Текст книги "Хатынская аповесць"
Автор книги: Алесь Адамовіч
Жанр:
Военная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 6 (всего у книги 17 страниц)
– Сакрэт ёсць, – сказала кабета, – насіце здаровенькі.
Але дзяўчынка выдала цётчын сакрэт:
– Цётка Храмеліха на сабе сушыла, пад кофтай.
Ленінградзец наш пачырванеў, нават перастаў абувацца, нібы не ведаючы, як цяпер быць. А тут другая кабеціна падтыкнулася, папрасіла:
– Вы хоць не пакіньце нас адных, хлопчыкі.
– Ды мы што – аліментшчыкі,– сказаў Рубеж, – каб уцякаць?
– I вашы ж тут параненыя, – яшчэ раз нагадала кабеціна.
Мы перасеклі першы «востраў»: вось яно, месца, дзе нам з Глашай тады трапіўся Рубеж. «Камендант» закурыў нямецкую цыгарэту, i ўсе па чарзе зацягнуліся па колькі разоў. Я таксама атрымаў сваю порцыю дыму – галава адразу закружылася, паплыла. Глеб Васільевіч дакорліва глянуў на Рубяжа, узнепакоена – на мяне:
– Усё-такі дарэмна мы вас, Гайшун, узялі.
– Нічога, воўка ногі кормяць, – сказаў Рубеж, – а яму трэба падкарміцца.
Я змоўчаў, таму што мне раптам захацелася вярнуцца на «востраў».
З кустоў выцягнулі доўгія жэрдкі, спецыяльна прыхаваныя, i рушылі па кладках. Смурод, як i тады. Kaровіны тушы ўжо i зусім усплылі, ix нібы болей стала. А Рубеж цягне яшчэ i «фюрэра», Сцёпкаў падарунак. («Абмяняеце ў фрыцаў на галеты».) Гэты смешны, даўганосы Рубеж знаходзіць час i на слізкіх кладках пускацца ў разважанні, гаворыць, гаворыць, i за сябе, i за ўсіх нас, i за «фюрэра», i нават за гэтых вось «бегемотаў».
– Давай, давай, цыркачы! Гэта вам не каля цётак грэцца! Нясі мяне, калі дурань! (Галаском фюрэра.) Пых-пых! Па-а! Нюхайце нас, брыдоту. (Глухім басам нерухомых «бегемотаў».)
…Але галоўны субяседнік Рубяжа, як выявілася, – сам лёс, доля партызанская. Балбоча Рубеж з ёю ўвесь час, з ёю i ад яе імя. Як са сварлівай жонкай. Ад мармытання яго (а мы ўжо двое сутак цягаемся па акрузе) пачынае здавацца, што нас у групе больш, што побач нехта пяты – дурная i порсткая кабеціна, ад якой чаго хочаш можна чакаць. Тая самая партызанская доля.
– Вось я на вас яшчэ зверху папырскаю, а то мала вымаклі ў балоце, – здзекліва абяцае сварлівым голасам Рубеж, зірнуўшы на нізкае неба. I нібы па ягонай просьбе, імжыць ужо дождж.
I так усю дарогу, удзень i ўночы.
«Рама» з намі завядзе гаворку:
– Вось i я! Засумавалі? А, гэта вы? Зараз, зараз, я вось толькі палятаю над вамі. Зараз прышлю з бомбачкамі.
Месяц, недарэчы яркі, раптам пачне дурнаватыя хаханькі:
– Ах, які я кругленькі i светлы! Іголак вам – збірайце. Ці, можа, салаўёў? Магу!
– Раскаркаўся! – злуецца на Рубяжа наш чацвёрты партызан, хваравіты, бледны Скараход. Ён з першага кіламетра закульгаў: брыдзе, нязграбна ставячы ногі i пахістваючыся налева-направа. Скулле абсела чалавека, ды ячшэ ў самым непатрэбным месцы. А тут яшчэ прозвішча – Скараход: сапраўды нейкая насмешка з чалавека!
– Ну навошта ты гэтага псіха цягнеш? – сіплым, задыхлівым голасам злуецца Скараход, нібы не Рубяжу, а яму самому даводзіцца несці пудзіла – «фюрэра».
– Я яго! А кожа, ён мяне? – агрызаецца Рубеж. – Не было б яго, i ты б не націраў сваё скулле, сядзеў як бог у Мінску. Якія ж мы «вылупні» будзем, калі я кіну яго? Без фюрэра?
Мы ўжо «каюкалы», «мукамолы», а Рубеж усё падбірае нам імя па нашым незайздросным становішчы: «баўтрукі», «падмацакі», i цяпер вось – «вылупні». Што ні здараецца з намі i ў нас па дарозе – нібы так i павінна быць: а чаго яшчэ хацець ад «вылупняў»? Зайцава капуста замест галет, на якія мы разявіліся, – а што, для «мукамолаў», нават гэта аж занадта! Пуднулі нас, пабеглі, i Скараход згубіў у гразі дзіравы чаравік, застаўся з адным – на тое i «вылупні», каб губляць! Нічога вясёленькага ў такой весялосці няма, але як бы i сапраўды лягчэй ад гэтай непавагі да ўсякай няўдачы, бяды.
Адзін Скараход i стамляецца, i мокне, i галадае, i злуецца – усё ўсур'ёз, пагарджаючы блазенствам, якім Рубеж заразіў i мяне i нават ленінградца, нашага «каменданта».
I калі ў трэці раз налезлі на засаду i перлі, як ласі, праз гарэлы, звонкі ад куль i рэха бор, Скараход у адным чаравіку бег першы, а потым стаў i здзекліва глядзеў, нас чакаючы: ну што, i цяпер вам весела?! I як бы на злосць (не Скараходу, а некаму i нечаму наогул), «вылупні» пачалі смяяцца, а Рубеж, у трэцяй асобе, пачаў расказваць, як падыходзілі да ўзлесся, як «мукамолы» глядзелі на сытых нямецкіх коней, а Скараход нібыта завыў па-воўчаму, i як ім, «вылупням», – па зубах, па зубах! I як «пукалы» драла давалі: «Ногі мае, ногі, нясіце маю…» I далей – карцінкі: як знойдуць немцы кінутага Рубяжом «фюрэра» i як накрычыць пудзіла на ix за тое, што ўпусцілі Скарахода, «вылупняў»…
Я ўдзельнічаў у гэтай дзіўнаватай весялосці, але мяне не пакідаў, a ўсё ўзрастаў нейкі ўнутраны жах перад самім сабой. Чаго гэта я, няўжо гэта я?
Ідзём насустрач пажарам i начной страляніне, усё навокал дзіўна перайначана заравам, трывожнай невядомасцю i тым, што адбылося са мной. Усё не магу паверыць, згадзіцца, што я – гэта той, у каго так страшна забілі маму, сястрычак, што гэта i ёсць я! Што вайна, што немцы, смерць побач – гэта ўжо не перашкаджае мне быць. Але на свеце ўсё яшчэ няма мяне, у каторага ўсіх забілі. Але i ранейшага мяне няма. Усё раблю, як яны – Рубеж i Глеб Васільевіч, яшчэ больш, чым яны, кплю з «вылупняў» i сіплага сердавання Скарахода, але нешта чужое, дзіўнае цяпер ва мне ёсць, прыкметнае нават старонняму: я чуў, як Рубеж сказаў у мяне за спіной:
– Навошта я, дурань стары, узяў хлапчыну? Вунь што з ім робіцца!
Узлесак i дарога праз луг, начное поле высцелены святлом пажараў i міргатлівых ракет. З цемені раптам вырываюцца трасы куль, што, падсцерагаючы, шукаюць нас. Спачатку яны бязгучна памчаць i толькі потым, нібы металічны ланцуг павалакуць – та-татах…
Сярод поля цень твой робіцца доўгім i мнагаслойным: зарава, месяц, ракеты прагавіта ловяць, спыняюць, паўтараюць цябе, тваю прысутнасць, падвойваюць, патройваюць, доўжаць. Мы брыдзём стомленыя, галодныя, то наступаючы на свае доўгія, нібы дарога, цені, то несучы ix узбоч, то валакучы за сабой. Нам ужо надакучыла падаць, мітусіцца пры кожнай ракеце. За нас усё гэта нашы цені робяць. Узляціць ракета – цень спалохана, па-сабачы кінецца да тваіх ног, пагусцее i паменшае; ракета апускаецца, згасае – цень імкліва расцягваецца, імчыць тваю постаць у поле. А вакол рухаюцца, варушацца паўцені ад зарава i месяца, напаўзаюць адна на адну i тут жа зноўку палахліва пакідаюць цябе, як толькі ўзляціць блізкая ракета.
Нарэшце мы дасяглі жыта: да яго Глеб Васільевіч трымаў кірунак ад самага ўзлеску. За жытам дарога, якую трэба будзе мінуць.
Утапілі свае цені ў рэдкаватым, вытаптаным жыце, брыдзём па ім, як па глыбокай жоўтай вадзе. Месяц над намі круглы, вялікі.
– Не, вы заўважылі,– шэпча Рубеж, – як усё расце ў вайну! I колькі самасейкі замест чалавечага жыта. Расце ўсё, нібы злуе. А, не ўмееце вы жыць? Тады – я!
– Вы – Спіноза, Рубеж! – кажа Глеб Васільевіч. Ён напружана ўслухоўваецца ў татахканне кулямётаў, прыкідваючы, дзе нам лепей перайсці дарогу.
– Забіваюць чалавека – лес адразу на вяршок падскоквае, – мармыча Рубеж нам у патыліцу.
– Цябе стукнуць, – не вытрымаў Скараход, – на два падскочыць.
Скараход, як толькі прыпынімся, пачынае абкручваць анучай сваю неабутую правую нагу, абвязваць яе. Ніяк не адважыцца кінуць другі чаравік.
– I правільна! – згаджаецца Рубеж. – Калі самі не ўмеем. Заб'юць – i буду расці, усе дарогі, усе палі зарасту, запоўню.
Слухаем далёкі перастук кулямётаў i незразумелую цішыню белай ад месячнага святла дарогі, лапік якой нам відзён, а побач шэпт, мармытанне i дзіўнаватыя вочы чалавека, якія нібы моляць: «Ды спыніце мяне, бачыце, што са мной, гэта не я, гэта – са мной!..»
Я раптам падумаў i, здаецца, зразумеў, што чалавек гэты тужліва баіцца, ён амаль як хворы ад гэтага. У другога гэта выявілася б іначай, a ў Рубяжа – у няспыннай, сур'ёзнай ці смяшлівай гамане, у якой ён нішчыць свой страх. I зусім ён не дражніцца з самою смерцю, як лічыць Скараход, зусім наадварот. Страх перад уласным страхам – тужлівым, гнятлівым, – вось што мучыць, прымушае яго быць такім: ён увесь час рыхтуецца, рыхтуе сябе да нейкай рыскі, якую заўжды бачыць, пра якую не ўмее забыць, як другія ўмеюць.
– Зараз мы вылавім вас з гэтага жыта, – мармыча Рубеж, – дзе вы тут, мілыя?
I праўда, шчоўкнула ракета, гэты раз блізкая. Узнялася, зрабіла дугу i ўпала метраў за сто ад нас. Мы засталіся, хто на кукішках, хто на каленях, у жыце, налітым, як акварыум, жоўтым святлом. Ракеты адна за адной шчоўкаюць, узлятаюць, павісаюць вогненнымі кроплямі, нібы выглядаючы, куды падаць, i тут жа абрынаюцца ўніз.
Можна ўцячы, але ўцякаць не мае сэнсу. Немцы недзе тут, побач, але менавіта гэта нам трэба: засесці бліжэй да ix, але каб пра гэта яны не здагадваліся. За ix кошт мы разлічваем разжыцца чым-небудзь больш каларыйным, чым бульба i зайцава капуста, вось i трэба сядзець i чакаць моманту. Цяпер толькі разабрацца, якія тут немцы, дзе ў ix што. Праўда, мы разлічвалі ісці далей, але калі па дарозе гэтай сядзяць нямецкія пасты, засады, значыць, па ёй хутка пацягнуцца абозы, жывёла. Глеб Васільевіч услухоўваецца, прыкідвае i ўсё чапае сваю невялікую бародку – прывыкае да яе.
– Не падабаецца мне, – кажа Скараход. Ён раптам узяўся размотваць анучу, адкінуў яе. Зняў свой адзіны чаравік i таксама адкінуў ca злосцю. Падрыхтаваўся да нечага.
Так, няўтульна будзе ў жыце, калі настане раніца, – ноч, як цёмны калідор, звязвае нас з далёкім лесам. Дзень надоўга адрэжа нас ад лесу, а без яго нам надта не па сабе. Хоць бы які-небудзь лясок. I як панясём, пагонім мы што-небудзь па адкрытым полі: тут каб i сваё не кінуць!
Калі мы яшчэ ішлі па жыце, справа чарнелася нешта, здаецца, хмызы. Туды i скіраваны цяпер нашы думкi i позіркі. А следам i ногі нашы падаліся, ціхутка, крадком. Расістае жыта халодзіць калені, плашч мой (падарунак «вострава») набрыняў вадой, зрабіўся як бляха. Ракеты згаслі, не ўзлятаюць болей, асела i зарава над гарызонтам, ноч пашарэла. Жыта скончылася, а вось i хмызняк, што ўзлазіць на пагорак. Глеб Васільевіч, не гледзячы, крануў, падказваючы, рукой тых, хто стаяў бліжэй – мы i папаўзлі. Я i Рубеж. Крысо грубага брызентавага плашча трапляе пад каленi, перашкаджае паўзці. I здаецца, што грыміць гэты брызент на ўсю акругу!
Мы былі ўжо каля бярозавых кусцікаў, калі рэзка шчоўкнула i засвяціла ракета якраз над намі. I тут жа, як абвал, загрымеў кулямёт, зусім блізкі. Нешта адбылося, жывы блізкі гук дастаў мяне, таргануўся ў самой руцэ. Нешта здарылася, гэта я адчуваў у руцэ, але ўсё не разумеў – што. A кулі ўпіваліся ў купіны, у зямлю каля галавы, каля самага пляча: краем вока я бачу, як імчыць да нас вогненнае джала – то прападае, то паяўляецца…
Кулямёт змоўк раптоўна, як i пачаў страляць. Але ракеты ўсё ўзлятаюць, адна за адной. Нам добра відаць, што леніградзец i Скараход ляжаць у лугавой траве – бліжэй да жыта, чым да нашых кусцікаў. Aгa, вось што шарганулася, здрыганулася ў маёй руцэ – папала ў прыклад, разбіла маю вінтоўку. Мы з Рубяжом запаўзлі ў кусты глыбей i адтуль глядзім, як заварушыўся Скараход, прыўзнімаючыся i пазіраючы ў наш бок. A ленінградзец нерухомы. Потым Скараход папоўз да жыта: ён рыўкамі падцягвае да сябе, валачэ ленінградца, параненага ці забітага. Вось i раскідалася тое, што яшчэ хвіліну назад было нашай групай. Што мы такое цяпер i што будзем рабіць? Дзіўна, але чалавек, чым больш напружана ён думае, вырашае, што i як яму рабіць, тым больш з адчужанай цікаўнасцю i нават неяк абыякава пазірае: ну, а што я зраблю зараз? А далей? Нібы чакаеш самога сябе, нібы цябе тут яшчэ няма.
– Усё, хана! – шэпча Рубеж. – Не пераплывуць яны сюды.
Ракеты ўжо не ўзлятаюць, немцы супакоіліся, аднак ноч, цемень, што ратуе нас, не вярнуліся, амаль ужо світае! Мы азіраемся, ацэньваючы наша новае становішча. Цяпер мы ўжо не тое, што былі дзесяць хвілін назад, i ўсё бачым па-другому, як пасля раптоўнага кароткага сну. Ніякага тут лесу i нават лясочку няма, лaпiк бярэзніку – і толькі. Нас абкружае голае, адкрытае поле.
– Чакай цяпер, куды панясе, – мармыча Рубеж.
I праўда, такое адчуванне, што рэдкае туманнае світанне адносіць нас ад тых, што ў жыце, i ўсё бліжэй да дарогі, дзе прытаіліся ворагі. Мы ўжо бачым гравійку – жоўта-шэрую палоску пасярод лугавой зеляніны.
I пацяклі хвіліны. Яны цяклі на дарозе: усё адбываецца, перайначваецца там, а мы толькі можам глядзець, чакаць.
Мы ведаем, што з жыта вось гэтак жа сочыць за дарогай i за нашым бярэзнікам Скараход, стараючыся адгадаць, што мы будзем рабіць. Каб вырашыць нешта разам, нам трэба паўзці назад у жыта, i нам вельмі хочацца гэта зрабіць, проста заманьвае нас да сябе жытняя паласа. Але паўзці цяпер – значыцца, канчаткова выдаць сябе. Мы так i не ведаем – выпадкова, наўздагад секануў блізкі кулямёт ці нас заўважылі i цяпер сочаць, чакаюць.
Толькі цяпер, калі ранак настаў, бачым, як няўдала мы выйшлі да дарогі: усё тут, вядома, праглядаецца, прастрэльваецца да самага лесу. Цяпер чакай ночы, а за доўгі дзень столькі i такога можа здарыцца! Да чаго ж моцная ў нас нелюбоў да «адкрытай прасторы»! Набылі за ўвесь гэты час.
Каб заглушыць нудлівую тугу, мы з Рубяжом пачынаем снедаць. У мяшках, прызначаных пад нямецкія кансервы i галеты, ляжыць дзесятак расціснутых бульбін, мы ix i жуём. Я ўсё спрабую праверыць, ці змагу страляць з вінтоўкі без прыклада. У жыце дзесяцізарадка ленінградца, але туды не перапаўзеш. Піць хочацца, мы азіраемся з няпэўнай надзеяй, але пакуль не загаворваем пра ваду, можна цярпець, усякай пакуце свая чарга!
– Глядзі! – шэпча Рубеж.
З-за жоўтага грудка зямлі, прыкрытага бярозавым голлем, якое наламалі, мабыць, у нашых кустах, узняўся немец. Пакруціў галавой i выйшаў на гравійку. Дзіўна ўбачыць таго, хто страляў па табе. Без каскі, у зялёнай плашч-накідцы. Жмурачыся, весела паглядзеў у наш бок: за спіной у нас узыходзіла сонца. Не, немцы не здагадваюцца пра нас, не разгульвалі б яны па дарозе. Раптам немец нешта сказаў, голас яго прагучаў па-ранішняму гучна. Сонца ружовіць маладыя бярозкі, гравійку пад нагамі ў немца. Святло гэтае лягло i на твар, i на рукі салдата, вясёлкава іскрацца промні ля ягонай спушчанай рукі. Салдат крактануў, напяўся – з акопа азваліся смехам. Нагнуўся i ўзяў, мусіць, з нечых рук, бранклівыя кацялкі. Шоргаючы ботамі, пайшоў па гравійцы, i жыта засланіла яго.
– Вы глядзіце, – сказаў зa яго Рубеж, – а я падсілкуюся як чалавек.
Ад сонечных промняў сцяна жыта як бы засвяцілася, зрабілася светла-аранжавай. А там, дзе ляжыць пілотка нашага ленінградца, матляецца некалькі зусім чырвоных каласкоў. Не адразу зразумееш, што гэта кроў. Ці жывы ён цяпер? Чырвоныя каласкі ціхутка, паволі гайдаюцца. Распачалі ўжо сваё сакатанне конікі. Адзін, зялёны, шчоўкнуў аб разбіты прыклад маёй вінтоўкі, сеў мне на рукаво.
Мусіць, у немцаў там кухня, чуюцца галасы, смех, раве машына. (Кожны гук – такі раптоўны!) Затуркацелі i прамчалі паўз нас два матацыклы з устаноўленымі на калясках кулямётамі. I памчаў час, як з абрыву, – па дарозе. A ў нашых кустах нібы спыніўся, аціх пад спякотным стракатаннем конікаў. Гэта імклівасць i адначасова нерухомасць непакояць, нешта хочацца зрабіць, здаецца, ускочыў бы на ногі, паказаўся б, а там – няхай, што будзе! Каб вырвацца з гэтага стану, я пачаў корпацца з вінтоўкай: зняў, перарэзаўшы кінжалам, пачопку, якая ўтрымлівае адбітую дзеравяшку прыклада, i прымерваюся, як буду страляць, калі настане тое самае імгненне. Яно яшчэ не падышло, не падступіла, яно недзе наперадзе, але там яно ёсць – гэта імгненне.
– Ну, дзе ж ён? – нецярпліва мармыча Рубеж. – Са снеданнем.
Даўганосы твар Рубяжа занадта сур'ёзны. Ну, цяпер пачне!
Я ужо злую на яго, як нядаўна Скараход.
Брызентавы плашч, якім мяне ашчаслівілі на «востраве», абсыхае, святлее плямамі. Душна ў ім робіцца, як у мяшку. Трэба зняць. Вечарам можна надзець, а днём не спатрэбіцца. Не пабяжыш у ім, i наогул бегчы тут не давядзецца, няма куды. З кішэні дастаў гранату i паклаў перад сабой – чорная, круглая, з далікатна-блакітнай галоўкай лялька. Яе выточвалі, зараджалі, каб нямецкі салдат кінуў яе ў мяне, мне пад ногі. I не думалі, што яна будзе мне другам, страшным, апошнім маім выратаваннем. Вось так адкруціць блакітную галоўку, таргануць i прыціснуць чорны металічны мячык да зямлі – сабой, сваім целам!.. Граната нямецкая вельмі доўга не ўзрываецца, шэсць ці нават сем секунд. I рве не надта, не далека, толькі вельмі гучна. Яшчэ на трэцяй, нават на чацвёртай секундзе можаш адкаціцца ад яе ўбок, як далей. Ці адкінуць. Небяспечная граната. Для такой справы. За шэсць секунд – чаго толькі не перавырашыш! Шэсць секунд утрымлівацца на самай строме – ці здолееш?
Нават калі перад табой нешта страшнейшае за саму смерць.
Лічыцца, што людзі таму такія бесклапотныя перад непазбежнасцю, смерцю, што не ўмеюць думаць пра яе, не ведаюць сваёй мяжы. Але тым невыносна доўгім днём я адчуваў другое: я мог ляжаць, расслабіўшы ногі i рукі, чуць, як суха пахне зямля, слухаць стракатанне конікаў, прагна глытаць апошнюю бульбіну i думаць пра далёкае шчасце з глытком вады, я ўсё гэта мог, я слухаў мармытанне Рубяжа, злаваў ці ўсміхаўся, адным словам, жыў, як наогул жывуць, але менавіта таму, што ў мяне была магчымасць смерці, якая засланяла мяне ад самага жахлівага. Так, на шчасце, я быў смяротны. Хаця i помніў я пра пакуты, допыты, якія чакаюць партызана, калі ён трапляў жывы ў рукі фашыстаў, але не гэта мне ўяўлялася самым страшным, страшнейшым за смерць. У міг апошняга рашэння – падарвацца! – будучая жорсткасць ворага павінна здацца такой не блізкай, a гадзіны, суткі палону – цэлай вечнасцю жыцця, калі ж граната, смерць – вось яна! I таму чалавеку не здзекі, пакуты (калі яшчэ тое будзе!) страшней самой смерці, не, тут гідлівасць, вострая гідлівасць да таго першага імгнення, калі ты стаіш ці ляжыш перад імі, а яны глядзяць на цябе. Ужо не страх, a гідлівасць, да чужой, да поўнай улады нечай над табой, над болем, жыццём тваім – гэта накіроўвае руку, у якой заціснута апошняя, для сябе, граната. Пераскочыўшы гэтую рыску, міг першай сустрэчы з няволяй, чалавек потым можа i не помніць пра такое пачуццё. Але яно, дзякаваць богу, існуе, яно раптам уключаецца ў чалавеку, якому даводзіцца выбіраць саму смерць – i няма, мусіць, чалавека больш свабоднага, чым у такія хвіліны…
Цяпер шмат пішуць, клапоцяцца пра тое, каб падоўжыць чалавечы век. Аднаклетачныя наогул не паміраюць, дык чаму не групы клетак абавязкова павінны быць асуджаны на старэнне, смерць? Добра б, вядома, каб нам, мнагаклетачным, жыць вечна. Толькі як тады з пажыццёвым турэмным зняволеннем? Яно ж яшчэ існуе на планеце. Дзе адмяняецца, а дзе i ўводзіцца. Ці з пакараннем смерцю, з ім таксама трэба лічыцца. Чалавеку давялося б расплачвацца ўжо стагоддзямі жыцця за імкненне да свабоды, справядлівасці, да свайго i агульнага шчасця. Ці настолькі ён Праметэй, каб рашыцца рызыкаваць, ахвяраваць не дваццаццю гадамі, a сотнямі гадоў жыцця? Прынамсі, практыкі на гэты конт у людзей няма…
Па-сапраўднаму свабодны той, хто гатовы пайсці на смерць, гэта i сёння справядліва. I справа не ў тым, каб доўга жыць, a ў тым, ці больш свабоднымі былі б яны, амаль бессмяротныя, ці яшчэ трэба памеркаваць-падумаць? Ці не рабскае гэта жаданне, прынамсі, на сённяшняй планеце, – жыць i жыць?
Усё гэта так, i ўсё-ткі? Калі мець на ўвазе семнаццаці-дваццацігадовых, якіх так любіць кожная вайна, дык яны ж заўсёды ахвяравалі бессмяротнасцю! У семнаццаць, у дваццаць тваё жыццё здаецца бясконцым. Вось яна, практыка, што мільёны разоў паўтаралася!
Так ці інакш, але Флёра, той, што ляжаў над гранатай, куды больш сімпатычны мне самому, чым ягоны нашчадак Фларыян Пятровіч, што так трымаецца за сваё аслеплае жыццё, за крыўднае каханне сваё, якое надта ўжо нагадвае посах сляпога. Вунь як учапіўся (слыхам, усёй істотай сваёй) у Глашу, у Касача, які незразумела маўчыць ззаду, у Сярожу, які сваім існаваннем, прысутнасцю павінен абараняць ад нечага, ад Касача…
…Флёра ляжыць над чорнай нямецкай лялечкай з блакітненькай галоўкай, кранаецца яе холаду то падбародкам, то шчакой, чакае, калі ўсё, што адбываецца па дарозе (машыны пайшлі ўжо), раптоўна сціснецца, зараве спалохана i ўрачыста-злосна кінецца да яго, на яго. Гэта адбудзецца, як толькі немцы даведаюцца, што Флёра тут, што яго можна забіць. Як яны забегаюць i ўзрадуюцца, што гэта магчыма! Нават не верыцца, што для ix гэта так важна – Флёра!
Але тут жа i наадварот усё ўяўляецца: вось ён устаў бы, адкрыўся, пайшоў, куды надумае, а машыны ўсё гэтак жа ішлі б сваёй дарогай, бо тут жа не хто-небудзь, a ўсяго толькі ён, Флёра… Ён ляжыць над чорнай гранатай, як над прадоннем, i ведае, што ў той самы міг, калі яны абрынуцца на яго, ён саслізгне ўніз… I ён глядзіць на дарогу нават з цікаўнасцю. Рубеж нешта мармыча, шэпча, расказвае за тых, хто на гравійцы i хто ў жыце, за само жыта («Асыплюся скора мышам на радасць»), а Флёра яго не слухае, ён разглядвае сваіх забойцаў.
Зніклі, адраўлі i аддымілі машыны i браневікі, пачалі рухацца абозы – вялізныя, па-цыганску накрытыя вазы i звычайныя сялянскія калёсы, а на ix i побач – немцы i ўласаўцы ў зялёным, паліцаі ў чорным ці проста цывільным.
Ва ўсіх ix пакрыўджаны выраз на твары.
Гэта мы з Флёрам разгледзелі зблізку, запомнілі ў той дзень, у тыя дні: у катаў, у забойцаў заўсёды на тварах, у вачах крыўда. Крыўда на тых, каго ўжо забілі, забіваюць, павінны забіваць… Асабліва крыўдлівыя фізіяноміі былі ў немцаў, якія ішлі пасля абозу, на павадках у ix аўчаркі, брыдуць не дарогай, а абочынай, на траве, рукой дастаць да Флёравых кусцікаў. Гэтыя гоняць гарачы, густы людскі натоўп, напаўапранутых мужчын i босых жанчын з дзецьмі. Аўчаркі раптам пачынаюць ірвацца да кусцікаў, да Флёры, да жыта, нацягваючы кароткія павадкі: канваіры ў шырокіх пляміста-залёных i чорных плашчах сярдзіта торгаюць ix, выпраўляючы на дарогу, да натоўпу. То адзін, то другі канваір з сабакам кідаецца да людзей, збіваючы ix у кучу (сабакі гырчаць, дзіцячыя ўскрыкі!), a калі яны вяртаюцца назад (яшчэ бліжэй да кусцікаў), крыўда на вузкім, на поўным, на круглым, на худым, на рабым, у акулярах, без акуляраў абліччы выступае прыкметнай, гняўлівай чырванню. Яны праходзяць міма, валакуць ад абочыны на дарогу сваіх чуйных аўчарак, i ад гэтага нам здаецца, што i дарога з людзьмі, i абочына, i луг, па якім ідуць i прабягаюць немцы з аўчаркамі,– што ўсё гэта касабочыцца – вось-вось спаўзе, рассыплецца, зваліцца нам на галовы! Гэтага амаль што хочацца, такое пакутлівае чаканне…
I тут здарылася! Два ці тры чалавекі з запыленага натоўпу кінуліся да жыта. О, якім пакрыўджаным віскам адказалі на гэта аўчаркі, якім урачыстым! Адны кінуліся, скіроўваючы канваіраў, да жыта, другія – да натоўпу на дарозе. Мы з Рубяжом пераглянуліся. I кожны прачытаў: «Канец, усё!»
Некалькі рэзкіх чэргаў, i цяпер толькі крыкі, брэх. Немцы спусцілі аўчарак i цяпер баяцца падстрэліць ix. Ды i куды дзенуцца ўцекачы з гэтага абкружанага пустым полем жыта? Два немцы забеглі з боку кусцікаў, мы глядзім ім у зялёныя спіны, па-драпежніцку напружаныя. А жыта кіпіць сабачым брэхам, густым рваным хаканнем. Раптоўны, роўны стук – пяць стрэлаў дзесяцізарадкі. Ленінградца нашага вінтоўка? I тут жа екатанне, віск. Мусіць, падстрэлілі аўчарку.
На імгненне ўсё аціхла. Першыя апамяталіся i кінуліся назад да дарогі два немцы, што занадта далёка адбегліся, – што з нашага боку. Але тыя, што былі ля дарогі i каторых многа, рынулі да жыта. I ўсё патанула ў спалоханай страляніне i крыках.
…Калі забітых ты бачыў жывымі, заўважаеш, што наваколле не адразу прымае мёртвага: усё наўкол павінна прывыкнуць да яго прысутнасці. Потым, калі i гадзіна прайшла, і паўдня, а трупы ўсё перад вачамі, яны паступова робяцца як бы часткаю самога наваколля, варожага, трывожнага, – у яго палоне i мы з Рубяжом. Па дарозе ідуць, едуць немцы i «бобікі», а тыя, што ноччу сядзелі ў акопе, усё бегаюць з кацялкамі, i толькі мы з Рубяжом ды забітыя нерухомыя. Глеба Васільевіча i Скарахода немцы павезлі як нечаканы, радасны падарунак, трафей, а перад тым доўга разглядалі трупы. Мёртвых мужчын i, здаецца, адну жанчыну з калоны кінулі ля дарогі, мы ix цяпер бачым, вось ужо дзве гадзіны яны ў нас перад вачамі.
Забілі чалавека, чалавека не стала, i тады паяўляецца вось гэта – нерухома ляжаць на траве. Магчыма, да вечара заб'юць i цябе, i зноў нешта паявіцца ў свеце, i гэтак жа, як ты цяпер, нехта, чыесьці вочы будуць прывыкаць да гэтага.
Рубяжа нечакана кінула ў дрымоту. Толькі паспеў сказаць: «Ты пакуль паглядзі, добра?»– i заснуў тварам да зямлі. Скураная выцертая шапка адкацілася ўбок, паклычаныя саламяныя валасы пераблыталіся з травой. Я ўзнепакоена паглядаю на яго. У соннага, ды яшчэ калі сон заспее нечакана, нешта вельмі мёртвае ў позе. Ужо здаецца, што ляжыць занадта доўга, i ўсё навокал пачынае да гэтага прывыкаць… Хто з нас двух убачыць другога вось такім? Хто раней паявіцца перад вачамі другога? Мне ўсё прыгадваецца з даваеннага фільма пра чалавека-невідзімку: людзі ціхутка падышлі i глядзяць на чысты снег, чакаюць; раптам на ім пачынаюць праступаць сляды чалавека.
Я гатовы ўжо разбудзіць Рубяжа, не хачу бачыць гэтай ягонай позы, баюся яе, як самай апошняй адзіноты на свеце.
Па дарозе зноў ідуць машыны, a калі ля акопа спыняецца танк, я штурхнуў Рубяжа. I дзіўна, як узрадаваўся, калі ўбачыў жывы, зарослы светлым шчаціннем, насаты твар Рубяжа.
– Даўно яны? Чаму ж не разбудзіў?
Шэпча гучна i так, нібы, каб прачнуўся раней, нешта было б інакш. Чалавек заўжды прачынаецца ў свеце трохі другім, чым той, які пакінуў, засынаючы. У добры час – з вясёлай гатоўнасцю дагнаць страчанае. У дрэнны – з непакоем чалавека, які не ведае, дзе затаілася, куды схавалася небяспека. – «Як я заснуў?»
Глядзіць на дарогу, на забітых, прачынаючыся канчаткова.
– Што ж, братка, рабіць, калі i нас заб'юць? Скажуць там: уцяклі!
Так, «востраў», Глаша…
– Зусім ім блага будзе, – мяркуе Рубеж.
Там нас чакаюць, там сам час адмерваецца, у мінулае – нашай адсутнасцю, у будучае – нашым вяртаннем. А гэта ж адзінае на зямлі месца, дзе нас, мяне чакаюць – i як гэта, выяўляецца, неабходна, каб чалавека чакаў нехта. Раней, нядаўна, калі жывыя былі мама, сястрычкі, я пра гэта не думаў, як можа падоўгу не думаць чалавек пра сонца: яно заўжды ёсць i будзе, няхай яно i не бачна за хмарай.
Цяпер толькі Глаша, «востраў» пра цябе помняць, маюць патрэбу ў табе, іменна ў табе.
…Калі ракета падае, зямля нібы прыўзнімаецца ёй насустрач. I ўсё, што можна бачыць у хісткім святле ракеты, нібы на дыбачкі ўстае: паглядзець, куды ўпала. I ты таксама адрываешся ад зямлі, узнімаеш галаву, падаешся наперад.
Учора мы з Рубяжом доўга хаваліся ад такіх ракет, ад праклятай гравійкі, дзе страцілі ленінградца i Скарахода, дзе пакінулі незнаёмых забітых сялян. Спачатку ў жыта перапаўзлі, паўзлі па прыбітым уцекачамі i аўчаркамі, немцамі жыце, а потым усталі i пайшлі. I калі сталі на замлелыя ад доўгага ляжання ногі, свет адразу пашырэў, мы ішлі полем да лесу – уласныя кароткія цені падпіралі нас, радасна, аддана сведчылі, што мы ёсць, што існуём…
Але прайшло два дні, i ракеты зноў прыціскаюць нас да зямлі, толькі зараз мы не ўцякаем ад ix, мы паўзём ім насустрач. Бо нічога ж не змянілася, i нам трэба здабыць хоць што-небудзь, з чым можна вярнуцца на галодны «востраў». Нічога вартага нам яшчэ не трапілася. Праўда, бачылі ў лесе карову, але забраць яе не здолелі. Што мы знойдзем у вёсцы, куды паўзём, – невядома. Але нешта трэба рабіць, хаця б вось так паўзці па бульбянішчу к паліцэйскаму гарнізону.
– Ну як пасля цётчынага малачка? – падбадзёрвае сябе i мяне Рубеж, які ляжыць праз баразну ад мяне.
Гэта ён прыгадвае тую самую карову, мусіць уяўляючы, як мы зараз вялі б яе на вяровачцы на «востраў» замест таго, каб паўзці да чорта ў зубы.
О, як узрадаваліся «вылупні», калі нечакана ўбачылі яе на лясной паляне: паўтоны мяса на ўласных нагах i нават вяровачка на рогі накінута! Гэта быў такі цуд, што «вылупні» нават прыселі на траўку палюбавацца i ўпэўніцца, што гэта не сон. Уцякла, мусіць, ад немцаў. Рубеж вытрас з кішэні картовых штаноў усе тытунёвыя пылінкі, але паперы няма, i ён папоўз па траве, шукаючы сухі ліст, яму трэба абавязкова дубовы. Поўзае, a позіркам лашчыць круглыя бакі нашай красулі. Узяўся высякаць крэсівам агонь. Пакуль выкрасіў агонь i пакурыў, паспеў гісторыю расказаць.
– Была ў нас у Слуцку сям'я адна. Вылупень Цімох, a ў яго поўная хата дзевак, сямейка, як у мяне. Мае i цяпер у Слуцку. Калі старэйшых не пахапалі ў Германію. А што, усё магло быць! Мяне як забралі ў 41-м вясной у абоз – славакі тады ішлі на партызан – i як трапіў да партызан разам з тым абозам, так i не падыходзіў да Слуцка блізка. Ад граху далей. Жонка ведае, дзе я, а дзецям лепш, калі не сказала. Не дай бог прагаворацца, што Цімох Рубеж у партызанах! Жывуць дома, ну i няхай жывуць, пакуль можна. Ага, дык я пра Вылупняў… Мянушка ў ix такая была, у той сямейкі. Бесталковая хата, у нас пра такіх кажуць: «Як сала без хлеба!» Але якое там сала? Хоць бы хлеб быў! Ёсць такія сем'і, што ні кажы, ліпне да ix беднасць, нішчымніца, як кароста. I здарыўся цуд: Вылупні купілі карову! У цыганоў. Але не былі б то Вылупні! Трэба малачка – хапае конаўку i пад карову. Па чарзе, кожны. Як водаправод. Тыдзень ці два бегалі, пакуль не сапсавалі «водаправод».
Рубеж ужо раскурыў сваю дубовую самакрутку i ўзяўся зразаць бяросту, конаўку рыхтуе. Вылупні падказалі?
I тут мы ўбачылі цётку. Яна трымалася за арэшыну i глядзела на незнаёмых людзей, што поўзалі каля яе каровы. Што карова яе, мы зразумелі адразу.
– Дзень добры! – павітаўся Рубеж, нават узрадавана.
– Ой, так напалохалася! – жанчына пайшла да каровы, каб руку на яе пакласці.– Гляджу, хто гэта? Аж гэта партызаны, нашы!
Сказала, як напомніла. На жанчыне доўгая цёмная спадніца, ватоўка, валасы раскудлачаныя, ногі босыя.
– Толькі дастала яе з ямы, пусціла, адышлася на крок, а тут незнаёмыя людзі! – жанчына ўсё не можа супакоіцца.
– Адкуль самі, цётка? – пытаецца Рубеж, усё яшчэ важдаючыся са сваёю конаўкай.
– З пасёлка, на пасёлку мы жывём… Жылі. А як пачалі яны кругом вёскі паліць, завіталі i да нас ранічкай, на самым золку. Глянула ў акно – немцы, поўны двор, а божачка! У хату заходзяць, адзін, перакладчык, пытае: «Вы за кім лічыцеся: Убойнае ці Бабровічы?» Усё ведае, гад: гэта ж некалі хутары, пасёлкі ў вёскі ссялялі. Толькі наш двор не паспелі ці неяк там застаўся. Ён i пытае: да Убойнага ці Бабровіч мы прыпісаны? Я адразу здагадалася: «Гэта ж яны прыехалі паліць, забіваць Бабровічы ці Убойнае. Таму i пытаюць, чые мы». Гляджу на яго, на дзяцей сваіх гляджу. Так мне не хочацца сказаць, што Убойнае. Не ведаю… Можа, таму, што ў тую вайну ў ix многа пазабівалі, i калі француз ішоў, дзед расказваў, таксама яны гарэлі. Што сказаць, як адказаць? «Убойнае?» – пытаецца перакладчык. Гляджу на яго: падказвае ці пастку расстаўляе? I не зразумееш: толькі ўсміхаецца, з вусікамі такі! «Мы бабровінскія», – ціхенька кажу. A рукі, a ногі загудзелі? Ён яшчэ пастаяў, усміхнуўся, з вусікамі такі: «Ну добра…» Чую, немцам сказаў нешта пра Убойнае. Не Бабровічы, а Убойнае. Хацела як лепей, а бачыце, сама ў агонь лезу. А ён немцам: «Убойнае!» Усё-ткі ж чалавек! Таму што яны Бабровічы ішлі забіваць. А я схапіла дзяцей, кароўку вось – i ў лес. Яны Бабровічы спалілі, усіх пабілі, а вечарам – i Убойнае таксама. Заляцелі яшчэ раз i на наш хутар, спалілі. Ca мной тут сям'я з Убойнага, жанчына…