Текст книги "Хатынская аповесць"
Автор книги: Алесь Адамовіч
Жанр:
Военная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 15 (всего у книги 17 страниц)
Так што ў псіхалогіі ядзернай эры ёсць i свая спецыфіка.
Мы самі назіраем, што адбываецца з нашым братам-пісьменнікам: учора жыў, як заўсёды, у адным свеце i раптам – быццам на другой планеце апынуўся!
Што «я памру» – гэта ведае кожны, але нейкім донцам душы кожны ў гэта ўсё роўна не верыць, ды i тэрміну свайго не ведаем, i тое добра.
Добра, радасна было не верыць i ў смяротнасць роду чалавечага.
Чалавек, лічылі нашы дзяды-прадзеды, смяротным стаў, з'еўшы плод з дрэва пазнання. Унукі-праўнукі ўдакладняюць: чалавек таму i чалавек, што ведае, у адрозненне ад жывёл, што ён, як i ўсё на свеце, смяротны. Так што смерць (у гэтым сэнсе) сапраўды ўзыходзіць да ведаў, пазнання. Таму i гаварылі: памнажаючы веды – памнажаюць скруху…
Але прабацька наш, першы чалавек, з'еў не самы вялікі i небяспечны плод, i таму род яго ў цэлым, так сказаць, заставаўся неўміручым. Да 6 жніўня 1945 года, калі смяротным стала раптам усё чалавецтва. Сарваны быў зусім іншы плод, які дае веданне, як забіць неабмежаваную колькасць да сябе падобных.
I адразу на ўсё ўпаў густы цень: за спіной у людзей раптам зачыніліся, па-зладзейску закрыліся вароты, як пастка!..
На месцы многіх нашых Хатыняў узвышаюцца цяжкія пліты, стэлы, а на ix слупкі прозвішчаў, дзесяткі аднолькавых прозвішчаў (толькі ініцыялы розныя): Камінскі, Камінская, Камінскі… Грыцэвіч, Грыцэвіч, Грыцэвіч, Грыцэвіч… У хатах, хлявах, свірнах, царквах жыўцом згарэлі не проста сем'і, а цэлыя роды вясковыя. Дрэвы родавыя з усімі каранямі i галінкамі – i дзяды, i ўнукі-праўнукі.
Ну, a сённяшнія шматмільённыя гарады, на якія нацэлены, вось-вось гатовыя вырвацца з шахтаў, з-пад вады, сарвацца з крыла самалёта ракеты з ядзернымі боегалоўкамі, што яны такое, гарады Зямлі,– ці не тыя ж «свірны», «хаты», дзе ўжо сабраныя людзі, а сцены аблітыя бензінам, абкладзеныя саломай i нехта запальніцу трымае ў паслухмяна напружанай руцэ? Людзі нават могуць убачыць такую вось руку – на ўсюдыісным тэлеэкране – руку, якая нясе за ўсмешлівым чалавекам чамаданчык з кодам, шыфрам Суднага дня. (І там, тады яны, асуджаныя без суда, выглядвалі ў вокны, у шчыліны, услухоўваліся ў бразганне бензінавых каністраў.)
Гарады-Хатыні!.. Краіны-Хатыні!.. Кантыненты-Хатыні!.. I, нарэшце, уся планета, падрыхтаваная, каб успыхнуць i абвугліцца за нейкія гадзіны, хвіліны!..
Ды хто пасмеў! Хто гэта мог i як дазволілі людзі?
А вось жа пасмелі i нават не хаваюць свой «чамаданчык», нават бравіруюць, ганарацца: яшчэ б – касмічная моц у руцэ вартага жалю смяротнага!..
Адбылося гэта, адбываецца, небяспечна доўжыцца, i канца гэтаму пакуль што не відно, таму што не адзін толькі салдафон Хейг з яго знакамітым «ёсць рэчы важней за мір», а занадта многія на гэтай планеце ўсё яшчэ калі не кажуць: «Мір, але любой цаной», то думаюць, калі не думаюць самі, то згаджаюцца, каб думалі ix кіраўнікі, i ўсё таму, што да канца дадумаць або не знайшлі часу, або баяцца, не адважваюцца, або проста не здольныя.
Калі кажуць табе або сам ты: ды што я, я асабіста, што я магу? – адказ адзін: дадумай да канца, менавіта да канца, не дазваляючы сабе адхіліцца ўбок, адвільнуць ад усёй праўды – за сябе дадумай, a калі трэба, то i «за таго хлопца», у якога «чамаданчык». Калі ўжо, па назіраннях вучоных (японскіх), працэс пазнання (пераймання) i празарэння можа лавінападобна ахапіць нават статак малпаў (эфект «сотай малпачкі»: пасля яе раптам усе тысячы малпаў, на ўсіх астравах, сталі таксама мыць салодкі батат, замест таго каб есці з пяском) – тады чаму i табе не спадзявацца, што з цябе якраз i пачнецца ланцуговая рэакцыя празарэння, таго самага дадумвання да канца! A ці ёсць на Зямлі або ў галовах людзей нешта такое, дзеля чаго можна, дапусціма трэба рызыкаваць такой простай i вялікай рэччу, як жывая клетка, якая самадзеліцца? У якой усё i без якой нічога – ні капіталізму, ні сацыялізму, ні мінулага, ні сённяшняга, ні будучыні.
Усе нішы ў свядомасці сваёй абмацаць жорстка логікай «ядзернай эры», усе лагуны мозга, дывертыкулы затоеныя, дзе хаваюцца хітрыкі ўчарашняга розуму, старажытныя забабоны, даўно ці раптоўна састарэлыя ісціны, i не палохацца, калі раптам прагучыць ці то ў табе, ці то ў нечых старонках, у нечых вуснах: не толькі дрэнны мір лепшы за добрую вайну, але i любы – лепшы! Непараўнальна, несупаставіма лепшы.
Ды гэта ж толькі па звычцы, па аналогіі з мінулым называецца «вайной» – тое, што сёння супрацьпастаўлена «міру». На самай жа справе яно нешта зусім іншае, па-за ўсякімі аналогіямі i супастаўленнямі. Людзям ва ўсім свеце па-ранейшаму ўнушаюць, звыклым спалучэннем слоў, паняццяў: трэба быць гатовымі да вайны! Страшнавата, але як быццам знаёма. Але калі папраўдзе, дык варта б казаць: трэба рыхтавацца, быць гатовым да самазабойства. Так, не вайна ўжо гэта, а самазабойства i нешта іншае, менавіта омнецыд, як нехта вызначыў,– усеагульны генацыд, самагенацыд чалавецтва!
Дадумваць, дадумваць да канца! Ці не ў гэтым паратунак?
«Свету загінуць ці мне чаю не піць?..» – выбар цалкам са сферы высокай палітыкі, словы «падпольнага чалавека» Дастаеўскага вось так загучалі: быць мёртвам, або быць чырвоным, або быць не чырвоным?
Сыходзячы да чыста бытавой свядомасці, таксама сёе-тое знаходзім, адкрываем. Яна стараецца сябе не дакляраваць, не фармуляваць – на тое яна i бытавая, – але таксама ўтрымлівае ў сабе нешта. Сябра-філосаф аднойчы спалохаўся вельмі простай думкі: а свет жа можа загінуць проста таму, што нехта пашкадуе чырвонца. У любой валюце. Пашкадуе ахвяраваць ім або пажадае «даатрымаць» яго. У выглядзе менавіта чырвонца. Або ўзнагароды. Або павышэння па службе. І да т. п.
Прытым нехта вельмі канкрэтны – з імем-прозвішчам, месцам жыхарства, пасадай, з пашпартнымі асаблівымі прыкметамі або без ix.
Ён не пытае: што я магу, я, менавіта я? – перш чым дзейнічаць, гэта значыць існаваць паводле законаў адвечнага эгаізму, а таму цісне на сусветную сітуацыю неадступна i ўвесь час, як атмасферны слуп. Ён масападобны, але складаецца з індывідуумаў. I вось апошні, вырашальны драбок нейчага эгаізму на шалях сусветных вагаў i…
«Свет загінуў таму, што чалавеку было лягчэй памерці, чым змяніцца». Гэта – з рамана «Катастрофа» Эдуарда Скобелева, у якім аўтар задумваецца, ад якіх заган, якасцей чалавечых надыдзе, надысці можа ядзерны Армагедон.
Так, горка пра такое пісаць, усведамляць такое, але ўзрушэнне патрэбна, i яшчэ якое. Жыць, як жылі, думаць, як думалі, адчуваць, як адчувалі,– небяспечна, смяртэльна небяспечна для ўсіх людзей.
Не, усё-ткі яны змяняюцца – i ў масе, i індывідуальна. A інакш адкуль бы ўзяцца: маршам хатніх гаспадынь праз цэлыя кантыненты, лагеру ў Грынэм-Коман?..
Калі Марш міру-82 праходзіў па хатынскім лесе апошнія 5 кіламетраў да мемарыяла, позірк не-не дый вяртаўся да непрыгожа поўнай, з задышкай жанчыны ў лёгкай квяцістай сукенцы, для якой кожны крок азначаў востры боль – ногі ацёчныя, у сініх вінаградзінах успухлых вен. Твар вялікі, потны, чырвоны, недзе на вакзале магла б сысці за звыкла раздражняльны вобраз у натоўпе, ад якога няма куды дзецца. Тут, за дзве тысячы кіламетраў ад свайго дому, ад дзяцей i, мусіць, унукаў, яна была прыгожая. Стаіць перад вачамі i цяпер. Чаму голуб – сімвал міру? – пытае ў адной з мініяцюр сваіх Янка Брыль. I прапануе ўзамен: толькі што са сну, з хітрынкай, «рассмяянае» дзіця. A ў мяне ў вачах – хатняя гаспадыня з вялікімі нагамі на далёкай для яе лясной дарозе да Хатыні…
Не, не чакае асуджана, безгалоса свайго канца планета людзей. Не маўчыць Зямля. Людзі ўжо бачаць, што супраць ix падрыхтавана, ужо чуюць бразгатанне каністраў…
Цішыня – у бункерах. У супербункерах, «выжывалках». Там – так.
У «выжывалцы», куды зазірае чытач рамана Э. Скобелева, прадугледжана ўсё: ад сексшопаўскага інвентару да морга. Але галоўнае, што прадугледжана: каб не праніклі туды тыя, што не ў асобным спісе. На ўсіх не хопіць. Астатнія – у зусім іншым «спісе», мысленным. Увесь фокус у тым, каб у патрэбны момант самому застацца тут, астатніх пакінуць там.
«Я баялася, што тыя, звонку, не дадуць зачыніцца люку. Я розум страціла ад страху, ведаючы, што яны, калі пранікнуць у сховішча, разарвуць мяне ў клочча… Але ўдача – люк закрыўся… На падлозе валяліся адрэзаныя кісці рук. Дзве чорныя i адна белая…»
У бункер-«выжывалку» трапілі не тыя, хто яго канструяваў, у думках абжываў, любуючыся i радуючыся, як усё здорава прадугледжана. Спрацавала выпадковасць. Зрэшты, больш чым заканамерная, калі гаворка ідзе пра вайну. На вайне выпадак занадта часта – гаспадар становішча, ходзіць у генеральскім мундзіры. А тым больш калі гаворка пра тэрмаядзерную. Тут ужо дакладна: скамячыць, развее любыя падлікі-разлікі самых вялікіх хітруноў-разумнікаў. Так што дзіцячы гэта занятак – ix бункеры-«выжывалкі». Але i злавесны. I проста подлы. «Праскрыпцыйныя» фактычна спісы ўласнага насельніцтва – усяго. За выключэннем нямногіх абраных, званых. Уся подласць у тым, што сябе выдзелілі, ратуючыся не дзеля саміх быццам бы сябе, а дзеля таго самага насельніцтва. Каб яно, да апошняга знікшы з зямлі ў агні, у пакутах-сутаргах, усё ж аказалася «пераможцам». У «абмежаванай», у «зацяжной», «зорнай» ці якой-небудзь (паводле ix планаў) вайне.
Бункеры-«выжывалкі» – гэта нешта большае, чым жалезабетон i электроніка. Гэта – псіхалогія. Якая ўздзейнічае i на высокую палітыку, тым самым – на лёсы мільёнаў, мільярдаў людзей. Бункерная псіхалогія – з'ява зусім новая, народжаная ядзернай цывілізацыяй. Ёю многае тлумачыцца ў паводзінах некаторых асоб, здавалася б, нелагічных, незразумелых, невытлумачальных.
Многімі адзначана: прэзідэнт вялікай дзяржавы на пасадзе i пасля, адстаўлены ад спраў,– два розныя чалавекі. Паводле поглядаў на ядзерную пагрозу, на магчымасць перамогі ў ядзернай вайне i да т. п. I нават ваенны міністр зусім іншым чалавекам i палітыкам робіцца, калі ён, як Макнамара, пакідае пост.
Што гэта, псіхалогія вадзіцеля, які паратварыўся ў пешахода? Чалавек, пакуль сам не пасядзеў за рулём, за тармазамі, яшчэ можа верыць, што ўсе яны, вадзіцелі, народ надзейны i ўсё могуць (павярнуць, затармазіць), але калі ўжо сам пабыў вадзіцелем, пачынае баяцца, нават больш, чым звычайны пешаход. Ён-то ўжо ведае, як яно з кабіны бачыцца i можацца. Гэта значыць інфармаваны больш, чым астатнія.
Але, магчыма, не гэта або, дакладней, не толькі гэта, a i яшчэ нешта – у паводзінах адстаўных прэзідэнтаў, міністраў. Калі мець на ўвазе псіхалогію.
Так, Макнамара, аддадзім яму належнае, сёння адзін з аўтарытэтных крытыкаў нястрымнай гонкі ўзбраенняў, у якой i сам быў у свой час вінаваты.
Вельмі рэальная карціна: Каспар Уайнбергер pазумна, цвяроза мяркуе пра катастрафічныя вынікі ядзернай супергонкі. Дзе-небудзь у пачатку 90-х гадоў, аддаліўшыся ад міністэрскага крэсла. I разам з тым – ад міністэрскіх «выжывалак». Вось-вось, ці не ў ix частка адгадкі, праўды?
Нешта не чутно, каб Збігнеў Бжэзінскі сёння выказваўся, як раней, у гэтым вось духу, смела i «шырока», што пагібель у ядзернай вайне ўсіх амерыканцаў i ўсіх рускіх яшчэ не азначае канца чалавецтва, а таму, маўляў, не так ужо страшна… Ах, дык ён ужо не саветнік па нацыянальнай бяспецы! А значыць, i не ў «спісе». Які, хоць i глупства, – нікому i нідзе не пераседзець, не пазбегнуць непрадказальных вынікаў ядзернага пабоішча, – але ўсё ж, усё ж небывалы жалезабетон, электроніка, а побач першыя ў дзяржаве людзі прадугледзелі, каб ім выжыць, не можа быць, каб не прадугледзелі. I галоўнае – сям'я, дзеці, дзеці! – дзеля ix на ўсё пойдзеш.
Так, i «бункерная псіхалогія» бацькоўскіх пачуццяў не пазбаўлена. А можа, нават на ix i трымаецца. Што яшчэ больш жахліва.
Часта мы сабе i адзін аднаму задаём пытанні (i самі на ix адказваем): не, не могуць i яны ўсур'ёз хацець вайны! Як бы ні бразгалі зброяй, боегалоўкамі. Што б i хто б ні гаварыў на публіку, кожны разумее, што адбудзецца i чым скончыцца, калі каму-небудзь пачаць.
«Не могуць жа яны не разумець, што трэцяя сусветная вайна прынесла б такія неўявімыя бядоты, што гэта азначала б канец для чалавецтва… Мне здаецца, ніводзін нармальны чалавек не можа жадаць гэтага»{5}.
Ніводзін нармальны чалавек?.. Гэта, вядома, праўда.
Але ж не выключана, што да рулёў i кнопак прарвуцца iстоты з псіхалогіяй, «ідэяй» знаёма-нацысцкай: гэтым жыць, а гэтым не, гэтыя чыстыя, а гэтыя нячыстыя!.. Або са знаёма палпотаўскай арыфметыкай: для таго-та нам досыць столькі-та мільёнаў чалавек замест наяўных 5 мільярдаў!..
Вось i ў рамане «Катастрофа» Э. Скобелева нехта Сэлман правакацыйна, злавесна ўспамінае пра «клуб трохсот», дзе вырашаюць, змаўляюцца, да дзесяці ці менш мільёнаў скараціць насельніцтва Зямлі, каб «устараніць каласальныя біямасы», якія становяцца небяспечна некіруемымі для ўладыкаў гэтага свету.
Што ж, калі мог быць Гітлер, Пал Пот, мільянерскі «клуб сяброў рэйхсфюрэра», чаму не аб'явіцца зашыфраванаму «клубу трохсот»?..
Але нават калі не ix мець на ўвазе, усё роўна наша пераконанасць, што нармальныя людзі «не могуць», «не павінны» i да т. п. – таксама небяспечная. Ну, а калі змогуць, апантаныя д'яблам палітычных i іншых страсцей? Назад ужо не адкруціш: ах, выбачайце, памыліліся, пераацанілі людскую нармальнасць!
Далей, далей яе, бомбу, i ад нармальных таксама, а ix – ад бомбы! А то ж занадта многія прывыкаюць да думкі, што яна заўсёды пад рукамі, зноў i зноў з'яўляецца спакуса, калі не з таго, дык з другога боку, падступіцца да гістарычнага супраціўніка i пазбавіцца яго адным ударам. З космасу, напрыклад.
Тым больш што самім амерыканцам сёе-тое больш відно, вось i Эдвард Кенэдзі папярэджвае, што многія дзеячы ў адміністрацыі Рэйгана i пасля таго, як ваенны прамысловы комплекс атрымаў пажадлівыя новыя мільярды i як бы супакоіўся трохі, быццам удаў, які пераварвае праглынутае, тым не менш многія дзеячы, якія прымаюць адказныя рашэнні, «па-ранейшаму лічаць магчымасць абмену ядзернымі ўдарамі прымальным варыянтам. Супрацоўнік Савета нацыянальнай бяспекі прадказвае, што верагоднасць такога канфлікту складае 40 са 100» {6}.
Гэты супрацоўнік, ён ужо ж у другім, не «праскрыпцыйным», спісе. Або прарываецца – у патрэбны, зарабляе права. Магчыма, зусім нармальны з пункту погляду медыцыны чалавек. Але ў тым жа i справа, што наяўнасць супербомбы i народжаная ёю «бункерная псіхалогія», усе надзеі на тое, што «вайны ніхто не хоча», робяцца надта хісткімі. Гітлеры, палпоты, яны зноў тут, на планеце – у гэтай самай бомбе. Не адыходзіць, i тут не адыходзіць ад рэальнасці, ад прыўды, усёй праўды! {7}
Даць, даць ёй выбухнуць, не бомбе – праўдзе! У нас выбухнуць – у літаратуры, кіно, у мастацтве. Каб як мага больш людзей успрынялі ўсю праўду, не ўхіляючыся ад яе, – вось першае і, мусіць, галоўнае сёння, да чаго абавязвае пісьменніка сама сітуацыя ў свеце.
Сапраўды, яшчэ раз праў Дастаеўскі, у якога раптам вырвалася: праўда вышэй за Пушкіна, вышэй за народ, вышэй за ўсё! Таму, відаць, што яна – сама ўмова існавання i «Пушкіна» (мастацтва) i нашага роду (на-роду).
Які, які яшчэ аргумент паслаць у бок «бункерных душ»?
Пасля ўсіх папярэджанняў вучоных. Пра ўсюдыісную, усёпранікальную (на дзвесце, на трыста год наперад) смяртэльную радыяцыю ад разбомбленых рэактараў – i пісалі, i гаварылі. Пра бясконцую ядзерную ноч i ядзерную зіму? – таксама вядома. Вучоныя прадказвалі, а цяпер ужо выяўляюць, што разбурэннем азоннага пласта, які адсякае ад нас ультрафіялетавую радыяцыю на высотах ад 17 да 25 кіламетраў, ствараюцца ўмовы для ўтварэння ў атмасферы фасгену (БАР – баявога атручальнага рэчыва!) i яшчэ больш небяспечных атручальных газаў.
Любое прымяненне ядзернай зброі літаральна сарве азонны шчыт, які жывому дазваляе жыць. I павіснуць над усёй планетай новыя БАР. Таксама на цэлыя дзесяцігоддзі.
Альберт Эйнштэйн разгадаў i вызначыў матэрыю як «застылую» энергію (Е=мс2), i адразу вучоныя занепакоіліся: а як чалавек распарадзіцца сваім лёсам, калі даступнай яму стане тая энергія, якая літаральна «пад нагамі» ў яго?
Нямецкі фізік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі Вальтэр Нернст папярэджваў у 1921 годзе: «Можна сказаць, што мы жывём на востраве, зробленым з піраксіліну… Але, дзякуй богу, мы пакуль яшчэ не знайшлі запалкі, якая падпаліла б яго» {8}.
Роберт Юнг у кнізе пра самую, мусіць, трагічную ў гісторыі чалавечай думкі старонку – пра стварэнне самазабойчай ядзернай зброі, піша i пра такія вось сумненні, якія ўзнікаюць пры распрацоўцы ўжо вадароднай бомбы: «Сярод пытанняў, якія належаць разгляду, адно было асабліва злавесным. У Берклі (дзе ў Каліфарнійскім універсітэце амерыканскія вучоныя-фізікі раіліся па пытанні «аб стварэнні найлепшага тыпу атамнай бомбы». – A. A.) успаміналася пра тое, што тэрмаядзерныя працэсы, аднойчы пачаўшыся ў выніку выбуху бомбы (вадароднай), маглі распаўсюдзіцца на атмасферу i воды зямнога шара. Нястрымная ланцуговая рэакцыя, народжаная супербомбай, магла за кароткі час ператварыць увесь зямны шар у палаючую зорку» {9}.
Разважалі, прыкідвалі, тэарэтызавалі – не павінна б! Рызыкнулі на практыцы праверыць свае разлікі. Ну, а каб не сышлася задача з адказам?.. Людзі, чалавецтва нават не падазравалі, якія эксперыменты за спіной у ix рабіліся – з ix планетай.
Ну, а каб колькасць перайшла ў якасць – пры адначасовым выбуху соцень, тысяч такіх бомбаў? Не павінна б?.. Ды хто мае права гадаць, прыкідваць i рызыкаваць пры гэтым усім, што нікому паасобку не належыць?!
За пасляваенныя сорак год узарвана 1500 ядзерных устройстваў. (Адна трэць – у адкрытай прасторы, дзве трэці – пад зямлёй.) Ніводзін вучоны не можа паручыцца, што адначасовы залп такой колькасці ядзерных зарадаў не ўцягнуў бы ў адзіную ланцуговую рэакцыю інертныя элементы, рэчывы планеты. А тым больш – дзесяткі тысяч зарадаў, якія могуць выбухнуць у любы момант. Якія ўжо тут «выжывалкі»? За пэўным «болевым парогам» Зямля сама можа ператварыцца ў звышбомбу, за выбухам якой таксама невядома што паследуе, адбудзецца – ужо з Сусветам. Так гэта ці не так – хто мае права эксперыментаваць?
Але ў тым жа i справа, што «смелых», а дакладней – тых, хто не дадумвае да канца, куды больш, чым хацелася б. I сярод вучоных, i сярод палітыкаў, ваенных. I на бытавым узроўні таксама.
У адказ на мае або Юрыя Каракіна артыкулы: «Нічога важней», «Не спазніцца!», «Яе спарадзіла вайна, фашызм», «Уявім сабе», «Прызнаць галоўнае – галоўным», «Жывы час», «Рабіце звышлітаратуру!.,», «Overkill» i інш. {10} мы атрымліваем пісьмы, якія спрачаюцца.
Упусціць у сябе ўсю жорсткую праўду, дадумаць да канца? I што з гэтага, што паследуе? Дзеянне, дзеянне ў чым выразіцца?
Талстой калісьці выказаў вельмі простую, але такую, выяўляецца, важную i патрэбную думку: складанасць пытання не ў тым, што рабіць, a ў тым, каб зразумець, што трэба рабіць раней, а што пасля.
Адкладваць «усю праўду» на потым, на пасля, i зноў пачынаць, як нам пішуць, гавораць, з даўняй руціннай працы па веравыхаванні чалавека, па дэмакратызацыі асноў жыцця (каб масы сапраўды маглі ўдзельнічаць у прыняцці рашэнняў) i г. д. i да т. п., – ды хто нам на гэта час адпусціў? Акрамя таго, i гэтыя задачы куды больш энергічна здольна літаратура выконваць, калі па-сапраўднаму данясе да чалавека жорсткую праўду: або неадкладнае i рашучае адмаўленне ад усяго, што пагібельна, – у чалавеку, у грамадскіх збудаваннях, або прымай яе, пагібель, як непазбежнасць!
Вяртаюся да старых запісных кніжак: выяўляецца, не так гэта проста i легка – зламаць у сабе самім перагародкі, адкрыць сябе ўсёй праўдзе, дадумваць i абдумваць да канца тое, што на нас навалілася. Хочацца пайсці з-пад гэтага цяжару, вызваліцца. Як можна з гэтым жыць, увесь час? – не раз i не два спытаюць вас.
Але ж мы з гэтым рэальна жывём, над гэтым жывём сапраўды. Не прыводзіць, не прывесці да згоды, у адпаведнасць свядомасць сваю з рэчаіснасцю – якія ж мы пасля гэтага разумныя істоты? I што нас у гэтым выпадку чакае?
Ведаць, каб змагчы! Менавіта літаратура, мастацтва здольныя данесці праўду да кожнага, даставіць яе ў кожную клетку адзінага i сёння, на жаль, смяротнага арганізма – чалавецтва.
Калі што больш за ўсё, мацней i глыбей за ўсё здольна ў бліжэйшы час паўплываць на ўвесь характар планетарнай культуры, на сам тып сусветнай літаратуры, дык гэта якраз працэсы ў свядомасці нашай, чалавечай, якія вызначаюцца ўсёй сукупнасцю падзей XX стагоддзя.
Гэта ж ісціна, што чалавек, што homo sapiens такі, які ён ёсць, у значнай меры таму, што ён – адзіная на Зямлі істота, якая ўсведамляе сваю смяротнасць, канчатковасць.
Знікні раптам гэта веданне, i як рэзка змяніўся б ён сам, – увесь – у звычках, паводзінах, у культуры, літаратуры, мастацтве.
Ну, a калі яшчэ адно такое, роўнае гэтаму веданне ўзнікла, што павінна адбыцца з тымі ж рэчамі? Відавочна, усё таксама павінна перамяніцца гэтак жа рэзка, буйна.
На нашым вяку гэта адбылося: чалавек выявіў, што i ўвесь род яго зрабіўся смяротным. Учора яшчэ будучыня яго была адпачаткова забяспечаная, ішла ў далячынь тысячагоддзяў, i раптам – рэальная верагоднасць знікнення ўсяго i назаўсёды на працягу хвілін, гадзін!..
I што змянілася: у паводзінах, у ты пе мастацтва, літаратуры i інш.? Сёе-тое змянілася, але не так ужо рэзка, буйна.
Пра што гэта гаворыць? Толькі пра тое, што яшчэ не адбылося сёння тое, што абавязкова здарыцца, адбудзецца заўтра. Свядомасць непазбежна паследуе за рэальнасцю. Рэальным стане i вымярэнне, унутранае, кожнага з нас, калі новая свядомасць стане фактам.
Так, але ці аўтабіяграфія гэта, ці так абазначаны жанр?
Усё залежыць ад таго, што лічыць фактамі. Ці лічыць фактамі нашага жыцця таксама i думкі, пачуцці, перакананні, станы, з якіх якраз i нараджаюцца задумы твораў? Калі гэта таксама факты (поруч з тым, дзе ты нарадзіўся, жыў, вучыўся i чым займаўся), тады данае ізлажэнне – таксама аўтабіяграфія. З ухілам, вядома, у бок «унутраных» фактаў за кошт «вонкавых».
Што ж, так атрымалася, напісалася.
Калі ўжо ўсё гэта выказаў, напісаў, трапіліся на вочы словы скульптара Генры Мура («Новый мир», 1982, № 1, с. 67):
«Скульптар або мастак робіць памылку, калі ён занадта часта гаворыць або піша пра сваю працу. Гэта аслабляе неабходнае яму напружанне».
Наперад будзем разумнейшымі!