Текст книги "Сьцяна (аповесцi, на белорусском языке)"
Автор книги: Василь Быков
Жанр:
Классическая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 17 (всего у книги 18 страниц)
Чалавек ня быў надта наiўны ў палiтыцы i сваiмi ўчынкамi ня меў спадзяванкi ўзварушыць народ, падштурхнуць яго на барыкады. I ўсё ж... I ўсё ж нейкая карысьць будзе, думаў ён, выпраўляючыся ў апошнi свой шлях. Калi ня зараз, дык потым. Калi аб тым не напiшуць тутэйшыя газэты, дык пабягуць чуткi, напэўна, перадасьць замежнае радыё. Гэткiя ж рэчы здараюцца ня кожны дзень. А ў межах ягонай краiны, дык цi не ўпершыню за сто гадоў. I ўжо напэўна ягоны ўчынак – першы за час гэтай Цынiчнай дыктатуры.
Сьцяўшыся ў тугi камяк, чалавек таропка пракрочыў паўз шыкоўны шкляны пад'езд высачэзнага гмаху замежнага банку, дзе, як заўжды, тоўпiлася група палiцыянтаў у навюткай шызай форме. Унiзе ля прыступкаў iх чакалi стракатыя ад розных колераў аўтамабiлi зь мiгалкамi. А крыху далей, пад мэталёваю агароджай царквы, сядзеў нядоўгi радок жабракоў – тых, каму не хапiла месца на цьвiнтары. Выпетраныя жыцьцём старэчыя твары, схуднелыя рукi, якiя цягнулiся да мiнакоў, вочы ўмольна лавiлi чужыя позiркi. Лепей было туды не глядзець, даць iм у яго не было чаго. Ён толькi збочыў ад iх на асфальт i тады на каменным слупе агароджы ўбачыў шырокую абвестку з партрэтамi i палiцэйскiм подпiсам унiзе. Бегла зiрнуўшы туды, чалавек аж скалануўся, пазнаўшы ў адным з партрэтаў сябе. Праўда, там ён быў маладзейшы, паголены, з гальштукам. Несумненна, то былi злачынцы, якiх шукала палiцыя. Але чаму на царкве? Цi ўжо й вернiкi рабiлiся памагатымi дыктатуры, зьбянтэжана падумаў чалавек. Зрэшты, а чаму б i не? Царкоўныя герархi працавалi на яе заўзята, мусiць, варта было чакаць таго i ад вернiкаў... Здаецца, там была пазначана, i сума ўзнагароды тым, хто iх выдасьць. Тады тым болей, каму ня хочацца зарабiць у жабрацкай краiне.
Побач па бруку праiмчалiся некалькi джыпаў з рулямi кулямётаў над ветравым шклом. У iх цесна сядзелi крутаплечыя постацi гарылаў у зялёных, пад мяккiмi чахламi касках. Мабыць, куды на аблаву цi ўжо з аблавы, падумаў ён без жаднае, аднак, засьцярогi i схамянуўся. Яму ўжо заставалася няшмат, ягоная роля самапала блiзiлася да фiналу. На рагу ўжо вiднелася паваротка, далей была караценькая вулiчка да ратушавай плошчы, дзе хутка ўсё i скончыцца. САМАПАЛ было для яго слова новае, нязвыклае, мабыць, не пазначанае нi ў адным слоўнiку, наватвор праклятага часу; здаецца, раней у iм не было патрэбы. А цяпер во такая патрэба зьявiлася. Упершыню ён учуў яго з радыёперадачы пра падзеi ў далёкай паўночнай краiне i хутка забыўся пра яго. Аж во пакуль яно не займела непасрэднага да яго дачыненьня на тым, апошнiм для яго паседжаньнi камiтэту. Як абмеркаваньне падышло менавiта да такой высновы, паўстала пытаньне – хто? Усе дужа задумалiся, ва ўсiх знаходзiлiся прычыны. Ён такiх прычынаў для сябе не знайшоў. Прынамсi, па iм плакаць ня будзе каму, а самому ўжо ня прыйдзецца. Тое ўсё i вырашыла.
У прадчуваньнi самага для сябе вырашальнага чалавек усё ж захваляваўся. Каторы раз памацаў у правай кiшэнi бэнзынавую запальнiчку, запальнiчка была на месцы – хоць бы не падвяла. Учора правяраў, тады спраўна пыхкала слабым сiняватым агеньчыкам. Мабыць, хопiць i слабога. Бэнзын быў гатунковы, самы лепшы на той заправачнай станцыi, павiнны загарэцца ўмомант нават ад слабой iскры. I ён пакiне гэты свалачны сьвет, грукнуўшы дзьвярыма. Ня дзеля славы дзеля народа. Трохi шкада, што разам адыдзе i жыцьцё. Але што зробiш? Ня ён першы i, трэба спадзявацца, не апошнi.
Бадай, ён ужо дайшоў да апошняй павароткi на плошчу i нават мiжволi парадаваўся, што ўсё абышлося. Галоўнае, не спаткаў нiкога зь лiку знаёмых, i гэта абяцала ўдачу. Зь нейкага часу ён стаў адзiнцам, чалавекам паасобнага кшталту; пара калектывiзму для яго мiнулася.
Адрываючыся ад рэальнага, ён ужо пераходзiў на адпаведны моманту патэтычны лад, пачынаў думаць у высокiх катэгорыях. Што было для яго жыцьцё? Асалода? Пакуты? Нейкi абавязак перад людзьмi? Перад Богам? Нi тое, нi гэта. Мала было асалоды i, калi падумаць, няшмат i пакутаў. Iншыя пакутавалi болей. Уся справа, аднак, як да таго ставiцца. Ён меў занадта вялiкае адчуваньне гонару i паставiўся да таго надта строга. Ягоныя сябры былi надзеленыя большаю схiльнасьцю да лiбэралiзму, ён жа застаўся заўзятым рыгарыстам. Асаблiва пасьля гiбелi Яны. Хто яна была для яго? Яна не была жонкаю, не была нават каханкай. Яна была для яго МАДОНАЙ. I яе ня стала. Яна згарэла не ад любовi ад цынiзму несправядлiвасьцi. Банальную несправядлiвасьць яна прызвычаiлася трываць гадамi, нахабна-цынiчнай – ня здолела i двух месяцаў. Калi яе маладзейшы каханак з дэмакрата-фiлёзафа ператварыўся ў шэфа дыктатарскай прапаганды, жыць яна не стрывала. Яе пагiбель, мусiць, стала для чалавека апошнiм штуршком да ягонага азарэньня.
Да павароткi заставалася дзясятак крокаў, як раптам ён убачыў перад сабой кабецiну ў чорным. Нейкiм зьдзiчэла-спакутаваным позiркам тая ўперлася ў ягоны твар, вочы яе раптам расшырылiся, i яна закрычала:
– А-а-а...
На момант ён зьмiзарнеў пад тым яе зьдзiчэлым позiркам, а затым i ад гэтага нямога крыку, не адразу пазнаўшы ў жанчыне мацi ягонага студэнта-сухотнiка. Пакуль ён сьцямiў тое, жанчына каршуном наляцела на яго i невялiкаю сумкай на ланцужку пачала бiць яго – па галаве, па плячах, па твары i крычаць:
– Забойца! Забойца! Забойца...
Адчуўшы, што ўсё ў яго рушыцца, ён iрвануўся прэч, на брук, ледзьве ня трапiўшы пад вялiкiя колы чорнага лэндровэра. Але жанчына не адрывалася ад яго, прадаўжала крычаць, i людзi, колькi iх было навакол i паблiзу, паварочвалiся да iх – сьпераду, ззаду, з бакоў. Чалавек памкнуўся назад, дзе, як здалося, было трошкi вальней, i з усяе моцы прыпусьцiў па вулiцы. Мусiць, тое стала яго фатальнай памылкай: кожны драпежнiк бяжыць за тым, хто ўцякае. Пабеглi й за iм... Ягоны ж iнстынкт самазахаваньня пагнаў яго прэч – каб толькi адчапiцца ад гэтай звар'яцелай жанчыны. З шырокай вулiцы ля царквы ён завярнуў на вузейшую, на рагу азiрнуўся – за iм беглi пераважна мужчыны, але траплялiся i жанкi таксама. Сьледам па вулiцы несься разрозьнены лямант i крык. Натоўп даганятых усё гусьцеў, зьяўлялiся новыя людзi – з падворкаў, цi што, далучалiся да тых, што беглi наперадзе. Праз момант яго ўжо сталi абмiнаць – з бакоў i пад сьценамi. Мабыць, справа ягоная рабiлася дрэнь. Асаблiва, як з-за высокiх сетак тэнiснага корту збоч вулiцы выскачылi двое ў спартовых гарнiтурах, гэтыя апынулiся наперадзе ўсiх. Iншыя, не адстаючы, беглi й беглi сьледам i, бы зайца ў полi, гналi яго да ўскраiны. Усе крычалi-галёкалi, iх усё большала, а ў яго ўжо не хапала дыханьня ад гэтага зьдзiчэлага бегу, i ён ня ведаў, што рабiць. I што думаць нават. То было неспадзеўна, несправядлiва, няўцямна. Адчуваючы, што захлынаецца гаркотаю ад стомы, ён шаснуў у расчыненыя вароты знаёмага зь дзяцiнства прыземiстага дому з платанам каля ўваходу. Ведаў, калiсь там быў скразны ход на суседнюю вулiцу, можа б там ён адарваўся ад даганятых. I тут жа зразумеў, што памылiўся – двор перагароджвала суцэльная бэтонная сьцяна, на якую ён скочыў з разьбегу. Яму пашчасьцiла ўхапiцца рукамi за яе чарапiчны верх, i ён кiнуў угару нагу. Яшчэ не ўзабраўся наверх, як адчуў прарэзьлiвы смурод бэнзыну. Па беленым баку сьцяны папаўзьлi няроўныя сьмярдзючыя пiсягi, хатулёк адразу аблягчэў, i Чалавек абвяла звалiўся на брук пад сьцяну. Спартовыя хлопцы ў тэнiсках схапiлi яго за рукi, вывелi на падворак, куды зьбягаўся разрозьнены натоўп ягоных даганятых. Усе ўзрушана гаманiлi, лаялiся цi спрачалiся нават, але ён ня слухаў. Нехта садраў зь ягонага пляча сьмярдзючы, непатрэбны цяпер хатулёк. Хтось пасылаў у палiцыю. Наўкола раiлася рознагалосая гамана. Хтосьцi задыхана распавядаў, як згледзеў яго i не адразу пазнаў. Iншыя даводзiлi, што адразу кiнулiся наўздагон, бо адчулi: уцякае ня так сабе. "Падпальшчык! Ах ты, падпальшчык!" – лямантавала жанчына, i ён трохi паўслухоўваўся, стараючыся даўмецца, што ўсё ж сталася? Чаму? Цi то непаразуменьне, цi злая воля, цi ягоны недаравальны промах? А можа, заканамернасьць, фатальная прадвызначанасьць? Цi... паратунак ад самога сябе? Але што лепей? Узрушана адчувалася, аднак, што ўсё кепска. Для яго даўно ўжо не здаралася, каб лепей. Толькi горш... Гэта не народ, гэта не народ, як суцяшэньне, няўцямна гучала ў ягонай сьвядомасьцi, i тут жа выразна чулася iншае: а тады хто ж? Хто тады былi тыя, што загналi яго ў пастку? Не прынялi ягонае ахвяры? Цi ён няварты быў для таго ахвяраваньня? Чагосьцi цяпер ён ня мог зразумець ад узрушаньня, i няўлад са сваiм станам, падумаў: усё ж трэба было адвязаць восьлiка...
Нейкi час у яго ўсё пыталiся, чагось ад яго дамагалiся, але ён не разумеў i ня слухаў. Маўчаў ён, калi на падворку зьявiлася палiцыя, i купка людзей расступiлася, прапушчаючы да яго двух гарылаў у iх сьмецьцевай форме. Ён не зiрнуў у iх твары – ён добра ўжо ведаў тыя нахабныя твары i нiколi не хацеў iх бачыць. Зрэшты, як i твары з натоўпу таксама. Цяпер яны для яго зьядналiся ў адзiн агiдна абагулены воблiк, ад якога пагрозьлiва патыхала сатанiнскiм злом. Ён нават недарэчна зьдзiвiўся, як мог столькi трываць iх у сваiм нядоўгiм жыцьцi? Мусiць, так думаць было несправядлiва, усё ж належала аддзялiць адно ад другога. Але цяпер штось разьдзялiць ён ня мог. Штосьцi ў iм скранулася са свайго звыклага месца i назад не трапляла...
СЬЦЯНА
Рыгору Барадулiну
Сьцяна была каменная, закапцелая, дужа старая, як i ўвесь гэты будынак-турма, што дастаўся дыктатару краiны ад ранейшага дыктатара, а таму ад яшчэ ранейшых. Дыктатары ў гэтай краiне не выводзiлiся нiколi. Калiсьцi тут балявалi цi спраўлялi крывавыя трызны, плялi змовы i ўсялякiя iншыя злачынствы – супраць улады, народа цi каго з тых, хто выйграў у бясконцай барацьбе за ўладу. Або прайграў таксама. А цяпер тут сядзеў ён i такiя, як ён. Iншыя, мабыць, сядзелi даўно i доўга, ён жа тут апынуўся нядаўна. Ранейшыя ягоныя гады i месяцы мiнулi ў iншым месцы, надта, аднак, падобным на гэта. Таму перамена месца зьняволеньня ня дужа яго ўзрушала – i там, i тут для яго быў нарыхтаваны каменны калодзеж, сыры i цёмны, – пяць крокаў удоўж i тры ўшыркi. Жалезныя дзьверы з засовам, сьмярдзючая параша ў куце – як i ўсюды. Адзiным, што тут прыцягвала ягоную ўвагу, была сьцяна. Тая, што насупраць ад дзьвярэй.
Колькi i дзе нi сядзеў, ён заўжды цiкавiўся сьценамi, тым, як i з чаго яны зробленыя. I асаблiва – што было па той бок, за сьцяной. Звычайна па той бок была зваблiвая, недаступная для яго воля, пра якую ён не пакiдаў марыць. А зробленыя сьцены былi як трэба, як гэта ўмелi рабiць калiсьцi: камень, вапна i цэгла – усё спрэс сьцьвярдзелае i нязрушнае, не драпанеш. Не прастукаеш нават. Яшчэ ў першы тут дзень ён спрабаваў пастукаць на звыклай для яго турэмнай азбуцы, але нiякага адказу не пачуў. А можа за сьцяной не было нiкога. Значыць, там магла канчацца гэтая мур-турма i пачынацца воля. Зелянець на сонцы якi куст цёрну, трава, буяць пры сьцяне старыя дрэвы замкавага парку...
Стоячы на каленях ля сваiх лахманоў, ён прыслухаўся. Але скрозь было цiха. Наглядчык нядаўна пратупаў за дзьвярыма, крокаў яго ўжо ня стала чуваць. Слабая электралямпачка пад дужа высокаю чорнай стольлю ледзьве разьвейвала змрок на каменнай падлозе; была, мабыць, глухая турэмная ноч. I ён пакрысе папоўз на каленях каля той супрацьлеглай ад дзьвярэй сьцяны, пачаў яе мацаць, агладжваць – дасьледаваць.
Нiжнi рад буйных каменных блёкаў быў складзены шчыльна i нязрушна i не прымаў у сябе нiякi ягоны стук – хоць костачкай пальца, хоць кулаком. Тое ж было i вышэй. Драпiн i нейкiх адзнак людзкога паходжаньня на камянях хапала, але яны мала пра што яму сьведчылi. Можа, там было што напiсана, ды ў паўзмроку нiчога нельга было разабраць. Хоць ён i не дамагаўся таго. Навошта яму былi адзнакi чыйгосьцi лёсу – яму хапала свайго: пакутнага, гаротнага i дужа няўдалага. Трудна было ўявiць чаго iншага ў тым лёсе, апроч гэтай во каменнай нары. Мабыць, iншага й ня будзе нiколi, тут i скончыцца ягонае жыцьцё. Бяз жаднай надзеi.
А так хацелася лепшага, якой перамены. Толькi якой? Увогуле ён выдатна разумеў, што на спадзяванкi не было падставы, трэба было мiрыцца з найгоршым. I з тым дажываць адмераны табе Богам i судзьдзямi тэрмiн. Ды ўсё ня мог саўладаць з надзеяй. Здаецца, яна ўпарта i неадчэпна валодала iм.
Сьцяна была сьцюдзёная i цьвярдая. Спрэс шурпатыя бакi гранiту, закамянелыя ад часу наплывы вапны. Дзе-нiдзе, праўда, траплялi мякчэйшыя кавалкi, складзеныя з каменя-ракушачнiку. I толькi ў кутку, у сырым i нават вiльготным кутку ўнiзе... Час цi, можа, вiльгаць штосьцi зрабiлi нават з каменем цi з вапнавай зацьвярдзеласьцю – там, здалося яму, было трохi мякчэй. Вядома, ня так, каб можна было штось выдраць, якi кавалак. Але калi парупiцца... Мусiць, варта было паспрабаваць.
I ён спрабаваў. Сьпярша кiпцямi, ды хутка пазламваў iх на абедзьвюх руках. Тады голымi пальцамi. Пальцамi, вядома, ня шмат дамогся, ды ўсё ж...
У яго зьявiлася надзея, быццам нават цьмяная мэта жыцьця. Ён пачаў менш успамiнаць былое, нават меней гаротна думаць. Толькi чакаў, як крокi наглядчыка трохi прыцiхалi за дзьвярыма, тады кiдаўся ў кут, сядаў на кукiшкi i дзёр, калупаў, драпаў. Ён амаль не пазiраў туды, яму ўжо ня трэба было сьвятло, пальцы яго ведалi ўсе драбнiцы каменя, увогуле надта цьвярдога, якога, здаецца, ня бралi нiякiя ягоныя высiлкi. Але на ражку, у самым кутку быццам было зручней – мякчэй, цi што. Менавiта там i сышлiся цяпер усе ягоныя назапашаныя за гады воля i надзея.
Ён спаў у суткi, можа, якiх пару гадзiн перад пабудкай – скорчыўшыся на трантах пад сушэйшай сьцяной, неяк забываўся, пакуль здалёку не далятаў гук гонга – сыгнал уставаць. Чакаў сьняданку, мiскi чачавiчнага сёрбава, якое зьядаў за хвiлiну. Астатнi час удзень i ўначы бавiў у куце – бы шашаль у дрэве, тачыў камень. Ражок каменя ўжо яўна вызначыўся на каменным рэльефе, мабыць, яго можна будзе паспрабаваць выдзерцi першым. А там мо зьявiцца i дзiрка. Цi хоць бы патанее сьцяна. Хоць бы каб маленькая дзiрачка, ён бы, здаецца, пралез. Як было ў дзяцiнстве, калi яны, падшыванцы, лазiлi цераз агароджу ў суседзкi сад. Старэйшыя яго пасылалi першым, бо быў ён самы худзенькi-маленькi рухавы жэўжык, якi пралазiў усюды, дзе толькi можна было пралезьцi. I дзе не было нiякай магчымасьцi – таксама. Ведаў з таго часу калi пралазiла галава, магло пралезьцi i ўсё цела. Такi быў жэўжык. Пакуль не падрос i не заняўся палiтыкай. У палiтыцы было iнакш. Часам ня мог пралезьцi нiхто. Не пралез i ён. Таму i папаўся.
Ён не лiчыў дзён i ня ведаў, колькi мiнула iх, як ён улёг у сваю бясконцую працу. Час для яго чаргаваўся пабудкай, ядой – двойчы на суткi, крокамi наглядчыка за дзьвярыма – туды i назад. Як зьявiлася мэта, узьнiкла нецярпеньне. Часам яно так жахлiва ўзгаралася, што ён палохаўся. Ведаў, так нельга. Калi што i выйдзе, дык дужа няхутка, празь нялёгкае пераадоленьне каменя i часу. Для таго патрэбныя днi, месяцы, а то й гады. Трэба было запасьцiся вялiкiм трываньнем, уменьнем скараць час. I ён запасаўся. Прывучаў сябе да павольнасьцi, мэтадычнасьцi, непасьпешнасьцi. Трудна было да таго прызвычаiцца, засвоiць тую нетаропкасьць, д'ябальскую вытрымку, зрабiць яе другой уласнай натурай. Але ён стараўся, бо без таго ня стала б надзеi. Нецярпеньне нiшчыла надзею, гэта ён ведаў пэўна. Надзея ж часам то зусiм замiрала, то ўзгаралася да нясьцерпнасьцi. Неяк, калупаючы ўсё за ражком каменя, ён пачуў па той бок сьцяны нейкiя адзнакi жыцьця: быццам пiск птушаняцi. Нутраным зрокам ён ужо ўбачыў там птушынае гнязьдзечка – недзе паблiзу, у зарасьнiку цярноўнiка, маленькiя жаўтаротыя птушаняты, i тое здалося яму дужа добрым знакам. Нецярпеньне ахапiла яго да роспачы. Спатрэбiлася сьцюдзёная лёгiка развагi, каб астудзiць яе. Той пiск мог быць зусiм не птушыны, а мышыны, напрыклад. Значыць, там магла быць нара з агiднымi турэмнымi пацукамi. Але й нара, мусiць, вяла кудысьцi з муру. Можа, таксама на волю.
Аднойчы на зыходзе глухой начы, якую ён перабыў амаль бяз сну, усё калупаючы ў сваiм змрочным кутку, адчуў, што той вугалок-аскялёпак нiбыта кратаецца пад ягонымi пальцамi. Ня надта каб дужа, але ягоныя чуйныя пальцы ўсё ж запрыкмецiлi невялiкi рух – унiз i ўгару. Тое надало яму незвычайнага iмпэту. Ён напяўся, iрвануў, але тут жа i астудзiў сябе: сёньня ня трэба. Сёньня хай будзе ўсё, як было. Мабыць, выдзерцi той аскялёпак трэба на пачатку ночы, а не ў канцы. Усё ж напачатку куды болей часу i болей магчымасьцi. Зноў жа ўранку звычайна прыходзяць наглядчыкi.
Перад прыходам наглядчыкаў ён турбаваўся, каб тыя чаго не заўважылi на ягоным твары-якога ажыўленьня, сьледу надзеi. Хоць у камэры было змрочна, але ён ведаў: штосьцi магло адбiцца ў выразе яго аброслага шчэцьцю твару, у якi яны кожнага разу пранiклiва ўзiралiся. Зь цiкавасьцi цi з абавязку свае турэмнае службы. I ён намагаўся зрабiць той выраз як мага спакайнейшым, засяроджаным на чымсьцi ўнутраным, сонным, замкнёным ад зьнешняга позiрку. Невядома, як тое яму ўдалося, але, здаецца, наглядчыкi пакуль што нiчога не заўважалi. Тое ўжо было немалой удачай. Але ўдач цяпер яму трэба было шмат, ён прагнуў удач. I найперш у тым сырым куце.
I праўда, лёс да яго, мусiць, паставiўся мiласэрна. Неўзабаве ён выдраў каменны аскялёпак – вузкi, з вострымi бакамi, за якiм, аднак, нiчога яму не адкрылася. Далей скрозь быў цьвярды, шурпаты, сьцюдзёны камень. Але тым аскялёпкам усё ж можна было дзейнiчаць, нiбы iнструмэнтам, тачыць iм памiж камянёў. I ён пачаў тачыць, адломваць, шараваць камень аб камень. Бiць ён ня мог, трэба было як мага пазьбягаць кожнага гуку, каб нiчога ня ўчулi нi за дзьвярыма, нi там, за сьцяной. Ён па-ранейшаму ня ведаў, што яго там чакае воля цi, можа, новая турма. Але надзея ўпарта малявала яму пэўныя пэрспэктывы волi: горад, спатканьне зь сябрамi i зь ёй... Яму б толькi адолець гэты каменны мур.
I ён калупаў – цiхенька, з асьцярогай, увесь час чуйна прыслухоўваючыся да шолахоў-гукаў за дзьвярыма. Раз-пораз падхоплiваўся ды кiдаўся на свае транты ў другiм кутку. Але ўначы тое здаралася рэдка, уначы да яго празь дзьверы амаль не зазiралi, болей глядзелi зьвечара. Пад ранiцу наглядчыкi таксама, мусiць, стамлялiся, хадзiлi радзей i павальней. Аднойчы ён сьцямiў, што варта пасунуць пасьцелю блiжэй у кут, каб рабiць сваю справу лежачы, так было б больш непрыкметна. Але як было тое зрабiць? Усё ж, калi пасунуцца з пасьцеляй на мэтр, яны адразу заўважаць. А калi памалу, па колькi дзюймаў за дзень? I ён пасунуўся. Сьпярша на тры дзюймы, пасьля на пяць. I яшчэ. Кожны раз, калi прыходзiлi наглядчыкi, ён няўзнак i пiльна назiраў за iхнымi позiркамi – цi не заўважылi яны? Не, пакуль быццам нiчога. Цi, можа, гэтак умелi схаваць свае падазрэньнi? Але тое было б жахлiва, каб заўважылi i чакалi, маючы намер злавiць у самы апошнi момант. Схапiць ззаду за ногi, калi ён iрванецца на волю.
У канцы лета ён ужо прасунуўся з трантамi ў кут амаль ушчыльную. Пра тое, што скончылася лета, ён меркаваў па вопратцы наглядчыкаў, якiя апранулiся ў цяплейшае. Часам некаторыя прыходзiлi, мусiць, знадворку, ад iх веяла восеньскай сьвежасьцю, з кроплямi дажджу на плячах унiформы. У камэры ж заўжды стаяла аднолькавая тэмпэратура – халаднаватая для лета i цеплаватая для зiмы. Нiякага ацяпленьня тут не было.
Яшчэ празь нейкi час ён пратачыў мiж камянёў вузкую шчылiну, у якую пралазiлi чатыры пальцы ягонай рукi. Там сапраўды аказаўся лёх цi, можа, мышыная нара – вузкая i, здаецца, глыбокая. Ён ссыпаў туды ўсе наточаныя за ноч крошкi ад сьцяны, i яны зьнiклi там, не пакiнуўшы сьледу. Дзiрку пад ранак, перад пабудкай, акуратна закладваў каменным аскялёпкам – той добра клаўся на сваё ранейшае месца, i нават зблiзку нiчога падазронага нельга было заўважыць.
Яшчэ дужа баючыся паверыць у сваю ўдачу, ён усё ж страцiў частку свае насьцярогi i ледзьве не загубiў усю справу. Сталася тое празь ягоныя рукi. Неяк прынесшы ежу – мiску чачавiчнага сёрбава, наглядчык, немалады, з хваравiтым тварам мужчына, спынiў позiрк на ягоных руках. Ён таксама заўважыў тое, але рук схаваць не пасьпеў – у абедзьвюх была ягоная мiска. "Што, будаўнiк?" – папытаўся наглядчык i кiўнуў на ягоныя рукi. Будаўнiк, – як мага спакайней адказаў ён, хоць у ягонай душы ўсё напялася ад раптоўнага страху: няўжо здагадаўся? Але не, здаецца, не здагадаўся, бо сказаў быццам са спачуваньнем нават: i я рабiў мулярам. Пасьля ўжо, застаўшыся на адзiноце, ён уважлiва дасьледаваў свае агрубелыя, у цьвярдых мазалях рукi. Нiколi яны ў яго не былi такiя, фiзычнай працай на волi ён амаль не займаўся. Будаўнiком стаў тут, у гэтай камэры. Толькi не будаваў – бурыў старадаўнi каменны мур; мабыць, тое было цяжэй, чым будаваць. Але дзеля волi на што ня пойдеш? Тое можна зразумець, толькi назаўжды страцiўшы яе, волю.
Мусiць, было б лепш, калi б ён загiнуў, памёр, каб яго пахавалi сябры па барацьбе, i яна, паплакаўшы, пахавала б разам зь iм i сваё да яго каханьне. Так было б лепей, але так ня стала. Сталася горш, i тое душыла сваёй няпэўнасьцю, несканчонасьцю, недагаворанасьцю. У той восенскi вечар яны рассталiся, як меркавалi, на пару гадзiн, апоўначы ён абяцаў вярнуцца ў яе сьвяцёлку на паддашшы акрай гарадзкога парку. I яна, памятае, нават не зьбiралася класьцiся спаць, сказала: буду чакаць. I не разьвiталася як мае быць, толькi трошкi прыгарнулася да яго i расчынiла палавiну дзьвярэй – iдзi! Ён i пайшоў. Ён сьпяшаўся, бо iсьцi было на край гораду, а часу бракавала, i ён спазьняўся. Каб ведаць, куды сьпяшаўся! Думаў, па справе iх сьвятой барацьбы, да сябра, а там чакала яго самая чорная здрада. I ён не пасьпеў падаць каханцы хоць якi-небудзь знак, так нечакана абрынулася на яго бяда. I зьнiк назаўжды. Можна было падумаць: уцёк. Ад сяброў, ад яе, з гораду наогул. Ды яшчэ падумаць, што здрадзiў. Можа, усё тое зрабiлi iхныя ворагi, каб сябры i яна думалi, што ён прадажнiк. I цяпер замест каханьня яна яго ненавiдзiць. Хiба ж можна кахаць здрайцу? А яшчэ ён не сказаў ёй самага галоўнага слова усё думаў, зьбiраўся, ды адкладваў. То не было зручнага моманту, то здатнага для таго часу. Думаў: пасьля.
Не, яму вельмi патрэбна апынуцца на волi.
Усе гады, праведзеныя ў адзiночках ды ў агульных камэрах, ён i ня марыў калi-небудзь дачакацца волi. Вядома, можна было чакаць амнiстыi, часу, калi сканае дыктатар. Але дыктатары ў гэтай краiне памiралi нячаста, бо мелi жалезнае здароўе, як i наогул усе дыктатары. Хутчэй памрэ ён, ягонае здароўе нiколi не было надта моцнае. На волi, праўда, неяк лiпеў, падахвочаны барацьбой за вялiкую iдэю. Тут жа ён падупаў i часта кашляў, балела ў грудзях. Але як зьявiлася гэтая надзея, ён адчуў сябе лепш, быццам набыў другое дыханьне, i кашляў толькi лежачы на трантах, як калупаўся ў кутку, нават не кашлянуў нi разу. Ня мог таго дазволiць сабе.
Аднойчы глыбокай ноччу, як пратупалi за дзьвярыма i сьцiхлi крокi наглядчыка, ён намацаў у нары штось новае. Новы край каменя, ражок, за якi можна было ўхапiцца. Пакуль што аднаруч, але, калi яшчэ папацець, дык можна i аберуч. Тое адкрыцьцё яго надта ўзрушыла. Гэта быў плён, новыя магчымасьцi, узрастаньне надзеi, наблiжэньне жаданай мэты.
Але, мусiць, ня трэба было сьпяшацца. Хутка выдраць той камень наўрад цi ўдасца, на тое ў яго проста не хапала сiлы. Сьпярша трэба было абкрышыць, пашырыць шчылiну, можа, раскалупаць побач другую. Усё ж, мусiць, ён перабольшыў свае магчымасьцi, пачаў дужа пацець i, натуральна, стамляцца. Асаблiва пад ранак. Ды яшчэ бадай што бяз сну. Якiх дзьве гадзiны зьвечара цi перад пабудкай, мабыць, было замала, каб адысьцi ад стомы, аднавiць сiлы. Сваю мiску чачавiчнага сёрбава ён зьядаў усю, але таго было цяпер мала. Неяк папрасiў дабаўкi, ды на яго толькi зьдзiўлена глянулi: чаго гэта ён раптам? I ён змоўк. Мусiў абысьцiся тым, што давалi.
З тае хвiлiны, як ён намацаў край каменя, часьцей стаў думаць пра яе. Яе мiлы воблiк паўставаў перад iм у куце, як ён калупаў, шкрэб, тузаў. Зьяўляўся ў кароткiм сьне. I заўжды кепска – сумна i гаротна. Нiколi – весела, гульлiва, як нярэдка было наяве, асаблiва калi яны заставалiся ўдваiх на яе паддашку. За сьценамi шумеў дрэвамi вецер, у вокны пазiралi вузлаватыя сукi клёнаў, а iм так хораша было ўдваiх. Нават бяз словаў. З маўклiвым клопатам адзiн пра аднаго i аб iх агульнай i сьвятой справе.
Цяпер яму б толькi сказаць, што ён кахае яе i ён – ня здраднiк. Ён ахвяра, i няхай яна тое ведае. Каб усё папраўдзе. Каб яна ня думала пра яго iнакш – iнакш ён не заслугоўвае. Каб ён ведаў, як тое можа абярнуцца, ён быў бы тады iнакшы. Быў бы ў сто разоў лепшы. Сьмялейшы. Разумнейшы. I кожны дзень, калi яны былi разам, гаварыў бы ёй, што кахае. Як нiкога – нiколi. Калi б тое ведаў. Але ж ня ведаў i не сказаў. I яго дужа гняло несказанае слова.
I цяпер гэтая надзея...
Пакуль што, аднак, усё iшло няблага. Падобна, турэмшчыкi нiчога не заўважылi i нi пра што не здагадвалiся. З воглага заўсёды кутка дужа веяла сьцюжай, камянi сталi халодныя, нават мерзьлi рукi. Тое, аднак, дало падставу адчуць, што засталося няшмат. Некалькi апошнiх камянёў, а там – воля. Аднойчы ўдзень, лежачы на сваiх трантах, ён пачуў галасы – гэта адтуль, з-за сьцяны. Гаварылi дзесьцi паблiзу ад ягонага кутка, словаў нельга было разабраць, але то былi людзi з волi. Значыць, воля была дужа блiзка. Менавiта ў такi час ён стрываў немалую трывогу, што пачалася з ранку. За дзьвярыма ўсчаўся крык, здаецца, кагосьцi там бiлi. Пасьля крык стаў глушэйшы, перайшоў у камэру, цi што? Ён сядзеў, слухаў i, сьцiнаючы сэрца, чакаў. Думаў, што тое нейкiм чынам можа тычыцца i яго. I праўда, неўзабаве ягоныя дзьверы шырока расчынiлiся, уварвалася цэлая зграя турэмшчыкаў, з лаянкай выпхнулi яго ў калiдор – пачалi шманаць. Перавярнулi ягоныя транты, абмацалi сьцены. Ён нiбы абмёр ад кепскага прадчуваньня, здалося, што яны нешта ведаюць. Магчыма, ён аж пабялеў з твару i спалохаўся, што тое заўважаць. Быццам, аднак, не заўважылi – вымелiся, папярэдне пiхнуўшы яго на скамячаныя растрэсеныя транты. Тую ноч ён не калупаў у куце, болей чакаў i слухаў. Нешта неспакойная выдалася ноч
– ледзьве не да ранку хадзiлi й бегалi за дзьвярыма турэмшчыкi, зноў чулiся крыкi, лаянка, грозныя каманды. Але пад ранак усё быццам пацiшэла i зусiм ацiхла. Ён трохi задрамаў перад пабудкай.
Наступныя суткi былi спакайнейшыя, i ён, бы згаладнелы да ежы, улёг у сваю справу. Ён стараўся браць углыб, у самую тоўшчу сьцяны, не калупаючы яе ўшыркi. Калi б ухапiцца глыбей, ды яшчэ аберуч, каб ужо выдзерцi, выкацiць вялiкi камень, утварылася б нара-лёх. Каб толькi якая адтулiна. Ужо б ён прашчамiўся.
Што-колечы ён накалупаў, але стала невядома, куды падзяваць той каменны друз. Пакiнуць у куце было нельга, тое б адразу заўважылi. Разы два ён высыпаў у парашу, якую выносiлi зьняволеныя пад наглядам турэмшчыкаў. Але й тое было рызыкова. Хiба зьядаць? Пакуль што ён сыпаў друз у чаравiкi, што стаялi збоч каля дзьвярэй. Быццам навiдавоку, але змрок не даваў згледзець, што ў iх. Сам быў босы. Быццам у абутку яму было горача.
Ранкам аднаго дня, яшчэ да сьняданку, зiрнуўшы ў свой кут, ён ледзьве ня страцiў прытомнасьць: у змроку цьмяна сьвiцiлася вузенькая кароткая шчылiнка. Бы сьветлая стрэмка на глухой чарнаце сьцяны. Баючыся, што тое заўважаць наглядчыкi, ён кiнуў туды сваю турэмную куртку, неяк захiнуў сьветлую стрэмку. Турэмшчыкi, i праўда, не заўважылi, але ён падумаў, што годзе! Трэба як найхутчэй iрваць кiпцi. Iначай усё прападзе.
Наступнаю ноччу ён дамогся новага посьпеху – так пашырыў шчылiну, што мог прасунуць у яе абедзьве рукi, неяк узяцца за бок каменя. Належала яго рваць на сябе, але цi вырвецца? Цi стане ў яго столькi сiлы? Усё ж сiлы, мабыць, было малавата. Тады ён пачаў варушыць камень – цягнуць i пiхаць яго з боку ў бок, зьверху ўнiз. Тое адабрала нямала часу, але дало большы вынiк, – здаецца, ён перамагаў каменную пароду. Зь яго слабымi чалавечымi сiламi i яго магутнаю прагай волi.
Нарэшце ён выдзер гэты камень, хоць у самога паплылi ад натугi каляровыя кругi ўваччу, захлыналася дыханьне. У сьцяне быў вузкi i глыбокi лаз, зь якога патыхнула сьцюжай i змрокам бязьмесячнай ночы. Але, мусiць, у яго не засталося часу. Да ранку былi лiчаныя хвiлiны – ён адчуваў, што не пасьпее. I ў апошнiя хвiлiны можа здарыцца бяда.
Зь вялiкаю асьцярогай ён ускацiў камень на ранейшае месца, доўга круцiў яго, пакуль уладкаваў дакладана туды, дзе ён заўсёды ляжаў. Неяк затулiў трантамi шчылiны. Здаецца, i зблiзку нiчога не было вiдаць. Але калi ня ўчыняць шмон. Калi будзе шмон, усё прапала.
Той дзень ён пачуваўся бы на iголках. То сядзеў, то ўскокваў, хадзiў сюды-туды па апрыклай камэры. Наглядчык, што прынёс яму сёрбава, быў у воглым шынялi i змакрэлых ботах, значыцца, там, на волi, iшлi дажджы. Здаецца, настала восень. I яго ня выкрылi. Ужо гэта была ўдача – нечуваная, небывалая. Жахлiва, калi ўсё сарвецца у апошнi час. У апошнiя хвiлiны. Яму б толькi дачакацца начы...
Але настала i ноч. Турэмшчыкi паводзiлi сябе, як заўжды: прынесьлi вячэру, зьмянiлi парашу. Нi ў iхных паводзiнах, нi ў позiрках, здаецца, не было нiчога, што выклiкала б у яго трывогу. Ужо ён бы заўважыў. Ягоны позiрк i слых сталi цяпер, бы напятыя струны, бы лазэрны прамень – ён заўважаў усё. Надта шмат цяпер залежала не ад яго – ад iншых. I ён настроiўся на iншых – на ягоных турэмшчыкаў. Што залежала ад яго, ён зрабiў усё. Нават болей, чым спадзяваўся.
Ён хваляваўся. Увечары ня здолеў зьесьцi сваю пайку хлеба (ня лезла ў горла) i ня ведаў, куды яе схаваць. Нязьедзеная, яна магла выклiкаць падазрэньне i выдаць яго. Сунуў у гамашы, да паловы засыпаныя друзам. А сам ужо прызвычаiўся босы. Як босаму будзе там, на волi, не хацелася думаць. Галоўнае, каб вырвацца на тую волю. Як добра ўцямнела i за сьцяной ацiхлi ўсе шолахi-шумы, стаў на каленi i перахрысьцiўся. Канечне, ён быў ня надта рэлiгiйны, але ж... Мусiць, для надта вялiкае мэты здатныя ўсе сродкi – i д'яблавы, i Богавы. Абы памаглi. Трохi адкацiў убок камень, згорбiўся, нагнуўся – галава пакуль што лезла. Дужа абдзёр вуха, садраў скуру на лобе, але прашчамiцца целам было трудней. Галоўнае, не пралазiла плячо i зь iм рука, як ён нi выкручваў яе ў гэтым каменным лёху. Тузаўся так i сяк, аж спалохаўся, што зусiм зашчамiўся, бо ня мог ужо выдзерцiся i назад. Але ўсё ж, неяк намогшыся, прашчамiў руку з галавой, мабыць, да крывi абдзёршыся пад кашуляй. Горш, аднак, што i далей ня стала лягчэй. Ён ужо адчуваў, што прасунуцца назад цi наперад у яго проста не стае сiлы. Нейкi час ён ляжаў так, зашчэмлены ў камянiцы, i ня рухаўся. I тады выразна адчуў, што прападзе. Калi ня знойдзе ў сабе сiлы на апошнi рывок. Яго ахапiў спалох. Але спалох, мусiць, i надаў сiлы, прымусiў iрвануцца. За штосьцi ён учапiўся рукой наперадзе i трохi пасунуўся. Затым зноў напяўся i яшчэ пасунуўся. I яшчэ. I ўрэшце па грудзi выдзерся з каменага лёху, далей стала лягчэй. I ён апынуўся пад сьцяной знадворку, на мокрым, сьцюдзёным бруку з дробнаю траўкай мiж камянёў.