355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Адам Глебус » Толькі не гавары маёй маме » Текст книги (страница 8)
Толькі не гавары маёй маме
  • Текст добавлен: 1 декабря 2017, 02:30

Текст книги "Толькі не гавары маёй маме"


Автор книги: Адам Глебус



сообщить о нарушении

Текущая страница: 8 (всего у книги 13 страниц)

З засыпанага шклом ложка я ўскочыў, але сварыцца не стаў. Хай лепш бутэлькi разбiваюцца аб сцены, чым аб маю хворую галаву. Паненка неяк угаварыў Дручко легчы спаць, у яго быў талент угаворваць, асаблiва дзяўчат. А мне з Чэхам давялося прыбiраць пакой. Чэх не захацеў класцiся, i мы па пустым праспекце пашыбавалi ў мастацкую вучэльню.

Вахцёрка ўставiла пратэз верхнiх зубоў i, не адчыняючы дзвярэй, прашамкала нам нецэнзурнасцi ў зашклёныя твары. На праспекце запрашальна разявiлiся дзверы цырульнi. Чэх прапанаваў, а я хiтнуў нячэсанай тры днi галавою.

– Маладыя людзi, i цi можна так не глядзець на сваю галаву.

Чэх не расчэсваў i не мыў доўгiя, у сасулькi, валасы, мусiць, месяц. З iм такое здаралася. Бзiк? А можа, сiлу волi i моц духу выпрабоўваў? Ён быў чалавек замкнёны ў сабе. Яго справа. А вось гiпсавая пасмяротная маска Пушкiна i гiпсавая прыжыццёвая маска Генадзя Чэха, што вiселi каля ягонага ложка, мяне раздражнялi, бо на абодвух тварах чырвонай фарбаю былi намаляваныя прышчы. Брыдота несусветная, асаблiва гiдка было глядзець на прышчаватага Пушкiна.

Псаваць гiпсы ў мастацкай вучэльнi было справай гонару. Колькi iх, мёртвых галоў, стаяла на палiцах у кладоўцы, якую ахоўваў адстаўны вайсковец у мышыным халаце – Тырдан. Прозвiшча такое. Ён выдаваў iх пад роспiс старасты групы. І бедныя старасты расплачвалiся з Тырданам за адбiтыя насы i вушы, за размаляваныя вочы i вусны. Венеры, Сакраты, Давiды, Вальтэры, Гатамелаты, гудонаўскiя торсы без скуры, галовы лупавокiх коней... Гiпс – сiмвал мастацкай вучэльнi. Мёртвы акадэмiчны матэрыял! Ад яго зыходзiць эфiрны халадок смерцi. Што можа быць больш антыэстэтычнае за гiпсавую галоўку Неферцiцi? Хiба што толькi маска Апалона.

А былi ж, былi аматары маляваць гiпс. Не, не шары i пiрамiды з торамi, а менавiта галовы i торсы. Іх натхняў мастак-спартсмен Луцэўскi, загарэлы, караткастрыжаны, жорсткi. Ён патрабаваў на праглядзе ставiць двойкi ўсiм, хто не любiў маляваць гiпсы, а потым ехаў на ровары займацца каратэ, прынцыповы чалавек. Толькi ў нашай групе ён не выкладаў, i мы не любiлi гiпсавага раба Мiкеланджэла. У знак пратэсту я чырвонай фарбаю пакрыў рабскi чэлес i машонку. Луцэўскi вiшчаў.

– Знайсцi i выгнаць, выключыць без права аднаўлення!

Як жа, знойдзеш... А каб хацелi, маглi б i знайсцi. Малюю блакiтныя вочы гiпсавым галовам, i гiпс – жывы. Быў жа такi вершык, змешчаны на старонках «Маладосцi» пад маiм набычаным фотаздымкам. У маладосцi я чамусьцi, калi хацеў зрабiць сур’ёзны выгляд, набычваўся, як набычваўся i ў цырульнях.

З-пад iлба я глядзеў, як абстрыглi маю i Чэхаву галовы «пад нуль». Пагладжваючы i пачэсваючы нязвыкла круглыя галовы, мы вярнулiся ў вучэльню.

За практыку i я, i Генадзь атрымалi пяцёркi. Хоць пра эцюды лепш не згадваць, звычайная брудна-зялёная алейная фуза на маленькiх кардонках i палотнах. Кусты, дрэвы, хаты, царква, каза, конь... Не пiшыце светлыя нябёсы. Гляньце, каза ўсё ж святлейшая за аблокi. П’яненькi Кiм Тодаравiч тыцкаў канцом алоўка ў бок недаравальна белага казляняцi, таму на большасцi эцюдаў неба атрымалася свiнцовае, а дробная i буйная рагатая жывёла – гiпсавая.

Іншыя эцюды мы прывезлi з Раўбiчаў пасля трэцяга курса. Замест Кiма Жэрдкi нам прызначылi ў выкладчыкi Галiну Гласаву – мастачку-маржа. Ранiцамi, да заняткаў, Гласава ў любое надвор’е бегла на рэчку i апускала сваё неабдымнае цела ў хвалi Свiслачы. Яе сувязi ў спартыўным свеце i дазволiлi нашай групе пасялiцца ў Раўбiчах, у двухпавярховым акуратным гатэлi, вокны якога пазiралi на высозныя лыжныя трамплiны i на шыкоўны, пад чырвонай дахавiцаю, другi гатэль – для абраных. Гласава, вядома, – абраная, жыла пад яркай дахавiцаю, а мы, неабраныя, пад руберойдным пляскатым дахам. Праўда, абедалi мы разам у рэстаране, ва ўтульнай зале з камiнам i дубовымi сталамi. Мурзатыя афiцыянткi нас не любiлi, але трывалi, як не самае вялiкае зло на свеце. Мастакi – не трактарысты, якiя часам завiтвалi пасмактаць пiва ў рэстаране для абраных. За сталы трактарыстаў не садзiлi, яны, стоячы ў фае, смакталi сваё пiва з рыльца i незадаволена паглядалi на нас. А мне было з найвышэйшай трамплiнавай прыступкi напляваць на хабёльскую незадаволенасць раўбiцкiх пралетарыяў. Я iх не хацеў бачыць i рабiў выгляд, што не бачу i не чую народных жартаў.

– Любка, а цi праўда, што мастакi ўчора каля рэчкi тваю голую дупу малявалi?

– Ты ў мяне пiва папросiш. Сцыкунамi сваiмi апахмелiшся заўтра...

Каля рэчкi мы малявалi, але зусiм не аголеную афiцыянтку Любу, мы пiсалi партрэт асветленага сонцам бадзягi па мянушцы Кiлiм. Ён прыбiўся да нашай групы ў Мiнску. Жыў Кiлiм без пашпарта. На якiя грошы? Нiхто не ведаў. Пасялiўся ў iнтэрнаце. Дзяўчаты яго шкадавалi, а ён iх бiў. Свеце Цыпко, якая папрасiла яго на вулiцы, каля дваццатага гастранома, вярнуць пазыку, Кiлiм надзеў на галаву сметнiцу, поўную недакуркаў i пляўкоў. Такi быў Кiлiм. А з хлопцамi ён не канфлiктаваў з-за слабага здароўя. Кiлiмава мацi пiсала з Берасця ў мiнскiя вайсковыя камiсарыяты, каб сына забралi ў салдаты, а камiсары не маглi знайсцi Кiлiма. Хто ж здагадаецца, што прызыўнiк працуе натуршчыкам у Раўбiчах i сумленна па тры гадзiны ў дзень сядзiць каля рэчкi? Увесь астатнi час Кiлiм лавiў рыбу i прыставаў да нашых дзяўчат.

Яму адмовiлi ўсе, акрамя Марыны Шурман. Пра iх палавы кантакт нiхто б i не ведаў, каб не пiльнасць Агафончыка, якi, выйшаўшы на вечаровую прабежку, вымушаны быў спынiцца на мосце праз чыстую, нават ракi вялiся, рачулку без назову. Марына Шурман упiралася рукамi ў парэнчы i вохала, яе аголеныя ногi былi шырока разведзеныя, а на белых клубах цямнелi загарэлыя лапы Кiлiма. Агафончык схапiў каханка за кашулю на спiне i адарваў яго ад Марыны. Тая апусцiлася на каленi i заплакала.

– Мы... Яна сама ўгаварыла... Я з гэтай малпай не хацеў!

Кiлiм пераступаў нагамi ў спушчаных нагавiцах. Змагар за сацыяльную чысцiню палавых зносiн пабiў Кiлiма. Страцiлi ўсе. Група згубiла натуршчыка. Жахлiва непрывабная Марына Шурман – пацучыныя зубкi, тонкiя ножкi i шырачэзны пляскаты азадак, чырвоныя i падслепаватыя вочы – страцiла каханка. Мусiць, таму па вяртаннi ў Мiнск яна завяла кабеля-баксёра i наталяла страсцi садомiяй. А сам Агафончык, сапсаваўшы трэнiроўку, цэлую ноч не мог заснуць, садзiўся на ложку i гаварыў на ўвесь пакой.

– Амаральна! Я на такое глядзець не магу! На мосце! А ўсiм – усё роўна. Гвалт! Разбэшчанасць!

Хлопцы маўчалi. Нiхто не хацеў чапаць дурненькага, чыя творчая кар’ера скончыцца на керамiчнай фабрыцы, дзе Агафончык будзе рабiць бiдэ i унiтазы. На ўсё воля Божая. Мяне зусiм не кранулi гэтыя страты. Партрэт Кiлiма ў пiлотцы я скончыў па памяцi. Вiнныя iм пяць рублёў спiсаў на ўласную разяватасць. А з Марынiных слёз пасмяяўся разам з Сiўчыкам, можна было пасмяяцца i з Чэхам, i з Паненкам, але яны не паехалi ў Раўбiчы. Яны пацягнулi свае палотны ў родныя вёскi да дзядоў. З астатнiмi аднагрупоўцамi смяяцца над брыдкай сiтуацыяй было небяспечна.

Ну, хiба можна было смяяцца разам з Кулiкоўскiм – сквапным кабанчыкам, якi мог набыць у кнiгарнi танны альбом Пабла Пiкасо, а потым тры днi чакаць, каб той альбом раскупiлi, каб павыхваляцца – у мяне ёсць, а ў вас няма i не будзе. Што да Пiкасо, яго я палюблю пазней; а на практыцы пасля трэцяга курса я захапляўся Эдвардам Мункам, хваравiтым скандынавам, з чыiх палотнаў здзiўлена пазiралi на свет твары тапельцаў. Я спрабаваў падрабляцца пад халоднага паўночнага экспрэсiянiста, маляваў азёры i нявест у блакiтных доўгiх сукенках, маляваў бясколерную Жанну Шук, яе блякла-шарыя вочы i доўгую шыю. У маiх эцюдах панавала маркота i меланхолiя. Бадзёрай Гласавай мае пошукi не падабалiся, але яна абмяжоўвалася выразамi «фармальныя пошукi» i «юначы песiмiзм». Яна не чапала мяне, i дзякуй ёй за гэта. Дзякуючы Гласавай, я даведаўся, што ў мiнскiм тэатральным iнстытуце вучыўся Алег Цалкоў, чые морды-дупы ўсхвалявалi нават парыжскiх калекцыянераў. За пляшкамi чырвонага сухога вiна, якiх накуплялi з нагоды заканчэння практыкi, Гласава i расказала пра Цалкова. Ён вучыўся з Галiнай у адной групе, на аддзяленнi станковага жывапiсу.

Цалкоў насiў пад пахаю французскi альбом з рэпрадукцыямi Ван Гога i ўсiм тыцкаў яго пад нос. Вось як трэба пiсаць! Шышкiн i Рэпiн – iдыёты! Алег пiсаў пад Ван Гога – i яго выгналi з мiнскага iнстытута пасля другога семестра. А самае дзiўнае не гэта. З Цалковым адразу было ўсё ясна i зразумела. Разам з Алегам у наш iнстытут паступiў яшчэ адзiн масквiч – цiхi хлопчык Ігарок. Ён хадзiў у Цалкова за ад’ютанта, але на працах гэтае сяброўства зусiм не адбiвалася. У Ігарка былi крэпенькiя акадэмiчныя пастаноўкi i чацвёрачныя малюнкi. Ігарок скончыў iнстытут i вярнуўся ў Маскву.

– Я не бачыла яго гадоў пятнаццаць, а тут раптам сустрэла на вулiцы Горкага каля рэстарана «Валдай». Да мяне падышоў салiдны з сiвой барадой джэнтльмен у шэрым строi. «Галя? Няўжо не пазнаеш?» Пазнаць цiхага Ігара было проста немагчыма. Быў хлопчык, даволi бяздарны хлопчык, а тут еўрапейскi дыпламат, не менш. «Я – Ігар. Мы ж разам шэсць гадоў правучылiся». Зайшлi ў «Валдай», i ён за каньячком расказаў, што жанiўся з нашай агульнай знаёмай, натуршчыцай Ірэн, што ўвесь сацыялiстычны рэалiзм ён забыў i малюе фантастычныя краявiды, прадае iх замежнiкам, купiў майстэрню i «Мерседэс», а цяпер думае перабрацца, як i Цалкоў, у Парыж.

Мы ўсе слухалi i, разявiўшыся, глядзелi на Гласаву, пiлi сухое вiно i закусвалi «пыжамi» – кулiнарнае вынаходнiцтва Галiны. Звараныя ўкрутую яйкi абiраюцца i разразаюцца роўненька напалам. Жаўток вымаецца, у лунку накладаецца гарчыца i накрываецца жаўтком. А ў роце адбываецца бабах. Можа, ад кiслага вiна, можа, ад гарчычных бабахаў, а хутчэй за ўсё – ад аповедаў пра Ігарка i Алега ў мяне разбалеўся страўнiк. Усю апошнюю ноч у Раўбiчах я прасядзеў на унiтазе пад фiялетавай лямпачкай, другiх у пакаёўкi не знайшлося. У прыбiральнi i скончылася мая трэцяя практыка.

Калi хочаш, я магу расказаць i пра першую практыку, толькi яна менш рамантычная, бо праходзiла на ўскраiнах Мiнска. Адзiным заданнем, якое паставiў перад намi сухенькi акуратненькi мастак-плакатыст Трахiм Ігнацэвiч, было маляванне акварэллю камля. За два днi я вымаляваў сасновую кару на невялiкiм аркушы, атрымаў ухваленнi Ігнацэвiча i заняўся сваiмi ўлюбёнымi аб’ектамi: старымi хатамi i хлявамi, брамамi i платамi, а таксама бульдозерамi, трактарамi i экскаватарамi. Любоў да вялiкiх землекапалак праявiлася ў гiперрэалiстычным вымалёўваннi ўсiх зубоў на вялiзным каўшы. Экскаватар стаяў пасярод поля, на беразе свежай канавы. Канава пясчаным шнарам рассякала зялёную прастору, на ўскраiнах якой з аднаго боку бялелi цукровыя кубiкi новабудоўлi раёна Зялёны Луг, а з другога – шарэлi дахi асуджанай на знiшчэнне вёскi.

Жанчыну я згледзеў ужо на паўдарозе ад новабудоўлi, яна бегла праз поле, трасучы цяжкiмi сумкамi. Яе твар быў белы i перакрыўлены цi то злосцю, цi то пакутаю. Мой сполах ператварыўся ў цiкаўнасць, калi ў правай руцэ замест алоўка апынуўся важкi камень. Жанчына даляцела да экскаватара, пакiдала сумкi каля блiскучага каўша i толькi тады ўгледзела мяне.

– А-а-а, глядзi! Я сраць хачу!

I не паспеў я адвярнуць галавы, як яна ўскiнула спаднiцу, сцягнула майткi i, сагнуўшыся, нават не сеўшы, абрадавала наваколле траскучымi, нiбыта нехта ламаў сухое дрэўца, гукамi.

З каменем у руцэ i планшэтам пад пахаю я хутка пайшоў у бок вёскi. Малюнак давялося скончыць па памяцi, вяртацца да экскаватара не хацелася. Трахiм Ігнацэвiч, праўда, сказаў, што малюнак занадта схематычны i варта было б папрацаваць над iм. Але ж я не мог расказаць пра жанчыну, у якой схапiў жывот. Трахiм быў чалавек тактоўны, ён не прымаў iрацыянальнага ў жыццi i мастацтве. Для яго iснавалi пэўныя каноны, якiя нiхто не меў права парушыць.

Цень на самай белай рэчы заўсёды цямнейшы за святло на самай чорнай! Цень, якi падае, цямнейшы за ўласны цень! Памiж святлом i ценем, нават на гiпсавым шары, ёсць канкрэтная вызначальная мяжа! Кантраст памiж святлом i ценем слабне ў залежнасцi ад аддаленасцi аб’екта! Паралельныя лiнii ў перспектыве сыходзяцца ў кропку!

Пералiчыць правiлы, якiя Трахiм Ігнацэвiч убiў мне ў галаву на занятках па малюнку, я не адважуся, бо замест аповесцi пра пачуццё гiдкасцi атрымаецца падручнiк «Як навучыць маляваць». Калi я кажу, што правiлы мне «ўбiлi» ў галаву, дык маю на ўвазе, што ў Ігнацэвiча была звычка пастукваць алоўкам, ён гаварыў i пастукваў, гаварыў цiха i стукаў зусiм цiха-цiхенька. Ён стукаў па планшэтах, папках, сценах, зэдлiках, мальбертах, гiпсавых кубах i пiрамiдах... Тук-тук-тук... Трахiм Ігнацэвiч пастуквае алоўкам, на ягоным сухiм жоўтым запясцi сiнее вытатуiраваны ў канцэнтрацыйным нямецкiм лагеры нумар. Тук-тук-тук... Ігнацэвiч скончыў мастацкi iнстытут у Вiльнi. Ён вучыўся з вядомым лiтоўскiм графiкам Красаўскасам.

– Красаўскас быў заўсёды знерваваны. Ён таму i плаваннем заняўся, каб нервы супакойваць. Стаiм з iм, на практыцы, пiшам эцюды. Поле, дрэвы, касцельныя вежы... Падыходзiць пастух. Во, i падобна выходзiць, як у жыццi. Красаўскас зрывае аркуш з планшэта, шкуматае, iрве на дробныя кавалкi, топча... Пастух пудзiцца, уцякае. У Красаўскаса нервы слабыя.

Тук-тук... Ігнацэвiч Трахiм Дзянiсавiч памёр улетку. Зусiм выпадкова я зайшоў у Палац мастацтва i ўбачыў ягоную вальтэраўскую ўсмешку, забраную чорнай тлустай рамкай. Блага, калi выкладчыкi памiраюць на пачатку лета, усе студэнты на практыцы, i няма каму правесцi iх у апошнi шлях. І робiцца млосна, калi пачуеш...

– Тут адзiн памёр, ты яго не ведаеш, але, можа, пастаiш каля труны. І на кветкi, пакладзi, быццам знак павагi.

Усё гэта непрыстойна, як i ўвесь Палац мастацтва, як i ўсе, хто там працуе, – непрыстойныя, як i ўсе, хто вывешвае на мёртва-гiпсавых сценах свае мёртванароджаныя карцiнкi, – гiдкiя.

Божа, даруй беларускiм мастакам грахi. Асвяцi iх святлом сваiм! Растлумач iм, што цень на саборным крыжы цямнейшы за святло на труне. Малюся за iх, бо люблю iх. І малю Цябе, стваральнiк сусвету, даруй iм, бо не ад сатаны памылкi iхнiя i няздатнасць iхняя, а толькi ад неразумнасцi, наiўнасцi ды бязмежнай тупасцi! Аман!

Тук-тук... Тук-тук... Менавiта алоўкам я пастукваў у касаватае акенца карчмы «Шынок у Лявона». Была гарачыня, я вяртаўся з працы дамоў праз Камароўскi рынак. І мне захацелася з’есцi шашлык. Дым i водар смажанiны над стракатым натоўпам, што ўсё набывае i ўсё прадае. Куплю валюту! Прадаецца падстаўка пад тэлевiзар. Кава замежная. 100 г – 100 р. А мне захацелася мяса. Страўнiк сцiснуўся i падпоўз пад сэрца. Давай есцi! Давай жэрцi! Мяса, мяса, мяса хачу! У рабрысты сподак блiскучымi ад сала пальцамi мне паклалi мясных камякоў. Трэба хвалiць тое, што ясi! Цудоўнае, сакавiтае, добра прасмажанае... І пякоткi не будзе, ад полiўкi я паспеў адмовiцца. У гандляркi шашлыкамi тоўстыя лыткi ў рагах гразi. Павярнуўся ў другi бок i разглядаў вiтрыны мэблевай крамы.

– Смак дзiўны!

– А ў мяне адны жылы!

Суседзi па стале – пралетарыi. Іх не навучылi хвалiць тое, што ясi. А мяне навучылi, i таму я...

Няма дрэва, каб пастукаць i не сурочыць. Смак сапраўды дзiўнаваты, салодкi... Шпурляю сурвэтку на зямлю, а мог i ў сметнiцу. Маленькае паскудства. А вось i вялiкае: жабрак сядзiць на прыступках падземнага перахода, грэецца на сонцы, падкасаў нагавiцы i нiбыта крычыць... «Глядзiце ўсе на мае распухлыя ногi ў гнiлых струпах! Я не магу хадзiць! Я – iнвалiд! Гной цячэ ў мае чаравiкi! Грошы давай, беларускiя, расейскiя, амерыканскiя – усе давай!»

А я наеўся чалавечыны! Блiскавiца працяла патылiцу. Дакладна. Паскудзiна з бруднымi лыткамi накармiла мяне вялым чалавечым кумпяком. У яе такiя востранькiя iклы i шырачэзны рот. Такая ўсё зможа. Разбярэ мужчыну, як кабана, i не скрывiцца. Трэба дэзiнфекцыю правесцi. Спiрт толькi лiтрамi, таму гарэлка, сто грамаў, больш чым дастаткова.

Вось i «Шынок у Лявона», тук-тук-тук... Квiток за сорак рублёў, i я ў прахалодных сутарэннях. Гарэлкi няма, ёсць каньяк. Даплачваю i праводжу санiтарную апрацоўку вантробаў. Хух, можна супакоiцца, пасядзець на лаўцы за аблiтым пiвам сталом i згадаць Галiну Гласаву. У апрацаванай спiрытусам свядомасцi ўзнiклi белыя i краплачныя нацюрморты нябожчыцы Гласавай. Як хутка мае настаўнiкi адышлi за чорную мяжу! Але п’янаму лягчэй i нават прыемна згадваць нябожчыкаў. Вось i Гласава з яе нацюрмортамi, якiя некалi даўно вiселi на сценах «Шынка ў Лявона» i радавалi нецвярозых мiнчукоў i гасцей сталiцы. Гладышы. Кветкi. Гронкi арабiны. Ручнiкi з узорамi, крыжамi i пеўнямi. Дзе яны? У цвiлых складах, за слiзкiмi скрынямi з-пад гнiлых памiдораў? Гэта ў горшым выпадку. А можа, нацюрморты Гласавай пасля спiсання ўпрыгожваюць сцiплы дамок на лецiшчы дырэктара «Шынка ў Лявона», якога, даю гарантыю, не завуць Лявонам, бо ў набрынялым расейшчынай Мiнску ён можа быць толькi Леанiдам. А хутчэй за ўсё, нацюрмортаў няма, яны аблушчылiся i абляцелi, як букеты ў цёплым пакоi. Яны толькi ў маёй маладосцi засталiся яркiя i лакiраваныя, свежыя i жывыя. У тых гадах, якiя вызначылiся словам «гiдлiвасць».

Ты сама прасiла расказаць, i споведзь будзе няпоўнай, калi не згадаць яшчэ два выпадкi, якiя я стамiўся насiць у сабе.

Мяне калоцiць, калi ўспомнiцца даглядчыца з дзiцячага садка. Як я ненавiдзеў яе! Даглядчыца цягала за сабою цэлыя аблокi смуроду: вострае тхненне хлоркi, лiпучы дух закарэлага посуду, саладжавая пякучасць распушчанай у вадзе гарчыцы... Пакамечаны халат, упрыгожаны бурачковымi плямiнамi ад вiнегрэту, сядзеў на ёй коса. Мусiць, гузiкi прышывалiся не на тое месца. А здаралася, што даглядчыца наогул не зашпiляла халат. Тады памiж заплямленых маннай кашаю фалдаў ружавела бруднаватая сарочка, пад якою цямнела ў мiжножжы валасяное пакрыццё. Каламутныя, зусiм без зрэнак, вочкi ўвесь час за кiмсьцi сачылi, некага падпiльноўвалi, яны ўвесь час круцiлiся, як маленькiя глобусы мёртвых планет, на шырокiм фактурным тварку, пабiтым струпкамi. Але самае агiднае было бачыць не зеленкаватыя галоўкi воспiнак, а вялiзны апёк на караткапальцай руцэ. Ад самай далонi i па локаць рука даглядчыцы нагадвала самаробную сялянскую каўбасу, нiбыта нехта сквапны напхаў у танюткую плеўку кiшкi аднаго сала.

– Хто не спiць? Павярнуцца ўсiм на правы бок! Адам Глобус i Васiль Шыш-Дударга зараз пойдуць стаяць у прыбiральнi!

I мы стаялi на скразняку ў дашчанай прыбiральнi, каля аднапавярховай раўбiцкай сярэдняй школкi. О, гэта ж тыя самыя Раўбiчы! Так, тыя самыя, куды наш садок вывозiлi на лета. І дзе за тое, што не спiш, мусiў стаяць басанож у прыбiральнi. Васiлю Шыш-Дударгу пашанцавала – ён падхапiў запаленне лёгкiх, i яго забралi бацькi. А я застаўся давiцца маннай кашай у Раўбiчах, застаўся, каб прачынацца ад слоў даглядчыцы.

– Хто не спiць?

Застаўся, каб хаваць за шчакою варанае сала, бо даглядчыца правярала талеркi.

– Хто не з’есць, не ўстане з-за стала!

I як жа карцела, хай толькi выйдзе ў другi пакой, ускочыць на стол з нагамi, i як потым не хацелася тлумачыць мацi, чаму ад мяне патыхае хлоркай i прыбiральняй.

– Хто не спiць?

Я не сплю. Я позна кладуся, я позна ўстаю, бо люблю начны Мiнск, пусты i чысты, вымыты i падмецены. Самае вялiкае смецце ў горадзе нясе з сабою пасажыраплынь у час пiк. А ўночы яны спяць, яны паслухмяныя, iх навучылi з’ядаць варанае сала, спаць на правым баку, паважаць выхавацеля, старшыну, старшыню, загадчыка, начальнiка i камандзiра. А мяне навучылi стаяць у прыбiральнi i не гiдзiцца, калi астатнiх ванiтуе. Мяне навучылi любiць ноч. А гаварыць тое, што думаю, я навучыўся сам, бо заўважыў – можна апавядаць пра самыя вясёлыя рэчы i выклiкаць сум, а можна гаварыць пра непатрэбшчыну i будзе цiкава слухаць.

Толькi цяпер гаворка пра iншае пачуццё.

Згадалася пра гiдкасць востра i нечакана, калi ўночы праходзiў паўз кафедральны касцёл, упрыгожаны бел-чырвона-белымi сцягамi ды харугвамi з Iсусам ды Божай Мацi. У гэтым будынку яшчэ школьнiкам я займаўся вольнай барацьбою. Заняткi праходзiлi на самым верхнiм, дабудаваным паверсе. У майго аднакласнiка, Барыса, падчас трэнiроўкi ад вялiкай напругi пачаў вылазiць з рота даўжэзны глiст. Спачатку паказаўся самы кончык. Мы абступiлi Барыса, бо не ўцямiлi, што з iм робiцца. Чаму гэта ён на карачках папоўз з барцоўскага кiлiма? Барыс рукамi выцягнуў белаватага чарвяка i шпурнуў на дашчаную падлогу, побач з сiнiм кiлiмам. Пасля з’яўлення глiста народу Барыс саромеўся хадзiць на вольную барацьбу i запiсаўся ў секцыю бокса. Баксёры трэнiравалiся ў тым жа будынку, толькi на першым паверсе.

Можа, таму з усiх чатырох мiнскiх касцёлаў ты незалюбiла менавiта кафедральны. У iм яшчэ доўга будзе смярдзець спартсменавым потам...

Ракаў. 7.VII.1992


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю