Текст книги "Сьцяна (аповесцi, на белорусском языке)"
Автор книги: Василь Быков
Жанр:
Классическая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 7 (всего у книги 18 страниц)
– Дык што рабiць будзем, камiсар? – няўцямна пытаўся заклапочаны камандзiр палка.
– Будзем стаяць, – проста адказаў палiтрук Каламiец. – Што ж застаецца.
– Нiчога не застаецца, – скупа пагадзiўся кампалка. Абмяркоўваць загад не належала, лепш было памаўчаць.
– А дзе тая станiца, цi далёка? – з новым клопатам загаманiў палiтрук, прыпамятаўшы, як той даручэнец камдыва перадаў яшчэ адзiн загад – вусны – са штабу дывiзii: уначы атрымаць папаўненьне. Колькi было таго папаўненьня, невядома, але найперш належала правесьцi зь iм палiтработу – тым болей цяпер, калi прыйшоў такi важны загад. То была справа палiтрука, i Каламiец затурбаваўся.
– Арцюха папытайце. Якi з санузводу, – сказаў кампалка. – Ён раненых вадзiў, ведае.
Каламiец устаў з краю варонкi i пайшоў у цемру, цiха аклiкаючы Арцюха. Неўзабаве каржакаватая постаць у пiлотцы невыразна заварушылася ў змроку.
– Пойдзем у станiцу. Дарогу ведаеце?
– Дарогу? Ды во, наўпрасткi, цераз стэп, – глуха азваўся баец, папраўляючы на плячы вiнтоўку з прымкнёным штыхом.
Каля паваленых паўз дарогу таполяў яны скiравалi ў стэп.
Пасьля няспыннае дзённае калатнечы прыемна ўражвала начная, амаль мiрная цiша, далiкатна парушаная адно цiхманым стракатаньнем цыкадаў. Боты дужа хрускалi ў наскрозь прапыленым стэпавым быльнягу. Блiзка баёў не было чуваць, толькi дзесь на захадзе на краi неба час ад часу пыхала агняная пыхаўка, ды таўкла зямлю далёкая арткананада. А так навокал усё сьцiхла, змарнела, затаiлася. "Цi надоўга, аднак, – думаў палiтрук. – Хiба да ранку..."
– Адкуль родам, Арцюх? – спытаў ён байца, што моўчкi сунуўся ззаду.
– Я? Ды з курскiх.
– Курскi салавей?
– Ну.
– З гораду, сяла?
– Ды з калхозу, – выдыхнуў Арцюх. – Калхозьнiк.
Ён тое мовiў так проста, нiбы ўсё астатняе было зразумела адразу, i ня трэба было нi пра што пытацца. Палiтрук i не пытаўся. Ён таксама зь сяла, хоць i ня з курскага – са смаленскага, хоць i не калгасьнiк – настаўнiк. Два гады перад вайной працаваў дырэктарам сельскай школы, а перад тым – як партыец актыўна заганяў сялян у калгасы, раскулачваў, ссылаў, падпiсваў на пазыкi, спаганяў падаткi, рабiў усё, што рабiлася ва ўсёй краiне. Калгаснае жыцьцё яму было добра знаёмае i цяпер не выклiкала жаданьня нi што абмяркоўваць, нi нават успамiнаць. Яго куды болей гняла iхная невясёлая рэчаiснасьць на разьезьдзе ды гэты жахлiвы сталiнскi загад. Паратунак заўжды на вайне быў у тыле, куды адступалi, часам задавалi драпу, драпам i ратавалiся. А цяпер во за адступленьне без дазволу – трыбунал. Такая ганьба... Небясьпека навальвалася з двух бакоў: звыклая – з боку немцаў, i новая – з тылу, ад сваiх. Калi ўжо такi загад самога Сталiна, дык лiтасьцi ад начальства ня будзе – нi да байцоў, нi да камандзiраў. Добра, калi пашанцуе з папаўненьнем, дадуць абстраляных байцоў. А калi навабранцаў, запасьнiкоў? Ды яшчэ горш – чорнагаловых зь Сярэдняй Азii, якiя нi бяльмеса, i ўсё. Вось тут i выконвай загад Вярхоўнага.
Палын жорстка шархацеў пад кiрзачамi, палiтрук прыбаўляў кроку. Усё ж за кароткую ноч трэба было пасьпець туды i назад. Як бы да золку не спазьнiцца. I яму здалося, што Арцюх адстае, ён азiрнуўся раз i другi, трохi замарудзiў крок. А можа, той зусiм хоча адстаць? Такiя маўчуны здольныя на рознае, хто ведае, што яны носяць у сабе, – падумаў палiтрук. Цi мала ўжо такiх, маўклiвых i гаваркiх, пазьнiкала за кароткiя ночы iхнага адступленьня, i нiхто ня бачыў, куды. Але ведама, куды – дамоў. "Хутчэй нельга?" – з дакорам цiха гукнуў ён, павярнуўшыся, i Арцюх буркнуў штось невыразнае ў адказ, але не прысьпешыў хады. Вядома, байцу што, мабыць, байца за адступленьне пад трыбунал не аддадуць, аддадуць камандзiраў i яго, палiтрука. Хоць больш, чым ад камандзiраў, той загад залежаў усё ж ад байцоў: пабягуць у горкi час цi выстаяць? Калi пабягуць, не стрываўшы, тады, пiшы, усё прапала. Паспрабуй, утрымай iх сярод гэтага прагорклага ад палыну стэпу, – невясёла разважаў палiтрук.
Усё ж яны дабрылi ў начной цемрадзi да станiцы i за полем сланечнiку ў садку ня так убачылi, як адчулi цiхае варушэньне мноства людзей. Палiтрук, пытаючыся ў начных сустрэчных, знайшоў у суседняй хатцы камандзiра гэтай маршавай роты, гаваркога малодшага лейтэнанта, якi тут жа растлумачыў, што мае загад усю роту перадаць у ягоны, палiтрукоў, стралковы полк. Каламiец пацiкавiўся, якi то народ, i малодшы лейтэнант патлумачыў, што ўсе з запаснога палка, якi фармаваўся на Саратаўшчыне, усе нядаўнiя запасьнiкi. Моладзi мала, болей людзей сталага веку. У запасным павучылiся месяц-другi, атрымалi вiнтоўкi i – на фронт. Балазе, цяпер недалёка, фронт прыкацiўся пад самыя сьцены саратаўскiх сёлаў, так што...
Так што з гэтымi во дзядзькамi, што абселi садок i падворак i цiха, з затоенай увагай, пакурвалi свае самакруткi, i трэба iсьцi ў полк, абараняць разьезд. Заўтра ён будзе перамагаць цi памiраць – ваяваць, ня маючы права адступiць i на сотню мэтраў, як сказаў учора даручэнец камдыва, i як патрабуе сталiнскi загад. Добра яшчэ, калi немцы ня пусьцяць танкi. Хоць i ўчарашняй бамбёжкi, мабыць, хопiць для гэтых неабстраляных вясковых дзядзькоў. Сам палiтрук пад вечар, калi паўтара дзясятка "хейнкеляў" з уключанымi сырэнамi амаль коламi дратавалi разьезд, думаў, звар'яцее ад таго катаваньня грымотай. А як iм? Ды ўпершыню?..
Ён атрымаў пяцьдзясят шэсьць чалавек, як-колечы выстраiў iх – кожнага з ладным сiдарам за сьпiной, з шынэльнаю скаткай цераз плячо, – i павёў у стэп. Трохi адышоўшыся ад станiчнай ваколiцы, прыпынiў усiх ля цёмнай сьцяны сланечнiку. Да сьвiтанку яшчэ заставалася якiх пару гадзiн, разьезд быў недалёка. Мусiць, самы раз было правесьцi палiтбяседу наконт загаду растлумачыць, пагаманiць, заклiкаць, без чаго не абыходзiлася нiводная прыёмка на фронце. Такi на вайне быў найпершы палiтрукоў абавязак, i Каламiец стараўся выконваць яго сумленна.
Iншая справа, як тут гаварыць, якiмi карыстацца словамi, каб дайсьцi да салдацкага сэрца, калi вораг побач, часу ў абрэз, а зброя... Цi хоць дакапалiся там да вады, – з трывогай падумаў палiтрук. А то заўтра застануцца без кулямётаў, i тады нiякi загад не паможа. Нават сталiнскi.
– Сядай усе, – сказаў палiтрук. – I блiжэй да мяне... Чулi пра новы загад таварыша Сталiна?
– Чулi... Казалi, – глухавата азвалiся некалькi галасоў сьпераду. Байцы старанна i зморана рассаджвалiся ў ссохлым стэпавым быльнягу. Палiтрук трохi счакаў, калi сьцiхне наўкола шорхат, i пачаў сьцiшана, па магчымасьцi пранiкнёна, каб лавiлi кожнае яго слова.
– Таварышы, каварны вораг ужо ў сэрцы нашай радзiмы, i таварыш Сталiн загадаў: нi кроку назад, i мы павiнны памерцi, каб гэты загад выканаць, далей шляху для нас няма...
Ён яшчэ гаварыў, стараючыся як мага больш сардэчна i проста, але штосьцi атрымлiвалася ўсё ня так, як хацелася. I ён быў незадаволены сваiмi словамi, якiя здавалiся цяпер ня тымi i не такiмi. А як змоўк, пачакаў трохi, перш чым пачаць зноў. I тады пачуў сьцiшаны, нейкi далёкi ад ягоных памкненьняў голас кагосьцi з заднiх у гэтай сацьмелай купцы людзей:
– А сьняданак будзе, таварыш палiтрук?
– Сьняданак будзе, будзе сьняданак, таварышы. У нас, ведаеце, выйшла няўпраўка з вадой, завалiла калодзеж...
– Гэтак? – сказаў хтось паблiзу зь недаверам цi нават са спачуваньнем так i не зразумеў палiтрук.
– Ведаеце, на фронце баi, усё здараецца. Коней пабiла, пабiла бомбаю, дык вось, ведаеце... Але мы, байцы Чырвонае Армii, паводле прысягi павiнны стойка пераносiць усе нягоды вайсковай справы i перамагчы. Мы i пераможам! Мы выстаiм, таварышы, i выканаем загад таварыша Сталiна, пераможам Гiтлера i даможамся лепшага жыцьця... Добрае жыцьцё настане, – казаў ён, аднак, трацячы звыклы працяг размовы, i раптам сказаў пра iншае: – I калгасаў ня будзе. Таварыш Сталiн распусьцiць калгасы, каб жылi, як раней. Як пры Ленiне, раптам нечакана для сябе скончыў палiтрук i аж унутрана закалацiўся ад уласнай нязвыклай рашучасьцi. Людзi перад iм неяк дзiўнавата прыцiхлi ў змроку, бы насьцярожылiся. Нiхто не сказаў нiчога, не папытаўся, не запярэчыў, але, здаецца, нiбы ўзбадзёрылiся, бы ачнулiся душою ў сваёй даўняй звыклай паныласьцi. I ён таксама падобна ўзбадзёрыўся.
– Ня будзе калгасаў, я вам кажу, будзе iнакшае жыцьцё, толькi нам выстаяць цяпер, як патрабуе таварыш Сталiн: нi кроку назад!
Вымавiўшы тое, палiтрук Каламiец адчуў, што сказаў усё. Выклаў усе свае красамоўныя прапагандавыя козыры. Фальшывыя, праўда, сам разумеў, але i самыя патрэбныя. Больш i лепшых козыраў у яго ўжо не было. I ён сам гатовы быў у iх паверыць. Мабыць, павiнна быць так. Бо як iнакш? Астатняе ўжо залежала не ад яго – залежала ад ворага, франтавых абставiнаў, гэтых во змораных саратаўскiх дзядзькоў, якiя нядаўна яшчэ, перад вайной, перажылi – ня дай Бог нiкому. У шпiталi адзiн камандзiр пацiху расказваў, як у трыццатыя на Саратаўшчыне вымiралi калгасныя вёскi. Бывала, елi чалавечыну, такi лютаваў голад. Помнячы такое, наўрад цi выстаiш i выканаеш загад. Нават самога госпада Бога.
Празь якую гадзiну палiтрук Каламiец правёў маршавую роту на зруйнаваны разьезд, спынiў у цемрыве каля варонкi кампалка Пахомава. Скалечаныя таполi цiха шумелi рэштаю лiстоты на перадранiшнiм ветрыку; смылелi ўдушлiвым нафтавым дымам недагаркi шпалаў. Вады не было, яшчэ не дакапалiся. Зь зямных нетраў iшла хлiпкая гразь, зь якой некаторыя цадзiлi ў круглыя кацялкi. Залiваць у паходную кухню не было чаго, сьняданак спазьняўся.
Шмат хто з байцоў у той дзень так i не пасьнедаў, некаторыя не пасьнедаюць нiколi. Як з-за счырванелага небакраю выкацiлася адразу сьпякотнае сонца, зноў наляцелi "хейнкелi". Хвiлiн дваццаць яны дзяўблi бомбамi дашчэнту паруйнаваны разьезд, пасьля рэйкi па абодва бакi ад разьезда, разьбiлi паходную кухню, што тулiлася збоч ад абгарэлага штабэля шпалаў. Толькi самалёты адляцелi на захад, як са стэпу паявiлася пяхота з бронетранспарцёраў. Воддаль, у прасяным полi, транспарцёры спынiлiся, а пяхота кiнулася да задымленых руiнаў разьезда. I тады з флангаў ударылi запраўленыя вадкай гразёю "максiмы". За iмi пачалi дружна бахаць вiнтоўкi – саратаўцы ўжо пасьпелi акапацца ў неглыбокiх вузенькiх норах-акопчыках i, не спыняючыся, бiлi i бiлi ў проса. I – о, дзiва! Немцы пачалi па адным перабягаць назад да сваiх транспарцёраў, якiя ўжо давалi заднi ход. "Галоўнае – выстаяць! галоўнае выстаяць!" – паўтараў цi то ў думках, цi ўголас аглушаны бамбёжкай палiтрук Каламiец, што побач з кампалка тулiўся ўсё ў той жа глыбокай варонцы. На яе дне, да пояса засыпаны зямлёй, зьнерухомеў над сваiм апаратам баец-тэлефанiст. Але сувязi, здаецца, не было. Палiтрук i кампалка адчувалi тое, ды не пыталiся, думаючы, што, можа, гэтак i лепей. У такiм няпэўным становiшчы iм лепей было бяз сувязi – яе адсутнасьць вызваляла iх ад кепскiх дакладаў i начальнiцкага гневу. Лаянкi таксама.
А пасьля былi й яшчэ дзьве бясконца даўгiя атакi. Немцы разьбiлi на правым флангу "максiм" i зачапiлiся за дымны ад шпалаў канец разьезда, дзе былi стрэлкi. Тады той самы Арцюх з групай сваiх i саратаўцаў падабраўся пад агнём да стрэлак i гранатамi выкурыў немцаў з-за шпалаў.
Пад вечар неяк паволi ўсё сьцiхла, немцы з проса кудысь прапалi, зьехалi ў iншым кiрунку, цi што. Стараной у небе iшла самалётная гайня – падобна, "хейнкелi" бамбiлi суседнюю станцыю. Кампалка з запыленым, аброслым сьветлаю шчэцьцю тварам павярнуўся да свайго палiтрука i зь нейкаю дзiцячай радасьцю ў вачах мовiў:
– Выстаялi, ага?
Менавiта з таго часу, як у прасяной нiве пахавалiся немцы, i паволi ацiхла бязладная стралянiна на разьезьдзе, у палiтруковай душы заварушылася трывожная вужака сумневу. Учора ён быў амаль упэўнены, што не перажыве гэтага дня (ды яшчэ пад такiм строгiм загадам), i дбаў толькi пра адно: выстаяць. Ня даць гэтым байцам пабегчы i здаць немцам разьезд. I вось не пабеглi i не здалi. Нечакана i ён ацалеў. I нават не паранены. I жывы i радасны камандзiр палка. Але...
Ну, нашто яму было ўначы гаварыць пра тыя калгасы?
Як яшчэ пацямнела, на разьезд прыскакаў конны пасыльны са штабу дывiзii i перадаў вусны загад генэрала адысьцi да станiцы. Памятаючы iншы загад, кампалка яму не паверыў, запатрабаваў пiсьмовага загаду. Але пакуль пасланец езьдзiў па стэпе, са штабу прыцягнулi провад, i неўзабаве кампалка пачуў знаёмы генэралаў голас. Сапраўды, камдыў загадваў адысьцi. Мабыць, сталася так, што, хоць полк i выстаяў, затое ня выстаяў суседнi, i немцы бралi дывiзiю ў абцугi. Трэба было сьпяшацца. Байцы таропка закiдалi зямлёй шасьцярых забiтых у акопчыках, узялi на рукi два дзясяткi параненых. Ужо ў абсалютнай цемрадзi калёнай рушылi цераз стэп да станiцы. Саратаўцы перамяшалiся са старымi стралкамi i моўчкi цягнулiся ўсе разам, на хадзе жуючы сухары. Наперадзе ад усiх iшоў кампалка, i поруч зь iм – апанураны палiтрук.
Як толькi полк увайшоў у станiцу, ля садка, дзе ўчора зьбiралася папаўненьне, iх спынiла група камандзiраў. Тут быў начальнiк штабу дывiзii, яшчэ нейкiя чыны. Кампалка далажыў пра iхныя справы, i начштабу пахвалiў полк. Але адзiн цi два камандзiры зь яго штабное групы падышлi блiжэй да калёны, i той, што быў наперадзе – камлюкаваты чалавек у камандзiрскай фуражцы, спынiўся каля палiтрука.
– Каламiец? – нягучна спытаўся ён, зблiзку ўзiраючыся ў палiтрукоў твар.
– Я.
– Прайдзёмце са мной.
Каламiец зразумеў усё: то быў начальнiк асобага аддзелу дывiзii. Той аддзялiў палiтрука ад палкавой калёны i павёў кудысь на падворак да хаты, сьцяна якой цьмяна бялела за кветнiкам.
Болей палiтрука Каламiйца ў палку ня бачылi.
"КАЦЮША"
Абстрэл цягнуўся ўсю ноч – то крыху слабеючы, нават прыпыняючыся, то разгараючыся з новаю сiлай. Бiлi найбольш мiнамёты. Iхныя мiны з прарэзьлiвым вiскам рэзалi паветра ў самым зэнiце, вiскат набiраў сiлу – i неўзабаве абрываўся рэзкiм аглушальным выбухам. Праўда, бiлi болей у тыл, па недалёкай вёсцы, туды iшло цераз неба страхавiтае мiннае скуголеньне, i там пыхалi блiскавiцы выбухаў. Тут, на дзiрванiстым пагорачку, дзе зьвечара акапалiся аўтаматчыкi, было трохi зацiшней. Але гэта, мабыць, таму, – думаў памкамузвода Мацюхiн, – што аўтаматчыкi занялi гэты бугор, лiчы, у прыцемку, немцы тут iх, мабыць, яшчэ ня згледзелi. Але згледзяць, вочы ў iх вiдушчыя, оптыка таксама зоркая. Да паўночы ён хадзiў ад аднаго аўтаматчыка да другога – прымушаў акопвацца. Тыя, аднак, ня дужа налягалi на свае лапаткi, забегалiся за дзень i цяпер, наставiўшы каўняры шынялёў, болей ладкавалiся кiмарнуць. Але, мусiць, адбегалiся. Наступленьне, здаецца, выдыхалася, за ўчарашнi дзень узялi толькi вунь тое дашчэнту разьбiтае, спаленае сяло i на гэтым бугры заселi. I нават начальства перастала падганяць: за ноч да iх нiхто не зьявiўся – нi са штабу, нi з палiтаддзелу, таксама, мабыць, уходалiся за тыдзень, наступаючы. А галоўнае – выдыхлася артылерыя: цi куды перакiнулi, цi забракавала снарадаў. Учора пастралялi крыху палкавыя мiнамёты i сьцiхлi. У восеньскiм полi i захмараным небе адно вiскаталi i з трэскам ахалi нямецкiя мiны, здаля, ад ляска, джагалi iхныя кулямёты, з участка суседняга батальёна iм часам адказвалi нашыя "максiмы". Аўтаматчыкi ж пераважна маўчалi. Па-першае, было далекавата, а па-другое, бераглi патроны, якiх таксама засталося ня Бог ведае колькi. У самых гарачых – па адным дыску на аўтамат. Памкамузвода думаў, падвязуць ноччу, ды не падвезьлi, мусiць, адсталi, заблукалiся цi перапiлiся тыя тылы, так што ўся спадзёўка цяпер на самiх сябе. Таму, што будзе заўтра аднаму Богу вядома. Раптам папрэ немец, што тады рабiць? Па-сувораўску адбiвацца штыхом ды прыкладам? Але дзе той штых у аўтаматчыкаў, ды й прыклад надта кароткi.
Не зважаючы на восеньскую сьцюжу, пад ранак кiмарнуў у сваёй ямцы-акопчыку i памкамузвода Мацюхiн. Не хацеў, а во не стрываў. Пасьля таго, як лейтэнанта Клiмоўскага аднесьлi ў тыл, ён цяпер камандаваў узводам. Лейтэнанту здорава не пашанцавала: асколак нямецкае мiны добра-такi крамзануў яго ўпоперак жывата, выпалi кiшкi, невядома, цi ўратуюць лейтэнанта i ў шпiталi. Летась Мацюхiн быў паранены ў жывот, але не асколкам – куляй, таксама натрываўся болю i страху, але неяк выкараскаўся ад кашчавай. Тады яму ўвогуле пашэнцiла, бо паранiла побач з дарогай, па якой якраз iшлi парожнiя машыны. Яго ўвалiлi ў кодаб, i праз гадзiну ён быў ужо ў санбаце. А калi вось так, з вываленымi кiшкамi, цягнуць цераз поле, штораз падаючы пад выбухамi...
Таму Мацюхiну трывожна i клопатна, усё трэба дагледзець самому, камандаваць узводам i бегаць па выклiках да начальства, дакладваць, апраўдвацца i слухаць нэрвовыя начальнiцкiя мацюгi. I, тым ня менш, стома перамагла неспакой i ўсе ягоныя клопаты, старэйшы сяржант задрамаў пад вiскат i выбухi мiнаў. Добра, побач ужо акапаўся малады ўвiшны аўтаматчык Казыра, памкамузвода загадаў яму назiраць i слухаць, спаць – нi-нi, нi ў якiм разе iначай бяда. Немцы таксама спрытныя ня толькi ўдзень, але i ўначы. За два гады вайны Мацюхiн нагледзеўся рознага.
Неўпрыцям заснуўшы, Мацюхiн адчуў сябе нiбыта дома, быццам ён задрамаў на прызьбе ў нейкай дзiўнай зьнямозе; можа, п'яны, i быццам суседзкая сьвiньня сваiм сьцюдзёным лычом тыкаецца ў ягонае плячо – цi ня хоча схапiць за яго зубамi. Ад непрыемнасьцi памкамузвода прачнуўся i адразу адчуў, што за плячо яго сапраўды хтось тузае – будзiць, цi што.
– Што такое?
– Гляньце, таварыш памкамузвод!..
У шэрым сьвiтальным небе над акопчыкам хiлiлася танклявая постаць Казыры, якi ўзiраўся, аднак, ня ў бок немцаў, а ў тыл, яўна там чымсь зацiкаўлены. Трываючы ранiшнюю дрыжаку ў целе, Мацюхiн прыўстаў на каленях i згледзеў непадалёк цёмны грувасткi абрыс аўтамабiля з коса настырчаным верхам; там жа цiха i стрымана варушылiся людзi.
– "Кацюша"?..
Мацюхiн усё зразумеў i цiха, сам сабе вылаяўся. То рыхтавалася да залпу рэактыўная "кацюша". I адкуль яе прынесла сюды? I чаму менавiта сюды, на гэты бугор, да ягоных аўтаматчыкаў?
– От цяпер зададуць немчуры! От зададуць! – радаваўся Казыра.
Iншыя байцы з блiжнiх ямак-акопчыкаў таксама, вiдаць, заiнтрыгаваныя нечаканым начным суседзтвам, павылазiлi на паверхню. Усе зь цiкавасьцю сачылi, як ля аўтамабiля стрымана варушылiся артылерысты, карпатлiва ладзячы свой знакамiты залп. "Чорт бы iх узяў зь iх залпам!" – нэрваваўся памкамузвода, якi ўжо ведаў кошт гэтых залпаў. Карысьць, хто ведае якая, за полем у тым ляску ня многа пабачыш, а клопату, глядзi, наробяць...
Мiж тым над полем i ляском, што ўжо зачарнеўся наперадзе, патроху пачало сьвiтаць. Праясьнела хмарнае неба ўгары, дзьмуў сьвежаваты вецер, вiдавочна зьбiралася на дождж. Памкамузвода ведаў, што калi папрацуюць "кацюшы", дык абавязкова пасыпле дождж. Урэшце там, ля машыны, мiтусьня нiбы прыцiхла, усё, здаецца, замерла, некалькi чалавек адбеглiся далей, за машыну, данесьлiся глухаватыя словы нейкай артылерыйскай каманды. I раптам над галовамi ў паветры рэзка вiскнула, загуло, засквiрчэла, агняныя хвасты ўдарылi ў зямлю за машынай, цераз галовы аўтаматчыкаў пырхнулi i зьнiклi ракеты. Воблака пылу i дыму, закруцiўшыся ў белай вiхуры, ахутала "кацюшу", частку акопчыкаў i пачало расплывацца па схiле пагорка. Яшчэ ня сьцiх гул у вушах, як там ужо закамандавалi – на гэты раз гучна, ня тоячыся, са злоснай рашучасьцю, да машыны кiнулiся людзi, хутка паўскоквалi на яе падножкi, i во яна праз рэшту ўзьнятага залпам пылу пасунулася з пагорка ўнiз да сяла. У той час наперадзе за полем i ляском грымотна загрукала – чарада раскацiстага працяглага рэха данеслася з далечынi.
– О, даець, о даець немчуры праклятай! – зьзяў маладым курносым тварам аўтаматчык Казыра. Iншыя таксама, павылазiўшы наверх цi пастаўшы ў акопчыках, з захапленьнем узiралiся ў незвычайнае вiдовiшча за полем, поўныя стрымана-страхавiтай салдацкай радасьцi. Адзiн толькi памкамузвода Мацюхiн, бы скамянелы, стаяў на каленях у неглыбокiм акопчыку i, як толькi за полем абарвалiся глухiя выбухi, закрычаў, што было моцы:
– Ва ўкрыцьцё! Ва ўкрыцьцё, такую вашу матары! Казыра, ты што...
Ён аж ускочыў на ногi, каб вылезьцi з акопчыка ды пазаганяць аўтаматчыкаў у iхныя схованкi. Ды не пасьпеў. Дзесь там, за ляском, шчоўкнуў адзiночны выбух цi стрэл, i ў небе рознагалоса завыла, заскуголiла... Ураз, адчуўшы небясьпеку, аўтаматчыкi, бы гарох па стале, сыпанулi ў свае акопчыкi. I неба закалацiлася, завыла, загрукацела... Першы залп нямецкiх шасьцiствольных мiнамётаў лёг трохi зь пералётам, блiжэй да сяла, другi – блiжэй да пагорка, а затым усё навокал перамяшалася ў суцэльным месiве выбухаў. Адныя рвалiся блiжэй, iншыя далей, увесь пагорак ператварыўся ў дымна-агняны вулкан, якi ўвiшна таўклi, капалi, пералапачвалi нямецкiя мiны. Так цягнулася доўга, здавалася, бясконца доўга. Аглушаны, засыпаны зямлёй, Мацюхiн курчыўся ў сваiм акопчыку, з жахам чакаючы, калi... Калi ж... Але тое "калi" ўсё не наставала, а выбухi таўклi, калацiлi зямлю, якая, здаецца, трэскалася, разломвалася на ўсю глыб, гiнучы сама i цягнучы за сабой пагiбель на ўсё астатняе.
Але во неяк пакрысе ацiшэла...
Мацюхiн засьцярожлiва выглянуў – сьпярша наперад у поле: цi не iдуць? Не, адтуль, здаецца, яшчэ не iшлi. Затым ён зiрнуў убок, на колiшнi ланцужок узводу аўтаматчыкаў, i ня ўбачыў яго. Увесь пагорак зеўраў ямiнамi-варонкамi, быў завалены глiнiстымi выварацiнамi, глыжы i зямля засыпалi ўсё навакольле, трава зьнiкла зусiм. Непадалёк пляската распласталася доўгая постаць Казыры, якi не пасьпеў дабегчы да свайго акопчыка. Галава i верхняя частка ягонага цела былi засыпаныя зямлёй, ногi таксама, толькi на абцасах не стаптаных яшчэ чаравiкаў паблiсквалi высьлiзганыя мэталёвыя касячкi.
Як яшчэ пацiшэла i ветрам пачало зганяць у бакi высока ўзьняты пыл, Мацюхiн вылез з акопчыка i пайшоў па пагорку. Трэба было палiчыць, што ў яго засталося ад учарашняга ўзвода аўтаматчыкаў...
ПАЛКАВОДЗЕЦ
Як вядома, кепская навiна ня ходзiць адна, за ёй бяжыць другая. Гэтая другая дагнала Палкаводца па дарозе ў гаспадарку Мельнiкава. У таго Мельнiкава не заладзiлася з самага пачатку, палкi не маглi адарвацца ад дняпроўскага берагу, суседзi здорава выскачылi наперад, на правым флангу ўзялi горад, за якi ўчора Палкаводца вiншаваў Галоўнакамандуючы. Але толькi Палкаводзец выехаў зь сяла, як з КП па рацыi перадалi: на правым флангу няўстойка, немцы контратакавалi буйнымi сiламi, адкiнулi пяхоту за рэчку. Палкаводзец паўзiраўся ў карту i загадаў паварочваць на ракадную дарогу – ехаць на правы фланг. Учуўшы новы загад, два ягоныя ад'ютанты, маладыя статныя палкоўнiкi, перадалi яго сыгналамi астатнiм машынам – бронетранспарцёру з аховай i крытай бартавой з трыбуналам, якiя заўжды суправаджалi Палкаводца. Уся невялiчкая калёна пачала таропка разварочвацца на разьбiтым, цесным i гразкiм прасёлку. У "вiлiсе" ўсе маўчалi. Маўчаў, сьцяўшы квадратныя скiвiцы, Палкаводзец, маўчалi ад'ютанты, прадчуваючы, што iх чакае. Ня выключана, што Палкаводзец хутка ўскочыць у самае пекла i жалезнай рукой... У ягонай жалезнай руцэ яны ўжо мелi магчымасьць пераканацца...
Куляючыся па выбоiнах, трохi разганяючыся на роўнядзi i выскокваючы на невысокiя, парослыя драбналесьсем пагоркi, "вiлiс", транспарцёр i бартавая кацiлiся насустрач недалёкай баявой калатнечы, якую ўжо не магло заглушыць i натужлiвае выцьцё iхных матораў, хутка стала чуваць, што бой грымеў побач, дзесь за ляском, дзе, як сьведчыла карта ў руках Палкаводца, сярод шырокага поплаву працякала крывуляка-рачулка. Хто мог падумаць, што нямецкiя танкi менавiта тут i ўдараць, – думаў Палкаводзец. Не хапала iм роўнядзi, цi што? Цi ўжо навучылiся ў нас, нашай азiяцкай кемлiвасьцi? Але ўдарылi менавiта тут, у гэтым зусiм мала здатным для таго месцы. I, як на бяду, фронт на гэтым участку аказаўся слабаваты, учора брыгаду Чарамiсiна перакiнулi ў цэнтар, на падмогу перадавому атраду; тут жа заставаўся адзiн супрацьтанкавы полк, i той, здаецца, разьмяшчаўся трохi правей. А пяхоце без падмацунку, вядома, прыйшлося ня соладка, i яна не стрывала. Такое яе прадвызначэньне на ўсякай вайне i ва ўсякай армii.
"Вiлiс" выскачыў на пясчаны пагорачак, парослы рэдкiм маладым сасоньнiчкам, i адразу ж рэзка кiнуўся ўбок, коламi з хрустам ломячы тыя сасонкi. Палкаводзец зьнячэўку вылаяўся, ледзьве пасьпеўшы ўхапiцца рукой у пальчатцы за мэталёвую дугу перад сабой. Аднак ён тут жа зразумеў, што лаяцца марна, усё правiльна. Па сасоньнiку ўжо джагалi чэргi, трэба было матаць назад або выскокваць i класьцiся долу. Палкаводзец i выскачыў. Трохi счакаў, а пасьля, прыгiнаючыся, выбег вышэй i апусьцiўся на сухi верасовы дол. Перад iм наперадзе разгортвалася шырокая панарама надрэчнага поплава i зь ёй – ганебнае вiдовiшча бязладнага драпу. Колькi ўжо за вайну даводзiлася назiраць Палкаводцу гэтую ганьбу, але прывыкнуць да яе ён ня мог i звычайна без ваганьня карыстаўся выпрабаваным сродкам. На ашаломленых, апанаваных страхам людзей можна было ўзьдзейнiчаць толькi яшчэ большым страхам з усiх страхаў, якiя мелiся ў распараджэньнi начальнiка. Наша пяхота бегла, уцякала да рэчкi, караскалася церазь яе берагi, некаторыя ўжо былi блiзка ад пагорка на гэтым беразе. На рачным беражку сярод лазьняку дымна палыхаў адзiн скасабочаны "студэбэкер", там запалохана мiтусiлiся людзi. Другi, аднак, выкараскаўся з тванi i з гарматай на прычэпе марудна поўз да пагорка. На ягонай падножцы стаяў чалавек у гiмнасьцёрцы, без шыняля, з абвязанай бiнтамi галавой. Цi не камандзiр супрацьтанкавай батарэi, – падумаў Палкаводзец. Той нешта крычаў, мабыць, паказваючы шафёру кiрунак. Ззаду, з-за ракi, з розных напрамкаў несьлiся трасiрныя чэргi, на рыкашэтах агнянымi пчоламi разьлятаючыся ў бакi. Палкаводзец, не азiрнуўшыся, кiнуў цераз плячо ахове: "Затрымаць!", i некалькi байцоў на чале са старэйшым сяржантам кiнулiся праз сасоньнiк з пагорка.
Пакуль тыя сарванымi галасамi спынялi пяхоту, Палкаводзец узiраўся ў поплаў i асаблiва далей, па той бок рэчкi, дзе зь ляска выпаўзалi сьветлажоўтыя нямецкiя танкi. Палкаводзец ужо сустракаўся зь iмi i ведаў, што гэта ён рашучымi дзеяньнямi свайго войска змусiў нямецкае камандаваньне перакiнуць iх з Афрыкi, дзеля якой яны i былi афарбаваныя ў колер пустынi. Але тут iм не пустыня, тут найчасьцей балоты. Раз-пораз яны бiлi з гарматаў па берагах ракi i па пехацiнцах па гэты бок. Ад выбухаў калацiўся пагорак...
Поруч i асаблiва ззаду за Палкаводцам з насьцярожаным выразам на тварах ляжала чалавек дзесяць з аховы, трошкi нiжэй прыбег i выцягся пад сасонкай старшыня вайсковага трыбуналу – франтавы маёр, скрозь абпярэзаны партупэямi i рамянямi, з фуражкай на галаве. За iм ужо расшпiльваў тоўстую сумку ягоны сакратар, малады чалавек у плашч-накiдцы. Той усё пазiраў на Палкаводца, пальцы яго дрыжэлi, i ён кепска спраўляўся з сумкай. Яны чакалi. Ужо ня першы раз яны выяжджалi з Палкаводцам i ведалi сваю справу. Тым болей, што гэта была iх праца, якую яны рабiлi, рызыкуючы ўласным жыцьцём. Блiзкiя два выбухi ў сасоньнiку змусiлi iх тыкнуцца галовамi ў дол, Палкаводзец жа на выбухi не адрэагаваў нiяк. Ён назiраў за тым, што адбываецца на поплаве.
Здаецца, байцы аховы ўсё ж затрымалi пярэднiх бегуноў i неўзабаве вывелi з сасоньнiку двух задыханых, перапалоханых пехацiнцаў з даўгiмi трохлiнейкамi i прымкнёнымi да iх штыхамi. Неяк выкараскаўшыся з-пад агню, уратаваўшыся ад нямецкiх танкаў, тыя, падобна, мала разумелi, што адбываецца, навошта яны спатрэбiлiся гэтаму камандзiру з суровым зацятым тварам. "Пачаму бяжалi? строга кiнуў Палкаводзец, нiшчачы позiркам абодвух – высокага i нiзенькага, амаль мiзэрнага салдацiка ў аблепленых тваньню абмотках. – Пачаму бяжалi?" Пехацiнцы ашалела дыхалi i маўчалi, тады Палкаводзец махнуў рукой – ня так iм, як камусь з аховы: "Здаць аружыя!"
Мабыць, то быў пэўны сыгнал, двое ў бушлатах з аховы вырвалi ў байцоў вiнтоўкi i люта штурханулi абодвух. Меншы адразу ўпаў, штось заякатаўшы, а большы пачаў бязглузда, спалохана мовiць: "Што, што?" З гэтым "што" iх i затаўклi ў сасоньнiчак, далей ад вачэй Палкаводца, адкуль яны ўжо не паказалiся.
Тым часам старэйшы сяржант з аховы прывёў да Палкаводца i афiцэра са "студэбэкера". Паранены, з абвязанай галавой, на сваю бяду ратуючы гармату, той перабраўся цераз рэчку, як яму, мабыць, здавалася, на выратоўчы пагорачак. То быў старэйшы лейтэнант з ордэнам Айчыннай вайны на грудзях i перакручанай дзягай, на якой матлялася, вiдаць, пустая ўжо кабура. Згледзеўшы Палкаводца, ён паспрабаваў аддаць рапарт:
– Таварыш камандуючы...
Палкаводзец перабiў яго тонам, ад якога зацiнала мову ня толькi ў камбатаў:
– Дзе батарэя?
– Батарэя загiнула, таварыш ка...
– Ах, загiнула? – зусiм ужо вызьверыўся Палкаводзец. – А чаму ты, гаўнюк, не загiнуў?
– Ды я...
– Дакумэнты!
Бруднымi ад тванi i сьвежай крывi рукамi старэйшы лейтэнант расшпiлiў гузiк гiмнасьцёркi i дастаў некалькi кнiжачак – афiцэрскае пасьведчаньне, партбiлет, рэчавую кнiжку. Iх у яго тут жа выхапiў старэйшы сяржант, перадаў трыбунальцам.
– Расстраляць! – халодна кiнуў Палкаводзец.
– Таварыш камандуючы!.. – сiпавата выгукнуў афiцэр i асекся – Палкаводзец ужо азiраў поплаў, а старэйшы сяржант ускiнуў да грудзей новенькi варанёны, з ражковым магазiнам ППС, якiя толькi што прыбылi на фронт i якiмi ў першую чаргу ўзброiлi ўчора ахову Палкаводца. Старэйшы сяржант адвёў камбата ў сасоньнiчак, дзе неўзабаве ляснуў нягучны адзiночны стрэл.
Старшыня трыбуналу i сакратар, мiж тым, лiхаманкава афармлялi пастанову. Шапка блянку судовага разгляду была ў iх нарыхтаваная загадзя, заставалася ўпiсаць канкрэтныя прозьвiшчы i штось дапасаваць адно да аднаго. Лежачы, маёр нахiлiўся блiжэй да сакратара, якi яму зачытаў: "Вайсковы трыбунал вайсковай часьцi нумар... у адкрытым паседжаньнi разгледзеў справу па абвiнавачаньню... Як яго там?"
– Старэйшага лейтэнанта Бязуглава, – падказаў маёр, зазiрнуўшы ў пасьведчаньне. – А таксама радавых Андрэева i Цявелька...
– Андрэева i Цявелька, – пiшучы, паўтарыў сакратар. – I прысудзiў памянёных да...
– Да вышэйшай меры пакараньня, – падказаў маёр.
– Прысуд... – вымавiў сакратар.
– ... Прыведзены ў выкананьне, – трывожна азiрнуўшыся, падказаў маёр. Ён, вiдаць па ўсiм, пачаў сьпяшацца: справы iхныя на гэтым месцы цi не канчалiся. Тым болей, што нямецкiя танкi, мабыць, падышлi ўжо да рачулкi – нешта дужа дрыжэла ўнiзе пагорка. У той час i сапраўды грымнула дужа блiзка – на верасок i хвойкi сыпанула зямлёй i пылам, абсыпала фуражку i плечы Палкаводца, паперы трыбунальцаў, якiя сакратар не пасьпеў засланiць. Энэргiчным рухам Палкаводзец страсянуў зь сябе пясок i ўскочыў.
– Ну, вы гатовыя там?
– Так точна! – ускочыў маёр.