355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Василь Быков » Сьцяна (аповесцi, на белорусском языке) » Текст книги (страница 6)
Сьцяна (аповесцi, на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 15 сентября 2016, 01:10

Текст книги "Сьцяна (аповесцi, на белорусском языке)"


Автор книги: Василь Быков



сообщить о нарушении

Текущая страница: 6 (всего у книги 18 страниц)

Калi надыйшло нейкае адхланьне, я ўстаў i ўпершыню азiрнуўся наўкола. У вэстыбюлi панаваў разгон. Усе дзьверы шафы былi расчыненыя, вакол на падлозе валялiся кнiгi. Лёгкiя зэдлiкi ляжалi ў розных месцах вэстыбюлю, столiка чамусьцi нiдзе не было вiдаць. Два скураныя крэслы, што стаялi каля сьцяны, былi ссунутыя са сваiх месцаў, зь iх парэзаных сядзеньняў тырчэў вiты дрот спружын. Марудна адыходзячы ад раптоўнай прастрацыi, я зазiрнуў праз расчыненыя дзьверы на кухню, дзе таксама ўсё было параскiдана, посуд пабiты, мэбля перакуленая. У наступным, болей прасторным памяшканьнi, мабыць, была сталовая з даўгiм сталом пасярэдзiне i цёмнымi карцiнамi на сьценах. Пустая, аздобленая залатой лепкай рама ляжала на стале, крэслы былi паваленыя i бязладна валялiся па ўсiм памяшканьнi. А ля наступных дзьвярэй з-за стала вытыркалiся на паркеце доўгiя ногi ў чорных з цёмна-сiнiмi лямпасамi штанах. Доктар Шарф быў застрэлены ў галаву, i лужынка крывi расьцяклася ад яго да дзьвярэй. Я прачынiў тыя дзьверы i адчуў перашкоду, далей якой яны не адчынялiся. Праз шчылiну аднак стала вiдаць у доле беленькая, бы дзьмухаўка, галоўка фраў Сабiны. Яна таксама была нежывая.

Я хадзiў пасярод гэтага дзiкунскага разгрому, перабiраў невiдушчым позiркам раскiданыя, патаптаныя, папсаваныя рэчы, вопратку, мэблю i не разумеў нiчога. Я быў панiшчаны, зьдзiўлены i прыгаломшаны. Хто гэта ўчынiў? За што? Скончылася ж вайна, як жа так? Цi гэта помста, цi рабаўнiцтва? Цi, можа, палiтыка? Зноў выйшаў у вэстыбюль. Абыякавая да ўсяго Франя цiхенька ляжала на ранейшым месцы. Дык вось як ёй наканавана скончыць жыцьцё. I калi! Напрыканцы вайны. На парозе мiру. Калi ў мяне нарадзiлася спадзяванка на тое жыцьцё. А ёй менавiта ў такi час суджана было памерцi. У свае васямнаццаць гадоў...

Я роўненька склаў уздоўж цела яе маленькiя рукi, самкнуў разам яе голыя, скрываўленыя ногi. Нелюдзi i гады! Гады i нелюдзi! Хто б яны нi былi – нашыя цi немцы! Бальшавiкi цi фашысты. Чаму не разьвярзьнецца зямля, не праглыне iх? Я падняў побач скамячаны квяцiсты абрус са столiка i роўненька накрыў iм Франю. Але што было рабiць далей?

Дужа пакутна было пазiраць на гэты разгромны вэрхал, бачыць нерухомыя скрываўленыя целы. За вайну я нямала нагледзеўся на забiтых, расшкуматаных снарадамi людзей – сваiх i немцаў. Але то былi мужчыны i салдаты. Тут жа маленькае юнае дзяўчо, маё нечаканае каханьне. Мне патрэбна была дапамога, хоць бы якое душэўнае апiрышча. Калi б побач былi сябры цi хоць бы мае хлопцы з узвода. Але iх не было, а што я мог адзiн? Iсьцi на дарогу, дзе сноўдалi аўтамабiлi невядомых вайсковых частак, прасiць афiцэраў – хто зь iх зразумеў бы мяне?

Што-небудзь тлумачыць я ня меў сiлы. Ды i каму тут справа да гэтай трагедыi ў багатым катэджы? З гэтымi аўстрыякамi ды iхнай служанкай? Мясцовыя ўлады? Дзе мне шукаць iх? Ды i цi ёсьць яны тут, у гэтым разьбiтым, учора яшчэ франтавым гарадку? Мабыць, тут панавала бязладзьдзе, i гэтая трагедыя найперш вынiк менавiта таго бязладзьдзя.

Можа, трэба было ехаць у полк? Але полк быў далёка, i я ня мог кiнуць тут Франю ды i гэтых няшчасных яе старых. Мабыць, трэба было даць iм якое рады. Апошняй на гэтай зямлi.

Ня ведаючы яшчэ пэўна, па што, я пабрыў у гарадок. Не па той зруйнаванай вулiцы, зь якой прыехаў сюды – пайшоў перавулкамi па-над рэчкай. Тут пашкоджаных дамоў трапляла менш, некаторыя былi з глуха зачыненымi аканiцамi i выглядалi пакiнутымi. Дзе-нiдзе ў гародчыках, ля ганкаў чырванелi вясновыя кветкi i зацьвiтаў бэз. За адным кустом ля фахвэркавай сьцяны я згледзеў чалавека. То быў немалады аўстрыяк у капелюшы, ён падмятаў закiданы друзам падворак i зьдзiўлена знерухомеў зь мятлой у руках.

– Паслухайце, там у катэджы забiтыя...

– Нiхтс фарштэйн, – выслухаўшы, крутнуў галавой аўстрыяк.

– Ну забiтыя, разумееце? Морд!

– Морд?

– Ну, морд. Там, у катэджы...

– Найн, найн! – апантана закруцiў галавой аўстрыяк. – Iх цывiль, нейтраль мэнш. Найн...

Не разьвiтваючыся, я скiраваў далей. Чорт бы яго ўзяў, гэтага нейтральнага мэнша. Цi ён зразумеў мяне, цi не захацеў зразумець. Я перайшоў на другi бок кароценькай ускраiннай вулiчкi. Якраз на рагу за невысокай цаглянай агароджай размаўлялi дзьве кабеты, i я паклiкаў iх з вулiцы. Сьпярша да агароджы падыйшла старэйшая, дзябёлая кабета ў фартуху, затым да яе засьцярожлiва наблiзiлася маладзейшая – худая i кашчавая, у мужчынскiм убраньнi i штанах.

– Прашу прабачыць фраў. Там – морд, разумееце? Трэба памагчы. Доктар Шарф унд фраў. Шарф унд фраў.

– Доктар Шарф! – жахнулiся кабеты. – Морд?

– Ну. Забiтыя. I дзяўчына, фройлен.

Яны штось хуценька загаварылi мiж сабой, а я каторы раз за вайну пашкадаваў, што колiсь абыякава паставiўся да нямецкай мовы. Шчыраваў у iншых школьных прадметах, а ў тым, якi найбольш спатрэбiўся б на вайне, ня надта. Я стаяў i маўчаў.

– Гэр афiцыр, – кiрхэ! Кiрхэ, фарштэйн? – пачалi абедзьве паказваць за рог дамоўкi.

Так, я пачаў здагадвацца, што трэба ў кiрху, пазелянелы шпiль якой тырчэў мiж уцалелых дахаў дзесь на краi гарадка. Дзiўна, што ён ацалеў у нядаўняй калатнечы, хiба яго засьцярог Бог. Яшчэ ня верачы, што там мне дапамогуць, я пабрыў туды па гарадзкiх перавулках i сапраўды праз трохi часу выйшаў да каменнай агароджы-сьцяны. Далей высiлiся старыя дрэвы i за вастраверхай брамкай вiдаць стаў шырокi ўваход у кiрху. Была яна ня дужа вялiкай, даволi змрочная з выгляду i старая. Я нясьмела ўвайшоў у сярэдзiну, дзе панаваў паўзмрок i прахалода, але далей, вiдаць было, гарэлi сьвечкi i чуўся цiхi, напаўголаса, сьпеў. Ступiўшы з-за калёны-слупа яшчэ некалькi крокаў, я ўбачыў купку людзей, што тоўпiлiся перад адкрытымi трунамi; за iмi з малiтоўнiкам у руках стаяў сьвятар. Тут адпявалi нябожчыкаў, цывiльных цi вайскоўцаў, я не разгледзеў. Мабыць, заўважыўшы мяне, аднекуль збоку зьявiўся чалавек у чорным, недаўменна прыпынiўся насупраць.

– Сьвяты айцец, – дрыготкiм голасам сказаў я. – Там морд, доктар Шарф...

– Доктар Шарф? – паўтарыў сьвятар роўным, як здалося, абыякавым голасам. Морд?

– Морд, – сказаў я. – Фраў i дзяўчына, фройлен.

– Фройлен? Драй морд?

– Драй морд.

Кароткiм рухам двух пальцаў сьвятар звыкла азначыў крыж на грудзях i нешта патлумачыў мне, хоць я й не зразумеў, што менавiта. Спакваля здагадаўся, што, мабыць, трэба пачакаць. Тады я выйшаў з гнятлiвага паўзмроку кiрхi на заценены дрэвамi падворак. Чакаць? Сапраўды так. Бо, мусiць жа, iм трэба аб чымсьцi дазнацца, а мне штось растлумачыць. Тут жа злачынства – забойства i рабаўнiцтва. Хоць сьвятары, вядома, ня сьледчыя. Але ж...

Так разважаючы, я нядоўга стаяў перад старой, бы закапцелай ад часу кiрхай, i каторы раз пакутна спрабаваў зразумець: хто? Хто iх панiшчыў – i гаспадароў, i дзяўчыну? Цi ўсе былi выпадковыя бязьвiнныя ахвяры, цi тут быў якi пэўны лягiчны намер? Можа, вiнаваты ва ўсiм той прыгожы знадворку катэдж? У нядобры час, вiдаць, атрымалi яго гэтыя Шарфы ў спадчыну. Хаця... Падумаўшы, няцяжка было здагадацца, хто мог тое ўчынiць. Ужо такое здаралася i ня толькi на аўстрыйскай зямлi. Летась на фармоўцы пад Луцкам перад строем палка былi расстраляныя двое з транспартнай роты. Гэтыя ўволю павесялiлiся – напiлiся i згвалцiлi на хутары жанчыну, забiлi яе сына-падлетка. Праўда, тыя не рабавалi. Мабыць, не было што. Тут жа зьявiлiся немалыя магчымасьцi i знайшлiся такiя, што не супроць пакарыстацца iмi. Тым болей у логаве зьвера, нялюдзкiм буржуазным грамадзтве...

Бедная Франя! Ратавалася ад вайны ў Эўропе, ды менавiта ў Эўропе вайна дагнала яе. Але чаму менавiта яе? Я ж во меў болей падставаў на сьмерць, а жыву.

У кiрху прайшлi яшчэ дзьве кабеты ў чорных капелюшах, зьдзiўлена паўзiралiся ў мяне, – мабыць, зусiм недарэчную тут iстоту. Я й сам увесь час адчуваў сваю тут недарэчнасьць, але я чакаў. На вялiкую прыязнасьць, вядома, разьлiчваць не даводзiлася. Хоць яны й ня ведалi пэўна, хто ўчынiў разбой у кватэры Шарфа, але, мабыць, здагадвалiся. А можа, i падазравалi. Таму я чакаў тут, ля кiрхi. Калi ўжо чаканьне маё гатова было скончыцца, аднекуль з завулку да брамы пад'ехала фура. Два бiцюгi, ледзьве варушачы тоўстымi, як бёрны, нагамi, пакорлiва спынiлiся насупраць. З пляскатай фуры саскочыў чалавек з паголеным тварам i бэрэтам на галаве. Убачыўшы мяне штось замычэў, замахаў рукамi, i я здагадаўся, што гэта – нямы.

З кiрхi выйшаў той самы сьвятар, якi са мной ужо гутарыў.

– Он прывазiт вэрсторбэнэ* кiрхэ бегрэбен**, – сказаў сьвятар.

* Нябожчыкi.

** Хаваць.

Здаецца, я яго зразумеў i выйшаў з-пад аркi. Нямко тым часам заляскаў раменнымi лейцамi, i мы рушылi па-над агароджай. Я iшоў наперадзе, фура ўвесь час адставала. Мусiць, я залiшне сьпяшаўся, а магутныя бiцюгi не маглi хутчэй.

Усё ж мы дабрылi-даехалi да злашчаснага катэджа над рэчкай. Тут усё было, як раней, калi я яго пакiнуў. Мы зь нямко спынiлiся перад дзяўчынай, i я прыўзьняў абрус. Згледзеўшы нежывую Франю, нямко загергетаў штось невыразнае, роспачнае, запляскаў аб сябе рукамi, выказваючы тым сваё гняўлiвае пачуцьцё. Я свае пачуцьцi, як мог, таптаў на сподзе душы, паказваць цi перажываць iх я ня меў ўжо сiлы. Удвух мы асьцярожна паклалi дзяўчыну на абрус i, трохi загарнуўшы, панесьлi на фуру. Тут ўжо я ня мог стрымаць слёз, i не пасаромеўся нямога. У каторы раз я праклiнаў усё на сьвеце. I сябе ў тым лiку. Навошта было яе кiдаць тут, трэба было ўчора забраць. Дык пабаяўся, пасаромеўся. Сваiх хлопцаў, камбата, "сьмершаўца". Цяпер вось не саромеюся, i не баюся. Нiкога. Але што карысьцi... За Франяй гэткiм жа шляхам на тым самым абрусе перанесьлi ў фуру доўгае цела доктара Шарфа i ягонае фраў. На шырокай фуры хапiла месца для ўсiх. Нямко накрыў абрусам нябожчыкаў, i мы рушылi тым жа шляхам да кiрхi. Нямко зь лейцамi iшоў па адзiн бок фуры, а я – па другi. Дзе-нiдзе з падворкаў i вокнаў на нашую сумную працэсiю пазiралi людзi, рэдкiя жыхары гэтага гарадка. Я ж не пазiраў нiкуды. Брыў, бы сьляпы, не адчуваючы нi вулiцы, нi людзей, нi перамогi. Здаецца, я выпаў з часу i перастаў адчуваць сябе. Мяне ашукалi. Людзi цi лёс. Цi вайна. А можа, перамога, якую цяпер безь мяне сьвяткавалi на той лугавiне. Мне ж выпала iншае сьвята. Чорнае сьвята бяды.

Як мы прыехалi да кiрхi, зь цьвiнтара выносiлi труны тых, каго адпявалi раней. Мы трохi счакалi, i тады да нашае фуры падступiлi людзi. Безь вялiкага смутку яны агледзелi забiтых, штось коратка перагаворвалiся, уздыхалi i жагналiся. Я стаяў збоку i чакаў, што яны падступяцца да мяне – можа, з крыўдай, папрокам цi лаянкай. Але нiхто на мяне не зважаў. Быццам i не прыкмячаў нават. I я думаў: няўжо яны столькi пахавалi, што iм ужо нiчога не цiкава? Хто i чаму забiлi? Хаця што б я сказаў iм? Што я сам ведаў? Па адной труне яны пераносiлi нябожчыкаў за кiрху. Я туды не пайшоў, толькi адыйшоўся пад засень дрэваў i назiраў здаля.

За кiрхай прыткнуўся да каменнай агароджы невялiчкi могiльнiк – дужа акуратныя, пасыпаныя жарствой дарожкi, заiмшэлыя магiльныя камянi з аблезлымi надпiсамi, прысадзiстыя лютаранскiя крыжы з чорнага i шэрага мармуру. У дальнiм канцы могiлкаў, дзе ўжо не было дрэваў, цяпер хавалi. Раскапаная зямля, чалавек пяць жанчын у чорным убраньнi. Цi ня там пахаваюць i маiх нябогаў? I Франю. Я хацеў пайсьцi паглядзець тую мясьцiну, ды не адважыўся. Я мусiў быць паблiзу ад уваходу ў кiрху.

Я ня ведаў, што рабiлася ў сярэдзiне кiрхi, куды мяне не паклiкалi i я ня йшоў. Я ўсё ня мог саўладаць сам з сабою. Часам гатовы быў зарыдаць, ды не рыдалася. Здушыла штосьцi ў горле i не адпускала. I я хадзiў так па дарожцы ля кiрхi – узад i ўперад. Людзi, што заходзiлi з вулiцы цi выходзiлi з кiрхi, не пераставалi са зьдзiўленьнем пазiраць на мяне. Але нiхто не запытаўся нiчога, быццам для iх усё было надта звычайнае. I тое, што тут хаваюць, i што тырчыць ля кiрхi савецкi афiцэр. А можа у той iх няўвазе было пэўнае стаўленьне? Я б не хацеў тое прызнаць, хоць i цалкам адмовiць таксама не было падставы.

Зрэшты, людзкiя адносiны да мяне цяпер ня дужа мяне цiкавiлi. Адзiная мая цiкавасьць была цяпер у царкве. Дзеля яе я тут i хадзiў – сюды i туды, туды i сюды. Я прыпамiнаў начны аповед Франi, нашыя зь ёй размовы. А таксама словы, сказаныя небаракам доктарам Шарфам. Тады я не пярэчыў нi наконт мiру, нi наконт вайны. Усё ж вайна для нас вялiкая школа, я шмат што спасьцiг на вайне. Нават i ў яе апошнiя днi. Найперш тое, што нiчога ня трэба баяцца. На вайне табе нiчога ня зробяць, апроч як заб'юць цi параняць. Тое i другое надта ўжо проста, амаль прымiтыўна. Здаецца, аднак, толькi пасьля вайны з твайго жыцьця могуць зрабiць пекла. Калi не захочацца i жыць.

Можа, праз гадзiну цi дзьве мяне паклiкалi, i я зразумеў, што наблiжаецца самае важнае. Сунуўшы ў кiшэню зьнятую з галавы пiлотку, увайшоў у паўзмрок кiрхi. Там ужо чакалi мяне два сьвятары. Худзенькая белатварая манашка ў чорнай хустцы была за перакладчыцу.

– Хай пан скажа, як былi змарлыя людзi, – зьвярнулася яна чамусьцi па-польску. Сьвятары ўважлiва пазiралi на мяне.

– Я ня бачыў, – хрыпата адказаў я. – Як прыехаў, яны ўжо былi мёртвыя. Iх забiлi.

– Хто iх зрабiв змарлымi?

– Ня ведаю.

– Какой iмець канфэсiя маладая паненка?

– Хто ведае. Можа, каталiчка.

– Добжа, – сказала манашка i штось загаманiла да сьвятароў па-нямецку. Тыя згодна пакiвалi галовамi. Болей яны нiчога не запыталiся, мабыць, тая справа для iх была ўжо звыклая. Яны падалiся да нябожчыкаў, i тады я зiрнуў у труну, што была на краi. Да падбародзьдзя прыкрытая чымсь, Франя ляжала цiхенька, нiбы жывая, i толькi прыкiдвалася мёртвай. Прыкiдвалася, аднак, назаўжды.

Купка людзей, што была ў кiрсе, пачала адпяваньне. Я не разумеў словаў, але ад шчымлiвай мэлёдыi адразу пачало выварочваць душу. Дужа баяўся не стрымацца, баяўся заплакаць. Сьлёзы засьцiлалi зрок, я ледзьве стрымлiваў iх, каб не паплылi з вачэй. Дзiва, што навакол ня плакаў нiхто, толькi сьпявалi, быццам у якiм экстазе, i гукi анёльскага харалу самотна луналi пад цёмным скляпеньнем кiрхi. Можа, гэта было апошняе пахаваньне вайны. Спазьнелае пахаваньне. Злыя сiлы вайны дабiралi свае ахвяры. Быццам ня ўсё дабралi за чатыры гады.

Як пачалi зачыняць векамi труны, я памкнуўся блiжэй, ды спазьнiўся i Франi больш не пабачыў. Чорнае века назаўжды схавала яе ад мяне. Людзi ўзялiся паднiмаць труны, каб вынесьцi iх. Усё ж мужчын тут было няшмат, труны выносiлi па адной. Як паднялi труну з Франяй, я таксама падставiў плячо. Труна была ня цяжкая, хiба велiкаватая для маленькага цела дзяўчыны. Мабыць таму, як iшоў, здалося, што яна там варушыцца. Але варушылася, мусiць, ад нашых нязладных крокаў. Мы абыйшлi кiрху i жвiровай дарожкай патупалi ў самы канец могiлак. Ля каменнай сьцяны ў куце было ўжо накапана некалькi купiн-магiл – тых, каго тут пахавалi раней. З апошнiх магiл узьлятаў угару жвiр, то заканчвалi сваю працу два далакопы. Адзiн зь iх быў той самы нямко ў сiнiм бэрэце, зь якiм мы езьдзiлi па забiтых. Франiну труну мы паставiлi на дол ля яе магiлы, i мужчыны вярнулiся да кiрхi па астатнiя. Трохi разважыўшы, я пайшоў зь iмi.

Калi ўсе труны былi вынесеныя, сьвятар з крыжам у руках сказаў сваю казань, усе захрысьцiлiся. Я таксама перахрысьцiўся. Затым тройчы перахрысьцiў труну Франi. Далакопы на вяроўках хутка i спрытна апусьцiлi труну ў яму.

Ну во i ўсё.

Як апусьцiлi астатнiх, я ўжо не глядзеў. Я закопваў Франю. Гарнуў i гарнуў рыдлёўкай на чорную накрыўку труны. Як яна схавалася пад жвiрам, крыху перадыхнуў i пачаў сунуць жвiр зноў. Так да самага верху магiлы. З рэшты жвiру, наскрэбенай побач, змайстраваў кароценькi, бы дзiцячы, пагорачак якраз у рост Франi. Заплаканая кабета ў чорным шалiку зводдаль моўчкi перахрысьцiла мяне. Што ж, дзякуй табе, добрая аўстрыячка. I пухам табе аўстрыйская зямля, мiлая мая зямлячка.

Нi з кiм не разьвiтаўшыся, я зморана пабрыў да брамы. Было не да разьвiтаньняў, не да падзяк. Не хацелася болей чуць нiчыiх i нiякiх словаў. Нi нават бачыць людзей. Я чуўся спустошаным i зьнясiленым. Толькi адыйшоўшыся па завулку ад кiрхi, надзеў на галаву пiлотку i азiрнуўся. Гэтак звычайна рабiў на вайне, калi куды меў патрэбу вярнуцца – каб лепей запомнiць шлях. Сюды я павiнен быў вярнуцца. Я меў цьвёрды намер на тое.

I – не вярнуўся нiколi.

РУЖОВЫ ТУМАН

Было iхнае сьвята, i яны з кветкамi i сьцягамi iшлi да скамянелага правадыра. Iграў аркестар. Блiшчэлi трубы, ад дажджу блiшчэў гранiт помнiка, гарадзкое навакольле адбiвалася ў мокрым асфальце. Усе былi бяз кепак цi капелюшоў – сiвыя, лысыя, з мокрым пушком галовы, сурова-пакутныя позiркi на старэчых тварах. Адзiн нес невялiчкi вазончык бягоняў, якi ашчадна трымаў аберуч, на сагнутай руцэ вiсела клюка. Сярод iншых старых ён вылучаўся шыкоўнай, белай, амаль дзедмарозаўскай барадой, што ляжала на ягоных далёка не багатырскiх, змарнелых грудзёх. Як падыйшоў за iншымi да пастамэнту, няспрытна сагнуўся i паставiў свой вазончык, а, выпрастаўшыся, нязграбна, бы саромеючыся, перахрысьцiўся.

– Глядзi, Барсук! – амаль з захапленьнем тузануў за рукаў сябра Вiнцэсь. Жывы, ты глядзi...

Так, гэта быў Барсук, жывы i быццам здаровы, якога Ляксей зь Вiнцэсем памяталi яшчэ з ваенных гадоў, як жылi ў тым гарадку, дзе пражыў вайну i гэты стары, глуханямы чалавек з прозьвiшчам цi мянушкай Барсук.

– I, здаецца, усё ранейшы, – не сунiмаўся Вiнцэсь.

Дзiўна, аднак, што ранейшы. Жыцьцё цi натура таму прычынай? Або, можа, ружовы туман падману, разьвеяцца якому ўпарта не даюць абставiны. Такiя, як у гэтым выпадку з Барсуком.

Ён зьявiўся ў тым гарадку-мястэчку пры бежанстве. У першыя днi вайны з Заходняй Беларусi ўперамешку з войскам рынулiся i шмат якiя з цывiльных. Адныя ехалi на вайсковых машынах, iншыя на фурманках, а болей iшло пехатой – з клункамi, валiзкамi, дзецьмi. Барсук вырваўся зь пекла, падобна, сам, адзiн. Усе ягоныя сямейнiкi недзе прапалi, i ён прыпынiўся, чакаючы iх, у мястэчку. Мабыць, думаў, часова, ды так i асеў на ўсе гады акупацыi. Жыў у старой бабкi ля рову, зарабляў, чым мог: капаў грады, сек дровы, а то рамантаваў абутак. Еў, што дадуць, часта галадаў, i ўсё чакаў, казалi, сваiх – жонку i двух дзяцей. Ды iшоў час, а сямейнiкi Барсука не аб'яўлялiся. Часам было яму дужа кепска, але ў лес ня йшоў. Ды i хто б яго ўзяў у лесе ў партызаны – якi набытак з глуханямога? Хоць часам да яго наведваўся суседзкi хлопец Валера, якi, як тое некаторыя ўведалi, меў справу зь лесам, i то прападаў на тыдзень-другi, то цiшком зьяўляўся ў гарадку. Барсук яму быў патрэбны, каб падрамантаваць боты, то наладзiць трафэйны гадзiньнiк, у якiм, як аказалася, неяк разьбiраўся Барсук.

Аднойчы гэты Валера заявiўся не адзiн, а зь незнаёмым хлопцам, сяржантам з дэсантнiкаў. У iх была адмысловая справа: апрабаваць прадуктовыя карткi. Так, звычайныя карткi рацыянаванага продажу крупаў, мукi, солi, якiя выдавалiся службоўцам нямецкiх установаў, i якiя наладзiлi падрабляць у лесе. Цi, можа, у якой гарадзкой друкарнi? Значыцца – фальшывыя карткi. Вядома, для такой апэрацыi апрабаваньня Валера мог бы паслаць сястру Нiнку цi цётку Ганулю, але ж, мабыць, iх было шкада. I ён вечарком з напарнiкам насыпаўся да Барсука.

Якраз у той тыдзень Барсук сядзеў бяз працы i бяз хлеба, даядаў апошнi чыгунок бульбы, што зарабiў за рамонт комiна ў суседзяў; солi ў яго не было даўно. А тут раптам двое лясных гасьцей, партызанаў, гэтак сардэчна пытаюцца: як жывеш? Спачуваюць i шчодра надзяляюць карткамi. На, схадзi ў лаўку, атавар, нам прынясеш i сабе возьмеш. Нам што-нiшто, галоўнае – цыгарэты, астатняе возьмеш сабе. Мы людзi ня сквапныя, мы савецкiя партызаны...

Барсук ня мог паверыць – такая раскоша! I такiя слаўныя хлопцы – гэтак сардэчна пашкадавалi адзiнокага дахадзягу-iнвалiда! На тым тыднi на рынку палiцаi адабралi ў яго здатныя боты, якiя хацеў памяняць на хлеб. Ды яшчэ далi высьпятка ў зад. Гэтыя ж во – задарма даюць карткi: маргарын, соль, мука...

Ён ня йшоў – ляцеў з тымi карткамi ў краму, дзе атрымаў усё, што належала. Гэтак жа шыбаваў дадому, дзе трохi засмуцiўся, бо хлопцы чамусь яго не дачакалiся. Яны прыйшлi толькi ўначы, распыталi, як i што. I яшчэ далi картак, якiя дужа тады падтрымалi згаладнелага Барсука.

Пасьля вайны Барсук некалькi разоў спатыкаў у гарадку пасталелага Валеру, i кожны раз цалаваў ягоныя рукi: такi слаўны быў той партызан. Гэтак уважыў старога! Асаблiва, калi даў Барсуку даведку, быццам той – сувязны партызанскага атрада асобага назначэньня "Гранiт". Менавiта тая даведка дала яму сiлы жыць пасьля страты сям'i. Праўда, неўзабаве ён выйшаў на пэнсiю з быткамбiнату, дзе рабiў на розных работах, i нават выбiўся ў майстры. Цяпер жа ён дужа перажываў распад СССР. Асаблiва як дазнаўся, што Валера вялiкi начальнiк, робiць не ў Беларусi i наўрад цi прыедзе на рэвалюцыйнае сьвята. I ўсё з прычыны кардонаў, мытняў, разрыву эканамiчных сувязяў. Валеру тут яшчэ памяталi з вайны, i найчасьцей успамiнаў яго зь цеплынёй у старэчым позiрку дзевяностагадовы Барсук. Ужо ён быў упэўнены, што Валера ня здрадзiў вялiкай справе Маркса-Энгельса-Ленiна. Ды i Сталiна таксама. I Барсук не хацеў здраджваць, бо здрада – заўжды кепска. Як пазванiлi з савету вэтэранаў, каб прыйшоў на ўскладаньне кветак да помнiка правадыру, ён i прыйшоў. Прынес свой апошнi вазончык зь бягонямi, бо трэба ж было ўважыць i правадыра, i змагароў за ягоную справу, i Валеру, i таго сяржанта, якiя некалi гэтак уважылi адзiнокага, пагарджанага нямога.

Зрэшты, пасьля вайны тая гiсторыя з Барсуком стала вядомая многiм.

Праўда, пра яе ня ведаў адзiн толькi Барсук. Цi варта было яму пра тое расказваць? Цi ён паверыць?

Можа, хай жыве ў сваiм ружовым тумане, дажывае век i носiць вазончыкi да падножжа помнiка. Тым болей, што цяпер можна ўжо перахрысьцiцца – адкрыта, i нават з замiлаваньнем...

ПАГОРАК

Позьняй веснавой ранiцай мы з капiтанам Лемешам сядзелi каля дымлiвага цяпельца i бавiлi час у ленай, нешматслоўнай гаворцы. Увогуле было маркотна, у мяне для радасьцi не было падставы. Капiтан жа мог бы i парадавацца, але яго, вiдавочна, займалi новыя думкi, далёкiя ад гэтага пагорка i дагарэлага на iм цяпельца. Учора да нас на НП перадалi загад па дывiзii, якiм капiтан Лемеш прызначаўся начальнiкам артылерыi суседняга палка. Для нядаўняга камандзiра батарэяў "саракапятак" гэта было падвышэньне, якое абяцала зусiм iншую вайну i службу, iншую, чым тая, што за немалы час добра агоркла капiтану. Тыдзень таму на Днястры мы страцiлi апошнюю нашу "саракапятку", якую ўшчэнт разьнёс нямецкi снарад. Байцоў, што засталiся ад батарэi, перадалi на папаўненьне ў стралковы батальён, а самi пяты дзень сядзелi на НП камандзiра палка. Ноччу, пакуль камандзiр спаў, мы дзяжурылi ў камандзiрскiм блiндажы, слухалi i глядзелi, што адбываецца на недалёкай перадавой, перазвоньвалiся з НП дывiзii. Вядома, мы разумелi, што гэтая наша служба – часовая. Полк вёў баi, спрабаваў наступаць, штодня нёс страты. У кожную хвiлiну нас маглi накiраваць куды заўгодна, але найбольш верагодна – у якi-небудзь стралковы батальён: капiтана – камандзiрам роты, а мяне – узводным. Каб не дарма елi салдацкi хлеб, як казаў капiтан. Аднак яму нечакана пашанцавала – яго ўжо не пашлюць у стралковую роту, цяпер ягонае месца ў палкавым штабе. Але што чакае мяне?

Капiтан быў чалавек выхаваны, паходзiў зь ленiнградзкiх iнтэлiгентаў, мабыць ён разумеў стан мае душы i памкнуўся мяне суцешыць.

– Ладна, не тужы, лейтэнант. Станем у абарону, падкiнуць гарматкi. Табе ж шмат ня трэба? Якiх пару...

– Хай не даюць, – няшчыра пярэчыў я. – Аўтамат знойдзецца.

– Аўтамат пасьпеецца...

Цяпельца то затухала, то пад лёгкiм ветрыкам пачынала бязьлiтасна дымiць, выядаючы вочы. Iсьцi па дровы ў недалёкi вiнаграднiк не хацелася. Тут быў схiл пагорка, на якiм з таго боку сапёры абсталявалi блiндаж назiральнага пункту. Там жа, за пагоркам, чутна было, грукацелi кулямётныя чэргi, але сюды кулi не заляталi, пагорак нас укрываў. Наперадзе ж перад намi разьлеглася даволi шырокая далiна, па той бок якой таксама на схiле вiдаць былi роўныя шнуркi вiнаграднiкаў i бегла крываватая палявая дарожка, абсыпаная абапал старымi i сьвежымi варонкамi ад выбухаў. Капiтан усё ўзiраўся туды, чакаючы пасыльнага, якi павiнен быў прыехаць па новага начарта. Але пасыльны затрымлiваўся, хаця ўжо гадзiну таму па тэлефоне перадалi, што паехаў.

– Ат, ладна, – сказаў капiтан i дастаў з-за пазухi алюмiневую пляшку. Давай вып'ем. Каб не апошнюю...

– Ну, вы цяпер маеце шанец...

– Шанец чаго? – насьцярожыўся капiтан.

– Ну, на жыцьцё, – адчуўшы пэўную няёмкасьць, сказаў я. Падобна было, капiтан пачуў у маiм голасе нейкiя ноткi зайздрасьцi. Але тое была ня зайздрасьць да яго – болей клопат за свой незайздросны лёс. Я, напэўна, адчуваў, што ня сёньня, дык заўтра апынуся ў стралковым батальёне, дзе, вядома, жыцьцё нядоўгае. Хоць яно i ў супрацьтанкавай батарэi не даўжэйшае, але ўсё ж... Усё ж во мы ўцалелi.

– На вайне нiхто ня ведае свой шанец, – растлумачыў капiтан. – Ну, глытнём!

Ён глытнуў сам i падаў мне пляшку, зь якой я глытнуў раз-два i папярхнуўся. Мусiць, то быў сьпiрт, ад якога адразу заняло дых.

– Ну во, – сказаў ён. – Каб табе тут шчасьлiва ваявалася.

– Дзякуй.

У той час унiзе, у лагчыне, а зусiм не на дарожным пагорку паказаўся чалавек, якi вёў на повадзе каня – мабыць, гэта й быў той, каго мы чакалi. Ад выпiтага сьпiрту цi ад усьведамленьня канца нецярплiвага чаканьня капiтан прыкметна ажывiўся, пiхнуў ботам канец галавешкi, ад якой пыхнула ў вочы ядучым дымам.

– Ты гэта во што... Калi там у батарэi недакамплект узводных, дык я цябе забяру. У свой полк.

– Ды ну! Цi варта...

– Варта, варта. Усё ж мы с табой разам з самай зiмы. Лiчы, чатыры месяцы.

– Чатыры месяцы...

– Можа, я цябе калi й дапёк, дык даруй. Знаеш, вайна – усё ж нэрвовая справа.

– Ды не. Я нiчога...

– Ага, не крыўдуй... А давай яшчэ па глытку! – з раптоўнай рашучасьцю сказаў капiтан i зноў выцягнуў з-за пазухi ватоўкi сваю пляшку. – Думаў, там на абмыўку. Але й тут дарэчы.

Мы й яшчэ глытнулi патроху, пакуль коньнiк узьяжджаў на пагорак. Гэта быў пажылы, вусаты баец у бушлаце, якi неўзабаве спынiўся перад цяпельцам i зважлiва папытаўся:

– Цi ня вы будзеце капiтан таварыш Лемеш?

– Угадаў! – сказаў камбат i ўскочыў, – рослы, энэргiчны, у туга аперазанай партупэяй ватоўцы. – Ну, лейтэнант, жывi да перамогi! На перамозе сустрэнемся.

Я таксама ўстаў, мы таропка абнялiся, i капiтан, прыняўшы ў пасыльнага повад, лёгка й спрытна ўскочыў у сядло. Не азiрнуўшыся, ён паскакаў рысьсю ўнiз, за iм, трохi адстаўшы, ехаў вусаты пасыльны. Я сеў на сваё ранейшае месца ля цяпельца. Мне было сумна й трохi зайздросна. Хоць надта зайздросьцiць я ня меў падставы: усё ж камбат быў старэйшы за мяне, ваяваў у палку ад самага Сталiнграда, узнагароджаны трыма ордэнамi, у тым лiку i Чырвоным Сьцягам, ня тое, што я – Чырвонаю Зоркай, ордэнам Ванек-узводных ды тылавiкоў-iнтэндантаў. Зноў жа ён быў ня з тых, хто любiў заграбаць жар чужымi рукамi, а калi трэба было, дык рызыкаваў i сабой. Як у тым выпадку на пляцдарме, калi стаў за прыцэл гарматы i паўдня адбiваў нямецкiя атакi. Мабыць, ён заслужыў нейкае права, каб цяпер, напрыканцы вайны, лепей уладкаваць свой лёс i, можа, дажыць да перамогi. Але хто не хацеў бы таго? Праўда, пра тое, каб выжыць, мы маглi толькi марыць. I то тайком ад самiх сябе, тоячыся ад уласнага сумленьня.

Ужо без увагi да згаслага цяпельца я сядзеў на схiле i пазiраў усьлед нядаўняму камбату. Унiзе палявая дарожка раздвойвалася, адна iшла напрасткi цераз пагорак з варонкамi, а другая, ледзьве прыкметная здаля, – у аб'езд па лагчыне, адкуль прыехаў пасыльны. Капiтан спусьцiўся з пагорка i троху прытрымаў каня, мусiць, вырашаў, па якой скiраваць дарозе. Здалося мне, нават трохi праехаў у лагчыну, але зараз жа збочыў i скiраваў на тую, цераз пагорак. Мабыць, гэтая была карацейшаю, а капiтану, вiдаць па ўсiм, не цярпелася. Тым болей, што немцы пакуль не стралялi, выбухаў паблiзу не было чуваць.

Шпаркай рысьсю капiтан паскакаў на пагорак i вось ужо выехаў на самы ягоны ўзлобак. I тады ўгары каротка вiскнула, i ля дарогi пыхнуў клуб мiннага выбуху. Сэрца ў мяне здрыганулася – ну, нашто ён паехаў туды? Пыхнуў i яшчэ адзiн пыльны клуб – па другi бок дарогi. Капiтан хвастануў каня, зрываючы на галоп, але тут жа ўгары пагрозьлiва завiскатала ў шмат галасоў, i некалькi выбухаў нячутна вырасьлi абапал дарогi, схаваўшы ў сабе коньнiкаў. Я ўскочыў на ногi, але з паўхвiлiны нiчога там згледзець ня мог – адно касяк пылу паволi поўз цераз дарогу. Як ён споўз адтуль, я ўбачыў толькi каня, што, дужа кульгаючы, бег кудысьцi па схiле. Другi коньнiк, што добра-такi адстаў ад першага, таропка заварочваў назад.

А за пагоркам ззаду ўжо ва ўсю забухала, загуло. Нямецкая артылерыя пачала бiць па ўсiм навакольлi, мiны рвалiся ў лагчыне i далей, не даючы нiкому высунуць носу з укрыцьцяў. Капiтана вынесьлi толькi ўночы, ягонае цела было амаль расшкуматанае асколкамi, i хавалi яго туга загорнутым у плашч-палатку.

Жывы прайшоў ад Сталiнграда да румынскай мяжы, а пагорка не пераехаў...

ПАЛIТРУК КАЛАМIЕЦ

Як сьцiхнуў пад вечар бой, асеў на зямлю ўзьняты бамбёжкаю пыл, i ў высокiм нябесным абшары запалiлiся першыя зоркi, кампалка Пахомаў i палiтрук Каламiец вылезьлi з бомбавай варонкi i агледзелi тое, што засталося ад занятага iмi ўчора чыгуначнага разьезда. Разьезда не было. Глiнабiтная казарма для рабочых i пакгаўз побач нагадвалi аб сабе адно чорнымi гарбамi на краi гэткага ж чорнага неба. Ад шэрагу стромкiх таполяў ля дарогi засталiся скалечаныя выбухамi абломкi; расшчэпленыя камлi, бы растапыраныя пальцы, тырчэлi з разварушанай зямлi. "Добра яшчэ, што засталiся гэтыя таполi, а то было б i не пазнаць разьезда", – думаў палiтрук. Надвячоркам пасьля жорсткай бамбёжкi нельга было й меркаваць, што тут хоць нешта застанецца – i ад гэтага разьезда, i ад пехацiнцаў, што акапалiся побач у сухой, скамянелай зямлi.

Уначы дзённая сьпёка паволi ацiхала, але гарачы сухавей са стэпу нес мала прахалоды. Разгарачанае цела гарэла пад спатнелай абмундзiроўкай, дужа хацелася пiць. На бяду, калодзеж ля казармы таксама быў разварочаны i засыпаны. Байцы з сапёрнага ўзводу неяк спрабавалi дагрэбцiся да вады. Але калi тое будзе.

Палiтрук Каламiец, мiж тым, доўга i старанна страсаў зь сябе пыл i зямлю, а кампалка сядзеў нерухома, апанураны i самотны. Нязбыўны клопат пра ваду пачаў выцясьняць зь ягонае галавы ўсе ранейшыя клопаты. Вада патрэбная была байцам, патрэбная для кухнi, а найболей – для кулямётаў "максiм", тры зь якiх ужо абязводзiлiся i не стралялi; у два астатнiя сабралi рэшту вады зь бiклагаў. Сёньня полк стрываў шэсьць жахлiвых бамбёжак – сьпярша трох "хейнкеляў", пасьля дзевяцi i пятнаццацi, а пасьля нiхто й не лiчыў. Праўда, людзкiя страты былi ня дужа вялiкiя, усе ж байцы пасьпелi акапацца наводдаль ад чыгункi ў полi. Ды, на бяду, забiла двух апошнiх коней, што вазiлi палкавую кухню, i цяпер нi правiянту, нi вады прывезьцi не было чым. Мабыць, сапраўды засталося памiраць на гэтым праклятым разьезьдзе, – думаў кампалка, – бо дзявацца тут не было куды. Адсюль ужо не адступiш, як адступалi ад самага Варонежа. Учора, калi яны занялi гэты разьезд, конна прыехаў даручэнец камдыва i прывез, каб расьпiсацца, загад Вярхоўнага пад нумарам 227 з назвай: нi кроку назад! Памры, але не адступi. Тое тычылася ўсiх: ад камандарма да апошняга байца, што б ён нi абараняў – горад цi гэткi во разьбiты, амаль зраўняны зь зямлёй стэпавы разьезд. Даручэнец паведамiў таксама, што ўжо ёсьць i вынiкi невыкананьня загаду: у суседнiм палку аддалi пад трыбунал аднаго камбата i расстралялi на месцы ПНШ па разьведцы.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю