Текст книги "Толькі не гавары маёй маме"
Автор книги: Адам Глебус
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 13 страниц)
Адам Глобус
ТОЛЬКІ НЕ ГАВАРЫ МАЁЙ МАМЕ
Зборнік інтымнае прозы
Упершыню кніга “Толькі не гавары маёй маме” была надрукаваная ў 1995 годзе ў выдавецтве “Сучасная літаратура”
Глобус, А.
Г54 Толькі не гавары маёй маме... : [Тэкст] / Адам Глобус (Адамчык У.В.). – Мінск : І. П. Логвінаў, 2012. – 264 с. – (Серыя "Я кнігу маю").
Другое выданне
ISBN 978-985-562-013-7.
© Глобус А., тэкст, 2013
© Афармленне. Выдавец Логвінаў І.П., 2013
© Афармленне вокладкі Gonzai (gonzai.org), 2012
Выдавец І.П. Логвінаў, ЛІ 02330/0494468 ад 08.04.2009
Пр-т Незалежнасці, 19-5 220050, г. Мінск
Трохкутнік
(аповесць пра першае каханне)
Кажу табе: нiчога адметнага не было, нiхто не застрэлiўся. У iншых здараецца страшнае, i яны трапляюць у лякарнi, i труцяцца, i вешаюцца, а ў мяне ... Ну, калi ты настойваеш, скажу так: мне было семнаццаць.
Лядачы ўзрост, асаблiва калi вясна, травень, i табе семнаццаць, i ўсе дзяўчаты прыгожыя. А тая, што да цябе блiжэй за ўсiх, – самая прыгожая. А блiжэй за астатнiх да мяне была Вольга Пакроўская. За адным сталом на занятках сядзелi. Яна займалася на скульптурным, а я на жывапiсным, але на ўсiх фiзiках-хiмiях мы побач сядзелi, толькi на ангельскай мове я сядзеў адзiн, бо Вольга вывучала французскую. І на беларускую лiтаратуру яна не прыходзiла, дзецям вайскоўцаў дазвалялася не вывучаць бел. лiт. i бел. мову. Яна i не вучыла. Але на ўсiх астатнiх грамадазнаўствах, матэматыках, красленнях мы сядзелi разам.
Другi год сядзелi побач, i калi ў мяне ўзнiкалi розныя думкi, дык я iх праганяў з дзiўнай лёгкасцю. Ну, мала што каму захочацца цi прымроiцца на занудлiвых занятках па вайсковай справе, калi маёр Мухiн у соты раз разбiрае i збiрае аўтамат Калашнiкава, а потым прымушае гэта рабiць усiх па чарзе. А аўтамат адзiн. І калi дойдзе чарга, дык адчуеш, як ад Мухiна пахне спiртам. Звычайна на вайсковай справе я чытаў. А Мухiн не любiў тых, хто чытаў. Ён i дзяўчат не любiў, i барадатых не любiў, а тых, хто насiў даўгiя валасы, ненавiдзеў. Ён – маёр Мухiн, пехацiнец – любiў спiрт i аўтамат Калашнiкава. А я любiў чытаць пра мастакоў, пра розных там Радэнаў i Сезанаў. Ну, i калi чытаў пра тое, як Агюст Радэн прымушаў сваiх натуршчыц разгульваць па майстэрнi аголенымi... Ён, Агюст, не мог маляваць, калi натуршчыца сядзела цi ляжала. Чалавек – сабор, якi рухаецца, так ён казаў. I мне ўяўлялiся гэтыя аголеныя, што гуляюць па скульптурнай майстэрнi сярод станкоў i каркасаў.
У семнаццаць i не такое ўяўляецца. У суседнiм доме, наш дом з суседнiм вокны ў вокны стаяў, адзiн мужчына прымушаў сваю жонку мыць падлогу, i не проста так мыць, як усе мыюць, а распранацца дагала i мыць. А сам ён сядаў на канапу i глядзеў, як яна шаруе дошкi сагнуўшыся. А ў мяне быў бiнокль, i я сачыў за iмi з-за фiранак. А потым, яна i дамыць не паспявала, ён рабiў з ёй розныя рознасцi. Эксгiбiцыянiсты чортавы. Я iх на вулiцы баяўся сустракаць. Ідзе такая прыстойная парачка, заходзяць у хлебную краму i купляюць палову чорнага i батон. І ўсё ветлiва, з усмешкамi, i нiхто нiчога, а я чырванею. Натуральна, i, здаецца, усе на мяне глядзяць, нiбыта ведаюць, што я з-за кухоннай фiранкi за людзьмi ў бiнокль падглядаю. І даводзiцца ўцякаць з крамы, нiчога не купiўшы, бо кроў на шчоках так i пульсуе. А тыя нудзiсты кватэрныя хоць бы хны. Добра, што я толькi чырванеў, а то ўявi, каб хто мог думкi чужыя чытаць цi мроi бачыць.
Ну, хоць бы той жа ваенрук Мухiн, уяўляеш? Глянуў ён на мяне i бачыць майстэрню Радэна, поўную аголеных кабет, якiя гуляюць мiж розных бронзавых думальшчыкаў i грамадзян горада Кале. А замест Радэна я сяджу на крэсле i раблю мядовай акварэллю накiды. Мухiн бы зайшоўся ад злосцi. Каб я кнiгу пра вайну чытаў, нават гiстарычную, пра беларуска-расейскую вайну VII стагоддзя, i тое б не так зазлаваў, а тут... Ён жа не ведаў, што скульптарка, якая зляпiла гэтых саўдэпаўскiх рабочага з сялянкаю трыццацiметровых з пудовымi сярпамi i малаткамi, таксама насiла такое прозвiшча – Мухiна. Якi серп? Якi молат? Вось аўтамат Калашнiкава – рэч! А я аўтамат ненавiдзеў люта. Дый чорт з iм, з аўтаматам. Не пра тое гаворка. А пра маё самае першае каханне да Вольгi Пакроўскай, з якой сядзеў на вайсковай справе за адным спiсаным рознымi гадасцямi сталом.
«Мухiн – дуб!», «Вайскоўцы – людажэры!», «Ненавiджу вайну. Любоў – наш сцяг!» Усё такое пацыфiсцкае. У нас уся вучэльня была з пацыфiстаў доўгавалосых. І я насiў тады доўгiя валасы, яны вiлiся i тырчалi ў розныя бакi. Жахлiвае вiдовiшча. І нязручна. Толькi як жа я без валасоў? Валасы таксама сцяг пацыфiзму. А самыя доўгiя валасы ў вучэльнi насiў Сяржук Шавец. Ён, як i Вольга, вучыўся на скульптурным. Сяржук быў з Гомля i ўсiм казаў, што самыя прыгожыя дзяўчаты ў Гомлi. Выдумляў. У семнаццаць усе дзяўчаты прыгожыя. А што да Сержука, дык ён зусiм у дзяўчатах не разбiраўся. Пазнаёмiцца з якой, прывядзе ў майстэрню, пасадзiць i мяне клiча, каб спытацца, прыгожая цi не. Бывае, такое прывалачэ, што ажно дзiўна, дзе яно такое вядзецца-плодзiцца. Але я нiколi не казаў, што ягоныя самкi – каракацiцы.
Толькi аднаго разу, калi гадзiн у адзiнаццаць вечара на вакзале мы знялi чатырох дзявуль, я не вытрываў i сказаў: выпiць вып’ю, а ад усяго астатняга адмаўляюся на карысць неграў. А ён застаўся i падчапiў трыпер, пранцускi насмарк. Ты б толькi бачыла тую ласiху. У яе каленi, ну проста жах; такiм каленам калi садануць пад зад, дык метраў семсот ляцецьмеш. Не каленi, а нейкiя голеныя салдацкiя патылiцы. А Сяржук палез памiж тых каленяў, i знайшлася радасць. Прыходзiць i просiць мяне ў аптэку схадзiць па бiцылiн, бо яму не далi. У аптэцы я нагаварыў пра хворую цётку i пра памяты рэцэпт, бо ў цёткi калоцяцца рукi – што яна нi возьме, усё пакамячыць, чытаць зусiм не можа, у яе галава трасецца, i таму цётка толькi радыё слухае. Гэта ўсё праўда, толькi не пра маю цётку, а пра мацi Светы Сухадольскай, з якой я ў адным класе вучыўся. У Свецiнай мацi была хвароба Паркiнсона. Яна i года не пражыла з паганай хваробаю. Увесь клас хадзiў на пахаванне...
Але якое дачыненне хвароба Паркiнсона мае да бiцылiну? Не ведаю. І ўсё ж далi мне ў аптэцы пачак ампулаў i сказалi, каб больш не прыходзiў. А Сяржук узрадаваўся i адразу ж у майстэрнi сам сабе зрабiў укол. Укалоўся i кажа, што ёсць бутэлька вiна, толькi пiць яму цяпер цэлы тыдзень нельга, i ён прапанаваў выпiць мне. Я сказаў: адзiн не буду, семсот пяцьдзесят чарнiла мне зашмат. І Сяржук прапанаваў выпiць палову Вользе Пакроўскай. Я ж табе казаў, што яны скульптары, таму ў адной майстэрнi займалiся. І мы сядзелi ўтраiх сярод глiняных Венераў, загорнутых у цэлафан i анучы. Вiно падзейнiчала на мяне дзiўным чынам – я заўважыў раптам, якая прыгожая Вольга. Раней не заўважаў яе вачэй, яе вельмi жаноцкай пластычнай паставы. Ну, сядзела побач са мной зграбная дзеўка. Пра большае i не думалася. А ў майстэрнi за пляшкаю вiна ўбачылася, што Вольга вельмi падобная да знакамiтай Венеры, адшуканай у Мiласе. Вось так i знайшлася мая Венера – Вольга Пакроўская.
А Сержуку стала сумна з намi, цi бiцылiн так падзейнiчаў. Ён сышоў. Мы дапiлi вiно, i я папрасiў дазволу правесцi Вольгу дамоў. Я першы раз праводзiў дзяўчыну дамоў. Толькi не думай, што я такi быў затарможаны i нiколi раней не праводзiў дзяўчат. Праводзiў сто разоў i нават цалаваўся, i ведаў, як расшпiльваецца станiк. Толькi ўсё папярэдняе рабiлася дзеля iншага, дзеля пераадолення юнацкiх комплексаў, дзеля сама-сцвярджэння. А тут я адчуў, што не толькi мне будзе прыемна.
Мы iшлi па начным горадзе i гаварылi рознае глупства, i стаялi каля пад’езда. Тупа, да вар’яцтва, як у тэлесерыялах. Я тады глядзеў на вокны. Вользiны былi на пятым паверсе. А назаўтра ранiцай я зноў прыйшоў да гэтага пад’езда i глядзеў на вокны, толькi быў я цвярозы i злы. І даў сабе слова болей з Вольгаю не сустракацца. Смешна атрымлiваецца: сядзець за адным сталом i не сустракацца, але так яно i выйшла. Я хадзiў вечарамi глядзець на яе вокны, а ўдзень сядзеў побач i рабiў выгляд, што нiчога не адбываецца. І Вольга рабiла выгляд, – яна потым расказвала. Мы сядзелi за адным сталом i рабiлi выгляд. Ідыёты. Мы пакутавалi. Н е хлушу. На вулiцы травень, нам па семнацца ць. А мы робiм абыякавыя твары. Увесь травень м ы амаль i слова адзiн аднаму не сказалi. Так i прамаўчалi да лета. А пасля сесii раз’ехалiся ў розныя бакi.
Цэлае лета са мною розныя гiдкасцi-прыкрасцi здаралiся, асаблiва ў снах. Снiлася злучэнне целаў i ўсё такое бiялагiчнае, жывёльнае, анатомiя чалавека. Толькi лета ўсё што заўгодна лечыць. Таму ўвосень я ўжо не перажываў, калi даведаўся, што збiраць бульбу мы будзем у розных вёсках. Сярод дзяўчат на жывапiсным былi таксама прыгожыя. А на вёсцы яно ўсё прасцей, чым у горадзе. Сена, салома, конi, вогнiшчы, вiно... Усё зразумелае, намацальнае, без вокнаў на пятым паверсе. І нiякiх патрабаванняў нi да iншых, нi да сябе. Я, слова гонару, i не паехаў бы ў тую вёску Вуглы, дзе Вольга працавала на кухнi, каб Гэля Астравец не пабiла сабе копчык. Каталiся ўсе на дупах са стога, вось жа не пашанцавала, з’ехала якраз копчыкам на камень. Адкуль той камень у саломе з’явiўся? А яна на той камень якраз копчыкам. І ўсе смяюцца. Нехта, здаецца, Генадзь Чэх, ён самы майстар пакпiць, кажа: «Ты, Астравец, зламала хвост i стала чалавекам. Радуйся!» I Гэля засмяялася, i нават не засаромелася сваiх гнiлаватых пярэднiх зубоў. Так яна заўсёды iх губамi прыкрывала, калi казала «ох». У яе звычка была казаць «ох». А тут «ох», i копчыкам на камень. І ўсе смяюцца, i яна ляжыць на саломе i смяецца, выставiўшы рудыя драпежныя зубкi, а з вачэй кракадзiлавы слёзы цякуць.
I я пашкадаваў Гэлю, закрычаў, што трэба лекара выклiкаць. А ўсе аж заходзяцца. Ну, якi, скажыце, на вёсцы лекар? Да блiжэйшага тэлефона сем кiламетраў. А я пабег да Алеся Ласевiча, ён добры i якраз у той дзень на канi працаваў. Падбег i кажу: «Высыпай бульбу з воза!» – i так распсiхаваўся, ну, проста жах, са мной такое бывае, калi пачынаюць смяяцца, я тады звярэю. Вывернулi мы бульбу на полi, я схапiўся за аброць i падвёў каня да стога. Накiдаў саломы i сказаў, каб Гэля лезла ў воз, бо павязу яе да лекара ў Вуглы.
Вераснёвы лес, сонца, цiха, толькi колы на карэннi гупаюць дый конь Арцём вецер пускае. Наеўся, гад, бульбы ды пускае смурод, хоць я да гэтага i нармалёва стаўлюся. Конь ёсць конь, ён не еў розных там яблыкаў з райскага дрэва i сораму не разумее, дзякуй Богу. А вось Гэля ўсю дарогу перажывала, што перад нейкiм вясковым фельчарам давядзецца распранацца i паказваць копчык. А мяне смех душыў, як уяўлю фельчара, што абмацвае копчык. Толькi Астравец не дазволiла мне ў тую лякарню вясковую зайсцi. Лякарня, смех сказаць, нейкi кабiнецiк у аднапавярховай пачатковай школцы. Я на вулiцы пастаяў i дзецям пазайздросцiў. Яны падчас перапынку ў двары гулялi, бегалi там у «квача» i ўсё такое. Я падумаў пра сваю дзевятую школу, пра яе цёмныя калiдоры. Яе цяпер, дарэчы, у школу для дэбiлаў ператварылi. І слушна. А я тады першы раз у жыццi пашкадаваў, што вучыўся ў горадзе, а не на вёсцы.
Калi Гэля выйшла на двор, яна iшла, як старая качка, перавальвалася з боку на бок. А я не ўсмiхнуўся, а толькi сказаў, што мы спознiмся на абед i лепш паехаць паесцi да скульптараў. Гэля казала, што есцi ёй зусiм не хочацца, толькi я не паслухаў i павярнуў каня да сталоўкi, дзе кухаркай Вольга Пакроўская працавала. Яна нас пакармiла вараным мясам i кiсялю налiла, i ўсё было б добра, каб не Сяржук. Ён узяў i сказаў мне, што Вольга закахалася ў вясковага агранома. Лепш бы ён мяне ўдарыў цi плюнуў мне ў твар, сапраўды, было б не так балюча. А то ўсю дарогу з Вуглоў я ледзь не плакаў. І не таму, што лiчыў сябе лепшым за нейкага там агранома цi трактарыста, а проста хацелася плакаць, i ўсё. Толькi я саромеўся Гэлi, я ж не конь, якi псуе паветра i не саромеецца, я ж чалавек, хай сабе i не лепшы за агранома з вёскi Вуглы. Так я i не заплакаў. Але крыўда засталася, дробненькая такая крыўдачка. І не на Вольгу Пакроўскую, а на ўвесь свет i асаблiва, чамусьцi, на школьныя смярдзючыя калiдоры з майго дзяцiнства.
Я са школы як выйшаў пасля апошняга экзамену, больш туды i не заходзiў. І не хацелася нi разу зайсцi. А ў мастацкую вучэльню з радасцю хадзiў, i ўсё чакаў, пакуль заняткi пачнуцца. Вярнулiся з бульбы, тут мая галава i закруцiлася. Натуральна, нi пра што думаць не магу. Нi пра жывапiс, цi пра малюнак i кнiжкi пра розных там Сезанаў i Радэнаў перастаў чытаць. І стрэлiла ў маёй затлумленай галаве такая дурацкая думка: трэба запрасiць Вольгу ў тэатр.
Я казаў, што тэлевiзар не люблю, дык вось тэатр я ў мiльён разоў больш ненавiджу. А тут пабег i ўзяў два квiткi на спектакль «Салдаты». І яшчэ ў касiркi спытаўся, цi добрая п’еса, а яна, дурнiца расфарбаваная, свае вусны малiнавыя падцiснула i сказала, што п’еса блiскучая, i на прэм’еры драматург пачаставаў яе шампанскiм. Якi ж ён празорца, гэты драматург! Ну, проста Саламон. Вось так i трапiў я ў пастку. І з такiм цудоўным настроем, бо Вольга адразу пагадзiлася iсцi глядзець п’есу «Салдаты». А напярэдаднi яна пафарбавала валасы ў чорны колер. Калi па шчырасцi, дык мне больш падабалiся яе сапраўдныя русыя валасы, якiя былi ў яе ў траўнi. А перад самай бульбаю яна iх выбелiла i закруцiла ў дробныя-дробныя кудзеркi. І яе называлi «залатое руно». А ў тэатр я iшоў з брунеткай, такой вугальна-сiняй, такой яркай: вусны чырвоныя, а вочы шэрыя, светлыя... Сукенка на маёй тэатральнай спадарожнiцы была цёмна-блакiтная, нават светла-сiняя, i вельмi пасавала да чорнае фрызуры. І рыдыкюль i чаравiчкi былi чорныя, скураныя i вельмi зграбныя, i не скажаш, што Вольга скульптар, а не мадэльер.
Зайшлi мы ў тэатр, ходзiм па фае, а ў тэатры нiкога няма. Да пачатку «Салдатаў» застаецца хвiлiнаў дваццаць, а ў тэатры толькi я i Вольга. Прыехалi, як кажуць. Толькi ж я яшчэ не ведаў, на якую кiрзавую вайсковую станцыю мы трапiлi. Раптам у вестыбюль пачалi заходзiць салдаты, i зусiм не тэатральныя, а самыя сапраўдныя. І набiлася iх поўны тэатр. Уяўляеш, поўны тэатр гiмнасцёрак i стрыжаных патылiц, а з цывiльных толькi я, Вольга i кантралёркi. Мяне аж у пот кiнула, ну так непрыемна, што проста жах. Ішоў з дзяўчынаю ў тэатр, а трапiў ў клуб вайсковае часткi. Мне захацелася выпiць, але як падумаў, што ў буфеце поўна смярдзючых вайскоўцаў, так адразу i перахацелася. Я павёў Вольгу ўздоўж сцяны, а сам усё за дзверы торгаў. У мяне новая iдэя з’явiлася: зайсцi ў якую ложу. Хоць тут пашанцавала. У адну з ложаў мы ўсё ж патрапiлi i селi ў досыць зручныя фатэлi. І мне зрабiлася добра, хвiлiнаў пятнаццаць у мяне быў цудоўны настрой, бо, па-першае, я пазбавiўся ад радасцi бачыць савецкае войска, а па-другое, я трымаў за руку Вольгу. Як вёў яе ўздоўж сцяны, так руку яе i не выпусцiў, i яна не забiрала.
I мы сядзелi ў мяккiх фатэлях i глядзелi на чырвоную заслону. Пакуль яе не паднялi, я быў самы шчаслiвы чалавек, прынамсi, у мiнскiм Тэатры юнага гледача. Але заслону паднялi. I калi ў цябе з’явiцца жаданне сапсаваць каму-небудзь настрой, дык падары яму квiток на спектакль «Салдаты». А змест п’ескi я табе перакажу.
Тры салдаты сядзяць i гавораць. З iх размоваў можна даведацца, што яны i не салдаты зусiм, а салдацкiя душы, хоць з выгляду яны ўсе шмэндрыкi-акторы, якiх пераапранулi ў форму, толькi форма на iх сядзiць па-дурному, бо яна ўся новенькая, толькi што з фабрыкi цi ад тэатральнага краўца, цяжка ў такiх выпадках быць дакладным. Гузiкi на салдатах-душах-акторах блiшчаць, папругi i боты парыпваюць, а медалi пазвоньваюць. А яны па чарзе ўстаюць i прагульваюцца па сцэне, як iндыкi на падворку ў гаспадынi, у якой я жыў, калi бульбу капаў. Прагульваюцца салдаты i ўспамiнаюць, хто як жыў, каго кахаў i дзе вучыўся да войска. І адзiн з гэтых бутафорскiх салдатаў савецкага войска, вядома, грузiн, другi – рускi, ён жа i беларус (у аўтара не праяснена, ён з нейкага памежнага мястэчка, здаецца, з Мсцiслава, i ўвесь час блытаецца, цi то кажа «ў нас рускiх», цi «а на Беларусi»), карацей, другi – савецкi чалавек без нацыянальнасцi, якi, мiж iншым, вельмi любiць мацi; а трэцi, як можна здагадацца, – хахол. Потым да iх яшчэ падыдзе чацвёрты, ён, як высветлiцца, камандзiр танка i памёр у шпiталi, таму ягоная душа i спазнiлася да пачатку спектакля. І так хвiлiнаў дваццаць пяць яны разважалi, прахаджвалiся i пакурвалi. Натуральна, палiлi на сцэне, i дым цягнула ў залю, дзе сядзелi самыя сапраўдныя салдаты, якiм захацелася курыць. Яны i ўставаць пачалi, i ў прыбiральню сыходзiць, яны ўсе сышлi б, каб афiцэр не стаў на выхадзе i не пачаў сiпець. А я таксама збегаў пакурыць. А калi вярнуўся, на сцэне ўжо стаяла жанчына, як вынiкла з размоваў – мацi камандзiра, душа якога спазнiлася на пачатак.
Мацi сказала салдатам-душам, што яна ганарыцца iмi, бо яны героi. Здохнуць можна ад гэтага пафасу, ну, проста седзячы ў тэатральным фатэлi ўтрупянець i кончыцца, а не згарэць у танку, як выдуманыя драматургам салдаты. Гэта таксама я дазнаўся з гаварыльнi. А згарэлi яны ў танку, бо танк перакулiўся, бо iшоў ён па горнай дарозе, а на дарогу выбегла дзяўчынка, а камандзiр узяў на сябе ўсю адказнасць, дзяўчынка засталася цэлая, а вось танк упаў са стромы на камянi, разбiўся i ў дадатак згарэў, толькi камандзiр паспеў вылезцi з ахопленай полымем баявой машыны, i яму яшчэ давялося пакутаваць i памiраць у шпiталi, дзе ў камандзiра паспела закахацца медсястра, якая, калi ў сапраўдным жыццi спiць, дык пераносiцца ў царства мёртвых, дзе прызнаецца ў каханнi да пакутнiка-камандзiра. Вось такая абракадабра з падтэкстам.
Пра падтэкст скажу пазней. Бо толькi медсястра прызнаецца ў каханнi i сыходзiць, як адзiн з былых танкiстаў, самы дробненькi рускi-беларус, нахабна кажа былому камандзiру, што ён героем быць не хоча i што камандзiр быдла, бо загубiў з-за адной дзеўкi ажно чатыры душы. Дзiўна, што i на тым свеце званнi захоўваюць сiлу. Дык вось, камандзiр пачаў супакойваць байца рознымi развагамi пра каштоўнасць чалавечага жыцця. Толькi каштоўнасць распаўсюджвалася адно на дзяцей, а салдат яна зусiм не тычылася. І тут упала заслона. Антракт. І сапраўдныя салдаты загулi, загаварылi ды пацягнулiся ў фае. А я з Вольгаю i не выйшаў з ложы. І куды я мог выйсцi? У фае, дзе сто тысяч галодных салдацкiх вочак утаропiлiся б на дзяўчыну? Не! Так i праседзеў цэлы антракт, пасля якога падзеi на сцэне цяклi наступным чынам: дробненькi, якi не хацеў быць мёртвым героем, а хацеў быць жывым дзетазабойцам, намерваўся набiць морду камандзiру, але яго доўга не пускалi грузiн з хахлом. Грузiн гаварыў з грузiнскiм акцэнтам. Па-беларуску, i з грузiнскiм акцэнтам! Цырк, а не тэатр. А хахол увесь час укручваў украiнскiя прымаўкi. Трымалi яны, трымалi, гаварылi-гаварылi з акцэнтамi i прымаўкамi, а потым узялi i адпусцiлi. Пэўна, таксама хацелi быць жывымi дзетазабойцамi. А можа, i памыляюся.
Д робненькi салдат схапiў сапёрную рыдлёўку i пайшоў секчы свайго камандзiра. Але няспешна так сунуўся. Каб адчуваўся драматызм кульмiнацыйнага моманту. Ну, i як ты разумееш, не засек ён нiкога, савецкi салдат – добры салдат, ён нiкога нiколi не засякаў сапёрнай рыдлёўкай, а тым больш свайго камандзiра, якi, мiж iншым, спалiў яго ў танку, але танкiст на тое i танкiст, каб згарэць у танку i стаць героем, а потым на тым свеце выкiнуць сапёрную рыдлёўку i абняць свайго любiмага камандзiра, i яго сябры па подзвiгу таксама абнялi камандзiра i акамянелi ў скульптурнай позе. Жывую скульптуру асвяцiлi чырвоным пражэктарам, i мацi камандзiра разам з закаханай медсястрой прынеслi з-за сцэны i ўсклалi да ног герояў кветкi. І што тут пачалося, скажу – не паверыш. Авацыi, крыкi «бiс» i «брава», нехта нават «ура» крыкнуў. Вось так: поўны аншлаг, i ўсе задаволеныя. Сапраўдныя салдаты выспалiся i накурылiся ў прыбiральнi, а несапраўдныя зарабiлi свой кавалак хлеба.
Незадаволены застаўся толькi я, бо Вольга мяне суцяшала. Я так расхваляваўся, што ты сабе не ўяўляеш. Са мною такое бывае, што пачынаю крычаць i пагражаць усiм. А тады перад тэатрам я крычаў, што яны ўсе падонкi, i акторы, i рэжысёры, i драматург, i касiркi... Што салдаты падушылi людзей танкамi ў Чэхаславаччыне, i душаць у Афганiстане... Вось, я пра падтэкст абяцаў сказаць, дык у п’есе нiводным словам нiхто не агаварыўся пра Афганiстан, гэта аўтар у падтэкст хацеў загнаць, а загнаў ён туды... Не буду гаварыць, я пра такое не люблю гаварыць, я, калi псiхую, наогул у палiтыку не лезу. Не люблю я палiтыку, я люблю мастацтва i секс, i спорт, i спiрт. І Вольга вельмi тактоўна выкарыстала маю любоў. Мы купiлi дзве зусiм маленькiя, па сто грамаў, бутэлечкi малдаўскага каньяку i распiлi iх у двары на лаўцы. Двор быў стары, пах струхлелым дрэвам, i вакол нас цiха паблiсквалi канторскiя вокны.
Вольга сказала, што ад каньяку мне зробiцца цёпла i лёгка i што яна любiць пiць каньяк з рыльца маленькiх стограмовых бутэлечак, а навучыў яе пiць каньяк Юра Палякоўскi. Я тады толькi здзiвiўся, што выкладчык Палякоўскi навучыў сваю студэнтку пiць з рыльца. Мне сапраўды зрабiлася лёгка, я пацалаваў Вольгу i правёў яе дамоў, а потым доўга стаяў у двары каля трансфарматарнай будкi i глядзеў на яе цёплае акно. Я ж i думаць не думаў, што Юра Палякоўскi будзе працягваць вучыць Вольгу розным дзiўным штукам.
Калi шчыра, дык было нешта неардынарнае ў гэтым Палякоўскiм. Ён быў падобны да невялiкага маладога мядзведзя, асаблiва калi зухавата, па-цыркавому ўскокваў на спартовы ровар i са свiстам вырульваў ад вучэльнi праз арку на праспект. Акрамя гэтага ён любiў Мiкеланджэла, страляў з лука, пiў, як конь, i лiчыўся вельмi перспектыўным маладым талентам. Студэнты паважалi Палякоўскага, бо ў адрозненне ад большасцi глiнамесаў ён ляпiў спартоўцаў, а не герояў грамадзянскай вайны. Можна яшчэ расказаць пра Юру Палякоўскага, толькi я не люблю рабiць нечаканасцi там, дзе не трэба. Таму адразу скажу, што Вольга Пакроўская раскручвала два раманы адначасова. Адзiн са мной, а другi з Палякоўскiм.
Нашто ёй быў патрэбны я, так дагэтуль i не разумею. Тым больш няясна, нашто было мне расказваць усё пра iх адносiны з Юрам?.. Чорт яе ведае. Толькi маё першае каханне супала з першым каханнем Вольгi Пакроўскай да Юры Палякоўскага. Я гадзiнамi гуляў з Вольгаю па мiнскiх парках i выслухоўваў доўгiя споведзi пра тое, што творыцца ў яе на душы, i пра тое, што Юра творыць з яе целам. А пакацiўся ком з гары вельмi проста. Вольга расказала мне пра паштоўку. Аказваецца, Палякоўскi даслаў ёй запрашэнне на свой дзень нараджэння. Вельмi рамантычна, я б нiколi да такога не дапяў, даю слова. Вольга нават паказвала паштоўку. Звычайная – белыя гладыёлусы, i тэкст напiсаны шарыкавай асадкай. Самае звычайнае запрашэнне. Толькi сiтуацыя на днi нараджэння атрымалася незвычайная. Акрамя iмянiннiка i Вольгi на iм нiкога не было. Можаш сабе ўявiць: пустая майстэрня, свечкi, каньяк, цiхi джаз i ён з ёю.
А што са мною было, калi яна расказала? Мне спачатку зрабiлася млосна, а потым я ўвесь стаў, як драўляны. Мы якраз у скверы, каля возера iшлi. Вольга пытаецца ў мяне пра нешта, а я не чую, а калi яна перапытвае, я толькi хiтаю галавою. І тут да яе дайшло. Зразумела мая Вольга Пакроўская, што робiць несусветнае глупства. Ёй раптам таксама зрабiлася не па сабе, i яна пайшла ў возера, як была ў чаравiках, джынсах i сiнiм плашчы, так i зайшла ў ваду. І мяне так моцна пацягнула ў возера, так захацелася зайсцi ў ваду, што i не ведаю, якая моц запынiла мяне, не дала кiнуцца за Вольгаю. У ваду я так i не зайшоў, стаяў на пяску i глядзеў, як прыгожа ляжаць на вадзе фалды яе сiняга плашча. Я думаў, што калi Пакроўская ўтопiцца, дык мне не будзе балюча, я, клянуся Богам, нават хацеў, каб яна пайшла на глыбокае месца i ўтапiлася. Толькi ясней яснага было i тое, што не ўтопiцца мая любая Вольга Пакроўская. І яна сама зразумела, што ў яе нестае сiлы развiтацца з жыццём, i яна абмыла твар халоднай кастрычнiцкай вадою. Як жа ёй цяжка было выйсцi на бераг?! Я i ўявiць не магу. Выйшла. І я моўчкi павёў яе дамоў.
На гэтым бы ўсё i скончылася, бо, як ты сама разумееш, за адным сталом у вучэльнi мы больш не сядзелi. Я перайшоў на апошнi стол, у самы цёмны куток аўдыторыi, i з захапленнем чытаў на занятках белетрызаваныя бiяграфii Гагенаў i Тулуз-Латрэкаў, i мне да чорцiкаў хацелася злётаць у Парыж i пахадзiць па вулiцах, на якiх сканалi ад наркотыкаў Утрыла разам з Мадыльянi. Мяне да глыбiнi душы ўзрушыў той факт, што на пахаванне Мадыльянi прыйшлi ледзь не ўсе парыжскiя прастытуткi. І зусiм не ўзрадавала тое, што на пахаванне Утрыла нiхто не прыйшоў.
Як ты разумееш, маё першае каханне скончылася на возеры. Толькi адносiны з Вольгаю мелi працяг. Яна сама падышла да мяне пасля заняткаў i па-мужчынску прапанавала пагаварыць. Усё ж скульптура – мужчынскi занятак i жанчыны-скульптаркi з цягам часу робяцца падобныя да дзядзькоў. І я не змог адмовiць, я наогул нiчога не сказаў. Яна папрасiла пачакаць яе пасля заняткаў каля дзвярэй вучэльнi.
I я пачакаў, i мы пайшлi праз арку на праспект, а потым па Друкарскай накiравалiся да сквера, дагэтуль не ведаю, як ён завецца. Мы iшлi, i Вольга казала, што любiць мяне, што я ёй вельмi патрэбны, што яна дзеля мяне можа зрабiць усё, а яе адносiны з Юрам Палякоўскiм зусiм iншыя. Яна казала, што ў Юры жонка мяшчанка i ён вырашыў пакiнуць жонку, якая не хоча нават дзiця нарадзiць. І таму яна, Вольга Пакроўская, пашкадавала Юру Палякоўскага. Проста ёй было шкада таленавiтага чалавека, якi з-за iдыёткi жонкi пачаў спiвацца. Вольга гаварыла i гаварыла, а я маўчаў, як рыба, як вады ў рот набраўшы, як нямко. Маўчаў i ўсё.
Спачатку Вольга рабiла перапынкi ў сваiм маналогу, чакала, што я скажу, а я глядзеў на мыскi сваiх чаравiкаў i нiчога не казаў. Я думаў, брыдка ўспамiнаць, але я разважаў... Мне хацелася прапанаваць Вользе сысцi з вулiцы Друкарскай у бярозавы сквер i на зжоўклай траве заняцца тым, чым яна займаецца ў майстэрнi з Юрам.
Я падбiраў словы i не мог падабраць. Такiх слоў я дагэтуль не навучыўся вымаўляць. Можа, iх i гаварыць не трэба? Можа, дастаткова адчуваць? Перад вачыма ўзнiкалi i знiкалi сцэны з распрананнямi, апрананнямi, з рознымi акрабатычнымi позамi, i таму даводзiлася паглядаць на нагавiцы нiжэй, каб, крый Бог, не выдаць сябе. Давялося адганяць эратычныя салодка-прыкрыя думкi, займацца толькi сабою. Ад Вользiных перажыванняў я быў далёка. Так, занятыя кожны сваiмi пачуццямi, мы i дайшлi да яе двара, пасярод якога ляжала здаравенная лужына. Вольга пачала абыходзiць лужыну з аднаго боку, а я з другога. Я дайшоў да паловы бязмежнай бруднай калюгi i раптам павярнуўся i пайшоў з двара. Вольга паклiкала мяне, але я не азiрнуўся i не спынiўся. Нашто? Я пакiдаў назаўсёды сваё першае каханне, калi гаварыць высокiм стылем. Хацелася заплакаць. Мне ўяўлялася, як Вольга зайшла па каленi ў ваду жоўтай лужыны, як яна праводзiць мяне поглядам, поўным слёз. Ну, такое тэлевiзiйнае мроiва: вочы поўныя слёз на ўвесь экран. Пяцьдзесят сантыметраў па дыяганалi. А можа, вочы ў Вольгi былi сухiя i не было нiякiх слёз. Такое цалкам верагодна, бо Вольга Пакроўская праз год змянiла прозвiшча на Палякоўская.
I зробiм выснову: пачуццё шкадавання значна мацнейшае за любоў, а тым больш за каханне. Як i папярэджваў, нiчога цiкавага пра маё першае каханне ты не пачула. Толькi каб гiсторыя мела завершанасць, трэба расказаць яшчэ пра дзве мае сустрэчы з Вольгаю.
Першая адбылася на Новы год. О, як я люблю Новы год! Свята, калi нiхто не кладзе на алтар нiякiх ахвяраў. Такое дзiцячае свята. І ўсе, нават самыя дарослыя, вераць у Дзеда Мароза. А калi хто i не верыць, дык гэта ягоныя праблемы i комплексы. Мне што да iх? Я ж пачынаю святкаваць Новы год з ранiцы. Прачынаюся i iду ў госцi. Мне ўсё роўна, да каго хадзiць, магу на ранiцу перад Новым годам i да цябе прыйсцi. Уяўляеш жарцiк?
А тады я пайшоў да Алеся Ласевiча. А ў Ласевiча быў кепскi настрой. У Алеся сумныя вочы i благi настрой – норма жыцця. Ён жыў у адным пакоi са старэйшай сястрой, рыжай Ленкай. А калi табе семнаццаць, ты спiш на раскладным крэсле ў адным пакоi з сястрою, якой васемнаццаць i якая навешвае на шафы замкi, дык i ў цябе назаўтра ранiцай сапсуецца настрой канчаткова. Асаблiва, калi да сястры пачне хадзiць у госцi маленькi габрэй Уладзя Габляр. І будзе ён прыцягвацца на золку. Я не жартую, бо, калi я прыйшоў, ён ужо сядзеў на Алесевым крэсле i расказваў показкi. У мяне добрая памяць на показкi, але тут я не слухаў, а глядзеў на зубы Уладзi Габляра i думаў, што ў нутрыi такiя самыя рэдкiя зубы, толькi пацукi, наколькi ведаю, не кураць, а Уладзя курыў цыгарэту за цыгарэтай i расказваў показкi пра Абрама, Хаiма i Сару.
Хаiм з жонкаю Сараю ляжаць у ложку i не могуць заснуць, бо Хаiм увесь час варочаецца. «Хаiм, чаго ты не спiш?» – пытаецца ўстрывожаная Сара. «Я Абраму павiнен рубель!» Сара грукнула ў сцяну да суседа Абрама i кажа: «Абрам, гэта праўда, што мой Хаiм табе вiнен рубель?». «Праўда», – адгукнуўся з-за сцяны Абрамаў голас. «Дык вось, Абрам, Хаiм не аддасць табе рубель, – гучна сказала Сара i шэптам дадала: – Спi, аiм, хай цяпер Абрам не спiць».
Вось такiя старыя показкi пра каханне расказваў Уладзя. І таму Алесь з радасцю сышоў разам са мною з пракуранага пакойчыка, дзе на шафах засталiся блiшчаць навясныя замкi. Я яшчэ не сказаў: Алесь Ласевiч iграў на гiтары. З гiтарай мы i зайшлi да Вольгi Пакроўскай, якая толькi-толькi збiралася стаць Палякоўскай. Яна, вядома, пералякалася ад такiх гасцей, але нам было ўсё роўна, бо па дарозе мы завiталi ў гастраном i выпiлi ў двары бутэльку вiна з рыльца i без закусi. З чырвонымi навагоднiмi насамi, алейнымi вочкамi i гiтараю мы ўвалiлiся да Вольгi, а ў кватэры поўным ходам iшла падрыхтоўка да свята. Нам налiлi гарэлкi. А мы за гэта спявалi пад гiтару. Сядзелi ў пакоi каля таго самага акна, на якое я не мог наглядзецца, i спявалi, i пiлi гарэлку з крышталёвых чарачак.
Вольга некуды сышла, i Алесь сказаў, што варта было б цiхенька ўцячы. Мы так i зрабiлi, дапiлi гарэлку i сышлi. Мяркую, на нас не пакрыўдзiлiся. І за што крыўдаваць? Я разумею, калi Юра Палякоўскi пакрыўдзiўся i ледзь не прыбiў Валодзю Лазовiка, дык там было за што. Сам Лазовiк гаварыў, што было.
У Лазовiка з Палякоўскай (экс-Пакроўскай) быў флiрт. Не люблю французскага слова, але нешта ў iм ёсцека, нават гiдкую мрою можна за iм прыхаваць. Ну, а раз быў флiрт, дык знайшлiся i сябры ў Юры Палякоўскага i расказалi пра зносiны памiж ягонай жонкаю i керамiстам Лазовiкам. А Валодзя, мiж iншым, хадзiў у першых сябрах Юры Палякоўскага. Такi французскi трохкутнiк выбудаваўся, толькi ў параўнаннi з папярэднiм трохкутнiкам, дзе ўдзельнiчаў я i адпаведна два куты былi вострыя, а адзiн тупы (тупы кут гэта я), у новым трохкутнiку ўсе вуглы былi роўныя. Юра доўга трываў, але не вытрываў i аднаго разу выбухнуў.