355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Адам Глебус » Толькі не гавары маёй маме » Текст книги (страница 11)
Толькі не гавары маёй маме
  • Текст добавлен: 1 декабря 2017, 02:30

Текст книги "Толькі не гавары маёй маме"


Автор книги: Адам Глебус



сообщить о нарушении

Текущая страница: 11 (всего у книги 13 страниц)

Ты iдзеш у чорную ноч Амстэрдама, ты крочыш насустрач невядомым кайфам, i табе да лiхтара, да чырвонага лiхтара, усе расавыя i нацыянальныя канфлiкты. Ты больш не хочаш ведаць нi пра землятрус у Японii, нi пра вайну iндзейцаў за незалежнасць у Мексiцы, нi пра эпiдэмiю пранцаў у сталiцы роднай Рэспублiкi Беларусь. Ты плывеш насустрач жаночай прывабнасцi. І ўспамiнаеш чарнаскурую жанчыну ў высокiх ботах. І хочацца кантрасту, жадаецца змены ўсiх каштоўнасцей на сто адзiн працэнт. Трэба шукаць белую жанчыну. І жаданае знайшлося хутка. Высокi рост. Белыя валасы. Напампаваныя сiлiконам цыцкi. Шырокi крыж. Крутыя клубы. Праўда, кошт запрошваўся адпаведны – шэсцьдзесят гульдэнаў. За выкананне жаданняў неабходна трэсцi машною. І я заплацiў у вялiкiм дагледжаным пакоi, якi, у адрозненне ад мурынскiх апартаментаў, не нагадваў ветэрынарню. Шырокi ложак пакрывала па-афрыканску яркая посцiлка. Яе геаметрычным арнаментам можна было палюбавацца ў цёмна-сiнiм люстэрку. Сваю скураную куртку я акуратна развесiў на плечыках. У таемнай кiшэнi маёй iтальянскай зiмовай марынаркi ляжаў куплены за паўтары тысячы гульдэнаў залаты гузiк з дыяментам. І хоць кiшэня была прыхаваная i зашпiльвалася на металёвую маланку, усё адно ледзяны скразнячок сполаху прайшоўся ўздоўж хрыбетнiка.

«Хо-о-оладна! Быр-р-р!» Напудраны нос наблiзiўся да мяне i чыркануў па шчацэ. Я панакiдаў апранахi на куртку, нiбыта гэта выратоўвала каштоўны гузiк. Якога чорта не пакiнуў камень у гатэлi? Чаму я не аддаў дыямент брату, якi пацягнуўся ў шматпавярховую краму выбiраць сабе ў падарунак чарговую кашулю? Становiшча малапрыемнае. Выйсце напрошвалася само сабою – хуценька зраблю запланаванае i зноў надзену марынарку. Чамусьцi такiя паводзiны здалiся найразумнейшымi.

Я лёг на посцiлку з афрыканскiмi малюнкамi. Лёг на спiну. Зрабiў так, каб не засталося варыянтаў, акрамя пазiцыi «конна». Сапраўды, за выплачаныя гульдэны можна крышку i разнастаiць пачатак.

Кандом шчыльна абхапiў чэлес. У Амстэрдаме ўвесь час мне траплялiся прэзерватывы малых памераў. Зрэшты, не такiх малых, каб стварыць вялiкiя праблемы. Проста я не вельмi люблю секс праз гумку, але з прастытуткай раманiцца без кандома – тое самае, што адпачываць у халерным бараку. Наступствы непрадказальныя. Таму гумовыя сродкi перасцярогi ўплываюць толькi на даўжыню акта, без кандома фiнал значна блiжэйшы да пачатку.

Ёсць у мяне яшчэ адно сексуальнае захапленне: люблю хутка мяняць пазiцыi. Але, не ведаючы нiдэрландскай мовы, рабiць гэта было складана. Толькi, памятаеш, жэст быў раней за слова? I спачатку было не Божае слова Бог. Спачатку быў Жэст. І Жэст быў у Бога. І Бог быў Жэстам. А потым – было слова, i далей па тэксту...

Абыходзячыся без слоў, я гуляў з чужым целам, нiбыта з лялькаю, i, мяняючы пазiцыю, натрапiў рукою на чэлес. Я намацаў пенiс, i нiчога дзiўнага ў гэтым не было. Я зусiм не здзiвiўся, пакуль не ўсвядомiў, што сцiскаю ў руцэ чужы мужчынскi палавы орган. Знайшоў тое, чаго не шукаў. Атрымаў бясплатны дадатак да аплачанага дзеяння. Сюрпрыз. Сюр-прыз. Прыз сюррэалiстычны. Надрэальны твор. Агаламшальная рэч. Узрушанасць. Выбух пачуццяў.

Вось ён – гермафрадыт, сiмвал i ўвасабленне Еўропы, яе культуры, яе цывiлiзаванасцi, пачуццёвасцi i рацыянальнага канструявання. Невялiкi, ледзь узбуджаны чэлес у маёй скамянелай руцэ. Свет перакулiўся, нiбыта лебедзь у люстраной вадзе. Так перакульваецца свядомасць, трапляючы са свету рэлiгii ў свет эротыкi. Толькi вяртанне ў зыходны стан вельмi хуткае. Чырвоныя лiхтары адбiваюцца i множацца ў нафтавым тлушчы амстэрдамскiх каналаў. Вечнасць нязменная.

Я прымусiў сябе ўявiць: у маёй руцэ зацiснуты мой чэлес. Маленькi юначы стручок, якi я насiў дваццаць пяць гадоў назад. Нiчога страшнага не адбываецца.

Гермафрадыт вельмi спрытна крутнуў клубамi. Маленькi пенiс выслiзнуў з няспрытнай рукi, а мой чэлес застаўся ў гермафрадыце. Варта захапляцца эратычным майстэрствам Еўропы. Варта вучыцца сексуальнай разняволенасцi.

Вялiкi жоўты Кiтай падзялiў свет на «iнь» i «ян», драбок «iнь» увайшоў у цела «ян», а кропля «ян» не размылася ў «iнь». Еўропа раструшчыла ўсе кантрасты, зруйнавала ўсе аўтарытэты з аўтарытарызмамi. На еўрапейскай канапе паўляжыць самавiты гермафрадыт. Ён усмiхаецца i напудраным носам кранае мочку твайго чырвонага вуха. Ён прапануе каханне, а ў цябе не хопiць сiлы адмовiцца.

Гермафрадыт, вядома, не краў мой залаты дыяментавы гузiк.

Я выйшаў у дождж з рашэннем нiкому нiколi не расказваць пра здарэнне. Ідучы ўздоўж канала, я задумаў апiсаць кароткi раман з гермафрадытам. Мне рупiла напiсаць пра здзiўленне, пра экзатычны секс, а не пра смаленне вепрука ў чужой бацькаўшчыне.

Вось так у маленькi чырвоны нататнiк запiсалася наступнае... Дыямент, набыты ў Амстэрдаме, не выклiкае сумневу.

Схаваўшы нататнiк, я пайшоў, знайшоў брата, якi набыў чарговую кашулю. У кожнага свае прыбамбасы: адзiн купляе пяцьдзесят тры пары лакiраваных чаравiкаў, а другi ва ўсе свае нагавiцы i кашулi прышывае аднолькавыя гузiкi. Кожны забаўляецца, як можа. Брат любiць кашулi недарагiя, шаранькiя, у дробны малюнак, свабодныя i няношаныя. Каб у яго было шмат-шмат гульдэнаў, ён бы праз кожныя паўгадзiны надзяваў новую кашулю. А так ён купляе кашулю толькi раз на два тыднi.

З ненадзяванай кашуляю ў кардоннай каробцы мы зайшлi ў iтальянскi рэстаранчык, маленечкую пiцэрыю. Але печка там стаяла сапраўдная, белая i вялiкая. Я любаваўся печкаю i думаў пра белавалосага гермафрадыта з маленькiм дзiцячым чэлесам. Я думаў пра ягонае дзiўна сканструяванае прыродаю цела. А брат Мiраслаў тым часам замаўляў вячэру. Сабе ён папрасiў бутэльку чырвонага. Вiно прынеслi хутка, i брат пiў. А я ўсё не мог не думаць пра Еўропу i яе чароўнага прадстаўнiка з раёна эратычных лiхтароў. Пiцу я з’еў без апетыту, без вiна, без увагi, абыякава парэзаў нажом i вiдэльцам перанёс з талеркi ў рот. Зжаваў i не заўважыў, i ўздыхнуў з палёгкай. А брат сказаў, што яшчэ будуць грыбы. Ну i выдатна, маленечкi гаршчэчак з грыбамi – вельмi па-галандску, вельмi апетытна. Толькi ў Шларафii, краiне, дзе ўсё для ўсiх было, ёсць i будзе, атрымалася не так. Брат замовiў грыбы, а iх падалi разам з вялiзным смажаным кавалкам мяса i залацiстай гурбай бульбы фры. Брат замовiў яшчэ вiна i з’еў наступную другую страву. І я з’еў мяса з грыбамi, бульбу не змог. Мне заўсёды сорамна робiцца за пераяданне. Дарослы чалавек, не пiў, не курыў i... аб’еўся. Прыкра, ну крыўдна, ну млосна, але два пальцы ў рот я не засунуў i не званiтаваў грыбамi. Я азлiўся на сябе i расказаў брату пра гермафрадыта. А ён не паверыў. Мне мой брат Мiраслаў не паверыў. Гэта ж трэба! Каб у мяне быў старэйшы брат i ён расказаў пра гермафрадыта, я б адразу паверыў. Але ў мяне толькi малодшы брат. І я на яго пакрыўдзiўся. Я не стаў настойваць, маўляў – пайшлi, пакажу, пераканаешся. Экзотыка не загана i не вычварэнне. Кожны зарабляе, як хоча. Я пакрыўдзiўся цiха, надзьмуўся, нашаторыўся, зацяўся i схаваў крыўду ў далёкую патаемную кiшэню, туды – да залатога гузiка з дыяментам.

Пра крыўду можаш спытацца ў брата. Але, я цябе прашу, не хадзi ў бiблiятэку да нашай мамы i не распытвай пра Амстэрдам. Яна ў Галандыi нiколi не была.

Я вярнуўся ў гатэль, лёг i глядзеў дваццаты тэлеканал, па якiм круглыя суткi круцяцца парнасюжэты. Усе пары, тройкi, чацвёркi i гурты маркiтавалiся чамусьцi пад дзяржаўнымi сцягамi. Парнапатрыятызм! Я так вызначыў гэты накiрунак у тэлемастацтве. Наглядзеўшыся да чорцiкаў уваччу, я пастаяў пад душам i вырашыў зноўку прайсцiся па сексуальным квартале. Дыямент я выклаў з патаемнай кiшэнi i дэманстратыўна паклаў на шкляны стол. Хай крадуць – такi быў настрой, – хай задушацца сваiмi каштоўнымi камянямi. А я нарадзiўся дзеля лёгкага шпацыру, дзеля зiхцення i лiючасцi. Я не збiраюся быць ахвяраю, я не намерваюся рабiцца героем, паэтам, мастаком, беларусам, мiнаком, клiентам, рызыкантам. Я – праява часу. Чалавек – праява часу. Не жыццё вымяраецца часам, а час вымяраецца чалавечымi жыццямi, пакаленнямi, плямёнамi, народамi, нацыямi, культурамi, цывiлiзацыямi i далей па тэксце... Час не памераеш забойствамi, смярцямi i войнамi. Усё, вядома, руйнуецца, рухаецца, цячэ, змяняецца, i нельга два разы ўвайсцi ў адзiн i той самы амстэрдамскi канал. А ў адзiн i той самы квартал зайсцi лёгка.

Тры гадзiны назад у вузкай вiтрыне сябе прапаноўваў гермафрадыт, а цяпер ягонае пачэснае месца займае маленькая азiятка ў жоўтым станiку. Яе востры язык дакранаецца да кончыка ўласнага, пляскатага, малайзiйскага носа. Такi доўгi-доўгi язык. Азiятка паказвае язык, зубы i маленькую цыцку. Яе складзеная чаўночкам далонь запрашальна чэрпае паветра, перанасычанае водарам сексуальнасцi. І трэба было пайсцi да маленькай прадстаўнiцы вялiкай залатой расы, прадстаўнiцы магутнай сонечнай iмперыi драконаў i ядомых чарвякоў. Варта было паспытаць гладка выгаленую похву, паказаную мне толькi на iмгненне. Але я прайшоў мiма. Каб я ўбачыў у знаёмай вiтрыне паўмужчынажанчыну, дык, можа, i трахнуўся б. А кiтаянка праляцела, не атрымала ад мяне нi цэнта. Калi першы прэзiдэнт Беларусi лiчыць Пекiн вялiкай вёскай, дык i мне не след квапiцца на першую кiтайскую похву, нават калi яе чысцютка пагалiлi.

Усё цячэ i мяняецца, асаблiва хутка змяняецца настрой. Быў кепскi, а стаў добры i вясёлы. І я засунуў рукi ў кiшэнi, усiм усмiхаюся, падмiргваю, паказваю язык, фiгi i сярэднi палец правай рукi. «Дзявулi, няма праблемаў!» Мяне не раздражняе лiпучае прыставанне гандляроў какаiнам, мяне забаўляе настойлiвасць вулiчных п’яных прастытутак. Я гуляю па казачным горадзе, i ў мяне адпаведна чарадзейны настрой. Так бывае. З лёгкiм сэрцам прынялася прапанова зайсцi пад чырвоны лiхтар. І я радаваўся, калi меў трэцюю мурынку, i думаў пра неаспрэчную наяўнасць кандома на ўласным чэлесе.

Гумовыя кантрацэптывы – найвялiкшае вынаходнiцтва чалавека. Варта адшукаць у аналах гiсторыi вынаходнiка кандомаў i напiсаць пра яго кнiгу пад кiчовым загалоўкам «Вялiкi вынаходнiк з планеты Секс». І трэба вылепiць, сканструяваць гэтага мудрага вынаходнiка з воску i пластыку для музея спадарынi Цюсо. Я нават уявiў, як ляплю партрэт.

Стогны нанятай жанчыны разбурылi мае скульптурныя эцюды, бо пальцы занадта моцна сцiснулi смуглявыя клубы.

Свежае паветра было жаданае, як заўсёды.

Прызнаюся шчыра: было сумна развiтвацца з амстэрдамскiм паветрам.

Седзячы на пластыкавым крэсле ў аэрапорце, я нудзiўся i пазiраў на акуратны зялёны пакунак, што стаяў пад суседнiм крэслам. Пакунак быў невялiкi, але i немалы – дзве пляшкi вiскi грамаў па семсот маглi змясцiцца ў гэткiм аб’ёме, а магла быць... Але ж я не ў Маскве, я ў Нiдэрландах. Сяджу, сумую i паглядаю на чортаў пакет. Нуджуся i нiкога не чапаю, а мог бы чапаць, дарэчы. Вядома, мог бы, каб не палiцыя. Да мяне падышоў палiцыянт у блакiтнай кашулi з чорнымi пагонамi. Ён задаў пытанне на чыстай нiдэрландскай мове. Ён спытаўся i пальцам паказаў на пакет. А я паказаў на пакунак i заматляў галавою – не разумею. Дзiўна – палiцыянт зусiм не пакрыўдзiўся. Ён толькi цiхенька нагаварыў нешта ў рацыю на сваёй роднай, палiцыянцкай мове. Вакол мяне вырасла яшчэ двое служыцеляў парадку. Яны пачалi хадзiць i поўзаць вакол пакунка, быццам бы ў iм бомба, а не алкаголь, як я маракаваў. Вось табе, Адам Глобус, i Амстэрдам, зараз раздзярэ цябе выбухам на шматкi, i, акрамя выразнага радка ў некралогу «Загiнуў у Амстэрдаме», нiчога добрага не будзе. Вось яна, звярыная пыса тэрору. Адна справа змагацца за незалежнасць уласнай Радзiмы i зусiм iншая – загiнуць ад бомбы ў якасцi ахвяры дзеля статыстыкi. Ну чаму я мушу гiнуць? Чаму мяне павiнна раскiдаць у розныя бакi, i не ў выглядзе лiтаратурных твораў, а ў форме костак, мяса i храсткоў? Няўжо нельга было падсунуць бомбу пад iншае крэсла i знiшчыць не славянскага пiсьменнiка з касмапалiтычным псеўданiмам, а якога габрэя з славянскiм прозвiшчам, цi якога кiтайца, цi мурына. Адным словам, усё роўна каго, абы толькi не мяне. Бамбiзм – выдатны занятак, калi асабiста цябе не датычыцца. А то раз, i цябе няма. Раз, i ўспышка на тэлеэкране, паведамленне па радыё i расплыванне ў вечнасцi. А яна такая халодная, такая бясконцая. А я маю форму i хачу пакуль што яе захаваць. «Бог мой, пачуй атэiста! Пачуй, даруй i ператвары бомбу ў кнiгу». Такая магла б скласцiся малiтва. Толькi я не стаў турбаваць Бога з-за нейкай там асабiстай драбязы. Я мужна думаў пра вечнасць i бясконцасць. Моўчкi я сачыў, як палiцыянт акуратна падымае пакунак i зносiць з маiх вачэй. Паведамленне ў газеце пра бомбу калi i выйдзе, дык без майго прозвiшча. Я не сумую i не шкадую, што не застаўся назаўсёды ў Амстэрдаме, горадзе найсвятлейшых дыяментаў i найчысцейшых вокнаў.

За некаторымi з амстэрдамскiх вокнаў ты мог бы пабачыць у свой час i мяне, апранутага ва ўсё чорнае. Верыш, залаты гузiк маёй шаўковай кашулi зiхцеў дыяментам. І гэта не жарт. Вер мне, як маленькi хлопчык у аэрапорце паверыў у Дзеда Мароза. Хлопчык паказаў пальцам на пераапранутага артыста i сур’ёзна сказаў: «Мама, паглядзi на жывога Дзеда Мароза!»

Амстэрдам – Мiнск. 17.II.994 – 9.III.995


«Дарагі мой сябра Адам...»
(раман пра лёгкае расчараванне)

Здараецца, жыццё падасца марным заняткам i захочацца кiнуць усё чыста i з’ехаць на край свету. А краем цывiлiзацыi ўяўляецца Санкт-Пецярбург – бедныя людзi, белыя ночы, бясконцыя карпусы заводаў, брудная рака Нява, стракаты Неўскi праспект, турма, пераўвасобленая ў музей, чучала тоўстага жандара-наглядчыка, Кунсткамера, двухгаловы чалавечы зародак у слоiку з фармалiнам, прынiжаныя ды пакрыўджаныя... Вядома, не пакiнеш анi дому, анi справы, а толькi ўяўляцьмеш, як набраўся мужнасцi, кiнуў усё ўсякае i паехаў.

Тады згадаецца, як сеў у цягнiк Львоў – Ленiнград разам з сябрам Валодзем Бортнiкам i ягонай тагачаснай каханкай Яняй Бялькевiч. Цягнiк вызначаўся дэмакратычнасцю пасажырскiх нораваў i бруднаватай вiльготнай бялiзнаю шарага адцення. У суседнiм купэ ехалi арабы з маленечкiм, але галасiстым магнiтафонам, з якога лiлася лiпучая, нудная i бясконцая, нiбыта гiсторыя Усходу, мелодыя. Бялькевiч пачала капрызiцца, яе раздражняла арабская музыка. Бортнiк пайшоў сварыцца; а дзе сварка, там i знаёмства, там i вiно. Пiлi сухое, кiслае, як першы яблык, чырвонае вiно «Мэрло».

У мяне ўсчалася пякотка, якая нiяк не затушвалася цеплаватай вадою з жоўтага вагоннага бачка. А ў студэнтаў арабскага паходжання пачалiся прыпадкi патрыятызму: на каструбаватай расейскай мове яны спрабавалi растлумачыць, што не пашкадуюць жывата свайго за зялёны штандар iсламу, за Палесцiну i Галанскiя вышынi. Каб давесцi сур’ёзнасць сваiх намераў, арабы прапанавалi дужацца на рукi. Валодзя Бортнiк перамог усiх чатырох мусульман i на правую i на левую. Я пакутаваў ад пякоткi, але дужацца давялося. Правая рука ў мяне слабейшая за левую, i вось левай я паклаў тры арабскiя рукi на залiты вiном столiк i пайшоў спаць. Але не заснуў, бо думаў: чаму ў чалавека левая рука дужэйшая за правую?

У такiх пытанняў няма адказу. Можна, вядома, запытацца ў яе вялiкасцi Прыроды. Яна ўсё ведае, толькi нiкому нiчога не дагаворвае да канца, яна бясконцая i бесканцовая ў сваёй сутнасцi, як космас, як Бог, як жыццё, як i ўсё астатняе, што паўсюль i наскрозь. А што паўсюль i наскрозь, таго i няма. Рыторыка, пустата, нiшто. Лепш рыторыка, чым пералiк ад бяссоння сланоў: адзiн слон, другi слон, трэцi слон... І так да бясконцасцi, да Прыроды, якая бязмежная ў сутнасцi, а таму не зможа, каб i хацела, выказацца да канца, да дна. «Дно» – станцыя на паўдарозе з Мiнска ў Санкт-Пецярбург. Дзябёлая, шырокая i пустая, як усё расейскае, станцыя. Я пагуляў па пероне i паслухаў капрызлiвую Яню Бялькевiч...

Як мне абрыдзеў задушлiвы i брудны цягнiк! Як мне надакучылi потныя арабы! Ад iх тхне жывёльным духам. У арабаў у чатыры разы больш потавых залозаў, чым у белых людзей!

Я не спрачаўся, бо бессэнсоўна. Я толькi цiхенька пачынаў ненавiдзець жаночы род. У тамбур я заскочыў самы апошнi. Жанчыны могуць выклiкаць пачуццё гiдлiвасцi, як i расцiснутыя на дрогкай тамбурнай падлозе недакураныя цыгарэты. Вось такая доўгая думка наведала розум, калi павольна адплыў удалячынь аднапавярховы будынак станцыi Дно. А ў сумным, змэнчаным, стомленым, спатнелым – Яня мела рацыю – цягнiку ўсталявалася чаканне. Арабы млява спрабавалi парушыць паўночную шэрасць: «Якая ў вас прыгожая прырода!». Я не разумеў. Чэзлыя, нiбы прысыпаныя пылам, ляскi на балотах. Рэдкае, белаватае, безасабовае, бяскроўнае неба. Ад аднаго погляду на такое неба згадвалася скура дзяцей, хворых на лейкемiю. Цьфу-цьфу-цьфу! Згiнь, прападзi, усё на лiха спрадзi! Мая баба Ядзя хварэла на рак. Я палохаўся нават слова «лейкемiя». Я недалюблiваў шмат якiх слоў, да прыкладу «Ленiнград», падобнае да «лейкемii». У такiм мiнорным настроi я выйшаў на перон з валiзкай у руцэ. І было прыемна пацiснуць прыгожую, з доўгiмi пазногцямi руку Валодзi Бортнiка, бо што можа быць больш радаснае за развiтанне з капрызлiвай дзявуляй i яе прыгаломшаным палюбоўнiкам? Хiба што каханне з першага погляду. І адразу скажу, яно – каханне – чакала, падпiльноўвала мяне ў бяскроўнай пецярбургскай ночы.

* * *

Дарагi мой сябра Адам!

Вельмi ўзрадавалася твайму, такому неспадзеўнаму лiсту!

Сёння ў Сегедзе сумнае надвор’е: сыплецца iмжа, i на вулiцы страшэнная халадэча. Вядома, холад толькi здаецца жахлiвым, бо мiнулы тыдзень быў цёплы, амаль летнi, i я дазваляла сабе прагульвацца па вулiцах у адной майцы. Напэўна, i ў Мiнску стаяла летняе сонца, калi ты сабраўся напiсаць сваёй Агi.

Шкада, што не змагу даслаць табе джынсы. Яны страшэнна дарагiя, i ў мяне цяпер няма такой сумы. І яшчэ, не веру, што атрымаеш пасылку, ты i сам ведаеш, якая пошта ў СССР. Сапраўды, мне вельмi i вельмi сумна, бо не магу прыслаць табе нейкiя там нагавiцы.

Ты, можа, здзiвiшся, а мне хочацца цябе бачыць, гаварыць з табою, хочацца паглядзець на твае новыя карцiны, а потым iсцi на шпацыр у сквер... Мне хочацца цябе!

За час, пакуль ты не пiсаў, адбылося шмат цiкавага.

У мяне была магчымасць зрабiцца перакладчыцаю. Толькi змарнавала шанец, не змагла выканаць маленькае пажаданне рэктара. Я адмовiлася стаць ягонай каханкай нават на адзiн раз. А ўсё з-за непрыемнага паху. Рэктар у свае шэсцьдзесят даволi прыгожы мужчына – стрункi, без жывата i без лысiны. Апранаецца ва ўсё выключна аўстрыйскае – данiна таму, што ён нарадзiўся ў апошнi год iснавання Аўстра-Венгерскай iмперыi. Але вось кiслы смурод, што вылятае з яго дыханнем, я не магу вытрымлiваць нават на адлегласцi. Так, мусiць, дыхалi цмокi-людарэзы на казачных асiлкаў. Карацей, рэктар не падпiсаў дазвол на мой пераход з Сегедскага ў Будапешцкi унiверсiтэт. Што зробiш?

Затое, я амаль упэўнена, што ўлетку змагу паехаць у Англiю. У мяне цэлы план на лета: спачатку паеду праз Польшчу ва Усходнюю Нямеччыну, дзе i ўладкуюся на працу. Немцы плацяць больш за венграў. А з Нямеччыны праз Францыю дабяруся ў Лондан. Уяўляеш: Англiя! Я столькi марыла пра падарожжа, чытаючы i асаблiва перачытваючы ўлюбёнага майго Аскара Уайльда.

Хутка пачнуцца вясновыя вакацыi i я паеду ў Будапешт. Сорамна, але Будапешт я ведаю горш за Ленiнград, прынамсi, я не была нi ў адным музеi. Калi атрымаецца, дык змагу пражыць у сталiцы цэлыя тры днi.

І яшчэ, мы рыхтуемся да свята – Вялiкадня. Усе венгерскiя сем’i збяруцца амаль як на Каляды. Гаспадынi варыцьмуць кумпякi i яйкi. Дарэчы, яйкi цяпер ужо каштуюць удвая танней! Ты, напэўна, ведаеш, можа чытаў: на свята Вялiкдзень хлопчыкi, юнакi i дарослыя мужчыны ходзяць да знаёмых жанчын i сябровак i пырскаюць на iх адэкалонам цi духамi, хто багацейшы цi закаханы. А ў адказ мужчыны атрымлiваюць кветкi, вiно цi палiнку – венгерскую гарэлку. А зусiм маленькiм хлопчыкам даюць грошы, яны спаборнiчаюць, хто болей назбiрае за Вялiкдзень.

Цiкава, а беларусы святкуюць Вялiкдзень?

Уявi, сябры i знаёмыя ў адзiн голас гавораць, што я зрабiлася значна спакайнейшая i ўраўнаважаная. Якое дзiва! Зразумела, усё не зусiм так, але стараюся не перажываць з-за рознай драбязы i нiкому не паказваю нават ценю сваiх пачуццяў.

Калi не атрымалася з мяне распуснай перакладчыцы, дык, спадзяюся, педагог выйдзе прыстойны. Не такi благi лёс – весцi замежную лiтаратуру ў лiцэi цi гiмназii. Праўда?

Выкладчыкi зацвердзiлi тэму маёй дыпломнай работы – народныя казкi ў пачатковых класах. Я выпiсала патрэбныя кнiгi, сярод iх ёсць i беларускiя. І прачытала адну вашу казачку «Пакацiгарошак». Сама здзiвiлася, бо зразумела амаль усе словы. Мне падалося – беларускiя казкi такiя ж доўгiя, як i венгерскiя, а вось украiнскiя варыянты значна карацейшыя, не такiя падрабязныя.

Ну вось, застаюся ў Сегедзе чакаць добрага надвор’я.

Цалую цябе i жадаю ўсяго вясёлага.

Агi.

Сегед. 1977. Сакавiк. 30.

* * *

Палёгка была салодкая i прахалодная, як i начны трамвай з адчыненымi вокнамi. Глыбокiя шыбы зачыненай хлебнай крамы адбiлi маю несамавiтую постаць у брунатнай балонневай куртцы. Даўгалыгiя лiхтары вартавалi акадэмiчную самаўпэўненасць кiнатэатра «Масква». На афiшы бялеў тварык мапасанаўскай Пампушкi. Яна, мусiць, з-за жаночай салiдарнасцi з Яняю Бялькевiч пачала насмiхацца з мяне... Ты нiколi-нiколi не пазбавiшся ад капрызлiвых жанчын. Ты разумны хлопчык i ведаеш – у iх пад спаднiцамi ёсць гарачыя, вiльготныя, глыбокiя норкi!..

Я прыспешыў крок, уцякаючы ад афiшнай распуснiцы, i хутка апынуўся ў цемнаватым пад’ездзе, якi патыхаў стогадовым пылам, пыл вялiкiмi лахманамi вiсеў на павуце, што апляла лiфтавую шахту. У недасяжнай вышынi заскрыгатаў трос. Кабiна пасунулася ўгару. У трэснутым люстэрку з аблушчанай эмаллю з’явiўся мой стомлены твар: пачырванелыя вiрлы прымружаных вачэй, сухiя, нiбыта ў шэранi, плоскiя вусны, доўгiя, завiтыя ў вялiкiя кудзеры валасы. Такi твар можна ўбачыць падчас бяссоння – выцягнуты, змяты i нiбыта крышачку змазаны. Мiнск – Ленiнград не блiзкi свет. Я заўсёды перажываў i хваляваўся перад чужымi дзвярыма. Што сказаць? Цi адкажа голас з-за дзвярэй? А мне што гаварыць голасу за дошкамi?

Уяўляю, як дрыжыць душа перад уваходам у пекла, але i перад райскай брамаю душа калоцiцца не менш. У запаўночнай цiшынi ўзляцела з-пад маёй рукi вiсклiвае трапятанне званка, яно кiнулася ўлукаткi па цёмным пад’ездзе. Хто? Сонны голас цёткi Тосi, далёкай маёй сваячкi. Раз на тры гады Тося прыязджала ў госцi ў Мiнск. Таму i ведала ленiнградская цётка ўсiх маiх сваякоў, i таму проста сказаў у чорныя дзверы... Адам, з Мiнска!

Я апынуўся ў доўгiм, застаўленым розным ламаччам, камунальным калiдоры. Не затрымлiваючыся, Тося правяла мяне ў свой пакойчык, дзе паўночы пiлася гарбата за круглым сталом i расказвалася пра ўвесь род... Дзе хто? Хто з кiм? Хто каму i нашто?

Цётка Тося жыла адна. Таму яе цiкавiлi чужыя лёсы. Спаць мяне паклалi на вузенькi раскладны фатэль, якi быў знарок куплены для гасцей-сваякоў з Беларусi. Заснуў я пад цiхi голас цёткi Тосi... У нас, на рагу, у хлебнай краме ўзяла сёння два бублiкi, па пятаку. А яны чэрствыя, не ўгрызцi. У мае гады хлеб заўсёды чэрствы. А скарынку я цяпер нажом пачала абразаць. У маладосцi не было нiчога смачнейшага за скарынкi. Пакуль з крамы прынясу бохан, дык аб’ем з абодвух бакоў. Так у Ленiнградзе днi аб’ядаюць ноч, з вечара адкусяць, з ранiцы адкусяць. Вось зараз трэцяя гадзiна, а светла...

Спраўджваць цётчыны словы не было сiлы, я не мог адплюшчыць вачэй. Праспаў я дзесяць гадзiн i не пашкадаваў. А наперадзе мяне чакаў непрыемны iспыт, i адразу скажу: iспыт правалiў, не здаў, зрэшты, i не хацеў здаваць. Ну, чаму я павiнен дагаджаць нейкай з палюбоўнiц Валодзi Бортнiка? Не павiнен! Хто яна такая? Можа, жанчына, пра якую гавораць: прыгажуня – гэта меч, якi падсякае жыццё! Ха! У Янi Бялькевiч караткаватыя ногi, зразумела, не зусiм кароткiя, але вiдавочна непрапарцыянальныя адносна выцягнутага торса. Зрэшты, яе пастава з даўгаватымi, амаль хлапечымi, рукамi, мяне зусiм не раздражняла. Я ж не збiраюся лезцi да яе пад спаднiцу. А вось паводзiны... Ёй увесь час нечага жадалася, i не проста хацелася, ёй карцела. Пра такiх кажуць – iголкi ў дупе. У Бялькевiч, вiдавочна, былi ў клубах даўжэзныя iголкi. Ёй карцела iсцi, бегчы, iмчацца, ляцець. Ёй хацелася: у прыбiральню, у заапарк, есцi, i ўсё адначасна. Калi я цi Бортнiк прапаноўваў iсцi ў Эрмiтаж, Яня загадвала заварочваць у Кунсткамеру. А калi намервалiся папалуднаваць у «Шашлычнай», Бялькевiч зацягнула нас у рэстаран «Паў-ночнае ззянне». Як жа яна мяне задзяўбла! Мне што, вось Бортнiку...

Яна ўвесь час лазiла рукою да яго ў нагавiцы, мусiць, думала, што нiхто не бачыць. Пра што думае жанчына, калi дакранаецца да мужчынскага стрыжня? Пытанне. Яня лезла да мужчынскага сымбалю i не саромелася, не чырванела. Яе блякла-блакiтныя вочкi прымружвалiся, рот раскрываўся, а на нiжняй губе ўзнiкала маленечкая бурбалка слiны. Яна лопалася з ледзь чутным «пок». І тады расхiналiся веi на пустых, як у нежывой верхаводкi, вачах. Бялькевiч глядзела ў нябачную далячынь жаночага «iнь». Я не вытрымаў, маё трыванне ляснула ў рэстаране «Паўночнае ззянне»... Пакладзi рукi на стол! Мне сорамна, калi каханка цягаюць за чэлес у рэстаране.

Янiны вочы звузiлiся, зрабiлiся шчылiнкамi пакрыўджанай гейшы. Я не стаў чакаць слоў. Праз хвiлю мяне панёс Неўскi праспект. Я зноў вызвалiўся i мог iсцi куды заўгодна, хоць у заасад.

* * *

Дарагi мой Адам!

Нарэшце! Я вытрымала ўсе iспыты, а iх, калi памятаеш, было тры. 10 студзеня я скiнула апошнi iспыт. І, уявi сабе, у гэтым годзе атрымала «выдатна» па размоўнай практыцы. А раней вышэй за «добра» не ўзнiмалася. Вядома, адзнакi не азначаюць, што я ўмею правiльна гаварыць i пiсаць па-расейску. Але я вызвалiлася, нарэшце!

Я вельмi стамiлася. Баюся, нервы сталi зусiм слабыя, i на вакацыях змагу толькi чытаць i гуляць. А можа, гэта не самыя горшыя заняткi на свеце?

Вельмi хацелася б наведаць тваю выставу малюнкаў. Ты пiшаш, што выставу зрабiў разам з Бортнiкам. Перадай прывiтанне i вiншаванне. Ягонай дзяўчыне таксама скажы колькi прыемных слоў, можаш пацалаваць яе ў шчаку цi, лепей, у лоб.

Адам, я захварэла: мне не спiцца, не есца i нават не чытаецца i не гуляецца, а ўсё з-за былога кахання.

Новы год я сустракала з сябрамi. На жаль, той хлопец, якога я любiла, быў з намi. Памятаеш, я расказвала пра яго ў Ленiнградзе i паказвала маленькае чорна-белае фота. Я ўсё яшчэ люблю, i, разам з гэтым, не магу выносiць ягоную прысутнасць больш за хвiлiну. Люблю, кахаю толькi тады, калi яго няма побач. Наогул, я вынайшла сумную дэфiнiцыю... Каханне iснуе толькi ва ўяўленнi. А як толькi вобраз матэрыялiзуецца, адразу ж робяцца вiдавочнымi ўсе несупадзеннi з iдэальнымi, уяўнымi абрысамi твайго абраннiка. Як непрыгожа i непрыемна...

Мы нервавалiся. Мусiць, я зруйнавала ягонае каханне, так, як i ён маё. Мы сварылiся. Спрабавалi мiрыцца. Адносiны зрабiлiся мутныя i загуслыя, як кiсель.

Маркотна. Не ведаю, цi разумееш мяне. Ёсць людзi, якiя не могуць быць разам, але i адно без аднаго таксама не вытрымлiваюць.

Больш як паўгода мы не бачылiся. Але навагодняя сустрэча ўвобмiльг уваскрасiла ўзаемаадносiны. Мiнула чатырнаццаць дзён, а я ўсё пад уражаннямi ад сустрэчы.

Наваколле няяснае, будучынi няма. Нават не ведаю, цi варта жыць, каб пакутаваць. Прабач. Пра такiя рэчы нельга пiсаць, нельга гаварыць нават з сябрамi. Але ўсе навокал бачаць, што адбываецца, таму ў прыхоўваннi пачуццяў не бачу сэнсу.

Спадзяюся, што маё ператамленне неўзабаве вылекуецца свежым паветрам Татахозы.

Мне было прыемна атрымаць твой лiст у цяжкi для мяне дзень.

Твая Агi.

Сегед. 1977. Студзень. 11.

* * *

Касы ў Рускiм музеi зачыняюцца за дзве гадзiны да закрыцця залаў. Давялося паказваць кантралёрцы сваё пасведчанне з мастацкай вучэльнi i тлумачыць, што мiнскiя студэнты нiчым не горшыя за пецярбургскiх. Кантралёрка – тоўстая карантышка з тварам нявыспанага мiлiцыянта – не паверыла мне, але прапусцiла. Я бадзяўся па апусцелым музеi, цешыўся свабодай. Атрымаць асалоду ад жывапiсу тым разам не змог, бо занадта моцна перажываў скандал у рэстаране.

Мяне крыху супакоiла музейнае асяроддзе: святло, паветра, мармур, залацiстасць i мацiцовасць, аксамiт i ядваб. У такiх iнтэр’ерах выдатна глядзеўся б французскi класiцыст Жан Агюст Дамiнiк Энгр, а не самадзейныя мастакi накшталт Венецыянава; зрэшты, прозвiшча апошняга таксама адпавядала велiчы палаца. А вось крываногая экскурсаводка на абцасах-шпiльках зусiм не ўпiсвалася ў iнтэр’ер, як i купка апранутых па-пляжнаму дзяўчат. Такой стракатай кампанii самае месца ў заапарку назiраць кармленне гiпапатамаў, а яны паказвалi пальцамi на рачны краявiд з рыбкамi i смяялiся. Крываногая пiгалiца пагойдвалася назад i ўперад на высозных шпiльках i нешта мармытала на незразумелай мове. І тут я ўбачыў яе. Профiль. Тонкi, выразны вялiкi нос. Люблю, калi ў жанчыны ёсць нос, а не ружовы гузiк з дзiрачкамi для ўцягвання паветра. Ломка-акрэсленыя вусны. Поўная адсутнасць скулак. У мяне ж на твары сядзела гнюсная фiялетавая нарыўная з зеленкаватай галоўкаю, якую я кратаў, пагладжваў, казытаў.

У свае дзевятнаццаць я быў крыху замаруджаны ў развiццi, мяне вельмi раздражнялi скулкi як на ўласным целе, так i на чужым, асаблiва дзявочым. I, мусiць, таму, каб суцешыць такiх, як я, кажуць: калi на носе вылазiць фурункул, значыць, нехта закахаўся ў цябе. На носе ў мяне якраз скулы не было, яна, вялiкая, як божая кароўка, сядзела на скронi, i я старанна прыкрываў яе доўгiмi кудзерамi. Але, пабачыўшы прыгожую дзеўку, я думаў зусiм не пра нарыў... Як падысцi, што сказаць? Цi зразумее па-расейску? Выйсце знайшлося найпрасцейшае: дастаў з кiшэнi нататнiк i пачаў маляваць яе профiль, мне здавалася – раманскi. А яна, заўважыўшы i адчуўшы мой неспакой, пачала ўцякаць. Свядома цi несвядома, а мая натуршчыца ўсё ж апынулася ў тупiку, у зале сэцэсiянераў.

Дзяўчына разглядала маленечкую зашклёную гуаш Бенуа «Вайсковы парад зiмою», калi я наважыўся падысцi i запытацца, цi разумее яна расейскую мову, i пачуў радаснае... Разумею, але кепска! Усе дыялогi з венгеркай Агi, а яна якраз венгерка i Агата – Агi, я, з тваёй згоды, перакажу, а яе лiсты падам у адвольным перакладзе. Мне абрыдлi макаранiчныя аповеды невыкшталцоных шрайбiкусаў. А тады я прызнаўся, што таксама не вельмi добра размаўляю па-расейску. І мне заняло. Мяне запынiла на словах «хацеў бы». Я выдатна ведаў i разумеў, чаго жадаў, нават мог бы зрабiць гэта ў музеi расейскага мастацтва, неадкладна, на вачах у гарбаценькай наглядальнiцы, што нахабна i зайздросна паглядала ў наш бок. Трэба цi не трэба, але сабе я зазначыў: карлiца вельмi жывапiсна глядзелася на крэсле з высокай спiнкай – iмправiзацыя ў стылi Анры Дарэна.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю