Текст книги "Толькі не гавары маёй маме"
Автор книги: Адам Глебус
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 9 (всего у книги 13 страниц)
Толькі не гавары маёй маме...
(раман пра здзiўленне)
А-а-а... Ну вядома, пра здзiўленне, пра сустрэчу з дзiвам, пра шырока разяўлены рот. Слухай.
Ну, што можа здзiвiць больш за супадзенне? Паводле розных тэорыяў верагоднасцi, такога быць не можа, таму што не можа быць. А яно ёсць! Яно, дзiва, iснуе.
Вось у самалёце Мiнск – Варшава нахiляюся да сцюардэсы – стрункай, насаценькай паветранай праваднiцы. Я гарнуся, каб прачытаць яе прозвiшча на цэтлiку, што целяпаецца, прышпiленым да форменнага штрыфля. А яна адхiляецца, сцюардэса не ведае пра мой кепскi зрок. У яе ўзнiклi iншыя думкi пра мой нахiл, але чужыя думкi я не збiраюся рассакрэчваць. Кожнаму сваё. А тутака раз, i дзiва сапраўднае: не кожнаму сваё прозвiшча, а адно на дваiх чужых людзей. Не верыш? Можаш у майго брата перапытаць, ён таксама бачыў на сцюардэсавай картцы роднае прозвiшча. Брат нават ёй сказаў, пра агульнае прозвiшча. Дзяўчына заружавела. Люблю, калi дзяўчаты чырванеюць. Ружовасць на шчоках вельмi эратычная праява, пячатка сексу i сораму, знак узбуджанасцi. Як i драпiны, пакiнутыя на дзявочых руках кацiнымi кiпцямi, я таксама залiчваю да любоўных адзнак. У сцюардэсы былi падрапаныя рукi, i мне зрабiлася сумна ад выгляду лiловых пiсягоў i ад успамiнаў.
Я згадаў сваю котку, тоўстую кацяру па мянушцы Плюс. Проста, калi яна куплялася за тры рублi на кiрмашы, дык была маленечкiм чорным кацянём з слаба вызначанымi палавымi прыкметамi. А калi кацянё падрасло, дык аформiлася коткаю, а вось мужчынская мянушка засталася. Якая ў рэшце рэшт рознiца? Для мяне як гаспадара анiякай прынцыповасцi няма, цi котка па кiлiмах ходзiць, цi кот. Гэта для жывёлы была прадвызначаная рознiца, i Плюс скокнула з гаўбца на сакавiцкi снег, яна паляцела з пятага паверха ў начную цямрэчу на поклiч ката-спакушальнiка. Плюс няўдала прызямлiлася i зламала заднюю лапу. Дзесяць дзён праляжала мая любая, злосная котачка на кiлiме ў перадпакоi i адышла. Толькi гладзiць сябе больш нiкому нiколi не дазваляла. Плюс зрабiлася аскеткаю, i ў значна большай ступенi, чым можна падумаць. Бо нашую Плюс мая цешча па жончыным даручэннi знасiла пад пахаю ў ветэрынарную лякарню. Там котка пакiнула свой нараджальны орган. Ветэрынар як бы ўзаконiў бясполавасць жывёлы. Плюс зрабiлася нiякага роду, i вясновае скавытанне спакушальнiкаў болей не кранала яе маленькую драпежную душу.
А вось паводзiны суседскай кудлатай коткi страшэнна раздражнялi Плюс. І бясполая iстота нападала на гаўбцы на чужынку, у неба ляцела поўсць. Чужынка ўцякала на свой гаўбец, дзерлася па сцяне i залягала на дзвюх вяровачках для сушкi бялiзны. Котка вiсела на вяровачках, пакуль на гаўбец не выходзiў гаспадар i не праганяў Плюс, якая сычэла на вуграватага хлопца, як атрутная змяя. Толькi вуграваты сусед не баяўся нi сычэння, нi ўзнятай дыбарам поўсцi. Ён спакойненька браў сваю котку на рукi i сыходзiў. Са мною сусед нiколi не вiтаўся. Чаму? Не ведаю. Праўда, i я з iм не вiтаўся, больш за тое, я рабiў выгляд, што нi яго, нi ягонае кудлатае коткi наогул не iснуе ў прыродзе, а таму i праблемаў нуль. Пра чортаў нуль я прыдумаў пазней, калi Плюс прапала. Я шукаў, шукаў, шукаў. Пад канапамi, за плiтою, за ваннаю, на шафах, на буфеце, на калiдоры, пад гаўбцом, у сутарэннях, у суседнiх дварах. Клiкаў: «Плюс, Плюс, Плюс... Котачка мая... Плюс, Плюс, Плюс...» Нуль. Усе мае, жончыны i даччыны пошукi, сплюсаваныя разам, далi нуль, пусты, як вечнасць. Плюс прапала назаўсёды. Я не буду нагаворваць на суседа i ягоную котку, што спакойненька гуляе па маiм гаўбцы. Я скажу толькi iншае: амаль паўгода на маiх руках няма лiловых пiсягоў ад кацiных кiпцяў, такiх жудасна жывапiсных драпiнак, якiя былi ў сцюардэсы з маiм родным прозвiшчам, што паслужлiва ўсмiхалася на борце самалёта Мiнск – Варшава.
У польскай сталiцы я заўсёды транзiтнiк, як на станцыях Баранавiчы, Орша i Дно. Таму нiчога дзiўнага ў Варшаве не бачыў, толькi чуў – прыемны жаночы голас у мужчынскай прыбiральнi. Я цiхенька выцiраў вымытыя рукi папяровым ручнiком, калi з-пад столi на маё прычасанае цемя палiўся лагодны галасочак з паведамленнямi, што трэба выбiрацца з прыбiральнi хутчэй, калi ёсць жаданне вылецець у Амстэрдам. Мiльганула думка: прапанаваць вакзальным i паветраным службам рабiць абвесткi мужчынскiм голасам, але я адкiнуў прапанову разам з пакамечаным папяровым ручнiком, бо мужчынскi голас у жаночым ватэрклазеце яшчэ большая недарэчнасць.
О, гэтая прырода, з яе падзелам полаў! О, гэтае паўсюднае штоiмгненнае раздзяленне на чорнае i белае, на «iнь» ды «ян». О, гэты фундаментальны выраз: «Пол – гэта лёс!» А я прыхiльнiк шарага колеру, i мой час памiж папярэднiм i наступным, памiж днём i ноччу – час шарай гадзiны, час спакою i цiшынi, час сталёвых штандараў i цiхiх размоў. Але жыццё не складзеш з ланцуга сутонлiвых нiрванных iмгненняў. На жаль.
Намеры паспаць у самалёце Варшава – Амстэрдам скончылiся знаёмствам з суседам, якi таксама спрабаваў заснуць i не мог. Гэта быў ветлiвы амстэрдамец польскага паходжання з беларускiм прозвiшчам Сакалоўскi. Ён служыў кансультантам пры мiнiстры ўнутраных спраў Польшчы i дапамагаў у стварэннi на берагах Вiслы паўнавартаснай, узброенай кампутарамi i пiсталетамi сацыяльнай палiцыi. Ва ўнутраных дзяржаўных справах я зусiм недасведчаны прафан. Таму гутарка перавялася на пабытовы ўзровень. Што колькi каштуе ў слынным Амстэрдаме. Кошты вялiкiя. Нiдэрландскi гульдэн роўны з нямецкаю маркаю. Знаёмствы з кансультантамi бясспрэчна каштоўныя. Развiталiся мы цёпла, сардэчна, iнтэлiгентна. Але памылка была зробленая: я не спытаў пра выхад з аэрапорта.
Амстэрдамскi аэравакзал досыць вялiкi, ну i кра мы прывабныя, люстраныя, танныя. Каб выйсцi з аэрапорта, давялося спусцiцца на эскалатары ў пусты, цалкам бязлюдны хол. Нi душы. Нi чэргаў, нi мытнiкаў, нi тых, хто чакае, нi тых, хто сустракае. Нiкога. Пустэльна. Сцюдзёны бляск турнiкетаў. Гэта насцярожыла i збiла з тропу. Я з братам зрабiў яшчэ адно кола гонару па аэравакзале, каб потым вярнуцца ў той самы бязлюдны хол i падысцi да турнiкетаў. Умомант з бакавых дзвярэй выскачыў гнуткi шакаладны мурын, каб ружовымi падушачкамi доўгiх пальцаў выхапiць мой пашпарт i, зiрнуўшы ў вочы фотакарткi, праштэмпеляваць вiзу краiн БеНiЛюкс. Тое самае адбылося з братавым дакументам, i праз iмгненне мае лёгкiя прагна ўцягвалi начное вiльготнае паветра Нiдэрландаў.
У гатэль мяне везла, канешне, таксоўка. Можна было на аўтобусе цi электрычцы, што танней. Але калi ты ў Амстэрдаме i для цябе замоўлены нумар у пяцiзоркавым гатэлi «Краснапольскi», дык мусiш ехаць на таксi, бо швейцар цябе не зразумее, хоць i ўмее вiтацца на ўсiх больш-менш вядомых у свеце мовах. Дарэчы, калi хочаш ведаць, таксоўкi лётаюць у Амстэрдаме з хуткасцю сто дваццаць кiламетраў у гадзiну. Так што начным незнаёмым горадам я любаваўся праз таксовачнае шкло зусiм нядоўга.
Мне больш спадабалася любавацца пляцам Дам праз акно гатэльнага нумара тры тысячы трыццаць тры. Акно выходзiла на каралеўскi палац, той самы велiчны палац, у якiм павiнна жыць каралева Нiдэрландаў. Толькi Яе Вялiкасцi там не было. І нiводнага разу мне не давялося пабачыць, каб туды заходзiла каранаваная асоба. Зрэшты, на маiх вачах у шыкоўны, з рабрыстым купалам i стрункiмi пiлястрамi, еўрапейскi палац нiхто не заходзiў. А з надыходам паўночнай золкай цемры на ўсiм шматаконным фасадзе загаралася толькi адно акенца, нехта, пэўна тоўсты ахоўнiк, глядзеў тэлевiзар.
Мне ж глядзець, хай сабе i трыццаць тэлепраграм, зусiм не захацелася. Якi, ё-маё, тэлевiзар, калi ты самым натуральным чынам у Амстэрдаме? I можна спакойненька выйсцi на пляц Дам, што азначае не асоб жаночага лёсу, а дамбы, канструкцыi для затрымкi вады, дзеля засцярогi мясцовасцi ад затаплення. А выйшаўшы, можна тут жа пачуць: «Кока, кока, гашыш?!» Амстэрдам – горад вольных, свабодных i не славянскiх нораваў. Хочаш какаiн? Купляй, нюхай, кайфуй... Не жадаеш какаiну? Набывай гашыш, купляй анашу, ужывай алкаголь... Можаш з рук у мурына, на пляцы Дам, не адыходзячы ад гатэля «Краснапольскi», прыдбаць любы (без нацiску) кайф. А калi ты, як я, гiдзiшся вулiчных гандляроў наркотыкамi, дык можаш з пляца Дам павярнуць на вулiцу Дамрак i рушыць у бок чыгуначнага вакзала. Дамрак будзе зiхцець i пералiваць вiтрынны бляск, а ты будзеш спакойна i самаўпэўнена iсцi i думаць: вось iду па Амстэрдаме, проста, бязмэтна. Дзеля ўласнага лёгкага задавальнення шпацырую сабе па вулiцы Дамрак. І ўсiм прадаўцам кайфу зноў i зноў кажу: «Ноў i ноў». Мне i так выдатна.
Адно мне яўна назаляла: брудныя гандляры наркотыкамi. Пакуль дайшоў да вакзала, у мяне ледзь галава не адкруцiлася ад бясконцых «не».
У першы амстэрдамскi вечар мне цалкам хапiла кароценькага шпацыру, каб смяротна стамiцца i, праглынуўшы гарачую канапку ў «Макдональдзе», вярнуцца ў гатэль i заснуць, каб прыснiць эратычны сон...
Нiбыта прыехаў я не ў сталiцу Нiдэрландаў, а ў горад на рэчцы Прыпяцi, слынны Мазыр, да сваёй даўно пакiнутай жанчыны – Тамары. Яна сустрэла мяне на аўтобусным прыпынку. Стаяла жахлiвая спёка, i Тамара скардзiлася, што доўга чакала i стамiлася ад гарачынi, а я чамусьцi не захацеў iсцi да яе дамоў, каб у цяньку папалуднаваць, а загадаў цягнуцца на будоўлю, дзе Тамара зрабiла мазаiчнае пано. Мая жанчына мела мастацкую адукацыю i выкладала з каляровых каменьчыкаў постацi будаўнiкоў лепшай, святлейшай, справядлiвай будучынi. Толькi ў дадатак да самавiтай адукацыi Тамара мела наравiсты характар i мужчынскую, жывёльную, казiную ўпартасць. Паказваць пано яна адмовiлася. І мы, як бывае ў сне, вокамгненна апынулiся ў лесе, дзе не было спёкi, а стаяла цяплынь i цiша, i можна было распрануцца i пазаймацца тым, чым захапляюцца ён i яна, калi вельмi кахаюць адно аднаго. Тамара ўзняла спаднiцу, легла на падасланы швэдар, развяла блакiтныя сцёгны i прашаптала: «Толькi давай хутчэй, я саромеюся ў лесе». Мне зусiм не спадабалася абразлiвае «хутчэй», але я не ўдакладняў, наколькi моцна маёй жанчыне не падабаецца iнтым у лесе. Я ўвайшоў у маленечкую мышыную адтулiну, каб хутчэй забыцца на ўвесь навакольны свет. І я забыўся. І апынуўся, так бывае ў сне, у кватэры Тамарыных бацькоў. Я сядзеў на маленькай варэльнi i з апетытам еў дробныя, добра прасмажаныя катлеты. Тамара стаяла ў кутку з белай вяроўкаю ў руцэ. На ёй быў адно празрысты халацiк, пад якiм тырчалi вялiкiя, поўныя малака, грудзi, а там, дзе смочкi дакраналiся да тканiны, распаўзлiся дзве вiльготныя плямiны. «Зараз, даем катлеты i нацягну тваю вяроўку для сушкi пялюшак». Тамара не адказала, толькi ўздыхнула цяжка, як па нябожчыку, i сышла ў пакой да нашай трохтыднёвай дачкi. Дакаўтаўшы катлеты, у дзiцячы пакой прыцягнуўся i я. Тамара кармiла Вольгу, а я глядзеў i здзiўляўся – якiя вялiкiя цыцкi парабiлiся ў маёй жанчыны. Пакармiўшы, яна пачала спавiваць дзiця, i я спытаў: «Чаму ў нашае Вольгi ўвесь жывот выпацканы зялёнкаю?». – «А вось такiя мастакi працуюць у мазырскай радзiльнi, не могуць акуратна пафарбаваць пуп». Мы не засмяялiся. Мы апынулiся ў Мiнску на Прывакзальным пляцы. Ішоў снег. Было дванаццаць гадзiнаў ночы. «Мне трэба бегчы, iнакш спазнюся на цягнiк». Я паспрабаваў быў утрымаць Тамару, але марна, яна вырвалася i хуценька пабегла ў аснежаную цемрадзь.
А прачнуўся я ў Амстэрдаме, на пляцы Дам, на трэцiм паверсе гатэля «Краснапольскi», у мяккiм шырокiм ложку. Нумар залiвала цёплае жаўтаватае святло, якiм падсвечвалiся фасады будынкаў, каб начны горад не губляў урачыстасцi. Я сеў на ложку i ўтаропiўся на вялiкi шкляны стол, на якiм красавалася залацiстая лямпа. Стол i лямпа адбiвалiся ў насценным люстэрку i зiхацелi прыцiшаным бляскам. Багацце дадае ўпэўненасцi, але не дае весялосцi. Я маркоцiўся, седзячы ў ложку найшыкоўнейшага еўрапейскага гатэля. Над маёй галавою вiсела квадратная карцiна, вышытая залатымi нiткамi i ўпрыгожаная штучнымi перлiнкамi. Такi зграбны акуратны жаночы палавiчок, выштукаваны ўмелымi рукамi i прымацаваны да сцяны. Сумна. Я павалокся ў душ i гарачай вадою спрабаваў змыць маркотны настрой, i змыў.
Напiўшыся гарачае кавы, я расштурхаў брата, i мы рушылi ў ранiшнi Амстэрдам. У ягоныя срэбныя туманы, што ўздымалiся над каналамi i плылi праз вузкiя вулкi, паўз цагляныя казачныя дамкi, у якiх ужо паадчынялiся крамкi. У адной з крамак прадавалася шэсцьдзесят тры мiльёны скураных вырабаў: пасаў, партманетак, похваў для акуляраў i для ключоў, тэчак, валiзаў, чамаданаў i дыпламатаў. Чорных, чырвоных, залацiстых, зялёных, брунатных, шарых i папяловых. І ўсё можна пакратаць, узважыць, памацаць, адчынiць, каб зазiрнуць у духмянае скураное нутро, куды так i хочацца схаваць чароўную скарбонку з дыяментамi. І сапраўды, калi ты ў Амстэрдаме, сусветнай сталiцы дыяментаў, дык чаму ж не набыць скураны партфель? А таму, што ў мяне ёсць i партфель i валiза, зробленыя са скуры барселонскага быка, што згiнуў на карыдзе. Але гэта ў мяне, а вось у брата не было скураной валiзы, i я ўгаварыў выбраць i набыць лепшую з найлепшых.
Мы вярталiся праз туман i iмжу, калi нам насустрач выйшла прастытутка ў чорных ботах на высокiх тонкiх абцасах. Акрамя ботаў на ёй блiшчаў скураны купальнiк i свяцiўся плацiнавы парык. Яна палiла цёмную цыгарэтку праз доўгi муштук i вiдавочна радавалася жыццю. Яна ўсмiхнулася i кiнула «хэлоў». Мне зрабiлася няёмка за сваю футравую куртку i братава палiто, а яшчэ за шыкоўную валiзу, а яшчэ за пудру i танаж, якiмi прастытутка пакрыла не толькi твар, шыю i вушы, а сцёгны i грудзi. Я паружавеў ад першага блiзкага спаткання з немаладой амстэрдамскай жанчынай туманных паводзiн. А потым была разгубленасць. Нiбыта мяне падманулi, замест сапраўднага чалавека паказалi акторку, якая выконвае ролю цацкi.
Толькi ўсё мяняецца, забываецца i згладжваецца вельмi хутка, калi ты ў Амстэрдаме i навокал усё паўсапраўднае i крывое, як руль у ровара. У Амстэрдаме крывыя вулiцы, нахiленыя дамы, няроўныя фасады, хiсткiя адлюстраваннi. У Амстэрдаме, як у казцы, няма мяжы мiж сапраўдным i штучным, сном i рэальнасцю, падманам i праўдаю. І ты можаш пачуць, як у канале стогне амстэрдамская пачвара-людажэр, якi высмактаў кроў з трыццацi шасцi прыгажунь, i стогн крывасмока цябе не здзiвiць.
Цябе ўразiць лiтоўскi жабрак у пальчатках з адрэзанымi пальцамi. Ён прынясе ў кавярню процьму смуроду. Ён сцягне з талеркi недаедзены гамбургер i кiнецца ўцякаць ад раз’юшанага гаспадара. Лiтовец знясе ў ранiшнi туман не толькi бадзяжны дух, а i зялёную шапку з вайсковай кукардаю. Спачатку я падумаў, што на ваўнянай шапцы беларускi герб «Пагоня», якi носяць мiлiцыянты, але прыгледзеўся, пазнаў лiтоўскi, i на сэрцы зрабiлася крышачку весялей. Хай сабе злодзей ганьбiць дзябёлую суседку Лiтву, абы радзiмую Беларусь не чапаў бруднымi пальчаткамi. Вось так выяўляецца дробны патрыятызм. Ну i што? У Еўропе ўсё дробнае. Гэта ў Азii з Амерыкай усё вялiкае. Вялiкая нацыя. Вялiкая мова. Вялiкая будучыня. Для Еўропы празмерная велiч – ненавiсная, а ўсялякiя загусценнi – антыпатычныя. Таму яна ўсё чыста дзелiць, разнiмае, рассмоктвае i памяншае да чалавечых памераў. Пасля эсэсэсэраўскiх iмперскiх маштабаў нармальныя прапорцыi выдаюць за дробнае, за няважнае, за не вартае ўвагi. Але да чалавечага iмгненна прывыкаеш, яно ж сваё, роднае, еўрапейскае, забытае, але сваё. І калi ты ў Амстэрдаме, дык выразна разумееш, што ў Расейскай iмперыi ты працуеш, а ў Еўропе жывеш, бо нарадзiўся беларусам.
Вядома, у Амстэрдаме шмат амерыканскага, шмат азiяцкага, але яно падпарадкавана еўрапейскiм законам, яно пасечана i ўстаўлена ў невялiкую раму. На галандскай зямлi не збудуеш хмарачос.
Калi ты ведаеш Мiнск лепей за астатнiя гарады свету, дык я скажу так: Амстэрдам падобны да Траецкага прадмесця. А рознiца толькi ў тым, што калi ты набудзеш дыямент у Траецкiм прадмесцi, дык не атрымаеш нiякага дакумента. На прас, на вентылятар, на магнiтафон i на электрычную брытву выдадуць пашпарт, а на дыямент толькi чэк. І калi па вяртаннi з Галандыi я зайшоў у «Антыкварную лаўку», што на вулiцы Максiма Багдановiча, i спытаў, цi сапраўдныя на вiтрыне дыяменты, гандлярка сказала, што, вядома, сапраўдныя, а я запытаўся, цi ёсць на камянi дакументы, а гандлярка азлiлася i сказала, што яна нi разу ў жыццi не бачыла, каб да каштоўных камянёў прыкладаўся нейкi там пашпарт. Тады я сказаў у атынкаваны танажам i пудраю твар, што яна, у такiм разе, нiколi ў жыццi не бачыла сапраўдных каштоўнасцей. Не верыш? Можаш спытацца ў майго брата, я нiколi не хлушу. Думаю, што i гандлярка з Траецкага прадмесця не падманвала, яна сапраўды ведаць не ведала пра пашпарты на дыяменты.
Зрэшты, я i сам быў у музеi дыяментаў толькi адзiн раз, але гэта зусiм не азначае, што не хачу туды трапiць паўторна. Тое-сёе ў дыяментавым бляску для мяне засталося таямнiцаю i пасля наведання музея, бо кола ведаў павялiчылася i адпаведна ўзрасла колькасць кропак судакранання з невядомым. Праз невядомае, дарэчы, лягчэй прабiрацца з павадыром. Быў у Амстэрдаме ў мяне павадыр-экскурсавод-перакладчык-армянiн-таўстун-пустаслоў Андранiк. Ён нагаварыў цэлую гурбу рознай лухты, вычытанай у танных геаграфiчных даведнiках. З яго сыпалiся лiчбы i назовы, як соль з дзiравага меха. Ён выцiраў сiнi нос бруднай хустачкай i скардзiўся на падатковую iнспекцыю, якая можа арыштаваць грамадзянiна Нiдэрландаў нават на аўстралiйскiм пляжы, i той не паспее схаваць дакументы. Андранiк вельмi хутка надакучыў, але давялося трываць, грошы ж заплачаны.
Нарэшце армянiн прывёз мяне з братам у музей дыяментаў. Калi ты думаеш: там палац у сто дзвярэй, дык памыляешся. Чатыры чатырохпавярховыя дамкi, але ў гэтых дамках на дыяменты я нагледзеўся.
I куды толькi глядзяць розныя рабаўнiкi? Праўда, Андранiк расказаў нам пра аднаго амстэрдамскага злодзея. Той, абрабаваўшы краму, трапiў на мушку палiцыянткi, але не разгубiўся, забраў зброю i навешаў палiцыянтцы кухталёў, забiваць не стаў, адно памясiў кулакамi, дзеля навукi. Пасля сеў у машыну i ўцякаў, але яго злавiлi i, дзеля навукi ўсiм астатнiм непаслухмяным крымiнальнiкам, увагналi ў смяротнае цела васемнаццаць куль. Журналiсты паспрабавалi разгарнуць кампанiю пра парушэнне правоў чалавека, але з такiх памкненняў нiдзе нiчога не выгарае. У апавяданнi армянiна мяне здзiвiла не колькасць куль у рабаўнiковым целе, а пазiцыя апавядальнiка. Андранiк заўсёды заставаўся на баку дэмакратычнага друку. Напэўна, усе народжаныя на берагах СССР не любяць мiлiцыянтаў, палiцыянтаў, цэнтурыёнаў i нiколi не займаюць iх бок, нават у тых выпадках, калi палiцыянт – жанчына. І яно мне зразумела. А паглядзеў бы я на таго ж армянiна, калi б ён меў уласны музей дыяментаў. Якi б бок ён займаў?.. Вось i я пра тое думаў, заходзячы ў музей.
На першым паверсе стаяў станок па апрацоўцы каштоўных камянёў узору семнаццатага стагоддзя. Высокi лысаваты бландзiн з марскiмi галандскiмi вачыма сказаў, што станок каштуе столькi, колькi машына «ферары» апошняй мадэлi. Я не ведаю, колькi каштуе «ферары», але, думаю, шмат, калi гэтым хочуць здзiвiць наведнiка музея каштоўнасцей. Станок быў вiдавочна стары i цёмны, як лёс прыгоннага беларуса. А выглядаў ён, як непрыстасаваная да жыцця ў цывiлiзаваным свеце пачварная жывёлiна. Станок мяне крануў. На гэта i быў тонкi галандскi разлiк, я паверыў у сапраўднасць убачанага. Побач са старажытным станком гулi восем сучасных, за адным з якiх сядзеў зусiм сiвы майстар i апрацоўваў камень. Сучасныя станкi нiякай эстэтычнай каштоўнасцi не ўяўлялi, таму вельмi хутка я апынуўся на другiм паверсе, за доўгiм шкляным сталом з празрыстымi кубачкамi ласкава прапанаванай гарбаты. Светлавокi амстэрдамец маляваў на вялiкiм белым аркушы розныя формы дыяментаў, а потым даставаў са скрыначкi канверты, а з блакiтных канвертаў выкочваў дыяменты i раскладаў iх пiнцэтам на малюнках. На тупаватае пытанне «А колькi каштуе самы вялiкi, самы блакiтны, самы чысты дыямент з тых, што ляжаць на аркушы?» я пачуў даволi важкую лiчбу – дваццаць пяць тысяч гульдэнаў. Праў-да, не самы найлепшы, а зусiм жоўты камень, каштаваў яшчэ на пяць тысяч даражэй. Я склаў у думках кошты раскладзеных на стале каменьчыкаў, i атрымалася чвэрць мiльёна ў гульдэнах, а ў беларускiх рублях яшчэ ў сем тысяч разоў болей. За жыццё не патрацiш, калi не будзеш таўчы ў ступе i сыпаць вострыя аскепкi ў стравы ворагаў.
Жадання схапiць камянi i ўцячы не ўзнiкала. Розум вельмi ясна падказваў: схапiць можна, уцячы нельга. Пэўна, адсюль i прарасло памкненне пагаварыць пра набыццё каменя. Крый Бог, я не пачаў з прапановы – давайце я набуду жоўты дыямент. Я цiхенька, па-жыдоўску спытаў: «А хто набывае такiя каштоўныя i дарагiя камянi?» – «Японцы!» Можна было i здагадацца.
У Амстэрдаме куды нi пойдзеш, паўсюль японцы. У iх маленькiя выспы, мала месца i няма дзе захоўваць грошы, а тут раз – i мiльён гульдэнаў у адной скураной пудэлцы. Кампактна, па-японску i па-нiдэрландску, дарэчы. У нiдэрландцаў i японцаў ёсць агульны вораг – мора, i яны стагоддзе за стагоддзем змагаюцца з iм. На першы погляд, у беларусаў нi з японцамi, нi з нiдэрландцамi нiякiх агульных рыс няма, бо ў нас няма мора. Але калi прыгледзецца, дык i ўбачыш. І японцы, i нiдэрландцы, i беларусы занепакоеныя станам, статусам, чысцiнёю роднай мовы, якую ўвесь час трэба ахоўваць ад хваляў суседнiх моўных стыхiй. У названых народаў нацыянальнае пытанне абавязкова ўвязваецца са станам мовы. Таму i армяне i габрэi, якiя пасялiлiся ў Амстэрдаме, першае, што робяць пры сустрэчы з былымi суайчыннiкамi, гэта заводзяць гутарку пра складанасцi ў вывучэннi тамтэйшых слоў, i пра ўласныя поспехi ў гэтай нялёгкай справе. Не раўнуючы, мiнскiя армяне i габрэi, што спрабуюць вучыць беларускую мову, якая ўпарцiцца, не даецца, трансфармуецца з адной граматыкi ў другую. І як яе такую неакрэсленую вывучыш? А так, як i японскую з нiдэрландскай, пацiху-патроху. Экскурсавод Андранiк, да прыкладу, склаў нiдэрландска-армянскi слоўнiк i атрымаў званне доктара, пра што паведамляў усiм па тры разы, нават у музеi дыяментаў уставiў некалькi сказаў пра слоўнiк. А пакуль ён пахваляўся слоўнiкам, я саспеў, каб набыць дыямент.
Сапраўды, калi я ў Амстэрдаме – сталiцы дыяментаў, калi столькi ведаю пра камянi, калi... Толькi, я цябе папярэджваю, не гавары пра гэта маёй маме. Прыйдзе час, i я сам усё раскажу.
«Я хацеў бы набыць два дыяменты на тры тысячы гульдэнаў!» – сказаў я гандляру з марскiмi вочкамi. Ён узрадаваўся. А вось Андранiк папярхнуўся гарбатаю. «Ты што, сапраўды будзеш купляць дыяменты на тры тысячы?» – «А чаму б i не? Я ж у Амстэрдаме, у сталiцы каштоўных камянёў». Вядома, можаш не паверыць, што так проста вырашаецца набыццё дыяментаў. Можаш засумнявацца. Тады спытай у майго брата, якi адразу прыняў прапанову, без усялякiх ваганняў. Сапраўды, нашто тут вагацца, калi на белым аркушы паклалi два ясныя дыяменты. Застаецца толькi дастаць грошы. Але ў Нiдэрландах прынята патаргавацца. «Таргуйцеся!» – засiпеў армянiн i так выразна вырачыўся, што ў мяне мову адняло. Ну як я буду таргавацца? А галандзец нахвальваў камянi. Яны i чыстыя, яны i iскрыстыя i каштуюць зусiм танна, усяго толькi тры тысячы i восемсот гульдэнаў, i залатыя пярсцёнкi дадаюцца бясплатна. Ёсць, ёсць у Амстэрдаме крама, дзе золата даюць бясплатна! Нездарма Галандыя з сваiм багаццем была ў еўрапейцаў правобразам раю зямнога. Золата бясплатна! Не можа быць? Можа! «I яшчэ, калi вы вернецеся ў музей дыяментаў, дык заўсёды можаце вярнуць камень цi здаць, даплацiўшы, атрымаць лепшы, бо ўкладанне грошай у дыяменты ёсць адна з найлепшых формаў iнвеставання».
– Я, вядома, не супраць такiх iнвестыцый, нават за, але ў мяне толькi тры тысячы i нi цэнта болей. А яшчэ я хацеў бы, каб дыяменты замацавалi не ў жаночыя пярсцёнкi, а ў гузiкi, якiя можна прышыць на ўрачыстую кашулю.
Амстэрдамец саступiў восемсот гульдэнаў i замовiў залатую аправу ў выглядзе круглых гузiкаў. Беларус не саступiў бы столькi, бо яшчэ не ведае, як будаваць гандлёвыя пасткi, а галандзец ведае. Ён не проста прадаў дыяменты, а прадаў iх на экспарт, а таму i дзешавей, бо падаткi меншыя.
Праўда, давялося пасылаць з гатэля ксеракопii бiлетаў Амстэрдам—Мiнск i плацiць за паслугу два гульдэны, ну ды Бог з iмi, бо гузiкi з дыяментамi ляжалi ў нашых кiшэнях. І можна было лiчыць, што ўсе справы зробленыя, бо грошы сплылi. А няма грошай, i праблемаў няма. Ідзеш сабе па вулiцы Молен, i ўсё табе – нiшто. І хай розныя мурыны прапаноўваюць какаiн i крычаць: «iтальяно кока!» А пачуўшы «ноў», кiнуць услед «албано». Яны, наiўныя, думаюць, што абразiлi, абазваўшы албанцам. Цi не дзiўна, негр зневажае славянiна, называючы албанцам. Ды хоць жыдам цi латышом называй, не пакрыўджуся. Я – беларус i маю трывалы iмунiтэт да нацыянальных зняваг. І калi заклiкальнiк на ганку стрыптыз-тэатра закрычаў: «Рускi! Горпочофф! Епля! Пэрэстроiка!», – я засмяяўся i падумаў: праз тыдзень-другi гэты сыты заклiкальнiк пачне крычаць да беларусаў: «Рускi! Ельцын! Чэчня! Бiг банан! Захоцi-i!»
У Амстэрдаме з мяне вельмi хутка выцеклi нацыяналiстычныя, панславянскiя i расiсцкiя настроi. Не скажу, што ў Мiнску я зацяты расiст. Зусiм не. Але, каб не быць расiстам, трэба хоць бы зрэдчас сутыкацца з прадстаўнiкамi iншых рас. А то раз на год праедзеш з неграм у трамваi, вось i ўсе мiжрасавыя дачыненнi. А ў Амстэрдаме зусiм не так, бо на кожным другiм кроку, у кожнай другой вiтрыне пабачыш iншую ад сябе расу.
У сталiцы Нiдэрландаў ёсць цэлы раён, дзе ў шкляных вiтрынах выстаўляюцца жанчыны. Яны сядзяць на танканогiх крэслах, яны стаяць на высокiх абцасах, яны прытанцоўваюць i аблiзваюць языком паўадкрытыя вусны, яны падмiргваюць i заклiкаюць займацца просценькiм задавальненнем. Вiтрыны асвятляюцца чырвонымi i фiялетавымi лямпамi. Таму раён называецца «Квартал чырвоных лiхтароў». Таму белая бялiзна там выглядае як смарагдавая. Таму на целе не вiдаць нi сiнякоў, нi драпiнаў, нi кровападцёкаў. Усё нерэальнае, як у тэатры, як на тэлеэкране, як у пекле. І можна гадзiнамi хадзiць па вузкiх вулках паўз каналы i разглядаць жанчын. І кожны наступны лiхтар будзе здавацца прывабнейшым. А калi наважышся спынiцца на якой з жанчын, дык не паспееш i вокам мiргнуць, як цябе апярэдзiць якi-небудзь спрытны мурын. Але ён не выклiча хвалi расiсцкiх перажыванняў, бо кожная трэцяя прастытутка ў амстэрдамскiх вiтрынах належыць да жоўтай расы, а кожная другая – да чорнай. Таму ты пойдзеш далей i панясеш сваё гарачае, па-юнацку моцнае хваляванне ад вiтрыны да вiтрыны, ажно пакуль не спахопiшся i не зiрнеш на гадзiннiк i не ўбачыш, што распачалiся новыя суткi i варта спыняцца на любой жанчыне або вяртацца ў гатэль «Краснапольскi». А каб здзiўляць показкамi сяброў, ты выбераш мажную, на сем пудоў, негрыцянку. Яна пагодзiцца маркiтавацца за дваццаць пяць гульдэнаў i завядзе цябе ў маленечкi пакойчык з ложкам, за якiм на ўсю сцяну будзе глыбока цямнець люстэрка. Цябе здзiвяць жалезныя скрынi з навяснымi замкамi, там, пэўна ж, пахаваныя каштоўныя рэчы цемнакрылых начных матылёў. Ты аддасi ружовую грашовую паперку i скiнеш нагавiцы з майткамi. Ты не будзеш гаварыць. Нашто? Ты падыдзеш да рукамыйнiка, паслухаўшыся запрашальнага жэста мажной негрыцянкi. Яна памые твой прыўзняты чэлес цёплай вадой, абатрэ яго папяровай сурвэткаю i нацягне кандом. На iмгненне ты адчуеш халодны водар адэкалону, табе здасца, што навокал цырульня, у якой перагарэла верхняе святло. Такая будзе будзённасць, што нават не здзiвяць паводзiны цёплай мурынкi, якая ляжа на спiну, распахне сцёгны, але не скiне стракатыя пантофлi. Вядома, у Амстэрдаме чыстыя вулiцы, таму можна класцiся ў ложак, не скiдаючы пантофляў. Паразважаўшы, я, праўда, не стаў абувацца i лёг на мурынку без чаравiкаў. У цёмным люстэрку адбiвалiся праадэкалонены пакой, шырокi ложак, засланы цёмнай посцiлкаю, шурпатая падушка, гарачая жанчына i цямрэча, у якой я, светлы i чысты, торгаўся, рухаўся, варушыўся, знiшчаючы расавую цнатлiвасць. Раней нiколi не даводзiлася маркiтавацца з негрыцянкамi. І калi па вяртаннi ў Мiнск адна ружовашчокая бландзiначка сказала мне, што ў негрыцянак благiя фiгуры: шырокiя плечы i вузкiя сцёгны з маленькiмi сухаватымi клубамi, дык я шчыра прызнаўся, што i такая фiгура прыдатная для сексу наогул i мiнету ў прыватнасцi. Бландзiначка сказала: «Фу-у-у... І ўсё адно я не люблю негрыцянак». А я паспачуваў ёй, бо яна не знiшчыла ў сабе расiзм, ясная справа – не было магчымасцi пераштурхнуцца з мурынам. А я вось выцiснуў у мурынскую, чарнаскурую похву порцыю светлага славянскага насення, i супакоiўся.
Пакуль я апранаўся, прастытутка зусiм бессаромна набрала ў мiсу вады, падмылася, а потым гучна i дзынкна памачылася. Калi яна апаласквала ў чарупiне мiсу, у цемры ярка свяцiлася яе ўсмешка, поўная вялiкiх зубоў.
Дарэчы, я заўважыў, калi выходзiш ад прастытуткi, дык вельмi рэзка паляпшаецца настрой. Выйшаў, забыў былое, уздыхнуў на поўныя грудзi нiдэрландскага паветра, закiнуў галаву, зiрнуў у чорнае неба, i настрой паляпшаецца ў сто адзiнаццаць i адну дзесятую раза, i хочацца заспяваць песню: «Гары яно гарам, такое каханне!» Але крычаць я не стаў. У Амстэрдаме вар’ятаў i так хапае. Я цiха пайшоў на начоўку ў свой «Краснапольскi».
Не паспеў я зайсцi ў нумар i запарыць кубачак гарбаты, як начную цiшу падзёрла на шматкi аўтаматная чарга стрэлаў. Я адчынiў акно i высунуўся. Усё ж Амстэрдам, а не Тбiлiсi цi Грозны, i можна высоўвацца з акна, пачуўшы аўтаматны трэск. «Можа, нейкi рабаўнiк зноў забраў у палiцыянткi зброю, i помслiвыя калегi ўганяюць у рабаўнiкова цела смертаносны свiнец?» I тут у чарноцце ўварвалася iмклiвая знiчка петарды, якая заскакала па пляцы, зазiхцела, растрасаючы блiскавiчныя пырскi, закруцiлася i сыпнула ў неба аўтаматную чаргу. «Ясна, негры балдзеюць!» Чаму падумалася на мурынаў, не ведаю. Але падумалася, i я злавiў сябе на такой думцы якраз тады, калi з-за фаласападобнага манумента выскачыў лысы вар’ят i, трасучы над галавою кулакамi, паскакаў у завулак. Вось быў i доказ: вар’ятаў i крыкуноў у краiнах БеНiЛюкс хапае без мяне. І добра, бо менавiта вар’яты складаюць адметнасць краiн.
Ну хiба можна ў Мiнску ўбачыць чалавека ў высознай цялесна-ружовай шапцы, пашытай у форме чэлеса? А ў Амстэрдаме – калi ласка. Ідзе сабе чалавек у белым палатняным строi, а замест галавы – здаравенны мужчынскi орган з блiскучай галоўкай. А чалавек iдзе i спакойна размаўляе з сябрамi, вельмi цывiльнымi спадарамi ў добрых дарагiх палiтонах. Вось i адметнасць, вось i жывы экспанат з музея эротыкi.
Ёсць у сталiцы Нiдэрландаў i такая ўстанова – музей сексу. Зрэшты, ён расчараваў. Чакалася большага, думаў, пабачу каштоўныя творы мастацтва на зададзеную тэму, а сутыкнуўся з кепска зробленымi муляжамi. Ну хiба можа ўразiць пластмасавая дупа, якая вiсiць на сцяне i iмiтуе гук выпушчэння газаў? Цi каго здзiвiць гiдкi манекен старой прастытуткi, якi выскачыць на цябе з цёмнага кутка? Вялiкiя, блага зробленыя цацкi, i больш нiчога. Чым уразiць чучала Мэрылiн Манро, што прыцiскае да сцёгнаў падхоплены ветрам прыпол; цi пудзiла Маты Хары ў час расстрэлу; цi ўкленчаная мiнетчыца з пластмасавым чэлесам каля пластмасавых вуснаў? Парад разбэшчаных лялек. Збор пратэзаў. А вось на гледачоў цiкава глянуць, асаблiва ў залах з фотакарткамi, якiя рабiлiся аматарамi эротыкi выключна дзеля заробку. Амаль усе гледачы iнстынктыўна папраўляюць рукамi свае палавыя органы, прыкладна так, як дэпутаты папраўляюць гальштукi перад выхадам на трыбуну. Ну, калi ты ў Амстэрдаме, дык можна i паправiць напяты чэлес. Нашто трываць? Нашто каб муляла? Нашто рабiць выгляд, што ў цябе няма органа, калi орган ёсць? А так адвярнуўся, паправiў, уздыхнуў i выйшаў з музея эротыкi, хаваючы ў кiшэню калоду парнаграфiчных картаў.