Текст книги "Хатынская аповесць"
Автор книги: Алесь Адамовіч
Жанр:
Военная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 16 (всего у книги 17 страниц)
З чаго пайшла, пачыналася «Блакадная кніга»
Алесь Міхайлавіч! У выступленнях па тэлебачанні, у інтэрв'ю Данііл Гранін, калі размова ішла пра Вашу з ім кнігу, не раз казаў, што «ідэя «Блакаднай кнігі» належыць беларускаму пісьменніку». Выглядае гэта трохі парадаксальна, калі не ведаць, што за гэтым стаіць, як яно пачыналася, з чаго. Ці не раскажаце Вы пра гэта…
З пісьмаў чытачоў
Выйшла неяк само сабой. Хоць цяпер, калі праца зроблена, пачынаеш думаць, што былі, былі нейкія нябачныя, але моцныя токі – ад Хатыняў да блакадных ленінградскіх трагедый – i што гэтыя токі, імпульсы якраз i накіроўвалі думкі i намеры беларуса, які ўдзельнічаў у стварэнні кнігі пра спаленыя вёскі,– накіроўвалі на Ленінград.
На Данііла Граніна «выйшаў», калі вырашыў гэтым заняцца сам. Бо спачатку пра гэта не думаў, a толькі хацелася запаліць той працай, што прароблена была ў Беларусі, нечы там энтузіязм у Ленінградзе. А ты тут пры чым i хто цябе прасіў, просіць? Разумеў, што гэта так, сам з сябе пакепліваў, але нешта прымушала. Ды не нешта, а тое, што вайна была на ўсіх нас адна – Айчынная. Што ў Беларусi, што ў Ленінградзе. Акрамя таго, унутраны гул ад доўгае працы дома яшчэ працягваўся, i, можа, ён таксама падштурхоўваў, патрабаваў нейкага працягу, пашырэння той, такой жа працы. Тым больш што ва мне ўжо жылі некалькі ленінградскіх гісторый, такіх жа пранізлівых i балючых, як i нашы хатынскія. I пачуў я ix, дарэчы, ад Галіны Максімаўны Гарэцкай – так, дачкі нашага Максіма Гарэцкага, – калі ездзіў у Ленінград да сям'і пісьменніка, бо працаваў над кнігай пра яго трагічны лес i выдатныя творы. Вось колькі выпадковасцей i як усё здаецца заканамерна звязаным з «Блакаднай кнігай»: трагедыі нашы прывялі пошукі да ленінградскіх, бо, мабыць, як падземныя воды, адна з адной зліваюцца ўсе трагедыі веку.
Ну, хіба гэта вось не стаіць побач з «вогненнымі вёскамі» нясцішным болем?
…Жанчына-маці, каб уратаваць астатніх дзяцей, да канца месяца не заяўляе пра смерць свайго хлопчыка (хлебныя карткі!), хавае маленькага ў шафе.
…Пункт прыёму дзяцей-сірат, якіх збіралі ў жудасна ціхіх дамах «бытавыя атрады». Прынеслі хлопчыка; санітарка, добрая жанчына, суцяшаючы, цалуе яго. Азірнулася: усе дзеці, схуднелыя, з вялізнымі вачыма, выстраіліся моўчкі ў радочак, каб i ix таксама пацалавала…
Я шмат чытаў пра ленінградскую блакаду, але сэрцам зразумеў, як сябе адчуваў там чалавек, толькі пасля гэтых просценькіх гісторый, пачутых, як я ўжо казаў, ад Галіны Максімаўны Гарэцкай.
I я ix пераказаў аўдыторыі – пасля нашых хатынскіх – на адным з пасяджэнняў, сабраным у Маскве старшынёй бюро па публіцыстыцы i нарысе Канстанцінам Міхайлавічам Сіманавым (здаецца, у 1971 ці ў 1972 годзе). Пераказаў, каб паведаміць пра кнігу, якую мы, беларусы, робім, i адначасова спытаць, ці не робяць нешта падобнае ленінградцы. Бо гэта ж побач стаіць: трагедыя вёскі i горада ў сучаснай татальнай вайне. Нехта з ленінградцаў падыходзіў, гаварылі мы пра гэта, абмяркоўвалі.
Але не чутно было, каб нехта ўзяўся, i калі мне давялося (ужо ў 1974 г.) быць у Фёдара Абрамава, я паспрабаваў яму навязаць гэтую працу. «Там у мяне сялянскі куфар стаіць, ён гаспадар нада мной, – паскардзіўся Фёдар Аляксандравіч. – Пакуль не дабяруся да дна…» Але тут жа паведаміў, што папаўняецца куфар хутчэй, чым апаражняецца. Кожнае лета Фёдар Аляксандравіч сядзіць у сваёй Верколе, у Пінежскім раёне, – побач з Праслінымі i героямі будучых кніг пра лёс рускай вёскі…
Толькі пасля гэтага я адважыўся падумаць, што, мабыць, сам буду рабіць кнігу пра ленінградскую блакаду, вядома, у сааўтарстве з кім-небудзь з леніградцаў. Акрамя Фёдара Абрамава, з якім знаёмы яшчэ з 1950 года, ведаў Данііла Граніна, але больш завочна – па творах яго, выдатных эсэ i праз кароткую перапіску (якраз з выпадку яго эсэ пра Пушкіна i Булгарына). Напісаў яму пра нашу беларускую кнігу, пра тое, як бачу ленінградскую. Усё гэта правільна, так, але дзе знайсці час? A ў Граніна з гэтай катэгорыяй быцця адносіны самыя строгія. (Нездарма ён аўтар найцікавейшай кнігі пра Любішчава – «Гэтае дзіўнае жыццё», – дзе праспяваны гімн чалавеку, які за ўсё свядомае жыццё не страціў марна, не згубіў ніводнай хвіліны часу. Ніводнай! – у літаральным сэнсе.) Патрэбна было пераканаць чалавека, што гэтая праца – для яго асабіста i наогул – найважнейшая. А ён ужо жыве раней распачатымі творамі, пагружаны ў ix усёй iстотай. I таму:
– Не ведаю, чаму за такую працу павінен брацца пісьменнік? Яна хутчэй журналісцкая. Але, хочаце, я знайду вам добрых сааўтараў.
I мы сабраліся на кватэры ў Данііла Аляксандравіча: акрамя нас з ім – яшчэ трое. Гаспадар, як бы падкрэсліваючы важнасць «гістарычнага моманту», шчоўкнуў клавішай магнітафона, уключыў:
– Ну, выкладвайце, Аляксандр Міхайлавіч, свае ідэі.
Я – усё спачатку: пра нашу беларускую кнігу, якая ўжо часткова надрукавана ў часопісах «Октябрь» i «Неман», пра тое, што i блакада чакае…
– А вы чыталі кнігі пра блакаду? Ці ведаеце хоць, колькі ix ужо ёсць? I дакументальных – не дзесяткі, сотні!
I я ўбачыў сябе збоку, вачыма тых двух ленінградскіх журналістаў. (Пра трэцяга – асобная гаворка.) Дзівак (ці, можа, нават горш) забег у чужы двор, дзе людзі з нараджэння жывуць, i хоча, спрабуе гаспадарам паказваць, дзе i што ў ix схавана, ляжыць ці стаіць…
Гэтулькі кніг – i добрых – зроблена, напісана, а ён хоча нешта тут адкрыць, быццам на новым месцы!..
Яны па-свойму мелі рацыю, гэтыя людзі, бо, мабыць, не здолеў, не змог я давесці, што новая кніга – хоць i сапраўды шмат ужо зроблена – не будзе ні паўтарэннем, ні толькі дапаўненнем, а нечым зусім іншым. I не дзякуючы нашай «геніяльнасці», a толькі таму, што пачнём з см мага простага і зробім самае простае: дадзім нарэшце выгаварыцца самой блакадзе, яе ўласным голасам выгаварыцца, выкрычацца, выплакацца…
Адзін Храпкоў Дзмітрый Цярэнцьеніч зразумеў, пра што гаворка, але i ён вымушаны быў адмовіцца:
– Я ўзяўся б, але ж гэта такая працаёмкая справа, а на мне цэлае выдавецтва!..
Калі госці пайшлі, гаспадар, на вачах у якога я так ганебна праваліўся ca сваёй агітацыяй, мабьщь, пашкадаваў мяне. (Тым больш што i яго місія сасватаць мне сааўтараў – таксама пацярпела крах.)
– Ну, калі так, вазьмуся я!..
Назаўтра мы паехалі запісваць першага блакадніка. 5 красавіка 1975 года – гэта я памятаю добра. Некуды на вуліцу Шалгунова – адрас мне дала усё яна ж, Галіна Максімаўна Гарэцкая. Блакадную гісторыю яе знаёмай я ўжо ведаў у пераказе i разлічваў, ва ўсякім разе хацеў, каб i Данііла Аляксандравіча адразу «зачапіла i пацягнула». Хоць i ведаў (з ранейшага вопыту), што трэба набрацца цярпення, бо з дзесяці – дванаццаці апавяданняў-успамінаў адно абавязкова будзе выдатнае. Але тут мне хацелася адразу ж пачуць, запісаць якраз такое…
Цуда, на жаль, не адбылося, і, сапраўды, толькі дзесятая жанчына расказала нам такое i так, што адразу бачны, зразумелы стаў узровень праўды, шчырасці, трагізму, які «зробіць кнігу». То была колішні камандзір групы самаабароны Дзмітрыева Марыя Іванаўна, тая самая, пра якую ў першай частцы «Блакаднай кнігі» мы не маглі не напісаць: «Гэтая бессмяротная, гэтая вечная Марыя Іванаўна». Калі памятаеце – тая самая – тая самая работніца ЖАКТа, якая i праз 30 год адразу ж называе нумар кожнага дома, кватэры, кожнага са сваіх «жыллёвых аб'ектаў», успамінае аблічча кожнага жыхара, да каго бегла, паўзла над абстрэлам…
Не буду падрабязна расказваць, як мы – удвух ці кожны з нас самастойна – шукалі адрасы блакаднікаў, тэлефоны, ездзілі, хадзілі, знаёміліся, распытвалі, запісвалі. Ад чалавека да чалавека, ад кватэры на аднам канцы вялізнага горада да дома, кватэры на другім. Усяляк бывала: на якой-небудзь бясконцай вуліцы Басейнай, дзе i дома не знайшоў i таго блакадніка не пабачыў, часам раптам убачыш самога сябе збоку – ды так востра ў тым вячэрнім «пецярбургскім» тумане! – i нейкі смех дурны: «Чаго ты тут? Чаму – ты? I каму гэта патрэбна?»
А канца справе не відаць, i ці будзе які-небудзь вынік? Усё больш палохала немагчымасць выстраіць нешта цэласнае з таго, што ў нас на магнітных касетах i што наша стэнаграфістка-машыністка Соф'я Сяргееўна Лакшын пераносіла на паперу. (Яна, наша самаадданая памочніца, якая i сама прайшла праз блакаду, так i не ўбачыла працы ў друку, мы яе страцілі на паўдарозе.)
Чым больш запісана ўспамінаў, чым больш у руках у нас дзённікаў, тым мацнейшае адчуванне, што мы ад сваёй мэты далей, чым у той красавіцкі дзень 1975 года, калі распачыналі справу. Успаміны на пяцьдзесят, на сто старонак кожны, сотні такіх запісаў-успамінаў, дзённікаў – цэлая гара, але як з гэтым выйсці да чытача, як зрабіць тое, што можна ўзяць у рукі i чытаць. Пакутліва хацелася скончыць працу, каб вызваліцца хутчэй, вырвацца. Вось дзе я нечакана гатоў быў пагадзіцца з ненавісным мне Заратустрам: калі ты глядзіш у прорву, дык i яна глядзіць табе ў душу!..
А нам ужо адкрылася прорва – масавы голад ва ўсёй яго блакаднай бязлітаснай рэальнасці, праўдзе.
Я ўсё ездзіў у Ленінград, кватэра Данііла Аляксандравіча i Рымы Міхайлаўны па вуліцы братоў Васільевых – наш «штаб», куды сцягваюцца ніці блакаднай памяці, гэтулькі, што ўжо i заблытацца можна. Бо пра нашу працу ўжо дачуліся, ужо звоняць, пішуць ужо нам, самі шукаюць нас, i тут ужо не адступішся, нават каб i захацеў. Ён нічога так не прасіў, ленінградзец-блакаднік, не патрабаваў, не хацеў для сябе – хоць патрэба была i не раз за пасляваенны час – як раптам тут прарвалася. Не просьба нешта даць яму, a ўзяць, узяць, узяць у яго – усю праўду!
«Горка i крыўдна часам пачуць ад якога-небудзь «разумніка»: «Ха, блакаднікі: добра, значыць, жылі, калі да гэтага часу яшчэ жывыя. Сапраўдныя блакаднікі даўным-даўно на Піскароўцы ляжаць». I яшчэ адзін дзеяч у юрыдычнай кансультацыі мне сказаў: «Што такое блакаднікі? Такога слова цяпер няма. Ёсць словазлучэнне – «асобы, якія перажылі блакаду».
«Дзякуй Вам, дзякуй тым людзям, якія расказваюць Вам пра блакаду, дзякуй, што Вы хочаце помніць пра блакаднікаў». (З пісьма Кавалёвай Вольгі Дзям’янаўны.)
Калі вуха, калі свядомасць увесь час настроены на адну хвалю, блакадніка пачуеш, адчуеш i далёка ад Ленінграда. Колькі я ix знайшоў (а пасля запісалі) у поездзе Мінск – Ленінград, які добра-такі абжыў зa гады з 1975 па 1981. Ці такі вось выпадак: старая жанчына-мінчанка ўвесь час занята тым, што шукае, збірае i корміць на вуліцы, у двары бяздомных катоў, сабак (ці хоць бы галубоў), – сцэна не такая ужо рэдкая ці дзіўная. Але нечаканыя словы яе прымушаюць мяне скалануцца: «Я не магу бачыць галодных. Я была ў вайну ў Ленінградзе»… Была ў блакадным Ленінградзе – гэта на ўсё жыццё.
Я ўсё ездзіў у Ленінград, вывучаў яго вуліцы i кварталы, можа, як рэдка хто з карэнных жыхароў горада: дзе тая вуліца Салдата Корзуна, дзе Басейная ці Новая, а ты, мінчанін, павінен пайсці па ёй, вышукваючы патрэбны дом, пад'езд, нумар. Звоніш i, калі не тлумачыў гэтага па тэлефоне, спяшаешся сказаць: «Вось мы з Граніным… Вы ж Граніна ведаеце?..» «Данііл Гранін… Мы з Граніным» – дзейнічала як пароль. (Толькі ў некаторых рэспубліках Сярэдняй Азіі, дзе тысячагадовая павага да кнігі i «вучонага чалавека», я заўважаў нешта падобнае.)
А з матэрыялам – чым больш набіралася, тым больш яго не хапала. Замнога – каб надрукаваць як ёсць замала – каб нешта галоўнае адкрылася, тая самая «агульная ідэя» твора.
Дзеля чаго мы патрывожылі, збіраем блакадную памяць, здаецца, ведаем. Каб не страціць назаўсёды народнай праўды аб трагічных i гераічных 900 днях Ленінграда, усёй праўды аб вайне. Каб даць выгаварыцца, выкрычацца памяці аб невыносным блакадным голадзе, аб жудасных стратах i каб яшчэ раз праклясці вайну – гэтага «жалезнага звера», кажучы словамі нашага Кузьмы Чорнага, які зноў i зноў шукае спажывы сярод людзей…
Усё так, але i наш жанр, як i кожны твор, патрабуе звышідэі, звышмэты. Не той, якую навязваюць «матэрыялу» ці прывязваюць да яго, а якая адкрываецца ў самім матэрыяле i праз яго, калі доўга ўглядацца.
Мы ўглядаліся, шукалі – пакуль, сапраўды, не адкрылася: а, вось мы пра што!
Гэта не адразу прыйшло. Спрачаліся: што трымала радавога ленінградца на такой гордай i цяжкай вышыні салдацкіх i чалавечых паводзін? Фашысцкія кіраўнікі разлічвалі, што «Ленінград выжарэ самога сябе», – так i крычалі, i пісалі, бо танкам ix не ўдалося, але голад ужо ўварваўся ў Ленінград. А разам з голадам i тое, што, паводле ix разлікаў, павінна ленінградца расчалавечыць, ператварыць у бязвольную істоту – гэтага ж яны свядома дамагаліся ў сваіх лагерах. «Голад – наш саюзнік!»– крычалі яны i помсліва чакалі моманту, калі ў горадзе ўсё папаўзе па швах, бо не вытрымае сам чалавек, «распаўзецца»…
Так, дысцыпліна, арганізаванасць давалі грунт, апору нават слабым, а моцных мацавалі яшчэ болей – гэта важна памятаць. Але толькі гэта ўбачылі, зразумелі тыя, што хацелі задушыць Ленінград, – зразумелі потым, калі ім самім прыйшлося ратавацца ад расплаты ва ўласнай сталіцы. Ім, вядома, здавалася, што толькі на ваеннай арганізаванасці насельніцтва ўтрымаўся Ленінград. I вось ужо ленінградцы ставяцца ў прыклад берлінцам. Але не ўкусіць ix, «гэтых рускіх», яшчэ раз, хоць бы напаследак, Гітлер не мог: «Нават гэтыя рускія, гэтыя свінні, змаглі арганізавацца. Калі ў нас пачынаюць скардзіцца, я магу толькі сказаць, бярыце прыклад з рускіх у тым становішчы, якое ў ix было ў Ленінградзе… А як яны выстаялі ў крытычны момант!»
I пайшлі інструкцыі, наказы берлінцам: як арганізавацца, каб таксама «выстаяць». Цыркуляр Гімлера № 40/10. Гімлер падрабязна пералічвае мерапрыемствы, якія, на яго i Гітлераву думку, праводзіліся ў Ленінградзе. Досыць старанна пералічылі ўсё, пра што ведалі. I нават «дух ленінградцаў» – тое, што ў разлік браць не хацелі, калі душылі Ленінград пятлёй голаду, блакады. Праўда, убачылі, нагадалі толькі адно: «Нянавісць насельніцтва стварыла найважнейшую сілу абароны».
Так, пра нянавісць да сябе фашысты самі добра паклапаціліся – чаго-чаго, а гэтага хапала ва ўсёй Еўропе i ва ўсім свеце! Ды толькі не ёю адною ўзгадаваны быў i трымаўся «дух ленінградцаў».
Чым больш мы слухалі саміх ленінградцаў, вывучалі дакументы, чыталі дзённікі, тым больш нам адкрывалася адна з апор таго самага «духу ленінградцаў», на якім трымаўсм горад, бо трымаўся сам чалавек. Што Ленінград – адзін з самых культурных гарадоў у свеце, хто пра гэта не ведае. Што гэта горад-інтэлігент i паводле культурных традыцыіі, і паводле насычанасці музеямі, бібліятэкамі, навуковымі ўстановамі, a галоўнае – па абліччы гараджан, па ix узаемаадносінах i адносінах да тых, хто ў Ленінград прыязджае, – таксама даўно лічыцца агульнавядомым. Рабочы клас у гэтым горадзе заўсёды славіўся не толькі тэхнічнай, але i агульнай культурай.
Усё гэта так, i ўсё, аказваецца, мае не толькі непасрэдныя адносіны да легендарнай стойкасці ленінградцаў у часе блакады, але i можа тлумачыць шматлікія канкрэтныя сітуацыі i лёсы, з якімі мы сутыкаліся ў часе працы над «Блакаднай кнігай». Вось тыя ж «паўсядзённыя запіскі» блакадніка Г. А. Князева ці дзённікі Юры Рабінкіна: як дакладна яны дакументуюць рух чалавека, калі голад ужо здольны адабраць, сапраўды «зжэрці» i сілы, i волю, i сумленне, i саму здольнасць супраціўляцца пагібелі. Фізічных, біялагічных калорыяў не стае, каб не памерці, а тым больш каб заставацца ранейшым чалавекам – кім ты быў заўсёды, але нешта ўсё роўна чалавека падтрымлівае, не дазваляе пераступіць «за рысу», дзе распад усяго, «маральная дыстрафія». I гэтае нешта – можа, якраз i ёсць тое, што не было ўлічана ў фашысцкім Берліне, хоць яны там усё астатняе (і досыць дакладна) падлічылі i вылічылі: колькі магло пратрымацца ў лютыя маразы чатырохмільённае насельніцтва Ленінграда, калі ў горадзе няма значных запасаў прадуктаў, паліва, не дзейнічае каналізацыя, няма вады…
Ленінград блакадны сказаў свету многае: i пра нечалавечае аблічча фашызму, які абраў голад сваім хаўруснікам, сродкам тэрору супраць мірнага насельніцтва, i пра тое, што можа вытрымаць i на што здольны наш народ, калі ён змагаецца за сваю i ўсяго чалавецтва будучыню.
Тое, што нам, аўтарам «Блакаднай кнігі», адкрылася праз доўгую працу, што нам Ленінград адкрыў i што мы хацелі сваёй кнігай таксама давесці,– гэта думка, перакананне, што інтэлігентнасць, унутраная культура – сіла, а не слабасць чалавека. Што праца розуму, духу, напрыклад, выратавала Г. А. Князева, a сіла любові дапамагла Лідзіі Ахапкінай (i не адной ёй) выжыць i выратаваць дзяцей – калі ўжо нішто іншае дапамагчы ім не магло. Адзін з раздзелаў другой часткі «Блакаднай кнігі» мы спачатку назвалі «Хлопчык-інтэлігент». Вы, мабыць, здагадваецеся, што мы мелі на ўвазе Юру Рабінкіна.
Дык вось, звышмэта кнігі, якая неабходна, каб быў не проста помнік мінуламу, перажытаму, але i жывы кантакт з праблемамі сучаснасці, звышідэя «Блакаднай кнігі» адкрылася нам i для нас сфармулявалася іменна так, у гэтых словах: інтэлігентнасць, унутраная культура – сіла, а не слабасць чалавека. А таму, можа, у гэтым кірунку больш паслядоўна i настойліва трэба шукаць шляхоў i сродкаў для развязвання многіх глабальных праблем, якія іншымі сродкамі развязаць не ўдаецца. (Дарэчы, на гэта зарыентавана i палітыка разрадкі, якую мы адстойваем, i якраз супраць гэтага зноў i зноў кідаюцца прыхільнікі «голай сілы».)
…Памятаю той дзень… Я ўсё прыязджаў у Ленінград – улетку i ўзімку, увосень i ўвесну, – я ўжо знаёмы быў з сотнямі жыхароў горада, якія ніколі не бачылі адзін аднаго. Данііл Аляксандравіч пазнаёміў мяне з куткамі i месцамі горада, звязанымі не толькі з жыццём Дастаеўскага, Пушкіна, Лермантава i інш., але i з жыццёвым лёсам ix герояў (ведаю нават той камень, пад які Радзівон Раскольнікаў схаваў грошы, рэчы забітай ім старой). У мяне ўжо былі свае ўспаміны аб уласным жыцці ў гэтым горадзе. Але ўсё яшчэ не было адчування, што горад прыняў мяне – разам з тымі мільёнамі, якія яго па-асабліваму любяць. Любяць як нешта адзінае i непаўторнае на зямлі i ў той жа час ведаюць, што i самі належаць гораду. А мае да яго – Пецярбурга, Петраграда, Ленінграда – такія пачуцці з'явіліся, пачыналіся не сёння i не ўчора, а недзе на дзесятым годзе жыцця – з першых, не радкоў нават, а як бы акордаў Пушкіна: «Па берегу пустынных волн…»
I вось той момант, калі ўсё перамянілася. (Вядома, ва мне самім гэта адбылося, але здалося, што гэта горад глянуў i раптам мяне заўважыў, i я нават голас пачуў – рэхам моцным ва мне загучаў.) Гэта быў ужо 1978 год. Мы ўжо надрукавалі першыя раздзелы «Блакаднай кнігі». Сотні пісьмаў блакаднікаў, якіх мы самі не знайшлі, цяпер праз «Новый мир» шукалі нас Каб нешта дадаць, нешта сваё сказаць ці проста добрым словам аддзячыць Даніілу Граніну i яго сааўтару з Беларусі. Я зноў прыехаў у Ленінград, напрадвесні, пабыў на Краснапуцілаўскай, на сваёй кватэры, якая была замест гасцініцы, i, як заўсёды, да метро пайшоў міма помніка блакаднаму Ленінграду. У гэты дзень i помнік быў нейкі не той, як заўсёды: раптам быццам закалыхаліся, ажылі ў вясновым паветры нерэальна выцягнутыя тонкія постаці жанчын, салдат, рабочых, дзяцей – як праз замутнёную свядомасць не тваю, а самога блакадніка… Даехаў да Неўскага i ўздоўж Мойкі, а пасля праз гарбаты мосцік каля дома Пушкіна выйшаў да Зімняга – Эрмітажа, праз Дварцовы мост перайшоў на другі бераг Нявы, дзе універсітэт, Архіў Акадэміі навук – адсюль пачаў лічыць крокі. Колькі прыблізна метраў ад Архіва да дома, абвешанага чорнымі мемарыяльнымі дошкамі, у якім жыў, куды i адкуль ездзіў на сваім інвалідным «самакаце» Георгій Аляксеевіч Князеў? У нас ужо быў яго дзённік, i мы распачыналі працу над другой часткай «Блакаднай кнігі». А вось i егіпецкія сфінксы над самай Нявой, якія ў дзённіку дырэктара акадэмічнага архіва ўсё больш ажываюць, робяцца амаль галоўнымі яго суразмоўнікамі – па меры таго як жыццё навокал не проста замірае, a вымірае. За шырокай Нявой вялізны купал Сената. Князеву адсюль, з-пад кароткіх дарычаскіх калон яго дома, пасля абстрэлу раптам здалося, што гэта расколаты чэрап!..
Калі я вяртаўся па Дварцовым мосце, сонца ўжо было над Фінскім залівам i, як найчасцей у Ленінградзе, – садзілася ў хмары, на непагоду. З-за разарваных, з сінню i чырванню па краях, воблакаў вырваліся апошнія промні i залілі расплаўленым шклом вокны ўздоўж усяго берага ракі. Людзей ля Эрмітажа нязвычна мала, мост пустынны, i навокал неяк пустынна, хоць яшчэ i не вечар. Вось тут я i пачуў (ці адчуў) тое імгненне. I зразумеў, што не чужы ў гэтым горадзе. Не чужы яму. Быццам глянуў ён у мой бок i нават сказаў: «Ну што ж, калі ўжо так…»
Закончу цытатай з надрукаванай у «Новом мире» другой часткі «Блакаднай кнігі».
«Масква трымаецца, Ленінград не здаецца!» – як гэта было важна чуць, ведаць у лясах Беларусі… Для нас важна было, што Ленінград не проста стаяў непарушна, а тое, што ён як бы абясцэньваў сілы i самаўпэўненасць ворага. Мы тады не маглі ведаць, якіх намаганняў, чаго гэта каштавала. Важна было, што ён трымаўся – пасля таго як мы на свае вочы бачылі, здавалася, нястрымны пачатак нямецкага маршу на ўсход. Ленінград спыніў гэты марш i паказаў: вось яна, мяжа нямецкай сілы! Яна была акрэслена, гэта мяжа, разгромам нямецкіх армій пад Масквой. Горад на Няве дэманстраваў бяссілле ворага, яно цягнулася праз годы, гэтае кашмарнае для Гітлера бяссілле зрабіць хоць бы адзін крок наперад.
Тады не ведалі, каму пакланіцца за гэтую вытрымку Ленінграда, якая здалёк, з Беларусі, здавалася жалезнай. Удзел у працы над «Блакаднай кнігай» аўтара-беларуса няхай таксама будзе такім паклонам, хоць i запозненым…»