наўмысна падсыпалі ў бочкі з віном соннага парашку, каб гэты велізарны госць заснуў.

4

Краіна, у якую занесла бура Гулівера, называлася Ліліпуція, а жылі ў гэтай краіне ліліпуты.

Самыя высокія дрэвы ў Ліліпуціі былі не вышэй, чым у нас куст парэчак, самыя вялікія дамы былі ніжэй за стол. Такога велікана, як Гулівер, у Ліліпуціі ніхто ніколі не бачыў.

Імператар загадаў прывезці яго ў сталіцу. Для гэтага Гуліверу і падсыпалі соннага парашку.

Пяцьсот цесляроў па загаду імператара змайстравалі велізарныя калёсы на дваццаці двух колах.

Калёсы былі гатовы за некалькі гадзін, але ўзваліць на іх Гулівера было не так проста.

І вось што выдумалі для гэтага ліліпуцкія інжынеры.

Яны паставілі калёсы побач з веліканам, ля самага яго боку. Потым убілі ў зямлю восемдзесят слупкоў з блокамі наверсе і накінулі на гэтыя блокі тоўстыя канаты з кручкамі на канцах. Канаты былі таўшчынёй са звычайную аборку.

Калі ўсё было гатова, ліліпуты ўзяліся за работу. Яны абкруцілі тулава, абедзве нагі і абедзве рукі Гулівера моцнымі павязкамі і, падчапіўшы гэтыя павязкі кручкамі, пачалі цягнуць за канаты.

Дзевяцьсот самых дужых асілкаў былі сабраны для гэтай работы з усіх канцоў Ліліпуціі.

Яны ўпіраліся ў зямлю нагамі і, абліваючыся потам, з усяе сілы цягнулі за канаты.

Праз гадзіну ім удалося падняць Гулівера з зямлі на паўпальца, праз дзве – на палец, а праз тры – яны ўзвалілі яго на калёсы.

Паўтары тысячы самых вялікіх коней з прыдворных канюшань, кожны ростам з толькі што народжанае кацяня, былі запрэжаны ў калёсы па дзесяць у рад. Фурманы размахнуліся пугамі, і калёсы паволі паехалі па дарозе ў галоўны горад Ліліпуціі – Мільдэнда.

Гулівер усё яшчэ спаў. Ён, напэўна, не прачнуўся б да канца дарогі, калі б яго выпадкова не разбудзіў адзін з афіцэраў імператарскай гвардыі.

Здарылася гэта так. З калёсаў зляцела кола. Каб уздзець яго, давялося спыніцца.

У час гэтага прыпынку некалькі маладых людзей захацелі паглядзець, які твар у Гулівера, калі ён спіць. Двое ўзлезлі на калёсы і ціхенька падкраліся да самага яго твару. А трэці – гвардзейскі афіцэр, – не злазячы з каня, прыўстаў на страмёнах і паказытаў у левай наздрыне вастрыём сваёй пікі.

Гулівер міжвольна зморшчыў нос і моцна чхнуў.

– Апчхі! – паўтарыла рэха.

Смельчакоў быццам вецер здзьмухнуў.

А Гулівер прачнуўся, пачуў, як шлёгаюць пугамі паганятыя, і зразумеў, што яго некуды вязуць.

Цэлы дзень узмыленыя коні цягнулі звязанага Гулівера па дарогах Ліліпуціі.

Толькі позна ўвечары калёсы спыніліся, і коней выпраглі, каб накарміць і напаіць.

Усю ноч ля калёсаў стаяла на варце тысяча гвардзейцаў: пяцьсот – з факеламі, пяцьсот – з лукамі напагатове.

Стралкам было загадана выпусціць у Гулівера пяцьсот стрэл, хай толькі ён надумае паварушыцца.

Калі настала раніца, калёсы рушылі далей.

5

Непадалёк ад гарадскіх варот на плошчы стаяў старадаўні замак з дзвюма вуглавымі вежамі. У замку даўно ніхто не жыў.

Да гэтага пустога замка ліліпуты і прывезлі Гулівера.

Гэта быў самы вялізны будынак ва ўсёй Ліліпуціі. Вежы яго былі вышынёй у чалавечы рост. Нават такі велікан, як Гулівер, мог свабодна прапаўзці ў яго дзверы, а ў параднай зале ён, напэўна, змог бы выпрастацца ва ўвесь свой рост.

Вось тут і сабраўся пасяліць Гулівера імператар Ліліпуціі.

Але Гулівер гэтага яшчэ не ведаў. Ён ляжаў на сваіх калёсах, а з усіх бакоў да яго беглі натоўпы ліліпутаў.

Конная варта адганяла цікаўных, але ўсё-такі тысяч дзесяць чалавечкаў паспелі пагуляць па Гуліверавых нагах, па яго грудзях, плячах і каленях, пакуль ён ляжаў звязаны.

Нешта стукнула Гулівера па назе. Гулівер крышку прыўзняў галаву і ўбачыў некалькіх ліліпутаў з закасанымі рукавамі і ў чорных фартухах. Малюсенькія малаточкі блішчалі ў іх руках. Гэта прыдворныя кавалі закоўвалі Гулівера ў ланцугі.

Ад сцяны замка да яго нагі яны працягнулі дзевяноста адзін ланцужок такой таўшчыні, як звычайна робяць для гадзіннікаў, і замкнулі іх у яго вышэй костачак трыццаццю шасцю вісячымі замкамі. Ланцужкі былі такія доўгія, што Гулівер мог гуляць па пляцоўцы перад замкам і свабодна запаўзаць у свой дом.

Кавалі скончылі работу і адышліся. Варта перасекла вяроўкі, і Гулівер стаў на ногі.

– А-ах, – закрычалі ліліпуты, – Куінбус Флестрын! Куінбус Флестрын!

Па-ліліпуцку гэта азначала: «Чалавек-Гара! Чалавек-Гара!»

Гулівер асцярожна пераступіў з нагі на нагу, каб не раздушыць каго-небудзь з мясцовых жыхароў, і азірнуўся вакол.

Ніколі яшчэ яму не даводзілася бачыць такой прыгожай краіны. Сады і лугі тут былі падобны на стракатыя клумбы кветак. Рэкі беглі хуткімі чыстымі ручайкамі, а горад здалёк здаваўся цацачным.

Гулівер глядзеў так доўга, што не заўважыў, як вакол яго сабралася амаль усё насельніцтва сталіцы.

Ліліпуты круціліся ля яго ног, мацалі спражкі чаравікаў і так задзіралі галовы, што капелюшы падалі на зямлю.

Хлапчукі спрачаліся, хто з іх дакіне камень да самага носа Гулівера.

Вучоныя разважалі між сабой, адкуль узяўся Куінбус Флестрын.

– У нашых старых кнігах напісана, – сказаў адзін вучоны, – што тысячу гадоў таму назад мора выкінула да нас на бераг страшыдла. Я думаю, што і Куінбус Флестрын вынырнуў з дна мора.

– Не, – адказаў другі вучоны, – у марскога страшыдла павінны быць жабры і хвост. Куінбус Флестрын зваліўся з Месяца.

Ліліпуцкія мудрацы не ведалі, што на свеце ёсць іншыя краіны, і думалі, што ўсюды жывуць адны ліліпуты.

Вучоныя доўга хадзілі вакол Гулівера і круцілі галовамі, але так і не паспелі вырашыць, адкуль узяўся Куінбус Флестрын.

Коннікі на вараных конях з коп'ямі наперавес разагналі натоўп.

– Пеплам селян! Пеплам селян! – крычалі яны.

Гулівер убачыў залатую скрыначку на колах. Скрыначку везла шасцёрка белых коней. Побач, таксама на белым кані, ехаў чалавечак у залатым шлеме з пяром.

Чалавечак у шлеме пад'ехаў да чаравіка Гулівера і спыніў свайго каня. Конь захроп і стаў дыбам.

Зараз жа некалькі афіцэраў падбеглі з двух бакоў да конніка, схапілі яго каня за аброць і асцярожна адвялі далей ад Гуліверавай нагі.

Коннік на белым кані і быў імператар Ліліпуціі, а ў залатой карэце сядзела імператрыца.

Чатыры пажы разаслалі на лужку аксамітную стужку, паставілі маленькае пазалочанае крэселка і расчынілі дзверцы карэты.

Імператрыца выйшла і села ў крэсла, расправіўшы сукенку.

Вакол яе на залатых лавачках паселі яе прыдворныя дамы.

Яны былі так разадзеты, што ўвесь лужок стаў падобны на разасланую спадніцу, вышытую золатам, срэбрам і каляровым шоўкам.

Імператар саскочыў з каня і некалькі разоў абышоў вакол Гулівера. За ім ішла яго світа.

Каб лепш разгледзець імператара, Гулівер лёг на бок.

Яго вялікасць быў на цэлы пазногаць вышэйшы за сваіх прыдворных. Ён быў ростам тры вяршкі з лішнім і, відаць лічыўся ў Ліліпуціі вельмі высокім чалавекам.

У руцэ імператар трымаў аголеную шпагу, трошкі карацейшую за вязальны пруток. На яе залатой рукаятцы і ножнах блішчалі брыльянты.

Яго імператарская вялікасць задраў галаву і пра нешта спытаў у Гулівера.

Гулівер не зразумеў яго пытання, але на ўсякі выпадак расказаў імператару, хто ён такі і адкуль з'явіўся.

Імператар толькі паціснуў плячыма.

Тады Гулівер расказаў тое ж самае па-галандску, па-латыні, па-грэчаску, па-французску, па-гішпанску, па-італійску і па-турэцку.

Але імператар Ліліпуціі, як відаць, не ведаў гэтых моў. Ён кіўнуў галавой Гуліверу, ускочыў на каня і памчаўся назад у сталіцу Ліліпуціі Мільдэнда. Услед за ім паехала імператрыца са сваімі дамамі.

А Гулівер застаўся сядзець перад замкам, як сабака на ланцугу перад будкай.

Да вечара вакол Гулівера сабралася, напэўна, тысяч трыста ліліпутаў – усе гарадскія жыхары і ўсе сяляне з суседніх вёсак.

Кожнаму хацелася пабачыць, што гэта такое Куінбус Флестрын – Чалавек-Гара.

Гулівера ахоўвала варта, узброеная коп'ямі, лукамі і мячамі. Варце было загадана нікога не падпускаць да Гулівера і сачыць, каб ён не сарваўся з ланцуга і не ўцёк.

Дзве тысячы салдат выстраіліся перад замкам, але ўсё-такі натоўп гараджан прарваўся праз іх строй.

Адны аглядалі абцасы Гулівера, другія шпурлялі ў яго каменьчыкамі або цэліліся з лукаў у яго гузікі.

Адна страла абадрала Гуліверу шыю, другая страла ледзь не трапіла яму ў левае вока.

Начальнік варты загадаў злавіць свавольнікаў, звязаць іх і выдаць Куінбусу Флестрыну.

Гэта было страшней за ўсякае іншае пакаранне.

Салдаты звязалі шэсць ліліпутаў і, падштурхоўваючы тупымі канцамі пікаў, прыгналі да ног Гулівера.

Гулівер нагнуўся, згроб усіх адной рукой і паклаў у кішэню сваёй камізэлькі.

Толькі аднаго чалавечка ён пакінуў у руцэ, асцярожна ўзяў двума пальцамі і пачаў разглядаць.

Чалавечак ухапіўся аберуч за Гулівераў палец і дзіка закрычаў.

Гуліверу стала шкада чалавечка. Ён ласкава ўсміхнуўся яму і дастаў з кішэні складны ножык, каб разрэзаць вяроўкі, якімі былі звязаны рукі і ногі ліліпута.

Ліліпут убачыў бліскучыя зубы Гулівера, убачыў велізарны нож і закрычаў яшчэ мацней. Натоўп унізе прыціх ад жаху.

А Гулівер ціхенька перарэзаў адну вяроўку, перарэзаў другую і паставіў чалавечка на зямлю.

Потым ён адпусціў і тых ліліпутаў, што капашыліся ў яго ў кішэні.

– Глюм глеф Куінбус Флестрын! – закрычаў увесь натоўп.

Па-ліліпуцку гэта азначала: «Няхай жыве Чалавек-Гара!»

А начальнік варты паслаў у палац двух сваіх афіцэраў, каб яны далажылі аб усім, што здарылася, самому імператару.

6

Між тым у палацы Бельфабарак, у самай далёкай зале, імператар сабраў тайную нараду, каб вырашыць, што рабіць з Гуліверам.

Міністры і саветнікі спрачаліся між сабой дзевяць гадзін.

Адны гаварылі, што Гулівера трэба як мага хутчэй забіць. Калі Чалавек-Гара парве свой ланцуг і ўцячэ, ён можа растаптаць усю Ліліпуцію. А калі ён не ўцячэ, то імперыі пагражае страшэнны голад, бо кожны дзень ён будзе з'ядаць хлеба і мяса больш, чым патрэбна для таго, каб пракарміць тысячу семсот дваццаць восем ліліпутаў. Гэта падлічыў адзін вучоны, якога запрасілі на тайную нараду, таму што ён вельмі добра ўмеў лічыць.

Другія даказвалі, што забіваць Куінбуса Флестрына гэтак жа небяспечна, як і пакінуць яго жывым. Ад разлажэння такога велізарнага трупа можа пачацца чума не толькі ў сталіцы, але і па ўсёй імперыі.

Дзяржаўны сакратар Рэльдрэсель папрасіў у імператара слова і сказаў, што Гулівера не трэба забіваць, ва ўсякім выпадку да таго часу, пакуль не будзе пабудавана новая крапасная сцяна вакол Мільдэнда. Чалавек-Гара з'ядае хлеба і мяса больш, чым тысяча семсот дваццаць восем ліліпутаў, але затое ён, відаць, і працаваць будзе за дзве тысячы ліліпутаў. Акрамя таго, у выпадку вайны ён можа абараніць краіну лепш, чым пяць крэпасцей.

Імператар сядзеў на сваім троне пад балдахінам і слухаў, што гавораць міністры.

Калі Рэльдрэсель скончыў, ён кіўнуў галавой. Усе зразумелі, што словы дзяржаўнага сакратара яму спадабаліся.

Але ў гэты час устаў са свайго месца адмірал Скайрэш Балгалам, камандзір усяго флоту Ліліпуціі.

– Чалавек-Гара, – сказаў ён, – самы дужы з усіх людзей на свеце, гэта праўда. Але якраз таму яго і трэба пакараць смерцю як мага хутчэй. Бо калі ў час вайны ён надумае далучыцца да ворагаў Ліліпуціі, то дзесяць палкоў імператарскай гвардыі не змогуць з ім справіцца. Зараз ён яшчэ ў руках ліліпутаў, і трэба дзейнічаць, пакуль не позна.

Казначэй Флімнап, генерал Лімток і суддзя Бельмаф згадзіліся з думкай адмірала.

Імператар усміхнуўся і кіўнуў адміралу галавой – і не адзін раз, як Рэльдрэселю, а два разы. Відаць было, што гэтая прамова спадабалася яму яшчэ больш.

Лёс Гулівера быў вырашаны.

Але ў гэты час дзверы расчыніліся, і ў залу тайнай нарады ўбеглі два афіцэры, якіх прыслаў да імператара начальнік варты. Яны сталі перад імператарам на калені і далажылі аб тым, што здарылася на плошчы.

Калі афіцэры расказалі, як літасціва абышоўся Гулівер са сваімі палоннымі, дзяржаўны сакратар Рэльдрэсель зноў папрасіў слова.

Ён сказаў яшчэ адну доўгую прамову, у якой даказваў, што баяцца Гулівера не трэба і што жывы ён будзе куды больш карысны імператару, чым мёртвы.

Імператар вырашыў памілаваць Гулівера, але загадаў адабраць у яго велізарны нож, пра які толькі што расказалі афіцэры варты, а разам з тым і іншую зброю, калі яна будзе знойдзена пры вобыску.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю