Текст книги "Толькі не гавары маёй маме"
Автор книги: Адам Глебус
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 4 (всего у книги 13 страниц)
Гэта ў iх ад Чаплiна ў спадчыну засталося. Трах-бах, вой-вой, памiрае зайчык мой. Трапечуцца героi, скаляцца гераiнi. Мiма. У малако. Кiнг-Конгi. Поспехi толькi ў касiрак. Але гэта ўсё кветачкi. Каго здзiвiць мая думка пра замежнае кiно? Хiба што жонку. І мая любоў да iтальянскага неарэалiзму ўсiм да лямпачкi. Вось i давядзецца вярнуцца ў родную Беларусь, ёсць у Мiнску кiнатэатр на Юбiлейнай плошчы, i глядзець там стужкi «Беларусьфiльма», ёсць жа такое прадпрыемства каля станцыi метро «Маскоўская». А вочы мае б не бачылi! А вушы мае б не чулi! Але вочы бачылi i вушы чулi...
Пад Лагойскам здымлi фiльм пра вайну. «Беларусьфiльм», у народзе «Партызанфiльм», любiць i не ўмее здымаць фiльмы пра вайну. Кiношнiкi назбiралi мясцовых мужчын, выдалi iм па аўтамату, паабяцалi заплацiць па тры рублi i загадалi легчы на зямлю каля рэчкi. Ноч. Цёмна. Пражэктары асвятляюць толькi галоўных герояў. Пачаўся бой. Пiратэхнiкi працуюць. Камера стракоча. Рэжысёр маўчыць. Усё iдзе паводле плана. Немцы iдуць, нашы партызаны ляжаць у засадзе. Пражэктар асвятляе нашых лагойскiх хлопцаў, яны ляжаць з аўтаматамi ў руках з каменнымi рашучымi тварамi. Толькi ляжаць яны не на роднай зямлi, як было загадана, а на газетах. Рэжысёр запсiхаваў, ускочыў, пабег праз «немцаў» да «партызан». Лаяўся. А нейкi дзядзька, падышоўшы да яго, аддаў аўтамат i сказаў, што за тры рублi хлопцы ў сваёй адзежы на зямлю не лягуць. Рэжысёр супакоiўся, вярнуў аўтамат i паабяцаў заплацiць па чырвонцу. У фiльм гэтая сцэна, вядома, не ўвайшла. Але ў ёй было кiно, быў тэмперамент i нечаканасць. У кiнатэатры круцiлi экранiзацыю аповесцi Алеся Адамовiча. Рашучыя твары, аўтаматы, немцы на матацыклах – мура. Ну, вядома, пра эротыку тут i згадваць не варта. «Беларусьфiльм» – самая цнатлiвая i сарамлiвая кiнастудыя ў свеце, прынамсi, была. Пакуль не дазволiлi (згадаем народнае: «Прымусь дурня Богу малiцца, ён лоб разаб’е»), i з’явiлiся на экране такiя сцэны:
«Завод. Распраналка. Дзве работнiцы iдуць у душ. Адна – шыракатварая, з вялымi грудзямi, другая – хударлявая, з лiсiным профiлем i нязграбным шнарам ад апендыцыту. Работнiцы шаруюцца вяхоткамi, уздыхаюць i радуюцца вадзе. Намыўшыся, яны вяртаюцца ў распраналку i пачынаюць выцiрацца махровымi ручнiкамi.
– А дэталi так i не прывезлi, – гаворыць шыракатварая i выцiрае свае вялыя грудзi.
– Зрываецца план, – занепакоена гаворыць другая i выцiрае доўгую худую шыю.
– Трэба сабраць сход i абмеркаваць гэтае пытанне, – шыракатварая ўскладае бэжавы станiк.
– Я абавязкова выступлю, бо, калi так i далей пойдзе, мы не выканаем пастаўкi.
На экране важкiя сцёгны ў сятчастых панчохах.
Заводская прахадная.
– Дык ты выступiш? – шыракатварая адкiдае з iлба пасму русявых валасоў.
Лiсiны профiль у махеравай шапачцы кiвае».
Такiх дзiкiх сцэн па сумяшчэнню так званага «карыснага» з так званым «прыемным», вядома, няшмат. Пакуль што няшмат. Але ў планах кiнастудыi, што каля станцыi метро «Маскоўская», з’явiлася набокаўская «Лалiта». Вось там ужо будзе, будзе. «У каго слабыя нервы, тым лепш пакiнуць залю», – папярэджваў гледачоў латышскi рэжысёр Герман Франк. А я прапаную пiсаць на афiшах замест «для дарослых» – «для гледачоў з моцнымi нервамi». А можна i не пiсаць, бо фiрма «Беларусьфiльм» ужо сама за сябе гаворыць.
Ёсць у мясцовых кiнатворцаў i тэарэтычнае абгрунтаванне сваiх пачвараў.
У Доме кiно (зноў даводзiцца згадваць пачвару) я быў сведкам, як адзiн майстра з аб’яднання «Летапiс» павярнуў да залi свой твар колеру старой анучы i з цынiчнаю ўхмылкаю пачаў разважаць: «А вы ведаеце, шаноўныя, што дзяцей-вырадкаў бацькi любяць больш за нармальных. Таму i я свае благiя i бяздарныя фiльмы люблю значна больш, чым пасрэдныя i добрыя. Так што, выбачайце, шаноўныя».
Вось i атрымлiвае глядач бруднай анучай па твары. Вось i выкарыстоўвае цынiк драбочкi гуманiзму, што ёсць у нашым грамадстве.
Можна не хадзiць на ягоныя фiльмы!
Э, не. Тут памылка. Можна не хадзiць на мастацкi фiльм. А так званы кiначасопiс прадаецца «ў нагрузку» i без папярэджання. Класiчны «кот у мяху». Глядач пакорлiва купляе, прымае, як непазбежнасць, прадукцыю вось такога цынiка з тварам колеру бруднай анучы, што сядзiць на мяккiм крэсле ў Доме кiно, палiць дарагiя цыгарэты, п’е каньяк, дзякуй Богу, што разведзены, i пасмiхаецца. І нiякi ён не вырадак i не калека i не хворы, ён – нягоднiк. І фiльмы ягоныя не вырадкi, а хлусня цынiка.
«Пайшоў прэч! – чуеш, я табе кажу. – Пайшоў прэч!»
Гэты хiтры, а на самай справе подлы ход з кiначасопiсам прыдумалi даўно, але гэта зусiм не азначае, што ён будзе заўсёды. І я не патрабую сатысфакцыi, не патрабую пакараць цынiка, якi з’еў тысячы дзяржаўных рублёў, i я нават не патрабую забаранiць дэманстрацыю кiначасопiсаў. Можна проста не пайсцi на кiначасопiс. Але бываюць i добрыя... Прабачце. Лес сякуць, трэскi ляцяць. I я яшчэ не жабрак, каб есцi бясплатную кiнакатлету з камбiтлушчам.
Але хопiць пра недарэкаў ад кiнематографа.
Калi ў залi гасне святло, ёсць у гэтым моманце нешта таемнае i эратычнае. Галава сама паварочваецца i вочы аглядаюць суседзяў, а раптам побач – павабная самотная суседка. Тады можна i пазнаёмiцца, цi хаця б паспрабаваць пазнаёмiцца, цi яшчэ што-небудзь паспрабаваць. Вядома, у большасцi выпадкаў трапляеш у кiназалю з кiмсьцi i тады няма рознiцы, якi незнаёмец цi незнаёмка побач з табой, за выключэннем, калi трапiцца п’яны iдыёт цi смярдзючы бiч, якi захрапе пасярод фiльма. Але ёсць выпадкi, калi iдзеш у кiно адзiн. Зрабiлася крыўдна на ўвесь свет. Усе людзi – скацiна. Вар’яцееш ад адной толькi думкi, што з гэтым быдлам ты пражывеш усё сваё наканаванае жыццё. Што рабiць? Куды плысцi?
I трапляю ў залю, павольна цямнеюць лямпы, i заўважаю, што побач сядзiць жанчына. Ёй гадоў трыццаць – трыццаць пяць, у яе азначылася другое падбароддзе. А ў руках яна трымае папяровы кулёк з мармеладам. Яна манерна кладзе ў рот дрогкую мармеладзiну i абтрасае з пальцаў драбочкi цукру. Мне ўжо ўсё роўна, што дзеецца на экране. Я крадком кладу руку на жаночае круглае i слiзкае ад нейлонавай панчохi калена. А тая ўдае, што цалкам занятая фiльмам i мармеладам. А мая рука цiха едзе па нейлоне. А незнаёмка нахiляецца да мяне i шэпча: «Прыбяры руку i з’еш цукерку». Я не прыбiраю руку, я толькi спыняю яе. Тады незнаёмка бярэ маю руку – у яе на пальцах засталiся драбочкi цукру – i засоўвае ў папяровы кулёк. Мы ямо мармелад. І нарэшце ён сканчаецца. Незнаёмка шархоча папераю, хавае скамечаны пакет у сумачку. Мая рука трапляе на панчоху. Я гладжу крышачку вышэй калена. «Табе колькi гадоў?» Я ледзь разбiраю словы, так цiха яна спытала. «Шаснаццаць». «А мне трыццаць шэсць, i ў нас нiчога не атрымаецца». «Чаму?» «Прыбяры руку i глядзi фiльм, потым пагаворым». Гляджу на экран i нiчога не магу зразумець:
«На беразе ракi стаiць чалавек. Ён абапiраецца на парапет. Чалавек падобны да самотнага мiнака, якi выпадкова апынуўся на пустэльным беразе. Ён глядзiць долу, туды, дзе коцяцца шэрыя i халодныя хвалi.
Побач спыняецца другi чалавек. Першы не ўздымае галавы i гаворыць:
– Пан доктар, днямi недзе непадалёку ад Прагi скiнулi парашутыстаў. Што вы ведаеце пра гэта?
– Нiчога... зусiм нiчога, – з нарочыстым здзiў-леннем запэўнiвае «доктар». Ён не быў падрыхтаваны да такога лабавога пытання i разумее, што адказ прагучаў не зусiм пераканаўча.
– Праўда... мы прасiлi прыслаць з Лондана радыста, – гаворыць «доктар», ён iмкнецца выправiць становiшча, – але пакуль нiхто не з’яўляўся. Можа, яго схапiлi?
– Не можа такога быць!.. І ўсё ж я баюся, каб хто-небудзь не нарабiў глупства...»
Астатнi час я не iмкнуся глядзець на экран, я думаю над сакраментальнымi пытаннямi. Цi можна закахацца ў кiнатэатры? Цi запросiць незнаёмка да сябе? Цi ёсць у незнаёмкi муж i дзецi? Якая ў яе пастава, калi яна стаiць пад душам? Я кручу сваё кiно. А на экране: «Дзецi купаюцца ў рэчцы. На полi працуюць людзi. Цягнiк iмчыць удалячынь. Канец».
Хлопаюць дыхтавыя крэслы. Я зажмурваюся ад яркага вулiчнага святла. «Ну i што далей?» У незнаёмкi густа напудраны нос. «Я». «А далей, хлопчык, мы пойдзем на таксi». Яна бярэ мяне пад руку, i мы iдзём праз сквер. Яна мне страшна не падабаецца ў вулiчным святле, другое падбароддзе выглядае ўдвая большым. На прыпынку шмат таксовак. Яна адчыняе заднiя дзверцы, сядае i кажа: «Еш мармелад i расцi вялiкi». Таксоўка ад’язджае. Я аглядаюся на кiнатэатр, на афiшу, i даведваюся, што паглядзеў чэшскi фiльм «Ключ».
4 – У кадры
Сонечнае святло асляпiла мяне. Мы гулялi ў парку, i бацька захацеў мяне сфатаграфаваць. На алеi стаяў фатограф, а побач зiхцела навюткая дзiцячая машынка. Мяне пасадзiлi ў яе. З-за хмаркi выслiзнула сонца, i я зажмурыўся. На той картцы ў мяне такi выгляд, нiбыта я ўкусiў цытрыну. Ёсць у мяне i ранейшыя карткi – сяджу, прыхiнуты да падушкi, лысы, тры месяцы, а то i менш. Але я не памятаю, нi хто, нi як мяне здымаў каля падушак. А гэта ж вельмi iстотна. Кiно ж выйшла з фатаграфii, вось я i пачаў з яе. Можна было б пачаць i з больш ранняга, бо да фатаграфii была графiка, а да графiкi – жывапiс, а да жывапiсу... Там я не ведаю, там – сiнкрэтызм, непадзельнасць свету i адсутнасць «я». Таму кароткi штрых да маiх першых жывапiсных вопытаў усё ж варта зрабiць.
Мяне трохгадовага завялi да суседзяў Мядзведзевых, у якiх была дзяўчынка Надзя, на месяц малодшая за мяне. Яе мацi сышла ў краму i пакiнула нас адных у кватэры, дзе была новая светлая шафа з люстэркам. Я з Надзяй хукаў на люстэрка i спрачаўся – хто нахукае больш. Але гэты занятак хутка надакучыў. Надзя прынесла мамiну хiмiчную памаду, i мы выцягнулi мяккi стрыжань. Я прапанаваў перафарбаваць шафу ў ярка-чырвоны колер. Памады хапiла на ўвесь фасад, па вышынi, вядома, колькi змаглi дастаць, i яшчэ на адзiн бок. Прыгажосць была неверагодная – хiмiчная чырвань, праз якую свяцiлася свежая палiроўка. Асноўнае пакаранне прыпала не на нас, а на Надзiну мацi, якая хадзiла ў краму па малако. Яна плакала i не магла адмыць нi шафу, нi нашыя рукi.
Жывапiс вымагае ахвяраў. Звычайна гэта сцены, у маёй бiяграфii – шафа з люстэркамi i квадратнай шыбкаю ў дзвярах, за якой палымнела маленькая крухмальная фiранка з вышыванай ружаю. Вось такi быў мой першы вопыт жывапiсца. А першае з’яўленне на экране таксама знiтаванае з маляваннем. Я з аднакласнiкам Мiхасём хадзiў у Палац пiянераў. Студыя выяўленчага мастацтва – вялiкi светлы пакой, застаўлены сталамi i мальбертамi, пэўна ж, самае цiхае месца ва ўсiм Палацы. І вось аднаго разу ў гэты цiхi куток уварвалася група барадатых мужчын з вялiзнай кiнакамерай. Самы барадаты быў у цёмных акулярах, а за яго спiнаю шапталi слова «Марухi». Што такое «Марухi»? Я не ведаў. Потым да мяне падышоў Мiхась i сказаў, што рэжысёр Марухiн нас здымаць не будзе, што можна iсцi дадому. А каго будуць здымаць? Рагалевiча, бо ён руды i яшчэ любiмчык нашага настаўнiка – Сяргея Пятровiча Каткова, i толькi што вярнуўся з ГДР, ды вось гэтага тоўстага. А тоўстага чаму? Бо ягоная тоўстая мацi дамовiлася з Марухiным. Тоўсты сядзеў за мальбертам i маляваў – порт, шэрая вада, шэрае неба, шэры карабель... Ты сцяжкi на карабель намалюй каляровыя! Мама кiравала з-за камеры. Тоўсты намаляваў сцяжкi – сiнi, зялёны, жоўты, чырвоны. Атрымлiвалася шэра. Марухiн сказаў, што будзе яшчэ здымаць i ў наступную нядзелю. Тыдзень я думаў. І прыдумаў. У нядзелю я апрануў пасясты бела-зялёны швэдар, на Мiхасю быў таксама мой швэдар, сiнi з вялiкiмi чырвонымi аленямi на ўсе грудзi. Мы прыйшлi ў студыю самыя першыя. Склеiлi два аркушы, прымацавалi iх да дошкi, што вiсела на сцяне, i пачалi маляваць iндзейцаў, змагароў за незалежнасць. Пёры, лiяны, гарбаносыя профiлi i колер яркi – сакаўны, нябёсны, лiмонны, травянiсты, памаранчыкавы, бэзавы, крывавы. Марухiн, вядома ж, прыехаў i зняў. І суседка расказвала маёй мацi, што бачыла мяне ў кiначасопiсе. Суседка – паэтэса Еўдакiя Лось – сказала яшчэ, што швэдры, якiя вяжа мая мацi, на экране глядзяцца ну проста выдатна. А яшчэ Еўдакiя Лось замовiла маёй мацi звязаць ёй сукенку, тады было модна насiць вязаныя строi i сукенкi.
Калi гавораць, што першы раз заўсёды не атрымлiваецца, дык у мяне наадварот – чым больш я здымаўся, тым горш атрымлiвалася. Калi першы фiльм быў дакументальны, дык другi (а як жа?!) мастацкi.
Сонца. Без яго нiяк. Амаль што iтальянскае, а калi ўдакладнiць – крымскае. Я не ведаю, колькi тысяч прымае за адну змену лагер «Артэк», можа, 30, а можа, i 50, але ўсе яны сядзелi на стадыёне i здымалiся ў кiно. Масоўка! Збой змораных пiянераў крычаў-спяваў: «Ура, у нас канiкулы!» Пасля дзвюх гадзiн такiх здымак я зразумеў, што быць адным з тысяч, тым больш з дзесяткаў тысяч, не для мяне. Я сказаў важатай, што iду ў прыбiральню, i пайшоў да камеры. У камеру я ўлез, аператар вылаяўся, рэжысёр паклiкаў да сябе. Мне выдалi цывiльную вопратку. Я пераапрануўся. Мне далi ў рукi сцяг i сказалi, каб я стаў каля фiнiшнай стужкi, i калi галоўны герой перарве гэтую стужку, я павiнен узрадавацца i замахаць сцягам. Я ўзрадаваўся, замахаў сцягам, i ў гэты момант нейкi запраграмiраваны ў сцэнарыi дурань пачаў аблiваць мяне i галоўнага героя. Маё абурэнне штучным не было. Рэжысёр смяяўся з мяне ў мiкрафон, а стадыён проста так. Мне заплацiлi тры рублi i вярнулi паўвайсковую форму. У кiно я расчараваўся. І калi ўвечары атрад пайшоў глядзець камедыю, застаўся i чытаў Максiма Багдановiча.
Зразумела, што любоў да сiнема аднавiлася. Але толькi ў якасцi глядацтва. Я нават школу прагульваў, каб паглядзець якi-небудзь баявiк цi хаця б пародыю на яго, накшталт «Бi першы, Фрэдзi!». А пра «Фантамаса» можна бясконца гаварыць, бо менавiта ён – зялёнагаловы i без вушэй – перамог i Чапаевых, i Карчагiных, i маладагвардзейцаў, не раўнуючы, як Хрушчоў Сталiна. У Хрушчова з Фантамасам ёсць нешта агульнае, асаблiва калi апошняга злучыць з Камiсарам Жуфам, якога граў эксцэнтрычны комiк Луi дэ Фюнес. Але вернемся да папярэдняй думкi: пародыя на кiно – не ёсць кiно. І ўсе Фантамасы, Зоры, Кiнг-Конгi, Фрэдзi – толькi комiксы, выкананыя ў тэхнiцы кiно.
Пасля артэкаўскага эпiзоду я больш не здымаўся ў вялiкiм кiно. Мне, праўда, i не прапаноўвалi. Было аднойчы, жанчына на вулiцы спынiла i сказала: «А вы не хочаце зняцца ў масоўцы?» Масоўка? Ха-ха! Але ёсць жа яшчэ i тэлевiзiйнае, гары яно гарам, цi лепш сiнiм полымем, кiно.
Дык вось, мой знаёмы, Валодзя Паненка, уладкаваўся на тэлебачанне рэдактарам i, як кожны пачатковец, вырашыў «узяць быка за рогi» – паставiць «Падзенне» Альбэра Камю. Што i казаць, экзiстэнцыялiзм, Нобелеўская прэмiя, «Мiф пра Сiзiфа» – гэта ўсё выдатна, а вось БТ (Беларускае тэлебачанне), Рэдакцыя лiтаратурна-драматычных перадач, мясцовыя майстры-асвятляльнiкi i аператары – жах, i калi сказаць «жах», дык гэта яшчэ нiчога не сказаць. І нават калi адкiнуць тэхнiчныя цяжкасцi, дык экранiзаваць «Падзенне» – Сiзiфава праца, абсурд. Бо твор напiсаны суцэльным маналогам, i каб крышку зрабiць «Падзенне» экранным, мой знаёмы перапiсаў гэты маналог у дыялог. Галоўнаму герою дастаўся амаль увесь тэкст. А мне, слухачу, сем рэплiк. Вось яны:
1. Калi ласка. 2. Я не супраць. 3. Вы маеце на гэта права. 4. Прабачце, але гэта не мае нiякага дачынення да справы. 5. Афiцыянт, палiчыце нам, калi ласка. 6. Даруйце. 7. Бясспрэчна.
А каб у перапынках памiж рэплiкамi я не сядзеў, як iдыёт, з мяне ў сцэнарыi зрабiлi мастака, нешта накшталт Талюза Латрэка, якi робiць замалёўкi з танцорак. Адпаведна, калi я павiнен рабiць замалёўкi з танцорак, дык i танцоркi павiнны быць. Яны i былi. Тры размаляваныя дзявулi з сакаўнымi сцёгнамi ды пошла-блiскучымi купальнiкамi. Што да твараў, дык яны так старанна iх намалявалi, што адрознiць адну ад адной было немагчыма. Здымалi «Падзенне» два днi, амаль без дубляў. Першы дзень без танцорак, другi з танцоркамi. Сцёгны i лабкi ў блiскучых купальнiках атрымалiся выдатна, у лепшых традыцыях кiчу. А што да астатняга, дык лепш i не згадваць. Ну, я маляваў, сядзеў у пiнжаку, якi застаўся ад экранiзацыi «Усёй каралеўскай рацi», i псаваў паперу. «Калi ласка», – i малюю. «Я не супраць», – i малюю. А бедны галоўны герой гаварыў i гаварыў, i пра мараль, i пра халодную ваду, у якую не хочацца лезцi, нават калi нехта там тоне, i пра сумленне...
Паглядзеў я на сябе збоку i паставiў тлусты чорны крыж на ўласных акторскiх здольнасцях. Ён i дагэтуль стаiць, не павалiцца.
Адно, што для мяне засталося таямнiцаю, дык тое, што нашае «Падзенне» дэманстравалi тры разы, два апошнiя – «па заяўках тэлегледачоў». Можа, танцоркi ўзялi сваё, а можа i Альбэр Камю, хто iх ведае? Але што не я, дык дакладна.
I яшчэ адзiн маленькi эпiзод. Мая жонка вырашыла зняць клiп з рок-гуртам «Улiс». Яны здымаюць, я гуляю каля сцэны. «Адам!» Я азiрнуўся, а жонка на мяне з камерай iдзе. Я ўсмiхаюся i махаю ёй рукой. Вось так, прывiтанне, я рады вас бачыць. Гэта самыя лепшыя мае кадры, але iх нiхто не бачыў. А можа, самае лепшае ў iх тое, што iх нiхто не бачыў?
5 – Правiнцыя
У Вялейскiм раёне ёсць вёска Латыголь. Цяпер газеты пiшуць, што ў той Латыголi знаходзiцца «Зона», дзе з’яўляюцца ўлюбёнцы хаблоў – НЛА. Толькi журналiсты забываюць удакладнiць, у якую з Латыголяў, а iх тры: Латыголь-1, Латыголь-2, Латыголь-3, – прылятаюць аб’екты. Асабiста я, калi чытаў артыкулы, дык уяўляў лажок мiж царквою i могiлкамi i на iм вялiзная рандэля, у школьных сталоўках такiх багата, а з тае рандэлi выходзяць дробныя i кудлатыя пачваркi i iдуць на могiлкi, каб пачытаць надпiсы на помнiках. «Мiхась Іванавiч Зуб. 1951–1972. Трагiчна загiнуў ад рукi Яна Лыскоўскага». «Анатоль Пятровiч Барушка, 1949–1974. Выпадкова загiнуў, утануў. Спi спакойна, сынок». «Іван Язэпавiч Лыскоўскi. 1951–1974. Трагiчна загiнуў у аўтакатастрофе. Дарагому брату i сыну ад сваякоў».
Я калi першы раз прачытаў, дык скрануцца з месца не мог, вось, думаю, iтальянская вендэта на поўны рост. А падумаў я так, бо напярэдаднi ў кiно схадзiў на «Камень у роце». Кiно круцiлi ў вялiкай хаце. Не паказвалi цi дэманстравалi, а менавiта круцiлi. Стары праектар стракатаў, як вялiзарная страказа, хлопцы i дзеўкi сядзелi на лавах. Хлопцы «лавiлi момант» – лапалi дзевак, тыя лаялiся, смяялiся i павiсквалi. Што казалi героi кiнастужкi, было не разабраць. Калi галасы ў хаце злiвалiся ў суцэльны шум, дзядзька-кiнамеханiк здымаў кепку, закрываў ёю вочка кiнапраектара i крычаў у цемру: «Спыню катушкi!» Хата ацiхала.
На экране дзейнiчала мафiя. Чорныя капелюшы. Пiсталеты. Нябожчыкi. Буйны план – галава, вочы заплюшчаныя, кроў на скронi, у роце камень. Вялiзная галава ўразiла гледачоў. Усе здранцвелi, i раптам – шум i плёскат вады. Дзеўкi закрычалi. Кiнамеханiк запалiў святло, i ўсе ўбачылi жалезназубую ўсмешку. Хлопец стаяў пасярод хаты з парожнiм цынкавым вядром, узнятым над гэтай самай усмешкаю. «Я табе казаў, падсунься – я сяду? Я цябе папярэджваў, што абалью?» Другi хлопец, ушчэнт мокры, не ўстаючы, зняў з сябе кашулю, выкруцiў i сказаў: «Не падсунуся, хоць ты тут памры». Жалезназубы паставiў каля лавы ў лужыну вядро, дном дагары, сеў i крыкнуў: «Гасi святло. Кiно будзем глядзець». На прасцiне дзейнiчалi мафiёзi. «... баныя дрэнажнiкi!» – «Хто тут вякае?» На экране нехта некага застрэлiў. Хто? За што? Нашто? Разабрацца было немагчыма. Больш у латыгольскае кiно я не хадзiў. Боек, праўда, там не было, як, скажам, у Койданаўскiм РДК, але i фiльм не паглядзiш, бо слаўныя асушальнiкi беларускiх балот, што папрыехалi ў Латыголь з усяго СССР (а можа iншапланетнiкi прывезлi?), сваiмi «жартамi» заглушалi любое дзеянне на экране. Тады я пераканаўся, што тэатр дрэнажнiкаў, што ператваралi балоты ў пустэчы, канкурэнтаздольны нават з iтальянскiм кiнематографам.
Але мы тут пра кiно. Дык у Койданаве кiно паказвалi ў РДК. Першы фiльм, якi я памятаю, якраз i звязаны з гэтым домам культуры. Пустая заля. Я гуляю памiж радоў. Мае бацькi глядзяць на экранную вайну. Фiльм чорна-белы, шырокаэкранны. Помню толькi фiнал. У зале запалiлi святло, i на бляклым экране – шэрая гара, на гары – аголенае дрэва, з-за гары па небе плыве чорны дым. А на вулiцы ўсё яркае i каляровае. А потым я вырас i, вядома, наглядзеўся фiльмаў прыгожых i розных, як сказаў бы газетчык. Але фiльмы паказвалi не толькi ў РДК. На пачатку 60-х у Койданава прыйшлi тэлевiзары. Яны былi дзiвам i збiралi каля сябе штовечар па 15–20 чалавек. «Пайшлi, сходзiм на тэлевiзар». – «Сягоння няма кiно, я глядзела газету». – «Ну i што, паглядзiм фiгурыстаў». Дзецi сядалi блiжэй, старэйшыя далей. Гук уключаўся на поўную моц. «Якiя сцёгны!» Каментарыi атрымлiвалi амаль усе сцэны. «Пакруцяцца, пакруцяцца i ў ложак». – «Яны не муж з жонкаю». – «Ну i што, усё роўна ў ложак». Дзецям гаварыць забаранялася. Тады нават былi фiльмы, перад якiмi дыктарка папярэджвала, што дзецям глядзець iх няможна. Дыктарку я ненавiдзеў. І аднойчы, калi мяне прагналi, я пайшоў у кладоўку i адрэзаў вялiкi кавалак паляндвiцы. Адрэзаў i з’еў там жа, у цёмнай кладоўцы, без хлеба, давячыся салёным духмяным мясам.
Мяне пакаралi, бо паляндвiцу хавалi на свята цi на якую ўрачыстасць. Ну, напрыклад, Бронiк Кiсель з марфлоту на адпачынак прыехаў. Бесказырка. Чуб. Кiцель. Клёшы. Тады i накрылi стол, i чаркi паставiлi, i паляндвiцы нарэзалi. Госцi, шум, весялосць... А нехта вазьмi i скажы, што па тэлевiзары фiльм. Усе ад стала да тэлевiзара. Селi, глядзяць, цiшыня, i раптам чую – нехта храпе. Азiрнуўся, бачу – Бронiк заснуў. Сядзiць на лаве, каля печы, i спiць. Вядома, стамiўся. А ўсе астатнiя глядзяць на экран. І твары ў iх сiнява-шэрыя. Зусiм нядаўна я згадаў тыя твары i жахнуўся, бо ўсе яны адышлi ў лепшы свет, толькi Бронiк жыве. І я доўга не мог заснуць, усё ўглядаўся ў сваiх сваякоў праз дваццаць пяць гадоў. У тэлевiзара трупнае святло. Такая вось грэгерыя прыдумалася, i я супакоiўся.
Згадалася зусiм iншае, ярка-жоўтае святло ў вокнах РДК.
Я глядзеў фiльм-казку пра цара i царыцу. Фiльм скончыўся, мы – дзецi – выйшлi на вулiцу i засталiся чакаць танцы. Самi мы на танцы не хадзiлi, а паглядзець праз вокны, хто з кiм танчыць, хацелася. Звычайная справа. Найвялiкшай ганьбай для койданаўскай дзеўкi было танчыць з салдатам, ну, зразумела, што не з тым мясцовым хлопцам, што, як Бронiк, у адпачынак прыйшоў, а з нетутэйшым. А што нi танцы, дык 5–6 салдат, як з-пад зямлi, у РДК вырастала. І адкуль яны толькi бралiся? Пакураць на ганку, i ў клуб, iх бясплатна пускалi. Усё ж салдаты, iм цяжка служыць. Дзяцей дык фiг пускалi.
Мы на вокнах вiсiм, цiкуем. Якiя спаднiцы i сукенкi круцяцца.
«Ты, фраер лысы, валi адсюль, пакуль пiлоткаю кроў не выцiраеш!» На ганку двое салдат i мясцовы хлопец пасварылiся. Салдат нашаму хлопцу жахнуў за «лысага фраера» так, што той на прыступках звiўся ў клубочак. Салдаты ў РДК зайшлi. Не, каб уцякаць. А хлопец апрытомнеў, заляцеў на танцы i як зараве: «Салдаты нашых б’юць!!!» Што ўсчалося?! Хлопцы як адзiн дзевак пакiдалi i пачалi бiць вайскоўцаў. А тых можа чалавек 20 было. Яны рамянi паздымалi, спражкамi махаюць. Нашы крэслы пахапалi, i з крэсламi на салдат. А мы, таксама разумныя, праз фае, дзе танцы iшлi, прабеглi ў залю, дзе кiно, шуснулi, думалi бясплатна дарослы фiльм глянуць. Дзе там глянеш! Салдаты таксама ў залю адступiлi, бо выхад iм перакрылi. Кiно, вядома, спынiлi. Людзi ў залi пачалi крычаць. Нехта ў экран крэслам кiнуў i прарваў. Адзiн з салдатаў, найхiтрэйшы, на двор выскачыў i ўцёк. Астатнiх збiлi на горкi яблык, як толькi не пазабiвалi. Павыцягвалi нашы хлопцы тых збiтых салдатаў у сквер, пад помнiк Дзяржынскаму, i самi ў клуб вярнулiся.
Каля клуба натоўп назбiраўся, можа, чалавек 150—200. Дзеўкi збольшага паўцякалi, а хлопцаў наадварот паболела. І тут ад банка да РДК дзве машыны, поўныя салдатаў, вырульваюць, а паперадзе мiлiцэйскi газiк. Нехта пазванiў, гад. Натоўп каля РДК завiраваў. Машыны спынiлiся, салдаты павыскоквалi з машын i пабеглi на збой.
Арганiзаванасць вайскоўцаў у першую хвiлiну дала iм перавагу, частка койданаўцаў разбеглася. Але чым далей iшла бойка, тым у горшае становiшча траплялi салдаты. Мясцовыя адступiлi ў клуб, i там бiлi салдат усiм, што траплялася пад руку – бутэлькамi (буфет разнеслi!), скрынямi, крэсламi, калЗмi. «Я лысаму па зубах калком, як у... iзджу. Ён зубы i павыплёўваў, – расказвала на другi дзень Ванька – мясцовая паўпрастытутка, што пра сябе гаварыла толькi ў мужчынскiм родзе. – А потым афiцэрык да мяне падлятае. «Дзевушка, дзевушка...» Я ўсмешачку, i кастэтам яму пад вока як за... андзячу. Лупiў, як толькi мог. Мы б iх ухайдохалi, але тут трэцi кодаб зялёных прывезлi. І яны нас угаманiлi. Але я сваё зрабiў. Пад вока кастэтам як у... iзджу».
РДК месяц рапаравалi, бо зматлашылi ўсё, нават бiблiятэку. Кiно ў Койданаве не было, i ўсе глядзелi тэлевiзары i слухалi прыёмнiкi. Нехта пачуў, як «Голас Амерыкi» перадаваў пра бойку. Людзi абуралiся, што дыктар сказаў, нiбыта бiлася 300 чалавек. Абуралiся, бо паводле мясцовых даных бiлася чалавек 500–700. Потым перажывалi на судзе. Як судзiлi салдатаў, нiхто не бачыў, толькi казалi, што трох пасадзiлi. А з койданаўцаў пасадзiлi двух, таго, што крыкнуў: «Салдаты нашых б’юць!», i хлопца, якi першы пасля крыку ўдарыў салдата. «Крыкуну» далi 5 гадоў, а «Байцу» – 3. «Баец» i стаў адзiнай смяротнай ахвярай той бойкi. За тыдзень да вызвалення яго зарэзалi ў турме – «прайгралi ў карты».
Пасля рапарацыi ў РДК набiлася поўна народу i ўсе замест таго, каб глядзець фiльм, успамiналi бойку. «Я лысаму па зубах калком як заеду!» – ляцеў над заляю Ванькаў голас, i ўсе клалiся са смеху.
Мiнск. 24.I.1990