Текст книги "Хатынская аповесць"
Автор книги: Алесь Адамовіч
Жанр:
Военная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 7 (всего у книги 17 страниц)
У густым ельніку выкапана яма, як робяць гэта салдаты для машын i гармат, з адхонам. Тут жанчына i хавае сваю карову, сюды i заганяе яе цяпер, як бы паказваючы нам, што вось тут яе месца i нідзе болей. А вось i дзеці, дзяўчынкі: адна – у доўгім мужчынскім пінжаку з закасанымі рукавамі, другая – ледзь прыкрытая парванай сукенкай. I хлопчык, нечакана пухнаты, тоўсценькі.
– Што ж у вас пясок жоўты відзён? – папракнуў Рубеж. – Ну-тка, малыя, збірайце мох. Вашу хованку за кіламетр відаць.
– Ой, i праўда! – прывычна спалохалася жанчына. – Мы закрывалі пясок, але бачыце, якія ў мяне работнікі.
Дзяўчаткі тут жа адбегліся рваць мох, а пухнаты хлопчык падышоў i, каб зручней нас было разглядваць, прыпаў спіной да нагі жанчыны.
– Сынок той жанчыны з Убойнага. Дзе мама, Паўлік?
А яна паявілася ўжо з кустоў – жанчына з Убойнага.
– Ідзіце смела, гэта ж партызаны, – сказала гаспадыня каровы.
– Што гэта дзеецца, хлопчыкі, што будзе? – адразу загаварыла хударлявая рабаціністая жанчына, вельмі падобная на такую ж рабаціністую дзяўчынку, што ішла за ёй. Толькі ў дзяўчынкі твар сур'ёзны, строгі, a ў жанчыны ён дзіўна ўсміхаецца.
– Што ў вас было? – спытаў Рубеж.
– Што? Пабілі нас, i ўсё. З хаты ў хату пераходзілі i забівалі,– жанчына сказала гэта неяк вельмі проста, i позірк дзіўны, запытальны.
– Чаго ж чакалі? Хіба не ведалі, што яны робяць?
– Хто i ўцёк, мы вось уцяклі. А то баяліся каторыя: яны праз старасту аб'явілі, што Убойнае не зачэпяць, a Бабровічы паляць таму, што ад ix многа моладзі ў партызанах. А нашых там няма – стараста так сказаў. I каго ў лесе знойдуць, сказалі, расстраляюць. I праўда, спачатку загадалі мужчынам з сякерамі, рыдлёўкамі сабрацца – дарогу рамантаваць. Хто не схаваўся, аб'явіўся, яны тых мужыкоў сабралі i па пляцу пачалі ганяць, у канцы вёскі. З паднятымі рукамі па крузе бегаюць, а пясок, а пясок!.. Хто адстане – б'юць. Мы ў вокны глядзім, што яны робяць з нашымі. А яны гэта, каб змардаваць людзей, бо, вядома, мужчыны, яны супраціўляцца будуць, Гэта каб лягчэй было ў гумно загнаць. Загналі i пачалі хадзіць па хатах. Музыку па вуліцы пусцілі, крычыць музыка, а яны ходзяць, i нейкая страляніна. Хто думае, курэй страляюць, хто што. А я бабам кажу: «Гэта ж яны людзей забіваюць». Мы гэта, сямей дзесяць, сабраліся ў адну хату, как не так страшна. «Забіваюць нас», – кажу я бабам. У акно глядзім, па вуліцы нават людзі ходзяць, нашы вясковыя ходзяць, i ix не страляюць, не чапаюць, a толькі бачым, што паказваюць: ідзіце, маўляў, па хатах. Але нікога не забіваюць на двары. Глядзім у акно, як немцы зайшлі, трое ці чацвёра, у адну хату i столькі не – у хату насупраць, пабылі там i выйшлі, паправілі аўтаматы i зноў да хат ідуць – усё бліжэй да нашай. Падыходзяць да веснічак, глядзяць на нас, а мы з акна – на ix, глядзім i так плачам, так плачам… Не ведаю, што… Ці яны прапусцілі кагосьці, успомнілі i вярнуліся, пайшлі яшчэ па адну душу. Схапіла я дзяцей – i на агарод. Музыка крычыць на вёсцы… (Пухнаты Паўлік падышоў да маткі i прытуліўся цяпер да яе нагі.) Мы за калодзежам, на агародзе, закідала я дзяцей бульбоўнікам, лебядой, прысыпала пяском, а з вуліцы немцы ўсё падыходзяць да калодзежа. Вып'е халоднай вады: «А-ах!» Добра, значыць! Рукі мыюць, плёхаюць вадой, смяюцца. А на мне косы растуць… Не чутно гэтых немцаў стала, тады ён (кранула Паўлікаву галоўку) i яна (зірнула на дзяўчынку ca строгімі вачамі) – яны мне: «Мамо, мамо, уцякайма, мамо, нас не заб'юць!» Гэта ж яны бачаць, што я паміраць ужо сабралася. Бо куды ж тут дзенешся? А яны: не заб'юць нас, i ўсё!
Твар жанчыны безуважны да таго, што яна расказвае. (Затое ўсё – на твары, у вачах дзяўчынкі, што стаіць побач.)
Жанчына нібы сама ў свой расказ не верыць, нібы ў нас пытаецца, што гэта такое ёй прытрызнілася, вінавата i ніякавата ўсміхаецца.
– Ну, папаўзлі мы да калгасных гумнаў, а там ужо гарыць, а немцы кулямі свішчуць, свішчуць… Гэта ж яны там мужчын забіваюць, паляць! А нам усё чуваць, як крычаць, галосяць людзі, а божачка! Гумны, сцены гараць, а мы паміж… Сцяна так, i так, i так… Я дзяцей сабой накрыла, пясок на ногі награбаю, валасы на галаве трашчаць, смаляцца… A Паўлік усё роўна: «Мамо, нас не заб'юць». А дзе тут не заб'юць, калі мы ўжо гарым, i куды нам паўзці, там немец стаіць. Я яго бачу за дымам. Не вытрывала, устала на калені, паднялася – хутчэй няхай заб'е! Што ж, жывым гарэць? I дзеці ўжо ад агню пішчаць, бо гарым. А немец замахаў на дым, сагнуўся i прапаў. Ну i мы папаўзлі, пабеглі з агню, з дыму…
Усмешка на рабаціністым твары жанчыны недарэчная, дзіўная, але нам яна не здаецца вар'яцкай. Проста пагубляліся ўсе меркі: калі чалавек павінен плакаць, калі смяяцца. I ўсё здаецца, чалавек не верыць, што гэта было з ім, магло быць такое, што гэта праўда; у нас пытае, ці праўда.
Як гэта страшна, калі чалавек усміхаецца.
…Сабачы брэх далека аддаецца ў адным i другім канцы вуліцы – вялікая вёска. Узлятае ракета, i тады ўсё пачынае варушыцца: доўгія цені, як рычагі, паварочваюць пуні, хаты, дрэвы. I тут жа, як рып драўлянага вората, кулямётная чарга. Рваныя трасы куль імчаць у поле, нам за спіну. Гэта адбываецца, паўтараецца праз аднолькавыя прамежкі часу, быццам i на самай справе сама запускаецца нейкі механізм. Значыцца, сапраўды тут ёсць немцы. У паліцаяў такой метадычнасці не бывае. Днём мы бачылі, што ў вёсцы стаяць машыны.
Ад расы, ад сырасці плашч робіцца цвёрды, каляны. Я, лежачы, сцягнуў з сябе брызент, падперазаўся папругай з падсумкамі па нямецкім кіцелі, а плашч пакінуў каля грушы-дзічкі, на бульбяным полі. I чамусьці азіраюся на яго, як на некага трэцяга i самага хітрага з нас. Рубеж паўзе па баразне i таксама азіраецца, нібы i яго збівае з панталыку той, трэці. Востры начны пах гарэлага. Падобна, што вёска, дзе мы наважылі разжыцца ядой, не такая цэлая, як здалося нам, калі вывучалі яe днём з лесу. Рубеж тады здорава паказваў, прадстаўляў, як перакладзём, перагрузім сала i каўбасы з паліцэйскіх кублаў у свае ёмістыя мяшкі i як паявімся з усім гэтым на «востраве», а нас сустрэне i будзе радасна суправаджаць дзятва, а Сцёпка-«фокуснік» будзе падскокваць на мыліцы.
Чым чалавек бліжэй да небяспекі, тым ён – пасля нейкага моманту – усё болей неасцярожным робіцца. Так яму здаецца. Во такое адчуванне, што ўжо адбылося непапраўнае, што быў празмерна нязграбны i ўжо быццам бы ўсё роўна, як яно скончыцца, абы толькі хутчэй. Чым глыбей упаўзалі мы ў паліцэйскую вёску, стараючыся трымацца, аднак, убаку ад вынесеных у поле прыбудоў, тым відочней усведамлялася, што робім мы яўнае глупства. Не паспееш кроку ступіць у вёсцы, як падымецца ўвесь гарнізон. Сабакі, праўда, i на ракеты, i на кулямётныя чэргі абзываюцца брэхам. Але які яны вэрхал падымуць, калі пачуюць нас!
Паўзеш па градах, што так: свежа пахнуць кропам, натыкаешся на халодныя лбы гарбузоў, але такое адчуванне, што не паўзеш, а выпростваешся на ўсё поле, як спружына, замацаваная адным канцом далёка ззаду, дзе застаўся плашч. I не ведаеш, куды цябе ў наступны міг – наперад кіне ці шугане назад. Спружына з кожным метрам напінаецца ўсё тужэй i ўсё больш назад цягне. Чапляешся, трымаешся локцямі, каленьмі за мяккую зямлю i на кожным метры дарогі нібы пакідаеш нешта, як плашч пакінуў, выпаўзшы, вылузаўшыся з яго. Ты ўжо па ўсім полі. I ўжо самому незнаёмае, чужое тое, што ўсё яшчэ паўзе наперад, крадзецца да сцен, да вокнаў хаты. Што зробіць у наступны міг чалавек з цяжкой, нагрэтай ад рукі гранатай i з нягеглай, без прыклада, вінтоўкай, якую ён валачэ за сабой?
Стукнулі ў сенцах дзверы, тыя, што ад хаты! Бразгаціць клямка, гучна расчыніліся знадворныя дзверы. Пакуль аглушальна чаргаваліся гэтыя гукі, Рубеж з нечаканай лёгкасцю дабег да вугла хлява i стаў там. Я хутка прапоўз да плота i стаіўся.
А на двары – мужчынскі пракураны кашаль, чалавек смачна плюнуў i пакіраваў да хлява, мільгануўся перада мной белы, у сподняй кашулі.
– Падыдзі, дзядзя!
Няўжо гэта Рубеж гукнуў? Такі голас, рэзкі i іранічны, у Касача.
– Гэта… гэта хто? Хто тут?
– Цішэй, сюды ідзі!.. Ты хто? Паліцай?
– А вы? Хлопцы…
– Добра. Хлеў адчынен?
– Не-е ведаю… Што вы тут хочаце рабіць, хлопцы? Тут жа немцы, два дні, як сталі.
– Ведаем. Зараз выведзеш нас з вёскі. Разам з каровай. Зразумеў, дзядзя? I не ўздумай чаго! Выведзеш – можаш назад бегчы.
– Счас, хлопцы, я счас. Раз трэба – трэба!
– Я люблю свядомых. Флёра, ідзі сюды. Дзе твая пачопка? Цішэй… Паказвай, дзядзя. Рыплівыя ў цябе тут дзверы. Трэба змазваць… Чаго гэта немцы сабак не пастралялі? Непарадак. I ты белы, i карова… Чым вас накрыць?
– Я вазьму ў хаце…
– Вінтовачку? Гэта ты зробіш з маім суседам. Вылупень яго прозвішча. Запомніў? Вось табе мех, накінь на кашулю.
…Мы вяртаемся на «востраў». Карова ў нас нішто сабе: вялізная, чорна-белая, з агромністым вымем. Мяса будзе, а малачко ўжо i ёсць. Амаль што на руках выносілі яе з вёскі: гаспадар – за рогі, а мы – пад бокі. Хутка i як толькі можна ціха адыходзілі гародамі, а пасля беглі, бадай, не асцерагаючыся, ля гучных, каровіных бакоў (там, усярэдзіне, увесь час ёкала, а мы беглі i падштурхоўвалі яе, карову). Каля лесу спыніліся, аддыхваючыся. Узрадаваны Рубеж папрасіў у дзядзькі закурыць, i той збянтэжыўся, што не ўзяў з сабой, залопаў, як певень, па кішэнях чорных галіфэ. Але тут жа, нібы ад прысаку, адхапіў рукі: штаны былі яўна паліцэйскія. I боты не за страх зробленыя, вайсковыя.
– A нішто сабе выбавіліся! – кажа дзядзька. – Як засвецяць ракетай, ну, думаю!..
– Ну, вяртайся, покі цёмна, – кажа Рубеж.
– Ага, пайду, каб не здагадаліся.
– Ну, тады ідзі.
– У нас не паліцыя, а самаабарона. Два дні таму немцы прыехалі, у школе сталі.
– Ідзі, добра.
– Шкада, закурыць не ўзяў.
– Другім разам.
– Пайду, пасплю яшчэ.
– Ага, паспі.
Мы пабеглі далей, ужо ад дзядзькі. (Усё-такі занадта паліцэйскія на ім штаны, таго i чакай – прывядзе пагоню.) Але нам весела: ці таму, што самі адпусцілі, а цяпер уцёкамі ратуемся («Так вам i трэба, «вылупням»), а можа, таму, што вяртаемся, нарэшце, на «востраў», i не з пустымі рукамі.
Але скора наша шчыраванне над каровай (штурхялі ў бок) перастала памагаць, карова пайшла сваёю хадой, цяжка калышучы раздутымі бакамі, а потым i зусім стала. Паглядае на нас добрымі недаўменнымі вачамі: вось вымя, малако, чаго яшчэ вам, «вылупням», ад мяне трэба? Мы таксама стаміліся, зняможана сядзім, прыхінуўшыся патыліцамі да соснаў, слухаючы праз іхні гуд неспакойную перадсвітальную цішу. Рубеж, пашукаўшы ў сваёй світцы, дастаў расціснутую бяроставую «шклянку». На сагнутых нагах, як бы не могучы выпрастаць калені, не падышоў, а падкаціўся танцам да каровінага вымені. Карова нават мукнула яму, як гаспадыні. Рубеж па-ўмельску абгладзіў набухлае вымя, цыркнуў сабе на далонь i памыў каровіны цыцкі, выцер далонь аб калена. I задаіў, зацурболіў у бяроставую «шклянку». Я міжволі рассмяяўся, так гэта падобна на яго расказ пра Вылупняў.
– Вось так i мае дзеўкі з конаўкай бегалі,– сказаў Рубеж. – Шэсць ix у мяне.
– Вашы? А вы пра суседа расказвалі!
– Пра суседа? Можа быць. Кожны каму-небудзь сусед. Ці мала бывае на свеце «вылупняў»?
Тут мне падумалася, што i дома Рубеж быў такі ж, там, тады ж навучыўся ён любую бяду, няўдачу, нешанцаванне любое праганяць ды ашукваць невясёлым смехам – з самога сябе. I часта, мусіць, даводзілася быць вясёлым з гэткай сямейкай!
Па-дзіцячы тапырачы губы з-за белай шчэці, Рубеж пакаштаваў ca «шклянкі».
– Сап'ёмся мы з табой. Вось гэта жытуха! Пашанцавала i «вылупням»!
Мы ва чарзе каўтаем цёплы, пенны, свежасцю ранішняй прапахлы, дзяцінствам прапахлы напітак, i сапраўды галасы, словы нашы, смех набіраюць i гучнасці, бескантрольнасці – як у п'яных.
– Дзе цяпер наш дзядзька? – раптам успомніў Рубеж. – Добрыя ў яго чобаты былі, гаматныя. А штаны ўсё ж паліцэйскія.
Паглядзеў на свае «чобаты» – на сырамятныя лапці, на залубянелыя ад гразі анучы i аборы.
– А можа, ён шукае нас, хоча памяняцца на мае. Добра, пабяжым, а то разбаляваліся да часу.
Перад ноччу мы зноў адпачывалі. Самае труднае было наперадзе. Што нас чакае на шасці кіламетрах адкрытага поля, мы маглі толькі здагадацца, на добрае, аднак, не надта спадзяваліся. Рубяжа зноў пацягнула на ягонае безуважна-бескантрольнае мармытанне – таксама невясёлы знак, прыкмета. Адвязваючы ад дрэва паспакайнелую, ужо сытую ад сакавітай лясной травы карову, шкадуе – гэты раз за карову, замест яе:
– Заставалася б я лепш зубрам! Усё роўна трэба па лесе бегаць. Затое была б зубрам!
Паспрабавалі запэцкаць гразёй белую пярэстасць на каровіных баках.
– I ўдзень цябе відаць, i ўночы, – дакарае Рубеж.
Ноч паступова распаўзаецца, з лесу на падлесак i ўсё далей на поле; ад гарызонта папаўзла да неба, сціраючы ценем няяркі водбліск дня. Але паявіліся новыя водбліскі – ад пажараў, яны кладуцца на цёмнае сырое неба мнагаслойна, вясёлкава, гэта – як газа на вадзе. Там, дзе пажараў няма, дзе выгарала ўжо ўчора, пазаўчора, неба чорнае, як сажа, а на ім апошнія іскры-зоркі.
Трывожная пустэча поля засмоктвае нас, як труба, міжволі пачынаеш спяшацца, i вось пусціліся бегма. Рубеж падварушвае карову дубцом, я намагаюся ўвесь час адварочваць яе галаву ад рэдкага, самасейнага жыта. Ёй усё здаецца, што мы вось-вось спынімся i можна заняцца траўкай. Вінтоўку сваю я нясу за ствол, бо кароткая ж стала. Страляць з яе, беспрыкладнай, можна ад жывата, як немцы з аўтамата, але ж, можа, не спатрэбіцца. Вось толькі гэтае поле перайсці.
Поле не аралі, не засявалі ўжо колькі год, але старыя барозны засталіся, нечаканыя, небяспечныя для каровы. А нам яе ногі даражэй цяпер за ўласныя. Ідзём ужо мы амаль гадзіну, кіруючыся ўсё лявей i лявей, але зарава таксама ўлева спаўзае, нам напярэймы. Яно пераліваецца з-за краю гарызонта на наша поле. Гэта непакоіць усё больш, менавіта там невысокі грабеньчык лесу, да якога імкнёмся мы. Ужо вяршаліны елак відны на трывожным небе. I чым бліжэй да лесу, тым шпарчэй стараемся ісці. Рубеж падганяе карову дубцом, я торгаю, цягну за повад. Карова збіваецца з нагі, капыты суха б'юцца адзін аб адзін.
Раптам нешта хрумснула, карова спатыкнулася. Першая думка – ногі! Зламала!
Нас вадаспадам абхапіла святло ракеты, такое густое, сляпучае. Я яшчэ паспеў разглядзець каля самага лесу стагі сена. Азірнуўся i ўбачыў Рубяжа, на нагах, жывога. I адразу ж памчалі на нас, міма нас, праз нас вогненныя іголкі. Б'е кулямёт – ва ўпор, з-за стога плюючыся агнём. Здалося, дзесяткі гэтых настырна-тонкіх іголак праціналі прастору, якую ўсю заняло мае няўклюднае, аграмаднае, пазбаўленае апоры цела. Адпусціўшы повад, упаў на зямлю. Я ляжаў i вырываў са свядомасці гэтыя іголкі. Як стрэмкі, пераконваючы сябе, што жывы ж вось i нават не паранены!
Карова спакойна скубе траву – па гэтым слабым гуку зразумеў, што страляніны ўжо няма. Скончылася раптоўна, як i пачалася. Але блізкі лес ужо не здаецца збавеннем, ён пагрозліва, цяжка навісае над намі, распасцёртымі на зямлі. Рубеж ляжыць непадалёку ад мяне, нерухома i цярпліва. Я зрабіў спробу, не ўстаючы, злавіць карову за повад, што звісаў з яе шыі, але яна чмыхнула, падалася ўбок i пачала нюхаць зямлю. Не адважваючыся паклікаць Рубяжа, я папоўз да яго. I толькі калі быў зусім побач, падумаў благое: чалавек ляжыць тварам да зямлі, зімовая шапка, што ўпала з галавы, здаецца пустой, як пакінутае гняздо. Рука мая кранулася Рубяжовай галавы, валасоў, неспадзявана мяккіх i цёплых (гэта мае пальцы адзначылі, запомнілі!).
– Цімох! Цімох! – я чамусьці назваў яго па імені упершыню, i яно прагучала як чужое. Але гэта i быў ужо не Рубеж, а нехта, хто паявіўся замест яго. Рубеж пакінуў мяне аднаго – адзін на адзін з гэтым, перад самым лесам, дзе за стагамі стаіліся ворагі. З кожным імгненнем той, што ляжыць побач са мной, робіцца ўсё больш мёртвым, чужым. I рукі мае зрабіліся ліпкія i вялікія ад таго, што дакраналіся да яго. Я паспрабаваў забраць вінтоўку, але нерухомая рука не аддае, трымае моцна. Нібыта нехта раней мяне перахапіў вінтоўку.
Нібы даючы мёртваму яшчэ час для чагосьці, я пакінуў яму вінтоўку i тым часам пачаў выграбаць патроны з ягонай сумкі. У Рубяжа вінтоўка нямецкая, патрэбны i патроны нямецкія. Назапіхваў патроны сабе ў кішэню i зноў пачаў выслабаняць вінтоўку з мёртвае рукі. Рука пацягнулася следам за вінтоўкай i нарэшце адпусціла.
Я перапоўз у зарослую травой старую баразну, каб лепей было пасля адыходзіць i страляць, калі пойдуць сюды ад лесу. Успомніў i пашукаў позіркам карову. Яна хутка аддаляецца ад нас. Спачатку яна белая на цёмным фоне лесу, a калі выйшла на зарава, зрабілася, нібы вугаль, – чорная. Нават повад відзён, ён целяпаецца, звісае да зямлі. Ногі яшчэ ў цемені, а тулава, галава на фоне барвовага неба. Аддаляючыся, выцягваючы ногі з цемені, як з гразі, карова робіцца вышэйшай, вырастае. Тое, што карова ўцякла ад нас, адразу вярнула мяне да галоўнага, я падумаў пра «востраў». Але той, хто ляжыць непадалёку, настойліва чакае ад мяне нечага. Я зноў папоўз да яго. Паспрабаваў, падбіўшы руку пад цяжкое, як гнёт, цела, цягнуць яго – наўздагон карове, i працягнуў ужо колькі, пакуль не зразумеў, што не гэта я хацеў зрабіць. Мёртвае цела чакала.
Карова ўсё чарнейшая i чарнейшая ад святла над гарызонтам i ўсё больш вырастае, хутка i весела вырываючы ногі з чарнаты. Я адклаў вінтоўку ўбок i pyкамі, зліплымі ў пальцах, падгарнуў колькі зямлі да Рубяжовых ног. Мёртвы зноў рабіўся Рубяжом, я ўжо звыкаўся з яваю, з думкай, што Рубеж забіты, мёртвы. Нагарнуў яшчэ зямлі, зрабіў гэта, нібы пытаючыся згоды ў мёртвага. А наша карова знікае, яе размывае святлом, i яна нібы растае, ногі ўжо не дастаюць да мігатлівай рысы гарызонта. Я ўстаў на калені i пачаў таропка гарнуць вільготны пясок, але яшчэ не ўкрываючы ім Рубяжа. Я гарнуў пясок рукамі, каленямі, грудзьмі, бадай што тварам, я нібы сам закопваўся ў зямлю i ўсё баяўся, што гэтыя мае паспешлівыя, парывістыя рухі зноў абрынуць на нас кулямётны агонь. Але чым вастрэй адчуваў сваю неасцярожнасць, тым неасцярожней, спяшаючыся, рабіў усё – назнарок, на злосць нечаму, камусьці… Пясок у мяне ў роце, за каўняром, у валасах. Нарэшце я наважыўся, адным рухам нагарнуў канец жвіру на мёртвага Рубяжа. Я рабіў гэта, стараючыся не глядзець, не думаць, хутка, таропка, каб скончыць, не адчуўшы ўсяго. З нейкага імгнення ўжо не дазваляў падступіцца да сябе ўсяму, што адбылося: я быў перапоўнены, a лішак выцякаў цераз край. На шчасце, для чалавека такое магчыма.
Мокры, абліваючыся брудным потам, я застаўся адзін сярод поля. Я так спяшаўся засыпаць пяском, хутчэй прыхаваць мёртвае цела, каб адарвацца ад гэтага месца, паўзці за нашай каровай, але вось скончыў i ляжу нерухома. Усё раптам здалося такім нерэальным, захацелася проста перачакаць, пакуль усё мінецца само па сабе. Я безуважна гляджу, як знікае карова, тоненькія ногі зусім не кранаюцца зямлі, яна імі жвава перабірае, адштурхоўваецца ад святла, – мігатлівае, яно лёгкай парай расплываецца над гарызонтам.
(Да гэтага часу не магу зразумець, чаму так дзіўна паводзілі сябе тыя, што абстралялі нас з-за стагоў. Магчыма, гэта быў варожы «сакрэт», а не засада, i яны стралялі – i самі ж баяліся. Бо «сакрэт» павінен толькі назіраць, не выдаючы сябе. Але ж надта адкрытыя мы былі іхняму кулямёту на падсветленым полі – спакусліва!)
Нарэшце я адпаўзаю ад лесу, ад Рубяжа, ад жахлівых кашмараў – следам за каровай, тоненькія ногі якой зноў пачалі мясіць чарнату, патанаць за лініяй яркага гарызонта. Я валаку вінтоўку забітага, паўзу з цяжкой тупой абыякавасцю, раблю адзінае, што магу, не спадзеючыся ўжо ні на што.
Карова раптоўна замерла на месцы. Нахіліла галаву, панюхала гарызонт і, рэзка збочыўшы, пайшла ўлева i назад, зноў да лесу. Я таксама папоўз туды, напярэймы ёй. Карова зноў узышла на светлую палоску гарызонта, i таму, што гляджу на яе знізу, як з цёмнай ямы, здалася яна мне аграмаднай i зусім чорнай, нейкі зубр-перастарак, «адзінец». Пот залівае вочы, мяшаецца з ліпкай крывёй, якою я вымазаў шыю, са жвірам, у якім пэцкаюся, – падобны на тапельца, што робіць апошнія безнадзейныя рухі. А карова наблізілася, мы блізка адно ад аднаго, ды яна зноў адыходзіць убок, метраў на сто ад мяне. Туды, да лесу, дзе стагі, дзе сядзяць немцы, i я нічога ўжо не магу! Паварушыцца не магу. Слёзы змяшаліся з брудным потам на маім твары, сцякаюць на ліпкую шыю. Я ўзяў камяк зямлі i квола шыбнуў услед карове, якая зблізу зноў выдае пляміста-белай, рэальнай – памахвае хвастом. Цяпер, аднак, яна – недасяжней для мяне, чым тады, калі апускалася за гарызонт. Повад, нібы здзекуючыся з мяне, матляецца ля яе пярэдніх ног.
Мне здалося, што мая крыўда, што мая нянавісць гэта зрабілі: карова раптам спатыкнулася, наступіўшы на повад, i стала, нюхаючы зямлю. Я па-драпежнаму пагробся да яе, невядома адкуль вярнулася да мяне ciла. Ад стомы зубы нясцерпна шчымяць, нібы хочуць вылузацца са сківіцаў. Я паўзу i скрыгачу зубамі i, абліваючыся не то потам, не то слязьмі, грабуся да гэтай гадаўкі, да гэтага забойцы, каб ухапіцца за повад i замерці,– ужо выратаваным. Хоць бы на адну-адзіную хвіліну замерці, нерухома ляжаць, ведаючы, што не ўцякае, што можна не варушыцца.
Караскаючыся, сапучы перад ёю, я палохаю карову, яна перастала скубці траву, глядзіць, слухае, гатовая адысці ўбок i ўцячы. Мокры i знясілены, я злосна шапчу салёнымі вуснамі: «Кароўка, кароўка, кароўка…» I яшчэ чамусьці: «Кось, кось, кось…» Але не каровай i не канём, a хітрым здзеклівым забойцам уяўляецца мне гэтая істота: яна заадно з тымі, што заселі каля лесу, за стагамі i зараз заб'юць мяне. Калi кранецца з месца, пачне ўцякаць, я ўскочу на ногі – няхай страляюць! Я цягнуся да повада, быццам ён мяне з прадоння выцягне, толькі б ухапіцца! Карова, трохі прывыкнуўшы да мяне, зноў жуе, повад матляецца ля зямлі, метраў за дзесяць ад мяне! – я бачу мутнаваты бляск яе вока i баюся глядзець, баюся напалохаць прагнасцю i злосцю, што ў маіх вачах. Я ўжо ўсміхаюся мокрай шчакой, шапчу нейкія словы, заміраючы ад пяшчоты i нянавісці. I ціхенька, ціхенька падпаўзаю, не перастаючы ўсміхацца i шаптаць.
Учапіўся за повад так, што карова спалохана рванулася, працягнула па зямлі маё стомленае i шчаслівае цела. Як хочаце цяпер, а я буду ляжаць! Ляжаць, ляжаць…
Тварам да заплямленага святлом неба, услухоўваючыся ў лясную цішу, шчасліва ўбіраючы ў сябе блізкае дыханне каровы, я ляжу i хвіліну, i другую. Месяц проста над маім пасвяжэлым тварам. На круглым дыску, як за матавым жоўтым шклом, знаёмыя з дзяцінства цені-сілуэты, i яны папраўдзе падобны на чалавечыя: i постаць таго, што падае, i таго, хто адхіснуўся, axoплены жахам…
Цяпер мы пасоўваемся так: я – задам, на баку, папіхаючыся локцем, вінтоўкай; карова, палохаючыся гэтай маёй позы i рухаў, то рвецца ўбок, то адстае, напінаючы повад, робячы кругі. Калі ворагі сочаць, ix, мусіць, дзівіць гэты цырк. А што калі яны ўзлескам ідуць туды, куды я паўзу, цягну карову? I недзе ўжо чакаюць там? А я спіной, задам – проста ў рукі да ix!
Не ведаючы, што рабіць, я лёг зноў, чакаю. Карова стаіць нада мной, спалохана напяўшы повад, у пуклявым воку яе чорна пераліваецца далёкае зарава. Раптам яно кругла ўспыхнула, каpoвiна вока, бліснула. Ракета, шчоўкнуўшы, павісла над тым месцам, дзе застаўся Рубеж. Другая – у наш бок. I тут жа – тонкі вогненны струмень. Колькі куль, хлюпнуўшы, упіліся ў каровіна цела. Яно нібы ікнула, вялікае i няўклюднае, глытнуўшы ix. Я таргануўся да яе, на дапамогу, быццам яшчэ мог нешта зрабіць, паправіць, карова таксама падалася да мяне i ўпала на ўраз аслаблыя пярэднія ногі. Шырока i да вусцішнасці па-чалавечы яна хістала галавой з боку ў бок, потым адкінулася на зямлю i замерла. Ногі зноў таргануліся, неспадзеўна i рэзка, балюча ўдарыўшы мяне па локцю, адштурхнуўшы.
А я ўсё трымаю повад, прыціскаючыся да зямлі.
Пуклявае круглае вока забірае з сабой далёкае зарава, якое пераліваецца, мігціць у цёмнай глыбіні. Але вока ўжо мёртвае. З адкінутай каровінай шыі б'е, ільсніць чарнатой тугі струменьчык, часам ён падае на мігатлівае люстэрка вока, прыцямняе яго. Зноў успыхнула, узнялася ракета, i я прыціснуўся да каровінага чэрава, хаваючыся, i раптам разгледзеў на вымені белыя пражылкі малака. Ракета згасла, але я ўсё бачу – жывыя белыя нітачкі на чорнай смале крыві. Не ведаю чаму, але менавіта гэтыя белыя струменьчыкі – быццам прабачэння нехта ў некага просіць! – страшэнна на мяне падзейнічалі. Я не проста заплакаў, я бязгучна закрычаў, як ад нясцерпнага болю. Выпацканы крывёй, зямлёй, потам, змардаваны дарэшты, я глядзеў на гэтыя чыстыя, дзіцячыя струменьчыкі-нітачкі i плакаў, як даводзілася плакаць толькі ў раннім маленстве: кожнай жылкай сваёй, кожным уздыхам. Ва мне жыла такая бязмежная, такая дзіцячая крыўда на ўвесь свет, што абараняцца я мог толькі ёю, жадаючы толькі, каб мне было яшчэ горш, каб зусім ужо кепска было i каб памерці на злосць ці на радасць усiм ім…
Немігатлівае, агромністае вока месяца вісела над скутым цішынёй полем, над чорным валам лесу, над барвовым гарызонтам. A ў гэтым воку, як у люстэрку, два чалавекі нешта адзін з адным рабілі, нешта страшнае адбывалася…
– …I вы, Фларыян Пятровіч, будзеце мяне яшчэ пераконваць? Не, калі б за нашай планетай назіраў, сачыў я, даўно ўжо зрабіў бы аргвывады!
На гэты раз Барыс Бокій, кінуўшы на канапу свой цяжкі партфель, расказаў пра Хатынь, куды ён нядаўна ездзіў, пра могільнік паўтысячы беларускіх вёсак.
– Ды вы ж гэта сваімі вачамі бачылі, Фларыян Пятровіч? Ну вось растлумачце, як такое магчыма? Не, я не пра фашызм як пра сістэму, у гэтым я яшчэ магу разабрацца. Хоць i не вазьмуся вытлумачыць усе гэтыя метастазы, якія ўспыхваюць на самых нечаканых кантынентах. А вось канкрэтны чалавек, які ад чалавека радзіўся, асобна ўзяты выканаўца?
– Не было… Асобна ўзятага не было. Спрадвечнае «мы». Так, яно: «Мы – немцы!», «мы – арыйцы», нават «мы – спадчыннікі Шылера i Канта?» Іменна так, тое самае «мы», без якога немагчыма калектыўная чалавечая гісторыя, але тут яно са знакам мінус. Адключана толькі ўсведамленне, пачуццё, што над усімі «мы» ёсць самае агульнае i галоўнае: «Мы – людзі!», «мы – чалавекі, чалавецтва!» У імя самага галоўнага i ўсё астатняе, a інакш нават гордасць, што «суайчыннікі Гётэ i Вагнера», паварочваецца варварствам, здзічэннем. Такая самазадаволеная «культурная дзікасць» ужо Талстому здавалася асабліва пагрозлівай. Дзе ўжо тут думаць пра бліжніх ці чужых i не рабіць іншым, чаго не жадаў бы сабе: іншыя ж – не «мы»! У ix адзенне, колер скуры, звычаі, мова, узровень жыцця вунь якія не такія! Талстой прыводзіць i такі прыклад: людаеды ставілі ніжэй за сябе, лічылі дзікунамі свае ахвяры якраз за тое, што тыя елі толькі фрукты ды гародніну. За тое, што яны не людаеды! Дык чаму арганізатарам Асвенцімаў i Хатыняў не глядзець звысоку на тых, каго яны знішчалі? Я вось упэўнены, што ў Хатынях i гэта мела значэнне: напрыклад, непадабенства нашых вёсак на іхнія, чарапічныя. Для «чалавека разумнага» адрозненні народаў, рас, людзей – нагода для радаснага здзіўлення, роздуму, затое для «голай малпы» – повад, прычына пагарджаць усімі, хто на яе, арыйку, не падобны. Асабліва гэта заўважалася ў ix стаўленні да ваеннапалонных. Спачатку холадам i голадам даводзілі людзей да жудаснага, амаль нялюдскага аблічча, а потым які-небудзь нягеглы вахман гнаў ix у ямы – расстрэльваць – i сам, магчыма, уздыхаў: «Не, што ні кажы, а нешта недачалавечае ў ix!»
– Вось так яно, Фларыян Пятровіч!
– Але ж ёсць крытэрыі сапраўды чалавечага «мы»! У адрозненне ад варварскага, дзікунскага, фашысцкага. Мне думаецца, крытэрый тут адзін: узвышае тая ці іншая ідэя здольнасць чалавека спачуваць чужому болю, пакутам людзей. Ці, наадварот, паніжае, глушыць гэтую самую чалавечую з усіх здольнасцей – чужы боль адчуваць, усведамляць, як свой уласны i нават яшчэ мацней. Калі прытупляе, тады гэта наркотык, што нічым не адрозніваецца ад гераіну, якім у В'етнаме забойцы глушаць сваё сумленне. Ну, a тэхніка гэтаму дапаможа. Вунь хочуць устанавіць i ўжо дзейнічаюць на рысавых палях i лясных сцежках электронныя датчыкі, механічных сышчыкаў накідалі. Пройдзе побач штосьці цёплае, жывое – на інфрачырвонай плёнцы далёкага аэрадрома ўзнік пучок святла, адразу ўзняліся ў паветра нагружаныя смерцю самалёты. Не толькі спачування, але нават i нянавісці ўжо няма. Пучок святла на экране – якія тут могуць быць пачуцці?
– Вось-вось, дарагі Фларыян Пятровіч! Што ж атрымліваецца? Мільёны гадоў «мы» вандравалі гуртамі па халодных плато, развітаўшыся з райскімі малпавымі «кушчамі», нейкіх паўсотні тысяч гадоў «мы» – істоты, так сказаць, разумныя. Але як толькі імі зрабіліся, разумна разбегліся па самых далёкіх кутках планеты, як мага далей ад другіх, каторыя для нас ужо не «мы». Потым зноў знайшлі адны другіх, адкрылі, пазналі, узрадаваліся, а заадно i каланізавалі тых – слабейшых i прасцейшых. Ажно да атамнай энергіі homo sapiens паразумнеў! I што ж! Ці не па другому вітку ідзём? Ці не той самы разумны рэфлекс падштурхоўвае, «падначвае» нас разбегчыся зноў, цяпер па ўсім Млечным Шляху? Вы як хочаце, а я за гэта! Збяромся як-небудзь пазней. Га?..
– Веданне, вопыт мой – песімістычныя, але воля, надзея – аптымістычныя. Гэта Альберт Швейцар. Добра сказаў!
…Калі я ўсё-ткі споўз з поля, аблітага мёртвым святлом, дабраўся да свайго лесу, а днём да «астравоў», дык вяла мяне i вывела, напэўна, усё тая ж нясцерпная дзіцячая крыўда – унутраныя слёзы, якія я нібы нёс камусьці. I я прынёс ix да «вострава», бо знаў, чакаў, як узрадуюцца, як кінуцца мне насустрач i як я пра ўсё раскажу. Што будзе далей, потым, я неяк не думаў. А што я ім прыносіў, акрамя весткі, што ўсе забітыя i толькі я жывы? Загінулі ўсе, на кім трымалася надзея не памерці з голаду.
На хаду я жаваў, што траплялася: шчаўе, ягады. Увесь час хацелася піць.
У лесе каля першага «вострава» ўсё той жа пах, але зараз гэта знак, што я амаль дома. Пашукаў у кустах – усе шасты на месцы. Я нават пералічыў, нібы не адмовіўся яшчэ ад думкі, што Скараход ці Рубеж вярнуліся раней за мяне. Я ішоў з палкай да вады, i тут мяне паклікалі:
– Прыйшлі?.. Хлопчыкі!..
Каля балотнай сасёнкі сядзіць, стуліўшыся, жанчына. Ногі выцягнуты знясілена, на каленях брудны клуначак. Вочы пранізліва блішчаць на схуднелым, высахлым твары. (Аднойчы пачуў я расказ былога ваеннапалоннага: «Цэлыя паўгода хварэў на гэтую смерць» (гэта значыць на галодную, паміраў з голаду).) У хворых на галодную смерць вочы заўсёды такія – запытальна-пранізлівыя.
– Вось i добра… Прыйшлі…
Не хапіла паветра ўзрадавацца, i жанчына глыбока ўздыхнула. Наказала на свой клуначак: