Текст книги "Толькі не гавары маёй маме"
Автор книги: Адам Глебус
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 13 (всего у книги 13 страниц)
З-за стомы я панапiсвала глупства. Даруй.
Татахоза. 1976. Жнiвень. 26.
* * *
Мае фiзiчныя здольнасцi, падтрыманыя пацалункамi, дазволiлi сяк-так дайсцi да сухога пляжнага пяску i нiбыта жартам павалiцца разам з Агi. У мяне будзе поўная галава пяску! Ты будзеш уся ў пяску, у сонечным, родным, фiна-угорскiм пяску. Я закапаю цябе ў пясок i буду плакаць на пляжнай магiле сваёй любай мадзьяркi Агаты Ляхоцкi. Мае слёзы, як жывая вада, крапацьмуць на капец i ўваскрасяць цябе, i ты выйдзеш з пяску, як Афрадыта з марскога шуму, без кашулi i без спаднiцы! Адаме, маўчы... Ты павiнен быць сухi i гладкi... Я высах! Прыўзняўшыся на локцi, я строс з сябе пясок, тонкi i залацiсты, ён сыпаўся наўздзiў хутка i лёгка. І мы накiравалiся ў сасоннiк. Мы спынялiся праз кожны крок, пацалункi рабiлiся даўжэйшыя, больш прагныя i ненасычальныя. Мы апынулiся на паляне з высокай, у мяккiя хвалi, травою. На Агi ўжо не было белай баваўнянай майкi. Я нахiлiўся да смуглявых грудзей з доўгiмi смочкамi, падобнымi да смажаных зярнятаў кавы. У непрытомнасцi я ўкусiў самы кончык аднаго зерня, i востры сталёвы стрыжань працяў мой торс. Нам балюча! I яшчэ нешта незразумелае! Няўжо не ясна – не разумею я па-венгерску? Чакай, нязручна. Не спяшайся рабiць тое, што не робiцца спехам. Яна адхiнулася i перакруцiла спаднiцу так, каб замок i зашчапкi апынулiся спераду. Берагi металёвага замка разбягалiся хутка, як хвалi за падводнакрылым катэрам. Тонкiя, зусiм не сялянскiя пальцы падхапiлi прыпол i ўскiнулi вышэй галавы. У Агi быў крыху выпуклы жывот з глыбокай ракаўкай пупка.
У маёй першай жанчыны, Жанны, пуп тырчаў.
На Агi засталiся адно карункавыя майткi. Яна села на траву, адкiнулася на спiну i, прыўзняўшы клубы i сцёгны, скiнула з цела астатнюю рэч. А мне ўжо не было чаго скiдаць. Я накрыў яе цела сваiм – сухiм, гладкiм, вымытым вадою з пяском.
Я хваляваўся: а можа, не атрымаецца, асарамачуся. У мяне была толькi адна жанчына – Жанна, у якой быў толькi адзiн мужчына – я. Мой досвед не назавеш багатым.
У Агi пад жыватом былi чорныя i шаўковыя валасы. Мяне ўразiла шаўкавiстая мяккасць i яшчэ колькасць вiльгацi, якой сцякала мадзьярка. Каб пад намi была прасцiна, а не трава, мы б апынулiся ў лужыне. Жанчыны мяне папракаюць за дзве рэчы – паспешлiвасць i напорыстасць. А я не лiчу, што трэба стрымлiвацца, асаблiва ў першы, хай ён i апошнi, раз. Зрабiлася добра, цёпла, я паплыў. Яшчэ! Яшчэ! Яшчэ!.. Агi крычала на ўвесь лес, на ўвесь пляж, на ўвесь Фiнскi залiў. Мая каханая лямантавала, а я не чуў. І яна не чула сябе. Мы адчувалi. А калi ператомленыя ляжалi на спiнах, аднекуль з непрыемнай рэальнасцi прыплыў расчараваны голас... Я думаў, тут некага зарэзалi, у некага жыццё забралi, а тут яго толькi робяць. У мяне неставала сiлы сказаць голасу, каб iшоў прэч. Язык мой высах i не паварочваўся. Я быў самотны абязводжаны труп.
* * *
Добры дзень, дарагi мой Адам!
Прыляцелi журавы
Селi-палi на ральлi
Сталi ральлю капаць
Самi з сабой гукаць
Ды ўсё аб ральлi гаварыць.
Вось такi тэкст я знайшла ў падручнiку. Раней я займалася гiсторыяй расейскай мовы, i ў мяне засталася хрэстаматыя. Тэкст, як бачыш, не на лiтаратурнай мове, а на гаворцы, так, прынамсi, пазначана ў кнiзе. Мне было цiкава яго знайсцi i перапiсаць для цябе. У гэтай жа хрэстаматыi знайшлiся прыклады i лiтаратурнай беларускай мовы, я iх усе перачытала па некалькi разоў i нават вывучыла чатыры радкi з паэмы Янкi Купалы...
Шчасна так, абняўшыся, у траве плывём,
Купаюцца ў кветках ногi да калень,
Шчокi, грудзi нам гараць, гараць агнём,
Іскрацца вочы, цела просiцца пад цень.
Тэкст пра журавоў быў запiсаны ў I стагоддзi ў Мiнскай вобласцi. Мяне гэта ўсхвалявала да слёз, бо кожны раз на канверце я разборлiва i старанна пiшу – горад Мiнск.
На жаль, не магу займацца беларускаю моваю так, як займаюся расейскай i ангельскай. У нашым Сегедскiм унiверсiтэце няма нават факультатыўных лекцый па тваёй мове. Мусiць, i ў Мiнскiм унiверсiтэце не выкладаюць родную мову дзяўчыны Агi з вёскi Татахозы. Праўда?
Дарагi Адаме! Я атрымала твае лiсты з малюнкамi. Толькi вось Ладак пакрыўдзiўся, бо ён цяпер не адзiны беларускi чорт у Венгрыi. Я спрабавала яго суцешыць, казала, што ён для мяне найдаражэйшы за ўсiх чарцей на свеце. Ладак не верыў. Ён зрабiўся капрызлiвы, зласлiвы i зацяты. Што з iм рабiць? Напiшы, як мне абыходзiцца з непаслухмяным чортам?
Татахоза. 1976. Жнiвень. 18. Агi.
* * *
Лежачы побач з мадзьяркаю, згадаў iншую жанчыну. Высокая, з доўгiмi, ледзь не па клубы, валасамi, вузкiмi, уразлёт, вачыма, са шпаркiм, амаль мужчынскiм крокам – яна праходзiла паўз маё акно. Не ведаю: анi хто яна, анi як клiкалi, анi чым займалася. Ведаю, што ў кабiнеце фiзiкi я сядзеў каля самага акна, i паўз яго праходзiла жанчына з брунатнымi валасамi. У кепскае надвор’е яна хавала шыкоўныя валасы пад чорную хустку, а ў сонечныя днi яна хавала драпежныя вочы за ахоўныя акуляры. Чамусьцi я быў упэўнены, што жанчына ведае пра мяне i знарок анi разу не кiнула нават мiмалётнага позiрку ў мой бок. Самападман. Ён скончыўся разам з лекцыямi па нялюбай фiзiцы. А вось жанчыну, што праходзiла паўз акно вучэльнi, я любiў, цi амаль любiў, бо згадаў у найiнтымны момант.
Лежачы побач з гладкашэрснай венгеркай, успомнiў хлапечую зачараванасць высокай, iмклiвай жанчынай з чорнымi, уразлёт, вачыма. Успамiны затуманiлi рэальнасць, i я не заўважыў, як знiк уладальнiк расчараванага голасу, але ягоны сыход прыемна нагадаў, што свет яшчэ не канчаткова абнахабiўся i сапсеў.
Мы апраналiся, ехалi на электрычцы ў Санкт-Ленiнбург, цалавалiся ў тамбуры, на пероне, у метро, каля iнтэрната, дзе жылi венгерскiя вывучальнiкi транснацыянальных моў. Агi заплакала, i я бачыў у празрыстым змроку белае ночы кожную слязу. Але гэты шлях сентыментальны, а таму, як мне, дык малацiкавы. Адзiнае абвастрэнне ў нашых адносiнах адбылося каля чыгуначнай станцыi, калi я даведаўся, што электрычка прыйдзе толькi праз паўгадзiны, i пачаў настойваць на прагулянцы ў лес. Агi вельмi наравiста адпрэчыла. Развiталiся мы на iнтэрнацкiх прыступках, як героi цнатлiвых савецкiх кiнастужак 50-х гадоў.
Ісцi да цёткi Тосi мне зусiм не хацелася. Мяне перапаўняла радасць, чамусьцi карцела зрабiць паскудства. І я надумаўся затэлефанаваць Валодзю Бортнiку. Ён здзiвiўся... Чаму так позна? Можа, нешта здарылася? Па ягоным голасе я адчуў, што клышатопка Бялькевiч пазiрае ў Бортнiкаў рот. Я паабяцаў папрасiць прабачэння. З неўрастэнiчкамi трэба трымацца добразычлiва. Асцярожны Бортнiк, намацаўшы ў маiм абяцаннi страхоўку, пагадзiўся сустрэцца каля крамы Пасаж.
У мiнскiх мастакоў было ўлюбёнае месца ў краме Пасаж.
Якое гнюснае слова – улюбёнае, як гаршчок, поўны бруднасцяў, яго нясеш, а ён хлюп-хлюп – улюбёнае.
Дык вось, улюбёным месцам быў аддзел мастакоўскага рыштунку. У iм было ўсё, што трэба мастаку для поўнага i глыбокага задавальнення. Не было хiба што кандомаў, але я асабiста не люблю кахацца праз гумку, нават праз замежную i вельмi тонкую; гэта тое самае, як лiзаць цукар праз шкло. Непрыемны стан. Вось у падобны стан я i задумаў загнаць Яню Бялькевiч. Бортнiк, пэўна ж, i не здагадваўся, якi плюгкi каравяк я збiраюся падкласцi ягонай каханцы пад абцас. Бялькевiч, дык тая ўвесь час нешта падазравала, яна i на асфальце бачыла купiны. І як жа мне карцела напляваць у вочы гэтай дзеўцы з капрызлiвым характарам! Але я не шукаю сабе непрыемнасцей, нават калi раблю iх iншым.
Пасля тэлефоннага развiтання з Бортнiкам настрой палепшыўся. Ён яшчэ больш узняўся каля кiнатэатра «Масква». Я напляваў самым лiтаральным чынам на сукенку намаляванай, афiшнай, а праз тое яшчэ больш французскай i пранцаватай Пампушцы. Расцёр слiну ўказальным пальцам i тым жа чорным пальцам намаляваў на прасталытчыным тварыку прускiя афiцэрскiя, салдафонскiя вусы. Ну, люблю я маляваць. А тое, што гераiня класiчнай заходнееўрапейскай навелы закрыўдавала – яе настроi, яе праблемы. Я, дарэчы, салiдарны з большасцю (быць салiдарным з большасцю – нацыянальная рыса беларуса!) персанажаў мапасанаўскага шэдэўра. Яны асудзiлi Пампушку за тое, што легла пад ворага Бацькаўшчыны, акупанта Францыi, ворага аб’яднанай Еўропы, якую так хацелi зрабiць Напалеон з Гiтлерам. А што ж яна думала? У хiханькi-хаханькi з заваёўнiкам гуляць? Так не бывае. Акупант на тое i акупант, каб гвалцiць, прымушаць, рабаваць. А Пампушка перад iм свой гонар паказала. Каму трэба гонар прасталыткi? Калi шчыра, дык i заваёўнiк у навеле «Пампушка» занадта ўжо тактоўны. Усё ён намёкамi, паўтонамi, праз памагатых. Не, каб узяць i згвалтаваць усiх мужчын, а коней зарэзаць, а жанчын закатаваць. А ён сарамлiвы, паўтыдня правалаводзiўся з прастытуткай. А вось мой твор, дзякуючы доўгiм тэарэтычным пошукам, атрымаўся: германскi вусаты афiцэр i французская ружовашчокая б... дзь у адной асобе, вось ён – сiмвал аб’яднанай Еўропы!
* * *
Дарагi мой сябра Адам, прывiтанне!
Атрымала твае лiсты. Вельмi ўзрадаваў i павесялiў намаляваны чорт Ладак. Ён страшны, i я крышачку спалохалася. Ты напiсаў, маўляў, ён можа ўсё. Вось я i загадала яму прынесцi майго Адама ў Татахозу. А ён, супастат чорны, адмовiўся. А што ты можаш? Ён нiчога не адказаў. Ён, бач ты, пакрыўдзiўся.
Я вось села пiсаць табе, а ён зiркае на мяне з-пад iлба. А цяпер вось папрасiў, каб упiсала ад яго прывiтанне.
Вар’яцтва нейкае навокал. Суцэльная дурната. Мая вёска нагадвае могiлкi. Людзi жывуць, каб зарабiць на хлеб, а хлеб зарабляецца з адной мэтаю – жыць. А на могiлках iх чакаюць падрыхтаваныя месцы. Можна i не жыць, дастаткова паставiць помнiк, ён засведчыць пра тое жыццё больш, чым некалi зароблены i тады ж з’едзены хлеб. Замкнёнае кола, з якога нiхто ў Татахозе не шукае выйсця.
А мiж намi жалезная заслона: нi ты нiколi не зможаш прыехаць да мяне, нi я да цябе. Мы жывём у адным сацыялiстычным лагеры, але ў розных бараках. І самавольны пераход з аднаго барака ў другi караецца смерцю без помнiка на могiлках.
Як ты лiчыш, цi можа нармальная дачка не любiць бацьку? Я не люблю тату. Да мацi ў мяне iншае стаўленне, але i яе не люблю. Прыкра, сорамна, крыўдна, але ж не магу сябе прымусiць палюбiць бацькоў. Яны выклiкаюць у мяне пачуццё агiды. Асаблiва раздражняе тата. У яго пачалi выпадаць зубы. Не ведаю прычыны, але выпадаюць яны чамусьцi ўночы. А на ранiцу, у час снедання тата кладзе на стол свой, цяпер ужо нiкому не патрэбны, жоўты, пракураны, доўгi зуб i гаворыць кожнага разу адно i тое ж...
Птушкi ў вырай паляцелi!
Паляцелi птушкi ў вырай!
Гэта прыпеў з венгерскай народной песнi, але пры чым тут гнiлыя выпалыя iклы?
Мацi кажа: я вельмi падобная да бацькi, мы аднолькавыя i таму не можам паразумецца. Мана. Не буду я класцi на стол свае зубы.
Да 14 гадоў у мяне зусiм не было праблем. Ва ўсялякiм разе, тых, што прыйшлi зараз. Для сябе я iх акрэслiла выразам шмат думаць. І пачала забараняць сабе думаць. Натуральна. Сядаю ў фатэль i пачынаю думаць пра тое, што не думаю... Пустэльня. Пустэча. Вецер.
Пясок. Сыплецца. Шархацiць. Шэпча. Цiша. Пустэльня. Хрыстос. Самота. Словы, словы, словы... Я паўтараю асобныя словы. За iмi ёсць матэрыя, але няма мяне, бо мне забараняецца складаць з iх сказы, дазваляецца толькi цiха прамаўляць. Шэпт супакойвае. Маё маленькае адкрыццё: супакойвае не столькi малiтва, колькi шэпт. Адсюль i жаданне многiх народаў малiцца на малазразумелых мовах. Вось такi занятак я вынайшла сабе. Дапамагае.
Часам нейкая драбнiца пачынае раздражняць мяне так, што жыць не хочацца. У падобны стан трапляе чалавек з запарушаным вокам. Маленечкая парушынка, а прымушае скурчыцца велiзарнае цела. Так i са мною. Бацькаў зуб паранiў абалонку маёй душы. Мне захацелася схапiць сякеру i адсекчы бацькаву галаву, каб абухом павыбiваць з яе доўгiя жоўтыя зубы, каб яны больш не з’яўлялiся на стале падчас снедання.
Ты сам, Адаме, папрасiў пiсаць шчыра. Выконваю пажаданне. Толькi бачыш цяпер, што гэтага лепш не рабiць.
Я не ведаю цябе. Мне цяжка здагадацца, што табе цiкава, што цябе хвалюе i непакоiць.
Сёння я не ў гуморы.
Адам, вельмi хочацца цябе ўбачыць!
Плакаць не буду.
Р. S. У жаночым часопiсе я прачытала, што венгры маюць вялiкую схiльнасць да самагубства, як i наогул усе народы з фiна-угорскай групы. Сапраўды так.
Татахоза. 1976. Жнiвень. 7.
Твая Агi.
* * *
Можа, дэ Сад i падлiчваў – колькi кропель асалоды тоiць у сабе запланаваны здзек, а я ведаю адно – шмат. І асноўная сакаўная слодыч не ў самiх кпiнах, а ў чаканнi свайго ўзвышэння над абранымi ахвярамi. Яны i думаць не думалi, i ведаць не ведалi. Яны спалi i цiхенька ўцягвалi ленiнградскае гнiлаватае паветра праз чатыры дзiрачкi ў двух насах i так жа цiха выпускалi адпрацаваны лёгкiмi газ. Яны ж былi ў гасцях, а таму не маглi сабе дазволiць сапцi. Як i я не мог рыпець спружынамi старога, купленага знарок для гасцей, цёткiтосiнага фатэля. Я ляжаў перад сном i думаў пра Музей рэлiгii i атэiзму, што месцiўся ў Казанскiм саборы. У думках абыходзiў экспазiцыю i ўважлiва разглядаў прылады для катавання.
Мне спадабалася жалезная маска з даўжэзным доўгiм носам, на якi насаджвалi кавалак смажанага мяса, каб закутая ў кайданы ахвяра памерла з голаду, бачачы страву i чуючы водар смажанiны. Падобных прылад было шмат, поўныя сутарэннi, i ўсе яны належалi каталiцкай iнквiзiцыi. Зрэшты, i праваслаўная царква мела ў музеi адпаведны звярыны твар. На сценапiсе ў пякельным полымi гарэлi Леў Талстой i Мiхаiл Лермантаў. У класiкаў расейскай лiтаратуры былi акуратныя, нiбыта перамаляваныя з энцыклапедыi, тварыкi. Быў у Музеi рэлiгii i атэiзму адзiн беларускi твар, i нават не твар, а толькi профiль – на маленькiм фотаздымку, пад якiм стаяў подпiс: «Гiтлер вiтае здраднiка савецкага народа Абрамовiча, якi абвясцiў незалежнасць беларускай праваслаўнай царквы». На здымку Гiтлер усмiхаўся; мусiць, думаў пра блiзкае аб’яднанне Еўропы. Абрамовiч таксама ўсмiхаўся, мусiць, думаў пра доўгае жыццё беларускага фашызму. Абодва трымалiся за таўсцезную кнiгу. Хто каму дорыць цi перадае – няясна. Што за кнiга – невядома. Можа, Бiблiя, а можа, i «Мая барацьба».
З размовы пра аўтакефалiю беларускай царквы я i пачаў гутарку з Валодзем Бортнiкам. У яго стрыечны брат служыў папом, таму тэма зацiкавiла, Бортнiк нават сказаў... Мог i сапраўды быць факт суверэнiзацыi царквы. Але размова пра рэлiгiю была шырмаю, мяне зусiм не цiкавiў Гiтлер з Абрамовiчам, мяне хвалявала, як адрэагуе пара з несапраўдным каханнем на пару з каханнем сапраўдным. Цi спраўдзiцца мая надзея на ўзвышэнне. Спраўдзiлася. Бялькевiч звяла, згарнулася, як зрэзаная лiлея без вады. А я з садысцкай радасцю зазначыў, што прынiзiў сяброў. І апраўдваў сябе тым, што чалавека нельга прынiзiць да таго часу, пакуль ён сам не пажадае прынiжэння. Я меў поўнае перакананне – Бортнiк i Бялькевiч жадалi прынiжэння. А iнакш нашто ён паўсюль расказваў пра вельмi iнтымныя рэчы. А яна прынiжала яго капрызамi i бясконцымi патрабаваннямi. А я прынiзiў iх абаiх, бо побач з дохлым ценем мiнулай любовi паставiў жывое каханне з першага погляду.
Я атрымаў задавальненне, а ўсе астатнiя не цiкавiлi мяне, нават Агi, з якой у нейкiх кавярнях, на нейкiх паркавых лаўках я парастрасаў, параскiдаў, праўсмiхаўся тры наступныя днi. І зусiм нечакана для сябе працверазеў i ўбачыў – сяджу на чыгуначным вакзале адзiн.
У пачакальнi нiхто не спаў, бо мiлiцыянты забаранялi. Як толькi нехта заплюшчваў вочы, яны абавязкова падыходзiлi i патрабавалi дакументы. Гэта ў мiлiцыянтаў было накшталт гульнi-забаўкi, каб служба шпарчэй iшла.
Цётцы Тосi я сказаў, што з’язджаю ўранку, каб не хвалявалася. І яна, мусiць, не перажывала, а цiха, спакойна спала ў ленiнградскай камунальнай кватэры. А я не мог заснуць з-за мiлiцыянтаў. Ночы падзяляюцца на два станы: адзiн – калi хочаш спаць, а табе не даюць, а другi – калi не можаш заснуць. Спаць хацелася страшэнна. Я ўзяў сумку i пайшоў уздоўж перона, уздоўж пакгаузаў, паўз нейкiя склады, пералезшы праз паркан, знайшоў пад iм кардонныя скрынi з-пад халадзiльнiкаў i заснуў на iх, паклаўшы пад галаву сумку. Мне нiчога не прыснiлася. Звычайна ў мяне каляровыя сны яркiя i вельмi прывязаныя да сапраўднасцi, але нi разу ў мой сон не завiтала венгерка Агi Ляхоцкi. Перад тым як трапiць на вакзал, мы развiталiся, яна зайшла ў iнтэрнат, i больш я нiколi не бачыў Агi, якую пакахаў з першага погляду. Яна плакала, а я не плакаў. Агi была вельмi лёгкая на слёзы. Яна была лёгкая на ўсё – словы, пачуццi, лiсты, слёзы.
* * *
Дарагi Адам!
Мне вельмi-вельмi хочацца, каб гэты лiст ты атрымаў адразу, як толькi прыедзеш у Мiнск.
Я думаю-думаю пра цябе, ты мой першы любiмы сябра. Можа, ты пакрыўдзiшся за «сябра», але для мяне гэта больш чым палюбоўнiк. Каб я напiсала табе, што закахалася ў цябе i мне больш за ўсё падабаецца займацца з табою сексам цi я нiколi ў жыццi не забуду нашае пачуццё – быў бы падман. А хлусiць не хачу i не буду. Ты мiлы-мiлы, быць побач з табою прыемна. А больш за ўсё мне падабаецца гаварыць з табою. Ты першы i адзiны хлопчык, з якiм мне прыемна размаўляць. У тваiм характары ёсць кранальная непасрэднасць. Наша каханне ты будзеш памятаць нават тады, калi я забудуся пра яго.
Яшчэ зусiм светла, хоць на гадзiннiку – глыбокая ноч. Я пiшу, седзячы каля акна. Светла, i не трэба запальваць лямпу.
Спадзяюся, твая цётка Тося не сварылася на цябе, здаецца, сягоння мы развiталiся крышку раней, чым заўсёды.
Шкада, усё так хутка скончылася. Каб ты разумеў па-венгерску, я пiсала б табе вершы.
Шкада, ты так i не намаляваў мой партрэт, i не тое, каб для мяне мела вялiкае значэнне наяўнасць самога партрэта, зусiм не, хацелася паглядзець, як ты працуеш. Я сама зусiм не ўмею маляваць, зусiм.
Заўтра, па дарозе на заняткi, я ўкiну лiст у паштовую скрыню i ўзрадуюся, бо ты хутка атрымаеш вестачку. А вось на вакзал я вырашыла не прыходзiць, не люблю плакаць i цалавацца на пероне.
Р. S. З Венгрыi дашлю сваю фотакартку, а ты, калi ласка, дашлi сваю цi намалюй маленькi аўтапартрэт.
Прабач, але не было добрай белай паперы, вось таму першы лiст атрымаўся жоўты i непрыгожы.
Буду цябе памятаць доўга-доўга.
Дзякуй за каханне.
Ленiнград. 1976. Лiпень. 21.
Твая каханая Агi.
Крым. 23.VI.1993