355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Адам Глебус » Толькі не гавары маёй маме » Текст книги (страница 3)
Толькі не гавары маёй маме
  • Текст добавлен: 1 декабря 2017, 02:30

Текст книги "Толькі не гавары маёй маме"


Автор книги: Адам Глебус



сообщить о нарушении

Текущая страница: 3 (всего у книги 13 страниц)

Менавiта ў Артэку я заўважыў, што расейцы вельмi дэмаралiзаваная нацыя. У iх размылася паняцце рускi, яно стала вызначэннем iмперскiх паводзiн i перастала быць уласна нацыянальнасцю. Рускiя зрабiлiся падобныя да габрэяў, яны расцяклiся па прасторы СССР, i ў iх пачало не хапаць колькасцi i моцы, каб трымаць усё пад кантролем. У Артэку расейцаў было болей за ўсiх астатнiх, але яны нiколi не аб’ядноўвалiся ў нацыянальныя групоўкi, яны былi кожны сам за сябе i свой рэгiён – Сiбiр, цi Карэлiю, цi Архангельскую поўнач. Адных Ваняў у 311 пакоi было ажно тры, архангельскi Ваня, петразаводскi Ваня i астраханскi Ваня.

Архангельскi Ваня казаў, што вельмi любiць паэзiю Сяргея Ясенiна, толькi з усёй спадчыны апошняга паэта расейскай вёскi я пачуў, праўда, разоў са сто, толькi два радкi.

 
Шмат дзяўчатачак я перамацаў,
Шмат кабет я ў кутках зацiскаў...
 

А далей кацiўся раскацiсты рогат ясенiналюба. Аднаго разу бессмяротныя радкi пачула важатая Галiна, яна матлянула сваiм гiтлераўскiм чубком i заўважыла, што лепш бы ён паўтарыў словы песнi пра Зiну Партнову, пiянерку-геройку. Архангельскi Ваня пачаў дэкламаваць тэкст, дзе былi i такiя радкi:

 
С кровью падают на пол
Пряди светлых волос.
Сам начальник гестапо
Учиняет допрос.
.....
То он в злобе пугает,
Наведя пистолет,
То опять предлагает
Шоколадных конфет.
Ты глаза опустила,
От конфет отвела,
Распрямилась, схватила
Пистолет со стола...
.....
В схватке пули жужжат,
Офицер с конвоиром,
В пол уткнувшись, лежат...
 

Што-што, а смерць у пiянерскай паэзii мяне зусiм не палохала, яна наадварот нават весялiла. Ну i як можна было не смяяцца, калi атрад спяваў хорам наступныя словы пра чарговага пiянера-героя, якi загiнуў у смяротнай схватцы з ворагамi?!

 
Гремело у дальней ложбинки.
Кончался стремительный бой.
Не тая, ложились снежинки
На мальчика в пуще лесной.
 

Мы смяялiся, бо радкi з афiцыйнай лагернай паэзii вельмi нагадвалi неафiцыйную лiрыку, накшталт:

 
Я спросил электрика Петрова:
«Почему ў Вас на шее провод?»
Ничего Петров не отвечает.
Тихий ветер труп его качает.
 

Былi ў падпольнай лiрыцы i больш кранальныя, эратычныя вобразы:

 
Дзевачка ноччу злавiла таксi.
Цiха шафёр ёй сказаў «Адсмакчы!»
Доўга смактала бедная Зiна.
Месяц ад Зiны смярдзела бензiнам.
 

Каб скончыць з усёй пiянерлагернай паэзiяй, артэкаўскай i неартэкаўскай, я працытую табе яшчэ адзiн урывачак з афiцыёзнага вершыка-дрындушкi.

 
Там жывуць узбекi, беларусы.
Дзецi розных брацкiх нам краiн,
Пасланцы В’етнама i iндусы —
Сваякi па духу, па крывi.
Гэта лагер вечнага сяброўства,
Дзе расце, мужнее чалавек.
Гэта месца добрага знаёмства,
Гэта ён – наш сонечны Артэк!
 

Ура! Таварышы! Ура! Ну, вядома, блiжэйшых сваякоў за iндусаў беларусы нiколi не мелi, бо расейцы i ўкраiнцы не рыфмуюцца. А iндусы i беларусы рыфмуюцца, толькi чаму iндусы, а не тунгусы? Га? Але не ў гэтым закавыка, а ў iншым. Гэты вершык з назовам «Лагер Дружбы» мае яшчэ адну каштоўнасць. Яго склаў чалавек, якi адсядзеў за калючым дротам у канцэнтрацыйным сталiнскiм лагеры больш за дзесяць гадоў. І што, спытаеш ты? А нiчога, скажу я. Можа i сапраўды, калi глядзець на Артэк з Гулага, дык ён i нiшто сабе, i дружбаноў можна займець цi проста пазнаёмiцца з кiм цiкавым.

Да прыкладу, у Артэку я пазнаёмiўся яшчэ з петразаводскiм Ванем, чарнавокiм велiказубым хлопцам. Ён i падараваў мне паштоўку з архiтэктурным краявiдам Кiжоў. На паштоўцы пад сiнюшным небам стаяла шэрая цэркаўка, збудаваная без адзiнага цвiка. Белазубы Ваня расказваў, што ў VIII стагоддзi расейскiя майстры маглi будаваць з адной толькi сякераю. Хто яго ведае, можа, яно i так. Паспрабуй, зацягнi на Поўнач тыя цвiкi. А так, з адной сякераю на плячы, расейскiм каланiстам было ямчэй рухацца на ўсе чатыры бакi ад Масквы. Сякера вельмi зручная рэч у справе мiрнага далучэння чужых земляў да iмперыi. Асаблiва да Расейскай, асаблiва ў VIII стагоддзi, калi ў яе быў ваўчыны апетыт. Хто не згодны? Сякера хутка знойдзе шлях да згоды. І не трэба нiякiх цвiкоў, каб распiнаць i будаваць саборы ў гонар распятых, трэба прасцей: хто не згодны – кладзi галаву на калодку. Хру-у-упсь!

Вось з такiм – касцяным i адначасна плюгкiм гукам вылецелi два верхнiя пярэднiя зубы ў петразаводскага Ванi, калi ён упаў тварам на прыступку. Акуратную, майстравiта абкладзеную белай кафляй, а таму вастрарэбрую прыступку, якая вяла з калiдора на гаўбец. Ваневы далонi прызямлiлiся, прыпадлозiлiся каля самай прыступкi, i каб яе не было цi каб яна была крышку далей, дык твар аднаатрадаўца спынiўся б на бяспечнай адлегласцi, а два пярлiнна-блiскучыя разцы не вывернулiся б з верхняе дзясны i не выплюнулiся б на слiзкую кафлю разам з крывёю. І Ваня не плакаў бы, седзячы на кукiшках па-над чырвоным пляўком. Ну i я разам з Вiцем з Вiцебска не туляўся б побач i не задаваў бы сабе малапрыемнае пытанне... А цi не выганяць мяне з Артэка за бойку, у якой пiянер страцiў пярэднiя верхнiя разцы? Цi вышлюць толькi мяне, цi разам з Вiцем патураць? Што я скажу бацьку? Да пытанняў далучалiся розныя неразумныя развагi... Каб вылецелi не пярэднiя, а бакавыя зубы, дык можна было б угаварыць Ваню, каб шырока не раскрываў рот пры важатай Галiне, i гэтак у таямнiцы схаваць вынiкi бойкi. Толькi iнцыдэнт i бойкаю назваць цяжка. Я ж падышоў да Ванi зусiм блiзенька, каб ён не змог размахнуцца i ўдарыць. Памiж нашымi насамi засталося сантыметры са тры, не болей. І я цiхенька штурхануў яго ў грудзi. Ён, вядома, чакаў штуршка цi ўдару, але i думаць не думаў пра Вiцю, якi ў яго ззаду прысеў i скурчыўся каля самых ног. Ваня кульнуўся праз Вiцеву спiну вельмi па-цыркавому i нават паспеў перакруцiцца, каб упасцi спружынiста на рукi. А тут, лiха на яе, – прыступка.

Толькi буду шчыры: калi б петразаводскi Ваня ўпаў больш удала i не згубiў зубы, я б даў яму па твары нагою. Быў у мяне такi баявы намер, пакуль не пачулася ломкае хру-у-упсь i Ванева галава неяк страшна i рэзка тарганулася, нiбыта хлопца кальнула токам. Намер дабiць ворага знiк. А ворагам Ваня стаў неспадзявана i для самога сябе, ён прагаварыўся, ён зусiм не намерваўся нiкога крыўдзiць, сказаўшы ўголас тое, што думалася. З кожным можа такое здарыцца, але далёка не кожнаму за неабачлiвасць выбiваюць пярэднiя разцы. І вядома ж, пасля бойкi я пашкадаваў Ваню, але далёка не на ўсе сто працэнтаў, бо так цi iнакш, але ён павiнен быў прыняць пакаранне за абразу, кiнутую ў мой бок.

Я стаяў на калiдоры разам з Вiцем i спакойненька гаварыў, як цяпер памятаю, пра кедравыя шышкi. Мы дамаўлялiся пайсцi пашукаць iх у артэкаўскiм парку. Звычайная размова. Адна асаблiвасць яе была ў тым, што я гаварыў па-беларуску. А петразаводскi Ваня, стоячы поплеч, цiха ўсклiкнуў: «Какое мерзкое наречье!» Пачуўшы голас сэрца, якi вылецеў з савецкага пiянера, я падышоў да яго, каб удакладнiць несвоечасовыя думкi наконт маёй роднай беларускай мовы. Ваня ж замест прабачэння прачытаў зусiм кароткi, але вельмi змястоўны курс лекцый пра злiццё нацый i моў. Мяне, дарэчы, заўсёды здзiўляла наiўнасць савецкiх чалавечкаў, яны ж сапраўды верылi i вераць у тое, што ўсе нацыi сальюцца ў савецкую нацыю i на зямлi запануе бела-жоўта-чорны iнтэрнацыянальнамоўны чалавек. Ванеў iмперскi шавiнiзм я падбадзёрваў бясконцым паўтарэннем слова «гавары». І Ваня дагаварыўся. Вось так мы пакаралi петразаводскага хлопца, пакаранне атрымалася крыху больш жорсткае, чым меркавалася, але я i цяпер нiколi не дарую чалавеку, якi абразiць маю нацыю. Гэта зусiм не азначае, што я адразу пачну выбiваць яму пярэднiя зубы, але надыдзе момант, i я... Хай сабе i буду пакараны, як тады ў Артэку: мне i Вiцю з Вiцебска забаранiлi ў той вечар iсцi на танцы. І мы стаялi на гаўбцы i глядзелi, як пад намi на ярка асветленай пляцоўцы бяззубы Ваня вытанцоўвае «летку-еньку». Я не зайздросцiў яму.

Не зайздросцiў я i астраханскаму Ваню, якi выхваляўся, што ў iзалятары вельмi смачна i добра кармiлi, ледзь не ў сто разоў лепей, чымся ў агульнай сталоўцы. А ў iзалятары вялiкагаловага, падобнага да павука Ваню пратрымалi амаль палову змены. Крышку менш за месяц, бо калi ён развiтаўся з родным волжскiм горадам, там усё было цiп-топ – спакойна i цiхмяна, але пакуль даехаў да Артэка, у Астраханi знайшлiся дурнi, што захварэлi на халеру, пэўна ж, рукi не мылi. Чутка пра халеру абляцела СССР, не абмiнуўшы i паўвыспу Крым. І ўсiх астраханцаў упяклi ў iзалятар i трымалi за кратамi, пакуль газеты не адсвяткавалi перамогу савецкiх лекараў над стыхiяй iнфекцыi. Ваня прыйшоў у мой атрад у вельмi адметны дзень – 1 верасня. У першы дзень восенi лагернiкаў, як i ўсiх хатнiх дзяцей, чакала яе вялiкасць школа, халера ясная.

Пасля снядання нас пашнуравалi на святочную лiнейку. Начальнiк Горнага лагера, мардаты, як мiнiстр авiяцыi гiтлераўскай Германii, i такi ж высокi, як той самы Герынг, доўга-доўга i нудна-нудна гаварыў пра глыбокi сэнс ленiнскай думкi – вучыцца, вучыцца i вучыцца. За начальнiкам слова бралi i доўга не аддавалi розныя падначаленыя, розныя наглядчыкi, выхавальнiкi ды важатыя. Сонца добра-такi пякло, але нас яно не ўзяло, а вось астраханскага Ваню ўдарыла, захiрэў ён у iзалятары, цi ад прыроды слабы быў, хто там ведае. Адно дакладна: Ваня страцiў прытомнасць; тоненькiя павучыныя ножкi склалiся напалам, а шырокi твар упаў на бетонную плiту, скура на твары луснула ды разлезлася. На белым пляцы распаўзлася крывава-зыркая плямiна. Што казаць?! Свята ведаў атрымалася запамiнальнае. Ваню занеслi ў медыцынскi iзалятар. А нас, гарналагернiкаў, пашнураваных у даўжэзную, як бразiльская анаконда, калону, павялi ў школу.

Нiколi ў жыццi я не любiў школу, але, дзiва, артэкаўская навучальная ўстанова мне спадабалася. Вучыцца ў ёй трэба было тры днi на тыдзень ды толькi чатыры ўрокi на дзень. Нiякiх хатнiх заданняў не задавалася. Усе сшыткi з падручнiкамi ляжалi ў стале, i нiхто iх не краў. Вучыўся я ў 7 «М», якi наш класны кiраўнiк, культурыстычны маладзён, ахрысцiў «моймы». На першым жа ўроку давялося запатрабаваць падручнiкi на беларускай мове. Культурыст на першым жа перапынку завёў мяне на склад i выдаў пачак новенькiх, нiбыта толькi надрукаваных, падручнiкаў. Я ў Мiнску такiх i не бачыў, бо вучыўся ж у расейскай мiкрараённай школе. «Твае?» – спытаў атлетычна складзены класны. «Не... яны малдаўскiя. Тут во прачытайце: Кi-шы-нёў!» «Чакай...» Настаўнiк знiк за стэлажамi, а праз хвiлiну ў мяне на руках быў пачак беларускiх падручнiкаў, таксама блiскучых i нiкiм не чытаных.

Але гэтае дзiва яшчэ i не дзiва. Больш за ўсё мяне радавалi настаўнiкi, я ж нiколi не думаў, што настаўнiк можа растлумачыць тэму, што ён так раскажа i перакажа, ажно не трэба ў падручнiку корпацца. У сваёй мiнскай школцы, седзячы за партаю i слухаючы педагога, я разумеў толькi меншую палову тэмы. А большую i асноўную вычытваў у падручнiку. І таму быў цалкам упэўнены: нiводзiн настаўнiк не ведае лепш за падручнiк. А вось артэкаўскiя ведалi i лепей i болей i маглi ўсё гэта вельмi хутка перадаць вучням, якiя прыходзiлi на заняткi. А прыходзiлi не ўсе. Пакуль калона пiянераў пакрывала адлегласць ад Горнага лагера да школы, што прыблiзна складала кiламетры два, даволi значная частка лагернiкаў сыходзiла ў партызаны i ў басмачы. У асноўным у прыдарожныя хмызы шасталi каўказцы з азiятамi. Амангельды не схадзiў у школу нi разу, ён нават выкiнуў абавязковую для ўсiх картку з адзнакамi. Што яму тая картка, ён займаўся нарыхтоўкаю кедравых арэхаў, налушчыў кiлаграмаў дзесяць, пакуль астатнiя сядзелi на занятках. У маёй жа картачцы стаялi адны танканогiя чацвёрачкi. Гэта чамусьцi расхвалявала дырэктара маёй роднай мiнскай школы 9. «Няўжо, Адам, ты не мог пастарацца i атрымаць хоць бы адну выдатную адзнаку?» Я прамаўчаў. Не гаварыць жа, якiя выдатныя настаўнiкi ў Артэку i якiя цельпукi ў нас. Дырэктар не зразумеў бы. А можа, i зразумеў бы, бо сышоў жа ён з школы, уцёк на партыйную працу. І слушна зрабiў. У кожнага школьнага дырэктара павiнна быць душа кар’ерыста.

А вось у мяне вельмi слабыя кар’ерныя здольнасцi. У Артэку, дзе было столькi розных пасадаў, я не займаў нiводнай. Не быў абраны нi старшынёю рады дружыны, нi старшынёю атрада, нi старшынёю пакоя, нi нават звеннявым. Таму на ўсiх лагерных фотакартках стаю з краю. У гэтым нiчога кепскага няма, бо калi чалавека ўмоўна прызнаць не чаротам, якi думае, а сцяблiнаю, якая затрымлiвае святло, дык з краю святла якраз i болей. І калi чалавечыя статкi кампануюцца не па прынцыпах раўнамернага размеркавання сонечнага святла, дык не я ў тым вiнаваты. І не я першы заўважыў – Бог не роўна дзелiць. І выправiць гэта не выправiш. Хiба што сам сябе падманеш цi прымусiш падманваць iншых.

Вось i ў Артэку я паўдзельнiчаў у непрыстойнасцi. Чорт пацягнуў за язык, i я задаў важатай Галiне з Ноўгарада сакраментальнае пытанне: «Чаму вы не любiце мяне?» Цудоўна разумеючы, што пра такое нельга пытацца, я не ўтрымаўся, як петразаводскi Ваня не стрымаў сваёй нянавiсцi да беларускай мовы. Бывае. І ў мяне быў не самы горшы варыянт, тым больш – Галiна сказала: «Ты, Адаме, памыляешся. Я вельмi цябе люблю!» Важатая з гiтлераўскiм чубком мяне ненавiдзела, яна любiла петразаводскага Ваню, якому я выбiў разцы. Але маё, зададзенае пры ўсiм атрадзе, пытанне загнала яе ў сiтуацыю, у якой, абвяргаючы мяне, давялося засведчыць любоў. Парадокс. Ну адно ў яе апраўданне – любоў наша была зусiм кароткая, як i ва ўсiх артэкаўцаў. Калi я вяртаўся з Артэка дамоў, дык вёз цэлы нататнiк адрасоў i тэлефонаў, а патэлефанаваў толькi Сяргею з Мiнска, i тое каб аддаць пазычаныя спартовыя штаны. Болей нiколi нiкому не пiсаў i не тэлефанаваў. Каб той нататнiчак захаваўся, я б сёння, можа, i затэлефанаваў бы якому жыхару блiжэйшага замежжа, а можа i не. Адно ведаю дакладна – дзяўчатам я б не званiў.

З дзяўчатамi ў лагеры адносiны ў мяне не склалiся. Трынаццаць гадоў – якраз той узрост, калi заўважаеш: дзяўчаты раптам сталi дарослыя, а хлопцы ўсё яшчэ дзецi. Мае аднаатрадаўкi з замiлаваннем паглядалi на мужчын кшталту культурыста настаўнiка, а на такiх, як я, зiркалi з пагардаю. Зрэшты, асабiста мяне тое мала хвалявала, бо прырода яшчэ не выспелiла ўва мне мужчынскiя функцыi i жаданнi. І таму будзе слушна, калi скажу, што ў Артэк я патрапiў у апошнi год свайго дзяцiнства.

А на заканчэнне скажу табе яшчэ адну сумную рэч... Праз Артэк прайшлi мiльёны дзяцей, i нi разу ў жыццi я не сустрэў нiводнага сумленнага слова пра гэты найвялiкшы ў свеце лагер. Адны дурнаватыя дрындушкi...

Гэта – месца добрага знаёмства.

Гэта ён – наш сонечны Артэк.

Усе нiбыта вады ў рот панабiралi. Ведаем, ведаем. Бачылi. Але, хто старое згадае, таму вока прэч. Лепш не ўспамiнаць. Забыцца. Ну i сапраўды, каму хочацца помнiць правiлы, па якiх праходзiла купанне ў моры?! А мне вось хочацца...

Спачатку, ну вядома, трэба было распрануцца i змянiць трусы на плаўкi i пятнаццаць хвiлiнаў ляжаць (можна сядзець) на сонцы. Потым пятнаццаць хвiлiнаў сядзець (можна стаяць) у ценi, пад шыферным брылём. І толькi пасля ценю дазвалялася на пяць хвiлiнаў зайсцi ў Чорнае мора. Не забегчы, не заскочыць, не запаўзцi, а зайсцi. Заходзiлi ўсе, як гаварылася раней, «у нагу». Даваць нырца забаранялася. Галава ўвесь час павiнна тырчаць над вадою. За тры метры ад берага быў нацягнуты тоўсты канат з паплаўкамi. Заплываць за канат забаранялася. Размаўляць у вадзе забаранялася. Дакранацца да каната забаранялася. Выходзiць без каманды... Любое дробнае парушэнне вяло да таго, што ўся «дзесятка», а ў мора заходзiлi «дзесяткамi», страчвала права на марскую ванну. Таму, зайшоўшы ў ваду, усе стаялi на камянiстым дне. Зрэдку сёй-той лагернiк падскокваў – рабiў выгляд, што купаецца з радасцю i асалодай. Каб нехта ўцёк i пакупаўся самастойна, я не чуў. Уцячы ў горы можна было, а вось прарвацца на ўзбярэжжа – нi ў якiм разе, яно ахоўвалася не горш за дзяржаўную мяжу, зрэшты, гэта ж i была мяжа СССР, пра якую я паглядзеў у вялiзным адкрытым лагерным кiнатэатры прыгоднiцкi фiльм...

Артэкаўцы-героi знайшлi на ўзбярэжных скалах шпiёнскi акваланг, высачылi яны i самога шпiёна, i пасля кароткай, але вельмi змястоўнай, бойкi канчаткова перамаглi ворага народу на адным асобна ўзятым кавалку ўзбярэжжа. Пра несапраўднасць падзей у фiльме, дзе артэкаўцам дазвалялася гадзiнамi сядзець у Чорным моры, а начамi бадзяцца каля яго, здагадваўся нават наймалодшы лагернiк з найапошняга атрада. Але паход у кiно запомнiўся мне iншым, перад iм нам выдалi па цёплай куртцы. Дарэчы, калi пасля першай лазнi я выбраў сабе форму адпаведнага памеру, дык заўважыў, што яна вельмi зручная i вельмi моцная, нiхто нiчога не адарваў у ёй, нават пагоны трымалiся мёртва. А што ты думала?! Самы вялiкi, самы-самы ў свеце дзiцячы лагер... Артэк.

Ракаў. 20.I.1993


Сінема
(аповесць пра суперажыванне)

1 – Алкаголь

Сiнема лепш чым кiно, бо да слова «кiно» занадта многа рыфмаў – вiно, даўно... А Жуль Рэнар пiсаў, што рыфмы псуюць прозу, праўда, я з iм не згодны. Вось, напрыклад, «вiно – кiно», тут жа не толькi рыфма, тут ёсць i сэнсавая сувязь. Што рабiць увечары? Пiць? Большасць маiх суайчыннiкаў так i робiць. А калi не пiць? Тады iсцi ў кiно.

Толькi гэта не галоўнае. У слове «сiнема» чуецца нешта iтальянскае, можа, сiняе мора, можа, сiняя смуга, а можа яшчэ што-небудзь. А без Італii няма кiно. Але пра гэта пазней. Вернемся да алкаголю.

Была ў мяне дзяўчына. Нiшто сабе габрэйка з вельмi заможнай сям’i, яе бацька помнiкi на могiлках рабiў. Адносiны ў мяне з габрэйкаю былi абуральна-цнатлiвыя, вось мы i хадзiлi ў кiно. У той раз, пра якi буду гаварыць, я ўзяў квiткi ў кiнатэатр «Цэнтральны». Кiнатэатр неблагi, толькi стаiць занадта блiзка ад вакзала, i адпаведна публiка там, выбачайце, свiны мешань. На кiначасопiс мы спазнiлiся, i, як на гора, мне яшчэ захацелася ў прыбiральню. Праўда, я не з тых людзей, што саромеюцца сваiх жаданняў. Яшчэ ў дзiцячым садку мяне прывучылi паважаць арганiзм. «Пачакай, я хутка», – сказаў я габрэйцы i пайшоў. Іду праз курылку. І якi разумнiк прыдумаў буфет i курылку з прыбiральняй побач зрабiць?! Буфет быў зачынены, а ў курылцы на лаўцы пляшка гарэлкi стаяла. Ну стаiць i стаiць. Мне што? Паглядзеў я кафлю над пiсуарам, вяртаюся. Пляшка на месцы. Зiхцiць! Узяў яе ў рукi. Закаркаваная. «Чыя гарэлка?» – спытаў я ў буфетных i прыбiральных дзвярэй. Цiха! Адкаркаваў я пляшку i выпiў з рыльца больш за палову цёплай, ледзь пракаўтнуць, вадкасцi. Паставiў я пляшку на месца i пайшоў цешыцца з дасягненняў кiнематографа. Як iшоў, як па чужых нагах таптаўся, як сеў – помню. А што на экране было – не помню. Адныя плямiны чырвоныя i зялёныя i яшчэ жоўтыя засталiся ў памяцi. Дзiва, што хоць плямiны засталiся. Кепска мне зрабiлася. Заля поўная, цёмна, дыхаць няма чым. Выйшаў я разам з брыдкiмi словамi, што ў мяне гледачы запускалi. Добра, што не званiтаваў iм на плечы. Абышлося.

А вось у кiнатэатры «Партызан» не абышлося. У Алеся Ласевiча была хата, так выйшла, што кватэру яму далi, а хату не знеслi. Мы ў ёй майстэрню зрабiлi. Мальберты, карцiны на сценах, канапа i, вядома, натуршчыцы. Маладыя гады, маладыя жаданнi, як пiсаў класiк. Запрасiлi мы Касю Рогаву. У Касi пастава, я вам скажу, усе мужыкi азiралiся. Не фатографы i розныя там кiна-тэле-клiпа-рэжысёры, а звычайныя пралетарыi. Высокая васемнаццацiгадовая дзеўка, а важыла, пэўна, цэнтнер. Вось так. «Верх здыму, а нiз не!» – сказала, як адрэзала, наша натуршчыца. «Здымеш, гэта толькi пачатак. Сорам адолееш i здымеш свае майткi. Як i ўсе папярэднiцы здымалi», – падумаў я i пачаў фарбы на палiтру выцiскаць. «У цябе што, лажа?» – спытаў Алесь. Кася паружавела i сказала, што, калi б у яе была менструацыя, яна зусiм не прыйшла б, бо ў хаце нават гарачай вады няма. «Адвярнiцеся». Мы адвярнулiся. «Усё!» Я павярнуўся i... закусiў шчаку, каб не засмяяцца. Кася Рогава стаяла пасярод майстэрнi, шырока расставiўшы свае манументальныя ногi i высока ўзняўшы галаву, не раўнуючы Жанна д’Арк у парыжскiм натоўпе. Важкiмi кулакамi Рогава ўпiралася ў свае смятанныя клубы. У адным з кулакоў яна зацiснула станiк. Я глянуў на Алеся i мацней закусiў шчаку. Што зрабiў Алесь, каб не зарагатаць, не ведаю. А я пракусiў сам сабе левую шчаку. У роце зрабiлася салёна. Я схiлiўся i плюнуў на палiтру, каб запэўнiцца, што поўны рот крывi, а не слiны. Смех прапаў.

«Пакладзi станiк i стань нармальна». Голас у мяне быў нейкi вайсковы, i Кася паслухмяна паклала на канапу белы станiк, зняла майткi i стала спакойна i асуджана, як жанчыны становяцца ў доўгую чаргу. Я пiсаў толькi торс: плаўныя ключыцы, налiтыя грудзi з ружовымi, што мальвы, саскамi. «Мне холадна!» – Касiны блакiтныя i пустыя вочы глядзелi на мяне патрабавальна. «У мяне ёсць вiно», – з-за мальберта вынырнуў рабы Алесеў твар. Мы выпiлi дзве бутэлькi горка-салодкага «Агдаму» i не прыдумалi нiчога лепшага, як пайсцi ў кiнатэатр.

Заля была паўпустая, мы селi на першы рад i пачалi смяяцца, пэўна, выходзiў той «ржач», якi мы праглынулi ў майстэрнi. Кiначасопiс скончыўся, запалiлася святло, да нас прычыкiльдыгала наглядальнiца. Яе азызлы, што вараная цыбулiна, злосны тварык з выбеленымi вусiкамi i бурачковым ротам наблiзiўся да мяне: «Будзеш смяяцца, выведу з залi!» Смяяцца расхацелася, захацелася сыграць джаз. Пад экранам блiшчэла чорнае пiянiна. Алесь iграў, Рогава спявала, як жыхарка амазонскае сельвы цi як Іма Сумак, я iмiтаваў Армстронгаву трубу, заля свiстала, тупала, лаялася i крычала. Такi поспех здараецца адзiн раз на ўсё жыццё. На вулiцы было свежа пад буйнымi зялёнымi зоркамi. І я натхнiўся i, абняўшы Рогаву, сказаў, што самыя вялiкiя зоры адбiваюцца ў цёмнай вадзе Амазонкi.

А з вадою, толькi не з рачною, а басейнаваю, у мяне знiтаваны яшчэ адзiн выпадак. У кiнатэатры «Спартак», цяпер гэта Дом работнiкаў гандлю, быў шыкоўны буфет. Мясцiўся ён на антрэсолях, а не каля прыбiральнi ў сутарэннях, як у «Цэнтральным» i «Партызане», дарэчы. За стойкаю там усмiхалася круглатварая дзявуля, якую мы празвалi Рэпа. На верхняй палiцы ў Рэпы стаяла вiно. На iтальянскi фiльм «Мы так любiлi» у «Спартак» мы прыйшлi учацвярых – Я, Алесь, Жанна i Вовiк. Мы доўга разглядалi верхнюю палiцу з вiном. «Кабернэ», «Рыслiнг«, «Такайскае»... Мы скiнулiся i ўзялi партугальскi «Марцiнес». Мы сядзелi на першым радзе i пiлi чырвонае моцнае вiно i смяялiся i глядзелi трагiкамедыю.

«Тры маладыя i вясёлыя рымлянiны закахалiся ў адну дзяўчыну. Яна iх таксама любiла i нават пераспала з iмi па чарзе. Ну, вядома, рэўнасць, начны Рым, фантан, лiхтары, смех, паданне ў фантан... Буйны план – вочы i слёзы. Буйны план – усмешка. Яна – ён. Яна – ён (толькi ўжо другi ён)». Мы п’ём вiно, як дамовiлiся, маленькiмi глыткамi. «Сваркi. Героi махаюць рукамi. Так умеюць махаць толькi iтальянцы. За адно iмгненне пралятае дваццаць гадоў. Яна выпадкова сустракае аднаго з iх. Яны п’юць у бары вiно». Мы таксама п’ём пакрысе, каб расцягнуць кайф. «Яны знаходзяць яшчэ аднаго з старых знаёмых. Яны ўсе бедныя i вясёлыя. Праз даведку яны даведваюцца адрас чацвёртага. Ідуць да яго. Вялiкая вiла з басейнам. Ён у махровым халаце выходзiць з вiлы, iдзе праз разарый да блакiтнага, хутчэй, колеру марской хвалi, басейна, скiдае халат i ўзбягае на вышку, ён ляцiць у ваду. Стоп-кадр. Ён вiсiць над басейнам колеру марской хвалi. А жанчына i яе сябры пацiскаюць плячыма, смяюцца i сыходзяць. Канец». У Вовiка парожняя пляшка з-пад «Марцiнеса», i ён п’яны. Так заўсёды, нехта напiваецца першы, хай сабе i дамовiлiся пiць маленькiмi глыткамi. Усе смяюцца i кажуць, што гэта я нырну ў басейн, ажанюся з габрэйкай i пабудую вiлу. Я, вядома, не супраць вiлы з басейнам. Але кажу, што нырне Вовiк. Вовiк кажа, што Алесь.

Мы ўтрох не нырнулi ў басейн колеру марской хвалi. Вiла толькi ў Жанны. Яна выйшла замуж за нашчадка аўстра-венгерскага пана i пераехала з Мiнска ў Чарнаўцы. Жанна пiша вялiкiя карцiны на сюжэты накшталт «Уз’яднанне Букавiны з Украiнаю», някепска зарабляе i жыве з мужам i сынам i свякрухаю на хутары. Толькi хутар той – гэта не хата з хлявом пасярод лесу пад Налiбокамi, а сапраўдны маёнтак i басейн ёсць, вось вам. Гэта мне Жаннiн бацька расказаў, толькi паскардзiўся, што ўнук не гаворыць нi па-беларуску, нi па-расейску, а толькi па-ўкраiнску, i ён, дзед, не ўсё разумее.

2 – Дом кiно

Дом кiно я не люблю. А хто яго, зрэшты, любiць? Можа экзальтаваныя дурнiцы, што прыехалi ў сталiцу з райцэнтраў ды так i засталiся ў сваiм развiццi на ўзроўнi касiрак? Цi можа дападныя юнакi, якiя бачаць у снах рэжысёрскую кар’еру? Не. Нават яны не любяць мiнскi Дом кiно. А за што яго любiць? I сапраўды. Можа за тое, што там часам паказвалi галiвудскiя кiнастужкi з стрыптызам, лабок на ўвесь экран, дый садызмам, кроў капае з кулака? Цi за тое, што дзябёлая барменка налiвае разбаўлены каньяк? А мо за творчыя вечарыны?

На адной з такiх вечарын я выступаў у якасцi паэта. Вечарына называлася «Мова паэзii i мова кiно». Пракруцiлi два фрагменты, адзiн з «Мальбы» Абуладзе, другi з «Люстэрка» Таркоўскага. У даным выпадку пра якасць гэтых стужак гаварыць не выпадала. Я выйшаў да мiкрафона i панёс на Абуладзе, напэўна, дарма, але я абураўся, што ў расейскiм варыянце «Мальбы» ўсе вершы чыталiся з дзiкiм грузiнскiм акцэнтам. Нiбыта iх чытае не прафесiйны актор, а савецкi салдат грузiнскага паходжання, якi ледзь навучыўся разбiраць кiрылiцу. Культывацыя ўсялякiх акцэнтаў i iмiджаў – адна з самых брыдкiх з’яў савецкага мастацтва. І можна было б уявiць абурэнне расейцаў, каб вершы Пушкiна з «Люстэрка» пасля дубляжу на ангельскую мову загучалi б з акцэнтам. Але што вялiкiм народам да праблемаў малых?! Яны пануюць, яны гаспадары свету, яны ператвараюць мовы ў акцэнт, а нацыянальную самабытнасць i самакаштоўнасць у сувенiры, бутафорыю, iмiдж.

Дом кiно. Гэта на паперы «дом» i «кiно». А ў сапраўднасцi яго няма, ёсць чырвоны касцёл, якi часова абсталявалi пад адмiнiстрацыйны будынак з кiназалаю.

А каб у Мiнску сапраўды быў Дом кiно, трэба спачатку займець сваё беларускае кiно. А як яго зрабiць, гэтае беларускае кiно? Напэўна ж так, як iтальянцы зрабiлi сваё. Як Алясандра Блазецi ў сваёй нататцы «Або iтальянцы, або нiчога» пiсаў:

– «Рым – адкрыты горад» – сапраўдная слава iтальянскага кiно, сапраўдны паварот у сусветным кiнамастацтве, – меў той поспех, якi ён меў, i гэта аднадушнасць замежных прыхiльных водгукаў разнесла ўшчэнт слепаваты педантызм абмовак некаторых iтальянскiх крытыкаў – бясспрэчна i толькi таму, што яго паставiў iтальянец, сцэнарый напiсалi iтальянцы, ролi выконвалi iтальянцы, удзельнiчалi iтальянскiя статысты i зняты ён быў у Італii. Менавiта гэты ягоны цалкам iтальянскi «характар», з усiмi вартасцямi i недахопамi, нават памылкамi (але iтальянскiмi), адрознiвае фiльм па ягоным духу ад усёй астатняй сусветнай кiнапрадукцыi...

...Для тых, хто захоча ўгледзець у маiх турботах тупы «нацыяналiзм», рэцыдывы iтальянскага фанатызму, а не сапраўдную праблему характару, а, як следства, i стылю, нагадаю, што за ўсю гiсторыю кiнамастацтва фiльмы, створаныя ў вынiку «мiжнародных» камбiнацый, нiводнага разу не мелi трывалага поспеху.

А беларусы?

Як казаў двухмоўны паэт Шэлехаў – супрацоўнiк кiнастудыi, што стаiць каля станцыi метро «Маскоўская»: «Зрэдку я сустракаю ў калiдорах беларусаў, раз на месяц, а то i радзей, але што яны там робяць, я не ведаю».

I я таксама не ведаю. Дык якi ж, прабачце, Дом кiно ў Мiнску?

3 – Эротыка

Эротыка ў кiно для мяне – тое самае, што i палiтыка ў кiно. Праўда, гэта цяпер кожны фiльм мае эратычныя сцэны, а раней нябачны i ўсёмагутны цэнзар выстрыгаў з замежных стужак усю, як тады лiчылi, парнаграфiю, усю, як цяпер кажуць, эротыку. Палiтыку цэнзар таксама выстрыгаў, але ад гэтага стужкi не рабiлiся карацейшыя, бо дублёры проста гаварылi не пра «халодную» вайну, а пра халодныя закускi. А ўявiце сабе – якi фiльм можна было зманцiраваць з гэтых павыстрыганых кавалкаў! Думаю, бiлеты распрадалi б на год наперад. Але гэта нездзяйсняльная мара. Хоць у такiм вось кiрунку i працуюць аматары падпольнага мастацтва – айчынныя кiнамеханiкi. Тое, чаго не выстрыг магутны i нябачны, выстрыгае просты кiншчык. Апагей стрыжкi, вядома, у войску, але i на волi робяцца эратычныя калажы. Сакавiтая Гундарава ў начной паўпразрыстай сарочцы на голае цела («У чацвер i больш нiколi») не паспявае i слова сказаць, як на экране – iмiтацыя акта («Мужчына i жанчына»), а потым расейская музыка i жанчына-мара («Белае сонца пустынi») заходзiць у крынiчную ваду i павольна ўздымае спаднiцу, вышэй i вышэй i... чорна-белы труп даўганогай iтальянкi («Прызнанне камiсара палiцыi пракурору рэспублiкi») кладуць у апалубку i залiваюць цэментам.

Напэўна, у кожным кiнамеханiку тоiцца кiнарэжысёр з кiнааператарам. І чаму iм не таiцца, калi ў кожным дырэктары кiнатэатра жыве i квiтнее цэнзар. Хачу пушчу, хачу не пушчу, закажу – не закажу, прывязу – не прывязу. А план усё роўна будзе, адзiн iндыйскi фiльм на месяц, напрыклад, «Ноч у Бамбеi», i план ёсць.

А што рэжысёры?! Анiчога. Адзiн Фелiнi, па чутках, быў супраць продажу сваiх фiльмаў у СССР. Дык гэта Федэрыка Фелiнi! Сапраўды. А можа, у свеце i ёсць адзiн рэжысёр – Фелiнi? Не? Сапраўды, ёсць i Вiсконцi, i Розi, i Пазалiнi, i Антанiёнi, i Берталучы... Адны iтальянцы? Нешта не тое? Тады, ёсць Буньюэль з сваiм «Андалузскiм псом». Раз убачыш i нiколi не забудзеш...

«Пралог.

Аднойчы. Ноч. Гаўбец. Каля гаўбца чалавек вострыць брытву-галяк. Ён глядзiць у неба i бачыць праз шкло...

Лёгкая хмурынка наблiжаецца да поўнi.

Потым – твар дзяўчыны. Яе вочы шырока раскрылiся. Да вока падносiцца лязо.

Хмурынка праплывае перад поўняю.

Лязо рассякае вока.

Канец пралога».

Уражвае Буньюэль. Мяне страшэнна ўзрушвае. Пэўна, альянс атрымаўся, бо сцэнарый разам з рэжысёрам пiсаў мастак Сальвадор Далi. І ролi выконвалi не выпускнiкi Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага iнстытута, а тыя ж Далi (святар), i Буньюэль (чалавек з лязом). Толькi i тут выходзiць адна непрыемнасць. Бо для мяне iспанскае кiно, як пачынаецца з Буньюэля, так i канчаецца iм, зрэшты, не толькi iспанскае, а i французскае. У французаў хапае тэмпераменту, каб рабiць пародыi i камедыi, а на кiно iх не хапае. У немцаў яшчэ горш. Глядзiш нямецкi фiльм, i раптам ловiш сябе на такой думцы – выдатныя ў немцаў бутафоры. І як гэта яны змаглi столькi аўтамабiляў 30-х гадоў назбiраць i адрапараваць? У палякаў i скандынаваў ёсць выдатныя кiнамастакi, толькi падзеi разгортваюцца ў два разы марудней, чым трэба. Альбрыхскi iдзе па восеньскiм парку. Настрой, каларыт i пытанне. Калi ж ён прыйдзе туды, куды iдзе? А ўсё проста. Скарацiць бы гэты парк i ўсяе бяды. Але ж паўночны тэмперамент не дазваляе. Амерыканцы скарачаюць не шкадуючы.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю