Текст книги "Маўглi (на белорусском языке)"
Автор книги: Редьярд Джозеф Киплинг
Жанр:
Прочая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 10 страниц)
– Што здарылася? – спытаў Балу.
– Я бачыў Маўглi ў Бандар-Логаў. Ён прасiў перадаць гэта табе. Я прасачыў за iмi. Яны панеслi яго за раку, у малпiн горад – у Халодныя Бярлогi. Магчыма, яны застануцца там на ноч, магчыма – на дзесяць начэй, а магчыма – на гадзiну. Я загадаў кажанам пасачыць за iмi ўночы. Вось што мне было даручана. Добрага палявання ўсiм вам унiзе!
– Поўнага валляка i моцнага сну табе, Чыль! – крыкнула Багiра. – Я не забуду пра цябе, як выйду на паляванне, i пакiну цэлую галаву табе аднаму, о найлепшы з каршуноў!
– Дробязi! Дробязi! Хлопчык сказаў Запаветнае Слова. Нельга было не памагчы яму! – Чыль зрабiў круг над лесам i паляцеў на начлег.
– Ён не забыў, што трэба сказаць! – радаваўся Балу. – Падумаць толькi: гэтакi маленькi, а ўспомнiў Запаветнае Слова Птушак, ды яшчэ калi малпы валаклi яго па дрэвах!
– Яно было моцна ўбiта яму ў галаву, гэтае слова! – сказала Багiра. – Я таксама ганаруся дзiцянём, але цяпер нам трэба спяшацца да Халодных Бярлогаў.
Усе ў джунглях ведалi, дзе знаходзiцца гэтая мясцiна, але рэдка хто бываў там, бо Халоднымi Бярлогамi называлi стары, закiнуты i мёртвы горад, што згубiўся ў гушчары лесу; а звяры не будуць сялiцца там, дзе раней жылi людзi. Хiба толькi вепр паселiцца ў такой мясцiне, але не паляўнiчае племя. Ды i малпы бывалi там не часцей, чым у любым iншым месцы. Нiводзiн звер, якi паважае сябе, не падыходзiў блiзка да горада, хiба толькi ў час засухi, калi ў напаўразбураных вадаёмах i басейнах заставалася яшчэ вада.
– Дабiрацца туды палову ночы поўным ходам, – сказала Багiра.
I Балу адразу затужыў.
– Я з усяе сiлы буду спяшацца, – сказаў ён з трывогай.
– Мы не можам цябе чакаць. Бяжы за намi, Балу. Нам трэба спяшацца – мне i Каа.
– Хоць ты i на чатырох лапах, а я ад цябе не адстану, – коратка сказаў Каа.
Балу намагаўся бегчы за iмi, але вымушаны быў спачатку сесцi i перадыхнуць, так што яны пакiнулi мядзведзя, каб ён потым даганяў iх, i Багiра памчалася ўперад iмклiвымi скачкамi. Каа маўчаў, але як нi спяшалася Багiра, вялiзны ўдаў не адставаў ад яе. Калi яны дабралiся да горнай рэчкi, Багiра апынулася наперадзе, бо пераскочыла паток, а Каа пераплыў яго, трымаючы галаву i шыю над вадой. Але на роўнай зямлi ўдаў зноў дагнаў Багiру.
– Клянуся зламаным замком, што вызвалiў мяне, ты някепскi хадок! – сказала Багiра, калi апусцiўся змрок.
– Я прагаладаўся, – адказаў Каа. – Апрач таго, яны абзывалi мяне плямiстай жабай.
– Чарвяком, земляным чарвяком, ды яшчэ жоўтым!
– Усё роўна. Давай уперад, – I Каа нiбы лiўся па зямлi, пiльным вокам знаходзiў сама кароткую дарогу i рухаўся па ёй.
Малпiн Народ у Халодных Бярлогах зусiм не думаў пра сяброў Маўглi. Малпы прывалаклi хлопчыка ў закiнуты горад i цяпер былi вельмi задаволены сабой. Маўглi яшчэ нiколi не бачыў iндыйскага горада, i хоць гэты горад ляжаў увесь у руiнах, ён здаўся хлопчыку вялiкапышным i поўным цудаў. Адзiн багаты князь пабудаваў яго даўным-даўно на невысокiм узгорку. Яшчэ вiдаць былi рэшткi брукаваных дарог, што вялi да разбураных варотаў, дзе апошнiя абломкi гнiлых дошак яшчэ вiселi на заржавелых завесах. Дрэвы ўраслi каранямi ў сцены i ўзвышалiся над iмi; зубцы на сценах абвалiлiся i рассыпалiся ў пыл; паўзучыя раслiны выбiлiся з байнiц i звiсалi са сценаў вежаў, быццам касматыя бiзуны.
Вялiкi палац без даху стаяў на вяршынi ўзгорка. Мармур яго фантанаў i двароў быў увесь пакрыты расколiнамi i бурымi плямамi лiшайнiкаў, самi плiты двара, дзе калiсьцi стаялi князевы сланы, былi прыўзняты i рассунуты травой i маладымi дрэвамi. За палацам былi вiдаць рад за радам дамы без стрэх i ўвесь горад, падобны на пустыя соты, запоўненыя толькi цемрай; бясформенная каменная калода, якая была раней iдалам, валялася цяпер на плошчы, дзе скрыжоўвалiся чатыры дарогi; толькi ямы i выбоiны засталiся на рагах вулiц, дзе калiсьцi стаялi студнi, ды струхлелыя купалы храмаў, па баках якiх прараслi дзiкiя смакоўнiцы. Малпы называлi гэтае месца сваiм горадам i рабiлi выгляд, нiбыта пагарджаюць Народам Джунгляў за тое, што ён жыве ў лесе. I ўсё ж яны не ведалi, для чаго ўзведзены гэтыя будынкi i як iмi карыстацца. Яны садзiлiся ў кружок на памосце ў княжацкай зале рады, шукалi адна ў адной блох i гулялi ў людзей: забягалi ў дамы i зноў выбягалi з iх, сцягвалi кавалкi тынку i рознай старызны ў кут i забывалi, куды яны ўсё гэта схавалi; бiлiся i крычалi, нападаючы адна на адну, потым разбягалiся гуляць па тэрасах княжацкага саду, трэслi там апельсiнавыя дрэвы i кусты руж для таго толькi, каб паглядзець, як будуць сыпацца пялёсткi i плады. Яны абабягалi ўсе пераходы i цёмныя калiдоры ў палацы i сотнi невялiкiх цёмных пакояў, але не маглi запомнiць, што яны ўжо бачылi i чаго яшчэ не бачылi, i сноўдалiся ўсюды па адной, парамi або купкамi, выхваляючыся адна перад адной, што паводзяць сябе зусiм як людзi. Яны пiлi з вадаёмаў i каламуцiлi ў iх ваду, потым бiлiся за ваду, потым збiралiся ў натоўп i бегалi па ўсiм горадзе з крыкам:
– Няма ў джунглях народа мудрэйшага, дабрэйшага, спрытнейшага, дужэйшага i цiшэйшага, чым Бандар-Логi!
Потым усё пачыналася нанава, да таго часу, пакуль iм не надакучваў горад, i тады яны ўцякалi на верхавiны дрэў, усё яшчэ не трацячы надзеi, што калi-небудзь Народ Джунгляў заўважыць iх.
Маўглi, выхаваны паводле Закону Джунгляў, не разумеў такога жыцця, i яно не падабалася яму. Малпы прывалаклi яго ў Халодныя Бярлогi ўжо надвячоркам, i замест таго каб легчы спаць, як зрабiў бы сам Маўглi пасля доўгай дарогi, яны ўхапiлiся за рукi i пачалi скакаць i спяваць свае недарэчныя песнi. Адна малпа выступiла з прамовай перад астатнiмi i сказала iм, што захоп Маўглi ў палон азначае пачатак змен у гiсторыi Бандар-Логаў, бо цяпер Маўглi пакажа iм, як сплятаць галiны i трыснёг, каб абаранiцца ад холаду i дажджу.
Маўглi набраў лiян i пачаў iх сплятаць, а малпы паспрабавалi рабiць гэтак жа, як ён, але праз некалькi хвiлiн iм гэта абрыдла, i яны пачалi тузаць адна адну за хвасты i, кашляючы, скакаць на карачках.
– Мне хочацца есцi, – сказаў Маўглi. – Я чужы ў гэтых мясцiнах – прынясiце мне паесцi або дазвольце схадзiць тут на паляванне.
Дваццаць цi трыццаць малпаў кiнулiся па арэхi i дзiкiя плады для Маўглi, але па дарозе яны пабiлiся мiж сабой, а вяртацца з тым, што ў iх засталося, не мела сэнсу. Маўглi пакрыўдзiўся i раззлаваўся, ужо не кажучы пра тое, што ён быў галодны, i доўга блукаў па пустэльных вулiцах, час ад часу падаючы Паляўнiчы Поклiч Чужынца, але нiхто яму не адказаў, i Маўглi зразумеў, што ён трапiў у вельмi кепскае месца.
"Праўда ўсё тое, што Балу гаварыў пра Бандар-Логаў, – падумаў ён сам сабе. – У iх няма нi Закону, нi Паляўнiчага Поклiчу, нi важакоў, нiчога, апрача дурных слоў i ўчэпiстых зладзейскiх лапаў. Так што калi мяне тут заб'юць або я памру галоднай смерцю, дык буду сам вiнаваты. Але трэба што-небудзь прыдумаць i вярнуцца ў мае родныя джунглi. Балу, вядома, мяне адлупцуе, але гэта лепш, чым лавiць нiкчэмныя пялёсткi руж разам з Бандар-Логамi".
Як толькi ён падышоў да гарадской сцяны, малпы адразу адцягнулi яго назад, гаворачы пры гэтым, што ён сам не разумее, як яму пашанцавала, i пачалi шчыпаць яго, каб ён адчуў да iх падзяку. Ён сцяў зубы i змоўчаў, але ўсё ж пайшоў разам з малпамi, якiя моцна гарланiлi, на тэрасу, дзе былi вадаёмы з чырвонага пясчанiку, да палавiны запоўненыя дажджавой вадой. Там пасярэдзiне тэрасы стаяла разбураная альтанка з белага мармуру, пабудаваная для князевых жонак, якiх даўно ўжо не было на свеце. Купал альтанкi абвалiўся i засыпаў падземны ход з палаца, па якiм жанчыны прыходзiлi сюды, але сцены з мармуру ажурнай работы засталiся цэлыя. Цудоўную разьбу малочнай белiзны, лёгкую, як карункi, аздаблялi агаты, сердалiкi, яшма i лазурыт, а калi над узгоркам узышоў месяц, яго промнi пранiклi праз разьбу, i густыя ценi леглi на зямлю ўзорам чорнага аксамiту. Пакрыўджаны, сонны i галодны Маўглi ўсё ж не мог не смяяцца, калi малпы пачыналi на дваццаць галасоў паўтараць яму, якiя яны мудрыя, дужыя i добрыя i якi ён неразумны, што хоча з iмi расстацца.
– Мы вялiкiя! Мы вольныя! Мы заслужылi, каб намi захаплялiся! Заслужылi, як нiводзiн народ у джунглях, каб намi захаплялiся! Мы ўсе так гаворым значыцца, гэта праўда! – крычалi яны. – Зараз мы табе раскажам пра сябе, якiя мы цудоўныя, калi ты нас слухаеш i можаш перадаць нашы словы Народу Джунгляў, каб у будучым ён звяртаў на нас увагу.
Маўглi з iмi не спрачаўся, i сотнi малпаў сабралiся на тэрасе паслухаць, як iхнiя гаваруны будуць спяваць хвалу Бандар-Логам, i калi балбатухi малпы спынялiся, каб перадыхнуць, астатнiя падхоплiвалi хорам:
– Гэта праўда, мы ўсе так гаворым!
Маўглi кiваў галавою, мiргаў вачамi i падтакваў, калi ў яго пыталiся пра што-небудзь, i галава ў яго кружылася ад шуму.
"Шакал Табакi, мусiць, перакусаў iх усiх, – думаў ён сам сабе, – i яны цяпер пашалелi. Гэта ў iх шаленства, "дзiванi". Няўжо яны нiколi не спяць? Вось зараз гэтае воблачка закрые месяц. Калi яно вялiкае, я паспеў бы ўцячы ў цемры. Але я стамiўся".
За гэтым самым воблакам сачылi двое верных сяброў у напаўзасыпаным рове пад гарадской сцяною. Багiра i Каа ведалi, якiя небяспечныя малпы, калi iх многа, i чакалi, каб не рызыкаваць дарэмна. Малпы нiзашто на свеце не будуць бiцца, калi iх менш за сотню супраць аднаго, а ў джунглях мала каму даспадобы такая перавага.
– Я папаўзу да заходняй сцяны, – шапнуў Каа, – i шпарка скачуся па схiле ўнiз, там мне будзе лягчэй. Яны, вядома, не кiнуцца мне на спiну ўсiм гуртам, але ўсё ж...
– Я ведаю, – сказала Багiра. – Калi б Балу быў тут! Але ўсё-такi мы зробiм што можам. Як толькi гэтае воблака закрые месяц, я выйду на тэрасу. Яны там аб нечым раяцца мiж сабой.
– Добрага палявання, – змрочна сказаў Каа i слiзгануў да заходняй сцяны.
Яна, як выявiлася, была разбурана менш, чым iншыя, i вялiзны ўдаў забавiўся, пакуль прабiраўся памiж камянёў. Воблака закрыла месяц i якраз у тую хвiлiну, калi Маўглi думаў, што будзе далей, ён пачуў лёгкiя крокi Багiры на тэрасе. Чорная пантэра ўзбегла па схiле амаль бе шуму i, не трацячы часу на тое, каб кусацца, раздавала ўдары направа i налева малпам, што сядзелi вакол Маўглi ў пяцьдзесят – шэсцьдзесят радоў. Пачуўся агульны енк перапуду i лютасцi, у той час як Багiра крочыла па целах малпаў, што качалiся i валтузiлiся пад ёю, адна малпа крыкнула:
– Яна тут адна! Заб'ём яе! Заб'ём!
Клубок малпаў, кусаючы, драпаючы, тузаючы i рвучы Багiру, сплёўся над ёю, а пяць цi шэсць малпаў моцна схапiлi Маўглi, падцягнулi яго да сцяны альтанкi i ўпiхнулi ў пралом купала. Хлопчык, выхаваны людзьмi, быў бы ўвесь у сiняках, бо падаць яму давялося з вышынi добрых пятнаццацi футаў, але Маўглi ўпаў так, як вучыў яго падаць Балу, i адразу стаў на ногi.
– Пасядзi тут, – крычалi малпы, – пакуль мы не заб'ём тваiх сяброў! А пасля мы пагуляем з табою, калi Ядавiты Народ пакiне цябе жывым!
– Мы з вамi адной крывi, я i вы! – хуценька шапнуў Маўглi Змяiнае Слова.
Ён пачуў шоргат i сыканне наўкол у кучах друзу i для надзейнасцi яшчэ раз паўтарыў Змяiнае Слова.
– Ссссстой ссспакойна, Маленькi Брат, iнакш ты падушыш нассс! Мы цябе чуем. Расссссуньцессся! – сказала некалькi цiхiх галасоў (усе руiны ў Iндыi рана цi позна становяцца прытулкам змей, i старая альтанка кiшма кiшэла кобрамi).
Маўглi стаяў спакойна, глядзеў праз ажурную разьбу i прыслухоўваўся да шуму бойкi чорнай пантэры з малпамi, да крыкаў, мармытання, плескачоў i густога, хрыплага кашлю Багiры, якая рвалася i кiдалася ўзад i ўперад, задыхаючыся пад кучай малпаў, што навалiлiся на яе.
Упершыню за ўсё жыццё Багiра бiлася не на жыццё, а на смерць.
"Балу павiнен быць блiзка: Багiра не прыйшла б адна", – падумаў Маўглi i гучна крыкнуў:
– Да вадаёма, Багiра! Скацiся да вадаёма! Скацiся i нырнi! Кiдайся ў ваду!
Багiра пачула яго; гэты крык сказаў ёй, што Маўглi жывы, i надаў сiлы. Яна бiлася раз'юшана, крок за крокам пракладваючы сабе дарогу да вадаёма. I тут каля падножжа разбуранай сцяны, блiжэй да джунгляў, пачуўся, як гром, баявы поклiч Балу. Як нi спяшаўся стары мядзведзь, ён не мог паспець раней.
– Багiра, – крычаў ён, – я тут! Я лезу наверх! Я спяшаюся! Камянi выслiзгваюць у мяне з-пад ног! Дайце толькi да вас дабрацца, о вы, подлыя Бандар-Логi!
Мядзведзь, сапучы, ускараскаўся на тэрасу i знiк пад хваляй малпаў, што рынулiся на яго, але тут жа прысеў на кукiшкi, расставiў пярэднiя лапы i згроб iмi столькi малпаў, колькi мог утрымаць. Потым пасыпалiся раўнамерныя ўдары плясь-плясь-плясь! – з цмоканнем, быццам плiцы бiлi па вадзе. Шум падзення i ўсплёск сказалi Маўглi, што Багiра прабiлася да вадаёма, куды малпы не маглi палезцi за ёю. Пантэра ляжала ў вадзе, выставiўшы толькi галаву, i прагна хапала ротам паветра, а малпы стаялi ў тры рады на чырвоных прыступках i падскаквалi ад злосцi на месцы, гатовыя накiнуцца на яе з усiх бакоў разам, калi яна выйдзе з вады на дапамогу Балу.
Вось менавiта тады Багiра ўзняла мокры падбародак i ў роспачы крыкнула, заклiкаючы на дапамогу Змяiны Народ:
– Мы з вамi адной крывi, я i вы!
Яна думала, што ў апошнюю хвiлiну Каа збаяўся. Нават Балу на краi тэрасы, ледзь дыхаючы пад малпамi, што навалiлiся на яго, не мог стрымаць усмешкi, калi пачуў, што чорная пантэра просiць дапамогi.
Каа толькi што перавалiўся цераз заходнюю сцяну i так моцна грымнуўся аб зямлю, што вялiзны камень звалiўся ў роў. Каа i не збiраўся адступаць. Ён два разы скруцiўся i раскруцiўся, каб праверыць, наколькi кожны фут яго доўгага цела падрыхтаваны да бою. Тым часам Балу не пераставаў бiцца, i малпы верашчалi над вадаёмам вакол Багiры, i кажан Манг, лятаючы ўзад i ўперад, разносiў па джунглях весткi пра вялiкую бiтву, так што затрубiў нават дзiкi слон Хатхi. Далёка ў лесе прачнулiся паасобныя чародкi малпаў i памчалiся па верхавiнах дрэў да Халодных Бярлогаў, на дапамогу сваякам, i шум бою пабудзiў дзённых птушак на шмат мiль навакол. Тады Каа рушыў шпарка, напрасткi, ахоплены прагай забiваць. Уся сiла ўдава – у цяжкiм удары галавой, падвоеным сiлай i цяжарам усяго цела. Калi вы можаце ўявiць сабе кап'ё, або таран, або молат вагою амаль паўтоны, кiруемы спакойным, разважлiвым розумам, што жыве ў яго ручцы, вы можаце сабе ўявiць, якi быў Каа ў баi. Удаў даўжынёю чатыры цi пяць футаў можа збiць з ног чалавека, калi ўдарыць яго галавою ў грудзi, а Каа, як вам вядома, меў ажно трыццаць футаў. Першы ўдар, нацэлены прама ў гушчу малпаў, што акружылi Балу, быў нанесены моўчкi, з закрытым ротам, а другога ўдару не спатрэбiлася. Малпы кiнулiся ўроссып з крыкам:
– Каа! Гэта Каа! Уцякайце! Уцякайце!
Не адно пакаленне малпаў выхоўвалася ў страху перад удавам i паводзiла сябе як след, бо наслухалася ад старэйшых расказаў пра Каа, начнога злодзея, якi ўмеў праслiзнуць сярод галiн гэтак жа бясшумна, як расце мох, i выкрасцi сама дужую малпу; пра старога Каа, якi ўмеў прыкiдвацца сухiм суком або гнiлым пнём, так што сама мудрыя нi аб чым не здагадвалiся да таго часу, пакуль гэты сук не хапаў iх. Малпы баялiся Каа больш за ўсё на свеце, бо нiводная з iх не ведала межаў яго сiлы, нiводная не асмельвалася зiрнуць яму ў вочы i нiводная не выйшла жывою з яго абдымкаў. I таму, калоцячыся ад жаху, малпы кiнулiся на сцены i на дахi дамоў, а Балу з палёгкай глыбока ўздыхнуў. Поўсць у яго была куды гусцейшая, чым у Багiры, але i ён даволi-такi нацярпеўся ў баi. I тут Каа ўпершыню разявiў пашчу, сыкнуў адно доўгае свiстлiвае слова, i малпы, што далёка ў лесе спяшалiся на дапамогу да Халодных Бярлогаў, замерлi на месцы i задрыжалi так моцна, што галiны пад iх цяжарам сагнулiся i затрашчалi. Малпы на сценах i на дахах дамоў перасталi крычаць, у горадзе зрабiлася цiха, i Маўглi пачуў, як Багiра ацепвае мокрыя бакi, пасля таго як выйшла з вадаёма. Потым зноў узняўся шум. Малпы палезлi вышэй на сцены, учапiлiся за шыi вялiзных каменных iдалаў i вiшчалi, скачучы па зубчастых сценах, а Маўглi прытанцоўваў на месцы, прыпаў вокам да ажурнай разьбы i пачаў вухкаць, як сава, выказваючы гэтым сваю пагарду i насмешку.
– Дастанем дзiцяня з пасткi, я больш не магу! – цяжка дыхаючы, сказала Багiра. – Возьмем дзiцяня i ўцякайма. Хаця б яны зноў не напалi!
– Яны не крануцца з месца, пакуль я не загадаю iм. Ссстойце на мессцы! сыкнуў Каа, i навокал зноў зрабiлася цiха. – Я не мог прыйсцi раней, Сясстра, але мне здалосся, што я чую твой поклiч, – сказаў ён Багiры.
– Я... я, можа, i клiкала цябе ў разгар бою, – адказала Багiра. – Балу, ты паранены?
– Не ведаю, як гэта яны не разарвалi мяне на сотню маленькiх мядзведзяў, сказаў Балу, спаважна атрасаючы адну лапу за другой. – Ооу! Мне балiць! Каа, мы абавязаны табе жыццём, мы з Багiрай...
– Гэта дробязь. А дзе ж чалавечак?
– Тут, у пастцы! Я не магу вылезцi! – крыкнуў Маўглi.
Над яго галавой закругляўся купал, якi абвалiўся якраз пасярэдзiне.
– Забярыце яго адсюль! Ён танцуе, як паўлiн Мор! Ён перадушыць нагамi нашых дзяцей! – сказалi знiзу кобры.
– Ха! – засмяяўся Каа. – У яго ўсюды сябры, у гэтага чалавечка. Адыдзiся падалей, чалавечак, а вы схавайцеся, о Ядавiты Народ! Зараз я праб'ю сцяну.
Каа як след прыгледзеўся i знайшоў пачарнелую расколiну ў мармуровай разьбе, там, дзе сцяна была найбольш разбурана, разы два-тры злёгку адпiхнуўся галавой, прымерваючыся, потым прыўзняўся на шэсць футаў над зямлёй i стукнуў з усяе сiлы дзесяць разоў запар. Мармуровыя карункi трэснулi i рассыпалiся воблакам пылу i смецця. Маўглi выскачыў у пралом, кiнуўся на зямлю памiж Багiрай i Балу i абняў абаiх за шыю.
– Ты не паранены? – спытаў Балу, ласкава абдымаючы Маўглi.
– Мяне пакрыўдзiлi, я галодны i ўвесь у сiняках. Але як моцна яны вас пашкуматалi, сябры мае! Вы ўсе ў крывi!
– Не адны мы, – сказала Багiра, аблiзваючыся i пазiраючы на трупы малпаў на тэрасе i вакол вадаёма.
– Гэта дробязi, усё дробязi, калi ты жывы i здаровы, о мая гордасць, найлепшае з жабянятак! – прахныкаў Балу.
– Пра гэта мы пагаворым пасля, – сказала Багiра суха, што зусiм не спадабалася Маўглi. – Аднак тут Каа, якому мы з Балу абавязаны перамогай, а ты – жыццём. Падзякуй яму, як належыць паводле нашых звычаяў, Маўглi.
Маўглi павярнуўся i ўбачыў, што над iм пагойдваецца галава вялiзнага ўдава.
– Дык гэта i ёсць чалавечак? – сказаў Каа. – Скура ў яго вельмi гладкая, i ён падобны на Бандар-Логаў. Глядзi, каб я не палiчыў цябе за малпу як-небудзь у цемры, пасля таго як я змяню сваю скуру.
– Мы з табой адной крывi, ты i я, – адказаў Маўглi. – Сёння ты вярнуў мне жыццё. Мая здабыча будзе тваёй здабычай, калi ты прагаладаешся, о Каа!
– Дзякуй, Маленькi Брат, – сказаў Каа, хоць вочы яго смяялiся. – А што можа забiць такi храбры паляўнiчы? Я прашу дазволу паўзцi за iм, калi ён выправiцца на паляванне.
– Сам я не забiваю, я яшчэ малы, але я заганяю коз для тых, каму яны патрэбны. Калi захочаш есцi, прыходзь да мяне i пабачыш, праўда гэта цi не. У мяне спрытныя рукi, – ён выставiў iх уперад, – i калi ты трапiш у пастку, я змагу сплацiць доўг i табе, i Багiры, i Балу. Добрага палявання вам усiм, настаўнiкi мае!
– Цудоўна сказана! – прабурчаў Балу, бо Маўглi дзякаваў як належыць.
Удаў паклаў на хвiлiну сваю галаву на плячо Маўглi.
– Храбрае сэрца i пачцiвая гаворка, – сказаў ён. – З iмi ты далёка пойдзеш у джунглях. А цяпер выпраўляйся адсюль хутчэй разам са сваiмi сябрамi. Iдзi спаць, бо неўзабаве зойдзе месяц, а табе не трэба бачыць тое, што тут будзе.
Месяц заходзiў за ўзгоркамi, i рады малпаў, што, калоцячыся ад страху, тулiлiся на сценах i вежах, нагадвалi рваныя хiстка-зменлiвыя махры. Балу спусцiўся да вадаёма напiцца, а Багiра пачала вылiзваць сваё футра. I тут Каа выпаўз на сярэдзiну тэрасы, гучна ляснуў скiвiцамi, закрываючы пашчу, i ўсе малпы ўтаропiлiся на яго.
– Месяц заходзiць, – сказаў ён. – Цi дастаткова святла, цi добра вам вiдаць?
Па сценах пранёсся стогн, быццам вецер уздыхнуў у вяршалiнах дрэў:
– Нам вiдаць, о Каа!
– Цудоўна! Пачнём жа танец Каа – Танец Голаду. Сядзiце спакойна i глядзiце!
Ён двойчы цi тройчы скруцiўся ў вялiкае двайное i трайное кальцо, пагойдваючы галавой справа налева. Потым пачаў вырабляць петлi, i васьмёркi, i мяккiя, расплывiстыя трохвугольнiкi, якiя пераходзiлi ў квадраты i пяцiвугольнiкi, не спыняючыся, не спяшаючыся i не перастаючы нi на хвiлiну цiха гусцi. Рабiлася ўсё цямней i цямней, i напаследак ужо не вiдаць было, як раскручваецца i скручваецца Каа, чуваць было толькi, як шапацiць яго лускавiнне.
Балу i Багiра быццам скамянелi, натапырылi поўсць i глуха бурчалi, а Маўглi глядзеў i дзiвiўся.
– Бандар-Логi, – пачуўся нарэшце голас Каа, – можаце вы варухнуць рукой або нагой без майго загаду? Адказвайце.
– Без твайго слова мы не можам варухнуць нi рукой, нi нагой, о Каа!
– Цудоўна! Падыдзiце на адзiн крок блiжэй да мяне!
Рады малпаў бездапаможна хiснулiся ўперад, i Балу з Багiрай мiжвольна зрабiлi крок уперад разам з iмi.
– Блiжэй! – сыкнуў Каа.
I малпы зрабiлi яшчэ адзiн крок.
Маўглi паклаў рукi на плечы Багiры i Балу, каб павесцi iх прэч адсюль, i абодва звяры ўздрыгнулi, быццам прачнулiся.
– Не здымай рукi з майго пляча, – шапнула Багiра, – не здымай, iнакш я пайду... пайду да Каа. А-ах!
– Гэта ўсяго толькi стары Каа вырабляе свае кругi ў пыле, – сказаў Маўглi. – Хадзем адсюль.
I ўсе трое выслiзнулi ў пралом сцяны i пайшлi ў джунглi.
– Уу-х! – уздыхнуў Балу, зноў апынуўшыся сярод нерухомых дрэў. – Нiколi больш не буду прасiць дапамогi ў Каа! – I ён увесь скалануўся з галавы да ног.
– Каа ведае больш за нас, – уся калоцячыся, сказала Багiра. – Яшчэ крышку, i я падалася б проста да яго ў пашчу.
– Шмат хто пойдзе туды, перш чым месяц узыдзе яшчэ раз, – адказаў Балу. Ён добра папалюе – на свой лад.
– Але што ўсё гэта азначае? – спытаў Маўглi, якi нiчога не ведаў пра гiпнатычную сiлу змяi. – Я толькi бачыў вялiкую змяю, якая выпiсвала для чагосьцi кругi па зямлi, пакуль не сцямнела. I нос у Каа быў увесь разбiты. Ха-ха!
– Маўглi, – сярдзiта сказала Багiра, – нос ён разбiў, ратуючы цябе, гэтак жа як мае вушы, бакi i лапы, плечы i шыя Балу былi пакусаны, калi мы ратавалi цябе. Балу i Багiры цяжка будзе хадзiць на паляванне.
– Гэта дробязi, – сказаў Балу. – Затое дзiцяня зноў з намi!
– Праўда, але гэта нам дорага каштавала: праз яго мы былi зранены, патрацiлi столькi часу, не схадзiлi на паляванне, заплацiлi ўласнай скурай – у мяне выскублена ўся спiна – i нават нашым гонарам. Бо, не забывай пра гэта, мне, чорнай пантэры, давялося прасiць дапамогi ў Каа, i мы з Балу страцiлi розум, як малыя птушаняты, калi ўбачылi Танец Голаду. А ўсё таму, што ты гуляў з Бандар-Логамi!
– Праўда, усё гэта праўда, – сказаў Маўглi засмучана. – Я кепскае дзiцяня, i ў жываце ў мяне горка.
– Мф! Што гаворыць Закон Джунгляў, Балу?
Балу зусiм не хацеў новых непрыемнасцей для Маўглi, але з Законам не жартуюць, i таму ён прабурчаў:
– Гора не вызваляе ад пакарання. Толькi не забудзь, Багiра, што ён яшчэ малы!
– Не забуду. Але ён нарабiў бяды, i цяпер трэба яго набiць. Маўглi, што ты на гэта скажаш?
– Нiчога! Я вiнаваты. А вы абое паранены. Гэта толькi справядлiва.
Багiра дала яму з дзесятак плескачоў, лёгенькiх, на думку пантэры (яны нават не разбудзiлi б яе ўласнае дзiцяня), але для сямiгадовага хлопчыка гэта была суровая лупцоўка, ад якой кожны рад быў бы пазбавiцца. Калi ўсё скончылася, Маўглi чхнуў i моўчкi падняўся на ногi.
– А цяпер, – сказала Багiра, – залазь мне на спiну, Маленькi Брат, i мы рушым дадому.
Адным з прывабных бакоў Закону Джунгляў з'яўляецца тое, што пасля пакарання заканчваюцца ўсе разлiкi. Пасля яго не бывае нiякiх прыдзiрак.
Маўглi апусцiў галаву на спiну Багiры i заснуў так моцна, што нават не прачнуўся, калi яго паклалi на зямлю ў роднай бярлозе.
"ТЫГР, ТЫГР!"
Пасля бойкi на Скале Рады Маўглi пайшоў з воўчага логава i спусцiўся ўнiз, да палеткаў, дзе жылi людзi, але не застаўся там – джунглi былi занадта блiзка, а ён ведаў, што на Радзе нажыў сабе не аднаго лютага ворага. I таму ён пабег далей, трымаючыся дарогi па дне далiны, i адмахаў каля дваццацi мiляў роўнай рыссю, пакуль не дабраўся да мясцiн, якiх яшчэ не ведаў. Тут пачыналася шырокая раўнiна, усыпаная скаламi i зрэзаная ярамi. На адным краi раўнiны стаяла маленькая вёсачка, з другога канца густыя джунглi дугой падыходзiлi да самага выгану i адразу абрывалiся, быццам зрэзаныя матыкай. Па ўсёй раўнiне пасвiлiся каровы i буйвалы, i хлопчыкi, што пiльнавалi статак, убачыўшы Маўглi, уцяклi з крыкам, а бяздомныя рудыя сабакi, якiх заўсёды многа каля кожнай iндыйскай вёскi, узнялi брэх. Маўглi пайшоў далей, бо быў галодны, i калi дайшоў да вясковай аколiцы, дык убачыў, што вялiкi цярновы куст, якiм на змярканнi загароджваюць вароты, адсунуты ўбок.
– Гм! – сказаў Маўглi (ён не ўпершыню натыкаўся на такiя загароды ў час сваiх начных вылазак у пошуках ежы). – Значыцца, людзi i тут баяцца Народа Джунгляў!
Ён сеў каля варотаў, i як толькi за вароты выйшаў чалавек, усхапiўся на ногi, разявiў рот i паказаў на яго пальцам, паказаў, што хоча есцi. Чалавек паглядзеў на яго, пабег назад па адзiнай вясковай вулiцы i паклiкаў жраца высокага i тоўстага чалавека, апранутага ва ўсё белае, з чырвоным i жоўтым знакам на лбе. Жрэц падышоў да варотаў, а за iм прыбегла не менш сотнi жыхароў вёскi: яны вылуплiвалi вочы, балбаталi, крычалi i паказвалi на Маўглi пальцамi.
"Якiя яны няветлiвыя, гэтыя людзi! – сказаў сам сабе Маўглi. – Толькi шэрыя малпы гэтак сябе паводзяць". I, адкiнуўшы назад свае доўгiя валасы, ён панура зiрнуў на натоўп.
– А чаго тут баяцца? – сказаў жрэц. – Бачыце знакi ў яго на руках i нагах? Гэта воўчыя ўкусы. Ён воўчы прыёмыш i прыбег да нас з джунгляў.
Гуляючы з Маўглi, ваўчаняты даволi часта кусалi яго мацней, чым хацелi, i рукi i ногi хлопчыка былi спрэс усыпаны белымi шрамамi. Але Маўглi нiколi ў жыццi не назваў бы гэтыя шрамы ўкусамi: ён добра ведаў, якiя бываюць сапраўдныя ўкусы.
– Вой! Вой! – сказалi ў адзiн голас дзве-тры кабеты. – Увесь пакусаны ваўкамi, бедненькi! Прыгожы хлопчык. Вочы ў яго, як агеньчыкi. Дапраўды, Месуа, ён вельмi падобны на твайго сына, якога схапiў тыгр.
– Дайце мне зiрнуць, – сказала жанчына з цяжкiмi медзянымi бранзалетамi на запясцях i шчыкалатках i, пазiраючы з-пад далонi, паглядзела на Маўглi. – Ага, вельмi падобны! Ён худзейшы, затое з твару вылiты мой сын.
Жрэц быў чалавек хiтры i ведаў, што муж Месуi – адзiн з найпершых вясковых багацеяў. I таму ён узняў вочы да неба i ўрачыста прамовiў:
– Што джунглi ўзялi, тое джунглi i аддалi. Вазьмi хлопчыка да сябе ў дом, сястра мая, i не забывайся аказваць пашану жрацу, перад якiм адкрыта ўся будучыня чалавека.
"Клянуся буйвалам, якi выкупiў мяне, – падумаў Маўглi, – усё гэта вельмi нагадвае тое, як мяне аглядала Чарада! Што ж, калi я чалавек, дык буду чалавекам".
Натоўп расступiўся, i жанчына зрабiла Маўглi знак, каб ён iшоў за ёю ў хацiну, дзе стаяў чырвоны лакiраваны ложак. А яшчэ там было шмат рэчаў: вялiкая глiняная пасудзiна для збожжа, аздобленая пацешным выпуклым узорам, з паўтузiн медных кацялкоў для прыгатавання ежы, бажок у маленькай нiшы i на сцяне – сапраўднае люстэрка, якое можна купiць на вясковым кiрмашы за восем цэнтаў.
Жанчына дала Маўглi ўволю малака i кавалачак хлеба, потым паклала руку яму на галаву i зазiрнула ў вочы; ёй усё-такi думалася, што, магчыма, гэта i сапраўды яе родны сын вярнуўся з джунгляў, куды яго знёс тыгр. I яна паклiкала:
– Натху! О Натху!
Маўглi нiчым не паказаў, што гэтае iмя ямў знаёма.
– Хiба ты забыўся пра той дзень, калi я падарыла табе новыя чаравiкi? Яна дакранулася да яго ступнi, цвёрдай, амаль як рог. – Не, – сказала яна засмучана, – гэтыя ногi нiколi не ведалi чаравiкаў. Але ты вельмi падобны на майго Натху i будзеш маiм сынам.
Маўглi зрабiлася нядобра, бо ён дагэтуль нiколi не бываў у чалавечым доме. Але, паглядзеўшы на саламяную страху, хлопчык убачыў, што зможа яе разабраць, калi захоча выбрацца на волю, i што акно не замыкаецца.
"Якая карысць быць чалавекам, калi не разумееш чалавечай гаворкi? – сказаў ён сам сабе. – Тут я гэтакi ж дурны i нямы, як чалавек у нас у джунглях. Трэба навучыцца iхняй мове".
Нездарма, жывучы з ваўкамi, ён навучыўся пераймаць баявы поклiч аленяў у джунглях i рохканне дзiкоў. Як толькi Месуа гаварыла якое-небудзь слова, Маўглi вельмi падобна паўтараў яго за ёю i яшчэ да змяркання завучыў назвы шмат якiх рэчаў у хацiне.
Надышоў час спаць, але Маўглi нiзашто не хацеў лажыцца ў хацiне, падобнай на пастку для пантэры, i калi зачынiлi дзверы, ён выскачыў у акно.
– Не чапай яго, – сказаў муж Месуi. – Не забывайся, што ён яшчэ нiколi не спаў на ложку. Калi ён i праўда пасланы нам замест сына, ён нiкуды не ўцячэ.
I Маўглi расцягнуўся сярод высокай чыстай травы на краi поля. Але не паспеў ён заплюшчыць вочы, як нечы мяккi шэры нос штурхнуў яго ў шыю.
– Фу! – сказаў Шэры Брат (гэта быў старэйшы з дзiцянят Мацi Ваўчыхi). Варта было дзеля гэтага бегчы за табою дваццаць мiляў! Ад цябе пахне дымам i хлявом – зусiм як ад чалавека. Прачнiся, Маленькi Брат, я прынёс табе навiны.
– Цi ўсе здаровы ў джунглях? – спытаў Маўглi, абдымаючы яго.
– Усе, апрача ваўкоў, якiх абсмалiла Чырвоная Кветка. Цяпер слухай. Шэр-Хан пайшоў на паляванне ў далёкiя лясы, пакуль не загоiцца яго шкура, – ён увесь у апёках. Ён пакляўся, што кiне твае косцi ў раку, як вернецца.
– Ну, гэта мы яшчэ пабачым. Я таксама ў сiм-тым пакляўся. Аднак навiны заўсёды прыемна пачуць. Я стамiўся сёння, вельмi стамiўся ад усяго новага, Шэры Брат, але ты мне заўсёды расказвай, што ведаеш новага.
– Ты не забудзешся, што ты воўк? Людзi не прымусяць цябе забыцца пра нас? – трывожна спытаў Шэры Брат.
– Нiколi! Я нiколi не забуду, што люблю цябе i ўсiх у нашай пячоры. Але не забуду i таго, што мяне прагналi з Чарады...
– ...i што цябе могуць прагнаць з другой чарады, Маленькi Брат. Людзi ёсць людзi, i гаворка iх падобная на гаворку жаб у сажалцы. Калi я прыйду сюды зноў, буду чакаць цябе ў бамбуку на краi выгану.
На працягу трох месяцаў пасля гэтай ночы Маўглi амаль не выходзiў за вясковыя вароты, гэтак ён быў заняты вывучэннем характару i звычак людзей. Перш за ўсё яму давялося надзець павязку вакол бёдраў, што вельмi яму замiнала, потым, незразумела навошта, навучыцца лiчыць грошы, потым араць зямлю, у чым ён не бачыў карысцi. Вясковыя дзецi ўвесь час дражнiлi яго. На шчасце, Закон Джунгляў навучыў Маўглi стрымлiвацца, бо ў джунглях ад гэтага залежыць жыццё. Але калi дзецi дражнiлi яго за тое, што ён не хацеў гуляць з iмi або запускаць змея, або за тое, што ён не так вымаўляў якое-небудзь слова, адна толькi думка, што ганебна для паляўнiчага забiваць маленькiх, бездапаможных дзiцянят, не дазваляла яму схапiць i разарваць iх напалам.