355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Василь Быков » Сьцяна (аповесцi, на белорусском языке) » Текст книги (страница 9)
Сьцяна (аповесцi, на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 15 сентября 2016, 01:10

Текст книги "Сьцяна (аповесцi, на белорусском языке)"


Автор книги: Василь Быков



сообщить о нарушении

Текущая страница: 9 (всего у книги 18 страниц)

– А цi трэба? – цiха сказаў да яго Сурвiла.

– Нiчога! – махнуў рукой памочнiк камэнданта.

– Не ўцякуць...

Ужо ўтрох яны зноў пачалi пiхаць машыну, але ўсё марна, тая тузалася, дрыжэла ад натугi, а не краналася зь месца. Разам зь ёю ўсiм целам тузаўся ў будзе паэт Фэлiкс Гром. Ён думаў, што, мабыць, трэба было б i яму вылезьцi i памагчы, усё ж няёмка сядзець, калi побач надрываюцца людзi. Але яго ня клiчуць i, мабыць, не паклiчуць. Ён вораг. I ўжо куды большы, чым ягоны аднавясковец Аўтух цi рабочы-партыец Шастак, ня кажучы ўжо пра чэкiста Сурвiлу. Чаго тут гэты Сурвiла, Фэлiкс Гром не зразумеў дагэтуль. Справу таго разглядалi асобна ад iхнай, i, папраўдзе, ягоны лёс ня дужа й цiкавiў паэта. Зрэшты, як i лёсы астатнiх, апроч хiба ягонага земляка Аўтуха. Дзiўна, аднак, што справу камсамольца-паэта зьвязалi з асобаю аднаасобнiка, зь якiм ён нiчым зьвязаны ня быў, апроч хiба таго, што паходзiў з той самай вёскi. Фэлiкс Гром быў ужо заўважаны ў лiтаратуры, а Казёл Аўтух, з прычыны свае малапiсьменнасьцi, наўрад цi чытаў нават газэты. Але во зьвязалi абодвух. Не адразу i, мабыць, толькi тут, у турме, Фэлiкс зразумеў, што трапiў у пастку не таму, што пачаў пiсаць вершы, а што пачаў iх пiсаць па-беларуску. Расейскiя вершы не выклiкалi да сябе i дзясятай долi тае ўвагi з боку рэдактараў i крытыкаў, якую выклiкалi беларускiя. I ён думаў цяпер, якi д'ябал падбiў яго да паэзii, тым больш – беларускай. Калi папраўдзе, дык ён нашмат больш падабаў расейскую – Пушкiна, Лермантава i асаблiва Фета. Але пiсаць так, як некалi пiсаў Фет, было немагчыма, яго засьмяялi б свае ж сябры-камсамольцы. Належала браць прыклад з Маякоўскага, якi зусiм не падабаўся Фэлiксу Грому. I ён памкнуўся да згуртаваньня "Маладняк", у якi дружна паўступалi iншыя маладыя паэты, i пачаў пiсаць, як яны, – знарок прыўзьнята, задзiрыста, "бурапенна". Стараўся перайначыць у сабе прыроджаныя, а значыць, абыватальскiя схiльнасьцi i густы – усю гэтую любасьць да бору i лесу, нязначных праяваў жыцьця, засвоiць iншую эстэтыку, iнакшы слоўнiк, напоўнены грымотай заводзкiх цэхаў, дымам фабрычных труб, калектыўнай працай людзей, будаўнiкоў камунiзму. I, здаецца, нешта ў яго пачало атрымлiвацца. Газэта "Савецкая Беларусь" у аглядзе паэзii памянула ягонае прозьвiшча ў лiку маладых пралетарскiх паэтаў. Нават надрукавала адну страфу зь яго лепшага, на думку крытыка, верша над назвай "Майскiя радзiны":

Грымяць i стукаюць машыны,

турбiны радасна гудуць,

спраўляюць майскiя радзiны,

гэта ўдарнiкi iдуць.

Акрылены афiцыйным прызнаньнем свайго таленту, Фэлiкс напiсаў яшчэ з тузiн падобных вершаў i адчуў сябе запраўскiм песьняром пралетарыяту.

Усё ў яго iшло добра, i раптам гэты недарэчны арышт. Пэўна, хтось на яго настукаў, данёс за якое неасьцярожна, па п'янцы сказанае слова. У турме сьпярша дапытвалi толькi пра вершы ды размовы ў асяродзьдзi паэтаў, а пасьля, мабыць, сьцямiўшы, што з таго будзе невялiкi набытак, зьвязалi ягоную справу зь дзядзькам Аўтухом – прызнавайся, што польскi шпiён! Здаецца, таго ж дамагалiся i ад Аўтуха. I дамаглiся. Па сваёй сялянскай дурноце цi, можа, не стрываўшы зьдзекаў на допытах, Аўтух падпiсаў паказаньнi, нiбыта Фэлiкс Казёл завэрбаваў яго ў агенты дыфэнзывы, каб той хадзiў празь мяжу. Трэба было яму вэрбаваць гэтага маласьвядомага аднавяскоўца? I навошта яму патрэбная была тая мяжа? I навошта патрэбна было фальсыфiкаваць усё тое органам?

Штурханiна i ляскат колаў знадворку раптам спынiлiся, адно ледзь чутна гудзеў матор. Панылы голас чэкiста абвясьцiў:

– Ну што? Селi?

– Селi на дзiфер, – сказаў Шастак.

Фэлiкс Гром далiкатна пастукаў у дзьверы.

– Можа, i я памагу? Усё ж учатырох...

Адтуль, знадворку, нiхто не адказаў, але дзьверы, бразнуўшы, расчынiлiся.

– Ану давай усе! Усе вылазь, маць вашу за нагу. I пiхаць! Дружна, усе разам! – закамандаваў памочнiк камэнданта з напускной, аднак, злосьцю.

Менавiта такая яго злосьць не палохала i не абражала. I Фэлiкс падумаў, што, можа, гэты чэкiст i не такi ўжо благi чалавек. За два месяцы турмы, допытаў i катаваньняў ён натрываўся рознага i ўжо думаў, што сярод iх няма нiводнага людзкага чалавека, адныя зьвяры. А так хацелася хоць пры канцы сустрэць чалавека з дабрынёй у душы, якi б паставiўся да небаракi калi не з разуменьнем, дык хоць з маленькаю да яго спагадай. Усё ж ён быў чалавек. Хоць i паэт. I вораг, прысуджаны да вышэйшай меры пакараньня.

Фэлiкс Гром скочыў у цемру, адразу ледзьве не да каленяў трапiўшы ў каламутную багну дарогi. Аднак астатнiя двое за iм не пасьпяшалiся, i памкамэнданта Косьцiкаў зноў перайшоў на свой звыклы, зьедлiвы крык:

– Ну вы! Доўга чакаць, маць вашу растак!

– А скульля табе! – пачулася з буды, – гэта спакойна азваўся грабежнiк Зайкоўскi. – Я прыгавораны, мне не паложана штурхаць машыну.

– Як гэта – не паложана? – апешыў Косьцiкаў.

– А так! Крымiнальны кодэкс РСФСР, стацьця сто дваццаць сем прым. Чытаў?

Азадачаны Косьцiкаў на хвiлiну змоўчаў, шырока расставiўшы ля буды ногi, каб ня ўлезьцi ў самае глыбокае месца. Цяжка сапучы ад перастомы, маўчалi iншыя. Фэлiкс Гром ямчэй прыладжваўся ў лужыне, каб спрытней было папiхаць з тванi. Нарэшце Сурвiла сказаў:

– Ды залiвае ён! Нiякай пра гэта стацьцi няма...

– Хай i няма. Усё роўна ня выйду. Хоць задавiцеся! Прысудзiлi расстраляць, дык будзьце любезныя даставiць у цэласьцi i сахраннасьцi да месца казьнi. Панятна?

– Зараз я табе пакажу месца казьнi! – ускiпеў Косьцiкаў i дастаў з кабуры пiсталет. – Будзеш у мяне ў гразi валяцца, як дохлы пёс, бандыцкая твая морда! – страшна пагражаў ён. Аднак да дзьвярэй ня лез – усё баяўся трапiць у глыбокае месца багны.

– А што табе начальства скажа? – чулася з машыны. – Вёз – не давёз...

Падобна, становiшча ўскладнялася. Аддзелены шырокаю лужынай, Зайкоўскi пакуль заставаўся недасяжны.

– Ну, падла, ты ў мяне дачакаесься! Я на цябе абоймы не пашкадую. Пасьледавацельна!

– Давай, дуй! Пасьледавацельна...

Апошнiя словы Зайкоўскага Косьцiкаў пакiнуў, аднак, без увагi – яго турбавала iншае. Ён моўчкi агледзеў у цемры змакрэлыя постацi асуджаных, нiбы палiчыў iх.

– А там буржуй гэты, – падказаў Шастак.

– Белагвардзеец, – удакладнiў Косьцiкаў. – Ану вылазь, гражданiн Валяр'янаў! Ваша сранае благародзьдзя!

З буды паказалася лысая, бяз шапкi галава Валяр'янава, якi сьпярша сеў на парог, пашукаў, на што абаперцiся нагамi, нерашуча перабраў побач рукамi.

– Сiгай, ня трусь! – падбадзёрыў яго Сурвiла. Белагвардзеец, аднак, не сiгануў, а, ухапiўшыся за плячо Аўтуха, грузна апусьцiўся ў лужыну.

– Ну – узялi! Раз, два – узялi! – трохi адышоўшыся ўбок, закамандаваў Косьцiкаў, усё размахваючы пiсталетам.

Яны зноў узялiся пiхаць. Шафёр газаваў рыўкамi, спрабуючы скрануць машыну з глыбока выкапанай коламi ямы. А ў зачыненай будзе чуўся прыглушаны, бы здаля, голас пакiнутага ў адзiноце Зайкоўскага.

– Пiхайце, пiхайце! Дружней пiхайце, жалкiя рабы сацыялiзму! Гнюсныя прыслужнiкi трацкiстаў! Пiхайце на сваю пагiбель! Шчыруйце за крывавы ЧК! Давайце, дружней! Мацней, крэпчэ i вышэ!..

– Ты глядзi! – цяжка соп ля буды Шастак. – Тут кiшкi рвеш, а ён там абражае. Во, сачок пракляты!..

– Давайце дужэй, пралетарскае адродзьдзе! То вам зачцецца бальшавiцкаю куляй!..

– Замоўкнi! Я загадваю замоўкнуць! Буду страляць, – гразiўся Косьцiкаў, тупаючы на ўзбочыне ля машыны.

Аднак асуджаны Зайкоўскi не сунiмаўся i яшчэ крычаў штось – нядобрае i абразьлiвае. Тады Сурвiла першы адарваўся ад вугла буды i параiў:

– Ды стралянi ты яму ў ягоную глотку! Дакуль слухаць будзем?

– Лiчу да трох i выпускаю ўсю абойму!

– Выпускай! Калi казённай машыны ня жалка... – неслася з буды.

Аднак не пасьпеў Косьцiкаў пачаць свой адлiк, як матор дужа стрэльнуў выхлапам i заглух. З-пад машыны напасьледак пыхнула сiнiм дымком, зрабiлася зусiм цiха.

– Што такое? – зьнерухомеў Косьцiкаў.

– Усё. Бэнзын скончыўся, таварыш памкамэнданта, – глуха азваўся з кабiны шафёр. Косьцiкаў вылаяўся.

Усе стаялi моўчкi, быццам расчараваныя або ашуканыя чымсьцi. Сапраўды, гэтак старалiся, столькi патрацiлi высiлкаў, i ўсё марна. I зноў прыйдзецца пачынаць спачатку.

– Так! – пасьля нядоўгай маўклiвай паўзы вызначыў Косьцiкаў. – Шафёр, давай дуй у гараж. Хай прысылаюць бэнзыну.

– Хай Чысьцякову скажа, – параiў Сурвiла. – Чысьцякоў у курсе. Пад'едзе.

– I далажы дзяжурнаму, – удакладнiў памкамэнданта. – Давай, дуй! Хутка!

Малады баец-шафёр зморана патрухаў па дарозе ў горад. Асуджаныя паволi выбралiся з гразi на сушэйшую ўзбочыну. Усе чакалi, што далей закамандуе iхны начальнiк. Той аднаруч расшпiлiў шынэлак, з другой рукi не выпускаючы пiсталета.

– Так! Думаеце цяпер пашабашыць? Чорта з два! Ану бярыцеся! Зноў штурхаць будзем.

Ня надта ахвотна ўсе зноў паўлязалi ў багну i зноў уперлiся рукамi ў запэцканы гразёй зад машыны – Сурвiла i Шастак – па вуглах, Аўтух i Фэлiкс побач. Валяр'янаву дасталося самае гiблае месца – пасярэдзiне. Машына грунтоўна асталявалася на самай глыбiнi лужыны, i, здавалася, вось-вось паплыве па ёй. Ды не плыла, нават ня краталася зь месца. Косьцiкаў, размахваючы пiсталетам, зноў пачаў дырыжыраваць з узбочыны, а яны, месячы нагамi багну, пiхалi i пiхалi.

Аднак зноў усё было марна. Машына асела зусiм нiзка, i, падобна, нiякая сiла не магла яе вывалачы з дарожнае прорвы. Празь нейкi час уладны голас памкамэнданта заглух, i яны расслабiлi рукi.

– Так ня пойдзе! – з горыччу загаманiў Шастак. – Калi пiхаць, дык трэба ўсiм пiхаць. А то як у брыгадзе – адзiн укалвае, а другi адлыньвае.

– Хто гэта адлыньвае? – насьцярожыўся Сурвiла.

– А то ня бачыце? Во буржуй гэты! Толькi за борт трымаецца.

Валяр'янаў нiякавата сьцепануў плячыма.

– Я не трымаюся...

– Ну як жа! Хiба ня бачыў! Яшчэ адпiраецца, – не сьцiхаў Шастак. – Дзеля прылiку толькi...

– Хто яшчэ бачыў? – насупiўся Косьцiкаў. Астатнiя, аднак, маўчалi, i памкамэнданта пачаў пэрсанальны допыт:

– Аднаасобнiк, бачыў?

– Не, не. Нiчога ня бачыў.

– А ты, паэт?

Фэлiкс Гром нiякавата пераступiў у лужыне, каламуцячы i без таго скаламучаную твань.

– Ну, можа, i ня дужа... Усё ж чалавек у гадах, – няпэўна адказаў ён.

– Ага, у гадах! Значыць, ня можа? А шкодзiць савецкай уладзе можа? Так, я сам прасачу за кожным. Сачка прыстралю без разгавораў. I кiну пад колы. Тады вылезем.

Фэлiкс Гром сам пiхаў, лiчы, адною рукой, другой ня мог высока ўзяцца балела ў грудзях. I цяпер ён спалохаўся, каб таго ня згледзеў пiльны Шастак цi нават сам памкамэнданта Косьцiкаў. Што яму перашкодзiць тут выканаць сваю пагрозу: прыстрэлiць i кiне ў гэтую багну. Ад аднае думкi пра тое Фэлiкс здрыгануўся i страхавiта зiрнуў на цьмяную постаць у шынялi на ўзбочыне.

Яны зноў пiхнулi. На гэты раз па камандзе i з усяе сiлы, у Фэлiкса Грома ад болю аж пацямнела ўваччу. Побач, адчуваў ён, нямала высiльваецца i белагвардзеец-буржуй Валяр'янаў, – мабыць, таксама пабойваецца чэкiста. Хоць, калi падумаць, чаго ўжо было iм баяцца, куды iмкнуцца? Наперад, да свае сьмерцi? А можа, справа ў тым, што кожны быў пастаўлены перад просьценькiм выбарам, дзе лепей легчы – у пясчаную сухую зямельку цi ў гэтую багну, ад якой у яшчэ жывых да каленяў задубелi ногi. Так можна i прастыць, з iронiяй вiсельнiка падумаў паэт Фэлiкс Гром. Свой катафалк яны ж самi i штурхалi да месца паховiн. Гэта было штосьцi новае ў спрадвечным абрадзе пахаваньняў. Цi адмысловых мэтадаў катаваньня? Во пра што варта было б напiсаць верш, баляду цi сагу. Але не распаўсюджаным ямбам, а каб гекзамэтрам, як Гамэр. Мабыць, Гамэр быў бы самым прыдатным паэтам для гэтай праклятай эпохi...

– Раз, два – узялi!... Ану – рушылi! Яшчэ раз! Яшчэ! – дзiкiм голасам крычаў побач Косьцiкаў. – Не адлыньваць! Дужэй! Яшчэ дужэй!...

Разы два ён пальнуў угару зь пiсталета, прымусiўшы здрыгануцца iх, спатнелых i ўжо дашчэнту зьнясiленых. "Давай! Давай!" I во, дзiва – машына трохi скранулася. Яны, узрадаваныя, паддалi яшчэ болей, напялiся рукамi i нагамi, i яна трохi пасунулася, папаўзла ў тванi. Тыя, што былi пасярэдзiне Гром i Валяр'янаў, улезьлi ў самую глыб, але не адступiлiся, не прыбралi ад буды рук. I ўрэшце ўсе разам выпхнулi перапэцканую гразёй машыну з самага глыбокага месца. Хоць гразка было скрозь па дарозе, але ўшчэнт раскаламучаная лужына засталася ззаду, i яны зьнямогла спынiлiся.

– Ну во, такую вашу маць! – амаль ласкава вылаяўся памкамэнданта. – Што значыць, умелае кiраўнiцтва! А то – аслабелi, сiлы мала... Прымусiць трэба! Дзесяць мiнут перакур! – аб'явiў ён i адышоўся на сушэйшае каля канавы месца.

За iм нерашуча павылязалi з гразi асуджаныя, пакорлiва стоўпiлiся побач. Чэкiст засунуў пiсталет за борт шыняля i вынуў з кiшэнi пачак "Беламору". Найперш, як сябру, працягнуў пачак Сурвiлу.

– Частуйся...

Той гразкiмi пальцамi ашчадна дастаў з пачка адну папяросу, зважлiва прыкурыў ад падстаўленай у прыгоршчах запалкi. Над дарогай паплыў араматны тытунёвы дымок.

– За ўдарную работу па лiквiдацыi ЧП пры выкананьнi заданьня аб'яўляю благадарнасьць, – з фальшывай урачыстасьцю аб'явiў Косьцiкаў.

Асуджаныя нiбы страпянулiся на дарозе ад тых даўно сьцёртых з памяцi словаў, адчуўшы ў iх пранiзьлiвы водгук назаўжды адрэзанага ад iх жыцьця. Тут i цяпер яны зразумелi тое як жарт, але й жарт быў адзнакай жыцьця, недасяжнасьцю якога нiбы дражнiў iх гэты незразумелы чэкiст, чым рабiў iм яшчэ больш балюча.

Адзiн толькi Шастак, здаецца, гатовы быў усур'ёз прыняць сказанае.

– Дзякуй, таварыш... Грамадзянiн начальнiк. Каб гэта залiчылася...

– Залiчыцца, залiчыцца, – няпэўна паабяцаў памкамэнданта.

– На тым сьвеце, – ухмыльнуўся Сурвiла.

– Чаму на тым? – не пагадзiўся ягоны калега. – I на гэтым. Я вам прадастаўлю самую лепшую ямку. Сухую, з жоўтым пясочкам... Ня горш, чым ударнiкам сацыялiстычнага спаборнiцтва.

Было не зразумець, казаў ён тое сур'ёзна цi хiтравата зьдзекаваўся зь iх, у ранiшнiм прыцемку быў кепска вiдаць выраз ягонага заўжды жвавага маладога твару. Але голас здаўся зусiм памяркоўным i добразычлiвым, i тое мiжволi заспакойвала.

– Ну але ж во я – невiнаваты, – ступiў наперад Шастак. – Ну, праўда. Во той сьледчы таварыш Кутасаў ведае. Я ня шкоднiк.

Косьцiкаў смачна зацягнуўся папяросай i разважна выпусьцiў даўгi струмень дыму.

– Ну ведама, невiнаваты. Калi б ты быў вiнаваты, табе б на сьледзтве кiшкi выматалi. Косьцi б пераламалi. Жонку б на тваiх вачах таго... Калi б быў вiнаваты. А так – спакойна застрэлiм на сасновым пагорачку. I ўсё. Праўда, буржуй? – раптам зьвярнуўся ён да Валяр'янава, якi стаяў трошкi збоч ад астатнiх.

Падобна, ён хацеў зачапiць Валяр'янава, але той не адказаў на ягонае пытаньне. Ды ён яго й не пачуў, гэтага маладога, самаўпэўненага чэкiста. Ён ужо нямала пабачыў iх на сваiм вяку, пачынаючы зь дзевятнаццатага году, калi яго расстрэльвалi ў Алушце. Ён думаў пасьля, каб тады расстралялi, дык не было б тых пакут i прынiжэньняў, якiя ён перажыў за ўсе наступныя свае гады. Але ў Алушце не расстралялi. Толькi давялi да дыстрафii i выпусьцiлi памiраць самахоць. I гэта пратрымаўшы тры тыднi сярод паўсотнi былых афiцэраў Добраахвотнiцкай армii ў сырым вiнным склепе бязь ежы i вады, не выпускаючы па натуральнай патрэбе. Гэтае апошняе дапякала Валяр'янава болей за голад i смагу, ён доўга ня мог прызвычаiцца хадзiць па-большаму i малому на вачах у натоўпу розных чынам i векам людзей i ўжо тады зразумеў нялюдзкую сутнасьць чэкiстаў. Яны – нелюдзi, так i трэба было iх разумець, калi толькi нармальным розумам магчыма было што зразумець. Родны брат Валяр'янава, мiлы паручнiк Аркадзь Аркадзевiч, так i не зразумеў, мабыць, з кiм мае справу – гарачыўся, пратэставаў, спрачаўся. I звар'яцеў. Прыстрэлiлi, бы сабаку, i кiнулi ў прыдарожны быльнёг. Ён жа вось выжыў галоўным чынам таму, што не пратэставаў, нiколi нi з кiм не спрачаўся, паводзiў сябе нiжэй за траву, цiшэй за ваду. Зрэшты, i чаго дачакаўся? Таго ж, што i брат. Толькi гадоў на пятнаццаць пазьней. Цi варта было ашчаджацца?

Тым часам пачало днець. Абапал дарогi выплыў са змроку восеньскi палявы прасьцяг з пагорачкам зводдаль i прыдарожным хмызьняком паблiзу. Зьверху то iмжыў, то пераставаў дробны дождж, з поля дзьмуў вiльготны заходнi вецер. На пагорак бегла гразкая разьежджаная дарога з налiтымi дажджом каляiнамi. Гараджане тут езьдзiлi нячаста, а каляiны былi ад машын наркамату ўнутраных справаў, якi толькi й карыстаўся той дарогай. Асаблiва ноччу. А то, бывала, i ўдзень, пад час маскоўскiх праверак, калi ў горадзе тэрмiнова разгружалiся турмы.

Тое, што Валяр'янаў нiяк не адрэагаваў на заўвагу, не спадабалася Косьцiкаву.

– Ты, буржуй! Да цябе абрашчаюцца!

– Я чую, – цiха, аднымi вуснамi адказаў Валяр'янаў.

– Дзяч маёй дабрынi. Хацеў прыстрэлiць.

– Дзякуй...

– Во! А то не напомнiш – не падзякуюць. Буржуйская нявыхаванасьць...

– Да сваiх яны дык дужа добра выхаваныя, – падхапiў Шастак. -Усё: благадару, благадару...

– Да сваiх. Але не да пралетарыяту, – заўважыў Сурвiла. – Пралетарыiiхныя ворагi.

– Мабыць, мала стралялi, – сказаў Шастак.

– Стралялi ня мала. Але ўсiх яшчэ не перастралялi. Усё за вiной гналiся. За даказацельствамi i прызнаньнем. Болей паперкi пiсалi, – як пра штось набалелае, з горыччу зазначыў Сурвiла.

– А што пiсаць? – зьдзiвiўся Шастак. – Хiба адразу не вiдаць: контра. Во гэты: камiзэлька, гамашы, кавэркот...

– Можа, яшчэ i гальштук завязваў? – прыгожа заўсьмiхаўся Косьцiкаў.

– Завязваў, – цiха адказаў Валяр'янаў. – Як кожны iнтэлiгентны чалавек...

– Вы паглядзiце: яго арыштоўваюць, а ён завязвае гальштук. Хiба павесiцца ў турме.

– Каб ухiлiцца ад пакараньня, – сказаў Сурвiла. – Ну, такi нумар у нас ня пройдзе. У нас парадак!

Каб яны задушылiся зь iхнымi парадкамi, – дрыжучы на ветры ад макрэдзi, сярдзiта думаў Аўтух Казёл. З рознымi iх парадкамi ён ужо нямала пазнаўся, i ня толькi ў турме. Асаблiва апошнiя гады, як сталi яго дапiнаць за аднаасобнiцтва. I было б за што? Хiба ён супраць савецкай улады цi супраць камунiстаў? Але ж ён мусiў кармiць сям'ю, жыць з уласнае працы. А яму кажуць: у калгас. Паглядзеў ён, як тыя разумныя гаспадарылi ў iхным калгасе. Нявыбраная бульбачка гнiла ў зямлi да маразоў, убранае збожжа прападала нявысушанае ў арцельным гумне. Iнвэнтар за два гады развалiўся дашчэнту, не было каму паправiць калёсы. Умелыя паўцякалi ў сьвет, разумных перасаджалi, а хто застаўся? Бабы ды нямоглыя дзяды. I, ведама, ягонае аднаасобнiцтва сталася iм бяльмом у воку. Вясной абрэзалi зямлю, пакiнулi адно балотную няўдобiцу з хмызьняком. Пойдзеш у калгас? Не, не пайду. Тады абрэзалi пожнi, каб не было дзе напасьвiць кароўку. Затым пастанавiлi лiквiдаваць гумно, бо, цi бачыце, будавалi калгасную абору, спатрэбiлiся матэрыялы. Асець, пуню i ток – усё перавезьлi ў калгас, дзе за зiму тыя бёрны расьцягалi на дровы. Ужо ня стала куды выпусьцiць i курэй. Зноў прыехала начальства: ну, пойдзеш у калгас? Сказаў: не пайду, на сваёй зямлi памiраць буду. Дык трактарам перааралi дарогу – ад хутара да бальшака. Каб не пратаптаў сьцежку, засеялi вiкай. Абмiнаў тую вiку за вярсту па лесе. Тады сказалi, быццам ён празь лес ходзiць у Польшчу. Каб iм да свае магiлы гэтак хадзiць, думаў Аўтух.

Ужо ўсё абабралi. Абрэзалi па самыя вокны, а тады пачалi зарыцца на ягонага маладога каня. Свае зрабiлiся, як дэрбiны – ад бяскормiцы ды непасiльнае працы, а ягоны конiк быў, як намаляваны. Выгадаваны з жарабя ад уласнай кабылкi, ён быў мiлы гаспадару, можа, болей, чым жонка, чым нават дарослыя дочкi. Бывала, Аўтух возiць з поля снапы i да вечара так уходаецца, што ня мае сiлы сесьцi за стол. I ня дзiва: цэлы дзень на кожнай горцы падстаўляе пад брыку плячо, папiхае; нiбы ў парцы, памагае везьцi. Праўда, i конiк нiбы разумеў гаспадара, стараўся, выжыльваўся на маладых тонкiх нагах, вёз усё, колькi нi накладзi ў воз. Як было аддаць такога на безуважнае арцельнае карыстаньне, дзе б яго заезьдзiлi за адно лета, надарвалi, сапсулi. Дык скралi. Надвячоркам адвёў папасьвiцца на сьвежую атаву, спутаў, ды не надзеў замок, пашкадаваў натруджаныя за дзень ногi. I скралi. Аўтух адразу ўведаў, хто, зрэшты, пра тое ведала ўся вёска, быў у iх адзiн такi злодзей, скраў ён у Аўтуха ня ў першага. Кiнуўся Аўтух у мiлiцыю, у раён, да пракурора. I нiчога. Усе ветлiва слухалi i нават спачувалi, але шукаць i ня думалi. А тое, што ён сам паказваў на злодзея, пад увагу ня бралi. Казалi, патрэбныя доказы, а доказаў няма. Але якiя яшчэ iм доказы, калi ўсiм навакол ведама, што гэты Балазей здаўна крадзе коней i збывае цыганам на Палесьсi. Аказваецца, не. Трэба доказы. Такi парадак.

Там патрэбныя былi адмысловыя доказы, а вось тут можна караць i бяз доказаў. Аўтух нiколi й не падумаў хадзiць за мяжу, начарта яму трэба была тая Польшча, а яны кажуць: хадзiў. Быццам яны яго там злавiлi. Цi хоць бы там хто яго бачыў. Але напiсалi, хадзiў, i ўсё. Прызнавайся!

I ён, дурань, прызнаўся, паслухаўся гэтага партыйца i падпiсаў, што падсунулi. Думаў, тым выгадае. А ня выгадаў – прагадаў дашчэнту. Стаўся польскiм шпiёнам. Во зрабiў падаруначак сабе i дочкам. I ўсёй раднi. На ўсё iх жыцьцё...

– Бальшавiцкi парадак! – згодна пацьвердзiў Шастак. – Мыша не праскочыць.

– А ты памаўчы! – нечакана абрэзаў яго Косьцiкаў. – Ты – здраднiк.

– Я? – пабялеў ад крыўды Шастак.

– Ты, ты, – роўным голасам паўтарыў памкамэнданта. – Вось той, – ён кiўнуў у бок Валяр'нава, – той ня здраднiк, бо ён вораг адкрыты. Белы афiцэр, i так далей. А ты – i нашым, i вашым.

– Я ня вашым... То есьць, ня нашым! – ад хваляваньня пачаў блытацца Шастак. – Я служыў партыi, я бальшавiк. Мяне тут гэта. Па ашыбке.

– Ладна, – махнуў рукой Косьцiкаў. – Разьбяруцца.

Як гэта – разьбяруцца? – ня мог зразумець Шастак. Хто разьбярэцца? I калi разьбяруцца? Што гэта ўсё значыць? Вельмi няпэўныя былi тыя словы чэкiста, але ў свае няпэўнасьцi яны несьлi нейкi зародак выратоўчай надзеi. А раптам i сапраўды яшчэ ня ўсё страчана? Штосьцi яшчэ направiцца? I Шастак, апанураны i адначасна трохi абнадзеены, з зацятай крыўдай у душы адступiўся ўбок. Блiжэй да памкамэнданта падышоў Сурвiла.

– Ты гэта, скажы, – цiха, падобна, каб ня чулi iншыя, запытаўся ён. – I мяне?

– I цябе, – зiрнуў на яго сьветлымi вачыма Косьцiкаў. Сурвiла зрабiў выгляд, што тое яго надта зьдзiвiла.

– Зь iмi во – разам? – кiўнуў ён на астатнiх.

– Ну, гэта... Паглядзiм, – няпэўна сказаў чэкiст i пусьцiў густы струмень дыму ў твар былога калегi.

Ад тых словаў Косьцiкава ў Сурвiлы таксама зьявiлася маленькая надзея. Ведама, у яго i ў думках не было, што нядаўнi калега пашкадуе яго, ня выканае прысуд. Цi нават ня так яго выканае. Але, напэўна, ён усё ж мог трохi перайначыць тое выкананьне, зрабiць яго па магчымасьцi прыстойным для свайго чалавека-чэкiста. Хоць бы i асуджанага. Бо нават аднолькавы прысуд не раўняў яго з гэтымi ворагамi народа, ён i пасьля сьмерцi прагнуў застацца салдатам армii Дзяржынскага. Хоць, натуральна, i ў яго здаралiся хiбы, часам ён памыляўся, часам не хапала адукацыi. Як у тым выпадку з маладой студэнткай, якую яму давялося расстрэльваць. Але тады ён быў малады, а дзяўчына была дужа ўжо слаўная ў сваёй дзяўчачай прыгажосьцi – худзенькая такая, спрытная, зь вялiкiмi зьдзiўленымi вачыма i вабным тварыкам, зiрнуўшы на якi, Сурвiла не наважыўся стрэлiць. Ён стрэлiў мiма. Каб не ў патылiцу, – ля вуха. Яна ўсё роўна звалiлася ў яму, мабыць, зьнепрытомеўшы ад страху, ды там i асталася, заваленая наступнымi целамi. Нiхто таго не заўважыў i не дазнаўся нiколi, але ўсё роўна Сурвiла пачуваўся нiякавата. Хоць зразумела, тады ён меў невялiкi чэкiсцкi досьвед i паддаўся на дзявочую прывабнасьць. Забыўся, што перад iм найперш выкрыты вораг народа. Ды ён памятаў свой ганебны ўчынак i, можа, менавiта таму стараўся. Тое стараньне дало свой плён, i пасьля, ужо ў сьледчым аддзеле, ён паказаў за паўгодзьдзя найлепшыя вынiкi – 127 чалавек, падведзеных да вышэйшай меры, – болей, чым у каго-небудзь iншага.

I цяпер вось яго самога...

Не пасьпелi яны аддыхацца, прагнаць трохi стому, як здаля на дарозе з гораду зьявiлася машына – зноў вялiкая крытая буда, якая, валюхаючыся на калдобiнах, пад'ехала блiжэй i стала. Зь яе выскачылi трое стралкоў у шынялях, зь вiнтоўкамi ў руках i кiнулiся да групы асуджаных.

– Адставiць! – спакойна сказаў Косьцiкаў. – Усё ў парадку.

Шафёры ўзялiся пералiваць з бляшанкi бэнзын, а асуджаных Косьцiкаў зноў загнаў у буду, дзе iх сустрэў незадаволены, быццам нават заспаны, Зайкоўскi.

– Не далi й паспаць...

– Насьпiсься! – сказаў Сурвiла. – Хутка засьнеш вечным сном.

– А хрэн зь iм! Чым такая жызьня! – вылаяўся грабежнiк i зноў выцягся ўпоперак буды сваiм доўгiм целам.

Яны зноў няхутка ехалi па гразкай, выбаiстай дарозе, за iмi нягучна гурчэла другая машына. Усе, аднак, адчувалi, што хутка iхны задоўжаны шлях скончыцца. Кожны стараўся ня надта думаць пра самы-самы канец, а ўсё роўна думалася. Фэлiкс Гром яшчэ ад суда i прыгавору ўсё ўяўляў сабе, як яго будуць расстрэльваць. Дакладна тае жахлiвае працэдуры ён, натуральна, ня ведаў, але з кiно памятаў, як расстрэльвалi парыскiх камунараў. Роўная шарэнга стралкоў, выстаўленыя наперад палкi-вiнтоўкi, скiраваныя ў ахвяраў ля цаглянай сьцяны. Тыя ў белых кашулях, з горда выпнутымi грудзямi. I залп. Лёгкi сiнi дьмок ад вiнтовачных руляў, праклён т'ераўскiм катам... Прыгожа! Але дзе тут для iх шарэнга стралкоў? Тры вiнтоўкi – тых, з задняй машыны, ды пiсталет у начальнiка – якi ж тут залп? I хто закрычыць праклён? Ужо ён, Фэлiкс, ня будзе крычаць нiчога – хай яны пагараць усе разам: i каты, i iхныя ахвяры. Увесь час, што ён прабыў у турме i на сьледзтве, ён наракаў на Аўтуха i ягоную сялянскую дурноту. А як выявiлася цяпер, былi там i горшыя за Аўтуха арыштанты. Хоць бы вось гэты Шастак. У камэры Фэлiкс яшчэ размаўляў зь iм, нешта расказваў пра лiтаратуру. Трэба было! Ды цi Шастак быў там адзiн. Добра яшчэ, што зь iмi не сядзеў Сурвiла, мабыць, таго трымалi ў асобнай камэры. У чэкiстаў i камэры асобныя. Як i ўсё iншае ў iхным жыцьцi. Толькi паэт – сярод простага народа, безь якiх дабротаў i прывiлеяў. Фэлiкс Гром ужо шчыра шкадаваў, што некалi ўлёг у лiтаратуру, вучыўся, – лепш бы застаўся непiсьменным. Ягоны малодшы брат скончыў чатыры клясы i рабiў у калгасе. Неяк будзе жыць бяз кнiг i бязь вершаў. А што яму дало ягонае памкненьне ў лiтаратуру?

Але ж во i дзядзька Аўтух таксама не пiсаў вершаў. I наўрад цi калi чытаў iх. I цяпер яны будуць цi не ў адной яме разам.

Так, Аўтух Казёл на тым часе клапацiўся не пра якiя там вершы, у яго быў зусiм iншы клопат – бульбяны. Вядома, ён разумеў, што ня час было думаць пра тое. Але во думалася. Недзе пад лесам застаўся шнурок нявыбранай бульбы, выйшла няўпраўка, як ня стала каня. А той шнурок трэба было выбраць найперш. А то разыдуцца дажджы, залiе лагчыну, тады ня ўлезеш на яе i з канём. Цi здагадаецца пра тое жонка? Прападзе бульбачка, а што есьцi ўзiмку? Хоць цяпер едакоў i паменее, але паменее i работнiкаў. Зноў жа скацiна...

Машына цяжка нахiлiлася ўсёй будай, пасьля задралася ўгару кабiнай, збочыла, перавалiла нейкi раўчук i дужа страсянула ўсiх пасажыраў. Зайкоўскi незадаволена падняўся ў змроку i сеў, прысланiўшыся сьпiнаю да жалезнай сьцяны. Але, падобна, штосьцi адчуў i ня лаяўся. Ды й астатнiя адчулi, што, мабыць, прыехалi. Дзьверы буды пакуль не расчынялiся, iх не выпускалi. Там, знадворку, штось перагаворвалася ахова, хтосьцi пабег некага клiкаць. Вiдаць па ўсiм, там рыхтавалiся. I во нарэшце дзьверы расчынiлiся. Трошкi нахiленая, машына стаяла ў маладым хвойным ляску.

– Выхадзi! Па адным!..

Нiхто ў будзе, аднак, не скрануўся, усе сьцялiся, замерлi i чакалi. Чаго толькi чакалi? Хутка ў дзьвярах паявiўся жвавы, усьмешысты твар Косьцiкава, якi найперш брыдка вылаяўся.

– Ты! – упёрся ён позiркам у першага, каго згледзеў у цёмнай будзе – гэта быў Аўтух. – Выхадзi!

"Чаму я першы? Чаму я першы?" – закрыўдаваў у душы Казёл i нязграбна вывалiўся з машыны. Вакол цiха стаялi дрэўцы-сасонкi, i ля iх побач зьнерухомелi поўныя ўвагi маладыя хлопцы-байцы. Непадалёк i крышку ўбаку жаўцеў пясчаны пагорачак. Усё было зразумела...

– Ну? Упярод!

Зь незразумелай злосьцю Косьцiкаў пiхнуў Аўтуха ў плячо, той зачапiўся раскiслым ад тванi лапцем за траву i ўпаў. Сэрца яго моцна бiлася ў грудзях, было надта няёмка за свой нехуцавы, жабрацкi выгляд, асаблiва перад гэтымi чысьцюткiмi маладымi хлопцамi ў вайсковым, што цяпер зь перабольшанай увагай уставiлiся ў яго. Ён таропка ўстаў i апанурана патэпаў да ямы, душачы ў сабе крыўду: чаму мяне першага? Цi я самы найгоршы вораг?..

– Ну, хрысьцiся, – сьцiшана, без ранейшай злосьцi ў голасе сказаў Косьцiкаў. Аўтух, баючыся не пасьпець, таропка перахрысьцiўся па-праваслаўнаму, справа налева. I чакаў.

– На каленi!

На беражку ямы ён паслухмяна апусьцiўся на каленi. Зрушаны лапцямi пясок пасыпаўся ўнiз, i ён спалохаўся, што звалiцца туды заўчасна. Але не звалiўся, толькi прыплюшчыў вочы i чакаў.

– Гэта нястрашна, – сказаў ззаду чэкiст i лязгануў затворам пiсталета даслаў першы патрон. Толькi Аўтух зiрнуў у прадоньне глыбокай ямы, як стрэлу ўжо не пачуў. Здалося, яма сама кiнулася насустрач i назаўжды агарнула яго пясчанай сваёй глыбiнёй.

– Так! Адзiн ёсьць! – мовiў памкамэнданта i пайшоў да дзьвярэй машыны. Ягоная праца распачалася, ён рабiў яе звыкла й дакладна, як i кожнага дня.

Зноў у машыне ўсе замёрлi, сьцiхлi, чакаючы, каго ён паклiча наступным. I тады ён згледзеў цi, можа, прыпамятаў Зайкоўскага, якi цяпер маўклiва тулiўся ля задняй сьцяны буды.

– Ану ты, бандзюга!

Прыгнуўшыся, Зайкоўскi сiгануў да дзьвярэй, рашуча скочыў з машыны.

– Рукi назад! Назад рукi!!!

– Куды назад? Во зломана, ня бачыш?

– Я табе зараз i другую зламаю, – тузануў яго за рукаво пiнжака Косьцiкаў. Зайкоўскi, аднак, ухiлiўся.

– Не чапай! Даручана – страляй. А бяз рук!

– Ах ты, бандзюга!

– Я не бандзюга! Я больш палiтычны, чым вы разам узятыя!

– Во як?

– Во так!

– Ну пайшлi, – трохi паспакайнелым голасам сказаў Косьцiкаў, паказваючы пiсталетам у бок ямы. Байцы, што стаялi паблiзу, паднялi штыхi. Мабыць, такое яны чулi ня кожны дзень.

– Ты гэта во што! – раптам прыпынiўся Зайкоўскi. Спынiўся i Косьцiкаў. Будуць расстрэльваць самога, каб ня ў гэтай яме. Каб нам не сьмярдзеў.

– Ах, ты гаўно! – вызьверыўся Косьцiкаў i стрэльнуў Зайкоўскаму ў грудзi раз, другi, трэцi. Той няўклюдна павалiўся на рассыпаны каля ямы пясок. Пад яго целам пачала расплывацца крывавая лужына.

– Будзе мне яшчэ пагражаць... Пагражаць мне! – ня мог супакоiцца Косьцiкаў.

Зласьлiвыя словы расстралянага чымсьцi, аднак, зачапiлi чэкiста, якi трохi пастаяў зь пiсталетам, сочачы, як здрыгваецца i выпiнаецца ў апошнiх канвульсiях вялiкае цела бандыта. Адкiнутая ўбок здаровая рука яго згрэбла жмут мокрай травы, але ня вырвала. Пальцы паволi расьцялiся...


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю