355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Адам Глебус » Толькі не гавары маёй маме » Текст книги (страница 12)
Толькі не гавары маёй маме
  • Текст добавлен: 1 декабря 2017, 02:30

Текст книги "Толькі не гавары маёй маме"


Автор книги: Адам Глебус



сообщить о нарушении

Текущая страница: 12 (всего у книги 13 страниц)

Замест просценькiх слоў пра знаёмства, мой розум поўнiўся нейкiмi абракадабрамi... Кароль – гэта карлiк сярод багоў. Побач з карлiцаю я цудоўна выглядаў бы ў вясельным строi. І яна, карлiца, выдатна глядзелася б у белым вэлюме. На якое iмгненне я ўявiў сябе i гарбаценькую наглядальнiцу на месцы жанiха i нявесты, што выходзiлi з вiленскага баракальнага сабора Пятра i Паўла. Нешта гнюснае, кiношнае, фелiнеўскае было ў выхадзе маладых на цвiнтар, запоўнены мужчынамi ў цылiндрах i жанчынамi ў ядвабных сукенках. Маё ж сапраўднае джутавае ўбранне нiяк не стасавалася анi з вяселлем, анi з каралямi i карлiкамi. У дадатак на мне не было нi плавак, нi майткаў: хiповая мода 70-х. Я яшчэ пашкадую, што не апрануў плаўкi, але пазней.

У музеi я здолеў выцiснуць са скутага горла куртатае i заiкастае запрашэнне ў кавярню. Пашанцавала – Агi прыняла прапанову. Мы выйшлi на палацавы ганак Рускага музея i папалi ў залеву. Я не настолькi добра ведаў Ленiнград, каб адразу ж знайсцi кавярню. Мокрыя ўшчэнт, мы нарэшце апынулiся ў задушным, бiтма напакаваным бары.

Я ўжо ведаў: спадарожнiцу можна называць менавiта Агi, яна з Венгрыi, вывучае расейскую i ангельскую мовы ва унiверсiтэце, больш як месяц яна пражыла ў Ленiнградзе i праз тыдзень збiраецца вярнуцца дамоў.

Не так i мала за паўгадзiны размовы на каструбаватай расейскай мове, якую добра-такi прыпраўлялi беларускi i венгерскi акцэнты. Пра сябе я таксама тое-сёе выклаў. Толькi адразу скажу: я не з тых, хто любiць падмазваць аўтапартрэт ярчэйшымi фарбамi, мяне цалкам задавальняе сапраўднае аблiчча. Да прыкладу, я маладзейшы на два гады за Агi, ёй – 21, а мне – 19.

І што? Гэта ж не перашкодзiла ў бары замовiць пляшку сухога вiна i салату «Алiўе». Праўда, сiвая афiцыянтка насварылася на нас, але не з-за рознiцы ва ўзросце. Агi дастала грабеньчык i, паправiўшы сваю фрызуру, пачала расчэсваць мае доўгiя, па плечы, непаслухмяныя лахманы. За першым iнтымным заняткам i заспела нас сiвая Баба-Яга:

– Што вы мне тут свае вошы на стол вычэсваеце?!

Я злавiў Агiну руку з грабеньчыкам i моцна сцiснуў тонкае запясце. Не ведаю, што падумала венгерка, але нi яна, нi я Бабе-Язе не адказалi.

Агi дастала з валiзкi вялiкi пачак папяровых насовак, выцерла твар i адну насоўку прапанавала мне. Я таксама прамакнуў лоб i, склаўшы, схаваў паперчыну ў кiшэню. Агi здзiвiлася... Нашто хаваць у кiшэню выкарыстаную, мокрую i брудную насоўку? Негiгiенiчна! Я паклаў скамечаную папяровую хустачку ў попелку i не стаў удакладняць, цi трапляюцца на свеце такiя венгры, што носяць у кiшэнях свае соплi i пот. Ад задухi, ад вiна, ад блiзкай прысутнасцi вельмi жаданай дзяўчыны мяне забраў хмель, i замест весялосцi ды бадзёрасцi агарнула млявасць. Я ленаваўся нават варочаць языком. Мы выйшлi з бара ў чорны i люстранiсты пасля залевы горад. Агi спынiла таксоўку i пакiнула мяне, паабяцаўшы заўтра абавязкова прыйсцi а 12-й да Эрмiтажа i чакаць каля мармуровых атлантаў. А я павалокся на тралейбус, каб даехаць да кiнатэатра «Масква» i сказаць мапасанаўскай Пампушцы, што закахаўся з першага погляду ў венгерскую дзяўчыну Агi Ляхоцкi.

* * *

Дарагi таварыш Адам! Чаму Вы так доўга не паведамлялi пра сябе?

Добры дзень.

Гэта зноў я, венгерская дзяўчына, ты яшчэ павiнен мяне памятаць. Так? Ну, добра...

Маё жыццё робiцца з кожным днём усё больш складанае, як ты ведаеш, наблiжаецца сесiя з яе залiкамi ды iспытамi. Але шмат працы не толькi ў мяне, а i ў Дзеда Мароза. У Венгрыi яго называюць Мiкулаш. І прыходзiць ён 6 снежня з неверагоднай колькасцю падарункаў.

Праз дзве гадзiны я еду дадому, у Татахозу, каб даведацца, што Мiкулаш прынясе мне. Спадзяюся, ён будзе вельмi багаты i вельмi шчодры.

Сёння я атрымала твой лiст i парадавалася – ён прыйшоў не ў змрочны, а ў сонечны яркi дзень.

13 снежня ў мяне будзе першы iспыт, здавацьму гiсторыю фiласофii, дзякуй Богу, да Карла Маркса. Як табе падабаецца маё парадаксальнае спалучэнне?

У гэтай сесii толькi тры iспыты. Другi будзе па граматыцы расейскай мовы. Нарэшце разбяруся i выберуся з нетраў бясконцых правiлаў i выключэнняў. Трэцi – ангельская лiтаратура стагоддзя. Думаю, ты не пакрыўдзiшся, калi пачуеш, што расейская, як i ўся савецкая белетрыстыка, значна прайграе ангельскай i амерыканскай лiтаратуры. На iспытах, вядома, я пра такое адкрыццё забудуся сказаць. Венгерская дзяўчына мае права нешта не сказаць? Праўда, таварыш Адам?

Калi пашанцуе i не скажу тое, што думаю, дык 5 студзеня буду вольным чалавекам.

І яшчэ, зусiм забыла табе сказаць, што ў нас будзе вялiкае свята – Каляды, 24–25 снежня. У нас Каляды лiчацца большым святам за Новы год. На Каляды, як i на Вялiкдзень, збiраецца ўся сям’я, i кожны дорыць падарункi ўсiм астатнiм. Уявi сабе, колькi з’яўляецца розных падарункаў на святочным стале.

Мне хочацца напiсаць табе шмат усяго рознага, толькi няма часу. Я i рэчы не спакавала, i трэба збегаць у душ. Як толькi збiраюся некуды ехаць, дык у мяне пачынаюцца клопаты. Так што ў душ я павiнна патрапiць абавязкова.

Прабач, мой мiлы таварыш, я болей не пiшу. Жадаю табе весялосцi!

Да пабачэння!

Р. S. Засталося меней за дзевяць месяцаў да нашай сустрэчы! Дачакаемся?

Сегед. 1976. Снежань. 4.

Агi.

* * *

Уночы я амаль не спаў, ляжаў на рыпучым фатэлi i думаў пра Агi. Успароўся недзе а 6-й i пешкi прыйшоў да чорных атлантаў. Цяжка ўспамiнаць пра тыя чатыры гадзiны, што давялося перачакаць каля блiскучых, як бiтумная смала, асiлкаў. Я ж нават гаварыў з iмi, казаў, што гэта глупства – каханне з першага погляду, я ў любы момант магу ўзяць i сысцi. Адыходзiўся на сто крокаў i вяртаўся. Выслухоўваў кпiны чарнатварых, як шахцёры, атлантаў i зноўку адыходзiў на сто крокаў. Я быў упэўнены на сто працэнтаў, што Агi прыйдзе, што яна не забылася i не пераблытае месца i час, што Агi абавязана прыйсцi. А ў галаве тоўпiлiся дурныя пытаннi... А хто яна такая? I чаму яна павiнна прыходзiць на сустрэчу са мной? Цi мала хто каму што абацяе? Вось i я абяцаў Валодзю Бортнiку, што разам пойдзем у Эрмiтаж. І не пайшоў. Дарэчы, можна пайсцi ў Эрмiтаж, падняцца на трэцi паверх i паглядзець на «Трох жанчын» Пабла Пiкасо, на iхнiя драўляныя афрыканскiя цыцкi i похвы, на загарэлыя рукi i вострыя локцi. Можна ўважлiва паразглядаць ружованосых прасталытак, намаляваных жалезнай рукою Жоржа Руо. А можна апусцiцца на другi паверх у залу Рэмбранта ван Рэйна i пастаяць каля цялеснага цеста, з якога вялiкi галандзец вылепiў Данаю.

Можна... А мусiць, нельга было. Я нiкуды не iшоў. Чакаў! Я быў навязаны ланцугом кахання з першага погляду. Дачакаўся! І... Мiгдаловы горкi пах... Праўда, крышачку пазней я пачуў водар духоў, бо заўважыў – пад майкаю няма станiка. Вострыя грудзi ўздрыгвалi, клiкалi, вабiлi. Эрэкцыя не заўсёды дарэчы. Давялося прыкрывацца тэчкаю з аркушамi для накiдаў. Хоць у чымсьцi мастакоўскiя прылады ў той дзень па-сапраўднаму прыдалiся. Распусная гiпотэза яшчэ болей напоўнiла плоццю мае клятчастыя, гарчычнага колеру нагавiцы...

А што ў яе там, пад джутавай спаднiцаю? Калi няма станiка, дык i майткаў можа не быць... Майткi былi чырвоныя, карункавыя, паўпразрыстыя. Але пра iх я даведаўся не каля Эрмiтажа, а ў Пецяргофе. На ленiнградскiх вулiцах са сваёй, хай i прыхаванай эрэкцыяй я пачуваўся няўтульна, таму даводзiлася зварочваць у скверыкi i бязлюдныя завулкi. Самi таго не плануючы, мы апынулiся на ўзбярэжжы Нявы каля белага катэра, якi запрашальна пагойдваўся на брудных зеленкаватых хвалях. «Хто жадае здзейснiць падарожжа ў казачны горад Пецяргоф, ласкава запрашаем на наш катэр на падводных крылах!..» Нешта падобнае выкрыкваў праз серабрысты мегафон даўгалыгi хлапчына ў белай апагоненай кашулi i чорнай абкукарджанай фуражцы. Я хацеў, жадаў i прагнуў, але не ў горад-казку, не да палацаў i фантанаў; я думаў, як знайсцi зусiм цiхае i бязлюднае месца, дзе не будзе гнюсных, цiкаўных i прагных вачэй. Я быў упэўнены, што ў Пецяргофе болей дрэваў i кустоў, чым у Ленiнградзе. І мяне паклiкалi шаты, хмызы i кусты, да якiх нас павёз вуркатлiвы катэр на падводных крылах.

Я сцiскаў вузенькую прахалодную далонь Агi ў сваёй гарачай ад жадання руцэ. І раптам яе далонь вырвалася, так вырываецца з кацiных кiпцяў птушка – рэзка i ўгору. Агiна рука ўзляцела i затрапяталася ў пругкiм i сiнiм паветры. Як усё ж такi добра, калi жанчына даглядае сябе i пад мышкаю няма потнай барады. Агi вiтала сустрэчны катэр. Яе шчырасць i непасрэднасць змусiлi мяне засаромецца. З сустрэчнага катэра адказалi ўзмахам загарэлых рук два мужчыны ў чорных акулярах. Ёсць нешта садысцкае, калi мужчына чапляе на нос чорныя акуляры. Мне зрабiлася непрыемна ад рамантычных парываў, бо нiколi не разумеў i не прымаў шчырасць у такiх спантанных прывiтаннях. Зрабiлася прыкра.

* * *

– Чаму ў вас такiя невясёлыя людзi? У расейцаў... Даруй! У славян такiя выразы на тварах, быццам яны жуюць шкло?

Ад пытанняў венгеркi мой рот напоўнiўся горкаю слiнаю, давялося адвярнуцца i выплюнуць уяўнае шкло за борт.

– Усходнiя славяне ўсмiхаюцца выключна на вайсковых парадах. Гэта наша агульная рыса з расейцамi i ўкраiнцамi. Зрэшты, усе людзi пакутуюць ад радзiнных i прарадзiнных сувязей i ад уласнай крывi, бо яна занадта чырвоная i густая.

– Адаме, не злуйся. Я не хацела цябе пакрыў-дзiць.

– Хiба ж можна крыўдаваць на дзяўчыну, а тым больш на дзяўчыну з паняволенай краiны?

– Ты думаеш, мы, венгры, адчуваем сябе гаротнымi нявольнiкамi ў сацыялiстычным лагеры?

– Упэўнены, сто разоў упэўнены.

– Але i ты не расеец у дзяржаве СССР, дзе ўсiм валодаюць толькi расейцы.

– Сапраўды, так яно i ёсць, я не расеец, але ў мяне i цябе ёсць шанец, ёсць час, каб стаць амерыканцамi! Час, каб навучыцца гаварыць па-амерыканску. Час, каб навучыцца жыць па-амерыканску. Час, каб навучыцца кахаць па-амерыканску.

– А ты ведаеш, як трэба любiць па-амерыканску?

– Вядома... Прывiтанне, прыгажуня. Заскоквай у маю шыкоўную машыну. Мы паляцiм з хуткасцю ракеты. О, якi ты спрытны хлопчык! А цi знойдзецца ў тваiм шыкоўным партманеце хоць бы адзiн пакамечаны даляр? Цэлых сто, прыгажуня, цэлых сто даляраў, i ўсе яны будуць твае. Сто даляраў. Чмок. Рукi. Ногi. Апранахi. Ногi. Сцёгны. Клубы. Рукi. Чмок! Пальцы. Грудзi. Вусны. Пальцы. Чэлес. Похва. Лабок. Пуп. Ах! Стогны. Кроплi. Вяласць. Ву-у-ух. Бывай, прыгажуня. А сто даляраў? Вось яны! Дзякуй! I за ўсё пра ўсё – тры хвiлiны. Амерыка, ЗША – краiна найвялiкшых магчымасцей. Амерыка, ЗША – краiна найвялiкшых хуткасцей, таму большасць амерыканскiх мужчын не паспяваюць расшпiлiць нагавiцы, i найкаштоўнейшае амерыканскае насенне вылiваецца ў найдаражэйшыя амерыканскiя абзораныя панталоны. Ты не верыш? Агi, я бачу – ты не верыш мне нi на грош, нi на талер, нi на цэнт. Дарэчы, якая валюта ў Венгрыi?

– Форынт!

– Значыць, Агi, ты не верыш на цэлы вялiкi венгерскi форынт!

– Адам, я табе не паверыла на цэлы вялiкi, жалезны рубель! I ведаеш, чаму?

– I чаму ж ты не верыш мне?

– А таму, што я перакладаю не толькi з расейскай, але i з ангельскай мовы. Ты, пэўна, забыўся на такую дробненькую акалiчнасць.

– Не! Я не забыўся, Агi. Я знарок рыхтаваў пастку, знарок выкопваў ямiну. І ты ўвалiлася ў яе, Агi. Ты ж нiколi не задумвалася над тым, чаму нiхто нiколi не казаў, што ангельскi i амерыканскi народы – браты, бо яны гавораць на вельмi-вельмi падобнай мове. І сапраўды, нашто венгерскай дзяўчыне, таварышу Агаце Ляхоцкi, задумвацца над такiмi дробязямi. А я ўвесь час пра гэта думаю, я толькi i думаю што пра гэта, пра ўсё астатняе i думаць не магу. Я – савецкi хлопец, звышчалавек, якi скорыць i паставiць на каленi ўвесь свет. Я павiнен задумвацца... Хто ёсць хто? Хто ёсць брат? Вось у чым пытанне. Хто як кахаецца? Хто як любiць?..

– А ты ведаеш, Адаме, як кахаюцца ангельцы?

– Ведаю! Я ж i казаў, што толькi i думаю пра тое, як мiлуюцца англасаксы. Яны раманяцца i маркiтуюцца зусiм не так, як рудыя iрландцы з русявымi шатландцамi. Ангельцы кахаюцца так... Калi ласка, сэр! Мгы. Вам спадабаецца, сэр! Я вам гарантую, сэр! Вось так, сэр! Крышачку сюды, сэр! Крышку, сэр! Сэр! Сэр! Сэр! Сэр! О-о-о, сэр! Дзякуй, сэр! Яшчэ раз дзякуй, сэр! Мгы. Заходзьце, сэр! Калi ласка, сэр!

– А табе не здаецца, што атрымаўся акт ангельца з iрландцам?

– Не. З iрландцам зусiм не так. Можа, з валiйцам?! I ўсё з-за таго, што я гаварыў выключна мужчынскiм голасам, а трэба было i жаночым.

– А беларусы?

– Пазней. На катэры не атрымаецца. Мы не марская нацыя. Беларусы любяць пэўнасць, зямлю, плоскасць, трываласць. А што любяць мадзьяры?

– Не ведаю, што любяць венгры, я магу паказаць, як любiць Агата Ляхоцкi. Ты расчараваны? Дарма. У цябе яшчэ ёсць шанец. Час, каб зведаць, як кахаюць венгры, сербы, туркi. Каб шчыра адказаць венгерскай дзяўчыне... Адам, у цябе было шмат жанчын?

– У Ленiнградзе нiводнай. Я вельмi сцiплы i сарамлiвы. Я ледзь не самлеў, калi знаёмiўся з табою. Але калi сур’ёзна... Клянуся сваiмi прашчурамi, у мяне была толькi адна жанчына – мая стрыечная прапрабабка. Ей споўнiлася якраз сто адзiнаццаць гадоў, найкруглейшы юбiлей – 111. А ў якасцi падарунка яна запатрабавала мяне. Мiж намi была роўненькая стогадовая адлегласць. Адмовiцца я не змог, бо ў беларусаў такi звычай – любiцца з прапрабабкамi i прапрадзедамi. У нас найвялiкшае свята так i называецца – Дзяды. А калi б я адмовiўся, дык мяне зарэзаў бы родны стрыечны брат. Спачатку, пасля адмаўлення, я выпiў бы шклянку настоенай на дубовай кары гарэлкi i заснуў бы, а брат перарэзаў бы маё дзiцячае горла свяшчэнным нажом. Што можа быць лепей за цiхую смерць у сне?

– Якi жах, Адаме!..

– I мая свабодная душа вылецела б праз перарэзанае горла i цiха ўзнялася над справядлiвым светам.

* * *

Дарагi Адам!

Напэўна, ты i не здагадваешся, чаму пiшу. Ды як жа ты здагадаешся пра мае далёкiя венгерскiя жаданнi? Страшэнна хочацца ўбачыць цябе – майго добрага сябра i... прыхiльнiка. Мне страшна. Я страцiла ўсялякi спакой. Увесь час мрояцца пачварныя здарэннi, быццам трапляю ў недароблены i недааформлены свет, дзе ёсць iстоты, i яны робяць спробы гаварыць, нешта мне даводзiць. Я чую гучныя галасы, гэта ўжо не крык жывёлы, але яшчэ не словы разумнай iстоты. Даводзiцца страшэнна высiльвацца, напружвацца, каб зразумець iх. Толькi паразумення не адбываецца. І застаюся адна пасярод аглушальнай какафонii i формаў, недаробленых Богам. І пераконваюся: нiкому я не патрэбна. Прабач.

Я вельмi старанна, па-нямецку, займаюся i працую, я болей i болей даведваюся пра свет, а сяброў i знаёмых у мяне ўсё меней i меней. Ты не ўяўляеш, Адам, як цяжка такое ўсведамляць, седзячы ў iнтэрнацкiм пакойчыку. Складаецца зачараванае кола: ад самоты ратуе праца, але, чым болей я працую, тым больш раблюся адзiнокай.

Вельмi хацелася стаць перакладчыцай, але iмпульсiўнасць i неўраўнаважанасць робяць з мяне iстэрычную асобу, якой лепей не працаваць з людзьмi.

Адам, вельмi не хацелася цябе пакрыўдзiць, але мушу сказаць... Я пазнаёмiлася з хлопцам, якi па-сапраўднаму спадабаўся мне. Я не кахаю i не люблю яго. Наогул, знаходжуся ў такiм стане, што не здатная закахацца. І не буду называць ягонае iмя, бо не хачу, каб венгерскае iмя выклiкала цень рэўнасцi. Мой новы знаёмы жыве на самай поўначы, а я на поўднi, таму сустрэчы будуць нячастыя. Не ведаю, цi атрымаецца што вартае з нашых пачуццяў. Мусiць, не.

Як было б добра, каб мы зноў сустрэлiся ў Рускiм музеi, зноў пайшлi ў бар, зноў пiлi вiно...

Хопiць, выкiдаю сум на сметнiк; а то, крый Бог, ты падумаеш, што я цэлымi днямi хаджу па вулiцах Сегеда сумная i злосная, як вакзальная прасталытка.

Цяпер я чытаю Леанiда Андрэева, i ўявi сабе, па-расейску! У мяне вялiкая да цябе просьба: калi ты зможаш набыць зборнiк апавяданняў Андрэева, дык, калi ласка, дашлi ў Сегед, бо ў нас зусiм няма ягоных кнiжак; на ўвесь унiверсiтэт толькi дзве: адна ў бiблiятэцы, а другая ў выкладчыка, сквапнага i нахабнага чалавечка.

Каб ты пераканаўся, што мой настрой крышачку палепшыўся, укладаю ў канверт маленькую хустачку з вясёлай вышыўкаю. Вышывала я сама. Як яна табе? Зразумела, тыповы венгерскi народны матыў. А што магла вышыць дзяўчына з вёскi Татахоза? Калi хоць крышачку спадабалася вышыўка, дык пакладзi яе ў сваю нагрудную кiшэню.

Бывай.

Сегед. 1976. Кастрычнiк. 4.

Р. S. А гэта, Адам, – наш венгерскi чорт! Мы заўсёды так яго малюем: доўгi, як у цябе, твар; лупатыя вочы; густыя, як у цябе, бровы; высалаплены язык; вострыя вушы; бычыны хвост; капыты; вiлы ў руках – ЪrdЪg Чорт! Можаш сказаць яму што заўгодна, толькi не кажы: «Чорт, забяры маю душу!». Бо прыйдзе, раздзярэ вiламi грудзi i забярэ бессмяротную душу. Я крышачку навучыла яго беларускай i расейскай мовам, але кепска, ён, мусiць, дэбiльнаваты. Але прызнайся, Адаме, ты ж спалохаўся чорта, калi адкрыў канверт?

Р. Р. S. Прабач, што не прыйшла ў Ленiнградзе на вакзал.

Агi.

* * *

Прыемна пасля няпэўнай палубы ступiць на трывалую i ўпэўненую зямлю. Што-што, а разнастайныя фантаны Пецяргофа мяне зусiм не цiкавiлi, бо магнiтам цягнула да Агi, да ёмiстых грудзей, схаваных пад белую баваўняную майку. А вось Агату Ляхоцкi вабiлi фантаны. Можа, ёй бачыўся ў водапусканнi iншы, больш складаны працэс. Колькi ж розных вадаспадаў, струменяў, плыняў, ручаiн, стаўкоў, кропель i пырскаў ляжала, цякло, бiла, стаяла, цурчэла, плёхала, зiхцела, свяцiлася, пералiвалася на пакручастым шляху да жаданых, пажадных, нахабных (хай!), распусных (i што?) абдымкаў. Вада ляцела з разадранае пашчы залатога льва, узлятала з доўгiх лебядзiных дзюбаў, пырскала з прыхаваных у каменi трубаў, выплёсквалася з разяўленых да самых сцёгнаў жабак, высiквалася з дробненькiх анёльскiх стручкоў. І гэтае водапусканне нагадвала мне толькi сiкунапусканне, а не акт пладатварэння. Я сумаваў, а вось Агi паводзiла сябе як сапраўдная экскурсантка: адной рукой абдымала маю талiю ў той час, як наманiкюраныя, але не пакрытыя лакам пальцы другой рукi пырхалi ў паветры, паказваючы чарговы, адноўлены дасцiпнымi рэстаўратарамi, найзiхцейшы цуд садова-паркавага штукарства.

Больш за гадзiну мы прабадзялiся сярод мармуру, золата i зелянiны. Я мог яшчэ столькi ж прашвэндацца, бо ведаў, адчуваў усiмi рэбрамi i хрыбетнiкам, што з Агi я даведаюся, як любяцца венгры, i хай сабе не ўсе мадзьяры, а толькi адна спадарыня Ляхоцкi, я не Геракл, якi мог задаволiць трыццаць цнатлiвых дзяўчат. Зрэшты, каб задаволiць цнатлiвых, ёсць толькi адзiн шлях – пакiнуць iх у цноце.

Пятляючы, спыняючыся, кружляючы, затрымлiваючыся, мы нарэшце вярнулiся на прычал. А куды цяпер? Нiколi такое просценькае пытанне не бянтэжыла мяне, а тут раптам проста прыбiла. І сапраўды... Куды? Як той «Бурыданаў мул»... Не асёл, а мул.... Каб у Бурыдана быў асёл, ён пайшоў бы да блiжэйшай аслiцы, а не стаў бы памiж стагамi сена, не ведаючы, якi з’есцi.

Як i мул, я не ведаў, цi ўправа, цi ўлева весцi сваю Ляхоцкi. Пайшоў управа толькi таму, што левай трымаў мадзьярку. Мы iшлi ўздоўж залiва i маўчалi, баялiся словамi спудзiць нявымаўленую згоду. Мора адышло, адлiў пакiнуў вялiкiя круглыя плыткiя лужыны; на залатым пяску яны выглядалi, як адпалiраваныя сталёвыя дыскi. На пляжы бадзялiся не задзейнiчаныя ў экскурсiйным працэсе, а таму злыя, адпачыннiкi. Як я на той момант ненавiдзеў гэтых самотных жывёлiн, што цiкаўна i лiслiва, i неяк слiнява зiркалi ў наш бок! Не ведаю, бо не мог жа я бачыць, што было намалявана на маiм iлбе, але на твары Агi яскрава праступалi словы – зараз буду кахацца. Не стану спрачацца, што менавiта такiмi словамi выказвалася жаданне, але сэнс не сказiў нi на кроплю, нi на пырск, нi на грам. І тут Агi спынiлася. Як? Не разумею! Што, што здарылася? Яе зусiм нармальнае i цывiлiзаванае спыненне шпурнула мяне ў панiку.

– Мне трэба ў прыбiральню, тэрмiнова!

Тлумачэнне супакоiла мяне. Аказваецца, вельмi лёгка вывесцi з раўнавагi закаханага чалавека. Часам дастаткова спынiцца на пустым пляжы.

А пляж быў пусты роўна настолькi, каб мець права называцца пустым i трымаць на сваiм пляскатым целе столькi чалавекаабрысных iстот, каб нiхто не мог займацца iнтымнасцямi. А прыбiральнi не было. Яна стаяла недзе там – за хмызамi, за соснамi, за елкамi, але мы яе не бачылi. Агi задаволiў карункавы чэзлы алешнiк. Праз галiнныя перапляценнi я падгледзеў, як мадзьярка, падабраўшы джутавую спаднiцу, апусцiлася на кукiшкi. Ад напругi, з якой я дамыслiваў бачанае, у мяне ўвушшу зашархацеў уяўны струмень. Заўсёды дзiвiўся: жанчыны ўдвая даўжэй абыходзяцца без прыбiральнi i ўтрая хутчэй спраўляюцца з патрэбамi. Агi ўжо прагульвалася басанож па пляжным пяску, а я ўсё яшчэ вытрасаў бурштынавыя кроплi. Агульны паход па неадкладных патрэбах зусiм натуральна адсунуў юрлiвыя памкненнi. I сапраўды, займацца сексам з перапоўненымi пухiрамi i ныркамi, а пра кiшэчнiк i казаць няма чаго, – справа нецывiлiзаваная. Такая выснова наведала мяне ў той момант, калi я зашпiляў прарэху ў клятчастых нагавiцах.

* * *

Дарагi Адам!

Вельмi ўзрадавалася твайму лiсту. Думала, ты ўжо болей не будзеш пiсаць мне. Можна сказаць, я крышачку спалохалася, але цяпер пярэпалах цалкам прайшоў. Я вярнулася ў нармальны i крышку мiнорны стан.

Твой маленькi фотапартрэт мяне зачараваў, ён па-сапраўднаму прыгожы i чымсьцi пераўзыходзiць арыгiнал. Я прыкнопiла фота да шпалераў у сваiм iнтэрнацкiм пакоi, каб усе пыталiся... А хто гэты прыгожы малады чалавек? Шкада, што яшчэ нiхто не паспеў задаць гэтае пытанне, таму i не ведаю адказу.

Заняткi пачалiся 14 верасня, i за першы тыдзень я шмат зрабiла: аднавiла забытае i паўзабытае за вакацыi. Асаблiва лёгка, як ты разумееш, аднаўлялася расейская мова.

На самым пачатку верасня я з’ездзiла ў Польшчу. З Варшавы дасылала табе паштоўку. Напiшы, цi прыйшла? Я хацела выслаць кружэлку, але забаялася, бо яна можа згубiцца. І я падумала, што лепей сама перадам яе праз паўтара года ў Маскве. Мы ж сустрэнемся. І я падару табе «Венгерскую народную музыку ў выкананнi маладых музыкантаў».

Летась, у красавiку, са мной здарылася вельмi прыкрая дэпрэсiя. Раней я думаць не думала, што меланхалiчны стан вельмi заразны. Вось аднаму чалавеку нiчога не трэба, а праз якi дзень i другому свет здаецца нiкчэмны i не варты нават кволых рэагаванняў i пачуццяў. Вiрус санлiвасцi i безвыходнасцi распаўсюджваецца з хуткасцю проймы. Самыя вясёлыя i жыццяздольныя марнеюць i вянуць проста на вачах. А мая пасiўнасць пачалася з нязначнага выпадку. У суседнiм пакоi жыла аднакурснiца, якой зрабiлася кепска – усё навокал пачало раздражняць яе, злаваць. Яе ўганяла ў вар’яцтва нават патрэскванне бульбы на панiве. Яна звярнулася да лекара i распавяла пра хваравiты стан, пра нястрыманасць i раздражнёнасць. Уяўляеш, свайму каханку абварыла кiпенем спiну. Ён сказаў ёй, што трэба абмяжоўваць сябе ў курэннi, а яна зазлавала i вылiла палову iмбрыка яму на плечы. Добра, што на iм была куртка i цёплая кашуля, i ўсё абышлося.

А вось яе доктар накiраваў у спецыяльную клiнiку, каб там уважлiва паглядзелi. Я пачала хвалявацца спачатку за яе, а потым за сябе. У нашым унiверсiтэце быў выпадак, калi дактары забаранiлi студэнту наведваць лекцыi, а потым зусiм прымусiлi пакiнуць факультэт. Жах! Лепш не гаварыць пра такiя рэчы.

Буду вельмi радая, калi атрымаю ад цябе кнiгi. Калi надарыцца магчымасць, абавязкова дашлi мне невялiчкi беларуска-расейскi цi беларуска-ангельскi слоўнiк.

Да сустрэчы.

Татахоза. 1976. Верасень. 25.

Агi Ляхоцкi.

Р. S. Па радыё чула песню, якая ёсць на кружэлцы «Песняроў», якую ты падараваў у Ленiнградзе. Па венгерскiм радыё, вядома. Я заплакала.

* * *

Зашпiлiўшы прарэху, я адчуў голад. Захацелася есцi па-сапраўднаму, да вуркатання ў вантробах, да ванiтнага падсмоктвання ў падстраўнiкавай залозе. І згадалася крышку натуралiстычная прыказка цёткi Тосi, у якой я спынiўся ў Ленiнградзе... Што, Адаме, кiшкi марша граюць?

Прапанову папалуднаваць Агi прыняла як вельмi лагiчную, i дзякуй Богу, бо я тады яшчэ не навучыўся настойваць. Але хто, калi i як зробiць у Ленiнградзе – Петраградзе – Пiцеры – Санкт-Пецярбургу нармальныя ўмовы харчавання? Не ведаю. І ўпэўнены, што над сталамi расейскiх iмператараў не лёталi сiнiя зграi злосных i дзынклiвых мух. Як жа я не люблю сiтуацыi, калi лёгкi ветрык прыносiць водары з прыбiральнi да стала, за якiм збiраешся папалуднаваць.

У прапакошчаным дашчаным будане, гледзячы ў пустыя вочы раздатчыцы, я замовiў сырнiкi са смятанаю. Дзе i калi пачуў, што смятана станоўча ўздзейнiчае на патэнцыю, чорт яго ведае, але на ўсялякi выпадак замовiў да сырнiкаў шклянку пракiслага, пэўна ж разведзенага кефiрам, прадукту. Калi зробiш заказ у расейскай кавярнi, нiколi не здагадаешся, што атрымаеш у талерку. Гэта цiкава, гэта iнтрыгуе, трымае ў напружаннi, не дае распускацца. Яшчэ гавораць, кефiр уплывае на страўленне цалкам станоўча. А на мой страўнiк кефiр уздзейнiчае занадта актыўна, i можна трапiць у несамавiтае становiшча.

Мы папалуднавалi, i настрой наш палепшыўся рэзка, не раўнуючы, як у герояў кiнастужак самага пачатку стагоддзя. Мы вярнулiся на пляж, i тут я згадаў – пад маiмi нагавiцамi нiчога, акрамя дадзенага негаваркой прыродаю. А мне якраз закарцела пакупацца. Захацелася даць нырца да млосцi, да дробных iгольчатых дрыжыкаў у сэрцы. І я купаўся голы! А што? Маё спярша сарамлiвае цела бегла да плыткiх калюжын – прылiў так i не пачаўся – у сагнутай крукаабрыснай паставе. Мусiць, збоку я нагадваў аўстралапiтэка на рыбным паляваннi. Я ляцеў па цёплых, як казiны сырадой, лужынах, пакуль не правалiўся i не расцягнуўся ў стаўку, амаль азярцы, дзе вады было акурат па мой пуп. Агi, усцягнуўшы спаднiцу пад самыя грудзi, iшла следам i несла мае апранахi. Я не ўгаварыў яе купацца.

Не варта настойваць на неабавязковым. Больш важным было адкрыццё: у Агi колер майткаў супадае з колерам шкарпэтак. Я не пытаўся, цi ўсе венгры носяць шкарпэткi пад колер майткаў. А не цiкавiўся, бо баяўся пытання... А беларусы зусiм не ведаюць бялiзны?

Мы, беларусы, ведаем нават плаўкi. Мы ведаем сподняе, хай сабе i носiм пот i смаркачы ў хустачках у кiшэнях. Я, зразумела, не залiчваю сябе да так званых лепшых сыноў нацыi, а таму паводле маiх паводзiн нельга меркаваць пра ўвесь мой народ-пакутнiк. Беларусы – пакутнiкi. Яны заўсёды пакутавалi па розных цёмных кутках, i яшчэ яны пакутуюць на палiтычную iмпатэнцыю. А я вось, лежачы ў цёплай вадзе Фiнскага залiва, зусiм i не мучыўся ад неўставання i таму ляжаў на жываце. А вось Агi стаяла на каварным, як усё фiна-угорскае, пяску, якi марудна зацягваў у свае пракаветныя нетры яе загарэлыя ногi. У Агi...

Абавязкова скажу пра ногi. Чамусьцi напрыканцы стагоддзя большасць чалавецтва лiчыць, нiбыта прыгажосць дзяўчыны вымяраецца даўжынёй яе нiжнiх канечнасцей. А пра кiтайскую частку чалавецтва лепш i не згадваць, бо iспанская iнквiзiцыя з яе знакамiтымi ботамi не вырабляла таго з нагамi дзяўчат, што рабiлi з iмi вузкавокiя шанавальнiкi Канфуцыя. Ну i густы! Ну i ўмоўнасцi! Мне сорамна за чалавечы род. Таму, не саромеючыся, напiшу: у Агi былi крываватыя голенi, шырокiя сцёгны i танюткiя шчыкалаткi. А яе ступакi былi вузкiя, з доўгiмi пальчыкамi, на якiх ружавелi дагледжаныя пазногцi; вось iх лёгка i хутка засмоктваў вiльготны i прахалодны пясок. Каб маю мадзьярку не праглынуў Фiнскi залiў, давялося сабраць у кулак усю сваю мужнасць i паўстаць з плыткай вады. О!.. Вылецела з Агi здзiўленне. Перакананы, я не спалохаў яе, бо не вызначаюся нi шырынёю, нi даўжынёю, нi таўшчынёю ў тых самых месцах, што да пэўных iмгненняў мужчыны прыхоўваюць ад жанчын. Я ўсё ж вырашыў, што iмгненне раскрыцца не надышло, i ўзяў Агi на рукi. З Агi на руках я падумаў, што сапраўдную адзiноту можа адчуць толькi аголены чалавек.

* * *

Прывiтанне, Адам.

Даўно не атрымлiвала тваiх лiстоў, дый сама даўно не пiсала. Лiставанне згасае. Сумна. Раней ты пiсаў мне штодня, я вымала са скрынi па тры-чатыры лiсты.

Я перачытвала iх, я плакала...

У мяне шмат-шмат розных спраў, бо лепшая мая сяброўка, Эржэбэт, выходзiць замуж. Заўтра вяселле. А я нi на хвiлiну не магу яе ўявiць як сапраўдную сур’ёзную жонку. Яна невысокая (148 сантыметраў), а выглядае i зусiм як дзяўчо. Яе муж таксама зусiм-зусiм маленечкi. Атрымалася лялечная пара...

Даруй, Адаме, але нi ўчора, нi пазаўчора я не змагла скончыць лiст. Пазаўчора мяне паклiкалi дапамагчы пячы вясельны торт, i я правалэндалася з iм ледзь не да самае ранiцы.

Мая сяброўка Эржэбэт была непараўнальна прыгожая ў белай вясельнай сукенцы. На жаль, iшоў дождж, i ёй давялося цэлы дзень праседзець цi ў машыне, цi ў доме.

Гасцей прыйшло мноства, i ўсе былi сапраўды вясёлыя, нягледзячы на холад i вецер. Нас добра падвясельвалi прыстойны ансамбль i чырвонае вiно.

Самое вяселле гулялася ў Культурным доме. У вялiкай зале а 8-й вечара пачалася ўрачыстая вячэра, пасля якой мы танчылi. А ў гадзiну ночы за грошы танцавала новая жонка. Я таксама выклала сто форынтаў. Пад ранiцу, калi ўжо развiднела, мае бацькi паехалi на аўтобусе дамоў, а я з братам засталася. Чалавек дваццаць пяць разам з ансамблем праводзiлi маладых. Каля дома новай жонкi мы танчылi i пiлi палiнку. Маладыя танцавалi на стале. Яны былi такiя акуратныя, што нагадвалi завадныя лялькi, асаблiва новы муж у чорным круглым капялюшыку з вузенькiмi палямi. I ў гэты момант, на адно iмгненне, мне зрабiлася сумна. З дома новай жонкi Эржэбэт мы пайшлi да дома новага мужа, Ласла, дзе зноў пiлася палiнка i ладзiлiся скокi на стале, але не вельмi акуратныя, а таму i не сумныя.

Калi вярталася з вяселля, подумала, што чалавек вельмi адзiнокi ў сваёй сутнасцi. Толькi зрэдку знаходзiцца цi, хутчэй, сустракаецца нехта iншы, хто не раздражняе i здаецца разумнейшым за цябе. Падобнае адбываецца ў творчасцi. Ты доўга шукаеш гармонiю i толькi аднойчы адчуваеш: твая iстота знаходзiцца ў суладдзi са светам, гармонiя склалася. Ты ледзь-ледзь паспяваеш усвядомiць зачараванне вялiкага суладдзя, як заўважаеш – усё зноў змянiлася, i суладдзе расцерушылася ў пыл, у нiшто, бясконцае i сцюдзёнае, як лiстападаўскiя вятры.

Ты меў рацыю, калi сказаў там, каля Фiнскага залiва... Толькi дзiця адчувае сябе добра, бо яно знаходзiцца ў гармонii з сусветам; самотнае «я» не выкрышталiзавалася.

Я доўга-доўга не магла заснуць, было кепска ад палiнкi, ад вiна, ад торта, ад танчання, а ўваччу круцiлася i скакала на стале цацачная паўра маладых.

Падумалася... Я змагла б з табою гаварыць, гуляць у смарагдавых парках i мацiцовых скверах, наведваць самыя незвычайныя музеi, накшталт Кунсткамеры, з яе заспiртаванымi зародкамi ды вырадкамi; але для цябе я была i засталася як проста чарговая, выпадковая, вымушаная знiкнуць дзяўчына.

Чаму так трагiчна? Пазнаёмiлiся, нешта ўтварылася мiж намi, а потым адносiны складаюцца так, быццам бы нiчога не здарылася.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю