355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Редьярд Джозеф Киплинг » Маўглi (на белорусском языке) » Текст книги (страница 9)
Маўглi (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 8 октября 2016, 11:27

Текст книги "Маўглi (на белорусском языке)"


Автор книги: Редьярд Джозеф Киплинг


Жанр:

   

Прочая проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 9 (всего у книги 10 страниц)

– Вось гэтыя, – прашаптаў Маўглi. – Тут Месца Смерцi. Хадзем адсюль.

– Не, глядзi як след, таму што яны спяць... Тут усё гэтак жа, як было, калi я быў не даўжэйшы за тваю руку.

Патрэсканыя ад часу i непагадзi скалы ў цяснiне Вайнгангi ад самага пачатку джунгляў былi жыллём Маленькага Народа Скалаў – клапатлiвых, сярдзiтых чорных дзiкiх пчол Iндыi, i, як добра ведаў Маўглi, усе сцяжынкi зварочвалi ўбок за паўмiлi ад iх уладанняў. Шмат стагоддзяў Маленькi Народ меў тут прытулак i раiўся тут, перасяляўся з расколiны ў расколiну i зноў раiўся, пакiдаючы на белым мармуры плямы ад старога мёду, лепячы свае чорныя соты ўсё вышэй i глыбей у цемры пячор. Нi чалавек, нi звер, нi вада, нi агонь нi разу не асмелiлiся iх закрануць. Абапал ракi цяснiна на ўсю даўжыню была нiбы завешана мiгатлiвым чорным аксамiтам, i Маўглi скалануўся, калi ўзняў вочы, бо над iм вiселi, счапiўшыся, мiльёны пчол, якiя цяпер спалi. Там былi яшча глыбы i гiрлянды i нешта падобнае на гнiлыя пнi, што ляпiлiся да скалаў. Гэта былi старыя соты мiнулых гадоў або новыя гарады, пабудаваныя ў зацiшку схаванай ад ветру цяснiны. Цэлыя горы губкавых гнiлых адкiдаў скацiлiся ўнiз i заселi памiж дрэвамi i лiянамi, якiмi зараслi скалы. Прыслухаўшыся, Маўглi не раз лавiў вухам шоргат i гук падзення поўных мёду сотаў, што зрывалiся ўнiз дзе-небудзь у цёмнай галерэi, потым – сярдзiтае гудзенне крыльцаў i змрочнае "кап-кап-кап" мёду, што пералiваўся цераз край i густымi кроплямi павольна падаў на галiны.

На адным беразе ракi была маленькая пясчаная водмель не шырэй за пяць футаў, i на ёй грувасцiлiся горы смецця, што назбiралася за сотнi гадоў. Там ляжалi мёртвыя пчолы, адкiды, старыя соты, крыльцы матылькоў i жукоў, што паквапiлiся красцi мёд. Усё гэта зляжалася ў роўныя груды найтанчэйшага чорнага пылу. Аднаго вострага паху было дастаткова, каб адпудзiць кожнага, хто не мог лятаць i ведаў, што такое Маленькi Народ.

Каа плыў уверх па рацэ, пакуль не дабраўся да пясчанай водмелi каля ўвахода ў цяснiну.

– Вось здабыча гэтага года, – сказаў ён. – Глядзi!

На пяску ляжалi шкiлеты двух маладых аленяў i буйвала.

Маўглi бачыў, што нi воўк, нi шакал не кранулi касцей, якiя агалiлiся самi сабою, ад часу.

– Яны перайшлi мяжу, яны не ведалi, – прашаптаў Маўглi, – i Маленькi Народ забiў iх. Хадзем адсюль, пакуль пчолы не прачнулiся!

– Яны не прачнуцца да свiтанку, – сказаў Каа. – Цяпер я табе раскажу. Многа-многа дажджоў назад загнаны алень забег сюды з поўдня. Ён не ведаў джунгляў, а за iм па пятах гналася Чарада. Нiчога не бачачы ад страху, алень скокнуў з вышынi. Сонца стаяла высока, i пчол было вельмi многа, i вельмi злосных. I ў Чарадзе таксама было шмат такiх, якiя скочылi ў Вайнгангу, але ўсе яны памерлi, яшчэ не даляцеўшы да вады. Тыя, што не скочылi, таксама памерлi ў скалах наверсе. Але алень застаўся жывы.

– Чаму?

– Таму што ён бег наперадзе, скокнуў раней, чым Маленькi Народ пачуў яго, i быў ужо ў рацэ, калi яны сабралiся джалiць. А Чараду, што гналася за iм, усю чыста абляпiлi пчолы, якiх спудзiў тупат аленя.

– Той алень застаўся жывы? – у роздуме паўтарыў Маўглi.

– Прынамсi, ён не памёр тады, хоць нiхто не чакаў яго ўнiзе, гатовы падтрымаць на вадзе, як будзе чакаць чалавечка адзiн стары тоўсты, глухi, жоўты пляскатагаловы ўдаў – так-так, хоць бы за iм гналiся сабакi ўсяго Дэкана! Што ты на гэта скажаш?

Галава Каа ляжала на мокрым плячы хлопчыка, а яго язык трымцеў каля вуха Маўглi. Маўчанне цягнулася доўга, потым Маўглi прашаптаў:

– Гэта называецца тузаць Смерць за вусы, але... Каа, ты i праўда сама мудры ў джунглях.

– Так гаварыў шмат хто. Глядзi ж, калi сабакi пагоняцца за табою...

– А яны, вядома, пагоняцца! Хо-хо! У мяне пад языком назбiралася шмат калючак, знойдзецца што ўваткнуць iм у шкуру!

– Калi сабакi пагоняцца за табою, нi на што не зважаючы, гледзячы толькi на твае плечы, яны кiнуцца ў ваду або тут, або нiжэй, бо Маленькi Народ прачнецца i пагонiцца за iмi. А Вайнганга прагная рака, i ў iх не будзе Каа, каб утрымаць iх на вадзе, таму тых, хто застанецца жывы, панясе ўнiз, да водмеляў каля Сiянiйскiх Пячораў, i там твая Чарада можа схапiць iх за горла.

– О-о! Лепей i быць не можа, хiба толькi калi дажджы выпадаюць у сухмень. Цяпер застаюцца адны дробязi: прабег i скачок. Я зраблю так, што сабакi мяне пазнаюць i пабягуць за мною па пятах.

– А ты агледзеў скалы наверсе, з боку берага?

– I праўда, не агледзеў. Пра гэта я забыўся.

– Iдзi паглядзi. Там кепская зямля, уся няроўная, на ямах. Ступiш хоць раз сваёй нязграбнай нагой не гледзячы – i канец паляванню. Бачыш, я пакiдаю цябе тут i толькi дзеля цябе перадам вестачку тваёй Чарадзе, каб ведалi, дзе шукаць сабак. Мне твае ваўкi не радня.

Калi Каа не падабаўся хто-небудзь, ён бываў няветлiвы, як нiхто ў джунглях, за выключэннем, можа, Багiры. Ён паплыў унiз па рацэ i насупраць Скалы Рады ўбачыў Пхао i Акелу, якiя ўслухоўвалiся ў начныя гукi.

– Кшш, ваўкi! – весела аклiкнуў ён iх. – Рудыя сабакi паплывуць унiз па рацэ. Калi не баiцеся, можаце забiваць iх па водмелях.

– Калi яны паплывуць? – спытаў Пхао.

– А дзе маё дзiцяня? – спытаў Акела.

– Паплывуць, калi надумаюцца, – сказаў Каа. – Пачакайце i ўбачыце. А тваё дзiцяня, з якога ты ўзяў Слова i тым самым асудзiў яго на Смерць, тваё дзiцяня са мною, i калi яно яшчэ жывое, дык ты ў гэтым не вiнаваты, сiвы сабака! Чакай сваiх ворагаў тут i радуйся, што мы з дзiцянём на тваiм баку!

Каа зноў памчаўся стралой па рацэ i спынiўся на сярэдзiне цяснiны, пазiраючы ўгору на лiнiю скал. Неўзабаве ён убачыў, як на зорным небе паказалася галава Маўглi; потым у паветры штосьцi прашумела, i, падаючы нагамi ўперад, Маўглi шуснуў у ваду. Праз iмгненне ён ужо адпачываў у зручнай пятлi, падстаўленай Каа.

– Якi гэта скачок уночы! – абыякава сказаў Маўглi. – Я скакаў у два разы далей дзеля пацехi. Толькi вось наверсе кепскае месца: нiзкiя кусты i глыбокiя яры, i ўсё гэта бiтком набiта Маленькiм Народам. Я нагрувасцiў вялiкiя камянi адзiн на другi па краях трох яроў. Я спiхну iх нагою ўнiз, як буду бегчы, i Маленькi Народ, узлаваўшыся, узнiмецца ззаду ў мяне.

– Гэта чалавечая хiтрасць, – сказаў Каа. – Ты мудры, але Маленькi Народ i так заўсёды злуецца.

– Не, на змярканнi ўсё крылатае засынае ненадоўга i тут i ўсюды. Я распачну гульню з сабакамi на змярканнi, бо ўдзень яны лепей бегаюць. Зараз яны гоняцца па крывавым следзе за Ванталам.

– Каршун Чыль не пакiне здохлага буйвала, а Дзiкi Сабака – крывавага следу, – сказаў Каа.

– Дык я павяду iх па новым следзе, – па iхняй жа крывi, калi ўдасца, i прымушу iх наесцiся гразi. Ты застанешся тут, Каа, пакуль я не вярнуся з маiмi сабакамi.

– Так, але што, калi яны заб'юць цябе ў джунглях або Маленькi Народ заб'е цябе раней, чым ты скочыш у раку?

– Калi я памру, – адказаў Маўглi, – тады i прыйдзе час спяваць Песню Смерцi. Добрага палявання, Каа!

Ён адпусцiў шыю ўдава i паплыў унiз па цяснiне, як плыве бервяно ў паводку, падграбаючы да далёкай водмелi i рагочучы ад радасцi. Больш за ўсё на свеце Маўглi любiў "тузаць Смерць за вусы", як гаварыў ён сам, i даваць джунглям адчуць, што ён тут гаспадар. З дапамогай Балу ён часта апаражняў пчалiныя дуплы i ведаў, што Маленькi Народ не любiць паху дзiкага часнаку. I таму ён нарваў невялiкi пучок часнаку, звязаў яго палоскай кары i пабег па крывавым следзе Ванталы, што вёў на поўдзень ад логава. Час ад часу ён пазiраў на дрэвы, схiлiўшы галаву набок, i пры гэтым пасмейваўся.

"Жабяняткам Маўглi я быў, – сказаў ён сам сабе, – Ваўчанём Маўглi я назваў сябе сам. Цяпер я павiнен зрабiцца Малпай Маўглi, перш чым стану Маўглi Аленем. А ўрэшце я стану Чалавекам Маўглi. Хо!" – I ён правёў вялiкiм пальцам па доўгiм лязе свайго нажа.

След Ванталы, вельмi прыкметны па цёмных плямах крывi, iшоў па лесе сярод тоўстых дрэў, якiя раслi тут блiзка адно ад аднаго, але на паўночны ўсход радзелi ўсё больш i больш. За дзве мiлi ад Пчалiных Скалаў лес канчаўся. Ад апошняга дрэва да нiзкiх кустоў каля Пчалiнай Цяснiны знаходзiлася адкрытае месца, дзе цяжка было б схавацца нават ваўку. Маўглi бег пад дрэвамi, прыкiдваючы на вока адлегласць ад галiны да галiны, iншы раз залазiў уверх па ствале i для пробы пераскокваў з аднаго дрэва на другое, пакуль не дабег да адкрытага месца, на агляд якога ён патрацiў цэлую гадзiну. Потым ён вярнуўся на след Ванталы, у тым жа месцы, дзе пакiнуў яго, залез на дрэва, адна з галiн якога далёка вытыркалася ўперад на вышынi футаў восем ад зямлi, павесiў пучок часнаку на развiлiну, спакойна ўсеўся i пачаў вастрыць нож аб босую падэшву.

Незадоўга да поўдня, калi сонца пачало моцна прыпякаць, Маўглi пачуў тупат ног i ўнюхаў агiдны пах сабачай чарады, якая ўпарта i бязлiтасна гналася за Ванталам.

Калi глядзець зверху, Дзiкi Сабака з Дэкана здаецца ў два разы меншы за ваўка, але Маўглi ведаў, якiя дужыя ў яго лапы i моцныя скiвiцы.

Разглядаючы вострую рудую пысу важака, якi абнюхваў след, ён крыкнуў яму:

– Добрага палявання!

Важак задзёр галаву, а яго спадарожнiкi стоўпiлiся ззаду, дзесяткi i сотнi рудых жывёлiн з падкурчанымi хвастамi, шырокiмi грудзьмi i худым азадкам. Дзiкiя сабакi звычайна вельмi маўклiвыя i няветлiвыя нават у сваiм родным Дэкане.

Пад дрэвам сабралася не менш дзвюх сотняў сабак, але Маўглi бачыў, што важакi прагна абнюхваюць след i стараюцца павесцi ўсю чараду ўперад. Гэтага нельга было дапусцiць, бо яны прыбеглi б да логаваў сярод дня, а Маўглi меў намер пратрымаць iх пад сваiм дрэвам да змяркання.

– З чыйго дазволу вы з'явiлiся сюды? – спытаў Маўглi.

– Усе джунглi – нашы джунглi, – быў адказ, i той, хто гэта сказаў, ашчэрыў белыя зубы.

Маўглi з усмешкай паглядзеў унiз, дасканала пераймаючы рэзкую траскатню Чыкаi, пацука-скакуна са стэпаў Дэкана: гэтым самым ён даваў сабакам зразумець, што лiчыць iх такiмi ж пацукамi. Чарада стоўпiлася вакол дрэва, i важак раз'юшана забрахаў, абазваўшы Маўглi малпай. Замест адказу Маўглi выставiў унiз голую нагу i паварушыў гладкiмi пальцамi якраз над галавой важака. Гэтага было дастаткова, i нават больш чым дастаткова, каб абудзiць тупую лютасць сабак. Тыя, у каго растуць валасы памiж пальцамi, не любяць, каб iм пра гэта напамiналi. Маўглi адхапiў нагу, калi важак падскочыў угору, i сказаў ласкава:

– Сабака, руды сабака! Вымятайся назад да сябе ў Дэкан есцi яшчарак. Iдзi да свайго брата Чыкаi, сабака, сабака, руды сабака! У цябе поўсць памiж пальцамi! – I ён яшчэ раз паварушыў нагою.

– Спусцiся ўнiз, пакуль мы не замарылi цябе голадам, безвалосая малпа! завыла чарада, а гэтага якраз i дамагаўся Маўглi.

Ён лёг, выцягнуўся ўздоўж сука i прытулiўся шчакою да кары, аслабанiў правую руку i хвiлiн пяць выдаваў сабакам усё, што ён пра iх ведае i думае: пра iх самiх, пра iхнiя норавы i звычаi, пра iх сябровак i шчанят.

Няма на свеце мовы больш ядавiтай i калючай, чым тая, на якой гаворыць Народ Джунгляў, калi хоча зняважыць i выказаць пагарду. Падумаўшы крыху, вы i самi зразумееце, чаму гэта так. Маўглi i сам гаварыў Каа, што ў яго назбiралася шмат калючак пад языком, i паступова, павольна, але дакладна ён давёў маўклiвых сабак да таго, што яны забурчалi, потым забрахалi, потым хрыпла завылi, ажно захлiпаючыся. Яны спрабавалi адказваць на яго кпiны, але гэта было ўсё адно, як калi б ваўчаня адказвала раз'юшанаму Каа. Увесь гэты час Маўглi трымаў правую руку сагнутай у локцi, гатовы да дзеяння, а ногi моцна сцiскалi сук. Вялiкi цёмна-руды важак шмат разоў падскакваў у паветра, але Маўглi не спяшаўся, бо баяўся прамахнуцца. Нарэшце, ад лютасцi перасягнуўшы самога сябе, важак падскочыў футаў на сем, на восем угору ад зямлi. Тады рука Маўглi ўскiнулася, як галава змяi, што жыве на дрэвах, схапiла рудога сабаку за каршэнь, i сук затросся i сагнуўся пад яго цяжарам так, што Маўглi ледзь не звалiўся на зямлю. Але ён не разняў рукi i памаленьку ўсцягнуў рудога сабаку, якi павiс, нiбы дохлы шакал, да сябе на сук. Левай рукою Маўглi дастаў нож i, адсекшы руды калматы хвост, шпурнуў важака назад на зямлю.

Толькi гэтага i хацеў Маўглi. Цяпер сабакi не пабягуць па следзе Ванталы, пакуль не прыкончаць Маўглi або пакуль Маўглi не прыкончыць iх. Ён бачыў, як сабакi паселi ў кружок, дрыгаючы сцёгнамi, што азначала намер помсцiць да смерцi, i таму забраўся на развiлiну, што знаходзiлася трохi вышэй, прыхiлiўся зручней спiной да дрэва i заснуў.

Гадзiны праз тры цi чатыры ён прачнуўся i палiчыў сабак. Усе яны былi тут, маўклiвыя, лютыя, бязлiтасныя, з раз'юшанымi вачамi. Сонца ўжо заходзiла. Праз паўгадзiны Маленькi Народ Скалаў павiнен быў закончыць дзённыя турботы, а, як вам вядома, Дзiкiя Сабакi кепска б'юцца ў змроку.

– Мне не патрэбны такiя верныя вартаўнiкi, – сказаў Маўглi, становячыся на суку, – але я гэтага не забуду. Вы сапраўдныя сабакi, толькi, як мне здаецца, занадта ж падобныя адзiн на аднаго. Вось таму я i не аддам пажыральнiку яшчарак яго хваста. Хiба ты не задаволены, руды сабака?

– Я сам выпушчу табе кiшкi! – прахрыпеў важак, кусаючы ад злосцi камель дрэва.

– Не, ты падумай, мудры пацук Дэкана: цяпер народзiцца многа куртатых рудых шчанят з чырвоным абрубкам замест хваста. Iдзi дадому, рыжы сабака, i крычы ўсюды, што гэта зрабiла малпа. Не хочаш? Тады хадзем са мною, i я навучу цябе розуму!

Ён пераскочыў, як малпа, на суседняе дрэва, i потым зноў на суседняе, i зноў, i зноў, а чарада бегла за iм, задзёршы прагныя пысы. Час ад часу ён рабiў выгляд, нiбыта падае, i сабакi натыкалiся адзiн на аднаго, спяшаючыся прыкончыць яго. Гэта было дзiўнае вiдовiшча – хлопчык з нажом, якi паблiскваў у промнях захаду, што пранiкалi мiж верхнiх галiн, а ўнiзе – маўклiвая чарада рудых, нiбы ахопленых агнём, сабак. Перабраўшыся на апошняе дрэва, Маўглi ўзяў часнок i як след нацёрся iм з галавы да пят, а сабакi пагардлiва загарланiлi:

– Малпа з воўчай моваю, цi не думаеш ты ўжо замесцi свой след? Усё адно мы будзем гнаць цябе да смерцi!

– Вазьмi свой хвост, – сказаў Маўглi i шпурнуў абрубак у бок, процiлеглы таму, куды ён збiраўся бегчы.

Чарада адскочыла, пачуўшы пах крывi.

– А цяпер бяжыце за мною – да смерцi!

Ён саслiзнуў з дрэва i як вiхор памчаўся да Пчалiных Скалаў, перш чым сабакi зразумелi, што ён збiраецца рабiць.

Яны глуха завылi i кiнулiся бегчы нязграбнай, размашыстай рыссю, якая можа ўрэшце даканаць каго хочаш. Маўглi ведаў, што чарада сабак бяжыць куды больш павольна, чым воўчая чарада, iнакш ён нiколi б не адважыўся на двухмiльны прабег на вачах у сабак. Яны былi ўпэўнены, што хлопчык урэшце дастанецца iм, а ён быў упэўнены, што можа забаўляцца з iмi, як хоча. Уся задача заключалася ў тым, каб трымаць чараду дастаткова блiзка ззаду сябе i не даць ёй звярнуць убок раней часу. Ён бег спрытна, роўна i пругка, а за iм, менш чым за пяць крокаў, – куртаты важак. Уся ж чарада расцягнулася больш як на чвэрць мiлi, страцiўшы розум i аслепшы ад прагi крывi. Маўглi правяраў адлегласць на слых i зберагаў сiлы напаследак, каб прамчацца па Пчалiных Скалах.

Маленькi Народ заснуў на самым змярканнi, бо начныя кветкi ўжо не цвiлi, але як толькi першыя крокi Маўглi затупацелi па гулкiм грунце, ён пачуў такi шум, быццам пад iм загула ўся зямля. Тады ён пабег, як нiколi ў жыццi не бегаў, па дарозе спiхнуўшы нагой адну, другую, трэцюю кучкi камянёў у цёмныя, з салодкiм пахам цяснiны, пачуў гул, падобны на гул мора пад скляпеннем пячоры, убачыў краем вока, што паветра за iм пачарнела, убачыў плынь Вайнгангi далёка ўнiзе i пляскатую трохвугольную галаву ў вадзе, скочыў уперад з усяе сiлы i ўпаў у ваду-ратаўнiцу, задыхаючыся i святкуючы перамогу. Нiводнага пчалiнага ўкусу не было на яго целе, бо часнок адпудзiў Маленькi Народ на тыя некалькi секунд, калi Маўглi iмчаўся па скалах.

Калi Маўглi вынырнуў, яго падтрымлiваў Каа, а з выступу скалы падалi ў раку, як гiры, вялiкiя глыбы, аблепленыя пчоламi, i як толькi глыба дакраналася да вады, пчолы ўзляталi ўгору, а труп сабакi, кружачыся, плыў унiз па цячэннi. Над скаламi раз-пораз чуўся раз'юшаны брэх, якi патанаў у гуле, падобным на гром, у гудзе крыльцаў Маленькага Народа Скалаў. Некаторыя сабакi звалiлiся ў яры, якiя злучалiся з падземнымi пячорамi, i там задыхалiся, бiлiся, ляскалi зубамi сярод абваленых сотаў i, нарэшце, ледзь жывыя, аблепленыя раямi пчол, выбягалi з якога-небудзь ходу да ракi, каб скацiцца ўнiз, на чорныя груды смецця. Некаторыя ўпалi на дрэвы, што раслi на скалах, i пчолы абляпiлi iх усiх чыста; але большасць, ашалеўшы ад пчалiных укусаў, кiдалiся ў ваду, а Вайнганга, як сказаў Каа, была прагная рака.

Каа моцна трымаў Маўглi, пакуль хлопчык не аддыхаўся.

– Нам нельга заставацца тут, – сказаў Каа. – Маленькi Народ разваяваўся не на жарты. Паплывём!

Трымаючыся глыбока ў вадзе i ныраючы як мага часцей, Маўглi паплыў унiз па цячэннi з нажом у руцэ.

Амаль палова чарады ўбачыла пастку, у якую трапiлi iх браты, крута павярнула ўбок i кiнулася ў ваду там, дзе цяснiна станавiлася шырэйшаю i пераходзiла ў крутыя берагi. Iхнi шалёны брэх i пагрозы "лясной малпе", якая давяла iх да такой ганьбы, змешвалiся з выццём i гырканнем сабак, якiх караў Маленькi Народ. Заставацца на беразе пагражала смерцю, i ўсе сабакi зразумелi гэта. Чараду зносiла па цячэннi ўсё далей i далей, да Затокi Мiру, але нават i туды сярдзiты Маленькi Народ ляцеў за сабакамi i заганяў iх у ваду.

Маўглi чуў голас бясхвостага важака, якi загадваў сваiм не адступаць i знiшчыць усiх сiянiйскiх ваўкоў.

– Хтосьцi забiвае ў цемры ззаду нас! – забрахаў адзiн з сабак. – Вада тут памутнела!

Маўглi нырнуў, кiнуўшыся ўперад, як выдра, зацягнуў сабаку пад ваду раней, чым той паспеў разявiць зяпу, i цёмныя, маслянiстыя плямы паплылi па Затоцы Мiру, калi цела сабакi, перавярнуўшыся на бок, выплыла з вады. Сабакi хацелi павярнуць назад, але плынь зносiла iх унiз. Маленькi Народ джалiў у галовы i вушы, а поклiч Сiянiйскай Чарады гучаў усё мацней i мацней у надыходзячай цемры. Маўглi зноў нырнуў, i зноў адзiн сабака пайшоў пад ваду i выплыў мёртвы, i зноў узняўся шум у тыле чарады – адны гарланiлi, што лепш выйсцi на бераг, другiя патрабавалi, каб важак вёў iх назад у Дэкан, астатнiя крычалi, каб Маўглi паказаўся iм i даў сябе забiць.

– Калi яны выходзяць бiцца, дык становяцца ў два разы больш злосныя i крыклiвыя, – сказаў Каа. – Астатняе зробяць твае браты там, унiзе. Маленькi Народ паляцеў на начлег, i я таксама пайду адсюль. Я не памагаю ваўкам.

Па беразе прабег воўк на трох нагах; ён то прытанцоўваў, то прыпадаў бокам да зямлi, то выгiнаў спiну i падскокваў футы на два ўгору, быццам забаўляўся са сваiмi ваўчанятамi. Гэта быў чужынец Вантала. Ён нi разу не вымавiў нi слова, але не спыняў свае страшныя скокi на вачах у сабак.

Сабакi доўга прабылi ў вадзе i ледзьве плылi: iхнiя шкуры намоклi i пацяжэлi, калматыя хвасты набрынялi, як губкi, а самi яны так стамiлiся i аслабелi, што моўчкi пазiралi на два палаючыя вокi, што неадступна праводзiлi iх.

– Кепскае гэта паляванне, – сказаў нарэшце адзiн з сабак.

– Добрага палявання! – сказаў Маўглi. Ён смела выскачыў з вады побач з iм i ўсадзiў доўгi нож яму пад лапатку, ды так, што сабака нават не аскiрзнуўся.

– Гэта ты, чалавек-воўк? – спытаў Вантала з берага.

– Запытайся ў мёртвых, Чужынец, – адказаў Маўглi. – Хiба яны не плывуць унiз па рацэ? Я ўволю накармiў гэтых сабак граззю, я ашукаў iх сярод белага дня, а iхнi важак застаўся без хваста, але ўсё ж i на тваю долю яшчэ хопiць. Куды iх гнаць?

– Я пачакаю, – сказаў Вантала. – Уся доўгая ноч перада мною, там паглядзiм.

Усё блiжэй i блiжэй чуўся брэх сiянiйскiх ваўкоў:

– За Чараду, за ўсю Чараду мы прымаем бой!

I нарэшце лукавiна Вайнгангi вынесла рудых сабак на пяскi i водмелi насупраць Сiянiйскiх Пячор.

Тут яны зразумелi сваю памылку. Iм трэба было выбрацца з вады раней i напасцi на ваўкоў на беразе. Цяпер было занадта позна. Па ўсёй водмелi свяцiлiся палаючыя вочы, i, апрача страшнага пхiялу, што не сцiхаў ад самага захаду сонца, у джунглях не чуваць было нi гуку. Збоку здавалася, быццам Вантала ўпрошвае сабак выйсцi на бераг. I важак сабак крыкнуў iм:

– Павярнiцеся i нападайце!

Уся чарада кiнулася да берага, расплюхваючы i распырскваючы мелкую ваду, так што паверхня Вайнгангi закiпела пенаю i вялiкiя хвалi пайшлi па рацэ, быццам узнятыя параходам. Маўглi рынуўся ў бойку, калоў i рэзаў сабак, што, збiўшыся ў кучу, нiбы хваля, павалiлi на ўзбярэжны пясок.

I пачалася доўгая бiтва.

Ваўкi бiлiся на мокрым чырвоным пяску, памiж пераблытанымi каранямi дрэў, у кустах, у гушчары травы, бо нават i цяпер сабак было двое на аднаго ваўка. Але ворагi-ваўкi бiлiся не на жыццё, а на смерць, i бiлiся не адны толькi шыракагрудыя, iкластыя паляўнiчыя, але i ваўчыцы з дзiкiмi вачамi бiлiся за сваiх ваўчанят, а сям-там побач з iмi i аднагадовае ваўчаня, яшчэ не пералiнялае i ўсё кудлатае, таксама хапала зубамi i тузала ворага. Трэба вам сказаць, што воўк звычайна хапае за горла або за бок, а сабакi больш кусаюць за ногi, таму, пакуль сабакi валтузiлiся ў вадзе i вымушаны былi высока трымаць галаву, перавага была на баку ваўкоў; на сушы ваўкам даводзiлася туга, але i ў вадзе i на сушы нож Маўглi падымаўся i бiў аднолькава.

Чацвёрка прабiлася да Маўглi на дапамогу. Шэры Брат, прыпаўшы да каленяў хлопчыка, баранiў яго жывот, астатнiя трое ахоўвалi яго спiну i бакi або стаялi над iм, калi раз'юшаны сабака, з выццём кiдаючыся проста на нож, скачком збiваў Маўглi з ног. А далей усё змяшалася, збiлася ў кучу, якая кiдалася справа налева i злева направа па беразе. Адзiн раз Маўглi мелькам бачыў Акелу: на яго з двух бакоў населi сабакi, а сам ён учапiўся бяззубымi скiвiцамi ў сцягно трэцяга.

Ноч мiнала, i шпаркi, галавакружны бег на месцы ўсё паскараўся. Сабакi прытамiлiся i ўжо баялiся нападаць на дужэйшых ваўкоў, хоць яшчэ i не асмельвалiся ратавацца ўцёкамi; але Маўглi адчуваў, што наблiжаецца канец, i задавольваўся тым, што выводзiў сабак са строю. Аднагадовыя ваўкi цяпер нападалi смялей, можна было ўздыхнуць вальней, i ўжо адзiн бляск нажа прымушаў сабак кiдацца наўцёкi.

– Мяса абгрызена амаль да касцей! – прахрыпеў Шэры Брат.

– Але косцi яшчэ трэба разгрызцi, – адказаў яму Маўглi. – Вось як робiцца ў нас у джунглях! – Чырвонае лязо нажа слiзганула, як полымя, па баку сабакi, сцёгны якога знiклi пад ваўком, што навалiўся на яго.

– Мая здабыча! – агрызнуўся воўк i зморшчыў нос. – Пакiнь яе мне!

– Няўжо табе ўсё яшчэ мала, Чужынец? – сказаў Маўглi.

Вантала быў страшэнна пашматаны, але трымаў сабаку, нiбы ў цiсках, i той не мог паварушыцца.

– Клянуся буйвалам, што выкупiў мяне, – зларадна смеючыся, крыкнуў Маўглi, – гэта Куртаты!

I сапраўды, гэта быў вялiкi цёмна-руды важак.

Адзiн з сабак падскочыў на дапамогу важаку, але, перш чым яго зубы ўпiлiся ў бок Ванталы, нож Маўглi ўжо тырчаў у яго грудзях, а Шэры Брат дакончыў астатняе.

– Вось як робiцца ў нас у джунглях! – сказаў Маўглi.

Вантала не адказаў нi слова, толькi скiвiцы старога адзiнца сцiскалiся ўсё мацней i мацней, па меры таго як жыццё пакiдала яго. Сабака ўздрыгнуў, апусцiў галаву i замёр. Вантала замёр над iм.

– Цiшэй! Доўг Крывi сплачаны! – сказаў Маўглi. – Праспявай сваю песню, Вантала!

– Ён больш не выйдзе на паляванне, – сказаў Шэры Брат. – I Акела таксама маўчыць, ужо даўно.

– Мы разгрызлi косцi! – прагрымеў Пхао, сын Пхаоны. – Яны ўцякаюць! Забiвайце, забiвайце iх, Паляўнiчыя Вольнага Народа!

Сабакi адзiн за другiм крадком разбягалiся з пацямнелых ад крывi водмеляў да ракi, у густыя джунглi, уверх па цячэннi або ўнiз па цячэннi – туды, дзе дарога была свабодная.

– Доўг! Доўг! -крыкнуў Маўглi. – Плацiце Доўг! Яны забiлi Акелу! Няхай нiводзiн з iх не выйдзе адсюль жывы!

Ён памчаўся да берага з нажом у руцэ, каб не даць уцячы нiводнаму сабаку, якi адважыўся б кiнуцца ў раку. Але тут з-пад гары мёртвых целаў паказалася галава i пярэднiя лапы Акелы, i Маўглi апусцiўся перад iм на каленi.

– Хiба я не казаў, што гэта будзе мой апошнi бой? – прашаптаў Акела. Слаўнае было паляванне. А як ты, Маленькi Брат?

– Я жывы, Акела...

– Хай будзе так. Я памiраю, i я хацеў бы... хацеў бы памерцi блiжэй да цябе, Маленькi Брат.

Маўглi палажыў страшную, усю ў ранах, галаву Акелы сабе на каленi i абхапiў рукамi яго скусаную шыю.

– Даўно мiнулi часы, калi жывы быў Шэр-Хан, а чалавечае дзiцяня качалася голае ў пыле, – кашляючы, сказаў Акела.

– Не, не, я воўк! Я адной крывi з Вольным Народам! – усклiкнуў Маўглi. Не па сваёй волi я стаў чалавекам!

– Ты чалавек, Маленькi Брат, ваўчаня, узгадаванае мною. Ты чалавек, iнакш Чарада ўцякала б ад Дзiкiх Сабак. Табе я абавязаны жыццём, а сёння ты выратаваў усю Чараду, як я калiсьцi выратаваў цябе. Хiба ты не памятаеш? Цяпер сплачаны ўсе даўгi. Iдзi да свайго народа. Кажу табе яшчэ раз, зрэнка майго вока, паляванне скончана. Iдзi да свайго народа.

– Я не пайду. Я пачну хадзiць на паляванне ў джунглях адзiн. Я ўжо казаў.

– Пасля лета прыходзяць дажджы, а пасля дажджоў – вясна. Iдзi, пакуль цябе не прымусяць пайсцi. Iдзi да свайго народа. Iдзi да чалавека. Больш мне няма чаго табе сказаць. Цяпер буду гаварыць са сваiмi. Маленькi Брат, можаш ты падняць мяне на ногi? Я ж таксама Важак Вольнага Народа.

Вельмi асцярожна i ласкава Маўглi аберуч абхапiў Акелу i падняў яго на ногi, а воўк глыбока ўздыхнуў i пачаў Песню Смерцi, якую павiнен спяваць кожны важак памiраючы. Песня станавiлася ўсё больш i больш гучнай, гучала ўсё мацней i мацней, прагрымела далёка за ракой, а калi замоўкла апошняе "Добрага палявання!", Акела выслабанiўся на момант з рук Маўглi, падскочыў у паветра i ўпаў мёртвы на сваю апошнюю, страшную здабычу.

Маўглi сядзеў, звесiўшы галаву на каленi, забыўшы пра ўсё, а тым часам апошняга з параненых сабак дагналi i прыкончылi бязлiтасныя ваўчыцы. Паступова крыкi зацiхлi, i ваўкi, кульгаючы, вярнулiся лiчыць мёртвых. Пятнаццаць ваўкоў з Чарады, а з iмi шэсць ваўчыц ляжалi мёртвыя каля ракi, i з усiх астатнiх не было нiводнага, якi б нi быў не паранены. Маўглi праседзеў усю ноч, да халоднага свiтанку. Вiльготная ад крывi пыса Пхао легла яму на руку, i Маўглi адсунуўся, каб той мог бачыць распасцёртае цела Акелы.

– Добрага палявання! – сказаў Пхао, быццам Акела быў яшчэ жывы, а потым павярнуўся i кiнуў цераз пакусанае плячо астатнiм: – Выйце, сабакi! Сёння памёр Воўк!

Затое з усёй чарады рудых сабак, з двухсот паляўнiчых Дэкана, якiя выхвалялiся тым, што нiшто жывое ў джунглях не можа iм супрацiўляцца, нiводзiн не вярнуўся ў Дэкан з гэтай весткай.

ВЯСНОВЫ БЕГ

На другi год пасля вялiкай бiтвы з Дзiкiмi Сабакамi i смерцi Акелы Маўглi было гадоў семнаццаць. З выгляду ён здаваўся старэйшым, бо ад узмоцненага руху, сама лепшай ежы i звычкi купацца, як толькi яму станавiлася горача або душна, ён зрабiўся не па гадах дужы i рослы. Калi яму трэба было агледзець лясныя дарогi, ён мог паўгадзiны вiсець, трымаючыся адной рукой за галiну. Ён мог спынiць на бягу маладога аленя i павалiць яго на бок, ухапiўшы за рогi. Мог нават збiць з ног вялiкага дзiка з тых, што жывуць у балотах на поўначы. Народ Джунгляў, якi раней баяўся Маўглi, паколькi ён меў вялiкi розум, цяпер пачаў баяцца яго сiлы, i калi Маўглi спакойна iшоў па сваiх справах, шэпт пра яго прыход расчышчаў перад iм лясныя сцежкi. I ўсё ж яго позiрк заставаўся заўсёды лагодным. Нават калi ён бiўся, яго вочы не палалi агнём, як у чорнай пантэры Багiры. Яго позiрк станавiўся толькi больш уважлiвым i ажыўленым, i гэта было незразумела нават для самой Багiры.

Аднойчы яна спытала пра гэта Маўглi. Ён засмяяўся i адказаў:

– Калi я прамахнуся на паляваннi, дык бываю злосны. Калi пагаладаю днi два, дык бываю вельмi злосны. Хiба па маiх вачах гэта не прыкметна?

– Рот у цябе галодны, – сказала яму Багiра, – а па вачах гэтага не вiдаць. На паляваннi ты, ясi цi плаваеш – яны заўсёды адны i тыя ж, як камень у дождж i ў пагоду.

Маўглi лянiва зiрнуў на пантэру з-пад доўгiх веек, i яна, як заўсёды, апусцiла галаву. Багiра ведала, хто яе гаспадар.

Яны ляжалi на схiле гары высока над ракой Вайнгангай, i ранiшнiя туманы распасцiралiся пад iмi зялёнымi i белымi палосамi. Калi ўзышло сонца, гэтыя палосы туману ператварылiся ў хвалiстае чырвона-залатое мора, потым узнялiся ўгору, i нiзкiя, косыя промнi леглi на сухую траву, дзе адпачывалi Маўглi з Багiрай. Халодная пара наблiжалася да канца, лiстота на дрэвах завяла i пацямнела, i ад ветру ў ёй узнiкаў сухi аднастайны шолах. Адзiн маленькi лiсток шалёна бiўся аб галiнку ад ветру. Гэта разбудзiла Багiру. Яна ўдыхнула ранiшняе паветра з працяглым, глухiм кашлем, перакулiлася на спiну i пярэднiмi лапамi ўдарыла па трапяткiм лiстку.

– Год прыйшоў да павароту, – сказала яна. – Джунглi рушылi ўперад. Наблiжаецца Час Новых Прамоў. I лiсток гэта ведае. Гэта вельмi добра!

– Трава яшчэ сухая, – адказаў Маўглi, вырываючы з карэннем пучок травы. Нават Вясновае Вочка (маленькая чырвоная кветачка, падобная на васковы званочак), – нават Вясновае Вочка яшчэ не распусцiлася... Багiра, цi да твару чорнай пантэры валяцца на спiне i бiць лапамi па паветры, быццам лясной кошцы?

– Аоу! – адгукнулася Багiра. Вiдаць было, што яна думае пра штосьцi iншае.

– Паслухай, ну цi да твару чорнай пантэры гэтак крыўляцца, кашляць, выць i качацца па траве? Не забывайся, што мы з табой гаспадары джунгляў.

– Так, гэта праўда, я чую, дзiцяня. – Багiра паспешлiва перавярнулася i абтрэсла пыл са сваiх ускудлачаных чорных бакоў (яна якраз лiняла пасля зiмы). – Вядома, мы з табой гаспадары джунгляў! Хто гэткi дужы, як Маўглi? Хто гэткi мудры?

Яе голас быў дзiўна працяглы, i Маўглi азiрнуўся паглядзець, цi не смяецца з яго чорная пантэра, бо ў джунглях шмат слоў, гучанне якiх разыходзiцца з сэнсам.

– Я сказала, што мы з табой, вядома, гаспадары джунгляў, – паўтарыла Багiра. – Хiба я памылiлася? Я не ведала, што дзiцяня больш не ходзiць па зямлi. Значыцца, яно лятае?

Маўглi сядзеў, абапёршыся локцямi на каленi, i пазiраў на далiну, асветленую сонцам. Дзесьцi ў лесе пад гарою птушка спрабавала хрыплым, фальшывым голасам першыя ноты сваёй вясновай песнi. Гэта быў толькi цень паўнагучнай, пералiвiстай песнi, якая разлiецца па джунглях пазней. Але Багiра пачула яе.

– Гэта Ферао, чырвоны дзяцел, – сказала Багiра. – Ён памятае. Мне таксама трэба ўспомнiць маю песню. – I яна пачала вуркатаць i напяваць сама сабе, час ад часу змаўкаючы i прыслухоўваючыся.

У джунглях Iндыi поры года пераходзяць адна ў другую амаль непрыкметна. Iх як быццам усяго дзве: сухая i дажджлiвая, але калi прыгледзецца да патокаў дажджу i воблакаў смецця i пылу, дык выявiцца, што ўсе чатыры пары года змяняюць адна адну ў належным парадку. Сама дзiвоснае ў джунглях – вясна, бо ёй не прыходзiцца ўкрываць голае, чыстае поле новай травой i кветкамi, ёй трэба прабiцца скрозь леташнюю, яшчэ зялёную лiстоту, над якой злiтавалася мяккая зiма, каб стомленая, напаўадзетая зямля зноў адчула сябе юнай i свежай. I вясна гэта робiць так хораша, што няма на свеце другой такой вясны, як у джунглях.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю