355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Василь Быков » Сьцяна (аповесцi, на белорусском языке) » Текст книги (страница 5)
Сьцяна (аповесцi, на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 15 сентября 2016, 01:10

Текст книги "Сьцяна (аповесцi, на белорусском языке)"


Автор книги: Василь Быков



сообщить о нарушении

Текущая страница: 5 (всего у книги 18 страниц)

У суцэльнай цемрадзi мы дабрылi да агнявой, на якой ужо тоўпiўся разьлiк, i Мядзьведзеў, як заўжды ўначы, сьцiшана вытлумачыў:

– Загад – згортвацца. За машынай паслаў, зараз прыедзе. А вас камбат патрабуе.

Я ўлез у змрочны равок, навобмацак пераняў з рукi Мухi тэлефонную трубку.

– Ты дзе там блудзiш? – загучаў устрывожаны голас камбата. – Гадзiну чакаць цябе трэба. Зараз жа згортвай баявы парадак, грузi боепрыпасы i – на дарогу. Чакайце мяне.

Пачыналася звычайная лiхаманка пасьпешлiвых збораў. Зь цьмяным сьвятлом падфарнiкаў прыпоўз на агнявую аграмадны "студэбэкер", другi побач пабрыў каля плота ў суседнi разьлiк. Гэты пачаў разварочвацца, здаваць да агнявой задам; неўзабаве праз расчынены борт хлопцы ўзялiся грузiць цяжкiя скрынкi нерасстраляных снарадаў, брызэнты, зброю, рознае салдацкае майно. Усе працавалi радасна i спорна, бо падобна было на тое, што рушым ня ў бой, а мабыць, з бою, туды, дзе ўжо скончылася вайна. Урэшце канец вайне, i мы ўсе жывыя, здаровыя. Во дзiва дзiвоснае! Цуд!

У маёй душы быў вэрхал пачуцьцяў – радасьць перамогi ўсё ж засмучалася клопатам ростанi. Ведаў, адчуваў, што паедзем адсюль. Але куды? Цi далёка? Я хацеў вярнуцца сюды, мне дужа патрэбна было тое. Хоць на гадзiну, хоць на пятнаццаць хвiлiнаў. Я ж нiчога не сказаў ёй. I нiчога ад яе не пачуў.

Не стрываў, пакуль чакалi другую гармату, я выбег на пустку i прыпусьцiў да мастка. Брамка на гэты раз была не зачыненая, i толькi я ўскочыў на падворак, як расчынiлiся дзьверы у катэдж. На парозе стаяла Франя. За ёй нерухома шарэлi два ценi яе старых.

– Франя, мы едзем!..

Франя маўчала. Застыла, бы зьнямелая, i не краталася.

– Мы едзем! Ты чакай! Я вярнуся...

Зь цемры вэстыбюля на мяне пазiралi старыя, i я, недарэчна засаромеўшыся, нават не пацалаваў яе. Толькi абняў крышку за плечы ў цесных дзьвярах i адхiснуўся. Я ня мог бавiцца тут: на дарозе, чуваць было, пачынаўся ўжо рух, iшлi аўтамашыны. Некаторыя нават сьвяцiлi фарамi, чаго нiколi не было на фронце. Ужо ж, мабыць, сапраўды вайна скончылася. Я перабег масток i ўскочыў на шырокую падножку "студэбэкера", што з маёй апошняй гарматай вырульваў на шашу.

Над горнай далiнай днела: праясьнелася неба, на закрайку яго цьмянымi зубамi вяршыняў азначылiся горы. Блiжняя гара за катэджам яшчэ ўся была, бы змрочны маналiт – i гара, i дрэвы пад ёй. Толькi шэры сiлуэт катэджа вылучаўся сьвятляваю плямай на змрочным, зьлiтым у адно фоне. Здаля я усё пазiраў туды, намагаючыся згледзець маленькую постаць на ганку, ды нiчога ня згледзеў. Яшчэ б паўгадзiны пастаяць тут, калi б лепей стала вiдаць...

Але паўгадзiны нам не далi. Нейкая шалёная пасьпешнасьць запанавала на дарозе, адны машыны пад'яжджалi, спынялiся, iншыя, абмiнаючы iх, шалёна кiравалi далей. Старэйшыя афiцэры падганялi – хутчэй, хутчэй! Камбат накрычаў на мяне за спазьненьне, хаця, як я прыехаў зь дзьвюма гарматамi, батарэя яшчэ колькi хвiлiнаў нiкуды ня рушыла. Чагось чакала. Але зьвягi i крыкi камбата былi для мяне звыклыя, на iх крыўдаваць не належала. Крыўда i шкадаваньне дапякалi за iншае, i тое iншае засталося ззаду. Бы штось адчувала мая душа, ды не магла хiба вымавiць, каб я зразумеў выразана. Толькi шчымела нутраным невыразным болем.

Нейкi час полк лiхаманкава выцягваўся ў паходную калёну. Паўз "студэбэкеры" з гарматамi на прычэпе па ўзбочыне праiмчаў "вiлiс" камбрыга, якi штось крыкнуў з машыны, але я не зразумеў, што. Мая ўвага ўжо была скiраваная наперад, дзе ў ранiшняй шэранi стаяў на дарозе камбат, i аднекуль ля яго зьявiлася знаёмая кругленькая постаць заўжды жвавага капiтана, нашага палкавога "сьмершаўца". Трафэйнага "хорха", аднак, не было вiдаць. Штось яны нядоўга там гутарылi, хаця, здаецца, болей гаварыў "сьмершавец", камбат заклапочана слухаў. Затым абодва павярнулiся тварамi назад, быццам уставiлiся позiркамi ў кагось у калёне, здалося – цi не ў мяне? Але, можа, толькi здалося, бо абодва ня рушылi зь месца. "Сьмершавец" расшпiлiў тонкую пляншэтку, што заўжды боўталася на ягоным задзе, штосьцi каротка пазначыў на паперыне, у якую зазiрнуў i камбат. Што яны там запiсвалi, i што ён усё капаў мiж людзей, гэты нястомны барацьбiт са шпiёнамi? Цiкава, цi бачыў ён хоць аднаго зь iх у сваiм жыцьцi? Я падумаў, што, як камбат застанецца адзiн, падыду да яго, запытаю. Ды не пасьпеў. Падалi каманду "Па мясцох!", i я пасьпяшаўся зьбегчы з дарогi.

Нарэшце неяк няўпэўнена, з прыпынкамi, рушылi разьбiтаю вулiцай гарадка ў бок недалёкай перадавой. Пакуль я выглядваў "сьмершаўца", у кабiну майго "студара" ўлез пасажыр – наш палкавы прапагандыст, маёр з мудрагелiстым прозьвiшчам, якога я ня мог запомнiць. Я змушаны быў прыткнуцца на пляскатым крыле ля фары, як нярэдка езьдзiў на перадавой. Цёплаю парой тут было ня горш, чым у кабiне, ды й зручней было пры нечаканым абстрэле саскочыць на зямлю. Належала толькi трымацца. Перад тым як рушыць, нiхто з камандзiраў не сказаў нiчога, але калi рушылi адкрыта, значыць, немцы не супрацiўлялiся. Яны зьнiклi. За дашчэнту разьбiтымi дамамi ўскраiны пераехалi лiнiю акопаў нашай пяхоты, якой ужо там не было, затым i нямецкую лiнiю. Нямецкiя акопы выглядалi, як пры пасьпешлiвым адступленьнi – скрозь валялася вайсковае майно, зброя, скрынкi боепрыпасаў; упоперак бруствэра на сошках стаяў нарыхтаваны да бою кулямёт з абвiслай у акоп стужкай, поўнай патронаў. Але салдатаў нiдзе не было вiдаць – нi жывых, нi забiтых. Здаецца, учора, расстраляўшы збольшага боекамплект, яны падалiся на захад. На сустрэчу з амэрыканцамi. З намi яны сустракацца не захацелi.

Ужо добра разьвiднела, хаця сонца з-за гор яшчэ не паказалася, i ў горнай далiне панавала прахалодная засень. Мы няхутка ехалi па асфальтавай шашы на захад, мiнулi першы не крануты вайной гарадок з дбайна дагледжанымi дамкамi ў стылi фахвэрку абапал вузенькiх вулiчак, зь цёмнай кiрхай сярод купкi разложыстых дрэваў. Людзей было мала вiдаць, але скрозь з бальконаў i вокнаў зьвiсалi белыя прасьцiны – знакi капiтуляцыi. Пасьля сталi трапляць i людзi старыя, дзецi i жанчыны; з расчыненых вокнаў яны махалi нам i ўсьмiхалiся. А некаторыя плакалi – вiдаць i такое. Салдаты з кузаваў махалi ў адказ, выкрыквалi самае цяпер зразумелае "Гiтлер капут!" цi яшчэ што – вясёлае i гарэзьлiвае. Усiм было весела i радасна – вайне нарэшце канец.

За тым гарадком дарога павярнула ўгору, пачалiся павароты – то ўправа, то ўлева. Нечакана на горным схiле калёна спынiлася: наперадзе за павароткай пачулiся гарматныя выбухi, усе насьцярожылiся. Я саскочыў з крыла, думаў, зараз будзе якая каманда, можа, прыйдзецца адчапляць гарматы. Але нiякай каманды не падавалi. Афiцэры павылазiлi з машынаў, пасталi на ўзбочыне, узiралiся наперад. Некаторыя iшлi далей, дзе было начальства i дзе раздалiся гэтыя нечаканыя выбухi. Што там адбывалася, было невядома. Я таксама прайшоў трохi ўздоўж батарэйных машынаў i згледзеў наперадзе свайго камбата. Разам з камандзiрам першай батарэi яны ўсё ўзiралiся ў галаву калёны, мабыць, таксама чакалi якога сыгналу. Гэтыя два афiцэры, два капiтаны з выгляду былi дужа розныя – маленькi хударлявы камбат-1 i цыганскага выгляду, камлюкаваты камбат-2. Зь iх цiхай гаворкi было зразумела, што нас абстраляла нямецкая самаходка, якая, аднак, змоўкла. Экiпаж яе, пэўна, даў драла. Так што няварта хвалявацца, зараз паедзем. I праўда, неўзабаве з галавы калёны прагучала каманда "Па машынах!" Камандзiр першай батарэi пабег да свайго "студэбэкера", а мой трохi затрымаўся, усё ўзiраючыся наперад.

– Капiтан, хачу запытацца.

– Што? – павярнуў да мяне незадаволены твар камбат.

– Што гэта тут асабiст ранiцой высьледжваў?

– А ты ня ведаеш, што? – камандзiр батарэi ўпёрся ў мяне нядобрым позiркам. – Не адчуваеш?

– Не адчуваю, – сказаў я, пачынаючы, аднак, здагадвацца.

– Зь якой гэта ты зямлячкай там зьнюхаўся?

На хвiлiну я анямеў – так яно i казалася, як я меркаваў. Я моўчкi чакаў, што яшчэ скажа камбат, але ён таксама змоўк, мабыць, пашкадаваўшы, што i без таго сказаў шмат.

– Зноў жа, бацькi твае дзе? На акупаванай тэрыторыi пражывалi?

– Пражывалi. Ну?

– Во табе i ну! – няпэўна скончыў камбат i крута павярнуўся да свае машыны. Наперадзе ўжо загырчалi маторы, здаецца, калёна рушыла.

Я подбегам вярнуўся да машынаў свайго ўзвода i зноў ускочыў на шырокае крыло "студэбэкера". Вось табе i радасьць: называецца, сустрэў зямлячку. Ды яшчэ й бацькi на акупаванай тэрыторыi. Але дзе тыя бацькi, што я пра iх ведаў? Думаў, прыеду пасьля вайны, буду шукаць. Нехта ж павiнен ведаць, як i дзе яны прапалi летась пад Ушачай. Былi ў партызанах, ды зьнiклi. Магчыма, у час прарыву зь нямецкага акружэньня. Можа, загiнулi, а можа... Тое можа дацiнала мяне ўжо паўгода. Шкада, на парозе мiру рушылiся ўвогуле нармальныя адносiны з камбатам, якi яўна злаваў на мяне, мабыць, з падачы асабiста. Хаця з ягонай падачы як не зазлуеш? Тут не на жарт спалохацца можна.

Калёна рушыла далей, i неўзабаве мы ўбачылi тую самаходку, што абстраляла нашую калёну. Экiпажа яе там ужо не было, самаходка стаяла пакiнутая за рэчкай на схiле. Зрэшты, шкоды яна нам не ўчынiла. А на другiм павароце пад абрывам ляжала ў рэчцы нашая перакуленая трыццацьчацьвёрка, i горны паток булькатаў ля яе гарматнае вежы. Здаецца, там засталiся i танкiсты, – вiдаць, надта пасьпяшалiся да перамогi.

Мы зноў зьехалi ў далiну, на раўнейшае, машыны прыбавiлi хуткасьцi. Я ўсё сядзеў на крыле, трымаючыся за абрашотку фары. I раптам мы ўбачылi немцаў. Немалая калёна iхнай пяхоты маршавала акрай дарогi, зважлiва прапускаючы нашыя аўтамабiлi, – змораныя, схуднелыя, аброслыя шчэцьцю твары, – бязладны, прытомлены строй. Усе абвешаныя шынялямi, коўдрамi, тарбiнамi з паходным майном, але бяз зброi. Ужо раззброiлiся. Нiбы палонныя. Цi падрыхтавалiся ў палон. Афiцэраў было мала вiдаць – дзе-нiдзе збоч калёны тупаў абыякавы да ўсяго лейтэнант цi обэр-лейтэнант з адной-дзьвюма бубкамi на кароткiх пагонах. Нашыя салдаты з машынаў свавольна крычалi iм "Гiтлер капут!", яўна выказваючы тым i радасьць, i зьдзек, i зласьлiвасьць. Немцы амаль не адказвалi, толькi засьцярожлiва пазiралi на сваiх учарашнiх ворагаў i тупалi сабе далей. Тады салдаты, па-дурному жартуючы, пачалi крычаць звыклае для немцаў "Хайль Гiтлер!", ускiдваючы ўгору руку. I некаторыя зь немцаў стрымана адказвалi сваё "хайль", няўпэўнена рухаючы ўгору рукой. Як на запясьцях некаторых вiдаць быў раменьчык ад гадзiньнiка, нашыя стукалi зьверху ў кабiну "Стой!", шафёр прыпыняў машыну, нехта саскокваў на дарогу i кiдаўся ў нямецкi наўтоп. Неўзабаве зьяўляўся адтуль з гадзiньнiкам, а то й двума ў руках, ужо на хаду чапляўся за борт "студэбэкера". Камандзiры сёньня зрабiлiся надзiва добрыя i глядзелi на тое паблажлiва, некаторыя й самi выскоквалi з кабiнаў. Мой маёр-прапагандыст таксама разы два вылазiў на дарогу. Аднаго разу, вярнуўшыся, кiнуў на сядзеньне новы, сталёвага колеру афiцэрскi плашч, а ў другi, мабыць, таксама разжыўся гадзiньнiкам. Увогуле мне рабiлася сумна...

Так мы даехалi да чарговага гарадка i спынiлiся на яго ўскраiне. Далей было не прабiцца, ды, мусiць, ужо й не было патрэбы куды прабiвацца. Усе вулiцы, цэнтар i навакольле былi поўныя войска: пяхоты, артылерыi, некалькi 76-мм самаходак, грузавiкоў, "вiлiсаў" i "доджаў" начальства. Начальства дзе на машынах, а дзе пехатой упарта прабiвалася наперад, на бераг ракi, дзе раней за нас зьявiлiся амэрыканцы. На чорным шыкоўным "хорху", усё сыгналячы, каб саступiлi дарогу, хутка праехаў знаёмы ўсьмешысты маёр, брыгадны "сьмершавец". Цяпер ён, аднак, не ўсьмiхаўся, выглядаў аж надта заклапочаны за ветраным шклом аўтамабiля, – мабыць, спазьняўся на сустрэчу. Цi яшчэ куды. На мяне ён i не зiрнуў нават, i я падумаў: хоць бы так i не заўважаў нiколi.

Нашая калёна трохi пастаяла на ўезьдзе ў гарадок, а затым нехта з начальства павярнуў яе ў бакавы завулак. Неўзабаве мы апынулiся на гарадзкой ускраiне, ля шырокай надрэчнай лугавiны. Не пасьпелi выраўняць у якi-небудзь парадак аўтамабiлi з гарматамi, як нас апанавалi вясёлыя людзi ў нябачанай, спартыўнага крою форме, грубых грувасткiх гамашах, яшчэ болей грувасткiх касках з чахламi. То былi амэрыканцы. Яны адразу кiдалiся ў абдымкi зь першым, хто iм трапляўся насустрач – салдат цi афiцэр, гучна ляскалi па плячах, штось ва ўсё горла крычалi на незразумелай мове. Нешта разумеў па-ангельску толькi мой пасажыр-маёр, i яны пасьля першых ягоных словаў з радасным крыкам пачалi кiдаць яго ўгору, бы найвялiкшага савецкага героя. Нашыя салдаты сьпярша неяк нясьмела паддавалiся iх весялосьцi, пасьля пачалi сьмялей i ахвотней, гучна здароўкалiся i таксама па-свойму крычалi, бы да глухiх. Некаторыя з гасьцей ужо паўзлазiлi на нашыя машыны, аднекуль зьявiлiся бутэлькi ды салдацкiя пляшкi, ужо налiвалi ў кварты, а то i жлукцiлi па чарзе з бутэлек. Лугавiна ўмомант ператварылася ў гаманкi бязладны кiрмаш, замест вазоў застаўлены вялiзнымi "студэбэкерамi" з гарматамi на прычэпе. Нiхто не камандаваў, не iмкнуўся навесьцi парадак. Тут былi толькi малодшыя афiцэры, камбаты i ўзводныя, старэйшыя камандзiры кудысь пазьнiкалi, мабыць, туды, дзе быў мост цераз раку i дзе цяпер адбывалася галоўная сустрэча.

Але нам i тут хапала радасьцi. Некалькi амэрыканцаў, здаецца, ужо на добрым падпiтку, апынулiся перад маёй машынай i ўжо весела гарланiлi, двое абдымалiся з тэлефанiстам Мухам. Аказваецца, гэтыя разумелi па-польску, таксама, як i Муха, што трапiў у полк з польскай армii. I ўжо там чутна было, як гучала "Бардзо прошэ", "Пан капрал", "германско быдло". Убачыўшы мяне, Муха радасна растлумачыў:

– Таварыш лейтэнант, во дзiва! Землякi! Iхныя бацькi з-пад Познанi. Во ромам частуюць...

Адзiн з тых землякоў – расхрыстаны, плячысты вярзiла ўжо соваў мне вялiзную бутэльку, у якой яшчэ штось плёскалася, а Муха падахвочваў: "За пабеду, лейтэнант!" I я выпiў – без вялiкай ахвоты некалькi глыткоў цёплага сьмярдзючага пойла. Пасьля мяне спаважна выпiў сяржант Мядзьведзеў. Затым аднекуль зьявiлася алюмiневая пляшка, жвава пайшла па руках. Муха раздаваў невядома дзе ўзятыя цьвёрдыя кавалкi шакаляду – на закусь. Мы яшчэ выпiлi, i ля мяне апынуўся здаравенны белазубы негр, увесь у хакi, пачаў бесцырымонна мацаць на грудзях маю "чырвоную зорку".

– Прэзэнт, сэр офiцыр? Эс, прэзэнт? Эс?

Я не разумеў, што значыць – прэзэнт? Цi ня хоча ён атрымаць у падарунак мой ордэн? Сапраўды, мабыць так. У адплату ён ужо скiнуў з рукi мэталiчны бранзалет гадзiньнiка i соваў мне. Як было ад яго адчапiцца? Iншыя, аднак, не адчаплялiся, скрозь адбываўся п'яны абмен сувэнiраў – гадзiньнiкаў, зорак зь пiлотак, дзягаў i нават пiсталетаў. Гляджу, мой цiхi Кананок ужо прыцэльваецца кудысь у кузаве з ладнай амэрыканскай вiнтоўкi, выменяў цi што? Не наваяваўся хлопец. Побач сядзiць на борце i паблажлiва ўхмыляецца расхрыстаны амэрыканец.

– Ну, яшчэ трохi прымем за пабеду, – трохi разьвязна соваў мне пляшку Мядзьведзеў.

– Давай!

Чорт яе бяры, сапраўды перамога. Найвялiкшая перамога ў найвялiкшай вайне. Давай, Мядзьведзь, будзем пiць. За тых, хто нiколi ня вып'е.

I я выпiў, цi ня першы раз са сваiм падначаленым, камандзiрам гарматы. Увогуле тое не было ў нас прынята – пiць з падначаленымi. Калi й пiлi, дык болей з роўнымi сабе: узводныя – з узводнымi, камбаты – з камбатамi. Але тут такая падзея – канец вайны. А мы зь Мядзьведзевым болей за чатыры месяцы кожны дзень i кожную ноч разам. У адным акопчыку i ля адной гарматы. А з адной пляшкi выпiваць не даводзiлася.

– Усё ж маглi ў адной яме ляжаць, – сказаў Мядзьведзеў, боўтаючы паднятую пляшку i быццам не адважваючыся дапiць.

– Пад Шаманторнiяй?

– Пад Шаманторнiяй гэтай. Там я ўжо не спадзяваўся. Нявыкрутка поўная.

Так, ён казаў праўду, на Шаманторнiю я не забыўся. У час веснавога прарыву нямецкiх танкаў нашую гармату адрэзалi ад сваiх, мы суткi праседзелi ў кукурузе, ужо не спадзеючыся выбрацца жывымi. Наперадзе на вышынi былi немцы, ззаду на дарозе нямецкiя танкi, наш цягач "студэбэкер" згарэў яшчэ ранкам ля пераправы. I мы апанурылiся. Тады Мядзьведзеў кажа: трэба, як пацямнее, паслаць каго ў пяхоту, каб далi чалавек пяць, i тады б мы паспрабавалi выкацiць гармату. Так i зрабiлi. Паслалi Сьцяпанава, той прабраўся мiж нямецкiх танкаў i прывёў чатырох зь пяхоты; пад ранак у тумане мы неяк выкацiлi з кукурузы нашую гармату i прабралiся да сваiх. Нават нiкога ня страцiлi. Але натрывалiся – дай Бог! Уранку па той кукурузе ўжо гойсалi нямецкiя грэнадзёры.

Якраз да нашае вясёлае купкi далучыўся i Сьцяпанаў – дужы, немалады ўжо малодшы сяржант з ордэнам Славы на зашмальцаванай гiмнасьцёрцы – гэта за той яго ня надта звычайны подзьвiг. Зьлез з машыны Кананок. На гэтым кiрмашы гарэзнае весялосьцi ён выглядаў нейкiм найменш радасным, заўсёдная яго ўсьмешка сёньня сышла з курносага твару, i я разумеў, чаму. Скончылася вайна, а ў хлопца нiводнага мэдаля, што, пэўна, яго засмучала. Казалi: не заслужыў. Праваяваў зiму побач з усiмi, як i ўсе, трываў пад агнём, але во – не заслужыў. Бо малады i сьцiплы. Хаця галоўнае – заслужыў жыцьцё, цi гэта не найбольшая ўзнагарода для кожнага салдата?

Наўкола гуў, гаманiў, мiтусiўся салдацкi наўтоп. Салдаты нашай ды iншых батарэяў палка перамяшалiся з амэрыканскiмi, якiх прымалi сапраўды як братоў, – гаманiлi, абдымалiся i пiлi разам зь iмi. Але i мiж сабой у нашых бруiла нiколi дагэтуль ня чутая радасьць. Дзесьцi зводдаль ужо гарланiлi "Кацюшу", а блiжэй узьнiкала новая песьня, якую пачынаў прыгожы барытон батарэйнага запявалы:

Пакахай мяне, салдацiк,

Буду вернай жонкаю...

А забудзеш – толькi разам

З роднаю старонкаю...

Мядзьведзева, падобна было, хмель браў ня хутка, выглядаў ён цьвярозым i цiхiм голасам прамаўляў мне:

– Замiрацца – прыяжджай на госьцi. Калi можна, зь сям'ёй. Цi адзiн. Я ж каля Цяляцкага возера жыву.

Тое я ведаў. За зiму i вясну даволi ўжо наслухаўся пра яго возера, поўнае рыбных цудаў i незямной прыгажосьцi. Але сяржант i зараз ня мог стрымацца, каб не напомнiць пра тое.

– Гэта ж возера – цуд. Першае месца займае па хараству.

– Можа, i прыеду, – сказаў я няпэўна.

– А чаго? Малады, жанiцца трэба. А ў мяне глядзi – i нявеста гатовая. Тоська мая якраз упару...

Я ведаў i пра ягоную Тоську. Мядзьведзеў быў удвая старэйшы за мяне, меў дарослую дачку i сына-кулямётчыка, што загiнуў пад Сталiнградам. Засталася адна дачка, во ён i стараўся годна ўладкаваць яе ў жыцьцi. Але наўрад цi я гадзiўся ў жанiхi да алтайскiх нявестаў.

Ззаду мiж мной i Мядзьведзевым працiснуўся санiнструктар Пятрушын – зь перакручанай на галаве пiлоткай i счырванелым тварам. Гэты ўжо быў на добрым падпiтку.

– Чур, Мядзьведзь, не сватай дачку лейтэнанту. Мне абяцаў.

Мядзьведзеў толькi паморшчыўся ад п'янага нахабства.

– Зашмат хочаш, – цiха вымавiў ён i працягнуў мне пляшку. – Дык вып'ем, лейтэнант.

Здаецца, я i яшчэ выпiў зь Мядзьведзевым, а пасьля i са зважлiвым Кананком i нават зь Пятрушыным. Я ўжо не злаваў на санiнструктара, тым болей, што ён не злаваў на мяне i сам мне пра тое сказаў. Падобна, пасьля мы нават абдымалiся зь iм, i ён усё пахваляўся, як яго паважаюць афiцэры; начальнiк санслужбы заўжды вiтаецца зь iм за руку. Ужо п'яным позiркам я згледзеў перад сабой хiсткую постаць маёра-прапагандыста, – здаецца, поруч з камбатам цi яшчэ з кiм, каго я ўжо не пазнаў. Марудна, але пэўна я адключаўся, прыхiнуўшыся да крыла "студэбэкера". Нейкi час яшчэ чуў вялiкую гаману побач, як скрозь пiлi, сьпявалi, сьмяялiся. А некаторыя i плакалi п'янымi гаручымi сьлязьмi. Аж покуль узварушаную лугавiну не змарыў п'яны сон.

Як я заснуў, дык i не прыкмецiў, але прачнуўся раптам на золку. Намацаў ля галавы вялiзнае пыльнае кола "студэбэкера" i, неяк учапiўшыся за яго, сеў.

На ўсёй лугавiне стаялi ўразброд нашыя "студэбэкеры", нiхто iх не параўняў, – як учора паставiлi, так i засталiся. I мiж iх, пад станiнамi гарматаў, на стаптанай траве, у кузавах i парасчыняных кабiнах ляжалi, спалi, храплi салдаты – савецкiя ўперамешку з амэрыканскiмi – хто дзе i хто як. Побач выцягся той учарашнi нэгр, што хацеў у мяне выменяць ордэн; на ягоныя ногi ўзьлёгся хтось з нашых, пад iм, утаптаны ў зямлю, валяўся чыйсьцi карабiн. Кабур у амэрыканца ўжо быў пусты i расшпiлены, – мабыць, ужо падарыў камусьцi свой кольт. Цi памяняў на гэты iржавы карабiн. Я з натугай падняўся на ногi. Балела галава, нязвыклая слабасьць адчувалася ў целе. Але новае памкненьне адразу ахапiла мяне. Я памятаў прыкладна, зь якога боку мы сюды прыехалi i хiстка пабрыў у тым накiрунку. Абыйшоў "студэбэкеры" сваёй батарэi, нiдзе ня згледзеў камбата i падумаў, што так, можа, i лепш. Праўда, натыкнуўся на знаёмыя боты санiнструктара Пятрушына, якi, зьвесiўшы ногi з расчыненай кабiны, салодка спаў на мяккiм сядзеньнi. Мусiць, перабраў, – падумаў я, хоць сам быў ня ў лепшым стане.

Сонным правулкам, скрозь застаўленым пераправачнымi амфiбiямi, выйшаў на галоўную дарогу. Усюды было пустэльна й бязьлюдна, бы пры канцы сьвету. Скрозь усе ўсюды спалi, – у машынах, на падворках ды, мабыць, i ў дамах таксама. Пасьля вялiкай натугi-вайны.

Апанаваны пэўнаю мэтай, я пабрыў па дарозе на ўсход. Раз за разам азiраўся, чакаючы, што недзе зьявiцца якая машына. Ды не зьяўлялася, не даганяла, нiдзе не было нiякай. Тым часам зусiм разьвiднела, блакiтнае ранiшняе неба было без адзiнай хмурынкi. Першы дзень мiру, вялiкi дзень перамогi. Урэшце наперадзе зьявiўся нейкi аўтамабiль з двума афiцэрамi ў кабiне, але ён ехаў насустрач. За iм праз працяглы час паказалiся два прысадзiстыя аўстрыйскiя аўтамабiлi з кузавамi, поўныя вызваленага эўрапейскага люду. Iх было чутна здалёк, яны гарланiлi свае песьнi, iм было весела. Я ўсё спорна крочыў i крочыў, пакуль гарадок не застаўся далёка ззаду. Дарога стромка прастала па ўзьбярэжжы даволi шырокай ракi. На тым яе беразе, здаецца, таксама пралягала шаша, i дарожны рух там быў нашмат большы, чым тут. Аўтамабiлi так i снавалi ў абодвух кiрунках, i я здагадаўся, што там амэрынкацы. Рака сталася мяжой памiж дзьвюма зонамi.

Але што было мне рабiць? Здаецца, я памалу цьверазеў пасьля ўчарашняга i ўсё выразьней адчуваў авантурнасьць майго намеру. Гэтак пехатой я не дайду, усё ж мы далекавата ад'ехалi ўчора ад нашага апошняга рубяжа. А калi i пашэнцiць урэшце з машынай, дык цi спраўлюся я ўпару. Усё ж, як нi круцi – я ў самавольнай адлучцы, i ў палку хутка заўважаць маю адсутнасьць. Мабыць жа, пачнуць урэшце цьверазець пераможцы. Начальства прымусiць.

Але й вяртацца ўжо не было як – не дазваляў гонар.

Мусiць, калi надта патрэбна, дык Бог памагае. Праўда, не заўжды ў час, бывае зь немалым спазьненьнем. Калi ўжо позна i пакарыстацца той боскаю мiласьцю. Як нашаму камбату Рукавiцыну. За баi на Днястры паслалi на Героя, так хацеў камбат атрымаць залатую зорку, ды загiнуў пад Секешфехерварам. Толькi пахавалi, як прыйшоў указ. Ды каму ён тады быў патрэбны? Так прыкладам падумаў я, i тады ж, азiрнуўшыся, убачыў машыну. Толькi падняў руку, як машына згодна затармазiла i мякка спынiлася на шашы. Гэта быў магутны ЗIС, з кабiны якога высунулася вясёлая галава ў аблезлай пiлотцы.

– Што, лейтэнант? Сядай, пракачу.

Цераз заднi борт я ўскочыў ў кузаў, амаль увесь заняты нейкаю старасьвецкаю шафай цi буфэтам з пазалочанымi выкрунтасамi на шкляных дзьверцах; ля самай кабiны тырчэлi яшчэ тры нейкiя скрынкi. Месца для пасажыра тут увогуле не было, толькi ззаду ля борта заставалася нешырокая шчылiна, у якую ўцiснулiся мае ногi. Трымацца не было за што, i я няспрытна абапёрся рукамi аб сьлiзкi бок шафы.

– Во, будзеш трымаць, каб не пасунулася. А то стукнецца, каму адказваць?

Аказваецца, i ў дзень перамогi ня ўсе пiлi-елi, падумаў я. Некаторыя займалiся iншымi справамi. Але хай, на здароўе... ЗIС няшпарка кацiўся па неблагой дарозе, вясновы вецер прыемна абвяваў мой спатнелы на хадзе твар. Маё жаданьне ўсё ж абяцала зьдзейсьнiцца, я быў амаль задаволены. "Пакахай мяне, салдацiк, буду вернай жонкаю. А забудзеш – толькi разам з роднаю старонкаю", само сабой сьпявалася ў душы. Не, я цябе не забуду, мiлая дзяўчынка, запэўнiваў я сябе. I ўсё ж нейкi цьмяны, самотны неспакой трывожнымi токамi перадаваўся маiм адчуваньням, усё карцела – хутчэй! Я баяўся спазьнiцца.

– Перамога, лейтэнант! Глядзi ты, дажылi аднак! – празь вецер ляцеў голас з кабiны, таксама да паловы закладзенай нейкiмi пакункамi.

Насустрач пайшлi машыны – легкавыя, штабныя, грузавiкi. Гэтыя са спазьненьнем таксама iмкнулiся за перамогай, на спатканьне з саюзьнiкамi. У вокнах аднаго трафэйнага аўтобуса мiльганулi вясёлыя дзявочыя твары i данеслася музыка – там граў гармонiк. Мабыць, якi армейскi ансамбаль, здагадаўся я, з тых, што натхнялi нас на перамогу. Спазьнiлiся, аднак, на вялiкае спатканьне, трэба было раней.

У знаёмым, бязьлюдным учора гарадку цяпер ва ўсю буяла ажыўленьне, сапраўдны вулiчны фэст, зь безьлiччу людзей i, як я зразумеў, ня толькi аўстрыйцаў. Сюды зьбiралiся, здаецца, з усяго навакольля, зь недалёкiх горных паселiшчаў. На плошчы ля кiрхi замiльгалi сьцягi – францускi трыкалёр, ангельскi i яшчэ незнаёмы нейкi. Гэта тоўпiлiся iншаземцы, сагнаныя Гiтлерам з усёй Эўропы для працы на вайсковых заводах. Цяпер яны вольныя i iмкнуцца дадому, кожны ў сваiм кiрунку i пад сваiм сьцягам. Мне таксама трэба было дамоў, але мая чарга яшчэ не настала. Зноў жа мяне тут чакала яна.

Трохi ад'ехаўшы ад люднай плошчы ЗIС крута завярнуў на нейкi прасторны падворак i стаў. Вясёлы шафёр саскочыў на брук.

– Прыехалi! Табе куды, лейтэнант?

– Мне далей.

– Што, у армейскi тыл? Не, туды я ня еду.

Заклапочаны, я азiраўся па баках. У двары ўжо стаялi два "студэбэкеры" пусты i чымсьцi гружоны. Але куды яны едуць? I калi? Запытаць не было ў каго. Я абыйшоў iх з другога боку i пад тынкаванай сьцяной убачыў ровар. Жоўтыя, з дрэва ў елачку дзьверы, ля якiх ён стаяў, былi зачыненыя, нiхто адтуль не выходзiў. Я асьцярожна ўзяў ровар i разьвярнуў яго колам да вулiцы. Нiхто мяне не спынiў, не крычаў, i я пакацiў на асфальт.

Сьпярша iмчаў, колькi было сiлы, шалёна круцiў пэдалi. Затым замарудзiў. Усё ж за мной ня гналiся, мабыць, можна было i спакайней. Сустрэчныя аўтамабiлi ў асноўным шыбавалi па сваiм баку i дужа не замiналi. Толькi аднойчы на павароце я ледзьве разьехаўся з шалёным "доджам". Адкуль чулася п'яная гамана – пяцёра афiцэраў з бутэлькай сьвяткавалi перамогу. Вакол рассьцiлаўся маляўнiчы ляндшафт горнай далiны з парослымi хвойнiкам схiламi гор; дзе-нiдзе ўдалечынi на ўзьлесках вiдаць былi белыя й шэрыя забудоўкi з шырокiмi дахамi; вулiцы прыдарожных паселiшчаў упрыгожвалi стракатыя фасады ў стылi фахвэрку. Удалечынi з-за сьнегавых вяршыняў неяк раптоўна выкацiла сонца i зноў, як нядаўна, ударыла ў твар зыркiм сьляпучым праменьнем. Сонца з усходу. Там была мая радзiма – бяз гор i прыгожых забудовак, са сваiм мiлым для мяне зялёным хараством. Цяпер я вярнуся туды. I не адзiн.

Памалу акрыяўшы, той мой намер умацоўваўся ўсё болей, перарастаючы ў пэўную нязрушную мэту. Як яе ажыцьцявiць, было ня дужа зразумела. Але мэта аформiлася i ўсё болей прарастала ў сьвядомасьць, рабiлася неадчэпнай. Адчуваў, адкладваць нельга, задуманае трэба ажыцьцяўляць зараз жа. Дый й чаму не? Вайна ж скончылася. Мне было крыху за дваццаць гадоў, i я яшчэ не спазнаў каханьня. Не было калi й не было каго пакахаць. Неяк у шпiталi пад Знаменкай дужа спадабалася медсястра Нюра з фiзкабiнэту. У яе разьвiвалi недалечаныя рукi-ногi, круцiлi "веласiпед", сьцiскалi нейкiя спружынiстыя "раскарэкi", Аднойчы я зь ёй пасядзеў на дзяжурстве, пагаварылi, дужа яна здалася мне ласкавай. Яна й сапраўды была ласкавая, ды, на бяду, не да мяне аднаго. Неяк яна дала мне рапiру i прапанавала пафэхтаваць зь ёю. Фэхтавальшчык я аказаўся няўдалы, яна лёгка i ня раз укалола мяне. Але з таго фэхтаваньня я, здаецца, гатовы быў пакахаць яе. Пакуль не пабачыў, як яна фэхтуе з параненым у галаву капiтанам-лётчыкам. Мабыць, той быў спрытнейшы за мяне ва ўсiх адносiнах i, як ён выпiсаўся, сястрычка паехала зь iм са шпiталю. У авiяцыйны полк. Я ж яшчэ застаўся далечваць маю прастрэленую руку. Нюра была ладная спартовая дзеўка, у тым уся справа.

Я прамiнуў яшчэ адзiн невялiкi гарадок у далiне – купку белых i шэрых дамкоў-катэджаў. У вокнах i на гаўбцах матлялiся на ветры белыя прасьцiны: людзей, аднак, было вiдаць малавата. У дварах i на ўзбочынах дзе-нiдзе стаялi нашыя вайсковыя аўтамабiлi, ля iх варушылiся-снавалi вайскоўцы, тут ужо ўладкоўвалiся тылы. Мяне нiхто не спынiў нi разу, не запытаў, куды еду. Што значыць – канец вайне! Калi яна доўжылася, хоць тут, за мяжой, цi на нашай зямлi, у тыл за два-тры кiлямэтры ад фронту паткнуцца было немагчыма. Скрозь заслоны, шлягбаўмы, кантроль i праверка. Нават параненым трэба было мець дакумэнт – картку перадавога раёну. Крывавая рана яшчэ нiчога ня значыла. А цяпер... Хаця ўсё зразумела – вайна ж скончылася.

Вось нарэшце й той наш гарадок – ушчэнт разьбiтаю вулiцай ён узьнiк з-за павароту. Я пераехаў лiнiю нямецкiх акопаў, пасьля сваiх. Знаёмая вулiца, як i ўчора, была густа закiданая ўжо раструшчаным коламi друзам, кавалкамi дахоўкi; патыхала гаркотай недагарэлых пажарышчаў. Гэтаму не пашэнцiла, напасьледак не ўбярогся, як убераглiся тыя, што ад яго на захад. Лёс гарадоў, мабыць, як i лёс людзей, асаблiва ў вайну. Але шчасьце, што ацалеў знаёмы зарэчны катэдж з-за разьбiтага дому на рагу я адразу ўбачыў яго пад гарой, i сэрца маё радасна заляскатала ў грудзях.

Аднак, штось мяне трывожна штурханула знутры, як я згледзеў з мастка напаўрасчыненыя дзьверцы брамкi. Заўжды яны былi зачыненыя, i я пералазiў цераз iх зьверху. Кiнуўшы на зямлю ровар, я подбегам патрухаў да блiзкiх дзьвярэй. Але дзьверы... Што гэта? Чаму ўвесь нiз iх выламаны, а каменная сьцяна побач чарнее агнянай падпалiнай? Яшчэ не разумеючы, што гэта магло азначаць, я пiхнуў разламаныя дзьверы нагой i ступiў у знаёмы, як i тады цемнаваты, вэстыбюль.

I адразу ўбачыў яе.

Яе маленькае, бы ў падлетка, цела зьнерухомела на сьлiзкiх плiтках падлогi якраз на сярэдзiне вэстыбюля, дзе ўчора стаяў круглы столiк. З усёй вопраткi на ёй засталася толькi разадраная на грудзях кофтачка, кароткiя русявыя валасы разматлялiся вакол закiнутай на падлогу галавы, на востранькiм падбародзьзi сьцёк i запёкся струменьчык сукравiцы. Шырока расплюшчаныя вочы невiдушча глядзелi ў змрок высокага падстольля.

Я не дакранаўся да яе, толькi апусьцiўся побач на кукiшкi i сядзеў так, глядзеў, аглядаў яе мёртвы тварык i ня ведаў, што мне рабiць – плакаць цi, можа, крычаць? Дужа карцела выць i крычаць. Але хто мог пачуць мой крык, зразумець зьдзiчэлы мой боль? Страшэнную несправядлiвасьць гэтай пагiбелi? Вайны цi жыцьця наогул...


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю