355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Редьярд Джозеф Киплинг » Маўглi (на белорусском языке) » Текст книги (страница 2)
Маўглi (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 8 октября 2016, 11:27

Текст книги "Маўглi (на белорусском языке)"


Автор книги: Редьярд Джозеф Киплинг


Жанр:

   

Прочая проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 10 страниц)

Настала доўгае маўчанне. Нiводзiн воўк не асмельваўся распачаць смяртэльны бой з Акелам.

Потым Шэр-Хан зароў:

– Навошта нам гэты бяззубы дурань? Ён i так памрэ! А вось чалавечае дзiцяня зажылося на свеце. Вольны Народ, яно з самага пачатку было маёй здабычай. Аддайце яго мне. Мне агiдна бачыць, што ўсе вы быццам страцiлi розум з iм. Яно дзесяць гадоў баламуцiла джунглi. Аддайце яго мне, iнакш я заўсёды буду паляваць тут, а вам не пакiну нават голай косткi. Яно чалавек i дзiця чалавека, i я ўсiм сэрцам ненавiджу яго!

Тады больш за палову Чарады завыла:

– Чалавек! Чалавек! Навошта нам чалавек! Няхай iдзе да сваiх!

– I ўзнiме супраць нас усiх людзей у вёсках! – крыкнуў Шэр-Хан. – Не, аддайце яго мне! Гэта чалавек, i нiхто з нас не асмельваецца глядзець яму ў вочы.

Акела зноў падняў галаву i сказаў:

– Ён еў разам з намi. Ён спаў разам з намi. Ён заганяў для нас дзiчыну. Ён нi разу не парушыў Закону Джунгляў.

– Мала таго: калi яго прымалi ў Чараду, у плату за яго я аддала буйвала. Буйвал каштуе не дужа шмат, але гонар Багiры, магчыма, каштуе таго, каб за яго бiцца, – правуркатала Багiра сама мяккiм голасам.

– Буйвал, аддадзены дзесяць гадоў назад! – агрызнулася Чарада. – Што нам да костак, якiм ужо дзесяць гадоў?

– Або да таго, каб трымаць сваё слова? – сказала Багiра i ашчэрыла белыя зубы. – Нездарма вы называецеся Вольным Народам!

– Нiводная чалавечае дзiцяня не можа жыць з Народам Джунгляў! – завыў Шэр-Хан. – Аддайце яго мне!

– Ён наш брат па ўсiм, апрача крывi, – гаварыў далей Акела, – а вы хочаце забiць яго тут! I праўда, зажыўся я на свеце! Адны з вас нападаюць на свойскую жывёлу, а другiя, падвучаныя Шэр-Ханам, як я чуў, бадзяюцца цёмнай ноччу па вёсках i крадуць дзяцей з парогаў хацiн. Таму я ведаю, што вы баязлiўцы, i да баязлiўцаў звяртаюся цяпер. Я хутка памру, i жыццё маё не мае цаны, а не – дык я аддаў бы яго за жыццё чалавечага дзiцяняцi. Але дзеля гонару Чарады, пра якi вы паспелi забыцца без важака, я абяцаю вам, што не ўкушу вас нi разу, як прыйдзе мой час памiраць, калi толькi вы дасце чалавечаму дзiцяняцi спакойна пайсцi да сваiх. Я памру без бою. Гэта ўратуе для Чарады не менш чым тры жыццi. Больш я нiчога не магу зрабiць, але, калi хочаце, пазбаўлю вас ад ганьбы – забiць брата, за якiм няма вiны, брата, якога прынялi ў Чараду, паводле Закону Джунгляў.

– Ён чалавек!.. Чалавек!.. Чалавек! – завыла ўся Чарада.

I больш за палавiну Чарады перабегла да Шэр-Хана, якi пачаў паляпваць па зямлi хвастом.

– Цяпер усё ў тваiх руках, – сказала Багiра Маўглi. – Мы цяпер можам толькi бiцца.

Маўглi выпрастаўся на ўвесь рост, з гаршком у руках. Потым разгарнуў плечы i пазяхнуў проста ў твар Радзе, але ў душы ён быў сам не свой ад злосцi i гора, бо ваўкi, па сваёй воўчай звычцы, нiколi не гаварылi Маўглi, што ненавiдзяць яго.

– Слухайце, вы! – крыкнуў ён. – Увесь гэты сабачы брэх непатрэбны. Вы столькi разоў гаварылi мне сёння, што я чалавек (а з вамi я на ўсё жыццё застаўся б ваўком), што я i сам адчуў праўду вашых слоў. Я стану называць вас не братамi, а сабакамi, як i належыць чалавеку. Не вам гаварыць, чаго вы хочаце i чаго вы не хочаце, – гэта мой клопат! А каб вам лепей было вiдаць, я, чалавек, прынёс сюды Чырвоную Кветку, якой вы, сабакi, баiцеся.

Ён шпурнуў на зямлю гаршчок, гарачыя вугалi падпалiлi сухi мох, i ён загарэўся яркiм полымем. Уся Рада адскочыла назад перад языкамi полымя. Маўглi сунуў у агонь сухi сук, так што дробныя галiнкi ўспыхнулi i затрашчалi, потым закруцiў iм над галавой, разганяючы натапыраных ад страху ваўкоў.

– Ты – гаспадар становiшча, – сказала Багiра шэптам. – Выратуй Акелу ад смерцi. Ён заўсёды быў табе сябрам.

Акела, пануры стары воўк, якi нiколi ў жыццi не прасiў лiтасцi, цяпер з мальбою зiрнуў на Маўглi, а той стаяў у святле ад палаючай галiны, увесь голы, з растрапанымi на плячах доўгiмi чорнымi валасамi, i ценi скакалi i мiтусiлiся вакол яго.

– Так! – сказаў Маўглi, павольна азiраючыся навокал. – Бачу, што вы сабакi. Я iду ад вас да свайго народа – калi гэта мой народ. Джунглi цяпер не для мяне, я павiнен забыць вашу мову i вашу дружбу, але я ўсё ж буду больш лiтасцiвы, чым вы. Я быў вашым братам ва ўсiм, апрача крывi, i таму абяцаю вам, што, калi стану чалавекам сярод людзей, я не здраджу вам перад людзьмi, як вы здрадзiлi мне.

Ён пiхнуў вогнiшча нагой, i ўгору паляцелi iскры.

– Памiж намi, ваўкамi адной Чарады, не будзе вайны. Аднак, перш чым пайсцi, трэба заплацiць доўг, – дадаў ён.

Маўглi падышоў блiжэй да таго месца, дзе сядзеў Шэр-Хан, няўцямна мiргаючы на агонь, i схапiў яго за кутасiк на падбародку. Багiра падалася за iм на ўсякi выпадак.

– Устань, сабака! – крыкнуў Маўглi. – Устань, калi гаворыць чалавек, а то я падсмалю табе шкуру!

Шэр-Хан прыцiснуў вушы да галавы i заплюшчыў вочы, бо палаючы сук быў вельмi блiзка.

– Гэты забойца жывёлы гаварыў, што заб'е мяне на Радзе, бо не паспеў забiць мяне ў маленстве... Вось так i вось так мы б'ём сабаку, калi становiмся людзьмi. Варухнi толькi вусам, Кульгавы, i я заганю табе ў горла Чырвоную Кветку.

Ён бiў Шэр-Хана па галаве палаючай галiнай, i тыгр скуголiў i стагнаў ад смяртэльнага страху.

– Фэ! Цяпер iдзi прэч, смаленая кошка! Але памятай: калi я наступны раз прыйду на Скалу Рады, я прыйду са шкурай Шэр-Хана на галаве... Цяпер вось што, Акела вольны жыць, дзе яму хочацца. Вы яго не заб'яце, бо я гэтага не хачу. Не думаю таксама, што вы доўга яшчэ будзеце сядзець тут, высалапiўшы языкi, нiбы важныя асобы, а не сабакi, якiх я ганю прэч, вось так! Вон, вон!

Канец сука раз'юшана палаў. Маўглi раздаваў удары направа i налева па крузе, а ваўкi разбягалiся з выццём, несучы на сваёй шкуры гарачыя iскры. Пад канец на скале засталiся толькi Акела, Багiра i, можа, дзесятак ваўкоў, што перайшлi на бок Маўглi. I тут штосьцi пачало пячы Маўглi знутры, як нiколi ў жыццi не пякло. У яго заняло дух, ён заплакаў, i слёзы пацяклi па яго шчоках.

– Што гэта такое? Што гэта? – гаварыў ён. – Я не хачу iсцi з джунгляў, i я не ведаю, што са мной робiцца. Я памiраю, Багiра?

– Не, Маленькi Брат, гэта толькi слёзы, якiя бываюць у людзей, – адказала Багiра. – Цяпер я ведаю, што ты чалавек i ўжо не дзiцяня больш.. З гэтага часу джунглi не для цябе... Няхай цякуць, Маўглi. Гэта толькi слёзы, усяго толькi слёзы.

I Маўглi сядзеў i плакаў так, быццам сэрца яго разрывалася, бо ён плакаў упершыню ў жыццi.

– Цяпер, – сказаў ён, – я пайду да людзей. Але спачатку я павiнен развiтацца з маёй мацi.

I ён пайшоў да пячоры, дзе Мацi Ваўчыха жыла з Бацькам Ваўком, i плакаў, уткнуўшыся ў яе шкуру, а чацвёра ваўчанят жаласна вылi.

– Вы не забудзеце мяне? – спытаў Маўглi.

– Нiколi, пакуль можам iсцi па следзе! – сказалi ваўчаняты. – Прыходзь да падножжа ўзгорка, як станеш чалавекам, i мы будзем гаварыць з табой або прыйдзем на палеткi i будзем гуляць з табою ўночы.

– Прыходзь хутчэй! – сказаў Бацька Воўк. – О Мудрае Жабянятка, прыходзь хутчэй, бо мы з тваёй мацi ўжо старыя.

– Прыходзь хутчэй, мой голы сынок, – сказала Мацi Ваўчыха, – бо ведай, дзiця чалавека, я люблю цябе больш, чым сваiх ваўчанят.

– Прыйду абавязкова, – сказаў Маўглi. – Прыйду для таго, каб пакласцi шкуру Шэр-Хана на Скалу Рады. Не забывайце мяне! Скажыце ўсiм у джунглях, каб не забывалi мяне!

Пачынала днець, калi Маўглi спусцiўся з узгорка ў далiну, насустрач тым таямнiчым iстотам, якiя завуцца людзьмi.

ПАЛЯВАННЕ КАА

Усё, пра што тут расказана, адбылося задоўга да таго, як Маўглi быў прагнаны з Сiянiйскай Чарады i адпомсцiў за сябе тыгру Шэр-Хану. Гэта здарылася ў той час, калi мядзведзь Балу навучаў яго Закону Джунгляў. Вялiкi i важны буры мядзведзь радаваўся здольнасцям вучня, бо ваўчаняты звычайна вывучаюць з Закону Джунгляў толькi тое, што патрэбна iх Чарадзе i племенi, i ўцякаюць ад настаўнiка пасля таго, як запомняць паляўнiчы верш: "Ногi ступаюць без шуму, вочы бачаць у цемры, вушы чуюць, як варушыцца вецер у сваiм берлагу, зубы вострыя i белыя – вось прыкметы нашых братоў, апрача шакала Табакi i гiены, якiх мы ненавiдзiм". Але Маўглi, як дзiцяняцi чалавека, трэба было ведаць куды больш.

Iншы раз чорная пантэра Багiра, гуляючы па джунглях, заходзiла паглядзець, якiя поспехi ў яе любiмца. Муркаючы, яна ўкладвалася на адпачынак пад дрэвам i слухала, як Маўглi адказвае мядзведзю свой урок. Хлопчык лазiў па дрэвах гэтак жа добра, як плаваў, а плаваў гэтак жа добра, як бегаў, i Балу, настаўнiк Закону, навучаў яго ўсiм законам лесу i вады: як адрознiць гнiлы сук ад моцнага; як ветлiва загаварыць з дзiкiмi пчоламi, калi сустрэнеш рой на дрэве; што сказаць кажану Мангу, калi патрывожыш яго сон апоўднi сярод галiн; i як супакоiць вадзяных змеяў, перш чым акунуцца ў затоку. Народ Джунгляў не любiць, каб яго непакоiлi, i кожны гатовы кiнуцца на няпрошанага госця. Маўглi вывучыў i Паляўнiчы Поклiч Чужынца, якi трэба паўтараць шмат разоў, пакуль на яго не адкажуць, калi палюеш у чужых мясцiнах. Гэты поклiч у перакладзе азначае: "Дазвольце мне папаляваць тут, бо я галодны", i на яго адказваюць: "Палюй дзеля пражытку, але не дзеля пацехi".

З гэтага вiдаць, колькi Маўглi даводзiлася вывучваць на памяць, i ён вельмi стамляўся паўтараць па сто разоў адно i тое ж. Але Балу правiльна сказаў аднойчы Багiры, пасля таго як Маўглi, атрымаўшы плескача, раззлаваўся i ўцёк:

– Дзiцяня чалавека ёсць дзiцяня чалавека, i яму трэба ведаць усе Законы Джунгляў.

– Але падумай, якi ён маленькi, – запярэчыла Багiра, якая распесцiла б Маўглi, калi б даць ёй волю. – Хiба можа такая маленькая галоўка змясцiць усе твае павучаннi?

– А хiба ў джунглях дастаткова быць маленькiм, каб цябе не забiлi? Не! Таму я i вучу яго ўсiм законам; таму i б'ю яго, зусiм злёгку, калi ён забывае ўрок.

– "Злёгку"! Што ты разумееш у гэтым, Жалезная Лапа? – прабурчала Багiра. Сёння ў яго ўвесь твар у сiняках ад твайго "злёгку"! Ух!

– Лепей яму быць у сiняках з ног да галавы, чым загiнуць ад свайго невуцтва, – вельмi сур'ёзна адказаў ёй Балу. – Я цяпер вучу яго Запаветным Словам Джунгляў, якiя будуць для яго абаронай супраць птушак i змей i супраць усiх, хто бегае на чатырох лапах, апрача яго роднай Чарады. Калi ён запомнiць гэтыя словы, ён зможа папрасiць абароны ў любога ў джунглях. Хiба за гэта не варта атрымаць кухталёў?

– Добра, толькi глядзi не забi дзiцяня. Яно не лясны пень, каб ты вастрыў аб яго свае тупыя кiпцюры. А якiя ж гэта Запаветныя Словы? Я лепей памагу сама, чым буду прасiць дапамогi, але мне ўсё ж хацелася б ведаць. – I Багiра выставiла лапу, залюбавалася сваiмi кiпцюрамi, сiнiмi, як сталь, i вострымi, як разцы.

– Я паклiчу Маўглi, i ён скажа табе... калi захоча. Хадзi сюды, Маленькi Брат!

– Галава ў мяне гудзе, як пчалiнае дупло, – пачуўся незадаволены дзiцячы голас над iх галовамi, i Маўглi саслiзнуў з дрэва i дадаў сярдзiта i абурана: – Я прыйшоў дзеля Багiры, а не дзеля цябе, тлусты стары Балу!

– А мне гэта ўсё роўна, – адказаў Балу, хоць быў вельмi засмучаны i пакрыўджаны. – Дык скажы Багiры Запаветныя Словы Джунгляў, якiм я вучыў цябе сёння.

– Запаветныя Словы якога народа? – спытаў Маўглi, вельмi задаволены, што можа пахвалiцца. – У джунглях шмат гаворак. Я ведаю iх усе.

– Сёе-тое ты ведаеш, але вельмi мала. Палюбуйся, о Багiра, вось iх удзячнасць настаўнiку. Нiводнае сама апошняе ваўчаня нi разу не прыйшло падзякаваць старому Балу за навуку. Ну дык скажы Словы Паляўнiчага Народа, ты, вялiкi вучоны.

– "Мы з вамi адной крывi, вы i я", – сказаў Маўглi, вымаўляючы па-мядзведжы тыя словы, якiя звычайна гаварыў у патрэбным выпадку ўвесь Паляўнiчы Народ.

– Добра! Цяпер Слова Птушак.

Маўглi паўтарыў тыя ж словы, свiснуўшы, як каршун.

– Цяпер Слова Змяiнага Народа, – сказала Багiра.

У адказ пачулася сыканне, якога нельга перадаць нiякiмi словамi, i Маўглi задрыгаў нагамi i запляскаў у ладкi, потым ускочыў на спiну Багiры i сеў бокам, барабанячы пяткамi па блiскучай чорнай шкуры, пры гэтым ён усяляк перакрыўлiваў i дражнiў мядзведзя.

– Вось-вось! За гэта варта атрымаць нейкi там сiняк, – ласкава сказаў буры мядзведзь. – Калi-небудзь ты ўспомнiш мяне.

I, павярнуўшыся да Багiры, ён расказаў ёй, як упрошваў дзiкага слана Хатхi, якi ведае ўсё на свеце, сказаць яму Запаветныя Словы Змяiнага Народа, як Хатхi вадзiў Маўглi да сажалкi, каб даведацца Змяiныя Словы ад вадзяной змяi, бо сам Балу не мог iх вымавiць, i цяпер Маўглi не пагражае нiякая небяспека ў джунглях: нi змяя, нi птушка, нi звер не будуць шкодзiць яму.

– I, значыцца, яму няма каго баяцца! – Балу выцягнуўся на ўвесь рост i з гордасцю паляпваў сябе па тоўстым калматым жываце.

– Апрача свайго племенi, – шапнула Багiра, а потым гучна сказала Маўглi: Пашкадуй мае рэбры, Маленькi Брат! Што ты ўсё скачаш то ўнiз, то ўгору?

Маўглi хацеў, каб яго выслухалi, i даўно ўжо тузаў Багiру за мяккую поўсць на плячы i штурхаў яе пяткамi. Абое прыслухалiся i разабралi, што ён крычыць на ўвесь голас:

– Цяпер у мяне будзе сваё ўласнае племя, i я цэлы дзень буду вадзiць яго па дрэвах!

– Што за новая дурасць, маленькi выдумшчык? – спытала Багiра.

– Ага, i кiдаць галiнкамi i граззю ў старога Балу буду, – не пераставаў Маўглi. – Яны мне гэта абяцалi... Ай!

– Ву! – Вялiзная лапа Балу змахнула Маўглi са спiны пантэры, i, лежачы памiж пярэднiмi лапамi мядзведзя, Маўглi зразумеў, што той злуецца. – Маўглi, – сказаў Балу, – ты гаварыў з Бандар-Логамi, Малпiным Народам?

Маўглi зiрнуў на Багiру – цi не злуецца i яна таксама – i ўбачыў, што вочы пантэры зрабiлiся калючыя.

– Ты водзiшся з Малпiным Народам – з шэрымi малпамi, з народам, якi не ведае Закону, з народам, якi есць усё без разбору? Як табе не сорамна!

– Балу стукнуў мяне па галаве, – сказаў Маўглi (ён усё яшчэ ляжаў на спiне), – i я ўцёк, а шэрыя малпы спусцiлiся з дрэва i пашкадавалi мяне. А ўсiм астатнiм было ўсё роўна. – Ён трошкi ўсхлiпнуў.

– Спагада Малпiнага Народа! – чмыхнуў Балу. – Спакой горнага патоку! Халадок летняй спякоты! А што было потым, дзiцяня чалавека?

– А потым... потым яны далi мне арэхаў i ўсялякай смачнай ежы, а потым узялi мяне на рукi i занеслi на верхавiны дрэў i гаварылi, што я iх кроўны брат, адно што бясхвосты, i калi-небудзь стану iх важаком.

– У iх не бывае важака, – сказала Багiра. – Яны хлусяць. I заўсёды хлусiлi.

– Яны былi вельмi ласкавыя са мною i прасiлi прыходзiць яшчэ. Чаму вы мяне нiколi не вадзiлi да Малпiнага Народа? Яны ходзяць на дзвюх нагах, як i я. Яны не б'юцца цвёрдымi лапамi. Яны гуляюць цэлы дзень... Пусцi мяне, брыдкi Балу, пусцi мяне! Я зноў пайду гуляць з iмi.

– Паслухай, дзiцяня! – сказаў мядзведзь, i голас яго прагрымеў, як гром у навальнiчную ноч. – Я навучыў цябе Закону Джунгляў – аднаму для ўсiх Народаў Джунгляў, апрача Малпiнага Народа, якi жыве на дрэвах. Яны не маюць Закону. У iх няма свае мовы, адны толькi ўкрадзеныя словы, якiя яны пераймаюць у iншых, калi падслухоўваюць, i падглядваюць, i падпiльноўваюць, седзячы на дрэвах. Iх звычаi – не нашы звычаi. Яны жывуць без важака. Яны нiчога не памятаюць. Яны балбочуць i выхваляюцца, нiбыта яны вялiкi народ i задумалi вялiкiя справы ў джунглях, але вось упадзе арэх, i яны ўжо смяюцца i пра ўсё забылiся. Нiхто ў джунглях не водзiцца з iмi. Мы не п'ём там, дзе п'юць малпы, не ходзiм туды, куды ходзяць малпы, не палюем там, дзе яны палююць, не памiраем там, дзе яны памiраюць. Хiба ты чуў ад мяне хоць бы слова пра Бандар-Логаў?

– Не, – адказаў Маўглi шэптам, бо лес прыцiх, пасля таго як Балу скончыў сваю прамову.

– Народ Джунгляў не хоча iх ведаць i нiколi пра iх не гаворыць. Iх вельмi многа, яны злосныя, брудныя, бессаромныя i хочуць толькi таго, каб Народ Джунгляў звярнуў на iх увагу. Але мы не заўважаем iх, нават калi яны кiдаюць арэхi i сыплюць бруд нам на галаву.

Не паспеў ён дагаварыць, як цэлы дождж арэхаў i сукоў пасыпаўся на iх з дрэў; пачулiся кашаль, вiск i сярдзiтыя скачкi высока над iмi, сярод тонкiх галiн.

– З Малпiным Народам забаронена вадзiцца, – сказаў Балу, – забаронена Законам. Не забывайся пра гэта!

– Ыгы, забаронена, – сказала Багiра. – Але я ўсё-такi думаю, што Балу павiнен быў папярэдзiць цябе.

– Я?.. Я? Як мне магло прыйсцi ў галаву, што ён будзе вадзiцца з такою дрэнню? Малпiн Народ! Тфу!

Зноў арэхi дажджом пасыпалiся iм на галовы, i мядзведзь з пантэрай уцяклi, прыхапiўшы з сабою Маўглi. Балу гаварыў пра малпаў шчырую праўду. Яны жылi на верхавiнах дрэў, а паколькi звяры рэдка глядзяць угору, дык Малпам i Народу Джунгляў не даводзiлася сустракацца. Але калi малпам трапляў у рукi хворы воўк, або паранены тыгр, або мядзведзь, яны мучылi слабых i дзеля пацехi кiдалi ў звяроў палкамi i арэхамi, спадзеючыся, што iх заўважаць. Яны пачыналi выць, выкрыквалi недарэчныя песнi, клiкалi Народ Джунгляў да сябе на дрэвы бiцца, усчыналi за дробязi сваркi мiж сабой i кiдалi мёртвых малпаў абы-дзе, напаказ усяму Народу Джунгляў. Яны ўвесь час збiралiся завесцi i свайго важака, i свае законы i звычаi, але так i не завялi, бо памяць у iх была кароткая, не далей учарашняга дня. Урэшце яны памiрылiся на тым, што прыдумалi прымаўку: "Усе джунглi будуць думаць заўтра так, як малпы думаюць сёння", i вельмi гэтым суцяшалiся. Нiхто са звяроў не мог да iх дабрацца, i нiхто не звяртаў на iх увагi – вось чаму яны так узрадавалiся, калi Маўглi пачаў гуляць з iмi, а Балу на яго раззлаваўся.

Нiякай iншай мэты ў iх не было – у малпаў нiколi не бывае мэты, – але адна з iх прыдумала, як ёй здалося, пацешную штуку i аб'явiла ўсiм астатнiм, што Маўглi можа быць карысны для ўсяго iхняга племенi, бо ўмее сплятаць галiны, каб баранiцца ад ветру, i калi яго злавiць, дык ён навучыць гэтаму i малпаў. Зразумела, Маўглi, як сын дрывасека, шмат што ведаў, сам не памятаючы адкуль, i ўмеў будаваць буданы з галля, сам не знаючы, як гэта ў яго выходзiць. А Малпiн Народ падглядваў за iм з дрэў i парашыў, што гэта цiкавая гульня. На гэты раз, гаварылi малпы, у iх i сапраўды будзе важак, i яны стануць сама мудрым народам у джунглях, такiм мудрым, што ўсе iх заўважаць i пазайздросцяць iм. I таму яны цiхенька кралiся за Балу i Багiрай, пакуль не надышоў час адпачынку апоўднi i Маўглi, якому было вельмi сорамна, не лёг спаць памiж пантэрай i мядзведзем; ён парашыў, што больш не будзе важдацца з Малпiным Народам.

I тут праз сон ён адчуў нечыя рукi на сваiх плячах i нагах – цвёрдыя, дужыя маленькiя рукi, – потым па твары захвасталi галiны, а потым ён здзiўлена ўбачыў мiж разгайданых верхавiн зямлю ўнiзе i Балу, якi глуха роў, абуджаючы джунглi, а Багiра скачкамi падымалася ўверх па ствале дрэва, ашчэрыўшы белыя зубы. Малпы радасна завылi i пераскочылi ўгору на тонкiя галiны, куды Багiра пабаялася лезцi за iмi.

– Яна нас заўважыла! Багiра нас заўважыла! Усе джунглi ў захапленнi ад нашага спрыту i нашага розуму! – крычалi малпы.

Потым яны прыпусцiлi бягом, а бег малпаў па верхавiнах дрэў – эта штосьцi такое, што немагчыма апiсаць. У iх ёсць там свае дарогi i скрыжаваннi, свае пад'ёмы i спускi, пракладзеныя на вышынi пяцiдзесяцi, сямiдзесяцi, а то i ста футаў ад зямлi, i па гэтых дарогах яны падарожнiчаюць, калi трэба, нават уночы. Дзве сама дужыя малпы падхапiлi Маўглi пад пахi i памчалiся разам з iм па верхавiнах дрэў скачкамi даўжынёй дваццаць футаў. Без яго яны маглi б рухацца ў два разы хутчэй, але хлопчык сваiм цяжарам затрымлiваў iх. Як нi кружылася ў Маўглi галава, ён усё ж меў асалоду ад шалёных скачкоў, хоць зямля, што мiльгала далёка ўнiзе, палохала яго i сэрца замiрала ад кожнага страшнага рыўка i штуршка пры пералёце над правалам з аднаго дрэва на другое. Два вартавыя ўзляталi разам з iм на верхавiну дрэва так высока, што тонкiя галiны трашчалi i гнулiся пад iмi, а потым з кашлем i вухканнем кiдалiся ў паветра, уперад i ўнiз, i павiсалi на суседнiм дрэве, чапляючыся за нiжнiя сукi рукамi i нагамi. Iншы раз Маўглi бачыў перад сабой цэлае мора зялёных джунгляў, як чалавек на мачце бачыць перад сабой акiянскi прастор, потым галiны i лiсце зноў пачыналi хвастаць яго па твары, i ён са сваiмi двума вартавымi спускаўся амаль да самай зямлi. Так, скачкамi, з трэскам i вухканнем, усё малпiнае племя iмчалася па дрэвавых дарогах разам са сваiм палоннiкам Маўглi.

Напачатку ён баяўся, што яго ўпусцяць, потым раззлаваўся, але зразумеў, што змагацца нельга, потым пачаў думаць. Перш за ўсё трэба было паслаць пра сябе вестачку Багiры i Балу. Малпы рухалiся з такой хуткасцю, што яго сябры не маглi iх дагнаць i вельмi адставалi. Унiз не варта было i глядзець – яму вiдаць былi толькi верхнiя бакi сукоў, – таму ён пачаў глядзець угору i ўбачыў высока ў сiнi неба каршуна Чыля, якi лунаў над джунглямi, апiсваў кругi, чакаючы чыёй-небудзь смерцi. Чыль бачыў, што малпы нешта нясуць, i спусцiўся нiжэй, каб разведаць, цi не прыдатна iх ноша для яды. Ён свiснуў ад здзiўлення, калi ўбачыў, што малпы валакуць па верхавiнках дрэў Маўглi, i пачуў ад яго Запаветнае Слова Каршуна: "Мы з табой адной крывi, ты i я!" Разгайданыя вяршалiны закрылi ад яго хлопчыка, але Чыль паспеў слiзгануць да блiжняга дрэва, i перад iм зноў вынырнуў маленькi смуглы твар.

– Прыкмячай маю дарогу! – крыкнуў Маўглi. – Паведамi Балу з Сiянiйскай Чарады i Багiры са Скалы Рады!

– Пра каго, Брат? – Чыль яшчэ нi разу дагэтуль не бачыў Маўглi, хоць, вядома, чуў пра яго.

– Пра Жабянятка Маўглi. Мяне завуць Чалавечае Дзiцяня! Прыкмячай маю даро-огу-у!

Апошнiя словы ён выгукнуў, летучы ў паветры, але Чыль кiўнуў яму i ўзняўся так высока, што здаваўся не большым за пылiнку, i, лунаючы ў вышынi, сачыў сваiмi зоркiмi вачамi за разгайданымi верхавiнкамi дрэў, па якiх, нiбы вiхор, iмчалiся вартавыя Маўглi.

– Яны не забяруцца далёка, – сказаў ён пасмiхаючыся. – Малпы нiколi не робяць да канца тое, што задумалi. Заўсёды яны хапаюцца за што-небудзь новае, гэтыя Бандар-Логi. На гэты раз, калi я не сляпы, яны нажывуць сабе бяду: Балу ж не птушаня, ды i Багiра, наколькi мне вядома, умее забiваць не толькi коз.

I, лунаючы ў паветры, ён пагойдваўся на крылах, падкурчыўшы ногi, i чакаў.

А ў гэты час Балу i Багiра былi самi не свае ад раз'юшанасцi i гора. Багiра залезла на дрэва гэтак высока, як не залазiла нiколi, але тонкiя галiны ламалiся пад яе цяжарам, i яна саслiзнула ўнiз з поўнымi кiпцюрамi кары.

– Чаму ты не папярэдзiў Маўглi? – забурчала яна на небараку Балу, якi прыпусцiў нязграбнай рыссю, спадзеючыся дагнаць малпаў. – Якая карысць бiць дзiця ледзь не да смерцi, калi ты не папярэдзiў яго?

– Хутчэй! О, хутчэй! Мы... мы яшчэ дагонiм iх, можа! – задыхаўся Балу.

– Гэткаю хадою? Ад яе не стамiлася б нават параненая карова. Настаўнiк Закону, мучыцель дзяцей, калi ты будзеш гэтак перавальвацца з боку на бок, дык лопнеш, не прайшоўшы i мiлi. Сядзь спакойна i падумай! Трэба нешта вырашыць. Зараз не час для пагонi. Яны могуць кiнуць Маўглi, калi мы падыдзем занадта блiзка.

– Арала! Ву! Яны, можа, ужо кiнулi хлопчыка, калi iм абрыдла яго несцi! Хiба можна верыць Бандар-Логам! Кажан мне на галаву! Кармiце мяне аднымi гнiлымi косткамi! Спусцiце мяне ў дупло да дзiкiх пчол, каб яны закусалi мяне да смерцi, i пахавайце мяне разам з гiенай! Я сама няшчасны сярод звяроў! Ара-лала! Ва-у-у! О Маўглi, Маўглi, чаму я не папярэдзiў цябе пра Малпiн Народ, чаму я цябе бiў па галаве? Я, можа, выбiў сённяшнi ўрок з яго галавы, i хлопчык цяпер адзiн у джунглях i забыўся Запаветныя Словы!

Балу абхапiў галаву лапамi i са стогнам закiваўся ўзад i ўперад.

– Не так даўно ён сказаў мне правiльна ўсе словы, – сярдзiта прамовiла Багiра. – Балу, ты нiчога не памятаеш i не паважаеш сябе. Што падумалi б джунглi, калi б я, чорная пантэра, качалася i выла, скруцiўшыся ў клубок, як дзiкабраз Сахi?

– Якi мне клопат да таго, што падумаюць джунглi! Хлопчык, можа, памёр ужо!

– Калi толькi яны не кiнуць яго з дрэва дзеля пацехi i не заб'юць ад няма чаго рабiць, я не баюся за дзiцяня. Яно разумнае i ўсяму навучанае, а галоўнае, мае такiя вочы, якiх баяцца ўсе джунглi. Але ўсё ж (i гэта вельмi кепска) яно ў палоне ў Бандар-Логаў, а яны не баяцца нiкога ў джунглях, бо жывуць высока на дрэвах. – Багiра ў задуменнi аблiзала пярэднюю лапу.

– Ну i дурань жа я! О тоўсты буры дурань, паядальнiк карэння! – прастагнаў Балу раптам, выпрастаўся i сцепануўся. – Праўду кажа дзiкi слон Хатхi: "У кожнага свой страх", а яны, Бандар-Логi, баяцца Каа, горнага ўдава. Ён умее лазiць па дрэвах не горш за малпаў. Уночы ён крадзе ў iх дзiцянят. Ад аднаго гуку яго iменi дрыжаць iх агiдныя хвасты. Хадзем да яго!

– Чым можа Каа дапамагчы нам? Ён не нашага племенi, бо бязногi, i вочы ў яго вельмi злосныя, – сказала Багiра.

– Ён вельмi стары i вельмi хiтры. Апрача. таго, ён заўсёды галодны, – з надзеяй сказаў Балу. – Паабяцаем яму многа коз.

– Ён спiць цэлы месяц, пасля таго як наесца. Можа, спiць i цяпер, а калi не спiць, дык, можа, i не захоча ўзяць ад нас коз у падарунак.

Багiра кепска ведала Каа i таму ставiлася да яго недаверлiва.

– Тады мы з табой разам маглi б угаварыць яго, старая паляўнiчая.

Тут Балу пачухаўся аб Багiру выцвiлым бурым плячом, i яны ўдваiх рушылi на пошукi горнага ўдава Каа.

Удаў ляжаў, расцягнуўшыся на ўсю даўжыню на выступе скалы, нагрэтым сонцам, i любаваўся сваёй прыгожай новай скурай: апошнiя дзесяць дзён ён правёў на адзiноце – мяняў скуру, i цяпер быў ва ўсёй сваёй прыгажосцi. Яго вялiкая тупаносая галава совалася па зямлi, трыццацiфутавае цела звiвалася ў дзiвосныя вузлы i фiгуры, язык аблiзваў губы, смакуючы абед, што чакаў яго наперадзе.

– Ён яшчэ нiчога не еў, – з палёгкай уздыхнуў Балу, як толькi ўбачыў прыгожы стракаты ўзор на яго спiне, карычневы з жоўтым. – Асцярожна, Багiра! Ён кепска бачыць, пасля таго як зменiць скуру, i кiдаецца адразу.

Каа не меў ядавiтых зубоў – ён нават пагарджаў ядавiтымi змеямi за iх баязлiвасць, – уся яго сiла была ў хватцы, i калi ён абвiваў каго-небудзь сваiмi колцамi, дык гэта ўжо быў канец.

– Добрага палявання! – крыкнуў Балу i прысеў на заднiя лапы.

Як усе змеi яго пароды, Каа быў глухаваты i не адразу пачуў, што яму крыкнулi. Ён згарнуўся ў кальцо i прыгнуў галаву, на ўсякi выпадак падрыхтаваўся накiнуцца.

– Добрага палявання ўсiм нам! – адказаў ён. – Ого, Балу! Што ты тут робiш? Добрага палявання, Багiра. Аднаму з нас не пашкодзiла б паабедаць. Цi няма паблiзу спуджанай дзiчыны? Ланi або хоць казляняцi? У мяне ўнутры пуста, ях у перасохлай студнi.

– Мы зараз на паляваннi, – абыякава зазначыў Балу, бо ведаў, што Каа не варта прыспешваць: ён занадта грузны.

– А можна мне пайсцi з вамi? – спытаў Каа. – Для вас, Багiра i Балу, зрабiць на адзiн удар больш цi менш нiчога не значыць, а я... мне даводзiцца цэлымi днямi падпiльноўваць на лясных сцежках або паўночы лазiць па дрэвах, чакаць, цi не трапiцца маладая малпа. Пс-с-шоў! Лес цяпер ужо не той, што ў часы маёй маладосцi. Адно гнiллё ды сухiя сукi!

– Можа, гэта таму, што ты стаў вельмi цяжкi? – сказаў Балу.

– Так, я i праўда даволi-такi вялiкi... даволi вялiкi, – не без гонару адказаў Каа. – Але ўсё ж, маладыя дрэвы нiкуды не варты. Мiнулы раз на паляваннi я ледзь-ледзь не звалiўся! – нашумеў, саслiзнуўшы з дрэва, бо кепска зачапiўся хвастом. Гэты шум пабудзiў Бандар-Логаў, i яны абзывалi мяне сама брыдкiмi словамi.

– Бязногi жоўты земляны чарвяк! – нiбыта прыпамiнаючы, шапнула Багiра сабе ў вусы.

– Ссссс! Хiба яны так мяне называюць? – спытаў Каа.

– Штосьцi накшталт гэтага яны крычалi нам мiнулы раз. Але ж мы нiколi не звяртаем на iх увагi. Чаго толькi яны не гавораць! Нiбыта ў цябе выпалi ўсе зубы i нiбыта ты нiколi не нападаеш на дзiчыну, большую за казляня, бо нiбыта (такiя бессаромныя хлусы гэтыя малпы!) баiшся казлiных рагоў, – лiслiва закончыла Багiра.

Змяя, асаблiва хiтры стары ўдаў, такi, як Каа, нiколi не пакажа, што злуецца, але Балу i Багiра прыкмецiлi, як надзiмаюцца i перакочваюцца вялiзныя мускулы пад скiвiцай Каа.

– Бандар-Логi змянiлi месца палявання, – сказаў ён спакойна. – Я грэўся сёння на сонцы i чуў, як яны гарланiлi ў верхавiнах дрэў.

– Мы... мы гонiмся зараз за Бандар-Логамi, – сказаў Балу i папярхнуўся, бо ўпершыню, як ён сябе помнiў, жыхару джунгляў даводзiлася прызнавацца, што ён мае нейкi iнтэрас да малпаў.

– I, вядома, не якая-небудзь дробязь прымусiла дваiх такiх паляўнiчых важакоў у сябе ў джунглях – iсцi па слядах Бандар-Логаў, – пачцiва адказаў Каа, хоць яго распiрала ад цiкаўнасцi.

– Дапраўды, – пачаў Балу, – я ўсяго толькi стары i падчас неразумны настаўнiк Закону ў Сiянiйскiх Ваўчанят, а Багiра...

– ...ёсць Багiра, – сказала чорная пантэра i закрыла пашчу, ляснуўшы зубамi: яна не прызнавала пакоры. – Вось у чым бяда, Каа: гэтыя зладзеi, што крадуць арэхi i знiшчаюць лiсце на пальмах, выкралi ў нас чалавечае дзiцяня, пра якое ты, магчыма, чуў.

– Я чуў штосьцi ад Сахi (iголкi надаюць яму нахабства) пра дзiцяня, якое прынялi ў Воўчую Чараду, але не паверыў. Сахi слухае адным вухам, а потым перакручвае ўсё, што чуў.

– Не, гэта праўда. Такога дзiцяняцi яшчэ не было на свеце, – сказаў Балу. – Сама лепшае, сама разумнае i сама смелае чалавечае дзiцяня, мой вучань, якi праславiць iмя Балу на ўсе джунглi, з канца ў канец. Ды, апрача таго, я... мы... любiм яго, Каа!

– Тс! Тс! – адказаў Каа, варочаючы галавой направа i налева. – Я таксама зведаў, што такое любоў. Я мог бы расказаць вам не адну гiсторыю.

– Гэта лепш пасля, як-небудзь яснай ночкай, калi мы ўсе будзем сытыя i здолеем ацанiць расказ па заслугах, – хуценька адказала Багiра. – Наша дзiцяня цяпер у руках у Бандар-Логаў, а мы ведаем, што з усяго Народа Джунгляў яны баяцца аднаго Каа.

– Яны баяцца аднаго мяне! I нездарма, – сказаў Каа. – Балбатухi i дурныя выхвалякi, дурныя выхвалякi i балбатухi – вось хто гэтыя малпы. Але ваша дзiцяня не можа чакаць ад iх дабра. Яны рвуць арэхi, а калi надакучыць, шпурляюць iх унiз. Цэлы дзень яны гойсаюць з галiнай, быццам абысцiся без яе не могуць, а потым ломяць яе папалам i кiдаюць. Вашаму дзiцяняцi не пазайздросцiш... Апрача таго, яны абзывалi мяне... жоўтай рыбiнай, здаецца?

– Чарвяком, чарвяком. Земляным чарвяком, – сказала Багiра, – i яшчэ рознымi мянушкамi. Мне сорамна нават паўтараць.

– Трэба iх правучыць, каб не забывалiся, калi гавораць пра свайго ўладара! Ааа-ссп! Каб як след памяталi! Дык куды ж яны пабеглi з дзiцянём?

– Адны толькi джунглi ведаюць. На захад, я думаю, – сказаў Балу. – А мы ж лiчылi, што табе гэта вядома, Каа.

– Мне? Адкуль гэта? Я хапаю iх, калi яны трапляюцца мне на дарозе, але не палюю нi на малпаў, нi на жаб, нi на зялёнае багавiнне ў сажалцы. Хссс!

– Угору, угору! Угору, угору! Хiла! Iла! Iла, паглядзi ўгору, Балу з Сiянiйскай Чарады!

Балу зiрнуў угору, каб даведацца, адкуль чуецца голас, i ўбачыў каршуна Чыля, якi плаўна спускаўся ўнiз, i сонца свяцiла на прыўзнятыя краi яго крылаў. Чылю даўно пара было спаць, але ён усё яшчэ кружыў над джунглямi, шукаў мядзведзя i нiякне мог разгледзець яго скрозь густую лiстоту.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю