355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Алесь Адамовіч » Хатынская аповесць » Текст книги (страница 9)
Хатынская аповесць
  • Текст добавлен: 1 декабря 2017, 07:00

Текст книги "Хатынская аповесць"


Автор книги: Алесь Адамовіч


Жанр:

   

Военная проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 9 (всего у книги 17 страниц)

Мы ж бачылі толькі катаў, толькі ix, хто хацеў нас загнаць у свіран, каб зручней было ператварыць нас у трупы, спакойныя, дысцыплінаваныя. I я кідаўся разам з усімі паўз сцяну з мордаў аўчарак i катаў, злы, бездапаможны.

Аднойчы, калі ўжо студэнтам быў, убачыў у кнізе групу людзей, звязаных, аблытаных змеямі – Лаакаон. (Памяць мая ўсё ўцякае ад свірна, нават памяць доўга не можа там прабыць!..) Тоўстыя скруткі змей на чалавечых руках, нагах, напружаных у халодным жаху, адкінутыя твары, галовы… Стол, за якім я сядзеў, пахіліўся, вокны перакасіліся, я ледзьве дабег да памыйнага вядра. Аднакурснікам маім смешна было, што ў Гайшуна такая рэакцыя на мастацтва. А я проста ўбачыў тое, што ўжо бачыў аднойчы, але толькі не на рэпрадукцыі. Было гэта ў самым пачатку маёй партызаншчыны. Немцы i ўласаўцы злавілі нашага разведчыка, а мы потым хадзілі забipaць кінутае на могілках цела. Партызан доўга адстрэльваўся ад немцаў з-за камянёў i загародак, але яго ўсё-ткі схапілі жывога. Рука, шыя чалавека былі абматаны сінімі жахлівымі скруткамі з яго ж вантробаў. I на мёртвым відаць было, як чалавек сам ірваў ix ад сляпой жудасці i болю…

Натоўп, сціснуты, звязаны, абматаны шарэнгамі-змеямі салдатаў з аўчаркамі, звіваўся ў жаху, адчаі, гневе, а воддаль застылі непраўдападобна спакойныя фігуры афіцэраў у высокіх фуражках. Я ix заўважыў, а потым убачыў зноў ужо з акенца свірна. У гэтага немагчыма халоднага, пільнага спакою быў свой цэнтр, i гэта быў ён, мой самы галоўны вораг. Але яго я разгледзеў, вылучыў пазней.

Калі людзей усё-ткі пазапіхвалі, пазакідвалі ў свіран i нас глынула злавесная цемра, я апынуўся каля самых дзвярэй, ix зачынілі i зараз забівалі глухімі, як на могілках, ударамі. I я зноў з упартасцю вар'ята стаў шукаць, у чым яшчэ можа быць выратаванне, апошні шанец. Гэта было ва мне звыклае, партызанскае, але я быў часткай i таго, што крычала, ірвалася, кідалася пад высокай страхой свірна, скрэсленай, парэзанай вузкімі палосамі сонечнага святла. (Значыць, у той дзень i нават у тыя гадзіны, хвіліны ярка i шырока свяціла сонца!..)

Сонечныя палосы, слупы святла, якія падаюць зверху, дымяцца пылам. I ўжо дзіцячыя крыкі па ўсім свірне:

– Мамачка, дым.

– Ой, запалілі!

– Мамка, гэта будзе балюча, мамка, гэта будзе балюча?..

У гэтым жахлівым натоўпе мне ўжо бачацца ўмольныя вочы, тварыкі маіх сястрычак-блізнят. Усе твары, усе вочы дзіцячыя тут аднолькавыя. I я ўжо шукаю i баюся пазнаць маці (мне пачынае здавацца, што гэта адбываецца ў тым хляве, дзе ix палілі). Яна ўбачыць, што i я тут, што сын яе таксама тут…

Святла болей каля дзвярэй – з дзвюх вузкіх, высока прарэзаных дзірак-аконцаў. Яны прыцягваюць да сябе, тут асабліва цесна. Нейкі мужчына не вытрымаў, падцягнуўся на руках, зірнуў. I адразу рэзка адкінула яго галаву – чалавек упаў на нас. (Крык стаіць такі, што аўтаматнай чаргі мы не пачулі.) Сонечныя палосы на тварах, на плячах людзей адразу афарбаваліся крывёю. Ліпкім i цёплым пырснула i мне на лоб. Але нельга руку падняць, каб выцерці, так сціснуты мы.

I тут мы ўбачылі, як мокра пачарнелі пазы паміж бёрнаў i дошкі дзвярэй, рэзка запахла бензінам.

Шматрукі, шматгаловы, шматгалосы Лаакаон з вялізнымі жаночымі, дзіцячымі вачамі варочаўся, ірваўся ў паўцемры, i часткай гэтага быў я.

А недзе ёсць поле, цішыня са строкатам конікаў, пустая палявая дарога, чалавек, што спакойна ідзе некуды…

Раптам вузкае акенца над намі засланілася знадворку. Нас разглядваюць нечыя вочы з-пад доўгага казырка. Нібы каго шукаюць. Стала цішэй. Толькі дзіцячы плач застаўся, як раўчукі, калі адхлыне прыбой.

– Без дзяцей – выходзь, – загучаў голас з акцэнтам. – Можна. Хто без дзяцей. Сюды вось, у акно. Дзяцей трэба пакінуць…

Стала зусім ціха, але ў гэтай цішыні зрушыўся з месца свет, як, напэўна, непрыкметна зрушвалася, нахілялася вось планеты перад абледзяненнем. Жанчыны першыя зразумелі сэнс сказанага. Такога чалавечага стогну я не чуў за ўвесь той жудасны дзень… Не, такой цішыні. Людзі замоўклі, быццам усё да канца зразумеўшы. Да гэтага моманту ix яшчэ нешта звязвала: людзей, сціснутых сценамі будыніны, i тых, што стаялі знадворку. А цяпер тыя, што знадворку, не ўспрымаліся ўжо як чалавечыя істоты. Стала ціха, ціха. A ў цішыні той, вось ужо чвэрць стагоддзя, не заціхае раптоўны голас жанчыны:

– Сынок, нашто ж ты боцікі рызінавыя надзеў? Твае ж ножкі доўга гарэць будуць. У рызіне.

Нейкі агульны pyx, страшны, маўклівы: людзі скідаюць з сябе, зрываюць адзенне – быццам ужо тлее, пячэцца.

А нехта падцягнуўся ўжо да вызваленага акенца, зірнуў. Яго падсаджваюць, яму памагаюць. Чалавек адхіляе твар, галаву ад святла, як ад нясцерпнай гарачыні,– чакае аўтаматнай чаргі. Не вытрымаў, задрыгаў нагамі, споўз уніз. Тады я паказаў, што хачу падцягнуцца, i мяне адразу ўзнялі нечыя рукі, плечы. Перад хлявом наўкола салдаты ў насунутых на вочы касках, з аўтаматамі напагатове. Ужо не твар мой, а калені, ногі на ўзроўні акенца. Я прасунуў у дзірку адну нагу, асядлаў сцяну, сагнуў галаву, праціснуў плячо. Мяне схапілі i адкінулі ад хлява гэтак жа злосна i рэзка, як перад гэтым шпурлялі ў дзверы. Піхнулі яшчэ i яшчэ раз, i я апынуўся каля самых машын.

I тут я зблізку ўбачыў яго, галоўнага свайго ворага. Лысы, паголены да бляску (ён адзін сярод афіцэраў з непакрытай галавой), у залатых акулярах, назірае за ўсім нібы збоку, ён падобны на ўрача ці чыноўніка, апранутага ў ваеннае.

Магчыма, я таму адразу стаў глядзець на яго, што на яго плячы круціцца доўгі, як у пацука, i тоўсты хвост, грымаснічае невялікая малпа з круглымі белымі плямамі вакол вачэй. Ён яе ласкава дастае, пагладжвае рукой. Вочы нашы сустрэліся: мае, яго, малпы. Ён разглядвае мяне цікаўна (так мне здалося), у малпы выгляд быццам засмучоны.

Каля мяне аказаўся той самы малады паліцай, які гнаў мяне да вёскі. Але я пазнаў яго не адразу, такі ў яго сцёрты, бледны, не ранейшы твар. Такое, напэўна, упершыню бачыць, удзельнічае ў такім.

A ў дзіркі акенцаў ужо праціскаюцца: у адным мужчына засеў, завіс, дрыгае нагой, не можа прасунуць плячo i галаву; у другой дзірцы то з'яўляецца, то знікае сцяты ад жудасці жаночы твар. Потым дзіцячая галоўка з'явілася i зноў скажоны пакутай твар маці. Ён страшэнна, нема крычыць. Але вось у акенцы дзяўчына, амаль дзяўчынка, тоненькія яе рукі, ногі разам з галавой прасунуліся на вуліцу, аголена i бездапаможна як бы крыкнулі. Яна звалілася на салому. Але адразу ўскочыла, каб узяць дзіця, якое прапіхваюць, падаюць ёй адразу чатыры ці больш рукі. I адначасова, нібы адбылося нешта невыноснае для ix усіх, уздрыгнулі афіцэрскія фуражкі, абурана калыхнулася ўся шарэнга салдат i аўчарак. Двое ці трое з аўтаматамі кінуліся да дзяўчынкі i сталі адрываць яе ад дзіцяці i дзіця ад яе. Свіран жудасна, да самага неба, крычыць. Толькі зараз мяне працялі халодныя дрыжыкі. Гэтак жа дрыжыць i малады паліцай, які мяне гнаў да вёскі. Але там, дзе стаіць мой самы галоўны вораг, зноў нерухомасць, а побач – шалёныя кіданні белавокай маленькай малпы, што пераскаквае з пляча на плячо, зіркае то з-за фуражкі, то з-за паголенай галавы.

Дзяўчынку i дзіця разарвалі на два целы, i меншае, ужо зусім раздзетае, голенькае, сталі запіхваць у акно. Дзяўчынку шпурнулі да машын, яна дабегла да калодзежа, дзе вартуюць мяне. Ніхто ніколі не бачыў такіх бяздонных жаночых вачэй, як у гэтай дзяўчынкі, калі яна бегла да нас, нібы за дапамогай. Дабегла, упала тварам на зямлю i не стала паднімацца.

А той, з малпай, цяпер дзяўчынку, як нядаўна мяне, правёў цікаўным позіркам, здаецца, яму ўсё было зразумела. I тым, што навокал яго, было ўсё зразумела. Непаразумелы чалавечы выраз быў на бела-чорнай валасатай мордачцы малпы з вырачанымі сумнымі вачамі.

Тых, хто выкідваўся з аконцаў, гналі да машын, да калодзежа, нас станавілася ўсё больш, i чым менш людзей заставалася ў свірне, тым больш нясцерпным, гучным быў іхні крык, выццё.

Вываліўся хлопчык, устаў, спалоханы, да яго рвануліся людзі ў касках, схапілі. Распята трымаюць за абедзве рукі i глядзяць на лысага афіцэра з малпай. Ён памарудзіў, але махнуў у бок калодзежа: дазволіў лічыць не дзіцем. Ужо старая праціскваецца ў дзірку, доўга, нязграбна, жах i непаразуменне на чорным ад маршчын твары…

Нешта адбываецца, зразумелае людзям у фуражках, людзям у касках i асабліва брытагаловаму. Ён спакойна, дапытліва глядзіць на тое, што адбываецца, але сам больш заняты малпай, чакае, калі з чужога пляча вернецца да яго, пагладжвае яе, торгае за хвост.

Зноў выкінулі ў дзірку хлопчыка. На гэты раз брытагаловы зморшчыўся, як ад непрыемнасці, зробленай асабіста яму. I адразу абурана завылі людзі з аўчаркамі, да ix падбег афіцэр. Хлопчык вырываўся з салдацкіх рук, якія лавілі яго i не неслі, a перакідвалі назад да акенца-дзіркі. Жанчына, напэўна, яго маці, спяшае вылезці сюды, яна ціснецца ў дзірку, а сама глядзіць на хлопчыка: дзе ён, што з ім? Але яго ўжо прыцягнулі пад другое акенца i пхнуць назад, у свіран. Жанчына хоча таксама назад у свіран вярнуцца, але яе пхнуць адтуль рукі, думаючы, што памагаюць ёй. Упала на дол, а хлопчык ужо знік у чорнай дзірцы. Жанчына ўскочыла на ногі, падбегла да яе, цёмная, вялізная ад жаху i пакуты, яе схапілі i павалаклі, стрэлілі… I шпурнулі пад сцяну на салому.

Брытагаловы з грымасай незадаволення i гідлівасці рушыў да адкрытай легкавой машыны. Зараз я бачыў яго старэчую сутулую спіну, па якой кідаўся, матляўся, як маятнік, тоўсты доўгі хвост…

Гэта быў знак – канчаць. Маладзенькі афіцэр падбег да свірна, немцы, што ляжалі за кулямётамі, падрыхтаваліся, шарэнга карнікаў адступіла ад сцен свірна. Выбухнула ад саломы па сцяне – як крыкнула! – полымя. Яно ўдарыла па вачах, як тады на «востраве». Але я ўсё глядзеў, як з акенцаў выкідваюць дзяцей i яны падаюць проста ў агонь…

Іосіф Іосіфавіч Камінскі (в. Хатынь Лагойскага раёна Мінскай вобласці):

«I мяне павялі ў той хлеў… Дачка, i сын, i жонка – ужо там. I людзей столькі. Я кажу дачцэ: «Чаму вы не адзеліся?» – «Дык сарвалі з нас адзежу, – кажа дачка. – З мяне i даху з плеч сарвалі, раздзелі нас…» Ну, прыгоняць у хлеў i зачыняць, прыгоняць i зачыняць. Столькі людзей нагналі, што i не прадыхнуць ужо, руку не падымеш. Людзі крычаць, дзеці гэтыя; ведама, столькі людзей i строях гэтакі. Сена там было, салома, кармілі яшчэ, трымалі кароў. Зверху i падпалілі. Падпалілі зверху, гарыць страха, агонь на людзей сыплецца, сена, салома загарэліся, душацца гэтыя людзі, так сціснулі, што i дыхаць ужо няма як. Няма як дыхнуць. Я сыну кажу: «Упірайся ў сцяну рукамі i нагамі, yпiрайся…» А тут дзверы расчыніліся. Расчыніліся, а людзі не выходзяць. Што такое? Аж там страляюць, страляюць там, кажуць. Але крык такі, што стрэлу таго, што стуку таго i не чуваць. Ведама ж, гараць людзі, агонь на галовы, ды дзеці – такі крык, што… Я сыну кажу… «Праз галовы, праз галовы трэба!» Падсадзіў яго. А сам па нізе, паўз ногі. А на, мяне бітыя i наваліліся. Наваліліся на мяне бітыя тыя, i прадыхнуць нельга. Але паварушыў плячыма – тады я здаравейшы яшчэ быў,– стаў паўзці. Толькі да парога дапоўз, а страха i абвалілася, агонь на ўсіх… А сын выскачыў таксама, толькі голаў яму трохі абсмаліла, валасы абгарэлі. Адбег метраў пяць – яго i палажылі. На ім людзі пабітыя – з кулямёта ўсіх…

«…Уставай, кажу, яны паехалі, паехалі ўжо!» Стаў яго выцягваць, аж з яго i кішкі ўжо… Спытаў яшчэ толькі, ці мама жывая… Не дай бог нікому, хто на зямлі жыве, каб не бачылі i не чулі гора такога…»

Аўдоцця Іванаўна Грыцэвіч (в. Капачы Салігорскага раёна Мінскай вобласці):

«Схавалася на гарышчы за лежаком, пад кучай сухога лыку. A лесвіца скрып-скрып – паднімаецца нехта. Чую, ён, ужо тут, побач, дыхацельны нехта. Шагі —ідзе да мяне. Адкрыла вочы, а ён на мяне глядзіць, глядзім адзін на аднаго. А там ужо другі ўзлазіць. Дык ён узяў вязку лыку i паклаў мне на твар, закрыў…»

Марыя Фёдараўна Кот (в. Вялікія Прусы Капыльскага раёна Мінскай вобласці):

«Забілі нас, a ўсё чую, як за печкай дабіваюць суседзяў. Мы, як упалі, дык i раскаціліся кожны сваёй сям'ёй. Бачу, як жанчына цалуе руку i не дае адсунуць краваць – там дзеці яе, а ён б'е яе наганам па галаве. Тоўкуць кравацямі тых дзяцей, а яны пішчаць, госпадзі! A другі ўбачыў, што я гляджу, падбег i трах, трах, трах, я як цяпер бачу сіні наган, сіні-сіні, i агнём мяне – па твары, па твары. Адцягнуў мяне за нагу ад маіх дзяцей. А я ўсё жывая… Чую – зноў ходзяць. Думаю, зноў немцы. А гэта сын, мой, Жора, у крыві ўвесь, нічога не бачыць, ідзе да дзвярэй. «Сынок!» А ён: «Я думаў, мама, што вас ужо няма, няхай i мяне заб'юць». – «Лажыся, кажу, сынок, на тое самае месца, можа, яно шчаслівае!»

Не ведаю, ці пачулі там, ці што, але забягае адзін. «Уставай!» Пачакаў, пастаяў. Потым гранату кінуў – пад печ. A ўжо дым, ужо глінабітку паляць, аблілі нечым. Столь над намі гарыць, агонь трашчыць. Нe забілі яны нас, дык яшчэ горш – жывымі згарым. A дзяўчатак забілі, дык яшчэ i спаляць. Ускочыла я, краваць ля акна стаяла, я раму выламала, заву Жору: «Памажы ж мне выцягнуць ix! Дзяўчатак нашых». Усцягнула меншанькую – ёй куля во сюды, проста ў пераноссе папала, – на краваць яе, на падаконнік i неяк на двор. Потым старшанькую, ёй ужо шаснаццаць было. Подняла – дык яно такое маладое, мяккае!..»

Якаў Сяргеевіч Стрынатка (в. Шалаёўка Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці):

«У сорак другім, летам гэта было, партызанаў тут не вельмі яшчэ чуваць было. У Борках паліцыя была. А тут немцы раптам акружылі Боркі. Каго на полі ці ў кустах сустрэнуць, не забіваюць, а гоняць перад сабой – у вёску. А я якраз ехаў у Боркі, ячменю абяцалі прадаць. Чэрці мяне пагналі якраз пад гэта! Хацеў назад каня завярнуць – не дазволілі. Не білі, што праўда, то праўда, толькі паказалі, каб ехаў у Боркі. Я пагнаў каня, каб скарэй ад ix, заехаў у двор, там сястра ў мяне была. Яны таксама бачаць, што немцы з усіх бакоў, а чаму, што здарылася, не ведаюць. Дзед хлопцаў боркаўскіх лае за тое, што ноччу да дзевак бегаюць у суседнія вёскі: немцы, можа, падумалі, што да партызанаў! Мы з пляменнікам з хаты выйшлі, дровы сталі пілаваць: не так страшна, калі што-небудзь робіш. Сястра не вытрымала, хацела да суседкі забегчы, а немцы ўжо не пускаюць: «Нахаўз, матка!» Нікога на вуліцы не чапалі, не забівалі, што праўда, то пpaўда. Толькі – «нахаўз», дамоў каб ішлі. Пляменніцу з сяброўкай, каторыя пa вуліцы пайшлі, загналі ў чужую хату. Стаім каля вокан, глядзім, як немцы пa ўсёй вёсцы i пa агародах. А Боркі вялікія, некалькі пасёлкаў… Пляменнік гаворыць маці: «Ану ix, давай нам снедаць!» – «Паедуць, тады i сядзеце, i выпіць ёсць», – кажа маці. А тут i застукала ў двары. Зайшоў з аўтаматам, адразу адштурхнуў сястру маю ад парога i адразу перасек яе. А я як адскочу ад стала, калi пачуў ix у двары, як сеў на краваць, так i сяджу – толькі цёмна-цёмна ў вачах… Пляменнік з-за стала падняўся – немец i яго! Паспеў я яшчэ ўбачыць, як з другой комнаты старога піхалі. Тут ужо i пa мне разанулі – я адкінуўся на краваць. Калі адкрыў вочы зноў – дзед ужо мёртвы ляжыць каля парога, i нешта чаўкае – гэта свінні зайшлі i кроў гаспадароў хлабышчуць…»

Ганна Мікітаўна Сініца (в. Боркі Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці):

«Зайшлі ў хату і, не гаворачы ні слова, стрэлілі ў маму. Перад гэтым мы чулі: «Пак-пак-пак!» – стралялі ў суседзяў. Мама сказала: «Курэй ловяць». Нават не падумалі, а на вуліцу баяліся выйсці. Хто выйдзе, яны прасілі: «Нахаўз, матка». Як стрэлілі ў маму, яна яшчэ змагла ў нашу комнату забегчы: «Дзеткі!» Я адразу на печ узляцела, i сёстры за мной. Я ля сценкі ляжала, таму i асталася. Адзін на краваць стаў, каб вышэй, i страляў з вінтоўкі. Раз! Зарадзіць i зноў – бах! Сястрычкі i суседка з краю i на мне ляжалі: «Ой!», «Мамачка!» – a кроў на мяне. Потым я чула, як немцы гаварылі, смяяліся. Патэфон быў, дык яны завялі, нашы пласцінкі слухаюць. «Полюшко-поле»… Пайгралі i пайшлі. Я спаўзла з печы, а мел красны, i мама на падлозе, а ў акне гарыць школа, i мы гарым… У той школе яны паліцаяў спалілі. Нас дык хоць забілі, а ix жыўём, з сем'ямі. Чаму паліцаяў? A ліха яго ведае, чаму. У нас сяло вялікае, памятнік там бачылі – 1800 чалавек жыло. Калі немцы акружылі Боркі, дык паліцаям сказалі, каб яны сабралі свае сем'і, толькі сваіх узялі каб i прыйшлі, дзе школа. I каб нікога чужога. Мы чулi як сусед прасіў: «Косцік, скажы, што i мы твае!» А яны ідуць міма нас, як на сваё свята, і не глянуць. А ix там накармілі, вінтоўкі забралі i спалілі жыўцом, з усімі. Нас дык хоць пабілі…»

Таццяна Фёдараўна Краўчонак (в. Брыцалавічы Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці):

«Сталі яны нас гнаць. З школы ў хлеў калгасны. Спачатку партыямі гналі, а потым сем'ямі. Мяне aпошнюю, я апошняй была. I чацвёра дзетак маіх са мной. Майго старшага дык на самым парозе паклалі. Упала я на ўбітых, i дзеткі са мной. Вось сюды, у шыю мне трапіла. Толькі чула, як немец сеў на мае ногі i страляе з гэтага… аўтамата. Дым такі, чад такі, няможна!.. A калі паднялася, паглядзела на ўсіх, то думаю: «Гэта ўсе будуць уставаць ці адна я?..»

Юліян Рудовіч (в. Доры Валожынскага раёна Мінскай вобласці):

«Сказалі ўсім ісці ў царкву, памаліцца богу, i нас адпусцяць дамоў. У царкве немец падышоў да мяне: «Аддай кіндэр матцы, а сам – вэк». Узяў за каўнер i выкінуў на двор. I усіх, хто не з дзецьмі,– выходзь! I хто кіне дзіця, у царкве кіне – можа выходзіць. Пушчалі, пушчалі, хто кіне… Але ж не кожная маці так можа здзелаць. Ну, мая не кінула, не кінула… Не знаю… Але нехта павінен у жывых астацца, калі так, праўда ці не? Калі так, нехта павінен жыць астацца! А мая не захацела, асталася з малым. Немцы царкву падпалілі, мы ўсе, каторыя на двары, чуем, як людзі там лётаюць. З кулямётаў усіх перарэзалі – агонь толькі…»

Надзея Аляксандраўна Няглюй з былой вёскі Лявішчы, жыве ў Краснай Старонцы Слуцкага раёна Мінскай вобласці:

«Некалькі разоў яны прыязджалі, але мы, асабліва каторыя партызанскія сем’і, у лесе хаваліся. Тады яны прыехалі i засталіся. Нікога не трогаюць, нічога, сваё ядзяць, а самы іхні галоўны, начальнік іхні з вучыцелькіным сынам у шахматы гуляе. А на плячы ў яго малпа – у штанах, жывая. Ну i сталі некаторыя дадому з лесу прыходзіць. Нe трымаюць i назад адпускаюць, ідзі. А мароз, а адзежа вядома якая да вайны ў людзей была, ну i пацягнуліся дамоў. А яны вечарам палічылі, колькі вакон свеціцца, i – раз! – ужо нікога не выпускаюць з вёскі…»

Яўхіма Баланцэвіч (в. Боркі Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці):

«Ужо ж пайшла мая сястра замужняя i дзяўчынка, i маці адыходзіць, яшчэ дзяўчына была, чатырнаццаць год, зноў браціха з двума хлопчыкамі, аднаму – чатыры, другому – два… Ужо i пагнаў ix, параздзяваў ix. Я гляджу так во, як яны раздзяваюцца. I параздзяваліся i пайшлі туды. Вось так туды, за могілкі. Бо па гэты бок могілак раздзяваў, а той біў людзей, дык не было відно тых рвоў… Бо то могілкі абгароджаны такія былі.

Немцы ў адных сарочках крамных i без шапкі. З пісталетамі. А гарэлку пілі, знаеце, а гарэлку пілі! Па чыкушцы бярэ, з кармана вымае, чыкушку раскалыхае i глытком – адразу… Ен, мусіць, затым, каб смеласць тая была…»

СПРАВАЗДАЧА (7)
Знішчэнне вёскі Боркі з 22.ІХ да 23.ІХ 1942.

«22.9.42. Рота атрымала заданне знішчыць вёску Боркі, размешчаную ў 7 км ад Макран {1}

…Аперацыя праходзіла планамерна, за выключэннем зрухаў пэўных яе этапаў у часе. Асноўная ix прычына была наступная: на карце населены пункт Боркі паказаны як кампактна размешчанае сяло. У сапраўднасці аказалася, што гэта паселішча расцягваецца на 6–7 кіламетраў у даўжыню i шырыню.

Калі на світанні гэта было мною ўстаноўлена, я расшырыў ачапленне з усходняга боку i арганізаваў ахват сяла ў форме клешчаў пры адначасным павелічэнні дыстанцыі паміж пастамі. У выніку мне ўдалося захапіць i даставіць да месца збору ўсіх жыхароў сяла без выключэння. Спрыяльным аказалася тое, што мэта, для якой зганялася насельніцтва, да апошняга моманту была яму невядома. Каманда магільшчыкаў атрымала рыдлёўкі толькі на месцы расстрэлу, дзякуючы чаму насельніцтва аставалася ў няведанні таго, што будзе. Непрыкметна ўстаноўленыя лёгкія кулямёты задушылі ў самым пачатку ўзнятую паніку, калі прагучалі першыя стрэлы з месца экзекуцыі, якое ляжала ў 700 метрах ад сяла. Двое мужчын спрабавалі ўцякаць, але праз некалькі крокаў упалі, скошаныя кулямётным агнём. Расстрэл пачаўся ў 9 гадз. 00 мін. i закончыўся ў 18 гадз. 00 мін. Ён праходзіў без ніякіх ускладненняў, падрыхтаваныя мерапрыемствы аказаліся надзвычай мэтазгоднымі.

Прыводжу колькасны вынік расстрэлу. Расстраляны 705 чалавек, з ix мужчын – 203, жанчын – 372, дзяцей – 130.

…Пры правядзенні аперацыі ў Борках выдаткавана: вінтовачных патронаў – 786 шт., патронаў для аўтаматаў – 2496 шт.

Страт у роце не было. Адзін вахмістр з падазрэннем на жаўтуху адпраўлены ў шпіталь у Брэст».

Мюлер

Падпісана: обер-лейтэнант, выконваючы абавязкі камандзіра роты.

«Рота атрымала заданне знішчыць размешчаную на паўночны ўсход ад Макран вёску Забалоцце i расстраляць насельніцтва. Да роты былі прыкамандзіраваны: узвод Фрона з 9-й роты i 10 чал. бронеаўтамабільнага падраздзялення 10 палка. 22 верасня 1942 г. каля 18 гадз. 00 мін. 1, 2 i 3 узводы на сваіх машынах былі каля заходняга выхаду з Макран i злучыліся там з падраздзяленнямі, прысланымі для падмацавання. Пасля кароткага растлумачэння абстаноўкі i размеркавання сіл у 23 гадз. 00 мін. рота выступіла ў напрамку Забалоцця… 23 верасня 1942 г. каля 02 гадз. 00 мін. рота падышла да першых, паасобных двароў Забалоцця. У той час як галоўныя сілы рушылі далей у глыб вёскі да тэрыторыі ачаплення, асобныя двары былі акружаны выдзеленай для гэтага камандай i жыхары выведзены з дамоў. Такім чынам, яшчэ да ўступлення ў вёску было затрымана каля 25 мужчын i жанчын. Старасту, які жыў на хутары, загадана было ў 5 гадз. 30 мін. быць у камандзіра роты, які знаходзіўся каля ўвахода ў вёску. К гэтаму часу ўсё знешняе ачапленне было праведзена без асаблівых здарэнняў.

Усё насельніцтва пад кіраўніцтвам старасты было сагнана ў школу, а адна каманда адразу ж адправілася на выселкі за 7 км ад вёскі, каб забраць жыхароў… Усе жыхары былі падзелены на 3 групы i расстраляны на месцы пакарання…

Вынікі аперацыі наступныя: расстраляна 289 чалавек, спалены 151 двор, узята 700 галоў рагатай жывёлы, 400 свіней, 400 авечак i 70 коней…»

Капітан Пельс.

«На світанні стараста ў Барысаўцы {2} сабраў усё насельніцтва. Пасля праверкі насельніцтва пры садзеянні паліцыі бяспекі з Дзівіна 5 сямей былі пераселены ў Дзівін. Астатнія былі расстраляны асоба выдзеленай камандай i пахаваны за 500 м на паўночны ўсход ад Барысаўкі. Усяго было расстраляна 169 чал., з ix: 49 мужчын, 97 жанчын i 23 дзіцяці… Усяго было знішчана: у самім населеным пункце – 12 вясковых двароў i 8 гумнаў, па-за вёскай – 67 хутароў.

Прысуды аб расстрэле былі выкананы толькі апоўдні к 1 гадзіне дня, з-за падрыхтоўкі (капанне магіл).

…Пакаранне было праведзена планамерна i без асаблівых здарэнняў, калі не лічыць адной спробы ўцёкаў. Большасць жыхароў вёскі захоўвала прысутнасць духу, ішла насустрач лёсу, які поўнасцю заслужыла i які па прычыне ix нячыстага сумлення не з'яўляўся для ix нечаканасцю».

Капітан Каспер.

…Нас штурхаюць, адціскаюць кудысьці да калодзежа, а ззаду, каля палаючага свірна, гулка б'юць кулямёты, але нават яны не заглушаюць чалавечага крыку.

Нешта са мной робіцца, я ўсё цягнуся, незразумела i шалёна, да адкрытай машыны, дзе нерухомая старэчая спіна i гладкая, голеная галава майго ворага i дзе ўсё кідаецца, гойсаецца, грымаснічаючы i дражнячы, белавокая малпа з пацучыным i тоўстым хвастом. Паліцай мяне штурхае, але ён i сам быццам загіпнатызаваны. Я ўжо амаль дабраўся да машыны, калі яна раптам сарвалася з месца i памчала. Што я хацеў рабіць i што я мог, не ведаю. Магчыма, цягнула мяне да яго нясцерпная патрэба глянуць i помсліва запомніць. I ўбачыць, што закрывае сваім хвастатым задам, хаваючы i клічучы паглядзець, ашалелая малпа.

Не ведаю чаму, але гэта ў маёй памяці наслойвасцца на тое, як у Луўры, у зале сярэдневяковых надмагільных помнікаў я заглядваў у твары каменных бабуль-манашак, што нясуць мёртвага рыцара. (Я ўсё ездзіў, усё глядзеў, назапашваў нешта, як бы ведаючы, што хутка застануся сам-насам з цемрай.) Рыцар каменна выцягнуўся ўздоўж доўгага мяча з дзяржаннем-крыжам, падэшвамі ног ён кранаецца льва, пакорліва маленькага, а чорныя манашкі па-жывому сагнуты пад цяжарам мёртвага цела, i твары іхнія схаваны ў глыбокіх раструбах капюшонаў.

Нясцерпна цягне нахіліцца i глянуць пад чорныя капюшоны, усё здаецца, што там нямыя задаволеныя грымасы смеху.

Я не ведаю, што закрывала, хавала сутулая спіна майго ворага, пакорліва схіленая пад неспакойнай малпай, i якая грымаса была на яго твары, калі легкавушка скранулася, паехала. Усё тое ж: жорсткая, халодная цікаўнасць? Упэўненасць чарговага пераможцы, што так i назаўжды застанецца: «яны» – пад намі, «мы» – над імі? I самая кароценькая, але i жывучая наркатычная ідэя, што сiла – гэта i ёсць права, мэта, справядлівасць. I абавязкова – грымаса людаедскай пагарды да «некультурнасці» ахвяры, аблічча якой скажона нечалавечай пакутай!

Думаю толькі, што ён ад'язджаў ад ахопленай полымем i жудасным галашэннем будыніны без думкі, што ўжо сёння ўсё пераменіцца. I сонца яшчэ не схаваецца, як усё яму здасца другім i будзе другім.

…– Фларыян Пятровіч, я вось слухаю вас заўсёды… A нядаўна Іосіфа Камінскага ў кіно бачыў, ён расказваў, як нішчылі ix вёску, Хатынь. I вось думаю, як людзі паклёпнічаюць на жывёл! «Жывёльныя інстынкты», тое ды сёе… Добра ж, каб якраз жывёльныя! Я ў гэтым годзе амаль месяц пражыў у Белавежскай пушчы. Як проста, я сказаў бы, маральнымі сродкамі зубр i нават дзік сцвярджаюць першынство над сваімі. Нават самы крыважэрны звер рэдка, хіба што выпадкова, заб'е суродзіча. Ва ўсякім разе барацьба з прадстаўнікамі аднаго віду ў ix не набывае знішчальнага характару. Гэта i ёсць інстынкт самы жывёльны – захаванне віду! Вось пішуць, i не надакучыць ім пра адно i тое ж! (Бокій пастукаў далонню па ліпкай скуры партфеля.) Маўляў, прырода вінаватая, што чалавек агрэсіўны, што жорсткі да людзей. Калі i ёсць віна маці-прыроды, дык толькі тая, што занадта далёка адпусціла яго ад сябе. I чалавек занадта вызваліўся ад яе – амаль страціў асноўны інстынкт, так, той самы жывёльны інстынкт захавання віду!

– Вось-вось, калега! А далей пачынаецца «другая прырода» – культура. I пытанне цяпер – якая яна. Наколькі гуманная, чалавечная i чалавечая. Ну, а фашызм – гэта паклёп на прыроду чалавечую i на культуру яго. Самы злосны ў гісторыі паклёп!

– А сама гісторыя – таксама паклёп? Войны, інквізіцыі, крыжовыя паходы, варфаламееўскія i ўсякія іншыя «ночы», смярдзючыя «розы», незлічоныя ацілы, тамерланы, багдыханы, што натхнёна ўпрыгожваюць планету манументамі з мільёнаў чалавечых чарапоў?!

– I ўсё ж фашызм – гэта паклёп на чалавека. Нават дагістарычны наш «прашчур» у звярынай скуры, Нават ён не заслугоўвае такой абразы – быць продкам фашыста. Не, вы добра ўявіце яго сабе, нашага беднага «прашчура»: без клыкоў i хуткіх ног, i зусім не асілак сярод звяроў, аблыселы ад намаганняў выжыць! Адзіная смяротная істота, такая адзінокая ў свеце: ніхто ж, акрамя яе, не ўсведамляе, не ведае, што ёсць смерць! Добра, калі ад звера памёр, на паляванні загінуў. А калі без прычыны, гэта значыць ад хваробы? Як тут не жахнуцца, не ўбачыць у гэтым чараўніцтва? Жывёльнае пачуццё бессмяротнасці сутыкалася з чалавечым вопытам, усведамленнем, што смерць можа цябе дастаць. Дастаць бессмяротнага? Не інакш, як чараўніцтва нечае! Памёр «наш» – шукай суседа-«чараўніка» i забі! I не помста гэта нават, a прафілактыка – тагачасная медыцына. Ён не люты, не злы, ён расчульвае, гэты наш продак, сваёй дзіцячай бездапаможнасцю перад клыкастым i незразумелым светам…

– Ну вось бачыце, ужо тады чалавечая свядомасць разышлася, як нажніцы, з інстынктам захавання віду. Свядомасць абмежавала гэты інстынкт, звузіла да маштабу племені: іншае племя – ужо не «мы», можаш забіць, можаш зжэрці! Ну, а калі чужога «чараўніка» можна забіць, чаму ж, калі да яго далёка, но пашукаць бліжэй, сярод суродзічаў? Так нават хутчэй i зручней. «Шукай чараўніка! Шукай не нашага!» – хіба не гэтым просценькім спосабам, Фларыян Пятровіч, дзейнічалі маніпулятары ўсіх часоў i народаў? I атрымлівалася, заўважце, спраўна. «Мы» – арыйцы, «мы» – белыя, «мы» – каляровыя, у «нас» – самы-самы, «мы», «мы», «мы!»

– Так, але без «мы» няма i супраціўлення ўсяму гэтаму. «Мы» – рэвалюцыя! «Мы» – людзі працы. «Мы» – чалавецтва! Менавіта такое «мы» ўзмацняе чалавечую здольнасць усведамляць, адчуваць чужыя пакуты, боль як свае ўласныя. I нават вастрэй, чым свае. Што i казаць, пасля ўсяго, што плыло па рацэ гісторыі, нізоўі забруджаны добра, i чым толькі не запаскуджана рэчышча. I ўсё ж выток, першая крынічка заўсёды чыстыя. Толькі трэба, каб як мага больш людзей зразумелі нарэшце смяртэльную пагрозу забруджвання, атручвання не аднаго толькі прыроднага асяроддзя, але таксама i чалавечых душ. Вядома, вельмі ж проста гэта, прывыклі – спускаць атруту, бруд у рэкі i азёры. Хутка i танна! I яшчэ больш звучна мець не грамадзян, не людзей, a налітых фанатычнай бурдою крыжаносцаў, штурмавікоў, хунвэйбінаў, суперменаў. Хутка, найкарацейшым шляхам, танна з ix дапамогай вырашаюцца справы дзяржаўныя i ўсякія іншыя. Ды толькі вельмі дорага можа гэта абысціся чалавецтву, планеце сёння, заўтра. Прыйдзецца зразумець i гэта, калі свет не хоча загінуць. Як там у паэта: «Асцярожна, чалавецтва! Слова «нянавісць» уключана!»

– Хэ, калі не хоча загінуць! Чаго захацелі! Ды ў вашага свету вока, як у курыцы: бачыць толькі зерне i якое бліжэй. I наогул не вельмі спадзявайцеся на маю доўгацярплівасць. Гэта пры цяперашняй Бомбе?! Не спазніцеся, Фларыян Пятровіч!

…Гарэла i выла, як у гарачай трубе. Нас гналі па вуліцы палаючай вёскі, а мы гналі кароў. Дзеля гэтай, відавочна, работы нам дазволілі выратавацца, выбрацца са свірна, пакінулі нас пакуль што жыць. Ці, можа, таму фюрэру з малпай захацелася паглядзець, як людзі палезуць у пакінутую для ix шчыліну?

Кіёў нам не далі, мы рукамі, далоньмі, кулакамі б'ём кароў па баках, па клубах, хапаем за рогі. Штурхаем, прапіхваем ашалелую скаціну скрозь вогненны калідор.

А за намі ідуць карнікі з кіямі i прыкладамі. Некаторыя з ix у дзіўным, незнаёмым адзенні: жоўта-зялёныя мундзіры, а на галовах круглыя зялёныя фуражкі з вельмі доўгімі брылямі. Крычаць на нас i на скаціну не па-нямецку, хаця таксама незразумела.

Цяпер i я пайду па той клятай гравійцы – на яе мы выходзім. Палаючая вёска нема i жудасна варушыцца ў нас за спіной, як нешта жывое ў шэрым мяшку дыму, што цягнецца пад неба шырокім слупам.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю