355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Джонатан Свифт » Падарожжы Гулівера » Текст книги (страница 7)
Падарожжы Гулівера
  • Текст добавлен: 6 мая 2017, 03:30

Текст книги "Падарожжы Гулівера"


Автор книги: Джонатан Свифт



сообщить о нарушении

Текущая страница: 7 (всего у книги 8 страниц)

12

Быў гарачы летні дзень. Глюмдалькліч пайшла некуды ў госці, і Гулівер застаўся адзін у сваёй скрынцы.

Адыходзячы, нянечка зачыніла дзверы свайго пакоя на замок, каб ніхто не патрывожыў Гулівера.

Застаўшыся адзін, Гулівер шырока расчыніў у сваім доміку вокны і дзверы, сеў у крэсла, разгарнуў свой дарожны журнал і ўзяўся за пяро.

У замкнёным пакоі Гулівер адчуваў сябе ў поўнай бяспецы.

Раптам ён пачуў, як нехта саскочыў з падаконніка на падлогу і з шумам прабег ці, правільней, праскакаў па пакоі Глюмдалькліч.

Сэрца ў Гулівера закалацілася.

«Той, хто прыходзіць у пакой не праз дзверы, а праз акно, прыходзіць не ў госці», – падумаў ён.

Асцярожна ўстаўшы з месца, ён выглянуў у акенца сваёй спальні. Не, гэта быў не злодзей і не разбойнік. Гэта была ўсяго толькі ручная малпачка, любіміца ўсіх дварцовых паварчукоў.

Гулівер супакоіўся і пачаў назіраць за яе смешнымі рухамі.

Малпа пераскочыла з крэсла Глюмдалькліч на другое крэсла, пасядзела крыху на верхняй паліцы шафы, потым саскочыла на стол, дзе стаяў домік Гулівера.

Цяпер Гулівер зноў спалохаўся, і на гэты раз мацней, чым раней.

Ён адчуў, што дом яго прыўзняўся і стаў бокам. Крэслы, стол і камода з грукатам пакаціліся па падлозе. Відаць, гэты грукат вельмі спадабаўся малпе, бо яна яшчэ і яшчэ раз патрэсла домік, а потым з цікаўнасцю зазірнула ў акенца.

Гулівер забіўся ў самы далёкі куток і стараўся не варушыцца.

«А, чаму я не схаваўся пад ложак! – думаў ён. – Пад ложкам яна мяне не заўважыла б. А цяпер позна. Калі я паспрабую перабегчы з месца на месца ці нават перапаўзці, яна ўбачыць мяне».

Ён прыціснуўся да сцяны так моцна, як толькі мог. Але малпа ўсё-такі ўбачыла яго.

Весела ашчэрыўшы зубы, яна прасунула ў дзверы доміка лапу, каб схапіць Гулівера.

Ён кінуўся ў другі куток і зашыўся паміж ложкам і шафай. Але і тут страшная лапа дастала яго.

Ён паспрабаваў выкруціцца, выслізнуць, але не змог. Ухапіўшы Гулівера за крысо кафтана, малпа выцягнула яго з доміка. Ад страху Гулівер не мог нават закрычаць.

А між тым малпа спакойна ўзяла яго на рукі, як нянька бярэ дзіця, і пачала гайдаць і гладзіць лапай па твары. Напэўна, яна палічыла яго за дзіця малпавай пароды.

Якраз у гэтую самую хвіліну дзверы з шумам расчыніліся і на парозе пакоя з'явілася Глюмдалькліч.

Малпа пачула стук. Яна ўскочыла на падаконнік, з падаконніка – на карніз, а з карніза па вадасцёкавай трубе палезла на дах. Яна карабкалася на трох лапах, а ў чацвёртай трымала Гулівера. Глюмдалькліч закрычала.

Гулівер пачуў яе спалоханы крык, але адказаць ёй не мог: малпа сціснула яго так, што ён ледзь дыхаў.

Праз некалькі мінут увесь палац быў на нагах. Слугі пабеглі па лесвіцы і вяроўкі. Цэлы натоўп сабраўся на двары. Людзі стаялі, задраўшы галовы, і паказвалі ўгору пальцамі.

А там, наверсе, на самым вільчыку, сядзела малпа. Адной лапай яна прытрымлівала Гулівера, а другой набівала яму рот усялякай дрэнню, якую выцягвала са свайго рота. Малпы заўсёды пакідаюць у зашчочных мяшках запас напаўпражаванай ежы.

Як толькі Гулівер спрабаваў адвярнуцца ці сціснуць зубы, яна давала яму такога плескача, што яму мімаволі даводзілася падпарадкавацца.

Слугі ўнізе заходзіліся ад рогату, а ў Гулівера сціскалася сэрца.

«Вось яна, апошняя хвіліна майго жыцця!» – думаў ён.

Нехта знізу кінуў у малпу каменем. Камень праляцеў над самай галавой Гулівера.

За першым каменем паляцеў другі, трэці… Добра, што афіцэр варты, баючыся, каб людзі разам з малпай не забілі і каралеўскага Грыльдрыга, забараніў кідаць у яе камянямі.

Нарэшце некалькі лесвіц было прыстаўлена да сцен будынка з розных бакоў. Два прыдворныя пажы і чацвёра слуг пачалі падымацца наверх.

Малпа зразумела, што яе акружаюць і што на трох лапах яна далёка не ўцячэ. Яна кінула Гулівера на дах і, зрабіўшы некалькі скачкоў, апынулася на даху суседняга будынка, дзе і схавалася ў паддашкавым акенцы.

Гулівер застаўся ляжаць на пакатым, гладкім даху, з хвіліны на хвіліну чакаючы, калі вецер скіне яго ўніз, як пясчынку.

Але ў гэты час адзін з пажоў паспеў перабрацца з лесвіцы на дах. Ён знайшоў Гулівера, сунуў яго сабе ў кішэню і шчасліва спусціўся ўніз.

Глюмдалькліч была страшэнна рада. Яна схапіла свайго Грыльдрыга і панесла дамоў. Гулівер ляжаў у яе на далоні, як мышаня, замучанае кошкай. Агідная жвачка, якую малпа напхала яму ў рот, не давала дыхаць.

Глюмдалькліч зразумела, у чым бяда. Яна ўзяла сваю самую тоненькую іголачку і асцярожна, кончыкам, выграбла з рота Гулівера ўсё, што напхала туды малпа.

Гуліверу адразу стала лягчэй. Але ён быў так перапалоханы, так пакамечаны малпай, што цэлыя два тыдні праляжаў у ложку.

Кароль і ўсе прыдворныя кожны дзень прысылалі даведацца, ці папраўляецца бедны Грыльдрыг, а каралева сама адведвала яго. Яна забараніла ўсім прыдворным без выключэння трымаць у палацы жывёлу. А тую малпу, якая ледзь не задушыла Гулівера, загадала забіць.

Калі Гулівер нарэшце ўстаў з пасцелі, кароль загадаў паклікаць яго да сябе і, смеючыся, задаў яму тры пытанні.

Яму было вельмі цікава даведацца, як адчуваў сябе Гулівер у лапах малпы, ці спадабаўся яму яе пачастунак і што б ён рабіў, калі б такое здарылася ў яго на радзіме, дзе не знайшлося б чалавека, які паклаў бы яго ў кішэню і спусціў на зямлю.

Гулівер адказаў каралю толькі на апошняе пытанне.

Ён сказаў, што ў яго на радзіме малпы не водзяцца. Іх часам прывозяць з гарачых краін і трымаюць у клетках. Калі ж якой-небудзь малпе ўдалося б вырвацца на волю і яна асмелілася б накінуцца на яго, ён лёгка справіўся б з ёю. Ды і не з адной малпай, а з цэлым тузінам малпаў звычайнага росту. Ён упэўнены, што і гэтую велізарную малпу ён змог бы адолець, калі б у час нападу ў яго руках была шпага, а не пяро. Варта было толькі пракалоць гэтай пачвары лапу, і гэта назаўсёды адбіла б у яе ахвоту нападаць на людзей.

Усю гэтую прамову Гулівер сказаў рашуча і гучна, высока ўзняўшы галаву і паклаўшы руку на рукаятку шпагі.

Ён вельмі не хацеў, каб хто-небудзь з прыдворных палічыў яго баязліўцам.

Але прыдворныя адказалі на яго прамову такім дружным і вясёлым рогатам, што Гулівер адразу змоўк.

Ён абвёў вачыма сваіх слухачоў і з горыччу падумаў пра тое, як цяжка чалавеку дабіцца павагі ад тых, хто глядзіць на яго звысака.

Гэтая думка не раз прыходзіла ў галаву Гуліверу і пазней, у іншыя часы, калі яму здаралася бываць сярод высокіх асоб – каралёў, герцагаў, вяльможаў, – хоць часта гэтыя высокія асобы былі ніжэй за яго на цэлую галаву.

13

Жыхары Брабдынгнега лічаць сябе прыгожымі людзьмі. Магчыма, гэта і на самай справе так, але Гулівер глядзеў на іх быццам праз павелічальнае шкло, і таму яны яму не надта падабаліся.

Іх скура здавалася яму вельмі тоўстай і шурпатай – ён бачыў кожны валасок на ёй, кожную вяснушку. Ды і цяжка было не бачыць, калі гэтая вяснушка была велічынёй са сподачак, а валаскі тырчалі, як вострыя шыпы ці зубы грэбеня. Усё гэта і навяло Гулівера на пацешную думку.

Неяк раніцой ён прадстаўляўся каралю. Караля ў гэты час галіў прыдворны цырульнік. Гаворачы з яго вялікасцю, Гулівер мімаволі пазіраў на мыльную пену, у якой чарнелі тоўстыя, быццам кавалачкі жалезнага дроту, валаскі.

Калі цырульнік скончыў сваю справу, Гулівер папрасіў у яго кубак з мыльнай пенай. Цырульніка вельмі здзівіла такая просьба, але ён выканаў яе.

Гулівер выбраў з белай пены сорак самых тоўстых валаскоў і паклаў на акенца сушыцца. Потым ён знайшоў гладкую трэсачку і выстругаў з яе спінку для грэбеня.

Самай тонкай іголкай з ігольніцы Глюмдалькліч ён асцярожна прасвідраваў у драўлянай спінцы на роўнай адлегласці адна ад другой сорак вузкіх адтулін і ў гэтыя адтуліны ўставіў валаскі. Затым падрэзаў іх, каб яны былі зусім роўныя, і завастрыў ножыкам іх канцы. Атрымаўся цудоўны грэбень.

Гулівер быў вельмі рады: амаль усе зубы на яго грэбені паламаліся, і ён не ведаў, дзе яму дастаць новы. У Брабдынгнегу не было такога майстра, які змог бы зрабіць такую малюсенькую рэч. Усе любаваліся новым Гуліверавым грэбенем, і яму захацелася зрабіць яшчэ што-небудзь.

Ён папрасіў служанку каралевы зберагчы для яго валасы, якія выпадуць з касы яе вялікасці. Калі іх набралася шмат, ён даручыў таму самаму сталяру, які рабіў для яго камоду і крэслы, вытачыць два лёгкія драўляныя крэслы.

Папярэдзіўшы сталяра, што спінку і сядзенне ён зробіць сам з іншага матэрыялу, Гулівер загадаў майстру толькі прасвідраваць у крэслах вакол сядзення і спінкі маленькія частыя адтуліны.

Сталяр зрабіў усё, што было загадана, і Гулівер распачаў работу. Ён выбраў са свайго запасу самыя моцныя валасы і, абдумаўшы загаддзя ўзор, уплёў іх у тыя адтуліны, якія былі для гэтага зроблены.

Атрымаліся цудоўныя плеценыя крэслы ў ангельскім стылі, і Гулівер урачыста паднёс іх каралеве. Каралева была ў захапленні ад падарунка. Яна паставіла крэслы на сваім любімым століку ў гасцінай і паказвала іх усім, хто да яе прыходзіў.

Яна хацела, каб Гулівер у час прыёмаў сядзеў толькі на такім крэсле, але Гулівер рашуча адмовіўся сядзець на валасах сваёй уладаркі.

Пасля заканчэння гэтай работы ў Гулівера засталося яшчэ шмат валасоў каралевы, і, з дазволу яе вялікасці, ён сплёў з іх для Глюмдалькліч прыгожы кашалёк. Кашалёк быў толькі трошкі большы за тыя мяхі, у якіх у нас звычайна возяць у млын жыта, і зусім не падыходзіў для цяжкіх брабдынгнежскіх манет. Але затое ён быў вельмі прыгожы – увесь ва ўзорах, з залатым вензелем каралевы на адным баку і срэбным вензелем Глюмдалькліч – на другім.

Кароль і каралева вельмі любілі музыку, і ў палацы часта наладжваліся канцэрты.

Гулівера таксама часам запрашалі на музычныя вечары. У такіх выпадках Глюмдалькліч прыносіла яго разам са скрынкай і ставіла на які-небудзь столік далей ад музыкантаў.

Гулівер шчыльна зачыняў усе дзверы і вокны ў сваёй скрынцы, завешваў шторы і гардзіны, заціскаў пальцамі вушы і садзіўся ў крэсла слухаць музыку.

Без такой перасцярогі музыка веліканаў здавалася яму нясцерпным аглушальным грукатам.

Куды больш падабаліся яму гукі невялікага інструмента, вельмі падобнага на клавікорды. Гэты інструмент стаяў у пакоі Глюмдалькліч, і яна вучылася іграць на ім.

Гулівер і сам нядрэнна іграў на клавікордах, і яму захацелася пазнаёміць караля і каралеву з ангельскімі песнямі. Справа гэта была нялёгкая.

Даўжыня інструмента была шэсцьдзесят крокаў, кожны клавіш быў шырынёй амаль на цэлы крок. Стоячы на адным месцы, Гулівер мог бы іграць не больш чым на чатырох клавішах – да іншых яго рукі не даставалі. Таму ён павінен быў бегаць справа налева і злева направа – ад басоў да дыскантаў і назад. А паколькі інструмент быў не толькі доўгі, але і высокі, то бегаць яму даводзілася не па падлозе, а па лаўцы, якую спецыяльна для яго зрабілі сталяры і якая была такой жа даўжыні, як інструмент.

Бегаць уздоўж клавікордаў узад і ўперад было вельмі цяжка, але яшчэ цяжэй было націскаць тугія клавішы, разлічаныя на пальцы веліканаў.

Спачатку Гулівер спрабаваў біць па клавішах кулаком, але гэта было вельмі балюча, і ён папрасіў зрабіць для яго дзве дубінкі. З аднаго канца гэтыя дубінкі былі таўсцейшыя, чым з другога, а для таго каб пры ўдары яны не вельмі моцна стукалі па клавішах, Гулівер абцягнуў іх тоўстыя канцы мышынай скурай.

Калі ўсе гэтыя падрыхтаванні былі закончаны, кароль і каралева прыйшлі паслухаць Гулівера.

Абліваючыся потам, бедны музыка бегаў з аднаго канца клавікордаў у другі, б'ючы з усіх сіл па патрэбных клавішах. З горам папалам яму ўдалося даволі бегла сыграць вясёлую ангельскую песеньку, якую ён памятаў з дзяцінства.

Кароль і каралева пайшлі вельмі задаволеныя, а Гулівер доўга не мог аддыхацца – пасля такога музычнага практыкавання ў яго балелі рукі і ногі.

14

Гулівер чытаў кнігу, якую ўзяў з каралеўскай бібліятэкі. Ён не сядзеў за сталом і не стаяў перад канторкай, як гэта звычайна робяць усе людзі ў час чытання, а спускаўся і падымаўся па спецыяльнай прыстаўной лесвіцы, якая вяла ад верхняга радка да ніжняга.

Без гэтай лесвіцы, зробленай спецыяльна для яго, Гулівер не мог бы чытаць велізарныя брабдынгнежскія кнігі.

Лесвіца была не вельмі высокая – усяго дваццаць пяць прыступак, кожная прыступка адпавядала радку кнігі.

Пераходзячы ад радка да радка, Гулівер спускаўся ўсё ніжэй і ніжэй, а апошнія словы на старонцы ён дачытваў, стоячы на падлозе. Перагортваць старонкі яму было не цяжка, бо брабдынгнежская папера славіцца сваёй тонкасцю. Яна і на самай справе не таўсцейшая за звычайны кардон.

Гулівер чытаў разважанні аднаго мясцовага пісьменніка пра тое, як здрабнелі за апошні час яго суайчыннікі.

Пісьменнік расказваў пра магутных веліканаў, якія некалі насялялі яго краіну, і горка скардзіўся на хваробы і небяспекі, якія на кожным кроку падпільноўваюць слабых, нізкарослых і кволых брабдынгнежцаў.

Чытаючы гэтыя разважанні, Гулівер успомніў, што і ў сябе на радзіме ён чытаў нямала такіх кніжак, і, усміхнуўшыся, падумаў:

«І вялікія, і маленькія людзі любяць паскардзіцца на сваю слабасць і кволасць. А па праўдзе кажучы, і тыя і другія не такія ўжо і бездапаможныя, як ім здаецца». Перагарнуўшы апошнюю старонку, ён спусціўся з лесвіцы.

Якраз у гэты час у пакой зайшла Глюмдалькліч.

– Нам трэба збірацца, Грыльдрыг, – сказала яна. – Кароль і каралева едуць на марское ўзбярэжжа і бяруць нас з сабой.

На марское ўзбярэжжа! Сэрца ў Гулівера радасна забілася. Больш чым два гады ён не бачыў мора, не чуў глухога шуму хваляў і вясёлага посвісту марскога ветру. Начамі яму часта сніўся гэты мерны знаёмы шум, і раніцой ён прачынаўся сумны і ўстрывожаны. Ён ведаў, што пакінуць краіну веліканаў можна толькі морам.

Гуліверу добра жылося пры двары брабдынгнежскага караля. Кароль і каралева любілі яго, Глюмдалькліч даглядала яго, як самая клапатлівая нянечка, прыдворныя былі ветлівыя і з ахвотай гаварылі з ім.

Але гэта было так цяжка – баяцца ўсяго на свеце – абараняцца ад мухі, уцякаць ад кошкі, захлынацца ў кубку вады! Ён толькі і марыў аб тым, каб зноў жыць сярод самых звычайных людзей, такога ж росту, як ён сам.

Нялёгка жыць сярод людзей, якія глядзяць на цябе зверху ўніз.

Нейкае няяснае прадчуванне, прымусіла Гулівера на гэты раз асабліва старанна ўпакаваць свае рэчы. Ён узяў з сабой у дарогу не толькі адзенне, бялізну і свой дарожны дзённік, а нават калекцыю рэдкасцяў, сабраных ім у Брабдынгнегу.

Назаўтра раніцой каралеўская сям'я са світай і слугамі рушыла ў дарогу.

Гулівер цудоўна адчуваў сябе ў сваім дарожным доміку. Гамак, які служыў яму пасцеллю, быў падвешаны на шаўковых вяроўках да чатырох куткоў столі. Ён плаўна пагойдваўся нават тады, калі коннік, да пояса якога была прышпілена Гуліверава скрынка, ехаў самай шпаркай рыссю.

У вечку скрынкі, над самым гамаком, Гулівер папрасіў зрабіць маленькае акенца, з далонь шырынёй, якое ён мог сам адчыняць і зачыняць, калі яму захочацца.

У гарачы час ён адчыняў і верхняе і бакавыя акенцы і спакойна драмаў у сваім гамаку, а лёгкі ветрык абвяваў яго. Але, напэўна, гэты сон на скразняку быў не надта здаровы.

Калі кароль з каралевай і са сваёй світай прыбылі ў свой летні палац, які знаходзіўся ўсяго за васемнаццаць міль ад берага, каля горада Фленфласніка, Гулівер адчуў сябе нядобра. Ён моцна прастудзіўся і меў вельмі стомлены выгляд.

А бедная Глюмдалькліч дык тая зусім захварэла ў дарозе. Ёй давялося легчы ў пасцель і піць горкія лякарствы.

Між тым Гулівер хацеў як мага хутчэй пабыць ля мора. Ён не мог дачакацца той хвіліны, калі зноў ступіць на ўзбярэжны пясок. Каб наблізіць гэтую хвіліну, Гулівер пачаў прасіцца ў сваёй мілай нянечкі адпусціць яго на бераг аднаго.

– Салёнае марское паветра вылечыць мяне лепш за ўсякае лякарства, – паўтараў ён.

Але нянечка чамусьці не хацела пускаць Гулівера. Яна старалася адгаварыць яго ад гэтай прагулкі і пусціла толькі пасля доўгіх просьбаў і спрэчак, неахвотна, са слязамі на вачах.

Яна даручыла аднаму з каралеўскіх пажаў аднесці Гулівера на бераг і ўважліва сачыць за ім.

Хлопчык нёс скрынку з Гуліверам добрай паўгадзіны. Увесь гэты час Гулівер не адыходзіў ад акенца. Ён адчуваў, што бераг ужо блізка.

І вось нарэшце ён убачыў цёмныя ад прыліву камяні і паласу вільготнага пяску са слядамі марской пены.

Ён папрасіў хлопчыка паставіць скрынку на які-небудзь камень і, сеўшы ў крэсла перад акенцам, пачаў сумна ўзірацца ў пустынную далячынь акіяна.

Як хацелася яму ўбачыць там, на гарызонце, трохкутнік ветразя! Хоць здалёк, хоць на імгненне…

Хлопчык, насвістваючы нейкую песеньку, кідаў у ваду каменьчыкі велічынёй з невялікую рыбацкую хаціну, і гэты шум і плюхаценне перашкаджалі Гуліверу думаць. Ён сказаў пажу, што стаміўся і хоча падрамаць. Паж вельмі ўзрадаваўся. Прычыніўшы шчыльна акенца ў вечку скрынкі, ён пажадаў Гуліверу добрага сну, а сам пабег да скалаў – шукаць у расколінах птушыныя гнёзды.

Гулівер і сапраўды лёг у свой гамак і заплюшчыў вочы. Стомленасць ад доўгай дарогі і свежае марское паветра зрабілі сваю справу. Ён моцна заснуў.

Раптам моцны штуршок разбудзіў яго. Ён адчуў, як нехта рвануў за кальцо, укручанае ў вечка скрынкі. Скрынка хіснулася і пачала імкліва ўздымацца ўгору. Гулівер ледзь не вылецеў са свайго гамака, але тут рух стаў больш плаўны, і ён саскочыў на падлогу, падбег да акенца. Галава ў яго закружылася. З усіх трох бакоў ён бачыў толькі хмары і неба.

Што здарылася? Гулівер прыслухаўся – і ўсё зразумеў. У шуме ветру ён выразна пачуў узмахі шырокіх магутных крылаў.

Мусіць, нейкая вялізная птушка нагледзела Гулівераў домік і, ухапіўшы яго за кальцо, нясе немаведама куды.

І навошта ёй спатрэбілася гэтая драўляная скрынка?

Можа, яна хоча кінуць яе на скалы, як арлы скідаюць чарапах, каб раскалоць іх панцыр і дастаць з-пад яго далікатнае чарапашае мяса. Гулівер закрыў твар рукамі. Здаецца, яшчэ ніколі смерць не была так блізка.

У гэтую хвіліну скрынка зноў моцна гайданулася. Яшчэ, яшчэ раз… Ён пачуў арліны клёкат і такі шум, быццам усе марскія вятры. раптам завіхрыліся ў яго над галавой. Несумненна, гэта другі арол напаў на таго, які ўкраў Гулівера. Пірат хоча адабраць здабычу ў пірата.

Штуршок за штуршком, удар за ўдарам. Скрынка гайдалася направа і налева, як шыльда пад моцным ветрам. Гулівер качаўся па падлозе і, заплюшчыўшы вочы, чакаў смерці.

І раптам скрынка здрыганулася і паляцела ўніз, уніз, уніз… «Канец!» – падумаў Гулівер.

15

Страшэнны ўсплёск аглушыў Гулівера, і домік на хвіліну апынуўся ў поўнай цемры.

Потым, злёгку пагойдваючыся, ён узняўся ўгору, і дзённае святло пакрысе прабілася ў пакой.

Па сценах, выгінаючыся, прабеглі светлыя цені. Такія цені дрыжаць на сценах каюты, калі ілюмінатары залівае вадой.

Гулівер стаў на ногі і агледзеўся. Так, ён быў у моры. Домік, абабіты знізу жалезнымі пласцінкамі, не страціў у паветры раўнавагі і не перакуліўся. Але ён быў вельмі цяжкі і глыбока асеў у вадзе. Хвалі даставалі амаль да паловы акон. Што будзе, калі іх магутныя ўдары разаб'юць шыбы? Яны ж прыкрыты толькі лёгкімі жалезнымі рашоткамі.

Але не, пакуль што яны вытрымліваюць напор вады.

Гулівер уважліва агледзеў сваё плывучае жыллё.

На шчасце, дзверы ў доміку былі не на завесах, а выстаўныя. Яны не прапускалі вады. Але ўсё ж вада патроху прасочвалася ў скрынку праз ледзь прыкметныя шчыліны ў сценах.

Гулівер знайшоў у камодзе прасціну, разадраў на палоскі і, як мог, заканапаціў шчыліны. Потым ускочыў на крэсла і адчыніў акенца ў столі.

Гэта было зроблена своечасова: у скрынцы было так душна, што Гулівер задыхаўся.

Свежае паветра прыйшло ў домік, і Гулівер з палёгкай уздыхнуў. Галава яго праяснілася. Ён сеў і задумаўся.

Ну вось, нарэшце ён на свабодзе! Ніколі ўжо ён не вернецца ў Брабдынгнег. Ах, бедная, мілая Глюмдалькліч! Што будзе з ёю? Каралева разгневаецца на яе, адправіць назад у вёску… Нялёгка ёй будзе. А што будзе з ім, слабым, маленькім, адзінокім чалавечкам, які носіцца па акіяне ў нейкай там драўлянай скрынцы без мачтаў і без руля? Хутчэй за ўсё першая ж вялікая хваля перакуліць і залье гэты цацачны домік ці разаб'е яго аб скалы.

А можа, вецер будзе ганяць яго па акіяне да таго часу, пакуль Гулівер не памрэ з голаду. О, толькі б не гэта! Ужо калі паміраць, дык паміраць хутчэй!

А хвіліны цягнуліся вельмі марудна. Мінула чатыры гадзіны, як Гулівер трапіў у мора. Але гадзіны гэтыя здаваліся яму даўжэйшымі за суткі. Гулівер нічога не чуў, толькі мерны плёскат хваляў, што білі ў сцены доміка.

І раптам яму пачуўся нейкі дзіўны гук: быццам штосьці драпнула па глухім баку скрынкі, там, дзе былі прыбіты жалезныя спражкі. І скрынка пасля гэтага паплыла як быццам хутчэй і ў адным напрамку.

Часам яе торгала ці паварочвала, тады домік ныраў глыбей, а хвалі ўзляталі вышэй, накрываючы домік з верхам. Вада ліўнем абрушвалася на вечка, і цяжкія пырскі траплялі праз акенца ў пакой Гулівера.

«Няўжо нехта ўзяў мяне на буксір?» – падумаў Гулівер.

Ён узлез на стол, прышрубаваны пасярод пакоя пад самым акенцам у столі, і пачаў клікаць на дапамогу. Ён крычаў на ўсіх мовах, якія ведаў: па-ангельску, па-гішпанску, па-галандску, па-італійску, па-турэцку, па-ліліпуцку, па-брабдынгнежску, – але ніхто не адгукаўся.

Тады ён узяў палку, прывязаў да яе вялікую хусцінку і, прасунуўшы палку ў акенца, пачаў размахваць. Але і гэты сігнал застаўся без адказу.

Аднак Гулівер адчуваў, што яго домік хутка рухаецца наперад.

Раптам сценка са спражкамі ўдарылася аб нешта цвёрдае. Домік рэзка гайданула раз, другі, і ён спыніўся. Кальцо на вечку дзынкнула. Потым заскрыпеў канат, быццам яго прасоўвалі ў кальцо.

Гуліверу здалося, што домік пачаў павольна падымацца з вады. Так яно і было. У пакоі стала святлей.

Гулівер зноў высунуў палку і замахаў хусцінкай.

Над галавою ў яго загрукала, і нехта моцна закрычаў па-ангельску:

– Гэй, вы там, у скрынцы! Адгукніцеся! Вас слухаюць!

Гулівер, задыхаючыся ад хвалявання, адказаў, што ён няшчасны падарожнік, якому давялося выцерпець за час сваіх вандраванняў цяжкія нягоды і страхі. Ён рады, што сустрэў нарэшце сваіх суайчыннікаў, і просіць дапамагчы яму.

– Не хвалюйцеся! – адказалі яму зверху. – Ваша скрынка прывязана да борта ангельскага карабля, і зараз наш цясляр прапілуе ў яе вечку адтуліну. Мы спусцім трап, і вы зможаце выбрацца з вашай плывучай турмы.

– Не трэба дарэмна траціць час, – адказаў Гулівер. – Прасцей прасунуць палец у кальцо і падняць скрынку на борт карабля.

Людзі наверсе засмяяліся, загаманілі, але ніхто нічога не адказаў Гуліверу. Потым ён пачуў тонкі свіст пілы, і праз некалькг хвілін у столі яго пакоя свяцілася вялікая чатырохвугольная дзірка.

Гуліверу спусцілі трап. Ён вылез спачатку на дах свайго доміка, а затым падняўся на карабель.

Матросы акружылі Гулівера і, перабіваючы адзін другога, пачалі распытваць яго, хто ён, адкуль, ці даўно плавае па моры ў сваім плывучым доме і за што яго туды пасадзілі. Але Гулівер толькі разгублена глядзеў на іх.

«Што за малюсенькія чалавечкі! – думаў ён. – Няўжо я зноў трапіў да ліліпутаў?»

Капітан судна, містэр Томас Вількокс, убачыў, што Гулівер ледзь стаіць на нагах ад стомленасці, хвалявання і разгубленасці. Ён завёў яго ў сваю каюту, паклаў у пасцель і параіў добра адпачыць.

Гулівер і сам адчуваў, што яму гэта неабходна зрабіць. Але перш чым заснуць, ён паспеў сказаць капітану, што ў яго ў скрынцы засталося шмат цудоўных рэчаў – шаўковы гамак, стол, крэслы, камода, дываны, фіранкі і шмат іншых цікавых прадметаў.

– Калі вы загадаеце прынесці мой домік у гэту каюту, я з задавальненнем пакажу вам маю рэдкую калекцыю, – сказаў ён.

Капітан са здзіўленнем і жалем паглядзеў на яго і моўчкі выйшаў з каюты. Ён падумаў, што госць яго страціў розум ад перажытага, а Гулівер проста яшчэ не паспеў прывыкнуць да думкі, што вакол яго такія ж людзі, як і ён, і што ніхто ўжо не зможа падняць яго домік адным пальцам.

Аднак, калі ён прачнуўся, усе яго рэчы былі ўжо на борце карабля. Капітан паслаў матросаў дастаць іх са скрынкі, і матросы добрасумленна выканалі гэты загад.

На жаль, Гулівер забыўся сказаць капітану, што стол, крэслы і камода ў яго пакоі прышрубаваны да падлогі. Матросы гэтага, зразумела, не ведалі і моцна папсавалі мэблю, адрываючы яе ад падлогі.

Больш таго, у час работы яны пашкодзілі і сам домік. У сценах і падлозе з'явіліся шчыліны, вада пачала заліваць пакой.

Матросы ледзь паспелі садраць са скрынкі некалькі дошак, якія маглі спатрэбіцца на караблі, – і яна пайшла на дно. Гулівер быў рады, што не бачыў гэтага. Сумна бачыць, як ідзе на дно дом, у якім ты пражыў шмат дзён і начэй, хай сабе і невясёлых.

Гэтыя некалькі гадзін у каюце капітана Гулівер праспаў моцна, але неспакойна: яму сніліся то велізарныя восы з краіны веліканаў, то заплаканая Глюмдалькліч, то арлы, якія б'юцца ў яго над галавой. Але ўсё-такі сон асвяжыў яго, і ён ахвотна згадзіўся павячэраць разам з капітанам.

Капітан быў гасцінным гаспадаром. Ён сардэчна частаваў Гулівера, і Гулівер еў з задавальненнем, але яму смешна было глядзець на маленькія талерачкі, блюды, графіны і шклянкі, якія стаялі на стале. Часам ён браў іх у рукі і разглядаў, ківаючы галавой і ўсміхаючыся.

Капітан заўважыў гэта. Спачувальна паглядзеўшы на Гулівера, ён спытаў у яго, ці здаровы ён і ці не пашкодзілі яго розум стомленасць і няшчасці.

– Не, – сказаў Гулівер, – я зусім здаровы. Але я даўно ўжо не бачыў такіх маленькіх людзей і такіх маленькіх рэчаў.

І ён падрабязна расказаў капітану пра тое, як ён жыў у краіне веліканаў. Спачатку капітан слухаў яго з недаверам, але чым далей расказваў Гулівер, тым больш уважлівы быў капітан. З кожнай хвілінай ён усё больш пераконваўся, што Гулівер сур'ёзны, праўдзівы і сціплы чалавек, што ён не з тых, якія любяць выдумляць і перабольшваць.

У заключэнне Гулівер дастаў з кішэні ключ і адчыніў сваю камоду. Ён паказаў капітану два грабяні: адзін быў з драўлянай спінкай, другі – з рагавой. Рагавую спінку Гулівер зрабіў з абрэзка пазногця яго брабдынгнежскай вялікасці.

– А з чаго зроблены зубы? – спытаў капітан.

– З валасоў каралеўскай барады!

Капітан толькі развёў рукамі.

Потым Гулівер дастаў некалькі іголак і шпілек – з паўаршына, з аршын і болей. Ён разматаў перад здзіўленым капітанам чатыры валасы каралевы і падаў яму абедзвюма рукамі залаты пярсцёнак, атрыманы ад яе ў падарунак. Гэты пярсцёнак каралева насіла на мезеным пальцы, а Гулівер – на шыі, замест караляў.

Але больш за ўсё здзівіў капітана зуб. Гэты зуб памылкова быў вырваны ў аднаго з каралеўскіх пажаў. Зуб быў зусім здаровы, і Гулівер пачысціў яго і схаваў у сваю камоду. Заўважыўшы, што капітан не можа адвесці вачэй ад веліканскага зуба, Гулівер папрасіў яго прыняць гэтую рэч у падарунак.

Расчулены капітан аслабаніў у сваёй шафе адну паліцу і асцярожна паклаў на яе дзіўны прадмет, з выгляду падобны на зуб, а па велічыні – на добры камень.

Ён узяў з Гулівера слова, што, вярнуўшыся на радзіму, той абавязкова напіша кнігу пра свае падарожжы…

Гулівер быў чалавек сумленны і стрымаў слова.

Так з'явілася на свет кніга пра краіну ліліпутаў і пра краіну веліканаў.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю